|
АНАТОЛЬ БЯРОЗКА
ВЫБРАНАЕ
МІНСК
УП «Тэхнапрынт»
2004
УДК 882.6-054.72.3
ББК 84(4Беи)6
Б 99
Укладанне Анатоля Белага
Прадмова Арсеня Ліса
Вершы, артыкулы, бібліяграфія даюцца паводле правапісу арыгінала
Бярозка А.
Б 99 Выбранае / Анатоль Бярозка; Уклад.. А. Белы; Прадм. А. Ліса. - Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004. - 193 с.
ISBN 985-464-602-5.
Кніга выдаецца да 90-годдзя з дня нараджэння Анатоля Бярозкі, беларускага паэта, доктара медыцыны, які зараз жыве ў ЗША. Яго імя з'явілася на літаратурным небасхіле ў 30-я гады XX стагоддзя.
Упершыню амаль уся творчая спадчына Анатоля Бярозкі сабрана пад адной вокладкай. У кнігу ўвайшлі вершы і ўспаміны паэта, артыкулы аб ім, фотадакументы і бібліяграфія твораў (1933-2002 гг.).
Кніга будзе цікава прыхільнікам лірыкі і карысна даследчыкам гісторыі беларускай літаратуры.
УДК 882.6-054Л2.3
ББК 84(4Беи)6
© Бярозка Анатоль, 2004
© Укладанне. Белы А., 2004
© Прадмова. Ліс A., 2004
ISBN 985-464-602-5
© Афармленне. УП «Тэхнапрынт», 2004
Арсень Ліс
ЯК МАЛІТВА АБ ВОЛІ
Эцюд
Паэт Анатоль Бярозка, які патроху займае належнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры, доўгі час заставаўся постаццю невядомай, таямнІчай, нават для адмыслоўцаў па літаратуры. Сам Максім Танк, які неаднойчы выступаў разам з А. Бярозкам на літаратурных вечарах у даваеннай Вільні, азадачана пытаўся: «Дзе дзеўся Бярозка? Што з ім?» Тым часам Анатоль Бярозка пад сваім сапраўдным прозвішчам Мацей (Мацвей) Смаршчок жыў у далёкім свеце за акіянам і паводле сваёй адукацыі, атрыманай у Віленскім універсітэце, займаўся медычнай практыкай. Цяжка з упэўненасцю сказаць, што прымусіла яго падацца на Захад: падчас вайны ні ў якую структуру не быў заангажаваны, працаваў як медык у Баранавічах. Не друкаваўся, але вось у 1944 годзе з'ехаў у свет і аж да канца 1980-х гадоў, часоў перабудовы, не было аб ім ніякіх звестак на Бацькаўшчыне. У паэзіі заходнебеларускай пары А. Бярозка падаў свой голас у першай палове 30-х гадоў XX ст. Спярша ў часопісе «Шлях моладзі», затым - у літаратурна-навуковым квартальніку «Калоссе». Праўда, яшчэ пад уласным прозвішчам кантакты з заходнебеларускай перыёдыкай пачынаў з «Заранкі», часопіса для дзяцей, выдаванага вядомай культурна -грамадскай дзеячкай Зоськай Верас. Пісаў яшчэ з роднага Падлесся, што на ўсходзе Берасцейшчыны, на Ляхаўшчыне.
У след за вершам «Хрыстос ускрос!», надрукаваным у красавіцкай кніжцы «Шляху моладзі» за 1933 год, у наступных нумарах гэтага маладзёжнага выдання паказалася яшчэ некалькі паэтычных заявак Анатоля Бярозкі, шчырых, ідэйна і танальнасцю суадносных з лірыкай іншых заходне-беларускіх паэтаў той складанай пары і ў першую чаргу Хведара Ільяшэвіча.
У «Шляху моладзі» за наступны, 1934 год, студэнт ме-дыцынскага факультэта Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя Мацей Смаршчок (Бярозка) змясціў яшчэ пяць вершаў. Паэтычны дэбют Анатоля Бярозкі не авансаваў зоркі першай велічыні, але сведчыў аб уласна мастацкім успрыманні свету маладым аўтарам, пра яго арыентацыю на вечныя каштоўнасці: родную зямлю, яе людзей (народ), прыроду як крыніцу жыцця, хараства.
Ужо ў адным з самых ранніх вершаў А. Бярозкі «На ўслончыку засела пад аконцам...» можна заўважыць уменне стварыць візуальны вобраз працы маладой праллі, але далей не хапае моцы, каб даць яму псіхалагічнае напаўненне, мастацкую закончанасць:
На ўслончыку засела пад аконцам Дзяўчынка ветлая, краса ўбогіх хат, I ручкі бледныя то ўперад, то назад Снуюць і ўюць у ніткі валаконцы...
У вершы «Жаўранак», апублікаваным у часопісе «Шлях моладзі» (май, 1934 г.), можна прыкмеціць большае авалоданне пачаткоўцам паэтычнай формай, уключэнне ім у пейзажны абразок грамадзянскіх матываў. Слухаючы песняра поля, жаўранка, паэт усклікае з думкай аб волатах, што стануць «у бой адкрыты»:
Дык хай жа льецца песня у блакіты!.,
Пацешыць тых, што доляю прыбіты,
Затоптаны, сагнуты да зямлі,
Каб сталі волаты ў бой адкрыты
I горкіх слёз век цэлы не лілі!..
У вершы «Ноч навісла над соннай зямлёй...» А. Бярозка ад разгорнутай карціны велікоднай ночы пераходзіць да непасрэднага закліку, звернутага да беларуса:
Званы уваскрэсення б'юць...
Ці чуеш, брат-Крывіч?
Гудуць званы, гудуць...
Свабоды кліч!..
Збудзісь. Крывіч!
Званы уваскрэсення б'юць.
Прырода прысутнічае ў вершах А. Бярозкі (няхай даруюць пурытане роднай мовы), скажу старабалгарскім словам «изначально», і стала. Паэтычна прырода выяўлена часцей у мінорнай, зрэдку ў мажорнай танальнасці. I амаль заўсёды звязана не толькі з асабістым, аўтарскім перажываннем, а кліча думку аб грамадскім:
На раскутай з-пад снежных пялёнаў зямлі
Новаустаўшая рунь зелянее;
У цёмнай гушчы лясной, у цішы распвілі
Кветкі - зоры вясны - расцвілі канвалеі.
Доўга з бурамі жорсткую спорку вялі
Дубы - старцы лясныя, натужыўшы грудзі;
Доўга хмары ліхія над полем злавалі
I шалёна круціліся кудасы хвалі,
Ў вочы небу снягамі мялі...
Прамінулі і шчэзлі...
Як мары... Як людзі...
Ідзе дзень...
Устануць руні на нашых палёх
Вецер хмары - нягоды развее,
Слёзы сонца абсушыць...
Магутны араты
Выйдзе з песняй і плугам з прабуджанай хаты
Новы шлях праараць між цярністых дарог...
Расцвітуць канвалеі...
З першых крокаў у літаратуры А. Бярозка праяўляе схільнасць да медытацыі. Як форма паэтычнага выказвання яна выразна дамінуе ў лірыцы паэта, накладае адбітак на характар зместу, структуру верша, яго стылістыку. Вялікі стымул для паэтычнага натхнення А. Бярозка знаходзіць у роднай прыродзе, яе палях, лясах, у касмічнай прасторы. Паэт умее слухаць голас прыроднай стыхіі, музыку ночы:
Поле, далёка - шырока поле... I неба пад полем
сіняе... неба бяздоннае... Шолах вячэрні палёў
ціхі, як песня з грудзёў набалелых, што з ветру парывам
па струнах вечара ймкне... I слухаюць нівы...
Гэта песня, што полымем пеніць кроў...
Там - магілы дзядоў пад крыжамі пахілымі дрэмлюць -
здзірванелая спадчына сівых гадоў...
Шолах вячэрніх палёў і «песня з грудзей набалелых, што па струнах вечара ймкне», стары могільнік выклікаюць у свядомасці паэта гістарычныя асацыяцыі, візію бацькаўшчыны і сыноўняе прызнанне ёй у любові. Асобным моцным акордам гучыць гістарычная рэмінісцэнцыя:
Гэтта, на гэтых курганах
вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і цары
і крывавыя іх аўтары
дыміліся доўга - нашай крывёю.
Хаты - бедныя, цёмныя...
Пад вашымі стрэхамі соннымі сэрца маё!..
Вашай доляй жыве, вашым болем сумуе...
Вечар пад стрэхамі сніць сваю думу-тугу векавую...
З думкай-песняй ад хатаў шырока-разгоннаю
вечар, сэрца, магілы і поле зліліся ў адзіны псалм -
Крывія!..
I моляцца сонцу разоры сонцу, што ўжо дагарае на шэрым попеле хмар.
У вершах-медытацыях А. Бярозкі стала прапісаны абагульнены вобраз селяніна -земляроба, народаратая і сейбіта. Ён трактуецца паэтам як волат, прыніжаны няволяй. Сыну вёскі, А. Бярозку, вядома мера пакут, нядолі свайго героя, і ён па-філасофску асэнсоўвае мяжу яго цярпення. Паэт адметна вобразна абагульняе свой роздум над скаванай сілай і болем народа ў апошніх, ударных, радках верша:
Ноч шапталася з ветрам... Так ціха... Не чулі
сонныя стрэхі пахілых хат, закарэлыя рукі,
бо цяжкі мазоль тых рук, ж цяжкія скібы раллі;
чорная доля, як чорны хлеб... У ёрмы прынукі
доўгіх вякоў ланцугі волатаў моц упраглі.
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны,
ў ціхія хаты... ў жорсткія рукі... ў чорны хлеб і ў соль.
Шэрыя хаты, цвёрдыя рукі - маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
Грамадзянскія матывы ў паэзіі А. Бярозкі, як правіла, увасоблены ў эпізаваную форму, маюць некалькі ўскладнёную кампазіцыю і метафарыку. У ідэйным жа плане яны цалкам рэалізаваліся ў агульным рэчышчы літаратуры Заходняй Беларусі 1920-1930-х гадоў, аб'ектыўна апазіцыйнай аўтарытарнаму рэжыму даваеннай Польшчы. У скрутных палітычна-грамадскіх умовах 30-х гадоў у краіне і паза яе межамі А. Бярозка заставаўся менш элегічны (хіба што ў асобных вершах «Адзінота», «Снягі, снягі, снягі і шэры дзень зімовы»), чым Хведар Ільяшэвіч. У асобных творах А. Бярозка радыкальнымі поглядамі і непасрэднымі паэтычнымі выказваннямі набліжаўся да Максіма Танка.
У адным з апошніх даваенных вершаў «Credo in duos deos», пазначаным 11 мая 1939 года, паэт благаслаўляе рукі, «гатовыя заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю...».
Чуй. Сырыя грудзі зямлі напоены потам мужычым,
доўга кроў - гарачую чырвань - цадзілі ў росквіту бель;
хаты, урослыя ў чорную гразь, закарэлыя ў болі
векавою тугою набраклі і сабраці суляць жніво
там, дзе косці нямыя бацькоў парахнеюць пад мохам.
Перад богам маіх бацькоў голаў схіляю долу.
