МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

У землякоў за акіянам

Аўтар: Антонава Т.
Кнiга: Антонава Т. У землякоў за акіянам.
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Таццяна АНТОНАВА

У ЗЕМЛЯКОЎ ЗА АКІЯНАМ

Мінск, «Голас Радзімы»

У землякоў за акіянам у Злучаных Штатах Амерыкі ў жніўні мінулага года пабывала карэспандэнт «Голасу Радзімы» Таццяна Антонава. Так яна і назвала сваю кніжку — «У землякоў за акіянам», у якой расказвае аб сустрэчах з замежнымі беларусамі, многая з якіх доўгія гады заставаліся для нас абсалютна невядомымі, хоць прозвішчы іх чулі даволі часта. Наталля Арсеннева, Міхась Кавыль, Антон Шукелойць, З. і В. Кіпелі, Ала Орса-Рамана. Аўтарка дала ім магчымасць расказаць пра сябе, выказаць свой погляд на складанае і ўсё яшчэ не вельмі зразумелае нам мінулае. Наогул нашы землякі за акіянам сталі бліжэй нам, бо мы больш даведаліся пра іх побыт, паўсядзённае жыццё, пра іх любоў да Радзімы.

ЗМЕСТ

o Уступ

o У гасцях у Наталлі Арсенневай

o Песня для Веры, або Маршрут Нью-Йорк - Стрыеўка

o Ранча «Мой родны кут»

o «...Гаворыць радыёстанцыя «Свабода»

o Натхняюць вобразы Радзімы

o Усё скача той рыцар на белым кані...

o «Мы не можам, як і іншыя народы, карыстацца нацыяналізмам»

o Свае людзі ў публічнай бібліятэцы

o На беларускіх дачах у Глен Спэй

o «Многая лета» ў гонар Літаровічаў, або

o Што трэба чалавеку для жыцця

o Будавалі карабель незалежнасці

УСТУП

Да апошняга моманту, пакуль не села ў самалёт, які кіраваў на Нью-Йорк, не была ўпэўнена, што правяду свой адпачынак за акіянам. Надта ўжо цяжкая гэта справа ў нашай краіне — паехаць па прыватных запросінах да знаёмых у ЗША! Пакуль аформіш усе паперы, атрымаеш візу... Ды што там усе пакуты і бюракратычная цяганіна ў параўнанні з загадкавай Амерыкай і магчымасцю сустрэцца там з нашымі суайчыннікамі, пра якіх неаднойчы пісала, калі яны прыязджалі ў Беларусь. I чалавечая, і прафесійная цікаўнасць няўмольна падштурхоўвала пераадолець усе перашкоды.

Гарачы жнівень 1991 года. У Нью-Йорку спякота невыносная, пад 40 градусаў. Нават дыхаць цяжка. Спадарыня Ала Орса-Рамана, кіраўнічка танцавальнага калектыву «Васілёк», якая запрасіла мяне, летам мела адпачынак (заняткі ва універсітэце, дзе яна выкладае хімію, павінны пачацца толькі ў верасні). «Што ты хацела б убачыць і з кім сустрэцца? — адразу запыталася яна.— Я склала для цябе праграму: пойдзем у музей сучаснага мастацтва, паедзем на Ніягару, у Вашынгтон — там пераначуем у Алесі Кіпель і наведаем у Рочэстэры Наталлю Арсенневу. Я ўжо з ёй дамовілася. У Саўт-Рыверы будзе выстаўка нашых мастачак, у Нью-Брансвіку пазнаёмішся з Галінай і Васілём Русакамі, наведаем Надзю Кудасаву, выдатную майстрыху. Паглядзім наш Полацак, сходзім у нашыя цэрквы...»

І закруцілася кола падзей. Ледзь толькі ўцягнулі мае валізкі з сувенірамі ў дом на Лонг Айлендзе (раён гэты прэстыжны, дарагі, забудаваны двух-, трохпавярховымі катэджамі, знаходзіцца ўдалечыні ад тлумнага цэнтра), дзе жыве спадарыня Ала з сям'ёй, як завітала яе сяброўка Вера Заморская, пазней падышлі Янка Запруднік з дачкой Верай, прыехалі з працы Віця Тур і сыны Алы — Коля і Павал, далучыўся муж гаспадыні Франэк Рамана.

Першы вечар у Амерыцы, за сяброўскім сталом. Людзі гаманілі, узбуджаныя з'яўленнем госці з Беларусь, распыталі пра знаёмых, бясконца падкладвалі на талерку, даведаўшыся, што ў нас не густа з ежай. Мы то смяяліся, то плакалі ад радасці, быццам былі найбліжэйшымі сваякамі.

Вопыт першых нашых з Алай азнаямленчых вандровак па Нью-Йорку, калі мы сутыкнуліся з праблемай паркавання машыны, прымусіў прадумваць кожную драбязу: куды едзем, дзе спыняемся, з кім сустракаемся, калі вяртаемся. Сэрца маё рвалася на часткі: хацелася пагуляць па цэнтру Нью-Йорка, асляпляльна прыгожаму, паназіраць за людзьмі ў вольным свеце, якія не маюць комплексаў ні ў манеры апранацца, ні ў сваіх паводзінах, выключна лагодныя і ўважлівыя адзін да аднаго; з'ездзіць на акіян, пасядзець недзе ў бары — словам, распружыніцца ад працы ў газеце. Але над чалавечым гэтым жаданнем увесь час брала верх прафесійнае: лепш пазнаёміцца з нашай эміграцыяй, зразумець, як яны тут жывуць, як застаюцца беларусамі, чаму І за што ў сябе на радзіме іх доўгі час агулам запісвалі ў ворагі і здраднікі; што адбывалася на нашай зямлі ў часы фашысцкай акупацыі, калі адны пайшлі ў партызаны, а другія — у атрады самааховы, як і чаму паехалі з роднага краю. Афіцыйная наша гісторыя многае замоўчвала альбо трактавала падзеі і факты аднабока і тэндэнцыйна. Толькі з пачаткам перамен мы змаглі тое-сёе даведацца і пра беларусізацыю, І пра расправу з «нацдэмамі», І пра рэпрэсіі, учыненыя над нявіннымі людзьмі. У кожнага свая праўда ў гісторыі. Дасюль мы ведалі толькі адну праўду. А якая ж праўда такіх самых, як І я, беларусаў, што, трапіўшы ў вір гісторыі, апынуліся ў выніку на другім беразе ці, больш дакладна, між берагамі?

Кожны дзень я мела цікавыя сустрэчы, пабывала практычна ва ўсіх асноўных асяродках беларусаў у Амерыцы. Некаторыя землякі, асабліва старэйшага веку, паводзілі сябе даволі насцярожана, даведаўшыся, што я працую ў «Голасе Радзімы», у той самай газеце, якая ў свой час актыўна папрацавала на выкрыццё «здраднікаў».

«Дачушка, паслухай, як яно ўсё было, І ты зразумееш...» Я слухала іх споведзі, запісвала на стужку, спадзеючыся выкарыстаць потым у матэрыяле. Не стрымліваючы пачуццяў, жадання выказаць даўно затоены боль ад несправядлівых крыўд, яны ў запале шмат чаго расказвалі, а з раніцы, спахапіўшыся, тэлефанавалі: «Нічога не пішыце пра мяне, закрэсліце ўсё, бо баюся, што гэта пашкодзіць свалкам на радзіме». Жыццё прывучыла іх да асцярожнасці. «Ды што вы,— спрабавала пярэчыць я,— вы ўжо даўно не былі на Беларусі, цяпер не тыя часы...»

Я зразумела іх вельмі добра 19 жніўня, калі з раніцы па тэлебачанні перадалі пра падзеі ў Савецкім Саюзе, паказалі танкі на вуліцах Масквы. Ашаламляючая гэта інфармацыя прымусіла мяне пахаладзець.

Гарачы жнівень 1991 года... Тры дні Амерыка не адыходзіла ад тэлевізараў. А сітуацыя мянялася штогадзінна, і ніхто не мог ведаць, чым усё гэта скончыцца. Нехта, бывала, не вытрымліваў і пачынаў заказваць па тэлефоне Мінск. Але Мінск маўчаў, упарта маўчаў. Ад невядомасці можна было звар'яцець.

З далечыні, з-за акіяна, мы маліліся за сваю радзіму, за сваякоў і родных, за ўвесь наш народ, на долю якога выпала так шмат выпрабаванняў.

Бадай што, шокам стала чарговая вестка пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусь, Тэлефанавалі адзін аднаму, яшчэ не верачы да канца пачутаму, абмяркоўвалі, выказвалі здагадкі і... святкавалі.

Багатая і прыгожая краіна Амерыка, цяпер ты ўжо не такая чужая і невядомая. Вельмі зблізку давялося ўбачыць, як заможна і годна жывуць тут мае землякі. Пачуваюцца людзьмі. Шмат працуюць. Трымаюцца адзін аднаго. Захоўваюць мову, традыцыі і звычаі свайго народа. Толькі дзякуючы ім, напэўна, і ведалі ў Амерыцы, што ёсць такая краіна Беларусь. Шмат чаго робяць, каб дапамагчы сваёй зямлі ў чарнобыльскай бядзе.

...Я вярталася ў сваю бедную, спакутаваную краіну ўжо грамадзянкай незалежнай Беларусі. З надзеямі, з верай у тое, што цяпер усё пойдзе інакш. Гэтак спяшалася. На чыгуначным вакзале, па-беларуску растлумачыўшы вадзіцелю, куды ехаць, пачула рэзкае: «Националистов не возим!» Дзверцы бразнулі перад носам, і я з валізкамі засталася на дарозе.

Спадзяюся, што мае артыкулы, нататкі, інтэрв'ю і рэпартажы, напісаныя пасля паездкі ў Амерыку, будуць цікавымі для чытача.

Аўтар.

У ГАСЦЯХ У НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ

Машына плаўна ўкаціла ў дворык ладненькага катэджа, якімі густа аблеплена вуліца амерыканскага гарадка Рочэстэра. Утульна, ціха, яркія кветкі пад вокнамі, на ўсёй палянцы перад будынкам. Мусіць, так бывае ў раі, падумалася.

Высокі мужчына сярэдніх гадоў адчыніў дзверцы аўтамабіля, працягнуў руку, прадставіўся: «Кушаль» і павёў у дом. Спадарыня Наталля Арсеннева ўжо чакала нас. Пругка паднялася з крэсла і гучным, хрыплаватым голасам паклікала: «Наталля, Владэк! Яны прыехалі! Хадзіце сюды. Алюнься прывезла чалавека з Беларусі!» Пакуль гаспадары разглядалі «чалавека з Беларусі», я не з меншай цікавасцю — спадарыню Арсенневу. Адзначыла пра сябе: у нас так немаладыя кабеты не апранаюцца.

