|
Арсень Ліс
ВЯРТАНЬНЕ ДА ПЕСЕНЬ МАЛАДОСЬЦІ
Аб паэзіі Анатоля Бярозкі
Пачну з матыву суб'ектыўнага. Паэтам Анатолем Бярозкай зацікавіўся даўно: як першы раз убачыў яго на здымку паэтаў і арганізатараў «Вечара беларускай паэзіі і песьні», зьмешчаным у часопісе «Беларускі летапіс» за 1936 год. Як ведама, успомненыя культурныя імпрэзы адбываліся ў перадваеннай Вільні. У першым радзе групы інтэлігенцыі адразу пазнаваліся Рыгор Шырма, Міхась Машара, Міхась Васілёк. У другім радзе побач з маладзенькім Максімам Танкам у вочы кідалася постаць гэтка-ж рослага, стройнага юнака, з тонкімі інтэлігентнымі рысамі твару. Подпіс пад фотарэпрадукцыяй абазначыў толькі прозьвішча безь імя «Бярозка». Пазьней, дабраўшыся да заходнебеларускай пэрыёдыкі даваеннага часу (мы, здаецца, яшчэ не ацанілі яе як крыніцы-летапісу культурнага і грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі неардынарнага пэрыяду нашаіі гісторыі) натрапіў і на вершы Анатоля Бярозкі. Пачынаючы з часу заснаваньня літаратурна-навуковага часопісу «Калосьсе» у 1935 годзе, ён стала друкаваўся на яго старонках, аз 1936 г. быў уведзены ў склад рэдакцыі гэтага выданьня. Паэтычны голас Бярозкі быў нягучны, але вылучаўся роздумнай інтанацыяй, культурам верша. Трапляліся радкі, што міжволі запаміналіся, у якіх думка была ўвасоблена зрокава-плястычна, адметна. Як, напрыклад, такія, зь верша «Поле, далёка - шырокае поле...»:
Гэтта, на гэтых курганах
вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і
цары
і крывавыя іх аўтары
дыміліся доўга - нашай крывёю.
Мяне зацікавіў лёс паэта. Ведаў, што жыцьцё многіх зь беларускіх літаратараў ды і простых інтэлігентаў крута абарвалося. Шмат хто зь іх пайшоў у невядомасьць. Рэжымы, што панавалі на беларускай зямлі ў суровым нашым стагодзьдзі, усе без выключэньня, былі зацікаўлены, каб нацыянальна-сьвядомыя адзінкі не памаглі народу асэнсаваць яго сілу і слабасьць, годнасьць і месца сярод іншых народаў у сьвеце.
Дзе дзеўся Анатоль Бярозка, як склаўся яго лёс, - ніхто ня мог адказаць. Дасьведчаная ў жыцьці нашай даўнейшай, даваеннай інтэлігенцыі Людвіка Антонаўна Войцік успомніла адно, што ў канцы 1920-х гадоў, калі яна выдавала дзіцячы часопіс «Заранка», Бярозка карэспандэнтаваў з выданьнем, а сапраўднае прозьвішча паэта Смаршчок, па прафэсыі ён лекар і яшчэ падчас вайны працаваў доктарам ні то ў Баранавічах, ні то ў Ляхавічах, у тых краях, адкуль і быў родам.
Яўген Іванавіч, незабыўны Максім Танк, цёпла адазваўся пра Бярозку як паэта і чалавека, пашкадаваў, што невядомасьць, час забралі, скралі ад нас так многа. Успомніў, як недарэчна загінуў яшчэ адзін літаратар-медык, што друкаваўся ў заходнебеларускай пэрыядыцы, доктар Шыран.
Апошнім часам, калі сьвет нам шырэй адкрыўся і мы яму бліжэй сталі, загаварыў я неяк зь Лявонам Казырам, ці ня чуў ён што-небудзь у сваіх падарожжах па Канадзе й Амэрыцы пра паэта Анатоля Бярозку. Аказваецца, чуў. Сказаў, што паэт яшчэ жывы, а праз пару дзён прынёс і падараваў невялічкі зборнік «Адзінаццаць вершаў», дзе зьмешчана сапраўды 11 тэкстаў паралельна ў беларускай і ангельскай мовах. Выдадзены зборнічак у 1989 годзе ў Мінэсоце самім аўтарам. Сьветла падумалася: новыя вершы. Ажно высьветлілася, амаль усе тыя, што некалі, гадоў 60 таму, друкаваліся ў «Калосьсі». З публікацыяў у «Шляху Моладзі» не ўзята амаль нічога: строгі адбор. Практычна паэтава муза замоўкла даўно, хоць сам Смаршчок-Бярозка жыў, здароў на дзевятым дзесятку веку.