А калі над вясною замучанай зашапоча яблыні цвет,
на галіны, на май ацярушыцца беллю,
тады будзяцца песні пра сілу і гнеў - а рукі гатовы
заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю...
Я малюся за гэтакі дзень богу маіх патомкаў.
Натуральна, не ўся лірыка А. Бярозкі вырашана, увасоблена ў такой важкай, цяжкаватай рытміцы, як поступ ратая, што ўздымае чорныя скібіны ралля.
Ёсць вершы, дзе мефістафелізаванае, грамадскае як бы адступае на задні план, уступаючы месца, на першы погляд, асабістаму перажыванню, і тут паэтава выказванне прыцішаецца, ідзе у адпаведным моманту стрыманым тэмперытме. Але заангажаванасць паэта ў грамадскія і сацыяльныя праблемы свайго народа трымае яго пераважна ў «мабілізаваным стане».
З замалёўкі, на першы погляд, побытавага ён няўзнак пераходзіць да думкі аб актуальным, грамадскім. Прыкладам таму можа быць верш «Зімовым вечарам»:
Пад ціхі шум твайго верацяна
Снуюцца думкі плоймамі густымі
Узоры ткуць у лучыны сінім дыме
I ўецца ніць, ж тонкая струна.
Кажы, бабулька, казку векавую,
Што вее чарамі заклятых сноў;
Хай слова ціхае ўскрынічыць кроў,
Патушыць сум і душу зачаруе.
Ўлажы ты ў словы дух сівых вякоў,
Дыхні ў іх волю моцную, святую,
Што ў сэрцы загул яе, як вясна,
Як Нёман, хвалі бурныя падыме...
Мо' сціхне жаль прад казкамі тваімі,
Мо' змоўкне боль пад шум верацяна...
Інтымная лірыка заняла, увогуле, вельмі ніклае месца ў творчасці А. Бярозкі. Пейзажныя матывы выступаюць досыць моцна, арганічна спалучюцца з грамадзянскімі інтэнцыямі і настроямі творцы.
Маюцца, праўда, сярод няцэлай капы вершаў паэта літаральна тры-чатыры творы, так бы мовіць, чыста пейзажнай лірыкі. Сярод іх адметны тонкім мінорным настроем, эўфенімічнымі знаходкамі верш «Адлёт жураўлёў»:
Вераснёвае сонца гуляе
На іх крыллях - і ціха, тужліва
Крыллі йграюць у ветры, як струн пералівы...
Сумна крыллі у ветры іграюць...
Вольны покліч далёка нясецца
Па блакіту бязмежных шляхох...
Там, далёка дзесь родны астаўся парог...
Крылле моцна з вятрамі б'ецца...
I лятуць... А пад імі, тугою спавітыя
Палі спяць у асенняй дрымоце...
А іх крыллі, блакітам залітыя,
Вераснёвае сонца залоціць...
Падчас паездкі ў Познань А. Бярозка быў арыштаваны гестапа і пасаджаны ў канцэнтрацыйны лагер Нордгаузен. Вызвалены пасля падзення фашысцкай Германіі. У Беларусь аднак не вярнуўся, хоць не быў заангажаваны ў ніводнай падакупацыйнай структуры. Паўстрымалі вярнуцца на Радзіму, выклікалі засцярогу арышты НКУС беларускай інтэлігенцыі ў 1939-1940-я гады ў Вільні і правінцыі. Інтэлігенцыя практычна была лаяльная да Саветаў. А. Бярозка, вызваліўшыся з канцлагеру, падаўся за акіян.
Чужына не аказалася такой паэтычна-плённай для Анатоля Бярозкі, як для Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Алеся Салаўя і іншых беларускіх паэтаў эміграцыі. Хоць да паэтычнай творчасці, досыць выразна заявіўшы пра сябе ў заходнебеларускі перыяд, ён спрабаваў вярнуцца. Невыпадкова ў 1989 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў у г. Мантысэла, штат Мінесота ў ЗША. Выдаў яго ў арыгінале і ў аўтаперакладзе на англійскую мову. Адбор зроблены ў эстэтычным плане строга, грунтоўна. У кнізе практычна два тэксты, невядомыя з заходнебеларускага перыяду публікацыі. Адзін з іх, верш «Эпітаф», звернуты да далёкай роднай зямлі. У канчатковай аўтарскай рэдакцыі ён набыў жанравую форму эпітафіі. Вось яе тэкст, важкі глыбока асэнсаванымі радкамі, сыноўяй шчырасцю, спавядальнасцю:
Я з дарогаў далёкіх і горкіх аніколі к табе не вярнуся,
дарагая матуля-зямля.
У чужым, няведамым полі
мае косці збутлеюць. Не аплача мяне Яраслаўна
у Падлессі, родным сяле. Ня схіляцца вербы, рабіны
над магілай забытаю. Толькі вецер з-над Нёмана, Лані
мо над ёю павее калісьці - зашапоча ў быллі на кургане...
I ня вернецца конь мой буланы да парогу роднае хаты
каб хоць вестку к табе данясці пра мяне, што загінуў
без сваіх, без цябе, мой аграблены Краю Забраны.
Я зарокся цябе не забыць анідзе, аніколі
і вялікую ласку к табе я пранёс
скрозь гады і нягоды
і вазьму я з сабой у магілу забытую гэту.
Не кажы пра мяне што загінуў дарма, пустацветам
пад мурогам чужым, у далёкай, нянашай краіне
будзе пораху жменя, што пайшла з беларускага роду
з беларускай раллі.
Тая пораху жменя
той куточак чужое зямлі - то навекі шматок Беларусі.
Сніцца будзеш ты мне, мой краю палеткаў ільняных
ў ранні светлага дня, ў васільковае сіні вузорах...
Хоць далёка магіла мая, хоць і згінуў не ў пору
я з табою навекі - там дзе моляцца сонцу разоры.
Пад чужым, глухім дзірваном, што берамем ляжа на грудзі
Сніцца будзе мне вецер той свежы з-над Нёмана, Лані,
I адна толькі скарга ў мяне -
што мяне там не будзе,
калі ў новую весну ты сустрэнеш сваё світанне.
Паэзія Анатоля Бярозкі была і ёсць малітвай аб Волі, беларускай Свабодзе.
ВЕРШЫ
ХРЫСТОС УСКРОС!
Хрыстос Ускрос! Шпакі пяюць,
Ужо прабудзіліся дубровы,
У сьнягох руччы бягуць і рвуць
Зімы сталёвыя аковы.
А цёмны лес абвесіў нос:
Ня верыць шчасьцю прабуджэньня,
Збудзісь! Пяі гымн ускрасеньня!
Хрыстос Ускрос!
Хрыстос Ускрос! Прышла вясна.
Хай прападзе бяда й няшчасьце,
Хай Беларусь устане з сна
I запануе ўсюды шчасьце!
Ручай аковы свае зьнёс,
Зьвініць нам песьня ускрасеньня,
Каханьня, шчасьця прабачэньня
Хрыстос Ускрос!
[1933]*
УСТАНЬ!
Устань, Баяне стары, прабудзіся ад сну,
Ажыві сярод нас залатую вясну
I у звонкія струны свае зазвані,
Продкаў славу у песьні сваёй ўспямяні.
Тым, хто душу сваю загубіў і прадаў,
Хто адрокся сваіх, хто чурацца нас стаў,
Не пяі; не для іх твая песьня жыла,
Не для іх па абшарах славянскіх плыла.
Запяі ты для тых, што жывуць для. другіх,
Ў чыіх сэрцах жыве хваля думкаў сьвятых,
Ажыві ты іх кроў, хай устануць ізноў,
Хай ўспомняць пра славу бацькоў і дзядоў!
[1933]
* * *
О, не пяі, сястрыца, сумнай песьні,
Ня муч мне сэрца, ня трывож душы!..
Я чуў яе даўно... Цьвілі чарэсьні...
Лілася песьня у начной цішы.
Шырока ноч па полі разаслалась,
Над возерам празрысты спаў туман
I ціха так бяроза калыхалась...
О, не чапай сястрыца, старых ран!..
Мінулі дні... Даўно ў краі далёкім
Я песьню гэту чуў. Агонь ў грудзех кіпеў!.
Маўчала ноч... Над яварам высокім
Так ціха месяц плыў і ціха так глядзеў.
А песьня боль ў грудзёх маіх будзіла
I нейкі сум, і нейкую тугу...
Пяўца яе даўно ўзяла магіла,
Але забыць яе я не магу...
Пакінь-жа песьню сумную, сястрыца!
То песьня сьлёз; пакінь яе пяяць!..
Хай у крыві заціхне навальніца,
Хай мары дзён мінулых адляцяць!
[1933]
* * *
О, васеньні віхор, ты мой друг, ты мой брат!
Неспакойны, як думкі мае, ты ляціш
I зрываеш апошнія з дрэваў лісты.
То як злосны вядзьмар, то як хлопчык пусты
У галінках, ў кустох шапаціш.
Завывает у полі ты злосна, як воўк,
Над ракою бушуеш ў аеры сухім..,
Падымаюцца хвалі ў рацэ і ідуць,
Разьбіваюцца з плескам аб бераг, гудуць,
Ізноў гінуць ў прасторы глухім.
Ня стрымае цябе ўся варожая моц
Людзкіх злыдняў. Ў імкненьні сваім векавым
Ты наперад ляціш, як палёў валадар,
Гоніш плоймы лянівых, расьцягнутых хмар,
Сячэш землю халодным дажджом.
О, васеньні віхор, ты, магутны мой брат!
Разгуляйся, ўсе сілы свае сабяры
I народу адвечныя путы скрышы
I заиграй яму сьветла на струнах душы,
Успамяні аб мінуўшай пары!..
[1933]
ВАСЕНЬНІМ КВЕТКАМ
Люблю вас, красачкі апошнія палёў!..
Пад небам поўначы ўзрасьлі вы на нядолю
Суровы лес вам выпаў: многа болю
Зьнясьці гаручага і многа сьлёз праліць
I без надзей, без лятуценьняў жыць
I згінуць без пары, бяз сьветлых сноў...
Дык за ваш боль, за вашую нядолю
Люблю вас, кветачкі васеньнія палёў.
Вы позна, краскі мілыя, ўзрасьлі
Ў туманах восені, на апусьцеўшым полі
Сячэ вас дождж, гне вецер да зямлі
I росы вас халодныя абмылі..,
Ды сонца не пабачыце ніколі;
Дні шчасьця вашага даўно сплылі
I апусьцелі чорныя палі
I золак сонца чорны хмары скрылі.
Я вас люблю, васеньнія цьвяты,
За сонных вочак вашых ціхае зіяньне,
Што будзіць думкі шчасьця і каханьня.
Хоць вецер злосна рве вашы лісты,
Наўкола пеніцца нядолі мора,
На сьвет апаў жалобы чорны цень,
А ў вочках вашых сьвеціцца пакора,
Жаданьне вытрываць і вера ў сьветлы дзень.
Калісь, даўно, ў вачах дзяўчыны мілай
Сьвяцілісь для мяне чароўныя агні,
Але даўно мінулі тыя дні
I золак шчасьця хмара болю скрыла...
У тых вачох ў балючы міг расстаньня
Гарэў нясьмелы проблеск залаты...
Я не забыў яго... О, мілая, дзе ты?..
