МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пад бел-чырвона-белым

Аўтар: Алехнік А.
Раздзел: Успаміны, Персаналіі
Краiна: Аўстралія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

АЛЕСЬ АЛЕХНІК

ПАД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМ

(MEMENTO PATRIAM)

РУНЬ

ВЫДАВЕЦТВА ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

Вільня 1999

UDK 882.6-94

A49

Аўтабіяграфічная кніга А. Алехніка

„Пад бел-чырвона-белым (Memento patriam) "

чарговая кніга Выдавецтва „Рунь ".

Кніга выдадзеная на сродкі аўтара.

ISBN 9986-9228-4-4

© Алесь Алехнік, 1999

Беларускі сьвет

Бежанцы, высланцы, эмігранты, паяжджане - гэтыя тэмы й вобразы занялі сталае месца ў беларускай гісторыі ды літаратуры. Кніга, якую трымае ў руках чытач, менавіта з гэтай паліцы.

Аўтар кнігі, Алесь Алехнік, знакаміты дзеяч беларускай эміграцыі паваеннай пары. Раней бязьлітасны камуністычны рэжым, а цяпер цяжар пражытых гадоў не дазволілі яму вярнуцца, ці хоць бы адведаць сваю Бацькаўшчыну. Спадар Алесь вяртаецца да яе з дапамогай гэтай сваёй кнігі. Гэтак біблейны „блудны сын" вяртаецца да бацькоў Гэтак бацька ў тэстамэньце адпісвае спадчыну сваім дзецям...

Вельмі цікавым ёсьць жанр гэтай кнігі. Аўтар не засяроджваецца на адной сваёй аўтабіяграфіі, ён піша сваю гісторыю сьвету, сьведкам якой зьяўляўся й зьяўляецца дагэтуль. Ведама ж, багата на старонках гэтай гісторыі й прыватных успамінаў - сапраўды асабістых, індывідуальных, непаўторных, дасканала й з досьціпам пададзеных. Дастаткова тут і публіцыстыкі - палітычнае крэда аўтара, ягоныя ацэнкі ды назіраньні за фактамі найноўшай гісторыі.

I яшчэ. Хацеў ці не хацеў таго аўтар, але кніга ягоная набыла яшчэ адзін цікавы аспэкт. Месца свайго новага жыхарства, далёкую ад нас, экзатычную Аўстралію, ён палюбіў як другую сваю Радзіму й апісвае яе зь няменшым замілаваньнем, чым Беларусь. Адно чытаць пра Аўстралію ў звычайным падручніку геаграфіі, а зусім іншае - глядзець на яе вачыма свайго земляка...

Алесь Алехнік напісаў пра Аўстралію, хтосьці іншы, мажліва, напіша пра Канаду, Амэрыку, Аргентыну, Казахстан, Расею: беларусы сёньня расьцярушаныя па ўсім сьвеце (мяркуецца, што недзе каля чатырох мільёнаў беларусаў жыве цяпер па-за межамі мэтраполіі). I калі паглядзець з аднаго боку, дык Беларусь нібыта „абкрадзеная" на кожнага нашага эмігранта - а выяжджалі ж не абы якія людзі! - аднак, зь іншага боку, праз кожнага эмігранта Беларусь заваёўвае цэлы сьвет.

Віленскае выдавецтва „Рунь" спадзяецца, што гэтая кніга запачаткуе цэлую сэрыю прысьвечаную беларускай эміграцыі. Беларусы, апынуўшыся па-за межамі Бацькаўшчыны, не згубіліся, ня зьніклі. Яны стварылі свой непаўторны, унікальны „беларускі сьвет". Аўтару гэтай кнігі, Алесю Алехніку, дзякуем за магчымасьць пабачыць яго, а чытачам зычым прыемнага „кругасьветнага" падарожжа.

Сяргей Вітушка

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Урочышча Перунова

Жыцьцё на хутары

Я прыйшоў на гэты сьвет у сераду, 31 ліпеня 1929 году, на бацькоўскім хутары ва урочышчы Перунова, які знаходзіўся прыблізна 9 кілямэтраў ад тагачаснага мястэчка, а цяпер вёскі Лахвы, што месьціцца недалёка ад раённага гораду Лунінца пры галоўнай чыгунцы Берасьце - Пінск - Лунінец - Мазыр - Гомель. Панадворак нашай сядзібы быў квадратны. З захаду стаяла хата, у якую ўваходзілася цераз сенцы, з каторых дзьверы вялі таксама ў каморку, дзе трымаліся усе патрэбныя „да хлеба" прыпасы: сала, масла, сыр ды сьмятана. На усход, насупраць хаты, стаяла клуня, дзе захоўвалася й малацілася жыта, проса, ячмень ды грэчка. З паўночнага ад двара боку стаяў хлеў, дзе начавалі й зімавалі каровы, сьвіньні, коні ды авечкі, а пад страхою, на вышках, складвалася ды перахоўвалася узімку сена. На поўдзень, паміж клуняй і хатай, быў пабудаваны сьвіронак, дзе трымалі скрыні з намалочаным збожжам, і акурат каля яго - пограб, які бацька яшчэ перад вайной уцэмэнтаваў у невялічкім пяшчаным пагорку. Пограб быў летам нашаю лядоўняю, а узімку служыў агравальнікам для бульбы й іншай гародніны. У сярэдзіне двара быў спачатку драўляны, а потым цэмэнтовы калодзезь, зь якога мы чэрпалі вядром чыстую й халодную ваду. На памянёным ужо пяшчаным пагорку быў збудаваны вятрак, і я помню, як да нас прыяжджалі цэлыя абозы фурманак, нават з далёкіх ваколіцаў, малоць жыта. Я любіў ляжаць пры ветраку на сагрэтай сонцам зямельцы й назіраць, як з рыпеньнем круцяцца ягоныя магутныя крылы.

Другі паверх ветрака быў таксама мейсцам зборкі для вясковых дзяўчатаў і хлапцоў. I часта летнімі вечарамі па ўсім навакольлі ад ветрака разыходзіліся хвалі вясёлых песьняў нашых прыгожых і дзяўчатаў, якія цэлы дзень жалі жыта, а вечарамі ўсё яшчэ мелі досыць энэргіі, каб заліваць ваколіцу мілагучнымі й цудоўнымі мэлёдыямі.

Мае родныя бацькі, Апанас ды Феадося Алехнікі, былі сумленнымі й досыць цяжка працуючымі гаспадарамі, і, дзякуючы іхняй няўтомнай працы, мы былі добра забясьпечаныя хлебам і „да хлеба". Ня помню, каб я калі быў галодны й ня меў што есьці, бо з нашага стала хлеб ніколі не зьнікаў, і кожны з нас мог у кожны час пайсьці ў хату і ўзяць сабе лустку хлеба з маслам ці сырам. Я асабліва любіў хлеб з маслам і заўсёды казаў маме, каб масла на хлебе не было танчэйшае за хлеб. Масла я згрызаў, а хлеб хаваў у парожні ад пчолаў вулей.

Сапраўднымі вялікімі падзеямі майго дзяцінства былі паездкі возам у „горад", як мы тады казалі, Лахву, бо там была вялікая мураваная царква, панскі маёнтак, пошта й шмат жыдоўскіх пасадаў з лаўкамі, дзе мае бацькі куплялі нам, дзецям, цукеркі, абаранкі й часам нават нейкай чырвоненькай леманады, якая для мяне была насмачнейшая ў сьвеце. Радасна й цікава было таксама бачыць столькі людзей з розных, невядомых мне тагды мясьцінаў, назіраць, як вялікія лодкі-дубы, нагружаныя таварамі, прыплываюць з прамысловага мястэчка Давыдгарадка й іншых прыбярэжных паселішчаў Прыпяці.

Абое мае бацькі нарадзіліся ў вёсцы Асіповічы, што непадалёк ад гораду Кобрына на Берасьцейшчыне, адкуль мой дзед, Каленік Алехнік, пераехаў жыць на хутар ля Лахвы яшчэ перад 1-ай Сусьветнай вайной, калі царскі ўрад пачаў распрадаваць там хутары на сплату. Уся зямля тагды была пакрытая сасновым борам з дамешкам дубоў, клёнаў і бярозаў, а балоты былі заросшыя бярозкамі й лазой. Ачышчэньне зямлі пад пасевы жыта й іншых сельскагаспадарчых культураў рабілася ўручную з дапамогай валоў Сасновыя бары прадаваліся купцам з Лахвы й Лунінца й мясцовыя хлопцы добра зараблялі на павале й карчаваньні прадаванага лесу.

Мая маці, Феадося, паходзіла са старыжытнага беларускага роду Чопкаў, нашчадкі якіх і сёньня жывуць навокал Берасьця й Кобрына. У былі моцна закранутыя ліхалецьцем 1-ай Сусьветнай вайны, маці мая і ўся ейная сям'я моцна пацярпелі, бо былі вывезеныя ў „бежанцы" ў Расею перад нямецкім наступленьнем, і там, у Расеі, перажылі ўсе канвульсіі так вайны, як і камуністычнай рэвалюцыі. Бацька маёй маці, мой дзед Масей Чопка, быў тагды ў рускай арміі, а ейная маці, мая бабка, памерла ў Расеі ад тыфуса. I так мая маці, будучы найстарэйшая з усіх дзетак, сталася яшчэ недаросшай апякункаю ўсёй сям'і на чужыне. Пасьля распаду Расейскай Імпэрыі й з пачаткам грамадзянскай вайны мой дзед Майе ей Чопка адшукаў сваіх дзяцей, і ўсе яны падаліся, пераважна напеша, з далёкага Падмаскоўя назад да Берасьця, у Беларусь, дзе знайшлі сваю гаспадарку спаленай і разбуранай. Дапамогі ні ад каго не было, і, каб не памерці з голаду, маці мая пайшла шукаць свайго дзядзьку Васіля Байдука, кагоры жыў „недзе на хутары ля Лахвы". Доўга так блукала мая маці, шукаючы свайго дзядзьку, знайшла яго нарэшце й пачала працаваць у яго ў прыслутах. За год працы яна заробіла цялушачку й пагнала яе напеша дамоў пад Бярэсьце...

Напад ваўка

Змалку я надта любіў слухаць усе гэтыя прыгоды з вандраваньня маці па наглым Палесьсі й помню, як яна расказвала пра тое, як на ейную цялушачку аднойчы напаў воўк. Здарылася тое недзе недалёка ад Шнеку, калі мая маці, моцна змучаная дарогаю, вырашыла пераначаваць ля адной вёскі проста на зямлі, на пасьвішчы, паблізу ад першых вясковых хатаў. Кладучыся спаць, маці прывязала цялушку вяроўкай да сябе. Ноччу яна была абуджаная дзікім равеньнем цялушкі, ускочыла на ногі й пабачыла, што цялушку хоча задушыць аграмадны воўк. Цялушачка, хаця й была ўжо параненая ваўком, не здавалася й кідалася ва ўсе бакі, часта зьбіваючы з ног сваю гаспадыню. Маці таксама пачала адбівацца ад ваўка тым кіем, зь якім не раставалася ў дарозе. Аднак воўк не зварочваў жоднай* увагі на маму й хацеў зваліць з ног цялушку. Матчыны крыкі й равеньне цялушкі пачулі вясковыя сабакі. Адзін адважны сабака падбег да іх і з брэхам пачаў круціцца вакол ваўка. Скора падбеглі й іншыя сабакі, і воўк паволі пачаў адступаць. За сабакамі прыбеглі й людзі. Калі ваўка адагналі, адзін гаспадар узяў маю маму зь цяляткам да сябе й даў ім пераначаваць у сваім хляве. Раніцай маці прадоўжыла сваё падарожжа дамоў, у вёску Асіповічы... Яна потым ніколі не забывала тых добрых людзей і іхных сабакаў, якія абераглі яе й цялушку ад ваўка, часта спамінала іх і ставіла нават сьвечку ў царкве за іхняе здароўе. Шкада, што я ня помню ані назвы той вёсачкі пад Пінскам, ані прозьвішчаў тых добрых людзей, якія ўратавалі маю маці ад ваўка.

*ніякай: тут і паўсюль захаваныя лексычныя асаблівасьці рукапісу - заўв. рэд.

Маці шчасьліва дайшла дамоў, і з гэтай цялушачкі мой дзед Майсей Чопка зноў завёў статак і адбудаваў сваю гаспадарку, і, як доказ пашаны да яе - трымаў тую цялушку аж да самай ейнай сьмерці. А мая маці, пакінуўшы заробленую ёю цялушку ў Асіповічах, вярнулася напеша назад, і, прайшоўшы ці ня 300 кілямэтраў, дайшла да Лахвы, дзе пазнаўшыся ды пабраўшыся шлюбам з маім бацькам, засталася жыць на ягоным хутары.

Мы - беларусы!

Беларусь тагды была ўжо падзеленая паміж Польшчаю й Савецкім Саюзам, і мы жылі на польскім баку прыблізна 40 кілямэтраў ад польска-савецкай мяжы. Школа ў нас была польская, знаходзілася яна ў Перунове й месьцілася ў будынку, які фактычна й быў пабудаваны дзеля гэтай мэты маім бацькам, ягоным братам Паўлам Алехнікам і другім маім дзядзькам Нікітычам на адлегласьці прыблізна адной вярсты ад нашага хутару, і які мясцовая самаўправа, гэтак званая „гміна", вынаймала пад школу

Першы з нашай сям'і пайшоў вучыцца мой старэйшы брат Грыгор, катораму польская мова спачатку давалася зь цяжкасьцю, і я, лежачы на печцы, часта зь цікавасьцю слухаў, як брат вывучаў розныя школьныя заданьні. Чуў, як ён чытаў у кніжках пра нейкія „нацыі" й „народы" ды „паньствы", пра змаганьне палякаў зь іншымі народамі за сваю незалежнасьць, пра Францыю, Амэрыку й Нямеччыну. Аднаго разу, прыблізна ў чатырохгадовым веку, я ня мог больш устрымаць сваёй цікавасьці й запытаўся ў прыйшоўшага да нас і седзячага „на запічку" майго дзеда, Каленіка Алехніка, пры бацьку й дзядзьку Пятру Якоўчыку:

- Хто мы?

Мой дзед спачатку быў трошкі заскочаны такім пытаньнем свайго малога ўнучка, паглядзеў на мяне, на іншых у хаце й толькі тагды сказаў:

- Па нацыянальнасьці мы - беларусы, а па рэлігіі - праваслаўныя! Я глянуў на бацьку й на дзядзьку й абодва ў знак падцьверджаньня кіўнулі мне галавой. Гэтыя сьвятыя для мяне словы зусім неадукаванага майго дзеда Каленіка яшчэ ў маленстве паставілі мяне на той нацыянальна-вызвольны шлях, па якім я йшоў і надалей іду да сёньняшняга дня.

Згодна з тагачасным польскім школьным законам дзеці йшлі ў школу зь сямі гадоў Аднак калі мая, на два гады старэйшая сястрычка Ганна пачала гатавацца да школы, я таксама пачаў дамагацца, каб і мяне запісалі ў спіс вучняў ужываючы пры гэтым розныя дзіцячыя „хітрыкі": крык, плач, нават галадоўку. I мой бацька пайшоў да настаўніка нашай Перуноўскай школы, паляка з гораду Быдгошч Леона Прыбы, з просьбай дазволіць мне, пяцігадоваму, таксама хадзіць у школу. Настаўнік зрабіў зь мяне экзамен, выслаў рэзультат гэтага экзамену з дадаткам сваёй думкі ў Акруговае Бюро Асьветы і я, пяцігадовы Алесь Алехнік, пачаў сваю фармальную адукацыю.

Школу й вучобу я надзвычай любіў. Мне літаральна не хапала кніжак для чытаньня, і я стараўся знайсьці штоколечы новае, каб задаволіць сваю цікаўнасьць да навакольнага сьвету. Я пачаў браць ад свайго настаўніка Леона Прыбы мясцовую, выдаваную ў Лунінцы, польскую газэтку, на бачынах якой чытаў пра „дэбаты ў Сойме", „канфэрэнцыі" й розныя іншыя падзеі. Аднак адной з самых цікавых навінаў была для мяне вестка аб тым, што недзе недалёка ад Лунінца вылез на чыгунку вясковы бык, які катэгарычна адмовіўся зыйсьці з рэйкаў і змусіў цягніка з Баранавічаў затрымацца й спазьніцца на 10 хвілінаў Улады пакаралі гаспадара таго „настойлівага" быка на некалькі дзясяткаў злотых.

А тым часам узрастала ўкладзеная мне ў розум і душу нацыянальная сьвядомасьць, і калі памёр маршал Пілсудзкі, я, не здаючы сабе справы, што раблю, сказаў свайму стрыечнаму брату Валодзю Алехніку:

- Няхай палякі плачуць, а мы плакаць ня будзем!

Пачуў тое, праходзячы ля нас, Валодзін бацька Павал Алехнік, узяў мяне за карак і сказаў:

- Ты пільнуйся і уважай, што гаворыш, бо табе, шчанюку, нічога ня зробяць, а твайго бацьку паліцыя заб'е за такія словы гумамі да сьмерці!

Я сапраўды спалохаўся, бо чуў ужо, што польскія паліцыянты зьбівалі нашых людзей гумамі да непрытомнасьці, і з той пары пачаў паводзіць сябе больш абачліва, сачыць за тым, дзе й што гавару.

Война й прыход бальшавікоў

У 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, і скора па прыходзе камуністаў я зразумеў, што яны нас, Алехнікаў ня любяць. Я быў моцна абураны й зьдзіўлены, што не ўзьлюбілі нас камуністы менавіта праз тое, за што нас заўсёды шанавалі людзі: за сумленную працу маіх бацькоў, дзякуючы якой яны ня толькі забясьпечвалі сваю сям'ю, але й дапамагалі іншым.

Наша Перуноўская школа тым часам перайшла на расейскую мову навучаньня, хаця, зрэшты, новыя настаўнікі, добра нам знаныя местачковыя людзі жыдоўскага паходжаньня Яша й Хаім, ня толькі што дазвалялі, а нават і заахвочвалі чытаць і вучыцца па-беларуску. Яны змаглі дастаць шмат беларускіх школьных кніжак, якія раздалі нам і якія я вельмі любіў чытаць, асабліва падручнікі па арытмэтыцы й чытаньню. Беларускія кнігі я не выкідваў зьбіраў іх як мага больш і складваў у „сундук". З польскага ж на савецкі мэтад навучаньня я перайшоў без жоднай труднасьці, хаця савецкая навука была шмат наперадзе былой польскай.

Па прыходзе бальшавікоў адразу пачаліся штодзённыя мітынгі ў школе, на якія ўсе павінныя былі прыходзіць, не зварочваючы на працу й розныя гаспадарчыя патрэбы. На гэтых мітынгах прысланыя бальшавіцкімі ўладамі прапагандысты намагаліся змусіць нашых людзей рабіць даносы на „кулакоў" і „ворагаў народу" - і мае бацькі

ды сваякі, як я разумеў, якраз і былі тымі „ворагамі народу" й „кулакамі". Ведаючы, што яны ні ў чым невінаватыя, я моцна пера-жываў і непакоіўся за іхні лёс. Асабліва пасьля таго, як і да нас у школу пачалі наяжджаць „настаўнікі" й дапытвацца ў дзяцей пра іхніх бацькоў, з кім яны гаварылі ды з кім сустракаліся. Сваім яшчэ дзіцячым розумам я зразумеў, што трэба быць вельмі асьцярожным і ведаць з кім і пра што гаварыць.

Даходзіла да сьмешнага. Аднойчы, вяртаючыся дамоў ад дзядзькі Пятра Якоўчыка й разважаючы пра ўсё тое хвальшывае й подлае, што пачало ў нас адбывацца ад часу прыходу камуністаў, я раптам пачаў азірацца: а што калі часам нехта падслухае мае думкі? I, сапраўды, людзі тагды перасталі весела й адкрыта пра ўсё гаварыць, і нават мае бацькі пры стале пачалі пра нешта перашэптвацца, каб не пачулі мы, малыя. I я зразумеў: усім нам пагражае небясьпека!

Неўзабаве па прыходзе камуністаў да нас, „кулакоў", прыслалі на кватэру аднаго палітрука па прозьвішчу Кірэйчык, з Баку, каторы, натуральна, моцна хваліў савецкую ўладу, аднак часта неяк углыбляўся ў свае думкі, доўга маўчаў і пасьля гаварыў: „Вот у вас в Белоруссии люди живут хорошо!" Падабаліся яму таксама й нашыя беларускія дзяўчаты. Гэты палітрук, напэўна, пачынаў сумнявацца што да праўды сваёй собскай прапаганды і часам ноччу ўставаў і падыходзіў да маёй маці, якая прала кудзелю, і, як быццам пад уплывам гіпнозу, хваліў добрае жыцьцё ў Беларусі й беларусаў за іхнюю шчырасьць і адкрытасьць.

Па прыходзе бальшавікоў і з наездам вялікай колькасьці маскалёў я пазнаў тую значную розьніцу, якая йснуе паміж беларускай і рускай мовай, а таксама даведаўся, што мая маці, якая некалькі гадоў жыла „ў бежанцах" у Расеі, добра размаўляе па-руску, і я часта ноччу слухаў, як яна „беседовала" з палітруком Кірэйчыкам.

Напачатку 1940 году па Палесьсі хадзілі чуткі, што да нас з БССР ідзе вялікі таварны эшалон з матар'яльнаю дапамогаю заходнім братам-беларусам. Эшалон той аднак да нас так і не дайшоў, і палітрук Кірэйчык падазраваў у гэтым „сабатаж ворагаў народу". Тагды ж пачуліся й першыя „апраўданьні" камуністаў за іхнія няўдачы й няўмельства ў гаспадараньні ў Заходняй Беларусь Самым распаўсюджаным „апраўданьнем" была „засуха", і я сам чуў, як палітрук аднойчы сказаў маме: „Вот, чёрт побери, куда бы мы не пришли - везде начинается засуха!"

Меней-болей у гэты самы час адбылося непаразуменьне паміж мной і гэтым палітруком Кірэйчыкам на глебе вялікай розьніцы палеска-беларускай і расейскай мовы. Неяк маці папрасіла мяне „зьбіць" масла, і калі я яго зьбіў, зрабіла мне абедзік з сьвежай масьлянкі, у якой плавалі кавалачкі сьвежазробленага масла, да чаго маці дадала тварагу й яшчэ чагось, - гэта была для мяне вельмі смачная страва. Як толькі я пачаў есьці, увайшоў Кірэйчык, і запытаўся ў мяне, ці мой абед „хорош"? Я, кепска разумеючы расейскую мову, баючыся ўваходзіць зь ім у дыскусію, проста пасунуў яму міску й сказаў: „На, покушай!", маючы на ўвазе, каб ён пакаштаваў маю ежу, ці смачная. Гляджу, а ён адкрыў рота й лыжка за лыжкай кладзе туды, і толькі тагды аддаў маю міску, калі ў ёй ужо нічога не засталося. Пасьля мама выслухала мой „рапарт" пра тое, што адбылося, засьмяялася й растлумачыла мне, што слова ці сказ „на, пакушай" па-расейску азаначае „на, еж усё"!

Скора пасьля гэтага здарэньня палітрука Кірэйчыка паслалі на Фінляндзкі фронт падбадзёрваць гінуўшых там дзясяткамі тысячаў чырвонаармейцаў, і мы атрымалі ад яго толькі адзін ліст. Напэўна, ён таксама загінуў, змагаючыся зь фінляндзкай „нацыянальнай буржуазіяй", якая адмовілася бяз бою аддаць Савецкаму Саюзу сваю тэрыторыю.

У сьнежні 39-га або ў студзені 40-га (помню, што была зіма) я быў сьведкам аднаму эпізоду, які зрабіў на мяне вялікае ўражаньне й станоўча паўплываў на ўзрастаньне маёй нацыянальнай сьвядомасьці. Мы з мамай ехалі цягніком у Пінск і з намі ў купэ сядзелі яшчэ тры асобы. Зь левага боку ля дзьвярэй сядзеў чырвонаармеец, каторы ехаў некуды пад Кобрын. Ля вакна, таксама зьлева, сядзеў старэйшы мужчына з Варонежа, які ехаў у Берасьце, каб абняць там нейкае важнае становішча ў мясным камбінаце. А з правага боку ля нас з мамай сядзела досыць прыгожая сярэдняга веку жанчына з Гомеля, і яна ехала ў Берасьце наглядаць за навучаньнем беларускай мовы ў школах. Пазнаёміўшыся, мама расказала іншым, хто мы такія й што мы жывем на хутары. I гэтая жанчына запыталася ў мяне, на якой мове вядуцца заняткі ў нашай школе. Атрымаўшы адказ, што на расейскай, яна запісала нешт ў сваім нататніку. Чырвонаармеец праз усю дарог наракаў, што купіў білет ехац у вагоне зь мяккімі лаўкамі, і едзе ў былым польскім, трэць цяклясным вагоне, дзе ўсе лаўкі былі цьвёрда-драўляныя Расеец з Варонежу расказваў як ён будзе „вучыць" беларусаў працаваць на мясным камбінаце. Але найболей мне падабалася жанчына з Гомеля якая на чысьцюткай беларускай мове расказвала пра тыя вялікія посьпехі, якія ўжо былі асягнутыя савецкаю ўладаю ў Беларусі, асабліва ў галіне асьветы, а таксама пра тую „тэхніку й прамысловарьць", дзякуючы якой СССР „даганяе й пераганяе" буржуазныя краіны.

Расейцу з Варонежа не падабалася беларуская мова, а можа ён яе не разумеў, і ён часта перапыняў гутарку жанчыны словамі: „Извините, что вы сказали?" Жанчына тагды спакойна паўтарала тое, што яна ўжо гаварыла раней, але таксама па-беларуску. Нарэшце, на пад'езьдзе ўжо да Пінску, расеец ня вытрымаў і паднятым голасам сказаў: "Что-то я не понимаю вашего странного языка. Почему вы не говорите по-русски?" Я тагды яшчэ не разумеў значэньня слова „странного", аднак адчуў, што мы, беларусы, яму не даспадобы й яшчэ бліжэй прытупіўся да мамы, назіраючы за тым, што адбывалася. Чырвонаармеец маўчаў (ня ведаю, якой нацыянальнасьці ён быў), але беларуска з Гомеля не змаўчала й дала маскалю рашучы адказ: „Вы, таварыш, едзеце па беларускай чыгунцы, на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, едзеце займаць высокае становішча, дадзенае вам урадам БССР, - дык чаго Вы да нас прыехалі, як Вы нас ня любіце?" Маскаль быў вельмі заскочаны такім рашучым адказам нашай беларускай патрыёткі, разявіў рота й вырачыў на яе вочы, і мне вельмі хацелася знаць што было пазьней, - ды наш цягнік спыніўся й мы з мамай выйшлі з купэ...

З таго часу мінула ўжо больш за 50 гадоў, аднак я ніколі не забуду той жанчыны -беларускі, якая не паддалася й дала добры адпор маскалю, даказаўшы тым самым, што з ворагамі трэба змагацца й сваё трэба абараняць! Няма ўжо пэўна ў жывых той нашай патрыёткі - дык няхай ёй вечная слава й памяць!

Пад канец 1940-га мы зналі, што ўжо былі запісаныя „на вываз" у Сыбір. I вясною таго самага году бацька забраў усіх нас, апрача брата Грыгора, каторы быў на чыгуначным вучылішчы ў Лунінцы, і завёз нас да фатографа ў Лахве, і там мы зрабілі „сямейнае фота" й заказалі іх шмат, каб кожны з нас меў сабе некалькі на памятку, каб мелі мы на што глядзець і што будзе прыпамінаць нам нашу сям'ю й нашу Радзіму пасьля вывазу ў Сыбір.

Нашыя мяйсцовыя камуністычныя лідары, уключаючы жывучага ад нас пепадалёк „прадсядацеля" Грыгора Літвінко, былі ўсё яшчэ даволі добрымі людзьмі, і гэты самы Грыгор Літвінко даў нам знаць, што мы былі запісаныя на вываз на канец чэрвеня 1941 -га. Мама ўжо падгатаўляла кожнаму з нас торбы, у якія панакладала розныя, патрэбныя для жыцьця ў Сыбіры рэчы. Ды, як ведама, у чэрвені 1941 году нямецкі дыктатар Гітлер напаў на свайго былога сябру, маскоўскага дыктатара Сталіна, - і гэтым самым перашкодзіў камуністам вывезьці сям'ю Апанаса Алехніка на катаргу й магчымае зьнішчэньне ў Сыбір.

Прыход немцаў

Нямецкае войска спачатку пайшло наперад зь вялікім тэмпе й маланкавай хуткасьцю, але ў той самы час, калі Цэнтральна-Беларускі і Ўкраінскі фронт займалі Менск і Кіеў, нашае беларускае Палесьсе было пакінутае ў спакоі, і камуністы ў нас былі пры ўладзе даўжэй. I, напрыклад, адзін наш мяйсцовы жыхар, які, засуджаны савецкаю ўладаю, сядзеў у Мазырскай турме (100 кілямэтраў на ўсход ад нас) і быў вызвалены немцамі, прыйняўшы дамоў, застаў там савецкую ўладу, або, хутчэй, безуладзьдзе, бо камуністы паўцякалі або пахаваліся. Наш „прадсядацель" Грыгор Літвінко застаўся дома, і немцы, якія мелі добрую інфармацыю, хто кім быў і чым займаўся пры саветах, адразу арыштавалі яго. Вызвалі майго бацьку й настаяцеля лахаўскай царквы па прозьвішчу Шашко, каб яны выказалі думку аб „прадсядацелі Літвінко. Абодва заручыліся за Грыгора Літвінко, сказаўшы, што ён ёсьць добры чалавек, якім ён фактычна й быў, і немцы выпусьцілі яго на волю.

Прыблізна два гады пазьней гэты самы „прадсядацель" Літвінко, будучы ўжо ў партызанах, уратаваў жыцьцё майго бацькі, каторага арыштавалі прысланыя з-пад Бранска партызаны (засланыя фактычна Масквой, каб запабегчы стварэньню беларускай нацыянальнай партызанкі), якія ўжо было паставілі бацьку пад бярозай на растрэл. Аднак заўважыў гэта, праходзячы непадалёк, Грыгор Літвінко й яшчэ адзін партызан па прозьвішчу Скрыпка. Яны пайшлі ў штаб тых бранскіх партызанаў і дамагліся, каб бацьку майго выпусьцілі на волю.

Восень 1941-га на Палесьсі была надта мокрая й нашыя балоты былі залітыя вадой. I гэтая паводка, гэтыя залітыя вадой балоты былі вялікаю перашкодаю ўцякаючым зь нямецкага палону чырвонаармейцам. Наколькі мы ведалі, спачатку мала хто з чырвонаармейцаў хацеў ваяваць супраць наступаючых немцаў Верачы гітлераўскай прапаганьдзе, што з палоннымі чырвонаармейцамі немцы будуць абыходзіцца па-людзку, цэлыя савецкія карпусы й нават арміі амаль бяз бою здаваліся ў палон. Гітлер аднак скора паказаў усю сваю хвальшывасьць і подласьць і аддаў загад сваім каманьдзірам абыходзіцца з палоннымі савецкімі жаўнерамі горш за быдла. I так пачаліся лютыя й нялюдзкія зьдзекі некаторых нямецкіх каманьдзіраў над былымі чырвонаармейцамі. Я наўмысна пішу „некаторых", бо даволі шмат нямецкіх каманьдзіраў-франтавікоў не выконвалі загад Гітлера й я сам асабіста спатыкаў чырвонаармейцаў, каторых немцы пасьля допыту адразу адпускалі на волю: асабліва тых, месца жыхарства якіх ужо было занятае нямецкім войскам або мусіла быць хутка занятым.

З заменай франтавых каманьдзіраў тылавікамі й з прыездам гестапоўцаў ды іншых вельмі паслухмяных Гітлеру службоўцаў распачаліся брутальныя рэпрэсіі супраць палонных з мэтаю як мага болей зьнішчыць іх, пачаліся масавыя ўцёкі ваеннапалонных зь лягероў. Сытуацыя, у якой апынуліся палонныя чырвонаармейцы, сапраўды была трагічнай. У лягерох ім пагражала сьмерць ад голаду й зьдзекаў а за лягерным дротам іх чакалі непраходныя, залітыя вадою палескія балоты й перасьлед немцаў

Першыя палонныя зьявіліся ў нашай частцы Палесься недзе ў верасьні 1941-га, і мае бацькі й сваякі, нягледзячы на нашую нянавісьць да камуністаў, адразу пачалі ратаваць іх. Кожная сям'я перахоўвала ў сябе 2-3 жаўнераў. З тых, што перахоўваліся ў нас і ў блізкіх нам сваякоў, былі пераважна беларусамі, было таксама пару расейцаў, некалькі чырвонаармейцаў з Грузіі й Арменіі, а адзін нават з далёкага Алтайскага краю. Гэты апошні часта хадзіў са мной наглядаць за статкам на хутары, сьпяваў нейкія сумныя песьні и казаў мне: „Сашка, не видать мне больше моих родных Алтайскіх гор!"

Свае беларускія хлапцы-чырвонаармейцы сапраўды былі „сваімі", і, нягледзячы на тое, што некаторыя зь іх былі „перакананымі" камуністамі, ніхто зь іх не падняў рукі супраць нас, хто камуністаў ненавідзеў, а нават тагды, калі бальшыня зь іх апынулася ў партызанах. Hi адзін зь іх не прыйшоў потым да нас з благім намерам, наадварот, яны прыходзілі, як да тых, хто дапамог ім у цяжкую хвіліну. Сьмела прыходзілі зь вінтоўкамі й аўтаматамі, каб павячэраць і пераначаваць, і мы ўсе трактавалі іх, як „свае". Мне найбольш зь іх падабаўся адзін дзядзька, родам аднекуль з-пад Віцебску. Я любіў гадзінамі ляжаць зь ім на печцы й слухаць ягоныя аповяды пра жыцьцё, сям'ю, пра розныя ягоныя прыгоды й здарэньні. Ён таксама моцна не любіў камуністаў і часта казаў: „Камуністы ёсьць найбольшыя брахуны й мардэрцы ў сьвеце!" Два іншыя беларусы, што тагды перахоўваліся ў нас, гаварылі яму, каб ён асьцярагаўся так кепска казаць пра камуністаў, але ён не пераставаў ганьбіць савецкую ўладу. Мне цяпер сумна й прыкра, што я ўжо ня помню ані ягонага прозьвішча, ані той вёскі зь няблізкай ад нас Віцебшчыны, адкуль ён паходзіў, бо палюбіў я яго, як свайго роднага дзядзьку.

Нямецкія вайсковыя ўлады выдалі адумысловы дэкрэт, у якім пагра-жалася карай сьмерці кожнаму, хто перахоўвае чырвонаармейцаў аднак дэкрэт гэты на нас, Алехнікаў, не падзейнічаў, і мы надалей ратавалі й перахоўвалі ўцекачоў зь нямецкага палону. Надыйшла зіма, мароз нарэшце скаваў лёдам балоты, і немцы нарэшце даведаліся, што мы перахоўваем ваеннапалонных. Але й наша мяйсцовая „беларуская" разьведка працавала тагды яшчэ вельмі добра, і я помню, як аднойчы прыбегла да нас адна жанчына, нешта сказала на вуха майму бацьку й скоранька пайшла назад. Бацька сабраў нашых чырвонаармейцаў, паведаміў, што немцы ўжо знаюць пра іх, і сказаў, што назаўтра завязе іх далёка ў балоты на сенажаці, знаныя ў нас як Грычын і Галя. Так і зрабіў Мама цэлую ноч падгатаўляла кожнаму торбу з хлебам, сырам і нават з кавалкам сала, а раненька -раніцай бацька й іншыя вясковыя мужчыны пазапрагалі коней ды завезьлі чырвонаармейцаў ажно пад самую былую польска-савецкую мяжу. Празь некалькі месяцаў, мы даведаліся, што бальшыня зь іх не змагла прабіцца празь нямецкія пасты й засталася ў партызанах.

На вялікі жаль, сярод добрага заўсёды знаходзіцца ці зьяўляецца нешта брыдкае, варожае ды подлае. Так здарылася і ў нас праз аднаго ўцекача-чырвонаармейца расейскага паходжаньня, імя й прозьвішча якога помню дагэтуль, Аляксандра Нязнанава. Яго знайшлі на поўзатопленага ў дрыгвяністым балоце, і маці мая начамі ня спала, прыводзячы яго да здароўя. Аднак акрыяўшы й пайшоўшы ў партызаны, гэты вырадак вярнуўся назад і шукаў майго бацьку, каб забіць яго, кажучы: „Вы, белорусы, думаете иначе, чем мы, русские!" Я са страхам глядзеў як ён пароў штыхом у хляве, шукаючы бацьку, аднак бацька мой, нібыта прадчуваючы надыходзячую пагрозу, некаторы час перад тым сказаў мне: „Пайду пашукаю грыбоў ці ягадаў". Так ён застаўся ў жывых. А тое, што нашым ворагам ізноў быў рускі, якому не падабаліся беларусы, яшчэ больш пераканала мяне ў справядлівасьці народнай прымаўкі„Як ваўка не кармі, ён усё роўна ў лес цягне". Дзякаваць Богу, той партызан з рускіх пасьля недзе прапаў бязь весткі, і мы яго больш ня бачылі.

Прыблізна цераз год пасьля таго, як мы адвезьлі сваіх ваеннапалонных у лясы й балоты, прыйшоў да нас ліст зь Віцебску. Ліст быў пабруджаны й запэцканы балотам: напэўна той цягнік, у якім ехала пошта, быў узарваны партызанамі, ды нямецкі сэнс парадку ўсё ж такі дазволіў гэтаму лісту дайсьці да нас. Мы нікога ў Віцебску ня зналі, апрача ўжо згаданага мной чырвонаармейца. На канвэрце была нямецкая пячатка „Віцебск", а ў ім картка, дзе было напісана, што „я дайшоў дамоў і знайшоў сваю сям'ю". Мы адразу зразумелі, што гэты ліст ад таго самага дзядзькі зь Віцебску. У сваім лісьце ён вельмі дзякаваў нам за дапамогу. I маёй радасьці не было канца! Дай Божа, каб ён перажыў вайну й застаўся надалей жыць на карысьць і пацеху свае сям'і й беларускаму народу.

Аднаўленьне вучобы ў дзесяцігодцы

Недзе праз тры месяцы пасьля прыходу немцаў маці прынесла з Лахвы вестку, што там ужо некаторы час адкрылася й працуе гімназія-Дзесяцігодка, і я адразу пачаў дамагацца, каб бацькі дазволілі мне вучыцца там. Бацькі спачатку зь неахвотаю паставіліся да маёй

просьбы, баючыся, што мяне могуць схапіць і вывезьці ў Нямеччыну. Ды нарэшце саступілі маім дамаганьням. Бацька паехаў у Лахву, найняў мне к"ватэру, і хутка я зь вялікім энтузіязмам і ахвотаю аднавіў сваю вучобу.

Надыходзілі квартальныя экзамены. Я сядзеў познымі вечарамі пры сьвятле керасынавай лямпы й вывучаў ня толькі што цяперашнія заданьні, але й тыя, якія прапусьціў. Вучоба была сапраўдным жыцьцём для мяне, вучыўся я з прыемнасьцю й даганяў тых, хто вучыліся ад самага адкрыцьця гімназіі.

Спачатку гімназія была „нічыёй" і ў ёй нават працаваў мой былы настаўнік з польскай школы Леон Прыба, а таксама й настаўнік з ужо савецкай школы Хаім. Аднак паступова нашая дзесяцігодка пачала „беларусізавацца" й я добра помню той дзень, калі наш настаўнік матэматыкі и альгебры паведаміў, што „ўзаўтра раніцай у кніжнай краме, што каля пошты, будуць прадаваць беларускія падручнікі". Яшчэ цёмненька сталі мы зь сябрамі першымі ў чарзе й купілі сабе некалькі розных беларускіх школьных кніжак, і адна зь іх называлася „Правапіс беларускай мовы", напісаная Бялевічам.

З таго часу ўсё больш і больш пачало прыходзіць беларускіх кніжак, і мы пачалі адчуваць, што сапраўды ўжо ходзім у беларускую гімназію. Аднак разам зь беларусізацыяй дзесяцігодкі пачаліся й новыя праблемы. Пайшлі да немцаў даносы, нібыта ў нашай гімназіі выхоўваюцца „камуністычныя кадры" й што яна ёсьць „камуністычнае гняздо". Пачаліся вобыскі, але ніякага кампрамату немцы не знайшлі. Ды ўсё ж як вынік тых пастаянных даносаў нямецкія ўлады гімназію закрылі. А пазьней, калі пайшлагаворка аб паўторным ейным адкрыцьці, ворагі беларусізацыі спалілі яе... Вось так і закончылася мая фармальная адукацыя ў Беларусі.

Была таксама спроба адкрыць пачатковую школу ў Перунове, і ейным настаўнікам стаў адзін з сыноў настаяцеля лахаўскай царквы Шашко, каторы штодзённа прыходзіў з Лахвы ў Перунова (за 9 кілямэтраў!) вучыць вельмі ахвотных дзяцей. Мяйсцовыя партызаны таксама падтрымоўвалі справу адкрыцьця школы, аднак іхныя камуністычныя палітрукі пастанавілі не дапусьціць аднаўленьня навучаньня й папярэдзілі настаўніка Шашко, што „перарэжуць яму горла", калі ён будзе хадзіць у Перунова й вучыць дзяцей. Спачатку настаўнік не паслухаўся палітруковай дыктацыі, тагды палітрукі спалілі й школу ў Перунове.

Як ужо зазначыў, я зьбіраў і складаў у вялікі „сундук" усё беларускае, што мог знайсьці. Пад канец 1942-га ў мяне была літаральна „запакаваная" вялікая бібліятэка. Аднакпрагэта дазналіся партызанскія камісары й аднаго вечара прыйшло да нас некалькі гэтых маскоўшчыкаў ды сканфіскавалі ўсе мае беларускія кніжкі, патлумачыўшы, што яны „нужны" ім для навучаньня партызанскіх дзяцей. Але знаёмыя нам партызаны казалі потым, што беларускіх кніжак у іхніх „партызанскіх школах" ніхто ня бачыў, і я мяркую, што маскоўшчыкі маю бібліятэку спалілі. Страта гэтага вельмі для мяне вялікага й каштоўнага збору балюча на мне адбілася, і я яшчэ больш не залюбіў тых, хто варожа ставіўся да беларусаў і ўсяго беларускага.

Мае бацькі, як бадай і ўсе мяйсцовыя людзі, каторых я знаў, не любілі камуністаў, але й немцам таксама ня верылі. Асабліва ня верылі ў перамогу немцаў, і я сам аднойчы чуў, як мой бацька, наражаючы сябе на нямецкі растрэл, гаварыў сваім суседзям і знаёмым, што немцы вайну ня выйграюць. Пра тое людзі часта пачалі казаць, калі супраць немцаў пачала ваяваць Амэрыка. Нашыя палешукі-беларусы былі тагды ў вельмі цяжкім становішчы: не любілі камуністаў, не давяралі немцам, не хацелі палякаў, але ня мелі таксама й нічога свайго беларускага. I магчыма таму нашыя людзі, а найбольш за ўсіх я, вельмі цешыліся найменшымі праявамі ці весткамі аб дзейнасьці беларускіх арганізацыяў, выдаваньні беларускіх газэтаў і г. д. Першая „Адозва" беларускага актыву, якую прывёз мне з Баранавічаў мой дзядзька Павал недзе напрыканцы 1941-га, была падпісаная былым беларускім сэнатарам у польскім Сойме Юрыем Сабалеўскім і закончвалася заклікам „Вас кліча Беларусь!"

Павал Алехнік, малодшы брат майго бацькі, быў назначаны немцамі - але вельмі неахвотным - старастаю й часта езьдзіў па службовых справах ў большыя гарады, Лунінец і Баранавічы, прывозячы адтуль некаторыя беларускія газэты, улёткі й расказваючы, што ў Баранавічах Ужо ёсьць Беларуская Служба Парадку, ёсьць беларускія школы й шмат чаго іншага, што вельмі цікавіла мяне. Мне шанцавала! Навакольныя людзі, ведаючы, што я добра чытаю па-беларуску, па-польску й нават па-расейску, - калі ім удавалася дастаць якую-колечы літаратуру, прыносілі яе да нас, і я зь вялікай радасьцю сядзеў да познай ночы й чытаў прынесенае, а нават і тагды, калі ўжо ўсе разыходзіліся дамоў. З гэтых розных, прынесеных мне газэтаў ды брашурак, я дазнаваўся пра тое, што дзеецца на франтах, чытаў пра падзеі ў далёкіх „экзатычных" для мяне краінах: Індыі, Эгіпце, Бірме ды Індакітаі. Чытаў пра посьпехі нямецкага фэльдмаршала Ромэля ў Афрыцы, дзе ён перамагаў ангельскае войска й аўстралійскія дывізіі. Нягледзячы на тое, што гэтыя выданьні выдаваліся й былі кантраляваныя немцамі, зь іхніх старонак я даведаўся пра сапраўды гераічнае змаганьне аўстралійскай дывізіі ў абароне афрыканскага гораду Тобрук, жаўнерам якой фэльдмаршал Ромэль даў мянушку „тобрукскія шчуры", мянушку, якую яшчэ й дагэтуль з гонарам носяць ацалелыя жаўнеры былой аўстралійскай 6-ай дывізіі. Я чытаў, як японцы перамаглі амэрыканцаў на Філіпінах, і як яны захапілі там крэпасьць Карэгідор, бачыў фатаздымкі зь японцамі, якія гналі ваеннапалонных амэрыканцаў Чытаў пра подзьвігі нямецкіх падводных лодак і пра тое, што Нямеччына збудавала самы моцны й магутны ваенны карабель „Бісмарк", чытаў пра баі на далёкіх Ціхаакіянскіх астравах Гуам, Сайпан і Гуадаканал, - і ўсё гэта вельмі пашырала мае веды пра навакольны сьвет і ўсьведамляла мяне ў розных палітычных ды ваенных справах.

