МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Літаратура Заходняй Беларусі (Урыўкі) // АНАТОЛЬ БЯРОЗКА. ВЫБРАНАЕ

Аўтар: Ліс Арсень
Кнiга: Бярозка Анатоль. Выбранае.
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ПРА ЖЫЦЦЁ I ТВОРЧАСЦЬ АНАТОЛЯ БЯРОЗКІ

Арсень Ліс ЛІТАРАТУРА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

(Урыўкі)

Грамадскае жыццё і літаратурны працэс у Заходняй Беларусі ў 30-я гады не зазналі такіх радыкальных перамен, як у Савецкім Саюзе ў год «вялікага пералому» і пачатку наступнага дзесяцігоддзя, хоць палітычная абстаноўка ў Польшчы таксама мянялася не да лепшага. Аўтарытарны рэжым Пілсудскага ўзмацніў наступленне на сацыяльныя правы працоўных, на нацыянальныя меншасці.

Летам 1930 г, Пілсудскі загадам прэзідэнта разагнаў сойм, палічыўшы яго склад занадта радыкальным, левым. Палавіна беларускіх дэпутатаў сойма, з сялянска-рабочага клуба «Змаганне» апынуліся ў турме. Уняважнены былі дэпутацкія правы і дэпутатаў ад агульнага Беларускага пасольскага клуба, ад Сялянскага саюза і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэпрэсіі супраць апазіцыі, змены ў выбарчай ардынацыі дазволілі ўраду заблакіраваць прыход у вышэйшы заканадаўчы орган Рэчы Паспалітай радыкальных прадстаўнікоў народа. Грамадскасць Заходняй Беларусі ў новых палітычных умовах не здолела правесці ў сойм ніводнага свайго прадстаўніка. Беларускую меншасць у новым складзе сойма рэпрэзентавалі прадстаўнікі польскага ўрадавага блока, чыноўнік, адказны за «крэсавую» палітыку, Галувка, рэдактар рупара «крэсавых» памешчыкаў газеты «Slowo» Цат-Мацкевіч і інш. Такое палітычнае становішча, натуральна, адбівалася і на ўсім культурна -грамадскім жыцці Заходняй Беларусі. Частка актывістаў нацыянальна-вызваленчага руху, пайшоўшы на кампраміс (угоду) з уладай, спадзявалася мець ад гэтага дывідэнды хоць бы ў выглядзе ўступак у асветнай палітыцы: дазвол на адкрыццё беларускіх школ, настаўніцкай семінарыі, якая б забяспечвала гэтыя школы педагагічнымі кадрамі. Тым часам дамовы заставаліся на паперы, урадоўцы, атрымаўшы мянушку «беларускай санацыі», па аналогіі з урадавым курсам на аздараўленне - санацыю, гублялі давер у народзе. Працягваўся адток творчых сіл у Савецкую Беларусь, а нейкі час на пачатку 1930-х гадоў ён набыў форму зыходу: праз «зялёную граніцу» на Усход уцякала вясковая моладзь, асабліва падвучаная, у пошуках працы і магчымасці прадаўжаць адукацыю.

У 1930-я гады на палітычнай арэне Заходняй Беларусі дамінавалі дзве арганізаваныя палітычныя сілы. З аднаго боку, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, 1923-1938), з другога - Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, 1917-1940). Камуністы і хадэкі многае прадвызначылі і ў культурна-грамадскім жыцці Заходняй Беларусі. Камуністычная ідэалогія з-за яе радыкальнай сацыяльнай праграмы мела ў масах Заходняй Беларусі, чуйных на сацыяльны фактар, пэўнае разуменне і падтрымку. Паводле слоў аднаго з сакратароў ЦК КПЗБ М. Арэхвы, у лепшыя свае часы камуністычнае падполле ў Заходняй Беларусі налічвала да сямі тысяч членаў. Акрамя тэарэтычнага і папулярнага, выдаванага падпольна, КПЗБ мела і свой легальны перыядычны друк. Выпушчаная ёю ў 1933-1934 гт. «Беларуская газета» выходзіла з літаратурным дадаткам «Літаратурная старонка» - органам «Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі», аб'яднання, ініцыяванага паэтамі камуністычнай арыентацыі В. Таўлаем, П. Пестраком, А. Дубровічам, П. Гранітам і інш.

Вакол выданняў хадэкаў - газет «Беларуская крыніца», «Хрысціянская думка» (пазней «Беларускі фронт») - гуртаваліся літаратары, спавядаўшыя хрысціянска -дэмакратычныя каштоўнасці. Сярод іх вылучаліся публіцысты Адам Станкевіч (Сакалінскі), Вінцэнт Гадлеўскі, Уладыслаў Талочка, Станіслаў Грынкевіч. У другой палавіне 1930-х гадоў беларускія хрысціянскія дэмакраты пачалі выдаваць «тоўсты» часопіс, квартальнік навукі і літаратуры «Калоссе» (1935-1939), на старонках якога шырока друкаваліся прадстаўнікі розных ідэалагічных напрамкаў без выключэння. З-пад крыла хадэкаў выйшла маладая група незалежнікаў на чале з Л. Найдзюком, яна выдавала часопіс «Шлях Моладзі» (1929-1940) са сталым «Літаратурным аддзелам».