Міўгань апошнія васеньнія цьвяты,..
[1933]
* * *
Вітай, вітай, зіма, халодна наша маці!
З далёкіх ты да нас вярнулася краёў!..
Іскрыцца сьнег на белай сенажаці
I цэлы сьвет блішчыць пад палатном сьнягоў.
Вітай, вітай, зіма, сьняговая красуля!
Шырока ты лягла сярод лясоў, лугоў..,
Ледзь падышла, мяцеліцай дыхнула
I беліць сьнег платы і сіню даль палёў...
[1933]
* * *
Ноч навісла над соннай зямлёй...
Як духаў рой,
Чары ляглі
Над даліной,
Разаслаўшы імглы
Палатніны...
Сьпіць нябесны прастор..,
Вышы неба зіяюць брылянтамі зор,
Як агністаю тысячай воч.
У вышах сьпіць чароўная ноч...
Блескам срэбра зіхціць
Неба глыбяў прастор;
У вышах ноч чароўная сьпіць,
Ціхі ветрык цалуе палі -
Маладое вясны пасланец -
I маўчаць у бясконцай далі
Духі ночы - з канца у канец...
I у вышы пачуўся звон...
Ударыў голас медзі ў склеп нябёс
I над зямлёй магутна абвясьціў:
«ХрыстосУскрос!..»
Надзеі сьветлых дзён
Прабудзіў
У збалелай душы.
Ўсё замоўкла, самлела ў цішы...
Хрыстос Ускрос! - шапнулі ціха зоры;
Хрыстос Ускрос! - адклікнулась зямля
I ўсё заціхла у пакоры
Прад сьцягам неба караля.
Званы ўскрасеньня б'юць...
Ці чуеш, брат-Крывіч?
Гудуць званы, гудуць...
Свабоды кліч!..
Збудзісь, Крывіч!
Званы ўскрасеньня б'юць.
[1934]
* * *
Бліснула зор чарада, адбілася ў хмарах празрыстых,
У цёмным блакіце нябёс бліснула зор чарада…
Шэпча рачная вада. Белым срэбрам сьлязіначак чыстых
Упала на зямлю раса. Шэпча трава і вада...
[1934]
* * *
Сьнягі... сьнягі... сьнягі... I шэры дзень зімовы
Так доўга цягнецца... Аб нечым сэрца сьніць...
Маўчаць палі, панура лес маўчыць,
На думкі вольныя нуда кладзе аковы.
Лягла на полі бель... Нейк злосна вецер рвецца
Мяце і круціць віхрам сьнежны пыл
I з над глухіх курганаў, з над магіл
Таёмны кліч са сьнегам ў даль нясецца...
Ён кліча тых, што гнуцца пад цяжарам
Жыцьцёвых мук, на вечны супакой
I бледны цень з іржаваю касой
Бясслоўна цягнецца асьнежаным папарам...
Ня біся, сэрца!.. Гэта сьмерці цень...
Яго навёў зімовы шэры дзень...
[1935]
* * *
Туман разаслаўся над соннай зямлёю
I далі палёў пад туманамі сьпяць,
А цёмная ночка завесай густою
Паўзе праз папары, лугі, сенажаць...
Пушыстыя хмаркі па небе гуляюць,
Як стада авечак. Замоўклі лясы.
Задумалісь краскі: галоўкі схіляюць…
Рассыпалісь пэрламі кроплі расы,
Вось цені гусьцеюць на неба блакіце...
Бліснулі у вёсцы далёкай агні...
Ноч краскі цалуе і шэпча: «Заеьніце!»
А краскі зямельцы шапочуць: «Засьні!»
А вецер свае карагоды заводзіць,
Галінкі бярозаў дрыжаць і шумяць,
I цёмная ночка да вёскі падходзіць
Паўзе праз папары, лугі, сенажаць..,
[1935]
ЗІМОВЫМ ВЕЧАРАМ
Пад ціхі шум твайго верацяна
Снуюцца думкі плоймамі густымі
Узоры ткуць ў лучыны сінім дыме
I ўецца ніць, як тонкая струна.
Кажы, бабулька, казку векавую,
Што вее чарамі заклятых сноў;
Хай слова ціхае ўскрынічыць кроў,
Патушыць сум і душу зачаруе.
Ўлажы ты ў словы дух сівых вякоў,
Што ў сэрцы загуляе, як вясна,
Як Нёман, хвалі бурныя падыме...
Мо' сьціхне жаль прад казкамі тваімі,
Мо' змоўкне боль пад шум верацяна.
[1935]
* * *
Грам. Машары на выезд
у Гдыню прысьвячаю.
Заснула ноч. Павісьлі ціха зоры
У цёмным небе па-над морам бурным;
На хваль хрыбтох вятры пяюць ноктурны
I ходзяць хвалі - вадзяныя горы.
Там грані скал развесілісь на моры,
Як чарапы разьбітай чорнай урны;
Вятры галосяць нейкі плач хаўтурны,
Ім глуха ўтораць водныя прасторы,
Вось выплыў месяц ціхі палахлівы;
Нейк сумна, сумна неба даль, чарнее;
Навісла ймгла заслонаю маўклівай...
Патухлі ў думках мроі і надзеі...
Я тут адзін. Далёка нашы нівы...
Ад Бацькаўшчыны вен ер не павее,,.
6. X. 1934
ФРАГМЭНТ
Ноч сьціхла. Імгла над зямлёю насілась
I ледзь-ледзь прыметна трава варушылась,
Здалёка дзесь шум данасіўся,
I месяц задуманы выплыў над борам
I жабы ў балоце азваліся хорам...
Туман над ракою зьявіўся.
Шаптала штось вішня таполі ля хаты,
Пад імі вясёла пяялі дзяўчаты;
У лесе глухім штось гукала…
Над рэчкай таёмныя цені мігалі
А песьні ліліся, душу калыхалі
I сэрца чагосьці чакала,
[1935]
* * *
Шуміць Нёман...
За хваляю хваля ідзе
I ў бурлівай пяністых хрыбтоў чарадзе
Там, далёка, б'е ў бераг высокі.
3 шэрых даляў даносіцца гоман:
Вецер гудзе, шуміць -
Шумяць сухія асокі...
Вецер б'ецца, а хваля бяжыць
Ў бездарожны, далёкі прастор...
Мо' няма там нуды,
Hi няволі, няшчасьця і сьлёз?
Можа хвалі імкнуцца туды,
Дзе пад ціхімі іскрамі зор
Расьцьвітаюць вясны лятуценьні
I дзе сонца зіяюць ірдзеньні,
Дзе апошні енк болю заціх,
I дзе ў сэрцах людзкіх
Хрыстос ускрос?..
[1935]
НОЧ ІДЗЕ...
Прасьцягам палёў бесканечным
Цёмныя цені крадуцца, паўзуць, заліваюць
Воблакі, неба, зямлю... А на захадзе ў цемры канаюць
Іскры апошнія дня, Песьняю казкай адвечнай
Лес-багатыр зашумеў. Ціха на ціхай вадзе
Вецер ў аеры шуміць і шасьціць...
Ноч ідзе...
Вось ужо бліснулі зоры і вецер улёгся гульлівы;
Не скалыхнецца ў цішы палахлівы асіны лісток.
Месяц у хмарах заграз і злавесна свой стомлены ўзрок
Стужкамі сумнымі льле... Пахіліўшысь пад соннаю нівай
Шэпчуць бярозы-сіроты, што вецьцем чуткім спляліся:
«Ноч ідзе!,. Цемра ідзе!.. Сьцеражыся!..»
[1935]
* * *
На раскутай з пад смежных пялёнаў зямлі
Нова-ўстаўшая рунь зелянее;
Ў цёмнай гушчы лясной, у цішы расьцьвілі
Кветкі - зоры вясны - расьцьвілі канвалеі.
Доўга з бурамі жорсткую спорку вялі
Дубы - старцы лясныя, натужыўшы грудзі;
Доўга хмары ліхія над полем злавалі
I шалёна круціліся кудасы хвалі,
Ў вочы небу сьнягамі мялі...
Прамінулі і шчэзьлі...
Як мары...
Як людзі...
Ідзе дзень... Ўстануць руні на нашых палёх!..
Вецер хмары-нягоды разьвее,
Сьлёзы - сонца абсушыць... Магутны араты
Выйдзе з песьняй і плугам з прабуджанай хаты
Новы шлях праараць між цярністых дарог…
Расьцьвітуць канвалеі...
11. V. 1935
* * *
Вось ізноў плачуць струны гітары тваёй
Як калісь,
Ў тыя дні, калі білася сэрца жывей,
Калі мроі плялісь...
I пяюць твае струны нясьмелай жальбой
I акордамі ціхімі сьняць аб мінулым...
Мо' шкадуюць, што доля жалезнай рукой
Ў пыл і попел надзеі твае абвярнула?
О, ня йграй гэтак сумна, ня йграй,
Мук і ценяў былых не ўскрашай!
Бо даўно прамінулі яны, як імгла
Заснавалі іх часу туманы;
Сонцам новага дня на душу ціш сплыла,
Загаілісь балючыя раны.
Ды вось зноў плачуць струны гітары тваёй,
Як калісь,
Ў тыя дні, што стралою між бур і завей
Пранясьлісь...
29. IV. 1935
ПЕРАДАВЫМ
Ад палёў вам прывет, ад шырокіх палёў,
Што калосяцца хваляй зярністаю,
Калі золаку сініх вачох васількоў
Пэрлы росаў запаліць іскрыстыя,
Вышы неба жаўрук гімнам раньня залье,
Лісьця шопатам бор запяе.
I прывет вам ад шэрых, пахіленых хат,
Хат, што сонца спрадвеку ня бачылі:
Ім нядоля - сястрыца, і голад ім - брат,
А вякі на іх твары назначылі
Крыжам мукі крывава правораны сьлед.
Ад пахіленых хат вам прывет!..
I працоўны прывет вам ад сэрцаў нямых,
Ад грудзёў, што ў баёх ўзгартаваліся;
Ужо з іх нетраў ня выйдзе нявольніцкі ўздых;
Яны ў гордую ціш закаваліся.
Хоць мазольны і горам усланы іх пуць...
Вам свой братні прывет яны шлюць.
22. VIII. 1935
АДЛЁТ ЖУРАЎЛЁЎ
Верасьнёвае сонца гуляе
На іх крыльлях - і ціха, тужліва
Крыльлі йграюць у ветры моў струн пералівы
Над іржышчам пустым, над гаем.
Вольны покліч далёка нясецца
Ў паднябесных сініх шляхох...
Там, далёка дзесь, родны астаўся парог -
Асталося вернае сэрца.
I лятуць. А пад імі, зь нямою малітваю,
Засынаюць палі ў адзіноце...
A ix крылы сіньню залітыя,
Верасьнёвае сонца залоціць.
11. IX. 1935
* * *
Пяі аб вясьне!
Хоць зімовыя ветры гудуць
I хоць сэрца трывогі абселі;
Хоць сьнягамі загнаны твой пуць
I надзеі ледзь тлеюць ў паўсьне
I ў змаганьні ўжо грудзі змадзелі…
Няхай злосныя ветры гуляюць
Ломяць слабае, ветлае гнуць,
Хай шумяць і равуць,
Хай сьнягі на палёх уздымаюць...
