МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Слова пра сябра // АНАТОЛЬ БЯРОЗКА. ВЫБРАНАЕ

Аўтар: Бярозка Анатоль
Кнiга: Бярозка Анатоль. Выбранае.
Раздзел: Успаміны
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

СЛОВА ПРА СЯБРА

Яшчэ адна сьвежая магіла... Гэта прозьвішча, жое дастойна каб вымаўляць яго з пашанаю, амаль з набожнасьцю, а цяпер і з болем. Мы ведаем ягонага бацьку Антона і дзядзьку Івана. Імёны гэтыя зьвязаны неразлучна з беларускім музэем у Вільні, у якім захоўваліся памягкі мінуўшчыны нашага аграбленага народу.

Сьмерць Луцкевіча - гэта гістарычная падзея. Гэта нагода дзеля ўсенароднага суму і жалю. Але-ж не адзначаць яе хоць-бы спагадным словам паслухмяныя дыктатару сродкі масавай інфармацыі на бацькаўшчыне пад сонцам Лукашэнкаўскае канстытуцыі. Там падзеі гэтае нават не заўважыць афіцыяльны Менск, каб мо хоць даць імя Луцкевічаў адной з вуліцаў, дзе яшчэ ўсё красуюцца вуліцы Суворава ці Дзяржынскага, а мо незадоўга ўсплыве і вуліца Замяталіна. Той-жа Замяталін, калі нават і дойдзе да яго ведама, што памёр Луцкевіч, пракамэнтуе: «Ну, што-ж памёр яшчэ адзін калябарант!»

Радзіўся і жыў Лявон Луцкевіч у Вільні - месьце Скарыны і Мамонічаў, «Нашае Нівы», Купалы, Коласа і Багдановіча.

Лёс ягоны трагічны і жорсткі, неразлучна зьвязаны з лёсам нашае гістарычнае сталіцы ды і з лёсам зямлі віленскае і яе народу. Горад на раздарожжы, Вільня была схоплена ў завірусе падзеяў вялікае вайны ды кінутая ў кіпцюры варожых акупантаў з усходу і захаду. А кожны акупант намагаўся перакаваць душу запалоненага люду па сваім вобразе, а сьцерці з твару зямлі ўсё тое, што магло-б стаяць на перашкодзе.

Яшчэ у першую вялікую вайну, якой ніхто яшчэ не дадумаўся назваць айчыннаю, некалькі разоў Вільня перайходзіла з рук у рукі. А малады яшчэ pyx беларускага адраджэньня ня меў яшчэ сілаў, каб эффэктыўна супроцьставіцца фізычнай моцы варожага наезьніка.

Жыць давялося Лявону ў пару вялікіх сусьветных зрухаў, што закранулі зямлю нашу жорстка і крывава. Беларусь, ізноў «укрыжаваная на ростані ўсходня-заходніх дарог», апынулася ў самай гушчы барацьбы дзьвёх магутных сілаў, якія, хоць карэнна розныя і ўзаемна варожыя і нясумесныя, мелі адно супольнае імкненьне, якое не супадала з імкненьнямі беларускага народу, каб існаваць, каб ператрываць і жыць. Абедзьве гэтыя сілы хацелі-б сьцерці беларускі народ з твару гэтае нашае плянэты, бо само толькі існаваньне беларусаў замінала ім у іхных вялікіх мэтах - будаваць падуладныя дыктатарам імпэрыі. Аднак абедзьве гэтыя сілы, хоць прагныя і гатовыя зьніштожыць беларускі народ, былі змушаны рабіць намаганьні выкарыстаць яго дзеля сваіх нялюдзкіх мэтаў. Акупанты зьмяняліся, але народ наш трываў. Асабліва часта зьмяняліся гэтыя акупанты ў Вільні, дзе ў гульню гэту ўблыталіся яшчэ палякі ды лятувісы.

Упяршыню я сустрэўся з Лявонам Луцкевічам у Вільні, у памешканьні Беларускага Студэнцкага Саюзу на вуліцы Завальнай, 1. Сустракаў яго я там нярэдка, хоць і ня помню ці Лявон быў у той час студэнтам. На Завальнай у тую пару зьмяшчалася таксама беларуская друкарня, дзе друкаваліся амаль усе беларускія выданьні таго часу, як «Калосьсе», «Шлях Моладзі», «Крыніца» ды

іншыя. Тут-жа была кватэра Янкі Пазьняка, рэдактара «Крыніцы». Студэнты віленскага унівэрсытэту спатыкаліся тут амаль штодзённа. Часта зайходзілі госьці з ваколіцаў, з іншых гарадоў і вёсак Заходняе Беларусі. Ня дзіва, што тут нярэдка можна было сустрэць і Лявона. Сустракаў яго я часам і ў старых Базыльянскіх Мурох, у музэі.