Уся нашая сям'я вельмі радавалася даходзіўшым да нас весткам пра арганізаваньне ў 1943-ім годзе Беларускай Цэнтральнай Рады й пра мабілізацыю беларускіх юнакоў у Беларускую Краевую Абарону, вестка якая вельмі напалохала камуністычных лідараў партызанаў. Каб не пусьціць мяйсцовых хлапцоў у БКА, яны выдалі свой „Загад аб мабілізацыі" ў партызаны, бо дужа баяліся беларускага нацыянальнага ўздыму, добра ведаючы, што пераважная колькасьць людзей, каторыя паўцякалі ў лес, ратуючыся ад немцаў, - зь вялікай ахвотай пойдуць назад дамоў, як толькі беларускае нацыянальнае кіраўніцтва запэўніць ім бясьпеку. Аднак мой брат Грыгор, каторы хацеў ісьці ў БКА, быў змабілізаваны й апынуўся ў партызанах. З мабілізацыяй у партызаны камуністы значнага посьпеху ня мелі, пайшлі нават чуткі, што змабілізаваныя пачалі забіваць сваіх каманьдзіраў -палітрукоў, пераходзіць у гарады й прасіцца ў бліжэйшыя адцзелы БКА. Добра помню, як людзі расказвалі пра аднаго змабілізаванага ў партызаны хлопца, які разам з групай партызанаў-маскоўшчыкаў спыніўся ля недалёкіх ад нас Сінкевічахў і, калі тыя сядзелі пры стале й выпівалі, перастраляў іх усіх з аўтамата.

Гэтыя частыя забойствы надасланых Масквой палітрукоў пераканала партызанскае кіраўніцтва, што беларусы ёсьць „ненадзейны элемэнт", і яно загадала, каб усе змабілізаваныя ў партызаны юнакі злажылі прысягу Сталіну, а хто адмовіцца ад прысягі, тых адпусьціць дамоў. Помню, як мой брат Грыгор, прыйшоўшы зь лесу, доўга гутарыў з бацькам, баючыся, што калі ён ня зложыць прысягу вернасьці Сталіну, партызаны яго растраляюць. Аднак прысягу ён усё ж такі не злажыў і, дзякуй Богу, быў адпушчаны дамоў.

А тым часам нашых мяйсцовых партызанаў усё больш і больш апаноўвалі надасланыя Крамлём дэсантнікі-маскалі, і яны папярэдзілі майго дзядзьку-старасту Паўла Алехніка, што ўжо ня могуць гварантаваць ягонай бясьпекі, і параілі яму перабрацца на жыцьцё ў мястэчка Лахву, што ён і зрабіў, пакінуўшы ў сваёй хутаранскай хаце адну толькі маю старэнькую бабульку. Паколькі я ведаю, і ў Лахве дзядзька Павал трымаў лучнасьць зь мяйсцовымі партызанамі.

Мардаваньне беларусаў усімі ворагамі

Беларусь тагды знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы й так, прынамсі, выглядала, што кожная крымінальная дробязь прыяжджала з усяго сьвету, каб гвалціць яе, рабаваць ды мардаваць. Мардавала нас маскоўска-камуністычная банда, мардавала гітлероўска -нямецкая банда, а дапамагала ім гэтак званая польская Армія Краёва, аддзелы якой стаялі на Лідчыне ды Гародзеншчыне, кантраляваныя польскім экзыльным урадам у Лёндане. АК чамусьці аніяк не была зацікаўленая ў змаганьні зь немцамі, але была вельмі моцна пастаўленая супраць беларускага нацыянальнага адраджэньня, ды ймкнулася замардаваць як мага больш беларускіх настаўнікаў і гэтым самым не дапусьціць да навучаньня ў беларускай мове дзетак-беларусаў на іхняй роднай зямельцы.

Здараліся выпадкі, калі й камуністы супрацоўнічалі зь нямецкімі нацыстамі ў справе зьнішчэньня беларусаў. Такіх выпадкаў, я ёсьць пэўным, было дзясяткі, калі ня сотні, але я падам толькі адзін, які здарыўся недалёка ад нас і пра які я добра ведаю, бо май бацька быў загнаны туды немцамі, каб звозіць усіх пабітых мяйсцовых людзей у агульную магілу. Недалёка ад нас было досыць заможнае хутаранскае ўрочышча пад назоваю Сітніцкі Двор. Там камуністаў не любілі й жоднага партызанскага гнязда там не было й з партызанамі там людзі супрацоўнічалі неахвотна. А гэта ім вельмі не падабалася й аднойчы партызаны паслалі на Сітніцкі Двор свайго агента з заданьнем „забіць аднаго немца", што той і зрабіў у самым Сітніцкім Двары. Адразу пасьля гэтага камуністычныя агенты, перадусім „сакратаркі", што працавалі ў розных нямецкіх фюрэраў, зрабілі дано с нямецкай жандармэрыі, маўляў, у Сітніцкім Двары ёсьць камуністычнае гняздо й трэба ўсіх там выбіць. Немцы гэтак і зрабілі! Аднае раніцы акружылі ўрочышча танкеткамі й амаль усіх вымардавалі, ні ў чым невінаватых людзей. Загінула каля тысячы жыхароў, і толькі тым, каторыя былі выехаўшыя з дому ў той трагічны дзень, удалося застацца ў жывых.

Скора пасьля гэтага мы былі з мамай самыя ў хаце. Я сядзеў пры стале й чытаў адну беларускую кніжку, якую мама выменіла для мяне ў Лахве за дзясятак яек, калі ў хату зайшоў адзін, добра нам знаёмы мяйсцовы партызан па прозьвішчу Даўгун. Пабачыўшы, што ён адзін, маці адразу накінулася на яго з крыкам і плачам:

- Што ж гэта вы, баньдзюгі, робіце?! Дарогі ж і чыгункі дзясяткамі кілямэтраў ідуць празь лясы й балоты, дзе вёсак і блізка няма. Там і біце немцаў, колькі хочаце! А чаго ж вы лезеце пад вёскі ды забіваеце немцаў там, дзе жывуць нашыя людзі?! Гэтак толькі бандыты робяць!

Даўгун быў вельмі заскочаны такім нападам, але пасьля падняў сваю руку, каб маці замаўчала, і сказаў такое, чаго я ніколі не забуду:

- Цёця, гэтага ніколі больш не гаварыце! I нікому не кажыце, што мне гэта гаварылі, бо каб я быў дэсантнікам-партызанам, Вы ўжо ляжалі б на падлозе, сьцякаючы крывёю... А што тычыцца мэтаду й мейсца забіваньня немцаў, дык мы выконваем загад самога Сталіна, у якім гаворыцца, што немцаў трэба забіваць каля беларускіх населеных пунктаў, каб немцы з свайго боку выбівалі беларусаў. I нават калі з тысячы ўцячэ толькі 5-6 чалавек, дык і гэта будзе дапамогаю Савецкаму Саюзу ў змаганьні з фашыстамі!

Я слухаў партызана Даўгуна й проста ня верыў сваім вушам! Toe, што ён сказаў пераканала мяне, юнака, што мы, беларусы, сапраўды ня маем прыяцеляў што мы ня можам спадзявацца дапамогі ад нікога й што мы мусім дапамагаць і абараняць самых сябе!

Неўзабаве пасьля гэтага сумнага эпізоду, я меў, паколькі помню, першую й магчыма апошнюю спрэчку з маці. Яна, будучы веруючай хрысьціянкай, часта гаварыла, маючы на ўвазе тых, хто мардаваў нашых людзей: „Бог іх усіх пакарае!" Я ня вытрымаў і са злосьцю сказаў: „Бог мае столькі праблемаў да залагоджаньня ў ва ўсім сьвеце, што пакуль Ён знойдзе вольнага часу, каб залагодзіць і нашыя справы, - мы ўжо даўно будзем пабітыя!" I дадаў: „Бог даў нам здольнасьць думаць і абараняць самых сябе й мы мусім самі ратаваць сябе ад гібелі!" Гэтыя словы, сказаныя ў 1943-ім годзе, мама потым ніколі не забывала й часта прыпамінала іх, бо ў гэтыя словы я сам верыў і выказаныя тагды думкі наконт самаабароны й самапомачы выконваў і выконваю да сёньняшняга дня.

Пераезд з хутара ў Лахву

Немцы у гэты час пастаянна адступалі на Захад, і шмат людзей было вывезена ў Нямеччыну. Адной раніцы, 18-га траўня 1944 году, на сьвята Усшэсьця, я пайшоў даглядаць адзіную ацалелую ў нас кароўку й стараўся разпаліць агонь. Надвор'е было мокрае, зь перапынкамі церусіў дождж-сьлякасьць і мой агонь аніяк не хацеў гарэць. Раптам пачуўся блізкі стрэл і я пабачыў як непадалёку прабегся партызан, які толькі пасьпеў крыкнуць мне „Немцы!". Скора пасьля гэтага паявіўся нямецкі жаўнер зь вінтоўкай і даў мне зразумець, каб я забіраў сваю карову ды йшоў дамоў.

На нашым двары я пабачыў шмат немцаў і нашых людзей з вазамі, і даведаўся, што нас павязуць у Лахву. З аднаго боку я быў задаволены з гэтага, бо пастаянная напружанасьць ад нападу немцаў днём і партызанаў начамі настолькі ўжо надакучыла, што хацелася ўцякаць

Ад усяго гэтага на край сьвету, каб толькі ўратавацца. Аднак шкада было пакідаць адданых сваіх сяброў, сабачак Мурзу й Галіка, якія штопары хвілінаў падбягалі да мяне сярод усёй мітусьні й глядзелі проста ў вочы, як быццам пытаючыся: „Што ёсьць?" Я супакойваў іх, як мог, аднак у глыбіні душы разумеў, што, магчыма, ніколі ўжо ня ўбачу верных сяброў майго дзяцінства... Калі мы, нагрузіўшы ў вазы ўсё, што магчыма, пачалі паволі ад'яжджаць ад свайго роднага кутка, мае сабачкі суправаджалі нас, але затрымаліся на мяжы хутара, селі, доўга глядзелі нам усьлед, а потым пабеглі назад да сваёй, ужо пустой хаты... Апошні раз я бачыў сваю родную хатку праз сьлякасьць з адлегласьці прыблізна аднаго кілямэтра. I так пачалося мае доўгае вандраваньне, якое закончылася маім прыездам на сталае жыцьцё ў Аўстралію ў 1950 годзе!

У Лахве мы спачатку жылі ў хляве аднаго гаспадара. Але потым бацьку паставілі працаваць у былым польскім маёнтку, амаль насупраць царквы, і нам немцы далі ў ім кватэрку з аднаго пакою. Я часта хадзіў у царкву й ціхенька, глыбока ў душы плакаў, сумуючы за сваім родным хутарам і асабліва за сабачкамі, пакінутымі на волю лесу Ды ўсё ж жыцьцё ў Лахве было шмат спакайнейшае, чым на хутары, дзе ноччу рабавалі й забівалі людзей партызаны, а ўдзень палілі хаты й забівалі немцы й розныя „рускія батальёны", каторыя служылі ім і таксама вельмі любілі зьдзеквацца над беларусамі й паліць беларускія вёскі.

Што тычыцца тых „рускіх батальёнаў", дык я таксама патрапіў аднойчы пад іхні абстрэл у 1943 годзе, калі адной раніцы пабег цераз невялічкі лясок, які аддзяляў нашую гаспадарку ад сядзібы, дзе жыла мая старэнькая бабулька. Стаяла вясна. Сям-там паміж соснамі яшчэ ляжаў сьнег, і я бег босы й скакаў у сьнег, каб пабачыць, ці халодны ён. I раптам пачуў, як пачалі лётаць ля маіх вушэй і бзычэць нейкія жучкі. Я быў зьдзіўлены гэтай зьявай, бо падобныя жучкі, якія моцна бзычэлі, паяўляліся ў нас толькі падчас восеньскага сенакосу. I я стараўся дапетрыць, чаму гэта восеньскія жучкі ўздумалі бзычэць вясною?

Пабыўшы некаторы час у бабулі, я вярнуўся дамоў і ўбачыў нашага недалёкага суседа, знанага на хутарах, як „Саколік". Ён і мой бацька аДразу падбеглі да мяне й запыталіся, ці не здарылася чаго кепскага

са мной? Я адказаў, што ўсё ў парадку й бабка таксама добра чуецца, адно толькі нейкія жучкі бзычэлі ля вуха. Тагды я даведаўся, што тымі „жучкамі" былі кулі, каторымі стралялі ў мяне нейкія, служачыя ў немцаў рускія, што „закладаліся" папяросамі, хто першы ў мяне пападзе! Калі гэты „Саколік" запытаўся ў іх, навошта яны страляюць у маленькага хлопчыка, нямецкія паслугачы-расейцы адказалі, што яны страляюць „па партызану". Паколькі помню, гэтыя недавяркі пусьцілі ў мой бок 5 ці 6 куляў але, дзякаваць Богу, спуцлавалі.

У часе нашага прабываньня ў Лахве, я меў шмат болей магчымасьці чуць і чытаць пра падзеі зьвязаныя зь беларускім нацыянальным жыцьцём. З газэтаў я даведаўся пра адбыцьцё ў Менску 2-га Усебеларускага кангрэсу, пра „Пастанову" зьезду, убачыў на першай бачыне адной з газэтаў фатаздымак прэзыдэнта БЦР праф. Радаслава Астроўскага, пазнаёміўся са зьместам ягонай прамовы. Я быў моцна захоплены і ўзрушаны гэтай важнай падзеяй у далёкім Менску й стараўся дастаць, дзе толькі мог, нават у разьмешчанай у нашым маёнтку частцы РОА (Русская Освободительная Армия), якія-колечы газэты, у якіх маглі быць апісаныя важныя ў беларускім нацыянальным жыцьці падзеі.

Эвакуацыя з Лахвы ў Нямеччыну

Пад канец чэрвеня 1944-га году праз Лахву на ўсход пачалі йсьці вэнгерскія (мы іх называлі „мадзярскія") вайсковыя адзінкі: невялікія часткі бронетэхнікі й вялікія калёны кавалерыі. Тры дні безь перапынку йшло гэтае вэнгерскае войска ў бок фронту, ажно адной раніцы глянуў я на дарогу зь Любаня да Лахвы й пабачыў, што ўся дарога запруджаная тым самым вэнгерскім войскам адступаючым на захад.

Скора пасьля гэтага прыйшла вестка аб ,,генэральным адступленьні" немцаў й пачалася агульная эвакуацыя. Мае бацькі пастанавілі ехаць на Захад і шукаць там лепшай долі, а дзядзька Павал, які хоць і быў прызначаны немцамі старастаю, але супрацоўнічаў зь мяйсцовымі партызанамі, - пастанавіў застацца дома. Раніцай 5 ліпеня мы ад'ехалі ад Лахвы на вазах і паехалі праз Кажан-Гарадок, Лунінец, Пінск, Кобрын, Берасьце. Пераехаўшы Буг, праз заходняю частку беларускай зямелькі ўехалі ў чужую польскую зямлю. Мы адразу адчулі, што ўжо знаходзімся на чужыне, таму што на беларускай зямлі, навокал Белай Падляскі, да нас часта падыходзілі свае людзі, гутарылі з намі, распытвалі, хто мы, адкуль і куцы едзем, - а на польскай зямлі да нас адносіліся даволі непрыхільна, хаця й падыходзілі часам польскія партызаны, намаўляючы нас застацца зь імі. Мы аднак разам зь іншымі жыхарамі з лахаўскай аКруті, каторых усяго налічвалася каля тысячы асобаў рашылі не заставацца ў „сталінскім раю" й прабівацца далей на Захад.

Тут трэба зазначыць, што падчас адной з канфэрэнцыяў паміж Сталіным, Чэрчылем і Рузвэльтам было пастаноўлена падзяліць Нямеччыну на савецкую, амэрыканскую й брытанскую зоны акупацыі, і немцы, відаць, мелі недзе сваіх добрых шпіёнаў, бо адразу пасьля таго я чытаў у адной газэце, выдаванай пад нямецкай кантроляй, „іранічны" артыкул пра „нахабства" аліянтаў якія намерваліся падзяліць Нямеччыну. У газэце была нават зьмешчаная мапа, дзе былі паказаныя межы гэтага падзелу. Аўтар таго артыкулу ўважаў пастановы канфэрэнцыі „выдумкамі" ды „ілюзіямі" аліянтаў, аднак жа вось мой бацька ніколі ня верыў у нямецкую перамогу, і, думаю, пераважная большасьць адступаючых зь немцамі нашых людзей, калі ня ўсе, таксама разумелі, што Гітлеру скора будуць капцы.

Праяжджаючы ля Кобрына, маці мая аднаго вечара пакінула абоз і пабегла зь сястрой Ганнай у родную вёску Асіповічы, дзе ўсё яшчэ жылі ейны бацька, брат і сёстры. Я быў моцна расчараваны, што маці не ўзяла мяне, бо ейнай радзімы я ніколі ня бачыў, аднак былы лахаўскі нямецкі „фюрэр", пад кантроляй каторага быў наш абоз, не адпусьціў мяне з мамай.

Едучы на Захад, я бачыў, што літаральна ўсе дарогі запруджаныя адступаючымі немцамі. Іх часта бамбардавалі савецкія самалёты, якія часам ляцелі так нізка, што я выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Берасьце тагды таксама было бамбардаванае амаль што кожнай ночы, і мне пад час бамбёжкі давялося ляжаць у нейкіх агародах, і я бачыў, як падалі, зьбітыя нямецкімі „зеніткамі", савецкія самалёты і як немцы стралялі па зьніжаючыхся парашутыстах.

Аднойчы, недзе ўжо ў Польшчы, нам паведамілі, што мы затрымаемся на даўжэйшы час, бо будуць ехаць шэсьць нямецкіх дывізіяў. Скора мы пабачылі некалькі дзясяткаў вазоў здэмаралізаваных, жалю вартых „недабіткаў" з тых 6-ці дывізіяў.

Пад'ехалі да польскай сталіцы Варшавы. Там, відаць, была вялікая бамбардыроўка, бо з аднаго боку дарогі вэнгерскае войска закопвала сваіх загінуўшых жаўнераў, а паабапал ляжалі разьбітыя бомбамі невялічкія вэнгерскія танкеткі. Перад самай Варшаваю я пазнаёміўся зь вельмі прыгожай дзяўчынай-беларускай Кацяй, каторая з бацькам намагалася дабрацца дамоў, некуды пад Беласток. Яна гутарыла з бацькам на вельмі прыгожай беларускай мове й казала, што хадзіла ў Беластоку ў беларускую школу й што яны прыехалі ў Варшаву, каб адведаць брата, які тут працаваў... Дай Божа, каб ім пашанцавала дабрацца дамоў і перажыць усе канвульсіі вайны й антыбеларускія пагромы тых палякаў, якія любілі жыць на беларускай зямельцы ды панаваць над беларусамі.

Калі ўехалі ў Варшаву, дык адразу адчулі „напружанасьць атмасфэры". Да нас часта падбягалі людзі з двароў (партызаны), хапалі за лейцы й стараліся ўцягнуць нас з вазамі ў свае двары. Аднак хоць і ветліва, але рашуча мы казалі ім „не".

Усе, хто ехаў абозам з Лахвы, мелі яшчэ з сабою свае каровы, якія йшлі ля вазоў, і я моцна сьмяяўся, як варшаўскія хлопцы-падлеткі беглі за нашым возам і казалі на нашу карову: „Юзэк, патш, яка велька коза!". А тым часам мы пераехалі па мосьце цераз Віслу й былі радыя пакінуць Варшаву, дзе на другі ці на трэці дзень пасьля нашага ад'езду выбухнула вялікае польскае паўстаньне супраць немцаў. Мы бачылі, як немцы безь перапынку пачалі падвозіць пад Варшаву чыгункай дзясяткі вялікіх тангаў, гарматаў і іншую ваенную тэхніку. Даведаліся ад праяжджаючых міма жаўнераў „Русской Освободительной Армии", што польскія паўстанцы-патрыёты змагаюцца за Варшаву й што шмат немцаў і жаўнераў РОА палягло там. Яны ж паведамілі нам, што Чырвоная Армія падыйшла да Варшавы й спынілася на беразе Віслы.

Знаючы цяпер усю тую гісторыю ваеннага часу, мы ведаем і тое, што геройскае Варшаўскае паўстаньне было загадзя асуджанае на няўдачу, бо дыктатар-крывапійца Сталін разумеў што польскія патрыёты, змагаючыся супраць немцаў, будуць таксама змагацца й супраць

палякаў, сваіх будучых апанэнтаў. Апроч таго Сталін разьлічваў на тое, што Гітлер на барацьбу з варшаўскімі паўстанцамі патраціць вялікія сілы, якія іначай былі б ужытыя супраць Чырвонай Арміі. Як ведама, Сталін не дазволіў брытанскім самалётам з дапамогай польскім паўстанцам садзіцца на аэрадромах кантраляваных савецкім камандаваньнем. Так вось варшаўскія героі былі праданыя на зьнішчэньне немцам, і Сталін у гэтым зьнішчэньні быў замешаны гэтаксама, як і Гітлер!

А мы з нашым абозам даехалі да невялічкага польскага мястэчка Стрыкуў, што непадалёк ад Лодзі, і там нас разьмясьцілі пад дахамі былой цагельні. У гэтым Стрыкуве ў нас пазабіралі каровы, аднак нашая карова, якую мы ласкава называлі Казуля і якая прайшла з намі ад нашага роднага хутара ў Перунове ажно да далёкага Стрыкува, даказала нам сваімі паводзінамі, што яна мела больш розуму, памяці, шчырасьці й вернасьці, чым шмат гэтак званых „цывілізаваных" людзей. Немцы аднае раніцы забралі яе ў нас і аддалі ці прадалі нейкім палякам, каторыя завялі яе дамоў на другі бок гораду. Наступнай раніцы мы пачулі, што недзе раве нашая Казуля, і скора пабачылі, як нашая кароўка, прабіваючыся праз калёны нямецкага войска, бяжыць да нас... Дзіўна, як яна магла знаць, знаходзячыся ў чужым краю, у няведамым ёй горадзе, дзе нас шукаць? Падбегшы да маці, карова ўлажыла сваю галаву маме пад руку й неяк ціха раўла-стагнала, нібыта прасіла, каб яе больш не аддавалі чужынцам. Аднак, на вялікі жаль, мы не былі гаспадарамі свайго лёсу й былі змушаныя цяжкімі абставінамі вярнуць яе палякам, каторыя прыйшлі яе шукаць за некалькі гадзінаў. Гэтых пару гадзінаў мы ўсе ласкалі яе, плакалі, давалі есьці, гладзілі, цешылі й гаварылі да яе, быццам яна была чалавекам.

Адной раніцы пад'ехалі польскія фурманкі й нам было загадана грузіцца на іх. Аднак, калі надыйшла нашая чарга, аказалася, што нам няма мейсца, і так, у мястэчку Стрыкуў, мы разьвіталіся з нашымі суродзічамі з Лахвы й засталіся надалей пад дахам цагельні, чакаючы наступнага транспарту. А людзей тагды, пераважна беларусаў, ехала Дзясяткі тысячаў штодзень. Ехалі нармальныя, ні ў чым не замешаныя сяляне й рабочыя з Магілева, Мазыра, Рэчыцы ды Віцебску, каб неяк уцячы ад бязлітаснага мардэрцы беларускага народу Сталіна. І гэты масавы exodus быў і будзе найлепшым і найбольшым судовым прыгаворам маскоўска-камуністычным акупантам, каторыя давялі Беларусь і ейны народ амаль што да поўнага заняпаду.

За некалькі дзён пасьля разлукі з нашымі лахаўскімі суродзічамі зноў прыехалі да цагельні польскія фурманкі й нас завезьлі да адной трамвайнай станцыі ў Лодзі, пасадзілі на трамвай і так мы прыехалі ў Пабяніцэ, дзе нас разьмясьцілі ў лягерных будынках і дзе мы праседзілі прыблізна тыдзень, пакуль нас не пасадзілі на цягнік і не павезьлі ў глыб Нямеччыны. Мы часта гаварылі й думалі, чаму гэта так здарылася, што мы адлучыліся ад сваіх лахаўскіх, і толькі шмат гадоў пазьней даведаліся, што мы фактычна былі шчасьліўцы, бо нашыя землякі апынуліся ў Нямеччыне недзе пад Одрай ля Бэрліну й там іх усіх захапіла Чырвоная Армія.

Падчас нашага прабываньня ў Пабяніцэ туды пачалі прыходзіць цэлыя, эшалоны таварных вагонаў, нагружаных, як быдлам, польскімі паўстанцамі з Варшавы. Яны прасілі піць, і мяйсцовыя палякі, асабліва жанчыны, часта, паражаючы сябе на сьмерць, падбягалі пад самыя р вагоны й кідалі паўстанцам бутэлечкі з вадою й кавалкі хлеба. Аднак я сумняваюся, каб палонныя, стаючы ў аплеценых калючым дротам вагонах, маглі злавіць тыя бутэлечкі й хлеб. Мы ўсё адно вельмі высока ацэньвалі адвагу й мужнасьць пабяніцкіх палякаў у іхніх спробах дапамагчы сваім суродзічам, варшаўскім паўстанцам. Хадзілі таксама чуткі, што кіраўніцтва польскага падпольля змагло выкупіць некалькі лідараў зь ліку палоннных польскіх паўстанцаў. I, праўда, да нас у Пабяніцэ далучылася некалькі добра адукаваных палякаў, каторыя паехалі з намі аж у глыб Нямеччыны. Але ці гэта былі выкупленыя паўстанцы, ня ведаю.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

У лягерох Нямеччыны

Лягер Ізармос

Помню, праяжджалі мы тагачасны ўсходненямецкі горад Брэсляў, цяперашні польскі Ўроцлаў, а таксама праз Дрэздэн. Цягнік наш змушаны быў часта хавацца ў горных тунэлях ад бамбардыровак амэрыканскімі й ангельскімі самалётамі. За тыдзень часу мы аднак даехалі да Рэгэнсбурга, крыху затрымаліся там, а затым нашыя вагоны прычапілі да электравоза, якога я бачыў першы раз у жыцьці, і давезьлі нас да Ляндсгута. З Ляндсгута, зноў паравозам, павезьлі нас па пабочнай лініі да невялікага тагды мястэчка Дынгольфінг, разгрузілі й адвезьлі ў лягер Ізармос за які кілямэтар ад Дынгольфінгу.

Мы былі назначаныя працаваць на заводзе „Людвіг Фюксэль" і я помню, што кіраўніцтва гэтага заводу прыйняло нас ветліва й нават арганізавала нам прывітальны абед". I такім чынам, я, пятнаццацігадовы юнак з хутару ў Перунова, пачаў працаваць разам з бацькам, сястрой Ганнай і братам Грыгорам на нямецкім заводзе, які знаходзіўся ў стах кілямэтрах ад вялікага гораду Мюнхэна (Д-1)*. Гаварылі, што мы выраблялі нейкія прылады да гарматаў. Кожны месяц на завод прыяжджала нямецкая ваенная камісія, пераглядала нашыя вырабы, прыймала іх і, пагрузіўшы на вагоны, адпраўляла некуды на зборачныя пункты, як бьщцам у Мюнхэн. Я, будучы непаўналетнім, афіцыйна быў кваліфікаваны як ,,гільфарбайтэр" - „дапамаговы рабочы", але рабіў тыя самыя работы, што й дарослыя. Мой рабочы нумар быў 141.

* рэестар дакумантаў зьмешчаны напрыканцы кнігі (ст. 200) - заўв рэд.

Працавалі днямі й начамі! Мы на заводзе, а мама ў лягеры Ізармос перабірала ў падвале пад кухняй бульбу й буракі. Да нашага прыезду ў Дынгольфінг у лягеры жылі ўжо даўжэйшы час гэтак званыя „остарбэйтэры", „рабочыя з усходу", як немцы тагды называлі ўсіх прывезеных у Нямеччыну з Расеі, Беларусі й іншых краінаў савецкай імпэрыі. Яны расказвалі нам, як дрэнна трактавалі іх немцы раней, і што лепей яны пачалі да іх адносінца пасьля вялікіх няўдачаў на франтах. Пераважная большасьць „остарбэйтараў" былі расейцы, аднак помню, што сярод іх быў таксама адзін юнак-беларус з-пад Магілева, каторы гаварыў на расейскай мове зь вялікім акцэнтам і з каторага маскалі зьдзекваліся й сьмяяліся, асаблівазь ягонай беларускай мовы. Юнак той быў вельмі рады нашаму прыезду, бо сярод нас былі таксама й людзі з Магілева. Добра помню, як у адзін выхадны дзень, прыблізна ў лістападзе 1944-га, трупа маскалёў абступіла нашага беларуса каля кухні й пачала „шутить" зь яго й сьмяяцца зь ягонай беларускасьці. Я й некалькі іншых беларусаў стаялі непадалёк і назіралі за тым, што адбываецца. Як відаць, маскалям не спадабалася, што ім сказаў наш магілевец, і адзін зь іх, падняўшы свой голас, сказаў: „Из каких грязных болот ты сюда приехал?!" і стукнуў юнака ў грудзі. Пачуўшы, напэўна, нашую маральную падтрымку, юнак так асадзіў абражаючага яго маскаля, што той літаральна адляцеў некалькі мэтраў і паваліўся на зямлю. Мы думалі ўжо, што пачнецца бойка паміж намі й гэтымі маскалямі, ды падскочыў да супраціўнікаў яшчэ адзін рускі „остарбэйтэр", і разлучыў іх, гаворачы: „Ну что вы, какая между вами разница?" На што наш магілевец-беларус адказаў: „Розьніца ў тым, што я беларус, а вы рускія!", адвярнуўся ад іх і падыйшоў да нашай беларускай трупы. Такія паводзіны юнака былі мне вельмі даспадобы, і гэтае здарэньне таксама аказала ўплыў і замацавала маю нацыянальную сьвядомасьць. Па заканчэньні вайны той малады беларус паехаў дамоў, і дай Бог, каб ён знайшоў сваю родную сямейку, зь якой яго разлучылі нямецкія фашысты.

У бараках мы спалі на трохпавярховых нарах, і я, будучы наймалодшым, „меў гонар" спаць на самым версе. Даводзілася ўвесь час асьцерагацца, каб, заснуўшы, не зрабіць раптоўнага павароту з

найменшым павароце. Помню, аднойчы ноччу я забыўся, дзе ёсьць, павярнуўся неасьцярожна й паваліўся на сьпячага на другім паверсе Грыгора. Ягоныя нары таксама ня вытрымалі й мы паваліліся на сваіх бацькоў, а потым усе разам - на падлогу. Такія катастрофы перажывалі й іншыя жыхары бараку.

Што тычылася нашай працы на заводзе, дык скора нам стала ясным, што нашыя вырабы не былі надта высокай якасьці, бо пачалі вяртацца назад сотні „ляфэтаў", якія былі адкінутыя нямецкім камандаваньнем, як „дэфэктоўныя". Toe было вялікай шкодай для немцаў, бо,па-першае, было патрачана шмат часу й матар'ялаў, па-другое, нямецкай арміі не ставала патрэбнага ёй узбраеньня, а па-трэцяе, прывоз і адвоз нашай дэфэктоўнай прадукцыі займаў надарма шмат і так нехапаючага чыгуначнага транспарту: чыгуначная сыстэма й іншы транспарт былі тагды ўжо пад амаль безупыннай атакаю амэрыканскай авіацыі, якая бязьлітасна бамбардавала чыгуначныя вузлы й масты, а тымі днямі, калі не было бамбардыровак, неба патрулявалі амэрыканскія зьнішчальнікі, якія білі па ўсяму, што варушыцца, не чапаючы адно фэрмэрскіх вазоў ды едучых па-адзіночку людзей на роварах. Немцы аднак не здаваліся, адразу пасьля бамбардыровак злучалі разьбітыя рэйкі й зноў у начны час пускалі цягнікі, і начамі быў вельмі вялікі рух так на чыгунцы, як і на дарогах, і часта, прачнуўшыся, я бачыў, як паўз лягер ішлі нямецкія вайсковыя адзінкі. Мэханічнага транспарту не ставала, і войска ехала на вазах або йшло напеша.

Нашыя завадзкія інспэктары „якасьці вырабаў" не маглі знайсьці прычыны, чаму столькі нашай прадукцыі было з дэфэктамі, бо перад кожным адвозам яны самі ж дакладна вымяралі кожную „ляфэту", і падазравалі сабатаж. Я думаю, што ніякага арганізаванага сабатажу не было, аднак кожны рабіў што мог, каб прычыніць нацыстам шкоду й такім чынам дапамагчы аліянтам. Да гэтага „сабатажу" далучыўся й я. Аднойчы, калі інспэктар праверыў вырабленую мною „ляфэту" й паставіў свой знак „апрабаты", паклікаў мяне старэйшы за мяне гадоў на 5 Алёша Марушко (беларус, паходжаньнем з Кобрына), даў мне вялікага гумовага малатка й сказаў, каб я прыклаў яго да таго месца, дзе "ляфэта" мела далучыцца да гарматы. Пагледзеўшы, ці няма дзе блізка інспэктароў, размахнуўся й моцна ўдарыў жалезным молатам па маім гумовым. Так мы паўтарылі на 5 ці 6 „ляфэтах". Вынік быў такі, што жоднага знаку ад удару не было, аднак тая частка, па якой ударыў мой напарнік, падалася на некалькі мілімэтраў і гэтыя „ляфэты" былі адкінутыя арміяй. Нашыя інспэктары лёталі па заводзе як шалёныя, шукаючы вінаватых, але, дзякаваць Богу, „сабатажнікаў" не знайшлі. Толькі шмат пазьней, ужо па заканчэньні вайны й па прыходзе да нас амэрыканскай арміі, я з жахам зразумеў, якое вялікае глупства мы рабілі і якую небясьпеку паражалі на саміх сябе й нашыя сем'і за псаваньне тых „ляфэтаў", бо калі б немцы даведаліся пра нашыя з Алёшай Марушко „хітрыкі", дык адразу далі б „кулю ў лоб" і нам, і нашым бацькам, братам і сёстрам.

Мястэчка Дынгольфінг разьмешчанае 30 кілямэтраў ад вялікага акруговага гораду Ляндсгут і акурат 100 кілямэтраў ад сталіцы Баварыі Мюнхэна, а таму на заводзе часта гучаў „алярм", як ляцелі амэрыканскія самалёты бамбардаваць той ці іншы горад або ваенны аб'ект. Калі гэта здаралася днём, немцы дазвалялі нам разьбягацца па полі, а ноччу нашыя кіраўнікі бегалі па лягеры й крычалі, каб мы зачынялі дзьверы й вокны й выключалі сьвятло. Аднойчы, прыблізна ў лістападзе 44-га, залегшы на поле ў траве, я хацеў палічыць, колькі амэрыканскіх самалётаў ляцела нада мной, і пасьпеў налічыць больш за 600 перад тым, як яны пераляцелі. Я глядзеў на іх, і здавалася, што ўсё неба было пакрытае бліскучымі ад сонца самалётамі, ляцеўшымі ў бок Мюнхэна, якога амэрыканнцы бамбардавалі амаль безь перапынку.

Сакрэтная зброя Гітлера

Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, нямецкія вучоныя й спэцыялісты працягвалі з фанатычнай зацятасьцю працаваць над новымі мадэлямі сваіх самалётаў і іншых тыпаў зброі, і прыкладна ў гэты самы час я ўпершыню пабачыў нямецкага рэактыўнага самалёта, якога немцы назвалі „Дызэль Егэр" і які ў параўнаньні з нармальным тагачасным самалётам лётаў з „фантастычнай", як пасьля прызнаваліся амэрыканскія пілёты, хуткасьцю. Амэрыканскія бамбардыроўшчыкі моцна

баяліся „Дызэль Егэраў",бо, як сказаў адзін афіцэр авіацыі: „Як ты у яго патрапіш, калі ён два разы навокал цябе абляціць, пакуль ты падымеш дула свайго кулямёта?!" Я сам бачыў, як гэты „Дызэль Егэр" ляцеў зусім нізка, таму што сын уласьніка нашага заводу Людвіга Фэксаля быў адным зь першых пілётаў гэтых рэактыўных зьнішчальнікаў, як ён некалькі разоў абкружыўся вакол Дынгольфінгу й нашага заводу й з ракетнай тагды хуткасьцю падняўся ў неба, далучыўся да сваёй эскадрыльі, якая ляцела на поўдзень спатыкаць атакуючых амэрыканцаў, - і зьнік з вачэй! Гаспадар заводу вельмі ганарыўся, што ягоны сын быў адным зь першых пілётаў „Дызэль Егэра", аднак, паколькі я знаю, сына свайго ён больш ужо не пабачыў, бо той загінуў у баях з усьцяж наступаючымі амэрыканцамі.

Я думаю, што пад канец 1944-га году нават самыя фанатычныя немцы-нацысты зналі, што вайна была ужо „фэрлёрэн" (загубленая), аднак немцы ўсё яшчэ спадзяваліся на сваю „сакрэтную зброю". У той час увесь сьвет ужо чуў пра нямецкія „лётаючыя бомбы" ФАУ-1 і ФАУ-2. Выпрабоўваліся таксама й далёкасяжныя ракеты-бомбы ФАУ-3, якія магаі цаляцецъ нават да Злучаных Штатаў Амэрыкі. Гэтыя вялікія дасягненьні нямецкіх вучоных у галіне ваеннай тэхнікі і ўзбраеньня моцна непакоілі заходніх аліянтаў, і авіацыя Амэрыкі й Вялікабрытаніі паклала вялікія намаганьні на бамбардыроўку нямецкіх ракетных інстытутаў і фабрыкаў, якія знаходзіліся глыбока ў гарах у Пінэмюндэ.

Англія ўжо тагды была рэгулярна атакаваная лётаючымі бомбамі ФАЎ-2 і пераканалася, што ад гэтай новай зброі фактычна няма абароны, бо гэтыя рэактыўныя снарады ляцелі занадта хутка, каб іх перахапілі самалёты, таксама было вельмі цяжка патрапіць у іх з зэнітак, і жыхары Лёндану й іншых вялікіх гарадоў жылі пад пастаяннай пагрозай унікальных на той час ракетных бомбаў.

Немцы спачатку мелі вялікія праблемы ў выпрабоўваньні ФАЎ-1 і ніяк не маглі ўдасканаліць сыстэму аўтаматычнага кіраваньня гэтых бомбаў. Вельмі вялікую ролю ў залагоджаньні гэтай праблемы адыграла нямецкая дзяўчына-авіятрыса Ганна Райч, каторая мела досыць здольнасьці й адвагі, каб сесьці ў лётаючую бомбу знайсьці той дэфэкт, які цягнуў і паварочваў бомбу направа. Яна нейкім чынам змагла Разьвярнуць бомбу назад да сваёй базы й застацца жывой пры пасадцы.

Нямецкія радыёфахоўцы хугка паправілі знойдзены Ганнай Райч дэфэкт, і так пачалася першая бамбардыроўка Лёндану нямецкімі рэактыўнымі бомбамі. Тая самая авіятрыса Ганна Райч была й першай жанчынай, якая кіравала рэактыўным самалётам „Дызэль Егэр" і даказала, што жанчыны маюць аднолькавыя з мужчынамі здольнасьці, а часам нават і большыя!

На заводзе немцы часта размаўлялі паміж сабой аб нейкай вельмі магутнай і страшнай „сакрэтнай зброі", якая вырабляецца імі недзе ў паўночньгх краінах, і нават казалі нам, „аўслендэрам" (чужынцам), што тая „сакрэтная зброя" была зьвязаная зь нейкай незразумелай мне „цяжкай вадой", і хваліліся, што з гэтай „цяжкай вады" вось-вось будзе зробленая бомба, якая дашчэнту зьнішчыць вялікія гарады аліянтаў і прывядзе да хуткай перамогі Нямеччыны. Я тагды не даваў веры, што „адзін літар вады можа быць цяжэйшы за другі", і толькі шмат пазьней даведаўся, што гаворка йшла пра намаганьні немцаў зрабіць першую ў сьвеце вадародную (!) бомбу. Дзякаваць Богу, што Гітлеру не ўдалося зрабіць гэтую бомбу, бо, каб яму пашанцавала, наш сьвет сёньня быў бы зусім адменным ад сучаснага.

Зрэшты, аліянты таксама добра ведалі пра намаганьні немцаў зрабіць вадародную бомбу на заводах, збудаваных і ўбудаваных глыбока ў нарвэскіх горах у раёне Тэлемарк, і брытанскія самалёты некалькі разоў спрабавалі бамбіць тыя заводы - але бяз посьпехаў. Вялікабрытанія засылала нават туды сваіх парашутыстаў-дэсантнікаў, аднак там быў такі недаступны тэрэн, што самалёты разам з усімі парашутыстамі пагінулі. Ня маючы інакшага выхаду, урад Вялікабрытаніі ў паразуменьні з экзыльным урадам Нарвэгіі ў Лёндане пастанавіў даць заданьне зьнішчыць падземныя заводы ў Тэлемарку групе нарвэскіх партызанаў, якія й сапраўды так надакучылі немцам, што яны рашылі вывезьці ўсе лябараторыі й машыны для вырабу „цяжкай вады", а таксама і ўжо вырабленую „цяжкую ваду" ў Нямеччыну. Даведаўшыся пра пляны нямецкага камандаваньня, нарвэскія партызаны падклалі бомбу пад параплаў, у якім усё гэта вывозілася, і падарвалі яго разам з усімі прыладамі й машынамі для вырабу „цяжкай вады" ў нарвэскім парту. Аднак, як пазьней высьветлілася, немцы "ня клалі ўсіх сваіх яек у той самы кошык": шмат бочак зь „цяжкай вадой" і рознай тэхнікі для ейнага вырабу апынулася ў нашым Дынгольфінгу, на вельмі ціхай і глухой чыгуначнай лініі. Там стаяла некалькі сталёвых цыстэрнаў, і немцы, якія працавалі з намі, хваліліся, што гэта былі цыстэрны зь „цяжкой вадой" з Нарвэгіі. Скора пасьля гэтага зайшлі вялікія зьмены ў нашай працы: усю электрыку штодня пачалі выключаць на некалькі гадзінаў дзеля накіраваньня яе ў адно мейсца на выраб „сакрэтнай зброі". Тым часам націск аліянтаў так на франтах, як і ў паветры ўзмацняўся і пад канец 1944-га завод значна зьменшыў вытворчасьць сваёй прадукцыі, а прыблізна ў сакавіку 1945-га й зусім перастаў працаваць. I немцы, як мы заўважылі, перасталі хваліцца сваёй „сакрэтнай зброяй". Як мы даведаліся пасьля вайны, аліянтам удалося праз бамбардыроўку й сабатаж зьнішчыць атамныя й ракетныя інстытуты, убудаваныя ў землі мясцовасьці Пінэмюндэ, і такім чынам нанесьці гітлероўцам канчатковы й рашаючы ўдар.

Пляны нацыстаў вымардаваць нас

Неўзабаве пайшлі чуткі, што амэрыканцы падыйшлі зусім блізка. Доказам таму было масавае адступленьне нямецкай арміі начамі, пераважна пешага, бо аўтатранспарту ў немцаў ужо не было. Немцы пачалі таксама гнаць далей ад фронту дзясяткі тысячаў ваеннапалонных, і падчас гэтых масавых эвакуацыяў чуліся рэгулярныя й частыя стрэлы: нацысты стараліся зьнішчыць як мага больш савецкіх палонных. Калі прыйшлі амэрыканцы, мы расказалі ім пра гэтыя масавы забойствы, і яны рабілі допыт у гэтай справе праз захопленых імі палонных немцаў.

Замест работы на заводзе немцы пачалі нас ганяць у недалёкае ад лягера поле капаць акопы і гэтым самым „прызналіся", што наступаючыя амэрыканскія ваенныя адзінкі стаяць вельмі блізка. Наш лягер Ізармос стаяў у даліне паміж невялікімі горкамі на захадзе і ўсходзе, і хадзілі чуткі, што амэрыканцы з заходніх горак сочаць за намі праз бінокулі, і часам мы сапраўды чулі грукат матораў іхніх тангаў ды іншага транспарту. Перад гэтым „пад шыльдай", што яны шукаюць нейкага "мінеральнага пяску", да нас у Ізрамос прыкацілася мэханічная капачка й выкапала сярод лягеру яму прыблізна 2 мэтры глыбіні й 40 на 40 па плошчы. Не знайшоўшы „мінэралаў", капачка паехала назад.

Прыблізна напачатку красавіка 1945-га году, адной раніцы, калі было яшчэ цемнавата, у нашыя баракі ўварваліся гестапоўцы й пачалі рабіць агульны й дакладны вобыск. Усё было перавернута дагары нагамі, і яны забралі ў мяне вялікага нажа, якога я прывёз з сабой яшчэ зь Беларусі й якога мы называлі „фінкай". Хадзілі таксама чуткі, што ў аднаго з „остарбайтэраў" знайшлі й сканфіскавалі пісталет. Ніхто нікому нічога адкрыта не гаварыў, аднак у бараках пачалі шаптаць, што гестапоўцы рабілі гэты вобыск дзеля таго, каб не дапусьціць нас да арганізаванага супраціву супраць тых, хто пасьля меў прыехаць нас растрэльваць. Жывучыя ў асобных ад нас, спэцыяльна ім пабудаваных, добрых кватэрах людзі нямецкага паходжаньня зь іншых краінаў якіх называлі „фольксдойчамі", гаварылі таксама, што пад вялікі мост цераз раку Ізар у Дынгольфінгу ўжо падлажылі бомбы й гатовыя іх узарваць, каб спыніць амэрыканскі наступ.