Ты пяі аб вясьне!
Чары сонца у песьню закуй і вагні,
Што вулканам бурляць у крыві,
Як калісь, ажыві,
Аб былым ўспамяні,
Не сагнуцца пад бурай сьцюдзёнай
Плечы волатаў з нашых загонаў
I у іх мазалістых руках
Не пахіліцца высака ўзьнесены сьцяг!
Дык хоць кудаса вые,
Вер, што ноч і зіма праміне,
Вер у сны веснавыя
I пяі аб вясьне!
18. XІ. 1935
* * *
Збудзіся, Крывіч, з пад нявольнага сну,
Страсі з сябе драмату,
У выш узьляці на магутных крыльлёх,
На сьвет глянь з арлінага лёту.
Збуцзіся, Крывіч, бо ўжо сонца ўзыйшло
I гіне ўладаньне цьмы-ночы:
Чакае Старонка так сіл маладых
Да працы ахвярнай, ахвочай.
[1935]
Бурляць і ймкнупца няўпынныя думкі
I грудзі трывожныя раняць мячом;
Hi дзень іх ня стушыць у сонца ірдзеньні,
Hi ноч іх ня скрые пад чорным крылом.
Ляціце-ж, ляціце, вы думкі, як стрэлы!
Забудзьце ў імкненьні аб долі ліхой!
Нясіцесь з віхрамі па полі шырокім,
Спыніцесь ціхенька пад роднай страхой.
[1935]
* * *
Ціхутка траўнёвая ноч падышла
I з зораў у вышах вянкі запляла.
У кустох запяяў салавейка -
I сьціхла лісьцё ў задумёных лясох,
Заслухаўся зьдзіўлены месяца рог,
Заслухалась ноч-чарадзейка.
А песьня - то ціхла, то крэпла ізноў
I вольна лілася па долах палёў;
Бор-волат ёй рэхам дзесь ўторыў,
А поле маўчала ў задуме; бо плыў
Кліч песьні магутнай і мроі будзіў,
Бо слухала неба і зоры!
[1935]
* * *
Адзінота...
Глухая...
Неба ў туманй шэрым,
Шэрае поле і стрэхі хат,
Шэрыя думкі туга навявае…
Глуш… Цішыня...
Доўгія цені кладуцца на сумных палёх...
Вечарэе...
Цені кладуцца на думках і тушаць надзеі.
Ў сэрца бяз веры
Ім адчыніла туга-адзінота шырокія дзьверы.
Вецер злуецца за вокнамі, дзіка рагоча, як кат,
З бедных, пахіленых стрэхрве пачарналы мох…
Вецер гуляе...
вецер шалее…
Маўчыць туга - адзінота...
І я маўчу і чакаю...
Можа зноў зварухнуцца у глыбях душы залатыя надзеі?
Можа блескі апошнія дня
Яшчэ блескаў апошніх у сэрцы ня стушаць?
Можа веры ня здушыць Глуш-туга адзінота?
Можа голас якісьці ажывіць сьмяротную ціш? Mo хоць
скрыпнуць вароты?
Ў небе зорка мо' блісьне з-за хмар хоць адна?
Але глуш ўкруг пануе і цемра бяз дна.., Адзінота...
Я там,., з цемры ўстае здань-зладзейка
I паўзе па сьцяне; злудай нейкай
Свае доўгія пальцы снуе па кутах...
I на сэрца трывожнае падае страх.
Хто ты, мара праклятая? Хто ты?
Цемра ўкруг... Цішыня... Адзінота...
[1936]
ЗІМА
I прышла яна... Шчодра сьнягі разаслала
I павісла на вецьці жальлівых бяроз
Белай наквецьцю… Шклянаю нізкаго сьлёз
Маразяных на землю апала...
А вакно маё сівы мароз акаваў
У халодныя, срэбна-іскрыстыя ковы...
Сівер злосна дыхнуў завірухай зімовай…
Хмары неба туманяць, моў плоймы зьяў…
А калі загуляе на полі завея
I заплача, застогне сьцюдзёны віхор
Ўскалыхнецца, як волат, асьнежаны бор
Ўстае шум з яго нетраў, расьце, магутнее,
Бястрывожна ідзе, каб сустрэнуцца з бурай
I віхры праламаць, сум разьвеяць пануры.
29. XII. 1935
* * *
Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начною,
неба ўпілося ў зямлю; і на цяжкія скібы ральлі
зорныя блескі упалі; і плоймай злавеена-нямою
чорна у чорных барознах цені ліхія ляглі.
Ноч шапталася з ветрам... За полем, шырока ўзгараным
шэрыя хаты, бедныя стрэхі ў зьнямозе паснулі;
ў стрэхі неба ўпілося зьзяньнем зор палымяных...
Ноч шапталася з ветрам... Так ціха... Ня чулі
сонныя стрэхі пахілых хат, закарэлыя рукі;
бо цяжкі мазоль тых рук, як цяжкія скібы ральлі;
чорная доля, як чорны хлеб... У ёрмы прынукі
доўгіх вякоў ланцугі волатаў моц упраглі.
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны,
ў ціхія хаты... ў жорсткія рукі... ў чорны іх хлеб і ў соль.
Шэрыя хаты, цьвёрдыя рукі - маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
19. II. 1936
* * *
Поле, далёка - шырока поле… і неба над полем
сіняе,.. Неба бяздоннае... Шолах вячэрні палёў
ціхі, як песьня з грудзей набалелых, што з ветру
парывам
па струнах вечару ймкне... I слухаюць нівы...
Гэта песьня, што полымем пеніць кроў -
Гэта песьня - аб волі!
Там - магілы дзядоў пад крыжамі пахілымі дрэмлюць
зьдзірванелая спадчына сівых вякоў; як чорныя раны
ўеліся доўгія цені крыжоў у шэрую землю,
упалі на жоўць пяску, ўкрылі траву пад сабою
чорным сумам...
Гэтта, на гэтых курганах
вякамі здабычу дзялілі чужыя багі а пары
і крывавыя іх аўтары
дыміліся доўга - нашай крывёю.
За полем хаты. На стрэхах мох абвіс зялёны;
зьвісьлі стрэхі над хатамі. Неба вячэрні пажар
палымее на шыбах чырваньню. Сьцелецца цень па загонах,
рабска паўзе па зямлі... Моў халодная сталь
грудзі зямлі халодны... Вецер ад родных хат -
разьвее мо' гора?
Хаты - бедныя, цёмныя... Пад вашымі стрэхамі соннымі
сэрца маё вашай доляй жыве, вашым болем сумуе...
Вечар пад стрэхамі сьніць сваю думу-тугу векавую...
З3 думай-песьняй ад хатаў шырока-разгоннаю
вечар, сэрца, магілы і поле зьліліся ў адзіны псальм _
Крывія!..
і моляцца сонцу разоры _
сонцу, што ўжо дагарае на шэрым попеле хмар.
4. IV. 1936
* * *
Парвалась струна...
Замоўкла звонкая ліра...
А калісьці зьвінелі на ёй
Гімны сонцу...
Красавала вясна,
Плылі песьні...
Замоўкла ліра...
Разьбілася сэрца...
Я калісьці надзеі снавалі яму
Шчасьця ніці...
Яно верыла ў праўду, дабро і красу.
Маўчаць парваныя струны _
Маўчыць разьбітае сэрца.
* * *
Над разорамі чорных палёў, разаслаўшыся хваляй шырокай,
вісьне шэрань туманнага дня...
З-пад размоклай страхі саламянай,
Нудна шыбы вясковых хат вызіраюць. Па глыбях туманаў
і па шэрых бяздоньнях нябёс блудзіць стомлена соннае вока.
Боль павіс на кляновым гальлі...
Восень жорстка абдзёрла бярозы
і ў дарожную гразь затаптала бяз жалю сухія лісты...
і шасьціць пад нагамі лісьцё...
Балавянае неба лье сьлёзы,
стогнуць хвоі пад ветрам ліхім: «Можа з намі заплачаш і ты?»
[1936]
Ты сустрэнь мяне, о поле, шыр-прасторамі,
прыгарні ды ўскалышы... Каб думы цёмныя
вараньнём над галавою ня кружыліся,
не палохалі.,, Няхай вецер вячэрні
іх падхопіць і нясе у далі,
на лугі.,. Хай па гушчах лесу
іхпагубяць, расьцярушаць суценьні…
Няхай душу гордую разгорне
ніва родная перада мною _
душу, ўзрытую мукамі, цярпеньнем _
а маўклівую, маўклівую да болі!
Няхай водгаласы склічуцца бяздомныя
і спаўюцца хай задумаю нямою
аж пакуль на вёску, на курганьне
чорную накіне ноч завесу.,.
Мо' сасьніцца мне, што з поля віхры ўзьбіліся,
цемру чорную раскалыхалі _
з пад сярмягаў можа бурна ўстане
песьня - расхвалюецца разорамі
пад лапцямі, пад нагамі босымі _
і яшчэ раз прывітае мяне поле
каласамі, сталі звонам і пракосамі.
1936
* * *
Не, я не скажу табе,
як цісьне камянем грудзі
боль... Не скажу,
як крывавяцца раны...
як пякуць мазалі
і як цяжка...
эхі!..
не скажу...
Я скажу табе толькі аб зорах
і аб ціхай вясьнянай начы,
аб месяца чарах,
аб руччы...
Ты сьмейся!..
Бо я не скажу табе,
як цісьне камянем грудзі
боль... як пякуць мазалі...
як раны крывавяцца…
І як цяжка...
Эх!..
не скажу...
2. V. 1937
НОЧ КАЛЯ БУДЫ
Умурзаны месяц выпаўз на мутнае неба,
плюнуў з агідай на хмары анэмічным,
жоўтым сьвятлом,
Сёньня месяц у поўні. Ён сёньня на небе тыранам
самаўладным... Ён зоры топча - круглы, жоўты
і горды.
Месяцу ў зубы цяжкі бот ня вытне;
пра долю сабачую
месяц ня ведае. Бо дзьве сабачыя долі:
або валачыць ланцуг ды аброжу,
або лоўка прад панам
хадзіці на задніх лапах...
і хацеў-бы сабака
ўпіцца зубамі ў халоднае месяца цела:
хай не сьмяецца з сабачай яго
закрываўленай морды
хоць пакуль запячэцца кроў
а на ранах струпы закарэюць.
Але месяц высока, Не таму яго дабываці,
каму цяжкі ланцуг ды цяжкі бот
долу сагнулі шыю.
I ён не сарвецца, ня блісьне клыкамі...
Ён толькі балюча завые.
29.X. 1937
* * *
Я люблю цябе, вечар, за цень перажытага дня _
золата шчодра па небе разьлітае:
моўкне поле і ціхне нябёс глыбіня,
ціха тухнуць у сэрцы надзеі аджытыя...
I, о вечар, люблю цябе за кветак, лісьця перазвоны
і за песьню, што жнеі пяюць, ад сярпоў разагнуўшы стан
ідучы грамадою з ніў каласяных убогіх загонаў,
рукавом уціраючы пот... I за сівы, сівы туман
разасланы над лугам... За зоры нябесныя, ясныя...
I за ціш, што нясеш ты змучаным, стомленым, сумным,
няшчасным,
I за чыстыя сьлёзы расы, што патайна ты льлеш
на ральлю
я, о вечар, цябе люблю.
