|
У свет сапраўднай паэзіі заўсёды ўвайсці няпроста. Гэта не абавязкова залежыць ад складанасці і своеадметнасці вобразнай сістэмы або фармальна-стылёвай арыгінальнасці вершаў. Тут, калі хочаце, патрабуецца пэўнае супадзенне духоўна-эстэтычных каардынат, поглядаў аўтара і чытача, іх суіснаванне ў адным вымярэнні, каб адкрылася эдэмская брама паэтычнага сусвету, прырода мастацка-творчага акту.
Ян Чыквін – грамадзянін Польшчы і беларус па паходжанні. Прафесар, тонкі знаўца класічнай паэзіі. Удумлівы крытык і адкрыты паэт-лірык. Яго творчасць у многім з’яўляецца адным з тых звенняў, якімі беларуская паэзія лучыцца з сучасным літаратурным працэсам. Аднак мастацкая індывідуальнасць гэтага творцы па-сапраўднаму ўсё яшчэ не заангажавана ў метрапалійнай крытыцы і літаратуразнаўстве, хоць значнасць набыткаў пісьменніка не выклікае сумненняў.
«Відавочна, што трэба жыць там, дзе жывеш, дзе ты ёсць – выйграеш больш», – такую думку, вывераную гадамі пакут і пошукаў, выказаў самотны беларускі пілігрым М.Сяднёў у сваёй «Масеевай кнізе». Жорсткае ХХ стагоддзе абрала для нашай літаратуры складаны шлях выпрабаванняў, страт і забыцця. Многія чыннікі нацыянальнай культуры, таленавітыя сыны і дочкі беларускага народа на доўгія гады былі забытыя ці заставаліся незаўважанымі. З пункту погляду гістарычнай эпохі, зусім нядаўна пачалі вяртацца да свайго чытача імёны знаных пісьменнікаў, сталі часткай нашай культурнай прасодыі ледзь не страчаныя набыткі прыгожага пісьменства. Разам з тым, углядаючыся ў храналагічныя і прасторавыя далячыні, рэспубліканскі чытач амаль са здзіўленнем адкрыў для сябе яшчэ адну цікавейшую часцінку нацыянальнага мастацтва – аўтэнтычную літаратуру беларусаў Польшчы. Да гэтай пары такая арыгінальная ў нашай культуры з’ява, як беларуская літаратура Беласточчыны (Польшча), дзейнасць згуртавання «Белавежа», даследаваліся недастаткова. Многія аспекты дадзенай праблемы разглядаліся, як правіла, у вузкім крытычна-факталагічным плане. Грунтоўнай навуковай працы, прысвечанай творчасці некага з прызнаных «белавежцаў» ці ўсебаковаму аналізу дзейнасці «белавежскага» аб’яднання, у нацыянальным літаратуразнаўстве няма, што, пэўна, несправядліва ў адносінах да «белавежскай» суполкі. Пры гэтым, аднак, брак уважлівага аналізу творчасці беластоцкіх беларусаў замінае выпрацоўцы поўнага і абгрунтаванага ў канцэптуальным аспекце ўяўлення аб заканамернасцях і асаблівасцях развіцця ўсёй беларускай літаратуры ў другой палове ХХ стагоддзе.
Я.Чыквін – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэнскага руху ў Польшчы другой паловы ХХ стагоддзя. Яго творчы шлях доўжыцца паралельна з развіццём беларускай літаратуры Беласточчыны і храналагічна палягае ў рэчышчы ўсёй дзейнасці БГКТ (Беларускага грамадска-культурнага таварыства) і «белавежскага» літаб’яднання. Таму разнастайныя працэсы ў грамадскім, культурным і палітычным жыцці не толькі так ці інакш уздзейнічалі на станаўленне і развіццё мастакоўскай індывідуальнасці, але і знайшлі непасрэдны адбітак у паэзіі беластоцкага аўтара. Вершы Я.Чыквіна ўяўляюць сабою самабытную паэзію, беларускую па сутнасці, якая разам з тым арганічна далучаецца да агульнаеўрапейскага культуралагічнага кантэксту і сінтэзуе ў сабе рысы шмат якіх літаратурных метадаў і накірункаў.
Творчая індывідуальнасць і яе эвалюцыя – адна з цэнтральных праблем у тэорыі літаратуры. Вучоныя справядліва бачаць у яе даследаванні істотную ўмову для правільнага і поўнага разумення літаратурнага працэсу . Кожная мастакоўская індывідуальнасць уяўляе сабой непаўторнаю сістэму ўзаемадзеяння разнастайных унутраных і знешніх элементаў, заключаную ў катэгорыі «індывідуальнага стылю» і выяўленую ў канкрэтных мастацкіх творах.
Пры даследаванні творчай асабовасці важным з’яўляецца глыбокае разуменне праблем грамадскага жыцця, стану літаратуры адпаведнага перыяду. Мастакоўская індывідуальнасць усведамляецца як з’ява грамадскай свядомасці, пазітыўны вынік духоўнага развіцця вялікіх сацыяльных груп. Рэчаіснасць ва ўсіх сваіх складаных дыялектычных сувязях знаходзіць адлюстраванне і ўвасабленне ў мастацкіх дасягненнях творчай асобы, пры гэтым адлюстраванне — не пасіўна-механічнае, а суб’ектыўна-творчае дзеянне. Разам з тым духоўны свет аўтара апасродкавана праяўляецца і раскрываецца ў яго мастацкім творы. Гэта немалаважны фактар, бо свядомасць мастака ўтрымлівае канкрэтныя сацыяльныя тэорыі, якія маюць свае, абумоўленыя часам і абставінамі, карэнні.
