|
АЛЕСЬ ЗМАГАР
ВЫЗВОЛЬНЫЯ ШЛЯХІ
Выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху
Кліўлянд 1965
З.Ш.А.
Сыну майму МІХАСЮ гэту кніжку прысьвячаю.
Аўтар.
" Тата, я хачу быць такім, як ты", - казаў малы Міхасік, маючы 7 гадоў, а цераз 3 гады, у дзень сьвяткаваньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, выступіў на сцэне з дэклямацыяй верша "Беларусам я радзіўся". Мінула шчэ 3 гады і зноў на сьвяткаваньні 25 Сакавіка Міхась выступае з дэклямацыяй верша Я.Купалы "Курган".
ШЛЯХІ БЕЛАРУСКАГА ВЫЗВОЛЬНАГА ЗМАГАНЬНЯ
Літаратурна - гістарычны мантаж Алеся Змагара, зачытаны праз радыё Ленай Кузьміцкай (выразнае чытаньне) і Валяй Ламако (дэклямацыя).
Сваім вызвольным змаганьнем за незалежнасьць Беларускі народ быў ведамы з глыбокіх часоў сівое мінуўшчыны.
...Ў старыну беларус непадданы
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у сьвеце быў знаны
За Літоўскай і Ляшскай зямлёю.
(Алесь Гарун - "Ты,мой брат")
Зычна гудзеў Вечавы Звон, заклікаючы вольных Крывічан да зброі. I сьмела выходзілі ратныя людзі наперад, грудзьмі засланяючы дарогу ў радзімы Край.
...Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла.
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшна была...
(Янка Купала - "Над Нёманам").
Залатымі літарамі ўпісаны на балонках гісторыі Беларусі імёны Полацкіх, Наваградзкіх і Віленскіх князёў. Але надыходзяць цяжкія часы і для нашае Радзімы. Пачынаецца спачатку Польскае, а потым - Расейскае панаваньне. Шмат беларускіх магнатаў і шляхты, паквапіўшыся на чужынецкія абяцанкі, здраджаюць беларускаму народу і дэнацыяналізуюцца.
...Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі!
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
(Максім Багдановіч - "Пагоння").
Вякі чужынецкага панаваньня шмат крыўды прынесьлі нашаму беларускаму народу. Але
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе.
Не загіне Край забраны,
Покі будуць людзі...
(Янка Купала - "Нашай Ніве").
I Край не загінуў. Нацыянальнае душы беларускага народу вораг зьнішчыць ня здолеў. 3-пад саламяных стрэхаў жывою крыніцаю прабівалася нацыянальная сьведамасьць, якая й парадзіла ў 1917 годзе Нацыянальны Камітэт, потым Раду і нарэшце - Першы Ўсебеларускі Кангрэс.
На Сход! На ўсенародны грозны, бурны Сход
Ідзі аграблены, закованы народ!
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыЎды, сьлёзы, кроў...
(Янка Купала - "На Сход").
25-га сакавіка апавяшчаецца векапомны Акт Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.
...Вялікі Дзень! Нічым Цябе ня сьцерці!
Стагодзьдзям на'т Цябе не перажыць.
Вякі мінуць, а Ты ў народным сэрцы
У песьнях, былях будзеш вечна жыць.
(Алесь Змагар - "25-ты Сакавік").
Ды не да смаку ўсё гэта было ворагу,, і ён кідае на беларускія землі свае крыважэрныя орды, каб зноў запанаваць над нашым народам.
...Але ўжо ня згодны беларус гнуць сьпіну
Досыць працярпеў ён шмат гадоў палон!
Паўстае ён сьмела за сваю Краіну,
За абліты потам дарагі загон...
(Алесь Змагар - "Слуцкія Палкі").
Тым часам, паміж Масквою і Варшаваю пачынаюцца перамовы за кошт беларускага народу.
Рынкам жывога тавару няслава
Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
Торг гругановы вядуць між сабой...
(Янка Купала)
I, ня пытаючыся згоды Беларускага народу, Рыскім трактатам рэжуць жывое цела Беларусі на часткі. Хваля абурэньня пракацілася па ўсёй Краіне.
...Нас падзялілі - хто?Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы!К дзьяблу граніцы!
Нашы тут гоні, бары...
(Якуб Колас - "Беларускаму люду").
I ня вытрымалі Случчакі.
...За бацькам усхапІўся сын.
Адзеты ў зрэбную кашулю
Хлапец схіліўся да матулі:
- Даруй, матуля! Плакаць кінь!
Багаславі! Іду пад кулі.
- Даруй, матуля і. . . бывай!
У "Крыж Чырвоны" йдуць дзяўчаты,
Ідуць на сьмерць за родны Край
Ўзьнялася Случчына заўзята...
-То несьмяротны Год Дваццаты.
(Алесь Змагар - "То Несьмяротны").
А 27 лістападу 1920 году Слуцкая Брыгада адважна кінулася Ў крывавую бойку супроць Крамлёўска-бальшавіцкіх ордаў Але сілы былі няроЎныя.
Слаўна біліся вы. У гэройскім баю
На ўзьбярэжжы срабрыстае Лані
Вы жыцьцё аддалі за Радзіму сваю, -
Паляглі у няроўным змаганьні...
(А.Дрыгвіч - "Слуцкім Паўстанцам").
Заліваючыся крывёю Слуцкая Брыгада адыйшла за рэчку Лань, а над Краем запанавала Маскоўска-бальшавіцкая тыранія.
Кавалі другія,
А ланцуг той самы _
Песьні ўсе старыя
Неаджытай гамы...
(Якуб Колас - "Родныя малюнкі").
Ды ня гасьне зорка 25 Сакавіка, і адно за адным пракаціліся па ўсёй Беларусі паўстаньні: Вяліскае, Гомельскае, Парэцкае, Мірскае, Барысаўскае, Іванецкае, Койданаўскае, Рагачоўскае, Панькоўска - Будзкае, Бешанкавіцкае, але ўсе яны былі жорстка прыдушаныя чырвона-маскоўскім акупантам. Тысячы лепшых людзей - краса і гонар беларускага народу - растрэляныя.
Сьпі пад курганам гэрояў,
Сьпі, працаўнік і змагар!
Несены верна табою
Ціха схіліўся штандар...
("Хаўтурны марш").
Але ніякі тэрор ужо ня ў моцы зьнішчыць беларускай вызвольнай барацьбы. Змаганьне працягваецца.
Hi часіны ня кінем змаганьня;
Не аслабне, ня здрадзіць далонь.
Хто заквечаны кветам каханьня,
Той нянавісьці знае агонь...
(Уладзімер Жылка - "Над Нядоляй").
I ў 1924 годзе больш 40 партызанскіх адзьдзелаў зацята змагаюцца за вызваленьне Беларусі з-пад крывавай чырвонай акупацыі.
I покі сэрца поўна гневам,
I гнеў драпежней крумкача,-
Вітаю бой ваяцкім сьпевам
I звонам вострага мяча...
(Ул.Жылка -"Наш Кон - бы кат").
Для падрыхтоўкі новага паўстаньня на Случчыне варочаецца ў Слуцак былы паўстанец Юры Лістапад. Ён уладжваецца на працу ў якасьці настаўніка на Агульна - Адукацыйныя Курсы, дзе арганізоўвае гурток Беларусаведы, які хутка ператвараецца ў арганізацыю вызваленьня Беларусі з-пад чужацкага панаваньня. Будучы выкрыты савецкімі шпегамі, ён і курсанты з гонарам трымаюць сябе перад судом чырвоных тыранаў.
I ўжо ў руках шпеговай здрады,
Каб чула родная зямля,
Крывіч бястрашны Лістападаў
Ў вапошнім слове прамаўляў^
- Няхай за Край абрабаваны,
Што імя мае Беларусь,
Сканаю я ў крывавых ранах
Ад вашых чорных катніх рук.
Ня буду плакаць і прасіцца,
Крывіцкі род ня„здраджу век,
Бо покуль сэрца будзе біцца,
Хачу я звацца чалавек...
(Міхась Кавыль - "Пад небам Случчыны каханай").
Нацыянальна-вызвольны рух пракаціўся і па заходняй частцы Беларусі. Арганізуецца 150-тысячная Беларуская Сяляиска-Рабочая Грамада.
Чуеш? Ці чуеш? Ідзе пераклічка:
Дзісна і Горадня, Бельск...
Слонім, Палесьсе. Хто іх паліча?
Голас вясковых нселіц...
(Сяргей Хмара - "Чуеш").
Грамада патрабуе ад Польскага ўраду адчыненьня пазачыненых беларускіх школаў і стараецца вызваліць народ ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.
Наперад! Сьмела рві аковы!
Ніколі ўзад не адступай!
I сьцяг Грамадаўскі баёвы
Ўгару высока падымай!
(С.Сьвітка - "Наперад ).
Паўстаюць новыя вызвольныя антыбальшавіцкія арганізацыі і у падсавецкай Беларусі у Ашмяншчыне, Віцебшчыне, Бабруйшчыне Магілёўшчыне. Пашыраецца дзейнасьць альтруістых на Гомельшчыну і Палесьсе. Кідаецца ўва ўсе бокі НКВД бес перапынку езьдзіць "Чорны Воран".
Тагды я страціў бацьку, страціў маці.
Я быў з дзяцей старэйшым. Меў тады
Пятнаццаць год. Са мной шчэ трое ў хаце _
Сястрыца меньшая і два браты.
(Алесь Салавей - "На хуткіх крыльлях ).
Актыўна дзейнічаюць па ўсёй Беларусі і нацдэмы. Утвараецца Беларускі Нацыянальны Цэнтр, пашыраецца нацыянальная вызвольная праца. Вар'яцее НКВД. Адбываюцца новыя арышты, бяз сьледу зьнікаюць людзі.
Прайшлі мы із словам нацдэмы
Па мёрзлай зямлі і вадзе.
Ня ведалі нашыя, дзе мы
I думалі: можа нідзе...
(Масей Сяднёў - "На край сьвятла ).
Але вызвольны рух ужо ня спыніць. На мейсца закатаваных ахвярна становяцца новыя барацьбіты.
Мне песьня толькі тых прысьніцца,
Хто ня згінаў пакорнаплеч.
Хто плыў у мора ў навальніцу,
Каб радасьць новую сустрэць.
(Язэп Пушча - "Мне песьня ).
Адбываюцца новыя і новыя арышты.
Ў Сібір халоднымі шляхамі
Ішлі з-пад Слуцка песьняры.
I там пад тоўстымі сьнягамі
Драньцьвеў бунтарскі іх парыў.
(Міхась Кавыль "Пад небам Случчыны каханай).
Тэрор узмацняецца настолькі, што людзі пачынаюць баяцца свайго ўласнага ценю.
Пайшлі яны да мейсца удваіх.
Адзін маўчыць ды і другі заціх.
Пра што ім думалася ідучы _
Ты добра ведаеш, але маўчы...
(Уладзімер Дубоўка).
I толькі муза ніколі не разлучалася з сваім песьняром.
На дарозе чакала магіла,
Бачыў гора у цяжкай бядзе.
Ты са мною у няволю хадзіла _
Не пакінуў цябе я нідзе.
(Уладзімер Клішэвіч - "Муза").
Замілаваньня красою роднага Краю ніякая сіла ня ў моцы вырваць з глыбіні беларускага сэрца.
Не, ніколі ні ў аднэй Краіне
Не знайсьці такіх цудоўных раніц.
Не зракуся іх і не пакіну,
Калі й сэрца моцна хто параніць
(Уладзімер Дудзіцкі - "Хіба шмат").
Вольны дух высока лунае над беларускім народам.
Ня страшны мне Сібір, астрогі
Меч катні над шыяй маёй,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзяруць з вачэй _
Душой я вольны чалавек
I гэткім буду цэлы век!
(Янка Купала - "Песьня вольнага чалавека").
Крамлёўскія дыктатары выдаюць загад масавага вывазу беларускага насельніцтва на Салаўкі, Сібір, Калыму. Праводзіцца вынішчэньне насельніцтва пад назовам "раскулачваньне". Вывозяцца ня толькі мужчыны, але й жанчыны, дзеці, старэнькія бабунькі.
Бывайце,любыя загоны Беларусі!
Ў выгнаньне еду я, мой любы, родны Край...
Апошні раз на нівы падзіўлюся,
Скажу апошняе - "Радзімыя бывай!.."
(Тодар Лебяда - "У выгнаньне" ).
Чырвоныя тыраны працягваюць сваю крывавую лапу і на заходнюю частку Беларусі, падаюць гэтак званую "брацкую руку", і пачынаюцца новыя арышты і вывазы на Сібір.
Не пачуць мне больш слоў тваіх шчырых,
Не пабачыць паморшчаных рук -
Недзе ў сьцюжы далёкай Сібіры
Яны млеюць ад працы і мук...
(Ларыса Геніюш - "Мама").
А думкі? Думкі _ лятуценьні. Іх ня стрымаеш. Яны нясуцца дадому. Успамінаюцца
Песьні начлежнага лета,
Бацькаў успомніўся кут.
Сьпёк-бы хоць бульбы, ды гэта- ж
Бульба ня водзіцца тут.
Ціха касьцёр дагарае.
Вечар. Палаткі. Прывал.
Бераг Таймырскага краю _
Дальні савецкі прычал.
(Андрэй Аляксандровіч - "Вечар").
Зірнеш на неба, а там
У зорным небе - Млечны Шлях,
Пад ім ляцяць у вырай гусі,
I мне здаецца, кожны птах
Крычыць:"Вясной дамоў вярнуся".
