МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

«Дзе моляцца сонцу разоры...»: Па слядах паэта Анатоля Бярозкі // АНАТОЛЬ БЯРОЗКА.

Аўтар: Пранчак Леанід
Кнiга: Бярозка Анатоль. Выбранае.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Леанід Пранчак

«ДЗЕ МОЛЯЦЦА СОНЦУ РАЗОРЫ.

Па слядах паэта Анатоля Бярозкі

Гэтую маленькую кніжачку мне даслаў у 1990 годзе не аўтар, а яго знаёмы. Без даравальнага надпісу і без ніякіх тлумачэнняў. Маўляў, чытай і ўсё зразумееш. Я здзівіўся, але калі прачытаў, то сапраўды зразумеў, што ніякія тлумачэнні тут непатрэбны. Здзіўленне прайшло, засталася радасць ад сустрэчы з цудоўнай паэзіяй...

Той маленькай кніжачкай быў зборнік Анатоля Бярозкі «Адзінаццаць вершаў». У сапраўднасці не зборнік, а сшытак паэзіі. Вершы ў ім былі не надрукаваны, а перапісаны ад рукі прыгожым каліграфічным почыркам.

...А я тут, у месце чужым і далёкім

пад хмарным восені небам

ў мітусні парожняга дня

ды знясіллі дарэмных узлётаў,-

адзін, бязмоўна стаю

а ўдыхаю павевы зімы

І гляджу на лісцё, што пад вокнамі гіне,

І веру, што усмешку маю

данясуць табе хмары.

Беларускі тэкст суправаджаўся ангельскім перакладам і такое суседства ўспрымалася арганічна і натуральна, бо адлюстроўвала рэальную побытавую рэчаіснасць аўтара: амерыканскага грамадзяніна і беларуса па сваім менталітэце. Магія рукапісу і яго беларуска -ангельскі стэрыосаунд, разам узятыя, рабілі надзвычайнае ўражанне.

Гэта быў не смутак і не туга. Гэта быў боль, жывы і несціханы. Гэта былі скупыя мужчынскія слёзы па страчаным шчасці, якое здавалася вечным.

Богам і лёсам аўтару «Адзінаццаці вершаў» было наканавана жыць далёка ад Бацькаўшчыны. Але ён не забыў, хто ён і адкуль.

Памяць і Любоў дыктавалі яму свае радкі, і ём прамаўляў іх - як малітвы: да Бога, да неба, да людзей... У іх — яго шчырае прызнанне, горкая крыўда і пакорнае змірэнне...

I кляну я горкі лес ліхі,

і напружваю ў знямозе сілы...

Ці ж вядуць мае самотныя шляхі

да забытае, бяскрыжае магілы?

Вандруючы па Амерыцы падчас працы над кнігай «Беларуская Амерыка», я напісаў ліст у Мантысэла, дзе жыў паэт, і праз тыдзень атрымаў адказ ад Мацвея Рэпкава-Смаршчка. «Дужа дзякую Вашэці за ліст. Вельмі рад пачуць суседа: вёска Пранчакі недалёка ад Падлесся, дзе жылі мае бацькі, дзе калісьці і я нарадзіўся...» Я быў таксамарады: прыемна спаткаць на чужыне блізкага земляка. Ад маіх Пранчакоў да Падлесся, якое цяпер называюць Вялікім, кіламетры чатыры. Пасля таго, як меліяратары вынішчылі алешнік за нашай вёскай, з тары на Рыгоркавай дарожцы добра відаць суседскія вёскі - Станчыкі, Трабавічы, Улазавічы, а за Улазавічамі ля самага гарызонта туліцца Вялікае Падлессе. Некалі туды хадзілі мае аднавяскоўцы ў сярэднюю школу і ў клуб на танцы. А ў царкву - не. У царкву хадзілі ў Малое Падлессе, што ля Дарава.

