МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Абаронім наш дом - Беларусь. Артыкулы, даклады, заявы. Выдавецтва ULA. Вільня. 2000 год

Аўтар: Шарэцкі Сямён
Год: 2000
Раздзел: Публіцыстыка
Краiна: Беларусь
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
ЗАМЕСТ УВОДЗІН

МЫ МАЕМ МАРАЛЬНАЕ ПРАВА ПРАМА ГЛЯДЗЕЦЬ У ВОЧЫ СВАІМ СУАЙЧЫННІКАМ
Выступ на сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

Паважаныя калегі і прысутныя на нашым паседжанні!

Прайшоўшы месяц пасля апошняга паседжання быў часам далейшага паглыблення крызісных з`яў у грамадстве, што яшчэ ў большай ступені высветліла няздольнасць сучаснага рэжыма ўлады вывесці краіну з тупіку.

Няздольнасць да кіравання дзяржавай прыводзіць да крызісу самога рэжыму кіравання, што назіраецца ў частых зменах міністраў.

Давайце ўдумаемся: за два з паловай гады ўжо трэці старшыня Нацыянальнага банку, змяніўся віцэ-прэм`ёр, які вядзе пытанні эканомікі, міністр прамысловасці, міністр фінансаў. Ужо трэці міністр абароны. На працягу больш двух месяцаў няма Старшыні Савета Міністраў. За гэты час два разы мянялася назва самога ўраду: ад Савета Міністраў перайшлі да Кабінету Міністраў, цяпер зноў вярнуліся да Савета Міністраў. Замена шыльдаў, мабыць, адзіны рэальны вынік работы ўраду. Усё гэта толькі паралізуе працу кадраў. На працягу значнага часу спецыялісты знаходзяцца ў стане няўпэўненасці і чакання.

Кадравы ператрус, а значыць, і нярвознасць ахапіла і Адміністрацыю Прэзідэнта. Усё гэта сведчыць аб бяздарнай кадравай палітыцы А. Лукашэнкі, яго арыентацыі пры падборы кадраў на асабістую адданасць і пакорлівасць, а не на прафесіяналізм.

У краіне, па сутнасці, паралізавана і дзейнасць парламента, а гэта значыць, што грамадства пачынае жыць у стане беззаконня і самавольства. Выканаўчая ўлада выйшла з-пад кантролю заканадаўчага органа і грамадства ў цэлым, бо кіраўнікі выканаўчай улады на ўзроўні абласцей і раёнаў не абіраюцца, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, а прызначаюцца адным чалавекам.

Размываецца падзел функцый выканаўчых органаў па вертыкалі, што ў сваю чаргу стварае безадказнасць кадраў. І гэта адна з прычын таго, што прэзідэнт ад ператрусу міністраў і кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў ужо апусціўся да выканання функцый кураратара Камароўскага рынку. Базарныя метады кіравання А. Лукашэнкі распаўсюджваюцца не толькі на Камароўку, але і на ўсю дзяржаву ў цэлым.

Спроба падмяніць законна абраны Вярхоўны Савет нейкай Палатай, акрамя смеху, нічога не выклікае. Што ж гэта за “Палата”, што яе насельнікі не могуць самі, без ціцянкоўскіх апекуноў купіць нават гэткія неабходныя рэчы, як медыцынскія аптэчкі і …сашчэпкі? Аб узроўні працы “Палаты” сведчыць і той факт, што нядаўна сотня дэпутатаў з прыдворнай “палаты” каля гадзіны рашала пытанне аб выдзяленні сабе блакнотаў. І дэбаты былі гарачымі!

Як паказвае сусветная практыка, дыктатарскія рэжымы ў любой краіне не могуць існаваць у яе межах: яны задыхаюцца ў сваіх сацыяльных памыях, якія выкідваюць штодзённа і нават штогадзінна. Не выключэнне і рэжым Лукашэнкі. Дамаганні і спробы стварэння нейкай славянскай дзяржавы - гэта не што іншае, як імкненне А. Лукашэнкі пашырыць зону свайго ўплыву ва ўмовах малой дзяржавы і разбуранай эканомікі. І я не разумею, чаму асобныя дзеячы Расейскай Федэрацыі паддаліся на гэтую вудачку. Расея - гэта шматнацыянальная дзяржава. І насаджэнне тэорыі славянізму з адзяржаўленнем адной (праваслаўнай) рэлігіі ў гэтай краіне - гэта міна замаруджанага дзеяння. Названая тэорыя шкодная нават у Беларусі. Справа ў тым, што ў нас вельмі шмат рэлігійных канфесій і ўсе яны маюць права на існаванне. У Беларусі пражывае, акрама славянскага насельніцтва больш ста тысяч габрэяў, ёсць татары і людзі іншых, неславянскіх нацыянальнасцяў. І дзяржава павінна ствараць гэткія ўмовы, каб усе яе грамадзяне, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, лічылі Беларусь сваім родным домам.

Здзейснены ў рэспубліцы дзяржаўны пераварот і ўзмацненне дыктатарскага рэжыму прывялі да далейшай ізаляцыі яе на міжнароднай арэне.

АБСЕ нават у Чачню, дзе нядаўна ішла вайна, пасылала сваіх наглядальнікаў на выбары, якія прызналі выбары прэзідэнта гэтай рэспублікі легітымнымі. А ў нашай рэспубліцы, як неаднароова адзначалася, у тым ліку і ў друку, ужо ў час падрыхтоўкі да правядзення рэферэндума і галасавання было здзейснена столькі грубых парушэнняў, што названая аўтарытэтная міжнародная арганізацыя палічыла немагчымым мець дачыненне да такога самавольства.

Больш таго, па прычыне праводзімай сучасным рэжымам унутранай і міжнароднай бяздарнай палітыкі ўжо не толькі краіна апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, але і кіраўніцтва яе стала аб`ектам насмешак. Той, хто глядзеў у апошнюю дні праграмы расейскага тэлебачання, у прыватнасці, (“Люстэрка”, “Момант ісціны”, выступ адэскіх “Джэнтэльменаў” і Хазанава) не мог не адчуць крыўды і болю за сваю краіну і наш народ, які па праву ганарыўся гэткімі кіраўнікамі, як Кірыл Трафімавіч Мазураў і Пётр Міронавіч Машэраў, Сяргей Осіпавіч Прытыцкі і Ціхан Якаўлевіч Кісялёў.

Паважаныя калегі і прысутныя на нашым паседжанні!

Склаўшаеся становішча ў рэспубліцы Беларусь накладае на нас адказнасць за яе будучыню, за лёс нашых дзяцей і ўнукаў. Кіруючыся гэтым, Прэзідыум Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь працаваў у мінулым перыядзе над вырашэннем задач як у галіне ўнутранай, так і ў галіне міжнароднай палітыкі. За гэты час быў вырашаны шэраг арганізацыйных пытанняў, менавіта: скончана фармаванне камісій пры Прэзідыуме Вярхоўнагаг Савета і прызначаны іх старшыні, а ў некаторых камісіях - і намеснікі старшынь.

У сучасны момант пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета створаны наступныя камісіі: Камісія па міжнародных справах (старшыня - П. К. Краўчанка, намеснік старшыні - А. У. Лябедзька); Камісія па правах чалавека (старшыня - М. І. Грыб); Камісія па навуцы і асвеце (старшыня - В. К. Хоміч); Камісія па сацыяльнай абароне насельніцтва (старшыня А. М. Скрыган); Камісія па сродках масавай інфармацыі (старшыня У. П. Нісцюк); Камісія па эканамічнай рэформе і палітыцы (старшыня - В. М. Шлындзікаў, намеснік - Л. М. Гразнова); Камісія па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу (старшыня - Г. А. Усюкевіч, намеснік - М. К. Грушэўскі); Камісія па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву ( старшыня - У. М. Савічаў, намеснік - Р. П. Пракаповіч).

Для прыцягвання да працы, акрамя дэпутатаў Вярхоўнага Савета, больш шырокага кола навукоўцаў і спецыялістаў Прэзідыум Вярхоўнага Савета лічыць неабходным і выносіць на ваш разгляд стварэнне побач з названымі Камісіямі Нацыянальных саветаў як грамадскіх фармаванняў, якія ахоплівалі б аналізуемую праблему больш глыбока і маштабна. Прапануецца мець чатыры гэткіх Нацыянальных саветы: Нацыянальна-эканамічны савет (кіраўнік - намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Г. Д. Карпенка), Нацыянальны савет па праблемах духоўнай культуры і сацыяльных адносін (кіраўнік - першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета В. М. Новікаў), Нацыянальны савет па міжнародных адносінах (кіраўнік - старшыня Камісіі па міжнародных справах пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета П. К. Краўчанка), Нацыянальны савет па прававых пытаннях (кіраўнік - старшыня Камісіі па правах чалавека пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета М. І. Грыб). Нацыянальныя саветы ў сваім складзе будуць мець некалькі камітэтаў, якія павінны займацца больш вузкімі праблемамі.

Як ужо паведамлялася ў друку, Нацыянальна-эканамічны савет пачаў сваю працу. У склад яго, акрамя дэпутатаў Вярхоўнага Савета, увайшлі член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі І. М. Нікітчанка, кандыдат тэхнічных навук У. М. Заблоцкі, вядомы дыпламат А. А. Саннікаў і іншыя. Створаны Нацыянальны савет па праблемах духоўнай культуры і сацыяльных адносін. У яго працы прымаюць удзел гэткія вядомыя навукоўцы, як Ю. В. Хадыка, М. П. Касцюк, народныя пісьменнікі В. У. Быкаў і Н. С. Гілевіч, паэт, дыпламат і грамадскі дзеяч Г. М. Бураўкін. У Нацыянальным савеце па прававых пытаннях і правах чалавека будзе працаваць доктар юрыдычных навук, прафесар М. І. Пастухоў.

Патрэбна паскорыць стварэнне і двух іншых Нацыянальных саветаў. З цягам часу, пры адпаведных напрацоўках і ўмовах, на базе названых Нацыянальных саветаў можна будзе сфармаваць урад рэспублікі, а ўжо якім ён будзе - ценявым ці дзеючым - пакажа час.