(Сяргей Грахоўскі - "Млечны Шлях").
Голад, холад і нялюдзкая катаржная праца без пары заганялі няшчасных нявольнікаў у дамавіну.
Іх колькі тут забітых, безгалосых
Касьцьмі ня раз угнойвалі ральлю…
Іх колькі тут,часамі,нават босых
Капаць зганялі мёрзлую зямлю.
(Тодар Лебяда - «Ліст 2-гі").
На ўвесь сьвет трубяць чырвоныя тыраны аб вялікіх посьпехах савецкага будаўніцтва, а там
Ой, пралягла чыгунка за Байкалам
Паміж узгор'яў роўна,што абрус.
Цяпер на ёй амаль пад каждай шпалай
Ляжыць замучаны ў выгнаньні беларус...
(Тодар Лебяда - "Ліст 2-й").
Але
Ніколі й нідзе Беларусь не загіне,
Ніколі й нідзе Беларусь не памрэ,
Hi ў турмах, ні ў "концах," ні ў клятых краінах,
Ні ў дзікім прыгоне, ў маскоўскім ярме.
(З гімну выгнанцаў).
Надыходзіць ІІ-я Сусьветная вайна і чырвоныя акупанты вымушаны пакінуць захопленыя тэрыторыі Беларусі. Зьяўляецца новы акупант - немцы. У трудных умовах, выкарыстоўваючы ўсялякія магчымасьці, беларуская інтэлігэнцыя стараецца разгарнуць нацыянальна - адраджэнцкую працу
Сёньня сілы маладосьці
Сорам дома марнаваць,
Трэба шчыльнымі радамі
Йсьці Радзіму будаваць...
(Міхась Ганько - "Як шырока")
I разбудоўваецца беларуская адміністрацыя, школьніцтва, выдавецтва, утвараецца Беларуская Самаахова, паліцыя, нацыянальнае войска - Беларуская Краявая Абарона, арганізуецца Саюз Беларускай Моладзі, Беларуская Праваслаўная Царква апавяшчаецца Аўтакефальнаю. Зычна па ўсёй Краіне нясецца
Гэй, зьбірайцесь, крывіцкія дзеці,
Пад народны, пад горды наш сьцяг!
Воля Краю нам зоркаю сьвеціць
Яго шчасьце у нашых руках...
(Ларыса Геніюш - "Моладзі").
Але чырвоная Масква робіць усе намаганьні, каб зноў паняволіць беларускі народ і закідае ў беларускія пушчы дэсанты сваіх янычараў.
Нашы лясы сталі страшныя нам.
Зарасьлі страшаць густыя.
Лютыя людзі бадзяюцца там,
Людзі ня нашы, - чужыя...
(Лявон Случчанін - "Кліч беларуса").
Некаторая частка беларускага насельніцтва, з прычыны няўмелай нямецкай палітыкі, хітра выкарыстанай бальшавікамі, далучылся да савецкай партызанкі і пайшла ў лес. Аднак, шырока разгорнутая нацыянальна-адраджэнцкая праца сваёю хваляю захапіла й іх, і яны пачалі варочацца назад,каб разам з усім народам будаваць свой Край.
Адзьвінела роспач сяньня зраньня,
Недзе ў полі сьнег імжыць,імжыць...
Крыкнуў я - даволі ўжо бадзяжыць!..
Крыкнуў я - даволі ў суме плыць!
(Рыгор Малочка - "Адзьвінела")
Пачынаецца змаганьне за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі. Але
Сама сабой да нас ня прыйдзе воля,
Сама сабою зь неба не зьляціць.
Калі зьняволеным ня хочаш быць,
А хочаш жыць - выходзь на бітву ў поле!
А вольнасьць толькі зможам мы здабыць
Змаганьнем збройным, модным, як ніколі.
(Алесь Салавей)
I беларускія збройныя сілы - беларуская паліцыя і БКА ахвярна змагаюцца супроць чырвоных янычараў.
Годзе палі і лясы дратаваць!
Годзе раздзьмухваць пажары!
Будзем мы самі сябе ратаваць,
Самі й сабе гаспадарыць...
(Лявон Случчанін - "Кліч беларуса").
Надыходзіць адказны час, калі толькі сам народ мае права вырашыць свой лес, і БЦР склікае ІІ-гі Усебеларускі Кангрэс.
Лугамі, гаямі, зьвярынаю сьцежкай
Ў вазох, цягнікох, на кані, а хто й пешкі
Ідзе ля маўклівых бяроз.
Пад сьвісты шрапнэляў, узрывы гранатаў _
То Край пасылае сваіх дэлегатаў,
Каб вырашыць прышласьці лёс.
(Алесь Змагар - "На Зьезд").
27 чэрвеня 1944 году 1039 дэлегатаў аднагалосна выказалі волю беларускага народу, падцьвярджаючы векапомны Акт 25-га Сакавіка.
Ды толькі жорсткі лёс ня спрыяў нашай долі і маскоўска-чырвоныя орды зноў залілі землі нашае роднае шматпакутнае Бацькаўшчыны, зноў паняволілі беларускі народ.
Мілая Маці-Краіна,
Любая сэрцу да сьлёз,
Плакалі мы, што ты гінеш,
Бачылі чорны твой лёс...
(Янка Золак - "Мілая Маці-Краіна").
Але мы верым, што надыйдзе яшчэ сьветлая часіна і для нашага народу.
Мой, распяты ворагам, шматпакутны Край,
Ня сумуй, шчэ ў сполахах расцьвіце зара.
Ўсе з далёкіх выраяў мы дамоў зьляцім.
Накш - скажы па шчырасьці - што нам па жыцьці...
(Натальля Арсеньнева - "Бацькаўшчыне").
I высока залунае бел-чырвона-белы сьцяг, і зазвоняць Полацкія званы.
I калі ударыць трэйці раз,
Дык на Веча воля прыйдзе ў цьвеце,
I запросіць Маці ў хату нас,
Ўсіх дзяцей, разгубленых па сьвеце.
(Рыгор Крушына)
I магутнай хваляй разальлецца па ўсёй старонцы
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор...
(Макар Краўцоў - "Мы выйдзем").
25 САКАВIК
Ідэя незалежнасьці Беларускага народу зарадзілася гэтак даўно,як даўно жыве Беларускі народ. Яшчэ ў глыбокія часы сівое мінуўшчыны, калі нашы продкі называліся крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі, вяцічамі, северанамі, дзераўлянамі -вольны дух незалежнасьці высока лунаў над іхнымі аселішчамі.
Толькі пасьмеў зьявіцца адкуль-небудзь вораг, як дружна хапаліся яны за зброю і адважна выходзілі насустрач. Але,калі варожыя сілы былі куды большыя і ў адчыненай бойцы перамагчы іх нашыя продкі не маглі, то яны зварочваліся за дапамогаю да сваіх верных хаўрусьнікаў - лясных пушчаў. Спрытна хаваючыся у непралазных нетрах, яны пільна сачылі за кожным крокам ворага і ў спрыяльны момант раптоўным ударам зьнішчалі варожыя сілы.
I перадалі нашыя продкі сваім нашчадкам сьвяты запавет, запавет у крывавых бойках бараніць незалежнасьць свае дарагое Радзімы. I сьмела выходзілі ратныя людзі наперад. Не адну слаўную балонку ў гісторыю Беларусі ўнесьлі імёны Полацкіх князёў: Рагвалода, Рагнеды, Ізяслава, Брачыслава і асабліва спрытнага, разумнага і далёка за межы славутага князя Усяслава Вялікага, празванага ў народзе Чарадзеем. Колькі казак, колькі лягэнд склаў Беларускі народ, праслаўляючы свайго любімага князя. Зь імям усяслава Чарадзея зьвязана выдатная эпоха гэроікі, славы й магутнасьці нашае Краіны.
Не адну слаўную балонку ў гісторыю нашае Краіны ўпісаў і Наваградзкі князь Міндаўг, які ў 1236 г.разьбіў пад Шаўлямі мечаносцаў, а ў 1249 г. - татарскага хана Койдана.
Зброяй ратавалі сваю самастойнасьць нашыя продкі, не дапускалі ворага зьдзекавацца над роднай старонкай. „ І ня дзіва, што, нават, грозныя сваёй дзікасьцю татарскія орды хутка паняволіўшы Масковію і Кіеўскую Русь,ня здолелі паняволіць нашае Бацькаўшчыны.
Балонкі славы, гэроікі й магутнасьці ў гісторыю нашае Краіны ўпісалі й Віленскія князі: Гедымін,.які злучыў ня толькі Беларускія землі, але заваяваў і частку Украінскіх ды, амаль, усе Літоўскія, Альгерд, які да Маскоўскіх сьценаў сваю дзіду прыстаўляў, вымушаючы маскалёў падпісаць выгадны мір для Вялікага Княства Літоўскага, як у той час называлася Беларусь, Перасоўваючы граніцу па Мажайск і Каломну.
Буйным жыцьцём усё чыста кіп ела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў ня страшна была...
("Над Нёмнам" _ Я. Купала).
Балонкі славы ў гісторыю Беларусі ўпісалі Вітаўт і іншыя князі, ў крывавых змаганьнях баронячы волю і незалежнасьць роднае Краіны.
Славутая бойка нашага гэтмана Канстантына Астроскага з маскоўсікм войскам пад Воршаю і да апошняга часу апяваецца Беларускім народам.
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
Зь сяміпалых ад запалаў.
Бьюць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці...
Буйныя перамогі гэтмана Астроскага, як над маскоўцамі, гэтак і над іхнымі хаўрусьнікамі - татарамі, ўпісалі новыя балонкі гэрокі ў гісторыю змаганьня за незалежнасьць нашага Краю.
А змагацца было за што. Яшчэ з часоў Чарадзеевай унучкі Прадславы - Афрасіні Полацкай, стараннай перапішчыцы кніг, з часоў высокага вучонага філёзафа Клімі Смаляціча, з часоў гэніяльнага пісьменьніка і надзвычайнага хараства красамоўцы, празванага Новым Залатавустам - Кірылы Тураўскага, з часоў выдатнага культурнага дзеяча, пісьменьніка й маляра Аўрама Смаленскага ды іншых таленавітых людзей нашае Бацькаўшчыны засталася вялікай каштоўнасьці культурная спадчына.
Асабліва значным дасягненьнем ў галіне разьвіцьця народнай культуры ўважаецца друкаванае слова. I наш І-шы беларускі друкар, вучоны доктар Францішак Скарына, ў 1517 г. надрукаваў у Празе Чэскай першую ў беларускай мове друкаваную кніжку - Псальтыр. Зрабіўшы даступным для простага люду друкаванае слова (псальтыр прызначаўся для навучаньня грамаце дзяцей), вучоны доктар Фр. Скарына ў працягу 1517 - 1519 гг. выдае 22 кніжкі Старога Запавету. Біблія Фр. Скарыны была першай друкаванай бібліяй на ўсходзе славянства. У гісторыі сусьветнай друкаванай кнігі гэта была трэйцяя кніга ў мове народу, для якога яна прызначалася. 1-й была надрукована нямецкая біблія (1445), ІІ-й чэская (1488), Ш-й беларуская (1517-1519 г.г.).
Праславіўшы беларускую культуру на чужыне, вучоны Д-р Ф Скарына варочаецца на Бацькаўшчыну і ў 1525 г. закладае ў Вільні беларускую друкарню.У хуткім часе адчыняюцца друкарскія філіі ў Полацку, Менску, Магілёве, Несьвіжы, Заслаўі, Слудку, Любічах, Пінску, Заблудаве, Еўі, Горадні, Супрасьлі, Куцелянску, Буйніцку і іншых местах. Беларускія кнігі шырока разыходзяцца ня толькі на Беларусі, але і на Украіне,Масковіі у паўдзённых славян і, нават,у заходня-эўрапейскіх дзяржавах.
Беларуская мова пануе ня толькі на вёсках, але і ў сьвятынях, урадах, літаратуры, княжых замках. Беларуская мова становіцца дыпляматычнай на ўсём усходзе Эўропы.
Панам быў дома і слаўным за домам
Мой патаптаны сягоньня народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам,
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход...
У 1529 г. выдаецца ў беларускай мове "Літоўскі Статут", а ў 1588 г. "Літ.Ст." выдаецца друкам. У яго апошняй рэдакцыі выдатную ролю адыграў наш Вялікі Канцлер Леў Сапега. Дзякуючы яго хітрай дыпляматыі у "Літоўскі Статут" ня было зьмешчана ані Акту Люблінскай вуніі, па якому Вялікае Літоўскае (Беларускае) Княства і Польшча ў 1569 г. злучаліся ў непадзельнае цэлае", ані якой-небудзь іншай, нявыгаднай для Беларускага княства, умовы. Гэтый юрыдычна уняважвалася сіла Акту Люблінскае вуніі. Адначасна "Літоўскі Статут" абавязваў ужываць беларускую мову ўва ўсіх земскіх урадах Вялікага Літоўскага Княства, як у той час называлася нашая бацькаўшчына Беларусь. Гэтым забясьпечваліся надалей правы беларускае мовы, што было вельмі важна ў культурным Разьвіцьці беларускага народу.