Адной раніцы, прыкладна 22-га красавіка, мы пачулі гучны стук у дзьверы й крык: „Аўсштэйн унд раўс! Шнэль! Шнэль!" („Уставаць і выходзіць! Хутка! Хутка!"). Выйшаўшы з бараку, я пабачыў, што мы ўжо ёсьць акружаныя ўзброенымі патрулямі й што нават працуючыя раней з намі „фольксдойчы" з Бэсарабіі (цяперашняй Малдовы) стаяць зь вінтоўкамі й пільнуюць, каб мы не ўцякалі. Помню, я спытаўся праз дрот у аднаго зь іх, каторы працаваў са мной на заводзе на адной машыне: „Што ёсьць?". Аднак мой „фольксдойч" удаў, што ня бачыць мяне, і нічога мне не адказаў. Халодны мароз прабег мне па сьпіне, і я пачуў, што ўвесь спацеў і, літаральна, трасуся ад холаду, бо зразумеў, што мы дажываем апошнія хвіліны свайго жыцьця. Я ёсьць пэўным, што такая самая рэалізацыя, прыйшла ўжо кожнаму з нас у галаву, аднак я ня чуў каб нехта пра гэта гаварыў услых. Нам сказалі, што нас будуць „эвакуяваць далей ад фронту" й загадалі, каб мужчыны сталі ў адным мейсцы, а жанчыны - крыху далей, у іншым. Усе мы стаялі блізка раней выкапанай вялізнай ямы! Сказалі нам таксама нічога з сабой ня браць, маўляў, усе нашыя рэчы самі прывязуць нам на новае

Помню, што мне ў галаву прыйшла думка: „Як немцы могуць прыслаць нам транспарт, калі яны ня маюць яго нават для свайго войска?" Прыпомніўся таксама адзін эпізод, які адбыўся прыкладна ў лістападзе 1944-га, калі ў наш лягер прывезьлі некалькі фэрмэрскіх вазоў з вопраткаю й сказалі, што мы можам браць усё, што нам патрэбна. Было холадна й шмат людзей бралі сабе тую вопратку. Пазьней адзін рускі „остарбайтэр" гаварыў на заводзе, што тая вопратка была зьнятая з пабітых людзей, бо той пінджак і тыя кашулі, якія ён сабе ўзяў, былі прасякнутыя крывёю, і дадаў, што былыя „хозяева" вопраткі былі пабітыя недзе недалёка ад нас, таму што кроў была яшчэ сьвежая.

Стаім мы так і чакаем. Я стаяў з братам Грыгорам і да нас падыйшоў бацька і, нічога ня кажучы, паклаў свае рукі нам з братам на плечы. Ніколі не забуду прысутнасьці ля нас нашага бацькі, асабліва ягоную руку на маім плячы, якая ўспакоіла мяне й я перастаў трэсьціся й пацець. Зь бюро лягернай канцылярыі тым часам чуліся тэлефонныя дзванкі й гутарка каманданта з кімсьці на другім канцы тэлефоннай лініі. Надыходзіла раніца, і, нарэшце, камандант лягеру сказаў нам ісьці назад у баракі. Празь некаторы час зноў было загадана выйсьці, а потым зноў зайсьці. А калі камандант загадаў кухні варыць сьнеданьне, мы зразумелі, што перажылі вялікі крызіс і засталіся жыць!

За некалькі дзён пасьля гэтага эпізоду зноў пачаўся наступ амэрыканцаў. Спачатку над Дынгольфінгам паўз раку праляцела некалькі амэрыканскіх зьнішчальнікаў, якія абстралялі сядзеўшых за ракой немцаў. Мы пакінулі нашыя баракі й ляжалі ў полі. Да нас вельмі хутка пачалі набліжацца амэрыканскія джыпы, у якіх сядзела па 2-3 жаўнеры зь цяжкакалібровым кулямётам. Пад'ехаўшы да першых будынкаў Дынгольфінгу, жаўнеры пусьцілі па іх некалькі доўгіх сэрый з кулямёту і ў гэты момант немцы ўзарвалі мост цераз Ізар. I хоць я ляжаў прыблізна 2 кілямэтры ад моста, выбух быў такі моцны, што я літаральна быў аглушаны, і нават кавалкі бэтону ад гэтага моста пачалі падаць недалёка ад нас. Мы моцна былі зьдзіўленыя тактыкай амэрыканскага наступленьня, бо чакалі, што першымі будуць ісьці тангі. А тут першымі наляцелі гэтыя маленькія джыпы, якія ў параўнаньні зь нямецкім рухам лёталі, як шалёныя, па дарогах і абстрэльвалі тыя пункты, дзе маглі засесьці немцы.

Пасьля ўзарваньня моста пачало масава здавацца ў палон тое нямецкае войска, якое засталося на нашым, заходнім беразе Ізара, а з вокнаў пачалі вывешвацца белыя сьцягі капітуляцыі. Амэрыканцы строілі палонных жаўнераў у шэрагі й загадвалі йсьці на захад, а самыя нават і не вылазілі з джыпаў, сядзелі ў іх і памаленьку ехалі за ідучымі немцамі. 3 часам у даліну пачалі зьніжацца лёгкія амэрыканскія тангі, і мы адважыліся пабегчы да недалёкай ад нас дарогі спатыкаць іх. Былі сярод нас беларусы, якія раней жылі ў Амэрыцы, і яны добра разумелі па-ангельску й расказалі амэрыканцам, хто мы й што дзеецца ў лягеры.

Меней-болей у абед таго самага дня некалькі джыпаў з амэрыканцамі прыехала ў наш лягер, і амэрыканцы адразу загадалі ўсім мужчынам - „фолксдойчам" (тым самым, што пільнавалі нас зь вінтоўкамі, калі гестапоўцы хацелі нас выбіць) сабрацца й стаяць некалькі гадзінаў з паднятымі рукамі. Я не вытрымаў і падыйшоў да ўжо згаданага, знаёмага мне „фольксдойча" й ён паясьніў, што гестапоўцы тагды забаранілі ім з намі гутарыць. Амэрыканцы распытвалі ў нас, каторыя зь немцаў былі дрэнныя, аднак мы былі вельмі радыя, што ўжо вызваліліся, і „не паказвалі пальцам" на нікога зь іх. Дзякуючы гэтаму, амэрыканцы ўсім ім дазволілі вярнуцца да сем'яў. Таго самага дня амэрыканцы прывезьлі нам свой белы хлеб і шмат закансэрваванага сыру й мармэляды, і мы ўсе наеліся „па вушы".

Месяц ці што пасьля прыходу амэрыканцаў я запытаўся ў аднаго „фольксдойча", каторых ужо тагды вывезьлі зь лягеру, чаму нас немцы не пастралялі? I ён адказаў, што каманьдзір гестапа, кагоры выдаў загад усіх нас (прыблізна 1000 асобаў) пабіць, паехаў вечарам у свой акруговы штаб у Ляндсгут, а калі вяртаўся, нямецкія патрулі паведамілі яму, што дарога ўжо перарэзаная амэрыканцамі. Гестаповец вярнуўся ў Ляндсгут і аддуль дзваніў у Дынгольфінг, дамагаючыся, каб мяйсцовыя гестапоўцы й партыйцы выканалі ягоны загад і ўсіх нас растралялі. Аднак, бачачы, што іхняе войска разьбягаецца й нават каманьдзіры ўцякаюць,- немцы пастанавілі не выконваць той загад і пакінуць нас жывымі. Ці гэтая вэрсія была праўдай таго, што адбывалася, я, безумоўна, ня знаю.

Жыцьцё як „перамешчанай асобы" й шуканьне вучобы

З добрым амэрыканскім харчаваньнем я, будучы маладым, скора пачаў фізычна папраўляцца й да жніўня 1945 году поўнасьцю ачуняў ад цяжкай нямецкай працы й недахопу ежы. Скора пасьля прыходу да нас амэрыканцаў мы пачулі, што застрэліўся ў Бэрліне Гітлер і што, нарэшце, скончылася ў Эўропе вайна й шмат амэрыканскіх адзінак пачало перакідацца на змаганьне зь японцамі ў Ціхім акіяне.

Па прыходзе амэрыканцаў у наш лягер пачалі прывозіць працуючых па розных нямецкіх фэрмах палякаў, і так у нашым Ізармосе быў адкрыты „польскі лягер", хаця, прынамсі, палова жыхароў у ім надалей былі беларусы-палешукі. У чэрвені 1945-га пачалі хадзіць цягнікі, і я рашыў ехаць у Мюнхэн шукаць сабе далейшай вучобы. Ніхто зь лягеру яшчэ не адважваўся ехаць у вялікі й моцна разьбіты Мюнхэн, і нават мае бацькі баяліся й нагаворвалі мяне, каб я адклаў сваю паездку на пазьнейшы час. Аднак я пастанавіў ехаць і ў жніўні купіў білета з Дынгольфінгу ў Мюнхэн, учапіўся рукамі за ручкі дзьвярэй аднаго купэ, і так цягнік цягнуў мяне „на сьвежым паветры" аж да другой ад Дынгольфінгу станцыі Нідэрфібах: толькі там мне ўдалося сілаю ўбіцца ў вагон.

Як безпасрэдны вынік пяцігадовай вайны мільёны людзей былі перакінутыя ды пераселеныя ў чужыя краіны, і цяпер, па заканчэньні вайны, гэтыя людзі стараліся дабрацца дамоў або знайсьці сваіх родных ды знаёмых, - чаму цягнікі былі літаральна, як сардынкамі, „запакаваныя" людзьмі. Паколькі мне вядома, у той частцы Нямеччыны, якую акупавалі заходнія аліянты, тагды налічвалася каля 10 мільёнаў чужынцаў-„аўслендараў", і кожнага дня на амэрыканскую й брытанскую зоны акупацыі прыяжджалі тысячы ўцекачоў з савецкай зоны. Сярод уцекачоў ад камуністаў было шмат палякаў, і я нават спаткаў аднаго беларуса з Баранавічаў, жаўнера Чырвонай арміі, каторы, будучы ў Бэрліне, таксама ўцёк да амэрыканцаў. Гэты малады мужчына жыў недалёка мяне ў Мюнхэне.

Па абедзе мой цягнік, нарэшце, прыбыў на галоўную мюнхэнскую „Гаўптбангоф" (станцыю) і, выйшаўшы з вагона, я забачыў, што станцыя была амаль што зьнішчаная амэрыканскімі бомбамі. Сам горад таксама быў моцна зруйнаваны, але трамваі хадзілі, а на вуліцах быў вялікі рух людзей і амэрыканскіх вайсковых машынаў. Паўстала пытаньне, куды, у які бок падацца? Вярнуўся на станцыю й запытаўся ў аднаго чыгуначніка, ці ня ведае ён, дзе ёсьць лягеры чужынцаў і ён расказаў пра вялікі лягер у былых эсэсаўскіх казармах у прадмесьці Фрайман, а таксама пра Цэнтар прыёму ў„Дойчэ Музэюм" („Нямецкім музэі"). Мне пашанцавала: ідучы да трамвая, я пачуў польскую гутарку невялікай групы людзей і, падыйшоўшы да іх, даведаўся, якім трамваем ехаць на Фрайман.

Сыйшоў я на „Фейлітц Платц", дзе ўжо стаяла маса людзей і два невялічкія аўтобусы: адзін хадзіў у жыдоўскі лягер, другі - да эсэсаўскіх казармаў, і неяк уціснуўся ў гэты аўтобус і позна вечарам, „галодны й халодны", дабраўся, нарэшце, да мэты. Знайшоў канцылярыю й пачаў запісвацца, як легальны жыхар лягеру. Пытаюцца ў мяне:

- Хто пан ест? Адказваю:

- Аляксандар Алехнік. Ізноў пытаюцца па-польску:

- Народовосьць? Адказваю таксама па-польску: -Бялорусін!

Ніколі не забуду як той сакратарчык вырачыў на мяне вочы й сказаў:

-Пшэрпрашэм?

Я зноў гавару яму, што ёсьць „бялорусін". Сакратарчык падазваў да сябе нейкага старэйшага векам мужчыну , параіўся зь ім, і запісаў у анкеце, што я сапраўды ёсьць „беларус"! Пасьля мне казалі, што я быў першым беларусам, каторы афіцыйна запісаўся, як беларус, хаця было ў лягеры некалькі беларускіх сем'яў, якія чамусьці запісаліся, як палякі.

Сакратар даў мне „запісачку" да кіраўніка блёку A, i той даў мне ложак у пакоі N 16. Я паклаў на жалезны ложак сваю маленькую й патрэпаную валізачку, пайшоў у кухню й зьеў вячэру. Вярнуўшыся, паваліўся на ложак і заснуў, поўнасьцю фізычна вычарпаным, але высока духова паднятым тым, што даказаў усім старэйшым за мяне ў Дынгольфінгу, што я не прападу й знайду ўсе мне патрэбнае.

Тагды ў 1945 годзе лягер на Фрайман быў яшчэ больш чым напалову пусты, і туды зьяжджаліся людзі рознай нацыянальнасьці, але пераважна палякі, рускія ды ўкраінцы. Зь цягам часу ў лягеры налічвалася больш за 10 тысячаў асобаў. Назаўтра, пасьнедаўшы, я ўжо сьмела, як паўнапраўны жыхар лягеру, пайшоў дазнавацца, што тут і дзе ёсьць у справе навукі. Даведаўшыся, што скора ў СС-казармах маюць быць адкрытыя аўтамэханічныя курсы, я адразу запісаўся на іх. Тут, у былых казармамі элітнага гітлераўскага войска СС, былі пабудаваныя й абсталяваныя нямецкім урадам розныя тэхнічныя школы з найлепшымі ў той час прыборамі. Апроч аўтамэханічных курсаў я наведваў яшчэ курсы каморніцкія, на якіх мне таксама вельмі падабалася. З каморніцкімі курсамі ня меў жодных праблемаў, што да маіх гадоў, а на аўтамэханічных сказалі, што 16-ці гадоў замала, дык я запісаў, што мне 19-ць! Я быў ужо высокага росту й гэта дапамагло: ніхто мяне не правяраў!

Днямі я пачаў езьдзіць трамваямі й пазнаваць горад Мюнхэн... Ён для мяне тагды сапраўды быў вялікім горадам, і я езьдзіў па розных трамвайных лініях: восьмым і шостым трамваем ад Файлітц Платц да Галоўнай станцыі, сямёркай - да зьвярынца, да батанічнага парку. Пехатою хадзіў глядзець больш спакойную, глухую ды ня зьнішчаную частку гораду ў раёне Максымільян Плятц, якая мне вельмі падабалася. Гэта былі жыльлёвыя кварталы, і яны не былі пашкоджаныя ані бомбамі, ані вулічнымі баямі. СС-казармы месьціліся на самым канцы гораду і аднойчы я пайшоў з сваімі новымі мюнхэнскімі сябрамі ў бок аэрадрому на Шлязгайм, дзе, як мне казалі, праходзілі вялікія баі паміж СС-дывізіямі й амэрыканцамі. На скрыжаваньні дарогаў, недалёка ад лягеру, стаяла антытангавая гармата, ля якой я налічыў больш за 300 пустых гільзаў. На іншых недалёкіх скрыжаваньнях таксама яшчэ стаялі нямецкія гарматы, якія доўгі час адбівалі наступаючых амэрыканцаў

У Мюнхэне з падыходам амэрыканскай арміі й амаль штодзённымі бамбёжкамі адбылася спроба перавароту ўлады. Бургомайстэр рашыў здаць горад амэрыканцам. Аднак стаючыя ля горада СС-дывізіі перамаглі ягоных пабочнікаў і, так гаварылі немцы, сам Гітлер прыляцеў з Бэрліну, каб быць сьведкам, як гэтага бургомайстра павесілі. Я ёсьць пэўны, што той бургомайстар быў разумным чалавекам, ён бачыў, што гітлероўскія абяцанкі выйграць вайну былі пустымі словамі, і хацеў уратаваць свой горад і гараджанаў ад далейшых мукаў

Прызнаньне гістарычнасьці Беларусі

Я паступова пачаў знаходзіць сабе ўсё больш і больш сяброў, але, на вялікі жаль, беларусаў сярод іх не было. Маімі лепшымі сябрамі сталіся браты Бандарэнкі, украінцы з Крыму, каторыя ўсёй сям'ёй таксама жылі ў СС-казармах і да каторых я часта хадзіў і трымаў лістоўную лучнасьць доўга пасьля таго, як выехаў зь Мюнхэна. Гэтая інтэлігентная й ветлівая ўкраінская сям'я вельмі прыхільна ставілася да беларусаў і была мне вялікай маральнай дапамогай у Мюнхэне, дзе я, беларус, быў сам адзін. Каб даць знаць жыхарам лягеру, што тут таксама жыве й беларус, я прычапіў да „Дошкі абвестак" паперку, на якой напісаў: „А. Алехнік, беларус, пакой N16, другі паверх, блёк А, шукае сваіх суродзічаў -беларусаў".

Мая абвестка правісела тры дні, а раніцай на чацьверты нехта напісаў на ёй па-польску: „Я любе лепей полякув". Аднак я быў рады й гэтай рэакцыі, бо знаў, што нехта чытаў па-беларуску й разумеў беларускую мову.

З пакою N16 мяне перавялі ў вялікі пакой для самотных на пятым паверсе таго самага блёку А. Там нас было ажно 20 хлопцаў, усе, апрача мяне, палякі. Жыў я зь імі добра, хаця часам спрачаўся ў справе нацыянальнасьці й права на „неподлеглосьць", асабліва з адным маладым палякам, былым антынямецкім партызанам, каторы быў старэйшы за мяне й не хацеў прызнаваць права на дзяржаўнае жыцьцё ані беларусам, ані ўкраінцам. „Дыскусіі" нашыя аднак праходзілі ў ветлівай атмасфэры й злосных спрэчак не было. Быў у нашым пакоі таксама адзін паляк старэйшага веку, магчыма, гадоў 45-ці, каторы быў палюўнікам у войску польскім і каторы ўважліва слухаў нашыя „дыскусіі", але ніколі ня ўмешваўся, хаця часам усьміхаўся з таго, што мы гаварылі. Аднаго разу пасьля вячэры мы зноў пачалі „дыскусію" й мой апанэнт, якому нешта не спадабалася, падняў голас і заявіў: „Бялорусі нігды не было і Бялорусь можэ тылько быць в рамках польскего паньства!" I дадаў: „Навэт тэраз і тутэй ты, колего, ходзіш на польске аўтомэханічне курсы!" Што было праўдай, бо курсы гэтыя праводзіліся польскімі інжынэрамі й на польскай мове. Праводзіліся яны й на сэрбскай і нямецкай мовах, аднак я выбраў польскую, бо вучыўся ў польскай школе й разумеў яе шмат лепей за астатнія. Наступна адбылося тое, чаго ніколі не спадзяваўся. Я яшчэ й рота не адкрыў, каб даць нейкі „інтэлігентны" адказ свайму суразмоўніку, як гэты палкоўнік, седзячы на сваім ложку, сказаў: „Глупство гадаш, прошэ пана! Бялорусь была велькім не-подлеглым паньствэм. Проше пана, ці пан чытал гісторые Грундвальдскей бітвы? Чы там пан чытал о войску літэвскім? Хцэ пану поведзець, же літэвске войско под Грунвальдем было Бялорускім войскем, бо Бялорусь втэды мяла назув Вельке ксенство Літэвске!" Я быў сапраўды ашаломлены гэтай вельмі радаснай для мяне, але неспадзяванай, падтрымкай польскага афіцэра, і я проста сеў на свой ложак і нават не заўважыў, што з вачэй маіх пайшлі сьлёзы. I толькі тады „прачнуўся", калі малады паляк сказаў: „Венц добжэ, Бялорусь была неподлеглым паньствэм в гісторыі, але тераз она мусі быць разэм з Польска!"... З таго часу прайшло ўжо больш за паўстагодзьдзя, аднак той заявы польскага палкоўніка я ніколі не забыў і не забуду.

Вучоба на курсах

Курсы любіў і вучыўся добра. Гітлер не шкадаваў грошай на абсталяваньне розных навучальных установаў для свайго элітнага эсэсаўскага войску, а таму й мэханічная, і каморніцкая школы былі абсталяваныя навейшымі й найлепшымі інструмэнтамі. Прафэсар Шульц, каторы выкладаў на каморніцкіх курсах, вельмі часта вадзіў нас па полі й вучыў як вымерваць розныя часткі зямлі швэйцарскімі інструмэнтамі.

Месяц пасьля таго, як пачаліся заняткі ў Мюнхэне, я паехаў на „ўікэнд" да бацькоў у лягер Ізармос, і мяне там спаткалі, як нейкага героя, каторы не пабаяўся й паехаў сам шукаць сабе будучыню. Да мяне пачалі прыходзіць шмат старэйшыя за мяне мужчыны з просьбай завезьці іх і запісаць у тую ці іншую школу, што я й рабіў. Мой бацька зь вялікім задавальненьнем гаварыў: „Мой старшы сын Грыгор ёсьць гаспадарчым сынам, трымаецца сям'і, а вось меншы, Алесь, усё хоча недзе езьдзіць, узнаваць, што й дзе робіцца, ды вучыцца!" Пасьля мой брат і сястра прыяжджалі да мяне ў госьці ў Мюнхэн, і я з радасьцю вазіў іх у зьвярынец, батанічны парк і нават у славуты нямецкі „Цырк Кронэр", які аднавіў сваю працу непадалёк ад галоўнай чыгуначнай станцыі. У Мюнхэнскім зьвярынцы я ўпершыню ў жыцьці ўбачыў вадзянога каня або гіпапатамуса.

А вось з курсамі былі праблемы. Шмат гэтак званых „студэнтаў" пазапісваліся на іх толькі таму, што Арганізацыя па дагляду за перамешчанымі вайной асобамі давала кожнаму студэнту па дзьве пачкі папяросаў на тыдзень, і шматлікія „студэнты" амаль ніколі не зьяўляліся на заняткі й цікавіліся выключна атрыманьнем папяросаў. Тут хачу прызнацца, дзякаваць гэтым пачкам папяросаў, я навучыўся й пачаў курыць! У нашай сям'і ніхто больш, апрача мяне, не курыў.

Кіраўніцтва курсаў дало нам знаць, што калі ня будзе мінімум 15 студэнтаў рэгулярна, курсы будуць зьліквідаваныя. На аўтамэханічных было лепей, на іх прыходзіла рэгулярна ня менш за дваццаць чалавек, а на каморніцкіх дайшло да таго, што прафэсар, як мы яго празывалі, Шульц сказаў: „Калі за два тыдні сытуацыя з наведаньнем курсаў не палепшае, яны будуць закрытыя". Мы ўсе стараліся „нагаворваць" неахвотных студэнтаў, аднак з часам нас, рэгулярных, засталося толькі 7, і курсы былі закрытыя. Цяпер, думаючы аб тых падзеях, я мяркую, што прафэсар Шульц падазраваў, што курсы будуць скасаваныя, і таму даваў нам столькі практычных заняткаў на суседніх палях, і гэты практычны вопыт стаўся мне вялікай дапамогай, калі я, прыехаўшы ў Аўстралію, пайшоў ахвотна працаваць у Каморніцкім аддзеле на пабудове гіганцкай Сьнежнагорскай гідраэлектрычнай сыстэмы.

Няма ані Беларусі, ані Ўкраіны!

У палове 1946-га я закончыў аўтамэханічныя курсы й вярнуўся да свае сям'і ў Дынгольфінг. Скора пасьля майго вяртаньня ў лягер Ізармос пачала праходзіць па лягерах агульная праверка людзей, каб даведацца дакладна, хто жыве ў „лягерах перамешчаных вайной асобаў", знаных у аліянтаў як ДП - „дысплэйсд пэрсон" (перамешчаная асоба). А яшчэ перад гэтай праверкай да нас у лягер прыехаў нейкі паляк, паклікаў людзей на мітынг і заявіў, што „нема ані бялорусінув, ані украінцув, і сон тылько поляцы і росьяне" і што трэба запісвацца толькі такімі ў выпаўненьнях анкетаў, і пад канец дадаў, што ўсіх тых, хто запішацца „рускім" будуць вывозіць да Сталіна. Нас гэта моцна зьбянтэжыла, асабліва майго брата Грыгора й мяне, запужала й многіх нашых людзей, бо акурат тагды па лягерах часта езьдзілі „савецкія агітатары", каторыя нагаворвалі й нават пагражалі, маўляў, „никуда вы не уедите, мы вас и под землёй найдём!"

Людзі зьбіраліся, шапталіся й пыталіся адзін аднаго, што рабіць? Аднак нашая сям'я ня мела ніякіх сумневаў, і як толькі надыйшоў Дзень праверкі, мой брат Грыгор і я самымі першымі зь беларусаў напісалі ў анкеце ў рубрыцы „народовосьць": „беларус"! За намі пайшлі нашыя бацькі і ўсе іншыя беларусы-палешукі. Грыгор і я не маглі згадзіцца з тым, што нават тут, у гэтак званым „вольным сьвеце", нейкі польскі шавініст будзе нам забараняць быць тымі, кім мы нарадзіліся.

Аднак помста палякаў Алехнікам за тое, што яны адважыліся назвацца беларусамі, была скорай і подлай. За некалькі дзён пасьля праверкі прыехала ў наш лягер некалькі амэрыканскіх грузавікоў, было загадана нам класьці ў іх сваю маёмасьць, і завезьлі нас і некалькі іншых сем'яў (тых, хто таксама запісаліся беларусамі) у лягер нямецкіх бежанцаў Messerschmidt, у горад Рэгэнсбург. Сядзім і пытаем адзін аднаго, чаму, за што, што сталася? Ніхто аднак нічога нам не растлумачыў. I так апынуліся мы на гэтак званай „нямецкай эканоміцы", страцілі права на ахову й апеку Аб'еднаных Нацыяў, на эміграцыю ў заморскія краіны й г. д. Мой бацька ня вытрымаў, купіў білета й паехаў назад у Дынгольфінг, у Бюро апекі перамешчанымі асобамі, даведацца, за што мы былі пакараныя. Аднак вярнуўся ў Рэгэнсбург з пустымі рукамі, бо ў Бюро ўсё яшчэ сядзелі польскія сакратаркі й яны не далі бацьку жоднага паясьненьня.

За некалькі тыдняў бацька зноў паехаў туды. У Бюро апекі працавалі ўжо некаторыя дзяўчаты іншых нацыянальнасьцяў, і бацьку вельмі пашанцавала гутарыць зь дзяўчынай -украінкай. Выслухаўшы бацьку, тая дзяўчына выйняла нашу папку, прачытала й растлумачыла: „Твой бацька Грыгор быў у Беларускай Краёвай Абароне". Бацька кажа, што Грыгор ёсьць ягоны сын, а ён ёсьць бацька й галава сям'і. Згодна сфалыпаваных дакумантаў мой дваццацідвухгадовы брат Грыгор стаўся бацькам саракашасьцігадовага, сапраўднага бацькі Апанаса Алехніка. Дзяўчына-сакратарка, прачытаўшы бацькаву „Пасьведку" з завода Людвіга Фэксаля, у каторай гаварылася, што „гэр Афанасі Алехнік", народжаньня 1.05.1900, быў назначаны Бюро працы на гэты завод і што прыехаў ён у канцы жніўня 1944-га году, - пачала падазраваць „сабатаж" дакумантаў. А калі бацька паказаў ёй свой „аўсвайс" (пашпарт), выдадзены немцамі яшчэ на Бацькаўшчыне ў 1944 годзе, дзе таксама стаяла тая самая дата народжаньня, сакратарка канчаткова пераканалася аб „сабатажы дакумантаў" нейкім ворагам беларусаў. Дзяўчына папрасіла, каб бацька трошкі пачакаў, і за нейкіх гадзіны паўтары вярнулася, відаць, са сваім начальнікам, які падыйшоў да бацькі й сказаў яму нешта на незразумелай мове. Дзяўчына пераклала: „Дзякуй, што прыехалі й сказалі нам аб гэтым! Вам нехта хацеў зрабіць вялікую шкоду, і мы пастараемся вінаватага знайсьці! Я Вам вельмі рады паведаміць, што ўзаўтра да вас у Рэгэнсбург прыедзе грузавік, які прывязе вас назад, сюды ў Дынгольфінг!"

Бацька настолькі быў узрушаны гэтымі словамі, што некалькі хвілінаў ня мог нічога сказаць, але, нарэшце, падняўся й з сьлязьмі ў вачах пацалаваў і дзяўчыну, і мужчыну, шчыра падзякаваў за дапамогу й, бачачы, што мае яшчэ некалькі гадзінаў да наступнага цягніка, пабег у лягер Ізармос, дзе надалей жылі ўсе нашыя землякі, каб расказаць пра ўсё, што з намі адбылося.

Другога дня, а 10-ай гадзіне раніцы, прыехаў па нас амэрыканскі вайсковы грузавік, і мы з радасьцю ўкінулі на яго свае транты й вярнуліся „дамоў" у лягер Ізармос. Па нашым павароце ў Дынгольфінг нашыя беларусы-палешукі пачалі канчаткова дамагацца як найхутчэйшага вывазу астаўшыхся палякаў, каторыя скора й выехалі ў вялікі польскі лягер у Страўбінгу, прыкладна 35 кілямэтраў на захад ад Дьшгольфінгу. Аднак помста палякаў да нас, беларусаў, яшчэ раз праявілася ў вельмі подлай форме! Аднойчы наш кіраўнік, сп. Канэцкі, які калісьці жыў у Амэрыцы й досыць добра гутарыў на „амэрыканскай" ангельскай мове, атрымаў тэлефон ад нейкага ў Бюро з запытаньнем, ці ня хочам мы, каб да нас прыехалі беларусы? Сп. Канэцкі і ўсе прысутныя ў лягернай канцылярыі, адказалі, што з радасьцю будуць прыймаць і чакаць беларусаў. I чакалі зь нецярплівасьцю. Нарэшце, некалькі дзён пасьля тэлефону, паявіліся грузавікі, і мы выбеглі спатыкаць сваіх родных братоў-беларусаў, аж глядзім і ня верым сваім вачам: заместа беларусаў нам прывезьлі... белых маскалёў! I гэтак, пад канец 1946-га, мы, беларусы-палешукі зь лягеру Ізармос, выскачыўшы з агню нашых спрэчак з палякамі, ускочылі ў полымя змаганьня з маскалямі, каторыя адразу па прыезьдзе пачалі намагацца абняць уладу ў свае рукі й сьмяяліся з прапановы сп. Канэцкага наладзіць выбары й супольна абраць сваю лягерную ўправу.

Назаўтра сп. М. Канэцкі пайшоў у сваю канцылярыю, ажно бачыць, там ужо за бюркам сядзіць нейкі русак і камандуе сваім „ребятам", што ды як рабіць. Сп. Канэцкі загадаў ім пакінуць бюро, чаго маскалі не паслухалі. На дапамогу Канэцкаму прыйшоў адзін наш лягерны »паліцэйскі", паходжаньнем з-пад Пінску, які, пабачыўшы, як маскоўшчыкі з насьмешкай трактуюць сп. Канэцкага, кажучы: „Смотрите-ка, мы должны слушать тех, кто в лаптях по болоту ходит!", - проста ўзяў маскоўскага самазванца за каўнер і так піхануў яго ў дзьверы, што той ледзь дзьвярэй з сабой не панёс. Пачалі маскалі клікаць сваіх на падмогу. Нашыя хлопцы таксама падбеглі паглядзець, што адбываецца, і, выслухаўшы сп. Канэцкага, засталіся на варце ў лягернай канцылярыі на цэлую ноч. I з гэтага пачалася сапраўдная „разьня" паміж намі, беларусамі, і прыежджымі маскалямі, каторых наўмысна падаслалі нам палякі. Пачаліся частыя бойкі, пачала прыяжджаць амэрыканская ваенная паліцыя на праверку так нашых, як і іхніх скаргаў. У Бюро апекі адразу пабачылі, што паміж даўно жывучымі ў Дынгольфінгу беларусамі й новапрыехаўшымі рускімі згоды ніколі ня будзе, і пастанавілі лягер Ізармос зьліквідаваць.

Скора перад Новым 1947-м годам мой брат Грыгор, які быў досыць добрым музыкантам (яшчэ з маленства граў на скрыпцы й на баяне-акардыёне), граў на адной нашай беларускай вечарынцы. Як раптам уварваўся з нажом адзін падпіты маскалёк і хацеў ударыць тым вялікім нажом брату ў грудзі. Усё адбылося неспадзявана, аднак, каб абараніць сябе, Грыгор пасьпеў падняць сваю левую руку. I нож прабіў брату далоню й перарэзаў яму жылы. Тут на дапамогу Грыгору прыйшла адна прыгожая дзяўчына -беларуска. Заўважыўшы, што адбываецца, яна агрэла маскаля кулаком. Скора падскочылі нашыя хлопцы, і русачок, пабачыўшы, што яму будуць кранты, выскачыў з пакою праз вакно. Брата майго завезьлі ў шпіталь, зашылі яму прабітую далоню, аднак парэзаныя жылы ня надта ўдала зьвязалі, і Грыгор ужо больш ніколі ня змог так добра граць, асабліва на скрыпцы, як граў раней, хоць з часам ён пачаў валодаць пальцамі на левай руцэ.

Неўзабаве пасьля нападу маскаля на майго брата, напачатку студзеня 1947-га году, наш лягер Ізармос зьліквідавалі, і нас, беларусаў, разьвезьлі па іншых, ужо існуючых беларускіх лягерах.

Жыцьцё ў беларускім лягеры Міхэльсдорф

Адну частку нашых людзей, уключаючы Аляксея Марушко, з каторым мы псавалі вырабляныя на заводзе „ляфэты", завезьлі ў невялічкі беларускі лягер у Вохэнстраўс, другую частку, куцы патрапіла й мая ўжо замужняя сястра Ганна, адправілі ў беларускі лягер у Остэргофэн, а нашую, магчыма, найбольшую групу прывезьлі ў цэнтральны беларускі лягер побач зь вёскай Міхэльсдорф недалёка ад гарадка Хам (некаторыя з нашых лепей выгаварвалі „Кам") пад самую нямецка-чэскую мяжу. Побач зь вёскай Міхэльсдорф разьмяшчаўся былы нямецкі ваенны аэрадром, і наш лягер займаў былыя казармы нямецкіх авіятараў Горад Хам і наш лягер знаходзіліся ў горах, і ў час нашага прыезду туды там панавала досыць суровая зіма, і я помню, як амэрыканскія вайсковыя грузавікі, якія нас везьлі, зь вялікай цяжкасьцю прабіваліся праз сьнежныя сумёты на галоўнай у бок чэскай мяжы дарозе.

Спатканьне нас кіраўніцтвам лягеру было сапраўды цёплым, шчырым, беларускім. Нягледзячы на вялікі мароз і глыбокі сьнег, нас спаткала ўсё лягернае кіраўніцтва на чале зь лягерным камандантам, інжынэрам Ігнатовічам, каторы кожнага па-асобку прывітаў, падаў руку й адразу запрасіў усіх у лягерную кухню-сталоўку на прывітальны абед. Шчыры прыём, абед і сяброўскія адносіны ўсіх тых, з кім мы спатыкаліся, „сагрэлі" нас пасьля доўгага падарожжа па засыпаных сьнегам горах і зрабілі на мяне вялікае й прыемнае ўражаньне. I гэтак мы, беларусы-палешукі, каторыя амаль без перапынку змагаліся ці ня два гады за права быць беларусамі, нарэшце спакойна ўздыхнулі сваім сьвежым і чыстым беларускім паветрам, хоць былі мы далёка ад роднай Беларусь Таксама адразу заўважылі мы й розьніцу паміж сапраўды прыязнымі суадносінамі беларусаў зь нямецкімі жыхарамі Міхэльсдорфу й пераважна вельмі нэгатыўнымі, нават варожымі адносінамі немцаў з прадстаўнікамі лягероў перамешчаных асобаў іншых нацыянальнасьцяў У вёсцы Міхэльсдорф не было ніводнай кражы, зробленай беларусам, і нямецкія куры й качкі почасту прыходзілі ў самы цэнтар нашага лягеру корпацца ў пяску. Пазьней, калі я ўжо працаваў у Беларускай лягернай паліцыі, я часта спыняў едучыя празь лягер грузавікі, каб даць тым нямецкім качкам і курам адыйсьці ў бок з дарогі.

Немцы чулі ад сваіх знаёмых і чыталі ў сваіх газэтах, што ДП-істы ў іншых месцах кралі ды рабавалі мяйсцовых нямецкіх людзей, і яны высока ацэньвалі, як яны казалі, „аўсгэцайхнэт" (надзвычай добрыя) паводзіны беларусаў. I я помню, як аднойчы я зайшоў у мяйсцовую „гастгаўз" (піўную), і гаспадар паклікаў мяне ў іншы пакой і даў мне куфаль піва - каб кліенты, якім ён ужо сказаў „іх габэ кайнэ бір" (піва няма), ня бачылі, што для мяне піва ёсьць.

У лягеры Міхэльсдорф уся атмасфэра і ўсё жыцьцё былі беларускімі. Тут дзейнічала пачатковая школа й гімназія ймя Янкі Купалы, тут была свая праваслаўная царква на чале вельмі папулярнага й шчырага беларускага айца Мікалая Лапіцкага, быў скаўтынг, быў тэатральны гурток, быў мешаны беларускі хор, - і над усім гэтым горда лунаў наш бел-чырвона-белы сьцяг.

Недзе ў палове 1947-га году мне далі працу ў Лягернай Службе Парадку (Д-2), ачольваў якую камандант Каралевіч, родам зь Менску. Служба ў лягернай паліцыі мне падабалася й вялікіх праблемаў мы ня мелі, апрача таго, што час ад часу даводзілася „арыштоўваць" тых, хто зашмат выпіў нашай добрай лягернай самагонкі, і надакучваў сваім жонкам або суседзям выконванымі "на ўсё горла" песьнямі. Арыштаваных мы садзілі ў адумысловы пакой, клалі іх на ложак і, асабліва зімой, давалі ім нават свае перунковыя коўдры, каб яны часам не прастудзіліся. За гэта „арыштанты" потым дзякавалі сваім паліцыянтам.

Пачатак беларускай нацыянальна-вызвольнай дзейнасьці

Вясною 1948-га да мяне ў лягеры Міхэльсдорф падыйшоў былы беларускі сэнатар у польскім сойме сп. Юры Сабалеўскі ў суправодзе былога старшьші 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу сп. Яўхіма Кіпеля, бацькі нашага сучаснага добразнанага беларускага дзеяча, навукоўца й публіцыста д-ра В. Кіпеля, і запрапанаваў, каб я згадзіўся быць беларускім прадстаўніком і рэпрэзэнтаваў беларусаў на розных міжнацыянальных эмігранцкіх канфэрэнцыях у Нямеччыне. Спачатку я нэгатыўна паставіўся да гэтай прапановы, але на мае пратэсты, маўляў „я ня маю вопыту", сэнатар Сабалеўскі запярэчыў: „Ты, Алесь, недаацэньваеш сам сябе й сваёй здольнасьці!" З таго дня я, дзевятнаццацігадовы юнак, увайшоў у Беларускую Рэпрэзантацыйную Службу на Эміграцыі, і ў 1949-ым, калі наш беларускі лягер з Міхэльсдорфу быў ужо перавезены ў горад Бакнанг на захадзе Нямеччыны, я ўзяў удзел у сваёй першай канфэрэнцыі ў Штутгарту ў складзе дэлегацыі, якую ачольваў актыўны беларускі дзеяч сп. Уладзімір Пялеса.

У Нямеччыне мы адразу й з вялікім болем адчулі катастрафічную адсутнасьць сапраўднай веды пра Беларусь , і даводзілася кожнаму чужынцу, а нават і з блізкіх да Беларусі краінаў Эўропы: Аўстрыі, Даніі, Югаславіі, - літаральна „разжоўваць і ў рот укладаць" тую простую ісьціну, што Беларусь ёсьць вельмі гістарычнай краінай і што беларускі народ змагаецца за сваё вызваленьне й дзяржаўную незалежнасьць. На вялікі жаль, ня ўсе нашыя доказы й пераконваньні заканчваліся посьпехам, і было шмат выпадкаў, калі, выслухаўшы ўсё, што мы гаварылі, наш апанэнт, пакруціўшы галавою й адыйшоўшы, казаў: „А чаму мы пра вас нічога ня чулі?" Яшчэ ў 1945-ым годзе, па прыезьдзе ў Мюнхэн, я прыйшоў да вельмі балючай высновы, што перад намі, беларусамі, стаіць вялікае й важнае заданьне ўсьведаміць сьвет пра Беларусь. У прыватнасьці, нам у нашым змаганьні была пільна патрэбная дыпляматычна-палітычная дапамога з боку краінаў Захаду, але перад тым, як атрымаць яе, мы мусілі расказаць сьвету праўду пра Беларусь, бо было б вялікім і шкодным глупствам спадзявацца дапамогі ад тых, хто нас нават ня знае! Другім маім перакананьнем з самага пачатку было тое, што ніхто за нас ня будзе змагацца й абараняць, калі мы самі не прыкладзем патрэбных высілкаў ў гэтым напрамку. I доказам гэтаму могуць служыць падзеі 1918-20 гадоў, калі нашыя суседзі, пабачыўшы слабасьць Беларусі, парабіліся захопнікамі -акупантамі. Пазьней, ужо беручы ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях, я таксама пераканаўся, што на тых, хто „плача" й паказвае сваю слабасьць, на міжнароднай ніве ня толькі што не зварочваюць увагу, але й трактуюць іх з абсалютнай зьнявагай і пагардай! I я ад самага пачатку даказваў сваёй дзейнасьцю, прамовамі ды справаздачамі, што Беларускі Вызвольны Фронт сапраўды ёсьць вялікай і добраарганізаванай сілай.

Мне вельмі часта даводзілася чуць, так у Нямеччыне, як і ў Аўстраліі ад нашых людзей роспачнае пытаньне: "Чаму нас ніхто ня знае?!" Ніжэй падаю адказ, які даваў і надалей даю, чаму так задрылася.

Доўгавяковае паняволеньне Беларусі

Пасьля таго, як Масква канчаткова акупавала Беларусь у 1795 годзе й асабліва пасьля таго, як ёю быў выдадзены асобны дэкрэт у 1840 годзе, паводле якога забаранялася нават успамінаць ды ўжываць слова „Беларусь", а сама яна была пераймянованая ў гэтак званы Паўночна-Заходні край, - ніхто ўжо ў сьвеце нічога сапраўднага пра Беларусь ня чуў, а чуў толькі, што „Белая Русь" ёсьць адміністрацыйнай часткай Расеі й г.д. Цалкавітая адсутнасьць колечы-якой супрацьдзейнасьці з боку паняволенага беларускага народу, дазволіла гэтай маскоўскай прапаганьдзе глыбока ўкараніцца ў сьвеце й, як вынік, у сьвядомасьці палітычна-ўрадавых дзеячоў розных краінаў сьвету Беларусь, як асобная нацыя, перастала йснаваць.

Вялікай перашкодай да правідловага разуменьня Беларусі на Захадзе быў, таксама пашыраны Масквою, пераклад слова „Беларусь" на ўжо ўспамянутае „Белая Расея" („Увайт Рашша") замест сапраўднага й старажытнага слова „Белая Русь" („Увайт-рутэнія" або „Альбарутэнія" па-латыні). Гэты фальш перакладу слова Беларусь на замежныя мовы быў яшчэ болей скамплікатаваны ў разуменьні чужынцаў, калі падчас расейскай грамадзянскай вайны расейцы былі падзеленыя на „белых" і „чырвоных", і такім чынам у разуменьні чужынцаў беларусы сталіся „белагвардзейцамі", „белымі расейцамі"!

Савецкія пасольствы, хаця яны намінальна й рэпрэзэнтавалі ўсе народы Савецкага Саюзу, у сапраўднасьці адыгрывалі ролю традыцыйнага расейскага імпэрыялізму, і я ніколі ня чуў каб нейкі савецкі прэс-аташэ, паясьніў што Савецкі Саюз ня ёсьць Расеяй. I, наадварот, усе працаўнікі савецкіх амбасадаў у вольным сьвеце намагаліся зрабіць уражаньне, што Савецкі Саюз ёсьць фактычна Расеяй, дзе жывуць адны расейцы. Доказам, як глыбока ўкаранілася на Захадзе меркаваньне, што Савецкі Саюз ёсьць „Расея" („Рашша"), можа нават служыць і той эпізод, які здарыўся ў Аўстраліі ў 1989 годзе, калі на ТБ-станцыі N9 падчас адной папулярнай праграмы было зададзенае пытаньне, у якой краіне знаходзіцца горад Мінск? Адказ быў такі: у Расеі! I журы праграмы гэты адказ... адобрыла! Як галоўны сакратар Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі я зрабіў пратэст, ветліва інфармуючы, што Мінск ёсьць сталіца Беларусі, якая ўваходзіць у склад А АН у якасьці незалежнай краіны. На што галоўны судзьдзя журы адказаў, што ёсьць агульнапрынята называць Савецкі Саюз Расеяй. Я тагды напісаў яму наступнае: „Згодна Вашага разуменьня жыдоў можна таксама называць „нямецкімі нацыстамі" толькі за тое, што яны жылі пад нямецкай няволяй".

