|
Зямля св. Лукі
Як ужо многія пачалі складаць
аповесці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
Лука 1, I,
то і я пачну з аповесці пра скудзель. Калісьці пра яе ведаў кожны, але потым забыліся. Чалавек нараджаецца, расце, жыве, нараджае дзяцей, старэе і памірае сваёй смерцю – бо калі пяма смерці, то няма жыцця. Жывое расце з мёртвага. Але памірае чалавек па-рознаму, і свая смерць не заўжды прыймае яго. І мёртвыя сапраўды мёртвыя, калі самі дажылі да свае смерці; забітыя ж на вайне альбо без вайны, дакананыя заўчаснай хваробай, тапельцы, спаленыя, задраныя зверам, укушаныя гадзюкай, атручаныя зеллем, забітыя громам ніякія не мёртвыя на самай справе – тыя яшчэ цягнуць свой век, і калісьці было нельга аддаваць іх зямлі. І калісьці адносілі іх на скудзель – у глыбокія яры, у глухія пушчы, у багны, у адну прорву, куды не хадзіў жывы чалавек, а ні памінак, ні трызны не спраўлялі па іх. Кажу пра гэта для таго, каб ты сам да свайго канца не забыў пра гэта і
каб ты ўведаў цвёрдую аснову
Лука 1, 4.
Сам я паходжу з мястэчка Скідаль або іначай: Скідзель, на эахадзе Беларусі, каля стокаў яцвяжскіх рэкаў Котры і Нёмана. Паводле архіваў, вядомы Скідзель з XVI стагоддзя, заснавалі яго быццам бы Радзівілы, невядома толькі, чаго яны палезлі ў неўрадлівыя пясок з балотам.
За савецкім часам школьныя настаўнікі на рэдкіх лекцыях з краязнаўства – адна лекцыя за цэлы школьны год! – апавядалі псеўданародную легенду, што некалі на гэтым месцы загразла імператрыца Кацярына II Вялікая і скідвала з карэты свае шмоткі, каб лягчэй было цягнуць конікам... Мужык так і ўяўляў сабе, што калі імператрыца ездзіла карэтай, то адной карэтай, без абозу і канвою – як ён сваім возам у госці да цешчы. Кацярына тут за непатрэбай не была зусім – за тым, як маўчаў апошні Сойм Рэчы Паспалітай у гродзенскім замку, назіралі генерал Цыцянаў і дыпламат князь Рапнін, апошняга ж караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага пільнаваў да вывазкі ў крэпасць у Санкт-Пецярбурзе просты маёр расійскай гвардыі; трэба думаць, людзі таго ж маёра, – расійская гвардыя таго часу спаўняла функцыі цяперашніх спецслужбаў, – паціху і атруцілі Панятоўскага ў тым жа Гродне, і ўжо атручанага і гатовага павезлі ў Санкт-Пецярбург, і там Кацярына II прыняла шчырае перадсмяротнае адрачэнне свайго каханка з пачатку кадэнцыі і зрабілася каралевай і вялікай княгіняй на законных еўрапейскіх падставах.
Пазней я пачуў ад патрыятычных беларускіх краязнаўцаў, чыя дзейнасць у канцы 80-х і пачатку 90х была нават дазволена і, нават, па вялікіх святах прапагандавалася, што Скідзель паходзіць ад балцкага кедэліс, кедзляй і азначае „плясці, заплятаць, пляцёнка”, а ў пераносным сэнсе „шчыт з лазы, пастка, загарода”, гэта значыць, застава, перадавы пастарунак... Маўляў, левы бераг Нёмана каланізавалі славяне, а правы яшчэ доўга быў балцкі, і вось тут мелі свае пастарункі і адны, і другія. І так магло быць, толькі што няма нідзе ў наваколлі Скідзеля ні пагоркаў, ні другіх зручных месцаў для абароны, ні слядоў якогасьці замчышча, а застава па-літоўску будзе „прэнай” і ёсць недалёка Коўна мястэчка Прэнай. Ізноў нешта не сходзяцца канцы з канцамі...
Гледзячы ж у час што далёкі, што блізкі, між волі само лезе ў галаву, што на самай справе ўсё гэтак жа проста, як жыццё і смерць – і той Скідзель гэта і ёсць тая самая скудзель, мясціна мёртвых, што ўсё яшчэ жывыя, альбо мясціна жывых, якія даўно ўжо мёртвыя. Але ж ты толькі пасміхнешся! Пасміхнешся – ці сам ты скідлянін, ці прыехаў здалёк ці зблізку, ці на дзень толькі з кнігай маёй завітаў сюды; але не на веру тваю спадзяюся я, але толькі на розум, зрэшты, і гэта не абыходзіць мяне, бо табе надакучыла і чакаеш аднаго, калі ж гэта скончыцца, хоць тое не скончыцца ніколі, але ты будзеш чакаць,
І ты будзеш маўчаць,
і не зможаш гаварыць да таго дня,
калі гэта збудзецца,
за тое, што ты не паверыў словам маім,
якія спраўдзяцца ў свой час.
Лука 1, 20.
На Беларусі марнее тая скудзель – той Скідаль ці Скідзель. Што праўда, не толькі тут не жывуць, але дажываюць свой век, і як усё прапашчае на цэлай Беларусі прападае і тут. Лепш не судзіць аднаму чалавеку другога, але ж любы з пяром у руках ці за сталом з друкавальнай машынкай альбо камп’ютэрам усё роўна суддзя, хоць і не хацеў гэтага. Таму адразу кажу, што суджу самога сябе, бо ніхто не ведае, ёсць пасля Смерці той Страшны Суд альбо няма, а калі ёсць, ці справядлівы ён, а калі справядлівы, то хто судзіць і якім правам... Здаецца мне ўсё ж, што памяць чалавека пра сябе і другіх гэта і ёсць Страшны Суд, бо памятаюць тыя, хто мае сябе за шчаслівых і хітрых, або ўдаюць, што нічога не памятаюць, а таму здолеюць прапасці і слядоў па сабе не пакінуць. На скудзелі не памірае і не прападае без следу ніхто,
бо ў Бога не застаецца бяссільным
ніякае слова
Лука 7, 37.
Калі гадоў дваццаць пяць таму я дамучваў пачатковыя дзесяць гадоў савецкай школы, якая з тонкім савецкім гумарам называлася, і па сённяшні дзень называецца сярэдняй, гэта значыць, дурных робіць разумнымі, а разумных дурнымі, то самымі цяжкімі лічыліся матэматыка ды хімія, а самымі лёгкімі гісторыя і літаратура.
Але і тады, і цяпер нідзе так шмат не завальвалі экзаменаў, як на сачыненнях па літаратуры, і нідзе так не блыталіся, як у сваёй і чужой гісторыі. І вось цяпер выразна відаць, што мае землякі неяк прадукуюць і цукар, і салетру, і тэлефоны з тэлевізарамі, і ровары з аўтобусамі – калі нават горш за Еўропу, то ўсё роўна лепш за Расію. Нашым другога не трэба, іх цалкам задавальняе і гэта. Што ж датычыццца літаратуры, то дзевяноста дзевяць з кожнай сотні выглядаюць, як той разумны сабака, які ўсё разумее, але нічога не можа сказаць, а шго датычыцца гісторыі, то гавораць усе, хто не лянівы, і аж пена з рота валіць, але лепш бы яны памаўчалі, лепш бы не выхваляліся адны перад аднымі за нашых ды вашых – бедны Лелевель! Той яшчэ нешта гаварыў пра нейкае братэрства... – перажытае заўжды ўяўляецца нечым лёгкім і простым, і брахаць пра тое лёгка і проста, голькі ж памяць тым і адрозніваецца ад пустога брэху, што яна куды больш цяжкая і на язык без касцей яе проста так не пакладзеш...
Не паддаюцца законам прыроды гісторыя і літаратура. Нічога не ведае чалавек сам пра сябе.
А калі ўжо пазбіраюцца кніжнікі, то такі пыл і ляціць, што хоць сякеру ад смуроду чапляй у паветры! Адзін чытаў пра „Западную Россию”, другі пра Рэч Паспалітую, трэці пра Вялікае Княства, чацвёрты „жэ ту бэньдзе Польска, поневаж так было пшэд войном!”, пяты распінаецца, што рэвалюцыя 1917 года была памылкай, шосты бядуе „развалілі такую страну”, а ўсё гэта разам у Мінску называецца Рэспублікай Беларусь, у Варшаве называецца Крэсамі... Мы ж жывем пасярэдзіне, куды рэдкі чалавек адважваецца зайсці – і не прэзідэнт Лукашэнка таму прычынай, бо так было задоўга да яго праўлення. Ну, што ж, Крэсы, дык Крэсы – няхай будуць Крэсы! А навука пра іх будзе называцца: крэсалогія – гэта, каб падтрымаць інтэлектуальны ўзровень размовы! – з падзелам на псіхакрэсалогію, геапсіхалогію і г.д.
Асновы сучаснай крэсалогіі
Частка першая
Цяпер высветлілася, шго гісторыя Рэспублікі Беларусь лічыць больш тысячы гадоў і пачынаецца ад Рагвалода. Быў то гаспадар места Полацак над Дзвіной, князь альбо канязь, гэта значыць, уладар канца зямлі. Чатыры канцы тыя выходзілі адпаведна пад цяперашнія Мінск, Пскоў, Смаленск і Рыгу. Летапісны народ над Дзвіной прыняга пазываць: крывічы. Што ж да самога Рагвалода, то мог ён быць і якім-небудзь дацкім піратам, бо ці то Роокс Вольф ці Роокс Вальд – кароль-воўк або кароль лесу! – нелагічна ж, як і вядомы рускім гісгорыкам „путь из ворягов в греки” ажно праз Фінскі заліў, Няву, Ладагу, Волхаў, Ільмень, валокі, Дзвіну і Дняпро, ці сапраўды быў там, калі можна было адразу па Дзвіне выйсці на тыя ж валокі і трапіць на Дняпро. Трэба думаць, што спачатку на Дзвіну прыйшлі нейкія крывы і селі на тубыльцаў, потым ужо іх канкурэнты русы зайшлі з поўначы, тут умацаваліся, ды пайшлі на поўдзень... Спаліў Полацак і забіў Рагвалода іхні, русаў, князь Уладзімір, пазнейшы, кананізаваны царквой, Уладзімір Святы – гэта ён ахрысціў ад візантыйскіх грэкаў аграмадны абшар ад Чорнага мора да Фінскага заліву на Балтыку. Але цікава, што Уладзімір... брыў галаву і пакідаў толькі хахол, як пазней запарожскія казакі, а войска яго хадзіла пад колерамі Неба і Сонца, мела жоўта-блакітны сцяг, як цяперашняя Украіна! Той Уладзімір здаецца мне несумненным чалавекам стэпу, якім-небудзь хазарам – і сутыкнуліся ў бітве ажно 980 году не Рагвалод і Уладзімір, але ж Лес і Стэп, альбо па-цяперашняму: Усход і Захад. Шчыра кажучы, з таго часу тут прынцыпова нічога не змянілася...