Друкарскую дзейнасьць Д-ра Ф.Скарыны працягваюць беларускія пісьменьнікі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і шэраг беларускіх магнатаў, як князі Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Валовічы і іншыя, якія ў сваіх дварох адчыняюць друкарні. Друкуюцца розныя школьныя падручнікі, граматыкі, лемантары, слоўнікі. Асаблівай увагі заслугоўвае граматыка Лаўрэна Зізанія (Вільня 1596 г.) і Малета Сматрыцкага (Іўе 1616), а таксама "Лексіс" Зізанія і "Слоўнік" Палевы Барынды (1627) Беларуская культура дасягае такой вышыні, што Маскоўскі цар Аляксей, каб павысіць асьвету ў сваёй дзяржаве, запрасіў беларускага вучонага Сымона Полацкага ў Маскву.
У 1634 г. памёр наш Вялікі Канцлер Леў Сапега.. Зь яго сьмерцьцю Вялікае Княства Літоўскае страціла аднаго з выдатных абаронцаў беларускае мовы, культуры і нацыянальнасьці. Большая частка беларускіх магнатаў і шляхты, паквапіўшыся на розныя асабістыя прывілеі, здрадзіла беларускаму народу і пачала палянізавацца. Беларускае палітычнае жыцьцё і культура заняпадае, бо
... час прамінуў і нядоля
На народ, як-бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля Адыйшла,
адцьвіла, закацілась...
(А.Гарун)
Здрадзілі магнаты сваёй нацыянальнасьці, свайму народу. Але не загінуў беларускі народ. Нават, будучы пазбаўлены інтэлігэнцыі, ён рашуча выступае ў абарону свае веры, культуры, звычаяў, незалежнасьці. Па ўсёй Краіне шырока разьліваюцца народныя паўстаньні. Адзьдзелы Нябабы, Няпаліча, Хвеські, Крывашапкі, Гаркуша й Міхненкі авалодваюць местамi й ваколіцамі Гомеля, Лоева, Брагіна, Мозыра, Турава, Чэрыкава, кава, Магілёва й Бабруйска.
Некалькі верных беларускаму народу магнатаў пробуюць выкарыстаць міжнародную абстаноўку і адрадзіць Вялікае Беларуска - Літоўскае Княства. У 1655 г. Польшча пачала вайну са Швэцыяй. Ян Радзівіл выступіў супроць Польшчы, але, нажаль, у часе змаганьня загінуў. Пасьля Яна Радзівіла спробу вызваліць з-пад Польшчы свой Край робіць беларускі магнат гэтман Павал Сапега. Ён мяркаваў выкарыстаць вайну Польшчы з Турцыяй, але, нажаль, і гэта спроба не ўдалася.
Аднак, як народныя паўстаньні, гэтак і спробы князя Яна Радзівіла і гэтмана Паўла Сапегі вызваліць беларускі народ з-пад польскае апекі і стварыць вольную беларускую дзяржаву зьяўляюцца яркім довадам жывучасьці ідэі Незалежнасьці Беларускае Дзяржавы.
Час мінае і ўсё больш і больш узмацняецца палянізацыя. Польскія соймы намагаюцца зьнішчыць беларускую мову, абрады, звычаі, культуру, зусім падняволіць Край, спалянізаваць народ. Забараняецца ужываць беларускую мову ўва ўрадах, судах і іншых установах.
Неразумная палітыка польскага ўраду давяла да трох падзелаў рэчы Паспалітай, вынікам чаго Беларусь апынулася пад ботам новага акупанта - Расеі. Ужо пасьля 2-га падзелу(1793) Масква забараніла беларускія законадаўчыя ворганы, беларускае войска і беларускія грошы. Забараніла карыстацца Літоўскім Статутам, пазбавіла месты самаўрадаў, у беларускіх святынях забараніла чытаць казаньні у роднай мове.
Паншчына ўзмацняецца.Зачыняюцца Беларускія Навучальныя Установы, беларуская інтэлігэнцыя або высылаецца з роднага Краю, або пазбаўляецца працы. беларускія школы ліквідуюцца, беларускія кнігі бязжаласна нішчацца.
Цераз чужацкія школы, сьвятароў, прэсу ды іншыя сродкі Маскоўскі урад робіць намаганьні адарваць беларускіх дзетак ад роднага, бацькаўскага ды выхаваць на здраднікаў Радзімы. З горыччу піша аб гэтым наш пісьменьнік Алесь Гарун:
Сьветлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адабралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць - памагаць ня пушчалі...
(А.Гарун)
Маскоўскі акупант пачынае спадзявацца, што беларускі народ хутка асымілюецца ў расейскі або польскі. Ды ня лёгка накінуць чужацкія ланцугі на душу беларускага народу. Народ жыве, а зь ім жыве і найкаштоўнейшы скарб яго: беларуская мова, звычаі, абрады, песьні, беларуская народная культура.
Народ жыве. Паўстаюць новыя хвабрыкі дываноў, гобэлінаў і "Слуцкіх Паясоў". Каляровыя, шоўкавыя, ператканыя сярэбранымі і залатымі ніцямі, "Слуцкія Паясы" набылі сабе сусьветную славу.
Нараджаецца новая інтэлігэнцыя. У беларускай літаратуры зьяўляюцца імёны Вінцуся Равенскага, Яна Баршчэўскага,Яна Чэчата, Францішка Савіча, Аляксандара Рыпінскага, Паўлюка Бахрыма, Вінцука Дунін-Марцынкевіча. На мейсца зьнішчаных беларускіх кніжак друкуюцца новыя.
Беларусь нараджае новых сыноў, якім дарагая мінулая воля й слава Бацькаўшчыны, сыноў - змагароў за землю, за праўду, за незалежнасьць. Нараджаюцца Кастусь Каліноўскі і Фр. Багушэвіч.
Апрануўшыся ў сялянскую сьвітку, Каліноўскі ідзе ў народ і заклікае сялянскі люд на змаганьне супроць расейскага царызму і польскіх паноў - прыгнятальнікаў Беларускага народу. У 1862 г. у Беластоку К.Каліноўскі закладае нелегальную друкарню і пачынае выдаваць нелягальны беларускі час. "Мужыцкую Праўду". I паліліся гарачыя словы, глыбока западаючы ў сэрца мужыка-беларуса:
"О, загрыміць нашая праўда і, як маланка, праляціць па сьвеце. Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а зьдзірства і глуму нашага хочуць"...
(МП. №1)
"Станьма-ж дружна, разам за нашую вольнасьць!"...
(М.П.№7)
I народ паўстаў. Ды мацнейшыя былі сілы рэакцыі. Ранены ў час баёў Фр.Багушэвіч перахоўваецца у сялян. Кастусь Каліноўскі схоплены і ўкінуты у вязьніцу, дзе, чакаючы сьмяротнае кары, прасядзеў некалькі месяцаў. Але ніякія зьдзекі не змаглі зламаць яго цьвёрдай веры ў сьветлую будучыню Беларускага народу. Нават, перад сьмерцьцю ён не пакідае думаць аб вызвольным змаганьні і 2-ма лістамі,высланымі з вязьніцы, заклікае народ да далейшай барацьбы:
"З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць,забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду... Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе".
10 сакавіка 1864 г. Кастусь Каліноўскі быў пакараны расейскай тыраніяй на сьмерць. Пачалося жорсткае перасьледваньне удзельнікаў паўстаньня.Нацыянальны і сацыяльны гнёт узмацняецца. Урады, царкву, школы, і наагул, усе установы расейскі урад абсаджвае сваімі людзьмі і пачынаецца сыстэматычная жудасная русыфікацыя нашае старонкі - Беларусі.
Некаторыя расейскія навукоўцы дайшлі да такое бязглузьдзіцы, што пачалі рабіць спробы доказаў, праўда, неабгрунтованыя, быццам Беларускай Дзяржавы ніколі не існавала, а беларуская мова, ад якой яны-ж самі навучаліся ў Сымона Полацкага, ёсьць мова мужыцкая някультурная.
Расейскія настаўнікі туманяць нашу моладзь, забіваюць голавы самадзяржаўнай маною, беспрасьветнаю заслонаю зацяняюць нашую слаўную мінуўшчыну. Робіцца ўсё, каб Беларускі народ не аджыў. Але ніякая сіла ня можа зьнішчыць ідэі Народнае Волі. 1 сакавіка 1881 г. Ігнат Грынявіцкі кідае бомбу ў расейскага цара Аляксандара ІІ. Гэта была помста расейскаму манарху за сьмерць Каліноўскага, за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за ўсе зьдзекі, што давялося цярпець беларускаму народу ад маскоўскага панаваньня.
I хоць загінуў Каліноўскі, загінуў Грынявіцкі, ды ня спынілася вызвольнае змаганьне. Зычней і зычней гучаць галасы адраджэньня, заклікаючы любіць і шанаваць сваю мову, звычаі, культуру, пазнаць самаго сябе, свой народ.
У сваіх надзвычайных прадмовах да зб. вершаў "Дудка Беларуская" і "Смык Беларускі" Фр. Багушэвіч зварочвае увагу на аграмаднае значэньне мовы ў жыцьці народу.. Ён кажа,што нашая мова для нас ёсьць ня мужыцкая, а сьвятая, ад Бога даная. Трэба моцна трымацца свае мовы, бо мова гэта душа народу, і калі народ страціць сваю мову, дык гэты народ загіне.
Адначасна з Багушэвічам на ніве Адраджэньня працавалі Ян Няслухоўскі, Адам Гурыновіч, Аляксандар Ельскі ды інш. Цяжка адбіваецца на разьвіцьці беларускае літаратуры забарона беларускага друку. Шмат каму даводзілася пісаць і распаўсюджваць свае творы ў рукапісах. Ды ня гледзячы на цяжкасьці, кожны стараўся ўкласьці сваю дзель у скарбніцу беларускае літаратуры. I Ялеш Франціш Буль, і Ю.Ляскоўскі, і Н.Караткевіч, і Ф.Танчэўскі з Віцебшчыны, і Альгерд Абуховіч із Случчыны, і Апанас Кісель з Магілёўшчыны,і Ян Шамет з Полаччыны. Шырокую дзейнасьць на ніве Адраджэньня разгарнуў Карусь Каганец - паэта, пісьменьнік, маляр і нацыянальны дзеяч. Беларускім пытаньнем пачынаюць цікавіцца і навукоўцы Зьяўляецца надта каштоўная навуковая праца праф. Карскага "Беларусы", працы знаных прафэсароў Доўнар-Запольскага, Зпімах-Шыпілы, Лібаўскага, Пічэты і інш. У местах Варшаве, Пецярбурзе,Маскве, Кіяве, Харкаве, Адэсе і Кракаве беларуская моладзь арганізоўваецца ў гурткі.
У 1902 г. у Менску паўстае Беларуская Рэвалюцыйная Грамада і шэраг іншых партыяў. Высоўваюцца новыя дзеячы:
Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алёіза Пашкевічанка (Цётка). Выдаецца нелегальны час. "Свабода" . І Беларусы зноў ажываюць.
Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца,славы,песьні;
Заб'юць ім зычныя званы
Прабудным звонам на прадвесьні
(Янка Купала).
Незядаваленьне царскай палітыкай нарастае ўсё больш і больш, пачынаючы прымаць пагрозьлівыя хвормы. Наляканы расейскі цар мусіў ісьці на уступкі і ў 1905 г.выдаць маніфэст наконт рэлігійнай вольнасьці і грамадзкіх свабод.
Выкарыстоўваючы ўсялякія магчымасьці, беларусы пачынаюць выдаваць у Вільні газ. "Наша Доля". На 6-м № яна была забаронена, але на яе мейсца пачала выходзіць "Наша Ніва". Ня гледзячы на тое, што яна існавала толькі да 1915 г., яе роля ў адраджэньні Беларускага народу была надзвычайная. Яна парадзіла магутных волатаў беларускага пісьменства Янку Купалу і Якуба Коласа. Яна дала нам пісьменьнікаў-празаікаў Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Цішку Гартнага Максіма Гарэцкага, Каруся Каганца, Алеізу Цётку. Яна дала драматургаў У.Галубка і Ф.Аляхновіча, гумарыстых Ядвігіна Ш. і Паўловіча. Яна выхавала вялікіх мастакоў слова Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулю, яна ўзгадавала нам пісьменьніцу каханьня - Канстанцыю Буйла.
Яна адыграла вялізарнае значэньне ў адраджэньні Беларускага народу, які пасьля векавога гнёту зноў пачаў разумець, што і ён ня горшы за іншыя народы, што і ён, як і другія народы, хоча "людзьмі звацца". Нараджаецца новы чалавек, барацьбіт за нацыянальнае Адраджэньне, які з гонарам сьпявае сваю вольную песьню:
Напрасна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны
Нагнаўшы соцень чорных шаек
Закулі рукі ў кайданы.
Душой я - вольны чалавек
I гэткім буду цэлы век...
(Янка Купала)
Пачынаецца 1-я Сусьветная вайна. I Беларускі народ мусіць пакутаваць за чужыя інтарэсы.Беларусь рэжацца на акопы, насельніцтва выганяецца ў бежанцы, інтэлігэнцыя расьцярушваецца ў расейскім войску і праца выдавецтваў, і розных арганізацыяў спыняецца. Працуе толькі Беларускі Камітэт Пацярпеўшым ад Вайны ды некалькі паходных Бежанскіх Камітэтаў. Аднак і ў гэтакіх немагчыма цяжкіх умовах беларускія студэнты ў Пецярбурзе пробуюць выдаваць новыя час. "Сьветач" і "Дзяньніцу".
Ускладзены на народныя плечы цяжар вайны вызывае ўсё большае і большае народнае абурэньне:
За што лілася кроў людзкая?
