МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Канваліі Радзімы: Беларуская ліра Анатоля Бярозкі // АНАТОЛЬ БЯРОЗКА. ВЫБРАНАЕ

Аўтар: Багдановіч Ірына
Кнiга: Бярозка Анатоль. Выбранае.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ірына Багдановіч

КАНВАЛІІ РАДЗІМЫ: БЕЛАРУСКАЯ ЛІРА АНАТОЛЯ БЯРОЗКІ

Паэтычнае імя Анатоля Бярозкі засвяцілася на літаратурным небасхіле Беларусі ў 1930-я гады, упрыгожыла старонкі заходне-беларускага друку і нібы растварылася ў бязмежным і катастрафічным для лёсаў прыватных людзей космасе грамадска-гістарычнага жыцця XX стагоддзя. Нямала часу пройдзе, пакуль у далёкім заакіянскім горадзе Мантысэла, ў амерыканскім штаце Мінесота, зноў з'явіцца ў 1989 годзе гэтае імя на тытуле невялічкай, сціпла, але з густам аформленай паэтычнай кніжкі з простай назвай «Адзінаццаць вершаў» - «Eleven Poems», якую выдаў, як пазначана ўнізе, Мацьвей Рэпкаў-Смаршчок з паралельным тэкстам на англійскай і беларускай мовах. Толькі вузкае кола людзей ведала, што выдавец і аўтар гэтай кнігі - адна і тая ж асоба. Гэта было так і не так, бо Анатоль Бярозка як паэт заставаўся ў той далёкай даваеннай рэчаіснасці на старонках віленскага друку 1933-1939 гг. А Мацей (Мітрафан) Смаршчок стаў сучасным знакамітым амерыканскім лекарам, заслужаным доктарам медыцыны, імя якога нададзена аднаму з карпусоў медыцынскага комплексу ў г. Мантысэла. Лес склаўся так, што з першай ваеннай хваляй эміграцыІ ён апынуўся ў Германіі, а затым у Злучаных Штатах Амерыкі, працягнуў там лекарскую практыку, стаўшы аўтарытэтным прафесіяналам-медыкам, вызначыўшыся сваёй гуманітарнай актыўнасцю, дапамогай чарнобыльскім дзецям. I ўсё ж паэта і лекара яднае адзіны чалавечы лёс, падобны да лёсу славутага Францішка Скарыны, які таксама злучаў у сваёй асобе гуманіста-кніжніка, што дбаў аб духоўным здароўі людзей, і доктара, што лекаваў іх цялесныя немачы, будучы адарваным ад бацькаўшчыны вандроўнікам -пілігрымам. Мусіць, Скарына і прадвызначыў яшчэ тады, у сваім часе, «архетып» адукаванага і адухоўленага беларуса, талент якога застаецца не запатрабаваным на бацькаўшчыне, хоць яна заўсёды прысутнічае ў яго сэрцы, думках, справах. Імя Анатоля Бярозкі — Мацея Смаршчка з сённяшнега гледзішча самавіта і годна ўпісваецца ў шэраг бліскучых імёнаў беларускіх асветнікаў-гуманістаў XX стагоддзя. У даваеннай Вільні малады паэт Анатоль Бярозка прыносіў у рэдакцыю саліднага тагачаснага часопіса «Калоссе» свае вершы, рэдактар Янка Шутовіч праглядаў іх і даваў у друк, а будучы лекар Мацей Смаршчок у гэты ж час студэнтам наведваў заняткі на медычным факультэце Віленскага універсітэта. Нарадзіўся ён 19 лютага 1915 года ў вёсцы Падлессе былога Баранавіцкага павета, цяпер Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці. За плячыма яго ўжо была пачатковая школа ў роднай вёсцы і ў Ляхавічах, вучоба ў баранавіцкай гімназіі і ліцэі. Сапраўднае імя маладога чалавека было настолькі каларытным, што найлепшы псеўданім проста цяжка было прыдумаць — яно гучала амаль як Мацей Бурачок (нездарма ж, мусіць, у пазнейшы час, стаўшы ўласным выдаўцом, ён дадаў да прозвішча прыдомак Рэпкаў, які яшчэ больш асацыятыўна збліжаў яго з другім багушэвічаўскім псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава). Аднак у творчых пошуках віленскага перыяду, відаць, не багушэвічаўская будзіцельная паэтычная традыцыя прываблівала маладога паэта, а эстэтычныя вяршыні мастацкай палітры Максіма Багдановіча з яго ўстаноўкай на «чыстую красу», на выяўленне непрыкметнага, але