Перад сваім хрышчэннем і хрышчэннем Кіева той Уладзімір доўгі час вагаўся ў выбары дзяржаўнай веры свае сухапутнай імперыі – то не мог вызначыцца паміж хрысціянствам ды іудзействам (частка хазараў была іудзеямі!), то рэфармаваў мясцовыя паганскія веравызнанні – на самай высокай строме ў Кіеве быў устаноўлены пантэон багоў, галоўным з якіх быў Пярун, бог Стэпу, ужо ніжэй ішлі Сварог і Вялес ці Волас, богі зваяванага Лесу. Трэба думаць, спроба спалучыць неспалучальнае мела такі ж вынік, як і пазнейшая Унія, але Уладзімір зразумеў гэта вельмі хутка і надаў прывілеі адзінай законнай веры, хрысціянству, якое на гэтых землях было і раней, вядома, ад тых жа грэкаў, варагаў ці іншых народаў, але гадоў чатырыста дагэтуль існавала як вера заезных купцоў ды іншых людзей.
І так, усё было, як у людзей... Язычнік або паганін спачатку заснаваў імперыю, падбіўшы русаў у Навагародзе ды крываў у Пскове, а потым яе ахрысціў. І ўсё ж цікава – язычнік альбо паганін? Справа ў тым, што летапісныя пагане – гэта нейкія стэпнякі, нейкія печанегі, полаўцы, татары і г.д. – так бы мовячы, нехрысціяне ў законе, пехрысціяне па прыродзе сваёй; язычнікі ж гэта тыя, хто з пупкту гледжання хрысціяніна павінен, але не хоча прымаць крыж... Значыць, быў пейкі народ, частка якога на час жыцця нашых летапісцаў прыняла хрысціянства, а частка не.
Што ж гэта за народ і дзе ён быў? Куды знік?
Падказку дае лексіка – ёсць язык, а ёсць і мова, пры гэтым тэрмін мова збераглі толькі беларусы (паміж імі, украінцы гэта ў пэўным сэнсе нашчадкі тых жыхароў Беларусі, што пабілі татар у XIV стагоддзі і каланізавалі цяперашнюю Украіну). Язык жа прыйшоў сюды разам з Кірылам, Мяфодзіем, грэцкімі місіянерамі, азначаў ён мову кніжную, гэта значыць, мову хрысціян-прапаведнікаў, а адмаўленцы прымаць новую веру маглі быць названыя: яцьвягі, як гэта і сталася ў летапісах... Параўнаем – апостал па-грэчаску азначае прарок, але блізкае апостат па-грэчаску азначае ўжо адступнік, здраднік! Вось табе і граматыка з лексікай... Пасля хрышчэння Кіева і залежных ад яго земляў на кароткі час імперыі Уладзіміра, у тым жа Полацку і Навагорадзе, сам князь год за годам ваюе не за багатую Візантыю, але нейкіх яцьвягаў, з якіх, паводле летапісца, і ўзяць можна адно лыка на лапці ды бярозавы венік на лазню... Уладзімір ваюе неахрышчаных яцьвягаў гэтаксама, як другі імператар, Карл Вялікі, ваяваў нехрышчаных саксаў! Першыя, у імя крыжа, крыжацкія паходы на Нёман, Нарву і Прыпяць ішлі не ад немцаў, але з Кіева!
У XIX стагоддзі гісторык Сяргей Салаўёў знайшоў... рэшткі яцьвягаў – і то недалёка майго Скідзеля, на верхняй Котры. Паводле Салаўёва, яны вызначаліся вонкавым выглядам і вопраткай, былі высокія, пахмурныя і ў чорных кажухах і кашулях, з незразумелым (!!!) ні суседнім беларусам, ні суседнім летувісам дыялектам, а таксама... мясцовай беларускай прымаўкай: „Глядзіць зверам, як той яцьвяг!”
У тым жа XIX стагоддзі этнограф Оскар Кольберг прыблізна там жа – „каля Гродна”! адкрыў чорнарусінаў: росту яны былі высокага, твары мелі выцягнутыя і здаровыя, валасы насілі доўгія, адпускалі вусы, але бароды галілі, страшэнна любілі яны гарэлку і піва ды набіраліся пры кожным выпадку, мова ж іх была беларуская...
У паляка Кольберга і рускага Салаўёва сходзіцца амаль усё – рэдкі выпадак у паляка і рускага паміж пустак-балот беларускай зямлі! – апроч мовы. Але тут няма супярэчнасці, бо рускі сапраўды не разумеў нашых акцэнтаў і дыялектаў, а Кольберга пасля паляшукоў ці мазуроў нічога не здзіўляла, а таму ён адназначна вывеў, што і каля Гродна няма палякаў, бо тыя чорнарусіны гавораць-такі па-беларуску.
Калі гадоў дзесяць назад чорт панёс мяне ў нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю, са спакойнага савецкага ваеннага завода і ціхага канструктарскага бюро, я адарваўся вечарам ад бясконцых тамоў Кольберга і Салаўёва і падышоў да люстэрка – адтуль глянуў на мяне змрочны яцьвяг, цэлы высокі, худы, з выцягнутай мордай, доўгімі валасамі і нават вусамі, якія насіў на той час, бараду ж не насіў, бо расла рэдкая, як у многіх беларусаў праз нашыя халерныя багны! І мяне ад адчування безнадзейнасці вызначанага лёсу страшэнна пацягнула на гарэлку і піва...
Што мае быць, таго не пазбегнуць.
Яцьвягі не паддаліся хрысціянству адразу, як сам стольны Полацак, і чыну ў дзеях яго не бралі – прынаймней на яго баку! – але ж і яны непарыўна звязаны з усім тым, што было далей з гэтым Краем. Пакуль жа адзначу, што заваёўнік Полацка, князь Уладзімір Святы, невядома чаму з усяе сям’і забітага Рагвалода пакінуў сабе яго дачку Рагнэду і нават узяў яе за жонку – усяго ў паганіна было шэсць жонак, але жонак, бо дзецям ад іх ён раздаў кавалкі свае імперыі! Простых жа дзевак у яго гарэме перад хрышчэннем лічылася васемсот: па хрышчэнні Уладзімір усіх вызваліў, даў пасаг і павянчаў са сваімі дружыннікамі, асяліўшы ў Кіеве, які тым самым павялічыўся ўдвая... Зрэшты, што значыць: невядома?! Гэта нам, цывілізаваным, невядома – мы ж вынішчаем усіх пагалоўна і да сёмага калена! Хто ведае, магчыма звычаі і мараль варвара забаранялі забіваць апошняе жывое стварэнне і перасякаць род, верылі ж яны ў бяссмяроцце і перасяленне душаў, і нават у тое, што звяры і людзі браты, бо ў іх бацька і маці адны...
Укосна гэта пацвярджаецца тым, што калі кпязёўна полацкая Рагнэда падняла нож на мужа і ўладара ды параніла яго – гэта ў Х стагоддзі! – то і тады яе і сына Ізяслава толькі выслалі на мяжу, пад цяперашні Мінск; мястэчка тое было потым сталіцай малога княства і да сягонняшніх дзён называецца Заслаўем. Па смерці бацькі гэты Ізяслаў законна атрымаў у спадчыну той жа Полацак па дзеду Рагвалоду – гэта была воля... бацькі Уладзіміра, які дзеда Рагвалода забіў! 3 гэтага Ізяслава пайшла дынастыя, якая трымала Полацкае княства трыста гадоў – падобна Ягелонам
у Польшчы ці Раманавым у Расіі... Цікава, што рускія гісторыкі называюць яе, дынастыю, Ізяслававічы, па імю заснавальніка; беларускія ж гісторыкі – Рагвалодавічы, па імю дзеда заснавальніка; князёўна ж Рагнэда – гэта пацыянальная гераіня, за тое, што ў палоне (!) не забылася „родны Край” і парнула мужа нажом... „Мы і ў ложку незалежныя!”. Гэта ж тое самае, каб перайменаваць Ягелонаў у Гальшанскіх, па імю другой жонкі, Сафіі, – зрэшты, яна ўсё роўна праваслаўная, то хай ужо будуць Ягелоны...
Той Уладзімір цікавы яшчэ дзвюмя памяткамі. Святым то яго кліча афіцыйная праваслаўная царква, але ж і ў народных быліцах, фальклоры, ён памінаецца як Яснае Сонейка – як язычніцкі бог! Чым жа ён так простаму люду дагадзіў, ні зямлі ж і ні волі не даў, не тыя часы, а жыць пры ім горш было, як пры любой новай уладзе? Уладзімір даў не што, але каго – ну, напрыклад, даў на расправу пабітых Рагвалодавых ваяроў, ключнікаў і таму падобнае чынавенства, з чаго і пайшла адвечная легенда пра добрага пана, а ў кожнай легендзе ўсё перамешана народнай любоўю, і выходзіць, што ён
скінуў моцных з трона,
а ўзвысіў пакорлівых,
Лука,1, 52.
галодных напоўніў дабром,
а багатых пусціў ані з чым.
Лука 1, 53.
Ажно з таго Уладзіміра ідзе традыцыя асвечаных ідэяй добрапанства рабункаў мужыкоў. Зрэшты, нейкі ананім – хіба то быў, аднак, Уладыслаў Сыракомля! – пусціў у народ у якасці антыдзяржаўнай агітацыі паэму пад такім тытулам пра мужыцкую чыннасць у 1812 годзе, калі Беларусь перажывала чарговы ўплыў з Еўропы, у выпадку чаго за паўгода тут загінуў кожны чацверты, як за чатыры гады гітлераўскай акупацыі... Пусціў Сыракомля тую паэму ажно ў ХІХ стагоддзі, а перадавалі яе з пакалення ў пакаленне да 1918 года, калі рабункі мужыкоў паўтарыліся і сталі новай легендай!
Дык вось, трыста гадоў пры Рагвалодавічах жыла сабе пад выглядам Полацкага княства цяперашняя Рэспубліка Беларусь, то ваявала нават Кіеў і Навагорад, то распадалася на Мінск, Віцебск і Друцк, то ўвогуле трапляла пад часовую акупацыю якога-небудзь Манамаха або Мсціслава, але ў асноўным жыла сабе ціха, на свята па-царкоўнаму, на будні па-тутэйшаму брала даніну з наддзвінскіх лэтаў і земігалаў, адкуплялася іх коштам ад уедлівых Смаленска ды Уладзіміра-на-Клязьме – каб яны ногі скруцілі з той палітыкай! – мела на хлеб і да хлеба, і неяк жыла. І тут палезла на яе цывілізацыя, якой першы раз стала цесна ў Еўропе.
