|
Алесь Марціновіч
"СЬНІЦЦА ВЕЦЕР З НАД НЁМАНА, ЛАНІ…"
У «Лістках каляндара» Максіма Танка лёгка адшукаць надпіс, датаваны 28 травеня 1936 г.: «У рэдакцыі «Калосьсе» Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца зь яго вырас бы цікавы і сур'ёзны паэт, калі-б мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў».
А. Бярозка - досыць вядомы на той час паэт Анатоль Бярозка. Ён належыў да той кагорты нацыянальна-сьвядомай моладзі, якая выступала супраць паланізацыі, прымала актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці.
Сапраўднае прозьвішча А. Бярозкі - Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок. Нарадзіўся ён 19 лютага 1915 г. у вёсцы Падлесьсе. Колісь гэта была Ляхавіцкая воласьць Слуцкага павету, а цяпер Ляхавіцкі раён.
Як ні даводзілася цяжка, але бацькі змаглі даць сыну добрую адукацыю. Пры тым для свайго часу вельмі прыстойную. Закончыўшы толькі чатыры клясы ў Падлесьсі, Мацьвей працягваў вучобу ў Ляхавіцкай школе, а затым у Баранавіцкай гімназіі. Апаколькі зацікавіўся мэдыцынай, вырашы ў прысьвяціць сябе лекарскай справе, паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага унівэрсытэту. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, застаўся асістэнтам прафэсара на кафэдры фізіялёгіі.
Нават цяжка пэўна сказаць, да чаго ў той час больш гарнулася яго душа. Да мэдыцыны, якая, як пазьней высьветліцца, стане справай усяго жыцьця, ці ўсё-ж да паэзіі. Відаць, пакуль знаходзілася ў душы месца і таму, і другому.
Аднак нельга сказаць, каб паэзія Мацьвею давалася лёгка. Несумненна, талент ён меў і задаткі яго былі немалыя. Аднак паўставала і па сутнасьці традыцыйнае пытаньне: талент, што з табой рабіць? Лягчэй пайсьці шляхам ужо вядомага, знаходзячы ў асэнсаваньні яго нейкія новыя матывы, павароты. I куды цяжэй выбраць уласную сьцяжынку, пазбавіўшыся ўяўнай лёгкасьці і ступіўшы на літаратурны цалік. Мацьвей спачатку спыніўся на першым шляху. Магчыма яму падавалася, што арыентацыя на тых, хто дасягнуў пэўнага посьпеху, і самому прынясе толькі карысьць?
Адным зь любіміўшых паэтаў Анатоля Бярозкі быў Язэп Пушча. Творчасьць гэтага паэта захапляла ня толькі яго. Цэлае пакаленьне моладзі Захадняй Беларусі вырасла пад узьдзеяньнем ягонай паэзіі.
Ня трэба забываць, што кнігі, якія выходзілі ў колішняй Савецкай Беларусі, у тагачасную Заходнюю Беларусь траплялі не I часта, пры тым вельмі нерэгулярна. А часопісы «Зарніца», «Калосьсе», «Шлях Моладзі», газета «Крыніца» й іншыя выданьні, у якіх пачаў друкавацца А. Бярозка, мелі куды большага чытача, а да ўсяго не надта «адукаванага» ў паэзіі. Вершы, што лёгка запаміналіся станавіліся тым духоўным каталізатарам, які дазваляў пазбавіцца непаўнацэннасьці «тутэйшаства», адчуць сябе нацыяй, І ў якой ёсьць і можа быць свая літаратура. А маладыя парасткі яе Іне ўдасца нікому заглушыць, у тым ліку і розным асімілятарам, якія змагаліся супраць усяго беларускага. Ня дзіўна, што пазьней менавіта гэтым вершам «Вядучы матыў» Я. Пушчы Анатоль Бярозка адкрые свой зборнік «Адзінаццаць вершаў».
Эх, веска...
Верасьнёвая прозалаць-кроў.
Ну, чаго-ж так зайшліся цымбалы?
Ці не высеяць хочуць мінудага боль.
Палыном, што ў сэрцы запала?
Завяршэньне-ж твора Я. Пушчы ўспрымалася і сапраўды тым «вядучым матывам».
Дык мае залатыя цымбалы _
Высявайце балючыя зыкы!
Не ўзыйсьці ім у новую весну.
Гэтак грае апошні музыка
Ля вясковых паломаных весьніц.