За што гібеў і гінуў люд?
Гібеў набытак ўсяго краю
I пакаленьняў гінуў труд...
(Якуб Колас)
Надыходзіць 1917 г. Народны гнеў выліваецца ў рэвалюцыю. Зьлятае царскі трон і пачынае развальвацца штучна злепленая з прымусова падпарадкаваных краёў Расейская імпэрыя. Кожны народ, аслабаніўшыся ад маскоўскіх ланцугоў, пачынае жыць сваім новым жыцьцём. Ахопленыя сьвятой ідэяй адраджэньня мінулай волі й славы,пачынаюць жыць невым жыцьцём і Беларусы.. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца беларускія газэты, арганізуюцца Камітэты, адбываюцца нарады, сходкі, зьезды, утвараецца беларуская армія.
Паўстаюць Беларуская Цэнтральная Рада і Беларуская Вайсковая Рада, якія ў хуткім часе зьліваюцца ў агульны Ворган Беларускага Народнага Прадстаўніцтва - ВЯЛІКУЮ БЕЛАРУСКУЮ РАДУ. Гістарычныя падзеі разьвіваюцца вельмі хутка і перад Вялікай Беларускай Радай выплываюць пытаньні вялічайшай важнасьці: "быць ці ня быць?" ,"жыць ці памерці?", якія можа вырашыць толькі сам народ. Надыходзіць пара, калі
Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На Вялікі Сход!...
(Я. Купала)" —
I Вялікая Беларуская Рада выдае, адозву-заклік да Беларускага народу выслаць сваіх дэлегатаў на I-шы УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС. Гучна разносіцца па ўсёй Краіне грозны заклік:
На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі аграблены,закованы народ!
Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў ...
(Я.Купала).
Заклік не застаўся бяз выніку. З усіх канцоў Беларусі: Меншчыны, Смаленшчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Магілёўшчыны і Віцебшчыны зьяжджаюцца ў Менск 1872 дэлегаты і 5 сьнежня (ст.стылю) 1917 году адчыняецца І-шы УСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС.
Кангрэс працаваў каля 2-х тыдняў.Была абрана Рада Зьезду і абгаворана шмат пытаньняў палітычнага, эканамічнага j сацыяльнага зьместу. Але, як толькі стала відавочна, што Зьезд стаіць на груньце дзяржаўнасьці маскоўскія бальшавікі ўначы з 17 на 18 сьнежня акружаюць будынак Зьезду панцырнікамі і кулямётамі, каб збройнай сілай брутальна перашкодзіць плённай працы І-га УСЕБЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ.
Дэлегаты забарыкадаваліся і бараніліся, чым толькі маглі, пакуль і не ўхвалілі 1-шы параграф рэзалюцыі аб утварэньні БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ.
Усіх параграфаў было 15,але іншых параграфаў ухваліць не змаглі. Чырвоныя янычары працавалі прыкладамі.
Ад веку мы спалі і нас разбудзілі... гучна разрэзала паветра і падхопленае тысячаю галасоў, магутнай хваляю ірвалася із залі. Калі "Марсэльеза"заціхала, хтось голасна выгукнуў: Браты-Беларусы! Мы бачылі жандараў Мікалая II, але сягоньня мы ўбачылі жандараў у Свабоднай Рэвалюцыйнай Старане пад маскай бальшавіцкіх камісараў на ВОЛЬНЫМ ЗЬЕЗЬДЗЕ ВОЛЬНАГА НАРОДУ.
А ў куце стары сівенькі дзед,які ўсё жыцьцё пражыў у цяжкай працы чужацкай няволі і нарэшце дачакаўся сьветлага дня, горка плакаў.
На другі дзень дэлегаты,якія засталіся яшчэ не арыштаваныя, сабраліся ў Менскім чыгуначным ДЭПО і упаўнаважылі Раду Зьезду, як Вярхоўны Законадаўчы Ворган Беларусі, на правядзеньне далейшай працы й барацьбы за беларускую дзяржаўнасьць. Рада Зьезду выбірае Выканаўчы Камітэт, які адразу прыступае да свае адказнай дзяржаўнай працы.
19 лютага 1918 г. чырвоныя,уцякаючы ад немцаў, пакінулі Менск, над якім зноў уздымаецца Бел-Чырвон-Белы сьцяг.
21 лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Кангрэсу стварае НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ, у складзе:
1. Язэп Варонка - Старшыня, і Кіраўнік Замежных .праў.
2. І.Макрэяў - Кіраўнік нутраных спраў.
3. Э.Бялевіч - Кіраўнік юстыцыі.
4.І.Серада - Кіраўнік народнае гаспадаркі.
5. Т.Грыб - Кіраўнік земляробства.
6. Карач - Кіраўнік пошты й тэлеграфу.
7. П.Крачэўскі - дзяржаўны кантралёр.
8. К.Езавітаў - Кіраўнік вайсковых спраў.
9. А.Смоліч - Кіраўнік асьветы.
10. В.Рэдзька - Кіраўнік шляхоў зносін.
11. Белкінд - Кіраўнік фінансаў.
12. Бадунова - Кіраўнік сацыяльнае апекі.
13. Л.Заяц - Дзяржаўны Сакратар.
14. П.Злобін - па справах расейскай нацыянальнай меньшасьці.
Таго-ж дня Выканаўчы Камітэт Рады зварочваецца да насельніцтва Беларусі з сваёй 1-й Уставной Граматай:
ДА НАРОДУ БЕЛАРУСІ
"Родная Старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер ўлада, што была тут, невядома; мы стаімо перад тым, што наш Край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лес ува ўласныя рукі.
Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самазначэньне, а нацыянальныя меньшасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію.
Правы нацыі павінны знайсьці сваё здзяйсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.
Але і да скліканьня Устаноўчага Сойму уся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якія на ёй жывуць.
Выканаўчы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меньшасьцяў, здзейсьніваючы мэты Зьезду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня Краем і скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму, на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага дарослага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю вызнаньнем і полам.
Часовую народную ўладу Краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны Сэкратарыят Беларусі, які з гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сэкратарыяту будзе апублікаваны пасьля.
Дана у Менску-Беларускім 21(8) лютага 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага Зьезду".
Але неўзабаве на Беларусь зьяўляецца новы акупант-немцы. Да Беларускага Ураду яны аднесьліся варожа: Беларускую Дзяржаўную Касу сканфіскавалі, беларускія вайсковыя ФаРмацыі разьвязалі, самога-ж Ураду хоць і не зачапілі, але афіцыяльна не прызналі. У цяжкім становішчы апынуўся Беларускі Урад. Ды ня спынілася арганізацыйная праца. Сьцісьлей навязваецца сувязь з правінцыяй, ствараецца нелегальнае беларускае войска і адначасна, з поваду перашкод, тварымыя нямецкім войскам у адбудове Беларускай дзяржавы, пасылаецца ў Нямеччыну пратэст за пратэстам.
9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы Камітэт Рады выдае ІІ-ю Устаўную Грамату: "У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа Беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор - Усебеларускі Зьезд 5-17 сьнежня 1917 г., дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўные правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устрою Беларусі аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народам
1. Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКАЙ
2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі,скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на пол, народнасьць і рэлігію.
3. Да часу пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая улада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў Беларусі.
4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сэкратарыяту Беларусью назначаецца Радаю Зьезду і пеяад ёю трымае адказ.
5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовок, хаўрусаў, бязумоўная вольнасьць сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня.
6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію, абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.
7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на землю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, вазёры і нутро зямлі; абвяшчаецца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі;
8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі устанаўляецца найбольшы 8-мігадзінавы рабочы дзень.
Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Распублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду.. А таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы
Спаўняючы Камітэт Рады І-га Усебеларускага Зьезду.
Выдана ў Менску Беларускім 9 сакавіка 1918 року".
Папоўніўшыся прадстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў, гарадзкіх і земскіх самаўрадаў і Беларускай Віленскай Рады, Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду на паседжаньні 19 сакавіка 1918 г. перайменоўваецца на Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ідэя незалежнасьці Беларускай дзяржавы сярод сяброў Рады пашыраецца ўсё больш і больш. За фэдэрацыю з Расеяй выступаюць толькі прадстаўнікі расейскай і жыдоўскай меньшасьцяў. Аднак, пакуль народ ня стане вольным і ні ад кога не залежным, ніякай гутаркі ні аб фэдэрацыі, ні наагул аб якой-небудзь лучнасьці зь іншымі дзяржавамі ня можа быць. Бо,без незалежнасьці дзяржаў паасобных народаў нельга прыступаць да іх фэдэрацыі. Толькі той народ можа ўступаць у дагаворныя зносіны з суседзямі, каторы арганізаваўся у незалежную дзяржаву і мае ўладу, якая можа заявіць, чаго гэты народ хоча, і чаго ня хоча. Да фэдэрацыі праз незалежнасьць.
Гэтыя - залатыя словы Д-ра Цьвікевіча падхапілі радныя БНР. Тым часам, немцы і бальшавіцкая Расея па Брэст-Літоўскаму міру, ня пытаючыся згоды беларускага народу, дзеляць беларускія землі. Некалькі беларускіх паветаў аддаюць Украіне Вільню і частку Віленскіх і Горадзеньскіх паветаў - Літве, амаль трэйцяя частка Беларусі застаецца Нямеччыне і крыху ня дзьве трэйція _ бальшавіцкай Расеі.
Каб выйсьці для абароны сваіх правоў на міжнародны форум Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на паседжаньні ў ночы з 24 на 25 сакавіка прагалошвае Беларускую Народную Рэспубліку Незалежнай і Сувэрэннай Дзяржавай.
ІІІ-Я УСТАЎНАЯ ГРАМАТА
"Год таму назад народы Беларусі, разам з народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй за ўсіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш Край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР,скідаем з роднага Краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якая была накінута расейскім царызмам на наш вольны і незалежны Край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусь
На падставе гэтага трацяць сілу усе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь Трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці у зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім пераглядзець тую частку Берасьцейскага Трактату, якая датычыць Беларусі і падпісаць мірную умову са ўсімі ваяваўшымі дзяржавамі.
Б.Н.Р. павінна абняць усе землі,дзе жыве і мае лічэбную перавагу Беларускі народ, а ўласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны;, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеных беларусамі.
БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі,якія абвешчаны Уставной Граматай ад 9 сакавіка 1918 г.
Абвяшчаючы аб незалежнасьці БНР, яе Рада ўскладае свае надзеі на тое, што ўсе, любячыя волю народы, памогуць Беларускаму народу у поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
25 сакавіка 1918 г. Менск.
Рада Б.Н.Р."
Гэты вялікай важнасьці гістарычны Акт, за які шмат крыві праліваў Беларускі народ, адчыніў Ураду БНР шырокае поле дзейнасьці на міжнародным груньце. Першай прызнае незалежнасьць Беларусі Украіна і паміж БНР і УНР навязваюцца дыплёматычныя і эканамічныя зносіны. Затым - Літва, Лацьвія Эстонія, Фінляндыя і Грузія. Незалежнасьць Беларусі прызнаюць і Чэха-Славакія, Турэччына,Аўстрыя, а пасьля рэвалюцыі і Нямеччына. Беларускія дыплёматы едуць ва ўсе дзяржавы. Навязваюцца гандлёвыя зносіны з францускай фірмай Pichon et С.
Неўзабаве, на маладую Рэспубліку, як цёмныя хмары, насунуліся бальшавіцкія орды.Урад БНР высылае надзвычайныя місіі на Ўкраіну, Польшчу, Літву, Лацьвію,Эстонію, Фінляныю, Нямеччыну, Швайцарыю, Данію, Францыю, Баўгарыю, Чэха і інш. дзяржавы. Дэлегаты, маючы адпаведныя мэмарандумы і брашуры праф.Доўнар-Запольскага "Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі", надрукаваныя на беларускай, францускай, нямецкай, польскай і рускай мовах, выступаюць перад урадамі Эўрапейскіх краін, дабіваючыся дапамогі ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі. А народ зноў хапаецца за зброю. Ды ня роўныя былі сілы. Перамаглі чырвоныя маскалі і зноў запрацавалі суды і турмы. Тысячы лепшых людзей - краса і гонар Беларускага народу - растрэляны, сотні тысяч высланы ў Сібір, Калыму, Салаўкі. НІшчацца лепшыя людзі, але жыве ідэя 25-га Сакавіка, яснаю зоркаю блішчыць -асьвячае Беларускаму народу шлях да лепшай долі, да вольнай, незалежнай свае дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі. I надыйдзе час, калі
Зацьвіце Яна, як сонца
Посьле непагоды,
Ў роўнай волі, у роўным стане
Між усіх народаў.
(Я.Купала)
Алесь ЗМАГАР
Сакавік 1946
Рыд - Аўстрыя
Алесь ЗМАГАР
25 САКАВIK
Радзіўся Ты у Менску Беларускім,
Пажарам Край дыміўся у вагні.
Наўкол чужынцы на палетках вузкіх
Тапталі скарбы нашых родных ніў.
Народ стагнаў, угору ўздымаў рукі,
Лавіў сьвятла недасяжны прамень.
Быў цяжкі час. Сярод нясьцерпнай мукі
Зьявіўся Ты, прыгожы, сьветлы Дзень.
Цудоўнай зоркай Ўзьняўшыся высока,
Народу шлях да волі асьвяціў,
I зашасьцелі казкаю асокі,
Мінулай славай лес загаманіў.
