|
Анатоль Белы
«АНІКОЛІ К ТАБЕ НЕ ВЯРНУСЯ...»
Мацвей Рэпкаў-Смаршчок (Анатоль Бярозка) нарадзіўся 19 лютага 1915 года ў вёсцы Падлессе былой Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў пачатковай школе ў Падлессі, у Ляхавічах, у Баранавічах (гімназіі і ліцэі), а пасля ў Віленскім універсітэце на медыцынскім факультэце да 1939 г. Прымаў актыўны ўдзел у беларускім студэнцкім і грамадскім руху. Вершы пачаў пісаць рана, друкаваўся на старонках часопісаў «Шлях моладзі», «Зарніца», «Калоссе», у газеце «Крыніца» і інш. З успамінаў вядомага грамадскага дзеяча Антона Шукелойца, які жыў сумесна з Мацвеем Рэпкавым-Смаршчком у Вільні ў Стараверскім раёне ў невялікім утульным пакойчыку: «У гэтым пакоі Бярозка пасля лекцыяў і працы (асістэнт прафесара на кафедры фізіялогіі Віленскага універсітэта) рэдагаваў часопіс «Шляхам моладзі», бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды ж прыносіў Бярозка на разгляд і пераапрацоўку матэрыялы з часопіса «Калоссе», сябрам рэдкалегіі якога ён быў. Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтым жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс «3-за плоту», у выпуску якога прымалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс, і я». Арыгінал часопіса «3-за плоту» знаходзіўся ў музеі Івана Луцкевіча, выйшла тры нумары часопіса.
В а ўспамінах Максіма Танка ад 28 мая 1936 г. ёсць колькі слоў і пра Анатоля Бярозку. «...У рэдакцыі «Калоссе» Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур'ёзны паэт, калі б мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў...»
Пасля верасня 1939 г. Анатоль Бярозка прыпыняе сваю паэтычную і грамадскую дзейнасць, так як ім пачало цікавіцца НКУС. Пераязджае ў Івацэвічы і працуе лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы, а пасля ў Шнек. У часы нямецкай акупацыі працуе
лекарам у Баранавіцкім шпіталі, а таксама кіраваў медычнаю школаю. У 1944 г. Бярозка выязджае ў Познань, дзе жылі яго бліжэйшыя сваякі. Заходзіць да іх на кватэру, а там засада гестапа. Пры вобыску знайшлі кнігі рэпрасаванага паэта Язэпа Пушчы, якія Анатоль Бярозка перахоўваў па даручэнні рэдактара часопіса «Калоссе» Янкі Шутовіча. Гэта з'явілася падставай адправіць Анатоля Бярозку ў канцлагер Нордгаузэн. Пасля вызвалення жыў некаторы час у Германіі, потым пераехаў у ЗША. Як лекар Мацвей Рэпкаў-Смаршчок вядомы ў ЗША, яго імя прысвоена аднаму з дамоў пенсіянераў у штаце Мінесота. У 1989 г. быў выдадзены зборнік вершаў А. Бярозкі «Адзінаццаць вершаў» на беларускай мове з паралельным перакладам на ангельскую. У апошнія часы некаторыя вершы А. Бярозкі з гэтага зборніка друкаваліся ў часопісе «Маладосць» (№ 4, 1992), а таксама ў кнізе «Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі». На Бацькаўшчыне ўжо стала даволі вядомай песня «Жураўлі лятуць» на словы А. Бярозкі, музыка Зміцера Яўтуховіча, дзякуючы выкананню ансамбля «Сябры» пад кіраўніцтвам Анатоля Ярмоленкі, а таксама песня «Эпілог» на музыку Галіны Смоляк. Сярод беларусаў Амерыкі вядома песня «Асенняе лісцё» ў выкананні Данчыка, тэкст якой з ангельскай мовы пераклаў А. Бярозка. Прапануем вашай увазе гэты пераклад, а таксама верш «Эпітафія». Гэты верш паэт пачаў пісаць, калі даведаўся (з вялікім спазненнем), што яго адзіны брат, які быў змабІлізаваны ў Чырвоную Армію, загінуў у 1943 г., абараняючы Мурманск, а завяршыў яго ў 1988 г., калі меў цяжкую аперацыю на сэрцы і ўжо не думаў, што выжыве. I верш, і пераклад нідзе не друкаваліся.
1994
"ПЛАЧ СЭРЦА МАЙГО..."
Паэзія Анатоля Бярозкі — гэта плач душы. У ягоных вершах адбілася і трагедыя беларускага народа, калі на нашых курганах «вякамі здабычу дзялілі чужыя багі, а цары і крывавыя іх алтары дыміліся доўга - нашай крывёю». I нязьдзейсныя мары беларусаў, кволыя іскры «аб шчасьці і долі», аб тым што «папараць-кветка мая расьцвітае ды вяне» вы знойдзі'е ў ягоных вершах, і людзкую роспач...
Калі чытаеш паэзію Анатоля Бярозкі, то чамусьці узгадваеш творы Кафкі. У сусьветнай літаратуры кафканскія творы пры ўсём сваёй містычнасьці амаль што найтрагічнейшыя. У беларускай-жа літаратуры прыгадваецца паэзія Ул. Дубоўкі, вершы якога ёсьць сінтэз трагізму і надзеі.
Адзінаццаць вершаў Анатоля Бярозкі, якія складаюць невялікую кніжку «Адзінаццаць вершаў», што выдаў Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок, зараз маюць працяг. У газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны новы верш Анатоля Бярозкі «Эпітаф», а таксама пераклад з ангельскай мовы «Асеньняе лісцё». Прадмову да гэтых вершаў напісаў Анатоль Белы. Ніжэй мы друкуем думкі, навеяныя гэтымі творамі.