Адзінае на Захадзе гэтак званае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Ню Ёрку ніколі ня выступіла ў абароне сапраўдных правоў беларускага народу й толькі выконвала функцыі „расейскіх папугаяў". Як рэзультат такой „дзейнасьці" аўтарытэт Місіі БССР пры ААН быў ніжэй нуля. Усе выступы гэтых фальш-праўстаўнікоў абмяжоўваліся выключна паўтарэньнем таго, што ўжо гаварылася савецкім амбасадарам пры ААН. Псэўдабеларускія дэлегаты ніколі ня выступілі за сапраўдную незалежнасьць Беларусі - пад шыльдай якой яны сядзелі ў ААН - і ніколі ня выказалі пратэсту супраць маскоўскай палітыкі русыфікацыі й генацыду ў Беларусі. Былы міністар замежных справаў Аўстраліі, лорд Кэйсы, аднойчы мне сказаў: „Галасы Украіны й Беларусі былі падараваныя Сталіну Захадам за змаганьне з нацызмам і фактычна зьяўляюцца дадатковымі галасамі Расеі, і беларуская ды ўкраінская дэлегацыі заўсёды галасуюць так, як ім загадваюць расейцы!" Лорд Кэйсы выказаў таксама думку, што ў будучыні, магчыма, будуць зробленыя спробы выкінуць дэлегацыі БССР і УССР у ААН, аднак ён поўнасьцю пагадзіўся, што беларусы, як гістарычны народ, маюць права на незалежную краіну і ўваходзіць у ААН як паўнапраўныя сябры гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі, сусьветнай сямейкі вольных народаў

Вельмі шкодны раскол беларускай эміграцыі

Яшчэ жывучы ў лягеры Ізармос у Дынгольфінгу, я атрымаў ад аднаго знаёмага беларуса, ужо супакойнага сп. Бэнё, рататарнае выданьне Засопіс Крывічанскіх Скаўтаў", і ніяк ня мог зразумець, чаму ён называўся „крывічанскім", а не беларускім, таму што напісаны ён быў па-беларуску. Скора па прыезьдзе ў беларускі лягер Міхэльсдорф я адчуў што ў лягеры існуюць дзьве супрацьлеглыя сілы, адна зь якіх ідзе за выбранай на 2-ім Усебеларускім Кангрэсе Беларускай Цэнтральнай Радай з праф. Радаславам Астроўскім на чале, а другая падтрымоўвае Міколу Абрамчыка, пражываючага цэлы час у Парыжы, каторы быццам бы атрымаў прэзыдэнцтва БНР на „Тэстамэньце" ад памерлага ў Празе былога Старшыні Рады БНР Захаркі. Я асабіста ўдзелу ў спрэчках, якія для мяне былі шкодныя й безвыніковыя, ня браў, аднак з прабегам часу ўсё больш і больш пераконваўся, што БЦР й пераважная большасьць беларускіх дзеячоў часоў апошняй вайны заслугоўваюць на пашану й падтрымку й не заслугоўваюць на тыя паклёпы, якімі іх закідалі апанэнты. Не падабалася мне таксама, як гэта невялічкая колькасьць людзей можа замяніць назоў той краіны, над якой яны ня маюць жоднай кантролі, не падабалася й тое, што прыхільнікі назову „Крывія" пачалі нашываць яго нават на бел-чырвона-белых сьцягах, а асабліва на тым, якога насілі ў лягеры

Міхэльсдорф беларускія скаўты, на рукавах уніформаў каторых было вышыта слова „Крывія" замест „Беларусь". Я асабіста ня быў і ня ёсьць нават цяпер супраць замены назову Беларусь на нейкі іншы, адпаведна-гістарычны назоў, але, паўторна запытаюся, як гэта невялічкая колькасьць людзей можа замяніць назоў той краіны, над якой яны ня маюць жоднай кантролі?

Пачаліся сваркі, спрэчкі й нават бойкі, і я пачаў уважаць „крывіцкую афёру", як вельмі шкодную беларускай вызвольнай справе, бо замест змаганьня за вызваленьне Бацькаўшчыны, замест намаганьняў, як мага болей усьведаміць сьвет пра Беларусь, - наша эміграцыя траціла сілы на змаганьне паміж сабой. Унутраныя сваркі й непаладкі ў беларускіх лягерах пачалі непакоіць кіраўнікоў арганізацыі, створанай ААН дзеля нагляду за перамешчанымі вайной асобамі, і мяйсцовае кіраўніцтва гэтай арганізацыі пастанавіла падзяліць прыхільнікаў адной і другой палітычных групаў. Гэткім чынам лягер Міхэльсдорф стаўся БЦР-аўскім, а недалёкі ад Міхэльсдорфу лягер Віндышбэргэрдорф - БНР-аўскім ці „крывіцкім". Скора пасьлягэтага падзелу ўсе беларускія лягеры ля чэскай мяжы былі закрытая, і лягер Міхэльсдорф быў пераведзены ў Бакнанг, у паўночна-заходнюю частку Нямеччыны, недалёка ад вялікага гораду Штутгарт. А лягер Віндышбэргэрдорф быў перавезены ў прыгожы гарадок Розэнгайм (Дом ружаў) у нямецкіх Альпах недалёка Мюнхэна.

Некалькі бачынаў назад я пісаў аб тым, як добра жылі нашыя беларусы зь мяйсцовымі жыхарамі Міхэльсдорфу й навакольля гораду Хам. I гэты факт быў падцьверджаны ў канцы 49-га, калі на рукі тагачаснага старшыні Лягернай Управы Барыса Шчорса прыйшоў ліст ад групы насельнікаў Міхэльсдорфу, у якім яны наракалі, што тыя „немцы з чэскага рэгіёну Судэтэнлянд", каторыя зайнялі наш былы беларускі лягер у Міхэльсдорфе, „рабуюць, крадуць і, увогуле, паводзяцца вельмі дрэнна зь мяйсцовым насельніцтвам". Далей у сваім лісьце немцы літаральна прасілі вярнуцца назад да іх у Міхэльсдорф, кажучы: „Мы поўнасьцю ацанілі вас толькі тагды, калі страцілі" і дадавалі: „Мы ведаем, што вы затрымаліся ў нас толькі на кароткі час па дарозе ў сьвет, дык дапамажы вам Божа!" Гэты ліст ад старажытных жыхароў вёскі Міхэльсдорф сапраўды закрануў нас за сэрца, бо сказанае ў ім было найлепшым доказам, што беларус стаяў інтэлектуальна й сваімі паводзінамі шмат вышэй за іншых і быў высока шанаваны тымі народамі, каторыя мелі магчымасьць

Падпісаньне „Непрадрашэнства"

Падзел людзей з „Расейскай турмы народаў" паводле нацыянальнасьці й з пачаткам актыўнай дзейнасьці гэтых паняволеных Расеяй народаў за сваё вызваленьне й незалежнасьць моцна занепакоілі расейскіх імпэрыялістаў усіх палітычных перакананьняў, і прыхільнікі „единой и неделимой" у Заходняй Эўропе пачалі шукаць сярод беларусаў, украінцаў, грузінаў ды іншых такіх людзей, каторыя былі гатовыя пайсьці на „расейскі гачок" і пагадзіцца з дамаганьнем расейцаў, каб беларусы, украінцы й іншыя паняволеныя Масквой народы не змагаліся за незалежнасьць, а пакінулі справу сваёй незалежнасьці на вырашэньне гэтак званаму „Всеросийскому Парламенту" ў Маскве пасьля зьнішчэньня камунізму. Украінскія нацыяналісты й Прэзьщэнт БЦР праф. Радаслаў Астроўскі адразу адкінулі гэтую прапанову. Аднак, як скора аказалася, знайшліся й такія сярод беларусаў, каторыя пагадзіліся падпісаць гэты расейскі „Акт Непрадрашэнства", за што яны пачалі атрымоўваць фінансавую дапамогу, юдавыя сярэбранікі, ад, паколькі помню, расейскага „Коммитета за освобождение народов России".

Я ўважаў гэты Акт за вельмі хітрую й подлую спробу расейцаў за ўсялякую цану захаваць Расейскую імпэрыю, і быў вельмі абураны на тых „тоже белоруссов", каторыя аддалі, ці, дакладней, прадалі за грошы сьвятую ідэю незалежнасьці Беларусі на вырашэньне маскалям, бо як жа можна аддаць ці прадаць права вырашаць лёс незалежнасьці Беларусі тым, ад каго Беларусь хоча вызваліцца!? Аднак тыя, хто паддаўся на гэтую подлую маскоўскую прынаду, мелі нават нахабства называць сваё падпісаньне непрадрашэства „мудрай палітыкай"! Ніколі не забуду, як адзін беларус зь вёскі Красная Воля на Палесьсі, па прозьвішчу Малашчук, сказаў: „Прадажа права вырашэньня справы незалежнасьці Беларусі маскалям ёсьць тое самае, што даваць права галоднаму ваўку вырашаць лёс таго ягняці, якое ўжо ёсьць у воўчых зубах!" I з гэтай заявай беларуса-палешука я пагаджаўся тагды, і нават яшчэ болей пагаджаюся цяпер.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Сьнежныя горы

Падарожжа ў Аўстралію

Пад канец 1949-га году й напачатку 1950-га пачалася масавая эміграцыя перамешчаных вайной асобаў, у тым ліку й беларусаў, - і беларускія лягеры пачалі „пусташэць". За вельмі кароткі час тыя людзі, з каторымі мы гадамі жылі разам, павыяжджалі ў іншыя, пераважна заморскія, краіны: Англію, Аргентыну, Канаду, Вэнэцуэлю ды Аўстралію, - але найбольш паехала ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.

У 1949 годзе мае бацькі й мой брат Грыгор таксама падаліся ў Аўстралію, куды за год перад тым паехала мая сястра Ганна з сваім мужам 1 сыночкам. Скора па ад'езьдзе маіх бацькоў і брата я атрымаў ад амэрыканскіх уладаў візу на прыезд у Злучаныя Штаты. Аднак адразу пастанавіў у Амэрыку ня ехаць, а далучыцца да свае сям'і ў далёкай, мала знанай мне тагды Аўстраліі, на бераг якой я й сыйшоў у порце гораду Сыднэя вечарам 28 сьнежня 1950 году.

Аўстралія ёсьць вялізная краіна-кантынэнт, і ў тыя гады была вельмі рэдка заселеная й рабіла на кожнага эмігранта свае асобнае ўражаньне, якое залежыла ад ягонага веку й ад таго, куды ён трапіў і дзе затрымаўся. Большасьць аўстралійскага насельніцтва тагды, як, зрэшты, і цяпер, пражывала ў вялікіх прыбярэжных гарадах, а ўнутраная тэрыторыя заставалася, літаральна, пустой і йснавалі нават нямалыя часткі на мапе краіны, дзе было напісана „нязьведаная тэрыторыя". Сацыяльнае жыцьцё аднак было параўнальна добра забясьпечанае, і людзі, што жылі за тысячу кілямэтраў ад „цывілізацыі", мелі, напрыклад, Доступ да навукі дзяцей і мэдыкальнай дапамогі.

Што тычыцца навучаньня дзяцей у вельмі аддаленых частках Цэнтральнай Аўстраліі, дзе адна гаспадарка, бадай, большая за ўсю Беларусь, - дык адразу пасьля Першай сусьветнай вайны аўстралійскі ўрад пачаў выкарыстоўваць непатрэбныя больш для арміі вайсковыя радыёапараты, каб даць магчымасьць тым, хто жыў далёка ад населеных пунктаў, трымаць лучнасьць з цэнтрам. I гэтыя радыёапараты былі ўжываныя для гэтак званай „паветранай" або „радыёшколы", настаўнікі якой па радыё перадавалі лекцыі сваім вельмі далёкажывучым школьнікам. „Радыёшколы" дазвалялі дзецям, адарваным ад цывілізацыі, вучыцца й здаваць экзамены.

У пераважнай большасьці выпадкаў настаўнікі (скажам, з гораду Брокэн Гіл, дзе знаходзіўся Цэнтар Паветранай Школы) ніколі не спатыкалі й ня бачылі сваіх студэнтаў і ведалі толькі іхнія прозьвішчы ды галасы. I я часам у захапленьні слухаў па радыё, як дзевяцігадовая дзяўчынка, якая жыла недзе на самым пачатку вялікай аўстралійскай Сымпсон-Пустыні й найбліжэйшы сусед якой жыў 250 кілямэтраў ад яе, адказвала на пытаньні сваёй настаўніцы, што знаходзілася яшчэ далей - за 1500 кілямэтраў! Я быў моцна й прыемна ўражаны тым, як тая невядомая мне настаўніца, не зважаючы на атмасфэрныя перашкоды ў радыёвых трансьляцыях, умела ды ласкава дапамагае сваёй дзевяцігадовай вучаніцы пераадолець цяжкасьці, разумна й спакойна падбадзёрвае яе.

Гэтая радыёлучнасьць была вялікай падзеяй у жыцьці тых, хто ня меў магчымасьці спатыкацца й бачыць адно аднога. Такі ўрадавы клопат і дапамога сваім грамадзянам, што жылі ў далёкіх, ізаляваных частках Аўстраліі, павінныя стацца прыкладам іншым урадам, у тым ліку й беларускаму, як трэба дбаць пра дабрабыт сваіх людзей!

Яшчэ раней, у 20-я гады, аўстралійскія ўлады, дзеля аказаньня мэдыкальнай дапамогі пражываючым у недаступных рэгіёнах краіны суродзічам, пачалі выкарыстоўваць „дэмабілізаваныя", дапатопныя ў параўнаньні з сучаснымі самалёцікі, перарабіўшы іх у „паветраныя амбулянсы". Так была створаная слынная на цэлы сьвет аўстралійская Паветраная Мэдыкальная Служба. Заснаваўяе напрыканцы 1929 году знакаміты дохтар Флын. Кожная ізаляваная ад сьвету фэрма-гаспадарка атрымала свій радыёапарат і, у часе патрэбы, перадавала на Базу (Цэнтар у горадзе Брокэн Пл за тысячу кілямэтраў ад Сыднея) просьбу пра дапамогу. Дохтар з мэдсястрою на самалёце адшуквалі ў пустыні дом хворага або раненага, клалі пацыента ў самалёт-амбулянс ды везьлі яго назад у шпіталь Брокэн Пл. Часам, аднак, калі дажджы ці пяшчаныя буры перашкаджалі дохтару знайсьці патрэбную фэрму або сесьці каля яе, - тагачасныя самалёцікі разам з усёю абслугаю самі гінулі ў недаступных тады мейсцах. Гэтая служба працуе й цяпер, толькі замест тых самалёцікаў выкарыстоўваюць сучасныя, абсталяваныя ўсім неабходным самалёты й верталёты, і падобных трагедыяў не адбываецца.

Праблему адсутнасьці электрычнай энэргіі ў тыя далёкія, гістарычныя для Аўстраліі гады разьвязалі прыстасаваньнем „ровэравых пэдаляў і магнэто" да радыё: асоба, якая размаўляла па радыё, змушаная была праз увесь час перадачы круціць адмысловыя пэдалі. Пасьля на дапамогу прыйшлі электрабатарэі, а цяпер выкарыстоўваюцца сонечныя генэратары.

Але ж я занадта адыйшоўся ад свайго аповяду. Што тычыцца першых уражаньняў, якія рабіла Аўстралія на прыяжджаўшых сюды беларусаў, дык гэта, як я ўжо казаў, шмат залежала ад веку прыбылых, а таксама ад таго, куды менавіта іх прывозілі. Бальшыня маладых эмігрантаў прыйняла Аўстралію з адкрытым, як гаворыцца, сэрцам, і яны адразу пачалі „пускаць карэньчыкі" на сталае жыцьцё. Аднак знаў я й такіх асобаў, каторыя, пагледзеўшы на жоўты, спалены сонцам краявід навокал эмігранцкага лягеру ў Бонэгіля, што месьціўся непадалёк правінцыйнага гораду Албуры, і адмахваючыся ад хмары дакучлівых мухаў, - адразу ж заявілі сваю гатоўнасьць ісьці напеша празь Індыйскі акіян, праз азіяцкі кантынэнт і Сяродземнае мора, каб толькі дабрацца назад у Эўропу! Хачу сказаць, што сёньня яны вельмі добра ды ўдала аселі на пастаяннае жыцьцё ў Аўстраліі, выгадавалі дзетак і ўнукаў, і цяпер нават іхнія праўнукі ўжо жэняць ці выдаюць замуж сваіх дзяцей.

Мне асабіста Аўстралія вельмі спадабалася! Маючы ўсяго 21 год за плячыма й будучы нежанатым, мяне вабіў агромністы й амаль бязлюдны аўстралійскі прастор і, што было вельмі важна, мне, як ужо валодаючаму ангельскай мовай, дарога была адкрытая й я не адчуваў жоднай дыскрымінацыі, пра якую казалі некаторыя нашыя людзі. Безумоўна, шмат таго, што я чуў пра Аўстралію, аказалася не зусім праўдай, і адною такою „чуткаю" было тое, што Аўстралія ёсьць „гарачая краіна", - гэта было вялікай буйдай! Плывучы на параплаве „Нэлі", і скора па адбыцьці з Калёмба (сталіцы былога Цэйлону й цяперашняй Шры Лянкі), нехта пусьціў вестку, што ўжо набліжаемся да Аўстраліі й можна выкідаць усе цёплыя рэчы: вопратку, пярыны, кажухі. Літаральна за гадзіну часу ўсё мора за караблём было пакрытае польтамі, пінджакамі, коўдрамі, джэмпэрамі й іншым, часам вельмі каштоўным скарбам. Я таксама далучыўся да гэтае „чысткі" й выкінуў на хвалі Індыйскага акіяну некалькі рэчаў з маёй зімовай вопраткі.

Наш карабель быў назначаны прыбыць у горад Сыднэй, і я зь іншымі імігрантамі стаяў на палубе й глядзеў зь нецярплівасьцю на далёкі ад нас бераг, які аказаўся берагам далёкай ад Сыднэя (4 тыс. км!) Заходняй Аўстраліі. Наш параплаў прыпыніўся на кароткі час недалёка г. Пэрт, дзе высаджваўся адзін аўстралійскі конзуль, каторы пераглядаў і прыймаў нас, эмігрантаў, у Нямеччыне й каторы плыў дамоў у Пэрт на адпачынак. Па яго з Пэрту да параплаву прыплыла адумысловая ўрадавая лодка.

Далей мы рухаліся ўздоўж высокага й абрывістага паўдзённага берага, мінулі г. Мэльбор і, нарэшце, 28 сьнежня 1950 году ўбачылі першыя збудаваньні адлеглых прадмесьцяў Сыднэя. Першае, што кінулася ў вочы мне й што я памятаю дагэтуль, былі высокія коміны адной з тагачасных вугальных электрастанцыяў у паўддзённым прадмесыді Матравіле, якой цяпер ужо даўно няма. Прыблізна праз гадзіну наш параплаў увайшоў у сыднэйскі порт, і тагды я ўпершыню ўбачыў славуты Сыднэйскі мост.

На прыстані мяне чакалі мае бацькі й швагер Васіль Янчук, аднак спаткацца нам не дазволілі, не было часу, і мы толькі памахалі рукамі, я ім з параплава, а яны зь берага. Нас пасадзілі на цягнік і павезьлі ў эмігранцкі, былы вайсковы, лягер каля гораду Батгурст (прыблізна 200 км ад Сыднэя). Едучы ў цягніку ў сваю першую ноч на аўстралійскай зямлі, я адразу зразумеў, што быў вялікім дурнем, калі выкінуў цёплыя рэчы за борт у Індыйскі акіян, бо як толькі пацямнела, сталася вельмі холадна і ў нас зуб на зуб не пападаў. Мы ціснуліся адзін да аднаго, трэсьліся, як ад ліхаманкі. Раніцай прыехалі ў Батгурст і неяк вылезьлі, „штыўныя" ад холаду, селі на чакаючыя нас аўтобусы й дабраліся да лягеру, дзе нас пасялілі ў палаткі.

Скора па прыезьдзе я даведаўся, што ў Аўстраліі ёсьць мясцовасьці, дзе днём нясьцерпна горача, але як толькі сьцямнее - паўстае вялікі холад. I што нават у распаленых аўстралійскіх пустынях тэмпэратура, што ўдзень дасягае 50-ці градусаў гарачыні, ноччу спадае да нуля й нават ніжэй.

На працу ў Сьнежныя горы

Мой брат Грыгор працаваў тагды на праводжаньні тэлефоннай сеткі паміж невялічкімі гарадкамі Dubbo й Bourke (400-500 км ад Сыднэя). Ён адшукаў мяне ў лягеры й мы паехалі да бацькоў, якія працавалі ў эміграцыйным лягеры ў паўночным сыднэйскім прадмесьці Брадфілл Парк, спатыкаць Новы 1951 год. Гэтак уся сям'я Апанаса Алехніка зноў сабралася разам у новай краіне Аўстраліі, якая зь цягам час> сталася ўсім нам другою Бацькаўшчынаю.

Пабыўшы два дні ў бацькоў, я вярнуўся ў Батгурст чакаць прызначэньня на працу, а Грыгор таксама паехаў нацягваць тэлефонныя драты й тым самым „пашыраць цывілізацыю" ў бязьлюдныя часткі краіны. Трэцяга дня пасьля майго павароту ў лягер, раніцаю, я пачуў, што мяне па рупары выклікаюць у лягернае бюро. У бюро, пасьля таго як я па-ангельску прадставіўся ягоным супрацоўнікам, адзін мужчына ўстаў, падаў мне руку, пагруталяваў зь веданьнем ангельскай мовы й запытаўся, ці я знаю, дзе ёсьць Сьнежныя горы? Калі я адказау, што ня ведаю, ён паказаў мне іх на мапе Аўстраліі, якая вісела на сьцяне. У Сьнежных горах распачыналася будаўніцтва вялізнай гідраэлектрычнай сыстэмы са шматлікімі падземнымі гідраэлектрастанцыямі, зь дзясяткам вялікіх дамбаў і сотнямі кілямэтраў тунэляў. Па заканчэньні гэтага будаўніцтва, растлумачыў мой суразмоўнік, Аўстралія будзе мець ня толькі досыць электраэнэргіі на доўгую будучыню, але й агромністая колькасьць вады будзе пераліваная цераз падгорныя тунэлі з усходу на заходні бок Сьнежных гораў, дзе яна ёсьць пільна патрэбная.

Чым больш я слухаў ягоны аповяд пра тую гіганцкую Сыстэму, тым больш падзяляў захапленьне й энтузіязм гэтага чалавека, і на ягонае запытаньне, ці паеду, без асаблівага роздуму адказаў: „Так, я не прыехаў сюды сядзець за чужыя грошы й з радасьцю паеду на будаўніцтва гэтага важнага аб'екту!"

На разьвітаньне мужчына папярэдзіў мяне, што жыцьцё ў горах будзе нялёгкае, што мы будзем ізаляваныя ад цывілізацыі, што мы месяцамі ня будзем бачыць іншых, апроч нас саміх, людзей. Але дадаў: „Вы будзеце браць удзел у вельмі нацыянальна важным будаўніцтве й зарплата вашая будзе адпаведная." Напрыканцы нашай гутаркі ён сказаў, што ёсьць патрэба ў 32-х працаўніках у Каморніцкім аддзеле, інжынеры якога ўжо займаюцца вымерваньнем розных будучых збудаваньняў, і папрасіў мяне, каб я правёў „агітацыю" сярод тых хлапцоў, што прыплылі са мной на параплаве „Нэлі".

„Агітацыю" я адразу зрабіў, і да вечара таго самага дня назьбіралася ажно 29 рабочых, якіх я завёў да майго знаёмага ў бюро. Былі ў маёй групе палякі, вэнгерцы, італьянцы з Трыеста, якія разумелі па-сэрбску й ехалі, як „югаславы", былі два славакі, два эстонцы й тры баўгары, - аднак зь беларусаў я быў сам адзін!

15 студзеня 1951 году мы атрымалі нашыя „пуцёўкі" (Д-3) з указаньнем маршруту падарожжа й 16 студзеня ўжо ехалі ў Сьнежныя горы. У Сыднэі да нас прыйшоў супрацоўнік Бюро працы, пасадзіў нас на цягнік да гораду Кума, даўшы кожнаму, як зараз помню, па аднаму фунту й 10 шылінгаў. На станцыі ў Goulburn, дзе мы на колькі хвілінаў затрымаліся, я купіў на першыя свае грошы нейкую булачку з разынкамі й зь вялікім смакам яе зьеў. А у невялікім гарадку Кума пабег у чыгуначны буфэт і купіў „першую ў Аўстраліі" бутэлечку віна „Шэры", якую з гордасьцю трымаў у руках, стоячы на пэроне перад камэраю фотаапарата.

У Кума па нас прыехаў старэнькі аўтобус, і мы пачалі сваё падарожжа ў бок незнаёмых нам і добра недасьледаваных Сьнежных гораў. Едучы, я бачыў, што дарогі былі завузкія, неасфальтаваныя, часам наш аўтобус змушаны быў зьяжджаць на абочыну, прапускаючы сустрэчны транспарт. Праз дзьве гадзіны (цяпер гэтую адлегласьць можна пакрыць за 45 хвілінаў) мы прыехалі ў спэцыяльны для рабочых Сьнежнагорскай гідраэлектрасыстэмы лягер у пасёлку Джындабайн. Так пачалася мая праца ў тады чужых і дзікіх, а цяпер сваіх і прыгожых

Пачатак працы ў Сьнежных горах

Пасёлак Джындабайн стаіць на галоўнай дарозе, што колісь ішла ад станцыі г. Кума (цяпер той станцыі ўжо няма й чыгунку, па якой мы прыехалі ў Кума, закрылі) да адкрытага яшчэ ў 1929 годзе сьнежнага курорту Charlotte Pass. Тагды Jindabyne складаўся з аднаго гатэлю-карчмы, пошты, адной мэдсястры (дохтара не было), якая апекавалася людзьмі з усяе акругі й залагоджвала ўсе, ня надта сур'ёзныя мэдыкальныя праблемы, і некалькіх крамніцаў, пераважна мясных. У Jindabyne ў той час жыло нешта каля 900 асобаў і ўсё сацыяльна-культурнае жыцьцё віравала навокал гатэля-карчмы, у бар якога напіхвалася й нейкім цудам зьмяшчалася велізарная колькасьць людзей, што прыходзілі сюды выпіць піва, пагутарыць і, што вельмі важна для падвыпіўшых, даказаць стаячаму побач гэткаму самаму піяку свой пункт гледжаньня. Апанэнт аднак таксама нікога ня слухаў і „на ўсё горла" даказваў сваю правату.

Аўстралія тагды, да пачатку вялікай пасьляваеннай эміграцыі з Эўропы, жыла сваім спакойным, ізаляваным ад эўрапэйскай цывілізацыі жыцьцём. Вельмі шмат тагачасных аўстралійскіх законаў і звычаяў было для нас, эмігрантаў, незразумелым і „архаічным". Напрыклад, у 1951 годзе бары ў гатэлях-карчмах зачыняліся вельмі рана, а 6-ай вечара, і рабочыя, якія скончвалі працаваць а 5-ай гадзіне, а не дык і крыху пазьней, - стараліся як найхутчэй дабегчы да бліжэйшага бара й літаральна „ўліць" у страўнік як мага больш кухляў піва. На пустыя страўнікі добра-алкагольнае аўстралійскае піва дзейнічала як мае быць, і а 6-ай наведнікі выходзілі з бару на добрым падпітку ці наогул ішлі дамоў „на ўсіх чацьвярых". Добра знаючы гэта, мяйсцовая паліцыя прысылала да гатэля-карчмы найбольш дужых паліцыянтаў, каторыя ўспакойвалі й разводзілі тых, хто кулакамі даказваў сваю правату. Тых жа, хто ня мог ісьці, паліцыя саджала ў спэыяльную камэру, штрафавала на 10 шылінгаў а раніцай адпускала дамоў.

Будучы адзіным з нашай групы, хто валодаў ангельскай мовай, я стаўся вельмі „папушгрным", залагоджваючы розныя моўныя праблемы й перакладаючы з польскай, сэрбскай і баўгарскай на ангельскую й даведаецца, што з усіх пералічаных моваў я добра разумеў толькі польскую, а па-сэрбску й па-баўгарску разумеў слаба. Ды змушаны быў неяк усё залагоджваць і ўсім дапамагаць. Грошы за свае паслугі ніколі й ні ад кога ня браў.

Што да вынікаў маёй „дапамогі", дык яна часам была нават большая, чым я спадзяваўся. Аднаго разу зьвярнуўся да мяне ў Jinibyne адзін югаслаў-чарнагорац з просьбаю патлумачыць, што яму напісала ягоная каханка-полька. Я як мог растлумачыў зьмест ейнага ліста. Павінен шчыра прызнацца, што не разумеў і паловы з таго, пра што гаварыў чарнагорац, а той, напэўна, настолькі ж разумеў мяне. Але я чытаў яму лісты, пісаў адказы на іх, і, як пасьля аказалася, быў вялікай дапамогай у іхнім каханьні, бо яны (ужо пасьля таго, як я пакінуў працу ў Сьнежных горах) пабраліся шлюбам і назаўсёды засталіся жыць у Кума.

У лягеры Джындабайн мы жылі ня надта доўга, але там я меў нагоду спаткацца зь людзьмі розных нацыянальнасьцяў, каторыя прыходзілі праз гэты лягер па дарозе ў розныя часткі Сьнежных гораў. Спаткаў я там двух братоў-палякаў, народжаных у Беларусі, недзе пад Лідай, каторых бальшавікі вывезьлі ў 1940-м годзе на Сыбір і каторыя пасьля служылі ў арміі генэрала Андэрса. Абодва браты бралі ўдзел у цяжкіх баях зь немцамі ў Італіі за крэпасьць-вышыню Монтэ-Касыно, дзе як сьлед умацаваныя нямецкія дывізіі адбівалі лезучых угару й атакуючых аліянтаў. Немцы пры гэтым выкарыстоўвалі розныя мэтады абароны, у тым ліку й прымітыўны, але эфэктоўны мэтад спусканьня вялізных камянёў, якія са страшэннай хуткасьцю ляцелі долу, руйнуючы ўсё, што траплялялася на іхнім шляху: дрэвы, тангі, жаўнераў. На тых горных схілах палягло й шмат беларусаў, вывезеных маскалямі ў Сыбір, каторыя пайшлі ў армію Андэрса.

Як ведама, польскі корпус Андэрса асягнуў перамогу там, дзе цярпелі паражку за паражкай ангельцы. Цяжкія баі пад Монтэ Касыно зрабілі моцныя ўражаньні на вышэйзгаданых братоў-палякаў, зь якімі ў мяне навязаліся вельмі прыязныя адносіны й якія вельмі прыхільна ставіліся да мяне, як да беларуса, гутарылі на добрай беларускай мове, станоўча ўспрымалі ідэю незалежнасьці Беларусі. Старшы брат Болек, выпіўшы піва, знаходзіў сабе мейсца ў куточку й, памінаючы палеглых у баёх за Монтэ Касыно, ціхенька спяваў сабе песьню напісаную спэцыяльна ў гонар жаўнераў Андэрса: ,Нэрвонэ макі под Монтэ Касыно". Малодшы брат пад узьдзеяньнем піва напаўняўся страшэннаю нянавісьцю да немцаў, і гэтая нянавісьць, зусім зразумелая ў ягоных абставінах, ледзьве не давяла яго аднойчы да трагедыі.

Адзін паляк, які разам са мной на параплаве прыехаў у Аўстралію, Юзэк Букоўскі, меў у Нямеччыне дзяўчыну-немку, каторую любіў і плянаваў сьцягнуць да сябе ў Аўстралію, як жонку. Аднаго вечара я пачуў зь ягонага пакою вельмі злосныя крык і, зайшоўшы туды, убачыў, што сам Букоўскі сядзіць на ложку, а малады паляк зь Беларусі трымае нацэленае проста яму ў лоб ружжо й крычыць, што ўсіх немцаў трэба біць, а таксама й тых, хто любіць немцаў. Не здаючы сабе справы, пра што йдзе гаворка, я падскочыў і падбіў дула ўгару - акурат у той мамэнт, калі малады паляк націснуў курок. Куля ўбілася ў сьцяну, а я вырваў ружжо зь ягоных рук і выйняў затвора. Назаўтра гэты малады паляк ад шчырага сэрца падзякаваў мне, што не здарылася непапраўнага, аднак усё роўна немцаў і ўсіх, хто іх любіць, ненавідзеў па-ранейшаму.

Неўзабаве пасьля гэтага выпадку ўсіх нас падзялілі на 3-4 асабовыя групы й разаслалі па розных каморніцкіх трупах у Сьнежных горах, і я разам з ужо спамянутым Юзэкам Букоўскім з Лодзі й другім палякам з Сьлёнзку, Зыгмутам Матушэўскім, апынуўся ў мясцовасьці Ман'янг на беразе ракі Сьнежная - амаль насупраць таго мейсца, дзе ў Сьнежную ўпадае меншая рэчка Ман'янг. Там мы паставілі свае палаткі й там пачалася мая сапраўдная праца на пабудове гідраэлектрычнай сыстэмы пад кіраўніцтвам інжынера -каморніка Бэна Вільямса з Новай Зэляндыі.

Паездка ў сталіцу Аўстраліі Канбэру

Перад ад'ездам з Эўропы ў 1950-ым годзе я выконваў абавязкі кіраўніка па спорце пад эгідай YMCA/YWCA (Хрысьціянскае Аб'еднаньне Маладых Мужчынаў/Жанчынаў) і мне далі адрас іхняга Аўстралійскага бюра ў Мэльборне. Я, як толькі пачаў працу ў

Сьнежных горах, адразу напісаў туды ліст і скора атрымаў адказ. Вітаючы мяне з прыездам у Аўстралію, мяне інфармавалі, што найбліжэйшае да Сьнежных гораў бюро YMCA/YWCA ёсьць у сталіцы Канбэры, і што ім кіруе сп. Блэк. Я адразу напісаў да яго й скора атрымаў адказ з запросінамі прыехаць да яго ў Канбэру.

I хоць лёс закінуў мяне ў амаль недаступны лягер Маньянг на беразе Сьнежнай, я пастанавіў зрабіць сваю „першую ў Аўстраліі" паездку дзеля грамадзкіх справаў у сталічны горад Канбэру. Яшчэ цёмненькай раніцы ў лютым 1951 -га году я выйшаў з сваёй палаткі й пачаў „вялікае" падарожжа ў Кума прыблізна 100 кілямэтраў ад Маньянгу Першых 7 кілямэтраў я йшоў напеша, а, дакладней, лез то ўніз, то ўгору, і калі ўжо добра разьвіднелася, дайшоў да мейсца, якое й цяпер называецца Сьмігін Гол і празь якое йшла дарожка ад Кума праз Джындабайн да сьнежнага курорціка ў Charlotte Pass. Стомлены, я прысеў ля будачкі, якую адзін бізнэсмэн ператварыў у „кафэйку", дзе можна было зьесьці нешта гарачае. За якіх паўгадзіны я пачуў голас жанчыны, якая пыталася ў мяне цераз вакно, ці не хачу я пасьнедаць? Пачуўшы станоўчы адказ, яна ўпусьціла мяне ў „кафэйку", дзе было мейсцаў для якіх дзесяць кліентаў, аднак каторая, як пасьля яна мне сказала, давала добры даход. Жанчына зрабіла мне сьняданак і хоць ён каштаваў цэлых 10 шылінгаў, я ўсё адно быў удзячны, бо, пасьнедаўшы, сядзеў і гутарыў зь ёй у цёплым пакойчыку. Жанчына сказала, што скора будзе ехаць аўтамашына з курорту ў Charlotte Pass на Джындабайн. I я на гэтай аўтамашыне дабраўся спачатку ў Jindabyne, a адтуль на пакрытым пылам аўтобусіку да самай чыгуначнай станцыі ў Кума. 3 Кума я даехаў цягніком да суседняга з Канбэраю гарадка Квінбэян. У Квінбэяне ўзяў таксі й таксіст падвёз мяне да патрэбнага мне бюра, дзе чакаў на мяне сп. Блэк.

Сустрэў мяне ён вельмі прыхільна. Яго вельмі цікавіла сытуацыя ў Эўропе й праца ў Сьнежных горах, і я яму расказаў, як і чаму мы пакінулі Беларусь, і давёў, што паміж Гітлерам і Сталінам не было ніякай розьніцы, бо абодва яны дыктатары й мардэрцы! Помню, што даводзіў яму таксама, што Беларусь ёсьць вельмі гістарычная краіна з самабытным беларускім народам, які хоча быць свабодным і незалежным, а таксама перасьцерагаў свайго суразмоўніка, каб ён „ня блытаў беларусаў зь белымі расейцамі", што рабіла шмат аўстралійскіх, нават высокастаючых, палітыкаў.

Сталіца Аўстраліі была тагды амаль зусім неразбудаваная. Усе вуліцы аднак былі заасфальтаваныя й абсаджаныя дрэвамі, і ўсё навокал зіхацела чысьцінёю. Быў ужо пабудаваны будынак парляманту, ваенны музэй, рэзыдэнцыі прэм'ер-міністра й генэрал-губэрнатара. Сям-там працавалі невялічкія крамкі, у ваколіцах Кінгстон і Манука ўзвышаліся гатэлі, дзе сябры парляманту жылі падчас паседжаньняў і дзе было значна болей крамаў. Там, дзе сёньня ў цэнтры Канбэры ляжыць вялікае возера, тагды была зарослая травою шырокая даліна, па якой бегалі сотні кролікаў.

Я быў моцна задаволены сваёй паездкай у Канбэру й з сваёй гутаркі з сп. Блэкам, каторы стаўся першым аўстралійскім урадоўцам, каторага я „агітаваў" за Беларусь і катораму я шмат чаго расказаў пра Радзіму й змаганьне беларускага народу за незалежнасьць. Увечары сп. Блэк адвёз мяне сваім аўто ў Queenbeyan, там я павячэраў і позна ноччу, злавіўшы цягніка ў Кума, паехаў „дамоў". З часам ізноў дабраўся да сваіх Сьнежных гораў.

Пасьля мы з сп. Блэкам рэгулярна ліставаліся, аднак я ўжо яго ніколі больш не пабачыў, і калі перабраўся жыць у Сыднэй і быў абраны горадам як адзін з 4-х дэлегатаў на пяцідзённую Аўстралійскую грамадзянскую канвэнцыю ў Канбэры ў 1954 годзе, - патэлефанаваў Блэку ў ягонае Бюро, а там мне сказалі, што ён, на жаль, пераведзены ў іншы горад. I гэтак я страціў лучнасьць з маім першым аўстралійскім сябрам, каторы падтрымоўваў ідэю незалежнасьці Беларусі.

Жыцьцё й праца ў лягеры Маньянг

Скора наш „палаткавы,, лягер на беразе Сьнежнай пачаў пашырацца: прыехалі першыя будаўнічыя групы. I яны перш-наперш працягнулі вяроўкі над ракою й зрабілі вяровачны мост. Аднак, каб хадзіць па ім, трэба было быць добрым акрабатам. У лютым наш Ман'янг-лягер налічваў ужо звыш 20-ці палатак і ўважаўся за вялікі, але дарогу да яго бульдозэры яшчэ не прабілі і ўсё неабходнае трэба было насіць на плячох або вазіць на конях.

Будучы яшчэ ў барачным лягеры ля Джындабайн, я паведаміў, дзе я ёсьць, сваіх знаёмых беларусаў, каторыя паехалі на жыцьцё ў ЗША, асабліва сп. Барыса Шчорса, і з часам атрымаў ад яго першы ліст, а таксама й выдаваную ў Амэрыцы беларускую газэту „Беларуская Трыбуна".

Усьцяж разбудовы лягеру „Маньянг" прыйшлі розныя праблемы зьвязаныя з забясьпечаньнем рабочых патрэбнымі рэчамі, асабліва харчаваньнем, і ў лютым-сакавіку здараліся заразам і сумныя, і сьмешныя эпізоды, якія не магу абмінуць у сваіх успамінах.

Вось адзін з такіх эпізодаў. Было пастаноўлена прызначыць кухара, каб ён гатаваў усім ежу, і абралі рабочага па мянушцы „Джон" або „Янка". Было таксама пастаноўлена, што кожны дасьць у складчыну па 10 фунтаў, зь якой будуць купляцца патрэбныя нам прадукты. Далучылася да нас і вялікая група інжынераў-буцаўнікоў. Усяго сабралі 2 тыс. фунтаў, далі іх таму „Джону" й паслалі за пакупкамі ажно ў горад Кума. А трэба сказаць, ён ніколі не галіўся й твар ягоны быў настолькі зарослы рыжымі валасамі, што за імі нават ягоных вачэй не было відаць. Праходзіць дзень, другі, трэці, - а яго як не было, так і няма! Пасьля даведаліся, што ён, прыехаўшы ў Кума, пагаліўся, пастрыгся й нават штучна пачарніў валасы, ды паехаў Бог знае куды. 2 тыс. фунтаў былі на той час вялікімі грашыма, і за іх у самым Сыднэі можна было купіць добры дом, а ў правінцыі - нават тры дамы!

Другі такі эпізод. Кілямэтраў у 20-х ад нашага лягеру пры дарозе ад Jindabyne да сьнежнага курорту ў Charlotte Pass стаяў невялікі драўляны гатэль „Касьцюшка". Сьнежнагорскае Праўленьне дамовілася з мэненджэрам гэтага гатэлю аб прадажы нам піва (па дзьве бутэлькі на чалавека). Мы зноў сабралі грошы й паслалі па піва аднаго рабочага, які празываўся „Джэк", з чатырма грузавымі канямі. Гэты „Джэк" да гатэля, пэўна, імчаў на ўсю скорасьць, але пагрузіўшы нашае піва, назад у лягер не сьпяшаўся. I мы ноччу часта чулі, як ён сьпяваў недзе ў горах, расьпіваючы нашае піва! Вярнуўся „Джэк" толькі за тыдзень часу. I я замест дзьвюх бутэлек піва атрымаў толькі адну. Сьмяяліся ў лягеры, што наш „Джэк" нават коней паіў нашым півам, быццам яны па павароце ў лягер былі настолькі п'яныя, што не стаялі на нагах. Іншым разам я не дастаў жоднай бутэлькі й, дзякуй

Богу, неўзабаве пасьля гэтага пакінуў лягер Маньянг і пайшоў вымерваць іншыя часткі Сьнежных гораў.

I яшчэ адзін эпізод. Скора пасьля таго, як перацягнулі цераз Сьнежную вяровачны мост, нашай групе трэба было йсьці вышэй у горы вымерваць месца пад пачатак аднаго з самых першых тунэляў. Па дарозе нам давялося пераходзіць рэчку Маньянг, якая была хоць і вузейшая за Сьнежную, але плыла з маланкавай хуткасьцю. Узьнімаючыся, мы ня мелі жоднай праблемы пры пераходзе гэтай рэчкі: перайшлі яе, пераскокваючы з аднаго вялікага камяня на другі, і палезьлі вышэй, цярэбячы сабе сьцежку вялікімі нажамі, якія мы называлі „мачэты". Аднак вечарам, вярнуўшыся да шпаркай горнай рачулкі, убачылі, што вада ў ёй паднялася мэтры на паўтары й жоднага камяня ўжо не відаць. Нехта з нас прапанаваў крычаць, аж пакуль не пачуюць у лягеры й не перакінуць нам цераз раку паесьці, каб мы заначавалі тут да ранку. Адкінулі гэтую прапанову. Пастанавілі пераходзіць на той бераг. Кожны з нас насіў у рэчмяшку прыблізна 4 мэтры тонкай, але добрага гатунку вяроўкі, і мы зьвязалі кавалкі разам, прывязалі досыць вялікі камень да аднаго канца ды пачалі кідаць яго на другі бок, а затым цягнуць да сябе, каб ён за нешта трывалае зачапіўся. Кідалі ажно да сутоньня, пакуль камень надзейна не захрас, прывязалі наш канец вяроўкі да дрэва й пачалі пералазіць рэчку.

Я і трох іншых рабочых, уключаючы інжынера Вільямса, пастанавілі распрануцца й пераходзіць сыподзёную рэчку голымі, з разьлікам, перайшоўшы, адразу налажыць сухое адзеньне й гэтым уратаваць сябе ад прастуды. Аднак адзін незнаёмы мне паляк не пагадзіўся з гэтым, сказаўшы, што яму „бардзо зімно", і што ён палезе ў валу апрануты. Як толькі я, моцна трымаючыся за вяроўчыну, ступіў у валу, адразу страціў усё пачуцьцё ў нагах... Мушу прызнацца, каб рэчка была на некалькі мэтраў шырэйшая, ня ведаю, ці я даў бы рады.

Перайшоўшы на другі бок, я ўбачыў, што ногі мае ў крыві, - але жоднага болю не адчуваў. Я, як і ўсе іншыя, адразу пачаў націраць скалелыя ногі сухою вопраткаю, якую мы пераносілі на галаве, і толькі за некалькі хвілінаў ізноў пачуў „сэнсацыю" болю у абдзёртых нагах. Мы апрануліся ў сухое, хуценька перайшлі па вяровачным мосьце Сьнежную й пабеглі ў свае палаткі... А той рабочы, які хацеў каб яму было „цепло" захварэў на запаленьне лёгкіх. Яго адвезьлі канём да дарогі й болей я яго ўжо ніколі ня бачыў. Спадзяюся, што ён ачуняў і таксама дажывае свой век шчасьліва.

Вярнуўшыся ў палатку, я запаліў сваю керасінавую лямпу, а пасьля запалілі на дварэ агонь і зрабілі гарачага чаю, адкрылі рыбную кансэрву й, смачна павячэраўшы, ляглі спаць пад акампаныямэнт хуткабягучай Сьнежнай ці Сновы-рэчкі...

Скора пасьля гэтага, 16 сакавіка 1951 году, у нашым Маньянг-лягеры выпаў першы вялікі сьнег і пад канец сакавіка мяне перавялі крыху бліжэй да цывілізацыі, ізноў пад пасёлак Джындабайн, дзе мы паставілі палаткі на беразе невялічкай рачулкі Saw Pit Creek. Жывучы на Соў Піт Крык толькі ў некалькіх кілямэтрах ад ужо згаданага гатэлю „Касьцюшка", мы цудоўна сябе пачувалі, бо нават напеша маглі хадзіць у гэты гатэльчык, каб зьесьці там нешта гарачае й, што асабліва, пафліртаваць з працуючымі там дзяўчатамі. На вялікі жаль, гатэль „Касьцюшка" згарэў ноччу 20 красавіка, і ўжо ня быў адбудаваны. Так Сьнежныя горы страцілі адну з сваіх гістарычных установаў.

