|
Антон Шукелойць
НЕКАЛЬКІ ШТРЫХОЎ ДА ПАРТРЭТА АНАТОЛЯ БЯРОЗКІ
У пачатку гэтага году ў кнігарнях Менску зьявілася кніга паэзіі беларускай эміграцыі «Туга па Радзіме». Гартаю гэтае выданьне, перад вачыма знаёмыя ўжо імёны: Натальпя Арсенънева, Вінцук Адваэісны, Алесь Змагар, Янка Золак, Уладзімір Клішэвіч, Уладзімір Дудзіцкі, Рыгор Крушына, Хведар Ільяшэвіч, Янка Юхнавец, Масей Сяднёў, Алесь Смаленец, Алесь Салавей, Сяргей Ясень і Анатоль Бярозка. Якім-жа доўгім быў іх шлях да чытача Бацькаўшчыны! Наколькіою нечаканым стала адкрыцьцё іхняй паэзіі для яго.
Няпростае вяртаньне гэтых аўтараў у Беларусь тлумачыцца хутчэй за ўсё іх няпростым жыцьцёвым лёсам паэтаў эміграцыі. Многія зь іх зьведалі сталінскія турмы і лягеры. Усе прайшлі празь нялёгкае жыцьцё выгнаньнікаў на чужыне. Лес кожнага з паэтаў эміграцыі заслугоўвае вывучэньня і пераасэнсаваньня. I, пэўна, прыйдзе час, калі зьявяцца грунтоўныя агляды творчасьці і жыцьця ўсіх іх. Сёньня-ж мы хочам расказаць пра аднаго з гэтых паэтаў.
Зьбіраючы матэрыялы аб Віленскай Беларускай гімназіі, Беларускім Студэнцкім Саюзе, я захапілася творчасьцю і асобаю Анатоля Бярозкі. У размовах з д. Вітаўтам Тумашам, Раісай Галяк, Антонам Шукелойцам, Вольгай Сяднёвай, Мікалаем Шчорсам, сёстрамі Будзькамі я прасіла расказаць пра паэта Бярозку. Прапаноўваем вашай увазе ўспаміны Антона Шукелойца.
Сьвятлана Белая
Я пазнаёміўся з паэтам Анатолем Бярозкам у Беларускім Студэнцкім Саюзе ў 1935 годзе, калі паступіў на першы курс гуманітарнага факультэту Віленскага унівэрсытэту. Анатоль Бярозка вучыўся на другім курсе мэдычнага факультэту і быў актыўным сябрам Саюзу. Жыў я зь ім таксама разам. Спачатку, як і многія студэнты, у так званым беларускім доме, што зьмяшчаўся на вуліцы Завальная 1. Гаспадаром гэтага дому быў Ян Пазьняк. Ён-жа быў і рэдактарам беларускай часьці газэты «Крыніца», рэдакцыя якой разьмяшчалася тут-жа. Беларускі дом, акрамя жылых пакояў меў дзьве залі: меншую займаў Беларускі Студэнцкі
Саюз, большую - Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры. У залі Беларускага Студэнцкага Саюзу ўздоўж сьцен стаялі лавы-тапчаны. Днём яны служылі як месца для сядзеньня, ноччу студэнты выкарыстоўвалі іх пад ложкі. Звычайна пасьля 10 гадзіны вечара наш «студэнцкі» пакой на Завальнай пачынаў запаўняцца студэнтамі, якія вярталіся зь бібліятэкаў, лябараторыяў, шпіталёў на начлег. Даставалі мы свае пасьцелі, раскладалі іх на тапчанах і хутка заля ператваралася ў спальны пакой.
Гэта быў вельмі цікавы час, бо беларускі дом пачынаў ажываць. Студэнты дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі падзеі, творы маладых пісьменьнікаў, тут-жа чыталіся новыя вершы. Усе чакалі на прыход Яна Пазьняка, які жыў у гэтым доме, вельмі цікавага і вясёлага чалавека, якога любіла і паважала ўся студэнцкая моладзь. Ян Пазьняк быў майстрам на цікавыя гісторыі з жыцьця беларусаў. Моладзь, якая зьбіралася ў ягоным доме, была пераважна левага кірунку, і таму ён расказваў нам пра лідэра эсэраў Тамаша Грыба, пра Антона Луцкевіча. Зараз узгадваецца такая гісторыя пра Антона, які належаў да масонаў.
У той час вялікім майстрам масонскай лёжы быў рэктар Віленскага унівэрсытэту Віталь Станевіч, вельмі прыхільная да беларускай справы асоба. I вось аднойчы Луцкевіч захацеў завесьці ксяндза Адама Станкевіча ў масонскую лежу. Трэба сказаць, што ў тыя часы для каталікоў быў забаронены ўваход у масонскія лёжы. Асабліва ксяндзам, якіх за належаньне да масонаў маглі пазбавіць сану. Антон Луцкевіч ведаў гэта, але-ж прывёў Адама Станкевіча да дзьвярэй ложы і сказаў яму: «Ведает, куды мы прыйшлі?» «Не», - адказаў зьдзіўлены Адам Станкевіч. «Зараз адчыняцца дзьверы і ты ўвойдзеш у масонскую лежу». Станкевіч, як толькі пачуў гэта, завярнуўся назад. Так гэты «жарт» Антона Луцкевіча і ўвайшоў у гісторыю.
