МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мая адысея. Успаміны. Апавяданьні. Вершы. РУНЬ - ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСАЎ ЛІТВЫ. – ВІЛЬНЯ. - 1999

Аўтар: Шаўцоў Сымон
Год: 1999
Cерыя: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Раздзел: Успаміны, Паэзія, Проза
Краiна: Аўстралія, Беларусь, Германія, Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Сымон Шаўцоў

МАЯ АДЫСЕЯ

  • Успаміны
  • Апавяданьні
  • Вершы

    Настальгія па каранях

    Аднойчы вясною заўважылі мы на закінутай сядзібе куст, увесь абсыпаны залацістымі кветкамі. I пастанавілі восеньню перасадзіць яго ля сваёй хаты. Аднак ён так і не парадаваў нас наступнай вясною сваім квітненьнем — усе сілы ягоныя пайшлі на тое, каб выпусьціць толькі кволыя, хваравітыя лісточкі. Карэньні зь цяжкасьцю здабывалі сокі з чужой і незнаёмай глебы...

    Калі чытаеш успаміны беларусаў, што азіраюцца на свой доўгі й горкі шлях, каторы прывёў іх на чужыну, — думаеш: колькі ж сілы ды жыцьцёвай энэргіі затрачана імі, каб прыжыцца, укараніцца ў іншую, хай сабе больш урадлівую, але ня родную, не сваю глебу?

    I вось, калі ўжо ўрэшце ўдалося здабыць свой куток, наладзіць сабе ды сваім дзецям быт, годны чалавека, — падкрадваецца туга па радзіме. «Хварэю на настальгію,» — прызнаецца аўтар гэтай кнігі. Баляць, вярэдзяць страчаныя карані, як ные даўно страчаная рука ці нага пакалечанага чалавека...

    У нашай вёсцы апавядалі пра дзядзьку, што вярнуўся з Амэрыкі, дзе ўжо меў здабытае сваёй працай усё, што патрэбна для жыцьця. Але так хацелася «беларускую скварку зьесьці ды на беларускай печы паляжаць»! Ня ведаў, бядак, што замест той печы чакалі на яго лягерныя нары...

    Тыя, хто ўсьведамляў небясьпеку вяртаньня, — выжылі. Але ня вылечаліся ад настальгіі. I яна змушае іх брацца за пяро й вярнуцца, хоць бы ў думках-успамінах, да роднай зямелькі. Бо нават вяртаньне ў марах на Бацькаўшчыну надае моцы жыць на чужыне — як таму Антэю — дотык да зямлі-маці.

    «Мілы той куток, дзе рэзаны пупок», «На чужыне, як у дамавіне»... Людзей, што жывуць ды працуюць не на сваёй радзіме — безьліч. Але адна справа — выехаць сваёй воляй, ведаючы, што ў кожны момант можаш вярнуцца, і зусім іншае —доля выгнаньніка, за якім дзьверы зачыняюцца назаўсёды, або, прынамсі, на неакрэсьлены час. Адныя едуць у іншыя краіны, бо толькі там могуць рэалізаваць свае здольнасьці й таленты, іншыя вымушаныя жыць у эміграцыі з усьведамленьнем таго, што толькі на радзіме маглі б рэалізаваць сябе на поўніцу — і тады гэтае робіцца трагедыяй.

    Людзі пакаленьня Сымона Шаўцова — пакаленьне нашых дзядоў. Ды вось бяда — і для нас, іхніх унукаў, Беларусь усё яшчэ мачыха, усё яшчэ едуць і едуць, адрываючыся ад сваіх каранёў, з нашай зямлі шукаць лепшай долі ў чужых краёх...

    ... Калі ж ты, нарэшце, расьцьвіцеш, Беларусь? I для каго?

    Алег Аблажэй

    УСПАМІНЫ

    Мая Адысэя

    Бабруйск. Юнацкі дом. Прафтэхшкола мэталістаў

    Нарадзіўся 17 красавіка 1911 году на Случчыне. Каб не памёр няхрышчаны (не спадзяваліся, што буду жыць), мяне на трэці дзень жыцьця пахрысьцілі ў Слуцку ў царкве Сьв. Пакравы ды надалі ймя — Сымон. Аднак я жыву вось 88-ы год!

    Да школы пайшоў у 1919-ым. Вучыўся ў беларускай і рускай мовах. Граматыкай і правапісам былі кнігі-падручнікі Язэпа Лёсіка й Браніслава Тарашкевіча. I «Беларускі лемантар», дзе я чытаў па складах: «Мы не рабы — рабы ня мы!» Я ж не разумеў слова «рабы» ды чытаў з націскам на «а»: «Мы ня рабы — рабы ня мы!»

    Застаўся сіратою ў 1916 годзе. Бацька быў забіты на вайне зь Нямеччынай «за Веру, Царя и Отечество». Маці прыдбала мне айчыма, але ненадоўга. У 1920 годзе атрымала «пахаронку» ад камісара палка: «Пал в бою, храбро сражаясь с белополяками за Советскую власть». Айчым дабраахвотнікам пайшоў на фронт. Мабыць, гэтая «пахаронка» ўратавала мяне ў 1934 годзе ад бяды, у якую я трапіў у зьвязку з забойствам у Ленінградзе тав. Кірава, калі ў Беларусі (БССР) пракаціліся тэрор і арышты. (Аб гэтым напішу ніжэй).

    Па сканчэньні чатырохкляснай школы ў вёсцы Навікі на Бабруйшчыне, маці мая палічыла: «Хопіць табе навукі! З навукі хлеба ня есьцімеш. Трэба ў руках мець рамяство».

    Павяла мяне да Шмэркі-Бэркі, каб за два гады навучыў латаць і шыць боты. На трэці дзень маёй навукі за шаўца патаемна ўцёк з дому. Пехатой апынуўся за 25 вёрстаў ад роднай вёскі й прыйшоў на станцыю Бярэзіна ў Бабруйску. Пераначаваў тут, а як сонца прыгрэла, рана пайшоў у горад і прысеў на ганку Бабруйскага гарсавету. Тут мяне падабрала мадам Істоміна. Узяла за руку ды ўвяла ў гарана. Распыталі, як завуся, ці маю бацькоў, дзе жыў, колькі мне гадоў. Колькі, я й сам ня ведаў, бо непісьменная мая маці адно казала: «Нарадзіўся ў правадную нядзелю пасьля Вялікадня за тры ці за чатыры гады перад вайной». Паглядзелі на мой мізэрны ды худы выгляд і сказалі: «Гадоў мо 12-13». Я зманіў, сказаўшы, што жыў у цёткі на Случчыне ды ўцёк. І, праўда, жыў у цёткі колькі мясяцаў, але раней.

    Гэта было ў 1925 годзе. Мадам Істоміна папрасіла ў гарана занесьці мяне ў сьпіс, выпісаць «провиант и обмундирование». У яе запыталіся: «А не ўцячэ й гэты?» Яна адказала: «Ну, что ж, увидим. Мне кажется, он ещё не испорчен улицей. И место у меня есть — двое убежали два дня назад и не вернулись».

    Такім чынам я апынуўся ў сіроцкім юнацкім доме на Гогалеўскай, 38а ў Бабруйску. У двары юнацкага дому абступтлі мяне хлапчукі й дзяўчаткі. Я пачуў словы «жлоб», «урка», «деревенщина». Гэтакія ды іншыя мянушкі надавалі мне, якіх я не разумеў. Рагаталі зь мяне, што ня умею трымаць відэльца ды ем, беручы пальцамі. Сапраўды, відэльцы й мэталёвыя лыжкі я тут убачыў упершыню. Пасадзілі мяне абедаць асобна, з краю стала, «каб вошаў не напусьціў». Па абедзе «дзядзька» павёў у лазьню, пасьля якой я ўвабраўся ва ўсё «казённае», новае: у юнацкую «ўніформу» зь цёмна-сіняй «чортавай» кожы й скураныя чар&вікі. Сам сябе не пазнаў.

    Тут пачаўся для мяне «рай». «Халдзеі», «халдзейшы», «чалдоны» — так празывалі юнакі выхавацеляў і настаўнікаў — папыталі ў мяне складаньне, адыманьне, множаньне й дзяленьне ды табліцу памнажэньня. Далі пачытаць з кніжкі на рускай і беларускай мове. Напісаў пад дыктоўку некалькі сказаў, падкрэсьліў, дзе «имя существительное», дзе «имя прилагательное». Папыталі, ці ведаю напамяць вершы. Я прадэклямаваў вершыкі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Пушкіна й Някрасава. «Годзен да 5-ае клясы!» — пастанавілі «халдзеі».

    Так пачалася мая далейшая адукацыя. Хлапчукі й дзяўчаткі перасталі сьмяяцца зь мяне, убачыўшы, што я добра адказваю ўрокі ды «халдзеі» мяне ставяць як добры прыклад, асабліва ў дысцыпліне. Я ніколі не называў выхавацеляў «халдзеямі» й «чалдонамі», ня браў удзелу ў набегах на чужыя сады й агароды, сумленна выконваў свае дзяжурствы па прыбіраньні двара, сталоўкі, не брыдкасловіў. Юнакі паважалі толькі загадчыцу дому мадам Істоміну ды настаўніка рускае мовы й літаратуры Мікалая Паўлавіча Жарава. Жараў жорстка не караў парушальнікаў дысцыпліны, «ня ябеднічаў» на юнакоў загадчыцы. Цяжкім пакараньне было, калі ня пусьцяць у кіно, або ўлетку купацца. Тут, у юнацкім доме, я ўступіў у камсамол.

    Праз адзін год майго тут пражываньня аднойчы паклікалі мяне да канцылярыі. Я пераступіў за дзьверы й абамлеў, калі ўбачыў сваю маці. «Сыночак жа ты мой! — загаласіла яна, — Я ж свае вочы праплакала... Сьвечкі на памінкі-паніхіду правіла па ўтопленіку... Казалі, ты купацца пайшоў каля віру, дзе вада глыбокая ды круціць. Там цябе баграмі, шастамі шукалі...» «Знаешь эту женщину?» — запыталася ў мяне мадам Істоміна. А я ж ані слова: баяўся, што маці прыйшла забраць мяне дадому. Бачачы мой страх і роспач, загадчыца сказала да маці: «Тётка, мы тебе его не оттадим!» «А я яго й не забяру, бачу, яму тут хораша,» — адказала маці. Толькі тады я прытуліўся да маці й заплакаў. Перад маім выклікам Істоміна пра ўсё распытала матку й знала, што яна — двойчы удава, гадуе чацьвёра дзяцей, што ёй цяжка жывецца.

    У юнацкім доме маім сябрам стаў Вова Хоха, якога празвалі «Япошка» за ягонае прозьвішча й круглавідны твар. Ён ня ведаў сваіх бацькоў. Быў добры акрабат, іграў на піяно й сьпяваў арыі з апэрэтак «Сільва» й «Баядэрка». Хоха чакаў, калі яму стукне 16, каб дастаць пашпарт і пайсьці жыць самастойна.