[1937]
Зіма...
Зямлю накрыла і - пануе!
У сьнягох пахілыя касулі сонца затапіла...
Цяпер зямля - халодная магіла,
а неба - неба сьлёз ня бачыць - стогнаў не пачуе!
Дзе-ж людзі?
Ці жывуць -хто ведае...
I блудзіць
над полем пусты вецер... Болі тушыць _
каб не схапіліся, ня кінуліся ў неба,
не затрасьлі зямлёй!..
I стомленыя душы
цярпеньнем кормяцца - гаротным, цяжкім хлебам.
I многа, многа трэба рук магутна-цьвёрдых,
каб лядзяныя крыгі разламаць _
I многа трэба сэрцаў палыняных,
каб сьцюжу-ноч прасьветліць і сагрэць... каб жыць!
[1937]
АДНА СЬМЕРЦЬ
Сягоньня ты гэтак блізка прайшла…
Па лахмоцьці у мораку шэрым
бела, ціха і грозна
магільны павеяў холад,
А ёй шаснаццаць вёснаў із вачэй глядзела;
ад вуснаў моладасьць лунала кроўю
і сьпелі яблыкамі грудзі пруткія.
Ўсю ноч над ёю вісла ты нячутна _
надзею ледзяніла подыхам;
я ведаў: ты магутная;
перад табою долу гнецца цьвет
і белае імя тваё, як ціш.
Яе маці схілілася - і ўтуліўшы ў далоні твар
маўчала. Нема з паміж пальцаў каравых
скацілася чыстая іскра.
«Мама, чаму ты плачаш?»
Ўстрапянулася маці. Ў ірдзеньні дымнае лямпы
твар адкрыўся, глыбока збарозьнены, жоўты...
«Я, дзетка, ня плачу... ня плачу...»
Што-ж... Мо' паверыла. Узноў адчыніла вочы:
з вачэй яе шаснаццаць вёснаў глянула
і воля жыць - ў бязсільлі скамянелая.
Ў акно цадзілася зараньняе сьвятло
на шыбах палячы іскрыстыя грамніцы.
А на званіцы
ударыў звон,
Глухі. Хаўтурны.
19. IV. 1938
CREDO IN DUOS DEOS
Сёньня думы свае патаплю ў непакорнай у белі.
Хай запеніцца хмельна, пацячэ цераз край,
пырсьне бурнаю бельлю вясна маладая
яблын цьветам на зялёны на май.
Чуй. Сырыя грудзі зямпі, напоены потам мужычым,
доўга кроў - гарачую чырвань - цадзілі у росьцьвіту бель;
хаты, ўрослыя ў чорную гразь, закарэлыя ў болі
векавою тугою набраклі ды сабраці суляць жніво
там, дзе косьці нямыя бацькоў парахнеюць пад мохам.
Перад богам маіх бацькоў голаў схіляю долу.
А калі над вясною замучанай зашапоча яблыні цьвет _
на галіны, на май ацярушыцца бельлю;
калі ветрам у твар запахне - тады ятрацца раны,
тады будзяцца песьні пра сілу і гнеў, а рукі гатовы
заўтрашні дзень адчыніць сабе стальлю.
Я малюся за гэтакі дзень богу маіх патомкаў.
П. V. 1939
ЛІСТ ДА МАЦІ
(Пераклад з забытага)
На схіле восені дзён
к табе імкнуся у думах _
а думы ня знаюць запыняў,
Хочаш - абое ў сутоньні вячэрнім
ў вусьмешку твар
як у бэзу пукі
ахінем…
Ты там, у вёсцы маёй убогай
дзе восень залоціць кляны
а ўраньні туман
засьцілае лугі ды папары;
ты прадзеш сваё горкае зрэб'е,
ўспамінаеш падзеі а дні
калі выпіла горычы чару _
і мо плачаш. Ня вернецца сын
з далёкай дарогі...
А я тут, у месьце чужым і далёкім
пад хмарным восені небам
ў мітусьні парожняга дня
ды зьнясільлі дарэмных узьлётаў _
адзін, бязмоўна стаю
а ўдыхаю павевы зімы
і гляджу на лісьцё што пад вокнамі гіне
і веру
што вусьмешку маю
данясуць табе хмары.
Кастрычнік 1949
* * *
Сягоньня патухла тваё акно...
Ціхі вечар ізноў, як учора;
але сёньня патухла тваё акно...
Гэтак сама неба начное глыбока,
гэтак сама іскрацца воды ў месячным зьзяньні
і нязьменна хвалі цалуюць пясок
і хіляцца вербы над ціхай Вяльлёю;
гэтак сама вецер шасьціць ў аерах ды лозах
і сьвецяцца зоры - сягоньня, як учора.
Сярод россыпі вокан
патухла толькі а дно,
Дык чамуж зашчаміла мне сэрца журба
адзіноты бяздоньнем,
ды чаму на грудзёх цяжкі камень улёгся
з балючым дакорам?
Ад далёкага лесу - ад цёмнага бору
песьня чуецца дзесьці далёка-далёка...
А ці песня аб шчасьці і долі?
А мо' папараць-кветка мая расьцвітае ды вяне?
У гэты вечар патухла тваё акно;
з ім яшчэ адна кволая іскра што грэла мяне
датлела ў цемры сягоньня...
Вецер вербы цалуе; аеры шумяць над вадою...
Сярод россыпі вокан
патухла адно...
[1988]
ЭПІТАФ
(Сьлядамі Рупэрта Брука)
Бяжы, коню, дарогаю,
бяжы, коню, шырокаю _
к майму сялу, к майму двару,
к вароцікам цісовенькім
Выйдзе цябе сустракаці
сястра мая й стара маці
Не каж, коню, што ўбіт ляжу...
(Зь беларускае народнае песьні)
Я з дарогаў далёкіх а горкіх аніколі к табе не вярнуся,
дарагая матуля-зямля.
У чужым, няведамым полі мае косьці збутлеюць. Не аплача мяне Яраслаўна у Падлесьсі, родным сяле, Ня схіляцца вербы, рабіны над магілай забытаю. Толькі вецер з над Немана, Лані мо над ёю павее калісьці - зашапоча ў быльлі на кургане.
I ня вернецца конь мой буланы да парогу роднае хаты каб хоць вестку к табе данясьці пра мяне, што загінуў без сваіх, без цябе, мой аграблены Краю Забраны,
Я зарокся цябе не забыць анідзе, аніколі _
і вялікую ласку к табе я пранёс
скрозь гады і нягоды
і вазьму я з сабой у магілу забытую гэту.
Не кажы пра мяне, што загінуў дарма, пустацьветам _
пад мурогам чужым, у далёкай, нянашай краіне
будзе пораху жменя, што пайшла зь беларускага роду,
з беларускай ральлі,
Тая пораху жменя,
той куточак чужое зямлі - то навекі шматок Беларусі.
Сьніцца будзеш ты мне, мой краю палеткаў ільняных
ў раньні сьветлага дня, у васільковае сіні вузорах...
Хоць далёка магіла мая, хоць і згінуў ня ў пору
я з табою навекі - там дзе моляцца сонцу разоры,
Пад чужым, глухім дзірваном, што берамем ляжа на грудзі,
сьніцца будзе мне вецер той сьвежы з над Немана, Лані, -
і адна толькі скарга ў мяне - што, мяне там ня будзе,
калі ў новую весну ты сустрэнеш сваё сьвітаньне.
1988
ЭПІЛЕГ
А ці думы горкія прыйшлі
аб краіне, ворагам забранай?
Знаю - сьніцца расьцвітаньне ліп
у ружовы летні ранак.
(«Узвышша»)
Абяздолены мой стромы шлях
аніколі не давёў мяне да шчасця _
і трывога тоіцца ў грудзях
каб бясследна не прапасці.
I кляну я горкі лёс ліхі
і напружваю ў зьнямозе сілы…
Ці ж вядуць мае самотныя шляхі
да забытае, бяскрыжае магілы?
[1989]
ПЕРАКЛАДЫ
НЕ ЗАСТУПІЦЕ ДАРОГІ...
З літоўскай - Оны Міцюте
He заступіце дарогі вясьне,
калі рэкамі, полем
і гальля гушчарамі
яна йдзе у нашы сялібы...
Бо кожны цьвет і сьвежы пялёстак,
матыль рабакрылы, -
вашы наступы
адаб'е!
Не акаваць вам слоў - у цярпеньнях яны дасьпелі,
ні думкі - яна у грудзёх нашых вырасла...
З дарогі, вы, груганьнё, вы, здані,
што сіняе неба прад намі закрылі!
Вясна ужо ломіцца ў нашы хаты, -
ў душы і на вуснах цярпеньне ня месьціцца...
на шлях шырокі мы выйшлі -
Ня вернемся!
Мы новую долю абвесьцім, створым!
[1938]
ПАВАРОТ ДА ВЕРШАЎ
З літоўскай - Альбінаса Жукаўскаса
Ня ведаю. Можа ня раз
грашыў я перад музаю маёю.
Але! Ня раз пісаў я вельмі розна,
Я нават лятуцеў, я на'т любіў парою.
Ды калі кліча край гаротны,
Ці можна лятуцець тады? Любіць ці льга?
Любоў і мроі - мілы сэрцу пошар...
Мілейша песьня грозная краіне у сьлязах.
О родны край, чаму ты гэткі бедны, сумны?
Хто-ж спусташыў цябе, краіна?!
Надарма, надарма шукаў бы адказу: -
Адно ў сутунку хаткі хіляцца. Скавычуць сабакі
адно ля адрынаў.
Цішыня і ноч, Далёка за зорамі
Ў задуме глухая, цяжкая бяскончына.
Гэтак сумна, калі віхры не сякуць паднябесься...
Укруг цішыня. У цішыні скасьцянелі сёлы.
Хаткі. Гаротныя людзі. _ Гэта мая радзіма.
Але гэтак ляцець, каб гнятучую ціш перарваці,
Трэба прастору. Паветра вольнага трэба... Няма яго.
Hi віхраў няма ірвучых...
Таму гэтак сумна зьвіняць мае вершы...
[1938]
АСЕНЬНЯЯ ПЕСЬНЯ
З ангельскай - невядомага аўтара
Паўз вокны клён лісьцьцё цярушыць
а вецер гоніць плоймы хмар;
мне сьніцца вуснаў тваіх соладзь
і летні рук тваіх загар.
Ты адыйшла, і адзінота
засьціла сонца маіх дзён...
Цябе я помню, дарагая,
калі лісьцьцё раняе клён.
[1994]
УСПАМІНЫ
КРЫХУ ПРА ЯЗЭПА ПУШЧУ ДЫ ЯГОНЫЯ «ЛІСТЫ ДА САБАКІ»
Трывожны быў 1939 год у Вільні. Хоць і пачаўся ён зусім ціха, сонна і шэра.
Як заўсёды, сгарыя унівэрсытэцкія пабудовы ды Базыяльянскія муры туліліся ў зацішшы касьцёльных ды царкоўных вежаў, а ў Вострай Браме старыя бабулькі стаялі на каленях ды цярпліва, набожна лічылі пацеркі ружанцаў. На Антокалі, панад вялікімі ўваходнымі дзьвярыма касьцёла Пятра і Паўла, па-ранейшаму віднеў лацінскі надпіс з словамі малітвы за мір: «Regina pacis funda nos in pace».