Вось у такой вясёлай атмасфэры праходзілі нашыя вечары. Пэўна, што ў нас былі ня толькі прыемныя хвіліны, бо паліцыя часам рабіла рэвізыі, прыходзіла ў беларускі дом ноччу, будзіла нас і правярала дакумэнты. Каля 30 разоў паліцыя судзіла «Крыніцу» і забараняла яе выдавецтва. Нарэшце, і нам забаранілі жыць у доме, дзе разьмяшчалася беларуская газэта. Усе студэнты мусілі разыйсьціся па прыватных кватэрах. Спачатку я пайшоў на кватэру з Валодзям Клімам, мы знайшлі кут у свайго сябры па фізычнай працы. Той меў хату, але ў вельмі дрэнным раёне. Пажыў там нядоўга, з Анатолем Бярозкам вырашылі разам наняць кватэру. Той ужо працаваў асыстэнтам прафэсара на кафэдры фізіялёгіі Віленскага унівэрсытэту, а я знайшоў часовую працу ва унівэрсытэцкім этнаграфічным музэі. Мы пачалі здымаць кватэру ў Стараверскім раёне. Гэта было вельмі спакойнае, прыемнае месца. Мелі адзін маленькі пакой, дзе стаялі толькі два ложкі і стол, але месца хапала, жылі мы вельмі дружна. У гэтым пакоі Бярозка пасьля лекцыяў і працы рэдагаваў часопіс «Шляхам Моладзі», бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды-ж, прыносіў Бярозка на разгляд і пераапрацоўку матар'ялы з часопіса «Калосьсе», сябрам рэдкалегіі якога ён быў. Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтым-жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс «З-за плоту», у выпуску якога прыймалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс, і я. Часопіс карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод студэнцтва. Ён хадзіў па руках і студэнты перапісвалі яго ў вольны час. Рэдкалегія выпускала толькі два экзэмпляры, усё астатняе былі копіі, зробленыя студэнтамі. Арыгінал «З-за плоту» знаходзіўся ў музэі Івана Луцкевіча. Здаецца, што выйшла два або тры нумары часопіса.
Трэба сказаць, што тыя, хто належыў да Беларускага Студэнцага Саюзу, увесь час знаходзіліся пад наглядам паліцыі. Памятаю, як нам з Анатолем Бярозкам прыйшло паведамленьне зьявіцца на Сьвітанскую вуліцу, дзе знаходзілася палітычная паліцыя, званная «двойкамі». Калі мы атрымалі гэтыя павесткі, вырашылі парадзіцца зь Янам Пазьняком. Ён нас супакоіў: «Задок імі падатрыце». Але неўзабаве новыя паведамленьні зноў прыйшлі да нас. Пазьняк нам раіў: «Не ідзіце». Мы яго паслухалі, але знаёмыя паперкі зноў зьявіліся ў нашай паштовай скрыне. Я вырашыў параіцца з Міколам Шчорсам, старшынёй нашага Саюзу. «Схадзіце, — сказаў ён. — Нічога страшнага не здарыцца, яны хочуць завесьці толькі картатэку на вас».
I вось у адзін дзень я пайшоў на Сьвітанскую вуліцу. Прыйшоў, паказаў сваё кліканьне, запытаўся, у якой справе мяне паклікалі, і пачуў у адказ: «Мы такой карткі да цябе не пісалі, ідзі ў наступны пакой». Зайшоў ў кабінэт, на які мне паказалі, пачаў гаворку: «Паслухайце, Панове, я маю поклік. Да каго мне трэба зьявіцца?». Чыноўнік-паліцай, уважліва паглядзеўшы на мяне, сказаў: «Ня ведаю, але ва ўсякім разе пакліканье ня з гэтага адзелу. Зайдзі ў суседні кабінэт». Там - тая-ж самая гісторыя. Абыйшоў я некалькі кабінэтаў, пакуль, нарэшце, нейкі паліцай ня вывеў мяне навуліцу. Як мы з Анатолем Бярозкам пасьля зразумелі, нас паклікалі, каб пабачыць, хто мы такія, запомніць, як выглядаем, можа ў міжчасе былі зроблены і нашыя фотаздымкі.
З Анатолем Бярозкам я пражыў да канца сваёй вучобы, да 1940 году. Далей нашыя шляхі разыйшліся. Ён паехаў працаваць лекарам Брэст-Літоўскай чыгункі, я ў Ашмяншчыну, арганізоўваць беларускае школьніцтва. У маёй памяці ён застаўся як вельмі рамантычны чалавек, паэт і змагар за агульную справу беларускага Адраджэньня.
1993