    Другім «закадычным» сябрам стаў мне Коля Сьмірноў. Гэта быў каранасты, моцна збудаваны юнак маіх гадоў. Ён аб'езьдзіў ці ня ўсе вялікія гарады СССР, бо быў шахматыст -чэмпіён на Бабруйскую акругу. А пачалося ўсё з таго, што неяк рэдакцыя акруговай газэты «Камуніст», дзе працаваў Міхась Лынькоў, наладзіла чэмпіянат шахматыстаў, і Коля Сьмірноў стаў пераможцам і здабыў грамату. За навуку ён лічыў толькі матэматыку ды геаграфію. «Задачкі рашаць — трэба думаць. У шахматы гуляць — таксама трэба думаць. А геаграфія патрэбная, каб ведаць, як даехаць да горада ці краіны: цягніком ці параплавам,» — казаў мне Коля. Ён марыў вывучыцца на капітана вялікага акіянскага параплава. Часта ў вольны час ён прастойваў каля геаграфічнай карты й падзываў мяне: «Гэй, ты, Сымон-Салямон, хадзі, пакажы возера Байкал!» Я доўга шукаў на карце тое возера, а Коля казаў: «А яшчэ ў 5-ай клясе вучысься! А я там быў. Вось ён, Байкал. Вада ў ім — чыстая-чыстая, глыбокая, халодная, як лёд, — такая, што няможна купацца. А вока ня бачыць берагоў. Мяне тут «застукалі лягавыя». У папраўчы дом для падлеткаў адправілі. Ды я скора ўцёк. Апынуўся ў Ташкеньце. Вось там была жытуха! Цёпла, што ўначы, што ўранку. Хацеў у Пэрсію рвануць, каб пабачыць персаў-агнепаклоньнікаў ды іхнага шаха... А ты ведаеш, што значыць «шах» і «мат»? Гэта значыць: шах памёр, яму няма ходу. Шахматы, напэўна, адсюль і пайшлі. Дабрацца да Пэрсіі пехатой вельмі ж далёка. На вярблюда не ўзьбярэсься, драбіны патрэбныя. Ды як ты захаваесься, хоць бы й на двухгорбым? Убачаць і «застукаюць»... Папаўся на базары. Нялоўка схапіў «кіш-міш», а мяне за руку сцапалі. Павялі да тамтэйшай міліцыі. Усё роўна ўцёк па дарозе. Не дагналі. Прыехаў у Кіеў. Тут прытуліўся да бабулькі, што йшла ў Кіева-Пячэрскую лаўру мошчам пакланяцца. Прыглядаюся на ейны вузялок, а там, мусіць, толькі кавалачак хлеба. Не пажывісься. Улез і я ў тую лаўру. А там чарапы ды косьці мерцьвякоў, аж страшна! Жывых мошчаў няма. Бабка кажа: «Памаліся, ўнучак, жывым сьвятым мошчам, яны дапамагаюць у нягодзе». Нічым я там не пажывіўся. Вылез з таго падзямельля ды пакінуў Кіеў...»

    Мой сябра Коля Сьмірноў шмат апавядаў з свайго валацужнага жыцьця: «Пакінуў я Кіеў. Дабраўся да Адэсы. Там многа розных параплаваў вялікіх. Мора цёплае. Маракоў у горадзе — з усіх краінаў сьвету. Гавораць на розных мовах. А парогі ад мора на вуліцу мармуровыя, ды многа. Ідзеш-ідзеш, аж каленкі задрыжаць, пакуль выйдзеш на вуліцу. Там можна спаць уначы пад чаўном каля самага мора. Цёпла, хвалі б'юцца аб бераг, нібы калыханку сьпяваюць.. Залез я на параплаў, даведаўся, што ў Турцыю плыве. Марыў пабачыць султана й ягоны гарэм. «Застукаў» нейкі «жлоб». Высадзілі на бераг ды яшчэ й вушы накруцілі... Вось вывучуся на капітана й паплыву па ўсім сьвеце... А ты, Сымон-Салямон, нідзе далей Гогалеўскай, мусіць, ня быў?.. Хочаш, навучу ў шахматы гуляць? Але буду біць у лоб пстрычкі. Бачыў, як я даю ў лоб пстрычкі за пройгрыш? «Халдзеі» баяцца граць са мною, саромяцца дастаць у свой лоб. «Халдзей» ты, ці не «халдзей», а лоб падстаўляй, калі прайграў. Я за так гуляць ня згодны, інтарэсу няма. Вось узаўтра буду граць на шасьцёх дошках адразу. Дамоўленасьць у нас — пяць пстрычак за пройгрыш. Саромяцца, чырванеюць, але церпяць... А ведаеш што? Калі цябе Істоміна будзе ў краму з запіскай пасылаць, дык і я пайду з табою, Мяне аднаго ў горад не пушчаюць».

    Я паддаўся на спакусу, каб навучыцца шахматаў. Коля дагнаў мяне на вуліцы на паўдарозе да крамы. Гаспадар бакалейнае лаўкі ўзважыў чорных зярнятаў, нібы канаплянага памеру, а потым чырвоных, нібы пшана. Нарэзаў тонкімі скрылёчкамі сьвежай чырвонай рыбы. Усё гэта асобна загарнуў у празрыстую паперу, паклаў у папяровы мяшэчак, падаў мне, а запіску ўдзёбнуў на цьвік на сьцяне. Па дарозе дадому Коля прыстаў да мяне: «Дай паглядзець на чорныя крупкі — ніколі ня бачыў!» Нечакана выхапіў з маіх рук пакунак, дастаў тыя «чорныя крупкі» ды кажа: «Вазьму тоЛькі ў два пальцы. Пакаштаваць хачу. Істоміна й не заўважыць. Навучу ў шахматы гуляць». Хапнуў Коля тых крупак на поўны рот, разжаваў і пачаў выплёўваць: «Кіслае, паскудзтва, фэ!» А я дрыжэў ад страху, што Істоміна пазнае ды ніколі больш не пашле мяне ў краму. Сьмірноў спрытна загарнуў пакунак зь ікрою, так, што папера аж прыліпла да яе, і супакоіў: «Ня дрэйф, не пазнае!.. Заўтра пачну цябе вучыць у шахматы».

    Зрэшты, мадам Істоміна была зусім ня строгая да нас. Памятаю, аднойчы ў аднаго хлапца выхавацель знайшоў у кішэні грушу, не такую, якую нам давалі ў сталоўцы. Істоміна выклікала вінаватага да сябе й, выслухаўшы ягоныя «апраўданьні», з мацярынскай любоўю й жалем сказала: «Воспитатель уже наказал тебя, не пустив в кино. Ну, смотри у меня, воробушек! Ступай, скоро уроки начнутся. А я дам тебе интересную книгу почитать...» Вось такое было «пакараньне» гэтай жанчыны, якая сіротам замяняла добрую, шчырую маці. Праз гэта мы шанавалі й любілі мадам Істоміну.

    Зь дзяўчатаў у юнацкім доме памятаю дарослую, цыцастую, з васпаватым тварам Тамару Морыс. Яна чакала на пашпарт. «Хацімчыкі-хацімчыкі, олё-лё!» — гаварылі ёй жартам на вушка юнакі, паказваючы на ейны твар. А Коля Сьмірноў казаў: «Яна зь сябе англічанку корчыць, а прозьвішча ў яе зусім ня Морыс, а Мароз!» Часта мяне разам з Тамараю ставілі на дзяжурства: сабіраць ды мыць посуд па абедзе, падмятаць падлогу ў сталоўцы. Дражніліся: «Яна твая барышня!» Нібыта бачылі, як Тамара цалавала Хоху Вову, «Япошку». Хутка яна атрымала пашпарт і ўладкавалася на швэйную фабрыку.

    Юнацкі дом вучыў і выхоўваў мяне як добрага савецкага чалавека й грамадзяніна. У 1927 годзе й мне выдалі пашпарт і ўладзілі на навуку ў Бабруйскую прафтэхшколу мэталістаў. Назначылі мне 15 рублёў стыпэндыі ды дармовае пражываньне ў інтэрнаце пры школе. З ранку чатыры гадзіны вучылі па праграме гімназіі, па абедзе, яшчэ чатыры гадзіны, сьлясарнага й кавальскага рамяства. Скончыў прафтэхшколу ў 1929-ым і мусіў два гады адпрацаваць на заводзе за навучаньне. Далі мне кваліфікацыю сьлесара 2-га разраду.

    Менск. Пачатак творчасьці. Беларускія пісьменьнікі

    Яшчэ будучы ў прафтэхшколе, я наведваў літаратурны гурток пры газэце «Камуніст», які праводзіў Міхась Лынькоў. Прачытаў ягоныя першыя творы «Гомо» і «Беня Балагол». Сам пачаў пісаць няўдалыя вершы, каторыя нікому не паказваў.

    У гэтым жа 1929 годзе паехаў у Менск, каб паглядзець выстаўку «10 год дасягненьняў БССР». У Менску ўпершыню пайшоў трамвай па маршруце «Вакзал — Камароўка — Выстаўка — Вакзал». Горад мне спадабаўся. Падаўся на Ляхаўку, дзе месьціўся машынабудаўнічы завод імя Варашылава. Прынялі сьлесарам 2-га разраду. Адразу пачаў працаваць, а заразам наведаваць Дом Пісьменьнікаў, каб убачыць Янку Купалу, Якуба Коласа, Цішку Гартнага, Зьмітрака Бядулю, Міхася Чарота, Кандрата Крапіву ды іншых. Спаткаўся й пасябраваў з Кузьмой Чорным.

    Пачаў і я друкаваць творы, зусім слабыя мастацкім узроўнем, затое вытрыманыя ў «сацыялістычным рэалізме». Надрукавалі нарыс «У ліцейным цэху», які стракаціўся параўнаньнямі, накшталт: «сінія аганькі, нібыта васількі ў жыце». Затым былі апублікаваныя кароткія апавяданьні «Брыгадзір Пагоскін», «Чырвонасьцяжны», «Дзеці вуліцы».

    Пры доме Пісьменьнікаў тады дзейнічалі літаратурныя згуртаваньні «Полымя», «Узвышша», «Маладняк». Каля часопісаў гуртаваліся й друкавалі свае творы паэты, празаікі, драматургі. Хутка й пачынаючым, тым хто прыйшоў у літаратуру з фабрыкаў і заводаў, далі магчымасьць выдаць альманах «Ударнікі». Тут быў таленавіты пачынаючы паэт Мікола Бацюшкоў. Ён працаваў столярам на заводзе ймя Молатава. Вынайшла крытыка ў творах Міколы шкодны ўплыў Хлебнікава ды Ясеніна. Крытыкі казалі, што ў ягоных вершах «рабочыя-героі ненавідзяць сацыялістычныя фабрыкі й заводы, ня любяць сацыялістычную працу», што «аўтар ганьбіць сацспаборніцтва і ўдарніцтва».

    У тыя гады йшла жорсткая барацьба з прагульшчыкамі, а нават і з тымі, хто спазьняўся на работу на пяць хвілінаў. Гарадзкія трамваі ўраньні былі заўсёды перапоўненыя: ня ўлезеш у трамвай, дык трэба бегчы на злом галавы на работу. Мікола Бацюшкоў напісаў пра гэта: «Гудок прагуў — «прагул! I ты бяжыш, а не ідзеш на голас глоткі закапцелай...» Калі ганялі «нацдэмаў», Мікола ўцёк зь Менску да свайго бацькі ў Рагачоў.