Бяручы ў сваю прадмову да зборніку словы Пушчы пра «апошняга музыку», А. Бярозка тым самым браў на сабе смеласьць пачынаць пісаць, па сутнасьці, з «чыстага аркуша». Інакш кажучы, у яго хапала рашучасьці і ўпэўненасьці як-бы адасабляцца ад напісанага папярэднікамі, не прымаць яго пад увагу, а калі чаму і вучыцца дык толькі ў паэтаў, не на многа старэйшых за сябе. У нейкай ступені давала знаць тое, што пазьней сфарміравалася ў лёзунг: «са старымі - у рожкі!»
Ды не толькі гэта дамінавала ў тагачасным жыцьці А. Бярозкі. Не займаць яму было й адраджэнцкай дзейнасьці. А як шмат ён рабіў у гэтым кірунку, добра бачна з успамінаў даўняга сябра А. Бярозкі, цяпер вядомага грамадзкага дзеяча ў беларускім замежжы Антона Шукелойца, які меў шчасьце жыць разам зь ім у маладыя гады ў невялікім пакойчыку аднаго з дамоў у Вільні: «У гэтым пакоі Бярозка пасьля лекцыяў і працы (асістэнт прафэсара на кафедры фізіялёгіі Віленскага універсітэту) рэдагаваў часопіс «Шляхам Моладзі», бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды-ж прыносіў Бярозка на разгляд і перапрацоўку матэрыялы з часопіса «Калосьсе», сябрам рэдкалегіі якога ён быў. Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтым жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс «З-за плоту», у выпуску якога прымалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс і я» (Шукелойцъ А. Некалькі штрыхоў да партрэта А. Бярозкі // Полацак. 1993. № 2).
Пра часопісы «Шлях Моладзі» і «Калосьсе» у друку пісалася неаднойчы. Што да рукапіснага гумарыстычнага «З-за плоту», то выйшла ўсяго тры нумары. Яны ў свой час захоўваліся ў Вільні ў знакамітым музэі Івана Луцкевіча. Тым самым можна сказаць, што А. Бярозка меў дачыненьне да беларускай нацыянальнай журналістыкі, акрамя таго зьяўляўся адным з тых, хто надаваў немалое значэньне гумарыстычным (ды, відаць, і сатырычным) жанрам.
Падобная актыўная дзейнасьць маладога навукоўца, не сказаць, каб радавала акупацыйныя польскія ўлады. Ды ўжо ішоў 1939 г, ім было зусім не да таго, каб надта пільна назіраць за справамі, ажыцьцяўленьне якіх ён ставіў справай свайго жыцьця. Інакш павялі сябе савецкія ўлады, калі адбылося ўзьяднаньне Беларусі. На шчасьце, А. Бярозка своечасова даведаўся, што ім цікавіцца НКУС .
Анатоль Бярозка палічыў за лепшае пакінуць Вільню. Пераехаў у Івацэвічы, уладкаваўся лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы. Працававаў і ў Пінску, а калі пачалася вайна быў доктарам у Баранавіцкім шпіталі, а некаторы час кіраваў і аддзелам заразных хваробаў (тыфус). Пазьней падаўся на Захад, у Познані меў блізкіх сваякоў. Але не пашанцавала, трапіў у рукі гестапа. Давялося зьведаць жахі фашысцкага канцлягера Нордгаузэн.
Калі-ж, цудам уцалеўшы, вызваліўся, не сьпяшаўся з гітлераўскага канцлягеру у «родны» сталінскі, застаўся ў Нямеччыне. Затым паўтарыў лес тысяч беларускіх выгнаньнікаў, хто не па ўласнаму жаданьню апынуўся на чужыне — пераехаў у ЗША. Толькі пазьней Анатоль Бярозка даведаўся, што ягоная маці была ўжо ў «бальшавіцкім» канцлягеры, дзе яе і замучылі амаль да сьмерці. У ЗША ён працаваў да выхаду на пэнсію па асноўнай сваёй спецыяльнасьці. За высокі прафэсіяналізм карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. Сьведчаньне гэтаму хоць бы тое, што адзін з дамоў пенсіянераў у штаце Мінесота носіць імя Мацьвея Рэпкава-Смаршчка.
А паколькі хапала штодзённых клопатаў, зьвязаных зь медыцынскай практыкай, то было зусім не да паэзіі. Толькі ў 1989 г., выбраўшы лепшыя са сваіх твораў і дадаўшы некаторыя новыя, вырашыў за свой кошт выдаць кніжку. Так і пабачыў сьвет унікальны зборнік «Адзінаццаць вершаў». У кніжцы творы надрукаваны ня толькі ў арыгінале, але паралельна ў аўтарскім перакладзе на ангельскую мову. Адкрываецца яна ўжо вядомым «Вядучым матывам» Я. Пушчы. Далей ідуць вершы, якія дазваляюць адчуць, наколькі самабытным паэтам мог бы стаць А. Бярозка, калі-б меў куды больш спрыяльныя ўмовы для творчай працы.
