|
Лёры Дэніс
ДОКТАР ЗНАЙШОЎ СВАЁ ПАСЕЛІШЧА Ў СЭРЦЫ МАНТЫСЭЛЯ
Смаршчок адыйходзіць на пэнсыю пасьля 60 гадоў у мэдыцыне
У панядзелак, 17 жніўня, д-р Мацьвей Смаршчок меў нагоду нясьпешна спажываць абед у рэстаране Пэркінса. Пасьля 60 гадоў у мэдыцыне, мантысэляўскі 85-гадовы лекар якраз у гэты дзень стаўся пэнсыянэрам.
«Цяпер у мяне няма пацыентаў, - сказаў ён. - Упяршыню я ня маю абавязкаў».
Добра ведамы мясцовы лекар, улюблёны за ягоныя прыязныя паводзіны, ягоную непагрэшную ветлівасьць, яго пачуцьцё гумару і ягоную адданасьць мэдыцыне, вырашыў адкласьці свой стэтаскоп - пакінуць лекарскую практыку.
Уся публіка можа сьвяткаваць Смаршчкову даўжыню кар'еры ў Мантысэлі на ўсеагульным сходзе ў пятніцу ад гадзіны 1:30 да 4:00 у залі паседжаньняў упраўленьня Мантысэля - Біг Лейк шпіталю.
Ён ня мае спэцыяльяых плянаў на свою непасрэдную будучыню, а на пытаньне пра гэта адказаў парафразаю словаў паэта Рабэрта Бэрнса: «Найлепшыя пляны, што чыняць людзі і мышы, часта не ўдаюцца».
Але ён мае шматлікія гоббі - ён калекцыянуе Бібліі ды старыя фатаграфічныя апараты, і ён любіць гуляць у шахматы. Ён будзе працягваць сваё наведваньне кірмашу Асоўскіх, дзе ён бывае гэтак часта, што людзі вітаюць яго «добры дзень» (прывітаньне па-польску ці па-беларуску) пры спатканьні. I ён будзе мець болей часу, каб цешыцца выглядам Місысыпі, што працякае паўз ягоны дом на вуліцы Ўэст Рывэр, тым самым выглядам, што прывёў яго і Стэлю, ягоную сужону, у гэтае мястэчка многа гадоў раней.
«Мы палюбілі Мантысэля ад пачатку - рэчку і вялікія прыгожыя дрэвы, - кажа Стэля. - Мы маем мір і свабоду у нашым дварэ за хатаю. Мацьвей - мірны чалавек, і яму падабаецца мірны двор».
ЗНАК ВАЙНЫ
Гэта быў нязвычайны а разарваны вайною шлях, што давёў гэтага сына беларускага селяніна (маці якога хацела, каб ён стаўся сьвятаром) да кар'еры ў мэдыцыне за Атлянтыцкім акіянам у Мантысэлі.
Смаршчок кажа, што ён вырашыў рана стацца першым лекарам у ягонай сям'і. «Я хацеў быць карысным, - выясьняў ён. - Я думаў, што добра было-б памагаць хворым людзям».
Ён здаў экзамен у Віленскі унівэрсытэт, у месьце, што цяпер сталася сталіцаю Літвы, але ў той час было часткаю Польшчы. Ён заслужыў сваю лекарскую ступень у сьнежні 1939 г. Гэта было толькі тры месяцы пасьля таго, як Гітлер і Сталін пачалі інвазыю і падзел Полыпчы.
Смаршчок заўсёды меў намер быць лекарам у агульнай практыцы. Але пачаў ён сваю кар'еру як чыгуначны лекар, а незадоўга быў высланы ў Маскву студыяваць спэцыяльнасьць вуха, носа і горла. Але хаос вайны ізноў пераняў Смаршчкова наканаваньне. Калі нямецкія нацысты пайшлі вайною на Расею летам 1941 г., Смаршчок прайшоў скрозь зону вайны ды апынуўся ў шпіталі на захад ад Менску, дзе ён сустрэў Стэлю, мэдычную сястру з Варшавы. Яны пажаніліся ў 1942 годзе, але ў канцы былі высланы разам з іх маленькаю дачушкай Эміліяй і з бацькам Смаршчка ў канцлагер Нордгаузэн у Нямеччыне, дзе Смаршчок правёў 9 месяцаў, абслугоўваючы мэдычныя патрэбы 12000 зьняволеных і палонных. Лагер быў вызвалены ў сакавіку 1945 г., а пазьней Смаршчок даведаўся, што сярод жаўнераў, якія занялі Нордгаузэн, быў д-р Уільям Гарт, афіцэр у лекарскім корпусе, які незадоўга даў яму працу ў ягоным шпіталі ў Мантысэлі.