Але амерыканцы сапраўды, я заўважыла, без комплексаў. Порткі з кашуляй — зручна. На нагах белыя пантофлі на абцасах. Да чорных валасоў вельмі пасуюць белыя завушніцы і белыя пацеркі. Элегантна і з густам. На свае 88 гадоў выглядае проста выдатна. «Ад яе зыходзіць моц, упэўненасць і энергія»,— было першае ўражанне.

Сцены гасцёўні завешаны карцінамі, на якіх беларускія пейзажы работы П. Мірановіча: «Краслаўка», «Млын у Краслаўцы», «Доўгае возера»... Вобразы роднай прыроды штодня лашчаць вока гаспадыні дома.

Зручна размясціўшыся ў крэслах, мы з Алай Орса-Рамана падрыхтавалі дыктафоны, каб запісаць гутарку з вядомай паэткай. Адразу і без цырымоній гаспадыня захапіла ініцыятыву, мусіць, ужо прадумаўшы нейкі план свайго расказу.

— Я жыву разам з сынам і ўнучкай — вы іх ужо бачылі. А ёсць яшчэ і ўнук, яму 30 гадоў. Мае ўласны дом, недалёка ад нашага. Так што мы бачымся час ад часу. Наталля гаворыць у нас па-руску. Гэта таму, што яе першыя некалькі год выхоўвала жанчына, якая размаўляла па-руску. Наталля разумее па-беларуску, толькі гаварыць не можа. Ну і вось гэтыя два мае любімцы сабакі. Так і жывём.

— Якія перыяды жыцця, спадарыня Арсеннева, найбольш вам памятаюцца?

— Памятаю, як была эвакуацыя Вільні, гэта ў першую сусветную вайну. Нас тады прымусова эвакуіравалі, і мы трапілі ў Яраслаўль. Мне было нешта 12 гадоў... Я там пачала вучыцца ў гімназіі.

Цікавым, дарэчы, можа быць той факт, што да восені 1916 года ў Яраслаўлі жыў Максім Багдановіч. Яны хадзілі па адных вуліцах. Але іх шляхі ніколі не перакрыжаваліся. Між тым, менавіта гэты паэт найбольш паўплываў на яе. У яраслаўскай гімназіі Наталля пачала спрабаваць пісаць вершы. Але, як сведчыць сама паэтка: «Пісаць я пачала ня вельмі рана, у кожным выпадку не з пяцёх ці каб дзесяцёх год, як некаторыя «геніі». Не, у гэтым часе я любіла ўзімку чытаць, зашыўшыся недзе ў куток, а ўлетку — гайсаць па палёх і лазіць па дрэвах, што я рабіла лепш за хлопцаў».

— Вы напісалі свой першы верш у той год, калі ў Расіі адбылася сацыялістычная рэвалюцыя. Як яна ўвайшла ў свядомасць падлетка?

— Мы з сястрой Галяй ішлі з гімназіі і ўбачылі, як нейкія людзі ў вайсковым збіваюць з хаты выяву вялізнага арла — сімвал царской імперыі. Адна лапа птушкі ўпала паблізу мяне. Было такое ўражанне, што раструшчылі жывую птушку. А я так любіла, ды і цяпер люблю розную жывёлу. З таго часу слова рэвалюцыя выклікае ў мяне асацыяцыі з разбурэннем, з насіллем. Рэвалюцыя, вайна — гэта страшна, гэта агідна, гэта кроў, гэта пакуты і гора людзей.

— У 1918 годзе вашыя бацькі вырашылі вяртацца з Яраслаўля ў Вільню. Неўзабаве яны і рушылі ў шлях. Але толькі ў пачатку 1920 года апынуліся на месцы. Няўжо цэлы год дабіраліся?

— Так. Цяжкі быў шлях дадому. Вяртаючыся з бежанства, мы столькі перажылі... Часта траплялі пад перастрэлку. Было небяспечна. Знайшлі тады прытулак у вёсцы Жаўніна. Тут я ўпершыню, можна сказаць, пачула жывую беларускую мову. Гаспадары — Фядосся і Юрка сварыліся: «Чакай, чакай, я ўжо табе юшку пушчу!» Гэтак смачна, каларытна гучала слова. Але доўга мы там быць не маглі. З Краслаўкі хадзілі таварныя цягнікі ў Дзвінск. Мы неяк уціснуліся. А тут мост праз Дзвіну разбіты, цягнік далей не ідзе, трэба пераходзіць раку. Добра памятаю, як мы нейкія клункі цягнулі па лёдзе. А ў мяне і ў сястры гарачка, усё ў галаве круціцца. Як сёння, бачу той дзень.

— Спадарыня Арсеннева, вы сказалі, што людзі ўцякалі з Расіі. Было масавае бежанства. Чаму? Баяліся бальшавікоў?

— Выязджалі эвакуіраваныя. Вярталіся дамоў. А пра бальшавікоў мы тады нічога кепскага не чулі. I ніхто нас не гнаў. Дык я хачу закончыць. На Дзвінскай станцыі я бачыла такое, што назаўсёды мне запала ў душу, перавярнула яе, уварвалася ў юнацтва цёмнай хмарай. На падлозе хворыя, раненыя. А ў двары станцыі — была ж лютая зіма — замерзлыя трупы польскіх жаўнераў. У недарэчных позах, з адкрытымі вачыма.

Нейкім дзівам мы дабраліся да Вільні, дзе мама наняла павозку і ледзь жывых завезла нас да нейкіх людзей. Гэта былі Русецкія, дзякуючы якім і я, і мае брат і малодшая сястра Оля паступілі пазней вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. А сястра Галя тады ад гішпанкі памерла.

— У Віленскай гімназіі вы, напэўна, упершыню захапіліся беларускімі справамі? Раскажыце, калі ласка, хто там выкладаў і хто быў для вас найбольшым аўтарытэтам?

— У нас былі добрыя настаўнікі — Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Яны навучылі мяне многаму. Дарэчы, я была ўжо трохі падрыхтаваная да заняткаў у гімназіі. Люба Русецкая пасля хваробы прынесла мне беларускія кніжкі, пачала вучыць чытаць. Так я прачытала «Патаемнае» Гарэцкага. I з таго часу Стала нераўнадушнай да яго твораў. Праніклася сімпатыяй да гэтага чалавека, паказвала яму свае вершы. Ён быў маім крытыкам і дарадцам.

Пра гады вучобы ў гімназіі паэтка неяк пісала: «Два й асаблівай любасьцяй і ўсхваляваньнем. Можна сказаць, што якраз Віленская беларуская гімназія і зрабіла зь мяне беларускую паэтку Натальлю Арсеньневу, якая ня можа ня пісаць, як ня можа ня любіць Беларусі, што-б ня сталася яшчэ на сьвеце».

- Скажыце, а хто на вас; як на паэтку, акрамя Багдановіча, меў яшчэ ўплыў? — Купала. Увогуле, я шмат чытала, цікавілася паэзіяй. Мне запомніліся асобныя вобразы: Роланда, напрыклад, з французскай літаратуры. «Роланд усё трубіць і трубіць» ...Метэрлінка любіла. З расейскіх — Лермантава. Хаця пазней, калі больш глыбока спазнала расейскую літаратуру, на першае месца паставіла Пушкіна.

Дазволю сабе маленькі каментарый: бацька Наталлі Арсенневай паходзіў з таго роду Арсенневых, які па сваёй жаночай лініі даў паэта М. Лермантава.

— Гавораць, што беларус — гэта чалавек, які паўсюль спазняецца. Ціхі, паслухмяны, разважлівы, але і ўпарты. Як бы вы вызначылі беларускі характар?

— Беларусь! — гэта мешаніна чыстых славянаў з балтамі. Лагоднасць, мяккасць, разважлівасць — гэта рысы якраз славянскія. Ёсць у нас крыху і летувіскай крыві. Украінцы зусім іншыя, яны маюць продкаў з качаўнікоў паўдзённых.

— А як вы спазналі гісторыю свайго народа, яго» культуру? Што вам дало найбольшае разуменне?

— У Віленскай гімназіі былі добрыя падручнікі. Хаця і не усе па-беларуску напісаныя. Да прыкладу, з падручніка геаграфіі Спірыдонава я ўпершыню даведалася пра беларусаў, што маюць яны сваю літаратуру свайго вялікага паэта Купалу. Звесткі пра Беларусь былі пададзены дробненькім шрыфтам, як дадатковы матэрыял і неабавязковы для завучвання. Памятаю, як мяне ўразілі Купалавы радкі:

Я мужык-беларус,

Пан сахі і касы;

Цйомен сам, белы вус,

Пядзі дзве валасы.

Слова «цйомен» я доўга не магла расчытаць.

— Як спалучаліся расейская і беларуская мовы ў выкладанні асноўных прадметаў у гімназіі?

— У малодшых клясах усё было па-беларуску. А ў старэйшых — і так і гэтак. Але вучні стараліся добра валодаць мовай.

— Пасля заканчэння Беларускай гімназіі многія выпускнікі адправіліся на вучобу ў Прагу. У вас быў намер паехаць?

— Так. Але я не магла пакінуць бацькоў. Яны былі старыя, нямоглыя і жылі толькі з таго, што я выкладала ў адной з беларускіх школак. А па-другое, я тады якраз пазнаёмілася з маім будучым мужам. Ён прасіў мяне застацца. Я прыйшла на станцыю, калі ад'язджалі мае каляжанкі, толькі каб развітацца.

— А ці ведаеце вы, як склаўся лес тых вашых сяброў, хто паехаў па веды ў Прагу?

— З тых маіх знаёмых, што выехалі ў 1921 годзе на вучобу ў Пражскі універсітэт, амаль што ўсе памерлі ад сухотаў. Ад нядобрых умоў жыцця, ад кепскай ежы. Студэнты ж атрымлівалі там мізэрную стыпендыю, на якую існаваць было даволі цяжка.

У 1922 годзе Н. Арсеннева выйшла замуж за Ф. Кушаля і выехала з Беларусі ў Польшчу. Больш як 15 год пражыла там. Але звычайна штогод наведвала сваю родную Вільню або Валожыншчыну, мужавых бацькоў. Насуперак усім неспрыяльным абставінам, адарванасці ад Беларусі яна не кінула пісаць вершы. У 1927 годзе ўбачыў свет першы зборнік «Пад сінім небам», а ў 1935—1936 гадах падрыхтаваны да друку і другі. Калі чытаеш гэтыя вершы сёння, атрымліваеш вялікае эстэтычнае задавальненне. Яны вельмі далёкія ад палітыкі, ад тагачасных праблем, але ў іх — стыхія жыцця і прыроды; яны прасякнуты ціхім каханнем да роднай старонкі. Нягучныя, вытанчаныя пачуцці, нечаканыя вобразы і параўнанні, з усяго гэтага, як адзначаў М. Танк, паэтка ўмее вязаць надзвычай прыгожыя карункі.