Цэнтрысты, прыхільнікі адзінага нацыянальнага фронту, да іх належалі і старэйшыя літаратары, у 1930—1932 гг. выдавалі газету «Беларускі звон», самой назвай выдання навязваючы традыцыі пачатку 1920-х гадоў. Пасля закрыцця газеты ўладамі цэнтрысты ўзнавілі яе выданне пад назваю «Родны край» (1933-1936).

Незалежныя дэмакраты, культурнікі (Е. Шырма, Ф. Стэцкевіч, С. Паўловіч, В. Тумаш) выдавалі культурна-грамадскі і літаратурны месячнік «Летапіс ТБШ», з 1937 г. перайменаваны ў «Беларускі летапіс» (1933-1939). Было яшчэ некалькі спарадычна паўставалых, недаўгавечных перыядычных выданняў: задушаны цэнзурай на першым нумары часопіс «Крыгалом» (1935), змястоўны, перспектыўна задуманы альманах «Маладая Беларусь» (1936). Сярод іх выдаваны групай творчай інтэлігенцыі літаратурна -мастацка-навуковы месячнік «Нёман» (1932), запраектаваны як выданне па-за палітыкай, адмыслова прысвечанае мастацтву і літаратуры Беларусі. [...]

Пасля разгрому польскім урадам БСР Грамады, пачатку рэпрэсій супраць сялянства і беларускай інтэлігенцыі ў СССР, уражлівых фактаў спробы самагубства Я. Купалы і забойства прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, гісторыка і палітычнага дзеяча У. Ігнатоўскага ў грамадскай свядомасці жыхарства Заходняй Беларусі адбыліся пэўныя змены настрою. Грамадская думка беларускага Захаду зведала радыкальную палітычную пераацэнку каштоўнасцей, а само грамадства - ідэйна-палітычную дыферэнцыяцыю. Пэўнае ідэалагічнае размежаванне адбылося перш-наперш у асяроддзі інтэлігенцыі, у тым ліку і творчай, мастацкай. Адна частка яе не бачыла альтэрнатывы беларускай ідэі і згуртавалася пад нацыянальным сцягам. Да яе належалі А. Луцкевіч, У. Самойла, М. Краўцоў, з маладзейшых - М. Машара, Хв. Ілляшэвіч, А. Бярозка. Другая частка інтэлігенцыі ідэйна, а ў большасці выпадкаў і арганізацыйна, наблізілася да Кампартыі: падкупляла спавяданая камуністамі ідэя справядлівага сацыяльнага ўладкавання свету. Да заходнебеларускіх літаратараў, заангажаваных камуністычным падполлем, належалі П. Пестрак, В. Таўлай, М. Танк, А. Іверс. Падзяляў ідэалы сацыялізму, прапагандаваныя КПЗБ, М. Васілёк. Дзесь прамежкавае становішча паміж гэтых дзвюх груп займалі былы грамадавец С. Хмара, А. Мілюць. Уласна, рэзкай ідэйна размежавальнай мяжы ў творчасці гэтых літаратараў не было. Усіх іх аб'ядноўвала больш або менш выразна выражаная апазіцыйнасць у дачыненні да польскай улады, сацыяльнага ладу і палітычнага рэжыму даваеннай Польшчы. [...]

Летам 1936 г. у Вільні адбыўся суд над групай заходнебеларускай моладзі камунІстычнай арыентацыі, т. зв. малой Грама-Дой. Сярод падсудных, што былі асуджаны ад 3 да 8 гадоў турэмнага зняволення:, — пісьменнікі В. Таўлай, П. Пестрак, А. Іверс (I. Міско), Я. Набор (Патаповіч).

На трынадцатым нумары забараняецца ўладай народнафронтаўскае выданне газеты «Наша воля», у якой цесна супрацоўнічалі ўсе асуджіаныя пісьменнікі, а таксама М. Танк, М. Васілёк, Р. Шырма (псеўд. В. Майстровіч). Судовыя рэпрэсіі абрушылі ўлады і на польскую арганізацыю універсітэцкага студэнцтва «Фронт», адначасна забараніўшы друкаваны орган фронтаўцаў двухтыднёвік «Poprosty».