Аднак запросіны прыехаць у Злучаныя Штаты прыйшлі не праз Гарта, але праз малое мястэчка на захад ад Сэінт Кляўд, якое зацікавілася Смаршчковымі здольнасьцямі ў мовах. «Фрыпарт, вельмі нямецка-каталіцкі гарадок, хацеў мець лекара, які мог-бы гаварыць па-нямецку, - ён выясьняў. — Сьвятар у Фрыпарце памог мне прыехаць у Мінэсоту. Фрыпарт мне вельмі падабаўся, бо гэта невялікі фэрмэрскі пасёлак».
На няшчасьце для Фрыпарту, Смаршчку нельга было пачаць лекарскую практыку ў Амэрыцы бяз дадатковага трэнінгу і перапасьведчаньня. Ён наведваў Унівэрсытэт Мінэсоты і стаўся ізноў студэнтам пасьля дзесяцёх гадоў як лекар у Эўропе.
«Часамі, я адчуваў сябе крыху няёмка», - ён прызнаўся. Ён і Стэля стараліся вельмі пільна, каб навучыцца англійскае мовы, наймаючы памешканьне ў паўночна-ўсходнім Мінэапалісі і жывучы на 25 даляраў у месяц, якія зарабляў Мацьвей як інтэрн (лекар-студэнт) у шпіталі Сэінт Мэры.
«Гэта быў цікавы час», — заўважыла Стэля. Калі ён здаваў свае лекарскія экзамены, Смаршчок яшчэ ня меў даверу да свайго веданьня англійскае мовы. Вось-жа, ён напісаў некаторыя адказы ў лацінскай. На шчасьце, адзін зь ягоных экзаменатараў таксама валодаў лацінскаю мовай, і ён пераклаў Смаршчковы адказы для іншых. Смаршчок здаў экзамен.
Хоць ён нарэшце меў ліцэнзію, Смаршчок ня меў сродкаў, каб пачаць сваю собскую прыватную практыку. Кіраўнік праграмы інтэрнаў у шпіталі Сэінт Мэры быў добрым знаёмым д-ра Гарта, і ён накіраваў Смаршчка ў Мантысэля.
«Я хацеў ехаць у Фрыпарт, але я ня меў матарыяльных сродкаў адчыніць там сваю клініку, - казаў Смаршчок. - У мяне ня было нават аўтамабіля. Адзіны спосаб паехаць у Мантысэля быў праз д-ра Гарта, які выслаў сваю дачку, каб яна мяне прывязла».
Смаршчок пачаў сваю кар'еру ў Мантысэлі 8 жніўня 1950 г. «Шпіталь Гарта мае новага штатнага лекара», - паведамляў загаловак на першай бачыне мясцовае газэты «Таймз».
Калі Смаршчкі апынуліся ў малой (у той час) вёсцы Мантысэля, яны ніколі не аглядваліся назад. Гады вайны ў Эўропе забралі страшэнныя ахвяры із сям'і. (Бацька Смаршчка загінуў ад бомбы ў часе спробы атрымаць малако для маленькае ўнучкі). Яны проста расьцьвіталі тут, знайшоўшы мір і дабрабыт у Сярэднім Захадзе Амэрыкі.
«Верагодна, што мне падабаецца тут болей, чым некаторым людзям, якія тут нарадзіліся, - сказаў Смаршчок. - Я ня быў зацікаўлены вяртаньнем у камуністычную Польшчу, або у пасьляваенную адбудову ў Нямеччыне. Вайна - гэта лютасьць».
АД НОВАНАРОДЖАНЫХ ДА ЎСТАРЭЛЫХ
Смаршчок хутка ахінуўся ў сваю працу, дапамагаючы ў народзінах, праводзячы агляды і займаючыся непрадбачанымі здарэньнямі ў шпіталі Гарта. Пра яго казалі загалоўкі ў газэтах у траўні 1945 г., калі ён дапамог пры народзінах трайнякоў у сям'і Блэйдо, дзьвёх дзяўчынак і аднаго хлопчыка, якія ўсе былі нізкае вагі, але ўсе выжылі. Ён быў выбраны ў управу школамі і служыў там 12 гадоў, дзевяць гадоў як старшыня. Ён дапамагаў таксама ў школьных футбольных гульнях (там ягонае складанае прозьвішча, якое было зьменена суддзёю на Сморсток, калі ён і ягоная сужона сталіся грамадзянамі ў працэсе натуралізацыі, было далей скарочана футбалістамі ў «Смокі» (Дымны). «Яны далі мне футбольны жакет із нумарам 00, - заўважыў ён. - Я ўсё яшчэ маю гэты жакет».