За мінулы месяц шмат увагі надавалася міжнародным пытанням. А. П. Краўчанка і Ю. Г. Малумаў прымалі ўдзел у паседжанні пастаяннага Камітэту Савета Еўропы. Старшыня Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Лені Фішэр зрабіла заключэнне, што “новая Канстытуцыя Беларусі незаконная і не адпавядае мінімальным дэмакратычным стандартам, парушае прынцыпы прававой дзяржавы і падзелу ўладаў”, на падставе чаго і было прынята рашэнне гэтай арганізацыяй аб часовым прыпыненні статуса Беларусі як спецыяльна запрошанай на сесіі.

Шукаць прычыну здарыўшагася трэба не ў намаганнях былых кіраўнікоў Вярхоўнага Савета, як аб гэтым пісала Савецкая Беларусь, а ў дзеяннях прэзідэнта, яго блізкага ачольвання.

Аб легітымнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь сведчаць падзеі, якія адбыліся 16-17 студзеня 1997 года ў Вене на паседжанні пастаяннага камітэта Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Дэлегацыя Вярхоўнага Савета 13 склікання на чале з П. Краўчанкам была прызнана ў якасці прадстаўніка законнага парламенцкага органа. Важна, што больш пяцідзесяці дзяржаў, якія прадстаўлялі тры кантыненты - Еўропу, Азію і Паўночную Амерыку, падцвердзілі статус Вярхоўнага Савета.

Атрымаўшы міжнароднае прызнанне, Прэзідыум Вярхоўнага Савета пачаў прадпрымаць намаганні па актывізацыі працы ў межах супольнасці Беларусі і Расеі, а таксама СНД. Падрыхтаваны і сёння-заўтра будуць накіраваны кіраўнікам парламентаў гэтых краін лісты з дадаткам парушэнняў у час падрыхтоўкі і правядзення так званага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь.

За мінулы месяц дэпутаты Вярхоўнага Савета прыклалі нямала намаганняў для прарыву інфармацыйнай блакады. Некаторыя недаацэньваюць гэты накірунак працы. А між тым, мы павінны максімальна выкарыстаць магчымасці апазіцыйнай прэсы для асвятлення дзейнасці Вярхоўнага Савета. Чым больш будзе лгаць лукашэнкаўскай прэса, тым большую цікавасць людзі будуць праяўляць да праўдзівага слова.

Заканчваючы свой выступ, хацеў бы, паважаныя калегі, яшчэ раз звярнуцца да вас з заклікам аб неабходнасці захавання нашага адзінства і канцэнтрацыі намаганняў дзеля дабрабыту народа Беларусі. Мы змагаемся за ўмацаванне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года і існаванне законнасці ў краіне, за захаванне суверэнітэту і дзяржаўнай цэласнасці Беларусі. Таму нам, у адрозненне ад тых, хто змаладушнічаў і папрасіўся ў так званую “Палату”, няма чаго апускаць галаву ўніз. Мы маем маральнае права прама глядзець у вочы сваім суайчыннікам.

(“Народная воля”, 13 лютага 1997 года) АБАРОНІМ НАШ ДОМ БЕЛАРУСЬ
Даклад да трэцяй гадавіны з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 год, 15 сакавіка 1997 года.

Шаноўныя суайчыннікі!
Паважаныя сябры, калегі!
Нашы госці!

Перш за ўсё я хацеў бы сказаць вялікае дзякуй усім тым, хто сёння сабраўся ў гэтай зале, каб адзначыць, мабыць, адно з найбольш вялікіх нашых дзяржаўных святаў - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Я ведаю, што ўсе вы прыйшлі на гэтае святочнае паседжанне, нягледзячы на грандыёзны інфармацыйны тэрор, запалохванне, арышты людзей і іншыя брудныя метады і прыёмы па зрыву падрыхтоўкі і правядзення дзяржаўнага свята. Гэты факт яскрава сведчыць аб тым, у якой дзяржаве мы з вамі ўжо сёння жывём. А калі да гэтага прыбавіць, што на некалькі дзесяткаў пікетуючых прыганяюць сотні міліцыянтаў, дык паўстае пытанне:

Што ж будзе заўтра?

Паважаныя сябры і калегі! Вялікасць нашага свята абумоўлена той роляю, якую адыгрывае ў дзяржаве Канстытуцыя.

Слова Канстытуцыя, як вядома, паходзіць ад лацінскай мовы і азначае ў перакладзе на беларускую мову - як арганізаванне, пастанова.

Канстытуцыя - гэта асноўны закон дзяржавы, у якім абгрунтаваны грамадскі дзяржаўны лад, сістэма дзяржаўных органаў, парадак іх стварэння і дзейнасці, правы і абавязкі грамадзян.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года, трэція ўгодкі з дня прыняцця якой мы адзначаем, - гэта першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Але ж, калі зазірнуць у гісторыю Беларусі, дык у час існавання Вялікага княства Літоўскага былі ўведзены тры Статуты - у 1529, 1566 і 1588 гадах, якія фактычна адыгрывалі ролю Канстытуцыі. Друкаваліся яны на беларускай мове, якая была ў тыя часы дзяржаўнай. Я ўспомніў аб гэтым таму, што прыняцце названых Статутаў з`яўляецца адной з найбольш яскравых старонак у гісторыі нашай Радзімы, якой мы па праву можам ганарыцца. Статуты Вялікага княства Літоўскага былі адным з найбольш поўных і дасканалых збораў, прычым на колькі гэта было магчыма, самых дэмакратычных у Еўропе законаў тагачаснага права. Менавіта таму Статуты перакладаліся на лацінскую, польскую і рускую мовы. Многія артыкулы Статута 1588 года былі выкарыстаны ў Саборным улажэнні Расейскай дзяржавы 1649 года.

Тры Канстытуцыі Беларускай ССР былі прынятыя ў савецкія гады - ў 1927, 1937 і 1978 гадах.

Такім чынам, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з`яўляецца вянцом закантворчасці шматвекавой гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці. І ад імя дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання я хацеў бы падзякаваць усіх тых, хто распрацоўваў гэтую Канстытуцыю, і тых, хто яе прыняў - дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

Прайшло тры гады з дня прыняцця дзеючай Канстытуцыі. Вядома, цяпер можна гаварыць аб станоўчых момантах гэтай Канстытуцыі, можна гаварыць і аб недахопах. Але ж якія б там ні былі і недахопы, з прыняццем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года мы атрымалі галоўнае - Асноўны Закон для пабудовы суверэннай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што Канстытуцыя замацоўвае ў асноўным тое, што ўжо дало жыццё, і на падставе гэтага вызначае напрамак далейшага развіцця грамадства. А паколькі жыццё не стаіць на месцы, развіваецца, дык з цягам часу і некаторыя артыкулы Канстытуцыі трэба мяняць і нават уводзіць новыя. І так робяць усе дзяржавы, у тым ліку і Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе Канстытуцыя лічыцца найбольш устойлівай.

Але ж так робяць усе тыя дзяржавы, дзе паважаецца закон і прыклад у гэтым паказваюць кіраўнікі дзяржаў. І вельмі шкада, што ў нашай дзяржаве гэтага няма. Доўгі час беларускі народ не меў сваёй дзяржаўнасці і, пачынаючы з канца ХVІІІ стагоддзя, жыў у складзе той дзяржавы, дзе панаваў манархічны, а пазней - таталітарны лад (гаворачы пра таталітарны лад, я хацеў бы пры гэтым падкрэсліваць, што за гады савецкай улады было многа зроблена для чалавека працы, асабліва ў сацыяльнай сферы, правоў і гарантый грамадзян). Выйшаўшы з таталітарнай дзяржавы, Рэспубліка Беларусь (дарэчы, як і другія самастойныя краіны, якія ўтварыліся на базе былых саюзных рэспублік) нясе на сябе радзімыя знакі таго ладу. Менавіта таму вялікая частка насельніцтва яшчэ ўсё хоча мець не ўмовы для свабоднага ўсебаковага развіцця і творчасці, а спадзявацца на моцнага гаспадара, які б за ўсё адказваў і ўсё даваў. А пры такіх абставінах, ды калі ў канстытуцыі ёсць хоць маленькія шчылінкі, якія не закрываюць магчымасці пранікнення таталітарызму, можа знайсціся асоба, якая ўсё зробіць, каб выкарыстаць гэта ў сваіх інтарэсах. Таталітарызм - гэта як ракавая пухліна, калі ўжо знайшоў сабе месца і ўзнік, дык вельмі цяжка яго пазбавіцца. На жаль, такая бяда не абмінула нашу дзяржаву. Амаль з першых дзён свайго абрання на самую высокую пасаду, прэзідэнт стаў самым вялікім парушальнікам Канстытуцыі. І, як вядома, справа скончылася дзяржаўным пераваротам. У краіне ўмацоўваецца ўлада аднаго чалавека з усімі выцякаючымі з гэтага адмоўнымі вынікамі: для тых, хто мае сваю думку, сталі недаступнымі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, забараняюцца нават у святочныя дні шэсці людзей і мітынгі на цэнтральных вуліцах і плошчах. Прэзідэнт ужо выдае дэкрэт за дэкрэтам, якія падмяняюць законы. А прабывальнікамі так званай “Палаты прадстаўнікоў” лічыць вось гэтую непрыкрытую ўзурпацыю дзяржаўнай улады за дэмакратыю і задаволены дружнай працай з прэзідэнтам.

У сувязі з гэтым я яшчэ раз хацеў бы звярнуцца да ўсіх тых (і дэпутатаў-“вертыкальшчыкаў”, і гаспадарчых кіраўнікоў), хто робіць злачынства, парушаючы законы, або падтрымлівае тых людзей, якія парушаюць законы: “Няўжо вы думаеце, што ў Беларусі менталітэтам яе грамадзян можа доўга пратрымацца таталітарны лад? Вы ж паглядзіце - на кім ён трымаецца? Сярод тых, у каго сапраўдная ўлада, толькі дзе-нідзе беларус, ды і то паглядзіце - чым ён займаўся раней? Што рабіў дзеля Радзімы? Якое ў яго сумленне?”