Было гэта ў 1939 годзе. Быў я тады студэнтам на апошнім трымэстры мэдыцыны, намагаючыся пайсьці сьлядамі Скарыны і стацца «у лекарскіх навуках доктарам». Але часы былі трывожныя. Вільня, як і ўся Заходняя Беларусь, ад часу Рыскае ўмовы, была пад польскай акупацыяй. Але на захадзе зьбіраліся хмары: Гітлер, што дамогся сваіх мэтаў у Чэхаславаччыне ды Аўстрыі, пагражаў ужо непасрэдна Польшчы. У жніўні была падпісаная тая слаўная ўмова аб дружбе і неагрэсыі паміж Нямеччынаю і Савецкім Саюзам. А ў верасьні грымнула бура. У выніку «вызваленьня» Заходняе Беларусі Вільня апынулася пад маскоўска-балыііавіцкай акупацыяй.

Праўда, сьпярша ніхто з нас ня думаў, што мы толькі зьмяняем акупантаў, хоць і бачылі мы Чырвоную Армію ды чулі пра чаканыя і нечаканыя арышты. Усё-ж, чырвоныя агітатары, да якіх далучылася таксама шмат мясцовых «актывістаў», выясьнялі нам, што Чырвоная Армія прыйшла толькі, каб «падаць брацкую руку помачы» народу Заходняе Беларусі, а цяпер мы самі вызачым сваю будучыню ў свабодных, дэмакратычных выбарах. Нельга было ня верыць. Вайсковыя ўлады пачалі арганізаваць курсы беларускае мовы для тых віленчукоў, што ёю не валодалі. I вось Лявон стаўся адным з настаўнікаў на гэтых курсах - ён усёю душою аддаўся справе беларускае мовы ў роднай Вільні.

Між іншым, калі мова пра мову: у 1939 годзе дамінуючай мовай у Вільні была жыдоўская мова - ідыш. Гэта зусім ня дзіва, бо бальшыня насельніцтва ў Вільні - гэта былі жыды. Дарэчы, у беларускай мове, як і ў польскай, слова «жыд» гэта толькі этнічны назоў бяз ніякіх абразьлівых адценкаў. Самі жыды на Беларусі называлі сябе жыдамі, і хутчэй абразіліся-б, калі-б хто назваў іх «яўрэямі», і толькі нашыя ўсходнія суседзі знайшлі патрэбу правесьці «черту оседлости» ды накінуць нам слова «яўрэй», бо на Беларусі амаль што ня было антысэмітызму і народ ня лічыў іх, жыдоў, нейкімі ворагамі, ды амаль што ўсе яны добра валодалі беларускаю моваю.

На другім месцы была польская мова, хоць і была яна дзяржаўнаю мовай у Польшчы. Паводле польскіх статыстык палякі былі другой найвялікшаю групай у Вільні. Асабліва, усе католікі лічылі сябе палякамі, хоць у сябе ў хаце гутарылі яны «папросту» і толькі намагаліся гаварыць па-польску, калі ішлі ў касьцёл або зьвярталіся да польскага ўрадаўца, які нярэдка быў не мясцовы. Гэтыя палякі - гэта апалячаныя віленскія мяшчане і навакольная шляхта. Іхняя «польская» мова мела свае асаблівасьці. Нават віленская ўрадавая радыёстанцыя мела перадачы «на віленска мова пшэкрэнціўшы людзке гадане». А «тутэйшая» шляхта гаварыла па-польску галоўным чынам, каб адрозьніцца ад мужыкоў, якія заўсёды гутарылі «папросту». Ды, нават і шляхоцкая гутарка нярэдка была своеасабліваю трасянкай, як у гэтай песьні, што чуў я на Віленшчыне:

«Дам я табе зэгар вялікі як рэпу.

Хай пры тваім сэрцы вечна клепу-клепу...

Хай напамінае цо я ці поведзял

як пшы твоім сэрцы неспакойне седзял».

Як бачым, беларуская мова ня ўмірала ў Вільні ды Віленшчыне. Не дарма-ж была гэта мова Вялікага Княства Літоўскага, і ня дзіва, што калі Ягайла прыбыў у Кракаў, каб стацца каралём польскім, а сьвятары паказалі яму дрэва Сьвятога Крыжа, спытаўся, як кажа сучасны яму польскі гісторык Длугаш, «у мове сваёй літоўскай: Што то ест?» Галава беларускае дзяржавы гаварыў па-беларуску...