I Край ажыў. Народ паймкнуўся к сьвету,
Ў вачох крынічыць радасьці струмень.
I нашых продкаў слаўны запаветы
Ўваскросьлі ў гэты незабытны дзень.
Вялікі Дзень! Нічым Цябе ня сьцерці!
Стагодзьдзям на'т Цябе не перажыць!
Вякі мінуць, а Ты ў народным сэрцы
У песьнях, былях будзеш вечна жыць!
25 сакавіка 1946 г. Аўстрыя
АЛЕСЬ ЗМАГАР
СЛУЦКАЕ ПАЎСТАНЬНЕ
АДРАДЖЭНЬНЕ
Ня гледзячы на шматгадовы нацыянальны і сацыяльны уціск і вялікія крыўды,што прынесьлі нашай Радзіме Маскоўскія ды польскія акупанты, беларускі народ глыбока ў сваім сэрцы захаваў і праз вякі перанёс нязгасную любоў да свае шматпакутнае Бацькаўшчыны, нястрымныя імкненьні да волі, да незалежнасьці. З - пад саламяных стрэх жывою крыніцаю прабівалася нацыянальная сьведамасьць, якая й парадзіла ў 1917 г. спачатку Нацыянальны Камітэт, потым Раду і нарэшце, Першы Усебеларускі Кангрэс.
Па ўсёй старонцы шырока разгортваецца творчая, нацыянальна - адраджэнцкая праца: Друкуюцца беларускія газэты, часапісы, кніжкі, адчыняюцца беларускія школы, адбываюцца зьезды розных беларускіх арганізацыяў, утвараюцца беларускія вайсковыя адзьдзелы, а 25 Сакавіка апавяшчаецца векапомны Акт Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Асабліва шырока разгортваецца нацыянальна - адраджэнцкая праца ў Случчыне, дзе арганізаваны Беларускі Нацыянальны Камітэт пад кіраўніцтвам Паўла Жаўрыда адразу згуртаваў наўкола сябе увесь нацыянальна - сьведамы актыў Случчыны. Добра разумеючы важнасьць для разьвіцьця Краіны мець уласную інтэлігэнцыю, Случчакі 4 верасьня 1917 г. адчыняюць І-шую Беларускую Гімназію, дырэктарам якой быў Р. Астроўскі.
Ды не да смаку ўсё гэта было маскоўскім бальшавіком і 8 сьнежня 1918 г. іхныя орды зьяўляюцца на нашай зямлі. Пачынаецца вынішчэньне ўсяго нацыянальна - каштоўнага. Беларускія арганізацыі і установы закрываюцца, найлепшыя людзі арыштоўваюцца і высылаюцца на вынішчэньне. Павал Жаўрыд, які ня выехаў із Случчыны, арыштоўваецца і вывозіцца з Беларусь Беларуская Рада і Ўрад, своечасова выехаўшы з Менску, працуюць у Горадні і Вільні. Па ўсёй Беларусі, у адказ на маскоўска-бальшавіцкі прыгнет, пракацілася шэраг паўстаньняў: Вяліжскае, Парэцкае, Іванецкае, Койданаўскае, Панькоўска - Будзкае, Бешанкавіцкае. Праведзеная Маскоўскім акупантам прымусовая мабілізацыя больш узмацавала паўстанскі вызвольны рух. Вясной 1919 г. Слуцкі Сводны Батальён пад кіраўніцтвам беларускіх ахвіцэраў выступіў супроць накінутае Масквою Савецкае ўлады. Змаганьне трывала некалькі дзён, пакуль бальшавікі ня выклікалі з Менску 3-ці полк Ч.- К.У сакавіку 20-ты Пагран. полк у Рагачове забіў свайго камісара Цымермана. У красавіку паўстаў 2-гі Беларускі Палескі полк.У час Барысаўскага паўстаньня, мяйсцовы Батальён перайшоў на бок паўстанцаў. У час Гомельскага паўстаньня, батальён,што стаяў у Гомелі, адмовіўся абараняць Гомельскі Рэв. Камітэт, які і быў зьнішчаны паўстанцамі.
Роўна цераз паўгода 8 чэрвеня 1919 г. Маскоўскі акупант; вымушаны быў пакінуць нашыя землі, а на яго мейсца зьявіўся; новы акупант-палякі. З вялікімі цяжкасьцямі даводзіцца разгортваць нацыянальную працу зноў арганізаванаму Беларускаму Камітэту Случчыны на чале якога стаў лекар Паўлюкевіч. Выканаўчы Камітэт складаўся з 3-х чалавек: Паўлюкевіча, Бочко і яшчэ аднаго.
Але 11 ліпеня 1920 г. Маскоўска - бальшавіцкія орды зноў зьяўляюцца на Беларусь і коцяцца далей аж да Варшавы. Аднак, пасьля няўдалага паходу на Варшаву, разьбітыя пры дапамозе беларускіх частак Булак Балаховіча палякамі, хутка коцяцца назад і спыняюцца за р. Вясеяй каля Кандратовічаў. Паміж бальшавіцкаю Масквою і панскаю Польшчаю адбываюцца гэтак званыя "мірныя перамовы". Розныя чуткі моцна хвалююць Случчакоў. Інтэлігэнцыя, моладзь, ахвіцэрства, (а трэба зазначыць,што ў гэты час на Случчыне было больш за 300 ахвіцэраў усіх радоў зброі і рангаў), усхвалявана хапаліся за кожную навіну, запаўнялі базарную плошчу, выказвалі рашучасьць у змаганьні супроць любога акупанта. Перамовы бальшавіцкае Масквы з Польшчаю закончыліся падпісаньнем Рыскага Трактату, па якому, ня пытаючыся згоды беларускага народу, жывое цела Беларус; парвалі на часткі. Прадстаўнікі Польшчы й Масквы (эндэк Домбскі й жыд Іофэ), гэтак былі задаволены падзелам нашае Бацькаўшчыны, што, падпісаўшы Рыскі Трактат, аж пацалаваліся.
. . . Але ўжо ня згодны беларус гнуць сьпіну,
Досыць працярпеў ён шмат гадоў палон;
Паўстае ён сьмела за сваю Краіну,
За абліты потам дарагі загон...
Вестка аб няпраўным падзеле Беларусі выклікала нязвычайнае абурэньне беларускага народу, асабліва вольналюбных Случчакоў. Слуцкі Беларускі Камітэт разгортвае гарачую працу па арганізацыі самааховы. Набіраецца 500 чалавек Народнай міліцыі,якая ў будучыні мае ператварыцца ў зародак Беларускага войска.. Случчакі добра разумелі, што толькі збройнаю сілаю можна здабыць незалежнасьць. Палякі, якія ў хуткім часе меліся адыйсьці за р.Лань, не перашкаджалі гэтай справе, нават, спачувалі, асабліва абшарнікі, якія мелі свае двары ў Случчыне. Вельмі добра разумеючы вялікую гістарычную важнасьць данага адрэзку часу ды адказнасьць за ахвяры крывавага змаганьня Слуцкі Беларускі Камітэт склікае Зьезд Случчыны, каб сам народ вырашыў свой лёс.
ЗЬЕЗД СЛУЧЧЫНЫ
14 лістапада 1920г. у Слуцку Ў вялікай залі будынку Вайніловічаў адбыўся І-шы Зьезд Случчыны, у якім бралі удзел 107 дэлегатаў ад м.Слуцка і 15 валасьцей ды некалькі прадстаўнікоў ад беларускіх частак Булаі Балаховіча. Вялікая заля была хутка напоўнена "кажухамі" "шынелямі", як трапна заўважыў адзін з удзельнікаў Зьезд. За Старшыню Зьезду быў абраны Васіль Русак, за Віцэ-Старшыню - адвакат Уладзімер Пракулевіч.
Пасьля адчыненьня Зьезду і прывітаньня дэлегатаў, на трыбуну, прыбраную бел-чырвона-белымі сьцяжкамі і зелянінай, узыйшоў Павал Жаўрыддастаў з кішэні мандат і апавясьціў, што ён, Павал Жаўрыд, прыехаў па даручэньню Ўраду БНР., якім прызначаны Камісарам на Случчыну. Гучныя воплескі былі адказам прысутных. На Зьездзе выступалі з прамовамі: В. Русак, кап. Анцыповіч, кап. Самусевіч, Юльян Сасноўскі, Рыгор Грынько, Уладзімер Пракулевіч, Іван Біруковіч, Павал Бань, Аляксей Кабычкін, кап.Сокал -Кутылоўскі, Юрка Лістапад і інш. Вельмі добрую прамову ; сказаў настаўнік Наронскі. Прамовы былі кароткія, але палкія і рашучыя. Пастанова змагацца супроць усялякае чужацкае ўлады была прынятая аднагалосна. З-за нястачы часу Зьезд ; закончыўся ў адзін дзень. Кіраўніцтва збройным змаганьнем Зьезд даручыў абранай ; Радзе Случчыны ў якую ўвайшлі Уладз. Пракулевіч (Старшыня), Васіль Русак, Радзюк, Мяшочак, Павал Жаўрыд, Юрка Лістапад, Юльян Сасноўскі, лекар А.Паўлюкевіч, Бусел, Дубіна, Іван Біруковіч, Аляксей Кабычкін, Рыгор Грынько, кап.Анцыповіч, Павал Бань і інш., усяго 17 чалавек. Зьезд прыняў рэзалюцыю:
"І-шы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Найвышэйшую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны, катэгарычна пратэстуе супроць заняцьця нашай Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі. Хай жыве вольная незалежная Народная Беларуская Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!"
I зараз-жа пачалася падрыхтоўка да збройнага змаганьня. У гэты-ж самы вечар частка дэлегатаў выехала на вёскі ў воласьці: Грозаўскую, Грэскую, Цараўскую, Раманаўскую, Чапліцкую, Быстрыцкую, Старобінскую, Вызьненскую, Капыльскую, Цімкавіцкую і інш.
Уся міліцыя з вёсак была сьцягнена ў Слуцак. Ачоліць вайсковыя сілы запрапанавалі кап. Паверзаку. - "Вас мала" - адмовіўся ён. Тагды камандаваньне батальёнам беларускай міліцыі было даручана кап. Анцыповічу. (Жыхар вёскі Працавічы, былы фельдфебель царскай арміі, які даслужыўся ў час І-й Сусьветнай вайны да ахвіцэрскага чыну штабс-капітана).
21 лістападу 1920 г. Рада Случчыны выдае дэклярацыю:
"У момант самаазначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашае бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб дамаганьнях-намерах беларускага сялянства аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.
Абвяшчаючы аб гэтым і, зьяўляючыся выразіцелем волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў ў выпадку патрэбы,нават, сілаю аружжа, ня гледзячы на лічбовую перавагу ворага, думаючы, што наша справа - справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе."
МIТЫНГ
I заварушылася ўся Случчына. Па ўсіх вёсках утвараючы Нацыянальныя Камітэты Дапамогі Радзе ў падрыхтоўцы збройнага змаганьня. Вайсковае Камандаваньне пры Слуцкай Радзе, добра разумеючы, што за гэтакі кароткі час арганізаваць з неабучаных добраахвотнікаў абарону Слуцка не магчыма, тым больш, што вораг знаходзіўся ў 10 кілямэтрах Слуцка, выдае загад выступіць усім вайсковым часткам і міліцыі ў кірунку Семежава, дзе і сабрацца 24 лістапада. У Слуцку на Базарнай плошчы адбываецца мітынг, на якім прамаўлялі Старшыня Рады Пракулевіч, сябра Рады Ю.Лістапад і яшчэ некалькі вайскоўцаў. Асабліва памятна прамова падпалк. Гаўрыловіча.
"Браты-Беларусы! Я не красамоўца. Я - франтавік. Ваяваў супроць немцаў.
Потым . . .супроць чырвоных маскалёў... Прачуў я, што вам пагражаюць Масквы бальшавікі.
Пакінуў белых... Прабіраўся цераз франты... Сьпяшаў да свайго народу. Часта нараджаўся
на сьмерць... Але Бог сцярог... I я з вамі. Я
маю веды... веды камандзіра-франтавіка... Хачу іх перадаць для абароны
свае Бацькаўшчыны. Гэта - мой абавязак... Я кончыў. Запісвайцеся ў добра ахвотнікі. Хто
ў войска - падыходзь да гэтага століка, хто ў і Чырвоны Крыж - да таго." I захвалявалася
плошча:
- Пішы мяне...
Мяне пішы...
Лезьлі адзін цераз другога, стараючыся запісацца першым. Я антылярысты... разумею гарматы.- крычаў высокі сухарлявы дзед, распіхаючы локцямі натоўп.. Вось і каля століка.
-Пішы ў антылерыю...
- Ды дзе табе? - адгаварваў пісар. - Хопіць малодшых.
Але дзед ня ўнімаўся, пакуль не запісалі ў вабоз..
- Калі ня здоляю быць пры гармаце, то хоць амуніцу спрытней за маладога падвязу, - бурчэў задаволены дзед.
Разам з дзедам ішоў і 16-ці гадовы юнак. Бацька й старэйшыя браты былі на Румынскім фроньце ў 4-м Корпусе.. (Зьвязны ад Ураду Б.Н.Р. кап. Манцэвіч ніяк ня мог дабіцца ад Расейскага камандаваньня адпраўкі беларускіх частак на Бацькаўшчыну. Корпус пад камандаваньнем гэнэрал-маёра Пажарскага складаўся з 3-х пяхотных дывізыяў і 6-га коннага палка).