Праблема вывучэння мастакоўскай індывідуальнасці непасрэдна звязана з даследаваннем індывідуальнага стылю пісьменніка ва ўсёй яго непадзельнай шматпланавасці. Гэта абумоўлівае вывучэнне сістэмы мастацкіх сродкаў, пісьменніцкага слоўніка, урэшце, арыгінальнага светапогляду. Творчая індывідуальнасць не з’яўляецца статычнай і адразу зададзенай з’явай. Разглядаць яе можна толькі ў развіцці, абумоўленым разнастайнымі гістарычнымі, грамадскімі і сацыяльнымі абставінамі. У сваёй эвалюцыі аўтарскае «я» пісьменніка праходзіць праз этапы станаўлення і развіцця, узбагачэння і фармавання цэласнага светапогляду. Немалаважнае значэнне ў разуменні структуры творчай індывідуальнасці набывае ўсведамленне і выяўленне індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей творцы, прыроды яго мастакоўскага таленту.
Паэзія Яна Чыквіна – з’ява неардынарная і палемічная. Пісьменнік даўно выпрацаваў сваю канцэпцыю светабачання, заняў сваё адметнае месца ў нацыянальнай культуры. Я.Чыквін паслядоўна развівае інтэлектуальны і філасофскі накірунак у лірыцы. Вызначальныя рысы яго паэзіі – медытатыўнасць, заглыбленасць у сусветны культуралагічны і філасофскі кантэкст, пастаянны зварот да агульначалавечых праблем і «адвечных» тэм, метафарычнасць, гатоўнасць да эксперыменту ў галіне форма- і вобразатворчасці. Пра арыгінальнасць мастакоўскага стылю сведчаць эстэтычная чысціня чыквінаўскай паэзіі, ідэйна-вобразная своеадметнасць вершаў, характар фармальна-зместавых эксперыментаў. Трывала замацавана ў паэтычнай свядомасці Я.Чыквіна нацыянальная ідэя, яе патрыятычна-пасіянарнае выяўленне.
Многія аспекты паэзіі Я.Чыквіна, прынцыпы літаратурнай творчасці ўжо асэнсоўваліся як беларускай, так і польскай літаратуразнаўчай навукай. Публікацыі У.Конана, У.Калесніка, У.Гніламёдава, А.Марціновіча, А.Сямёнавай і інш., польскіх даследчыкаў Т.Занеўскай, В.Смашча, Ф.Няўважнага, а таксама літаратараў С.Яновіча, М.Сяднёва і некаторых іншых з’яўляюцца дастаткова змястоўнымі, праблемнымі ў раскрыцці агульных і канкрэтных пытанняў паэтыкі беластоцкага аўтара. Аднак большасць даследчыкаў не выходзіла за межы крытычнага аналізу яго творчасці ў агульнай плыні «белавежскай» літаратуры, ці разглядала праблемы станаўлення і развіцця творчай асобы ў асобных літаратуразнаўчых аспектах.
Асэнсаванне ж станаўлення ідэйна-эстэтычных прынцыпаў пісьменніка вымагае як мага больш поўнага і канкрэтнага аналізу разнастайных інтэрпрэтацый, вар’іраванняў тэм і пытанняў, што абазначаны ў творчасці беластоцкага аўтара.
Варта нагадаць, што беларускі літаратурны рух у Польшчы адбываецца ў нацыянальна-патрыятычным рэчышчы. Безумоўна, з’яўленне БГКТ (Беларускага Грамадска-культурнага таварыства), газеты «Ніва», а крыху пазней – літаб’яднання «Белавежа» было абумоўлена ўздымам нацыянальнага адраджэння ў сярэдзіне 50-х гадоў,што тлумачыцца прычынамі рознага кшталту: палітычнымі, грамадскімі, культурнымі. Беластоцкі край, знаходзячыся на перыферыі адміністратыўных цэнтраў, на культурна-нацыянальным памежжы, нярэдка, як вядома, быў разменнай манетай у многіх палітычных гульнях. Спрадвечна беларускі, з народам, што заўсёды існаваў у беларускай нацыянальнай традыцыі, гэты рэгіён у 1944 годзе па бяздушнай палітычнай дамове адышоў да Польшчы. Так тагачасны сталінскі рэжым заплаціў за абяцанні польскіх улад развівацца разам у сацыялістычным кірунку. Тады ж адразу і пачалася паступовая асіміляцыя беларускага насельніцтва, якое на той час дасягала трохсот тысяч і спачатку свядома не прызнавалася ўрадам як нацыянальная меншасць ды патрапіла пад моцны ідэалагічны ўціск. З’ява гэтая, досыць звычайная ў сусветнай палітычнай гісторыі, спарадзіла таксама і заканамерныя вынікі. На пэўнай ступені развіцця ў гэтым рэгіёне ўзнік нацыянальна-патрыятычны рух, які здолеў ахапіць вялікую частку насельніцтва, замацаваўся ў грамадскіх і культурных арганізацыях, спарадзіў станоўчы міжнародны рэзананс. Беластоцкія беларусы паступова наладзілі сувязі не толькі з савецкімі суседзямі, але і з Амерыкай, Англіяй, Аўстраліяй.