Пад Польшчаю, паміж войнамі, амаль усе праявы беларускага культурнага і палітычнага жыцьця былі засяроджаны ў Вільні. Тут працавала беларуская гімназія, а сярод студэнтаў віленскага унівэрсытэту было нямала студэнтаў беларусаў. Аднак польскія ўлады налічвалі ня шмат беларусаў у Вільні, бо католікі, хоць і гаварылі між сабою па-беларуску, лічылі сябе палякамі («польскае веры»), а праваслаўныя («рускае веры») нярэдка запісваліся «рускімі». Праўда, былі у Вільні і расійцы, але бальшыня іх - гэта стараверы, продкі якіх уцяклі ў Вялікае Княства ад царскага перасьледу ў час рэлігійных закалотаў у Маскоўшчыне. Лятувісаў польскія статыстыкі налічылі вельмі мала - штосьці каля аднаго працэнта.

I вось гэта шматкультурнае места апынулася пад уладаю савецкіх войскаў, якія «вызвалілі» Заходнюю Беларусь, і здавалася, што лічылася яно неадрыўнаю часткаю гэтай-жа Заходняй Беларусі. Агітатары казалі нам - казалі яны гэта па загаду ўладаў - што адбудуцца ўсенародныя, свабодныя выбары, і што выбіраць мы будзем дэпутатаў у г. з. Народнае Сабраньне Заходняе Беларусі, а пасьля дэпутаты гэныя зьедуцца ў Вільні ж сталіцы нашых зямель, ды вырашаць «свабодна» будучыню нашага краю і гораду. Шмат хто лічыў, што настала пара будаваць свой Народны дом. Максім Танк напісаў свой першы хваласьпеў вялікаму Ёсіфу Вісарыёнавічу: «Маяком нам было Тваё гордае імя...» У Вільні арганізаваліся ўладамі курсы беларускае мовы (як мовы дзяржаўнае!). Чуў я, што выкладчыкамі на гэтых курсах будуць Антон і Лявон Луцкевічы.

Але ня доўга патрывалі вялікія надзеі. Не пасьпелі мы яшчэ выбраць тых дэпутатаў у Народнае Сабраньне, калі надыйшла вестка, як той гром з яснага неба: Сталін падпісаў новую ўмову. Аб «дружбе» і «узаемапомачы» паміж СССР ды Літоўскаю Рэспублікай. Паведаміў пра гэта Молатаў. Паведамленьне пачыналася словамі: «Мы знаем, что Вильно не литовский город...» Сталін аддаваў Вільню лятувісам, а СССР адзержваў права ўтрымоўваць войскі ня толькі у Вільні, але і ва ўсёй Лятуве. Казалі самі лятувісы: «Vilnius musu - Lietuva Rusu (Вільня нам, а Летува Расеі)».

Каб атрымаць свой лекарскі дыплём, згубіў я лучнасьць з Лявонам. Чуў толькі, што бацьку ягонага, Антона, бальшавікі арыштавалі і забралі з сабою, калі адыходзілі з Вільні. Пра Лявона і пра курсы беларускае мовы ня чуваць было болей нічога.

Падзеі нас разлучылі. Я атрымаў свой лекарскі дыплём - адзін з апошніх, калі не самы апошні дыплём віленскага унівэрсытэту Сьцяпана Баторага. 15 сьнежня 1939 году лятувіскія ўлады зачынілі гэты унівэрсытэт ды адчынілі Унівэсытэт Вітаўта Вялікага, з лятувіскаю мовай навучаньня. Я пакінуў Вільню ды апынуўся на беларускім Палесьсі як лекар Брэст-Літоўскае чыгункі. А ў міжчасе Вільня ізноў (дабраахвона!) далучылася да Савецкага Саюзу, гэтым разам ужо як сталіца Літоўскай Савецкай Сацыялістычнае Рэспублікі. Мудры Ёсіф, «собиратель советской земли», дасягнуў свае мэты.

Новая хваля вайны пракацілася цераз нашу краіну. Я апынуўся ў Баранавічах пад нямецкаю ўжо акупацыяй, на становішчы дырэктара Мэдычнае Школы. Я пераняў гэта становішча ад д-ра Войтанкі, калі той быў накіраваны ўладамі на нейкую адміністрацыйную працу, бо я быў адным з выкладчыкаў ад самага заснаваньня школы. Вельмі працавітым выкладчыкам у гэтай школе быў д-р Ўсевалад Кароль, і яму ўдалося прыклікаць свайго добрага сябру Лявона Луцкевіча, каб выкладаць беларускую мову і літаратуру ў нашай Мэдычнай Школе. Лявон аддаўся гэтай працы самаахвярна і з вялікай ахвотай, хоць і ня меў на гэта шмат часу, бо быў ужо настаўнікам у іншых школах Баранавіцкай акругі. Увосень 1943 году немцы хацелі зачыніць нашу школу ды вывезьці усіх вучняў у Нямеччыну на прымусовыя працы. Але Лявон нейк даведаўся загадзя пра гэтыя пляны ды паведаміў пра гэта майго заступніка і таксама настаўніка а. Льва Гарошку, а той у сваю чаргу, сэкрэтна паведаміў усіх вучняў, каб у той дзень, што быў вызначаны на «хапанку», не зьявіліся ў школу. Гэтай раніцай школа была пустая, калі абкружыла яе нямецкая паліцыя. Каб не адыйсьці з пустымі рукамі, Гэстапа арыштавала а. Гарошку. Толькі пасьля доўгіх перамоваў далі нам нямецкія ўлады дазвол, каб працягвацць заняткі ў школе.