незвычайнага хараства рэчаў і з'яў, сярод якіх найпрыгажэйшай, хоць някідкай і гаротнай, здавалася бацькаўшчына. У сістэме такіх мастацкіх каштоўнасцей найбольш удалым было б літаратурнае імя адпаведнага эстэтызаванага кшталту, якому А. Бярозка, здаецца, прыемна пасавала. Эстэтызацыя рэчаіснасці становіцца яго асноўнай мастакоўскай задачай, таму бясспрэчна блізкай і прывабнай была для яго таксама вытанчанасць паэтычнай фразы ў Ігната Канчэўскага і сугучныя яго настроям чулліва-прыгожыя тоны ліры Наталлі Арсенневай. Менавіта іх абодвух называлі найлепшымі паэтамі з тых, хто яшчэ заставаўся ў Вільні ў канцы 1930-х гадоў. Так, у прыватнасці, пісала віленская газета хрысціянскіх дэмакратаў «Крыніца»: «Другім выбітнейшым (пасля Н. Арсенневай - І. Б.) беларускім літаратарам, які астаўся ў Вільні, - ёсць А. Бярозка. Бярозка студ'юе на Віленскім універсітэце. Канчае медыцынскі факультэт, пры гэтым факультэце адначасна працуе як асістэнт. Паэт паходзіць з Баранавіцкага павету, які цяпер далучаны разам з усёй Заходняй Беларуссю да Савецкай Беларусі». Гэта былі першыя друкаваныя біяграфічныя звесткі пра паэта і адначасова сведчанне, што некаторы час пасля ўз'яднаня Беларусі ён яшчэ заставаўся ў Вільні. Пасля 1939 года публікацыі твораў і ўсякія звесткі аб Анатолю Бярозку знікаюць са старонак віленскай прэсы. Гэта была характэрная дата, якая для многіх беларускіх нацыянальных дзеячаў стала паграніччам паміж жыццём і смерцю: сталінскія карныя органы палявалі на свядомую і актыўную заходнебеларускую інтэлігенцыю, дабраўшыся да яе пасля вераснёўскага «вызваленчага» паходу. Зусім верагодна, што такі лес мог напаткаць і Анатоля Бярозку. Гэтая містыфікацыйная версія нават была выказана ў беларускім друку: «Пасля верасня 1939 г. сляды А. Бярозкі губляюцца. Яго расшукваў НКУС. Сябра Анатоля, Мацей Смаршчок, які жыве ў ЗША, лічыць, што Анатоль Бярозка, мабыць, загінуў у засценках НКУС, а яго прах знаходзіцца ў Курапатах». Так, як бачна, са спасылкай на самога аўтара, у друку замацоўваўся міф аб паэце і выдаўцы як аб дзвюх розных асобах, і сваю трагічную ноту ўносіла ў яго адкрытая тады для грамадскасці Зянонам Пазняком тэма Курапатаў — месца злачынных сталінскіх расстрэлаў пад Мінскам. Такая версія ў беларускай даваеннай рэчаіснасці была цалкам магчымай і жудаснай у сваёй штодзённай звычайнасці, бо рэпрэсіі з канца 1920-х гадоў станавіліся ўжо масавай з'явай: карная машына набірала абароты, і ёй было патрэбна, каб «ворагаў народа» станавілася ўсё больш. Для Анатоля Бярозкі ў той час можна было таксама прыдумаць «віну» - ён, напрыклад, не ўслаўляў у сваіх творах савецкую рэчаіснасць, а па светапоглядзе быў блізкі да кола хрысціянскіх дэмакратаў, якіх не шанавалі ў савецкай Беларусі прынамсі да 1990-х гадоў. Светапоглядны накірунак Бярозкі становіцца зразумелым з рэплікі Максіма Танка, якую той прыводзіў у сваіх успамінах: «У рэдакцыі «Калоссе» Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур'ёзны паэт, калі б мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў...». Вядомы сваёй камуністычнай арыентацыяй, савецкі паэт Танк нават і блізка не дапускаў думкі, што ў рэчышчы іншага светаўспрыняцця можа адбыцца цікавы і сур'ёзны творца. I ці не шаноўнага рушгіўца-асветніка ксяндза Адама Станкевіча, які спазнае сталінскі ГУЛАГ і загіне ў ім, меў на ўвазе класік садрэалізму, калі пісаў пра «апеку духоўных айцоў»? Ён нават не мог уявіць, што такая апека была для А. Бярозкі і дзесяткаў іншых заходніх беларусаў не заганай, а шчасцем!