Дзень асеньні ўстае панад нівамі,

праціраючы вочы сьлязлівыя,

йржавай рызай лісьця ды анучамі

брудна-шэрых туманаў абкручаны...

1939 год паклаў канец спакойнаму, але аднастайнаму жыццю Н. Арсенневай. Пачалася другая сусветная вайна. Муж яе, польскі вайсковец, трапіў у савецкі палон. Памерла ў Вільні маці. Яна з дзецьмі пераехала да брата ў Вілейку.

— Не баяліся? Хіба вы нічога не ведалі пра рэпрэсіі супраць «ворагаў народа», якія ў Савецкай Беларусі мелі масавыя маштабы?

— Не. Нічога не ведалі. Жылі спакойна. Нікога не баяліся. Я мела адрас Максіма Танка, ён мяне ўладзіў працаваць у рэдакцыю «Вілейскай газеты» карэктарам. Бяда прыйшла нечакана. Ранкам пастукалі ў дзверы і сказалі: «Вы арыштаваны». Загадалі спакавацца. Але ж у мяне нічога не было, усе рэчы засталіся пад Варшаваю, дзе мы жылі. Пагрузілі ў таварныя вагоны і завезлі ў Казахстан. I толькі перад самай вайной я вярнулася са ссылкі. Мне муж пасля расказваў, што, калі ён быў у палоне, прыйшлі і загадалі ўсім, хто ведае, дзе яго сям'я, пісаць ім лісты. Такім вось ашуканствам даведаліся адрасы сем'яў і сурова пакаралі жанчын і дзяцей.

— А як вам удалося так хутка вярнуцца са ссылкі? Шчаслівы выпадак?

— Мусіць што шчаслівы. За мяне хадайнічалі Танк і Купала. Напэўна, ім давялося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць пільных начальнікаў, што я ні ў чым не замешана. Дарэчы, па хадайніцтву таго ж Янкі Купалы быў вызвалены з лагера мой муж. Разам з Купа лам яны ў 1919 годзе працавалі ў Вайсковай камісіі. Інакш Францішка проста расстралялі б.

— У гэты час вы не пісалі вершаў?

— Не да вершаў было. Хаця б выжыць.

— Як хутка пасля таго, як вы сустрэліся з мужам, трапілі ў Мінск?

— Мы бачылі з Дораў, дзе жылі ў бацькоў мужа, як гарэў Менск. Вельмі хацелася даведацца, што з ім сталася. Некаторыя ўжо ездзілі, гаварылі, што там нейкі Беларускі камітэт ёсць. Нас гэта зацікавіла. Я вырашыла пайсці ў разведку, і са мной мужаў брат Пятрук. Ужо пад'ехалі пад самы Ракаў, як раптам — немцы. Арыштавалі нас і пасадзілі ў гміну. Седзячы ў гэнтай гміне, я стала нявольным сведкам таго, як немцы ажыццяўлялі акцыю знішчэння яўрэяў, як жаўнеры здзекаваліся, як пакутавалі людзі... Гэта жах...

Быў вецер…

Але й ім казалі засьпяваць,

I за часіну усе і пляскалі й сьпявалі.

Прысеўшы на бруку, брахаў у самы твар

Ім кулямёт загады сталяй...

(З верша «Акцыя»).

Пасля нас выпусцілі, і мы яшчэ раз паехалі ў Менск.

— Хто заснаваў Беларускі камітэт?

— Беларусы. Радаслаў Астроўскі, быў такі з Вільні, раней ён працаваў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Вільні. Антон Адамовіч, Савёнак толькі што вярнуліся з лягераў і актыўна ўзяліся за беларускую справу.

— Скажыце, а якія былі ў людзей адносіны да немцаў, калі тыя ўвайшлі ў горад?

- Бачыце, людзі, якія ні за што пацярпелі ад Савецкай улады, а такіх было не так ужо і мала, якраз сустракалі немцаў з надзеяй, як збавіцеляў. Па-другое, ніхто не думаў, што немцы такія нелюдзі. Беларусы ж хацелі проста наладзіць сваё культурнае жыццё.

— Але ж ці былі члены Беларускага камітэта такімі наіўнымі, што не разумелі, з якімі мэтамі прыйшлі фашысты на беларускую зямлю? Напрыклад вы, спадарыня Арсеннева, ужо з першых дзён акупацыі былі сведкай жорсткай бесчалавечнай акцыі супраць яўрэяў.

— Беларусь і да вайны была пад чужынцамі. Савецкая ўлада метадычна знішчала цвет нацыі, яе інтэлектуальныя сілы. Таму прынцыповай розніцы не было. Абое рабое, як кажуць у народзе.

— Калі прыйшло працверажэнне, разуменне таго, што ад немцаў нічога добрага чакаць не варта?

— На немцаў, фактычна, ніхто не спадзяваўся. Ілюзій абсалютна ніякіх не было. Думалі, як урваць нешта, каб аблягчыць жыццё нашых людзей ва ўмовах акупацыі. Якое змаганне было, каб немцы дазволілі адчыніць беларускія школкі... Настаўніцкая семінарыя дзейнічала, гімназія, фельчарская школа ў Баранавічах... Любую магчымасць для разгортвання беларускай справы мы стараліся выкарыстаць.

— Што б вы маглі расказаць пра партызан?

— Калі адступалі Саветы, а па іх пятах ішлі немцы, дык велізарная колькасць жаўнераў засталася ў нямецкім тыле. Немцы хутчэй ішлі, чым Саветы адступалі. Лясы былі поўныя людзей. Хлопцы пайшлі прасіцца да сялянаў, маўляў, вазьміце за работніка. У той момант партызанамі іх ніхто не называў. Яны спраўна працавалі. А пасля прайшоў слых, што ўсіх людзей, якія працуюць у сялян, вывезуць у Нямеччыну на работы. I тады яны пачалі зноў уцякаць у лес, арганізоўваць там атрады. Сяляне кепска ставіліся да іх, бо партызаны часта займаліся грабежніцтвам. Прыйдуць уночы, забяруць усё, што хочуць. А як людзі не хацелі даваць, то і прыстрэліць маглі.

— На жаль, такія бандыцкія партызанскія атрады сапраўды былі. Пра гэта мы ўжо ведаем. Сяляне траплялі ў такім выпадку ў пастку. Уначы грабяць свае, а днём — немцы. Тысячы вагонаў з зернем, іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі ішлі на Захад з Беларусі. У час вайны на Беларусі былі спалены сотні вёсак. Тут, у Амерыцы, мне давялося пачуць, што палілі не толькі немцы, але і партызаны. Што можаце сказаць наконт гэтага?

— Палілі немцы. На 10 кіламетраў ад лясоў і пушчаў усё спалілі. Бо ад партызан не было ратунку. Фактычна, калі распачыналася акцыя, сяляне не хацелі пакідаць сваіх хат. I немцы спальвалі хаты з людзьмі. Цётку майго мужа так спалілі разам з хатай. Моладзь маглі яшчэ насільна павыцягваць і адправіць у Нямеччыну, а са старымі не цырымоніліся, палілі — і ўсё. Асабліва лютавалі немцы ў 1943—1944 гадах, перад канцом. I яшчэ: палілі ўкраінскія і літоўскія паліцыянты, зразумела, са згоды сваіх шэфаў-немцаў.

— Наколькі я ведаю, вы, спадарыня Арсеннева, працавалі ў час вайны ў «Беларускай газэце», што выходзіла ў Мінску. Я разумею, што гэта быў вельмі няпросты час. З аднаго боку, пры маўклівай згодзе акупантаў дзейнічалі беларускія школкі, выходзілі беларускія падручнікі, працаваў тэатр, ладзіліся выстаўкі; а з другога — палалі вёскі з людзьмі, вывозілася ў Нямеччыну моладзь, вешалі і расстрэльвалі камуністаў і партызан... Як жа вам працавалася?

— Я была прыпісана стылістам да рэдакцыі. Бо тых, хто ня меў ніякай працы, вывозілі ў Нямеччыну. Майму сыну Владэку тады было 17 ці 18 год. Яго таксама прыпісалі да газэты, ён быў пасыльным, вазіў матэрыялы ў друкарню.

А я такім чынам мела магчымасць пісаць вершы, перакладала на беларускую мову п'есы для нашага тэатра, стварала лібрэта. Шмат друкавалася ў нашай газэце.

Сапраўды, Наталля Арсеннева надзвычай многа піша ў гэты перыяд. Калі ў даваенных вершах яна — як бы над жыццём, пасіўны назіральнік, то цяпер проста ўрываецца ў самую гушчыню. Адзін з найбольш моцных і дасканалых твораў — верш «Паўшым» (пазней аўтарка памяняла назву — «Палеглым»). Ён быў надрукаваны ў «Менскай», а пасля і ў «Беларускай газэце». Гімнам, прачулым рэквіемам, якім упершыню паэтка рэагавала на вайну, назваў яго літаратурны крытык А. Адамовіч.

...Пад крыжам, бяз крыжа, нацятаю галінай

на жорсткі, гойстры жвір спаць ці адзін прылёг...

Зьмяшалася зь пяском чупрына маладая,

боль выпіў сінь вачэй і сьвежых вуснаў кроў.

Васковаю сьвячою над імі восень тае,

і сьніць

адзін пра Рэйн, а іншы — пра Дняпро.

Ня рупіць іх нішто... Жахлівыя змаганьні,

магутны чар вайны, крывавыя сьвітаньні

больш не хвалююць іх...

Яны прайшлі свой шлях.

Дарэчы, праца ў «Беларускай газэце» не гарантавала яе супрацоўнікам асабістую бяспеку. Тым, хто пераходзіў межы дазволенага, пагражала хуткая расправа. Ледзь не паплацілася галавою за адзін са сваіх вершаў і Наталля Арсеннева.

...Годзе!

Годзе нарэшце,

годзе

чарвякамі зьвівацца, поўзаць!

Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць,

хоць ісьці нам парой і коўзка,—

пасьмяёмся яшчэ і зь ліха!

Досыць падаць прад кожным ніцма!

Лепш на момант

агнём успыхнуць,

чымся літасьцяй век давіцца!

Што далі нам калі чужыя?..

Як напятая струна, гучаў голас паэткі ў вершы «Годзе», апублікаваным у канцы 1942 года. I гэты настрой моцна не спадабаўся нямецкім уладам. Аўтар была выклікана на допыт у палітычную паліцыю, і толькі удалая інтэрпрэтацыя верша перакладчыцай Юльянай Дубейкаўскай уратавала Арсенневу ад рэпрэсіяў.

— Большую частку жыцця вы пражылі на эміграцыі — Расія, Польшча, Казахстан, Нямеччына, Амерыка. Але ўвесь час вы — паэтка Беларусі, што бясконца верыць у свой край, які дае натхненне, у свой народ, у яго вялікую будучыню. Цікава, якое ў вас уяўленне пра сённяшнюю Беларусь, з якой вы рассталіся амаль што 50 гадоў назад?