Смаршчок кажа, што ўсё яму падабалася на ягоным новым становішчы ў Мантысэлі. «Асабліва людзі, - ён кажа. - Яны заўсёды былі гэтакія прыязныя. Людзі выклікалі мяне і давалі мне інструкцыі, як іх знайсьці, - і часта неясныя інструкцыі. I часамі ля другой ці трэцяй гадзіны раніцы я падыходзіў да неадпаведнага дому ды разбуджаў усіх, што спалі. Але яны не злаваліся. Яны накідалі сваю вопратку ды вялі мяне да правільнага дому».
Смаршчкова пачуцьцё да Мантысэля было адузаемнена.
«Ён заўсёды быў самым ласкавым, самым далікатным і ветлівым лекарам, зь якім я працавала», - кажа Руф Осэл, былая мэдычная сястра ў Гартавым шпіталі.
«Ён вельмі адданы сваёй справе чалавек, які ніколі не адмовіў у ніякай просьбе, - кажа д-р Дональд Маус, які далучыўся да Смаршчка і Гарта ў 1963 годзе, і пераймаў цяпер Смаршчкова становішча як мэдычны дырэктар у Доме інвалідаў. - Я ніколі не спаткаў нікога, хто быў-бы зусім як ён».
На пачатку Смаршчок здабыў сабе рэпутацыю як акушэр. «Ён любіў дапамагаць у народзінах, і быў вельмі, вельмі добры ў гэтым», - кажа Осэл.
Смаршчок любіць апавядаць пра футбольную сустрэчу ў якой ён заўважыў, што ён сам быў пры народзінах усіх 11 хлопцаў, якія былі ўдзельнікамі гульні ў гэты вечар.
«Я быў пры народзінах вялікае большасьці тых, хто радзіўся ў Мантысэлі паміж 1950 і 1964 гг.», - кажа Смаршчок.
У гэтым ліку ўключаны Расэл Ўільям Гэвін, першае дзіцянё, якое радзілася ў Мантысэлі, у новым Біг-Лэйк шпіталі, які адчыніўся летам 1965 г.
Але ня гледзячы на ягоныя здольнасьц і ў акушэрыі, Смаршчок стаўся ведамым за ягоныя лекарскія здольнасьці ў другім канцы дыяпазону веку, у герыятрыі.
Ягоныя сувязі з Домам інвалідаў пачаліся ўжо у 1952 г., калі Мэл Ўортг, які быў собсьнікам дому Ля Ры, паклікаў Смаршчка быць лекарам гэтага дому.
«У той час адзіным вымаганьнем для Дому інвалідаў было толькі мець даступнага лекара, — кажа Смаршчок. - Пасьля устанавілася вымаганьне, каб мець мэдычнага дьфэктара (галоўнага лекара)».
Тагды, у 1964 г., Смаршчковы сувязі з перастарэлымі яшчэ ўзмоцніліся, калі ён прыняў становішча звонку Мантысэля (пры Унівэрсытэце Мінэсоты). У гэтым самым часе Гарт прадаў сваю практыку Смаршчку і Маусу.
«Але я ня быў добры ў бізнэсавай частцы лекарскае практыкі, вось-жа я вырашыў працягваць сваю адукацыю ізноў, - кажа Смаршчок. — Маім жаданьнем заўсёды было стацца прафэсарам у мэдыцыне».
Смаршчок пры Унівэрсытэце Мінэсоты працаваў у службе здароўя. У тым самым часе, у Мантысэлі, ён працягваў сваю службу ў Доме інвалідаў, дзе ён меў больш за 70 рэзыдэнтаў.
Кожны дзень, па дарозе з працы пры Унівэрсытэце, ён затрымоўваўся ў доме пры вуліцы Вашынгтона (дзе цяпер знаходзіцца Цэнтр парадаў), упадаючы ў навык спазьняцца на вячэру.
«Кожны панядзелак мы праводзілі агульны афіцыяльны агляд, - кажа кіраўнічка доўга-тэрміновае службы Олі Крол, якая працавала з Смаршчком у Доме інвалідаў ад 1974 г. аж да свайго адыходу на пэнсыю ў мінулым го дзе. - Мы працавалі да 10-й гадзіны вечара. У іншыя вечары ён даведваўся ці што здарылася. Звычайна штосьці здаралася».
Крол кажа, што Смаршчок быў ведамы сваёю ахвотаю наведаць хворага ня гледзячы на час дня або ночы.