А таксама шчасцем было тое, што паэт усё ж не трапіў у крывавыя рукі энкавэдзістаў, выжыў у ваенных катавасіях стагоддзя, змог як найпаўней развіць і рэалізаваць свой іншы талент, падораны Богам, - талент медыка, Лекара ў найвышэйшым сэнсе гэтага слова. Ён стаў цяпер найбольш і пераважна доктарам Мацеем Смаршчком, а паэт Анатоль Бярозка з гэтага часу на самой справе трапіў пад яго талерантную апеку. Паэтычны голас А. Бярозкі прагучаў яшчэ раз у 1955 годзе ў нью-йоркскім беларускім часопісе «Конадні» - там з'явіўся яго верш пад назвай «Ліст да маці: Пераклад з забытага», а ўнізе стаяла дата «кастрычнік, 1949». Гэта сапраўды быў «пераклад з забытага», бо ў віленскай «Крыніцы» ў 1939 годзе быў надрукаваны пераклад А. Бярозкам верша Здэнка Нажычкава «Пісьмо да маці», настальгічным парафразам (варыяцыяй) якога стаў новы твор. Бліскучы талент перакладчыка выявіўся ў Анатоля Бярозкі яшчэ раз тады, калі ён пажадаў данесці таксама да амерыканскага чытача святло сваёй беларускай душы і зрабіў пераклады ўласных вершаў віленскага перыяду на англійскую мову, а больш дакладна - перастварыў іх у іншамоўнай абалонцы. Гэта быў таксама значны крок яго агульнагуманітарнай дзейнасці, накіраванай на збліжэнне і паразуменне двух народаў, раздзеленых не толькі акіянам, але і рознасцю культурных цывілізацый. На выхад паэтычнай кнігі Анатоля Бярозкі «Eleven Poems» адгукнуўся рэцэнзіяй у нью-йоркскай газеце «Беларус» яе рэдактар і таксама, як А. Бярозка, паваенны пілігрым-эмігрант з Беларусі доктар гісторыі Янка Запруднік. Ён даў тонкае і праніклівае прачытанне Бярозкавых твораў, адчуўшы і мінорнасць іх тону, і вечныя матывы тугі па прыгажосці і дасканаласці, закутых ланцугамі нядолі і людскога гора: «Аўтар жыве ў свеце восеньскім, вячорным і начным, калі ягоная душа найглыбей адчувае прыхаванае змрокам маўклівае людзкое гора, ці не адзінай дапамогай якому засталося толькі паэтава спачуванне. Сэрца песняра прагне палёгкі, выбаўлення ад «сабачае долі», але рэальнасць вызвалення кволая, як сон...». Янку Запрудніку, як і Анатолю Бярозку, была добра знаёмай даваенная заходнебеларуская рэчаіснасць, але рэфлексія над нядоляй народа не магла ўсё ж зацьміць імкнення зразумець вечныя каштоўнасці чалавечага быцця, гатоўнасці служыць высокім ідэалам і змагацца за права вольнага творчага самавыяўлення. Таму зусім слушна Янка Запруднік напісаў у сваёй рэцэнзіі, што «мінорныя, журботныя настроі многіх вершаў Бярозкі» сведчаць не пра кволасць душы, а пра ейную чуласць, спагадлівасць да родных хатаў, што «векавою тугою набраклі». Пры ўсёй бязмернасці нядолі народу ды выкліканых гэтай нядоляй пакутаў, на дне паэтавай душы пануе «гордая ціша», вызваленасць ад «нявольніцкіх уздыхаў» і гатовасць «перад Богам маіх бацькоў... заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю». «Зборнік Анатоля Бярозкі - Мацьвея Рэпкава-Смаршчка, — робіць заключэнне рэцэнзент, — ...гэта сведчанне трываласці таго духа спагады й любасці ў «душы гордай», якая па маўклівым паўстагоддзі падала свой голас». Менавіта Янка Запруднік і напісаў у лісце да аўтара гэтых радкоў, што паэт Анатоль Бярозка і Мацей Смаршчок гэта адна і тая ж асоба (тады Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы ў Мінску рыхтаваўся да выдання біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», і праясненне дэталяў, звязаных з асобай паэта, стаяла на парадку дня): «Што да Анатоля Бярозкі, дык ён жыве цяпер у Амерыцы. Гэта заслужаны доктар медыцыны Мацьвей Смаршчок... Некалі ў «Беларусе» я змясціў рэцэнзію на ягоны невялічкі зборнічак вершаў»... Так праяснялася загадка авеянага легендай паэта, крокі якога помнілі перад вайной муры і брукаванкі старажытнай Вільні, і гэтыя крокі, пакрытыя смугою гадоў, ізноў ажылі і пачалі гучаць родным беларускім рэхам на амерыканскіх «авэню».