У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад
зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
Лука ІІ, 1.
Пасля бліскучага пачатку і бясслаўнага канца крыжацкіх паходаў на Палестыну ды Візантыю – хоць і ўзялі рыцары Канстанцінопаль, але ж праз год іх ушчэнт пабілі балгары, а праз кароткі час яшчэ і арабы! – у Рыме прыслухаліся-такі да голасу купцоў з Брэмена і князёў з Мазовіі, што ў адных гандаль прападае, а другія ноччу спаць не могуць спакойна, бо ў той жа цывілізаванай Еўропе застаюцца нейкія пагане ды схізматы...
І было сказана: дранг нах Остэн!
На той час Рагвалодавічы падзяліліся на полацкую і мінскую галіны, і да таго дажыліся і перасварыліся, што нават самы патрыятычны беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, спецыяліст па „слядах аднаго міфа” ды „летапіснай Літве”, нарэшце напісаў у поўнай скрусе, што па смерці чарговага полацкага Уладзіміра („кеніг Вольдэмар” быў атручаны нямецкай разведкай без усялякіх слядоў, як пазней кароль Панятоўскі і прарок Міцкевіч расійскай!) полацкі перыяд у гісторыі Рэспублікі Беларусь... канчаецца ў 1206 годзе! Але мне і табе ад гэтага не лягчэй, бо следам за полацкім перыядам пачынаецца перыяд наваградскі.
У той краіне былі на полі пастухі,
якія трымалі начную варту
каля статку свайго.
Лука ІІ, 8.
Немцы спрабавалі замацавацца ў вусці Дзвіны яшчэ з 1180 года – так сцвярджаюць іх кронікі; на паперы ж і на пергаменце, як вядома, застаецца не ўсё, але гэта і добра, бо часам не дай Бог ведаць нават тое, што ведаем; калі ж даведацца пра тое, чаго не ведаем, то дзень зробіцца ночу, а ноч бяссонніцай, а бяссонніца бяздоннем дурноты, нянавісці і нізкасці душы чалавечай...
Каменданты полацкага князя – немцы мянуюць іх, тых камендантаў, ажно князямі, каб павялічыць свае заслугі, прыпісваючы сабе большыя цяжкасці для пераадолення! – у замках Куканос (ад слова кукіш альбо дуля ці фіга!) ды Горачка – нейкі „ўсходні вучоны” дагэтуль паўтарае нямецка-латышскі акцэнт і атрымлівае Куйкейніс ды Герцыкэ! – бралі з тых брэменска-любецкіх дань, як і з іх еўрапейскіх папярэднікаў, за права гандляваць на полацкім беразе Балтыку. Немцы ж угледзелі, што тыя русіны самі любяць хадзіць з Дзвіны на мора, а каля вусця ёсць жа здатнае месца пад крэпасць – і пачалі абяцаць тубыльцам вызваліць іх ад тых данін Полацку, для чаго пахрысціць іх і аддаць пад апеку Святому Айцу ў Рыме... Далей усходнія летапісцы скардзяцца, што біскуп Альберт атрымаў дазвол толькі прапаведаваць, а потым парушыў сваю прысягу князю Уладзіміру ў Полацку – і гэта выклікала вайну. Заходнія ж летапісцы з таго самага месца сцвярджаюць, што князь Вячка (???) з Куканоса парушыў прысягу біскупу Альберту, спаліў крэпасць, збунтаваў тубыльцаў – і гэта выклікала вайну...
Тагачасныя летапісцы не саступаюць сягонняшнім гісторыкам. Біскуп не мог прасіць дазвол несці Слова Божае ў нейкага там схізмата, свайго князя ў Куканосе быць не магло, бо той ніколі не адпадаў ад Полацка, да таго ж, немец не ведае, што князь пішацца толькі поўным імем, а не абы-якім Вячкам; гэтак пішацца слуга, а не князь, па гэтай жа прычыне Вячка нікому не прысягаў і яму тое не прапаноўвалі, бо са слугамі не дамаўляюцца, толькі загадваюць ім...
Справа ў адных місіянераў не пайшла. Калі ж першых высланнікаў лэты перабілі, то тыя ж высланнікі адразу перайшлі ў разрад мучанікаў, а ўжо з іх імем пасылаліся на Дзвіну новыя місіянеры – з войскам, флотам і немцамі-каланістамі. Зрэшты, усё было звычайна, як пры любой нармальнай місіянерскай экспансіі таго часу. Адно толькі было навінай: да заснаванай у 1202 годзе крэпасці Рыга на дапамогу прыватнаму войску біскупа Альберта рушыў Ордэн Мечаносцаў – не крыжаносцаў, але менавіта мечаносцаў! Неслі меч, а не крыж. Ішлі не на паганаў, але на схізматаў – працягвалася вайна, пачатая штурмам Канстанцінопаля! Схізматамі ж былі хрышчаныя падданыя Полацка, славяне і балты, якія мелі сваякоў сярод неахрышчаных славянаў і балтаў, і якія не падлягалі Полацку, а ў летапісцаў ужо сто гадоў мелі агульную назву літва.
Літва паяўляецца ў полацкіх і кіеўскіх летапісах праз лічаныя гады пасля яцьвягаў (магчыма, літвягаў альбо ліцьвякоў). Як высветліў у сярэдзіне 90-х даследчык з Якуцка Іван Ласкоў, які займаўся этнагенезам балцкіх і фіна-угорскіх народаў, літва азначае пяць рэкаў (літ – пяць, ва – рака), а ў пераносным значэнні пяць родаў. На сягонняшні дзень гісторыкі лічаць больш-менш устаноўленыя пяць дастаткова буйных абласцей тагачаснага абшару ад Балтыку да верхняга Нёмана: Жамойція, Аўкштота, Дайнова, Нальшчаны і Дзяволтва. Таямнічыя яцьвягі, якія невядома адкуль паявіліся ў нашых летапісах і невядома калі зніклі, гэта і ёсць добравядомая літва ў іншай транскрыпцыі напісання і вымаўлення, што здараецца ў гісторыі на кожным кроку. Справа ж этнаса альбо крыві яшчэ не раз будзе закранутая ў гэтай кнізе, таму пакінем яе на потым. Тым болей, што нельга дзяліць адназначна, дзе тут славяне і дзе балты, і як далёка прасунулася славянская каланізацыя па Нёмане і Віліі, ці была гэта менавіта суцэльная каланізацыя, ці толькі асобныя выспы славянаў у балцкім моры, а таксама, як гэта пры славянскай каланізацыі ў князёў-каланізатараў балцкія імёны, альбо – ці сапраўды тыя імёны балцкія, гэта значыць, язычніцкія. Больш-менш вядома толькі, што, калі на яцьвягаў хадзілі паходам з Кіева, то супраць Кіева і літва хадзіла на баку Полацка. Літва і Полацкае княства доўгі час мелі саюзныя сувязі, дынастычныя шлюбы, балцкія астраўкі яшчэ сотні гадоў былі на даўно пахрышчанай тэрыторыі, такія ж славянскія астраўкі задоўга да ўзнікнення ВКЛ вядомы на балцкай тэрыторыі, а ўмоўная мяжа паміж тымі і тымі выразна пазначана на карце сучаснай Беларусі суседствам вёсак з назвамі Літва, Ліцьвіны, Крывічы, Палачане. Адным словам, калі на Дзвіне і Вісле паявіліся немцы, іх сустрэлі не так дзікуны ў пушчах, але некалькі народаў, кожны са сваёй дзяржаўнай арганізацыяй, пры гэтым усе яны – адны амаль цалкам, другія ж толькі часткова! – былі хрысціянскімі народамі альбо цесна звязаныя з хрысціянствам суседствам і агульнымі інтарэсамі.
Немцы гладка перасоўваліся ўздоўж Дзвіны, пакуль не наткнуліся на схізмацкі Браслаў і насупраць яго не паставілі свой Дынабург. Крыху горш ішла справа ў выгнаных з Палестыны і Венгрыі крыжакоў, якіх неабачліва запрасілі на дапамогу супраць прусаў мазавецкія князі, але і тыя гадоў за дваццаць прайшлі ад Віслы да Нёмана і наткнуліся на схізмацкае Гродна. Ды і быццам бы толькі паганская Жамойць паміж Дзвіной і Нёманам аказалася не па зубах – у 1236 годзе немцаў моцна пабілі каля возера Дурбе, а ў 1260 годзе каля крэпасці Шаўлі – два Грунвальды на адно пакаленне! Пасля апошняга, немцы паядналіся ў адзіны Тэўтонскі Ордэн – нарэшце была названа справа па яе імю! – і каталіцкае ўзброенае місіянерства змяніла адкрытая нямецкая каланізацыя. Пасля 1260 года немцы вядуць вайну на вынішчэнне, усялякія спробы падначаліць, пахрысціць і г.д. адкінутыя. Нават непапраўны рамантык Гэнрык Сянкевіч справядліва заўважыў, што Ордэн сам не даваў хрысціцца Літве, таму, што тады прападала яго пачатковая ідэя і вылазіў навонак сэнс актуальнай палітыкі: знайсці месца шматлікаму беззямельнаму рыцарству, якому цесна ў Германіі, і ўвогуле збыць на Усход усіх лішніх...
Пабіў жа немцаў гаспадар новай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, князь Міндоўг. Кім жа ён быў? Альбо, памінаючы той неаспрэчны факт, што дынастыі не маюць нацыянальнасці „па крыві”, чые інтарэсы абараняў, каму на самай справе належала ВКЛ?
І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго,
што апавядалі ім пастухі.
Лука ІІ, 18.
Калі летувісы з цяперашняй Літвы гавораць Міндаўгас, то як жа іначай, калі нават Наваградак у іх Нойягардукас, а Гродна ажно Гардзінас! Хаця б, чаму не гаварыць замест Наваградак проста Жоўны, як некалі называлася сапраўды балцкае паселішча на самай высокай строме (323 м ад узроўню мора) на левым беразе Нёмана – тыя Жоўны спалілі мінскія Рагвалодавічы і паставілі тут чарговы „новы гарадок”, якіх на падбітых землях ставілі тады дзесяткамі. І калі нават гэты гарадок вырас да цэнтра Наваградскага княства, спрэчнага паміж палачанамі і галічанамі, таксама, як Брэст, Пінск і Тураў, то папярэдніка Міндоўга звалі... Ізяслаў, як пачынальніка полацкай праваслаўнай дынастыі!