Я хацеў бы звярнуцца і да тых, хто знаходзіцца ў органах улады і пакуль запалохана маўчыць, бачачы злачынства, а таксама да вучоных і творчых работнікаў, гаспадарчых кіраўнікоў, генералаў, афіцэраў, ветэранаў і нашай моладзі: “Чаго мы трасемся і баімся ў сваёй роднай дзяржаве? Чаму мы маўчым, калі бачым, што шмат якія чыноўнікі ўжо так расперазаліся, што ад іх няма жыцця другім? Давайце ўсе падымемся дружна ды супакоім іх! Бо яны ж не толькі нахабнікі, але ж і вялікія баязліўцы, якія баяцца, каб да іх не падыходзілі бліжэй, як за дзвесце метраў, хто дадумаўся да такога. Але ж напісаць такое мог толькі той, хто адчувае за сабою вялікія грахі і баіцца адказнасці за іх. А адказнасць абавязкова прыйдзе - не сёння дык заўтра.”

Я хацеў бы звярнуцца да сваіх калегаў - дэпутатаў і другіх кіраўнікоў Расейскай Федэрацыі і запытаць - чаму вы робіце ўсё для таго, каб адштурхнуць ад Расеі самую свядомую частку блізкага вам па мове і культуры народу? Няўжо вы не разумееце, што падтрымаўшы дыктатара, вы працягнулі шэраг такіх дзеячоў Расеі як Увараў і Мураўёў, якія ўвайшлі ў гістрыю Беларусі як злачынцы?

Праўда, да гонару расіян, гісторыя Беларусі ведае і іншыя імёны сыноў Расеі - крытыка Мікалая Іванавіча Надзеждзіна, гісторыка Міхаіла Аляксандравіча Максімовіча, рэвалюцыянера-публіцыста Аляксандра Іванавіча Герцэна, рэвалюцыйнага дэмакрата і крытыка Мікалая Аляксандравіча Бакуніна, якія з вялікім пачуццём і павагай адносіліся да беларускай народнасці. І беларускі народ заўсёды будзе ім удзячны, так, як ён сёння ўдзячны кіраўнікам тых міжнародных арганізацый і дзяржаў, якія падтрымалі наш Вярхоўны Савет 13-га склікання ў яго намаганнях па абароне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. І карыстаючыся гэтай высокай трыбунаю, хачу звярнуцца да прысутных прадстаўнікоў замежных краін і яшчэ раз сказаць нашае шчырае беларускае дзякуй. Перадайце, калі ласка, гэтую падзяку кіраўнікам сваіх краін і парламентаў.

Я асобна хачу звярнуцца да ўсіх народаў Расеі і сказаць ім, што ў Беларусі няма тых сілаў, якія б выступалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Жыхары Беларусі, і я гэтым хачу падкрэсліць, што не толькі адны беларусы, а ўсе жыхары рэспублікі, і тым больш не адны прадстаўнікі БНФ, а амаль усе палітычныя сілы выступаюць супраць палітыкі Лукашэнкі, якому ўжо даўно не спіцца без прэстолу кіраўніка вялікай дзяржавы. І гэта не трэба змешваць з інтэграцыяй. Як у свой час Гітлер, якога Лукашэнка лічыць сваім кумірам, ведаў, што ў малой Аўстрыі ён ніколі не задаволіць свае імкненні стаць магутным дыктатарам, і таму для гэтага яму патрэбна была вялікая Германія, так і сёння Лукашэнка ведае, што дыктатарам у поўнай меры ён не стане ў невялікай Беларусі, для гэтага яму патрэбна вялікая Расея, дзе ёсць ядзерная зброя. І гэта вельмі відавочна з яго апошняй прамовы перад расейскімі парламентарыямі. Добрая частка прамовы зведзена да таго, каб падкрэсліць, што ён кіраўнік ужо не Беларусі, ці не столькі Беларусі, сколькі супольніцтва Беларусі і Расеі, а ўся інтэграцыя зводзіцца да таго, каб было адно грамадзянства. І не прыхаваным вокам бачна, што Лукашэнку сапраўды трэба адно грамадзянства - і трэба яму гэта для таго, каб вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта новаспечанага саюза дзвюх дзяржаў. У іншым выпадку ніякая інтэграцыя яму не патрэбна.

І таму Селязнёву, Бабурыну і іншым Тулеевым, якія гавораць, што тых людзей, якія сёння выходзяць на вуліцы Менску з пратэстам супраць палітыкі Лукашэнкі, падвучвае хтосьці на Захадзе, я хачу сказаць: па-першае - гэта ў вас таксама, мабыць, не прайшлі радзімыя знакі ад таго таталітарнага ладу, калі ўсе шукалі ворагаў - і ў сваёй дзяржаве, і за мяжой; па-другое, жыхары Беларусі абараняюць суверэнітэт сваёй дзяржавы, як добры гаспадар бароніць свой дом, калі ў вёсцы пажар. А ў рэшце рэшт, беларусы, як напрыклад, славакі, літоўцы ці іншыя народы, хочуць мець (і яны маюць на гэта законнае права) сваю дзяржаву, размаўляюць на роднай мове, вывучаюць гісторыю сваёй краіны. І гэта ніколькі не шкодзіць працэсу інтэграцыі. Прыклад таму - Еўропа. Там, дзе дзяржаўныя інтарэсы падмацоўваюцца нацыянальнымі інтарэсамі большасці насельніцтва, справы ідуць нашмат лепей. Больш таго, вы бачыце і аб гэтым кожны дзень самі не толькі гаворыце, а ўжо крычыце, што ў вас дома - ў Расейскай Федэрацыі - усё раз`ела карупцыя, разрабавана мноства багацця, па некалькі месяцаў не выплочваецца заробак і пенсіі, цякуць кроў і слёзы. Дык куды ж вы нас цягнеце? Давайце замест авантур сапраўды будзем займацца інтэграцыяй на карысць народаў Беларусі і Расеі. Для гэтага мы стваралі супольнасць. Што яшчэ трэба?

І навогул, паўстае пытанне, ці можна назваць хоць адну краіну ў свеце з дэмакратычным тыпам кіравання, якая б была федэратыўнай і ў якасці ўваходзячых у яе частак былі б нацыянальныя фармаванні? Такія краіны былі, але ж гэта былі або манархіі, або краіны з таталітарным рэжымам, як Савецкі Саюз, Чэхаславакія і іншыя. А пры дэмакратызацыі кіравання федэратыўнай дзяржавай такога тыпу, яна, звычайна распадаецца. Гэта галоўная прычына таго, чаму вось ужо прайшло пяць гадоў, а так і не знойдзены эфектыўныя прынцыпы кіравання Расейскай Федэрацыяй.

Хацелася б яшчэ запытаць у расейскіх дэпутатаў-камуністаў, а таксама ў былых кіраўнікоў Кампартыі Беларусі, якія падтрымліваюць дыктатара Лукашэнку - няўжо вы не памятаеце, што сярод подпісаў дэпутатаў 12-га склікання, якія напісалі заяву аб сваім выхадзе з КПСС і патрабавалі ўключыць у парадак дня сесіі Вярхоўнага Савета пытанне прыняць пастанову аб роспуску Кампартыі Беларусі і перадачы яе маёмасці Саветам, стаіць прозвішча члена КПСС А. Лукашэнкі? Мяркую, што дараваць Лукашэнку такое, як і тое сумна вядомае інтэрв`ю нямецкай газэце, дзе ён выказаў свае патаемныя думы аб Гітлеры, могуць людзі, або падзяляючы яго дзеянні і мары, або проста страціўшы сумленне.

Шаноўныя калегі і сябры, нашы госці!

Тая трагедыя, якую зараз перажывае наш народ, яшчэ раз вучыць нас таму, што лепшай формай дзяржаўнасці для нашай невялічкай па памерах, унітарнай па складу, населенай людзьмі большасцю адной нацыянальнасці з`яўляецца не прэзідэнцкая, а парламенцкая рэспубліка, аб чым я ўжо не аднойчы гаварыў. Гэтаму вучыць вопыт большасці еўрапейскіх краін. У сувязі са сказаным давайце ўспомнім, што ў праграме камуністаў запісана ў якасці патрабавання - ідэя народаўладання. І супраць увядзення інстытута прэзідэнцтва выступалі не толькі камуністы, але і партыя БНФ, аграрыі і некаторыя іншыя палітычныя сілы.

Каб не было бяды, трэба спадзявацца не на моцнага і сумленнага кіраўніка, а на сістэму законаў, дэмакратычны механізм іх рэалізацыі і перш за ўсё на Канстытуцыю, згодна з якой несумленны кіраўнік не мог бы трымацца ва ўладзе. Магу сёння сказаць, што я, як і многія мае калегі, такую структуру кіраўніцтва дзяржавай прыблізна ўяўляю, сваімі думкамі мы дзяліліся з вядомымі юрыстамі, якія з гэтым згодны. На мой погляд, трэба, каб прэзідэнт абіраўся Вярхоўным Саветам і валодаў больш прадстаўнічымі функцыямі. Вярхоўны Савет - гэта, як вядома, заканадаўчы орган, а Савет Міністраў павінен валодаць у пэўных памерах выканаўчай уладай. Трэба, каб быў Вярхоўны Суд, які сачыў бы і за выкананнем Канстытуцыі. Чатыры вышэйшых асобы: Прэзідэнт, Старшыня Вярхоўнага Савета, Старшыня Савета Міністраў і Старшыня Вярхоўнага Суда - павінны быць роўнымі па палажэнню ў дзяржаве і незалежнымі адзін ад другога. Больш таго, трэба, каб ніхто з іх аднаасобна не мог прыняць ніякага закону ці нават указу, у тым ліку і па ўзнагародзе людзей, прысваенню вайсковых званняў і гэтак далей, а тым больш па прызначэнню людзей на дзяржаўныя пасады.