    «Ударнікі» выдалі чатыры альманах! сваіх твораў у прозе й вершах. Маім літаратурным цэнзарам і дарадцам быў Кузьма Чорны. Міколу Бацюшкову дапамагаў Андрэй Александровіч. Скора пракацілася «навальніца» над «нацдэмамі» За арыштам Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі ды іншых, пачалі арыштоўваць перш «узвышэнцаў», а потым і «маладнякоўцаў». Асабліва гэтыя арышты лютавалі ў 1931-34 г.г. Але старэйшых з «Полымя» яшчэ не чапалі. Праўда, Цішка Гартны апынуўся ў магілеўскай вар'ятні. Неяк незаўважна зьнік Ліманоўскі, змоўк Зьмітрок Бядуля, Міхась Чарот. Былі арыштаваныя й кудысь высланыя Валеры Маракоў, Уладзімір Хадыка, Сьцяпан Ліхадзіеўскі, Юлі Таўбін ды інш. Чапляліся да Сымона Баранавых, Станіслава Шушкевіча, Максіма Лужаніна, Тодара Кляшторнага.

    Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку «Камінтэрн». Разам ішлі неяк з Дому Пісьменьнікаў па прагнілых дошках ходніку па Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік, Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. «Тодарка, родненькі, не ўпусьці дзіцятка!» — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты.

    Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаваньняў забачаць яго й гавораць: «Вунь, ідзе пралетарскі паэт!» Пыталіся: «Як сьпявае канарэйка?» «Не сьпявае, а плачыць у клетцы канарэйка,» — адказваў Тодар.

    У Доме Пісьменьнікаў пасябраваў я з Валерам Мараковым, Юліем Таўбіным, Кузьмой Чорным. У сталоўцы тут Сабіраліся пры стале есьці крупнік, засквараны грыбамі, булібу-кашу з квашанай капустай, запраўленай канапляным алеем. Гаманілі, шуткавалі. Часам хтось разжывецца гарэлкай, падзеліцца зь іншымі... Скора забаранілі часопісы «Ўзвьішша» й «Маладняк», засталося адно толькі «Полымя». Перастаў выходзіць і альманах «Ударнікі».

    У 1934 годзе ўтварылі Саюз Пісьменьнікаў БССР. Крытыкі яшчэ горай напалі на «ворагаў народу», «нацдэмаў». Асабліва шчыравалі Бэндэ й Кучар. Моцна дасталося Тодару Кляшторнаму дый амаль усім «узвышэнцам» і «маладнякоўцам». Пісьменьнікі баяліся даваць свае рукапісы ў друк без папярэдняга абгаворваньня грамадою ў Доме Пісьменьнікаў. Крытыкі «чапляліся» нават да Купалы. Былі нападкі й на «Дрыгву» Якуба Коласа. Нарэшце Крапіва напісаў эпіграму:

    16

    Ходзіць пуга па хвасьце —

    Не балуй, папутнік.

    На пятнаццатай вярсьце

    Не сьцярпеў пакутнік:

    — Крытык, родненькі, даруй

    Мне і маёй музе!

    Кіраваць — то ты кіруй,

    Ды ня вельмі тузай!

    А тымчасам адпрацаваў я свае два гады за навучаньне на заводзе имя Варашылава ды так і застаўся ў Менску. Быў ударнікам працы. Узімку пасылалі мяне ў недалёкія МТС рамантаваць трактары. Неўзабаве Кузьма Чорны парадзіў мне пайсьці працаваць у рэдакцыю газэты «Калгасьнік Беларусі». Сказаў: «Ідзі да рэдактара, скажы, што я прыслаў. Таварыш Шастакоў мой добры знаёмы й ён шукае чалавека ў аддзел на праўку й апрацоўку селькораўскіх допісаў». Мяне прынялі на гэтую пасаду.

    Паездка на галодную Ўкраіну. Нарыс «Чорнае золата»

    У 1934 годзе дастаў я ад Літфонда аванс-грошы, каб напісаць нарысы, ці кароткія апавяданьні аб працы беларусаў у капальнях Данбасу. Мне раілі паехаць на будоўлю «Беламорканалу», аднак я папрасіўся на адзін месяц у Макееўку. Там працавалі завербаваныя на два гады беларусы, а сярод іх, на шахце «Капитальная», працаваў інжынерам мой зводны брат Іван Шаўцоў, камуніст з 1926 году. Я меўся напісаць, як яны здабываюць «чорнае золата», і спадзяваўся што Іван пазнаёміць мяне з шахцёрамі -беларусамі. Да таго ж мне хацелася пабачыць яго, бо мы не сустракаліся з 1925-га, як я ўцёк з дому.

    Упакаваў дзьве валізкі. У адну — адзежу, ручнік, бялізну. У другі чамадан — восем кулідак «камэрцыйнага» хлеба, што прадаваўся па рублю за бохан бяз хлебных картак.

    За Гомлем цягнік спыніўся на першай украінскай станцыі. Да вагонаў пацягнуліся худыя рукі галодных дзяцей. Я расчыніў вакно й пачуў: «Хліба, дайце хліба!» З малымі былі кабеты, старыя й маладыя. Я ведаў, што значыць прасіць «хліба», ведаў, бо сам часта галадаў у дзяцінстве. Дастаў адзін бохан з чамадану, раскроіў на кавалкі ды раздаў замораным голадам папрашайкам. На наступным прыпынку на плятформе было яшчэ больш галадуючых, што чакалі цягніка зь Беларусь.. Да Макееўкі я такі давёз чатыры боханы, ведаючы, што і ў брата сям'я.

    Калі расказаў Івану пра галодных украінскіх дзяцей, кажучы, што ў нас, у Беларусі, голаду няма, той сказаў: «Ты мне не паверыш, але гэта чыстая праўда. Тут было людаедзтва. Ад голаду мерлі, як мухі. Але нікому ані слова!»

    Цяжка было пісаць пра «чорнае золата». Стараўся хваліць, хлусіў пра сваіх герояў, каб вытрымаць твор, як тое патрабавалася, у рэчышчы «сацыялістычнага рэалізму». Пасьля чатырох месяцаў апрацоўкі сваіх нататкаў атрымалася ці то аповесьць, ці то хроніка, якую я, яшчэ «сырую», занёс паказаць на кватэру Кузьме Чорнаму. «Пакінь, я прачытаю. Праз тыдзень зойдзеш, пагаворым,» — сказаў Кузьма.

    Праз тыдзень, у нядзелю, я прыйшоў да Чорнага паслухаць ягоную крытыку й параду. Кузьма неяк спалохана зірнуў на мяне й запытаўся:

    — Паказваў гэты рукапіс каму-небудзь у Доме Пісьменьнікаў?

    — Не, нікому не паказваў.

    — Вось што, — параіў наш знакаміты пісьменьнік, — схавай свой рукапіс так, каб і сам ня ведаў, дзе ён. Нікому не паказвай. Было гора, ёсьць і будзе. Цяпер ня час друкаваць гэтакае. Небясьпечна. Мажліва, прыйдзе час, калі такое можна будзе даць да друку...

    Болей нічога не сказаў. Ані слова пра мастацкую форму. Паціснуў на разьвітаньне руку ды яшчэ раз папярэдзіў, каб нікому не паказваў. «Чорнае золата» я паклаў пад спружыны сваёй канапы, на якой сядзеў і спаў.

    Пачатак вучобы ў БДУ й пачатак трагедыі

    Праца ў газэце «Калгасьнік Беларусі» мяне не задавальняла. Я атрымоўваў менш грошай, чым рабочы на заводзе. Хлебныя карткі тут былі на 300 грамаў на дзень, а на заводзе я, як рабочы, даставаў 600 грамаў. Адчуваў таксама, што маю малую адукацыю. У тым самым 1934-ым адчынілі ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце гістарычны факультэт ды набралі 40 студэнтаў з закончанай сярэдняй адукацыяй. Патрэбна было вытрымаць іспыты з матэматыкі, фізыкі, мовы й літаратуры, беларускай і рускай, а таксама з Канстытуцыі СССР. Я падаў заяву, здаў іспыты й быў прыняты на першы курс гістарычнага факультэту. Навучаньне было разьлічанае на пяць гадоў.

    Рэдактар газэты Шастакоў, даведаўшыся аб маім паступленьні, раззлаваўся: «Не пушчу! Цябе ўзялі працаваць тут. Ты спраўляўся з гэтай работай». Я ледзь ня плакаў. Шастакоў неяк зьмякчэўся, падумаў і сказаў: «Добра, вучыся. Толькі наладзь грамадзкую работу ў нашым падшэфным калгасе. Там адстаюць з уборкай і здачай збожжа дзяржаве. Наведайся туды ў нядзелю ды «падштурхні» іх там!» Я прыгарадным цягніком зьезьдзіў у падшэфны калгас, «падштурхнуў», выпусьціў насьценную газэту. Калгас выканаў плян здачы збожжа, а мяне адпусьцілі на вучобу.

    Тут, у БДУ, і пачалася мая нядоля. Ад таго 1934 году на ўсё, на ўсё жыцьцё, аж да далёкай Аўстраліі, вельмі цяжкі быў мой лес.

    Я моцна кахаю сваю Радзіму. Хварэю на настальгію па Бацькаўшчыне. Там пазаставалася шмат маіх крэўных: на Случчыне, на Рагачоўшчыне, Бабруйшчыне, у Менску. Лесу іхняга ня ведаю. Выхаваны я быў як «савецкі чалавек і грамадзянін», а зрабілі зь мяне «здрадніка» й «ворага народу». Канечне, ня Бацькаўшчыне я здрадзіў, а таму нялюдзкаму палітычнаму рэжыму й сталінскай сыстэме, якія былі створаныя ў Беларусі. Мне ў мае студэнцкія гады (1934-1939) зрабілі так, як пра тое трапна напісаў Якуб Колас: «Лезу я наперад — асадзі назад!»

    Памятны мне мітынг студэнтаў гістарычнага факультэту, калі паведамілі пра забойства таварыша Кірава Сяргея Міронавіча, «верного, дорогого друга и лучшего соратника нашего дорогого и любимого отца народов товарища Сталина», — гэткімі словамі адкрыў мітынг сакратар партячэйкі нашага факультэту. Сярод студэнтаў было шмат «парттысячнікаў -камуністаў», прысланых вучыцца гісторыі без уступных экзаменаў, каб наладзіць партыйнасьць навукі ды весьці барацьбу з буржуазнымі «нацдэмамі» й з памылкамі гісторыі. У нас на курсе іх было 18 чалавек. Яны раней былі на партийных пасадах — інструктарамі гаркомаў, райкомаў кампартыі, некаторыя нават сакратарамі. Збольшага ня мелі сярэдняй адукацыі. Без агульнай адукацыйнай падрыхтоўкі навука давалася ім вельмі цяжка. Аднак стыпэндыю яны даставалі паводле адумысловага ліста — 360 рублёў штомесяц, тады як першакурсьнікі атрымоўвалі 90 рублёў. За выдатна здадзеныя іспыты давалі 10 рублёў надбаўкі.

