|
ПАВАРОТ ДА ВЕРШАЎ
З літоўскай - Альбінаса Жукаўскаса
Ня ведаю. Можа ня раз
грашыў я перад музаю маёю.
Але! Ня раз пісаў я вельмі розна,
Я нават лятуцеў, я на'т любіў парою.
Ды калі кліча край гаротны,
Ці можна лятуцець тады? Любіць ці льга?
Любоў і мроі - мілы сэрцу пошар...
Мілейша песьня грозная краіне у сьлязах.
О родны край, чаму ты гэткі бедны, сумны?
Хто-ж спусташыў цябе, краіна?!
Надарма, надарма шукаў бы адказу: -
Адно ў сутунку хаткі хіляцца. Скавычуць сабакі
адно ля адрынаў.
Цішыня і ноч, Далёка за зорамі
Ў задуме глухая, цяжкая бяскончына.
Гэтак сумна, калі віхры не сякуць паднябесься...
Укруг цішыня. У цішыні скасьцянелі сёлы.
Хаткі. Гаротныя людзі. _ Гэта мая радзіма.
Але гэтак ляцець, каб гнятучую ціш перарваці,
Трэба прастору. Паветра вольнага трэба... Няма яго.
Hi віхраў няма ірвучых...
Таму гэтак сумна зьвіняць мае вершы...
[1938]