Дзяўчаты запісваліся ў Чырвоны Крыж, жанчыны - у швэйную майстроўню, зьбіралі палотны, шылі для жаўнераў бялізну, сарочкі, а з тонкага кужалю рабілі бінты. Зараз-жа утвараюцца зьвязы, дружыны, вызначаюцца камандзіры, якім выдаецца загад накіравацца ў Семежава. Гэта быў І-шы Слуцкі Полк, камандаваньне якім было даручана падпалк. Гаўрыловічу.
На 2-гі дзень Грозаўцы прыслалі сваіх добраахвотнікаў проста ў Семежава, дзе і утвараецца 2-гі Беларускі Грозаўскі Полк пад камандаю кап. Семянюка. У гэтым палку было шмат казакоў. З двух палкоў была утворана Слуцкая Брыгада, пад камандай кап. Анцыповіча.
Вайсковая Камісія пры Ўрадзе Б.Н.Р. з Горадні накіравала для помачы Случчакам добра асьвечаных вайскавікоў: маёра Якубецкага, кап. Клюка і кап. Борыыка. Дзякуючы прысутнасьці дасьведчаных ахвіцэраў, нармальная праца ў штабе Брыгады была хутка і добра наладжаная. Лекар Паўлюкевіч зарганізаваў узорны Палявы Шпіталь, Я. Біруковіч - Вайсковы Суд.
ПАСЕДЖАНЬНЕ
Усяго ў Семежаве сабралася каля 10-ці тысяч адважных патрыётаў,барацьбітоў за незалежнасьць Беларускае Краіны. Адбылося паседжаньне Слуцкай Рады, дзе дэталёва абмяркоўвалася пытаньне аб'еднаньня з арміяй Булак-Балаховіча. Дохтар Паўлюкевіч зацята выступіў за аб'еднаньне з Балаховічам, які быў зьвязаны з Польскімі Вайсковымі кругамі. Уладз. Пракулевіч і Жаўрыд запрапанавалі, нават, навязаць перамовы з Чырвонаю Масквою, але іншыя радныя, асабліва прадстаўнікі сялянства, Юрка Лістапад, Юльян Сасноўскі, Васіль Русак, Бусел і Дубіна рэзка выступілі супроць і аднае і другое прапаноў, і Слуцкая Рада ухваліла змагацца і далей пад сьцягам Б.Н.Р., грунтуючыся на Акту 25 САКАВІКА.
СЬЦЯГ
Сьцяг І-га Слуцкага Палка быў залацістага колеру,2 мэтры ў даўжыню і 1 мэтар ушыркі, пасярод, дыямэтрам 45 см, Пагоня, а навакол - надпіс: Першы Слуцкі Полк Беларускай Народнай Рэспублікі
ЗА БАЦЬКАЎШЧЫНУ
27 лістапада 1920 г. Слуцкая Брыгада адважна кінулася ў крывавую бойку супроць 16 Савецкай арміі. Няроўная была барацьба. Без гарматаў, кулямётаў Случчакі зацята змагаліся. Глыбокая вера ў правату свае справы прыдавала палкім змагаром столькі сілы, што яны ня толькі спынілі бальшавіцкі наступ, але й самі, пачалі пераходзіць у контратакі ды, перамагаючы ворага, аслабанялі вёскі й мястэчкі. Баі разгортваліся каля вёсак: Быстрыцы, Васільчыцы, Верабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы, Мацкевічы, Садовічы, Морач а таксама каля мястэчак Копыля, Цімкавіч і Вызны. Баі былі ўпартыя, часта пераходзілі ў багнэты. Цімкавічы і некаторыя вёскі па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Случчакі занялі Грозаў, Цімкавічы Раманаў і наступалі на Старобін. У гэты час камандаваньне Слуцкай Брыгадай перайшло ад кап. Анцыповіча, які быў надта добры выканаўца, але мала ініцыятыўны, да кап. Чайкі. Апошні аказаўся здраднікам і перайшоў да чырвоных.
3-га сьнежня 1920 г. камандаваньне Слуцкай Брыгадай пераняў кап. Сокал - Кутылоўскі, камандзір цьвёрдай волі, энергічны і ініцыятыўны.
Баі працягваліся. У баёх адзначыўся падпалк. Гаўрыловіч,а таксама неўлавімы паручык Мірановіч, вылазкі якога ў тыл ворага насілі легэндарны характар. Супроць чырвоных напасьнікаў па ўсёй Случчыне разгортваецца бязьлітасная партызанская барацьба. Шэрагі паўстанцаў павялічваюцца з кожным днём, але змаганьне ня роўнае. Рада Случчыны выдае адозву, заклікаючы ворага пераходзіць на бок Случчакоў. Шмат хто з чырвонага войска былі незадаволены бальшавіцкаю палітыкаю, здаваліся ў палон, па некаторыя далучаліся да Случчакоў. Тагды Маскоўска - бальшавіцкі ўрад накіроўвае супроць Случчакоў вялікія камуністычныя адзьдзелы латышоў і кітайцаў. Агнём і крывёю азначылі яны свой шлях: палілі вёскі, рабавалі, растрэльвалі старых і малых. Гінуць Случчакі, але гінуць і чырвоныя янычары. Загінуў у Мікалаеўскіх хутарох і карны бальшавіцкі адзьдзел разам з камісарам Цыганковым. У сваіх успамінах аб Слуцкім паўстаньні адзін з удзельнікаў яго(А.Кабычкін) піша: "Мне давялося быць сьведкай збройнай барацьбы розных партызанскіх адзьдзелаў на Ўкраіне,але нідзе я ня бачыў гэтакага запалу, як у Слуцкіх Паўстанцаў. Гэта была, бадай, адзіная ў сьвеце вайсковая фармацыя, якая нічога ня брала ў насельніцтва і не рабіла ніякіх рэквізыцыяў. Зрэшты ў гэтым ня было й патрэбы, бо ўсё патрэбнае для войска, як фураж, прадукты, а нават вопратку сяляне самі добраахвотна прывозілі ў Семежава... Трэба было бачыць, як, амаль штодня, цягнуліся абозы ў Семежава (часта з бел - чырвона - белым сьцягам на першым возе),з усім патрэбным для паўстанцаў, каб належна зразумець зь якой любоўю і ахвярнасьцю адносілася насельніцтва да свайго вызвольнага войска.
Але сілы былі няроўныя і 31 сьнежня, заліваючыся крывёю, Слуцкая Брыгада вымушана была перайсьці за р. Лань, дзе і была разброена палякамі.
ЗЯЛЁНАЯ АРМІЯ
Некаторыя з жаўнераў Случчакоў не захацелі здаць зброі і вярнуўшыся назад у Слуцкія лясы, дзе, творачы Зялёную Армію, доўга змагаліся супроць камуна - расейскіх акупантаў.
Асабліва адзначаліся партызанскія групы з Палесься, ад Мозыра да Мікашэвічаў. Кап.Самусевіч, паручыкі Гапановіч, Мірановіч, Коршун, Сарока, Грач і інш., маючы штаб-кватэру ў Несьвіжы доўгі час не давалі спакойна спаць чырвоным камісарам. Да 1937 г. актыўна дзейнічае атаман з-пад Слуцку Якуб Трухан. У 1930 г. пробуе арганізаваць паўстаньне кам. роты П.Люцко. Адзьдзел атамана Багалевіча, паўсталы яшчэ з 1917 году, заснаваўся ў трыкутніку вёсак Кузьмічы - Нежын _ Кутынка (24 кл. ад Любані) налічваў 2400 жаўнераў, з рознаякаснай зброяй і аж да 1927 г. змагаўся супроць чырвоных захопнікаў, утвараючы наўкола сябе дыямэтрам 40-50 клм. Незалежную Партызанскую Рэспубліку. Адзьдзел атамана Цішкі (18 ваякаў з групы Багалёўцаў) дзейнічаў недалёка воз. Князь у балотах Камар-Мох аж да 1934 г. Гэта быў легэндарны няўлавімы атаман, ад Імя якога дрыжэлі: бальшавіцкія камісары ў Слуцку. Частка Случчакоў, як Юры; Лістапад,перайшлі да іншых мэтадаў змаганьня і зьявіліся зародкам нацдэмаўшчыны.
ВЕЧНАЯ СЛАВА
Кап. Анцыповіч неахвіцыйна выдадзены палякамі Саветам пасьля катаваньня _ растрэляны кап.Самусевіч папаўся ў Менскае Ч-К,дзе і быў закатаваны.
пар.Бранявіцкі забіты падасланымі ў Польшчу агентамі НКВД
Пар-кі Кернажыцкі, Коршун, Янушэнка арыштаваны агентамі НКВД у 1939 г., высланы ў Сібір на цяжкія прымус.працы, дзе і загінулі.
Калечыц быў схоплены сав. агентамі узімку 1921 г. на базарнай плошчы у Стоўпцах, укінуты ў сані і хутка вывезены ў кірунку савецкай граніцы. Юльян Сасноўскі, актыўны і сябра Слуцкай Рады, ня вытрымаў зьдзекаў польскай адміністрацыі і пакончыў самагубствам.
Пар-кі Багушэвіч, Гапановіч, палк.Гаўрыловіч, Жаўрыд, Пракулевіч, паверыўшы Савецкай і амнэстыі, вярнуліся дадому, дзе I й загінулі ад рук чырвоных катаў
Кам. Слуцкай Брыгады Сокал-Кутылоўскі пасьля ІІ-й Сусьветнай вайны быў выдадзены на зьдзекі ў лапы чырвоных маскалёў.
А колькі іх ведамых і няведамых закатавана Маскоўска бальшавіцкімі ды іншымі акупантамі. Вечная памяць тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
АЛЕСЬ ЗМАГАР
ТО НЕСЬМЯРОТНЫ
Абапал ціхае ракі
Грымелі ў Случчыне гарматы;
Гайсалі ў вёсках гайдукі _
Апрычнікі чырвоных катаў,
Ды толькі быў то год Дваццаты,
Із-пад саломянай страхі,
З стагоў, із ямы над вярбою
Случчак выцягваў сваю зброю;
Каб бараніць свае шляхі
Адрэз гатовы быў да бою.
Ўзьвіліся вольныя сьцягі
Над кожнаю сялянскай хатай;
Няволі рвуцдца ланцугі,
Ушчант пакрышаныя краты _
У бой крывавы йдзе араты.
За бацькам усхапіўся й сын;
Адзеты ў зрэбную кашулю
Хлапец схіліўся да матулі: -
Даруй мне, мама, плакаць кінь!
Багаславі! Іду пад кулі.
- Даруй, матуля, і бывай !-
Крыж Чырвоны йдуць дзяўчаты,
Ідуць на смерць за родны Край;
Ўзьнялася Случчына заўзята.
То Несьмяротны Год Дваццаты.
Алесь ЗМАГАР
СМУТКАМ ПЛЕШЧУЦЬ ХВАЛІ
Смуткам плешчуць хвалі
Ў Лані берагі,
Дзе калісь луналі
Слуцкія сьцягі.
Кожную палянку,
Кожны куст, ручай
Трапнай адразанкай
Бараніў Случчак.
Ў барацьбе заўзятай
Ён ня чуў пакут,
Бараніў зацята
Свой сялянскі кут.
I плюскочуць хвалі,
Шамаціць трысьцё:
"Там ахвяравалі
Случчакі жыцьцё."
Гаманілі й ветры
З гольлем верхалін,
Зазіралі ў нетры
На мурог-кілім,
Ды не падлічылі
Тых палян лясных,
Што крывёй скрапілі
Случчыны сыны.
Алесь ЗМАГАР
ЮРЫ ЛІСТАПАД
ЛІСТАПАДАЎЦЫ
Юры Лістапад, Макарэня, Мяцельскі, Дзямідовіч, Казак і Курбыка! Вось слаўныя імёны, якія навекі застануцца жыць у сэрцы кожнага беларускага патрыёты. Іх сьмелыя постаці заўсёды будуць ідэйным прыкладам для ўсіх тых, каму незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі даражэй за ўсё.
Юры Лістапад - актыўны сябра Слуцкай Рады, удзельнік Слуцкага Паўстаньня, разам з Слуцкаю Брыгадаю пераходзіць за р. Лань, але ў 1922 г. варочаецца назад у Слуцак, дзе ўладжваецца на Агульна-Адукацыйныя курсы у якасьці настаўніка беларускае мовы. Будучы выдатным красамоўцам, ён чараваў сваіх слухачоў, прышчэпваючы гарачую любоў да ўсяго роднага.
Увесну 1925 г. Лістапад арганізоўвае гурток "Краяведы". Запісалася 10 курсантаў. За Старшыню абіраецца адзін з больш актыўных курсантаў - Міхась Макарэня. У чэрвені ў Случак прыяжджае Нічыпар Мяцельскі, малады настаўнік, палкі патрыёта, тэарэтык сялянскай вызвольнай барацьбы. На сходку, якая адбылася на кватэры Макарэні, былі запрошаны Дзямідовіч, Дубовік і два браты Казакі. З прамоваю выступіў Мяцельскі, прызываючы да актыўнай дзейнасьці сярод насельніцтва ды прапануючы утвараць "баявыя дружыны" з дэзэртыраў, студэнтаў і сялянскай моладзі, каб зноў узьняць Случчакоў, да якіх павінен далучыцца і ўвесь беларускі народ, на антыбальшавіцкае паўстаньне для пабудовы Незалежнай Беларускай Дзяржавы.