Дзякуючы руплівасьці, сьветлай памяці Барыса Сачанкі, выдадзенай ім анталёгіі паэзіі беларускай эміграцыі, публікацыям Анатоля Белага ў ЛіМе і Ірыны Багдановіч у дадатку бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», напісанае Анатолем Бярозкам становіцца здабыткам, калі не шырэйшай чытацкай публікі, то прынамсі, літаратуразнаўцаў, аматараў паэзіі. Нарэшце, надыйшоў час вершатворчасьць таленавітага паэта ўвесьці ў кантэкст нацыянальнай беларускай мастацкай культуры. I маё паведамленьне ў часопісе «Полацак» - адна з такіх спробаў.
Вершы васемнаццацігадовага Анатоля Бярозкі ў часопісе «Шлях Моладзі» навеяны перажываньнямі, зьвязанымі з кругаваротам у прыродзе. У адрозьненьне ад бальшыні пачаткоўцаў юны вершатворца ўдала пазбягае апісальніцтва. Яму часам больш, часам менш самастойна ўдаецца асэнсаваць і перадаць у вобразах зімовую стынь, задуму восені. Характэрна, прыродны матыў нават часам разгорнуты, здавалася-б у самастойную карціну аказваецца толькі настройкай, разгорнуты экспазіцыяй для перадачы грамадзянскага перажываньня маладога паэта. Так, верш «Ноч навісла над соннай зямлёй», у аснове якой - абразок вялікоднай ночы, заканчваецца зваротам да беларуса:
Званы ускрасеньня б'юць...
Ці чуеш брат-Крывіч?
Гудуць званы, гудуць..,
Свабоды кліч!..
Збудзісь, Крывіч!
Званы ускрасеньня б'юць.
У пейзажнай лірыцы Бярозка амаль скрозь выдае сваю грамадзкую заангажаванасьць, а пры мастацкай неспрактыкаванасьці гэта іншы раз абарачаваецца публіцыстычнай адкрытасьцю, як у вершы «Восень», дзе плач асеньняга ветру з дажджамі ў паэта асацыяцыруецца з плачам маці Зямлі «на мінуўшчыны слаўнай магіле, над калыскай прадажных сыноў». Трэба зазначыць, што ўжо напачатку творчасьці Анатоль Бярозка імкнецца разнастаіць форму верша. Сярод апублікаваных ім у 1934 годзе ў тым-жа маладзёжным часопісе твораў сустракаецца дасканалая монастрафа «Бліснула зор чарада» і прыстойны санэт «Жаўранак», апошнія два трохрадкоўі якога, дарэчы, нясуць сацыяльны грамадзкі зарад:
Дык хай яна льецца песьня у блакіты!..
Няхай прабудзіць родныя палі,
Пацешыць тых, хто доляю прыбіты,
Затоптаны, сагнуты да зямлі,
Каб усталі волаты ў бой адкрыты
I горкіх сьлёз век цэлы не лілі!..
У цэлым грамадзянская лірыка Анатоля Бярозкі разьвівалася ў агульным рэчышчы заходнебеларускай літаратуры 1930-х гадоў, у якой аб'ектыўна акцэнтаваліся сацыяльныя матывы. Апазыцыйнасьць беларускай інтэлігенцыі паноўчаму рэжыму даваеннай Польшчы вынікала з самой рэчаіснасьці, стымулявалася палітыкай дзяржавы, скіраванай на дэнацыяналізацыю і сацыяльны прыгнёт асноўнай масы жыхароў краю. Элементамі палітыкі польскай дзяржавы на заходнебеларускіх землях былі: кансэрвацыя статусу буйно га памешчыцкага землеўладаньня, насаджэньне асадніцтва як інструмента каланізацыі этнічна няпольскіх земляў, забарона беларускай асьветы як падставы росту нацыянальнай сьвядомасьці, кансалідацыі народу на груньце беларускай ідэі.