    Сакратар «кляйміў» «ворагаў народу». Асабліва акадэміка Шчарбакова, каторы даваў нам лекцыі па гісторыі, а таксама ягоны падручнік для ВНУ. Кнігу ягоную палічылі «шкоднай», «нацдэмаўскай». «Кляйміў» прафэсара філязофіі Зелянкова, які быў присланы з Казанскага ўнівэрсытэту дзеля «исправления» сваіх трацкісцкіх памылак. Прафэсар Зелянкоў чытаў нам гісторыю філязофіі. Сакратар гневаўся: «Чаму прафэсар Зелянкоўскі даваў у сваіх лекцыях не марксізм-ленінізм-сталінізм, а гаварыў пра нейкіх Анаксагораў, Анаксіменаў, Платонаў ды Арыстоцеляў? Навошта яны нам? Нам зь імі не па дарозе! Навошта нам ведаць пра нейкага там Сен-Сімона, Фур'е, Русо? А гэтыя немцы — Фіхтэ, Каўцкі, Пляханаў, Бернштэйн? Гэта ж ворагі, апартуністы! Адам Сьміт, Рыкардо... гэта ж капіталісты! Нам патрэбны матар'ялізм, каб перарабляць чалавека, як і прыроду. Вунь Мічурын пры дапамозе навуковага гістарычнага матар'ялізму вырасьціў новыя, дасюль нябачаныя фрукты!»

    З залі хтосьці выгукнуў: «У Казлове на вярбе грушы растуць, на хвоях — ня шышкі, а бананы!» Некаторыя зарагаталі. Сакратар разьюшыўся: «Хто там, які вораг у нас гаворыць гэта? Не дазволім насьміхацца над нашай навукай і нашымі вучонымі!» Сакратар ячэйкі меў усяго 6 клясаў адукацыі. Яму цяжка было вучыцца ў БДУ. Але як «аратар» ён расхадзіўся, увайшоў у азарт...

    Нейкі чорт падштурхнуў мяне ўзяць слова. Я сказаў, што мы, студэнты, як аслы, анічога ня ведалі й не разумелі зь філязофіі й гісторыі Беларусі й што прафэсар Зелянкоў і Акадэмік Шчарбакоў давалі нам веды. Як жа вучыць марксізм-ленінізм, ня ведаючы каранёў гэтага вучэньня?

    Хваліў падручнік акадэміка Шчарбакова па гісторыі Беларусі. Сказаў, што купіў яго й чытаю. (Я ня ведаў яшчэ таго, што Шчарбакоў быў ужо арыштаваны. Ня ведаў і таго, што праф. Зелянкоў быў выключаны з ВКП (б) і так сама арыштаваны).

    Пасьля майго выступленьня зноў загаварыў сакратар партячэйкі: «Вось бачыце, якіх студэнтаў мы маем у сваіх шэрагах! Ворагі народа ёсьць і сярод нас. Яны абараняюць і хваляць Шчарбакова, хваляць шкодны падручнік, хваляць трацкіста Зелянкова. Гэтыя контррэвалюцыянэры нам шкодзілі. Хацелі і чыталі лекцыі, каб адарваць БССР ад адзінай сям'і народаў СССР. Такім студэнтам мейсца там, дзе й хвалёным імі прафэсарам! Ім ня мейсца сярод нас!»

    У залі ўсе маўчалі. Я адчуў трывогу. На мяне ўсе пазіралі збоку, насьцярожана, спалохана. На гэтым мітынгу выступаў і студэнт-парттысячнік Мельнічонак. Ён добра вучыўся, быў начытаны, любазнаны чалавек. Меў кал я трыццаці гадоў. Ягонае выступленьне не было гэткім «жорсткім», як сакратара. Ён сказаў, што «многія так думаюць, як і Шаўцоў». Гэта ня іхняя віна, а лектараў, што чыталі нам лекцыі, і тых, хто іх заслаў да нас». Мельнічонак паправіў сакратара, які Пляханава аднёс да немцаў ды «зваліў у адну кучу» з Каўцкім і Берштэйнам. Сказаў, што У. І.Ленін цаніў і хваліў Пляханава за ягоныя заслугі, бо ён першы пералажыў у рускую мову творы Маркса й Энгельса.

    Мельнічонак на перапынках паміж лекцыямі на калідоры часта размаўляў са мною. Я даведаўся, што празь месяц пасьля забойства Кірава ён быў пераведзены з членаў ВКП(б) у кандыдаты праз тое, што дапамог напісаць заяву свайму добраму сябру, які працаваў дырэктарам саўгасу ды быў выключаны з партыі й зьняты з пасады. Сябра паленаваўся перапісаць тэкст той заявы, а да яе прыпісаў колькі сказаў сваёй рукой і падаў на разгляд у партыйную камісію пры ЦК КПБ (б). Там у яго папыталі: «Хто табе напісаў гэтую заяву?» Былы дырэктар саўгасу назваў Мельнічонка і Мельнічонак падпаў у «падазроныя».

    Назаўтра пасьля таго «бурнага» мітынгу я, як заўсёды, прыйшоў слухаць лекцыі, сеў на сваё месца. Ад мяне ўсе пераселі за іншыя сталы. На першым перапынку мне адзін студэнт гаворыць: «Ідзі, паглядзі на дошцы загад рэктара».

    Я пайшоў да дошкі аб'яваў і прачытаў: «Студэнта 1-га курса гістарычнага факультэту Шаўцова Сымона Юркавіча выключыць зь ліку студэнтаў за яго варожыя антысавецкія погляды й выступленьні».

    Вось так і пачалася мая трагедыя. Мне замацавалі «ярлык-тытул» на ўсё жыцьцё...

    Далейшая вучоба. Настаўнічаньне ў «лікбезе». Зьвесткі пра асобных выкладчыкаў БДУ

    Пракаціліся масавыя арышты, асабліва ў БССР і на Ўкраіне. Выключалі, арыштоўвалі, судзілі, растрэльвалі «ворагаў народу». Найбольш дасталося беларускай інтэлігенцыі.

    Пасьля масавых выключэньняў і арыштаў пры Саўнаркаме БССР была створаная Цэнтральная Кантрольная Камісія, якая разглядала справы выключаных непартыйцаў. Справы партыйных разглядаліся ў ЦК КПБ(б). Праз два тыдні па выключэньні мяне з БДУ я падаў заяву ў ЦКК. Выклікалі. Пыталіся, хто я й якое мае сацыяльнае паходжаньне, хто быў мой бацька, ці маю крэўных за мяжою СССР, ці належыў да камсамола, дзе жыў, кім працаваў, што гаварыў на студэнцкім мітынгу? Пыталіся: «Чаму ты ў першым томе «Капіталу» паставіў пытальнікі й клічнікі, а на палёх кнігі надпісы «Ці так гэта?» Ты сумняваесься й ня верыш у правільнасьць марксісцкага вучэньня? Што табе не падабаецца ў Маркса?»

    Я адказаў, што бацька мой загінуў у вайне зь белапалякамі ў 1920 годзе ды паказаў «пахаронку», каторую прыслаў маёй маці камісар палка і каторую я папрасіў у яе, каб хоць ёю «прыкрыцца». Сказаў, што выхоўваўся ў сіроцкім юнацкім доме. Працаваў рабочым на заводзе, быў ударнікам, рамантаваў трактары ў МТС. 3 камсамолу выйшаў як пераростак. У партыю заяву не падаваў, бо лічыў сябе непадрыхтаваным.

    Дапытваліся, якую я сувязь меў і маю з Домам Пісьменьнікаў, хто былі там мае сябры? Што і аб чым сам пісаў і друкаваў? Што ведаю пра «нацдэмаў»? Падрабязна распытаўшы, сказалі: «Ідзі, пасядзі, пачакай у калідоры, мы цябе хутка пазавем». Праз хвілінаў пяць пазвалі, падалі заклеены канвэрт, сказалі, каб аддаў рэктару. Прынёс рэктару, пастукаўся ў дзьверы габінэта, падаў канвэрт. Той ускрыў, прачытаў ды кажа: «Ідзі на лекцыі!»

    Назаўтра на дошцы зьявілася паперка, загад рэктара БДУ: «Рашэньнем Цэнтральнай Кантрольнай Камісіі пры Саўнаркаме БССР студэнт Шаўцоў Сымон Юркавіч устанаўляецца ў правох студэнта гістфаку з суровай вымовай з апошнім папярэджаньнем за сыстэму антысавецкіх поглядаў і варожыя выступленьні».

    З гэтага дня я замкнуў свой рот і пяць год вучобы ніколі не выступаў на сходах і мітынгах. Вучыўся многа, каб дастаць дзесяць рублёў, якія дадавалі да стыпэндыі за выдатныя адзнакі ў навучаньні. Мне былі вельмі патрэбныя грошы, бо ў касе зьберажэньняў ня меў нічога. Мая стыпэндыя ў 90 рублёў разьмяркоўвалася так: 30 рублёў адлічвалі за талёнчыкі на абеды ў студэнцкай сталоўцы, што была адна ў Менску для ўсіх студэнтаў гораду, астатніх 60 рублёў ішло на сьнеданьне, вячэру, кніжкі, адзежу й расходы на тэатар і кіно.

    З грашыма мне нават пашанцавала. Якраз быў выдадзены загад Ураду БССР аб ліквідацыі непісьменнасьці й малапісьменнасьці ў рэспубліцы сярод дарослага насельніцтва да 60-гадовага веку. Пры Доме Ўраду арганізавалі такую школу. Тут вучыліся непісьменныя вясковыя людзі, што прыйшлі ў Менск мыць, выціраць, падмятаць. За навучаньне іх грамаце плацілі грошы, якія мне былі вельмі патрэбныя для пражыцьця. У мяне было 17 такіх вучняў. Заняткі пачыналіся а 5 гадзіне ўвечары.

    На першым уроку пытаю ў адной кабеты, чаму яна ня ўмее ані пісаць, ані чытаць? Адказвае: «Я ў калгасе сьвіньні даглядала, зь мяне граматы не патрабавалі!» Пытаюся ў другой, адказвае: «Я адну зіму хадзіла да школы ды ўжо даўно, усё забылася. Летам працавала заўжды ў полі, а ўзімку ў калгасе на розных работах. Навукі мне не патрэбна было! А вось тут прымушаюць вучыцца!» А трэцяя кажа: «Я, як дастаю грошы, то крыжык стаўлю, або прашу кагось за мяне расьпісацца. Ды той, што грошы выдае, ушчувае мяне: «Сорамна табе, Фёкла, крыжык ставіць, навучыся хоць дзьве літары пісаць «Ф» і «М». Гэта значыць — Фёкла Мядзьвецкая». Я пытаюся: «Як жа вы грошы лічыце?» «На грошы мяне не ашукаеш. Медзякі вялікія — гэта малыя капейкі. Белыя мэталёвыя — большыя капейкі, а вялікі белы ды цяжкі — ажно паўрубля. Папяровыя ж грошы я пазнаю па малюнках на іх, па афарбоўцы ды памерах»... Дастаў буквары й задачнік для 1-2 клясаў, павесіў на сьцяну грыфельную дошку, паклаў крэйду ды пачаў вучыць пісаць літары, чытаць па складах.