I заварушыліся Лістападаўцы. "Краязнаўчы гурток" ператвараецца ў падпольную арганізацыю з дэвізам "За Вольную і Незалежную Беларусь". На памнажальніку друкуюцца адозвы да сялян, а таксама час. "Наша Слова", які, дзякуючы рэдагаваньню Ю.ЛІстапада, з першага нумара набывае характар Трыбуны барацьбы за незалежнасьць Беларусі.
Міхась Дзямідовіч (Самотны Міхась) напісаў некалькі антысавецкіх артыкулаў, Мікола Казак (Малы Язэп) - адозву да сялян "Паўстань", Мяцельскі - некалькі палітычных артыкулаў і
пачатак рам. "На Вялікіх Дарогах". У гэты час Мяцельскі прыслаў грошы для патрэбаў арганізацыі.Не спадзяючыся на падтрымку з боку заходніх дзяржаў, Лістападаўцы вераць толькі ў свае ўласныя сілы. "Дык ня шукай чужых спагады! За зброю! Бі! Хай згінуць гады! Паўстань! Ня бойся і ня трусь! Ратуйма нашу Беларусь!" - пісаў Малы Язэп у адной з адозваў да жыхараў Случчыны.
Спрытныя юнакі расклейвалі адозвы на слупох каля Ячава, Агароднікаў, Селішчаў, а таксама на ўскраі Слуцка. Каб перашкодзіць вывазку сялянскага збожжа, каля Івані была спроба ўзарваць мост.
Праца арганізацыі пашыраецца. Макарэня едзе ў пагранічны раён, Мяцельскі кантактуецца з Менскам, навязваецца сувязь з сябрамі ў Воршы, Дзямідовіч піша ў Пагост да Курбыкі, каб у сваёй школе стварыў арганізацыю на ўзор Слуцкай. Разам з лістам Курбыка атрымлівае час. "Нашу Ніву" і "Раніцу", а таксама, перагледжаныя ЛІстападам, інструкцыі Мяцельскага.
Арганізацыйны Штаб знаходзіцца ў Слуцку. Кансьпірацыйныя нарады адбываюцца ў памешканьні Лістапада або на хутары, недалёка Слуцку. Пачынаецца падрыхтоўка баявых групаў. Раптам - арышты. Прадаў арганізацыю камсамолец Б. Шклярэвіч, у якога кватараваў Макарэня. Сьледзтва спачатку праводзіла Слуцкая ГПУ, але, нічога не даведаўшыся, перадала Лістападаўскую справу у Менскую ГПУ.
ПРАЦЭС
У сакавіку 1926 г. у Менскім Доме Працаўнікоў Асьветы адбываецца паказальны працэс падсудных, маладых адважных змагароў за волю і незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, Юркі Лістапада, Нічыпара Мяцельскага, Міхася Макарэні, Міколы Казака, Міхася Дзямідовіча і Ціта Курбыкі. У перапоўненай зале - студэнты Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту, Пэд.Тэхнікуму, інш. навучальных устаноў, урадаўцы, работнікі і работніцы ды сваякі і сябры, прыбылыя із Случчыны і іншых мясцовасьцей Беларусі. Шмат хто з КІМ-аўскімі значкамі навоньа, але з беларускім сэрцам унутры. У партары - замежныя карэспадэнты. Перад самым судовым сталом, у першым радзе сядзяць хлопцы і дзяўчаты, Дэманстрацыйна апраненыя ў нацыянальную вопратку. Настрой прысутных прыўзьняты, гутаркі узрушаныя. Кожнаму хочацца хутчэй убачыць адважных Суччакоў, большасьць якіх былі юнакі, што сьмела пайшлі на цярністы шлях змаганьня за волю і Незалежнасьць свае Бацькаўшчыны. Напруджанасьць узрастае з кожнаю хвілінаю...
Адчыняюцца дзьверы. Цьвёрдым крокам з высока ўзьнятымі галовамі праходзяць каля левае сьцяны праз усю залю Юры Лістапад, Міхась Макарэня, Нічыпар Мяцельскі, Мікола Казак, Міхась Дзямідовіч і Ціт Курбыка. Прысутныя ў залі ўзрываюцца з мейсцаў, каб стоячы паказаць пашану тым, хто сваім сьмелым учынкам паказаў свайму народу шлях барацьбы за Волю і Незалежнасьць Б.Н.Р.
Пачаўся суд. На запытаньне судзьдзі, якога абаронцу, дзяржаўнага ці прыватнага, падсудныя жадаюць мець, Лістапад адказаў, што... ніякага, бо абаронца патрэбны толькі для вінаватых. Паколькі пытаньне было на рускай мове, Лістапад зараз-жа ўнёс заўвагу, што будзе адказваць толькі на пытаньні, сказаныя па-беларуску і ўносіць прапанову, каб працэс, які адбываецца ў Беларускай сталіцы - Менску, праводзіўся на беларускай мове.
- Няўжо Вы гэтак любіце беларускую мову? - зьдзівіўся судзьдзя.
- Я люблю беларускую мову гэтак, як толькі можа кахаць палкі юнак прыгожую дзяўчыну, - горда, націскаючы на кожнае слова, адказаў Лістапад.
На ўсе закіды Пракурора і пытаньні судзьдзі Лістапад адказваў цьвёрда і дасканала, пераканаўчым голасам, адхіляючы Ўсе абвінавачваньні пракурора.
На другі дзень, зараз-жа па апавяшчэньні адчыненьня судовага працэсу, Лістапад папрасіў слова і, зварочваючыся да ўсіх прысутных і асобна да іншаземных карэспадэнтаў - запратэставаў супроць незаконнага учынку сьледчага, які ўчора ўначы, пасьля першага дню працэсу, значыць, па заканчэньні сьледзтва, шляхам біцьця незаконна вымагаў у аднаго зь юнакоў хвальшывых сьведчаньняў.
Працэс цягнуўся 12 дзён. Пракурор стараўся замяшаць у працэс і ведамага беларускага паэту Якуба Коласа, закідаючы яму, што ён увесь свой - ганарар за кніжку"На Прасторах Жыцьця" аддаў на падтрымку Лістападаўскае арганізацыі. Але ні Лістапад, ні яго выхаванцы-юнакі не далі ніякага поваду да арышту іх любага паэты
У сваім апошнім слове Лістапад пункт за пунктам разьбіў усе абвінавачваньні пракурора. На закід, што Лістападаўская арганізацыя хацела адарваць БССР ад Савецкага Саюзу, Лістапад, паказваючы кніжку, апавяшчае: "Савецкая Канстытуцыя" ад 6-га ліпеня 1924 г.і зачытвае:..."Кожная Савецкая Рэспубліка захоўвае права вольнага выхаду з Савецкага Саюзу. Кожны народ мае права на будаўніцтва свае Дзяржавы, свае нацыянальнае культуры, кожнаму грамадзяніну забясьпечваецца свабода пераконаньня, слова, друку, арганізацый, сходаў, веравызнаньня... дармовая навука ў школах..."
Зварочваючыся да Суду, Лістапад працягваў:
- Дык што-ж Вы знайшлі супроцьзаконнае ў нашай дзейнасьці? Мае пераконаньні? Сходкі? Гурткі? Друк? Але-ж у Савецкай Канстытуцыі забясьпечваецца свабода і пераконаньняў, і сходак, і друку. Вы закідаеце, што мы жадаем Волі і Незалежнасьці Беларусі і змагаемся за гэта? Але-ж у Савецкай Канстытуцыі запісана, што кожная Савецкая Рэспубліка (а ў гэтым ліку і БССР) мае права вольнага выхаду з Савецкага Саюзу. А ці ведаеце, што мець Вольную і Незалежную Дзяржаву - гэта спрадвечнае жаданьне Беларускага Народу. А мы - сыны яго. Да таго-ж у Савецкай Канстытуцыі няма артыкулу паводле якога быў-бы дазвол на прыгнечваньне беларускага народу маскоўскім.
Заля заўмерла. Слухалі з напруджаньнем. Кожнае слова глыбока западала ў сэрца. Над гучныя воплескі прысутных Лістапад сьмела кінуў абвінавачваньне Чырвонай Маскве ў паняволеньні ёю Беларускага Народу. Аднак, Савецкі Суд ня трымаецца параграфаў сваіх законаў. I павандраваў Лістапад з адважнымі юнакамі на савецкую катаргу. Цераз 5 гадоў Лістапад вярнуўся ў Менск, але, арыштаваны другі раз, загінуў у канцлягерох.
Юры Лістапад, Макарэня, Мяцельскі, Дзямідовіч, Казак… Залатымі літарамі ўпісаны гэтыя імёны на балонкі гісторыі няўміручай славы ад 5 важных сыноў Беларускага Народу.
ДЗЕНЬ МАЦІ
(Літаратурны мантаж Алеся Змагара, зачытаны ў 1964 г. беларускаю артысткаю Ірай Калядою.)
Прыйшла вясна, і засьмяялася яснае сонейка, пяшчотна-драмяністымі косамі агарнула нашу Маці-зямельку. Зазелянела наўкола трава, распукнуліся набухлыя жыцьцём галінкі кутоў і дрэў, прачнулася ад зімовага сну безьліч малюсенькіх істотаў. Бачыць гэта чалавек і ад шчырага сэрца цешыцца яснаму сонцу, радуецца новаму жыцьцю.Ды яшчэ больш поўняцца шчасьцем грудзі чалавека, калі Маці-жанчына нараджае новае жыцьцё, дарыць людзтву найбольш каштоўны скарб - патомства.
I ў знак глыбокае пашаны да жанчыны-маці, прысьвячае ёй чалавек адзін з травеньскіх дней, у які і адбываюцца жаночыя зьезды, чытаюцца рэфэраты, ладзяцца мастацкія выстаўкі і тэатральныя пастаноўкі.
Ды ня дзіва, што жанчыне-маці аддаецца столькі пашаны. У разьвіцьці кожнага народу роля Маці ёсьць аграмадная, нават, галоўная.
Яшчэ будучы ў эмбрыялягічным стане," дзіця набывае фізычныя, фізыялягічныя і, нават, псыхалягічныя асаблівасьці сваіх бацькоў, утвараючы гэтым этнічныя рысы свайго народу. Нараджаецца дзіця, і ні ад кога не адчуе столькі любові, столькі пяшчотаў, як ад свае роднае Маці. Вось некалькі радкоў з вершу "Калыханка" нашае паэтэсы Арсеньневай.
... Тыя пэрлінкі-сьлёзкі зьбяру,
Наніжу зь іх пацяркаў шнурочак
I на шыйку завешу тваю.
Люлі, люлі,засьні, мой сыночак.
Будзе зь імі маленькі гуляць,
Ручкай пацяркі-сьлёзы ссыпаць
Колькі мастацкага прыгаства прарываецца з кожнага слова, колькі шчырасьці, пяшчотнай любові.
Другая паэтэса, Ларыса Геніюш, у вершы "Майму сыночку" піша:
Павяду цябе, мілы мой сыну,
Ў стары казачны край Крывічоў
Там, дзе шырака Нёман раскіну ў
Стужку сінюю сярод палёў...
Колькі любасьці да свайго роднага, колькі пачуцьцяў гонару абуджаецца ад нацыянальных эмоцыяў кожнага радка.
А вось урывак вершу "Чароўны Край", напісаны "Мамаю" ў часапісу "Заранка" №4, травень, 1928 г.
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Ўвяду ця' ў чароўны, у нязьведаны Край,
Вузенькай мяжою мы пойдзем ўдваіх;
Так мякка, нат крокаў ня ўчуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча...ах, рай!
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай!..
Колькі шчырасьці, колькі любові гучыць з кожнага слова. А трэба заўважыць, што шчырая любоў ніколі не застанецца бяз водгуку. I ў дзіцяці разьвіваюцца найлепшыя пачуцьці да свае роднае Маці, да бацькі, да сясьцёр і братоў, да родных і блізкіх людзей. Маці зьяўляецца і самай першай узгадавальніцай і настаўніцай свайго дзіцяці. Ні да кога дзіця ня мае такога даверу, як да свае роднае Маці. Кожны мацярынскі рух, кожнае слова дзіця вельмі хутка пераймае, стараючыся ува ўсім набыць падабенства. Гэта і ёсьць самая першая школа, школа пазнаньня навакольнага сьвету.
I нічога няма даражэйшага за мацярынскую любоў, якая найцяжэйшае гора ператварае ў сьветлую радасьць:
То ня яснага сонца праменьні _
Гэта вочы матулі мае...
Цяжкі сум мой у радасьць заменіць
Ціхі жар,што з-пад сэрца ёй б'е
("Маці" - Ларыса Геніюш).
Ад Маці дзіця навучаецца і гаварыць, і думаць па-народнаму. Ад Маці дзіця чуе і першыя песьні, і першыя казкі. Маці - гэта найпершая школа і прынцыпаў маральнасьці, і рэлігіі, і сацыяльнага узгадаваньня. У дзіцячае сэрца глыбока западаюць і, найчасьцей, назаўсёды захоўваюцца народныя традыцыі - найкаштаўнейшы скарб нацыі. Вось чаму, ня гледзячы на шматгадовае панавньне на Беларусі розных акупантаў-палякоў ды белых, а потым чырвоных расейцаў, асягнуць асыміляцыі беларускага народу ім не ўдалося. Не дапамаглі ім ні іхнія школы, ні іхныя цэрквы і касьцёлы, ні іхныя суды і вязьніцы.