Талент настойліва шукаў уласную сьцяжынку, працярэбліваў сабе дарогу, прабіраючыся праз вядомыя матывы, якія беручы ў палон, трымалі вельмі моцна і не хацелі адпускаць ад сябе. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова параўнаць некалькі найбольш характэрных для А. Бярозкі твораў. Безумоўна, з тых, якія ён палічыў патрэбным праз столькі гадоў вынесьці на чытацкі суд, каб не проста вярнуцца ў гады маладосьці, найперш мастакоўскай, якая для яго і стала па сутнасьці вечнай, а каб нагадаць, — ужо новаму пакаленьню, і ня толькі ўнукам сваім, a i праўнукам, што беларуская літаратура значна багацейшая на імёны, чым думаюць яны. Для прыкладу вершы «Ноч каля буды» і «Тысячай воч палымяных...» У абодвух блізкія матывы. Ноч, цемра, а гэта нараджае ў душы лірычнага героя адпаведныя думкі.
Умурзаны месяц выпаўз на мутнае неба,
плюнаў з агідай на хмары анемічным,
жоўтым сьвятлом.
Сёньня месяц у поўні,
ён сёньня на небе тыранам
самаўладным...
Ён зоры топча - круглы,
Жоўты і горды.
Пэўна, што мова тут ідзе не пра месяц, а пра тыя варожыя сілы, якія прыгняталі наш народ: польскія — панскія ды расейска-бальшавіцкія. Пра месяц можна было пісаць у Польшчы, але пра ўладу - цэнзура не прапусьціла-б. Таму прыходзілася прыбягаць да алегорыяў.
У другім вершы, як мне падаецца, малюнак куды больш пераканальны, таму што сама ноч, цемра перасталі існаваць як бы ізалявана, за імі паўстае сама безрадаснасьць, бесперспэктыўнасьць людзкога жыцьця і ў першую чаргу сялянскага існаваньня:
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны,
ў ціхія хаты... ў жорсткія рукі... ў чорны іх хлеб і ў соль.
Шэрыя хаты, цьвёрдыя рукі - маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
I адначасова спадзяваньне на лепшае. Toe спадзяваньне, што прыйдзе праз усьведамленьне, што «магутны боль» маўчыць да пары да часу, а прыйдзе пара і ён абавязкова дасьць аб сабе знаць.
I тады адбудзецца важны сацыяльны зрух, тады народ усвядоміць, нарэшце, што ён народ, а далей трываць не тое што немагчыма, а і недаравальна злачынна. Дзеля ўласнага лесу. Дзеля лесу дзяцей. Дзеля ягонай будучыні. Дзеля свабоды і незалежнасьці Беларусі.
Тым ня менш А. Бярозка ня толькі паэт, схільны да бунтарных матываў. Ён да ўсяго і лірык — чуйны, уважлівы да найтанчэйшых праяўленьняў чалавечай душы. Асабліва, калі перадае пяшчоты пачуцьцяў, якія не заўсёды, могуць належным чынам праявіцца, паколькі той чалавек, на каго яны скіраваны, не гатовы (а можа і не можа) на ўзаемнасьць адказаць узаемнасьцю, на давер — даверам, на каханьне - каханьнем. А ў выніку ў душы разлад, а ў выніку — пакуты, якія так зразумелы кожнаму, хто ўмее кахаць і кахае па-сапраўднаму:
Сягоньня патухла тваё акно...
Ціхі вечар ізноў, як учора:
але сёньня патухла тваё акно...
Гэтаксама неба начное глыбока,
Гэтаксама іскрацца воды ў месячным зьзяньні
і нязменна хвалі цалуюць пясок.
Толькі ўсё гэта страчвае для лірычнага героя свае звычайнае ўспрыйманьне... А ўсё з-за таго, што на вялізнай, агромністай планеце патухла адно-адзінае акно. Верш так і просіцца, каб стаць песьняй. I, думаецца, абавязкова стане, як сталі песьнямі ўжо некаторыя вершы А. Бярозкі. Ці не найбольш вядомая зь іх «Жураўлі лятуць», а гэта верш «Адлёт жураўлёў», пакладзены на музыку Зьміцерам Яўтуховічам. Жыцьцё песьні даў вядомы ансамбль «Сябры» пад кіраўніцтвам Анатоля Ярмоленкі:
А над імі, верасьнёвае сонца гуляе
I лятуць. А пад імі, зь нямою малітваю,
Засынаюць палі ў адзіноце...