— Пра цяперашнюю Беларусь я няшмат ведаю, на жаль. Жыву даволі адасоблена. Хаця выпісваю часопісы, газэты. Шмат цікавага прысылаў мне звычайна Янка Запруднік з Нью-Йорка. Ён жа мае шмат літаратуры. Іншым разам я проста не магла зразумець, чаму Беларусь за ўсе гэтыя гады перастала быць беларускай. У маю бытнасць яна была яшчэ беларускай. Што здарылася? Як магло гэтак стацца?

Апошнім часам мне пішуць лісты з Беларусі даследчыкі, паэты. Я ім адказваю з радасцю. Для мяне гэта тоненькая нітачка сувязі з далёкай Бацькаўшчынай.

...Каля чатырох гадзін гутарылі мы з Наталляй Арсенневай. Яна б яшчэ працягвала і працягвала, з неверагоднай дакладнасцю прыгадваючы падзеі 50-ці ці нават 70-гадовай даўнасці. У манатоннай яе споведзі ні разу не з'явілася англійскае слова, хіба што толькі рускае іншы раз. Але гэта зразу мела — ад унучкі Наталлі. Адным простым сказам яна магла намаляваць цэлую карціну, гэткі жывапісны партрэт часу. З гукамі, пахамі, колерамі. Прыгадаліся словы яе «Малітвы» :

Магутны божа! Ўладар сусьветаў,

вялізных сонцаў і сэрц малых,

над Беларусяй ціхай і ветлай

рассып праменьне Свае хвалы.

Дай спор у працы будзённай, шэрай,

на хлеб штадзённы, на родны край.

Павагу, сілу і веліч веры

у нашу праўду, у прышласьць — дай!

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

учынкам нашым пашлі ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай,

краіну нашу і наш народ!

Падумалася, якая ж гэта несправядлівасць, глупства, нарэшце, што беларускі народ дасюль не ведае сваю Паэтку. Паэтку складанага лёсу і вялікага таленту. Н. Арсеннева піша вершы I цяпер.

На развітанне яна прынесла мне са свайго пакойчыка два аркушы паперы, на якіх ад рукі было напісана:

ЧАРНОБЫЛЬ

Весьні ранак...

Ужо на парозе

я прыпыняю хаду:

надта ж хораша зноўку бярозы

карагоды на ўзгорках вядуць!

Іх імклівыя рукі на сіні

далячынь ткуць празрысты вузор

Курапаты,

Чарнобыль,

Хатыні

ім не засьцяць ні вёснаў, ні зор.

Мне ж...

мне мроіцца іншае раньне:

Хлопчык з пужкаю... Статак...

раса... Ўпяршыню ў поле выгнаў ён сяньня...

Красавік...

Люба ў сонцы гайсаць!

Сонца ж — скрозь!

Уваччу, у лазовым,

жоўтым пухам прыбраным гальлі,

Нат у шчаснасьці той, без назову,

ад якое аж сэрца баліць!

I няўпрыцям нікому з худобы чалавечай,

стоены сьцень,

чорны сьцень... найчарнейшы

Чарнобыль,

Ужо крые, накрыў іхні дзень,

што з худой пастушковае жменькі

хутка выпадзе пужка,

што ён,

як і безлічы й меньшых, маленькіх,

моўчкі прымуць пакутлівы скон,

што ізноў над маёй Беларусяй

прарасце, забуяе бяда,

што...

ды лепей вазьму, памалюся,

да людзкага

і свой боль дадам.

Божа! Божа! Адзіны ў Сусьвеце,

Хто ўсё знае, ўсё можа,

зрабі ж,

каб за нас не пакутвалі дзеці,

не яны каб,

а мы несьлі крыж!

ПЕСНЯ ДЛЯ ВЕРЫ, або МАРШРУТ НЬЮ-ЙОРК-СТРЫЕЎКА

Ніяк не магу сабе дараваць, што, быўшы ў Нью-Йорку, не знайшла магчымасці наведаць прыватны офіс, дзе працуе дантыстам наша зямлячка родам з Гродзеншчыны Вера Заморская, якая мае рэпутацыю ўрача экстралкласа і адпаведна — вялікую кліентуру. (Дарэчы, прафесія дантыста ў Амерыцы лічыцца прэстыжнай.) Напэўна ж, у гэтым офісе і медыцынскае абсталяванне, і якасць абслугоўвання — усё па вышэйшых амерыканскіх стандартах. Няблага было б усё ж убачыць на ўласныя вочы.

Сама Вера знешне — эталон сучаснай дзелавой дамы: кароткая стрыжка, спартыўны стыль адзення; энергічная, упэўненая ў сабе. «Жанчына іншага свету,— адзначыла я сама сабе,— дагледжаная, самастойная, забяспечаная. Якія ў яе могуць быць праблемы? Хіба мы можам знайсці агульную мову? Хіба ў нас ёсць нейкія кропкі сутыкнення?» — неяк з бояззю паглядала я ў першы вечар нашага знаёмства на сяброўку Алы Орса-Рамана.

Неўзабаве, зусім нечакана, давялося трапіць да Веры, так бы мовіць, у экспрэс-госці. Тая запрасіла знянацку, без папярэджвання, патэлефанаваўшы нам з самай раніцы.

— Усё скварчыць на патэльні,— папрасіла-папярэдзіла яна,— давайце хуценька, без цырымоній.

Не маргнуўшы вокам мы імгненна ўлезлі ў «Таёту».

Катэдж на Лонг Айлендзе, у якім жыве Вера Заморская з дзвюма дочкамі, нечым нагадвае жытло (калі можна гэтак сказаць пра двухпавярховы асабняк) Алы Орса-Рамана: дзве гасціныя, некалькі іншых пакояў, гараж. Уздоўж дома, як своеасаблівая аранжарэя, разрасліся і буйна пладаносяць розныя сарты памідораў: дробненькія, як вінаград, і вялікія — розных колераў і формаў. На лужку перад домам узняліся прыгажуны сланечнікі...

Мусіць, не такая ўжо простая справа — даглядзець усю гэту вялікую гаспадарку, пашкадавала я Веру. Хаця вырошчваць тыя ж самыя памідоры ў яе няма Hiякай неабходнасці, бо ўсяго ўдосталь і нават болей таго — у супермаркетах. Хіба што дзеля забавы. Альбо... Альбо, узнікла здагадка, гэта проста праявілася моцная сувязь з зямлёй, спадчынная сувязь, ад продкаў сялян, што спрадвеку жылі на зямлі, якая была ім карміцелькай.

У тую раніцу нам ніяк не выпадала пагаварыць. Вера, як простая вясковая кабета, шлёпала басанож па кухні, абсталяванай па апошняму слову тэхнікі, частавала нас яечняй са скваркамі, рознымі пакупнымі каўбаскамі, іншымі амерыканскімі прысмакамі. Назіраючы за гэтай пешчанай, бясстраснай, як мне здалося на першы погляд, жанчынай, я начала разумець, што моцна памылілася. Вера жартавала, смяялася, а я бачыла ў яе вачах затоены сум, нейкі нявыказаны боль, ціхую спагадлівасць і нават пакорлівасць.

Толькі аднойчы нам выпала пагаварыць. Вера лёгка вяла машыну, абганяючы мерседэсы і джыпы. Навокал грукатаў і блішчэў, як касмічны прывід, грандыёзны Нью-Йорк.

— Ці бывала ты ў Гродне? — пачула я яе глухаваты голас.— Там у вёсцы пад Гроднам жыве сястра. Марыя завецца. А сын яе хваробу крыві мае. Пісалі, ад Чарнобыля тое... Баліць мне душа за іх, разумееш... Дзяўчынкай, перад вайной яшчэ, з'ехалі мы з бацькамі адтуль. Сястра засталася на Беларусі, адзін брат цяпер у Англіі, другі ў Польшчы. Уся вялікая сям'я раскідана па свеце.

Вера ціха апавядала пра тое, як жылося ёй у эміграцыі спачатку ў Францыі, а потымчу Амерыцы.

Сучасны вобраз эмансіпіраванай жанчыны, якая дабілася поспеху, маёй зямлячкі, ніяк не вязаўся з новым — нязграбнага падлетка ў абносках, які нароўні з мужчынамі да знямогі працаваў на ферме.

— Я цягала на сабе мяхі з буракамі і бульбай, палола грады, прастойваючы днямі ў халоднай вадзе. А ў маці былі хворыя ногі,— працягвала Вера,— ёй было так цяжка.

Вера даўно ўжо пахавала сваіх бацькоў у Амерыцы. Toe, далёкае жыццё, калі яны, бежанцы з Беларусі, рвалі жылы на цяжкай працы ў чужыне, не прайшло бясследна. Прыступамі рэўматычных боляў нагадвае пра сябе халоднае і галоднае юнацтва. Веры пашанцавала ў тым, што аказалася яна моцнай і цярплівай, вельмі працавітай і кемлівай. Адзін багаты француз, дантыст па прафесіі, узяў яе сваёй памочніцай. Дзяўчына спраўна рабіла ўсё, чаму яе вучыў доктар, старалася, I праз некаторы час магла замяніць свайго шэфа ў самых складаных сітуацыях.

Пазней, ужо ў Амерыцы, Вера стала працаваць самастойна, адначасова брала курсы па медыцыне. Але дыплома не атрымала, бо з'явілася сям'я, дзеці, і трэба было нечым ахвяраваць. Толькі таму яна не мае цяпер уласнага офіса.

Не вельмі, відаць, шмат жаночага шчасця выпала на долю Веры Заморскай. Мусіць, не суджана. Цяжка, у пакутах паміраў муж. Яна мужна вынесла ўсе выпрабаванні. Падняла дваіх дачок. Старэйшая, Таня, скончыла універсітэт.

Палітыкай Вера ніколі не цікавілася. Але ў баку ад беларускіх спраў не стаяла. Ахвяравала грошы і на беларускую газету, і на розныя мерапрыемствы, што ладзіліся ў асяроддзі нашай эміграцыі, на царкву.

Эпізадычныя сустрэчы з гэтай амерыканскай беларускай нямала далі мне для разумення гісторыі і характару нашага народа, беларускай эміграцыі і самой Амерыкі.

Галоўны мой прынцып у рабоце — не быць староннім назіральнікам, абыякавым сведкам падзей — падштурхнуў не ставіць кропку на сваіх сустрэчах з Верай Заморскай у Нью-Йорку. У незнаёмай вёсачцы пад Гроднам, я памятала, жыве яе сястра. I я паабяцала Веры там пабываць. Без прыкрас, праўдзіва пра ўсё напісаць.