Поле, далёка - шырокае поле... I неба над полем

Сіняе... Неба бяздоннае... Шолах вячэрніх палёў

ціхі, як песня з грудзёў набалелых, што з ветру

парывам па струнах вечару ймкне... I слухаюць нівы...

Гэта песня, што полымем пеніць кроў.

Гэта песня - аб волі!

Там - магілы дзядоў пад крыжамі пахілымі дрэмлюць _

зьдзірванелая спадчына сівых вякоў; як чорныя раны

ўеліся доўгія цені крыжоў у шэрую зямлю,

упалі на жоўць пяску, ўкрылі траву пад сабою

чорным сумам...

Гэтта, на гэтых курганах

вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і цары

і крывавыя іх аўтары

дыміліся доўга - нашай крывёю...

Тэматычнай асновай лірыкі Анатоля Бярозкі станавіўся пейзаж, праз які выяўляліся настроі душы і пануючыя матывы, адначасова ж прыадчыняўся зрэз жыцця ў сваёй неадназначнай шматмернасці. Так і ў прыведзеным вершы пазначаны абагульняльнымі сімвалічнымі штрыхамі традыцыйна строгі і сціплы беларускі пейзаж абуджаў магутныя струны ў душы, якія гучалі тугою па волі і адгукаліся сумам старадаўніх курганоў - сведкаў мінулай велічы і заняпаду краю — даўняй Крывіі, як назваў яго ў сваіх этнакультурных доследах Вацлаў Ластоўскі. Відавочна, не без уплыву апошняга праз настроі тугі і смутку акрэсліваўся патрыятычны накірунак гэтага верша А. Бярозкі, калі ў сэрцы лірычнага героя ўсе рысы дарагога краявіду зліваліся і гучалі ўрачыстым сакральным гімнам у гонар святая святых - Бацькаўшчыны: «Вечар, сэрца, магілы і поле зліліся ў адзіны псальм - Крывія!.. I моляцца сонцу разоры, Сонцу, што ўжо дагарае на шэрым попеле хмар».