Пастанова купіць дом і спатканьне зь беларусамі Сыднэя

Як ужо было зазначана раней, мой брат Грыгор працаваў на праводжаньні тэлефоннай лініі яшчэ далей ад Сыднэя, чым я. Бацькі ж нашыя абое працавалі на кухні й жылі ў эмігранцкім лягеры Брадфілд Парк у паўночнай прыгожай частцы Сыднэйскай мэтраполіі. Каб ізноў, нарэшце, пачуць сябе сапраўднымі гаспадарамі, бацькі мае пастанавілі купіць дом і пачалі шукаць ды аглядаць тыя дамы, якія прадаваліся, і ўрэшце рэшт знайшлі аднаго ў тагды вельмі мала разбудаваным прыгарадзе Фэйрфілд і прыслалі мне ліста з просьбай, каб я дапамог грашыма.

Куплялі мы дом усе разам: бацькі, брат і я, - і я рашыў выкарыстаць свае зручнае месцазнаходжаньне пры дарозе на Соў Піт Крык і паехаць у Сыднэй, каб завесьці бацькам ужо зашпараваныя грошы й заадно пабачыць наш будучы дом, за каторы бацькі ўжо далі агенту задатак. Дом быў збудаваны зь „фібры", з бляшаным дахам, аднак быў збудаваны толькі тры гады назад і стаяў на вялікім блёку зямлі, меў ужо пабудаванага гаража й быў даволі вялікі, хаця ў ім тагды мелася толькі дзьве спальні. Побач з домам быў яшчэ адзін вялікі блёк зямлі, які таксама ўваходзіў у продаж зь ім, - і за ўсё гэта мы заплацілі 2750 аўстралійскіх фунтаў. Месьціўся ж наш дом усяго ў адлегласьці адной мілі ад чыгуначнай станцыі, а недалёка яго хадзіў рэгулярны аўтобус.

Дом мы купілі. Аднак я меў праблему з сваімі грашыма, бо адвакат проста не даваў веры, што я зарабляю ў горах у два разы, прынамсі, больш, чым рабочы ў Сыднэі, і папрасіў, каб я яму выслаў пасьведку аб сваёй зарплаце. З часам мы дабудавалі трэцюю спальню й замянілі бляшаны дах на чарапіцу, а на пабочным блёку зямлі пабудавалі яшчэ адзін дом для Грыгора, - і гэтае мейсца ў прадмесьці Фэйрфілд было для мяне родным домам 27 гадоў, і абое мае бацькі адыйшлі ў вечнасьць у гэтай хаце.

Падчас майго прабываньня ў Сыднэі брат завёз мяне на адну „сэрбскую" вечарыну, дзе, як ён казаў, „ёсьць больш беларусаў, чым сэрбаў". I на той вечарыне я пазнаёміўся з сыднэйскімі беларусамі й быў вельмі рады спаткаць сярод іх тых, каторых знаў яшчэ зь

Нямеччыны. Аднак мушу шчыра прызнацца, што першае ўражаньне было ня дужа добрае. Паўтаруся, я заўсёды ўважаў, што найбольшым заданьнем беларускай эміграцыі ў вольным сьвеце было ўсьведамленьне сьвету пра Беларусь, а тут, у Сыднэі, беларускія лідары гулялі на чужой забаве, і на маё запытаньні ў сп. Міхася Зуя, каторага я ўпершыню тагды спаткаў, ці ўжо навязалі сувязь з аўстралійскімі палітычна-ўрадавымі коламі ды іншанацыянальнымі эмігранцкімі арганізацыямі, ці наладзілі лучнасьць з суседзямі Беларусі, украінцамі й палякамі, - я атрымаў адмоўны адказ! Мяне гэта балюча разчаравала: на „сэрбскай" вечарыне знаходзілася эліта беларускай эміграцыі Сыднэя, аднак нават сэрбы, арганізатары гэтай забавы, ня ведалі, што Беларусь і беларусы існуюць!

Паехаў я назад у Сьнежныя горы зь „мешанымі" пачуцьцямі. З аднаго боку быў вельмі рады пазнаць новых і аднавіць кантакты з старымі знаёмымі беларусамі, з другога ж боку мяне моцна мучыла рэалізацыя, што Маці-Беларусь фактычна памірае ад варожых зьдзекаў, а мы, ейныя дзеткі, у вольным сьвеце, сядзім, гуляем ды сьпяваем, нічога ня робячы, каб ёй дапамагчы. З гэтым я ніколі ня мог і не магу пагадзіцца!

Сувязь з сп. Міхасём Зуем аднак прадаўжалася й пашыралася. Пачаў я таксама атрымліваць лісты й ад часова жывучага ў тым самым доме, што й сп. М. Зуй, сп. С. Шнэка. Ён меў вельмі прыгожы беларускі почырк, і я помню, як атрымаўшы ліст ад яго, я пачаў чытаць яго ў нашай кухні, у мясцовасьці Кіяндра. Іншыя рабочыя, так эмігранты, як і аўстралійцы, акружылі мяне й дзіваваліся надзвычай прыгожым шрыфтам. Вельмі шкадую, што такая здольная асоба, як сп. С. Шнэк, скора адыйшла ў вечнасьць у трагічных абставінах.

У сваіх лістах сп. М. Зуй пісаў пра змаганьне з „крывічамі", і гэты шкодны разкол беларускай эміграцыі на дзьве варожыя групоўкі нават і ў Аўстраліі вельмі моцна й балюча адбіваўся на маёй душы. Было крыўдна, што мы трацілі ўсе свае сілы на міжсобскія сваркі, а не на пільна патрэбную ўсьведамляючую дзейнасьць пра Беларусь у вольным сьвеце.

Вярнуўшыся ў Сьнежныя горы, я пачаў рэгулярна высылаць грошы, пераважна па 5 фунтаў на 2 месяцы, скарбніку Беларускага Аб'еднаньня сп. М. Зайку, каб хаця крыху дапамагчы сябрам Аб'еднаньня й падбадзёрыць іх да грамадзкай працы.

Далейшае жыцьцё й праца ў Сьнежных горах

Праца ў Сьнежных горах мне надалей падабалася. Мне пачалі ўжо даваць больш важныя й адказныя заданьні ў Каморніцкім аддзеле й, асабліва вечарамі, я быў зайняты вырахоўваньнем пройдзенай ужо тэрыторыі й разшыфроўкай паветраных фатаздымкаў тых частак гораў, якія мы былі прызначаныя йсьці вымерваць. Шмат часу мы аддавалі пошукам найлепшага праходу цераз гэтыя, часта амаль непраходныя, „джунглі", прасякаючы сабе дарогу нашымі „мачэтамі". Нярэдка мы напатыкалі там розных небясьпечных гадзюкаў.

Аднойчы адна такая гадзюка, вельмі ядавітая, пад назовам „тыгра", заатакавала майго рабочага Зыгмунта, каторы кінуў усё і ўцякаў, а тая „тыгра" паўзла за ім з маланкавай хуткасьцю некалькі сотняў (!) мэтраў Гадзюкі былі нам вялікай небясьпекай познай восеньню, калі яны, шукаючы сабе цёплага мейсца на зімаваньне, запаўзалі ў нашыя палаткі. А таму мы былі вельмі радыя, што мелі сабачку Rusty (Ржавы), бо ён надта не любіў гадзюкаў, і, як толькі мы прыходзілі дамоў, адразу ўсё правяраў у палатцы й нападаў на запоўзшых туды гадзюкаў Аднойчы наш верны сабачка захварэў, і мы моцна падазравалі, што яго ўкусіла гадзюка. Расты пайшоў ад нас і недзе прапаў. Хадзілі мы навокал палатак, хадзілі і ў глыб гораў клікалі яго, клікалі, - але бяз выніку! Прайшоў амаль тыдзень, і мы ўжо пачалі думаць, што страцілі яго назаўсёды. Ажно позна аднаго вечара чуем нейкае браханьне, але зусім не такое, як у нашага Ржавага. Мы схапілі свае „гураганныя" лямпы, выбеглі з палатак і пачалі крычаць: „Расты! Расты! Расты!" Пасьля некаторага часу пачулі ціхенькае-слабенькае браханьне з боку недалёкай рэчкі. Пабеглі туды, аж, нарэшце бачым: стаіць наш верны Расты на схуднелых ножках, хістаецца, але махае з радасьці сваім хвосьцікам і ціхенька, як быццам гаворыць: „ях-ях-ях!". Прынесьлі мы яго дамоў, далі „ўсё найлепшае" есьці, уключаючы кансэрваваную шынку й малако. Але Расты зьеў толькі крыху разьведзеных у парашковым малацэ сухароў і проста паваліўся на зямлю, заснуў.

Першых пару дзён мы яго пакідалі дома ў палатках, але пасьля ён ужо хацеў хадзіць з намі, хоць быў яшчэ такі слабы, што мы яго почасту насілі з сабой. Аднак за два тыдні наш Расты зноў стаў такім самым, вясёлым і бадзёрым, якім ён заўсёды быў ад таго моманту, калі прыблудзіўся ў нашыя палаткі ў Ман'янгу Гэты наш Расты з таго часу зрабіўся больш асьцярожным з гадзюкамі і ўжо больш не хапаў іх за хвост. I дзякуй Богу, што ён выжыў, бо ў палавіне 1952 году Расты дапамог мне выйсьці жывым зь вялікай сьнежнай мяцеліцы, якая захапіла мяне, ідучага праз горы, і якая пагражала майму жыцьцю.

Мы ніколі не жылі доўга ў адным мейсцы, і, вымераўшы сваімі інструмэнтамі ўсё, што нам было загадана, падыймалі свае палаткі й несьлі ўсё свае на плячах у іншае месца, вешалі там свае палаткі, - і так пачынаўся новы этап нашай працы. Здаралася аднак, што мы жылі блізка ад „цывілізацыі", напрыклад, каля такога „вялікага" населенага пункту, як гарадок Адамінабы, дзе было ажно 800 чалавек і дзе была карчма, кавярня, некалькі драўляных лавачак, і дзе мы маглі бачыць і нават гутарыць зь дзяўчатамі й жанчынамі. Паколькі мы жылі там, дзе можна было выкарыстоўваць матаровы транспарт, нам далі былы вайсковы джып, і мы раз на два тыдні ці што прыяжджалі ў гэты гарадок Адамінабы купляць сабе правіянт, перадусім кансэрвы, і дзе мы маглі выпіць піва, зайсьці на пошту, зьесьці ў кавярні нешта зваранае ці сьпечанае (я любіў „стэйк" і „вэджэтэйбл" - смажанае мяса з салатай) і наагул пабыць там, дзе ёсьць іншыя людзі апрача нас чатырох.

Што тычыцца жанчынаў, без каторых нам даводзілася пастаянна жыць, дык некаторыя з нас пачалі навязваць „рамантычныя" сувязі ў Адамінабы, і адзін мой знаёмы паляк Фэлікс, „падкінуў" дзіця адной мясцовай жанчыне й пасьля шукаў выхаду, каб уцячы ад адказнасьці. Атрымаўшы павестку ў суд, дзе муж той жанчыны абвінавачваў яго ў „разьбіваньні сям'і" і дзе ягоная „каханка" таксама дамагалася фінансавай падтрымкі, мой сябра Фэлікс надумаў уцячы й схавацца ў Аўстралійскай арміі. У той час панавала Карэйская вайна, і Фэлікс пастанавіў пайсьці ў войска й ахвотна паехаць на вайну з камуністамі ў Карэі, каб толькі пазьбегчы праблемаў зьвязаных з „каханкай" і дзіцём. Усю гэтую гісторыю я добра ведаю таму, што й надалей заставаўся адзіным з нашай групы, хто валодаў ангельскай мовай, і пісаў ад імя Фэлікса ў Бюро рэкрутаваньня арміі й выпаўняў яму атрыманыя стуль блянкі.

Я таксама ў Адамінабы пазнаёміўся зь дзяўчынай, немкай-эмігранткай па імені Гільда, якая працавала ў адной з лавачак, дзе я купляў сабе правіянт. З нашага каханьня нічога ня выйшла, бо я мог прыехаць у Адамінабы толькі раз на два, а то й на тры тыдні, і нават тагды мы ня мелі шмат часу, каб пабыць сам-насам. Але ж добра было прыехаць у гарадок і атрымаць пацалунак! Пасьля некаторага часу мяне паслалі зноў у глыб Сьнежных гораў і я ўжо болей не пабачыў сваёй Пльды. Але разьвіталіся мы зь ёй па-людзку, па-шчырасяброўску, і я жадаю ёй найлепшага здароўя й шчасьця!

Меў я й крыху большую камплікацыю ў сваёй сувязі з дачушкай свайго першага інжынера-каморніка яшчэ ў Ман'янгу Бэна Вільямса, каторая звалася Гэлен і каторая скора пачала мне даваць да зразуменьня, што яна думае аб наладжваньні сям'і, - што мне тагды і ў галаву не прыходзіла! Будучы аднойчы ў самым горадзе Кума, я шчыра зь ёй пра ўсё пагаварыў, і мы таксама разыйшліся зь ёю ў вельмі добрых адносінах.

Крыху пра горад Кума й іншыя гарадкі

Да часу „Пастановы" фэдэральным урадам Аўстраліі пачаць будову гіганцкай гідраэлектрычнай сыстэмы ў Сьнежных горах й да арганізаваньня спэцыяльнага Сьнежнагорскага Пдраэлектрычнага Праўленьня з галоўным офісам у горадзе Кума, - горад гэты быў тыповым аўстралійскім правінцыяльным гарадком, жыцьцё ў каторым працякала безь вялікіх зьменаў і жыхароў каторага найбольш цікавілі весткі, што „столькі й столькі тысячаў кароў і авечак ідуць цераз Сьнежныя горы й за два тыдні часу павінныя быць у Куме". Аднак у горадзе былі так пасажырская, як і таварная станцыі, сюды зьяжджаліся купцы з Сыднэя й Мэльборну, а таксама пачалі прыяжджаць эўрапэйскія эмігранты, пераважна прайшоўшыя вайну маладыя мужчыны. I жаночаму полу ў Куме надыйшла нагода „падфарбавацца ды паказацца", як яны казалі, „культурным мужчынам". I мужчыны -аўстралійцы раптоўна былі змушаныя „змагацца", каб утрымаць сваіх жонак ды дачушак. Аднак вельмі шмат дзяўчатак з гэтага раней занядбанага правінцыяльнага гарадка павыходзілі замуж за хлопцаў з Эўропы, і шмат хто з гэтых хлапцоў назаўсёды застаўся жыць у Куме. Безумоўна, пад уплывам „патрэбаў" новапрыехаўшых рабочых знайшліся й хітрыя бізнэсмэны, каторыя пачалі адкрываць розныя „начныя клюбы" й прывозіць туды „добравопытных" дзяўчатаў з самога Сыднэя, з тым вынікам, што шмат рабочых імігрантаў часта траціла там усе свае заробленыя грошы за розныя „пацехі" з гэтымі дзяўчатамі. Помню, што яшчэ напачатку 51-га ў наш невялічкі лягер Маньянг прыехала на кані досыць прыгожая з выгляду й, як відаць, „прафэсыйная" дзяўчына, для якой адзін рабочы (ён напэўна і сьцягнуў яе ў лягер, і браў частку яе заробку) павесіў палатку, паставіў вайсковы ложак і „прафэсыяналка" „забаўляла" ў гэтай палатцы сваіх кліентаў, беручы з кожнага па 5 фунтаў за „сэанс". А 5 фунтаў у той ужо далёкі час былі амаль што тыднёвым заробкам рабочага ў сыднэйскіх фабрыках, і гэтая дзяўчына, напэўна, за два тыдні заработала больш, чым яна заробіла б у Сыднэі за год.

Сьнежнагорская гідраэлектрычная сыстэма ўжо даўно закончаная: там пабудавана 16 вялікіх дамбаў 7 вялізных, пераважна падземных, гідраэлектрастанцыяў, 80 кілямэтраў адводных вадаправодаў і 140 кілямэтраў тунэляў, празь якія вялікая маса вады штодня пераліваецца з усходняга схілу Сьнежных гораў на заходні. У горадзе Кума цяпер жыве 8 тыс. жыхароў і ён ёсьць цэнтар уезду, а таксама й „вароты" ў Сьнежныя горы, дзе ўжо даўно пабудаваныя шматлікія сьнежныя курорты. Горад Кума стаіць 800 мэтраў вышэй мора!

Што тычыцца ўжо не аднаго разу ўспамянутых гарадкоў Jindabyne й Adaminaby, у якіх і навокал якіх я пачынаў сваю працу ў Сьнежных горах, дык абодва гэтыя арыгінальныя гарадкі ўжо даўно затопленыя вадою, як вынік пабудовы вялікіх дамбаў на рацэ Юкамбін недалёка

Adaminaby i на рацэ Сьнежная непадалёк ад Jindabyne. Аўстралійскі ўрад аднак адразу пабудаваў новыя, мадэрныя гарадкі з такімі самымі назовамі крыху вышэй ад затопленых.

З Джындабайна мы пайшлі вымерваць ваколіцы ўздоўж дарогі да Адамінабы й, вымераўшы розныя мясьціны навокал гэтага пасёлка, асабліва абодва берагі рэчкі Eucumbene, мы пайшлі далей па дарожцы да калішняга золатакапальнага гарадка Kiandra, дзе пад канец апошняга стагодзьдзя было ажно 7 гатэляў, цэрквы, крамы, кузьні й некалькі тысячаў жыхароў якія намывалі золата ў навакольных горах. Энцыкляпэдыя гаворыць, што ў Кіяндра было здабыта шмат тысячаў унцыяў каштоўнага мэталю на агульную суму сотні тысячаў фунтаў стэрлінгаў але пазьней здабыча золата пачала зьніжацца й да 20-х гадоў амаль зусім спынілася, і горад апусташэў і лічы памёр.

Калі я прыехаў у Кіяндра й паставіў свой ложак ва ўжо збудаванай загадзя будцы, дык у Кіяндра яшчэ працавала пошта, быў невялічкі будынак сьнежнага курорту, куды прыяжджалі адпачываючыя пакатацца ўзімку на лыжах, і было ўсяго ці ня 8 „жыцьцяздольных" дамкоў. У двух зь іх жылі мяйсцовыя жыхары, а ў рэшту прыяжджалі толькі падчас лыжнага сэзону.

Зіма 51 -га была раньняя й вельмі лютая, і часта „гулялі" мяцеліцы й панаваў вялікі мароз - аж да 19 градусаў Цэльсюша. Аднак жыцьцё ў Кіяндара было параўнальна добрае, зручнае, бо жылі мы на дарозе па якой хаця раз на некалькі дзён праходзіў транспарт, апрача глыбокай зімы, калі дарога была заблякаваная сьнегам; была пошта, зь якой мы нават маглі патэлефанаваць у часе патрэбы; дый жылі мы ў моцна пабудаваных двухасабовых будках, якія былі шмат лепшымі за палаткі; і, што, магчыма, самае галоўнае, мелі мы „кухонны барачак", дзе была даволі вялікая жалезная печка з духоўкай, на якой мы варылі ежу, сушылі вопратку і ў якой мы фактычна праводзілі большасьць свайго вольнага часу.

Ля былога ўжо гарадка Кіяндра, пачынала свае жыцьцё вялікая рака Eucambene (Юкамбін). Яна выцякала з балоцістай даліны, куды зьбягаліся шматлікія рачулкі, уключаючы Bullock's Head Creek (рака Галавы Быка), якая праходзіла блізка нашых будак і зь якой мы бралі ваду піць, варыць і мыцца. Зімой яна аднак была пакрытая двухмэтровым сьнегам, і нам даводзілася растапляць сьнег, каб здабыць сабе вады. Падчас вялікіх маразоў сьнег быў настолькі сухі, што зь вядра сьнегу мы не маглі атрымаць нават кубачак вады. Мая лучнасьць з сп. М. Зуем таксама прадаўжалася, і ён рабіў на мяне „маральны націск", каб я пераехаў жыць у Сыднэй, наракаючы, што няма каму рабіць беларускую справу. Аднак я быў зьвязаны кантрактам з фэдэральным урадам на два гады й пастанавіў выканаць свой абавязак і не пакідаць Сьнежных гораў. Тут трэба адзначыць, што мая праца на пабудове гідраэлектрычнай сыстэмы мне падабалася й, хаця я яшчэ тагды ня знаў усіх плянаў, я адчуваў, што мы будуем нешта вельмі важнае ў маладой гісторыі Аўстраліі. Гэта было падцьверджана 45 гадоў пазьней, калі 1 кастрычніка 1996 году урад наладзіў „камэмарацыю" пачатку пабудовы Сьнежнагорскай гідраэлектрычнай сыстэмы, і я, беларус Алесь Алехнік, і латыш Біл Віезіс былі ганаровымі гасьцямі гэтага сьвяткаваньня. Наступнага дня найбольшая сыднэйская газэта „Сыднэй Морніні Гэральд" („Сыднэйскі ранішні весьнік") і іншыя буйныя аўстралійскія газэты апублікавалі фота зь мяне й Біла Віезіса з надпісам: „Шэсьць дзён па прыезьдзе у Аўстралію Алесь Алехнік ужо быў у дарозе да Сьнежных гораў, - і гэтым самым увайшоў у нацыянальную гісторыю на пабудове гідраэлектрычнай сыстэмы!"

Справа „антыгадзюковай" мэдыцыны, мяцеліца.

Перад тым, як уваходзіць у глыб Сьнежных гораў, нам выдалі некаторыя рэчы: спальныя мяшкі, коцы, гураганныя лямпы й таксама мяшэчак, у якім быў адумысловы ножак і парашок, каторымі мы павінныя былі ратаваць сябе ад кусаньня гадзюкаў Адразу пасьля ўкусу рэкамэндавалася разрэзаць тым ножыкам укушанае месца, высмактаць яд і пасыпаць рану парашком. Пра тое, як „пацыент" мог разрэзаць і высмактаць тое месца, якое ён ня мог дастаць, у інструкцыі не гаварылася!

Напачатку 1952-га году дарогі празь Сьнежныя горы з Кума на захад проста яшчэ не было. Была толькі адна сьцяжына праз горы, ідучая ад Кума праз Кіяндру да горада Тумута на другім баку гораў, але гэтая сьцяжына была ўдвая даўжэйшая за безпасрэдную, і наша група N28 атрымала заданьне прабіцца праз горы ды ісьці ад мясцовасьці, званай Толбар (недалёка ад Адамінабы), па даліне Gray Mare Track (Сьцежка Сівой Кабылы). Мы паставілі свае палаткі на беразе маленькай, хуткаплыннай рачулкі Happy Jack (Вясёлы Джэк) і пачалі рабіць патрэбныя замеры. Тэрэн быў спачатку зарослы нізкімі „горскімі юкалыптусамі", аднак, чым вышэй мы ўзьнімаліся, тым болей усё выглядала як тундра парослая ссохлай травой. Паміж лягерам Толбар і нашымі палаткамі ў Happy Jack здарыўся выпадак, які ледзь не прынёс мне трагедыі.

Прыблізна ў красавіку 1952-га быў я ў гарадку Адамінабы й пазнавата вечарам дабраўся да лягера Толбар і зайшоў у палатку свайго польскага сябра Казіка. Зайшлі зь ім у лягерную кухню павячэраць, а калі выйшлі, ужо сапраўды пацямнела й пачаў падаць надта спакойны, але густы сьнег. Мой сябра вельмі разумна пераконваў мяне, каб я застаўся начаваць у яго, тлумачачы, што магчыма раптам выбухне мяцеліца. Я, аднак, не паслухаўся яго, падзякаваў за вячэру, падаў руку й падаўся да сваіх палатак у Happy Jack - за 9 кілямэтраў ад Толбар.

Спачатку ўсё было добра. Сьнег быў хоць і густы, але я добра арыентаваўся, дзе я ёсьць, і паволі пасоўваўся праз усьцяж глыбейшы сьнег. Цераз два кілямэтры падзьмуў мацнейшы вецер і пачаў круціцца, як шалёны, узьнімаючы гурбы сьнегу й разносячы іх навакол. Пачалася мяцеліца! Мне трэба было адразу павярнуць у недалёкі лягер Толбар, аднак я, будучы ўпэўнены ў сваіх здольнасьцях „перамагчы ўсе перашкоды", упарта йшоў наперад.

У горах і там, дзе няма ані дарогаў, ані знакаў, трэба заўважаць розныя натуральныя прыкметы, так, як вялікі камень, зламанае дрэва й г.д. Але мяцеліца ўзрастала, вецер выў, як галодны воўк, - і я апынуўся як „у бутэльцы малака": усё белае й нічога не відаць. Я ўжо амаль ня мог расплюшчыць вачэй, бо сьнег адразу засыпаў іх. Дарога ў Happy Jack ішла пустой ад дрэваў далінай, паабапал на невысокіх падгорках расьлі нізкія горскія юкалыптусавыя дрэўцы, і я быў пэўным, што як я так доўга не спатыкаючы леса, значыцца йду ў добрым напрамку.

Прайшло дзьве-тры гадзіны, і я прыпускаў, што прайшоў ужо кілямэтраў 5-6, і што за 3-4 кілямэтры чакае на мяне мая палатка. Аднак і сілы пакідалі мяне, бо з кожным крокам я мусіў траціць іх на выцягваньне ног з глыбокага, часам аж па пояс, сьнегу. I раптам мне прыйшла ў галаву думка: а што калі ад гэтай бяздрэўнай даліны, па якой, як я ўжо казаў ішла сьцяжына ў Happy Jack, адыходзілі таксама й налева, і направа такія самыя бяздрэўныя даліны? Што калі я йду няведама куды? Каб супакоіць нэрвы, я рашыў закурыць. Шалёны вецер замінаў мне. Нарэшце, я змог неяк запаліць папяросу запальнічкай, і, як толькі дакурыў яе, прыпаліў новую папяросу, пасьля яшчэ адну. Моцна набраўшы паветра ў грудзі, я пабольшыў свае высілкі рушыць наперад.

Завіруха завывала й круцілася навокал, і я прыпускаў што йду ўжо 4-5 гадзінаў і, калі не заблудзіў, дык знаходжуся ня болей за кілямэтар ад нашых палатак. 3 надзеяй, што наш верны Rusty пачуе ды адгукнецца, я, прыклаўшы далоні да вуснаў, пачаў крычаць: „Га-лё! Га-лё!" Спачатку нічога не было чуваць. Аж раптам празь дзікі сьпеў завірухі да мяне дайшло браханьне нашага сабачкі. Апанавала мяне вялікая радасьць, я пачаў зноў галёкаць, і за якіх паўгадзіны наш Расты апынуўся ля мяне. А скора я пабачыў сьвятло гураганных лямпаў пачуў крык і стрэлы з нашых лёгка-калібровых стрэльбаў, і так да мяне, канчаткова змучанага, але моцна задаволенага, падыйшлі ўсе траіх з нашай групы: інжынер Алек Горн і два рабочыя, Юзэк Букоўскі й Зыгмунт Матушэўскі.

За якую паўгадзіну мы прыйшлі „дамоў", да сваіх амаль зусім засыпаных сьнегам палатак, запалілі ў „кухні-палатцы" керасынавы прымус, заварылі чаю й падагрэлі нейкую кансэрву. Падсілкаваўшыся, я пайшоў спаць у сваю палатку, вельмі радуючыся, што я перажыў крызіс і што я зноў „дома". Хоць „домам" маім тагды была дрыжлівая, бы ў ліхаманцы, ад парываў ветру палатка, зямля ў якой была мокрая ад сьнегу. Я скінуў шкарпэткі й, павесіўшы іх над лямпай, каб высахлі да раніцы, налажыў сьвежыя, сухія й зь вялікай палёгкай залез у свой утульны спальнік, куцы да мяне прылез і мой „ратавальнік" Rasty.

Раніцай мяцеліца адыйшла, хмары згінулі й прыгожанька засьвяціла сонца. Навакольле ж было абложанае глыбокім, паўтарамятровым сьнегам, які амаль да зямлі прыгнуў нашыя палаткі. Мы свае палаткі мацавалі добра й яны не паддаваліся ветру. Аднак былі й такія каморніцкія групы, палаткі каторых вецер зрываў і заносіў невядома куды!

Легенда пра Сівога Каня

Гэты эпізод яшчэ больш зблізіў нас адзін да аднаго, і мы працягвалі працярэблівацца ўздоўж Сьцежкі Сівой Кабылы на захад. Апалы вялікі сьнег доўга не ляжаў, і скора пачаў таяць, заліўшы аднойчы на некалькі гадзінаў нашыя палаткі. Мы йшлі ўсё глыбей у горы й неўзабаве мінулі гару Джагангал, з-пад якой зь вялікай сілай вырывалася Crackenback River (Кракэнбэк-рэчка). I мне потым часта ўяўлялася, што недзе пад зямлёю цячэ магутная рака, атожылкі якой прабіваюцца напаверх і па заходнім схіле Сьнежных гораў спадаюць долу.

Надалей мы дайшлі й прамінулі ўпадзіну Абрыў Загінуўшага Каня, пра якога ў Аўстраліі йснуе глыбока ўкаранёная легенда. У легеньдзе гаворыцца, што калісьці жыў-быў у Сьнежных горах Сівы (Сярэбраны) Конь, каторы быў настолькі разумны, што нават карыстаўся „чарадзейнымі" якасьцямі. Каня таго ніхто ня мог злавіць, і ён падыходзіў да загарадзяў-загонаў і вызваляў з палону тых коней, якіх ужо злавілі лоўчыя. У легеньдзе расказваецца таксама, што калі лепшыя лоўчыя сабраліся ўсе разам, каб злавіць Сівога Каня, дык ён спачатку схаваў ад іхніх вачэй свайго сыночка-жарэбчыка, а тагды наўмысна пачаў адводзіць ад яго лоўчых і, калі тыя прыгналі яго да гэтага высокага Абрыву, ён усё роўна ня здаўся, заіржэў і скочыў уніз... Там унізе сапраўды ляжалі косьці каня, але ці былі яны касьцьмі таго легендарнага Сівога Каня, я ня ведаю. Мясцовыя людзі аднак клянуцца, што той „чарадзейны" конь , ці, дакладней, ягоны дух, надалей жыве й што часта ў горах, дзе нікога няма, раптоўна чуецца грукат конскіх капытоў і бачна, асабліва пры месяцовым сьвятле, як імчыцца Сярэбраны Конь! Гэта ёсьць сапраўды прыгожая легенда й, дай Божа, каб яна ніколі не прапала й прадаўжала ўзбагачваць культуру маладой Аўстраліі.

Мы працягвалі працярэблівацца цераз „тундравыя" даліны й прамінулі нават гару Касьцюшкі. Аднак, нарэшце, захапіла нас сапраўдная зіма й, прайшоўшы прыблізна 20 кілямэтраў у глыб Сьнежных гораў ад сваіх палатак у Happy Jack, мы ўжо не маглі працаваць далей. I Сьнежнагорскае праўленьне зьлітавалася над намі й перавяло нашую групу ў самы горад Кума, што для нас было „раем": мы маглі хадзіць у кіно, зайсьці ў кожны гатэль і выпіць піва, пафліртаваць з працуючымі там дзяўчаткамі й купляць усё, што нам трэба. Добра было таксама жыць ў абсталяваных бараках, дзе была гарачая вада, харчавацца ў добрай кухні. Час ад часу я наўмысна хадзіў у адну „кафэйку", купляў там тое, чаго не гатавалі ў нашай лягернай кухні, і вельмі цешыўся з таго, як мяне абслугоўвала дзяўчына -кэльнэрка. Мы былі непрывыклыя да такой „абслугі" й я заўсёды даваў тым дзяўчынам, што нас абслугоўвалі, бонус у суме паўфунта, за што яны часта мне давалі пацалунак і свой адрас.

Праца на заходніх схілах Сьнежных гораў

Жывучы ў самым Кума, я сьцягнуў туды брата Грыгора, каторы ўжо жыў з бацькамі ў Сыднэі, і яго прыйнялі на работу ў Сьнежных горах і паслалі на пабудову новых дарогаў і мастоў.

Здольнасьць майго брата хутка заўважыла кіраўніцтва й яго неўзабаве паставілі загадчыкам будаўлянай групы ў новым лягеры Адамінабы Порталь, крыху глыбей у горы ад старога гарадка Адамінабы. У жніўні 1952-га мне таксама далі падвышку й назначылі „Supervisor" у каморніцкім аддзеле, загадаўшы ехаць на заходні бок Сьнежных гораў. Паехалі мы адзінай тагды дарожкай ад Кума праз Адамінабы й Кіяндра да (ўжо заходняга) горада Цюмут, пераначавалі там і, прамінуўшы мястэчка Батлоў, якое славілася вялізнымі яблычнымі садамі, і мястэчка Tumbarumba, павярнулі налева й праз „сплючую" фэрмэрскую даліну Khancoban падаліся да, тагды амаль недаступнай, часткі гораў, знанай як Gee Hi Jungles (Джы Гай Джунглі), і на трэці пасьля ад'езду з Кума дзень паставілі, нарэшце, свае палаткі на беразе вельмі хуткаплыннай рэчкі Swampy Plain.

У Куме мы сапраўды жылі ў „цывілізаваным стылі", а тут ізноў апынуліся ў часта непраходных зарасьцях-джунглях і зноў пачалі жыць "па-дзікунску". Наш прыезд быў вялікай неспадзеўкаю мяйсцовым аўстралійскім кенгуру, і, прачнуўшыся раніцаю, мы пабачылі цэлы табун цікаўных зьвяркоў, якія глядзелі на нас, стараючыся, напэўна, здагадацца, хто мы й што робім. Скора аднак, зразумеўшы, што мы ім не пагражаем, кенгуру перасталі зварочваць на нас увагу, і толькі адзін зь іх, вялікі й сівы, якога мы празвалі „Дзядуля", стараўся часам „напужаць нас", з пагрозаю падскокваючы ў наш бок.

Большай пагрозай, і нават небясьпекай, аказаліся жывучыя ў горах напаўдзікія каровы, якіх сюды прыганялі фэрмэры з сваіх падгорных гаспадарак і якія жылі тут самыя. Гэтыя каровы не чапалі чалавека, салі той ехаў на кані або на джыпе, аднак, забыўшыся, як выглядае пешы чалавек, яны ў першы жа дзень нашай працы абкружылі нас, пачалі раўці й капаць зямлю нагамі. А потым і заатакавалі нас, і мы, каб уратавацца ад іх, былі змушаныя залезьці на дрэва.

Ніколі не забуду атакі гэтых кароваў. Першы заўважыў небясьпеку Юзэк Букоўскі, каторы быў найбліжэй да іх. Ён усё пакідаў і палез на Дрэва. Ён аднак затрымаўся на першай ад зямлі галіне, і Зыгмунт Матушэўскі, уцякаючы ад быка й лезучы на тое самае дрэва, наступіў Юзэку на галаву. Потым Юзэк доўгі час наракаў, што „дурны Сьлёнзак" яму носа хацеў паламаць. Загнаўшы нас на дрэва, каровы паназіралі за намі й адыйшлі пасьвіцца. Пасьля гэтага мы пачалі прызвычайваць кароваў да нас, пешаходаў, пад'яжджаючы да іх на джыпе й ходзячы вакол яго. З часам яны прывыклі да нас, шкада толькі, што не было ў нас фатаапарата: сьмешна мы, напэўна выглядалі, калі сядзелі на дрэве, а каровы, гледзячы на нас, капалі зямлю нагамі.

I так, у верасьні 1952 году, мы пачалі сваю працу на заходніх схілах Смежных гораў, і першае, што было зроблена намі, гэта цэментаваны пункт 28/75, якога мы ўцэментавалі ў зямлю недалёка палатак і які быў базай усёй нашай далейшай працы. На ягоных мокрых яшчэ мурах я ўпісаў свае ймя й прозьвішча, і пункт гэты яшчэ й сёньня стаіць на тым самым мейсцы й прыпамінае, што Алесь Алехнік і трупа N28 была там у верасьні 1952-га. 3 будовай гэтага пункта была адна непрадбачаная праблема. Высылаючы нас на захад, ніхто не сказаў нам, што там няма пяску, які прыгодны для зьмешаваньня з цэмэнтам, і што дастаць яго можна толькі з дна вельмі хутка плывучай рэчкі. Але як яго дастаць, калі вада зьбівае чалавека з ног? Мы прывязалі вяроўку да пояса Зыгмунту Матушэўскаму, я яго трымаў, а ён стараўся шухляй дастаць крыху неабходнага нам жвіру. Але вада змывала з шухлі амаль увесь жвір і была такая халодная, што праз 15 хвілінаў Зыгмунт быў „сіняга" колеру й мы змушаныя былі сьпешна выцягнуць яго з ракі, хоць набраў ён усяго траціну вядра пяску. Прывязалі вяроўку да пояса значна меншага ЮзэкаБукоўскага, але ніхто з нас не падумаў, што ён, будучы маленькім і сухенькім, ня зможа трымацца ў вадзе й што цячэньне панясе яго з сабой! „Тшымай, курка твуя маць, а то ты навмысьне хцэш, жэбы я сен утопіл!" _ пачаў крычаць Юзэк на Зыгмунта. I пасьля часта дакараў яго: „Ты хцял, жэбы мне не было!" На што Зыгмунт жартліва адказваў: „Замкні сен, вар'яце!" Я ўсё гэта перакладаў нашаму інжынеру Алеку Горну, і ён рагатаў зь іхніх сяброўскіх спрэчак. Аднак часам гэтыя спрэчкі перарасталі ў злосныя сваркі. Юзэк паходзіў зь „велькего мяста Лодзі" ўважаў Зыгмунта, кагоры паходзіў з Сьлёнзку, за „ніжэйшага" ад сябе, і надта даводзіў яго да злосьці, расказваючы, як адзін „сьлёнзак" прыйшоў п'яным з карчмы й, наеўшыся таўканіцы з „шкваркамі", лёг спаць. А раніцай кажа жонцы: „Дзенкуе ці, кохана, жэ так добжэ мне заскварчыла тоўканіцэ!" На што жонка адказала: „Гдзе там заскварчыла, вар'яце, то там прусакув было пэлно!" I тагды Зыгмунт уставаў, махаў на Юзэка рукой і казаў „Венцэй не хцэ з такім вар'ятэм , як ты, гадаць!" і выходзіў зь Юзэкавай палаткі. Аднак назаўтра ўсё зноў было добра.

Заходнія схілы Сьнежных гораў ёсьць адменныя ад усходніх. У той час, як усход быў больш сухі й больш прыдатны на гадоўлю авечак, захад меў значна лепшую зямлю, цешыўся больш частымі дажджамі й, як вынік, зямля там была падзеленая на меншыя, але заможнейшыя, мяшаныя фэрмы-гаспадаркі. Мясцовыя жыхары спатыкалі нас ветліва, хаця зналі, што мы „рэпрэзэнтуем" тыя вялікія зьмены ў іхнім жыцьці (не заўсёды на іхнюю карысьць), якія прынясе пабудова гідраэлектрычнай сыстэмы.

Доўгі час мы не маглі выбрацца у „цывілізацыю" з сваіх Джы Гай Джунгляў, бо, нягледзячы на тое, што адзін вялікі бульдозэр прайшоўся па дарозе да нас і ачысьціў яе ад карчоў, горы былі такія высокія, а дажджы падалі так часта, што колы нашай аўтамашыны маркі „Dodge" круціліся наперад, а сама яна сунулася назад, і я, будучы шаферам, загадваў сваім рабочым выскакваць, бо йснавала пагроза паляцець пад адхон.

Найбліжэйшы пункт „цывілізацыі" быў гарадок Corryong, які ўжо быў у штаце Вікторыя, у каторы мы, нарэшце, змаглі выбрацца з сваіх "джунгляў". Усе нас спатыкалі вельмі радасна, асабліва ўласнікі розных лавачак, ведаючы, што нам добра плацяць і што мы маем грошы Мы накуплялі сабе шмат правіянту й некаторыя рэчы з вопраткі. У Corryong было шмат дзяўчатаў, і мы скора навязалі сяброўскую сувязь зь імі. Мая дзяўчына працавала ў адзіным у гарадку банку, называлася Этэль і была сапраўды прыгожай.

Што яшчэ спамінаецца з таго далёкага ўжо часу? А гэта нашая маленькая кенгурка, якая страціла матку і якую мы ўзялі да сябе ў палаткі Хутка кенгурка так асвойталася й прывыкла да нас, што паўсюль скакала за намі, як тая сабачка

ЧАСТКА ЧАЦЬВЁРТАЯ

Жыцьцё ў Сыднэі

Пераезд на жыцьцё ў Сыднэй

Мая сувязь з паасобнымі беларусамі й беларускімі арганізацыямі ў розных краінах вольнага сьвету тым часам пашыралася, і я рэгулярна ўжо атрымоўваў лісты, газэты ды часапісы ад сваіх былых знаёмых з гораду Саўт Рывэр (ЗША), які стаўся адным зь вялікіх беларускіх цэнтраў, а таксама й зь Вялікай Брытаніі атрымоўваў лісты й часапіс „Аб'еднаньне" ад Хрысьціянскага Аб'еднаньня Беларускіх Работнікаў. З радасьцю ды зайздрасьцю чытаў я аб тым, як нашыя сьвядомыя беларусы пачалі шырокую дзейнасьць, каб усьвядоміць сьвет пра Беларусь. З зайздрасьцю, таму што нашыя аўстралійскія беларусы аказаліся безхрыбетнымі й няздольнымі праводзіць тую самую „ўсьведамляючую" дзейнасьць, „сядзелі, як мышы пад мятлой" і чамусьці баяліся або лічылі напатрэбным падымаць свой голас у абарону Бацькаўшчыны. Я з гэтым пагадзіцца ня мог, і ўсё часьцей і часьцей пачынаў думаць аб пераезьдзе ў Сыднэй, асабліва беручы пад увагу, што мой кантракт з аўстралійскім урадам канчаўся 17 студзеня 1953 году. Апроч таго, галава нашай групы N28, інжынер Алек Горн, прызнаўся мне, што думае ехаць назад дамоў у Нова-Зэляндыю, дзе яму давалі добрую працу, і гэта яшчэ больш змусіла мяне задумацца аб пераезьдзе ў Сыднэй.

Падтрымліваў я таксама лучнасьць і зь невялікай колькасьцю беларусаў, каторыя яшчэ заставаліся ў Нямеччыне, асабліва з сп. П. Маньковым, з каторым я й былы сэнатар у польскім Сойме В. Рагуля жылі разам некаторы час. Я разьвітаўся зь імі ў ліпені 1950-га, і пры разьвітаньні сэнатар Рагуля, ужо старэнькі і ўсё яшчэ жывучым сам, не пагаджаючыся з сваім сынамі, каторыя зрабіліся „крывічамі", сказаў мне: „Ты малады, Алесь! Табе дарога ў вольны сьвет адкрытая! Дык ідзі ў сьвет і выконвай той абавязак, які Бацькаўшчына ўзлажыла на цябе і ўсіх нас!" Застаўшыся самым і адзінокім, безь беларусаў, сэнатар Рагуля паехаў жыць да сыноў, а Палікарп Манькоў паехаў у Канаду, і мая сувязь зь імі перарвалася.

У сакавіку 1953 году я завітаў у Сыднэй на сьвяткаваньне Акту 25 Сакавіка, якое адбылося ў прадмесьці Ньютаўн, і якое яшчэ раз даказала мне „неэфэктоўнасьць" і нават „трагедыю" бязьдзейнасьці нашай сыднэйскай беларускай эміграцыі. На Сьвяткаваньне прыйшло ўсяго шэсьць асобаў уключаючы мяне й майго бацьку! Там былі таксама спадары М. Зуй, У Радзевіч, Дудзік, Я. Шкода. Па адчытаньні рэфэрата я іх агутарыў з сп. Зуем, сказаўшы: „Што вы робіце й да чаго вы дайшлі? Гэта ёсьць трагедыяй і я уважаю гэта недапушчальным!"

Адразу па маім павароце ў Сьнежныя горы мяне прызначылі да новага інжынера, расейца Аксакава, каторы аніяк ня мог валодаць інструмэнтам, якім мы карысталіся, і каторы папрасіў, каб я яго навучыў, што я й зрабіў. Яму я таксама пачаў наўмысна прыпамінаць, што я беларус, і размаўляць зь ім па-беларуску, у чым мяне падтрымлівалі мае рабочы Юзэк і Зыгмунт, але што надта не падабалася інжынэру Аксакаву Аднойчы, седзячы ў джыпе, пачалі мы зь ім гутарыць пра сьмерць Сталіна. На мае вялікае зьдзіўленьне, Аксакаў пачаў абараняць „вождя", кажучы, няважна тое, што ён хацеў забіць мяне, анархіста, няважна, што я працаваў для Гітлера, але Сталін „величайший после Петра І русский вожджь" і ніхто не разшырыў столькі Расею, як Іосіф Сталін! Такая заява мяне сапраўды раззлавала, і была мне яшчэ адным доказам, што для бальшыні расейцаў вялікасьць Расейскай імпэрыі больш важная, чым дыктатарская сыстэма ў ёй! Паколькі помню, менавіта пасьля той спрэчкі я й пастанавіў кінуць працу ў Сьнежных горах і пераехаць у Сыднэй.

Таго самага вечара я сказаў аб сваёй пастанове Юзэку й Зыгмунту, і яны намагаліся мяне ўгаварыць, каб я працаваў надалей. Але я не паслухаўся іх, бо адчуваў, што ёсьць пільна патрэбны ў Сыднэі, каб уключыцца там у занядбаную дагэтуль беларускую грамадзкую працу.