II

У халодны кастрычніцкі дзень маршрутны аўтобус Гродна — Азёры прыпыніўся каля вёскі Стрыеўка. Не ведаючы, куды падацца і ў каго запытацца пра Верыну сястру, зайшла ў мясцовую прадуктовую краму. Прадуктаў — ніякіх, акрамя хіба што солі. Пустыя паліцы неяк адразу настроілі на сумны лад. «Вунь там, пад высокай бярозай,— хата Марыі»,— паказалі людзі. Заасфальтаваная дарога прывяла да брамкі.

У нерашучасці спынілася, чакаючы, пакуль нехта выйдзе з хаты. (Папярэдне пісала ліст, што прыеду, ведала, што чакаюць). Забрахаў сабака, і аднекуль з глыбіні двара, дзе, мусіць, толькі што давала скаціне, з бурачным бацвіннем у руках, уся ў латанай-пералатанай вопратцы, закручаная ў хусткі, у ботах паявілася гаспадыня. Нейкае імгненне, толькі імгненне мы глядзелі адна на адну: я на яе — у брудным чорным адзенні, яна на мяне ў замежным яркім. І кінуліся адна да адной, быццам былі знаёмыя, быццам родныя.

— Танечка?! Дзетачка! Як жа я чакала цябе, чаму не папярэдзіла — сустрэлі б,— галасіла Марыя Пятроўна,— у дзетак жа свае машыны.

Па абветраным яе твары цяклі, як кроплі дажджу па шклу, слёзы.

— Ты не пужайся, што я такая зашмальцаваная — маю што апрануць і грошы маю — не жабрачка. Гаспадарка, ведаеш: куры, свінні, ваду цягаю. Усё ёсць, дзетачка: і бульба, і сала, і мяса, і агурок, і яйкі... Не тое, што ў горадзе цяпер — па чэргах стаяць. Усё свае.

Марыя Пятроўна, сцягваючы з сябе хусткі, павяла мяне ў хату, у цёплую куханьку, дзе на пліце стаялі вялікія і малыя чыгуны, парылася ежа для кабанчыка . У цынкавым вядры на лаве — чыстая вада, на сцяне — рукамыйнік.

— Тут жыла і Вера? — папыталася я адразу.

— Ды не, дзетачка, хата наша была непадалёку, на гэтым самым баку вуліцы. Ад першага бацькі трое дзядей — Фэлька, Стэх і я. А ад другога — Верачка, Нінка і Аня. Але, скажу, дружныя былі, я глядзела малодшых. Аднойчы, памятаю, вядро вады несла і Верачку (нявелькая была яшчэ) на другой руцэ трымала. Ды не ўтрымалася, упала, дзіця абліла. А айчым быў адукаваны, масты будаваў. Заўсёды падарункі дзецям прывозіў, а тады, за польскім часам, як Саветы павінны былі прыйсці, бацька пабаяўся застацца. Пайшоў. Неўзабаве праз нямецкае консульства запатрабаваў маці, дачок і прыёмнага малодшага Фэльку. Я ўжо праводзіла іх за Саветамі. Павяла на цягнік, плачу, заліваюся слязьмі — адна ж застаюся. А людзі кажуць, маўляў, завязуць іх да белых мядзведзяў... Гэта значыць — у Сібір. Але нічога, абышлося, сустрэліся яны з бацькам. А я баялася тады, што арыштуюць іх, кажу на развітанне: «Мама, я вам хоць сухароў пасушу і нашлю».

Як прыйшлі першыя Саветы (уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР.— А. Т.), то некаторых забіралі немаведама за што, вывозілі адсюль. У асноўным тых, хто Жыў заможна ці працаваў лесніком або солтысам. Вось так, дзетачка. Удосталь я гора сёрбала, бедавала ад галечы... Дзякуй, сястрычкі не забыліся, дапамагалі, чым маглі, хаця і самі не надта што мелі.

Усё жыццё Марыі Пятроўны прайшло ў Стрыеўцы. Тут нарадзілася, тут жыла, як яна кажа, і за польскім часам, і за першымі Саветамі, і пад немцамі, і зноў за Саветамі. Тут замуж выйшла, тут мужа пахавала, які паранены і хворы прыйшоў з фронта. Свету белага не бачыла за працай: касіла, арала, бульбу садзіла, плуг вадзіла, жорны круціла, ткала, прала, шыла і жала» Рабіла ў калгасе цялятніцай, паляводам. Тут сямёра дзяцей нарадзіла. Каго калі, дакладна не памятае. «У прамежак паміж працай,— жартуе яна,— адзін сынок, як бульбу выбіралі, другі — як лён малацілі, дачушка — на Каляды...»

Да ўсяго была здатная Марыя Пятроўна. Усяму навучылася.

— Самае цяжкае — гэта было лён апрацоўваць,— кажа яна.— На кожную жанчыну выпадала больш як па гектару. Не бярэ рвалка, то мы яго рукамі дзяром, потым на полі абабіваем. Бывала, параблю усё па гаспадарцы за дзень, іду ноччу ў хлеў, павешу лямпачку і тру лён. Што гэта за цяжкая праца — не перадаць. Па 200 кілаграмаў трэба было здаваць. За капейкі рабілі ў калгасе.

Калі тое было? У 50-я ці 60-я гады. Калі краіна ад развітога сацыялізму пераходзіла да пабудовы камунізму. Будавалі камунізм. Марыя Пятроўна — у перадавіках, бо ўсё, што ні робіць, гарыць у руках. А тады яшчэ і на хор, паспяваць з дзяўчатамі злётае.

У 50 гадоў, як мнагадзетная маці, пайшла на пенсію. Трымае ўласную гаспадарку. Агарод у яе 35 сотак. На калгасным полі выдзяляюць участак каля 15—20 сотак для бульбы. Здаецца, можна было б спакойна дажываць свой век. Гады ўжо немалыя, пад семдзесят. — Гэта, напэўна, у Амерыцы так можна, дзе ўсё гатовае, а ў нас сваімі ручкамі трэба зрабіць, як хочаш есці і піць,— лічыць Марыя Ляўко.— З кароўкай я ўжо не дам рады, прадала яе. Свінню і двух парсюкоў трымаю. Дзевяць вёдраў ім штодня зрабі... Колькі ж той бульбы, буракоў трэба назапасіць... Сілы ўжо не тыя. А ў калгасе не дапросішся тэхнікі, каб пасадзіць ці выбраць бульбу. Дзеці толькі і дапамогуць.

Дзеці ў Марыі Пятроўны ўсе выйшлі ў людзі. Верачка, Лёня, Коля і Міша жывуць у Гродне. Чэся — у суседняй вёсцы. Марыя — тут жа, у Стрыеўцы. А Ванечка, што на інваліднасці, з ёю ў хаце.

Даведаўшыся, што да маці прыехала госця, якая прывезла прывітанне ад цёткі з Амерыкі, яны хутка сабраліся ўсе разам. Кожны хацеў, каб я пабывала і ў яго. Усё самае лепшае, самае смачнае падавалася на стол. I кансерваваныя агуркі, і памідоры, і салянка, і шынка. Усё не магазіннае, а зробленае ўласнымі рукамі.

Я сядзела ў гэтай дружнай і вясёлай кампаніі, і міжволі прыходзілі на памяць словы з песні беларускага рок-гурта «Мроя»: «Душа, гуляй! Хоць тут у нас зусім не рай. Тут родны край».

Марыя Пятроўна, якая і тут, за сталом, была камандзірам, загадала сваім: «Зараз спяваем песню для Верачкі. А ты, Таццянка, пакладзі яе ў кішэню і перадай маёй сястры»,— жартаўліва кінула яна.

Песня была сумная: пра чаромху і пра расстанне, пра нешчаслівы лес. Прымі, Вера, песню ад сваіх з Беларусі.

IІІ

Развітваючыся са мною, Марыя Пятроўна прасіла: — Скажы маёй Верцы, як будзеш тэлефанаваць ці лісаць, што ёсць у нас усё, жывём добра, няхай сябе глядзіць. Колечку, сыночку, аперацыю зрабілі, і цяпер як быццам няблага сябе адчувае, але... Што там казаць. Можа, прыедзе некалі да нас.

Сапраўды, павінна я напісаць шчыра, што ўсё добра ў сям'і Марыі Ляўко. Ад яе, як ад моцнага кораня, далі расткі ўглыб сыны і дочкі. Не канчалі яны універсітэтаў, але знайшлі свае месца на зямлі і моцна яе трымаюцца. Усе працавітыя, не гультаі ці абібокі якія. У дачкі Марыі Пятроўны, напрыклад, што жыве з сям'ёй у Стрыеўцы, дом цагляны, двухпавярховы, больш нагадвае амерыканскі катэдж. I жывёлу хатнюю трымаюць, і машыну маюць, можна сказаць, заможна жывуць.

Добра ўсё ў гэтай сям'і, але, на жаль, пакуль яшчэ не ўсё добра ў нашым родным краі. Марыя Пятроўна, якая бачыла, здаецца, усякае на сваім вяку, сваёй сялянскай псіхалогіяй ніяк не можа спасцігнуць тое, што адбываецца цяпер у краіне і чаму з кожным годам жыць становіцца не лепш, а горш. «Як жа гэта жыць людзям, гадаваць дзяцей, унукаў, калі нідзе нічога няма, а працоўны чалавек ніякага аўтарытэту не мае, а толькі шпікулянт усё можа,— занепакоена яна,— што гэта за рынак такі, калі ў аптэцы і ў магазіне пуста, а ўсё перакачавала да шпікулянтаў!» Як ёй, што ўсё жыццё рабіла да сёмага поту, каб вылезці з беднасці і нястачы, растлумачыць, што дарога да храма капіталізму будзе доўгай і цяжкай? Як растлумачыць, што слабыя загінуць, не дайшоўшы? А дзецям яе ніякай палёгкі не будзе, ім, як і ёй, давядзецца працаваць да сёмага поту, каб толькі выжыць.

Хочацца спадзявацца, што родны край — Беларусь — стане больш ласкавым да ўсіх сваіх дзяцей. I да тых, хто жыве далёка-далёка, і да тутэйшых.

РАНЧА «МОЙ РОДНЫ КУТ»

Нават у нясцерпна гарачае лета тут, у гарах штата Нью-Йорк, пануе прахалода. Клімат прыблізна такі самы, як дзе-небудзь на Брэстчыне або Гомельшчыне. Кавалак зямлі на тары плошчай 10 акраў — гэта прыблізна чатыры гектары — бацькі Данчыка набылі напалам з адной украінскай сям'ёй яшчэ ў 1969 годзе. Дакладней, кавалак зямлі і невялічкі загарадны дом. Андрусышыным дасталася па жэрабю частка без дома, суседзям — з домам. Праблему вырашылі да ўзаемнай згоды: дзве сям'і пасяліліся ў адным дамку, а праз пяць гадоў Андрусышыны пачалі будаўніцтва сваёй дачы. Унутры будынка ўсё рабілі ўласнымі рукамі. Спадарыня Юля, маці Данчыка, з усяго наваколля нацягала невялікіх камянёў, зрабіла з іх арыгінальную дэкаратыўную агароджу, якая падкрэслівае рэльеф мясцовасці. Сёння дача, ці, як тут завецца аднапавярховы дом, ранча Андрусышыных, даведзена да ладу. (Прынамсі, жыць тут можна і зімой.) Дача здаля нечым нагадвае белы карабель, які доўга вандраваў па морах і акіянах і нарэшце аддаў швартовы сярод лесу. Як па нашых мерках, то гэта дача знаходзіцца страшэнна далёка ад Манхэтэна, раёна Нью-Йорка, дзе яны жывуць. Але для Амерыкі тое лічыцца нармальным, ва ўсякім разе прымальным.