Гэтаю зімою нямецкія войскі пацярпелі цяжкую паразу пад Сталінградам, і фронт пачаў каціцца на захад. Летам 1944 г. вайна ізноў дасягнула непасрэдна Беларусі, а Баранавічы апынуліся пад савецкімі бомбамі. Было ясна, што немцы будуць прымушаны пакінуць беларускія землі. Трое з нас, настаўнікаў Мэдычнае Школы, зышліся на нараду: Што рабіць? аставацца, ці крануцца на захад, у няведамае?

Я ўжо ведаў бальшавіцкую акупацыю ды не чакаў ад яе нічога добрага. Жонка мая мела сваякоў у Польшчы і намагалася, каб выехаць туды і там перачакаць буру. Я думаў, што Кароль і Луцкевіч таксама павінны падацца кудысьці далей ад ляза вайны ды небясьпекі быць яе ахвярамі. Я так ім і сказаў. «Не!, - востра заявіў Кароль. - Лес беларускага народу будзе вырашацца тут, а ня дзесьці на чужыне». «А што-ж ты думаешь, Лявон?» - спытаў я. «Toe самае. Народ астаецца, i я астаюся з народам», - адказаў Лявон.

I вось яны асталіся. Чуў я пазьней, што абодва яны былі высланы ў Сыбір. За супрацоўніцтва з нямецкім акупантам. Мудраму Сталіну непажаданыя былі беларусы на Беларусі.

Хацелася мне напісаць успаміны пра Лявона як добрага сябру, зь якім мне давялося супольна дазнаць шмат нягодаў і горычы. Але аповесьць гэта мая выйшла вельмі неахайная, бяз ладу ці складу. Мо таму, што лес Лявонаў, як і лес народу, якому ён служыў аддана і верна, не каваўся яго собскаю воляй, але воляй вонкавых сілаў, што заўсёды былі няпрыязныя а бязлітасныя. Вось-жа пішу, бо ня ведаю ці астаўся яшчэ хто, каб успомніць, каб ушанаваць барацьбіта за родную мову і родную школу ў сёньняшні час, калі ня толькі варожыя наезднікі, але і свае вырадкі-квіслінгі намагаюцца, як і раней, выкараніць усё беларускае, а любяць гаварыць «тэю мовай, зь якою білі, катавалі...»

Не пашчасьцілася і мне. Калі я прыехаў у Пазнань, мяне схапіла Гэстапа ды адабрала ў мяне кнігі, якія даў мне на перахаваньне Янка Шутовіч, рэдактар «Калосься», перад тым, як яго выслала польская паліцыя ў Картуз-Бярозу. Выслалі мяне, пад канвоем, у канцлагер Нордгаузэн у Турынгіі. За тое, што раней жыў пад бальшавіцкаю акупацыяй, ды ня быў зьніштожаны бальшавікамі. Ясна, бальшавіцкі калябарант, а кнігі - «russische bucher». Гэта былі творы Пушчы і Дубоўкі, паэтаў, што трапілі ў сталінскую няласку яшчэ ў 30-х гадох ж «нацдэмы».

Ішлі гады, і ня чуў я нічога пра Лявона. Ажно калі распалася бальшавіцка-маскоўская турма народаў, удалося мне навязаць зь ім лучнасьць. Ён ізноў быў у Вільні, намагаючыся арганізаваць беларускія школы, Пераслаў ён мне некалькі паасобнікаў адноўленае «Нашае Нівы», але доўгія гады «пакараньня» у Сыбіры надламалі яго фізычна, і хоць прага да самаахвярнае дзейнасьці ніколі яго не пакінула, здароўе і сілы слабелі. Апошні ліст ад яго атрымаў я летам мінулага году. У верасьні надыйшла вестка, што памёр Лявон Луцкевіч.

Памёр ён і пахаваны у Вільні. Той Вільні Скарыны і Мамонічаў. Няхай-жа пухам яму будзе родная віленская зямелька...


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by