Адданая любоў да сям'і ператвараецца ў павагу да свайго Народу, ў адданасьць да свае Бацькаўшчыны. Разьвіваецца глыбокі патрыятызм, народ усьведамляе сябе, як нацыю, закладаюцца моцныя падваліны пераходу ад народу да нацыі.
I ўсё гэта толькі дзякуючы той бязьмежнай любові, што захована ў глыбіні мацярынскага сэрца, той адданай любові, што дае магчымасьць выцярпець усе пакуты гаротнага жаночага жыцця.
Ганначку забудуць
Сваякі і дружкі.
Не забудзе маці
Роднае дачушкі.
Не загояць часы,
Бо глыбока рана.
Сама ляжа маці
Зь ім у гроб дрыўляны...
("Гора Мацеры" - Якуб Колас)
I не адну слаўную балонку ў гісторыю сваіх Краін упісалі выдатныя жанчыны. Цудоўная лягэнда захавалася пра адважных жанчын, якія разам з мужамі зацята абаранялі свой горад. Ратунку ня было, але абаронцы з пагардай адкінулі прапанову здацца ў палон і рыхтаваліся загінуць у бойцы да астатняга. Вораг з павагаю аднёсшыся да яшчэ ня бачанага самаахвярнага гераізму абаронцаў, дазволіў жанчынам і дзецям выйсьці на волю за лінію аблогі і вынесьці з сабою найбольш каштоўныя скарбы. Якое-ж было зьдзіўленьне варожых ваякаў, калі ў адпаведна вызначаныя гадзікы адчыніліся вароты, зь якіх адна за аднэй выходзілі адважныя жанчыны, нясучы на плячох найкаштаўнейшы свой скарб - сваіх мужоў і бацькоў - ды накіраваліся за лінію аблогі. Ці не залатымі літарамі ўпісаны іхныя імёны ў гісторыю іхнае Краіны?
А каму ня ведама гэраічнае імя Жанны д'Арк, узьняўшай усю Францыю на вызвольную барацьбу з-пад чужынецкага ярма?
Залатымі літарамі на балонках гісторыі Беларусі ўпісаны слаўныя імёны і гордай волялюбнай палачанкі княгіні Рагнеды, Вялікай Асьветніцы Беларусі княгіні Прадславы - Афрасіньні Полацкай і грамадзкай дзяячкі пісьменьніцы Алёізы Цеткі Пашкевічанкі.
Але найлепшым узорам мацярынскае любові і цярплівасьці пакутнага жыцьця зьяўляецца Божая Маці, якая з пакораю пранесла свой цяжкі крыж ад Віфлеему аж да Галготы.
I няма такога народу, ў сэрцы якога не гарэла-б яркая іскра глыбокае пашаны да Маці.
"Маці - ўсяго душа" - кажуць італьянцы.
"Маці цёпла сьцеле" - кажусь немцы.
"Маці ня пытае, ці ты хочаш, але проста дае "кажуць англікцы.
"У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка " - кажуць беларусы.
А зь якім надрываючым душу болем гучаць хаўтурныя галошаньні беларускае дачкі да памёрлае маці.
"Мамачка мая даражэнькая!
Мамачка мая залаценькая!
Ды куды-ж ты цяпер ад'яжджаёш?..
Ды на каго-ж ты мяне пакідаеш?.."
Нават, найслаўнейшыя у сьвеце людзі ў найбольш цяжкую хвіліну жыцьця толькі ў родных мацярок знаходзілі зразуменьне свае крыўды і суцяшаючае ласкавае слова. I таму кожны зь іх з сардэчнай чуласьцю ўспамінае сваю маці.
Вялікі пэдагог сьвету Пэсталоцы кажа: У створаным Богам сьвеце нічога няма прыгажэйшага, як маці, якая сама вучыць сваіх дзяцей.
Нямецкі філёзаф Кант кажа: Я ніколі не забудуся свае маці. Яна засеяла і узгадавала ў маім сэрцы добрае зерня. Яна ад чыніла маю душу на хараство прыроды.
Сусьветны кампазытар Бэтховэн кажа: О, хто мог быць шчасьлівейшы за мяне ў той час, калі я мог салодкае імя мама вымавіць і пачуць яго.
Слаўны беларускі сьпявака Забэйда-Суміцкі кажа, што любоў да песьні разбудзіла у ім яго маці.
Душа украінскага народу Тарас Шаўчэйка піша:
Вставало сонце з-за могили,
Раділи люде встаючі.
А мати спати й не лягала,
Дочку вечерять дожідала
I тяжко плакала ждучі...
Таленавіты расейскі паэта Есенін у "Пісьме к мацеры" піша:
Ничего, родная, успокойся!
Это только тягостная бредь.
Не такой уж горький я пропойца,
Чтоб тебя не видя умереть...
Ведамы барацьбіт за незалежнасьць нашай Краіны беларускі пясьняр Алесь Гарун у сваім вершы "Матчын Дар" зазначае, што свой пясьнярскі талент ён атрымаў у час нараджэньня:
Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку,
Дык дала скрыпіцу - "На, іграй,сыночку!
Грай сабе на шчасьце! Грай на добру волю!
Грай на век даўгуткі! Грай на вольну волю!.."
Маці! А колькі яна выстрадала за час свайго жыцьця! Колькі яна перанесла пакуты, каб узгадаваць сваіх дзяцей!
Васіль Макарэвіч у вершы "Маці" піша:
...Яна рвала у полі сьвірэпу
I зьбірала на паліва трэскі.
Нашай маці далоні парэпаныя,
Нашай маці далоні патрэсканыя
Пабялелі на сонцы вейкі...
Сяргей Грахоўскі у вершы "Мама" ўспамінае:
... Ня спала ты асеньнімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі
Прывычная ад гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім ня чула ног,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
"Хай падрасьце, няхай пасьпіць сынок"...
А колькі маці выстаяла пад вастрожнымі брамамі,колькі выплакала гаротных сьлёз. У вершы "Матуля" А.Змагар піша:
...Ты помніш, мама, й той Дваццаты Год,
Калі ўзьнялася Случчына ў паход;
Загінуў бацька ад рук палачоў,
Твой сын папаўся ў лапы Крумкачоў",
Як потым каля ДОПРаўскіх варот
Ня раз займала ты там свой чарод;
Ды як ты, мама, плакала наўзрыд,
Што сын гібее ў карцары сырым...
Маці ёсьць заўсёды маці. Для яе сын найдаражэй за ўсё. Вось некалькі радкоў эь вершу Пімена Панчанкі, дзе апісваюцца це. ражываньні маці стратанаўта:
Мы будзем усе стратанаўтаў вітаць,
А маткі - пякучыя сьлёзы глытаць.
Глядзець усю ноч ім да раньняй зары
Ў халодныя вочы сусьвету;
I думаць, ці зорка сягоньня згарыць,
Ці з сынам любімым ракета?..
А колькі мацярок загінула ад Сталінскае ды нямецка-гэстапаўскае кулі, ратуючы сваіх сыноў маці гэта сьвятая мучаніца. Колькі іх засталося адзінокіх! Колькі такіх, што ня ведаюць, дзе іхныя сыны! Але ў сэрцах сваіх яны заўсёды маюць надзею сустрэцца з сваім любым сынам.
I у гэту сумную часіну
Пазірае маці у вакно -
Ўсё чакае, моліцца па сыну,
Ці жывы яшчэ, ці можа ўжо загінуў
Яе любы родненькі сынок.
А вось некалькі радкоў пра сьмерць маці ў паэты А.Пысіна. Зь якім глыбокім болем гучаць радкі:
Не пялёсткі ганак усьцілаюць,
Стружкі, стружкі - белыя вянкі.
Малаткі няўмольныя ўбіваюць
У сасну гранёныя цьвікі.
I навошта, добрыя суседзі,
Змайстравалі гэты вы дамок?
Міма саду маці ў ім паедзе
У сасоньнік, дзе сухі пясок...
A колькі балючай чуласьці вее з радкоў вершу П.Труса:
А ці помніш? Ці не?
А ці помніш той дзень?
Зоры ціха засьцелі над Краем.
Ты была для мяне
Песьняй казак-надзей,
Маці, маці мая, дарагая!..
Маці! Любая добрая маці! Колькі цярпеньняў, колькі мукі Ты пераносіш! Ня дзіва, што шматлікія нашы паэты вобраз краіны атаясамляюць з вобразам роднае Маці.
Глыбокая, выпешчаная маткаю, любоў да свае Краіны, узносіць Бацькаўшчыну, як сьвятыню для сапраўднага сына, за якую ён гатовы памерці:
...Маці родная! Маці Краіна!
Ня усьцішыцца гэтакі боль.
Ты прабач! Ты прыймі свайго сына!
За Цябе яму ўмерці дазволь!
("Пагоня" - М.Багдановіч)
У вершы "Няшчасная Маці" Я. Колас сымбалічна абмалёўвае няшчасьце Маці-Беларусі, дзеці якое яе зракліся.
…Ой, дзетанькі! - плача яна. _
Ці-ж я затым вас на сьвет нарадзіла,
Каб век аставалась адна?
Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што-ж вы зракліся мяне?
За што-ж вы Матулю сваю пахавалі?
Для Маці няма сынкоў і пасынкаў. Усе дзеці для яе родныя,ўсе дзеці ёй любыя.Моцна баліць мацярынскае сэрца, калі яе дзеці выходзяць з радзімае каляіны, робяць злыя ўчынкі, няладзяць паміж сабою. Ніколі гэта не давядзе да дабра. Кожны сусед зможа тагды зьдзекавацца так, як толькі захоча і над выраднялымі сынамі і над няшчаснаю Маці.
Вось чаму яшчэ
ў 1908 г. наш несьмяротны сваёю творчасьцю, славуты прарок Адраджэньня Янка Купала заклікаў:
... Кінь сваркі і звадкі,
Аднэй дзеці Маткі _
Мы злучаны доляй аднэй:
Пры згодзе і ладзе
Ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей...
Клевэланд
Травень 1960
Алесь ЗМАГАР
МАТУЛЯ
Бывай, Матуля! Родная, бывай!
Твой любы сын ў далёкі едзе край.
Не захацеў ён концаў, Калымы,
Савецкай катаргі, Сібірскае зімы.
Матуля родная, на сына Ты ня злуй!
Яму, бяздомнаму, за крыўды усе даруй!
Даруй за ўсё! За вольных дум узьвіў
I на выгнанскі шлях багаславі!
Як сёньня, Мама, помніш Ты той дзень:
З калыскі ў вочы я Табе глядзеў,
Сваімі ручкамі я весела гуляў
I слова "Ма-ма" першы раз сказаў.
Ты так пяшчотна ў мой зірнула бок:
- Сынок мой родны! Любы галубок!
I потым міла люліла мяне,
I песьняй роднай галасок зьвінеў.
Падрос я трохі, бегаў басанож
Ды нек нагу прабіў на йржавы нож;
Я да Цябе кульгаючы ішоў;
Як Ты збялела, угледзяўшы кроў!
- Ня плач, Матуля! - Супакойваў я.
Мне не баліць больш,нават,аніяк.
Я быў маленькім хлопчыкам тагды,
Такім застаўся Табе назаўжды.
Ты помніш, Мама й той 20-ты год,
Калі ўзьнялася Случчына ў паход...
Загінуў бацька ад рук палачоў,
Схапілі сына лапы "крумкачоў"
Як потым каля ДОПРаўскіх варот
Ня раз займала Ты там свой чарод,
Ды як Ты, Мама, плакала наўзрыд,
Што сын гібее ў карцары сырым.
Ты плачаш,Мама, ведаю,па мне,
I мне ня лёгка ў далёкай чужыне...
Ці ўбачымося мы яшчэ калі?
Памерці цяжка на чужой зямлі.
А помніш, Мама, жудасны той дзень,
Калі пытаў чакісты: - "Сын твой дзе?"
I не спалохаў Цябе Трыбунал,
Павандравала ў сылку за Урал.
Пакутны шлях было Тваё жыцьцё,
Сьвятою ўвойдзеш Ты у нябыцьцё.
Тваё імя, як сымбаль на ўвесь сьвет,
Нясе ў сябе любові запавет.
Куды ні глянь :у хату,ці ў палац
Ўва ўсіх краёх імя Тваё чуваць
- Матуля!- з крыўдай горнецца дзіця,
А вочкі ў сьлёзках да Цябе зіхцяць.
- Матуля! - Ўспомніць кожны у бядзе,
I расплывецца роспач ад надзей
Сьвятое імя не забыць ніяк.
- Матуля! - шэпча ранены ваяк,
- Матуля!- шэпча ён апошні раз
I твар сьвятлее у сьмяротны час
- Матуля! Родна! Сэрца майго цьвет!
Твой дзень сьвяткуе цяпер увесь сьвет.
Я часта бачу у трывожным сьне
Што Ты, Матуля, плачаш аба мне.
Што ў Тваім сэрцы тлеецца агонь _
Пабачыць сына любага свайго.
Ня плач, Матуля! Прыйдзе яшчэ час,
Пагоні сьцяг зноў аб'яднае нас;
Ў баёх крывавых расплывецца змрок;
К Табе,Матуля,вернемся здалёк
Чэрвень 1955 г.
ЗЬМЕСТ
§ 25 Сакавік
§ Слуцкае Паўстаньне
§ То Несьмяротны
§ Смуткам плешчуць хвалі
§ Юрка Лістапад
§ Дзень Маці
§ Матуля