Дача, па словах спадарыні Юлі, каштавала ім не так ужо і дорага. Значна даражэй, аказваецца, утрымлі-ваць яе: падаткі, страхоўкі. Тым больш, што працуе адзін муж. Аднак жа яны не шкадуюць, што нечым Даводзілася ахвяраваць, каб мець вось такое мілае месца на ўлонні прыроды, удалечыні ад буйных прамысловых гарадоў, дзе можна з прыемнасцю сабрацца ўсім разам, адпачыць. Уласна кажучы, гэта дача трымала і трымае ўсю іх сям'ю.

У выхадныя дні на ранча пад назвай «Мой родны кут» любяць збірацца сябры і знаёмыя Андрусышыных. У адзін з такіх выхадных пабывалі там і мы з Алай Орса-Рамана.

...Пакуль не зайшло сонца, вырашылі зрабіць невялікую прагулку па лесе. Малодшы Андрусышын, які ў свой прыезд у Мінск пару гадоў назад пакарыў песнямі беларускую публіку, заваяваў яе сэрца і стаў немалой славутасцю, добраахвотна ўзяў на сябе абавязкі гіда. Наша знаёмства з ім у Мінску было кароткім, сустрэча — у прамежках паміж канцэртамі і паездкамі па Беларусі. Наколькі памятаю, быў ён да знямогі стомлены, затузаны журналістамі. А тут — зусім іншая справа. Гавары на здароўе, колькі хочаш і пра што хочаш, пытайся — вось ён, Данчык, абаяльны, як заўсёды, трохі іранічны. Напэўна, усіх у Беларусі, хто пабываў на канцэртах Данчыка, уразіў гэты малады чалавек. Не толькі сваёй прывабнай знешнасцю і прыемным голасам, a i манерай паводзін, унутранай культурай і далікатнасцю, разняволенасцю свядомасці і натуральнасцю пачуццяў. У ім ёсць нешта такое, чаго не хапае многім з нас: пачуццё годнасці, вольнасці і незалежнасці духу.

Пасля Нью-Йорка і доўгай дарогі наша прагулка, ды яшчэ з такім гідам, як Данчык,— проста падарунак. ...Ціха. Аж дурманіць смалісты лясны водар і пах грыбніцы пад коўдрай старога лісця, з-пад якога то там, то тут вытыркаюцца сыраежкі і мухаморы, іншая грыбная драбяза. Залацісты рэтрывер па мянушцы Ржавы ўпэўнена вядзе нас знаёмымі сцежкамі...

Усе размовы ў славян, як заўсёды, за сталом. Ледзь пад'елі, як адразу загаманілі. Ну зусім так, як робіцца гэта ў нас, калі збіраецца прыстойная кампанія. Старэйшая сярод нас спадарыня Яніна Каханоўская — бабуля Данчыка. Яна дачка Эміліі Шабуні, сястры Івана і Антона Луцкевічаў.

Нарадзілася ў Мінску ў 1909 годзе і шмат чаго ведае пра падзеі 20-х, 30-х і 40-х гадоў на Беларусі. З яе дазволу ўключаю дыктафон.

— Жылі мы там, дзе цяпер парк Янкі Купалы. Менск я страшэнна любіла і ніколі не думала, што змагу пакінуць яго назаўсёды. Такі ўлюбёны горад... I такія цяжкія ўспаміны... Немцы адышлі ў 1917 годзе, прыйшлі бальшавікі. Ідзеш, бывала, каля Залатой Горкі і бачыш расстраляных людзей. Штоноч тады забіралі ў «чрезвычайку». Без суда і следства распраўляліся са сваімі ахвярамі новыя ўлады. Вазілі яшчэ на расстрэлы ў Камароўскі лес, гэта на тое месца, дзе цяпер клінічны гарадок, Акадэмія навук, політэхнічны інстытут. А ў тым часе жыла яшчэ сястра Івана Луцкевіча, яна была замужам за адвакатам Ельцам, якога таксама забралі і расстралялі. Я, хаця і малая яшчэ была, але памятаю, як усе баяліся, што прыедуць і забяруць. У 1919 ці нават 1918 пачалася польская акупацыя. Людзі палякаў сустракалі з радасцю — гэта ж такі кашмар скончыўся. Усе ўздыхнулі. Палякі так не лютавалі, як бальшавікі.

А пасля зноў бальшавікі прыйшлі ў 1921 годзе. Нядоўгі час жылі мы нармальна. Кожны вучыўся, дзе хацеў. Школы былі расейскія, жыдоўскія, польскія, беларускія. Але паступова ўсё гэта зліквідавалася. Пачало зноў адбывацца нешта страшнае. У 30-х гадах прыйшлі з Вільні беларускія пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры і мастацтва, якія свядома вярталіся ў Савецкую Беларусь, каб аддаць свае сілы адраджэнню Роднага краю. I Антон Луцкевіч тады прыслаў маёй маме, сваёй сястры Эміліі, ліст, у якім прасіў заапекавацца сваімі сябрамі. За сувязь з Луцкевічам яе пасадзілі Ў турму. Праўда, праз месяц выпусцілі. А другі раз арыштавалі ў 1936 годзе разам з сястрой, якая толькі-толькі скончыла медычны інстытут і павінна была еХаць на практыку. Рабілі вобыск да 5-й гадзіны раніцы. Прад'явілі сястры абвінавачанне па 58 артыкулу за контррэвалюцыйную агітацыю і прапаганду, за тое, што слухалі радыё, расказвалі анекдоты. Увесь яе далейшы лёс быў паламаны. А маме — за неданясенне — 2 гады высылкі. Пазней адвакат казаў, што ва ўсім вінаваты Луцкевічы. 3-за іх, маўляў, былі пакараны і сёстры, і пляменнікі, і проста знаёмыя.

Пасля вызвалення маці прыехала ў Менск, але ёй забаранілі жыць у сталіцы, загадалі тэрмінова выехаць. Добра яшчэ, што мая сястра працавала лекарам на Кольскім паўвостраве, яна і забрала маці да сябе.

Мяне папярэдзілі, што спадарыня Яніна не надта любіць расказваць нешта журналістам. I кожны раз, калі яна робіць доўгую паўзу або голас яе зрываецца, з трывогай пазіраю на яе спакойны твар. I маці Данчыка, ды і сам Данчык, якія вельмі добра, на мой погляд, тіавінны былі ведаць пра ўсе перыпетыі лёсу іх сям'і, з непрыхаванай цікавасцю слухаюць гэты расказ, перабіваючы яго пытаннямі. I я нават пачынаю разумець, чаму. Для спадарыні Яніны часы сталінскіх рэпрэсій — гэта яе ўласнае жыццё. Яна яшчэ не забылася пра тое, як у гады сваёй маладосці мела адну сукенку і адну пару абутку, а бацька, дацэнт політэхнічнага інстытута, старыя боты, каб не развальваліся пры хадзе, звязваў вяровачкамі... Спадарыня Юля ў ваенныя гады была дзіцёнкам і амаль пра ўсё ведае з расказаў старэйшых, для нас жа з Данчыкам усё гэта ўвогуле гісторыя. I таму нам куды лягчэй быць непрадузятымі, расстаўляць акцэнты, шукаць ісціну. Пазней, цалкам «зняўшы» са стужкі тэкст нашай гутаркі, я звярнула ўвагу на тое, што гэта не я адна інтэрв'юірую спадарыню Яніну, а мы з Данчыкам — удваіх, па чарзе.

Спадарыня ЯНІНА: Цяпер я хачу сказаць, чаму некаторыя людзі не ўцякалі, як прыйшлі немцы ў 41-м годзе. Бо тыя немцы, што былі ў 1917 годзе ў Менску» пакінулі добры ўспамін. Гэта быў культурны народ, які чыста трымаў горад, у нядзелю заўсёды з'яўляўся аркестр вайсковы на плошчы і іграў людзям. Харчы давалі па картках, але кожны меў свой кавалак хлеба, штучны мёд — голаду не было. Калі ў сялян бралі прадукты, пакідалі ім за гэта квіткі... Першае расчараванне прыйшло, калі сталі жыдоў браць. Як гэта сагнаць здаровых людзей і знішчыць... Toe самае рабіў і Сталін, але, праўда, не на вачах ва ўсіх, а далёка, у лагерах.

ДАНЧЫК: Якая рэакцыя была на гэта беларусаў?

Спадарыня ЯНІНА: Якая ж магла быць рэакцыя, калі ў нас столькі было прыяцеляў -жыдоў! Многія ім спачувалі, а некаторыя і дапамагалі. Мама ж у клініцы працавала з лекарамі.

Я: А як вы ўспрымалі асобу Кубэ?

Спадарыня ЯНІНА: Я сама бачыла на ўласныя вочы, як людзі стаялі з кубачкамі за ежай, жыдоўскія дзеці падбягалі, ён гладзіў па галоўцы, добры быў з імі.

Я: А ці не цынізм гэта?

ДАНЧЫК: Так. Гэта ні пра што не гаворыць. Гітлер таксама гладзіў.

Спадарыня ЮЛЯ: Засталіся ж дакументы, што Кубэ пратэставаў супраць гэтых забойстваў...

ДАНЧЫК: Як жа вы маглі згадзіцца з гэтым?

Спадарыня ЯНІНА: А што мы маглі рабіць? Калі б немцы даведаліся, што хаваем жыда, дык расстралялі б. Я, дарэчы, хадзіла ў гета і не баялася.

ДАНЧЫК: А чаму ты не баялася?

Спадарыня ЯНІНА: Я брала з сабой пашпарт, дзе напісана, што я беларуска. I таму верыла, што мне кепскае не зробяць.

Спадарыня ЮЛЯ: Мама брала ад сваіх прыяцеляў рэчы, везла іх на вёску, абменьвала на сала і прыносіла Ў гета, бо там паміралі з голаду. Была рызыка і з партызанамі, заўсёды, як ішла на вёску, баялася, каб не забілі.

Спадарыня ЯНІНА: Мы ўсё разумелі. Добра разумела Але што было рабіць?