Фарміраванне беларускамоўнай «Нівы», а таксама літаратурнага аб’яднання «Белавежа» адбывалася ва ўмовах тыпалагічна блізкіх пачатку беларускага ХХ стагоддзе. Дэталёва ўзгадваць вытокі ўзнікнення старэйшай беларускай газеты «Наша ніва» тут няма патрэбы. Хіба, каб выразней акрэсліць варункі сітуацый, варта прыгадаць словы М.Багдановіча пра патрыятычна настроеную творчую інтэлігенцыю таго часу: «Войдя в соприкосновение с народной массой в неспокойном 1906 году, она (інтэлігенцыя – А.Р.) не только не утратила вслед за тем своих связей, но, наоборот, неуклонно закрепляла и увеличивала их; широкое умственное брожение, имевшее раньше место в народной среде, довольно быстро исчезло, зато оставило после себя конкретное количество наиболее устойчивых личностей с упорной жаждой знания и не менее упорным желанием работы на пользу края» [3, с.213]. Відавочна, што сутнасна гэтая з’ява набліжана да працэсаў сярэдзіны 50–60-х гадоў на Беласточчыне. Меў рацыю і У.Калеснік, калі праводзіў паралелі з творчымі аб’яднаннямі «Узвышша» і «Калоссе». Сапраўды, эстэтычны напрамак «Белавежы» шмат у чым супадае з іх праграмамі : ад нацыянальнага да агульначалавечага, да авалодання дасягненнямі сусветнай культуры.
Праграмныя прынцыпы, задачы беластоцкай “Нівы” выразна акрэсліліся адразу: спрыяць усебаковай падтрымцы нацыянальнай культуры беларускай меншасці. У артыкуле «Да сэрца беларуса» Вера Ляўчук пісала: «Імкнуцца трэба, каб нараджэнне Таварыства і «Нівы» людзі зразумелі як сваё нацыянальнае адраджэнне, – і далей карэспандэнтка працягвала.— У сувязі са спецыфічнай атмасферай і асяроддзем, у якім разгортвае працу Таварыства і «Ніва», яны павінны крочыць сваім уласным шляхам» [24, с.4]. А малады паэт А.Сошка са старонак газеты ўзнёслым вершам апяваў тыя натхнёныя часы:
У блакітных прасторах расплываюцца межы,
Чарады белых галубоў паднялісь у сіняву.
Льецца гоман вясёлы ад бароў Белавежы,
Новы ветры ласкаюць маладую траву...[24, с.5]
Гэтыя радкі падкуплялі сваёй наіўна-рамантычнай алегорыяй і шчырасцю пачуцця.
Аднак факту існавання беларускай літаратуры на Беласточчыне доўгі час ўдзялялася надзвычай мала ўвагі. Ні рэспубліканская беларуская, ні тагачасная польская крытыка напачатку не асвятлялі гэтую з’яву. На жаль, мела месца небяспечная сітуацыя, калі ўласна мастацкая творчасць не знаходзіла водгуку ў літаратурна-тэарэтычнай і крытычнай думцы, што ўсур’ёз пагражала застоем, вечным вучнёўствам і літаратурным дылетанствам. Выйсце знаходзілася ў супольным развіцці крытыкі, навукова-метадалагічнай базы і мастацкай творчасці ў межах культурнай прасторы аб’яднання «Белавежа». Многія «белавежцы» праяўлялі сябе як пісьменнікі і як крытыкі, тэарэтыкі. Гэтаму спрыяла і адпаведная прафесійная падрыхтоўка некаторых з іх. Літаратурна-крытычныя артыкулы, агляды і рэцэнзіі змяшчаліся на старонках «Нівы», літаратурных альманахаў «Белавежа» і некаторых другіх выданняў.
Ранняя творчасць Яна Чыквіна (Янкі Дубіцкага) разглядалася тады ў агульнай плыні «белавежскай» літаратуры. Ужо ў тыя часы выдзяляліся рысы, што стануць асноватворнымі ў лірыцы беластоцкага паэта. Выхад двух першых зборнікаў выклікаў пэўны рэзананс, крытыка загаварыла больш акрэслена і канкрэтна, вызначаючы заканамернасці развіцця творчай асобы паэта ў гэты перыяд.
У 70-х гадах цікаўнасць да творчасці Яна Чыквіна паступова актывізуецца. Яго лірыку пачынаюць разглядаць як арыгінальную, непаўторную з’яву. В.Рудчык, напрыклад, зазначаў: «Ад Віктара Шведа адрознівае яго больш глыбокае адчуванне і больш частае выкарыстанне метафары як асноўнага матэрыялу да пабудовы паэтычнага вобразу. Алесю Барскаму супрацьстаўляе ён спакайнейшы тон сваёй паэзіі; са сцяжынкай Яшы Бурша размінаецца сваімі прыхільнымі адносінамі да традыцыйнага паэзіятварэння...» [30, c.6]. Як бачна, творы Я.Чыквіна ацэньваліся дастаткова высока, прызнавалася аўтарская скіраванасць на пошук.