«Ён казаў, калі штосьці заслугоўвае выкліку ад мэдычнае сястры, яно заслугоўвае наведаньня лекарам, — сказала яна, дадаючы, што гэта наведаньне ня было фінансава выгадна, - Было так, што ўрадавае забясьпечаньне плаціла лекару толькі за адно наведаньне хворага рэзыдэнта ў месяц, але д-р Смаршчок наведваў таго самага хворага шмат разоў у месяц. Гэты чалавек зусім не клапаціўся пра заработную плату».
Крол сказала, што Смаршчок быў проста легендарны за свае старасьвецкія паводзіны (прывезеныя з Эўропы), за ягоную ветлівасьць і ягоную фармальную мову.
«Я прыводзіла рэзыдэнтаў у прыймовы пакой на месячны агляд, і ён ніколі не забыўся усталь і прывітаць іх, калі яны прайходзілі праз дзьверы, - кажа Крол. - Ён абыйходзіўся з імі як з каралём ці каралевай, і яны любілі яго за гэта».
Смаршчок захоўвае ўжываньне імя асобы толькі для сям'і, блізкіх сябр, зварочваючыся да ўсіх іншых фармальна.
«Пасьля ўсіх гэтых гадоў ён усё яшчэ называе мяне місіс Осэл», - кажа ягоная былая мэдычная сястра.
«Як штатный, мы называлі адна адну ўжываючы толькі імя, але ў прысутнасьці д-ра Смаршчка мы перайходзілі на місіс або містэр, амаль што не ўсьведамляючы гэтага», - кажа Крол.
Пасьля таго, як Смаршчок пакінуў працу пры унівэрсытэце ў 1984 г., ён не пакінуў сваіх адносін з Домам інвалідаў. У сапраўднасьці ён вёў намаганьне пабудаваць сяньняшні Дом на 91 ложкаў на вуліцы Іст Рывэр, пра які праводзілася галасаваньне ў верасьні 1984 г. Насельніцтва прагаласавала, каб пабудаваць Дом інвалідаў за 4,5 мільёнаў даляраў.
«Я ведаю, што гэта галасаваньне прайшло памысна, бо гэта было яго жаданьне, - сказала Барбара Швентак, выканальны дырэктар шпітальнай акругі. - Ён заўсёды быў абаронцам перастарэлых у гэтай грамадзкай супольнасьці».
Сам Смаршчок толькі ўсьміхаецца пра сваю тэндэнцыю гаварыць.
«Я наўчыўся агітаваць сярод людзей у савецкай Расеі, - сказаў ён (з усьмешкаю). - Я выкарыстаў гэту умеласьць, каб пераканаць людзей будаваць шпіталь (у 1965 г.) і каб (пазьней) збудаваць Дом інвалідаў».
Але заклапочанасьць пра перастарэлых - справа сур'ёзная для лекара, кагоры быў адным з першых дыплямаваных дырэктараў Дамоў інвалідаў, а гэта вымагае ўмеласьці ў клінічнай і доўгатэрміновай мэдыцыне.
«Наш Дом інвалідаў - адзін з найлепшых у штаце, - сказаў ён. - Ды перастарэлыя заслугоўваюць найлепшага».
Адданасьць Смаршчка да ягонае працы не асталася бяз увагі. У 1984 г. Мантысэля назвала яго Грамадзянінам году. У 1986 г. новы Дом інвалідаў быў прысьвечаны яму ў ягоны гонар. Ягоны партрэт усё яшчэ вісіць у ўходнай залі Дому інвалідаў, хоць знак «Зарэзэрвавана для д-ра Смаршчка» зьнік із яго месца паркаваньня.
«Я сам зьняў гэты знак у апошні дзень свае працы», - сказаў ён.
Хлапчук із сялянскае гаспадаркі ў Польшчы, якому сьнілася стацца карысным лекарам, асягнуў сваю мэту зь лішкамі. Ён ратаваў жыцьці, папраўляў здароўе, узгадоўваў маладую мэдычную супольнасьць і абараняў апеку над перастарэлымі. I ён чыніў гэта ўсё з добрым гумарам і вялікаю скромнасьцьцю.
«Ён самы шчыры джэнтэльмэн, якога вы калі захочаце ведаць», — кажа Швентак.
Смаршчок заўсёды спяшаўся хваліць здольнасьці тых, што яго акружалі. Калі адчыніўся новы, пашыраны Дом інвалідаў, Смаршчок аднёс яго поспех да сясьцёрскага штату.
«Патрэбны былі людзі, якія маглі зрабіць больш, чым было іх абавязкам, і мы іх маем», - сказаў Смаршчок.
Сапраўды так. Мантысэля мела асабліва аднаго чалавека за апошнія 60 гадоў.
«Ён вялікі чалавек, — сказала Крол. - Я ня думаю, што хтосьці яго заменіць».
(Пераклад з ангельскай)
2000