Беларускі асьветнік і грамадзка-палітычны дзеяч, на жаль, яшчэ як сьлед намі неацэнены, Аляксандр Уласаў у сваім апошнім лісьце да Антона Луцкевіча напярэдадні верасьнёўскіх падзеяў 1939 г. злачынствам польскай улады называе асьветную палітыку Польскай дзяржавы ў дачыненьні да маладых пакаленьняў беларусаў. Аказваецца, згодна тайнага цыркуляра Міністэрства асьветы і веравызнаньняў, паступіць у гімназію, атрымаць сярэднюю адукацыю мела права ня больш 5% беларусаў. Нацыянальная беларуская школа за 20 год польскага панаваньня на заходне-беларускіх землях была практычна зьнішчана. Да 1939 г. датрывала адна Віленская беларуская гімназія, заснаваная ў лютым 1919 г. і ахвярна датрыманая беларускай пэдагагічнай элітай да 1945 г.
Сярэдзіна 1930-х гадоў, час прыходу ў літаратуру М. Танка, А. Бярозкі, С. Хмары, у грамадзкім жыцьці Заходняй Беларусі пазначаны агульным пазмрачненьнем палітычнага гарызонту, далейшым зьбядненьнем вёскі, якая цярпела ад малазямельля і збытку працоўных рук, Грамадзкая атмасфера ўскладнялася ад фатальнай палітычнай дыферанцыяцыі, драбленьня сіл некалі адзінага нацыянальна-вызваленчага руху. Элементы дызарыентацыі ўносіліся падзеямі ў Савецкай Беларусі, дзе пачалося нечаканае, нябачна жорсткае прасьледаваньне ўсяго беларускага. Удар гэты быў тым цяжэйшы, што на Савецкую Беларусь 1920-х гадоў людзі на Захад ад польска-савецкай мяжы прывыклі глядзець як на агульны Дом беларусаў. Невыпадкова на зломе 1920-1930-х дзесяткі тысяч заходнебеларускіх хлопцаў і дзяўчат праз зялёную граніцу памкнула на Усход у пошуках адукацыі і працы.
Да гонару прадстаўнікоў літаратуры Заходняй Беларусі трэба сказаць, што абсалютная бальшыня іх у той суровай рэчаіснасьці не страціла галоўных грамадзкіх арыенціраў, хоць натуральна, у асобных не абыйшлося без пераацэнкі некаторых каштоўнасьцяў.
Анатоль Бярозка ярка абазначаных драматычных перажываньняў у сваёй паэзіі не выявіў. Аб'ектам ягонай паэтычнай выявы была вёска, зямля, узгадаваўшая яго як чалавека і паэта. Не схільны да патэтыкі, гучнага выразу, а хутчэй да роздуму, медытацыі, паэт малюе вобраз вячэрняга поля, песьні, што «з грудзей набалелых па струнах вечара мкне», курганоў -аўтароў, дзе «чужыя багі і цары вякамі здабычу дзялілі». I ціха выказвае сваё прызнаньне, толькі на момант узвысіўшы голас:
Хаты - бедныя, цёмныя... Пад вашымі стрэхамі соннымі
Сэрца маё вашай доляй жыве, вашым болем сумуе...
Вечар пад стрэхамі сьніць сваю думу-тугу векавую...
З думай-песьняй ад хатаў шырока-разгоннаю.
Вечар, сзрца, магілы і поле зьліліся ў адзіны псалом - Крывія!..
Вера паэта абаперта на трывалы грунт, яна арганічна зьлілася ў яго сьвядомасьці з роднай зямлёй, людзьмі, чыя «чорная доля як чорны хлеб». Начная медытацыя паэта ў вершы «Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начною» — адначасна малітва і вера ў будучыню народу:
Ноч шапталася зь ветрам... За полем шырока ўзгараным
шэрыя хаты, бедныя стрэхі ў зьнямозе паснулі;
у стрэхі неба ўпілося зьзяньнем зор палымяных...
Ноч шапталася зь ветрам... Так ціха... Ня чулі
сонныя стрэхі пахілыххат, закарэлыя рукі;
бо цяжкі мазоль тых рук, як цяжкія скібы ральлі:
чорная доля, як чорны хлеб... У ёрмы прынукі
доўгіх вякоў ланцугі волатаў моц упраглі.