Сталым павышэннем увагі літаратуразнаўцаў характарызуецца перыяд канца 70–80-х гадоў, калі тры кнігі Яна Чыквіна, у тым ліку польскамоўная і двухмоўная (білінгвальная), раскрылі ўжо сфармаваную творчую асобу. У беларускім і польскім друку з’явілася шмат рэцэнзій, крытыка-аналітычных нататкаў, літаратуразнаўчых даследаванняў. Зразумела, што абсалютная большасць матэрыялаў па-ранейшаму публікавалася на літстаронцы «Нівы», але ўсё часцей артыкулы пра паэзію «белавежскага» аўтара і ўласна яго творы змяшчалі польскія выданні. У гэты ж перыяд пачынаюць прасочвацца і першыя палемічныя моманты ў агульнай крытычнай плыні. Польскія даследчыкі (Э.Феліксяк, В.Смашч і інш.) разглядаюць творчасць Я.Чыквіна з пазіцый польскага і шырэй – еўрапейскага прыгожага пісьменства, падкрэсліваюць набліжанасць яго інтэлектуальнай лірыкі да найноўшых літаратурных і філасофскіх пошукаў, але пры гэтым беларускамоўнасць яго вершаў бачыцца ім літаратурным рудыментам, што нібы перашкаджае паспяховаму развіццю паэта. Недастаткова ацэньваецца, на жаль, сувязь з традыцыямі беларускай літаратуры, з духоўнымі і эстэтычнымі прынцыпамі, што жывяць нацыянальнае мастацтва ў ХХ ст. У такім ракурсе творчасць Я.Чыквіна і дзейнасць літаратурнай суполкі «Белавежа» бачыцца гэтым крытыкам пазбаўленай будучыні, а значыць і мэты. Зусім іншага погляду прытрымліваюцца самі «белавежскія» пісьменнікі. Сваю творчасць яны лічаць не толькі праяўленнем літаратурнага патэнцыялу, але і заканамерным этапам развіцця беларускай літаратуры ўвогуле. Гэтую ж пазіцыю падтрымліваюць у сваіх публікацыях даследчыкі ў больш далёкім замежжы: Масей Сяднёў і Шырын Акінэр.
Пералом у сацыяльна-палітычнай сітуацыі, што адбыўся ў сярэдзіне 80-х гадоў, спарадзіў і пэўныя змены ў грамадскай свядомасці. Зварот да ідэй нацыянальнага самасцвярджэння, уздым патрыятычных настрояў выклікалі пад’ём у сферы культурнага і літаратурнага жыцця. Творчасцю «белавежцаў» усур’ёз зацікавіліся беларускія даследчыкі. Польская перыёдыка пачала ўсё часцей змяшчаць матэрыялы, прысвечаныя як дзейнасці ўсёй «Белавежы», так і асобных яе сяброў. У першай палове 90-х гадоў у Польшчы з’явіліся кнігі і манаграфіі,прысвечаныя тамтэйшай беларускай літаратуры. Тэрэса Занеўская, бясспрэчна, адзін з вядучых спецыялістаў па гэтым пытанні. Яе манаграфія «Дарэмнае падарожжа» сталася вынікам шматгадовай карпатлівай працы па даследаванню феномена беластоцкіх пісьменнікаў. Значнае месца ў гэтай працы адводзіцца творчасці Я.Чыквіна, аналізу таго даробку, што меўся на пачатак 90-х гадоў. Паказальна, што польская даследчыца кіруецца часцей культуралагічным падыходам пры разглядзе лірыкі паэта, ацэньвае вершы як чыста эстэтычную з’яву, прыклад наватарства ў мастацтве другой паловы ХХ стагоддзя. Думаецца, аднак, у ідэалагічна стэрыльным даследаванні Т.Занеўскай не стае пранікнення ў сутнасць нацыянальнай заангажаванасці творчасці Я.Чыквіна. Змястоўнай аказалася кніга даследчыцы «А душа знаходзіцца на Усходзе», якая складаецца з пятнаццаці інтэрв’ю, што далі Т.Занеўскай «белавежскія» пісьменнікі і навукоўцы, спрычыненыя да іх творчасці. Матэрыялы ўражваюць сваёй шчырасцю, неардынарным падыходам да пастаноўкі і вырашэння шматлікіх праблем і пытанняў. Фундаментальная праца «Вартавыя памяці» паглыбіла ўзровень асваення ідэйна-эстэтычнай сутнасці польскіх беларусаў. Пашыраючы межы ахопленага фактаграфічнага матэрыялу, Т.Занеўская застаецца тым не менш пераважна на ранейшых метадалагічных пазіцыях: у творчасці Я.Чыквіна і іншых «белавежцаў» вызначаюцца перш за ўсё тыя характарыстычныя прыкметы, што збліжаюць іх з агульнаеўрапейскім кантэкстам. Акрэсліваючы канцэптуальныя напрамкі развіцця, даследчыца імкнецца напрамую далучыць набыткі «белавежцаў» да сусветнага мастацтва і філасофіі, пры гэтым слаба закранаючы нацыянальны аспект. Аднак, трэба прызнаць, што сам факт з’яўлення такіх кніг і вялікай колькасці іншых публікацый сведчыць пра тое, што творчасць «Белавежы» заняла трывалыя пазіцыі ў літаратуры і крытыцы Польшчы.
У беларускім рэспубліканскім друку таксама з’явіліся публікацыі рознага характару, прысвечаныя творчай індывідуальнасці Я.Чыквіна. Асабліва змястоўнымі па закладзенаму ў іх патэнцыялу палемічнасці ўяўляюцца артыкулы У.Конана і У.Калесніка. Моманты сутыкнення і судакранання ў поглядах гэтых двух знакамітых даследчыкаў будуць разглядацца ніжэй. Неабходна подкрэсліць, што абодва з прафесійным майстэрствам падышлі да абранай тэмы, фундаментальна асвоілі матэрыял.