Спадарыня ЮЛЯ: Я, хаця і замалая была, але памятаю некаторыя дэталі. Было мне 9—12 гадоў. Я нічога не баялася. Хадзіла ў школу і вучылася. Да Саюза беларускай моладзі я не належала, але, як яны ішлі, часта плялася ў хвасце калоны, падпявала беларускія песні. У Менску, калі ты не чапаў немцаў, цябе ніхто не чапаў. Толькі няможна было ад 8 гадзін вечара хадзіць.

ДАНЧЫК: Але калі ты ведаеш, які чорт прыйшоў на тваю зямлю, а цябе ён не чапае — усё ў парадку?

Спадарыня ЮЛЯ: А што было рабіць? Усе ж не маглі пайсці ў партызаны. Па-другое, гэта ж былі людзі, якія пацярпелі ад камуністаў і нават не хацелі ісці ў партызаны!

У той вечар мы да глыбокай ночы гутарылі са спадарыняй Янінай і Андрусышынымі.

Не заўсёды іх тлумачэнні некаторых фактаў былі пераканаўчымі, часам нават зусім бездапаможнымі і наіўнымі, але заўсёды шчырымі. Нягледзячы на ўсё перажытае, на ўсе несправядлівасці, што выпалі на долю спадарыні Яніны на радзіме, яна не носіць у сэрцы зла. Як, мусіць, не насіла яго і нябожчыца Эмілія, якой, акрамя ўсяго, давялося зведаць і турмы, і лагеры, і здзекі, і знявагу, і здраду. Інакш, мне так думаецца, яны не змаглі б выхаваць свайго Данчыка з пачуццём такой светлай і пяшчотнай любові да Бацькаўшчыны, да ўсяго беларускага. Прынамсі, Данчык, як гаворыць спадарыня Яніна, быў моцна прывязаны да сваёй «прабабці» Мілі. Бо самой Яніне не выпадала шмат часу праводзіць з малым — трэба было працаваць. А праца на фабрыцы на канвееры была знясільваючай, аднастайнай, вымотвала душу.

Пазней спадарыня Яніна, хаця і не журналістка, працавала некаторы час на радыёстанцыі «Свабода». Але ўсё гэта, лічыць яна, было даволі даўно. Цяпер з задавальненнем гатуе сняданак свайму любімаму ўнуку Данчулю, клапоціцца пра яго, чакае яго з працы. Па яе ж словах, Данчык — чалавек добры, мае незвычайны характар. Адна, на яе думку, загана — не палітык, неабачлівы. Не прамаўчыць, не стрымаецца, калі бачыць несправядлівасць, выкажа сваю думку. Так і ёсць, магу пацвердзіць, у гэтым я і сама магла пераканацца. Але нашто Данчыку, папытаецеся, які працуе менеджэрам, быць палітыкам?

Адказ на гэта пытанне я атрымала ў наступную сустрэчу з Данчыкам, нечаканую, незапланаваную, перад самым ад'ездам з Амерыкі. Замест таго, каб пакаваць валізкі, я вымушана была ўсё кінуць і збірацца ў тэатр, бо Данчык недзе расстараўся адзін білет на оперу «Фантом» у «Majestic theatre». Білет то купіў, а як дабрацца мне да цэнтра з Лонг Айленда, калі дома ў Алы Орса-Рамана нікога, як ісці на аўтобусны прыпынак — не ведаю, а ў метро, што ў чатыры паверхі, заблытаешся ўмомант... Данчык з офіса на Манхэтэне кіруе па тэлефоне:

— Пойдзеш налева, тады па гэтай вуліцы, а адтуль, як перасякаюцца авеню са стрыт, заходзь у метро. На выхадзе я сустрэну.

Дзеля «Фантома» я вырашыла рызыкнуць. Праз паўгадзіны зноў тэлефануе:

— Як абстаноўка? Дакладай. Ніхто не прыехаў? Не хвалюйся, гэта элементарна даехаць — я ж сустрэну.

Хаця Данчык мяне і супакойваў, але сам добра-такі знерваваўся з-за гэтага мерапрыемства. Сябар іх сям'і, Рая Станкевіч, выратавала з машынай. Данчык, узмакрэлы, у белай кашулі, пры гальштуку і ў касцюме, з пачуццём выкананага абавязку завёў у тэатр, усадзіў на месца і загадаў чакаць каля выхаду пасля спектакля. Білет жа адзін!

Але ж гэта яшчэ не ўсё. Не быў бы, як гаворыцца, мой шэф па культурнай праграме сапраўдным беларусам. Гуляць дык гуляць! З ветрыкам праімчаліся па Манхэтэне, каб трапіць у бар на апошнім паверсе самага вышыннага будынка ў Нью-Йорку.

— Вып'ем за сустрэчу, за тое, каб заставаліся мы заўсёды людзьмі,— прапанаваў ён.

— I за тое, каб табе добра было на новым месцы, Данчуля,— дапоўніла тост Рая Станкевіч.

Вось тут нарэшце ўсё і раскрылася. Аказваецца, днямi малодшы Андрусышын прыняў прапанову і падпісаў кантракт на работу на радыёстанцыі «Свабода». Праз пару месяцаў трэба будзе ехаць у Мюнхен. Ну, а журналісту, лічыцца, абавязкова трэба быць палітыкам. (Данчык, дарэчы, журналіст па адукацыі.).

Цяпер зразумела, чаму гэтак хвалявалася бабуля Данчыка. Цяпер зразумелы і трохі шалёны стан яго самога, натуры артыстычнай, тонкай. Вядома, перажывае, у нечым сумняваецца.

Гуляць, дык гуляць! Тым больш з людзьмі, блізкімі табе па духу, па светаўспрыманню. Ну хіба ж разважлівым прагматыкам прыйдзе ў галаву гуляць пешкі па начным Нью-Йорку? Мы пагулялі. А потым сярод ночы паехалі яшчэ на экскурсію да Данчыка ў офіс. Дзяжурны ўнізе, дарэчы, ніколькі не здзівіўся: Амерыка ёсць Амерыка! Даў ключы, і мы неўзабаве апынуліся на тым паверсе, дзе за маленькімі столікамі з перагародкамі размяшчаюцца дзесяткі клеркаў, кожны з якіх выконвае нейкае заданне шэфа.

У Данчыка ў гэтай канторы асобны кабінет з камп'ютэрамі і картатэкамі. Таму, хто кіруе кадрамі, усё трэба ведаць пра сваіх супрацоўнікаў, быць дыпламатам і псіхолагам. Мусіць, у Данчыка гэта атрымліваецца, бо яго цэніць кіраўніцтва.

Данчык сеў на свае месца за сталом і стаў паказваць, як ён шукае інфармацыю, піша лісты тым, хто прэтэндуе на работу ў іх фірме.

За спіной у Данчыка ў вялікім акне гарэў, пераліваўся начны Нью-Йорк. А я, па шчырасці, была вельмі і вельмі задаволена тым, што гаспадару кабінета нядоўга ўжо засталося тут сядзець, перакладаць паперкі. Гэта месца для чыноўніка, а не для мастака, натуры творчай. У даволі вялікім кабінеце, я адчувала, яму не было чым дыхаць і ўжо тым больш — ніяк не ўзляцець.

«...ГАВОРЫЦЬ РАДЫЁСТАНЦЫЯ «СВАБОДА»

На Брадвей у Нью-Йорку, дзе знаходзіцца радыёстанцыя «Свабода», мы прыехалі з самай раніцы. Спадар Янка Запруднік, як заўсёды,— на працу, я — на экскурсію, ці, як бы гэта больш дакладна сказаць: паглядзець, як працуюць калегі, пагутарыць з імі. (З роднай савецкай прэсы мала чаго можна было даведацца пра «Свабоду», акрамя хіба таго, што тут працуюць «акулы імперыялізму», «агенты ЦРУ», «ідэалагічныя дыверсанты», «нацыяналісты розных масцей»).

...Мажны паліцэйскі на ўваходзе, які павінен быў, па маіх уяўленнях, запатрабаваць дакументы ў незнаёмага чалавека, пропуск ці хаця б пацікавіцца, куды мы накіроўваемся (па аналогіі з працэдурай уваходу на наша Дзяржтэлерадыё), без усялякай падазронасці, абыякава праводзіў позіркам.

Спадар Запруднік, як усё роўна прачытаў па вачах пытанне, заўважыў: «На «Свабоду» ўваход свабодны».

У даволі вялікім кабінеце спадара Запрудніка, супрацоўніка беларускага аддзела радыё «Свабода», усё прыстасавана для грунтоўнай працы, усё пад рукамі: тэматычныя, аўтабіяграфічныя даведнікі, мастацкая літаратура, часопісы, газеты, шматлікія інфармацыйныя бюлетэні. Сюды Янка Запруднік прыйшоў працаваць у канцы 50-х гадоў. Тут, у гэтым кабінеце, пісаў свой «дактарат» — доктарскую дысертацыю на тэму «Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўных Думах Расеі ад 1906 па 1918 гады». Тут ім падрыхтаваны сотні перадач на самыя разнастайныя тэмы. А сёлета Янка Запруднік вырашыў пакінуць журналісцкую працу, бо хоча сур'ёзна заняцца даследчыцкай. Ужо падпісаны кантракт з амерыканскім выдавецтвам на кніжку «Беларусь паміж Захадам і Усходам», і трэба тэрмінова брацца за работу. Гэтыя летнія дні для яго, напэўна, нейкі пераходны перыяд, так бы мовіць, адаптацыя да новай якасці. Ёсць трохі вольнага часу. Ну, а для мяне цудоўная магчымасць атрымаць адказы на свае пытанні.

— Як я трапіў на «Свабоду»? Тут няма ніякіх сакрэтаў. Але дзеля гэтага перадгісторыя. Родам я з мястэчка Мір, скончыў там пачатковую школу. А тады, каб мяне, рослага падлетка, насільна не забралі служыць ў паліцыю немцы, пайшоў вучыцца ў прагімназію ў Баранавічах. У часы нямецкай акупацыі там працавалі медыцынская школа, тэхнічная, гандлёвая... Вучоба давала магчымасць ухіліцца ад вывазу ў Германію. Са школаў так не хапалі. Прынамсі, у Баранавічах. Партызанамі ж было забаронена хадзіць у якую-небудзь школу вышэй пачатковай. Таму ўсе, хто вучыўся, быў ужо злачынцам, здраднікам у іх вачох — ім пагражала турма.

Школьнікі належалі тады да Саюза беларускай моладзі. Што гэта была за арганізацыя? Гэта была спроба беларускага настаўніцтва даць патрыятычнае ўзгадаванне нашай моладзі. Трэба ж было неяк выжыць у тых умовах нямецка-фашысцкай акупацыі. Значыцца, скончыўшы прагімназію, я пайшоў у гандлёвую школу на 3-ці курс. Гэта быў 1944 год. Заставацца ў Баранавічах з наступленнем Савецкай Арміі было небяспечна. Мы ўжо ведалі, як распраўляліся з «ворагамі народа»...