Вось у гэтым напрамку і трэба будзе ўдасканальваць Канстытуцыю 1994 года. Але ж пакуль што трэба ўсё зрабіць для таго, каб яна пачала дзейнічаць без усялякага засмечання, што ёй надалі ў час так званага лістападаўскага (1994г.) рэферэндуму.

Няхай жыве і дзейнічае на карысць народа Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года!

Няхай жыве і квітнее суверэнная дэмакратычная наша родная Беларусь!

ЗГУБІЦЬ СУВЕРЭНІТЭТ - ЗГУБІЦЬ БЕЛАРУСЬ!
На падставе даклада, зробленага на ІІ Усебеларускім Кангрэсе дэмакратычных сіл, 15 мая 1997 года

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што мы будуем суверэнную, дэмакратычную, прававую, сацыяльную дзяржаву.

Пры гэтым вядома, што слова “дэмакратыя” ў перакладзе з грэчаскай мовы на беларускую азначае “народаўладдзе”, ці больш дакладна: дэмакратыя - гэта такая форма ўлады, якая прадугледжвае, што ўдзел у кіраванні дзяржавай прымае ўвесь народ, і прызнае свабоду і раўнапраўе ўсіх грамадзян.

Суверэнітэт - слова французкага паходжання і азначае незалежнасць народа і яго дзяржавы пры рашэнні як унутраных, так і знешніх пытанняў.

Такім чынам, каб улада ў дзяржаве была дэмакратычнай, трэба, каб была гарантыя, што ўсе пытанні яе жыцця будуць вырашацца яе народам, гэта значыць, трэба, каб дзяржава была суверэннай і мела права гэта рабіць незалежна ад другой дзяржавы.

Вось чаму дэвізам нашага Кангрэсу з`яўляюцца менавіта гэтыя словы, прычым слова “суверэнітэт” стаіць першым, бо, не вырашыўшы пытання аб суверэнітэце дзяржавы, няма чаго гаварыць і аб дэмакратыі. Калі мы згубім суверэнітэт сваёй дзяржавы і ўвойдзем у склад Расейскай Федэрацыі (аб чым у Маскве, як мы бачым і чуем па тэлевізару, гаворыць сёння як аб ужо само сабою зразумелым), дык і ўсе пытанні наконт дэмакратыі будуць вырашацца ў Маскве. А што такое дэмакратыя па-маскоўску, паказала больш як двухсотгадовая гісторыя: гэта паходы маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча ў Вялікае княства Літоўскае, пасля якіх на месцы беларускіх гарадоў і вёсак заставаліся кроў і попел, гэта забарона імператарам Мікалаем І нават ужываць слова “беларус”, гэта бязлітаснасць галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга краю Расейскай імперыі (як тады называлася Беларусь) Міхаіла Мураўёва, з якой ён душыў у 1863-1864 гадах паўстанне беларускіх патрыётаў, гэта злачынствы Гея, Панамарэнкі і Маленкова ў трыццатыя і саракавыя гады ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі. Многія людзі старэйшага пакалення памятаюць, як у Маскве былі сфабрыкаваны матэрыялы для абгрунтавання рэпрэсій супраць вучоных, пісьменнікаў і іншых сумленных патрыётаў беларускага народа: у 1930 годзе прагрымела справа “Саюза вызвалення Беларусі”, у 1933 годзе - “Беларускага нацыянальнага цэнтру”, у 1937-1938 гадах - “Цэнтра штаба нацыянальна-фашысцкай прапаганды”. Дарэчы, звярніце ўвагу, як гэтыя словы пераклікаюцца з тымі, якія сёння мы чуем з вуснаў некаторых маскоўскіх палітыкаў, а пасля гэтага і з вуснаў прэзідэнта Беларусі.

А ў рэшце рэшт “маскоўская дэмакратыя” - гэта і вайна ў Афганістане, гэта і Чачня, з народам якой, як вымушана было на днях прызнацца кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, Расея вяла вайну на працягу чатырохсот гадоў.

Прыводзячы гістарычныя факты, хачу зрабіць агаворку: я паважаю таленавіты рускі народ і яго культуру, захапляюся творамі Пушкіна і іншых рускіх паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і архітэктараў, вучоных і кампазітараў. З павагай стаўлюся да тых рускіх людзей, дарэчы, як і да людзей іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі побач з намі, беларусамі, сумленна працуюць і ўмацоўваюць наша агульны Дом - Рэспубліку Беларусь і яе дзяржаўнасць.

Але, на жаль, сёння ў нашай краіне ў палітыку зноў прыйшло шмат экстрэмістаў, і таму прыходзіцца ўспамінаць гісторыю, бо ў яе павінны вучыцца. Тым больш, што сёння наша Радзіма перажывае вельмі адказны момант, які можна параўнаць у гэтым стагоддзі толькі з 1918 годам ды гадамі Вялікай Айчыннай вайны, калі таксама стаяла пытанне аб жыцці ці смерці беларусаў як нацыі.

Справа ў тым, што дыктатарскі рэжым Лукашэнкі не можа існаваць у межах адной, прытым, такой як Беларусь, краіны, дзе жывуць працалюбівыя, памяркоўныя людзі. У такіх умовах дыктатарскі рэжым гіне ад сваіх сацыяльных нечыстотаў.

Спосаб існавання дыктатарскіх рэжымаў з`яўляецца не стваральная дзейнасць на карысць свайго народа, а барацьба. Таму колькі б ні гаварыў сам дыктатар, і нават каб і сапраўды хацеў хтосьці з яго акружэння працаваць на карысць паляпшэння жыцця народа, ён не зможа гэта рабіць, бо, я яшчэ раз нагадаю, не стварэнне, а пошук ворагаў і барацьба - барацьба з ворагамі сярод свайго акружэння і нават сваіх сем`яў, барацьба з цэлымі партыямі і плынямі, якія залічваюцца ў ворагі, барацьба за пашырэнне прасторы - вось спосаб існавання дыктатарскіх рэжымаў і саміх дыктатараў. І ніякія “ворагі” не перашкаджаюць Лукашэнку займацца стваральнай дзейнасцю, як гэта ўсё яшчэ думаюць некаторыя людзі, а ён, па прычыне сваёй дыктатарскай прыроды, перашкаджае займацца творчай працай усім іншым.

Як у свой час дыктатару, аўстрыйцу па паходжанню, Адольфу Гітлеру патрэбна была вялікая Германія, а далей і ўся Еўропа, так і сёння Лукашэнку для задавальнення сваіх уладалюбівых амбіцый патрэбна ў першую чаргу вялікая Расея з яе патэнцыялам. Пры гэтым я хачу падкрэсліць - толькі спачатку, а пасля будуць Украіна і іншыя дзяржавы. Удумайцеся, аб чым гаварыў Лукашэнка ў час свайго візіту на Украіну? А ўсё аб тым жа саюзе славянскіх народаў і нават прапанаваў свае паслугі па ўрэгуляванню адносін паміж Расеяй і Украінай.

Дык ці не нагадвае сёння тэорыя аб саюзе славянскіх дзяржаў гітлераўскую тэорыю арыйскай расы? Думаецца, што і там, і тут з-пад доўгага кафтана славаблудства відаць карычневыя штаны фашызму. А што такое, як не дыктатарскія замашкі, стварэнне новых восей, як, напрыклад, Мінск - Масква - Пекін, аб чым не так даўно гаварыў Лукашэнка. Гэта ўсё вельмі нагадвае другія восі, якія ўжо ствараліся, і да чаго яны прывялі - добра вядома.

І самае страшнае заключаецца ў тым, што ўсе гэтыя дыктатарскія задумы Лукашэнкі і яго намаганні па іх ажыццяўленню ўпалі на вельмі спрыяльную маскоўскую глебу, дзе яшчэ вельмі шмат палітычных дзеячоў з імперскімі замашкамі! А вось што такі сімбіёз вельмі небяспечны, таксама паказала гісторыя. Вядома, што 23 жніўня 1939 года пасля падпісання так званага “пакта Молатава-Рыбентропа” Іосіф Сталін падняў тост за здароўе Адольфа Гітлера, мэтай якога было стварэнне новага парадку ў Еўропе. Сталін тым тостам, па сутнасці, благаславіў Гітлера на развязванне Другой сусветнай вайны. Больш таго, Рыбінтроп, вярнуўшыся ў Берлін, паведаміў Гітлеру і аб тым, што ў Маскве ён адчуваў сябе так, як нібыта ён быў сярод членаў сваёй партыі! А гэта ўжо зусім жахліва. Бо сёння на стварэнне саюза славянскіх дзяржаў, першым крокам да якога з`яўляецца саюз Беларусі і Расеі, таксама Лукашэнку благаслаўляюць у той самай Маскве, дзе паднімалі келіхі за “пакт Молатава-Рыбінтропа”.

З Лукашэнкам цалуецца Ельцын; падтрымлівае Лукашэнку Зюганаў, які прыкладам для сваёй дзейнасці лічыць Сталіна; Лукашэнку падтрымлівае Ампілаў, які, як паказала Першамайскай дэманстрацыя ў Маскве, такі ж істэрык, як і Гітлер; Лукашэнку падтрымлівае Селязнёў, які, як паказваюць яго выступу наконт падзей на Беларусі, нічым не ўступае Аляксандру Рыгоравічу; Лукашэнку падтрымліваюць другія маскоўскія славяне і зусім не славяне Тулееў, Жырыноўскі, Лужкоў, сібіракі Бабурын і Харытонаў. Невыпадкова і тое, што Лукашэнка, як у свой час і Гітлер, і Рыбентроп, знайшоў падтрымку ў многіх кіраўнікоў усё той жа кампартыі: як зюганаўцаў, так і чыкінцаў.