З Вялікага Падлесся выйшла ў свет шмат таленавітых людзей. Але найбольш вёска славілася сваімі песнямі. Нідзе ў наваколлі не спявалі так шмат і так прыгожа. Памятаю, мама казала: там людзі не такія, бо галасы іх ад Бога... I гэта праўда. Падлескі хор і цяпер існуе. Можа, не такі вядомы, як раней, але спявае па-ранейшаму цудоўна.

Ад падлескай зямлі напеўнасць і шчырасць паззіі Анатоля Бярозкі, нязмушанасць і меладычнасць яго інтанацыі.

Хацелася пабачыцца з паэтам і пра ўсё распытаць. Але сустрэцца не выпадала. I я папрасіў яго пісьмова расказаць пра свой лес, што ён лічыць патрэбным.

«Праўду кажучы, - пісаў мне М. Рэпкаў-Смаршчок, - я нічога не лічу вельмі патрэбным. Але вось некалькі фактаў. Нарадзіўся 19 лютага 1915 года ў Падлессі. Вучыўся ў гімназіі ў Баранавічах. Паступіў у Віленскі універсітэт і пасля яго заканчэння атрымаў у снежні 1939 года дыплома лекара. Пасля таго, як Вільня была «вызвалена» Чырвонай Арміяй ды з лёгкай рукі Сталіна перададзена летувісам, у Вільні мне нельга было аставацца, і я выехаў у Падлессе. Савецкія ўлады прызначылі мяне лекарам на чыгунцы ў Івацэвічах, а пасля ў Пінску. У часе нямецкай акупацыі працаваў лекарам у шпіталі ў Баранавічах, нейкі час быў дырэктарам беларускае медычнае школы. Калі гітлераўцы зачынілі яе ў 1944 годзе, я выехаў у Познань, дзе меў сваякоў, але там мяне арыштавала гестапа. Гэта тады, як пісаў пра мяне Барыс Сачанка ў сваёй кнізе, я «выехаў у Германію». Відаць, ён не ведаў, што выехаў я пад канвоем у канцлагер Нордгаузэн. Там я страціў свайго бацьку - Васіля Рэпкава-Смаршчка, які апынуўся ў лагеры разам са мной. Маці засталася ў Падлессі і яе пазней закатавалі сталінскія апрычнікі ў канцлагеры ў Лясной. Адзіны мой брат Рыгор загінуў на вайне «за Родину, за Сталина», абараняючы Мурманск. З Падлесся на вайне загінула пяць маладых Смаршчкоў...

- Як на чужыне вам удалося захаваць беларускую мову, застацца Белорусам?

- Здзівіла мяне ваша пытанне. На яго даўно адказаў Францыск Скарына: «З таго языка Бог мяне на свет пусціў...» Я дзіву даюся, як гэта людзі забыліся свае матчынае мовы, жывучы на Беларусі... I па-мойму, Беларусу не трэба ніякае дапамогі астацца Беларусам - ён будзе ім заўсёды, хоцькі-няхоцькі... [...]

Пільна сачу я падзеі на Бацькаўшчыне. Мяне яны радуюць й трывожаць. Радуе, што Беларусь цяпер незалежная. Сумна бачыць, што ёсць людзі, адурманеныя лозунгамі бальшавіцкага імперыялізму, што ізноў цягнуцца пад чужое ярмо...

- Свае першыя вершы вы надрукавалі ў 1930-х гадах. Прыгадайце, калі ласка, як г дзе гэта было?

- Вершы пачаў я пісаць рана - як толькі навучыўся чытаць і пісаць. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў віленскіх часопісах «Заранка», «Шлях моладзі», а пасля яшчэ ў «Калоссі», дзе я быў сябрам рэдакцыйнае калегіі. Падпісваў я тыя вершы псеўданімам — Анатоль Бярозка. Максім Танк успамінаў пазней пра А. Бярозку: «Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур'ёзны паэт, калі б ён змог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў...».

- А як склаўся творчы шлях паэта Анатоля Бярозкі?

- Паэт Анатоль Бярозка памёр у 1939 годзе. А сталася гэта так. Я быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза і разам з некалькімі маімі сябрамі выдаваў рукапісны часопіс «З-за плоту».