Шэраг наступных артыкулаў розных аўтараў у шматлікіх перыядычных выданнях сцвердзіў, што і канкрэтна зборнікі 90-х гадоў, і ўвогуле творчасць Яна Чыквіна – арыгінальная планета літаратурнага космасу, таму палеміка вакол яе звязана не толькі і не столькі з суб’ектыўнымі поглядамі даследчыкаў і рознасцю іх падыходаў. Творчы набытак Я.Чыквіна – складаная і неадназначная эстэтычная з’ява, якая пры ўстойлівай дынаміцы на ўсіх этапах развіцця лучыць у сабе элементы разнастайных мастацка-культуралагічных і філасофскіх накірункаў. Універсальнасць дамінантаў паэзіі Я.Чыквіна ўтварае базу для самых рознабаковых напрамкаў даследавання, а значыць стварае глебу для плённай творчай дыскусіі.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Беларускага
Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"«ПАВЕРЫЎШЫ Ў ПАЭЗІІ КРЫЛО»
(ПАЧАТКОВЫ ЭТАП СТАНАЎЛЕННЯ)
У літаратуразнаўчай навуцы даўно вядома, што карані многіх эстэтычных феноменаў, неардынарных літаратурных фактаў трэба шукаць у дзіцячых і юнацкіх перажываннях творцаў, у канкрэтных адчуваннях маленства. Менавіта гэты падыход дазваляе шмат у чым паўней і глыбей зразумець паэзію Яна Чыквіна, дакладней усвядоміць складаны працэс развіцця яго творчай індывідуальнасці.
Нарадзіўся Іван Арцёмавіч Чыквін 18 мая 1940 года ў Дубічах Царкоўных, што на Беласточчыне, у сям’і настаўніка. Дубічы, традыцыйная па тых часах заходнебеларуская вёска са сваім укладам і жыццёвымі прынцыпамі, стаяць сярод прыпушчанскіх лясоў, якія заўсёды заміналі хуткаму кроку любой новай улады. У тых краях асабліва не грымеў славай партызанскі рух і не вызвяраліся захопнікі. Жыццё цякло павольна, і малы Ян не адчуў жудасці акупацыі. На шчасце, усё абышлося жаночымі пярэпалахамі ад далекаватых баёў і кананад. Але вайна, безумоўна, закранула і гэты сцішаны край. Была мабілізацыя, былі пахаванкі, было сапраўднае адчувальнае гора знаёмых і блізкіх. Адчуванне ценю ад страшнага крыла вайны доўгі час жыло ў душы паэта. Пазней сям’я пераехала ў блізкі Бельск Падляскі.
Тут варта сказаць, што радавод паэта складаецца з біяграфій простых людзей, якія працавалі ўсё жыццё «на зямлі». Сам Ян Чыквін упэўнены, што любая творчая постаць у літаратуразнаўчым аспекце прадстаўляе цікавасць толькі сама па сабе, а біяграфічныя рысы маюць адносную каштоўнасць.
Прасторная, асабліва па тых часах, хата стаяла ўбаку ад усёй вёскі ў жывапісным месцы, за жывою сцяною высокіх дрэў. Гэты чароўны свет, з яго арганічнай далучанасцю да жыцця прыроды, з натуральным дзіцячым існаваннем сярод лугоў і лясоў, паэт пазней назаве сваёй «Аркадыяй». У адным з лістоў аўтару гэтай працы Я.Чыквін згадвае: «Дзяцінства, першыя гады былі цудоўна шчыльна атулены казкамі, выдумкамі, несамавітымі гісторыямі. Потым паступова вырастаў з гэтага казачнага свету праз кнігі, радыё, потым – газеты, тэле. Пакуль гэтага не было, быў татальны свет уяўлення. Асноваю вясковага жыцця ў нас была песня, мелас! Вёска ўся спявала. Усе мы ў хаце таксама прыгожыя мелі галасы і спявалі. Першае, што я меў сваё, уласнае – гэта запісаныя сшыткі песень» ( ліст ад 12.08.97).