Не мог ніяк язычнік быць князем у Наваградку, калі нават быў сваяком Ізяслава і атрымаў княства ў спадчыну! З гэтага вынікае, што варта прыгледзецца да імя Міндоўга (і да іншых імёнаў той самай дынастыі!) – і першае, што прыходзіць у галаву, гэта грэчаскае праваслаўнае імя Міна (дарэчы, вядомы такі праваслаўны святы!) па прозвішчы Доўгі. Чаму не, калі яцьвягі высокага росту ды з выцягнутымі мордамі! Быў жа сярод нашчадкаў Карла Вялікага французскі кароль Піліп Кароткі... А ў нас Міна Доўгі, карацей: Міндоўг.
Гэта ўжо потым, у 1253 годзе ў тым жа Наваградку, заціснуты паміж немцамі, галічанамі, татарамі і мяцежнымі сваякамі, Міндоўг прымае каталіцтва і каралеўскую карону ад Папы Рымскага. Як толькі пагроза мінула, усе немцы-святары былі забітыя! Немцы-інжынеры, наадварот, пакінутыя ў жывых будаваць каменны замак з вежай-данжонам – праваслаўны князь меў рэзідэнцыяй крэпасць тыповай заходнееўрапейскай канструкцыі... Не нейкай маскоўскай ці ноўгарадскай. Нашчадкі ж яго, Войшалк ды Шварн, вядомыя пад быццам бы язычніцкімі імёнамі (хаця той жа Войшалк заснаваў у Лаўрышаве бліз Наваградка праваслаўны манастыр – каб мець сваіх святароў, а не з Кіева ці Галіча!), так прынята лічыць; толькі што Войшалк – гэта Вой Шалёны – апантаны, берсеркіер па-еўрапейску! – а Шварн гэта Сварань, язычніцкі славянскі бог Сварог, дарэчы, такое ж імя ў пазнейшага вялікага князя Швідрыгайла альбо Сварага! Цікавая дынастыйка ў нас атрымліваецца, нават калі з язычнікаў, дык усё роўна з нашых язычнікаў, а не балцкіх. І яшчэ цікава, што і гэтая дынастыя не Міндоўгавічы, але... Гедымінавічы! А той Гедымін заняў месца вялікага князя ажно толькі ў наступным XIV стагоддзі – і вось тут думай, ці паелі Гедымінавічы Міндоўгавічаў, ці ў мешанай дынастыі спачатку славянская галіна ўзяла верх, а потым балцкая – дарэчы, а хто, калі і ў якую веру з іх быў хрышчаны?! – ці проста нашчадкі Гедыміна палічылі выгодным таго Міндоўга не памінаць зусім, бо яго надта ж паміналі немцы, маўляў, у нас з ім быў дагавор, што Папа яму – карону, а ён нам не толькі Жамойць, але ўсё княства, за выключэннем аднаго Наваградка, пажыццёва... І надалей у дынастыі мяшаюцца і балцкія імёны (Нарымунт, Таўцівіл, Кейстут ды Альгерд), і славянскія імёны (тыя ж Віцень ды Вітаўт Вялікі)... Зрэшты, Кейстут ды Альгерд – гэта самыя натуральныя: праваслаўна-грэчаскае Канстанцін ды варажска-славянскае Алег; ну, і гэта яшчэ невядома. Няма ў нас парадку, так бы мовячы, ні ў былых дынастыях, ні ў цяперашніх, ні ў старых летапісах, ні ў найноўшых канстытуцыях. Сама зямля гэтая створана, каб кожны цягнуў пад сябе нават мёртвых, праз што не мелі жывыя часу спакойна жыць...
Гедымін замацаваўся як прызнаны гаспадар Вялікага Княства Літоўскага – гэта значыць, уласна Літвы ў тагачасным разуменні: у цэнтры Наваградак, на захадзе Брэст, Гродна і Коўна, на ўсходзе і поўначы Полацак і Віцебск; паміж Гедымінам і татарамі – багны Палесся ўздоўж тысячакіламетровай Прыпяці. Сын яго Альгерд (з братам Кейстутам) пабіў татараў і выгнаў іх з Падолля, Валыні і Кіева – і вось дзяржава яго, Вялікае Княства Літоўскае і Рускае, а сталіца яго ў Вільні; яшчэ Гедымін заснаваў гэту новую, як некалі Міндоўг! Пры Вітаўце новыя землі на ўсходзе, у тым жа важны Смаленск, уваходзяць пад той жа тэрмін рускае, значыць, праваслаўнае, але немец, будучы пабітым пад Грунвальдам, аддаў назад Жамойць з Юрбаркам і Клайпедай – і дзяржава набывае астатні кшталт: Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае! Але тут – пасля смерці Вітаўта – зараз жа пачнецца грамадзянская вайна, таму што на ўсходзе ці захадзе ваяваць пакуль няма з кім (пра гэта пазней).
Паміж часамі Міндоўга і Гедыміна адбылася адна, вельмі цікавая, падзея: як сведчыць летапісец, „Наримунт коли сел на Великом княстве литовском измысли себе герб а всему княству литовскому печать рыцер зброины на кони з мечем” альбо гэта і ёсць герб Пагоня. Цікава тут, што гэты гэрб Нарымунт „измыслил” або распарадзіўся, што ён адгэтуль дзяржаўны – выдумваць не было чаго і для чаго! Родавы герб клана Міндоўга быў „Калюмна” альбо „Тры слупы”, а ўзброеным ваяром на кані ў якасці герба карысталіся Рагвалодавічы... Парадокс жа ў тым, што „паганскі” род мае Калюмну, а гэта стылізаваны арол, як украінскі трызуб, паходзіць гэты арол ажно ад рымскіх ды візантыйскіх арлоў, адкуль арлы нямецкі, польскі ці расійскі, хоць там і прырасла ў выніку мутацыі лішняя галава; „праваслаўная” ж пачаткова ды „літоўская” потым Пагоня – гэта герб якраз паганскі, прыйшоў ён са стэпу і Рагвалодавічам (эх, мая б воля, то лепш-такі Ізяслававічам, бо менш блытаніны!) дастаўся ад... Уладзіміра Святога! У сувязі з тым гэтаксама цікавай здаецца мне адвечная сварка патрыётаў з патрыётамі, чые дзяржаўныя сімвалы больш старажытныя ды больш сапраўдныя!
Зацверджанне полацкай на той час Пагоні дзяржаўным гербам усяго ВКЛ паказальна ў адным: праваслаўна-славянскі накірунак фармавання дзяржавы бярэ выразны верх, але на родавых землях клана існуюць і захоўваюцца істотныя адрозненні.
Напрыклад, менавіта на свае землі (Вільня, Гродна, Брэст) Гедымін запрашае з Еўропы гнаных габрэяў – яму патрэбны рамеснікі і купцы. Пазней Вітаўт асельвае на тых жа землях татараў – яму патрэбныя добрыя ваяры і вернае асабістае войска. Альгерд увогуле дзеліць толькі што сабраную дзяржаву на Троцкае і Віленскае ваяводствы, пры гэтым заходняй часткай фактычна самастойна кіруе яго брат Кейстут. Сярод гісторыкаў на Беларусі чамусьці прынята сцвярджаць, што на тое былі вонкавыя прычыны – Кейстут ваяваў з немцамі, Альгерд з Масквой і татарамі і г.д. На справе ж войска збіралася, як і раней, а паходы ўзначальваў Альгерд – падзел трэба шукаць у нутраных прычынах. Захад і Усход спалучыцца ў адно цэлае ніяк не хацелі, „славянская каланізацыя” асіліла толькі Вільню і Трокі ды захлынулася, проста бракавала людзей на агромністых усходніх абшарах, чаму і спатрэбіліся каланісты, тыя ж габрэі ды татары... Ды і з пашырэннем хрысціянства вакол Полацка і Наваградка – пры Вітаўце на Беларусі практычна няма няхрышчаных! – падзел не зарастае, але толькі... мацнее. Нальшчаны, Дзяволтву і Дайнову хрысцяць не ў праваслаўе, а ў каталіцтва – і справа не ў тым, што была ўжо Крэўская Унія 1385 года, хаця такое хрышчэнне і было адной з яе ўмоваў, але бадай у тым, што на захадзе няма гарадоў, толькі крэпасці, а Полацк і Віцебск не згубілі сваёй сілы, князь Андрэй Полацкі праводзіць фактычна сваю палітыку, робіць усё на карысць не так ВКЛ, як праваслаўнай царквы – з Ягайлам і Вітаўтам варагуе, а паспалітае рушанне ўсяе Полацкай зямлі, тры-чатыры тысячы чалавек, моц на той час! – вядзе на Дон, на Куліковае Поле, біць татараў і памагаць маскоўскаму князю Дзімітрыю... Цесна Гедымінавічам у ВКЛ, няпэўна ў Наваградку, няпэўна і ў Вільні – чужыя на Захадзе, чужыя на Усходзе. Яцьвягі яны чыстай вады...
Гедымін спрабаваў трымаць раўнавагу. Палову дзяцей – усяго меў шэсць сыноў і шэсць дачок! – палову пахрысціў каталікамі і накіраваў на Захад, другую на Усход, ясная справа, ужо пахрышчаных праваслаўнымі. Сам жа... і тут гісторыкі чухаюць патыліцы. Быў паганінам? А як жа з ім мелі справы не толькі суседнія гаспадары, але і святары абодвух канфесій?! Быў хрышчаны? А чаму ж яго не пахавалі, але па старому звычаю спалілі цела на кастры са свяшчэннага дуба? Пайшоў ён не да хрысціянскага Госпада, але да паганскага Зніча?! Слаба верыцца ў талерантнасць і памяркоўнасць... Сталі праваслаўныя надта шпарка прапаведваць у новапаўсталай Вільні – і павіслі на дубе трое будучых віленскіх мучанікаў; заняліся тым самым немцы-лаціннікі – і чатырнаццаць манахаў павіслі на суседнім дубе пад сценамі сталіцы; апошні ж касцёр самога Гедыміна князь загадаў раскласці на паўдарозе паміж тымі і тымі... Трэба думаць, хрышчаны ён усё ж такі быў (магчыма, нават у абедзве канфесіі, што ўкосна будзе пацверджана пазней яго ўнукамі!), але пайсці з жыцця вырашыў па-старому – каб не даваць нікому прывілеяў, ні праваслаўным, ні каталікам... Канешне, прасцей мець адну канфесію, а не дзве, але, калі хрысціць захад у праваслаўе, то нічога гэта не пераменіць. Мала таго, што немцы не спыняць нападаў, бо для Рыма праваслаўны хрысціянін гэта не язычнік, але горш язычніка – здраднік! Усход жа перахрысціць у каталіцтва – і думаць няма чаго! Імгненна падымуць на мячы, мокрага месца па дынастыі не застанецца...