Але няўстойлівы мір пасьлявэрсальскай Эўропы ўжо крышыўся. Зьбіраліся чорныя хмары, чутны былі далёкія громы, хоць яшчэ і без маланкаў.
Толькі нядаўна Гітлер далучыў Аўстрыю да «Вялікае Нямеччыны» ды заняў Судэты. Яго віталі горача судэцкія немцы. I нават Польшча не паграбавала шматком зямлі ад былой Чэхаславаччыны: «Сьлёнск Заальзянскі» вярнуўся да «Мацежы». I нямала было герояў-добраахвотнікаў сярод студэнтаў Віленскага універсытэту Сьцяпана Баторыя, што рваліся ісьці на вайну, каб вызваліць гэтыя «карэнна-польскія землі». Але нешта цяжкое, злавеснае вісела ў паветры. Як казаў хтосьці ў рукапісным студэнцкім выданьні «З-за плоту»:
Дні што надыйдуць, што ідуць, цяжкія раскрытым небам, загубаю эксплезый...
Трывожна было ў рэдакцыі «Крыніцы» на вул. Завальнай 1, у той час ужо адзінае беларускай газэты ў Заходняй Беларусі. Рэдактар Янка Пазьняк наракаў, што цэнзура завострылася, налёты паліцыі, часта ноччу, не давалі яму супакою. А на бачынах «Крыніцы» ўсё часьцей зьяўляліся вялікія белыя плямы: цэнзура канфіскавала цэлыя артыкулы.
Польскія акупацыйныя ўлады, як відаць, чуліся няўпэўнена, нэрвова: усюды яны бачылі палітычную ненадзейнасьць і «Жыдакамуну». Шмат хто зь беларускай інтэлігенцыі ў Вільні быў пад наглядам паліцыі, а некаторым нават было загадана зьяўляцца ў паліцыю штотыдзень. Усе чагосьці чакалі.
Я быў студэнтам мэдыцыны Віленскага унівэрсытэту, на апошнім трымэстры. Стараўся як мага хутчэй здаць апошнія экзамены ды атрымаць лекарскі дыплём. Галава мая была ахутана рамантычнымі думкамі пра службу нядужым ды няшчасным сярод беларускага сялянства. Магчымасыдь вайны мяне палохала. вайны я не хацеў. Але-ж часамі ўсё-ж думалася: ці ня будзе гэта вайна, пра якую маліўся калісьці Адам Міцкевіч:
Вайны ўсеагульнай за волю народаў мы просім ў цябе, Гаспадару!
Трывожна было і ў рэдакцыі «Калосься» - літаратурна-грамадзкага часапісу, што ў той час выходзіў у Вільні. Адказны рэдактар Янка Шутовіч непакоіўся, бо і за ім пільна сачыла паліцыя, часта выклікаючы на допыты. Чакаў ён, што вось-вось адашлюць яго ў канцлягер, у Картуз Бярозу. (Я ведаў пра гэта, бо быў неафіцыяльным сябрам рэдакцыйнае калегіі «Калосься»). Хваляваўся Шутовіч, што паліцыя магла-б забраць у яго беларускія літаратурныя матар'ялы, якія ўдалося яму здабыць для рэдакцыі, асабліва-ж тыя, што былі выдадзены ў падсавецкай Беларусі.
Былі яны забаронены і ў Польшчы, бо ўсё што прыходзіла з-за савецкае мяжы, лічылася «камуністычнаю прапагандай». Праўда, кнігі гэтыя можна было адшукаць ва унівэрсытэцкай бібліятэцы, але доступу да іх ня было нікому апрача тых, хто вёў навуковыя досьледы ды мог атрымаць спэцыяльны дазвол ад уладаў. А дазвол гэтакі беларусу атрымаць было нялёгка. У той-жа час мы ведалі, што кнігі гэтыя былі ўжо забаронены ў «квітнеючай» пад сонцам сталінскае канстытуцыі БССР, бо ўжо гадоў зь дзесяць прайшло ад таго часу, калі сталінскія апрычнікі «разграмілі» г. зв. «нацдэмаў»: беларускіх пісьменьнікаў-патрыётаў, нярэдка нават шчырых камуністаў, што пасьмелі адхіліцца ад генэральнай лініі партыі, якая накіроўвалася на зьліцьцё ўсіх народаў у «рускім моры». Нацдэмы былі абвешчаны «ворагамі народу», як-раз таму, што любілі свой гаротны народ ды не сьпяшаліся русыфікавацца. Таму гэтыя кнігі былі нелегальнымі і ў савецкай імпэрыі, і ў панскай Польшчы. Баючыся, што паліцыя іх забярэ ды зьнішчыць, Шутовіч паклікаў мяне аднаго дня да сябе і перадаў мне пачку кнігаў ды часопісаў, якія ён лічыў найбольш вартаснымі, каб я іх захаваў, на вёсцы, дзе Віленскі ваявода Бацянскі ня так лёгка мог-бы да іх даступіцца. Між матар'яламі гэтымі былі кнігі вершаў Язэпа Пушчы «Раніца рыкае», «Песьні на руінах», зборнікі Уладзімера Дубоўкі ды часопісы «Узвышша», «Маладняк», «Полымя», «Полымя Рэвалюцыі». Былі між імі і «Лісты да сабакі» Я. Пушчы. У Вільні ўжо пранесьліся чуткі, што Пушча даўно ўжо зьліквідаваны якраз за гэтыя «Лісты».
Бацькі мае жылі ў Наваградчыне. Я адвёз гэтыя кнігі на вёску ды схаваў іх у бацькавым сьвірне. Далучыў я да іх таксама зборнік «На этапах» Максіма Танка, які ён падараваў мне ў Вільні, зь ягоным аўтографам.
А ў міжчасе падзеі разьвярнуліся бурна і брутальна. Янка Шутовіч апынуўся ў Картуз Бярозе, і я ніколі яго больш не пабачыў, толькі чуў, што памёр ён шмат пазьней у Вільні. Кнігі засталіся ў схове і тады, калі Чырвоная Армія «вызваліла» Заходнюю Беларусь. Я быў пасланы працаваць лекарам Брэст-Літоўскае чыгункі ў Івацэвічы, Янаў Палескі, а пасьля ў Пінск. У красавіку 1941 г. атрымаў загад выехаць у Маскву на спэцыялізацыю, але 22 чэрвеня быў адкліканы тэлеграфічным загадам назад у Пінск.
Не давялося мне даехаць да Пінска - дабраўся толькі да Воршы. Два тыдні дапамагаў абараняць горад ад немцаў, працуючы лекарам чыгуначнае клінікі, праз якую йшлі чароды раненых. Калі бальшавікі пакінулі Воршу на ласку нямецкага акупанта, я, нарэшце, вярнуўся дамоў - галоўным чынам, пехатою. Працаваў лекарам у Баранавіцкім шпіталі, а калі д-р Язэп Малецкі выехаў на становішча намесьніка БЦР у Вялейку, я кіраваў мэдычнаю школай у Баранавічах, што мела на мэце забясьпечыць шпіталь сёстрамі ды фэльчарамі. Навучаньне вялося па-беларуску, настаўнікамі былі мясцовыя лекары. Сярод іх асабліва вызначаліся д-р Усевалад Кароль і хірург д-р Наумік. Сьвятар а. Леў Гарошка быў намесьнікам дырэктара і нёс галоўны цяжар адміністрацыйнае працы. Школа праіснавала да вясны 1944 году, калі нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі вывезьці ўсіх навучэнцаў на прымусовую працу ў Нямеччыну ды арыштавалі айца Гарошку, калі ён гэтаму перашкодзіў.
Фронт у гэты час ізноў бязьлітасна каціўся праз Беларусь, гэтым разам у заходнім напрамку, Пачаліся паветраныя налёты на Баранавічы, і людзі гінулі пад бомбамі. Я вырашыў выехаць у Польшчу, у Пазнаны там жылі сваякі маёй жонкі. Я ня ведаў, што адзін з гэтых сваякоў быў ахвіцэрам польскай «Арміі Краёвай», і яго шукала гэстапа. Як толькі я апынуўся ў Пазнані, гэстапа арыштавала мяне за «сувязь з польскім нелегальным рухам» і саслала пад канвоем у канцлягер Нордгаузэн у Турынгіі.
Перад тым як пакінуць Бацькаўшчыну, я узяў з сабой на няведамы лёс даручаныя мне кнігі, бо ведаў, што пакінуць іх бальшавікам нельга. Але ў Пазнані, пры арышце гестапаўцы, перабіраючы ўсе мае рэчы, знайшлі іх. «Russische bucher», - заявіў старэйшы з ахвіцераў ды адлажыў іх на бок, як доказ мае віны. Як я не пераконваў, што гэта не камуністычная прапаганда, яны не паверылі мне, а чытаць кірыліцай ніхто зь іх ня ўмеў.
Гэтак загінулі кнігі, што перажылі шмат бедаў і нягодаў, паноў і камісараў. Я да гэтай пары не магу пазбавіцца пачуцьця цяжкае віны перад рэдактарам «Калосься» Шутовічам ды і перад усім беларускім народам, што ня здолеў выратаваць і захаваць гэтыя шматкаштоўныя і рэдкія матар'ялы, калі яны былі мне давераны. Сягоньня я рад, што кнігі гэтыя усё-ж перахаваліся, што творы Пушчы ды іншых напдэмаў ды пакутнікаў за беларускі народ будуць перавыдадзены ў незалежнай цяпер Беларусі. Хацелася-б толькі, каб перавыдадзены яны былі не ў цяперашнім правапісе, пакалечаным русыфікатарамі, дзе нават характэрны для беларускай мовы мяккі знак «вычышчаны», а тым правапісам, якім яны сапраўды пісаліся.
Але я адыйшоў ад Я. Пушчы ды ягоных «Лістоў да сабакі», сапраўды нязвычайнага твору. Вось што напісала пра яго I. Багдановіч у прадмове да твору: «Багацьпе вобразных сродкаў, глыбіня зьместу, дасканаласьць формы дазваляе лічыць «Лісты да сабакі» Я. Пушчы шэдэўрам рамантычнай лірыкі 20-х гадоў».
А твор гэты сапраўды незвычайны. Толькі ўчытайцеся ў гэтыя радкі.
ЛІСТЫ ДА САБАКІ
Жыву цяпер я ў шумнае сталіцы,
далёка ад цябе, мой любы дружа.
Ляжыць акраец хлеба на стальніцы,
а ў збане на вакне юнацтва ружа.
Вятры павеюць хутка золкай сьцюжай,
і ліст крывавы свой яна ўроніць.
Праходзіцьме натоўп, з душой няўхлюжай
I ў гразь утопча, апусьціўшы скроні.
I толькі я адзін, паэт бяздомны,
над ім схілюся й акраплю сьлязамі.
Тады забросьнеюць душы затоны,
калі ў грудзёх мой дух зусім мне займе.
А покуль: б'е жывой вады крыніца
і хваля творчая гарачым пульсам.
Нашто-ж мне падхалімам быць, крывіцца
і ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам!
Лепш вольным птахам рэзаць шыр нябёсаў.