Бацька будучага паэта быў настаўнікам, таму ў хаце было шмат кніг на польскай, беларускай і расійскай мовах. Сямейныя гаварылі «па-простаму», г.зн. па-беларуску, але пры патрэбе маглі лёгка перайсці на польскую і рускую. Так ствараўся своеасаблівы лінгвістычны клімат, у якім ішло фарміраванне свядомасці будучага паэта. У такой адасобленай мясцовасці кнігі былі адзіным сродкам сувязі са светам і ў нейкай ступені спаталялі інфармацыйны голад. Чулы і не па-вясковаму хваравіты хлопчык, як усе, хадзіў у школу. Агульнаадукацыйны ліцэй у Бельску-Падляскім быў выразна беларускім. Навучанне вялося на роднай для тамтэйшых вучняў мове, і гэта было натуральнай для тых часоў з’явай. У такім асяродку, дзе ўсе былі прыкладна роўныя і без гучных слоў усведамлялі сябе беларусамі, запачаткоўваліся тыя асновы светапогляду, што ярка праявяцца ў творчасці будучага паэта. «І нават дзіўна было, калі аднойчы пайшла чутка, што ў ліцэй прыбывае новы навучацель: ён будзе вучыць нас польскай мове, і сам ён паляк. Вось тое, што ён паляк сярод беларусаў, было найдзіўнейшым, і многія мае сябры даўжэйшы час эмацыянальна не маглі зразумець: як гэта так, паляк ходзіць па беларускай школе і нічога», – успамінае часы вучобы Я.Чыквін (ліст аўтару ад 01.03.98). Відавочна, што так стваралася спрыяльная атмасфера гонару і годнага разумення ўласнай нацыянальнай прыналежнасці. Выразна сцвярджаюць гэта наступныя словы: «Быў у ліцэі адметны чалавек, Ілья Бернат. Я толькі пад канец вучобы даведаўся, што па нацыянальнасці ён украінец. Дай Бог, каб усе пашпартныя беларусы былі такімі, як «небеларус» Ілья Захаравіч. Ён удыхнуў нам сваю любоў да Беларусі. Вечная памяць такому чалавеку»(ліст аўтару ад 01.03.98). Ян Чыквін да гэтай пары выразна памятае, як яго ашаламіў верш М.Канапніцкай «Па ягады» («Po jagody»). Тады, яшчэ ў Дубічах Царкоўных, відаць, прабліснула першая іскра таго вогнішча, што разгарэлася пазней. Падлетак спрабаваў пісаць сам і, вядома, шмат чытаў. Першы паэтычны дэбют у друку адбыўся ў 1957 годзе, калі ў газеце «Ніва» ад 30 чэрвеня з’явіўся верш «Кошка Броўка» Такім чынам, здаецца вельмі натуральным, што, калі паўстала пытанне аб выбары прафесіі, вясковы юнак выбраў філалогію.
У 1959 годзе Ян Чыквін паступае на філалагічны факультэт (аддзяленне русістыкі) Варшаўскага універсітэта. Гэтак жа ў Савецкай Беларусі крочылі ў жыццё тыя, каго пазней назавуць «шасцідзесятнікамі». Так клала смелую сцяжынку ад вясковага двара да універсітэцкіх аўдыторый «філалагічнае пакаленне». Да ліку яго прадстаўнікоў адносяцца многія з сучасных аўтарытэтных асоб у беларускім мастацтве.
А годам раней (8.06.1958) адбыўся першы арганізацыйны сход, на якім быў прыняты статут аб’яднання «Белавежа» і выбрана праўленне. Літаб’яднанне атрымала магчымасць прадстаўляцца шырокаму чытачу, маючы рэгулярны раздзел – старонку ў «Ніве». Менавіта там дэбютавалі ўсе творчыя асобы Беласточчыны. У хуткім часе ў дзейнасці аб’яднання намеціліся пэўныя літаратурныя напрамкі і плыні, якія адразу былі акрэслена размежаваны ў фармальна-вобразным плане на мадэрнісцкія і традыцыйныя, але шмат у чым супадалі па ідэйна-эстэтычным поглядам. Ян Чыквін, на той час дваццацітрохгадовы філолаг, наступным чынам характарызаваў сітуацыю: «Беларуская паэзія ў Польшчы, хаця яна прадстаўляе сабой рунь, густа заросшую зеллем, цікава тым, што яна ад самага пачатку свайго нараджэння расце ў двух напрамках. Адзін прадстаўляе Віктар Швед, другі – Яша Бурш, паэт, які імкнецца да творчай свабоды» [45, с.4]. Гэтая тэндэнцыя ілюструе агульную сітуацыю ў тагачаснай літаратуры. З аднаго боку, авангардысцкая творчасць Яшы Бурша і яшчэ некаторых літаратараў сведчыла пра натуральнае імкненне літаратуры да засвойвання сучасных прынцыпаў, з другога ж – традыцыйнасць заўсёды з’яўлялася фактарам здаровага і паўнакроўнага развіцця. На такім фоне распачыналася творчасць Яна Чыквіна. Як ні дзіўна, напачатку была проза. Літаратурнымі дэбютамі маладога літаратара з’яўляліся невялікія апавяданні, драматычныя мініяцюры і іншыя жанравыя формы. Хоць сам паэт з сучасных пазіцый не схільны ўключаць дадзеныя вучнёўскія спробы ў агульны працэс станаўлення творчай індывідуальнасці, мы лічым мэтазгодным удзяліць увагу і гэтым творам. Тагачасныя публікацыі часта падпісваліся псеўданімам Янка Дубіцкі. Сам паэт гаварыў, што шукаў па-маладому эксцэнтрычныя найменні, а спыніўся на гэтым, бо адчуў моцную повязь з роднымі Дубічамі.
Першыя апавяданні Янкі Дубіцкага выклікалі станоўчую рэакцыю крытыкі. Гэта і зразумела, бо рэалістычнасць метаду і ўстаноўка на псіхааналіз рабілі спробы маладога аўтара досыць цікавымі, у іх «ставілася задача маральна-эстэтычнага асэнсавання асаблівасцей народнага характару» (У.Гніламёдаў [11, с.179]). З найлепшых трэба адзначыць апавяданні «Цукерка», «Чаканне», «Жыццё пачынаецца нанава», «Кажушок». Абразок «Цукерка» перадае дакладны малюнак дзіцячай крыўды і неразумення жорсткасці свету: хлопчыку Сярожу дзядзька для жарту даў не смачную цукерку, а толькі яе абгортку. Прыкладна тая ж нязгода з рэальным жыццём адчуваецца і ў былога франтавіка Паўла (ап. «Кажушок»), якому братавая жонка пашкадавала святочную апранаху. Аднак празаічныя спробы Янкі Дубіцкага не з’яўляюцца аб’ектам нашага даследавання.