Перабіраецца Гедымін з ужо праваслаўнага Наваградка на рэчку Вілію, новую сталіцу ставіць, хоць і побач з немцам, які ўжо Коўна двойчы паліў, але лепш так – ні тым сваім, і ні гэтым! – чым сядзець у Наваградку, як у асадзе. Сыны яго, Кейстут з Альгердам, побач з Вільняй ставяць яшчэ адну сталіцу – Трокі, на востраве, на вадзе! – як жа ж, не паспелі Вільню асесці, а там ужо два дзесяткі праваслаўных храмаў і поўна купцоў з Полацка; трэба далей ад іх, на востраў, што на возеры Гальве; сцены трайныя і месца ніякага пад сценамі. Унук яго, Вітаўт, ужо і татараў селіць – быццам бы немца біць! – а пабілі немца, і татарам шляхоцтва, зямлю татарам, веру іх мусульманскую не чапаць, толькі не купляць хрысціян з палону, і жаніцца татарам пажадана з хрысціянкамі, каб дзеці гадавалі па-тутэйшаму... Хітрыя былі тры пакаленні ўладароў віленскіх, на катле з варам сядзелі, а і дзяржаву змацавалі і ворагаў на ўсіх канцах свету пасеклі! Таму і павесіў Гедымін трох праваслаўных ды чатырнаццаць лаціннікаў, каб памяталі, што не ім, але яму гэта зямля належыць, бо з двума гаспадарамі яна прападзе, а што так зрабіў, дык сказана ж было
і каб прынеслі ў ахвяру
паводле сказанага ў законе Гасподнім,
дзве галубкі альбо два птушаняткі галубіныя.
Лука ІІ, 24.
Суадносіны сіл паміж двума птушаняткамі – праваслаўем і каталіцтвам – ілюструе кароткая гісторыя доўгай барацьбы Гедымінавічаў за панаванне над сваёй родавай Імперыяй, чым і было на самай справе шытае белымі ніткамі ды чырвонай крывёй Вялікае Княства Літоўскае. Па волі Гедыміна дзяржаву ўзначаліў яго сын Яўніс – праз год яго скідаюць Альгерд з Кейстутам і замест забіць... высылаюць у тое ж Заслаўе пад Мінскам і даюць яму добрае мясцовае княства! Гэтакі напамінак занадта шчыраму праваслаўнаму, дзе тваё месца – а што Яўніс гэта Іван, Іоанн, тое відаць голым вокам. Па волі Альгерда дзяржаву ўзначальвае яго сын Ягайла, у праваслаўным хрышчэнні Якаў, але як толькі спрабуе ўзмацаваць сваю ўладу, то яго стаўленік Скіргайла... выязджае з Віцебска на здыхотнай клячы, пасаджаны да хваста тварам! За Андрэем Полацкім стаяць гарой Пскоў, Навагорад, Масква, Цвер, Кіеў – праваслаўны Усход, незалежна ад фармальнай залежнасці ад ВКЛ ці Залатой Арды, яднаецца дзеля абароны веры – Скіргайла выляцеў з Віцебска гэтаксама, як стагоддзем раней з той жа Цвяры павыляталі татарскія баскакі, зборшчыкі падаткаў. Ягайла змаўляецца з ханам Мамаем аб супольным паходзе на Маскву – сячы, дык пад корань! – але... паварочвае назад за адзін пераход ад Куліковага Поля, і там у 1380 годзе маскоўцы і палачане першы раз пабіваюць шматтысячную татарскую конніцу, падмацаваную... еўрапейскай пяхотай, што навербавалі ў каталіцкіх краінах генуэзскія (генуйскія?) купцы і сваім коштам перавезлі ў свае гавані на вусці ракі Дон! Ягайла павярнуў па той простай прычыне, што ў войску ВКЛ па-ранейшаму з кожных дзесяці харугваў сем-восем праваслаўныя – выступі ён супраць маскоўскага Дзімітрыя і Андрэя Полацкага на баку татараў, яго б свае пасеклі на кавалкі... І ўжо ў 1385 годзе Ягайла сам, без змовы і рокашу, едзе ў Кракаў, хрысціцца другі раз і бярэ нове імя Уладыслаў, потым шлюб з Ядзвігай – і Польшча мае пачатак новай дынастыі... Потым добра вядомая гісторыя з уцёкамі Вітаўта да крыжакоў, грамадзянскай вайной, прызнаннем ВКЛ пажыццёвым уладаннем Вітаўта, Грунвальдам ды Гарадзельскай Уніяй 1413 года. Спынімся на момант толькі на рокашы Свідрыгайлы – уцёк у Маскву, потым спаліў Серпухаў і ўцёк з Масквы, потым змовіўся з немцамі аддаць ім – што цікава! – усе землі ВКЛ, дзе няма праваслаўных, быў схоплены людзьмі Вітаўта і... ізноў, як і Яўніс, не забіты, але кінуты ў падвал крэпасці Камянец! Зноў-такі гісторыкі сцвярджаюць, што Вітаўт на жыццё Свідрыгайлы выменяў у яго брата Уладыслава Ягайлы цэлае багатае Падолле... Але ж больш верагодна, што Вітаўт ніяк не мог забіваць Свідрыгайлу – ізноў падняліся б усе праваслаўныя абшары, з пункту гледжання Полацка ці Смаленска Свідрыгайла не быў здраднікам, бо аддаў немцам не іх!
А вось той жа Ягайла раней не пабаяўся забіць старога Кейстута, бацьку Вітаўта, – Кейстут абапіраўся на захад ВКЛ, на Трокі і Гродна, дзе насельніцтва і баярства ці рыцарства было мешаным, так што Ягайлу іх рокаш быў не страшны, тады ён яшчэ не згубіў падтрымкі Полацка...
Такая была паміж нашымі продкамі згода, талеранцыя, цярпімасць і памяркоўнасць. Мне чамусьці здаецца, што Ягайла пабег аж у Кракаў толькі па той прычыне, што неяк бяссоннай ноччу зразумеў, што нічога тут паяднаць нельга і што гэты кацёл аднойчы выбухне і разнясе сам сябе і ўсіх суседзяў на дробныя кавалкі. І хіба гэта таксама адчувалі – гэта значыць, становішча Ягайлы ў сваім гаспадарстве, – біскупы з Гнезна і Кракава, ужо з тых часоў фактычна кіруючыя ўсёй Польшчай, прынаймней, яе замежнай палітыкай. Канешне, актуальныя выгоды для Польшчы былі відавочныя – няпэўная літва на ўсходзе з яе нападамі (апошні раз Свентакшыскі кляштар рабавалі... тыя ж Ягайла і Вітаўт!, толькі тады не былі яны дзяржаўнымі дзеячамі, бо мелі па дваццаць з лішкам гадоў), цяпер замянялася ў саюзнае ВКЛ, няхай сабе і праваслаўнае працэнтаў на восемдзесят – было троху паганаў, патэнцыяльных каталікоў...
Крэўская Унія 1385 года падначаліла ўсходнюю палітыку Польскага Каралеўства ўсходняй палітыцы польскага касцёла. Не ў тым была будучая бяда Польшчы, што ад Ягелонаў яна канчаткова кінула Шлёнск і Паморыю ды рушыла на Крэсы – бяда ў тым, што з таго часу на Усходзе інтарэсы касцёла былі вышэй за інтарэсы Польшчы. І пры Ягайле, і ў наступных стагоддзях, і перад падзеламі, і ў разабраным на тры кавалкі выглядзе, і ў паўстаннях рамантычных, і ў ІІ Рэчы Паспалітай, і да нашых дзён.
І так, пад Грунвальдам у 1410 годзе немец быў пабіты так, што пяцьсот гадоў са зброяй у руках не пераходзіў на правы бераг Нёмана. Наступныя пасля чатырыста дзесятага два гады прайшлі ў патаемных перамовах, і ў 1413 годзе ў Гародлі над Бугам была абвешчана... новая Унія! Пры гэтым Вітаўт пазбаўляўся, так бы мовячы, цвёрдых кайданоў папярэдняй Уніі 1401 года (мельніцкай), але нічога не выйгрываў у параўнані ні з Крэўскай, ні нават з Востраўскай – не выйгрываў, як гаспадар дзяржавы. Таму, што Вялікае княства Літоўскае заставалася часткай канфедэрацыі, а не рабілася самастойным каралеўствам, як тая ж Польшча. Але Вітаўт значна выйгрываў як самадзержац, дыктатар! таму, што прывілеі шляхты на польскі ўзор, „братнія” гербы і роды атрымвалі ў Гародлі толькі каталікі ВКЛ, праваслаўныя не атрымвалі нічога; больш таго – тыя, хто меў дзяржаўныя пасады пры двары ў Вільні ці на правінцыі, іх фактычна пазбаўляліся. Гародля грамадзянскай вайны не выклікала, бо апазіцыі не было каму ўзначаліць – князь Сямён Лугвен быў у Навагорадзе, князь Свідрыгайла сядзеў у Камянцы... І здавалася, што цяпер перад верай лацінскай
кожны дол напоўніцца
і кожная гара і пагорак панізяцца,
крывізны выпрастаюцца
і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі.
Лука ІІІ, 6,
– але дзе там! Нават тое, што хітрамудры Вітаўт выправіў пяць тысяч праваслаўнага рыцарства – „дабраахвотнікі”! – на дапамогу гусітам Яна Жыжкі ў Чэхію, бо чэхі далі яму сваю чэшскую карону, а Святы Айцец у Рыме кароны за Вітаўтам не прызнаў і адзін па адным абвясціў супраць гусітаў чатыры крыжацкія паходы, – нават тое спакою на Крэсы не прынесла. Быў ён толькі да смерці Вітаўта ў 1430 годзе, пасля чаго каталікі клікнулі вялікім князем Жыгімонта. Потым, пасля жахлівага забойства яго, палякі адразу рабілі вялікага князя каралём Польшчы! Гэта зробіцца традыцыяй, высвенчанай, ясная справа, касцёлам! Праз які год праваслаўныя перабілі гарнізон Камянца
і клікнулі вялікім князем старога Свідрыгайлу... Край разарваўся такі грамадзянскай вайной, прычым на баку каталікоў са Жмудзі біліся польскія харугвы, а на бакуі праваслаўных з Полацка... учарашнія ворагі немцы з Лівоніі. І нават перамога над праваслаўнымі ў вайне і натуральная смерць Свідрыгайлы нічога не перамянілі: былі жывыя праваслаўныя князі Астрожскія, Лукомльскія ды Чартарыйскія і адзін з апошніх праламаў галаву вялікаму князю Жыгімонту, а неўзабаве сам польскі кароль загінуў у бітве з туркамі пад Варнай – і абедзве краіны, Літва і Польшча, апынуліся зноў без галавы...