і супраць ветру размахнуць крыламі.
Хто хоча - кпіце над пясьнярскім лесам
I бэсьце, лайце ў гандлярскай краме.
Трывожнасьць рытму песьню агартае,-
нязнана-востры боль у адчуваньнях.
Мне лепей быць звычайным бы ратаем,
чым грэх зь сябе змываць ў атрутнай ваньне.
Даруй, што я пішу табе аб гэтым _
Тваё нутро гатоў яшчэ расчуліць.
Вартуй, вартуй лепш хату да расьсвету,
Вуглоў каб не разьнесьлі людзі вуліц.
Я ведаю - цяпер у вас там восень
і ночы чорныя жуду калышуць.
Вятры лісты ажоўклыя разносяць
I намятаюць гурбамі ў зацішак.
I ты адзін правёў у ноч такую,
правёў мяне ў далёкую дарогу.
Гадзіну гэту кожны год сьвяткую
і слухаю, ці ў дзьверы хто не дрогне.
Ніхто, ніхто! Зацяты ланцугамі...
Хтось рукі заламаў у далях сініх.
Вартуй, мой дружа, родны ганак _
пішу аб гэтым я табе з Расіі.
II
Успомніў восень я пятнаццатага году,
і уваччу змяёй узьвіўся чорны шлях.
Ніводзін дзень ня ведаў ласкавай пагоды -
за навальніцай навальніца сьмерці йшла.
У гэту восень стаў народ наш сіратою -
ўздыхнулі цяжка хвалі віленскіх вазёр.
У капліцы дзён жахлівых брат сканаў з сьястрою;
у слёзна-золкім небе згасла радасьць зор.
Ніхто з людзей не мог адчуць наш боль трагічны
была страшная зяб - рыпелі косьці дрэў.
карэньні іхніх ног былі ў крыві крынічнай,
Выгнаньня дзень, бы злодзей, краўся па дварэ.
I ты стаў бежанцам у гэты дзень закляты -
пайшоў па шчасьце ў чужацкую зямлю.
Ты выць, пачаў пад крыжам і пад хатай
і вочы сьлёзныя закатываць ў імглу.
Ты познай восеньню ў палёх глухіх брадзяжыў,
знайсьці прыстанішча сабе ніяк не мог.
імгліліся жудою хмары сыпкай сажы,
а ты пад імі выў і грыз балотны мох.
I ты і гаспадар твой сталі жабракамі;
калі-ж вас людзі праганялі з-пад вакна,
тады чало сьціскаў ты лапамі-рукамі
і церні вырываў з пакутнага вянка.
Ішлі гады, міналі дні падзей суровых,
вяртацца сталі ўсе ў асірацелы дом.
Зьмянілі шум даўнейшы свой лясы, дубровы,
і поле зарасло бадыльнікам кругом.
Ад мяса і крыві набухлі жылы глебы;
да іх вярнуцца ты ня змог, ня здолеў больш.
Твой гаспадар цябе зьмяняў на бохан хлеба,
па целе па тваім тады прабегла дрож.
Пайшоў ты ад сваіх, галоў на дол схіліўшы,
да бацькі да майго, дзе я цябе сустрэў,
Падумаў ты: у сьвеце гэтым многа ліпшіх,
I смагла сьлёэы піў, што падалі са стрэх.
Былі ці не былі ў нас родныя натуры,
а толькі мы адзін другога сталі разумець.
Замоўклі рэвалюцыі вялікай штурмы,
атрэсьлі клёны ўсінь лістоў ажоўклых медзь.
I я пайшоў у горад за нязнанай славай,
а ты астаўся там-жа пад страхой старой,
Ліста мне ад цябе ні разу не прыслалі,
хоць ты й пісаў яго вячэрняю зарой.
Туга і боль душу пабілі мне на раны,
I я пачаў успамінаць цябе часьцей.
пачаў выходзіць на шляхі дарогі раньнем
і запрашаць к сабе няведамых гасьцей.
Успамінаў аб табе ўсё-ж нікому не расьсеяць;
і знаю я, калі вярнуся ў родны дом,
адно спазнаеш ты, спазнаў як Адысея:
прымі-ж ты ад мяне гарачы мой паклон.
III
Ці я ў тэатры, у рэстаране п'яным,
дзе радасьць расьпіваюць пад джаз-банд;
усюды зрок вачэй блакітных вяне,
і ўсюды бачу я жалобны бант.
Няхай сабе я сёньня й страшна хворы,
не трэба ўсё-ж рэцэптаў для душы.
Сталецьцямі гараць і сьвецяць зоры,
і іх вятры не ў сіле затушыць.
Няхай, няхай гавораць так і гэтак,
а я пішу табе ўжо трэці ліст,
няхай сабе аблаюць і ў газетах,
мо ўспомніць часам хто калісьць.
Мой дружа, ці-ж у гэтым рытмы песень
і смутак нашай сонечнай красы?
Калі паэт галоўна грудзі зьвесіць,
няўжо краіне ён тады не сын!
Мне часта зябка й холадна бывае,
I ўсё-ж ніхто ні разу не сагрэў,
не цалаваў-жа здраднымі губамі
ніколі я лістоў, апаўшых з дрэў.
Стаю вось перад Зімнім тут палацам
і ўвесь, ня ведаю й чаго, дрыжу.
I сам ня ведаю, чаго так плачу...
Хто там? Прыйдзі хутчэй і ўкрыжуй!..
Канец хай будзе ў ім маім цярпеньням;
няхай лісты разьвеюцца з асін,
з чала краіны вырву ўсю-ж я церні,
каб болю іх ня ведаў болей сын.
Няўжо мне ранаў песьня не загоіць,
што гэтакі трывожны б'ецца пульс?
Паэт, які ня ведае агоній,
ня здолее ўславіць Беларусь.
Ой, гэта слова, слова дарагое!..
Ах, дружа мой, заўсёды рытм саб'е!
Я-ж напісаць хацеў зусім другое,
хацеў у госьці запрасіць цябе.
Адно вось толькі думы непакоіць:
ці ўдасца ўсё-ж даехаць да мяне?
Ну, скажам, адвязуць к чыгунцы коні,
аж бліснуць зоры ў полі з-пад саней.
А там білет, і ты ў вагоне спальным;
ты сьнедаць зможаш у рэстаран зайсьці,
у ім зімою зелянеюць пальмы,
і думает, зімы няма ў жыцьці.
А на вакзал, на сьветлую платформу
прыйду я сам, прыйду цябе сустрэць.
Адзін другое горача прыгорнем _
даўно, даўно ня меў такіх я стрэч.
Не ўсьпееш з дому перадаць вітаньні,
Шчэ вочы будуць ў радаснай жальбе,
I тут-жа раптам горыч разьвітаньня _
ў сталіцы не дазволяць жыць табе.
Адзет не будзеш ты ў парадны кіцель,
ня будзеш мець заслугі - медаля,
зьбягуцца і абступяць цябе гіцлі,
і будзе шмат іх: дзе ні стань, ні глянь.
Жыві, жыві, знаць, дома лепей;
услухвайся ў таемны шум і шэпт,
чужыя людзі ходзяць каля склепу,
Пільнуй! Цябе цалуе твой Яээп.
Язэп Пушча зьявіўся на беларускай літаратурнай сцэне ў 1925 годзе, калі выйшаў першы зборнік яго вершаў. Гэты вясковы хлапец, а пазьней настаўнік, выкладчык беларускае мовы І літаратуры ды заснавальнік літаратурнае групы «Маладняк» пісаў аб крыніцах свае паэзыі; «Рана, зь дзіцячых гадоў, я стаў пастушком, узыход сонца часта сустракаў на выгане разам з каровамі, я слухаў у полі і чуў як раніца рыкае. Гэты вобраз пазьней увайшоў у маю паэзыю». I сапраўды, ягоная першая кніга паэзыі, што выйшла ў 1925 годзе - была «Раніца рыкае». Гэта кніга, на маю думку, адчыніла залатую пару ў беларускай літаратуры, а Пушча неўзабаве стаў шырока ведамым самабытным паэтам, які налажыў глыбокі знак на маладую беларускую паэзыю гэтых гадоў.
Але, на няшчасьце, былі гэта гады, калі таталітарная бальшавіцкая сыстэма вырашыла, што «мастацкае слова мусіць служыць зброяй у клясавай барацьбе». А барацьба гэта, як пісаў Алесь Звонак, адзін з крытыкаў творчасьці Пушчы: «вымагае няпрымірымых адносін да ўсялякіх праяваў чужой ідэалёгіі і праяў буржуазнага нацыяналізіму». Зразумела, ідэалёгіі «чужой» для чырвонага фашызму і маскоўскага шавінізму.
«Лісты да сабакі» Пушча напісаў у Ленінградзе, калысцы таталітарнага самаўладзьдзя. Паэт, відаць, прадчуваў, што ягоная ружа юнацтва ўроніць сваё лісьцё незадоўга пад сьцюжаю вятроў бальшавізму, і толькі ён адзін над ім заплача, ён - паэт бяздомны: бо бычыць ён, што пабудова «Народнага Дому», у які верылі маладыя беларускія патрыёты пасьля упадку царскае тыраніі, - гэта ілюзыя. Замест дому для гаротнага беларускага народу будавалася новая турма народаў ды новая, бальшавіцкая тыранія, што знайшла пазьней свой апагей у «правадырстве» Сталіна, (Der Fiihrer). Верыў Пушча, што не па дарозе яму з тымі, хто ўсё яшчэ верыць, што «пурпуровых ветразей узьвівы трымаюць курс на сонечнае заўтра», а пагадзе не па дарозе з тымі, хто прагандляваў сумленьне за мэдалі, за партыйны білет з доступам да «спэцразмеркавальніка», з тымі, якія лаялі, каб толькі не стаяць у чарзе па бохан хлеба, бэсьцілі Пушчу ды іншых верных сыноў радзімы, крывіліся падхалімна ды «ўрэзваліся ў хмары чырвонымі бусламі». Пушча хацеў «вольным птахам рэзаць шыр нябесаў і супраць ветру размахнуць крыламі». Але-ж вецер гэты быў непрымірымы і ня меў літасьці.
За гэтым ветрам стаялі «гіцлі» - гадунцы ката Дзяржынскага ў скураных куртках, за гэтым ветрам стаяла «Магутная Русь» па словах расейскага-ж паэта; «Русь Малют, Іванов, Годуновых, хищников, опричников, стрельцов, свежевателей живого мяса». Перад гэтым ветрам гнуліся нават моцныя людзі. А тыя што ня гнуліся, запаўнялі цягнікі ў Сыбір або магілы Курапатаў. Нават Купала пісаў пад гэтым дзікім ветрам: «О, так я пралетар... мне бацькаўшчынай цэлы сьвет: ад родных ніў я адвярнуўся; адно-ж ня збыў яшчэ ўсіх бед: мне сьняцца сны аб Беларусі».
Пушчы таксама сьніліся гэтыя сны, ён баяўся за будучыю свайго народу. Таму і пісаў ён, вернаму сябру на вёсцы: «Вартуй, вартуй-жа хату да расьсвету, вуглоў каб не разьнесьлі людзі вуліц».