У 1936 г. улады забараняюць дзейнасць беларускіх культурна-грамадскіх арганізацый розных ідэалагічных пазіцый Таварыства беларускай школы і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Канфіскуецца першы паэтычны зборнік М. Танка «На этапах» і выдадзены ў 1929 г. зборнік вершаў М. Васілька «Шум баравы». Быў канфіскаваны беларускі буквар С. Паўловіча «Засеўкі».

У Савецкай Беларусі фактычна завяршаецца татальнае вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі: праследуецца ўсё, што мае на сабе самую малую адзнаку беларускасці. Фізічнае вынішчэнне інтэлектуалаў, да чаго польскі аўтарытарны рэжым даваеннага часу ўсё ж не дайшоў, набыло форму генацыду на Усходзе, дзе пад прыкрыццём дыктатуры пралетарыяту аб'ектыўна адбылася трансфармацыя дзяржаўнай сістэмы ў самыя жорсткія таталітарныя формы прыгнечання чалавека.

Натуральна, што гэтыя жорсткія, бязлітасныя ў сваёй існасці факты, з'явы сублімаваліся ў элементы грамадскай атмасферы, станавіліся прадметам роздуму творчай інтэлігенцыі. [...]

Анатоль Бярозка (Мацей Смаршчок, 1915 г. н.), выпускнік медыцынскага факультэта Віленскага універсітэта, хутка пераадолеў перыяд паэтычнага вучнёўства і ўзняўся на даволі прыстойны мастацкі ўзровень у сваёй творчасці. Але друкаваўся мала. Паэзія яго развівалася ў агульным для перадавой літаратуры Заходняй Беларусі ідэйным рэчышчы як апазіцыйная да рэжыму; яна адлюстроўвала нацыянальныя і сацыяльныя праблемы заходнебеларускай рэчаіснасці. Верш А. Бярозкі рэалізаваўся найчасцей у эпічнай традыцыі. Паэт імкнуўся да максімальнай метафарызацыі мовы: гэтага патрабавалі ад заходнебеларускага пісьменніка не толькі законы мастацтва, што само па сабе зразумела, але і законы аўтарытарнага рэжыму — метафарай можна змадэліраваць думку забароненую, стоена сказаць нешта крамольнае ў вачах улады. Уласна палітычны сэнс мелі шматлікія метафары лірыкі М. Танка. Метаф арыка А. Бярозкі бяднейшая, але і ён у сваіх медытацыях часам уздымаўся да шырокага мастацкага абагульнення, высноўваў вобраз Радзімы:

Поле, далёка - шырока поле... I неба над полем

сіняе... Неба бяздоннае... Шолах вячэрні палёў

ціхі, як песня з грудзей набалелых, што ветру парывам

па струнах вечару ймкне... I слухаюць нівы...

Гэта песня, што полымем пеніць кроў...

Гэта песня - аб волі!

Гэтта, на гэтых курганах

вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і цары

і крывавыя іх аўтары дыміліся доўга -

нашай крывёю.

[...] Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў не мела такога выразнага ўнутранага падзелу, як у папярэднім дзесяцігоддзі. Яна характарызавалася дамінаваннем паэзіі, паглыбленнем у ёй сацыяльных матываў, уздымам літаратуры ў цэлым на вышэйшы ідэйна-мастацкі ўзровень. Нарэшце, - прыходам у літаратуру Заходняй Беларусі М. Танка.

Паколькі літаратура ў 1930-я гады ў Савецкай Беларусі трапіла пад жорсткі ідэалагічны кантроль і, падуладная інстытутам таталітарызму, не магла ў поўную меру выконваць сваёй натуральнай грамадскай функцыі, публіцыстыка, крытыка і культуралогія Заходняй Беларусі заставаліся перахоўніцамі знічу нацыянальнага духу, У гэтым сягоння - немалое іх гісторыка-пазнавальнае значэнне,

Калі мець на ўвазе ўсю літаратуру Заходняй Беларусі (1920— 1930-х гадоў), то варта адзначыць, што ў сувязі з актуалізацыяй сягоння такіх фундаментальных паняццяў, як незалежнасць, ментальнасць нацыі, духоўнасць народа, істотнае значэнне набываюць здабыткі заходнебеларускай літаратурна-філасофскай эсэістыкі і публіцыстыкі, а таксама арыентацыя заходнебеларускіх паэтаў на высокія гуманістычныя ідэалы свабоды чалавечай асобы, свабоды народа, што спрыяла развіццю дэмакратычнай думкі, узлёту нацыянальнага духу.

Нягледзячы на дзяржаўную мяжу, што раздзяляла, як афарыстычна гаварылася ў той час, два светы, сувязь больш-менш інтэнсіўная паміж літаратурамі Заходняй і Усходняй, Савецкай Беларусі існавала на працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя. Яна грунтавалася на этнічным адзінстве і была адной з праяў нацыянальнай кансалідацыі, што адбывалася па два бакі граніцы, асабліва ў 1920-я гады.

1999


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by