У той час паэты з БССР пісалі ліслівыя хваласпевы Сталіну. («Ты сонца для нас, што зямлю асвяціла і ласкай пакрыла палі, гарады...»). Вось жа, у апошнім нумары «3-за плоту» з'явілася «Ода да Сталіна», падпісаная А. Бярозка». Пачыналася яна: «О бацька ўсіх народаў, добры, справядлівы...», а далей ішло: «Хай, бы сухі траснік, трашчаць ўсіх контраў робры на алтары тваім, о Добры...». Ода гэтая трапіла ў рукі агентаў НКУС у часе «вызвалення» Вільні і адзін з іх пачаў дапытвацца, хто яе напісаў і дзе ён, гэты Бярозка. Пытаў ён і мяне. Я сказаў, што не ведаю, а мой добры сябра Усевалад Кароль прыдумаў, што Бярозка загінуў ад нямецкае бомбы, што упала на Антокалі. Можа, так і запісана ў актах НКУС, не ведаю. А неўзабаве Вільня адышла да Летувы, і ніхто больш пра Бярозку не пытаўся. I ён сапраўды памёр: пакінуў пісаць назаўсёды...

— Дык што, паэта Анатоля Бярозкі больш не існуе?

- Але, гэта праўда. Ёсць толькі я, Мацвей Рэпкаў-Смаршчок, стары ды нядужы ужо чалавек.

- Раскажыце, як узнікла задума выдаць «Адзінаццаць вершаў» ?

- У 1989 годзе я сабраў адзінаццаць вершаў са свае сціплае спадчыны, пераклаў іх на ангельскую мову і выдаў невялікаю кніжыцай для Беларускага Інстытута навукі і мастацтва. Пераклады мае перагледзеў і паправіў выкладчык ангельскай мовы Ралф Оўлсан з мясцовай школы. Яму я заўсёды буду ўдзячны.

Да ніякіх пісьменніцкіх суполак я не належу. З простае прычыны - іх тут няма. I не думаю, што належаў бы: я ж не пісьменнік. Ад таго часу, калі прыехаў у ЗШA, я цалкам аддаўся медыцыне. Як мага стараўся быць добрым лекарам. Але ці быў - не ведаю...»

На вялікі жаль, на гэтым ліст абрываўся. Доктар Рэпкаў-Смаршчок палічыў непатрэбным распавядаць пра свае жыццё ў Амерыцы. «Стараўся быць добрым лекарам...». I ўсё. Пасаромеўся з-за сваёй празмернай сціпласці, прамаўчаў. Вырашыў, напэўна, што лепш за яго пра гэта раскажуць дакументы, шматлікія газетныя выразкі аб яго працы, копіі якіх ён даслаў мне разам з лістом. З іх я даведаўся, што ў Злучаныя Штаты доктар Рэпкаў-Смаршчок прыехаў у 1948 годзе. Паспяхова здаў экзамен і атрымаў дазвол на права займацца медыцынскай дзейнасцю. Пачынаючы з 1952 года працаваў доктарам у доме для састарэлых, быў лекарам клінікі пры універсітэце штата Мінесота. Лекарам ён быў выдатным. Гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды, якімі адзначылі яго працу амерыканскія ўлады. Найвышэйшай адзнакай яго паслуг перад Амерыкай стала прысваенне 20 красавіка 1986 года аднаму з дамоў састарэлых у Мантысэла імя доктара Мацвея Смаршчка. Такога гонару пры жыцці ўдастойваюцца толькі вельмі заслужаныя людзі. Цяпер доктар Смаршчок на пенсіі, але яшчэ апякуецца невялікім лікам пацыентаў у доме для састарэлых, дзе ён займае становішча галоўнага доктара...

...Калісьці ён думаў, што з паэзіяй развітаўся назаўсёды. Але ён памыліўся, бо паэзія ніколі не пакідала яго. Гэтаксама, як ні на хвіліну не заціхаў усе гэтыя гады боль па страчанай Радзіме. Ён насіў яго ў сваім сэрцы, як незагойную рану, як патаемную радасць, як часцінку далёкай Беларусі...

1998


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by