Прыкладна з сярэдзіны 60-х гадоў на старонках «Белавежы» пачалі рэгулярна прэзентавацца паэтычныя творы маладога аўтара, у якіх адразу адчуліся моцны лірычны струмень і рэфлексіўнасць. Малады паэт настойліва шукаў-намацваў свой адметны шлях.
У 1969 годзе ў выдавецтве ГП БГКТ выходзіць першы зборнік вершаў Яна Чыквіна «Іду». Невялікі томік з някідкай вокладкай змясціў вынікі больш чым дзесяцігадовай карпатлівай працы. Зборніку ўласцівы вывераная кампазіцыйная завершанасць, строгі адбор твораў, ужо прэзентаваных раней чытачу. Далёка не ўсе вершы, надрукаваныя за дзесяць год на старонках розных перыядычных выданняў, увайшлі ў кнігу, вытрымаўшы выпрабаванне аўтарскай патрабавальнасцю. Такое імкненне да дасканаласці было ў пэўнай ступені праяўленнем унутранай, душэўнай завершанасці. Па трапнай заўвазе польскага крытыка В.Смашча кніга «аб’явіла адразу, што маем аўтара «гатовага»[32, с.6].
Структурна зборнік падзелены на дзве тэматычна канкрэ-тызаваныя і ідэйна звязаныя часткі : «А дом наш недзе ...» і «Вобраз твой нясу...». Гэтымі словамі, што ўзяты з самага сэрца вершаў, аўтар акрэсліваў пэўнае кола тэм і матываў, што хвалявалі яго ў той час. Амаль усе творы з гэтай паэтычнай кніжкі пазбаўлены прыкмет вучнёўства як перыяду «спроб і памылак». Наадварот, пры ўважлівым аналізе суаднесенасці асаблівасцей вершаў з часам іх напісання, можна прасачыць пэўныя этапы ў развіцці творчай індывідуальнасці Я.Чыквіна. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і У.Конан, калі заўважае: «У паэтычнай кніжцы «Іду» моцна адчуваецца дыстанцыя паміж вучнёўскім дэбютам і выспяваннем мастацкай сталасці аўтара. Яна выявілася ў паступовай рэдукцыі матываў вясковага раю, у нарастанні канфліктаў паміж архетыпамі спрадвечнага сялянскага быцця і сучаснымі цывілізатарскімі тэндэнцыямі, паміж бацькоўскім домам і нацыянальна не абжытым горадам. Гэтыя канфлікты адклікнуліся ў душы паэта дысгармоніяй паміж наяўным жыццём і маральнымі імператывамі» [22, с.47].
Вершы, напісаныя на мяжы 50—60-х гадоў, нягледзячы на іх адносна невялікую колькасць у зборніку, выразна сведчаць пра схільнасць маладога паэта да аналізу (хоць і інтуітыўнага) разнастайных праяў жыцця. Натуральны юнацкі рамантызм быў, хутчэй, адзнакай надзвычайнай душэўнай уражлівасці.
Сэнсавы цэнтр першай часткі кнігі складаюць два змешчаныя побач вершы, напісаныя ў 1958 годзе: «Іду» і «Гайнаўшчына». Абодва яны высвятляюць амаль поўнае супадзенне лірычнага ’’я’’ з асобай аўтара, што ўвогуле характэрна для творчасці пачынаючых літаратараў. «Іду» сведчыць пра пошукі ў пазнанні сутнасці чалавека. Лірычны герой спрабуе засяродзіцца на ўнутраным стане індывідуума, разабрацца ў ледзь улоўных і патаемных зрухах душы. Матыў нераспазнанага смутку і неспакою, што стане адным з асноўных у лірыцы Я.Чыквіна, ужо відавочны ў гэтым творы:
За акном пустэча,
смутак у пакоі...
Чым сэрца лячыць
у такім спакоі.
...
Узбураныя хвалі думак
Б’юцца аб бязлюдну прыстань.[43, с.22]
Такую асаблівасць тагачаснай беларускай лірыкі У.Гніламёдаў характарызаваў як «паглыбленне асабовасці перажывання» і бачыў у гэтым «галоўны напрамак развіцця ўсёй паэзіі, пачынаючы з другой паловы 50-х гадоў» [12, с.120]. Чыквінаўскія радкі адразу выяўляюць устаноўку аўтара на медытатыўнасць, свядомую схільнасць да самааналізу і рэфлексіі. Безумоўна, такія якасці маглі развіцца толькі пры няспынным павышэнні ўзроўню агульнай культуры, цесным далучэнні да сучаснай аўтару філасофскай і навуковай думкі і, вядома, пашырэнні вопыту, як індывідуальна-жыццёвага, так і сацыяльна-грамадскага. Менавіта гэтае развіццё асобы творча пазначана і ўвасоблена ў зборніку.
Верш «Гайнаўшчына» раскрывае другі бок лірычнага таленту — майстэрства мастака-пейзажыста, тонкага жывапісца. Прысвечаны «малой радзіме», гэты твор, з выразным матывам вяртання, з’яўляецца пэўнай кропкай адліку дадзенай тэматыкі ў паэзіі Я.Чыквіна, увасабленнем патрыятычных пачуццяў паэта. Гайнаўшчына – рэальнае месца недалёкага яшчэ дзяцінства – прыцягвае думкі і душу паэта. Яго лірычны герой вяртаецца, ідзе дадому, радуючыся прыгажосці роднага наваколля.