Чарговым вялікім князем ВКЛ быў абраны Казімір, сын Ягайлы і праваслаўнай княгіні Сафіі Гальшанскай – ясная справа, імгненна і палякі абралі яго ж каралём Польшчы. Судзебнік Казіміра 1447 года быў першым дакументам, які ўстанаўляў хоць нейкі адносны парадак на Крэсах, бо раней усё вырашалі меч і пятля, якія гісторыкі з чорным гумарам называюць звычаёвым правам – адгэтуль праваслаўныя і каталікі фармальна раўняліся ў правах, гэта значыць, мелі роўнае права займаць дзяржаўныя пасады. Але, паколькі ні тады, ні пазней так і не дамовіліся замацаваць адны канкрэтныя пасады за каталікамі, а іншыя за праваслаўнымі – за гэтыя пасады ішла бесперапынная грызня не толькі паміж кланамі адной канфесіі, але паміж усімі кланамі. Альбо – рэлігійная вайна на Крэсах, хоць і зрабілася „халоднай”, але ж зрабілася таксама перманентнай, а такая вайна награваецца да гарачай пры кожным любым выпадку. Чым і карысталіся адгэтуль усе суседзі – і ворагі, і саюзнікі. Зразумела, у інтарэсах Польшчы, як дзяржавы, было перарваць такое становішча ў самым зародку, таму што „ліцьвінскі” бардак і грызня праз пабрацімства найбольш уплывовых фамілій вельмі хутка перакінулася на саму Польшчу, але ж інтарэсы Польшчы на практыцы выглядалі так сама, як інтарэсы касцёла. Палітыка ж каталіцкага касцёла хутка ўва ўсёй Еўропе робіцца больш дынамічнай, больш агрэсіўнай па ўсіх напрамках, у тым жа і на Усходзе. Дадаткова ж алей на агонь льецца і з другога боку...
У 1453 годзе туркі бяруць штурмам Канстанцінопаль – валіцца сталіца праваслаўя. Неўзабаве апошняя з роду Палеолагаў, дачка імператара Сафія, бярэ шлюб з вялікім князем маскоўскім Васілём ІІІ – сталіца праваслаўя замацоўваецца на Маскве, а вялікі князь сябе абвяшчае кесарам, царом маскоўскім, нашчадкам Візантыі, сваё ж княства – Трэцім Рымам (другім называлі раней Канстанцінопаль). А задоўга да таго мітрапаліт з Кіева, галава ўсіх праваслаўных Масквы і Літвы, пераязджае з Кіева ў Маскву. Гэтая часовая эміграцыя робіцца з цягам часу сталай; ад таго часу цэнтр праваслаўя не Полацак і не Кіеў, але Масква. Пазіцыя мітрапаліта абсалютна зразумелая – у ВКЛ праваслаўная царква на працягу праўлення Вітаўта і Казіміра зрабілася прымусова-апазіцыйнай, дакладней, з яе зрабілі ворага дзяржавы, на Маскве ж у тыя часы мітрапаліт меў большую ўладу, чым... сам вялікі князь! Нават пад туркамі кожны чарговы Васіль альбо Іван перад тым, як ехаць у Арду па ярлык альбо дазвол на вялікакняжанне – гэтак у Еўропе васал ездзіў па ленн! – спачатку ехаў да мітрапаліта па блаславенне. Канчаткова такі парадак захоўваўся да часоў ужо патрыярха (патрыярства на Маскве заснавана ў 1589 годзе) Нікана і яго рэформаў, якія выклікалі гэтак званы царкоўны раскол – сам Нікан таксама быў скінуты са свайго месца царом Аляксеем Міхайлавічам, а сын яго, Пётр Вялікі, увогуле патрыярства скасаваў і падначаліў царкву ў Расійскай Імперыі Свяцейшаму Сіноду, альбо, па-цяперашняму, міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі... Усё гэта прывяло да таго, што ў Маскоўскім Княстве праваслаўе сталася нацыянальнай, а не толькі дзяржаўнай верай – з той пары і дагэтуль у Расіі рускі і праваслаўны гэта адно і тое самае!
Але менш вядома, што апошнія Палеолагі шукалі падтрымкі... у Святога Айца ў Рыме, удзельнічалі ў шматлікіх доўгіх саборах XVI стагоддзя, нават пры пэўных умовах згаджаліся на унію абедзвюх хрысціянскіх канфесій! І Вітаўт Вялікі пасля Гарадзельскай Уніі нейкі час камбінаваў паўстанне самастойнай праваслаўнай царквы, незалежнай ад Канстанцінопаля і тым больш ад Масквы – быў абраны і свой мітрапаліт, серб Цамблак Рыгор, але ж Вітаўт, з прычыны ангажавання ў еўрапалітыку ды жадання радыкальна развязаць канфесійную варожасць у сваім гаспадарстве, захацеў пераскочыць яму за два крокі: і завесці свайго мітрапаліта, і падпарадкаваць яго Рыму праз тую ж унію, прыкладна, як свайго каталіцкага біскупа... Цамблак нават ездзіў у Еўропу на сабор, вёў перамовы з папаю... З гэтага нічога не атрымалася, бо не магло атрымацца – калі ад словаў пераходзілі да справы, унія аказвалася не тое што аднабокай, але на ўмовах Рыма знікала ўсялякая адметнасць праваслаўя, апроч адной: новая уніяцкая царква, хоць і прызнавала ўладу Рыма, але па-ранейшаму разглядалася ніжэй за каталіцкую. Пазней на такіх жа ўмовах заключылі-такі Брэсцкую Унію 1596 года...
Палеолагі нічога не знайшлі ні ў Рыме, ні ў Вільні – хаця па асобных звестках імператар і патрыярх былі згодныя... часова перабрацца з Канстанцінопаля ў Кіеў! – і тады ўгледзелі яшчэ адзін праваслаўны край, а менавіта Вялікае княства Маскоўскае. Дарэчы, як толькі Васіль ІІІ пасля шлюбу з Сафіяй абвясціў сваё гаспадарства нашчадкам Візантыі і апорай усіх праваслаўных, пры першай жа нагодзе (хан Залатой Арды Ахмет запатрабаваў заплаціць дань за дванаццаць задоўжаных гадоў!) разарваў з Ардой, выставіў супраць яе войска і выстаяў тры тыдні на рацэ Угра; татары павярнулі назад. Гэта было ў 1480 годзе – на дату ўвага! – у тым жа годзе выкрыта ў ВКЛ гэтак званая „змова князёў Бельскіх”, мэтай якой было ўтварэнне на праваслаўных землях ВКЛ... незалежнай праваслаўнай дзяржавы! Змова была выяўлена, змоўшчыкі часткова былі пакараныя смерцю, часткова збеглі да Васіля ІІІ, а падчас першай маскоўскай вайны ў 90-х гадах XV стагоддзя ад ВКЛ адпадаюць Бранск, Чарнігаў і Гомель. Потым адбываецца „мяцеж Глінскага”, буйнейшага тады праваслаўнага князя, уладара ўсяго беларускага і ўкраінскага Палесся, татарына з паходжання, які дванаццаць (!) гадоў вучыўся і жыў у Германіі ды Італіі. У 1506 годзе, ужо пры вялікім князі Аляксандры, Глінскі пабіў пад Клецкам крымскіх татараў, пасля чаго тыя больш не вялі маштабнай вайны супраць ВКЛ і абмяжоўваліся асобнымі нападамі, але потым... ізноў паспрабаваў ён учыніць незалежную праваслаўную дзяржаву! Спроба ізноў не ўдалася, а сам Глінскі... ізноў уцёк у Маскву.
Заўважым, што ўсе праваслаўныя рокашы адбываюцца менавіта на поўнач ад Прыпяці, гэта значыць, на сучаснай Беларусі – князі Астрожскія, уладары Валыні і Падолля, у гэтым не ўдзельнічаюць; там пакуль што меншы ціск з боку „братоў”-каталікоў...
Ад гэтага часу войны паміж Масквой і Літвой ідуць бесперапынна. У чарговай з іх быў страчаны Смаленск – хоць гетман Астрожскі і пабіў 80-цітысячнае маскоўскае войска пад Воршай у 1514 годзе, у гонар чаго заснаваў у Вільні чарговую праваслаўную царкву і прысвяціў „перамозе над варварамі” (!!!) – але Польшчу гэтыя войны мала цікавяць, хоць ВКЛ і мае быць у стратэгічных планах польскай правінцыяй. У думках касцёла гэта чужыя войны, гэта войны праваслаўных з праваслаўнымі, хоць ужо маскоўцам і да Полацка недалёка, а там і да Вільні чатыры пераходы лёгкай кавалерыі.
Між тым рушыць і Захад. Генуэзец на гішпанскай службе Крыштап Калумб, замест абяцанай каралю Індыі, трапляе ў Амерыку, але, замест абяцанага золата, прывозіць нешта яшчэ горшае – спакусу пра Новы Свет, мрою пра Terra Incognita. Другі вольнадумец, вучоны манах Марцін Лютар, піша пратэст супраць гандлю індульгенцыямі; практычныя немцы адразу кемяць, што, калі за грошы бессмяроцця не купіш, то на ліха тады плаціць касцёлу дзесяціну і ўвогуле навошта біскупам і ксяндзам золата; а калі мацней падумаць, то навошта ў такім выпадку той Рым і Святы Айцец, бо можна ж абраць кожнаму месцу свайго ды яшчэ выбарнага пастара ды пасадзіць яго на цвёрды аклад, як ратмана ў ратушы... Рэфармацыя набывае мацаты ў Германіі, Англіі, скандынаўскіх краінах. Каталікам робіцца цесна, тым болей, што туркі ў 1526 годзе пабілі венграў і дайшлі да Вены ды Львова, так што супроць іх выдаюць усе сілы і сродкі палова Германіі ды ўся Італія. І вось гішпанцы і партугальцы рушаць на другі бок Атлантыкі, а польскі касцёл актывізуе свае намаганні падначаліць Усход, таму, што ёсць небяспека, што менавіта на нічыіх Крэсах зробіць сабе гняздо пратэстанцкая зараза. На кацёл пад парай паміж Бугам і Дняпром ды Дзвіной і Прыпяццю дадаткова ціснуць з двух бакоў – з каталіцкага Захаду і праваслаўнага Усходу. А навонак той Край нібы спіць, бо тут з часоў Вітаўта і да часоў Боны Сфорцы ані зямлю па-новаму ні мералі, ані замкі мураваныя ставілі, ані навукі заводзілі, ані войска парадкавалі, а толькі спалі на неабсяжных прасторах, дзе кіеўская вярста была два разы даўжэйшая за віленскую, а маёнткі нямераныя і цэлы Край першабытны, спалі там і снілася толькі часам, што
ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць,
бо ўсякае дрэва,
якое не родзіць добрага плоду,
ссякаюць і кідаюць у агонь.