Назаўтра я паведаміў акруговага інжынера Алека Тэйлара, каторага я добра знаў і каторы ўгаварваў мяне застацца, кажучы, што ён перавядзе мяне да іншага інжынера, - аднак я адказаў, што час ужо мне вяртацца да маіх бацькоў у Сыднэй. Апошнім я паведаміў пра сваё звальненьне Аксакава, каторы, я знаю, быў вельмі задаволены з гэтага.

Пачатак грамадзкай дзейнасьці

Яшчэ з Сьнежных гораў я напісаў сп. Зую, што пераяжджаю на сталае жыхарства ў Сыднэй. Ведаючы пра дзень майго прыезду, сп. Зуй склікаў паседжаньне „актыву", на якім мяне адразу абралі „сакратаром" і „галоўным беларускім прадстаўніком". I з гэтага пачалася мая праца ў справе пашырэньня веды, што ў Сыднэі ёсьць беларусы, і ўсьведамленьня Аўстраліі пра Беларусь, пра змаганьне беларусаў за незалежнасьць.

Але з чаго пачынаць? Праз аднаго знаёмага ўкраінца я пазнаёміўся зь лідарамі досыць вялікага ўкраінскага грамадзтва ў Сыднэі, якое выдавала сваю газэту „Вільна Думка" (выходзіць і цяпер). Асабліва я сыйшоўся з ген. С. Яскевічам. Праз украінцаў я атрымаў прозьвішчы лідараў харватаў (Ф. Лавокавіч, Славакаў-Галаш, Шварц), вэнграў (др. Л. Мэгай, Э. Шаркоўскы), румынаў (др. К. Унтару), - і адразу навязаў зь імі лучнасьць. Цераз знаёмых палякаў пазнаёміўся зь іхнім лідарам, графам Понінськім, былым польскім дыпляматам у Кітаі. Пазнаёміўся таксама й з былым вэнгерскім амбасадарам у Вялікай Брытаніі Джорджам дэ Барча. Усе спатыкалі мяне ветліва й амаль што кожны пытаўся: „Дзе беларусы былі раней?"

Праца мая была, сапраўды, вельмі напружанай, бо я хацеў як найхутчэй навязаць лучнасьць і асабіста пазнаць усіх лідэраў так эмігранцкіх, як і аўстралійскіх грамадзка -палітычных арганізацыяў. Я наведваў усе мітынгі, на якія мяне запрашалі, хадзіў і натыя, дзе мяне ня зналі: і паўсюль гаварыў, што беларусаў ёсьць вялікая колькасьць, што ёсьць вялікая беларуская арганізацыя й г. д. Таксама пісаў, пісаў і пісаў усім і кожнай арганізацыі лісты ад імя нашага Беларускага Аб'яднаньня Аўстраліі, дзеля чаго адкрыў на пошце ў сваім прадмесьці Фэйрфілд паштовую скрынку N94, якой мы й дагэтуль карыстаемся. Тагды, у 53-ім, на пошце ў Фэйрфілдзе было ўсяго 100 прыватных скрынак, а цяпер - 2000!

Ніхто дакладна ня ведаў, колькі ўзапраўды беларусаў прыехала ў Аўстралію. Было агульна прыйнятым, што сюды пераехала 8-9 тысячаў эмігрантаў-беларусаў, аднак толькі невялікая частка іх была запісаная беларусамі, большасьць залічыла сябе да палякаў і да грамадзянаў іншых, вольных да II Сусьветнай вайны краінаў. Трэба таксама падкрэсьліць, што ў Аўстраліі пра Беларусь амаль ніхто й нічога сапраўднага ня знаў. I я думаю, што нават тагачасны, папулярны сярод нас, прэм'ер-міністар Робэрт Мэнцыс, каторага я пазьней меў вялікі гонар і прыемнасьць спатыкаць, няпоўнасьцю арыентаваўся, хто ёсьць беларусы й за што яны змагаюцца. Тыповая рэакцыя тых аўстралійцаў, нават высокастаючых кіраўнікоў, з каторымі я спатыкаўся й гутарыў, была такая: „А-а! Дык ты беларускі. Ты прыехаў зь Кітая?" Літаральна кожнаму даводзілася „разжоўваць і ўкладаць у рот", што Беларусь ёсьць вельмі гістарычная краіна й што беларускі народ ёсьць асобнай, багатай культураю нацыяй. Як безпасрэдны вынік катастрафічнага няведаньня пра Беларусь, вялікая частка эмігрантаў беларускай нацыянальнасьці, нават інтэлігентныя й сьведамыя з выгляду асобы, ня мелі досыць маральнай і нацыянальнай сілы, каб змагацца супраць цяжкасьцяў, і назаўсёды засталіся збоку ад грамадзкай працы, а некаторыя нават пачалі цурацца сваёй беларускасьці й перакінуліся ў чужынцаў.

Я прыехаў у Сыднэй акурат у вельмі добры час, бо грамадзка-палітычная праца эмігранцкіх арганізацыяў ўжо была шырока разгарнутая, і ў 1953-м годзе нацыянальныя арганізацыі эмігрантаў пачалі злучацца й пачала арганізоўвацца Злучаная Рада Эмігрантаў з прадстаўнікоў акупавыных камуністамі краінаў I я пасьпеў „далучыць" Беларусь да гэтае Рады, прыняў удзел у апрацоўцы ейнага Статуту, падпісаў яго ад імя Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі. Рада вельмі доўгі час была найбольш уплывовай арганізацыяй і адыграла вялікую ролю ў жыцьці эмігрантаў з паняволеных камуністамі краінаў Эўропы.

Гэтаксама я навязаў добрую сувязь с спн. А. Ловэр, старшынёю Культурнага Аб'яднаньня Новых Аўстралійцаў, якое было пасьля пераймянованае на Лігу Новых Пасяленцаў і якое залагоджвала справы і праблемы эмігрантаў і інфармавала фэдэральны ўрад пра розныя цяжкасьці, якія змушаныя былі пераадольваць эмігранты або, як нас называлі, „новыя аўстралійцы".

Мая інтэнсыўная праца пачала даваць добрыя, шмат большыя, чым я спадзяваўся, вынікі. I ў хуткім часе я пачаў атрымоўваць запрашэньні ад парляманту штату Новай Паўднёвай Валіі быць прысутным на дыскусіях ад Лібэральнай партыі, ад Рабочай партыі, на спатканьнях з прадстаўнікамі гарадзкой управы Сыднэя й шмат якіх іншых імпрэзах, - але найбольшым „сюрпрызам" і неспадзяванкай было выбраньне мяне як аднаго з чатырох імігранцкіх дэлегатаў на пяцідзённую Грамадзянскую канвэнцыю ў Канбэры (Д-4). На канвэнцыі, якая адбылася ў студзені 1954 году, разглядаліся шматлікія справы зьвязаныя з масавай эміграцыяй і з тымі праблемамі, якія мусілі перажываць ці пераадольваць „новыя аўстралійцы". Трэба адзначыць, што падобныя канвэнцыі адыгрывалі значную ролю ў жыцьці Аўстраліі, бо на іх бралі ўдзел розныя ўрадавыя міністры, прадстаўнікі рабочых прафсаюзаў, адвакаты, судзьдзі, - і яны слухалі нашыя прамовы, бралі пад увагу тыя набалелыя праблемы, якія эмігранты напатыкалі, і даволі часта здаралася, што ў выніку тых „слуханьняў" мяняліся ў лепшы бок законы.

Неўзабаве па маім ад'езьдзе ў Сыднэй, было паведамлена, што каралева Элізабэта II мае прыехаць зь візытай у Аўстралію ў 1954 годзе, і Злучаная Рада Эмігрантаў атрымала просьбу ад ураду, каб кожная нацыянальная арганізацыя, што ўваходзіла ў Раду, напісала прывітаньне да Яе Вялікасьці. Прапанова была прыйнятае на паседжаньні ЗРЭ й было таксама пастаноўлена напісаць „Прывітаньне" на ангельскай і роднай мове й што ўсе нашыя прывітаньні будуць укладзеныя ў адумысловы альбом, на вокладцы якога будуць адбітыя нацыянальны гербы ўваходзячых у склад Рады нацыянальнасьцяў. Другой папарадку красуецца на тым Альбоме нашая беларуская Пагоня (Д-5).

Чытаючы цяпер напісанае мною „Прывітаньне", я мушу прызнацца, што я яго цяпер, у 1998 годзе, змог бы напісаць крыху лепей. Але няхай чытач зразумее, што гэта рабілася ў канцы 1953 году, калі на мяне, вярнуўшагася з Сьнежных гораў, зваліўся ўвесь цяжар беларускай грамадзка-палітычнай працы. Самае галоўнае, „Прывітаньне" было напісанае й цераз старшыню Рады Джорджа дэ Барча ўручанае Яе Вялікасьці, і гэта застанецца ў гісторыі.

У самым пачатку сваёй беларускай працы, я заявіў сп. М. Зую, што, нягледзячы на маю прыхільнасьць да БЦР і ейнага прэзыдэнта, праф. Радаслава Астроўскага, я ўважаў і ўважаю ўнутраныя сваркі сярод беларускай эміграцыі за вельмі шкодныя й што браць удзелу ў іх ня буду. Падкрэсьліў таксама, што маім галоўным заданьнем ёсьць як мага больш усьведаміць палітычныя колы Аўстраліі пра Беларусь, каб падняць ейны аўтарытэт і добрае ймя на надежную вышыню. У міжпартыйныя сваркі я ніколі не ўваходзіў.

Розгалас і весткі прараптоўна паўсталую й сапраўдную дзейнасьць Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі пачалі неўзабаве даходзіць да беларускіх эмігрантаў і ўжо на сьвяткаваньні ўгодкаў Акту 25 Сакавіка ў 1954 годзе прыехала ці ня трыццаць асобаў, пяць разоў больш, чым у 53-ім. На сьвяткаваньне мною былі запрошаныя таксама й прадстаўнікі ад славакаў і харватаў карэспандэнт сыднэйскай газэты „Daily Telegraph". А раней, 1 верасьня 1953 году, я меў нараду з кіраўніком Сыднэйскага бюра Міністэрства Міграцыі, сп. Кэрнс, на якой мы абмеркавалі справу тых беларусаў каторыя з той ці іншай прычыны, прыехаўшы ў Аўстралію, запісалі сябе палякамі, латышамі ці летувісамі. I сп. Кэрнс пагадзіўся мяняць запіс нацыянальнасьці кожнага беларуса, які прынясе пасьведку ад БАА, што ён фактычна ёсьць беларус.

Спроба стварыць сваю Беларускую Праваслаўную Царкву

Усё больш і больш беларусаў пачало далучацца да нашага БАА й шмат хто зь іх пачаў падымаць праблему адсутнасьці сваёй беларускай праваслаўнай царквы. Тагды мы, прыхільнікі БЦР, усё яшчэ не прызнавалі поўнасьцю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, і я, 13 красавіка 1953 году, зноў меў спатканьне з сп. Кэрнсам ў Сыднэйскім аддзеле Міністэрства Міграцыі, і ён пагадзіўся, што сыднэйскім беларусам патрабная свая праваслаўная царква, і абяцаў дапамагчы сьцягнуць у Аўстралію таго сьвятара, каторага мы сабе выбярэм. Я тагды меў на ўвазе айца Жарскага, каторага знаў яшчэ ў Нямеччыне й каторы пагадзіўся пераехаць у Аўстралію пад умовай, што мы забясьпечым яго й ягоную сям'ю кватэрай і жыцьцём.

Мы мелі тагды на думцы арганізаваць Беларускую Праваслаўную Царкву пад юрысдыкцыяй Усяленскага Патрыярхату - так, як зрабіў айцец М. Лапіцкі ў Саўт Рывэр (ЗША). I я навязаў лістоўную лучнасьць з кіраўніцтвам Грэчаскай Праваслаўнай Царквы ў Аўстраліі (Д-6) і меў спатканьне з архіяпіскапам Езэклям, падчас якога мы абгрунтавалі справу ачольваньня плянаванай Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Сыднэі Ўсяленскім Патрыярхатам. Цяжкасьці ў гэтым пытаньні былі вялікія яшчэ й таму, што кожны шмат гаварыў і абяцаў рабіць яшчэ больш, аднак у рэшце рэшт усё трэба было рабіць самому. Справа пераезду айца Жарскага ў Аўстралію пачала зацягвацца й адкладацца на ўсё пазьнейшы й пазьнейшы тэрмін. Мы пераканаліся, што цяжкасьці зьвязаныя з гэтым пераездам аказаліся завялікімі для нас, і працэс сьцягваньня а. Жарскага быў спынены.

Тагды ў Сыднэі жыў і служыў пры Расейскай Зарубежнай Царкве япіскап Апанас, беларус па нацыянальнасьці. I мы зьвярнуліся да яго, каб ён адыйшоў ад расейцаў і ачоліў нашую Беларускую Праваслаўную Царкву. Мае бацькі гварантавалі яму кватэру й пражыцьцё, і мы былі пэўныя, што іншыя беларусы далучацца да нас і забясьпечаць япіскапу ўсё патрэбнае. Япіскап Апанас прыйняў нашыя запросіны прыехаць у Фэйрфілд. Пасьля прыёму й абеду мой бацька зьвярнуўся да япіскапа Апанаса з просьбай ачоліць нашу беларускую царкву, запэўніўшы, што будзе зробленае ўсё для ягонага забясьпячэньня. Я таксама расказаў япіскапу пра нашу гутарку з грэчаскім архіяпіскапам Езэкелям, дадаўшы, што ў нас ёсьць людзі, будзе царква й грошы, калі ён згадзіцца стаць нашым беларускім Уладыкам. На вялікі жаль, япіскап Апанас аднёсься да нашай прапановы вельмі холадна. I як рэзультат, я перастаў з таго часу ўважаць яго за беларуса.

Праца ў часапісе „Новае Жыцьцё" й далейшая дзейнасьць

Інтэнсыўная праца Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі прадаўжалася, і на мяне быў ускладзены яшчэ адзін абавязак. Аднойчы, на кватэры сп. М. Зуя ў прадмесьці Ньютаўн, сп. Зуй паведаміў мне, што ў яго ёсьць беларуская пішучая машынка й рататар, ды няма каму выдаваць беларускі часапіс. На маё запытаньне, чаму ён сам ня возьмецца за выданьне часапісу, сп. Зуй адказаў, што ў яго шмат справаў і што сам ён усяго ня зробіць. На што прысутны на кватэры сп. Язэп Шкода, каторы й цяпер яшчэ жыве, запярэчыў: „Ніякіх ты „справаў" ня робіш, а часапіс выдаваць і ня ўмееш, і ня можаш!" Сп. Зуй змаўчаў, бо гэта была горкая праўда: яго Бог абдарыў вялікім патрыятызмам, але пакараў вялікай няздольнасьцю выконваць грамадзкую працу, і сп. Зуй так і не наўчыўся добра валодаць ангельскай мовай, ані нават друкаваць на машынцы, - і ўсё даводзілася рабіць мне аднаму.

I вось так пачаў ізноў выходзіць часапіс „Новае Жыцьцё", рэдактарам каторага хоцькі-няхоцькі зрабіўся я. Спачатку кожны казаў, маўляў „я напішу артыкул". Аднак, як правіла, гэтых „артыкулаў" я не атрымоўваў і пісаць іх мне даводзілася самому, шмат артыкулаў я перакладаў з ангельскай, набіваў матрыцы, а затым усё гэта друкаваў на рататары. Часта, калі мой бацька выходзіў ужо на працу, я ўсё яшчэ круціў корбу рататара, каб закончыць сваю выдавецкую працу, якая сталася для мяне вялікім дадатковым цяжарам. Праз год існаваньня часапісу я прасіў сп. Міхася Зуя, каб ён заарганізаваў рэгулярнае пісаньне артыкулаў а як не - я буду змушаны перастаць выдаваць часапіс. Аднак артыкулаў мне ніхто не пісаў і так, зь цягам часу, я змушаны быў спыніць выхад часапіса „Новае Жыцьцё", бо ніякае дапамогі не было, а іншыя важныя справы патрабавалі ўсяго майго часу ды ўвагі.

1955 год стаўся кансалідацыяй усяго ўжо дасягнутага. Пачаў арганізоўвацца Беларускі Мяшаны Хор, у каторы ўвайшлі я й мой брат Грыгор. Арганізатарам жа хору й кіраўніком быў сп. С. Анічкаў па нацыянальнасьці - рускі, які аднак увесь час жыў у Беларусі й адчуваў сябе беларусам і які вельмі шмат зрабіў для беларусаў Сыднэя праз арганізаваньне нашага хору й ягоны ўдзел у разнастайных аўстралійскіх міжнародных канцэртах.

Беларускае грамадзкае жыцьцё сапраўды пачало „жыць", і на сьвяткаваньне чарговых угодкаў Акту 25 Сакавіка ў 1956 годзе прыехалі ня толькі што прадстаўнікі вэнграў румынаў, славакаў, харватаў ды палякаў, - але быў на сьвяце й прадстаўнік ад Сыднэйскай гарадзкой управы сп. Кайл, ад Лібэральнай партыі спн. Фэрлі, ад Рабочай партыі сп. і спн. Сінклэйр. Заля літаральна была запоўненая тымі беларусамі, каторыя нарэшце пабачылі сапраўдную грамадзкую працу сваёй арганізацыі й каторым было вельмі прыемна слухаць і бачыць, як прадстаўнік за прадстаўніком выходзілі на сцэну й віталі беларусаў заклікаючы іх змагацца за сваю незалежнасьць і прыракаючы дапамогу. Найбольшымі аплядысмэнтамі прысутныя ў залі ўзнагародзілі ўкраінскага генэрала С Яскевіча, каторы на заканчэньне сваёй прамовы заклікаў: „Змагайцеся - і будзеце свабодныя!" Гучна віталі таксама й польскага прадстаўніка, графа А. Понінскага, каторы паведаміў што палякі маюць дакуманты, згодна якіх Беларусь ужо некалькі стагодзьдзяў таму назад была незалежная!

Ад імя БАА я ўвайшоў у дарадчы камітэт Лібэральнай партыі й браў удзел у ейных рэгулярных месячных паседжаньнях.

4 лістапада 1956 году ў Сыднэі ў знак салідарнасьці з вэнгерскім народам, каторы ў той час гераічна змагаўся супраць агрэсіі Савецкага Саюзу, была наладжаная вялікая антыкамуністычная дэманстрацыя, галоўным прамоўцам на якой быў я.

Напачатку 1957-га году я даведаўся, што ў Сыднэі ёсьць Асацыяцыя па справах Аб'еднаных Нацыяў, у якую ўваходзяць сябры Дыпляматычнага корпусу Аўстраліі (уключаючы Савецкі Саюз). I я пастанавіў неяк прабіцца туды й здабыць права беларусам быць там і браць удзел у працы й дзейнасьці гэтае арганізацыі пад бел-чырвона-белым сьцягам. Я наладзіў спатканьне з сакратаром гэтай Асацыяцыі, спн. Ф. Гротс, і мне сапраўды пашанцавала, бо першае нашае спатканьне прайшло ў прыязнай і сяброўскай атмасфэры. Гэтая ветлівая й вельмі інтэлегентная жанчына адразу запрасіла мяне на паседжаньне Асацыяцыі ў ролі абсэрватара. На тым першым для мяне паседжаньні, на якім спн. Ф. Гпотс пазнаёміла мяне з жонкамі югаслаўскага, аўстрыйскага, вэнгерскага й румынскага конзуляў, я кораценька расказаў пра Беларусь, выказаўшы жаль, што, хаця Беларусь і ўваходзіць у ААН, яна ня ёсьць сапраўды свабоднай і фактычна перажывае жудасную няволю з боку маскалёў. Я выказаў таксама ахвоту цесна супрацоўнічаць з Асацыяцыяй і спадзяваньне, што Асацыяцыя дасьць нам, беларусам Сыднэя, дазвол браць удзел у яе дзейнасьці пад нашым нацыянальным беларускім сьцягам. Першай, паколькі помню, адазвалася жонка югаслаўскага конзуля, каторая таксама, відаць, не любіла Масквы й каторая, ад імя прысутных выказала ўпэўненасьць на вельмі блізкае супрацоўніцтва з нашым Беларускім Аб'еднаньнем Аўстраліі (Д-7).

Асацыяцыя па справах Аб'еднаных Нацыяў наладжвала штогод вялікі Міжнародны дыпляматычны баль. Дзякуючы маім сувязям з Асацыяцыяй, БАА атрымала запросіны на гэты баль і 15 ліпеня 1958 году бел-чырвона-белы сьцяг, упершыню ў гісторыі Аўстраліі, быў вывешаны на вялікай залі, як роўны з сьцягамі іншых краінаў вольнага сп. Стукача ў беларускіх народных строях рэпрэзэнтавалі Беларусь на гэтым балю ў найбольшай тагды ў Сыднэі канцэртнай залі „Трокадэро". На чарговых міжнародных балях Асацыяцыі нас рэпрэзэнтавала прыгожая бляндынка Соня Шлег ў суправодзе сп. Перхаровіча, а з 1961 году - таксама вельмі прыгожая Ванда Тамашэўская ў маім уласным суправодзе. I штогод горда лунаў на залі наш бел-чырвона-белы сьцяг.

Сябры праўленьня Асацыяцыі казалі мне, што савецка-маскоўскаму конзулю ў Сыднэі надта не спадабаўся наш, як ён называў, „буржуазна-нацыяналістычны сьцяг" і ў знак пратэсту ён адмовіўся браць удзел у дыпляматычных балях, што было нам „на руку"... Я разумею, што ў „аналах перамогаў" гэтая нашая перамога над сымбалем камуна-маскоўскай агрэсіі не была вельмі важнай, але тагды, у канцы 50-х і напачатку 60-х, перамога бел-чырвона-белага сьцягу давала мне шмат радасьці й задавальненьня й падмацоўвала мяне да далейшага змаганьня за сьвятыя ідэалы незалежнасьці Беларусі. Хачу тут дадаць, што мая „партнэрка" ў рэпрэзэнтацыі Беларусі Ванда Тамашэўская выйшла замуж і ўжо ёсьць бабулькай, і мае ўнучку.

Арганізаваньне АБН у Аўстраліі

У Эўропе тагды дзейнічала ўплывовая міжнародная антыкамуністычная арганізацыя Антыкамуністычны Блёк Народаў, якая складалася з народаў краінаў, акупаваных Масквой і ўключаных у Савецкі Саюз. Галоўны штаб Блёку месьціўся ў Мюнхэне, і Блёк гэты быў вельмі актыўны на міжнароднай ніве. Ачольваў тагды гэтую арганізацыю прэм'ер-міністар Украіны, др. Яраслаў Стэцька. Яраслаў Стэцька ўваходзіў у той самы ўкраінскі ўрад, які адразу пасьля прыходу немцаў у Заходнюю Ўкраіну абвесьціў незалежнасьць Украіны. Гітлеру надта не спадабалася гэта, і ён выдаў сп. Стэцьку і ўкраінскім патрыётам „Ультыматум" самаліквідавацца, а ў інакшым выпадку яму пагражала зьнішчэньне. Будучы сапраўднымі ўкраінскімі патрыётамі, Я. Стэцька й ягоны ўрад не паслухаліся Гітлера, праз што былі разагнаныя, а сам Стэцька трапіў у фашыстоўскі канцэнтрацыйны лягер, дзе й дачакаўся прыходу амэрыканцаў. У траўні 57-га сп.

Стэцька з сваёй абслугай прыляцеў у Сыднэй, і я меў вялікі гонар зь ім спаткацца й гутарыць.

2 верасьня 1957 году Аддзел АБН у Аўстраліі наладзіў мітынг прадстаўнікоў усіх паняволеных народаў, і з гэтага пачалася дзейнасьць Дэлегатуры АБН у Сыднэі, якая актыўна дзейнічала аж да развалу Савецкай камуна-маскоўскай імпэрыі. Старшынёю Дэлегатуры насамперш быў выбраны былы мэр Будапэшту, др. Ляшло Мэгай, каторы мне вельмі падабаўся й каторы непахісна падтрымоўваў ідэю незалежнасьці Беларусі. Пазьней гэтае становішча абняў старшыня Румынскага Таварыства ў Сыднэі, др. К. Унтару. Сам жа я яшчэ на першым мітынгу АБН абняў пасаду скарбніка Блёку, за некалькі гадоў я стаўся сакратаром АБН у Аўстраліі, а праз дваццаць гадоў -„дыпляматычным прадстаўніком" АБН перад рознымі, прыязнымі да ідэі незалежнасьці паняволеных Масквой народаў амбасадамі ў Канбэры: Карэі, Уетнаму, Нацыянальнага Кітаю (зь імі тагды Канбэра мела дыпляматычныя сувязі), Тайлянду, Аргентыны й інш., - і гэтую пасаду я займаў аж да згаданага развалу маскоўска-камуністычнай імпэрыі.

Мой удзел у АБН і ў іншых міжнародных арганізацыях меў адну тую самую мэту, як мага больш зрабіць прапаганды пра Беларусь і здабыць маральна-дыпляматычную падтрымку ў змаганьні за вызваленьне. I нашая праца асягала посьпехі! Нас, беларусаў, пачалі чуць і бачыць уплывовыя палітыкі Аўстраліі, нас пачулі й пачалі з намі спатыкацца амбасадары Карэі, Уетнаму й інш. За параўнальна кароткі час пра Беларусь пачалі гаварыць і пісаць міжнародныя палітыкі й, што яшчэ больш важна, нас пачалі падтрымоўваць. Шкада толькі, што да гэтай працы не захацелі, або не лічылі патрэбным далучацца беларусы зь іншых аўстралійскіх гарадоў, бо незьмерана больш мы маглі б зрабіць дзеля Беларусі, каб супольна выступалі ў абароне права Беларусі на незалежнасьць.

Удзел у Грамадзянскай канвэнцыі 1959 году

У 1959 го дзе мяне зноў выбралі ад беларусаў як аднаго з чатырох дэлегатаў на Грамадзянскую канвэнцыю ў Канбэры. I там адбыўся эпізод, які ярка адлюстраваў тагачасны нэгатыўны падыход шматлікіх беларусаў да справы ўсьведамленьня сьвету пра Беларусь. Здарылася гэта так. Аднаго дня на маю долю выпала выступаць з прамовай і, наагул, браць удзел на самыя разнастайныя тэмы. I я ў далікатны спосаб прыпамінаў усім і ўсякаму, што нашае БАА змагаецца за тое, каб беларускія эмігранты пусьцілі карэньне ў Аўстраліі й сталіся добрымі грамадзянамі гэтай гасьціннай краіны. Падчас абедзеннага перапынку, ідучы ў свой гатэль, я заўважыў, што за мною ідуць тры незнаёмыя мне асобы. Яны дагналі мяне й запыталіся, ці могуць далучыцца да мяне й пагутарыць? Я даў згоду й хутка даведаўся, што першы з трох быў прэзыдэнтам Кангрэсу Аўстралійскіх Прафсаюзаў, сп. Монк, другі - судзьдзя Вярхоўнага Суда штату Новай Паўднёвай Валіі, сп. Дойл, трэці - прэм'ер штату Паўднёвай Аўстраліі, сп. Плэйфорд. Сп. Монк папрасіў, каб я расказаў яму пра дзейнасьць нашага БАА, пра праблемы, якія сустракаюць беларускія эмігранты і ўвогуле пра Беларусь. Я пачаў расказваць, якія жудасныя зьдзекі з боку маскоўскіх агрэсараў церпіць Беларусь, як камуністычны камітэт „За вяртаньне на Радзіму" робіць націск на беларускіх эмігрантаў з мэтай „дэстабілізаваць" іх, змусіць, часта пагрозамі, вярнуцца назад у Савецкі Саюз. Прывёў прыклад, як мы, сябры БАА, дапамагалі сп. Лагаеву, беларускаму эмігранту з сыднэйскага прадмесьця Блэктаўна, на якога павялі акцыю камуністычныя агенты і ўсю сям'ю якога давялі да такога страху й роспачы, што спн. Лагаева, каб абараніцца ад тых агентаў, ішла, ня ведаючы майго дакладнага адрасу, напеша 20 кілямэтраў ад Блэктаўна да Фэйрфільду прасіць дапамогі. Я сказаў сваім суразмоўнікам: „Вам цяжка ва ўсё гэта паверыць, бо вы, жывучы ў Аўстраліі, гэткай брутальнасьці ня ведаеце. А мне вось пасьля працы часта даводзіцца езьдзіць да Лагаевых, каб абараніць іх ад камуністычных агентаў".

Напрыканцы нашай гутаркі сп. Плэйфорд запытаў мяне, чаму беларусы не захацелі прыехаць і пасяліцца ў штаце Паўднёвая Аўстралія? Я яму на гэта з усьмешкай адказаў, што беларусы ўжо даўно пасяліліся ў сталіцы штату Адэляйдзе, што яны вельмі задаволеныя й нават маюць там сваю Беларускую Праваслаўную Царкву. „А чаму мы вас ня знаем?" - зьдзівіўся прэм'ер Плэйфорд. I я ня мог яму вытлумачыць, што сярод беларусаў, на вялікі жаль, былі людзі, каторыя ўважалі непатрэбным падымаць голас у абарону Беларусі й каторыя нават сароміліся прызнавацца чужынцам, што яны беларусы, гаворачы: „А навошта, каб зналі, што мы беларусы?" Гэткія суайчыньнікі былі ня толькі ў Адэляйдзе, але і ў Брызбане, Пэрце, Мэльборне й нават у нашым Сыднэі. Сорам і ганьба!

Культурнае жыцьцё беларусаў Сыднэя

Нашае культурнае жыцьцё ў Сыднэі таксама пачало значна папраўляцца. Замест хадзіць на чужыя забавы, мы пачалі арганізоўваць свае рэгулярныя беларускія вечарыны, якія ладзіліся спачатку ў прадмесьці Ньютаў, а пасьля ў больш адлеглых ад цэнтру, але зручных для нас, прадмесьцях Фэйрфілд, Бэнкстаўн і Лідкамб. Гэтыя вечарыны былі вельмі папулярныя сярод моладзі й на іх прыходзіла шмат хлапцоў і дзяўчатаў небеларускай нацыянальнасьці. Дзеля рэгулярнага правядзеньня тых вечарынаў быў створаны Беларускі дапамаговы й культусна-асьветны клюб на чале з сп. Язэпам Шкодам (Д-11).

У гэты самы час беларускі актыў Сыднэя таксама часта падымаў справу куплі свайго беларускага дому, і так пачалося шуканьне будынку, які мог бы залагоджваць нашыя патрэбы й адначасна знаходзіўся б у зручным для бальшыні беларусаў мейсцы... Аднак толькі шмат гадоў пазьней беларусы ўсё ж купілі сабе дом у прадмесьці Фэйрфілд, для афармленьня якога быў створаны й зарэгістраваны Беларускі культурна-грамадзкі клюб, каторы яшчэ й сёньня йснуе й будынак якога задавальняе ўсе патрэбы беларускай грамадзкасьці. У ІМ адбываюцца ўсе беларускія нацыянальныя сьвяты, нашыя сходы й мітынгі. Як безпасрэдны вынік уздыму нашага беларускага нацыянальнага жыцьця ў апісаныя мною часы, кіраўніцтва БАА пачало арганізоўваць пастаноўкі розных беларускіх п'есаў. Нашыя „дамашнія" артысты зь вялікім посьпехам ставілі „Паўлінку", „На папасе", „Моднага шляхцюка" й „Пінскую шляхту". Пастаноўкі гэтых п'есаў усклалі на мяне дадатковы цяжар, бо трэба было адбіць на машынцы кожнаму артысту ягоную ролю, - і даводзілася шмат начэй ня спаць, каб усё адбіць у свой час. Аднак посьпехі, якімі карысталіся нашыя пастаноўкі, былі ўзнагародаю за бяссонныя ночы.

Грамадзкая праца й асабліва міжнацыянальныя сувязі БАА былі, сапраўды, шырока й добра наладжанымі, і пад канец 50-х гадоў мы атрыманыя афіцыйныя лісты (Д-8, Д-9, Д-10). Аднак і гэта быў доказ, што нашая праца ў справе пашырэньня добрага ймя Беларусі давала плён. На той час я ўжо асабіста знаў усіх лідэраў эмігранцкіх арганізацыяў, а таксама меў добрую лістоўную сувязь з прэм'ер-міністрам Робэртам Мэнцыс'а й знаў большасьць сяброў ураду, як нашага мяйсцовага, гэтак і фэдэральнага. БАА належыла да АБН, да Асацыяцыі па справах ААН, да ўрадавай арганізацыі дапамогі эмігрантам „Добры сусед", да Лібэральнай партыі, у паседжаньнях дарадчага камітэту якой я штомесяца браў удзел.

ЧАСТКА ПЯТАЯ

Пад бел-чырвона-белым сьцягам…

Пачатак міжнароднай дзейнасьці

З часу майго пераезду ў Сыднэй я пабываў на дзьвюх, згаданых раней, Грамадзянскіх канвэнцыях, а таксама навязаў лучнасьць зь міжнароднымі антыкамуністычнымі арганізацыямі, асабліва з Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азіі, і ліставаўся з прэзыдэнтам Рэспублікі Карэя, Яго Эксыленцыяй Сыгманам Ры. Напрыканцы дзесяцігодзьдзя сваёй беларускай працы я прыйшоў да выснаву, што ўжо надыйшоў час выйсьці на міжнародную ніву, каб з вышыні міжнароднай трыбуны гаварыць усяму сьвету праўду пра Беларусь і здабываць для яе падтрымку ў змаганьні за вызваленьне й дзяржаўную незалежнасьць. Сп. Міхась Зуй падтрымаў маю думку, таксама й беларускі актыў Мэльборну пазытыўна адклікнуўся на гэта, і мне было даручана навязаць патрэбную лучнасьць зь міжнароднымі арганізацыямі й атрымаць ад іх запросіны на ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях. Дзякуючы маім стараньням, у 1965 годзе мы атрымалі запросіны на ўдзел у 11-ай Канфэрэнцыі Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі, і я адразу пачаў маракаваць, з чаго пачынаць рыхтавацца? Прынамсі, мне былі пільна патрэбныя дакладныя дадзеныя й факты пра маскоўскую палітыку генацыду ў Беларусі, якія нялёгка было дастаць. Былі патрэбныя грошы на паваротны білет з Манылы, Рэспубліка Філіпіны, дзе мела адбыцца канфэрэнцыя, а грошай у касе БАА таксама не было.

Аднак нягаедзячы на ўсе вышузгаданыя й дзясяткі іншых цяжкасьцяў, я пачаў падгатаўляцца й перадусім апрацаваў кароткія дадзеныя пра Беларусь і ўклаў іх пад загалоўкам „Беларусь", падаўшы скарочаную гісторыю, уключаючы Акт 25 Сакавіка 1918 году й 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс 1944 году. А напрыканцы пад рубрыкай „Заўвагі" зазначыў што згодна першага царска-расейскага перапісу 1897 году на тэрыторыі Беларусі жыло 11 065 606 людзей; зазначыў таксама, што камуністычны „цэнзус" насельніцтва ў 1926 годзе паказаў што натуральны прырост жыхароў Беларусі ад 1897-га да 1926-га году быў усяго 1,8-2%. Паўставала пытаньне, што сталася зь мільёнамі й мільёнамі людзей? I я даваў адказ: „масавая эхтэрмінацыя беларусаў", увесь абсяг якой, магчыма, ніколі ня будзе выкрыты. Гэтую брашурку я завёз да свайго сябра, вэнгерскага друкара й грамадзкага дзеяча ў Сыднэі сп. Чаппо, і ён надрукаваў 500 асобнікаў маёй брашуркі па зьніжана -сяброўскай цане. I гэтая брашурка была мне адзінай друкаванай падмогай на маёй першай міжнароднай канфэрэнцыі (Д-12).

Мне таксама ўдалося знайсьці ў адной вялікай сыднэйскай кнігарні палітычны атлас сьвету, у якім Беларусь паказвалася асобным колерам, як незалежная й асобная краіна, і, дадаючы да гэтага той факт, што Беларусь уваходзіла ў склад ААН, - у мяне на руках былі колечы-якія доказы, што беларускі народ быў і ёсьць вельмі гістарычнай і самабытнай нацыяй.

Зьбіраньнем грошай на пакрыцьцё кошту білета ў Манылу заняўся сп. М. Зуй, аднак усёй патрэбнай сумы назьбіраць не змаглі й я залажыў сваіх 150 фунтаў што раўнялася 4-ом тыдням працы, а таксама й пакрыў розныя выдаткі зьвязаныя з рознымі мэдычнымі праверкамі ды зашчыкамі. I вось, у панядзелак 6 верасьня 1965 году, я вылецеў з Сыднэя ў Філіпіны. I так пачалася мая дзейнасьць на міжнароднай ніве.

11-ая Канфэрэнцыя Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі ў Маныле

Ад Сыднэя да Манылы палёт трывае 8 гадзінаў, і як толькі я сеў у самалёт, у галаве пачалі раіцца сотні думак і пытаньняў: каго я там спаткаю, хто мне дапаможа й г.д. Ніякага іншага друкаванага матар'ялу, апрача сваёй саматужнай брашуркі, я ня меў Да таго ж я ў Маныле, за выняткам спадарства Стэцькаў, нікога ня знаў

Пасьля самалётнага абеду я рашыў прааналізаваць сытуацыю, каб накінуць у галаве плян дзейнасьці падчас канфэрэнцыі. I першым пытаньнем было вызначыць, хто я: „дэлегат" ці „прадстаўнік"? Агульна гаворачы, дэлегат, рэпрэзэнтуючы сваю краіну, мае за сабой поўную ейную падтрымку. А хто ж ёсьць я? Беларус, грамадзянін Аўстраліі, сакратар невялічкай арганізацыі беларускіх эмігрантаў, каторую толькі што пачалі „знаць і прызнаваць" нават у самой Аўстраліі. I вось я лячу ў далёкую азіяцкую краіну, Філіпіны, рэпрэзэнтаваць Беларусь, якую мала хто ведаў у сьвеце й якую пад націскам варожай прапаганды шмат хто й не хацеў бы ведаць і прызнаваць як самабытную, багатую гісторыяй і культурай нацыю-краіну... Пакрысе ў галаве высьпяваў мой падыход да пытаньняў, якія будуць разглядацца на канфэрэнцыі, а таксама пачаў акрэсьлівацца плян дзейнасьці ў справе папулярызацыі Беларусі на першай для мяне міжнароднай канфэрэнцыі.

З таго вопыту, які я ўжо здабыў, удзельнічаючы ў розных міжнацыянальных мітынгах-нарадах, я знаў, што слабога, нерашучага, заўсёды наракаючага ніхто не любіў і любіць ня будзе. Знаў я таксама, што, калі няма апоры сваёй краіны, вельмі важна здабываць як мага больш асабістага сяброўства й пашаны, выкарыстоўваючы іх, як базу дзейнасьці дзеля папулярызацыі добрага ймя Беларусі.

Я сядзеў ля самага вакна й бачыў, што мы ляцім высока над хмарамі падобнымі да, пакрытых сьнегам гораў, сярод якіх, далёка ўнізе, мігацелі бліскучыя маланкі. Бачыў таксама цераз прарывы ў хмарах, што мы ляцім над Ціхім акіянам, сям-там віднеліся невялічкія астравы, і мае думкі скіраваліся часова да тых людзей, якія жылі на гэтых дробных кавалачках зямлі ў бяскрайняй прасторы найбольшага ў сьвеце Ціхага акіяну... Зірнуў на сваіх суседзяў -пасажыраў і ўсьміхнуўся: усе яны, добра паабедаўшы й схіліўшы-павесіўшы свае галовы, драмалі ў салодкім сьне. Ля мяне было вольнае мейсца, і я папрасіў адну прыгожанькую гастэсу, каб яна села побач і расказала мне пра Філіпіны. Дзяўчына, яе звалі Джойс, з прыемнасьцю прысела ля мяне й пачала расказваць пра Манылу, пра філіпінцаў пра іхні нацыянальны характар. Прагутарылі мы з Джойс больш за 2 гадзіны, і гэтая гутарка сапраўды дапамагла мне потым на канфэрэнцыі.

Пасьля гутаркі з гастэсай, я запісаў на паперы галоўныя пункты пляну сваёй дзейнасьці й паводзінаў на 11-ай Канфэрэнцыі Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі:

1. Здабываць асабістыя сяброўствы й пашану

2. Быць заўсёды ветлівым, нават тагды, калі даеш моцны адпор ў справе абароны Беларусі.

3. Ветліва слухаць і выслухоўваць гутарку й думкі-ідэі іншых дэлегатаў, і толькі тагды казаць ім пра Беларусь і ейнае змаганьне за вызваленьне, калі відавочная прыхільнасьць з боку суразмоўнікаў.

4. Накіроўваць свае галоўныя сілы на здабыцьцё зразуменьня й падтрымкі ідэі вызваленьня Беларусі перадусім ад прадстаўнікоў тых афрыканскіх і азіяцкіх краінаў якія самыя перажывалі каланіяльнае паняволеньне.

5. Браць актыўны ўдзел у працы камітэтаў, назначаных канфэрэнцыяй для разгляду розных праблемаў.

Васьмігадзінны палёт у Манылу прайшоў неяк вельмі хутка. Калі пачалі зьніжацца, я зірнуў у вакно і ўбачыў, што мы сапраўды ляцім празь вельмі цёмныя хмары й наш самалёт абмываецца літаральна дзясяткамі тонаў вады й штохвілі яго асьвятляюць маланкі. Самалёт прарваўся цераз покрыва нізка плывучых над зямлёю хмараў і хацеў быў ужо садзіцца, ды вецер на доле быў такі моцны, што самалёт, літаральна, выгінаўся, як гума, і пілёт падняў носа самалёта ўгару й даў усю магчымую маторам сілу каб ізноў падняцца над пагражаючымі нам хмарамі. Так мы пачалі кружляць над Манылай, чакаючы наступнай нагоды прызямліцца. Аднак і другая спроба сесьці таксама была няўдалая, і самалёт ізноў моцна зароў усімі сваімі маторамі й паноўнапрабіўся напаверх хмараў. Нейкая пасажырка пачала кідацца ў паніцы й казаць, што ўсе мы загінем. Да яе падбеглі Джойс і яшчэ адна гастэса й пачалі тую пасажырку ўспакойваць.

А потым Джойс цераз мікрафон паведаміла, каб мы не хваляваіся, маўляў гэткае кепскае надвор'е ёсьць звычайнае для Філіпінаў у такую пару году, і што ўсё будзе добра. Самалёт аднак кружляў і кружляў навокал Манылы й мне таксама пачала прыходзіць думка, што мая „дыпляматычная праца" можа скончыцца, яшчэ не пачаўшыся. Аднак, нарэшце, наш самалёт апусьціў носа, прабіўся цераз тоўшчу густых хмараў 1 вельмі ўдала прызямліўся на заліваным вялікім дажджом маныльскім аэрадроме. У аэрапорце мяне ветліва спаткалі прадстаўнікі арганізатараў канфэрэнцыі, забралі маю валізку й бяз жоднай праверкі завезьлі ў гатэль „Маныла".

Філіпіны знаходзяцца ў пастаянна-трапікальнай зоне й там вельмі парна й некалькі разоў на дзень даводзіцца мяняць касьцюм. Самі філіпінцы апранаюцца ў люзныя й нефармальныя формы адзеньня, а нам, замежным ды афіцыйным дэлегатам, апранутым у касьцюмы пад гальштукамі, давялося добра папацець. Пакінуўшы свае рэчы ў нумары, я вярнуўся ў сакратарыят, дзе мне прычапілі да грудзей картку з маім імем, прозьвішчам і назвай арганізацыі, якую я рэпрэзэнтую. Папрасіўшы сьпіс дэлегатаў, я пачаў знаёміцца, хто будзе на канфэрэнцыі.

Як я й спадзяваўся, бальшыня спатканых мною ў сакратарыяце дэлегатаў нават і ня чулі пра Беларусь, і я кожнаму пастараўся даць маю брашурку са зьвесткамі пра Беларусь і кожнаму кароценька расказаў, што Беларусь ёсьць адной з гістарычных эўрапэйскіх краінаў, паняволеных расейскім камуна-імпэрыялізмам і ўпіхнутая сілай у Савецкі Саюз. Напрыканцы я праверыў ці ёсьць ужо зробленая таблічка з надпісам арганізацыі, якую я рэпрэзэнтую, а менавіта Беларускае Аб'еднаньне Аўстраліі. Тут мушу паясьніць, што, беручы першы раз удзел у такой важнай канфэрэнцыі і каб часам не скампрамітаваць добрае ймя Беларусі, я пастанавіў у выпадку, калі справы пойдуць не на нашу карысьць, рэпрэзэнтаваць Аддзел моладзі Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі. Так што, маючы 36 гадоў, я прадстаўляў моладзь, і з гэтым не было жоднай праблемы, бо выглядаў я ўсё яшчэ маладым. Таблічка мая была зробленая! У сакратарыяце я меў вялікую прыемнасьць спаткаць частку амэрыканскай маладзёжнай арганізацыі й пазнаёміцца з адной дзяўчынай -дэлегаткай, Маўрын Батлер, зь якой у нас адразу паўстала добрае сяброўства й каторая была для мяне вялікай дапамогай у абароне беларускай вызвольнай справы падчас канфэрэнцыі, нават і тагды, калі некаторыя дэлегаты амэрыканскай моладзі пачалі рабіць закіды ў мой бок.