    Пры Саўнаркаме была вялікая бібліятэка й чытальная заля. Доступ туды быў толькі для супрацоўнікаў Дому Ўраду. Я дастаў дазвол у гэтую бібліятэку, бо меў прапустку як вучыцель непісьменных. Пасьля заняткаў ішоў у чытальню, тут мог дастаць патрэбныя мне кніжкі, якіх у Ленінскай бібліятэцы дастаць было цяжка, бо там у чарзе чакала шмат студэнтаў з усяго гораду. Дый кнігі выдавалі там на дзьве гадзіны пакарыстацца й вярнуць, таму што на іхняе чытаньне чакалі іншыя.

    У бібліятэцы пры Доме Ўраду, на падборцы й выдачы кніг, працавала адукаваная, маладая, мілая дзяўчына Людміла Кохамская. Яна вучылася на вячэрнім аддзяленьні Пэдагагічнага інстытуту ймя Горкага. Дзяўчына даставала патрэбныя мне кнігі, часам і забароненыя, якія выдаваліся толькі з дазволу «вялікіх цэнзараў». Я чытаў гэтыя кнігі ўпотай, зварочваў ёй у рукі, бо яна, зразумела, была пад страхам, што давала мне іх... Маладая бібліятэкарка праз два гады сталася маёй жонкай.

    Вучыўся, многа чытаў. Кінуў хадзіць у Дом Пісьменьніка, бо было боязна. Кінуў пісаць сваю «сацыялістычнага рэалізму» прозу. Аддаў увесь час свой навуцы: гісторыі, філязофіі ды вывучэньню латынкі, нямецкай і францускай моваў, што выкладаліся на нашым гістфаку. Мовы руская й беларуская, літаратура выкладаліся таксама. Памятаю, як «зубрылі» напамяць, каб ведаць з латыні, дзеяслоў «sum» («быць»). Лектар латыні Эрнэст Земьмель пісаў на дошцы, бо аніякіх падручнікаў не было. Земьмель часта казаў : «Я апошні на Беларусі «грэк» і «рымлян». Як памру, дык «грэка» вы ўжо ня знойдзеце, а лаціняна, можа, яшчэ адшукаеце». Земьмель быў хворы на сэрца ды ўжо стары векам. Ён часта выклікаў да дошкі студэнтаў пісаць формы дзеяслова «sum», бяз веданьня якога немагчыма разумець, перакладаць латынь. Вось, спамінаю, выклікае ён да дошкі Натана Озера, «парттысячніка»: «Таварыш Озер, напішыце ўсе формы дзеяслова «sum»!» Озер напісаў гэты дзеяслоў ды стаіць, ня ведае, як трэба пісаць далей. Яму падказваюць: «Пішы «фуі». Напісаў і стаіць. Ізноў нехта падказвае: «Фуісьці». Напісаў. «Фуітум»,» — чуецца зноў нечы голас... «Таварыш Озер, — кажа Эрнэст Земьмель, — вось каб я меў Вашае сэрца». А Озер яму: «Прафэсар Земьмель, вось каб я меў Вашую галаву!» На залі рогат.

    Озер так і ня мог злажыць экзаменаў і пасьля пяці гадоў навучаньня не дастаў дыплёма. Далі яму толькі пасьведчаньне, што навучаўся на гістфаку й яму было дазволена паўтарыць яшчэ адзін год. Озер пайшоў на партыйную пасаду й болей даставаў грошай, чым мы, вучыцелі сярэдніх школаў.

    3 праграмы была зьнятая гісторыя Беларусі. Пакінулі толькі гісторыю СССР. Філязофію марксізму-ленінізму спасьцігалі з падручніка «Кароткі курс гісторыі ВКП(б)». Старажытную гісторыю даваў наш вядомы ўсходазнаўца акадэмік Нікольскі. Ён быў і дэканам гістфака. Гісторыю сярэдніх вякоў чытаў прафэсар Перцаў, добры, зь вялікай эрудыцыяй лектар. Новую гісторыю капіталістычнай сыстэмы выкладаў дацэнт Кагаўт.

    Мы чакалі, што курс гісторыі каляніяльных і залежных краінаў прыедзе выкладаць Карл Радэк. Але Радэк быў арыштаваны, і гэты курс нам чытаў індус Мухарджы. Ён слаба ведаў рускую мову. Казаў, што ён з прафэсіі ёсьць інжынер, а Ленін яму сказаў быць палітыкам, калі ён, як дэлегат ад Індыі, прыехаў на кангрэс Камінтэрну.

    Лекцыі акадэміка Нікольскага былі вельмі цікавыя. На ўсё жыцьцё запомніліся ягоныя расповяды пра старажытную Вавілёнію, Эгіпэт, Кітай, Індыю. У 1936 годзе Нікольскі цэлых два тыдні не чытаў нам лекцыяў і, наагул, не зьяўляўся ва ўнівэрсытэце. Думалі, што захварэў. Ажно ён зьявіўся на сваю лекцыю ды пачаў: «У мінулых лекцыях я агаварыўся. Калі тое запісанае ў вашых сшытках, дык выкрэсьліце. Я распавядаў пра маю палеміку з акадэмікам Ленінградзкага ўнівэрсытэту Струве, казаў, што ён папугайнічае за таварышам Сталіным. Струве цьвердзіць, што ў тыя часы, калі была пастаўленая стэла вавілёнскага цара Хаммурабі, — там ужо йснаваў рабаўласьніцкі парадак. Клінапісны ж надпіс жа на стэле Хаммурабі паказвае, што сацыяльныя адносіны тады былі феадальна-рабаўласьніцкія, а клясычнага рабаўладаньня не было. Я з гэтай нагоды казаў, здаецца мне, што таварыш Сталін ёсьць не гісторык-усходазнаўца й ня ўмее чытаць вавілёнскі клінапіс ды эгіпэцкія іерогліфы, бо ён палітык, а не гісторык. Дык вось, мяне выклікаў першы сакратар ЦК КПБ(б) таварыш Гікала ды паправіў, як трэба чытаць лекцыі і як ня трэба гаварыць пра таварыша Сталіна». Нікольскі быў вельмі напалоханы. Хтось са студэнтаў-«парттысячнікаў» данёс на яго Сакратару ЦК.

    Настаўнічаньне ў АБВШ. Навуковая праца ў архіве Адміралцейства. Заканчэньне вучобы ў БДУ

    У канцы трэцяга навучальнага году ў траўні йшла сэсыя. Я не чакаў на астатнія дні й першым здаў свае экзамены. Раптам выклікаюць мяне ў канцылярыю да дэкана Нікольскага. У ягоным габінэце пабачыў вайскоўца з ромбам у дятліцах гімнасьцёркі. Акадэмік Нікольскі запытаўся, ці ўсе экзамены я здаў. Кажу, засталася адна латынь. У канцылярыі якраз сядзеў Земьмель. Гаворыць: «Я магу яго тут праэкзаменаваць». Тлумачу, што яшчэ не рыхтаваўся да латыні. А Земьмель кажа: «Я ведаю, што Вы ў гаду добра вучыліся». Дастаў кніжку ў латыні «Запіскі Тацыта аб гальскай вайне». Я пачаў чытаць, перакладаць на рускую мову, разьбіраць граматыку... «У мяне ўсё! — перапыніў Земьмель. — дайце заліковую кніжку». Падаў. Бачу, піша «выдатна». Вайсковец, які слухаў і назіраў за мною, кажа: «Поедем со мной».

    Вось тут я набраўся страху. Думаў, што мяне прыйшлі арыштаваць. Вайсковец відавочна ўбачыў мой спалох ды кажы: «Поедем в лагерь «Большое Стиклево». Будите нашим курсантам давать уроки по истории. Наш учитель в госпитале, тяжело больной, неизвестно, когда поправится». Гэта быў начальнік вучэбнай часткі Аб'яднанай Беларускай Вайсковай Школы, якая рыхтавала каманьдзіраў пяхоты.

    Я папрасіўся забегчы дадому, паведаміць жонку, бо будзе хвалявацца. «Позвоните по телефону из лагеря», — пачуў адказ. Кажу, што дома няма тэлефона. «Позвоните ей на работу. В воскресенье можете наведаться домой».

    На аўтамабілі хутка даехалі да лягеру. Вайсковец коратка мяне паінфармаваў: «Вам будет уважение, как и всем нашим командирам. Столоваться будите в офицерской столовой» Зарплата такая же, какую получал наш учитель. Хотите, можем выдать военное обмундирование. Не хотите, можете оставаться в штатском». Я запытаўся: «А праграма якая?» Адказвае: «Чему и как Вас учили, это и давайте курсантам. Специальной программы нет. Расказывайте о древних войнах, о войне 1812 года с Напалеоном, о войне с белыми. Вы же учили о походах Александра Македонского, Ганнибала, Цезаря, — вот и говорите об этом на уроках!»

    Так я тры месяцы быў вучыцелем у гэтай АБВШ. Калі 1 верасьня зьвярнуўся на заняткі ў БДУ, сакратар дэкана Рыбакоў сказаў: «Як тут забегалі «партыйцы», калі даведаліся, што цябе паслалі настаўнікам у АБВШ. Прыходзілі з прэтэньсіяй да дэкана, чаму не папыталі ў сакратара ячэйкі, каго паслаць на гэтую работу. Казалі, што ты маеш такую «атэстацыю», хоць выключай з унівэрсытэту... А Нікольскі сказаў сакратару: «Ідзіце займайцеся сваімі справамі, ня ўмешвайцеся ў навучальны працэс!» Замкнулі рот ».

    На чацьвертым годзе навучаньня ў БДУ аднойчы загадчык бібліятэкі пры Доме Ўраду Ашаровіч запрасіў на сямейны вечар да свае кватэры некаторых супрацоўнікаў. Людміле сказаў, што можа прыйсьці з сваім кавалерам. Ён здагадваўся, што яна дае мне чытаць забароненыя кніжкі. На кватэры Ашаровіча ўпершыню пачуў голас Леніна. Гаспадар паставіў патэфонную плытку з прамовамі «Что такое Советская власть?» і «Почему нам нужен Рабкрин?» Голас у Леніна быў даволі мяккі, вымаўленьне літары «р» з картавінкай. Ашаровіч быў партыйцам зь вялікім стажам. Меў знаёмых дактароў у Крамлёўскай бальніцы. Лячыўся там, калі хварэў. Потым быў данос на крамлёўскіх дактароў, што яны няправільна лячылі Максіма Горкага й Арджанікідзэ — прыскорылі ім сьмерць. Дактароў-жыдоў у Крамлі арыштавалі. I разам зь імі зьнік некуды зь Менску й Ашаровіч.

    Па заканчэньні чацьвертага курсу лепшых студэнтаў, у тым ліку й мяне, паслалі ў Ленінград у архіў, што месьціўся ў будынку Адміралцейства, папрабаваць пісаць па архіўных дакумантах навуковую работу. Я ўзяў тэму «Як царскія Думы вырашалі аграрнае пытаньне?» У архіве адшукаў лісты напісаныя рукою Грышкі Распуціна цару, царыцы й некаторым міністрам: «Мілай зделай для Григория назначить Николая Ивановича министром просвещения».