І вось, як заявіў віцэ-прэм`ер Расейскай Федэрацыі Сяроў, 23 мая пасля ўсенароднага абмеркавання будзе падпісаны Статут Саюза Беларусі і Расеі. Праўда, прэзідэнт Беларусі, як дыктатар, гаворыць, што навогул, гэтае абмеркаванне не патрэбнае. Як бы хто ні лічыў, але ўсенароднага абмеркавання праекта гэтага статута на самай справе не было. Абмяркоўвалі, у асноўным, усё тыя ж людзі, якія з`яўляюцца ініцыятарамі стварэння саюза. Вось і для правядзення нашага кангрэса таксама давялося шукаць аж трэцюю залу. Людзі, а тым больш кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, запалоханыя, і кожны баіцца, што могуць зняць з работы, калі створыш умовы для людзей, якія скажуць аб тым, пра што яны сапраўды думаюць. Вось гэта таксама характэрная рыса дыктатарскіх рэжымаў - трымаць людзей у страху.

Калі ўважліва прачытаеш надрукаваны ў газэтах праект названага Статута, то, безумоўна, застаецца ўражанне, што ў ім ёсць вельмі шмат прававых недарэчнасцяў, але аб гэтым больш падрабязна скажа шаноўны Міхаіл Іванавіч Пастухоў, які з`яўляецца вядомым у рэспубліцы правазнаўцам. Я толькі хачу падкрэсліць, што ўся гэтая блытаніна не такая ўжо не небяспечная, як некаторыя думаюць. Калі Статут будзе падпісаны ў такім варыянце, як выглядае яго праект, то ён дазваляе зліквідаваць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, таму што згодна яму ўстанаўліваецца грамадзянства Саюза, а грамадзянства сведчыць аб прыналежнасці таго ці іншага чалавека да пэўнай дзяржавы.

Аб ліквідацыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, а значыць, і дзяржавы, сведчаць і пункты ”д” і “і” артыкула 14-га, а таксама пункт “г” артыкула 17-га і артыкул 31, якімі прадугледжваюцца свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг і капіталаў, пераход да адной валюты і стварэнне аднаго эмісійнага цэнтра. Свабоднае перамяшчэнне капіталаў вельмі небяспечна яшчэ і тым, што ў Расеі зараз пануе крымінальны капітал з усімі адмоўнымі яго рысамі, уключаючы і забойствы сваіх канкурэнтаў. Расейскі капітал больш моцны капітал, і таму ён адразу хлыне ў нашу эканоміку, тым больш, што ў Расеі ўжо даўно ўсё распрададзена і разрабавана.

Лукашэнка ўсё палохаў людзей, што апазіцыя быццам бы хоча прадаць усё заходняму капіталу, на што цяпер можна сказаць: па-першае, апазіцыя гэтага ніколі не казала, гэта яшчэ адна і, на жаль, не апошняя хлусня, якая штодня вылятае з вуснаў прэзідэнта. А па-другое, заходні капітал больш цывілізаваны і таму больш бяспечны ў параўнанні з расейскім капіталам.

Разам са свабодай перамяшчэння тавараў трэба чакаць, што нашы рынкі і магазіны запоўняцца таварамі, асабліва спажывецкімі, паўднёвых раёнаў Расеі і іншых паўднёвых краін, бо, як вядома, мяжа паміж апошнімі і Расейскай Федэрацыяй падобна на рэшата, праз якое пранікаюць не толькі тавары, але і людзі. А беларускія вытворцы апынуцца ў значна горшым стане, хаця і цяпер яны адчуваюць сябе з-за непасільных падаткаў вельмі цяжка. Разам з таварамі і гандлярамі на тэрыторыю Беларусі прыйдзе і той крымінал, якога значна больш у паўднёвых раёнах Расейскай Федэрацыі, чым на Беларусі.

Па сутнасці, аб ліквідацыі суверэнітэту Беларусі сведчыць і артыкул 4, у якім сказана, што ствараемы Саюз будзе мець права міжнароднага суб`екта.

Вельмі небяспечным з`яўляецца і артыкул 11, дзе гаворка ідзе аб задачах і каардынацыі дзеянняў у вайсковай справе. У ім няма агаворкі, што жыхары Беларусі не будуць служыць у войску па-за межамі сваёй рэспублікі. А калі будуць, дык пасля падпісання Статута маладым хлопцам, якія яшчэ не служылі ў войску, будзе зусім не да жартаў, калі іх адправяць у Таджыкістан ці ў іншую нейкую Чачню, дзе Расея мае нейкія свае інтарэсы.

І ўжо вядома, што пры ліквідацыі суверэнітэту Беларусі яшчэ ў большы заняпад прыйдзе нашая нацыянальная культура, аб чым дыктатарскі рэжым не збіраецца і думаць. Культура і этыка - гэта атрыбуты цывілізаванага дэмакратычнага грамадства. Больш таго, у дэмакратычным цывілізаваным грамадстве немагчыма ўявіць палітыку ўвогуле без этычнага сумлення. І калі пагаджаюцца з тым, што быццам можна дараваць прэзідэнту яго бескультурнасць, хамства, калі ён Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага і патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі называе “нашым Філарэтам”, аб чым нагадвае ў газэце “Народная воля” прафесар Крукоўскі, дык тады мы пагаджаемся, што чалавек у палітыцы можа не мець нічога людскага. Але ж якіх клопатаў аб развіцці нацыянальнай культуры можна чакаць у такой дзяржаве?

І навогул, калі падсумаваць усё, што нас чакае пры стварэнні падпісанні Саюза Беларусі і Расеі, дык у апошнім абзацы артыкула 3 Статута проста сказана, што перспектыва развіцця саюза накіравана на перспектыўны рух да даобраахвотнага аб`яднання дзвюх дзяржаў. Праўда, далей, як і заўсёды ў такіх выпадках, ідзе славалюбнае прыкрыццё злачыннай змовы - у прыватнасці, сказана, што гэта будзе рабіцца з улікам свабоднага волевыяўлення народаў і Канстытуцый абедзвюх дзяржаў, а таксама з улікам суверэннай роўнасці дзяржаў, номаў і прынцыпаў міжнароднага права.

Усю гэтую гульню ў саюзы трэба расцэньваць не інакш, як імкненне прэзідэнта Лукашэнкі выратаваць свой збанкручаны рэжым і пазбавіцца ад адказнасці за здзейсненыя беззаконне. І гэта трэба ўлічваць у нашых далейшых дзеяннях.

У гэтую небяспечную для Радзімы гадзіну я заклікаю ўсе партыі і рухі адкласці ўбок свае палітычныя спрэчкі і аб`яднацца для абароны і выратавання ад знішчэння нашага агульнага Дома - Беларусі.

(“Народная воля”, 21 мая 1997 года)

БЫЦЬ ЦІ НЕ БЫЦЬ?
Бліц-інтэрв`ю

Пытанні:

Што галоўнае, на Ваш погляд, здзейсніў Вярхоўны Савет 13-га склікання за год існавання ў паўпадпольных ўмовах?

Ці лічыце Вы, што для Вярхоўнага Савета настаў час атрымаць паўнамоцтвы і кворум, гэта значыць узяць заканадаўчую ўладу ў свае рукі?

Як вы ацэньваеце юрыдычны грунт для пазбаўлення дэпутацкага статуса назначэнцаў Палаты прадстаўнікоў і ўзнаўленне правамоцных паседжанняў Вярхоўнага Савета?

Адказ:

Да чарговага лістападаўскага сходу дэпутатаў будзе прадстаўлены даклад, прысвечаны гадавіне існавання заканадаўчага і вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады краіны ва ўмовах прэзідэнцкай дыктатуры. Дэпутаты, захаваўшыя вернасць Канстытуцыі 1994 года, у паўпадпольных умовах змаглі, на мой погляд, выканаць тры важнейшыя палітычныя задачы.

Мы дабіліся прызнання сусветнай супольнасцю легітымнасці Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Дэпутатам апазіцыі ўдалося захаваць адзінства ў адстойванні Канстытуцыі і законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на прынцыповую розніцу ў ідэалагічных пазіцыях. Дэпутатаў не запалохалі арышты, суды, штрафы, шальмаванне, пагрозы, шантаж.

Прызнаць паўнату сваіх паўнамоцтваў, устанавіць, зыходзячы з Канстытуцыі і законаў, кворум для прыняцця пастаноў і рашэнняў можна было як у студзені бягучага года, так і зараз. Аднак у сувязі з гэтым узнікае шэраг пытанняў. Па-першае, якую частку насельніцтва будуць прадстаўляць гэтыя дэпутаты? Па-другое, якія механізмы рэалізацыі тых законаў, якія мяркуем, будуць прыняты? Па-трэцяе, як будзе ажыццяўляцца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне правядзення сесіі Вярхоўнага Савета?

Усякая спешка ў рашэнні гэтых пытанняў можа ператварыцца ў фарс, або ў трагікамедыю.

На другую частку пытання я адказаў у папярэднім. У мяне няма ніякага сумневу ў наяўнасці заканадаўчых падстаў для прызнання несапраўднымі мандатаў прэзідэнцкіх назначэнцаў Палаты. У той жа час мы не павінны ўпадабляцца “палатнікам”, якія, парушаючы ўсе наяўныя нормы права, прынялі рашэнне аб спыненні дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым неабходна памятаць яшчэ і тое, што сусветная супольнасць прызнае Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь толькі таму, што ён стаіць на грунце канстытуцыйнасці і законнасці.

(“Народная воля”, 13 лістапада, 1997 года)

СВАЮ ГІСТОРЫЮ ТРЭБА ВЕДАЦЬ, ПАМЯТАЦЬ І Ў ЯЕ ВУЧЫЦЦА
Да 80-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі

У Еўропе цяжка назваць яшчэ адну краіну, у якой лёс народа быў бы такім трагічным, як лёс беларусаў. Узнікшы ў другой палове мінулага тысячагоддзя ў выніку змяшэння славян з балтамі, прародзічы беларусаў - крывічы, радзімічы і дрыгавічы - былі вядомы як высока развітыя па тым часе плямёны. Зазначым, што вялікаруская народнасць склалася ў выніку перамешвання і сімбіёзу славянскіх і фінскіх плямёнаў, аб чым гаварыў вядомы рускі гісторык Васіль Ключэўскі.