Было гэта так. Аднойчы, калі прэзыдэнт сэнату Рэспублікі Філіпіны рабіў нам, дэлегатам, афіцыйны прыём у будынку парляманту, я стаяў і гутарыў з афрыканскімі й паўдзённа-амэрыканскімі дэлегатамі. Неспадзявана пачуў, як адзін сябра амэрыканскай маладзёжнай дэлегацыі, стаючы недалёка ад нас, голасна сказаў у мой бок: „Скора й Каліфорнія будзе дамагацца незалежнасьці на міжнародных канфэрэнцыях!" Сытуацыя была вельмі далікатная. Мы былі на афіцыйным прыёме, а гэта значыць што фармальных справаў і асабліва спрэчак дыпляматычная „этыкета" не дазваляе. Аднак зь іншага боку мае маўчаньне магло быць інтэрпрэтаванае, як слабасьць. Ды, дзякуй Богу, прыйшла мне ў дапамогу стаючая побач Маўрын Батлер, каторая адразу павярнулася да таго амэрыканскага хлопца й сказала: „Калі ласка, не кажы глупства! Ты ведаеш ці павінен ведаць, што Каліфорнія - не Беларусь! Беларусь ёсьць адной з найстарэйшых і гістарычных краінаў Эўропы!" Малады амэрыканец быў заскочаны такім неспадзяваным адказам сваёй суайчыньніцы й больш ужо ніколі не рабіў у маёй прысутнасьці закідаў супраць Беларусі. Дарэчы, і сама Маўрын Батлер да спатканьня са мной нічога пра Беларусь ня ведала й здабыла сваю веду з маёй брашуркі... Я заўсёды буду ёй удзячны за вельмі трапную й своечасовую дапамогу. Я трымаў некалькі гадоў лістоўную сувязь з Маўрын, але яна выйшла замуж у Амэрыцы й на канфэрэнцыі ўжо больш не прыяжджала.

На канфэрэнцыі я пачаў адчуваць свае вялікія ў параўнаньні зь іншымі дэлегатамі недахопы. Іншыя мелі шмат друкаванага матар'ялу пра свае краіны й арганізацыі, а ў мяне была толькі адна мая друкаваная па-ангельску брашурка. Усе справы, як вядома, на канфэрэнцыях вырашаюцца пераважна на прыватных, „неафіцыйных" спатканьнях паміж зацікаўленымі дэлегатамі, а на афіцыйных (пленарных) паседжаньнях толькі падсумоўваюцца вынікі „закулісных" дагавораў. Прыватныя спатканьні ды перагаворы адбываюцца ў кафэйках і рэстаранах, на якія, на жаль, ёсьць патрэбныя грошы, якіх у мяне аказалася вельмі мала, бо я прывёз з сабой толькі 11 (!) амэрыканскіх даляраў. З такім мізэрным фондам я мог зрабіць адзін маленькі „прыём" у гатэльнай сталоўцы, на які запрасіў галоўнага дэлегата Індыі сп. Рама Сварупа, галоўнага дэлегата Ірана др. Парвіза Казэмі, дэлегата Італіі сэнатара I. Ломбардо й галоўнага дэлегата Турцыі сэнатара Ф. Тэвэтоглю. На „прыёме" я змог купіць толькі адну бутэльку сярэдняй якасьці віна, якое ў Філіпінах каштавала тры разы больш, чым у Аўстраліі (9 даляраў!). Нястача вопыту ў праблемах міжнароднага падарожжа паказалася й пры ад'езьдзе зь Філіпінаў, дзе зь мяне запатрабавалі 5 амэрыканскіх даляраў „выязнога падатку", якога ў нас у Аўстраліі ў той час не было. Дзякаваць Богу, у той самы час адлятаў швэдзкі дэлегат сп. Горм, і я ў яго пазычыў тых 5 даляраў.

Было й яшчэ адно здарэньне. Як я ўжо зазначыў раней, я на свае вочы бачыў, што таблічка з надпісам маёй арганізацыі была зробленая, аднак на першым афіцыйным паседжаньні яе не было. На мае запытаньне, дзе ёсьць мае мейсца, задавальняючага адказу я не атрымаў. I так дайшло аж да абеду. Вярнуўшыся на канфэрэнцыю па абедзе, я зноў пабачыў, што таблічкі з надпісам „Беларускае Аб'еднаньне Аўстраліі" усё яшчэ няма. Адказ кіраўнікоў канфэрэнцыі, што таблічку маю „шукаюць", мяне не задавальняў. Пад вечар першага дня афіцыйных паседжаньняў маёй таблічкі ўсё яшчэ не было, і я папрасіў голасу выступіць. Атрымаўшы голас, зрабіў наступную заяву: „Спадар Старшыня! Я, Аляксандар Алехнік, прыехаў на гэтую канфэрэнцыю як прадстаўнік Аддзелу моладзі Беларускага Аб'еднаньня Аўстраліі, ад імя якога я ліставаўся з арганізатарамі канфэрэнцыі й на ймя якога я атрымаў дазвол прыехаць ды ўдзельнічаць у гэтых нарядах. Я знаю, што мейсца для мяне на канфэрэнцьй было падгатоўленае, таму што я сам бачыў таблічку з назвай нашай арганізацыі, але яе чамусьці няма сярод іншых і Сакратарыят чамусьці ня можа яе знайсьці. I дзеля гэтага я хачу падкрэсьліць, што я ня маю права выступаць на канфэрэнцьй ад імя каго іншага, таму што ня маю на гэта ўпаўнаважаньня. А таму, калі на заканчэньня сёньняшняй сэсіі мая таблічка ня будзе знойдзеная й мне ня будзе афіцыйна прызнанае права выступаць і браць удзел у працы канфэрэнцьй, я ў знак пратэсту пакідаю канфэрэнцыю й ад'яжджаю дамоў!" На залі цішыня. Старшыня паседжаньня др. Гернандэс падазваў да сябе дзьвюх сакратарак, нешта шапнуў ім на вушка й празь некалькі хвілінаў пасьля майго „ультыматуму" таблічка мая была знойдзеная й пастаўленая перада мной на стале... Так закончылася мая першая сутычка з антыбеларускім элемэнтам на міжнароднай ніве.

Увогуле, падчас паседжаняў я браў актыўны ўдзел у працы розных камітэтаў. Выступаў толькі паводле канкрэтных справаў з кароткімі прамовамі. Вялікай дапамогай была мне мая здольнасьць выступаць без падрыхтоўкі, і гэта асабліва спатрэбілася ў часе афіцыйнага прыёму, ладжанага ўсім дэлегатам кіраўніцтвам унівэрсытэту ў Маныле, на якім мяне папрасілі выступіць. Я бяз жоднай падрыхтоўкі сказаў прамову ад імя дэлегатаў. Прамова, як пасьля высьветлілася, усім падабалася: і выкладчыкам унівэрсытэту, і самім дэлегатам.

З прабегам канфэрэнцьй я пачаў адчуваць, што здабыў патрэбную папулярнасьць, і доказам гэтаму былі вельмі частыя запросіны ад розных дэлегацыяў на абеды й дыскусіі, падчас якіх мяне прасілі расказаць пра сытуацыю ў Беларусі, пра змаганьне беларускага народу за сваё вызваленьне й дзяржаўную незалежнасьць. А гэта было акурат тое, чаго я хацеў!

Здабыў я сабе й вельмі добрага сябру й прыхільніка ідэі незалежнасьці Беларусі ў асобе дэлегата Рэспублікі Конга сп. Філібэрта Луе-е, вельмі інтэлігентнага й адукаванага чалавека, каторы ў той час займаў становішча прыватнага сакратара прэзыдэнта Рэспублікі Конга Касавубу. Для сп. Ф. Луе-е спадабалася адна мая кароценькая прамова і ён падчас перапынку падыйшоў да мяне, прадставіўся, - і з таго часу мы стараліся сядзець побач і падтрымліваць адзін аднаго ў дыскусіях. Аднойчы, паколькі помню, канадыйскі дэлегат пачаў выказваць свае нэгатыўныя погляды наконт ідэі незалежнасьці Беларусі й іншых паняволеных Масквой народаў, і я хацеў быў ужо распачаць зь ім спрэчку, ды тут Філібэрт Луе-е даў мне знаць рукою, што хоча заняць слова, і адразу пачаў спрачацца ў ветлівай форме з канадыйцам і нават сароміць яго за, як ён казаў, „гнілую ідэю імпэрыялізму". Канадыец, які, магчыма, хацеў паспрачацца са мной, адразу скапітуляваў перад атакай майго сябры-кангалезца й жоднага супраціву ня даў. Божа мой, як мне было прыемна ўсё гэта чуць і бачыць! Як радасна было знаць, што я за такі кароткі час змог здабыць сабе такога інтэлігентнага і ўплывавага прадстаўніка Рэспублікі Конга!.. На вялікі жаль, у Конга скора пасьля канфэрэнцьй пачаліся вялікія палітычныя й крывавыя ваенныя канвульсыі, зьвязаныя з спробай таварыша Люмумба апанаваць Конгам, у выніку каторых уладу ў краіне захапіў генэрал

Мабуту, які, стаўшы прэзыдэнтам, кіраваў па-дыктатарску, перайменаваўшы Рэспубліку Конга ў Заір. У часе тых крывавых падзеяў лісты ад майго кангалезскага сябры перасталі прыходзіць, і я ёсьць пэўны, што ён таксама загінуў.

Былі ў мяне й іншыя сябры й прыхільнікі: я навязаў сяброўскія кантакты з дэлегатам Кеніі, сябрам парляманту Джонам Окваніё, быў у вельмі добрых дачыненьнях з дэлегатам Тайлянду др. Тамавітам, з сэнатарам турэцкага парляманту др. Тэвэтогаем, прадстаўніком Ірану др. Казэмі й іншымі. Запомнілася таксама й цікавая гутарка з адной з сакратарак арганізацыйнага камітэту канфэрэнцыі Лінай Легасьпі, зь якой я перапісваўся перад канфэрэнцыяй. Выслухаўшы мяне, яна сказала: „Сп. Алехнік, Вы мне раней пісалі пра Беларусь, але я ніяк не магла зразумець, чаму адзін „рускі" змагаецца за свабоду ад другога рускага. I толькі зараз, паслухаўшы Вашыя выступленьні й пагутарыўшы з Вамі асабіста, я зразумела, што Беларусь ніколі не была й ня ёсьць Расеяй!" Гэтае прызнаньне маладой дзяўчыны вельмі яскрава даказвала пільную патрэбу нашай беларускай прысутнасьці ў як мага больш міжнародных канфэрэнцыях, бо ніколі й нічым не заменіш асабістага ўдзелу й жывога слова свайго беларускага прадстаўніка, каторы за адзін дзень можа асягнуць шмат больш на міжнароднай канфэрэнцыі, чым мы ўсе разам, седзячы й працуючы ў краіне свайго пражываньня! Прызнаньне маладой сакратаркі зь Філіпінаў было таксама й доказам таго, які глыбокі ўплыў на міжнароднай ніве зрабіла расейская прапаганда, нібыта „никакой Белоруссии нет и быть не может!" Гутарка зь Лінай Легасьпі, яшчэ раз падкрэсьліваю, пераканала мяне ў важнасьці для нас, беларусаў, выходзіць на міжнародную ніву й разсейваць густа пасеяны ворагамі туман фальшывай прапаганды пра Беларусь.

Вярнуўшыся дамоў, я падсумаваў усё адбытае на канфэрэнцыі й прыйшоў да выснаву, што:

1. Канфэрэнцыя была вялікім посьпехам для беларускага нацыянальна -вызвольнага руху.

2. Трэба як мага часьцей браць удзел на міжнародных канфэрэнцыях.

3. На канфэрэнцыях неабходна выступаць не ад імя нейкай маленькай арганізацыі, а ад арганізацыі або ўстановы, якая рэпрэзэнтуе ўвесь беларускі народ і Беларусь.

Па прыезьдзе я зрабіў даклады пра канфэрэнцыю беларускаму актыву, выслаў спіс нашага ўдзелу ў ёй у беларускую эміграцыйную прэсу. Кіраўнікі эмігранцкіх арганізацыяў іншых нацыянальнасьцяў таксама праявілі вялікую зацікаўленасьць аб падзеях на канфэрэнцыі, і дзеля гэтага праўленьне АБН Аўстраліі й Нова-Зэляндыі пастанавілі арганізаваць публічны мітынг у Харвацкім клюбе, на які я быў запрошаны зрабіць даклад пра канфэрэнцыю ў Маныле й, наагул, выказаць сваё ўражаньне аб палітычнай сытуацыі ў сьвеце (Д-13). Мітынг гэты адбыўся 9 кастрычніка 1965 году і вялікая заля Харвацкага клюбу была літаральна перапоўненая людзьмі ўсіх нацыянальнасьцяў. Я падрабязна расказаў пра ўсё, што адбывалася на канфэрэнцыі, а таксама выказаў думку што ўсе паняволеныя народы павінныя як мага часьцей выходзіць на міжнародную арэну каб з міжнароднай трыбуны змагацца за сваё вызваленьне.

Мая афіцыйная карэспандэнцыя таксама пашырылася больш на 200%, бо я адразу пачаў пашыраць і замацоўваць свае новаздабытыя знаёмствы й сувязі, і кожны мой ліст „сьведчыў" пра змаганьне беларускага народу за вызваленьне й дзяржаўную незалежнасьць. Велізарнай перашкодай да яшчэ большага посьпеху на міжнароднай ніве была адсутнасьць друкаванага слова на ангельскай, францускай і нямецкай мовах пра Беларусь, аднак я кожнаму свайму новаму знаёмаму, у Карэі, Уетнаме, Конга, Бразыліі, Саўдзі-Арабіі й г. д., пісаў і пісаў пра паняволеньне беларускага народу, пра камуна-імпэрскі генацыд у Беларусі. Здабытыя на канфэрэнцыі знаёмыя адпісвалі й прасілі большай інфармацыі пра Беларусь. Кіраўніцтва Далёкаўсходняга ўнівэрсытэту ў Маныле, дзе я выступаў на прыёме, таксама прасіла прыслаць англамоўныя кніжкі пра Беларусь і ейнае змаганьне за свабоду, - і мне было вельмі балюча, што я ня мог задаволіць гэтай просьбы. Аднак я ніколі ня верыў і ня веру ў пастаяннае „нараканьне ды плач" і уважаю, што ўсе цяжкасьці ды недахопы трэба перамагаць. Таму я намагаўся, прынамсі часткова, пакрыць недахоп англамоўнай літаратуры пра Беларусь сваімі ўласнымі сіламі, пішучы сотні лістоў і намагаючыся як мага больш усьведаміць міжнародную грамадзкасьць, што Беларусь і беларускі народ жывуць і змагаюцца за сваё вызваленьне й патрабуюць, прынамсі, маральна-дыпляматычнай дапамогі.

Як я ўжо казаў, з самага маленства я ўважаў, што найбольшым заданьнем беларускай эміграцыі ёсьць усьведамленьне сьвету пра Беларусь, бо было б глупствам спадзявацца нават дыпляматычнай дапамогі ад тых, хто пра Беларусь анічога ня чуў і нас ня знае, а калі й чуў, дык толькі з вуснаў ворага: „Белоруссии нет и быть не может!". Гэтае мае перакананьне яшчэ больш узрасло, калі я пабываў на сваёй першай міжнароднай канфэрэнцыі, і я заклікаў беларусаў усяго вольнага сьвету выходзіць на міжнародную ніву, каб з высокай міжнароднай трыбуны гаварыць праўду пра Беларусь і разьвейваць густа засеены ў сьвеце туман варожай прапаганды, быццам Беларусь ёсьць частка Расеі. Я таксама быў перакананы, што ніхто за нас ня будзе гаварыць праўды й змагацца за нас, калі мы самі не прыкладзем належнага высілку ў гэтым кірунку.

Аднак жа цяжкасьці й перашкоды былі вялікія! Грамадзкіх грошаў у нас, у Аўстраліі, шмат не было, апроч таго, скора высьветлілася, што былі людзі, якія распаўсюджвалі гаворку, маўляў, навошта даваць грошы, каб Алехнеік езьдзіў за акіян на адпачынак? I да гэтага падобнае. Нават і высока сьведамыя беларусы часам гаварылі, што міжнародныя канфэрэнцыі для іх ня ёсьць важныя, бо Амэрыка запэўніць Беларусі незалежнасьць. Яны ігнаравалі тую магчымасьць, што тая самая Амэрыка, наадварот, можа падтрымаць нашага акупанта, як тое адбылося, калі прэзыдэнт ЗША Буш, заехаўшы ў Кіеў, сказаў украінцам, што ён будзе рупіцца пра іхнюю свабоду, а не пра незалежнасьць (!). А таму я непахісна стаяў на сваім перакананьні й казаў, што „ніколі нельга класьці ўсе яйкі ў адзін ды яшчэ няпэўнай якасьці кошык", - і надалей працаваў у абраным мной напрамку, гаворачы кожнаму пра вялікую важнасьць міжнароднай апініі на падзеі, зьвязаныя з вызваленьнем Беларусі й іншых паняволеных народаў. Як прыклад, я прыводзіў пасьпяховае змаганьне палякаў за сваё вызваленьне падчас 1 -ай Сусьветнай вайны, калі, дзякуючы палітычнай дзейнасьці польскай эміграцыі, польскае вызвольнае войска было арганізаванае пад нямецкай акупацыяй Польшчы, і нават Расея, каб супрацьдзеяць нямецкаму падыходу да справы незалежнасьці Польшчы, таксама дала дазвол на стварэньне польскіх ваенных адзінак на кантраляванай ёй тэрыторыі. Уся гэтая пасьпяховая дзейнасьць і падтрымка польскай незалежнасьці сталіся магчымымі толькі таму, што сьвет знаў пра Польшчу й падтрымоўваў яе ў змаганьні за незалежнасьць. I я даказваў, што і нам, беларусам, таксама трэба выйсьці на шырокі сьвет і расказваць праўду пра Беларусь.

Беларускі Вызвольны фронт

Будучы перакананым у важнасьці агульнанацыянальнага прадстаўніцтва на міжнароднай ніве, я напісаў ліст да кіраўніка Беларускага Вызвольнага Фронту, палкоўніка (пасьля генэрала) Д. Касмовіча ў Штутгарт (Нямеччына) й запрапанаваў калі ён дае згоду, каб я рэпрэзэнтаваў БВФ. I палкоўнік Касмовіч зь ветлівасьцю прыняў мяне ў склад Фронту, назначыў кіраўніком Аўстралійскага аддзелу й таксама зацьвердзіў мяне галоўным прадстаўніком БВФ на міжнародных канфэрэнцыях. Адразу пасьля гэтага я пачаў пад-гатаўляцца да вельмі важнай 12-й Канфэрэнцыі Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі ў сталічным горадзе Рэспубліка Карэя Сэуле, на якой мела быць арганізаваная Сусьветная Антыкамуністычная Ліга. Зьбіраньнем грошай на пакрыцьцё кошту далёкай паездкі ў Карэю зноў узяўся старшыня БАА сп. М. Зуй, а я пачаў падрыхтоўваць новыя невялічкія брашуркі на ангельскай і францускай мовах, якія зноў пагадзіўся надрукаваць па „сяброўскай" цане мой асабісты сябра й добры прыяцель беларускага народу вэнгр Э. Чаппо (Д-15).

Тым часам я трымаў і значна пашырыў і так ужо даволі вялікую міжнародную лучнасьць лістоўна. Так што ў параўнаньні з маёй падрыхтоўкай да ўдзелу ў мінулагодняй маныльскай канфэрэнцыі я на ўсе 100% быў у лепшым стане, бо ўжо асабіста знаў дзясяткі тых дэлегатаў, каторыя зноў будуць на канфэрэнцыі ў Карэі й з каторымі я ўжо абшырна абмяркоўваў у лістах розныя праблемы, якія будуць разглядацца. У дадатку да падрыхтоўчай працы я быў моцна заняты міжнацыянальнай дзейнасьцю ў Сыднэі. Я ўваходзіў у склад кіраўніцтва Антыбальшавіцкага Блёку Народаў на Аўстралію й Нова-Зэляндыю, а таксама належыў да камітэту, які штогод, у ліпені месяцы, ладзіў у Сыднэі гэтак званы Тыдзень паняволеных народаў, з паходамі па вуліцах цэнтральнай часткі гораду, з мнагалюднымі мітынгамі ў адной зь вялікіх аўдыторыяў Сыднэя, дзе выступалі і ўрадавыя й палітычныя прадстаўнікі Аўстраліі. У 1966 годзе кіраўніцтва АБН вылучыла мяне ў прэзыдыюм урачыстасьцяў, дзе я спаткаў тагачаснага міністра па справах арміі й будучага прэм'ер-міністра Вільяма Мак Магона, а таксама шмат іншых урадавых прадстаўнікоў.

Паход па сыднэйскіх вуліцах прайшоў вельмі ўдала. Нашая беларуская калёна, хаця колькасна невялікая, ішла на самым перадзе й наш сябра Янка Юхневіч з належным гонарам нёс табліцу з надпісам „Беларусь", а за ім сп. М. Зуй з маім бацькам Апанасам Алехнікам несьлі бел-чырвона-белы сьцяг. Нашая невялічкая калёна складалася зь сям'і „атамана" Пацка (вельмі калярытная, зь вялікімі вусамі асоба, краса й гонар нашай калёны), зь сям'і Міхася Зуя, з нашай сям'і Алехнікаў ды нашага беларускага фатографа Міхася Мілеўскага. А дзе былі іншыя? Мне вельмі часта даводзілася чуць, як некаторыя беларусы, выпіўшы гарэлкі ці піва, білі сябе ў грудзі й крычалі, што ім баліць сэрца за Беларусь. Аднак калі трэба было паказаць іхні патрыятызм публічна, дык іх, на жаль, не было.

Пасьля паходу ў гарадзкой залі ў цэнтры гораду адбыўся шматлюдны публічны мітынг, на якім я, Алесь Алехнік, казаў прамову ад імя ўсіх паняволеных Масквой народаў. Блаславіў праходжаньне Тыдня сьвятар Грэцкай Праваслаўнай Царквы, а адкрываў мітынг тагачасны мэр Сыднэя др. Мак Дэморт. Былі на мітынгу й прыхільнікі „единой и неделимой" Расейскай імпэрыі, і я помню, як адразу пасьля мітынгу да мяне падыйшла жанчына, як быццам „латышка" па нацыянальнасьці, і хацела мне даказаць, што няма „ніякай Расейскай імпэрыі й ніякіх паняволеных народаў" і што ў Савецкім Саюзе людзі жывуць у свабодзе й дабрабыце, а я ўводжу ў зман сваімі прамовамі аўстралійскае грамадзтва, і г. д. Я ня траціў шмат часу з гэтай „латышкай" (яўнай прадстаўнічкай камуна-расейскай імпэрыі), а толькі запытаўся, ці па сваёй добрай волі пайшлі на маскоўскія растрэлы ды ў ссылку ў Сыбір сотні тысячаў латышоў, эстонцаў і летувісаў, не гаворачы ўжо пра беларусаў і ўкраінцаў? А тагды падазваў да нас кіраўнічку латыскага грамадзтва Сыднэя спн. Сакнэ, каторая скора „расправілася" з маёй апанэнткай, камуна-расейскай агенткай.

Кожны тыдзень прыходзілі да мяне лісты зь Індыі, Бразыліі, Карэі, Аргентыны, Конга, Кэніі й іншых краінаў, і я кожнаму пісаў пра Беларусь і далікатна выказваў надзею, што мае адрасаты падтрымаюць мяне й беларускую справу пад час канфэрэнцыі ў Карэі. Прасіў таксама, каб яны парушалі справу вызваленьня беларусаў і іншых паняволеных народаў пры кожнай нагодзе ў сваіх краінах. Мая досыць вялікая карэспандэнцыя патрабавала дапамогі, але яе не было. Сп. М. Зуй, будучы трэці прэзыдэнт БЦР, часта мне сам гаварыў: „Вось, Алесь, каб я мог гэтак пісаць і размаўляць, як ты, дык мы паднялі б беларускую справу яшчэ вышэй". I я моцна ацэньваў шчырае прызнаньне сп. М. Зуя й таксама моцна ацэньваў усю тую дапамогу, якую сп. Зуй мне рабіў, асабліва на вельмі цяжкай і важнай справе зьбіраньня грошай на пакрыцьцё кошту грамадзкай працы так у Аўстраліі, як і на міжнароднай ніве.

12-я Канфэрэнцыя Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі ў Сэуле

Маючы ўжо невялічкі вопыт у справе міжнародных канфэрэнцыяў, я лепш знаў, што рабіць і як падгатаўляцца да сэульскай канфэрэнцыі. Апроч таго я ўжо мог разьлічваць на падтрымку з боку, прынамсі, 10-ці іншых дэлегатаў, чаго я ня меў на сваёй першай канфэрэнцыі. Тут хачу зазначыць, што яшчэ за год да манылскай канфэрэнцыі я пераканаўся, што не змагу больш працаваць у нейкім прадпрыемстве або бюро й адначасна выконваць грамадзкую працу, бо за вельмі часта змушаны быў прасіць звальненьня, а паколькі я ўважаў грамадзкую працу, асабліва ўсьведамленьне сьвету пра Беларусь, больш важнай, чым асабістае багацтва ці выгада, - дык яшчэ ў 1965 годзе пакінуў працу ў чужым бюро ды адкрыў сваё ўласнае Бюро прадажы дамоў і бізнэсаў у тым самым прадмесьці Фэйрфілд, дзе жыў з бацькамі. Таму пры патрэбе я ўжо не прасіў нейкага ўласьніка аб звальненьні: дастаткова было замкнуць дзьверы - й едзь сабе ці ляці, куды трэба! Грошай, каб найняць у сваё бюро сакратарку, я яшчэ ня меў. I ў 1965 годзе проста замкнуў дзьверы ды паляцеў у Філшіны. А у 1966-ым я папрасіў адну маю знаёмую дзяўчыну, Мэвіс Пкс, каб яна пасядзела ў бюро тыдзень ці што, аж пакуль я вярнуся, і Мэвіс, нягледзячы на тое, што мела сям'ю, выканала маю просьбу й бясплатна залагоджвала ўсе справы й пытаньні маіх кліентаў.

Нарэшце прыйшоў дзень адлёту. Я падняўся з ложку недзе каля трох гадзінаў ночы й яшчэ раз пачаў падсумоўваць ды правяраць сваю падрыхтоўку, каб чаго не забыцца. Раптам падзваніў тэлефон, я зьняў трубку й пачуў адно толькі глыбокае дыханьне. Сказаўшы некалькі разоў „галё", пачуў нарэшце мужчынскі голас, які на ламанай ці штучна падробленай ангельскай мове сказаў: „Ня суй носа туды, дзе непатрэбна, а не - дык пільнуйся! Дамоў ня вернесься!" Гэтая пагроза была настолькі неспадзяваная, і я быў такі заскочаны, што хвіліну ці дзьве нічога ня мог сказаць у адказ. Але нарэшце розум прачнуўся й я, моцна падазраючы, што тэлефанаваў мне не аўстраліец, а маскаль, са злосьцю й з паднятым голасам сказаў па-беларуску: „Вы ўжо вымардавалі 7 мільёнаў беларусаў! Але змаганьня беларускага народу не спынілі й ня спынеце тагды, калі я памру!" Мой суразмоўнік-вораг нічога не адказаў і паклаў трубку. Мушу аднак прызнацца, што ён мяне моцна здэнэрваваў. Пайшоў на кухню зрабіць сабе кубак кавы. Бацька таксама прыйшоў на кухню й запытаўся, хто гэта мне тэлефанаваў. Я не хацеў, каб бацькі трывожыліся ды перажывалі, і растлумачыў, што гэта мне тэлефанавала таксі, якая прыблізна за паўгадзіны прыедзе па мяне.

Гэта была першая пагроза безпасрэдна накіраваная на мяне. Праўда, дзесяць гадоў назад, у 1956 годзе, нехта прыслаў на адрас бацькі пісьмо, у якім аловікам друкаванымі літарамі было напісанае, што ён выгадаваў двух сыноў, ворагаў народу, і каб яны не савалі носу не ў свае справы. Я паказваў гэты ліст аднаму інспэктару паліцыі, аднак хто яго пісаў, ня ведаю. Ведаю толькі, што паштовы штэмпель паказваў што гэты ліст быў кінуты ў скрыню на галоўным сыднэйскім паштамце.

Таксі прыехала й я разьвітаўся з бацькам, які, знаючы, што грамадзкіх грошай не хапіла на білет і што я зноў буду змушаны залажыць досыць вялікую суму сваймі грашыма, - улажыў мне ў кішэню 20 аўстралійскіх даляраў, маўляў, „запас бяды ня чыніць". Прыехаў я на сыднэйскі аэрапорт „Маскот", здаў багаж, пачынаючы ўжо ў думках падгатаўляцца да актыўнай працы на канфэрэнцыі, стараючыся прадбачыць усялякія варожыя інтрыгі, бо яны часта прыходзілі зусім зь непрадбачанага боку. Нарэшце голас па рупары папрасіў усіх пасажыраў нашага рэйсу прайсьці праверку дакумантаў і сесьці ў самалёт. За кароткі час самалёт запоўніўся людзьмі й а гадз. 8.30,28 кастрычніка 1966 году, я зноў падняўся ў неба па дарозе ў далёкую Карэю з тым, каб змагацца за права беларускага народу быць вольным і незалежным.

Мне пашанцавала. Я знаў, што летась на канфэрэнцыі ў Маныла аўстралійскаму дэлегату не падабалася, што я, аўстралійскі грамадзянін, рэпрэзэнтую беларускі народ, і я пастанавіў пастарацца яшчэ да пачатку канфэрэнцыі паясьніць аўстралійскаму дэлегату ў чым фактычна ёсьць справа. Я запытаўся ў дзяўчыны-гастэсы, ці ляціць хто яшчэ, апроч мяне, цераз Японію ў Карэю, і яна, паглядзеўшы сьпіс, адказала, што ляцяць двое сяброў аўстралійскага парляманту, сэнатарка спн. Брын і сябра Палаты Рэпрэзэнтантаў сп. Робэрт Ліндзэй. Я адразу падыйшоў да іх і прадставіўся. Прасядзеўшы зь імі даўжэйшы час, я расказаў пра трагічную сытуацыю, у якой знаходзіцца беларускі народ, пра нацыянальны генацыд, і дадаў, што мы, беларусы, у вольным сьвеце мусім гаварыць ад імя тых, хто ня можа сам гаварыць ад сябе... Абоім аўстралійскім дэлегатам спадабалася мая адкрытасьць, і яны паабяцалі падтрымліваць мяне, асабліва пры зацьверджаньні рэзалюцыяў, і наагул заахвочвалі мяне гаварыць пра Расейскую чырвоную імпэрыю й паняволеныя ў ёй народы. Я ім заўсёды буду ўдзячны!

Прыляцелі ў Токіё, пераселі на самалёт у Карэю й за некалькі гадзінаў прызямліліся ў сэульскім аэрапорце. Прадстаўнікі Карэйскай Антыкамуністычнай Лігі спаткалі нас ля самалёта, прыйнялі вельмі ветліва, зрабіўшы невялічкі прыём там жа ў аэрапорце. Затым арганізавалі транспарт нашаму багажу, і мы паехалі ў сталіцу Карэі Сэуль. Зь вялікай цікавасьцю глядзеў я праз вакно аўтамашыны на зруйнаваны горад, цераз каторы некалькі разоў праходзіў фронт і вяліся вялікія баі паміж камуністычнымі агрэсарамі й войскамі ААН і Рэспублікі Карэя. Горад аднак адбудоўваўся! Куцы ні глянеш, былі бачныя будаўнічыя вышкі, краны й шмат людзей, уключаючы жанчынаў, якія працавалі, як мурашы, носячы на плячах мяшкі з паломам, ачышчалі грунт; - і на ачышчаных дзялянках ужо падымаліся новыя мадэрныя будынкі.

Мне вельмі спадабалася Карэя й карэйцы, Карэйскі народ ёсьць адным зь вельмі гістарычных народаў Азіі, падобна да таго, як беларускі народ ёсьць вельмі гістарычным у Эўропе. I гледзячы на вялікую й энэргічную адбудову карэйскай сталіцы, я сваімі думкамі прасіў Усемагутнага Бога, каб Ён дапамог і для роднай Беларусі здабыць свабоду й незалежнасьць, тагды й наш беларускі народ будзе працаваць і будаваць не на карысьць імпэрыялістаў-акупантаў, а для дабра сваёй вольнай і незалежнай краіны.

Дэлегаты канфэрэнцыі былі памешчаныя ці не ў адзіных ацалелых ад вайны гатэлях "Чосун" і „Бандо", і я апынуўся ў апошнім, на восьмым паверсе ў пакоі N 837. Выкупаўшыся й пераапрануўшыся ў сьвежае, я адразу спусьціўся ўніз, у сакратарыят канфэрэнцыі, каб узяць сьпіс удзельнікаў і даведацца, хто ўжо прыехаў. У першую чаргу мне хацелася спаткацца з кіраўніком Антыкамуністычнага Блёку Народаў, былым прэм'ер-міністрам Украіны, сп. Я. Стэцькам, бо сп. і спн. Стэцькі й я, беларус, былі тагды адзінымі прадстаўнікамі паняволеных народаў і хаця мы ўжо мелі шматлікіх прыхільнікаў, але й супраць нас былі яшчэ вялікія сілы, - і мне надта хацелася як найхутчэй спаткацца з Стэцькамі ды ўзгодніць нашую супольную дзейнасьць. Аднак яны яшчэ не прыляцелі, і я ўзяў сьпіс і пайшоў з нумару ў нумар, знаёмячыся зь іншымі дэлегатамі й даючы сваю брашурку пра Беларусь і картку-візытоўку. Кожны прыймаў мяне на свой лад. Бальшыня сустракала ветліва й па-сяброўску. Але былі й такія, каторыя спачатку аднесьліся холадна. Я аднак не паказваў свайго разчараваньня й кожнаму выказваў сваю радасьць спатканьня, жадаючы яму добрага здароўя, шчасьця й посьпеху, а таксама надзею на тое, што мы зможам дапамагаць адзін адному падчас канфэрэнцыі.

Маё „вандраваньне" па нумарах дэлегатаў прынесла мне добрыя вынікі! У пакоях японскай дэлегацыі я спаткаў праф. Юітсу Кітаока, вельмі інтэлегентнага і ўплывовага навуковага й палітычнага дзеяча, - і мы зь ім ад самага пачатку пасябравалі. Помню, я падыйшоў да дзьвярэй нумару, пастукаў і, пачуўшы, што нехта-нешта сказаў, увайшоў у пакой. Сярод пакою стаяў сярэдняга росту, старэйшы векам мужчына тыпова японскага выгляду. Гавару яму, што я ёсьць Алесь Алехнік, прадстаўнік паняволенага беларускага народу, які перажывае жудасную маскоўскую акупацыю й сыстэматычна праводжаны генацыд. Схіляю сваю галаву й з паклонам (японскі звычай!) падаю японцу руку. Праф. Ю. Кітаока адразу пайшоў мне насустрач, таксама пакланіўся, шчыра паціснуў мне руку й папрасіў, каб я сеў. Затым заказаў нам зялёнага чаю, які ёсьць досыць папулярным у Японіі, і тагды папрасіў, каб я яму падрабязьней расказаў пра Беларусь, гаворачы, што ён чуў, быццам у складзе Савецкага Саюзу ёсьць Беларусь, але зазначыў, што я ёсьць першы беларус, якога ён меў гонар спаткаць. Я яму кароценька расказаў пра Беларусь, і праф. Кітаока папрасіў, каб я яму даў як мага больш матар'ялаў пра яе й даў мне знаць, што ён ёсьць прыхільнікам вызваленьня паняволеных Масквой народаў і будзе падтрымоўваць мяне на канфэрэнцыі. Гэты шчыры чалавек датрымаў свайго слова й ад таго часу аж да сваёй сьмерці 100% стаяў на баку вызваленьня Беларусі й заўсёды падтрымоўваў мяне на наступных канфэрэнцыях. На вялікі жаль, кніжак пра Беларусь на ангельская мове выслаць яму я ня мог, бо іх ня меў! Мы трымалі зь ім лучнасьць паміж канфэрэнцыямі й ён пісаў, што падрыхтаваў адумысловую лекцыю пра Беларусь і чытаў яе для сваіх студэнтаў ва ўнівэрсытэце. Праф. Ю. Кітаока сапраўды быў адным з прыродна-інтэлегентных і высокаадукаваных дзеячоў Японіі, каторы поўнасьцю падтрымоўваў вызваленьне, як ён гаварыў, „Беларусія", і я уважаю сябе вельмі шчасьлівым, што меў нагоду спаткаць яго. Пасьля Ю. Кітаокі я завітаў яшчэ да некалькіх дэлегатаў, уключаючы дэлегата Бразыліі адмірала Карласа Пэна Ботта, а затым вярнуўся ў сакратарыят спатыкаць спадарства Стэцькаў, каторыя нарэшце зь невялічкім спазьненьнем таксама прыехалі. (Я быў вельмі рады пабачыць ужо знаёмых мне дэлегатаў і, наагул, чуўся аптымістычна, хаця й быў вельмі адзінокі, ня маючы нікога з кім можна было б параіцца ды падзяліцца думкамі. Усе іншыя дэлегацыі складаліся прынамсі з трох асобаў - а ў мяне нікога!)

Скора я разам зь яшчэ адным дэлегатам ад украінскай моладзі быў у пакоі Яраслава Стэцькі. Сп. Стэцька паінфармаваў мяне, што паўстаюць цяжкасьці з боку некаторых дэлегацыяў і што нават кітайская дэлегацыя на чале з др. Ку Чэнг Кангам таксама чамусьці „холадна" ставіцца да прапановаў і рэзалюцыяў АБН. Я стаяў на тым, што нашым прынцыпам „вызваленьня й незалежнасьці" мы здраджваць ня будзем і змагацца будзем да апошняга. Так сталася, што на мяне быў узложаны абавязак перамагчы ўсе перашкоды й асягнуць зацьверджаньня нашых рэзалюцыяў.

Адкрылася канфэрэнцыя, і дэлегаты былі разьмяркаваныя ў розныя камітэты, кожны зь якіх разглядаў сваю праект-рэзалюцыю. Я, зразумела, адразу запісаўся ў Палітычны камітэт, у якім якраз і разглядаліся ўсе рэзалюцыі па справе вызваленьня й незалежнасьці Беларусі, Украіны й іншых акупаваных Расеяй народаў Ачольваў камітэт філіпінскі кангрэсмэн Рамон Багатсінг, якога я меў прыемнасьць спаткаць яшчэ на Маныльскай канфэрэнцыі ў 1965 годзе й які незадоўга да Сэульскай канфэрэнцыі прыяжджаў таксама ў Аўстралію. Тагды я сустракаў яго ў аэрапорце й прысьвяціў яму ўсю сваю ўвагу падчас ягонага побыту ў Сыднэі, бо сапраўды адчуваў, што гэта вельмі шчыры чалавек-палітык, каторы прыхільна ставіцца да беларускай вызвольнай справы. Як толькі сябры камітэту сабраліся на свае першае фармальнае паседжаньне, сп. Р. Багатсінг запрапанаваў маю кандыдатуру на сакратара-справавода. Я быў крыху заскочаны сваім выбарам на гэтае ўплывовае й прэстыжнае становішча, таму што ў той час я нават ня быў яшчэ паўнапраўным дэлегатам, а толькі назіральнікам, - аднак з радасьцю зайняў сваё месца, каб разам з старшынёю абмяркоўваць і зацьверджваць усе карысныя для Беларусі й іншых паняволеных краінаў рэзалюцыі.

Усё ж я яшчэ баяўся, што непрыхільнікі „заблякуюць" нашыя прапановы на галоўным пленарным паседжаньні. На гэтым паседжаньні, калі дайшла чарга слухаць справаздачу зь дзейнасьці Палітычнага камітэту, кангрэсмэн Багатсінг абвесьціў, што справаздачу буду рабіць я, Алесь Алехнік. Я выйшаў на трыбуну й на вачох у соцен замежных дэлегатаў распачаў сваю справаздачу:

„Сп. Старшыня, сябры прэзыдыюму і ўсе паважаныя дэлегаты 12-ай Канфэрэнцыі Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі!

Палітычны камітэт, разгледзеў 15 праектаў-рэзалюцыяў і 4 вусныя прапановы й, нягледзячы на тое, кім усе гэтыя дакуманты былі пададзеныя, Кітаем, Уетнамам, Карэяй, Індыяй, Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў ці Беларускім Вызвольным Фронтам, якога я асабіста тут маю гонар рэпрэзэнтаваць, - былі важнымі й тычыліся адной той самай справы, а, менавіта, рэальнай пагрозы вольнаму сьвету з боку таталітарнага камунізму. Я паўтараю, усе дакуманты былі важныя, таму што змаганьне Кітая, Карэі, Кубы ды Ўетнаму ёсьць таксама змаганьне за вызваленьне паняволеных Чырвонаю Масквою народаў і змаганьне АБН ці Беларускага Вызвольнага Фронту ёсьць таксама змаганьне ў абароне свабоды ўсяго чалавецтва, бо шэя свабоды ёсьць ва ўсім сьвеце адна тая самая й Свабода ёсьць непадзельная!"

Надалей я пералічыў усе разгляданыя нашым камітэтам праекты-рэзалюцыі й прапановы ды паінфармаваў пленум аб галоўных пунктах дыскусіяў і пра вынікі галасаваньня. Пасьля майго выступленьня старшыня запытаўся, ці ёсьць хто супраць таго, каб рэзалюцыі нашага камітэту былі зацьверджаныя? Настала цішыня ў залі - супраць ніхто ня выступіў!

Пасьля пленуму сп. Я. Стэцька шчыра падзякаваў мне, як ён сказаў, „за надзвычайную прэзэнтацыю справаздачы" і з захапленьнем дадаў: „Як будзе Вольная Ўкраіна, табе будзе зробленая нагарода Залатога Мэдаля за добрую работу!"... Гады цяжкага змаганьня й канцлягерныя пакуты аднак абясьсілілі сп. Яраслава Стэцьку і ён адыйшоў у вечнасьць, не дачакаўшыся вызваленьня й незалежнасьці Ўкраіны. Я назаўсёды запомніў яго як першакляснага палітыка й нязломнага змагара ня толькі за свабоду Ўкраіны, але і ўсіх паняволеных камунізмам краінаў, і я ўдзячны Богу, што Ён дазволіў мне спаткацца й супрацоўнічаць з гэтым надзвычайным патрыётам украінскага народу.

Падчас перапынкаў у працы канфэрэнцыі нас аднойчы завезьлі на фронт, дакладней, на дэмаркацыйнаю лінію паміж Паўдзённай і Паўночнай Карэямі. У пасёлку Панмунжом, адумыслова збудаваным для перагавораў з камуністамі, праз цэнтар якога якраз і праходзіла жоўтая лінія мяжы паміж дзьвюма Карэямі, на поўнач ад гэтае лініі мы бачылі паўночнакарэйскіх жаўнераў, каторыя глядзелі на нас празь бінокулі ды рабілі з нас фільмы-запісы. Мы аднак былі пад аховаю амэрыканскага войску й жоднага інцыдэнту з боку камуністаў не было.

Хачу таксама падкрэсьліць тут, што нягледзечы на пашану й падтрымку, якой я карыстаўся, здараліся час ад часу эпізоды, якія даказвалі, што яшчэ далёка да поўнага ўсьведамленьня сьвету пра Беларусь і што нам ёсьць пільна патрэбна як мага часьцей выходзіць на міжнародную ніву й здабываць зразуменьне й прызнаньне. Адзін з такіх эпізодаў здарыўся падчас аднаго перапынку калі карэйскі генэрал у адстаўцы Кім, які сядзеў каля мяне і зь якім я ўжо меў адну гаворку пра беларускую праблему, прыхіліўся да мяне й сказаў: „Мяне вучылі ў японскай школе, што Беларусь ёсьць частка Расеі!" На што я яму аўтаматычна адказаў: „А мяне ў расейскай школе вучылі, што Карэя ёсьць правінцыя Японіі!" Генэрал Кім падумаў і сказаў вельмі разумныя словы: „Як выглядае, адзін імпэрыяліст -акупант дапамагае другому распаўсюджваць хлусьню пра акупаваныя імі краіны!" З таго часу генэрал Кім стаўся прыхільнікам вызваленьня й незалежнасьці Беларусі.

На Сэульскай канфэрэнцыі я навязаў яшчэ большую лучнасьць з рознымі дэлегатамі й магчыма тут ёсьць дарэчы ўзгадаць сп. Эдварда Гіла, дэлегата Новай Зэляндыі, зь якім я цесна супрацоўнічаў увесь гэты час і каторы нават і цяпер, 32 гады пазьней, усё яшчэ ёсьць вельмі добрым маім асабістым сябрам і вельмі вялікім прыхільнікам незалежнай Беларусі. Сп. Э. Гіл, нягледзячы на свае 92 гады, надалей наглядае за падзеямі ў Беларусі й моцна непакоіцца, што Аляксандар Лукашэнка хоча здрадзіць ідэю незалежнасьці Беларусі й прадаць Беларусь назад у расейскую „турму народаў". Аднойчы ён прыслаў мне ліст, у якім слабой і дрыготкай ад старасьці рукою напісаў: „ Што ён робіць? Няўжо ж ён настолькі ня любіць свой народ і сваю краіну, што хоча прадаць іх у няволю? Я разумею й знаю, што ты, каторы ўсё свае жыцьцё прысьвяціў справе свабоды й незалежнасьці Беларусі, гэтым моцна перажываеш і непакоісься! Я цябе пазнаў у 1966 годзе й ты надалей маеш маю поўную падтрымку!"