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны,
у ціхія хаты... у жорсткія рукі, у чорны іх хлеб і соль.
Шэрыя хаты, цьвёрдыя рукі - маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
Вобразная атрыбутыка паэта не вызначаецца асаблівай арыгінальнасьцю, але ў сутнасьці свая, адметная. Энергічная, пры роздумнасьці тэксту, мускулістая рытміка робіць плястыку вобразаў выяўленча асязальнай. Галоўную думку паэт умее выказаць лаканічна -вобразна, увасобіць мэтафарычна:
Чуй. Сырыя грудзі зямлі, напоены потам мужычым,
доўга кроў - гарачую чырвань - цадзілі ў росьцьвіту бель;
хаты, ўрослыя ў чорную гразь, закарэлыя ў болі
векавою тугою набраклі да сабраці суляць жніво
там дзе косьці нямыя бацькоў парахнеюць пад мохам.
А калі над вясною замучанай зашапоча яблыні цьвет _
на галіны, на май ацярушыцца бельлю;
калі ветрам у твар запахне - тады ятрацца раны,
тады будзяца песьні пра сілу і гнеў, а рукі гатовы
заўтрашні дзень адчыніць сабе стальлю.
Я малюся за гэтакі дзень Богу маіх патомкаў.
Сярод паэтычных здабыткаў Анатоля Бярозкі выразна дамінуюць грамадзяйскія матывы, вылучаюцца вершы філязофскага зьместу («Адна сьмерць», «Ноч каля буды»). Ёсьць у лірыцы Бярозкі й інтымныя тэксты. Між твораў інтымнай лірыкі асаблівай пранікнёнасьцю, спавядальным настроем характарызуецца верш «Сягоньня патухла тваё акно». Твор глыбока і тонка ўвасабляе суб'еткыўны сьвет паэта, яго інтымнае перажываньне. У ім пазначана вобразныя рэалія, названа рака, якая зьвязвае паэтычнае перажываньне лірычнага героя (аўтара) зь Вільняй, горадам маладосьці паэта.
Зь пейзажнай лірыкі ў свой адзіны зборнік паэт уключыў адзін толькі твор «Адлёт жураўлёў», невыпадкова ўзяты Сачанкам у анталёгію. Бярозка ў ім артыстычна карыстаецца колерамі і танамі восені, каб стварыць высокапаэтычны малюнак. У вершы дамінантны апалонаў пачатак.
Верасьнёвае сонца гуляе
На іх крыльлях - і ціха, тужліва
Крыльлі йграюць у ветры моў струн пералівы
Над іржышчам пустым, над гаем.
Вольны покліч далёка нясецца
Ў паднябесных сініх шляхох...
Там, далёка дзесь, родны астаўся парог _
Асталося вернае сэрца.
I лятуць. А пад імі, зь нямою малітваю,
Засынаюць палі ў адзіноце...
A ix крыльлі, сіньню залітыя,
Верасьнёвае сонца залоціць.
Адзінаццаты верш, якім завяршаецца адзіны зборнік Анатоля Бярозкі, твор, напісаны паэтам па-за межамі Заходняй Беларусі. Па сутнасьці гэта маленькая элегія. Паэт даў ём назву «Эпілёг». Характэрна, эпіграф, узяты да твора, што пачынаецца радком «Абяздолены мой стромы шлях», пазычаны з «Узвышша». Своеасаблівай рэмінісцэнцыяй зь Язэпа Пушчы і пачынаецца зборнічак Бярозкі. Такая настройка ліры паэта сьведчыць аб эстэтычнай і ідэйнай арыентацыі Анатоля Бярозкі на паэзію ўзвышэнцаў зь яе устаноўкай на культурную нацыянальную глебу, імкненьне узняць беларускую літаратуру да роўня агульначалавечых мастацкіх здабыткаў.
Сьціплыя паэтычныя набыткі Анатоля Бярозкі, ягоны чалавечы лёс, жыцьцёвыя абставіны не спрыялі рэалізацыі яго паэтычнага таленту да канца. Тым ня менш у паэта назбіраецца дзесятак вершаў, здольных узбагаціць уяўленьне чытачоў і спэцыялістаў аб беларускай паэзіі, рэпрэзэнтаваць яе ў анталёгіях і хрэстаматыях.
1997