Крывічы аднымі з першых ва Усходняй Еўропе стварылі сваю дзяржаву - Полацкае княства. Прычым, як паведамляе адно з народных гераічных скандынаўскіх сказанняў, ужо ў момант запрашэння ў Наўгародскую Русь варагаў (862г.) крывічы-палачане мелі сваіх мясцовых князёў. Прыкладна ў гэты час стварылі сваю дзяржаву і дрыгавічы - Тураўска-Пінскае княства. Дарэчы, першым Кіеўскім вялікім князем, які пачаў аб`ядноўваць розныя плямёны ў адну дзяржаву, быў Алег (879-912г.г.).

Такім чынам, сказаць, што ў беларусаў і вялікарусаў адны карані і называць іх роднымі братамі, як гэта робяць некаторыя палітыкі, ніяк нельга, бо ў фармаванні іх, апроч усходніх славянаў, удзельнічалі і іншыя, прычым ужо зусім не славянскія плямёны. Ды і фармавацца як народнасці беларусы і вялікарусы (а гэта можна сказаць і аб украінцах) пачалі прыкладна ў адзін і той жа час, а таму няма сярод іх старэйшага брата, як няма і малодшых братоў.

Наступны перыяд развіцця беларускай нацыі праходзіў ужо ў Вялікім княстве Літоўскім, дзе, апроч славян, якія складалі большасць насельніцтва дзяржавы, пражывалі таксама балцкае племя жмудзь, латгалы, татары, караімы, габрэі і іншыя. Але ў сувязі з дамінуючым становішчам “руськіх” (так тады называліся будучыя беларусы) дзяржаўнымі сталі і іх мова, і іх герб - Пагоня.

З цягам часу Вялікае княства Літоўскае стала адной з самых буйных і найбольшых дзяржаў у Еўропе. Адметнай рысаю яго было тое, што тут ужо падчас сярэднявечча сцвярджаліся многія дэмакратычныя формы грамадскага і палітычнага жыцця. Гэта праяўлялася ва ўстойлівасці вечавога парадку кіравання, а таксама гуманных і перадавых па тых часах нормах права, замацаваных у Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гадоў.

У ХVI-ым стагоддзі ў Вялікім княстве Літоўскім была праведзена аграраная рэформа, у выніку якой пры вызначэнні абавязкаў перад дзяржаваю стала ўлічвацца не толькі колькасць, але і якасць зямлі. Развіваліся рамёствы, у тым ліку і металургічныя, сыравінай для якіх была балотная руда. Інтэнсіўна ішоў працэс росту гарадоў. У 1600 годзе іх было ўжо больш за 500, прычым шмат з якіх былі добра ўладкаванымі. Скажам, у Гародні ўжо ў 1541 годзе існаваў вадаправод.

Вялікі патэнцыял накапіла беларуская нацыя ў галіне духоўнага развіцця. Яна мела, па сведчанню выдатнага паэта Адама Міцкевіча, самы багаты і самы чысты говар, які да таго часу быў ужо цудоўна распрацаваны. У 1570 годзе ў Вільні быў адкрыты каледж, які праз восем гадоў быў ператвораны ў Акадэмію. Акадэмія мела свае фабрыкі і друкарні. Студэнты ўсіх факультэтаў вывучалі тут сваю беларускую мову. Пазней Акадэмія была ператворана ў Віленскі універсітэт. Заўважым, што ў Расеі першы універсітэт (Маскоўскі) быў адкрыты толькі ў 1755 годзе. Гісторыя вядомы і такі факт, што “вратами учености” Міхаіла Ламаносава была “Граматыка Мялеція Сматрыцкага”, якая выдадзена амаль за сто гадоў да нараджэння вялікага рускага вучонага ў пасёлку Еўе (цяпер Літоўская Рэспубліка). Першы ў Расеі падручнік па арыфметыцы, слоўнікі: руска-лацінска-нямецкі і руска-лацінска-галандскі - былі складзены і выдадзены беларусам са Случчыны Іллёй Капіевічам.

Беларускі народ нарадзіў і выхаваў такіх волатаў, як хрысціянскія культурныя асветнікі Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, дзяржаўныя дзеячы князь Усяслаў Брачыслававіч і вялікі князь Вітаўт, канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега, ваенныя палкаводцы Давыд Гарадзенскі і Канстанцін Астрожскі, гуманісты-асветнікі Мікалай Гусоўскі, Георгій (Францыск) Скарына, Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, а таксама шмат іншых выбітных вучоных і дзеячоў культуры, якія, сваімі працамі ўзбагацілі сусветную цывілізацыю.

У беларусаў склаліся свае нацыянальны характар і менталітэт, якія азначаюць сукупнасць устойлівых маральна-псіхалагічных уласцівасцяў, прыналежных да таго ці іншага народа, і якія праяўляюцца ў сваёй самаацэнцы і самаідэнтыфікацыі ў адносінах да працы, людзей іншых нацыянальнасцяў і веравызнанняў, а таксама ў паводзінах у экстрэмальных сітуацыях. Адметнымі рысамі беларусаў з`яўляюцца працалюбівасць і асаблівая павага да зямлі. Беларусы маўклівыя, стрыманыя, асцярожныя, нават крыху баязлівыя. Пражыванне на стыку двух цывілізацыяй (заходняй і усходняй) і ва ўмовах шматканфесійнасці выхавала ў беларускага народа такую рысу як талерантнасць. Яны вельмі любяць сваю Радзіму і найлепш адчуваюць сябе, жывучы на яе тэрыторыі. Таму адной з галоўных рысаў, уласцівых беларусам, з`яўляецца імкненне іх да свабоды і незалежнасці. Гэтае пачуццё беларускі народ захаваў, нягледзячы на нацыянальны ўціск спачатку каралеўскага кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, якая была створана ў выніку аб`яднання ў 1569 годзе Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, а пасля яе падзелу напрыканцы 18-га стагоддзя - імкненне царскага ўраду Расейскай імперыі вынішчыць у беларусаў усё нацыянальнае і эканамічна прывязаць Беларусь да Расеі, ператварыўшы яе в “Северо-Западный край” апошняй. Гісторыя сведчыць, што каб захаваць сваю нацыянальную годнасць і “людзьмі звацца”, беларусам не адзін раз прыходзілася брацца за зброю. Так было, напрыклад, у час паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (1794г.) і паўстання 1830-1831г.г.), гэтак было і пад час паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863г.). Лагічным завяршэннем барацьбы шматлікіх пакаленняў беларусаў за адраджэнне сваёй дзяржавы стала абвяшчэнне ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Гэтаму ў многім паспрыяла Лютаўская (1917 г.) рэвалюцыя ў Расейскай імперыі, якая разбурыла і механізм прымусовага ўтрымання народаў розных нацыянальнасцяў у адной дзяржаве.

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця, у імя чаго адбываюцца народныя рэвалюцыі, патрабуе не толькі свабоды і юрыдычнага і палітычнага раўнапраўя для ўсіх грамадзян краіны, але і суверэнітэту насяляючых яе народаў. Без поўнага дазволу народа вызначыць самім свой лёс, што можа быць забяспечана толькі пры стварэнні сваёй дзяржавы, не можа быць і поўнай дэмакратыі. Таму І Усебеларускі з`езд (снежань 1917 года) выказаўся большасцю галасоў за права беларусаў вызначаць свой лёс.

Але такі крок дэлегатаў Усебеларускага з`езду ўступаў у супярэчнасць з думкай бальшавіцкага ўрада, які быў створаны ў Петраградзе пасля Кастрычніцкага перавароту. І таму І Усебеларускі з`езд быў прымусова разагнаны, а яго прэзідыум арыштаваны.

Аб пагардлівых адносінах бальшавіцкага ўраду да нацыянальных інтарэсаў беларсаў гаворыць і заключэнне ім 3 сакавіка 1918 года без удзелу прадстаўнікоў Беларусі Брэсцкага мірнага дагавору з Германіяй, згодна якому большая частка нашай Радзімы апынулася пад нямецкай акупацыяй. Таму створаная да гэтага часу Рада БНР і не прызнала абавязковым для сябе Брэсцкі дагавор.

Канчатковае рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці і вольнай беларускай дзяржавы было прынята ноччу з 24 на 25 сакавіка на паседжанні Рады БНР. У ІІІ Устаўной Грамаце гаварылася наконт гэтага літаральна наступнае: “Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі зверглі ярмо расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, не пытаючыся народу, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі”. На гэтым жа паседжанні Рады Беларусь адмаўлялася прызнаць Брэсцкі дагавор. Адначасова гаварылася і аб тым, што Беларуская Народная Рэспубліка павінна ахапіць усе беларускія губерніі і сумежныя часткі Вялікаросіі, дзе ёсць беларусы. Рада падцвердзіла ўсе правы і свабоды грамадзян, якія абвяшчаліся ІІ-ой Устаўной Граматай ад 9 сакавіка: слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцяў Беларусі. Зацвярджаўся васьмігадзінны рабочы дзень. Лясы, воды і нетры зямлі аб`яўляліся ўласнасцю БНР, зямля, застаючыся ў прыватнай уласнасці, павінна была бясплатна перадавацца тым, хто яе апрацоўваў.

Была зацверджана дзяржаўная сімволіка БНР, якая з`яўляецца набыткам нацыі, а не палітычнага ладу. Таму дзяржаўным гербам была зацверджана “Пагоня”, якая бярэ свае вытокі ў глыбокай старажытнасці. Так, у Вялікакняскім лісце жыхарам ад 20 лютага 1387 года гаварылася:”Згодна старажытным звычаям, вайсковы паход з`яўляецца абавязкам, які выконваецца за кошт уласных магчымасцяў і сродкаў, у тым выпадку, калі з`яўляецца неабходнасць пераследу ворагаў, непрыяцеляў нашых… У пераследу ворагаў, якое па-народнаму называецца “Пагоняю”, павінны ўдзельнічаць не толькі рыцары, але і кожны мужчына, які можа насіць зброю, якога б ён не быў паходжання і стану”.

Наступным аргументам, які, напэўна, паўплываў на выбар нашымі далёкімі продкамі ў якасці герба ”Пагоні”, з`яўляецца хрысціянская традыцыя. Як вядома, адным з герояў і святых у хрысціян з`яўляецца Георгій (Юрый), які сядзіць на белым кані з дзідаю, а пад нагамі каня ляжыць забіты змій.