Лука ІІІ, 9
Нешта ўсё ж такі рухалася. Прывучылася шляхта пасылаць дзяцей вучыцца ў Еўропу. Ехалі найперш на Ягелонку ў Кракаў – там нават цэлы курс чыталі па-русінску. Дарэчы, тая Еўропа спрабавала Крэсы неяк запарадкаваць, хоць у кваліфікацыі – юрысты як ні як! – і падзялілі нас ясна ды проста: ліцьвін – гэта католік з славянскай часткі ВКЛ, самагіцін (жамойт!) – каталік, але са Жмудзі, а русін – гэта з тых жа славянскіх земляў, але праваслаўны. Тады ж італьянец адзін упершыню ў Еўропе піша Чорная Русь ды Белая Русь – „чорнай” у яго выходзіць Панямонне, а „белай” Полацак, Віцебск і Кіеў. Сягоння шматлікія гісторыкі ніяк паходжанне тых тэрмінаў не вывядуць: то з вопраткі бяруць, то з колеру валасоў, то з веры (адна паганская, другая хрысціянская!), але ж, паўтараю, гэта пісаў італьянец часоў позняга Сярэднявечча, а ў навуцы тых часоў „белы” азначаў пачатковы, а „чорны” наступны – ну, як папера і чарніла... І так выходзіць, бо спачатку да хрысціянскай веры, гэта значыць, да цывілізацыі прыступіла Полацкае княства, а намнога пазней Панямонне. Адразу заўважым, што той італьянец назву Белая Русь мог пачуць тут сваімі вушамі, а тую Чорную Русь проста дапісаць на грунце свайго еўрапейскага, лацінскага ды універсітэцкага, педантызму – бо ж у праваслаўных хроніках белы азначае слушны, сапраўдны, хрысціянскі; гэта калісьці, яшчэ заснавальнік цяперашняй Расіі, каланізатар Акі і Волгі святы князь Андрэй Багалюбскі называў Белай Руссю падбіты ім Край з Уладзімірам-на-Клязьме і з будучым цэнтрам Масквой; потым гэты Край трапіў пад татараў, таму назва белы, свабодны павандравала на Смаленск, а калі Смаленск падпарадкаваў Вітаўт, то распаўсюдзілася на Полацак, Віцебск і ўсе праваслаўныя землі ВКЛ. На Маскве нас доўга пісалі гэтаксама, як у Еўропе: Митька купец литвин белорусец... Значыць, прыехаў на гандаль з Літвы, ёсць праваслаўнай веры.
Вяртаючыся да шляхты, а потым і да купецтва ды іх дзяцей на кракаўскай Ягелонцы: калі хто з нашых даязджаў толькі да Кракава, то па вяртанні дамоў ён так і заставаўся з польскай мовай, а калі ж хто пасля Ягелонкі ехаў яшчэ далей і там бачыў, што на Польшчы Еўропа не канчаецца, то ён, пасля вяртання дамоў, гаварыў па-беларуску, а пісаў на лацінскай – так тады ўся Еўропа пісала! Магілеўскі шляхцюк Мікола Гусоўскі са сваёй „Песняй пра зубра” – пісаў яе ў Рыме, дзе быў дыпламатам ВКЛ! – быў другім шырокавядомым у Еўропе аўтарам ува ўсіх славянскіх народаў. Пасля самога Яна Гуса...
Сын полацкага купца Францішак Скарына, пасля Ягелонкі, атрымаў ступень доктара ў венецыянскай Падуі ды працаваў у Залатой Празе. Адтуль прывёз у Вільню першы пераклад Бібліі на старабеларускую мову, друкарскі станок, рыштунак, майстроў і ўсё астатняе...
– А навошта нам гэта? – здзівіліся ў Вільні такія ж, як Скарына, праваслаўныя. – Мы і так па латыні можам... Хамаў ты нам не бунтуй Божым словам! Едзь на Маскву, няхай там чытаюць, там латыні няма...
Быў бы гаспадар у тым ВКЛ, то на базе аднаго Скарыны заснаваў бы ў Вільні універсітэт – як некалі Ядзвіга ў Кракаве (дарэчы, дзеля гістарычнай справядлівасці Ягелонку варта пераіначыць на Ядзьвіжанку, бо наш Ягайла да канца жыцця так і быў непісьменным, а шматлікія мовы ведаў на слых!). Але дзе там! Каму тое патрэбна, адным жабракам, бо свайго сына я і сам да той Італіі адаслаць вучыцца магу... Не, хамы маюць у гаўне сядзець, няма чаго ім да караля скакаць, таму мы парадзім, бо то мы Радзівілы, а быдла мае ў гаўне сядзець... Скончылася тым, што Скарына ледзь уцёк з Масквы, дзе яго (не без падставаў!) узялі за каталіцкага агента, не знайшоў месца ў Вільні і... славіў далей еўрапейскую навуку ў Каралеўцы, Капенгагене і Празе. Тут, на Крэсах, ён так і застаўся двойчы пачынальнікам. Першы друкар і першы непатрэбны...
Між тым, Усход, пасля ліквідацыі татарскага ханства ў Казані, заваёвы усяе Волгі, а таксама памежных з Еўропай Навагорада і Пскова, апошніх праваслаўных рэспублікі з уласнай царквой, асмялеў і адкрыта рушыў да Балтыку. Іван IV Жахлівы высылае рускіх і татараў на Нарву, Рэвель, Дэрпт, Рыгу і... Полацк. І ўзяты Полацк штурмам зімой 1563 года! Казацкія і татарскія загоны даходзяць да Вільні, а гетман Радзівіл мае чатыры тысячы войска супраць дзесяткаў тысячаў у царскіх ваяводаў.
Палякаў гэта мала абыходзіць – таму, што яны інспіравалі гэты развал і раскол на Крэсах. Палякі дамагаюцца і вымагаюць у 1569 годзе Люблінскую Унію – у выніку на Крэсах даходзіць да новага расколу: ВКЛ канчаткова разбіваецца на Беларусь і Украіну – усё, што на поўдзень ад Палесся, у тым жа Кіеў, інкарпаруецца ў Карону; Літвою ж застаецца Жамойць і Беларусь – плацдарм для вайны з Масквой за Інфлянты, за знішчаны ўжо ваяводамі Івана IV некалі грозны Лівонскі Ордэн. Вайна за Інфлянты азначае пачатак... вайны за інкарпарацыю ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ў склад нават не Рэчы Паспалітай, але проста Польшчы. Упершыню ясна праяўляецца ідэя, сфармуляваная калісь князем Баляславам Харобрым ды св. Войцехам...
Інкарпарацыя ж мае рабіцца паводле старога рымскага, а пазней касцельнага прынцыпу – крок за крокам. Спачатку дзяржаўная унія і падпарадкаванне Літвы Кароне, потым рэлігійная унія і падпарадкаванне праваслаўнай царквы каталіцкаму касцёлу. У Польшчы ў гэты час – да Ягелы – бескаралеўе, а яна адважваецца на наступальныя акцыі! Але ў тым нічога дзіўнага: кароль ужо даўно і безнадзейна выбранец, паміж выбарамі галоўным ёсць прымас, а галоўны паміж выбарамі і вызначае выбранца.
Пасля 1569 года ВКЛ у якасці дзяржавы існуе толькі праз адно чалавечае пакаленне, пакуль сярод паноў-рады яшчэ ёсць праваслаўныя Астрожскія ды кальвіністы Радзівілы. Як толькі да ўлады даходзяць іх дзеці-каталікі, вучні езуіта Пятра Скаргі, то дзяржава ВКЛ знікае і ператвараецца ў велізарную правінцыю Рэчы Паспалітай. А нейкія там свае грошы, суды, войска не маюць ніякага значэння, таму што і сама Рэч Паспалітая даўно разабраная на кавалкі ды трымаецца толькі касцёлам. Са смерцю ў 1633 годзе канцлера ВКЛ Льва Сапегі, гісторыю ВКЛ можна лічыць замарожанай на вякі. Усялякая Белая і Чорная Русь знікаюць з еўрапейскай палітыкі, а калі ўсплываюць, дык толькі з прычыны чужых спекуляцый. Пазнейшыя міжусобіцы – усе гэтыя казацкія, турэцкія ды шведскія войны, усе рыцары і паненкі, героі і здрайцы, паны і хамы – ёсць толькі сюжэты і персанажы для школьных падручнікаў, папулярнай літаратуры ды масавага кінематографа. Пра такія часы добра глядзець кіно з голымі дзеўкамі, бясконцымі папойкамі, стралянінай і мардабоем. Не дай Бог у такія часы жыць...
Сотні гадоў не мянялася тут нічога – у 1772 годзе магнатэрыя і шляхта сеймікавала ў тых жа кунтушах і жупанах, што і ў 1648 годзе; трэба думаць, хам на зямельцы і рамеснік за варштатам за тыя гады абадраліся яшчэ горш. Спачатку людзі грашылі, потым каяліся, потым зноў грашылі, золата адлівала крывёй, а кроўю сплывала золата. Люд жыў у цемры граху – хіба таму ніколі не будавалі на Беларусі столькі кляштараў і касцёлаў, як за тыя сто пяцьдзесят гадоў. Невядома – дайце веры! – ці гэта дух перамог цела, але
пыталіся ў яго людзі:
што ж нам рабіць?
Лука ІІІ, 10.
Што датычыцца Берасцейскай Царкоўнай Уніі 1596 года, то пасмею зрабіць некалькі заўвагаў, якія нікому не даспадобы.
Па-першае, ідэі Пятра Скаргі пра яднанне ўсіх хрысціянаў перакруцілі да немагчымасці. Скарга крытыкаваў праваслаўную іерархію (заўважце, іерархію, а не канфесію!) па некалькіх пунктах: перадаюць свае царкоўныя чыны і месцы ў спадчыну; кладуць на свае вёскі найбольшыя падаткі; не вучаць вернікаў Слову Божаму і самі яго не ведаюць; служаць не дзяржаве, але апекуну ўласнаму; не дапускаюць у манахі і школы бедных, бо тыя не маюць чым заплаціць і г.д. Потым усё перакруцілі – замест іерархаў пагражалі анафемай усёй Царкве; замест зменаў унутры Царквы патрабавалі падпарадкавання Рыму; замест паяднання каталікоў і праваслаўных на роўных навязалі падпарадкаванне праваслаўных нават не Святому Айцу ў Рыме, але... мясцовым каталікам; новапаўсталыя уніяты былі людзьмі другога гатунку, як і праваслаўныя...