У Нямеччыне апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў спачатку ў Рэгенсбургу, пасля ў Міхельсдорфе... Самаахвярныя настаўнікі заснавалі ў Нямеччыне гімназію імя Янкі Купалы. Хаця не было сшыткаў, кніжак, але мы атрымлівалі добрыя веды. Пасля сканчэння гімназіі група моладзі была год скаўт-майстрамі. А з пачатку 1948 года выехалі ў Ангельшчыну: была нагода ўладзіцца на работу на шахтах. Мы, група з 12 чалавек, ехалі туды з думкай вучыцца далей, неяк трапіць ва універсітэт. Падпісалі паміж сабой такі кантракт, дамову, дзе абавязаліся трымацца разам, памагаць адзін аднаму. Вырашылі выдаваць свой лісток» каб захаваць сувязь з сябрамі, што засталіся ў Міхельсдорфе. Пасля той бюлетэньчык вырас у часопіс «Наперад». Кожны з нас пісаў туды тое, што мог і як мог, 26 нумароў гэтага саматужнага выдання засталіся для гісторыі. Дзякуючы часопісу, пра нас даведаліся ў беларускім студэнцкім асяродку ў Бельгіі, запрапанавалі прыехаць у Лювенскі універсітэт па навуку. Адправіліся 9 чалавек, і кожны паступіў вучыцца. Я скончыў гістарычны факультэт. Тады, у 1954 годзе, была арганізавана радыёстанцыя «Вызваленне», куды я пайшоў працаваць у беларускую рэдакцыю. А ў 1957 годзе выехаў з Мюнхена ў Амерыку. Зноў жа, хацеў за ўсякую цану далей вучыцца. А ў Мюнхене ў мяне не было такіх фінансавых магчымасцей, спадзяваўся, што ў Амерыцы неяк праб'ю дарогу.

У Амерыцы Янка Запруднік, наш з вамі зямляк, прабіў сабе дарогу. Але нічога і тут не давалася лёгка. Што такое журналісцкая праца, я цудоўна ведаю — вымотвае ўсе сілы.

Пасля абароны «дактарату» спадар Янка Запруднік пяць гадоў выкладаў па вечарах гісторыю Расіі і Савецкага Саюза ў Квінскім каледжы як асістэнт прафесара. А акрамя гэтага, доўгі час рэдагаваў газету «Беларус», удзельнічаў у выданні манаграфіяў і гадавікоў «Запісаў» Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

Toe, што па сваіх перакананнях спадар Запруднік антыкамуніст, давала ў мінулым падставы нашым уладам ставіцца да яго як да ідэйнага ворага, шкоднага для Беларусі чалавека. Ну і адпаведна «ўся варожая прапаганда» «Свабоды» глушылася ў эфіры.

Цяпер наконт радыё «Свабода». Яно было ааснавана ў пачатку 50-х гадоў як частка радыёстанцыі. Другая яе частка — радыё «Свабодная Еўропа». Радыё «Свабода» спецыялізавалася на вяшчанні для народаў СССР, а «Свабодная Еўропа» — для краін сацыялістычнага лагера. Абедзве гэтыя ўстановы, як гаворыцца, пад адным менеджментам, працуюць у цеснай узаемасузязі. Мэта дзейнасці радыёстанцыі, па словах кіраўніка беларускай службы радыё «Свабода» Вячкі Станкевіча,— «трансляванне інфармацыі з вольнага свету ў замкнёныя яго рэгіёны». Супрацоўнікі радыёстанцыі, дарэчы, абавязаны выконваць пэўныя правілы. Адно з іх: калі перадаюцца весткі, дык яны не могуць быць узяты з адной крыніцы, а павінны быць пацверджаны і з іншай — незалежнай. Другое: захоўваць прынцып аб непадбухторванні. Што ж датычыцца абвінавачванняў радыёстанцыі ў супрацоўніцтве з ЦРУ, то яны, безумоўна, не беспадстаўныя. Бо яшчэ гадоў дзесяць назад радыё «Свабода» атрымлівала фінансавую падтрымку ад ЦРУ. Вось як тлумачыць гэта Вячка Станкевіч: «Для кожнае разведкі інфармацыя вельмі важная - гэта падстава дзейнасці. ...У сувязі з тым, што радыёстанцыя была адным з найбольших даследчых інстытутаў Заходняй Еўропы, частка нашай інфармацыі была карысная і для ЦРУ — дзеля таго яны лічылі патрэбным даваць грашовую падтрымку радыестанцыі. ...Цяпер радыё «Свабода» афіцыйна фінансуецца Кангрэсам Злучаных Штатаў Амерыкі».

...Спадар Янка Запруднік у той дзень паказаў мне збольшага апартаменты «Свабоды»: вялікую бібліятэку, кабінеты з камп'ютэрамі, асобныя кабінкі для працы, дзе журналіст можа як бы адасобіцца ад усіх. Хаця, як мне здалося, амерыканскія журналісты могуць працаваць і не адасабляючыся: сядзяць у агульнай зале, і кожны друкуе на машынцы нешта сваё...

— Вы ведаеце, што такое факт? — ці пытаецца, ці разважае спрактыкаваны ў журналісцкіх справах Янка Запруднік.— Гэта як той мяшок. Каб стаяў, яго трэба запоўніць пяском. Кожны факт патрабуе сваёй інтэрпрэтацыі. Скажам, адзін і той жа факт можа зусім па-рознаму ўспрымацца і асвятляцца. Для Бумажковай, што актыўна дзейнічае на журналісцкай ніве ў Беларусі, Сталін — гэта адзін факт, для нас, эмігрантаў,— другі. Разумееце, што я кажу? А ўвогуле нашая функцыя — інфармацыйная. Калі гаварыць пра беларускую праграму як нешта цэласнае, то ў асноўным гэта паведамленне вестак аб тым, дзе і што робіцца. Мы стараемся цяпер як бы дапаўняць сродкі інфармацыі на Беларусі паведамляць тое, пра што яшчэ замоўчваецца ў вас, не гаворыцца ўслых.

Аказваецца, усяго двое штатных супрацоўнікаў беларускай службы радыё «Свабода» працуе ў Нью-Йорку. Спадар Янка Запруднік і яго маладзейшы калега Адам Акуліч. Адаму — пад 40. Адзінаццаць гадоў назад ён эмігрыраваў з Беларусі. Па адукацыі — акцёр. Скончыў у свой час Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў у тэатры юнага гледача і ў акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску.

— Я быў страшэнны ідэаліст у маладыя гады,— расказвае А. Акуліч.— Калі пачаў працаваць у тэатры пасля інстытута, то, памятаю, выступаў на сходзе трупы і казаў, што грошы не трэба плаціць акторам, а трэба даваць добрыя спектаклі. Я думаю, не толькі інстытут вінаваты ў гэтым маім ідэалізме. Гэта проста быў такі характар. Але, працуючы далей і ў ТЮГу, і ў купалаўскім тэатры, і ў Ленінградзе, я пазбавіўся ідэалізму. Бо сутыкнуўся з адкрытай карупцыяй, з мафіяй. I гэта для мяне было трагедыяй. Гэта быў той момант, які абсалютна разбіў мяне. Я тады быў перакананы, што перспектывы ніякай наперадзе няма. Прыняў рашэнне ехаць на Захад, хаця і не меў ніякага ўяўлення пра тое, што і як буду там рабіць. Адным словам, ехаў у нікуды. Адзінае, што мною рухала і што давала сілы, гэта вера у наяўнасць свабоды ў Амерыцы. (Бо ў нас, калі ты не кар'ерыст, не прыстасаванец, то проста прапаў). Канешне, у гэтым плане я не памыліўся наконт Захаду. Фактычна тут чалавек, які можа працаваць, не прападзе, абавязкова знойдзе прымяненне сваім здольнасцям. Хаця і тут, я заўважу, цяжкасцей таксама хапае.

— Вы прыйшлі на «Свабоду» 7 гадоў назад як карэспандэнт культурна-літаратурнага накірунку. А цяпер, як я ведаю, вас больш «грэюць» эканамічныя тэмы. Hi патрэбна вам была нейкая спецыялізацыя?

— Увогуле кожная рэдакцыя мае сваіх спецыялістаў як штатных, так і пазаштатных, якія пішуць на эканамічныя, культурныя ці палітычныя тэмы. Тут, у Нью-Йорку, мы ўдваіх. А ў Мюнхене яшчэ чалавек 10—12. Кожны павінен мець даволі шырокі спектр ведаў, валодаць паралельнымі і нават зусім далёкімі ад яго ўлюбёнай тэмамі. Таму што ў нас у рэдакцыі супрацоўнікі павінны ўзаемазамяняць адзін аднаго, быць у прынцыпе універсаламі.

Маё ж зацікаўленне эканамічнымі тэмамі зусім не выпадковае. Думаю, што эканоміка — фундамент усяго. Асабліва актуальная эканамічная сітуацыя для жыхароў Беларусі менавіта цяпер.

— Вы жывяце ўяўленнямі 11-гадовай даўнасці аб Беларусі ці ездзілі туды?

— У мяне пад рукамі шмат матэрыялаў. Амерыканскі друк мае шмат карэспандэнтаў, якія бываюць у Беларусі і аналізуюць эканамічную сітуацыю. На Захадзе ёсць шмат такіх рэзюме, аналізаў, каментарыяў прафесійных — іх інстытут Гарымана робіць. Таму зусім не абавязкова ездзіць карэспандэнту. Добра, зразумела, калі ёсць людзі, якія пастаянна інфармуюць нас.

— А ці ёсць у рэдакцыі нейкае планаванне, штодзённае ці перспектыўнае? Як вы рыхтуеце праграму?

— Безумоўна, кожны дзень праграма мае сваю арыентацыю. Вось паглядзіце, як мы працуем з камп'ютэрам. Сістэма камп'ютэра мае ліст, на якім ідуць рэкамендуемыя тэмы. Гэта тое, што актуальна сёння ў свеце і што можна было б выкарыстаць у нашай праграме. Праграма рыхтуецца блокамі. Кожная складаецца з 5—10 блокаў. Спачатку галоўныя міжнародныя падзеі, пасля падзеі ў Савецкім Саюзе, рэспубліцы, культурная інфармацыя і гэтак далей. Карыстаемся паведамленнямі агенцтваў з усяго свету. З Савецкага Саюза я аддаю перавагу ТАСС. Апошнімі месяцамі ТАСС сталася аператыўным агенцтвам, перайшоўшы пад апеку прэзідэнцкага Савета. Прысылаюць інфармацыю карэспандэнты.

— Якой вам уяўляецца эканамічная сітуацыя ў Беларусі?

— Я думаю, што яна не лепшая, чым наогул у Савецкім Саюзе. Людзі, якія прыязджаюць з Беларусі, расказваюць, што ў Менску лепш з забеспячэннем харчамі, чым у іншых рэгіёнах. Але гэта ўсё адносна» Тэндэнцыя эканамічнага спаду, во