А іх крыльлі, сіньню залітыя,
Верасьнёвае сонца залоціць.
Песьняй стаў і верш А. Бярозкі «Эпілёг», музыку да якога напісала Г. Смоляк. Вядома й яшчэ адна песьня, зьвязаная зь імем гэтага паэта - «Асеньняе лісьцё». Верш перакладзены А. Бярозкам з ангельская мовы, а песьню цудоўна выконвае знакаміты Данчык.
Як і многіх зь яго пакаленьня, А. Бярозку не адпускае ад сябе мінулая вайна. Яна прыходзіць ня толькі згадкамі аб перажытым і адгукаецца нязгасным болем аб незваротнасьці страт. I не ў адны сны ўрываецца пастаянна. Ваеннаму ліхалецьцю ў А. Бярозкі ёсьць і ўласны рахунак. У 1943 г. пры абароне горада Мурманска загінуў яго адзіны брат. Сталася так, што пра страту блізкага чалавека ён даведаўся са спазьненьнем. Адразу-ж захацелася выказаць тое, што было на душы, вершаванымі радкамі. I са зьдзіўленьнем адчуў наколькі няпроста яны даюцца. Зразумеў тады: патрэбен час, каб па-сапраўднаму глыбока ўсё ня толькі асэнсаваць, а і пераасэнсаваць. Толькі ў такім разе ўдасца, адштурхнуўшыся ад асабістага гора, перадаць і боль тысяч іншых людзей. I тых, хто страціў блізкіх на вайне, і тых, хто вымушаны быў пакінуць Радзіму, не спадзеючыся калі-небудзь зноў спаткацца зь ёю.
Недапісаны верш быў адкладзены ў бок і не адно дзесяцігодзьдзе чакаў свайго часу.
Да старога рукапісу А. Бярозка вярнуўся толькі ў 1988 г., калі сам апынуўся, як кажуць, на мяжы сьмерці. Перанёс вельмі цяжкую апэрацыю на сэрцы, на ўратаваньне заставаўся вельмі малы шанец. Зразумеў - якраз у гэты момант і неабходна вярнуцца да вершу «Эпітаф», прысьвечаны брату. Радкі зь беларускай народнай песьні, узятыя эпіграфам, нагадалі, што ў аснову твора і пакладзена аўтарам ці не самая балючая старонка зь яго асабістага лёсу:
Бяжы, коню, дарогаю,
бяжы, коню, шырокаю _
к майму сялу, к майму двару,
к вароцікам цісовенькім.
Выйдзе цябе сустракаці
сястра мая й стара мані...
Не каж, коню, што ўбіт ляжу...
А далей... Далей прасочваўся лёс таго, хто знайшоў свой вечны спачын далёка ад роднай зямлі:
Я з дарогаў далёкіх а горкіх аніколі к табе не вярнуся,
дарагая матуля-зямля,
У чужым, няведамым полі мае косьці збутлеюць.
Не ашіача мяне Яраслаўна ў Падлесьсі, родным сяле.
А між радкоў прачытваецца й іншы лёс - лёс самога паэта, які таксама вымушаны быў канстатаваць: «аніколі к табе не вярнуся, дарагая матуля-зямля». I гэта, несумненна, і пра самога сябе гаварыў А. Бярозка:
Пад чужым, глухім дзірваном, што берамем ляжа на грудзі,
сьніцца будзе мне вецер той сьвежы з над Нёмана, Лані, -
і адна толькі скарга ў мяне - што, мяне там ня будзе,
калі ў новую весну ты сустрэнеш свае сьвітаньне.
«Эпітаф» ў зборнік «Адзінаццаць вершаў» не ўвайшоў, упершыню ён быў апублікаваны, дзякуючы А. Беламу, ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (1994, № 28, 15 ліпеня). Па праўдзе кажучы, гэты здавалася-б, таксама ў нечым традыцыйны твор дазволіў зірнуць на А. Бярозку больш пільна. Хоць і напісана ім ня шмат, ён усё-ж Паэт. I меў рацыю М. Танк, калі сьведчыў што «зь яго вырас бы цікавы і сур'ёзны паэт...» Нажаль, станаўленьню А. Бярозкі як творцы, яркай мастакоўскай індывідуальнасьці ва многім перашкодзіў лёс, які ставіўся да яго, як да пасынка. Але тое, што напісана А. Бярозкам, ня лішне ведаць нам сёньня.
1995