    У Ленінградзе працаваў на фабрыцы мой сябра дзяцінства, зь якім разам вучыліся ў пачатковай школе. Жыў ён на Выбаргскім баку. Я знайшоў яго ды доўга заседзеўся ў яго на кватэры. Трамваі хадзілі туды па мосьце празь Няву. Было позна. Сябра кажа: «Застанься пераначуй, бо мост ужо разьвялі. Назаўтра раніцай паедзеш». Аднак я пайшоў. Перабірацца на той бераг Нявы трэба было на чоўне. Відно, як удзень: «белая ноч». Я папрасіўся й мяне пераправілі на чоўне. Падчас пераправы пачуў, што ў горле неяк, як спазмы, зашкрабло, цяжка стала дыхаць.

    Гатэль, дзе мы, студэнты, на месяц застанавіліся жыць, быў на Лігаўскай вуліцы. Вуліца доўгая, пустая, ані аўтамабіляў, ані прахожых. На скрыжаваньні з бочнай вуліцы выйшаў чалавек, крыху хістаючыся й сьпяваючы, ці то мармычачы нешта сам сабе. Я ў яго запытаўся, дзе бліжэйшая дзяжурная аптэка, сказаў, што хачу купіць асьпірыну, бо горла так залажыла, што не магу гаварыць. Чалавек прыслухаўся, як я гавару, і кажа: «Ты што, «бульбянік», у Фінскім заліве купаўся?» Ён па вымаўленьню зразумеў, што я ёсьць «бульбянік», г. зн. беларус. Адказаў, што я, сапраўды, зь Менску, а ў заліве не купаўся, толькі разуўся ды боўтаў у вадзе нагамі, седзячы на беразе. «Не пытайся, дзе аптэка, — весела сказаў мой суразмоўнік, — пытайся дзе кабак. Ну, як па-вашаму, «манаполька» ці што? Аптэка адсюль далёка дый ужо зачыненая, а кабак вунь, на рагу! Купі чакушку «пярцоўкі», выпі ды ў ложак. Укрыйся добра, а назаўтра будзеш гаварыць, ачуняеш!»

    Я заплаціў тры рублі за «чакушку», прынёс у пакой гатэлю, сеў на сваю пасьцель, адкупорыў чарадзейны «лек» ды выпіў проста з бутэлькі. Лёг у ложак, укрыўся ўсім, чым толькі можна, каб сагрэць дрыжачае цела. Раніцай прабудзіўся позна, увесь потны. На сподзе й наверсе прасьцірадлы былі мокрыя. Кашлянуў — да мяне вярнуўся голас, чысты, як і раней. Сапраўды, ленінградзкі выпівоха выратаваў мяне ад ангіны, параіўшы добры «лек».

    У архіве праца была цікавая. Напісаў кароткую «навуковую» работу паводле абранай тэмы. Залічылі яе, адзначыўшы, што «ўмею карыстацца архіўнымі дакумантамі».

    У маёй адукацыі я насамперш многім абавязаны акадэміку Нікольскаму, прафэсарам Перцаву, Земьмелю, Зелянкову ды маёй любай жонцы, якая, не баючыся, давала мне чытаць «забароненую» літаратуру.

    Праца ў дзесяцігодцы ў Капцэвічах

    У 1939 годзе я закончыў гістфак БДУ. Здаў дзяржаўныя экзамены на «выдатна». Дастаў дыплём і да яго ліст дысцыплінаў, якія вывучаў, з адзнакамі. У лісьце было 28 прадметаў, уключаючы вайсковую падрыхтоўку й фізкультуру. Хацеў да асьпірантуры акадэміка Нікольскага, аднак намесьнік міністра (камісара) асьветы БССР тав. Дунец патлумачыў, што Нікольскі ў гэтым годзе да асьпірантуры не бярэ і ў менскіх школах для вучыцеля ваканьсіі няма: «Пасылаем цябе ў Капцэвічы Петрыкаўскага раёну. Там новая сталінская дзесяцігодка. Капцэвічы — рабочы пасёлак пры чыгуначнай станцыі. Пасёлак вялікі, культурны: мае свой клюб, мэблевую фабрыку, хлебзавод і майстэрні. Там табе будзе добра. Не ў Краснапольле ж пасылаем за 40 кілямэтраў ад чыгункі». Я сказаў, што жонка яшчэ не здала экзамен у пэдагагічным інстытуце. А намесьнік міністра ў адказ: «Здасьць, калі захоча. I ёй у Капцэвічах работа ёсьць. Будзе вучыць беларускай і рускай мовы й літаратуры ў 5-7 клясах. Мы маем адтуль запатрабаваньне. А дырэктарам там — заслужаны вучыцель таварыш Мурашка. Ён добры чалавек і вопытны пэдагог». Нічога не заставалася рабіць, трэба ехаць.

    У сярэдзіне жніўня 1939 году я, мая жонка й двое нашых малых дзяцей прыехалі ў Капцэвічы. Для дагляду дзяцей я ўзяў з Рагачоўскага раёну сваю маці, што жыла ў сястры ды працавала ў калгасе. Пачалася мая работа ў школе: вучыў у 8-10 клясах гісторыі СССР і Сталінскай Канстытуцыі. Работа была прыкрая й нецікавая.

    У школе з вышэйшай унівэрсытэцкай адукацыяй быў я адзін. Настаўнік матэматыкі ды фізыкі скончыў пэдінстытут. Усе іншыя навучыцелі мелі адукацыю пэдтэхнікума.

    На трэці дзень працы дырэктар Мурашка , а ён сапраўда аказаўся добрым чалавекам, падаў позву ў Петрыкаўскі райсавет. Мяне выклікалі ў пакой №3 на 9 раніцы. Перад уваходам трэба было пастукаць у вакенца. Прыехаў цягніком у назначаную гадзіну, стукаю. Адчыніў вакенца чалавек зь вялікай галавой, падстрыжаны «пад бобрык», пранізаў мяне позіркам. Распытаўшы пра маю новую працу, сказаў:

    — Ці ты ведаеш, што недалёка ад Капцэвічаў праходзіць польская граніца?

    — Ня так і блізка — за восем кілямэтраў!

    — Усё роўна. Можаш ісьці, — адказаў мой новы знаёмы і паглядзеў у шуфляду ў нейкую кніжку. Акенца зачынілася, і я пайшоў на цягнік у Капцэвічы.

    Праз чатыры тыдні мяне зноў паклікалі да таго загадкавага акенца. Гэтым разам я размаўляў з даволі маладым чалавекам з чорнаю курчаваю галавою. У яго быў дробны твар, кручкаваты нос з гарбінкаю, наогул, выглядаў чалавекам інтэлігентным. Таксама распытваў пра школьныя ды пабытовыя справы. Гэты да мяне зьвяртаўся на «Вы».

    Трэцяга разу выклікалі ў раён празь пяць тыдняў пасьля 17 верасьня, калі нашае войска перайшло граніцу каля Капцэвічаў і ў шмат якіх іншых мяйсцовасьцях: «падалі руку дапамогі братом беларусам ды ўкраінцам». Гэтым разам мяне мала пыталі. Такім быў мой апошні выклік у Петраўскі аддзел НКУС.

    У пачатку сьнежня ўсіх настаўнікаў, што мелі адсрочку й не служылі ў войску, узялі ў армію. У школе застаўся Мурашка, стары вучыцель рысаваньня й чарчэньня Круглікаў ды жанчыны.

    Аднойчы на нашую станцыю прыйшоў цягнік з Заходняй Беларусі. З расчыненых дзьвярэй вагонаў-«цялятнікаў» высунуліся «пасажыры» — заходнія беларусы, каторыя ехалі на работу на капальні Данбасу. На плятформе якраз стаяла шмат капцэвічаўскіх рабочых, што йшлі на другую зьмену. З вагонаў запыталіся:

    — Таварышы, ёсьць работа?

    — Работы ёсьць — ды многа. Вось толькі хлеба мала, — пачулася ў адказ.

    — Цо, цо пан поведзел? А чы жыць можно?

    — Жыць будзеш, але станет худы-худы. Напалоханы гутаркай рабочых з «пасажырамі», я хуценька сыйшоў з плятформы. А раптам падумаюць, што гэта я размаўляў зь нявольнікамі?

    Служба ва Ўральскай Вайскавой Акрузе

    У сьнежні забраў жонку, дзяцей, завёз у Менск да ейнага бацькі. Сваю маці адаслаў назад у Рагачоўскі раён. Згодна накіраваньня ваенкамату апынуўся ў Сьвярдлоўску, у распараджэньні Уральскай Вайсковай Акрагі. Адсюль паслалі мяне ў Башкірыю, у невялічкі гарадок Алапаеўск, служыць два гады у кулямётнай роце: загадам Галоў-накамандуючага й Камісара Абароны СССР усе прызыўнікі з вышэйшай і закончанай сярэдняй адукацыяй мусілі праз два гады выйсьці ў запас «малодшымі лейтэнантамі». Я тады ня ведаў, што за мною па пятах ходзіць мой «ярлык-тытул», ды так, што пасьледуе ажно за Ўральскія горы! Аказалася й тут правяралі маю «лаяльнасьць таварышу Сталіну й Савецкай Радзіме».

    Усе салдаты з адукацыяй мусілі вывучаць тры месяцы праграму байца, шэсьць месяцаў абучацца як малодшыя каманьдзіры, «сяржанты», і адзін год як каманьдзіры ўзводу — «малодшыя лейтэнанты». Пасьля гэтай гадавой падрыхтоўкі — тры месяцы стажыроўкі, а затым звальненьне «малодшым лейтэнантам запасу». Я чакаў, каб скарэй выйсьці ў запас. Ажно ня так выйшла. Прачытаў у газэце «Красная звезда», што набіраюць у ваенную акадэмію для падрыхтоўкі на дыпляматычную працу вайскоўцаў, каторыя маюць вышэйшую адукацыю й ведаюць замежныя мовы... Вось тут і атрымалася, як я ўжо згадваў, паводле акрэсьленьня: «Лезу я наперад — асадзі назад!»

    Бачачы, што я падыходжу да патрабаваньняў у аб'яве пра набор у акадэмію, я падаў заяву-рапарт на ймя камісара дывізіі. Прайшло пару дзён, пакуль мой рапарт па інстанцыі (ад палітрука роты, праз камісара батальёну) дайшоў спачатку да камісара палка, а потым да камісара дывізіі. Выклікалі ў штаб дывізіі. Прыйшоў, узяў «пад казырок», выцягнуўся «сьмірна» ды рапартую: «Таварыш камісар дывізіі, па вашаму вызаву явіўся курсант з кулямётнай роты Шаўцоў Сымон Юркавіч». «Не по «вызову», а по «приказанию»! Товарищ курсант, вы разьве не знаете, как надо отдавать рапорт? Вы давно в армии?» Я зьбянтэжаўся, замяўся й адказаў, што служу адзін год і восем месяцаў. «Мало. В академию принимают тех, кто отслужил больше двух лет». Тлумачу, што ў аб'яве ня сказана, колькі трэба адслужыць. «Все равно. Можете быть свободным». Я выйшаў і падумаў: «Вось і тут пра мяне ўсё вядома!»