Берасцейскую Унію 1596 года падмацавалі подпісам толькі чацвера праваслаўных іерархаў. Тым не менш і канцлер Сапега, і кароль зацвердзілі яе такім чынам, што ўся праваслаўная Царква была абвешчана па-за правам! Уніяцкі біскуп Езафат Кунцэвіч перахрышчваў на Унію агнём і мячом – пакуль у 1623 годзе яго не забілі віцебскія мяшчане... Дарэчы, той храм, што цяпер у Полацку называюць Сафійскі Сабор, пастаўлены уніятамі на падмурках сапраўднага сабора ажно з ХІ стагоддзя, які быў зруйнаваны... тымі ж уніятамі! З палемічнай беларускай літаратуры таго часу („Прамова Мялешкі”, „Ліст да Абуховіча” і інш.) неяк выпадае ў нашых гісторыкаў ліст канцлера Льва Сапегі да біскупа Езафата Кунцэвіча, незадоўга да забойства апошняга. Там сказана даслоўна, што праз вашу Унію цэлы край спакой згубіў і сам з сабой вайну распачаў, што не хочуць людзі той Уніі, а пра спосабы вашы навароту да яе „у нас уси суды скаргами забиты” – і далей піша канцлер, што, каб ведаў наступствы Уніі той, то ніколі б не даў згоды на яе... Ліст быў прыватны і стаў апублікаваны толькі праз сотні гадоў. Леў Сапега палічыў за лепшае сваю памылку не выпраўляць, бо ад таго было б толькі горш. Ён толькі меланхалічна адзначыў у дыярыушу:
Не выжыве доўга дзяржава тая,
дзе большасць дурная перамагае...
Дарэчы, забароненая ў 1596 годзе праваслаўная Царква існавала ў ВКЛ у падполлі, база яе перамясцілася на Украіну, праваслаўе стала ідэалогіяй запарожскага казацтва, нацыянальна-вызваленчага руху... Калі коратка, то менавіта тады ўкраінцы аддзяліліся ад беларусаў. Беларусы перайшлі на уніяцтва, ці змужычыліся, а часткова кінуліся ў каталіцтва, украінцы ж (па-за Львовам і асобнымі магнатамі накшталт Іерамія Вішнявецкага) скансалідаваліся з гультаёў і казакоў (па-татарску кайсак – гэта разбойны чалавек на шляху!) у рэспубліку Запарожская Сеч. Геаграфічны тэрмін украіна (ускрай) менавіта тады робіцца геапалітычным.
Адразу пасля Уніі... перайшоў Прыпяць і Дняпро атаман Севярын Налівайка (імя і прозвішча выключна з Крэсаў) і два гады гаспадарыў у Магілёве і Пінску. То было папярэджанне – гетман Багдан Хмяльніцкі з рэгулярнай казацкай арміяй меў прыйсці пазней... А ў ВКЛ, скурчаным да памераў сягонняшніх Летувы ды Беларусі, забарону праваслаўя адмяніў Сойм 1633 года: у тым годзе памёр Леў Сапега, у тым годзе Рэч Паспалітая скончыла чарговую вайну, але, хоць і адстаяла зноў забраны Смаленск, ды толькі кароль адмовіўся ад тытула... „царя московского и Всея Руси”! Тытул жа той прышчапіўся пасля ўмяшання новаскаталічаных паноў ВКЛ – Сапегі, Мнішака, Лісоўскага etc. – у грамадзянскую вайну у Масковіі 1605-18 гадоў, узяцця Смаленска, узяцця нават самой Масквы і... адступлення пад ударамі народнага войска Мініна і Пажарскага, набранага на грошы купцоў з Волгі! Цікава, ці мог тады хто ў ВКЛ ці Кароне сабраць за свае грошы войска па-за магнатэрыяй ды касцёлам?! Ці была такой безнадзейна „дзікай” тая Масковія, якую збіраліся не толькі „канфедэраваць”, але паважна далучыць да Уніі?!
„Легалізацыя” праваслаўя 1633 года была справай добрай, але спозненай – праз пятнаццаць гадоў пачаўся патоп.
Калі ў 1648 годзе Багдан Хмяльніцкі (у сваім „Агнём і мячом” нобелеўскі лаўрэат Генрык Сянкевіч забыў дапісаць, што Хмяльніцкі ведаў дзевяць моваў, а стажыраваўся ў мушкецёрскіх палках французскай арміі, дзе быў асобны полк запарожцаў!) распачаў адкрытую вайну супраць Польшчы, на Беларусь рушылі толькі дапаможныя казацкія загоны пад камандаю... беларуса Марціна Крэчаўскага! Само прозвішча паказвае, што ён з падмагілеўскага Крычава, Крэчата на тутэйшы манер – трэба думаць, што і палкі яго былі набраныя не з нейкіх там „украіньских козаків”, але з тутэйшых, іначай наўрад ці меў бы тут поспех. Пры ўсіх казацкіх пагромах – па асобных ацэнках, у 1648–54 гадах на 4-мільённай Беларусі загінула дзвесце тысяч чалавек! – няма звестак пра масавы партызанскі рух у адказ, хаця пасля ўварвання рэгулярнай маскоўскай арміі годам пазней большасць перапіскі цара Аляксея Міхайлавіча з ваяводамі датычыцца не рэгулярнай арміі ВКЛ, але „шишов”, мужыцкай і шляхецкай партызанкі! З Украіны прыйшлі назад тыя, хто не хацеў прымаць Унію і аддаваць грошы касцёлу – пагромы датычыліся жыдоўскіх гетаў у местах і мястэчках (гандаль, ліхвярства, дзяржаўныя падаткі і г.д.) ды хутароў і фальваркаў новаакаталічанай шляхты; яшчэ перад маскоўскай вайной шляхта ачысціла Старадубскі павет і ўвогуле ўвесь левы бераг Дняпра, куды не вярнулася нават пасля канца вайны ў 1667 годзе! Не вярнулася, бо не было каму вяртацца, Крычаўскае староства скарб дзяржавы за бясцэнак прадаў Радзівілам...
Тры гады спатрэбілася рэгулярнаму войску Януша Радзівіла Пяруна, каб узяць штурмам (!) Пінск, Рэчыцу, Мазыр, Рагачоў, Быхаў і нарэшце ў 1651-м разбіць Крэчаўскага ды нават на кароткі час заняць Кіеў... Але гэта быў часовы поспех. Пакуль ішла вайна на Беларусі, гетман Хмяльніцкі набраў пяцьдзесят тысяч войска і ў пыл разграміў каронную армію пад Батогам – цяпер у Маскве на яго місію глядзелі зусім іначай. У 1654 годзе дайшло да саюза паміж царом і гетманам, а летам у межы ВКЛ уварваліся чатыры арміі, разам больш ста тысяч чалавек; праз год была ўзятая Вільня, а ў каронную Польшчу ад Гданьска ўварвалася шведская армія...
У выніку вайны 1654–67 гадоў ВКЛ канчаткова страціла толькі Смаленск. Аднак страты ў людзях былі непараўнальныя: з блізу 4 млн. чалавек засталося – паводле рэвізіі 1671 года – 1 млн. 850 тысяч... У палон у Маскву вывелі да 300 тыс. мяшчанаў – вясковых не бралі! – у выніку насельніцтва самой адно Масквы вырасла на дваццаць адсоткаў; таксама павялічыліся Ніжні Ноўгарад і інш. І выведзены былі пераважна рамеснікі: збройнікі, рэзчыкі, кафляры і г.д. Такім чынам, беларускае мяшчанства практычна знікла – і беларусы ператварыліся ў вясковы люд. Тая іх частка, што ўзначальвала атрады „шишов”, была прынятая ў шляхецтва – зразумела, пры ўмове пераходу ў каталіцтва... Вось адкуль яны ды іх дзеці ўчынілі ў наступным стагоддзі суцэльную папіюху ажно да часоў забораў! „За Саса едлі од паса”... Гэта была ўжо не шляхта ў поўным значэнні гэтага слова, толькі частка іх цягнулася хоць да езуіцкай навукі, а да Еўропы, куды раней ехалі вучыцца купцы – як той жа Скарына! – цяпер і са „шляхты” траплялі адзінкі!
Карацей кажучы, ад вайны за праваслаўную веру больш усяго выйгралі маскоўскі цар (Смаленск, „людишки”, здабыча) ды... каталіцкі касцёл Рэчы Паспалітай! Пасля вайны, не тое, што няма ніякай апазіцыі ні каталікам, ні уніятам, але ўцалелыя праваслаўныя ледзь здольныя былі трымаць мізэрныя драўляныя цэркаўкі па вёсках! У нейкім сэнсе выйграла на той катастрофе ВКЛ нават габрэйскае зямляцтва – нягледзячы на велізарныя страты ў людзях, іх працэнт сярод насельніцтва ВКЛ ажно павялічыўся, таму, што на літоўскую пустку масава эмігравалі габрэі з цэнтральнай Еўропы, пераважна з Германіі; тады менавіта габрэі на Беларусі пераходзяць на ідыш, да вайны большасць з іх гаварыла... па-беларуску, як і нашы татары! Але, найбольш выйгралі ад вайны мясцовыя магнаты – Радзівілы, Сапегі, Агінскія... Пасля вайны, Радзівілы мелі 16 местаў, 583 вёскі, 25 старостваў, агульны даход дасягаў 20 млн. злотых у год, што ў паўтары разы перавышала бюджэт цэлай Рэчы Паспалітай! Не горш выглядалі справы ў Вішнявецкіх, Глябовічаў, Пацаў, Сангушкаў, Ябланоўскіх – між іншым, следам за Радзівіламі са сваімі даходамі ішло... віленскае біскупства. Здавалася, што ў такіх умовах поўная каталіцызацыя Беларусі ёсць справай дваццаці гадоў альбо аднаго дзейснага пакалення. Але, насамрэч, разам са значным змяншэннем працэнта праваслаўных, працэнт каталікоў... практычна не ўзрастаў! Затое, праз дваццаць гадоў, уніяты складалі ўжо дзве траціны ўсяго насельніцтва Беларусі!
Пры гэтым цікава, што не было асобных раёнаў, як у канфесійна падзеленай Германіі, дзе б панавала тая ці іншая канфесія – каталікі, уніяты і праваслаўныя больш-менш роўна насельвалі ўсю Беларусь. Больш праваслаўных вёсак было на Палессі, Падляшшы і Магілёўшчыне, больш каталіцкіх вёсак (амаль выключна біскупскіх, а не шляхецкіх!) у радыюсе 200-300 км ад Вільні, але пераважала ўсё ж вёска уніяцкая – шляхта ж у пераважнай большасці была ўжо каталіцкай; кальвіністы альбо праваслаўныя напрыканцы XVII стагоддзя былі рэд