Дзяржаўным сцягам беларусаў было зацверджана белае палотнішча з чырвонаю гарызантальнаю паласою ў цэнтры. Белы колер з`яўляецца сімвалам радасці, дабрадзейнасці і сумлення, якія ўласцівы характару беларусаў. Чырвоны колер - гэта сімвал храбрасці і адвагі, вернасці Радзіме, зноў жа характэрных рысаў беларусаў. Белы колер з чырвонымі стужкамі - гэта колеры Ісуса Хрыста, а значыцца, сімвалы святасці.

За кароткі час існавання БНР яе кіраўніцтвам было шмат чаго зроблена па вырашэнню праблемаў асветы. У прыватнасці, пашырана сетка пачатковых і сярэдніх школ, створана бюро па напісанню падручнікаў, ад для іх выдання - Таварыства “Асвета”, арганізаваны курсы для настаўнікаў і школьныя інспекцыі. У Менску адкрыўся педагагічны інстытут. Стала выдавацца некалькі газэт і часопісаў. Дзейнічалі беларускі тэатр, Таварыства Драмы і камедыі, працаваў шэраг іншых устаноў культуры. Была створана і пачала дзейнічаць камісія па арганізацыі Беларускага універсітэту.

Утварэнне БНР з асаблівай цеплынёй падтрымалі шматтысячныя сходы беларусаў, якія знаходзіліся ў іншых краінах. Напрыклад, беларусы горада Адэсы ў прынятай імі 21 красавіка 1918 года Рэзалюцыі пісалі: “Вітаць утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і ўсімі сіламі падтрымаць Беларускі народны ўрад, цвёрда верачы, што ён пры падтрымцы ўсіх беларусаў выканае ўскладзеныя на яго цяжкія і адказныя задачы і выведзе беларускі народ непадзельным на шлях шырокага культурна-творчага і эканамічнага будаўніцтва. Няхай жыве Вольная Беларусь!”

Такім чынам, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі - гэта была першая рэальная спроба пасля больш чым стагадовага існавання нашага краю ў ”турме народаў” (як называў Уладзімір Ульянаў (Ленін) Расейскую імперыю) здзейсніць нацыянальнае самавызначэнне на буржуазна-дэмакратынай аснове. І гістарычна такая мэта кіраўнікоў БНР была заканамерным, бо ў выніку перамогі буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, якой з`яўлялася Лютаўская 1917 года рэвалюцыя, дзяржава павінна была развівацца па буржуазна-дэмакратычным шляху. І калі адкінуць класавую зашоранасць і пакласці ў аснову аналізу гістарычных падзей іх заканамернасць і ўзаемасувязь, дык Днём незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь павінен лічыцца менавіта дзень 25 сакавіка. Трэба было б таксама аддаць належнае дзяржаўным і грамадскім дзеячам тых гадоў: Язэпу Варонку, Васілю Захарку, Івану Серадзе, Аркадзю Смолічу, Канстанціну Езавітаву, Язэпу Лёсіку, Тамашу Грыбу, Івану і Антону Луцкевічам, Аляксандру Цвікевічу, Сымону Раку-Міхайлоўскаму і іншым. Пашану беларускага народа яны заслужылі сваёй барацьбой за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

На жаль, пастаўленая кіраўніцтвам БНР мэта - стварыць незалежную і вольную Беларусь - не была здзейснена. Прычын таму было шмат. Перш за ўсё неспрыяльныя знешнія і ўнутраныя ўмовы - БНР была створана і існавала пад нямецкай акупацыяй, і германскія інтэрвенты, якія выношвалі планы захопу часткі тэрыторыі Беларусі, не хацелі падтрымліваць стварэнне незалежнай і вольнай беларускай дзяржавы. З утварэннем БНР ніяк не маглі пагадзіцца бальшавікі, галоўнай мэтай якіх было стварэнне сусветнага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І 1 студзеня 1919 года ў Смаленску ў якасці альтэрнатывы БНР была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.

Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што ў першыя гады існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было зроблена таксама нямала для далейшага росту нацыянальнай самасвядомасці народа. Дастаткова сказаць, што ў 1925-26 навучальным годзе на беларускай мове ішло выкладанне ў 79,6 працэнтаў пачатковых школ. Беларусізацыяй было ахоплена 63,2 працэнта сельска-гаспадарчых тэхнікумаў. У 1927 годзе на Беларусі выходзілі 20 газэт, з іх 10 - на беларускай мове, з 16 часопісаў 10 было беларускамоўных. У рэспубліцы былі адкрыты Акадэмія навук, некалькі вучэбных інстытутаў і тэатраў, народная мастацкая школа. Справа дайшла да таго, што ў 1927 годзе нават быў выдадзены “Практычны беларускі армейскі слоўнік”.

Аднак перыяд Беларусізацыі аказаўся, на жаль, вельмі кароткім. Ажыццяўленне будаўніцтва сацыялізму па бальшавіцкаму ўзору мела на ўвазе і адраджэнне імперыялістычнай тэорыі расейскага месіянізма. На змену ленінскай характарыстыкі Расейскай імперыі як “турмы народаў” зноў прайшла тэорыя, згодна з якой заваяванне Расеяй іншых народаў стала паказвацца як дзяржаўная неабходнасць, якая нібыта супадала з інтарэсамі саміх заваяваных народаў. Усе нацыянальна-вызваленчыя рухі, якія не ўкладваліся ў гэтую тэорыю, аб`яўляліся рэакцыйнымі. У пастанове ХІ з`езда КПБ(б) (лістапад 1927 года) гаварылася: “Калі дробнабуржуазны нацыяналізм і нацынал-дэмакратызм у Беларусі раней быў прагрэсіўнай з`явай - змагаўся з самадзяржаўем і даваў адпор прыгнёту рускага царызму, то ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту ён рабіўся контррэвалюцыйнай з`явай, накіраванай супраць дыктатуры пралетарыяту. Таму барацьба супраць нацыяналізму ўсіх нацый і адценняў, супраць нацыяналістычных ухілаў і нацыянал-дэмакратызму павінна быць і ў далейшым рашуча працягнута”. На практыцы гэты заклік скончыўся знішчэннем нацыянальных кадраў.

Гісторыкаў скораных этнасаў прымусілі занава перапісваць гісторыю сваіх нацыяў. Напрыклад, у падручніку “История БССР” пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта АПН СССР Л. Абэцэдарскага (Менск, “Народная асвета”, 1975) кіраўнікі БНР кваліфікуюцца як “белорусские буржуазные националисты”, якія нібыта “надеялись при помощи немецких штыков оторвать Белоруссию от Советской России, установить над трудящимися Белоруссии власть белорусских капиталистов и помещиков”. “Эта небольшая группка заклятых врагов рабочих и крестьян, - гаварылася далей у падручніку, - объявила в условиях немецкой оккупации о создании так называемой “Белорусской Народной Республики”, да еще назвала эту несуществующую “республику” независимой”.

Але, нажаль, сёння, як і ў 1918 годзе, Беларусь зноў апынулася пад пагрозай страты сваёй незалежнасці. Пасля здзяйснення ў лістападзе 1996 года пад выглядам так званага рэферэндуму дзяржаўнага перавароту А. Лукашэнка і яго саўдзельнікі ўзялі курс фактычна на змену дзяржаўнага ладу і стварэнне нейкай “нябачнай дагэтуль дзяржавы”, асновай якой, на іх думку, павінен стаць Саюз Беларусі і Расеі. Выцягнута наверх заплеснелая і ілжывая тэорыя аб адных каранях беларусаў і рускіх. На практыцы ўсё гэта азначае, што Рэспубліка Беларусь і яе народ становяцца “разменнай манетай” у палітычных гульнях чалавека, які адкрыта заяўляе аб сваіх сімпатыях да сусветна вядомага дыктатара - фашыста № 1 Адольфа Гітлера. Рэжым Лукашэнкі не толькі растаптаў дэмакратыю ў Беларусі, але, як у свой час і яго папярэднікі (германскі фашызм і сталіншчына), робіцца з кожным днём усё больш небяспечным для ўсёй Еўропы. Таму мы, усе, незалежна ад нацыянальнасці, хто пранікся клопатамі аб далейшым лёсе нашай Радзімы - Рэспублікі Беларусь, павінны аб`яднацца щ не дазволіць знішчыць выпакутаваную ў барацьбе і палітую потам шматлікіх пакаленняў нашых папярэдніх суайчыннікаў беларускую Дзяржаву.

Няхай сёння зноў гучыць і надае нам аптымізму прыйшоўшы да нас з глыбокай старажытнасці, сцвярджальны лозунг, у якім зліліся ў адно і паганскае заклінанне, і хрысціянская малітва, і заклік да барацьбы за сваю свабоду і незалежнасць - “Жыве Беларусь!”

(“Беларуская маладзёжная”, 13- 20.лютага 1998 год)

АСНОЎНЫ ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: СУТНАСЦЬ І ТРАГЕДЫЯ
Да 4-ай гадавіны з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га склікання прыняў першую Канстытуцыю адроджанай, сапраўды суверэннай беларускай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь. Яе падпісаў тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Іванавіч Грыб. З таго часу дзень 15 сакавіка стаў дзяржаўным святам - Днём Канстытуцыі.

Канстытуцыя з`яўляецца самым важным законам дзяржавы, які замацоўвае асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны, асноўныя правы і абавязкі грамадзян, будову органаў улады. Канстытуцыя - гэта Асноўны Закон краіны, і ўсё астатняе заканадаўства павінна грунтавацца на Канстытуцыі. Яе абавязаны паважаць і выконваць кожны грамадзянін краіны. Непавага да Канстытуцыі і яе парушэнне лічацца ва ўсіх дзяржавах цяжкім праступкам і караюцца па адпаведнаму закону.

У прэамбуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пералічаны тыя высакародныя прынцыпы, якімі кіраваліся дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, прымаючы ад імя народа Рэспублікі Беларусь Асноўны Закон дзяржавы. Да іх, у прыватнасці, адносяцца:

адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі;

усведамленне сябе паўнапраўным суб`ектам сусветнага супольніцтва і падцвярджэнне сваёй прыхільнасці да агульначалавечых каштоўнасцяў; прызнанне свайго неад`емнага права на самавызначэнне;

улік шматвекавой гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці;

імкненне зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;

жаданне забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы.

У першым артыкуле Канстытуцыі гаворыцца, што “Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава”. І кожна наступны артыкул Канстытуцыі абгрунтоўвае вызначаную мэту. Так, ужо ў другім артыкуле Канстытуцыі падкрэсліваецца, што ў Рэспубліцы Беларусь чалавек з`яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэннеў моў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Характэрнай асаблівасцю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (1994г.) з`яўляецца тое, што ў ёй перш за ўсё разглядаюцца асноўныя правы і абавязкі грамадзян, і толькі пасля гэтага - органы ўлады, чаго, скажам, не было, ды і не магло быць у канстытуцыях сталінскага перыяду, дзе чалавек быў шрубкай дзяржаўнага механізму. Такі новы падыход да размяшчэння раздзелаў канстытуцыі ўжо сам па сабе падкрэслівае дэмакратычна-сацыяльную накіраванасць дзяржавы.

Зыходзячы з міжнародных патрабаванняў да пабудовы дэмакратычнай дзяржавы Кастытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае падзел функцый уладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Пры гэтым трэба адзначыць, што спачатку ў падрыхтаваным праекце Канстытуцыі прадугледжвалася мець у Беларусі парламенцкую рэспубліку. І толькі тады, калі праект Канстытуцыі быў амаль ужо гатовы, у яго ўнеслі раздзел аб прэзідэнце з вялікімі паўнамоцтвамі апошняга, што прывяло ў галіне выканаўчай улады да парушэння баланса паміж правамі і абавязкамі. Усе правы аддаваліся прэзідэнту, а абавязкі - ўраду.

Справа ў тым, што тагачасны ўрад і яго старшыня Вячаслаў Кебіч замест пошукаў выйсця з крызіснага становішча сталі патрабаваць ад Вярхоўнага Савета ўсё новых і новых паўнамоцтваў. Да таго часу ўжо быў і прыклад: ва ўсіх астатніх былых саюзных рэспубліках, якія сталі маладымі дзяржавамі, былі абраны прэзідэнты. І Вячаславу Францавічу здавалася, што, калі і ён стане прэзідэнтам і будзе мець вялікую ўладу, справы пойдуць самі сабою. А тое, што гэтая вялікая ўлада можа дастацца зусім іншаму чалавеку, ні В. Кебічу, ні яго атачэнню ў той час нават у галаву не прыходзіла. Тым больш, што ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання большасць дэпутатаў складалі былыя наменклатуршчыкі (сакратары абкамаў, райкамаў і гэтак далей), якія прывыклі жыць і працаваць ва ўмовах адміністрацыйна-каманднай сістэмы і падтрымлівалі Вячаслава Францавіча.

Так яно і здарылася. Наменклатуршчыкі не падвялі і на гэты раз.

Каб не праваліць справу з прыняццем Канстытуцыі (з ужо ўнесеным раздзелам аб прэзідэнце) дэпутат Генадзь Казлоў нават прапанаваў галасаваць імяннымі бюлетэнямі. Была абрана падліковая камісія, якую ўзначаліў дэпутат Віктар Ганчар (юрыст па адукацыі). Галасаванне ішло амаль тыдзень. Увесь гэты час на дэпутатаў ціснулі, “апрацоўвалі”. І, як вынік: “каманда” В. Кебіча дасягнула свайго. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята. Заставалася толькі пад моцную ўладу абраць моцнага прэзідэнта.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што супраць увядзення пасады прэзідэнта ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання выступала апазіцыя Беларускага Народнага Фронту, якая адмовілася прыняць удзел у галасаванні за Канстытуцыю. Супраць прэзідэнцкай пасады выступалі таксама Партыя камуністаў Беларуская і Аграрная партыя Беларусі.

Як і трэба было чакаць, усё здарылася не так, як думаў В. Кебіч і яго атачэнне. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Аляксандр Лукашэнка. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо на той час збяднелае насельніцтва (а такога ў рэспубліцы стала большасць) ужо страціла надзею на асабістыя сілы і чакала нейкага выратавання. Людзі псіхалагічна былі паверыць толькі таму, хто абяцаў мацней пакараць “ворагаў”, якія давялі людзей да галечы, адабраць у багатых “награбленае” дабро і падзяліць яго паміж абяздоленымі. Менавіта такім сярод шасці кандыдатаў у прэзідэнты і быў Лукашэнка. Трагедыя ў тым, што ў цяжкі час, калі большасць людзей губляе веру ў свае сілы і чакае нейкага месію (выратавальніка), сітуацыя амаль заўжды выкарыстоўваецца самаўпэўненымі дэмагогамі, якія з`яўляюцца патэнцыяльнымі дыктатарамі. І А. Лукашэнка не стаў выключэннем з гэтага правіла.

Ужо ў першыя гадзіны лукашэнкаўскага прэзідэнцтва высветлілася, што тая каманда, якая прывяла яго да ўлады, не зможа кіраваць ажыццяўленнем хоць якіх эканамічных рэформаў. Большасць членаў гэтай каманды складалі былыя ваенныя, журналісты і юрысты. Таму пры фармаванні ўрада прыйшлося прыцягваць і тых, хто працаваў ва ўрадзе В. Кебіча і чые прозвішчы называліся кандыдатам у прэзідэнты А. Лукашэнкам сярод карупцыянераў і мафіёзі. Ужо гэта сведчыла, што ніякіх новых падыходаў пры рэфармаванні эканомікі чакаць не даводзіцца. А калі да сказанага дадаць, што сам А. Лукашэнка ні тэарэтычна, ні практычна не быў падрыхтаваны да такой вялікай пасады, дык становіцца зразумела, чаму з рэспублікай адбываецца тое, што і павінна адбывацца пры такім узроўні кіраўніцтва.

Трагедыя беларускага прэзідэнцтва працягвалася. Не ведаючы, як вывесці краіну з крызісу, А. Лукашэнка стаў гаварыць аб дадатковых паўнамоцтвах, хаця на першую пару свайго прэзідэнцтва і заяўляў, што яму дадзены царскія правы. Гэтая заява адпавядала ісціне, бо сапраўды правоў у прэзідэнта хапала.

Але ж, як праўдзіва адзначыў італьянскі пісьменнік і грамадскі дзеяч ХІХ стагоддзя Карло Біні, “хто не ўмее кіраваць, той заўсёды становіцца ўзурпатарам”. Яскравым падцвяржэннем гэтаму правілу з`яўляюцца дыктатары, якія не толькі не ўмеюць, але нават не ставяць перад сабою мэты займацца кіраўніцтвам эканомікай на карысць вырашэння сацыяльных праблем. Пры створаных імі рэжымах эканоміка поўнасцю падпарадкоўваецца дасягенню палітычных мэтаў, прычым, як правіла, з дапамогаю сілы. Па гэтай прычыне эканоміка дзяржаў з дыктатарскімі рэжымамі з`яўляецца звычайна мілітарызаванаю. Напрыклад, з сямі пунктаў ”абавязкаў дзяржавы”, якія сфармуляваў вядомы дыктатар ХХ стагоддзя Адольф Гітлер, няма ніводнага, які б прысвячаўся кіраўніцтву эканомікай. Затое ў ліку пералічаных “абавязкаў” дзяржавы значыцца неабходнасць “заахвочваць заняткі спортам сярод моладзі да беспрэцэдэнтнага ўзроўню падрыхтаванасці”.(!)

Але эканоміка, скіраваная не на вырашэнне сацыяльных пытанняў, а нейкіх іншых мэтаў (у тым ліку і мілітарызацыю дзяржавы), з`яўляецца ненармальнай і пачварнай, а значыць і патрабуе ненармальных і пачварных метадаў кіраўніцтва. Менавіта таму ўжо праз месяц пасля прыходу да ўлады Гітлер дабіўся прыняцця “Закона аб абароне народа і рэйха”. Гэтым законам па сутнасці перакрэслівалася так званая Веймарская Канстытуцыя - заканадаўчая аснова буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі ў Германіі. Закон надаў Гітлеру надзвычайныя паўнамоцтвы, чым і падвёў заканадаўчую базу пад дыктатарскі рэжым.

Вядома, што не прайшло і года з дня прэзідэнцтва, як метады кіраўніцтва Гітлера Лукашэнка стаў лічыць для сябе ўзорам. А праз два гады ён здзяйсняе дзяржаўны пераварот. Пры гэтым, як і яго кумір Гітлер, імкнецца надаць сваім антыканстытуцыйным дзеянням выгляд заканадаўчага акта. Была выбрана форма рэферэндуму, у час якога, маючы разгалінаваную сетку сваіх структур і адданыя ўзброеныя фармаванні, лёгка прымусіць народ галасаваць так, як патрэбна дыктатару, або і зусім сфальсіфікаваць вынікі галасавання. Менавіта таму той жа Гітлер правёў аж пяць рэферэндумаў і ўсе выйграў.

Гісторыя Беларусі назаўжды захавае ў сваёй памяці тыя трагічныя лістападаўскія дні 1996 года, калі з дапамогай ботаў аўтаматчыкаў і гусеніц бронетранспарцёраў, што былі ўведзены на вуліцы Менска і блакавалі будынак Цэнтрвыбаркаму, Лукашэнка растаптаў маладыя парасткі дэмакратыі, якія заканадаўча замацоўваліся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Так званы лістападаўскі (1996г.) рэферэндум быў праведзены з мноствам парушэнняў дзеючай Канстытуцыі і заканадаўства. Таму вынікі яго не могуць быць прызнаны легітымнымі. І толькі кіраўнікі Расеі, якія самі растралялі свой вышэйшы заканадаўчы орган, а разам з тым і былую канстытуцыю краіны (і зрабілі выгляд, што нічога злачыннага пры гэтым не адбылося), “працягнулі” таксама п