    Цераз месяц пасьля таго візыту выклікалі мяне ў штаб палка. Камісар пытаецца: «Сможете лекцию прочитать для комсостава и рядового состава полка? Тема лекции — «Отечественная война 1812 года». Я насьцярожыўся: «Вось і цяпер мяне правяраюць!» Кажу камісару: «Ня маю тут аніякіх кніжак пра вайну 1812 году. Ня ведаю датаў, нават забыўся прозьвішча галоўнага героя Барадзінскай бітвы, гэтага, як яго, грузінскага князя, генэрала... Дома ў Менску засталіся кнігі й канспэкты-лекцыі аб гэтай вайне, а тут, у гэтым маленькім башкірскім горадзе, я наўрад ці што знайду». «Найдёте и здесь энциклопедию. Сколько Вам дней нужно на подготовку?» — абарваў мяне камісар.

    Далі мне тыдзень часу рыхтаваць лекцыю, дастаць геаграфічную карту. Ад вайсковых заняткаў вызвалілі. Далі «увольнительную» ў горад. У школе я пазычыў геаграфічную карту й дошку. Адзін настаўнік даў мне «Советскую энциклопедию», яшчэ штось аб вайне 1812 году. Пачаў рыхтавацца, прыпамінаць тое, што калісь вучыў ды даваў курсантам АБВШ.

    Спачатку чытаў лекцыю для каманьдзіраў. Прагаварыў паўгадзіны, камісар мяне перапыніў: «Перекур 10 минут!» Падыходзіць і кажа: «Говори проще. Наши командиры не имеют университетского образования. Им многое непонятно. Например, Вы слишком много французских слов употребляете». Другую гадзіну стараўся гаварыць, як патрабаваў камісар. Закончыў лекцыю «рэвалюцыйнымі лёзунгамі». Салдатам жа чытаць было яшчэ лягчэй і прасьцей: на зразумелай, даступнай ім мове.

    У пачатку чэрвеня 1941 году наш полк выехаў на лягернае вучэньне. Раскінулі палаткі, уладзіліся. Але нядоўга трывалі нашыя вучэньні. 22 чэрвеня паднялі нас па трывозе. Адбыўся мітынг. Пачулі: «Гитлеровская Германия вероломно, по-бандитски напала на нашу Родину!» Пасьля прамовы камісара дывізіі, начальнік асобага аддзела зачытаў «Приказ N 02 по дивизии». Назваў прозьвішчы, у тым ліку й мае, і дадаў: «Отсылаются в распоряжение Уральского Военного Округа».

    Сьвярдлоўск — Уфа — Цюмень

    У мяне адабралі вінтоўку, пляншэтку. Я апынуўся ў гэтай «особой» трупе. Тут былі немцы з Паваложжа, два жыды з Заходняй Беларусі, адзін паляк (вайсковы доктар), некалькі ўкраінцаў-«куркулёў» ды башкіры. Усіх нас пад вартай адправілі ў Сьвярдлоўск. А тут паслалі на работу — капаць катлаван пад фундамант ваеннага алюмінеевага заводу. Мяне назначылі за старшыну, загадваць тачкамі, лапатамі, кайламі, ламамі. Трэба было карміць, весьці сьпіс гэтым «воінам», выдаваць і прымаць інструмэнты для працы. Жылі ў збудаваных цалкам з бэтону памяшканьнях, падобных да вялізных, разрэзаных напалам бочак, пакладзеных бокам. У іх было вільготна й холадна. Дзьве вялікія печы — «вагранкі» — круглыя суткі паліліся дрэвам і вуглём, аднак не маглі нагрэць таго памешканьня. Ежу дастаўлялі ў бідонах з-пад малака проста на месца работаў — у катлаваны: «баланда», а не зупа, кавалачак хлебы ды кубак гарбаты з прутоў і лісьця маліньніку, засалоджанай сахарынай.

    Паблізу было відно яшчэ адзін лягер, мабыць, такі самы, як наш. У мяне быў прыхаваны з сабою бінокаль. I я ўпотай, каб ня бачылі іншыя, часам углядаўся ў бок таго лягеру. Бачыў, як насілі драўляныя скрынкі-дамавіны, ды закапвалі іх у зямлю. Мы даведаліся, што там былі балты: эстонцы, латышы, літоўцы. Казалі, хварэюць на крываўку, a ix ніхто ня лечыць, мруць, як мухі. Нам было забаронена адлучацца ад лягера й мець сувязь зь імі і, наагул, зь іншымі людзьмі. Хтось падгледзеў ды скраў мой бінокаль. I я ўжо ня мог разгледзець, што дакладна рабілася ў суседнім лягеры.

    Праз колькі месяцаў ад пачатку вайны, калі ўжо савецкая армія панесла вялікія страты ды згубіла вялікія тэрыторыі, калі немцы аблажылі Ленінград, лезьлі на Маскву, — да нас на завод прыехала вайсковая камісія. Выклікалі й мяне. «Почему ты здесь?» — пытаюць. Кажу: «Ня ведаю». Першым разам ад нас забралі да войска ў страявую некалькі чалавек, але я ў іхні лік не патрапіў. I другім разам таксама. Нарэшце, прыехала вайсковая камісія ажно з Масквы. Ізноў тое самае пытаньне: «Хочеш в строевую?» «Канечне, хачу!» — адказваю. «Поедем в город Уфу. Будеш старшиною военной школы, которая готовит младших командиров для фронта».

    Прыехаў ва Уфу на сваю пасаду. Тут за чатыры тыдні «вывучалі» каманьдзіраў, каб на фроньце камандаваць дванаццацю салдатамі. «Малодшы сяржант» — гэтакае вайсковае званьне давалася выпускнікам. Пачаў адзяваць, абуваць, карміць, запісваць вінтоўкі, лапаткі, сапёрныя ды іншыя рэчы, належачыя курсантам. А гэта былі найбольш башкіры з калгасаў. Пытаюся ў Багаўдзінава:

    — Ці служыў у арміі?

    — Моя воевал у Ленина. Моя знает стреляй винтовка.

    — Ну, а цябе вызывалі калі-небудзь на паўторныя вучэньні, на перападрыхтоўку?

    — Нет, моя работай колхоз!

    Вось такіх «каманьдзіраў» рыхтавалі на фронт, каторыя, апрача «стреляй винтовка», нічога ня ведалі ў вайсковай справе ды нават ня ўмелі добра гаварыць па-руску.

    Пасьля чатырох такіх выпускаў мне сказалі: «Поедешь в Тюмень, там формируется дивизия на фронт. Будешь старшиной пулемётной роты». Гэта было, здаецца, раньняю вясною або ўзімку 1943 году. Мы ведалі, што немцы не ўзялі Ленінград, што іх адкінулі ад Масквы й б'юць. Пад Сталінградам абкружылі найлепшую армію SS фэльдмаршала Паўлюса. Там ідуць жорсткія баі. Пад Харкавам таксама цяжкія баі. Там камандуе стотысячнай арміяй маршал Цімашэнка. Было бачна, што нямецкая армія на ўсіх франтах заламалася.

    Нашую стралковую дывізію сфармавалі сьпехам, усяго за пяць дзён, у Цюмені. Тут выпадкова спаткаў Мельнічонка, былога студэнта нашага гістфаку. Я прывёў сваю кулямётную

    роту ў сталоўку. Пазнаў Мельнічонка, ды, усьміхаючыся, рапартую: «Дазволь прадставіцца. Старшыня кулямётнай роты Шаўцоў!» Бачу, што ён у вайсковай, прыгнанай да паставы ўніформе, але ў пятліцах няма «знаков различия». Кажу: «Ня ведаю, як цябе велічаць па рангу?» Ён усьміхнуўся: «Замкамісарам палка». Пытаю: «А на які фронт мы паедзем?» «Пад каманду маршала Цімашэнкі,» — адказвае. Потым шапнуў: «Нашая дывізія напалову з крымінальнага элементу, якім турму замянілі на фронт ». Я кажу: «А другая палавіна з такіх, як я». Мельнічонак зноў усьміхнуўся: «Ёсьць пахлешча за цябе». Распытвацца не было часу. Ён сьпяшаўся дый мая рота выходзіла з сталоўкі, мусіў строіць ды весьці ў казарму. Больш я Мельнічонка не сустракаў, хоць ён быў у адной дывізіі са мной і нас разам адправілі на фронт пад Харкаў.

    На фроньце

    У бойку зь немцам! ўступілі цёмнай ноччу пад Ліпцамі. Загадана было ціха падыйсьці да акопаў і траншэяў праціўніка ды атакаваць яго, калоць штыхамі. Ноч была ціхая, цёмная. Вецер дзьмуў з боку немцаў. Сказалі падвязаць кацялкі, сапёрныя лапаткі, каб аніякага бразгу, каб ніхто не курыў. Паказалі кірунак наступу.

    Выйшла нашая рота ў складзе першага батальёну. Кулямёты несьлі ў разабраным выглядзе наводчыкі ды іхнія памочнікі, а за імі йшлі з каробкамі падношчыкі патронаў. Ротай камандаваў старэйшы лейтэнант. Палітрук і я йшлі поплеч зь ім. Толькі прайшлі колькі крокаў, як нас асьвяцілі нямецкія ракеты. Сыпанулі з кулямётаў фосфарнымі кулямі, якія сьвецяцца ў цемнаце, што псыхалягічна ўзьдзейнічае на чалавека. Загадана было залегчы. Пасыпаліся на нас снарады зь мінамётаў і гарматаў. Хутка зьявілася зграя нямецкіх самалётаў, пачалі бамбіць з паветра. У небе было многа падвешана ліхтароў на парашутах.

    Зноў загад: падняцца й бегчы да варожых траншэяў, калоць засеўшых немцаў. Уварваліся ў іхнія траншэі, а там ужо нікога няма — немцы адбеглі на іншыя свае траншэі. Мы згубілі каманьдзіра роты. Шмат было забіта й паранена нашых байцоў. З траншэяў нельга было падняць галавы, бо наша артылерыя ня ведала, што мы іх захапілі, ды страляла па нас. Шмат было забіта сваімі артылерыстамі. А ўсё праз тое, што не было належнай сувязі, толькі праз пасыльных.

    Немцы скідвалі бомбы й лістоўкі: «Здавайцеся! Забівайце вашых камісараў і каманьдзіраў, вам даруецца жыцьцё. Ваш маршал Цімашэнка ўцёк на самалёце, пакінуўшы вас на сьмерць!» Спачатку мы думалі, што фашысты брэшуць, хочуць нас дэзарганізаваць ды запалохаць. Аднак праз тры дні самі пабачылі, што мы ў акружэньні. Карміцца не было чым. Ані сухароў, ані хлеба. Кухня варыла звычайную пшаніцу, дый тую бяз солі. Палітрук роты Кулікоў паслаў мяне разьведаць, дзе тая кухня. Пытаўся я і ў артылерыстаў, і ў сапёраў, аднак кухні не знайшоў, зусім зьнікла.