Па афіцыйным заканчэньні Сэульскай канфэрэнцыі пачаліся перагаворы й нарады ў справе арганізацыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі й тут, як і прадбачылася, былі вялікія дыскусіі й спрэчкі, бо мы, беларусы, украінцы ды іншыя паняволеныя Масквою народы, дамагаліся, каб у статуце Лігі было выразна запісана, што сусьветная супольнасьць адкрыта й афіцыйна стаіць за вызваленьне й іезалежнасьць Беларусі, Украіны й іншых акупаваных Савецкім Саюзам фаінаў. Афіцыйныя й асабліва закулісныя перагаворы працягваліся цэлымі начамі, і мы з сп. Стэцькам дзве начы наагул не лягалі спаць, праседжваючы ў маім нумары ды падгатаўляючыся да наступнага дня. Дапамагала нам і спн. Слава Стэцька, але апоўначы сп. Яраслаў заўсёды адсылаў яе спаць, гаворачы: „Ты іды спаты, а мы вжэ з гэтым юбрым білорусом, паном Олэхныком справу закончымо!" Справу аднак гак, як нам таго хацелася, мы поўнасьцю не залагодзілі. Ды ўсё ж мы намагліся таго, што ў статуце Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі было ўпісана, што сусьветная супольнасьць адкрытая народам паняволеным Масквой і афіцыйна стаіць за іхняе вызваленьне.

Тут трэба заўважыць, што расейцы да гэтага часу ня бралі ўдзелу ў нарадах Антыкамуністычнай Лігі, аднак як пачулі, што мае быць арганізаваная Сусьветная Антыкамуністычая Ліга з удзелам у ёй шматлікіх урадаў краінаў вольнага сьвету, - раптоўна прыехалі ў Сэуль, паколькі помню, у складзе пяціасабовай дэлегацыі ад НТС (Народно-Трудового Союза), які на 100% быў супраць незалежнасьці Беларусі, Украіны й іншых паняволеных народаў. Гэты самы НТС быў на самым перадзе расейскага руху ў справе зьбіраньня подпісаў пад ганебным „Актам Непрадрашэнства". На чале расейскай дэлегацыі быў сам прэзыдэнт НТС др. Уладзімір Порэмскі. Аднаго дня я сядзеў з сп. Стэцькам у файе гатэля, як да нас падыйшоў старшыня вялікай кітайскай дэлегацыі др. Ку Чэнг Кант, вельмі ўплывовы кітайскі палітык, і паведаміў, што расейцы хочаць далучыцца да сяброў Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі! Аднак мы з сп. Стэцькам былі ўжо гатовыя на такую размову й адказалі, што з радасьцю вітаем вестку, бо гэта значыць, што расейцы прызнаюць і пагаджаюцца з статутам Лігі, дзе гаворыцца, што Ліга стаіць на плятформе вызваленьня й незалежнасьці Беларусі, Украіны ды іншых паняволеных народу Др. Ку Чэнг Канг паведаміў расейцам пра нашую гутарку, і як толькі расейцы даведаліся, што мусяць падпісаць статут новастворанай Лігі, - яны пакінулі канфэрэнцыю.

Згадваю таксама, як я ў сакратарыяце спаткаўся з адным расейскім дэлегатам, і ён стаў наракаць, маўляў, вы, беларусы, падпісалі з расейцамі мэмарандум. На што я адказаў, што мы, беларусы, з расейцамі жоднага мэмарандуму не падпісвалі, а здраднікі ёсьць у кожным народзе... Болей расейцы на нашыя канфэрэнцыі ўжо не прыяжджалі, але чынілі нам усялякія перашкоды чужымі рукамі.

Незадоўга перад адлётам у Сэуль, я атрымаў некаторыя дадзеныя пра канфэрэнцыю расейскіх арганізацыяў у ЗША, якая адбылася ў Ню Ёрку 2 жніўня 1958 году й на якой было пастаноўлена выказаць незадавальненьне для ЗША за падтрымку паняволеных Масквою народаў і папярэдзіць Злучаныя Штаты, што калі Амэрыка будзе падтрымоўваць гэтыя паняволеныя народы, дык „рускія людзі", нягледзячы на нянавісьць да камунізму, ня могуць верыць ЗША й хоцькі-няхоцькі, у выпадку ваеннага канфлікту з Захадам, будуць змушаныя падтрымоўваць Савецкі Саюз (!). Я адразу пераклаў на ангельскую галоўныя часткі гэтай Пастановы расейскіх арганізацыяў у ЗША, надрукаванай у газэце „Новое Русское Слово" ад 20 жніўня 1958 году, адбіў на рататары й аформіў брашурку з загалоўкам „Савецкі Саюз - новая форма Расейскай імпэрыі" (Д-14). Закончыў я сваю брашурку сваім камэнтарамм: „З вышэй сказанага мы можам бачыць, што расейцам ёсьць лепей абараняць камуністычную тыранію, чым пагадзіцца на свабоду іншым народам, і, з пункту гледжаньня паняволеных Масквой народаў, расейскія некамуністычныя лідары ня ёсьць зацікаўленыя ў зьнішчэньні тыраніі, а толькі ў замене яе сваёй!" Гэтая брашурка сталася вельмі папулярнай, і я раздаў больш за трыста асобнікаў яе падчас канфэрэнцыі, і яна была мне вялікай дапамогай у „размаскаваньні" маскоўскага імпэрыялізму ды ў асягненьні яшчэ большай падтрымкі з боку дэлегатаў вольнага сьвету.

12-я Канфэрэнцыя Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі, у выніку якой паўстала Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, была вялікім посьпехам для беларусаў, і я адчуваў толькі адзін недахоп: хацелася пачуць хаця б адзін яшчэ беларускі голас, убачыць хаця б аднаго яшчэ суродзіча-аднадумца. Адзінота мяне моцна мучыла. Іншыя дэлегацыі складаліся з 3-10 чалавек, а я заўсёды быў сам-насам, ня меў да каго падыйсьці, папрасіць парады, духова адпачыць ды сардэчна пагутарыць. I тут мне падпораю была мудрая парада бацькі, каторы неяк сказаў: „Так, сыну, я разумею твае цяжкасьці й вялікія праблемы, аднак усе нашыя цяжкасьці ў вольным сьвеце ёсьць мінімальнымі й нязначнымі ў параўнаньні з тымі, якія перажывалі мільёны беларусаў, што аддалі сваё жыцьцё, каб жыла Беларусь!" Я быў моцна ўзварушаны гэтымі словымі й помню, што мы тагды пайшлі зь ім на кухню, напоўнілі чаркі й выпілі „за гонар, славу й вечную памяць беларускім героям". Сапраўды, мільёны беларусаў і беларусак аддалі сваё жыцьцё, каб жыла Беларусь, - дык ці павінныя мы, жывучы ў вольным сьвеце, шкадаваць свайго часу й грошай на сьвятую ідэю ейнай незалежнасьці? Я заўсёды казаў і кажу гэта, асабліва тым беларусам, каторыя ставяць важнасьць і вартасьць сваіх грошай вышэй за ідэю незалежнасьці Бацькаўшчыны.

Далейшая грамадзка-палітычная дзейнасьць. Невядомая хвароба

Вярнуўся я дамоў у Аўстралію вельмі здарожаным, але духова моцна паднятым, таму што даказаў, што мы, беларусы, можам ня толькі прабіцца на міжнародную ніву, але й асягнуць там нямалыя посьпехі, і я ўжо рабіў пляны, каб як мага больш прыцягнуць сваё грамадзтва да міжнароднай дзейнасьці. Дома мяне з радасьцю спаткалі бацькі, і бацька адразу паказаў мне той вялікі „клумочак" лістоў, якія прыйшлі падчас майго побыту ў Карэі й якія бацька зьвязваў шнурочкам! з запісамі датаў іхняга атрыманьня. Лісты гэтыя патрабавалі належнай увагі й адказаў, аднак самым першым абавязкам было пісаньне афіцыйных лістоў да арганізатараў канфэрэнцыі ў Карэю. Асабліва мне хацелася падзякаваць адной карэйскай дзяўчыне-сакратарцы па імені Чо, якая паходзіла з высокароднага шляхецкага роду й каторая нават праходзіла школу захоўваньня этыкету ў Швайцарыі. Яна, як і шмат іншых карэйскіх дзяўчатаў, сапраўды рабіла ўсё, каб дапамагчы мне ў маёй працы на канфэрэнцыі, суткамі залагоджваючы ўсе нашыя дэлегацкія праблемы.

Наступна пачалося адпісваньне надыйшоўшай карэспандэнцыі й спатканьне зь беларускім актывам, а таксама й прадстаўнікамі іншых паняволеных народаў у Сыднэі. Найбліжэй я сыйшоўся зь лідэрам украінскіх нацыяналістаў у Аўстраліі сп. Амяльянам Кашарскім, каторы быў для мяне як родны брат і з каторым мы часта спатыкаліся, або ў ягонай хаце ў прадмесьці Чэстэр Гіл, або ў маім бізнэс-бюро, і абгутарвалі розныя праблемы ды накрэсьлівалі пляны будучай дзейнасьці.

У дадатку да сваёй працы, зьвязанай зь міжнароднай дзейнасьцю, я адразу ўключыўся ў мяйсцовыя арганізацыйныя справы й зноў пачаў браць удзел у паседжаньнях урадавай арганізацыі па справах іміграцыі, Гуд Нэйбор Каўнсіл, Дарадчага камітэту Лібэральнай партыі, Тыдня паняволеных народаў, Асацыяцыі па справе Аб'еднаных Нацыяў, Сыднэйскага аддзелу АБН. Чым больш узрастаў на мяне цяжар усёй гэтай грамадзкай працы, тым мацней я расчароўваўся, што ніхто іншы падчас маёй адсутнасьці ня ўзяўся выконваць, або быў няздольны выконваць, хаця б частку тых абавязкаў, якія ляжалі на маіх плячах. Сп. Міхась Зуй, якому таксама моцна балела, што ён ня мог удзельнічаць у англамоўных міжнародных паседжаньнях, часта змушаны быў прасіць аб гэтым сп. Міхася Ціхана. Я асабіста дзякую сп. М. Ціхану за ягоную дапамогу, бо беларусы Сыднэя здабылі на той час сабе сярод іншых нацыянальнасьцяў вялікую пашану й нашая беларуская прысутнасьць на мітынгах была абавязковая.

Як ведама, сувязь так паміж прыватнымі асобамі, як і, асабліва, паміж арганізацыямі ды краінамі, ёсьць вельмі важная, і я, ня маючы дастаткова друкаванага матар'ялу пра Беларусь на ангельскай і францускай мовах, выкарыстоўваў кожную нагоду, каб як мага больш паінфармаваць новаспатканых дэлегатаў пра Беларусь. Кожны мой ліст быў досыць вялікі, пераважна з 4 старонак машынапіснага тэксту. Пісаў я кожнаму дэлегату, якога меў прыемнасьць спаткаць на канфэрэнцыі, і нават тым, каторыя з прычыны несьвядомасьці пра Беларусь, адносіліся да мяне холадна. Гэтым апошнім я таксама выказваў радасьць спатканьня зь імі, нагодай падзяліцца думкамі й выказваў надзею, што мы й надалей будзем спатыкацца, трымаць лучнасьць і працаваць дзеля асягненьня нашае мэты - зьнішчэньня таталітарнага камунізму, імпэрыялізму й вызваленьня паняволеных Масквою народаў. У кожным лісьце я падкрэсьліваў, што Беларусь ёсьць адной зь вельмі гістарычных краінаў Эўропы, якая карысталася свабодным дзяржаўным жыцьцём нават у тыя далёкія часы, калі шмат іншых цяперашніх дзяржаваў, уключаючы Расею, нават не йснавала.

Дзякаваць Богу, я ня быў адзіным беларусам, каторы намагаўся разьвеяць шчыльную ймглу фальшывасьці вакол Бел ару сі. Шматлікія беларускія патрыёты ў розных краінах вольнага сьвету таксама зрабілі вялікі й вельмі важны уклад на алтар вызваленьня Бацькаўшчыны. У Нямеччыне ген. Д. Касмовіч, начальнік галоўнага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту, таксама безупынна, самаахвярна й пасьпяхова працаваў на дабро Беларусі. У Амэрыцы такія беларускія дзеячы, як інж. Я. Касяк, др. В. Кіпель, др. Я. Запруднік, спадарства Станкевічаў, др. Арэхва, спадары М. Сенька, Р. Завістовіч, В. Цярпіцкі паступова перамаглі варожую й фальшывую прапаганду. I ў Англіі такія дзеячы, як Віктар Астроўскі, Юры Весялкоўскі, К. Глінскі ды іншыя, таксама самаахвярна працавалі дзеля сьвятой справы вызваленьня й незалежнасьці Беларусі.

Тыя, з кім я ліставаўся, у большасьці выпадкаў прасілі прыслаць ім кніжак і іншых друкаваных матар'ялаў пра Беларусь. I я па-ранейшаму быў змушаны абмяжоўвацца той „літаратурай", каторую друкаваў на ўласнай машынцы. Асабліва мне балела, што я ня мог задаволіць просьбы навукоўцаў і выкладчыкаў розных унівэрсытэтаў Японіі, Карэі, Уетнаму ды Шры Лянкі, бо разумеў, як важна, каб інфармацыя пра Беларусь даходзіла да замежнай студэнцкай моладзі. Часткова іхнія патрэбы я задавольваў, разсылаючы вельмі добра напісаныя й важныя „кангрэсовыя брашуркі" пра Беларусь, выдаваныя амэрыканскім кангрэсам у супрацоўніцтве нашых беларускіх арганізацыяў. Брашуркі тыя карысталіся вялікай пашанай і аўтарытэтам ва ўнівэрсытэтах вышэй названых краінаў.

Як я ўжо згадваў, яшчэ ў пачатку сваёй міжнароднай дзейнасьці я прыйшоў да выснаву, што найбольшую ўвагу падчас канфэрэнцыяў трэба прысьвячаць прадстаўнікам тых краінаў, якія самыя былі калёніямі розных імпэрыялістычных дзяржаваў і якія, перажыўшы чужое панаваньне й акупацыю, найбольш разумелі тую трагічную сытуацыю, у якой апынулася Беларусь, і ад каторых можна было найбольш спадзявацца вельмі важнай маральна-палітычнай дапамогі. Гэтая пастанова аказалася правідловая, і дэлегаты афрыканскіх краінаў, з Конга, Кэніі й Вышэйшай Вольты, былі самымі першымі, каторыя падалі мне руку супрацоўніцтва й дапамогі, разам з прадстаўнікамі азіяцкіх краінаў, Карэі, Уетнаму ды Шры Лянкі, каторыя таксама мяне падтрымоўвалі. Дэлегат Бразыліі, адмірал у адстаўцы Ботта, і прадстаўнікі Аргентыны, Нікарагуа ды Кубы таксама неўзабаве далучыліся да мяне, галасавалі за мае прапановы й падтрымоўвалі выказаныя мною пункты ў сваіх прамовах. Адным жа з найбольшых прыхільнікаў беларускай вызвольнай справы на міжнародных канфэрэнцыях быў дэлегат ЗША праф. Дабранскы, каторы непахісна стаяў за вызваленьне паняволеных Масквою народаў і, дзякуючы намаганьням і папулярнасьці каторага, шматлікія іншыя амэрыканскія дэлегаты, якім ня надта падабалася плятформа незалежнасып Беларусі, Украіны ды іншых паняволеных народаў, устрымоўваліся й не галасавалі адкрыта супраць нас.

Гэткім чынам дзейнасьць мая на карысьць Беларусі разгортвалася, аднак пад канец 1967-га й асабліва з пачаткам 1968-га я пачаў адчуваць сябе ўсё слабей і слабей і прыйшоў да выснаву, што зацяжка працую й трэба звольніць тэмпо сваёй грамадзкай работы. Аднак зрабіць тое было немагчыма, бо неадкладных справаў было шмат і я надалей адчуваў што нешта са мной не ў парадку. Мне ўжо тагды трэба было схадзіць да майго добрага прыяцеля, дохтара Марко, ураджэнца Беларусі габрэйскага паходжаньня, каторы апекаваўся нашай сям'ёй. Але я маю такі самы характар, як быў у майго дзеда, Каленіка Алехніка, і ў бацькі, Апанаса Алехніка, каторым візыта да дохтара была літаральна горшая за хваробу. I так я прадаўжаў пакутаваць і перажываць моцны боль у грудзях і жываце, які асабліва дакучаў ноччу Церпячы боль, я прадаўжаў выконваць сваю грамадзкую працу. Знаходзіў я трошкі часу й на працу ў сваім бізнэс-бюро, каб зарабіць крыху грошай на пражыцьцё.

2-ая Канфэрэнцыя Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі ў Сайгоне

З паловы 1968 году я пачаў падгатаўляцца да 2-ой Канфэрэнцыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Ліп, якая была назначаная адбыцца ў Рэспубліцы Ўетнам. Я тагды быў у вельмі прыязных адносінах з амбасадарам Уетнаму ў Аўстраліі Тран Кім Фуонгам, з каторым мне давялося спатыкацца на перагаворах у Сыднэі й Канбэры, - а таму ўсе мае дакуманты былі скора зацьверджаныя ўетнамскай амбасадай, і я быў гатовы да паездкі на канфэрэнцыю ў Сайгон (Д-16).

Мой вораг таксама ня спаў 13 сьнежня 1968 году я заказаў на раніцу таксі. I ўсё паўтарылася, як і ў мінулы раз. За якіх дзьве гадзіны да прыходу таксі мой тэлефон пачаў званіць і я, падняўшы трубку, пачуў тое самае „глыбокае дыханьне", а пасьля глухі голас зноў папярэдзіў мяне: „Сунеш носа, куды ня трэба, - атрымаеш тое, што заслужыш!" Я яму са злосьцю адказаў, каб ён „пайшоў у пекла", і паклаў трубку.

Вылецеў я з Сыднэя аўстралійскім самалётам па дарозе ў Сінгапур, і а гадз. 7-май вечара мясцовага часу быў ужо там. Па дарозе затрымаліся на кароткі час у нашым паўночным горадзе Дарвіне, а таксама ў сталіцы Інданэзіі Джакарце. Начаваў у гатэлі „Сінгапур", а на другі дзень, ужо ўетнамскім самалётам, паляцеў у Сайгон.

У Сайгоне адразу можна было пабачыць, што Ўетнам ёсьць у стане вайны. Наўкол стаяла войска, асабліва ля мастоў, фабрыкаў і іншых важных аб'ектаў. Спаткалі нас на аэрапорце вельмі ветліва ўрадавыя дэлегацыі з прыгожа апранутымі ў нацыянальныя строі дзяўчатамі. я прыляцеў увечары, і нашае аўто часта спынялі вайсковыя патрулі, аднак прахожых на вуліцах было шмат і жыцьцё ў сталіцы было досыць добрае. Людзі хадзілі ў кіно ды на іншыя вечарыны. Ноччу час ад часу былі чутныя вялікія выбухі бомбаў ці снарадаў. Мяне прывезьлі ў гатэль „Majesti" i я закватэраваўся ў пакоі N415.

Некалькі месяцаў перад гэтым камуністычнае войска рабіла напад на г. Сайгон падчас вялікага ўетнамскага сьвята „Тэт". Але ўрадавыя войскі скора зь імі расправіліся й ачысьцілі Сайгон ад камуністычных інфільтратараў. Як ведама, камуністычная вайна была вельмі хітра замаскаваная камуністамі, як, "унутраная рэвалюцыя", і толькі пасьля перамогі й захопу Рэспублікі Уетнам камуністычныя лідары Паўночнага Уетнаму прызналіся, што жоднай „унутранай рэвалюцыі" не было й што фактычна ў вайне брала ўдзел 80% усяго камуністычнага паўночнага войску, пераапранутага ў цывільную вопратку. Камуністы апраўдвалі сваю брахню тым, што „згодна ленінскай палітыкі ў вайне ўсё дазваляецца, абы яе выйграць". На маю думку, ад камуністычных дыктатараў нічога лепшага й спадзявацца нельга, бо ўся камуністычная ідэалёгія ёсьць антылюдзкай і подлай.

Пераапрануўшыся ў сьвежае адзеньне, я спусьціўся ў сакратарыят пагутарыць з тымі, хто ўжо прыехаў Асабліва цікава было спаткацца зь мяйсцовымі дзяўчатамі й пачуць ад іх пра жыцьцё й змаганьне супраць камуністычнай агрэсіі, - і ўсе яны выказвалі надзею на перамогу над камуністамі й лепшую будучыню. На жаль, жаданьні іхнія не збыліся, і паўночна-камуністычныя агрэсары зь вялікім удзелам і дапамогай Савецкага Саюзу й Кітайскай Народнай Рэспублікі перамаглі. I так у 1975 годзе Рэспубліка Ўетнам перастала йснаваць, і сотні тысячаў уетнамцаў пачалі ўцякаць з „камуністычнага раю" ў вольны сьвет.

Канфэрэнцыя праходзіла ў вельмі добрым духу, і для нас, беларусаў была яна вельмі карысная, бо ейныя дэлегаты таксама падтрымалі ідэю незалежнасьці Беларусі. Мне ў гэтым дачыненьні вельмі спадабаўся тагачасны міністар замежных справаў Уетнама, др. Тран Ван До, з каторым я меў некалькі спатканьняў і каторы стопрацэнтова стаяў на лініі вызваленьня й незалежнасьці Беларусі. Меў таксама нагоду й радасьць спаткацца з прэзыдэнтам Рэспублікі Ўетнам у прэзыдэнцкім палацы. У сваёй прамове, у якой прэзыдэнт паказваў і даказваў камуністычную агрэсію супраць ягонай краіны, ён зварочваўся да прысутных дэлегатаў ніколі ня верыць подлым і безпрынцыповым камуністычным агрэсарам. Спатыкаўся я й з новымі для мяне дэлегатамі, аддаючы для іх сваю асаблівую ўвагу, стараючыся як мага больш задаволіць іхнюю зацікаўленасьць і адказаць на пытаньні пра Беларусь. Адным з такіх „новых" дэлегатаў з каторым у мяне адразу паўстала прыязная сувязь і каторага вельмі цікавіла вызвольнае змаганьне беларускага народу, быў галоўны дэлегат Маляйзіі, сп. С Гавінда Раж.

Невядомая хвароба абвастраецца

Падчас канфэрэнцыі я адчуваў, што нешта мяне мучыць, але напружанасьць працы не давала шмат часу для роздумаў пра здароўе. I толькі сеўшы ў самалёт па дарозе ў Аўстралію, я пачуў сябе вельмі слаба й таксама заўважыў, што мае ногі пачалі пухнуць. Таксама ўсё мацней пачаў адчуваць кароткія, але рэзкія спазмы ў жываце. Сказаўшы седзячаму побач мяне дэлегату з Новай Зэляндыі Эдварду Гілу, што я чуюся слабавата, схіліў галаву на вакно й спаў аж да прылёту ў Сынгапур. Адпачыўшы, я пачуўся крыху лепей, ногі мае аднак спухлі настолькі, што чаравікі зрабіліся замалыя.

Вярнуўшыся дамоў я ўсё яшчэ не пайшоў да дохтара, а пачаў рабіць справаздачы й артыкулы з прабегу канфэрэнцыі ў беларускія часопісы ў вольным сьвеце, а таксама адпісваць лісты, якія надыйшлі падчас майго побыту ва Ўетнаме. 29 сакавіка 1969 году я паехаў цягніком у Мэльборн, 1000 км. ад Сыднэя, на сьвяткаваньне ўгодкаў Акту 25 Сакавіка, на якое мяне запрасіў тамтэйшы беларускі актыў. У Мэльборне я выступіў з абшырнай прамовай „Пільная патрэба ўсьведамленьня сьвету пра Беларусь", а таксама зрабіў справаздачу з Сэульскай канфэрэнцыі.

Тымчасам здароўе маё штодня пагаршалася і, нарэшце, у суботу, 26 красавіка, я дазволіў свайму розуму пераканаць мяне, што мучыць мяне не „перагрузка грамадзкай працы", а нейкая вельмі цяжкая й небясьпечная хвароба. І замест таго, каб ехаць на працу, я паехаў проста ў фэйрфілдзкі шпіталь. У прыёмнай два дохтары глянулі на мяне, моцна спухнуўшага, і адразу паклалі ў ложак. I так пачалося маё лячэньне ад невядомай хваробы. Пачалі мяне правяраць усяго з галавы й да ног, пачалі распытвацца, дзе я быў, чым займаюся, ці быў у Паўдзённай Амерыцы?

Пачалі ў мяне таксама лопацца жылы, адна за адной, ад сэрца да ног і рук. Лопне жыла й тагды мне моцна запячэ пад скурай на тым месцы, а пасьля там утворыцца чорная пляма. Быў час, калі ўсё маё цела, асабліва ногі, былі пакрытыя чорнымі плямамі!

Дахтары тымчасам ніяк не маглі зразумець, што спрычынілася або справакавала маю хваробу. Адзін прафэсар сказаў мне: „Нічога не пасуе! Звычайна мы даведваемся, што, напрыклад, пацыент ёсьць алкаголікам або ўжывае наркотыкі. Але нашыя досьледы паказалі, што ты да гэтага ня маеш дачыненьня. Мы толькі знаем, што нешта прайшло па тваіх жылах, папаліла іх і моцна пашкодзіла твой лівэр. Але што гэта за рэчыва, мы ня можам зразумець." Так і не знайшлі прычыны маёй хваробы. Адна мэдсястра патлумачыла мне, што дахтары пыталіся ў мяне пра Паўдзённую Амэрыку таму, што там растуць нейкія расьліны, каторыя забіваюць жывёлу ці чалавека, не пакідаючы пры гэтым жоднага сьледу.

Прабыў я ў шпіталі ажно 6 тыдняў! Мяне адразу залічылі ў інваліды й забаранілі нешта рабіць і нават шмат хадзіць. Зь ежай таксама была праблема, таксама абсалютна забаранілі ўжываць якія-колечы мэдыкамэнты - нават ня мог браць таблетку ад болю галавы. Мяне моцна прыгнятаў маральна факт, што я ёсьць інвалід. Помню, што спачатку я са злосьцю адкінуў прапанову „быць інвалідам", аднак пакрысе сам пераканаўся, што ёсьць моцна хворы і што трэба слухацца сваіх дахтароў.

Мяне аднак мучыла пытаньне, што са мною здарылася? Мой знаёмы др. Кобурн, каторы правяраў і даглядаў за пэнсіянэрамі й інвалідамі ў нашай акрузе, сказаў мне, што паводле ягонага вопыту я недзе выпіў або зьеў тое, што мела „мэталёвую атруту". Аднак я зь нічым такім ніколі ня меў жоднага дачыненьня й нават ніколі не працаваў там, дзе былі розныя шкодныя „хімікалы". Чым больш я думаў над прычанай майго захворваньня, тым больш прыходзіў да перакананьня, што мая хвароба была спавадаваная тым, або тымі, хто ўжо некалькі разоў пагражаў мне перад ад'ездам на канфэрэнцыі, каб я „ня сунуў носа туды, куды ня трэба". Калі так, тагды нехта „блізкі" да мяне быў і ёсьць маім ворагам і падсунуў нешта мне выпіць, што й зруйнавала маё здароўе. Аднак за руку я нікога не злавіў і нікога абвінавачваць ня буду. Прыйшоўшы да выснаву, што вораг спрычыніўся да маёй хваробы, я пастанавіў не паказваць сваёй слабасьці, а наадварот паказаць, што я на 100% у парадку, - і зноў пачаў выконваць грамадзкую працу, асабліва рабіў так, каб як мага больш людзей знала, што Алесь Алехнік сапраўды цешыцца добрым здароўем. І калі ў нашым Сыднэі зноў прайшло абыходжаньне Тыдня паняволеных народаў, у дзень паходу праз горад, я йшоў на самым перадзе беларускай калёны, несучы таблічку з надпісам „Беларусь".

4-ая Канфэрэнцыя Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі ў Кіёце

Падыходзіў час 4-ай Канфэрэнцыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі, і я пачаў падгатаўляцца да ўдзелу ў ёй. Канфэрэнцыя ў Японіі была для нас, беларусаў, важная яшчэ й таму, што на ёй мы (разам з украінцамі) афіцыйна былі прынятыя і ўвайшлі ў склад Лігі ў якасьці паўнапраўных сяброў, і такім чынам Ліга афіцыйна прыняла плятформу вызваленьня й незалежнасьці Беларусі ды Ўкраіны. На Японскай канфэрэнцыі адбыліся таксама падзеі, якія паказалі, што Беларусь ужо здабыла сабе досыць вялікую пашану. I адной з такіх падзеяў было тое, што напрапанову праф. Кітаокі мяне, як прадстаўніка Беларусі, зноў выбралі на прэстыжную пасаду сакратара й віцэ-старшыні 4-га (Палітычнага) камітэту. Другая падзея адбылася ўжо на заканчэньне канфэрэнцыі, пасьля якой пачаліся нарады Антыкамуністычнай Лігі Народаў Азіі, на якой я і шмат іншых дэлегатаў-неазіятаў прысутнічалі ў ролі гасьцей. У наш 4-ты камітэт, які афармляў канчатковы камунікат канфэрэнцыі, паступілі два амаль аднолькавага зьместу праекты гэтага камунікату: адзін ад нацыянальнага Кітая, другі ад Японіі. На той час я ўжо добра ведаў, што нацыянальны гонар адыгрывае велізарную ролю й важнасьць у азіяцкіх краінах, і сам аднойчы бачыў, як карэйскі дэлегат пагражаў японскаму кулаком, - і таму ня быў зьдзіўлены, што канфэрэнцыя ніяк ня можа апрацаваць камунікат, бо ні Японія, ні Кітай не хацелі саступаць адно адному. Каб выйсьці з гэтага цяжкага тупіка, было пастаноўлена паклікаць да жыцьця адумысловы „суб-камітэт" з адзінаю мэтаю неяк узгодніць гэтыя два праекты й дарабіць камунікат. Суб-камітэт складаўся з трох асобаў. Былі абраныя Д. В. Патэль (Індыя), М. Ранавіра (Цэйлон) і, на асабістую прапанову былога міністра замежных справаў Рэспублікі Ўетнам др. Тран Ван До, - я. Мушу прызнацца, што я быў вельмі ўзрушаны гэтым доказам даверу й лічыў гэта вялікім гонарам!

Наш Суб-камітэт працаваў цэлы дзень і, каб нам шмат не перашкаджаць, нават абед нам прыносілі ў наш працоўны габінэт. Мы змаглі зьяднаць абодва праекты ў адзін камунікат і так добра яго апрацавалі, што й Кітай, і Японія былі вельмі задаволеныя. Апрацаваны намі камунікат быў прыняты канфэрэнцыяй і апублікаваны поўнасьцю ў пратакольнай кніжцы „Прабег 16-й АПАКЛ канфэрэнцыі. 15-18 верасьня 1970. Кіёта-Японія."

З канфэрэнцыі я вярнуўся змучаны, але вельмі задаволены, 22 верасьня 1970 году, і адразу зноў пачалося пісаньне, літаральна, сотняў лістоў Недахоп праўдзівага друкаванага слова пра Беларусь і амаль поўная адсутнасьць сапраўднай веды пра яе пераканалі мяне з самага пачатку майго ўдзелу ў міжнародных канфэрэнцыях, як важна падрыхтаваць і ў адпаведны час падаць на зацьверджаньне будучай міжнароднай канфэрэнцыі „Рэзалюцыю аб незалежнасьці Беларусі", у якой будзе выразна сказана, што ўсе ўдзельнікі гэтай канфэрэнцыі й сябры Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі поўнасьцю падцьвярджаюць правы беларускага народу на сапраўдную незалежнасьць і прыракаюць дапамогу беларускаму народу ў змаганьні за гэтую незалежнасьць. Я пачаў абдумваць і апрацоўваць гэтую сваю „Рэзалюцыю" яшчэ па прыезьдзе з 12-й Канфэрэнцыі ў Карэі ў 1966 годзе, і за ўсе прамінулыя гады сотні разоў пераглядаў, папраўляў ды перапісваў яе, стараючыся прадбачыць, як зразумеюць і як адрэагуюць на пэўныя ейныя параграфы дэлегаты Азіі, Афрыкі й Паўдзённай Амэрыкі, бо людзі гэтых зусім адметных кантынэнтаў разумеюць адну тую самую справу па-рознаму, кожны паводле сваёй прыроднай нацыянальнай характарыстыкі, - і трэба было пісаць „Рэзалюцыю" так, каб яна была ясная й зразумелая ўсім дэлегатам. Я добра разумеў „далікатнасьць" свайго становішча, як прадстаўніка Беларусі, якую мала хто ведаў і ніхто дыпляматычна не прызнаваў. Я таксама добра разумеў, што мае посьпехі на канфэрэнцыях будуць залежыць ад маёй асабістай папулярнасьці сярод іншых дэлегатаў і прыйшоў да выснаву, што я пасьля канфэрэнцыі ў Японіі ўжо здабыў належную й патрэбную падтрымку й пастанавіў вынесьці маю „Рэзалюцыю аб незалежнасьці Беларусі" на абмеркаваньне наступнай, 5-ай Канфэрэнцыі Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі, якая мела адбыцца ў той самай Маныле ў ліпені 1971 году. Прыйшоўшы да гэтага перакананьня, я распачаў самую шырокую „агітацыю" іншых дэлегатаў ва ўсім сьвеце, да каторых пачаў яшчэ больш і часьцей пісаць, інфармаваць пра трагічную сытуацыю ў паняволенай Беларусі й зварочвацца да іх з просьбай „даць Беларусі хаця б маральную дапамогу ў ейным змаганьні за Богам дадзенае права на свабоду й незалежнасьць".

5-ая Канфэрэнцыя Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі ў Маныле

Мушу прызнацца, чым бліжэй падыходзіў дзень 5-ай Канфэрэнцыі, тым больш я хваляваўся й перажываў, таму што гэтая канфэрэнцыя мела быць (і была!) „кульмінацыйным" асягненьнем усёй маёй „дыпляматычнай" дзейнасьці, і я ехаў у Філіпіны толькі з адною выключнаю мэтаю, а менавіта, зрабіць усё магчымае, каб на канфэрэнцыі была зацьверджаная мая „Рэзалюцыя аб незалежнасьці Беларусі". Нарэшце надыйшоў пачатак ліпеня 1971 году й згодна правілаў я афіцыйна паведаміў арганізацыйны камітэт у Філіпінах, што буду браць удзел у канфэрэнцыі, і выслаў адну копію сваёй „Рэзалюцыі" ў сакратарыят для своечасовага капіраваньня й распаўсюджаньня сярод розных нацыянальных дэлегацыяў. Я знаў, што супраць мяне будуць працаваць варожыя сілы, і зрабіў для сябе дадатковых 5 копіяў „Рэзалюцыі", але нават і я быў заскочаны той лютасьцю, зь якой ворагі намагаліся не дапусьціць да зацьверджаньня напісанай мной ад імя Беларускага Вызвольнага Фронту „Рэзалюцыі".

Але ўсё па-парадку. Вылецеў я на вельмі важную для мяне канфэрэнцыю рэйсам 276-ым Аўстралійскай авіялініі „Qantas" у 11.40 i вечарам таго самага дня мяне ўжо сустракалі ў Маныле сябры арганізацыйнага камітэту на чале з палк. Эрнэстам Голезам. Помню, што самымі першымі дэлегатамі, з каторымі я правёў даўжэйшую гутарку па прыезьдзе, былі дэлегат Нікарагуа др. Бютрага й дэлегат Мэксыкі праф. Р. Радрыгэс. Я ім расказаў што беларускі народ пільна патрабуе маральную дапамогу, і абодва абяцалі падтрымаць маю „Рэзалюцыю", якую я ім выслаў яшчэ раней поштай, што й зрабілі падчас галасаваньня. У сакратарыяце мяне таксама запэўнілі, што рэзалюцыя мая атрыманая, што яна будзе размножаная й раздадзеная ўсім дэлегатам.

Як я ўжо зазначаў, уся галоўная праца канфэрэнцыі адбываецца „па-за кулісамі" й на афіцыйных пленарных паседжаньнях толькі падсумоўваюцца посьпехі ці няўдачы гэтых „пазакулісных" высілкаў. А таму адразу пачаліся мае напружаныя спатканьні з дэлегатамі Ірана, Лесота, Кэніі, Ерданіі, Уетнама, Нарвэгіі, Лібэрыі, Саўдзі Варабіі, Японіі й шмат іншых. Мне літаральна не ставала часу, каб з кожным пагутарыць і кожнаму хаця б трошкі расказаць пра Беларусь і пільную патрэбу даць беларускаму народу хаця б маральную дапамогу.

Пасьля афіцыйных прыёмаў, прамоваў і прывітаньняў канфэрэнцыя падзялілася на камітэты й пачала працу. Я адразу запісаўся ў Палітычны камітэт, які меў разглядаць усе рэзалюцыі палітычнага характару, уключаючы напісаную мной. Старшынёй камісіі быў назначаны сябра індыйскага парляманту сп. Рама Сваруп, каторы, дзякаваць Богу, да гэтага часу быў ужо досыць добра паінфармаваны пра Беларусь. Напачатку нашае працы сп. Р. Сваруп прачытаў прысутным сьпіс рэзалюцыяў... але беларускай рэзалюцыі сярод іх не было! I ў сэрца закралася першае падозраньне й пытаньне: чаму? Няўжо вораг так рана, так нахабна й так яўна паказвае сваю прысутнасьць? Я запытаўся Ў праходзячай міма дзяўчыны, каторая разносіла копіі рэзалюцыяў кожнаму сябру камісіі, ці ўсе рэзалюцыі разьнесеныя? Дзяўчына адказала, што яшчэ ня ўсе рэзалюцыі адбітыя й рэшту іх будуць раздаваць дэлегатам за якіх паўгадзіны.

За некаторы час дзяўчына зноў завітала ў наш пакой і пачала раздаваць надрукаванае, але на мяне неяк няпэўна глянула, паціснула плячыма й сказала: „Вашай рэзалюцыі ў друкарні не знайшлі." Я папрасіўся ў старшыні выйсьці, пабег у друкарскі аддзел і даў сакратаркі яшчэ адну сваю запасовую копію. А сам усё яшчэ не хацеў верыць, што прапажа рэзалюцыі была непрыпадковая, сплянаваная. Аднак мне прыпомніліся словы аднаго прэзыдэнта ЗША: „Нічога ў палітыцы не адбываецца само сабою, і калі нешта здарылася, дык трэба знаць, што нехта недзе прыклаў высілкі, каб яно здарылася." I я зразумеў, што мушу змагацца, калі хачу, каб „Рэзалюцыя аб незалежнасьці Беларусі" была прыйнятая канфэрэнцыяй. Гэты вялікі супраціў ворага фактычна падкрэсьліў важнасьць падрыхтаванага мной дакуманта.

Але з кім змагацца? Хто й дзе мой вораг? Я ўжо быў у сакратарыяце некалькі разоў, неаднойчы размаўляў з сакратаркай друкарскага аддзелу, - нічога не дапамагала! Прыгнятала й тое, што я быў сам адзін. Мне вельмі балюча адбівалася на душы тое, што я ня меў каля сябе яшчэ аднаго шчырага беларуса, з каторым мог бы пагутарыць, параіцца ды выказаць тое, што набалела. Аднак адкрыць сваёй душы я нікому ня мог і, нягледзячы на ўсе цяжкасьці й нават злосьць, даводзілася з кожным спатыкацца зь ветліваю ўсьмешкаю й даваць выгляд, што ўсё ёсьць добра. Я ведаў, што вораг назіраў за ўсімі маімі захадамі й крокамі, і я рабіў выгляд „упэўненасьці", якой тагды ня меў.

Вярнуўшыся ў свой спальны пакой у гатэлі „Інтэркантынэнталь", я ня мог заснуць і правёў ноч за аналізаваньнем сытуацыі, накідваючы розныя пляны на наступны дзень. Адразу пасьля сьняданку, 23 ліпеня, я зноў занёс да сакратаркі друкарскага аддзелу копію сваёй „Рэзалюцыі" з просьбай надрукаваць, а сам пайшоў на паседжаньне Палітычнай камісіі. Там я сказаў нашаму старшыні Р. Сварупу, што беларускай рэзалюцыі дагэтуль няма й каб ён „адцягваў" час, што ён, дзякаваць Богу, і зрабіў! А тым часам вораг яшчэ раз паспрабаваў зьбіць мяне з тропу й спыніць. Падчас перадабеднага перапынку спаткала мяне на калідоры спн. Слава Стэцька й запыталася, ці ня ведаю я, чаму Беларусь перавялі з паўнапраўнага сяброўства ў другараднае, або „асошыэйт"? I паказала мне сьвежанадрукаваны сьпіс удзельнікаў канфэрэнцыі, дзе я й Беларускі Вызвольны Фронт сапраўды былі запісаныя як „асошыэйт"-сябры. Мая першая рэакцыя была „біць па ворагу" й, узяўшы гэты сьпіс ад спн. Стэцькі, я ўжо было павярнуў у бок сакратарыяту, каб сказаць, „што я аб іх думаю", але, дзякаваць Богу, цьвярозы розум апанаваў і змусіў мяне спыніцца й падумаць: „Ці часам вораг не зрабіў гэтую фальсыфікацыю наўмысна дзеля таго, каб адцягнуць маю ўвагу ад галоўнае мэты - зацьверджаньня права беларускага народу на вольнасьць і незалежнасьць?" I прыйшоў да выснаву, што паколькі Беларусь была прыйнятая ў Сусьветную Антыкамуністычную Лігу як паўнапраўны сябра ейным Цэнтральным камітэтам, пастолькі Філіпінскі аддзел ня мае права зьмяніць статус сяброўства ў Лізе. Прыйшоўшы да гэтага, як высьветлілася, правідловага выснаву, я спакойна зайшоў у сакратарыят і ветліва паведаміў, што „зайшла памылка" ў сьпісе ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Пасьля чаго зноў накіраваўся ў залю паседжаньняў Палітычнай камісіі, але зноў атрымаў балючае разчараваньне: маёй рэзалюцыі па-ранейшаму не было! Папрасіўшы старшыню, каб ён не закрываў працу камісіі, я зноў пабег у Друкарскі аддзел. Галоўны друкар быў зьдзіўлены, што я яшчэ дагэтуль не атрымаў рэзалюцыю, бо ён адразу адбіў яе й папрасіў стаючага непадалёк рабочага ў белым халаце, каб той адразу занёс адбітыя копіі ў Палітычны камітэт.

З таго моманту прайшло ўжо больш за гадзіну, і я зразумеў, што сам, без дапамогі, ня дам рады, бо канфэрэнцыя ўжо паволі падыходзіла да канца. I я рашыў зьвярнуцца за дапамогаю да адзінага філіпінскага палітыка, якога ўважаў за сябру й катораму давяраў, кангрэсмэна Рамона Багатсінга, што ачольваў Філіпінскі Антыкамуністычны Pyx. Ён адразу прыехаў да мяне, як толькі атрымаў вестку, што я пільна хачу яго бачыць. Я яму ўсё кораценька расказаў і ён папрасіў, каб Рама Сваруп не заканчваў працу камісіі, пайшоў са мной разам у друкарню і ўважна выслухаў друкара, які паўтарыў свой расказ пра тое, што ён, аддрукаваўшы мае рэзалюцыі, аддаў іх занесьці ў Палітычную камісію. Пасьля чаго сп. Р. Багатсінг паклікаў да сябе пяцёх давераных яму хлапцоў і загадаў ім праверыць усе пакоі, перавярнуць усё дагары нагамі, а беларускія рэзалюцыі знайсьці! Давераныя кангрэсмэну хлопцы выканалі заданьне й прыблізна за 45 хвілінаў знайшлі мае „Рэзалюцыі" ажно на пятым паверсе (Палітычная камісія працавала на другім) пад сталом, накрытымі настольніцай.

Зь вялікай радасьці я нават ня помню, ці належна я выказаў сваю сэрца-чулую падзяку кангрэсмэну Р. Багатсінгу, помню толькі, што ўхапіў стос сваіх рэзалюцыяў і паімчаўся як мага хутчэй у залю Палітычнай камісіі, раздаў там копіі кожнаму прысутнаму дэлегату й папрасіў права зачытаць рэзалюцыю й фармальна перадаць яе на разгляд камісіі. Мая „Рэзалюцыя аб незалежнасьці Беларусі" спадабалася сябрам камісіі й яна была аднагалосна прынятая аплядысмэнтамі бяз жодных паправак, і толькі засталося чакаць пленарнага паседжаньня на наступны дзень, дзе мелі быць канчаткова разгляданыя ўсе рэзалюцыі й прапановы.

Палітычная камісія скончыла сваю працу па абедзе 23 ліпеня, і я выкарыстаў рэшту дня й вечар на „прапагацыю" сваёй рэзалюцыі й быў досыць пэўным, што „Рэзалюцыя аб незалежнасьці Беларусі" будзе апрабаваная, - аднак той начы усё роўна неяк ня мог заснуць, хваляваўся. У суботу з раніцы, 24 ліпеня, мы, сябры Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі, ня мелі што рабіць і чакалі галоўнага пленарнага паседжаньня, і я надалей расказваў усім, каму толькі мог, пра Беларусь, просячы, каб мае суразмоўнікі падтрымалі „Рэзалюцыю аб незалежнасьці Беларусі".

Апошняе пленарнае паседжаньне было скліканае ажно а 5-ай гадзіне вечара й нарэшце надыйшоў час для старшыні Палітычнай камісіі рабіць справаздачу, каторы, закончаўшы справаздачу, фармальна парэкамандаваў, каб усе рэзалюцыі былі зацьверджаныя. На маю вялікую радасьць яго падтрымала дэлегатка Францыі спн. Сузан Лабін, каторая сказала, што ўсе рэзалюцыі ёсьць высокаякасныя й падкрэсьліла, што асабліва такой зьяўляецца „Рэзалюцыя аб незалежнасьці Беларусі", якая зьместам і стылем ёсьць прыкладам, як рэзалюцыі павінныя быць пісаныя. Гэтая неспадзяваная пахвала, асабліва пасьля таго, што я перажыў, да сьлёзаў кранула мяне. Гаворачы гэта, спн. С Лаб