У цэлым у паэзіі Анатоля Бярозкі адчуваецца наследаванне лепшым узорам адраджэнскай беларускай паэзіі. Ён знаходзіцца ў коле традыцыйных матываў і вобразаў: абуджальнай вясны, руні, нёманскіх хваляў, дубоў, што выстойваюць у буру, ліхіх хмараў («Шуміць Нёман», «Пяі аб вясне», «На раскутай з-пад снежных пялёнаў зямлі»). Але звыклыя матывы, дзе прысутнічаюць плач аб нядолі і мара аб далёкай светлай будучыні, паэт імкнецца эстэтызаваць, упрыгожыць, ускладніць фактуру верша рэдкім лексічным арнаментам, выкарыстанем доўгіх запаволеных радкоў (ад сямі-васьмі да пятнаццаці -шаснаццаці складоў пры адвольнай колькасці націскных). Ён таксама ўслед за М. Багдановічам, I. Канчэўскім адчувае схільнасць да свабоднага верша і з поспехам карыстае гэты прынесены мадэрнізмам спосаб вершаванага выказвання, які дазваляе з-за рассунутасці фармальных рамак дасягаць глыбокай філасофскай напоўненасці твораў. Нягледзячы на заўважанае панаванне восеньскіх змрочных настрояў, усё ж яны шчыльна пераплятаюцца ў яго вобразным свеце з прадчуваннем вясны — пары абнаўлення надзей, хрысціянскай перамогі над змрокам, смуткам, нядоляй. Гэтую духоўную перамогу вястуе абуджаная зямля і першыя кранальныя кветкі - канваліі (ландыша):

На раскутай з-пад снежных пялёнаў зямлі

Нова-ўстаўшая рунь зелянее;

У цёмнай гушчы лясной, у цішы расцвілі

Кветкі - зоры вясны - расцвілі канвалеі.

Доўга з бурамі жорсткую спорку вялі

Дубы - старцы лясныя, натужыўшы грудзі;

Доўга хмары ліхія над полем злавалі

I шалёна круціліся кудасы хвалі,

У вочы небу снягамі мялі...

Прамінулі і шчэзлі...

Як мары...

Як людзі...

Ідзе дзень... Ўстануць руні на нашых палёх!..

Вецер хмары-нягоды развее,

Слёзы сонца абсушыць... Магутны араты

Выйдзе з песняй і плугам з прабуджанай хаты

Новы шлях праараць між цярністых дарог...

Расцвітуць канвалеі...

У гэтым настраёва-аптымістычным вершы таксама зліваюцца ў адно пейзажны малюнак і патрыятычны матыў: абуджэнне прыроды падавала надзею на аднаўленне роднага краю, на яго шчаслівую будучыню. Анатоль Бярозка знаходзіць свой паэтычны сімвал гэтага абнаўленя - рэдкі ў паэзіі вобраз першых кветак вясновага беларускага лесу белых пяшчотных канвалій. Гэтым ён ізноў жа ўпісваўся ў нацыянальную паэтычную традыцыю, калі эстэтызацыя пэўнай кветкі вырастала ў знакавы сімвал радзімы. Так, для Максіма Багдановіча, як вядома, «цвятком радзімы» быў родны сціплы палявы васілёк. 3 вершам Уладзіміра Дубоўкі «О, Беларусь, мая шыпшына!» нязменна стаў звязвацца новы сімвал Беларусі - вобраз шыпшыны. Як можна заўважыць, гэта не былі пышныя, кідкія экзатычныя кветкі паўднёвых садоў ці аранжарэяў, назойлівая прыгажосць якіх для ўсіх навідавоку, хутчэй наадварот - і васілёк, і шыпшына хвалявалі душу паэтаў сваёй кранальнай сцігшасцю, агранічнасцю для беларускага краявіда, і таму з батанічнай з'явы пад натхнёным пяром песняроў ператвараліся ў нацыянальную культурную каштоўнаспь - эмблему Бацькаўшчыны. Такі ж эмблематычны і вобраз канвалій у вершы Анатоля Бярозкі - менавіта з гэтымі «зоркамі вясны» звязана тут нацыянальные адраджэнне Беларусі, і менавіта яны ўспрымаюцца як «кветкі радзімы» аўтара. Сёлетняй вясной беларуская зямліца зноў закрасуе «канвалеямі» Анатоля Бярозкі. Хай гэтыя мілыя любімыя ім кветкі стануцца пацяшэннем паэту ў далёкім заакіянскім краі, з вясновым ветрам данясуць яму свой водар і сардэчнае прывітанне з радзімы.

2001


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by