    Гэтак мы ня елі тры дні. Куды ня кінемся, каб выйсьці з абруча, — паўсюль немцы. I абруч той сьціскаецца мацней і мацней. А тымчасам нас бамбілі й бамбілі з паветра, густа лажыліся артылерыйскія ды мінамётныя снарады. I хоць нашая артылерыя таксама моцна біла па немцах, але даставалася й нам. Панавала неразьбярыха: дзе свае, дзе ворагі?

    Ротай камандаваў малодшы лейтэнант Балоцін. Сяржант быў лёгка паранены ў руку. У жывых засталося 19 чалавек. Забітых і цяжка параненых спачатку падбіралі санітары й выносілі ў палявы шпіталь. А потым ужо нікога не падбіралі. Такія змучаныя былі ўсе й галодныя. Некаторыя шукалі сухароў або табакі ў ранцах і ў кішэнях забітых. Але й там нічога ўжо не было.

    Палітрук Кулікоў перагаварыў з малодшым лейтэнантам Балоціным. Яны загадалі перадыхнуць, паправіць абмоткі, адзежу. Прыпыніліся ў спаленай вёсцы. Нідзе ані людзей, ані жывёлы. Часам толькі прабяжыць зьдзічэлы кот, які баяўся людзей, хаваўся ад іх. Паселі перадыхнуць на двары на абгарэлай саломе. Паставілі варту: кулямёт нагатове ды каля яго наводчыка з Памочнікам і байца зь вінтоўкай. А самі, як прыселі, так і зваліліся. Чатыры ж дні нічога ня елі. Нашая варта, відаць, таксама заснула.

    Раптам з зарасьніку акацыі высоўваюцца нямецкія аўтаматчыкі. Я пачуў праз сон «Гэндэ хох!» Абступілі, крычаць: «Ніхт шэсэн!» Убачылі ў нас на грудзях прывешаныя ручныя гранаты. Хуценька задам адыйшлі на бясьпечную адлегласьць. Па-нямецку крычаць нам, каб мы паклалі зброю на зямлю й адыйшлі ўбок. Я пераказаў палітруку й Балоціну тое, што загадвалі немцы. Балоцін скамандаваў не страляць, не кідаць гранатаў, а пакласьці іх асьцярожна на зямлю. З паднятымі рукамі адыйшлі мы ўбок ад нашае зброі. Тады падступілі нямецкія аўтаматчыкі, памацалі па кішэнях. Адзін зь іх убачыў на маёй руцэ гадзіньнік «Часовой завод имени Кирова». Выцягнуў з кішэні маёй гімнасьцёркі брытву «Мадэ ін Энгланд», грабянец і маленькае люстэрка. Усё гэта ўпхнуў мне назад у кішэню й пачаў прыглядацца да твару: «Комісар? Політрук? Команьдзір?» Потым ударыў мяне ў шыю прыкладам аўтамата. Дасталося ў галаву й Балоціну. Усе мы былі ў аднолькавай салдацкай форме, ніякіх знакаў у пятліцах ня мелі. Ня мелі й дакумантаў — толькі чорныя патрончыкі, дзе хавалі паперкі з адрасамі, куды паведаміць, як заб'юць. Аднак мы з Балоціным былі паголеныя й нас палічылі камісарамі або палітрукамі. Я насіў з сабой бясьпечную брытву й адно лязо да яе. Галіўся, бо прызвычаіўся, ня мог бяз гэтага. На хаду, дзе толькі можна, на сухую, бяз мыла й вады абшкрабваў падбародзьдзе ды даваў брытву лейтэнанту Балоціну. Палітрук жа Кулікоў быў на 15 гадоў старэйшы за мяне, аднак аброслы барадою, з ускудлачанай галавою, як і многія байцы.

    Хутка назьбіралі яшчэ палонных, артылерыстаў, сапёраў. Было ўсіх больш за сотню. Пастроілі ў адзін шэраг. Зьявіліся два нямецкія афіцэры й пачалося: «Бандиты, коммунисты, большевики, советская сволочь. — на чыста рускай мове абзываў нас адзін зь іх, — Кто коммисар? Выходи, три шага вперёд! Кто политрук, офицер? Кто жид? Выходи!» Палонныя стаялі моўчкі, аніводзін не выходзіў. Усе ў салдацкіх шынялях. Падыйшло яшчэ двух у афіцэрскай форме. Пачулася каманда: «Опустить штаны, поднять рубашки!» Немцы прайшлі блізка голых, упалых і брудных жыватоў, углядаючыся паміж ног. Спыніліся каля аднаго салдата: «Ком!» Гэты палонны адразу ўпаў на калені, залямантаваў «Алла! Алла!», злажыў рукі, галавой прыпаў да зямлі. Нехта з палонных сказаў: «Ён ня жыд. Я яго знаю. Ён мусульманін, з майго аула. У секце, да якой ён належыць, такі самы рытуал абразаньня, як і ў жыдоў». Пхнуў афіцэр ляжачага ботам: «Аўфштэйн!». А бедны мусульманін ці то не разумеў, ці то ад страху ня мог падняцца зь зямлі. Яго паднялі, паставілі ў шэраг ды трымалі, каб ня ўпаў.

    У палоне

    Пасьля агляду пагналі нас да большай групы ваеннапалонных. Тут загадалі сесьці на зямлю. Немцы ўселіся вод даль. Чатырох з аўтаматамі напагатове стаялі над намі.

    Кухня прывезла немцам сьнеданьне: бутэрброды, намазаныя штучным мёдам, каву. За маёй сьпінай блізка ўсеўся фэльтфэбэль, той, які ўдарыў мяне прыкладам. Я зь ім перагаварыў колькімі сказамі па-нямецку. Ён запытаўся: «Фольксдойч?» Кажу, што не. «Адкуль ведаеш нямецкую мову?» Адказваю, што вучыў у школе і ва ўнівэрсытэце, што сам школьны вучыцель. Ён дапытваецца, чаму ў мяне гадзіньнік і брытва, салдаты ж ня маюць гэтага? Зноў тлумачу, што я вучыцель і што мяне нядаўна ўзялі на фронт. Спачатку ён ня верыў, што я не палітрук, а потым паціху мне сказаў, што вайна ёсьць нядобрая, шмат пазабівана рускіх і нямецкіх салдатаў. Сказаў, што нам пашчасьціла, бо мы трапілі ў палон да аўстрыйцаў, і што сам ён зь Вены. Да вайны быў рабочым на веласіпэдным заводзе й дома ў яго засталася жонка з двума дзецьмі. Два месяцы ён не дастае ад іх пісем. Тут я пачуў, што нешта каля мяне блізка ўпала. Гляджу, а той аўстрыец галавой паказвае «вазьмі!» Гэта быў кавалак недаедзенага ім бутэрброда.

    Калі нас перадавалі іншай каманьдзе, каб пагнаць у лягер у горад Шапятоўку, фэльтфэбэль-аўстрыяк сунуў мне ў руку шматок ад газэты, дзе быў напісаны адрас ягонай сям'і. Шапнуў, што калі выжыву ў палоне, дык каб па гэтаму адрасу зайшоў і сказаў, што ён мяне ўзяў у палон гэтай даты — дня, месяца й году — што ён мяне не застрэліў і што ўзяў мяне ў палон пад «Каркаў» (Харкаў). А яшчэ параіў, каб я йшоў у салдацкі лягер, бо ў афіцэрскім вельмі кепска.

    Нас пагналі ў Шапятоўку. Немцы баяліся, каб мы не занесьлі тыфусу да іх. У Шапятоўскім пересыльным лягеры загадана было адзежу аддаць на дызынфекцыю — у «вашапрудку», а нам вымыцца ў лазьні. Узяў я з сабой у лазьню гадзіньнік і брытву, а калі выйшаў, свае адзежы не адшукаў. Убраўся ў тое, што засталося: у падраныя чаравікі, потам сьмярдзючую гімнасьцёрку ды старыя салдацкія нагавіцы. Мая адзежа была чыстая й новая, і хтось скраў яе, пакінуўшы мне сваю. Сярод столькіх палонных адшукаць украдзенае было ўсё роўна, што знайсьці голку ў стозе сена.

    З Шапятоўкі я трапіў з палоннымі ў Польшчу, у горад Кельцэ. У лягеры было ўжо многа нашых. Прыгналі за калючы дрот у двор «Чырвоных кашараў», як іх называлі мяйсцовыя жыхары, якія, казалі, збудаваў рускі цар, калі валодаў Польшчай. На дварэ быў «базар» ваеннапалонных: «Каму гарохі? Гарохі каму? Гарохі! Гарохі! Дзесяць гарохі — адна чвэрць цыгарэты!» Тут, на «базары», гандлявалі «гарохі», кавалачкамі хлеба й цыгарэтамі, разрэзанымі на чатыры часткі. Хлеб і цыгарэты былі тут мераю ўсіх вартасьцяў, адзіным ходкім таварам. Хлеб — нейкая мешаніна з апілкаў, аўсяных асьцюкоў ды дамешку нейкай мукі, — цьвёрды, цяжкі й шурпаты. Аднак ён яшчэ неяк трымаў на нагах галодных палонных.

    Пражылі два месяцы. Пачалі сьцягваць з голых нараў памерлых. Мерцьвякоў клалі на падводу ды адвозілі закапваць у сасновы лясок, што быў паблізу лягера. Паміралі перадусім тыя, хто за адну чвэртку цыгарэты аддаваў свой хлеб-пайку на дзень выдадзеную пры раздачы «зупы» з кальрабі й капуснага лісту без усялякага тлушчу. Спалі на голых дошках у тры ярусы. Моцныя займалі першы ярус, дзе не было так смуродна й задушліва. На другі ярус, хто ня мог залезьці, падсаджвалі, на трэці — усьцягвалі. Многія проста сядзелі або ляжалі на падлозе. Па іх тапталіся нагамі.

    Аднойчы на «базары» я напаткаў былога нашага палітрука Кулікова. Ён стаяў каля грузіна, які гандляваў «гарохі».

    — Здарова, як жывеш, Кулікоў? Чым гандлюеш?

    — Родиной! Вот здесь мы все и подохнем. Лучше уже было умереть сразу от пули на фронте, чем медленно подыхать от голоду!

    — Выжывем. Ты ж ня курыш, дый я некурашчы. Падыхаюць тыя, якія за адну зацяжку дыму аддаюць свой хлеб, што толькі яшчэ й трымае на нагах. Скончыцца вайна, паедзем да сваіх сем'яў!

    Кулікоў засьмяяўся:

    — Ты, как ребёнок или придурок, Шевцов! Мы же с тобой предатели Родины. Нарушили присягу. Сдались живыми в плен. Нам не будет никакого прощения!

    На гэтым «базары» адшукаў мяне повар-раздатчык, з калмыкаў. Аднойчы, калі я стаяў у чарзе дастаць «зупы» й свой кавалачак хлеба, повар-калмык убачыў на маёй руцэ гадзіньнік. «Прадаеш? — пытаецца, ды шэпча: — Бохан хлеба й кожнага разу поўны чарпак «зупы» з самага дна». «Сустрэнемся на «базары», — адказваю, — там і патаргуемся». Вось ён і адшукаў мяне. Па