Людзі вуліц - пралетары - тыя ў кога няма Бацькаўшчыны, Пушча бачыў таксама адкуль ідзе пагроза: «Вартуй, мой дружа, родны ганак - пішу аб гэтым я табе з Расіі». Гэта было не да ўспадобы балылавіцкім імпэрыалістам-драпежнікам. Пушча, таленавіты паэт эўрапейскае меры, «ведаў агоніі» і мог-бы ўславіць Беларусь. Гэтага-ж нельга было дазволіць, не маглі гэтага сьцярпець самадзяржаўцы. I пачынаецца нагонка на паэта - ён абвешчаны «нацдэмам», «ворагам народу». Бо ў пралетарыяту няма Бацькаўшчыны - акрамя мо маскоўскае імпэрыі.
Але-ж ніхто чамусьці не падумаў абвесьціць Маякоўскага расейскім нацыяналістам, калі той заявіў, што кожны «хахол» павінен навучыцца расейскае мовы - таму толькі, што гэта была мова Леніна. Не, Маякоўскі ня быў расейскім нацдэмам, ды ці чуў хтосьці наогул пра расейскую «нацдэмаўшчыну»? Яе ня было, была толькі ленінская ідэялёгія, што ў сапраўднасьці служыла верна інтарэсам маскоўскага каляніяльнага імпэрыялізму. Партыя намагалася ўдаўбсьці ў галовы масаў, што будуе яна сацыялізм і бязклясавае грамадзства. У сапраўднасьці будавала яна новую кяясу бальшавіцкіх бюракратаў, клясу новых эксплуататараў, што ўзьнеслася на карку тых-жа «пралетарыяў», ды трымался пры ўладзе з дапамогаю брутальнай апрыччыны ды крывавага тэрору. Пабачыў гэта і сам Маякоўскі, што заклікаў кожнага увайсьці «во царствие мое, земное, не небесное», які сам усею істотаю «бросался в социализм», «потому, что нет мне без него любви». Аднак і ён, пабачыўшы новую клясу, расчараваўся і скончыў жыцьцё самагубствам, бо, як кажа яго перадсмяротная запіска, «любовная лодка разбилась о быт», ілюзыі ягоныя разьбіліся на каменьнях бальшавіцкае сапраўднасьці.
Бачыў гэтую клясу і Пушча. Ён, верны сын свайго гаротнага народу, стаў ахвярай абвінавачаньня з боку тых, што, як кажа Золак «цьвёрда стаялі на перадавых ідэялягічных пазыцыях», прадаўшы душу бальшавіцкаму ідалу - вялікаму, мудраму бацьку ўсіх народаў. Пушча абвінавачваецца ў тым, што ён адступіў ад «сталбавой дарогі пралетарскай літаратуры», хоць і намагаўся ён часамі «ісьці дарогаю каля слупоў, каб ня ўхіліцца ўправа, а ці ўлева». Але-ж калі ў 1929 г. выйшлі ягоныя «Лісты да сабакі» ды зборнік вершаў «Песьні на руінах» (руінах таго «Народнага дому»), партыйная крытыка тых гадоў рэзка абрушылася на паэта за яго «ідэйныя зрывы». Пушча апынуўся ў кіпцюрах «гулагу» ў далёкай Сыбіры. 24 ліпеня 1930 г. паэт запісаў у сваім дзёньніку: «Пакідаю Беларусь на доўгія гады». I толькі 19 ліпеня 1958 г. вярнуўся ён у Менск, пасівелы і нядужы. Пражыў ён пасьля гэтага нядоўга. Як піша Золак «наш добры друг, наш малады сучасьнік, поўны энэргіі, творчых імкненьняў, высокіх і чыстых ідэалаў,... заўчасна ў росквіце творчых сіл пакінуў жыцьцё, і пяро выпала зь яго рук, не дапісаўшы шырока задуманага, галоўнага...»
Але тое, што напісаў ён «у росквіце свайго юнацтва», усё яшчэ актуальна і мае поўную сілу і сягоньня.
Чужыя людзі ўсё яшчэ ходзяць каля склепу, намагаючыся павярнуць кола гісторыі назад...
«Вартуй, мой дружа, хату да расьсвету"
[1993]
СЛОВА ПРА СЯБРА
Яшчэ адна сьвежая магіла... Гэта прозьвішча, жое дастойна каб вымаўляць яго з пашанаю, амаль з набожнасьцю, а цяпер і з болем. Мы ведаем ягонага бацьку Антона і дзядзьку Івана. Імёны гэтыя зьвязаны неразлучна з беларускім музэем у Вільні, у якім захоўваліся памягкі мінуўшчыны нашага аграбленага народу.
Сьмерць Луцкевіча - гэта гістарычная падзея. Гэта нагода дзеля ўсенароднага суму і жалю. Але-ж не адзначаць яе хоць-бы спагадным словам паслухмяныя дыктатару сродкі масавай інфармацыі на бацькаўшчыне пад сонцам Лукашэнкаўскае канстытуцыі. Там падзеі гэтае нават не заўважыць афіцыяльны Менск, каб мо хоць даць імя Луцкевічаў адной з вуліцаў, дзе яшчэ ўсё красуюцца вуліцы Суворава ці Дзяржынскага, а мо незадоўга ўсплыве і вуліца Замяталіна. Той-жа Замяталін, калі нават і дойдзе да яго ведама, што памёр Луцкевіч, пракамэнтуе: «Ну, што-ж памёр яшчэ адзін калябарант!»
Радзіўся і жыў Лявон Луцкевіч у Вільні - месьце Скарыны і Мамонічаў, «Нашае Нівы», Купалы, Коласа і Багдановіча.
Лёс ягоны трагічны і жорсткі, неразлучна зьвязаны з лёсам нашае гістарычнае сталіцы ды і з лёсам зямлі віленскае і яе народу. Горад на раздарожжы, Вільня была схоплена ў завірусе падзеяў вялікае вайны ды кінутая ў кіпцюры варожых акупантаў з усходу і захаду. А кожны акупант намагаўся перакаваць душу запалоненага люду па сваім вобразе, а сьцерці з твару зямлі ўсё тое, што магло-б стаяць на перашкодзе.
Яшчэ у першую вялікую вайну, якой ніхто яшчэ не дадумаўся назваць айчыннаю, некалькі разоў Вільня перайходзіла з рук у рукі. А малады яшчэ pyx беларускага адраджэньня ня меў яшчэ сілаў, каб эффэктыўна супроцьставіцца фізычнай моцы варожага наезьніка.
Жыць давялося Лявону ў пару вялікіх сусьветных зрухаў, што закранулі зямлю нашу жорстка і крывава. Беларусь, ізноў «укрыжаваная на ростані ўсходня-заходніх дарог», апынулася ў самай гушчы барацьбы дзьвёх магутных сілаў, якія, хоць карэнна розныя і ўзаемна варожыя і нясумесныя, мелі адно супольнае імкненьне, якое не супадала з імкненьнямі беларускага народу, каб існаваць, каб ператрываць і жыць. Абедзьве гэтыя сілы хацелі-б сьцерці беларускі народ з твару гэтае нашае плянэты, бо само толькі існаваньне беларусаў замінала ім у іхных вялікіх мэтах - будаваць падуладныя дыктатарам імпэрыі. Аднак абедзьве гэтыя сілы, хоць прагныя і гатовыя зьніштожыць беларускі народ, былі змушаны рабіць намаганьні выкарыстаць яго дзеля сваіх нялюдзкіх мэтаў. Акупанты зьмяняліся, але народ наш трываў. Асабліва часта зьмяняліся гэтыя акупанты ў Вільні, дзе ў гульню гэту ўблыталіся яшчэ палякі ды лятувісы.
Упяршыню я сустрэўся з Лявонам Луцкевічам у Вільні, у памешканьні Беларускага Студэнцкага Саюзу на вуліцы Завальнай, 1. Сустракаў яго я там нярэдка, хоць і ня помню ці Лявон быў у той час студэнтам. На Завальнай у тую пару зьмяшчалася таксама беларуская друкарня, дзе друкаваліся амаль усе беларускія выданьні таго часу, як «Калосьсе», «Шлях Моладзі», «Крыніца» ды
іншыя. Тут-жа была кватэра Янкі Пазьняка, рэдактара «Крыніцы». Студэнты віленскага унівэрсытэту спатыкаліся тут амаль штодзённа. Часта зайходзілі госьці з ваколіцаў, з іншых гарадоў і вёсак Заходняе Беларусі. Ня дзіва, што тут нярэдка можна было сустрэць і Лявона. Сустракаў яго я часам і ў старых Базыльянскіх Мурох, у музэі.
Было гэта ў 1939 годзе. Быў я тады студэнтам на апошнім трымэстры мэдыцыны, намагаючыся пайсьці сьлядамі Скарыны і стацца «у лекарскіх навуках доктарам». Але часы былі трывожныя. Вільня, як і ўся Заходняя Беларусь, ад часу Рыскае ўмовы, была пад польскай акупацыяй. Але на захадзе зьбіраліся хмары: Гітлер, што дамогся сваіх мэтаў у Чэхаславаччыне ды Аўстрыі, пагражаў ужо непасрэдна Польшчы. У жніўні была падпісаная тая слаўная ўмова аб дружбе і неагрэсыі паміж Нямеччынаю і Савецкім Саюзам. А ў верасьні грымнула бура. У выніку «вызваленьня» Заходняе Беларусі Вільня апынулася пад маскоўска-балыііавіцкай акупацыяй.
Праўда, сьпярша ніхто з нас ня думаў, што мы толькі зьмяняем акупантаў, хоць і бачылі мы Чырвоную Армію ды чулі пра чаканыя і нечаканыя арышты. Усё-ж, чырвоныя агітатары, да якіх далучылася таксама шмат мясцовых «актывістаў», выясьнялі нам, што Чырвоная Армія прыйшла толькі, каб «падаць брацкую руку помачы» народу Заходняе Беларусі, а цяпер мы самі вызачым сваю будучыню ў свабодных, дэмакратычных выбарах. Нельга было ня верыць. Вайсковыя ўлады пачалі арганізаваць курсы беларускае мовы для тых віленчукоў, што ёю не валодалі. I вось Лявон стаўся адным з настаўнікаў на гэтых курсах - ён усёю душою аддаўся справе беларускае мовы ў роднай Вільні.
Між іншым, калі мова пра мову: у 1939 годзе дамінуючай мовай у Вільні была жыдоўская мова - ідыш. Гэта зусім ня дзіва, бо бальшыня насельніцтва ў Вільні - гэта былі жыды. Дарэчы, у беларускай мове, як і ў польскай, слова «жыд» гэта толькі этнічны назоў бяз ніякіх абразьлівых адценкаў. Самі жыды на Беларусі называлі сябе жыдамі, і хутчэй абразіліся-б, калі-б хто назваў іх «яўрэямі», і толькі нашыя ўсходнія суседзі знайшлі патрэбу правесьці «черту оседлости» ды накінуць нам слова «яўрэй», бо на Беларусі амаль што ня было антысэмітызму і народ ня лічыў іх, жыдоў, нейкімі ворагамі, ды амаль што ўсе яны добра валодалі беларускаю моваю.
На другім месцы была польская мова, хоць і была яна дзяржаўнаю мовай у Польшчы. Паводле польскіх статыстык палякі былі другой найвялікшаю групай у