Ружамі пахнуць вятры надвячоркамі,
Гнездзіцца ў гушчарах маўчанне горкае.
Арэшнік да вуха рабіну клоніць,
Бяроза ўздыхае ў лёгкім паклоне.
Суседка ціхутка суседцы шапоча,
На пяску вецер свой пакідае почырк...[43, с.23]
Усведамленне свету дзяцінства, як ідэальнага, садзейнічае стварэнню адпаведнага пейзажу, асноўнымі прыкметамі якога рускі крытык М.Эпштэйн называў ветрык, што даносіць прыемныя пахі, кветкі, крыніцы, дрэвы і спеў птушак. Усе гэтыя і іншыя падобныя ім дэталі складаюць т.зв. locus amoeпus — «прыемнае захапляючае месца» ці «месца месц» [55, с.131]. Мноства разоў паэтычная думка самых розных творцаў ужо заносіла нас у такія мясціны. Трэба адзначыць, што такі рамантычна-замілаваны спосаб паказу родных мясцін быў характэрны для абсалютнай большасці пісьменнікаў–«белавежцаў». Гэта зразумела. У многіх з іх адсутнасць размаітага жыццёвага вопыту ў спалучэнні з энергічным талентам выяўлялася ў шчыра–наіўных, псіхалагічна нескладаных і прадказальных творах, што тлумачыцца выпрацоўкай і праверкай на трываласць падмурку ўласнага светапогляду, ідэйных установак паэзіятворчасці. Першы зборнік Алеся Барскага, напрыклад, так і называўся – «Белавежскія матывы» (1962). Тэматычна блізкімі чыквінаўскім радкам, роднаснымі па настраёвасці бачацца многія творы з гэтай кнігі:
Не мала прайшоў я дарог,
І шляхоў, і нязведаных сцежак.
Ды ўспамін пра вясковы парог,
Аставаўся ў памяці свежы.
Мне сёння лягчэй уявіць,
У чым сіла традыцый і спадчын.
Спеў парога астаўся ў крыві,
Бо ён родны, ён бацькаў, ён матчын.[4, с.10]
Дастаткова блізкім да тапаграфіі гэтай схемы ўяўляецца намаляваны васемнаццацігадовым Я.Чыквінам метафарычны пейзаж родных ваколіц, у якім «ружамі пахнуць вятры надвячоркамі», «бяроза ўздыхае ў лёгкім паклоне» [43, с.23]. Пры гэтым цалкам ідылічную карціну яшчэ ў пачатку верша парушае радок-заўвага: «гнездзіцца ў гушчарах маўчанне горкае». Менавіта гэты метафарычны «смак» маўчання не дае чытачу і лірычнаму герою цалкам заспакоіцца. Разгледжаны твор з’яўляецца сведчаннем канкрэтных напрамкаў першапачатковых пошукаў, досыць традыцыйных па сваім змесце і форме (дакладны памер, страфічны двухрадковы падзел, парная рыфмоўка). Фармальная традыцыйнасць гэтага і многіх іншых вершаў сведчыць пра пэўную схільнасць паэта да звыклых, усталяваных папярэднікамі форм увасаблення думкі: выразнасці рытмічнага малюнка, рыфмоўкі, «рацыянальнай» метафары. Але, безумоўна, перабольшваць дадзеную тэндэнцыю ў агульнай плыні чыквінаўскай паэтыкі нельга.
Вучоба ў Варшаве на філалагічным факультэце універсітэта стала этапам, калі пачалі складвацца свядомыя крытэрыі, па якіх ацэньваліся жыццё і мастацтва. Напружаны графік заняткаў, надзвычай высокія патрабаванні універсітэта еўрапейскага ўзроўню былі вельмі паспяхова адолены беларускім хлопцам. Па заканчэнні вучобы адбылася адметная, па-свойму паказальная і характарыстычная гісторыя, пра якую Ян Чыквін узгадвае так: «На чацвёртым і пятым курсах нам, студэнтам, трохі супраць нашай волі, давалі т.зв. «фундаваныя» стыпендыі. Хто адкуль атрымліваў, той мусіў ехаць да дабрачынцы адрабляць: калі браў стыпендыю два гады, то мінімум два гады быць ягоным «парабкам». Усе фундатары былі з правінцыі. І мне таксама трэба было ехаць недзе на вёску па-за Беласточчынай, у сённяшняе Сувальскае ваяводства. Але ж частка з нас, філолагаў і юрыстаў, заўпарцілася. Мы спачатку пайшлі (смешнавата зараз) са скаргаю да першага сакратара ваяводскага камітэта партыі. Але нас адтуль турнулі. Мы – у 1964 годзе! – апратэставалі, паклікалі на падмогу журналістаў, беластоцкіх і варшаўскіх. Такім чынам, нас усё-такі ў гэтым камітэце выслухалі – і мы пачалі ўжо на сваю руку шукаць працу ў Беластоку. Нас гналі адусюль, аднак – аказалася – месцаў працы было шмат. Так вось я стаў настаўнічаць у беластоцкім ліцэі – навучаў расійскай мове . Першы год працы ў школе! Божа мой, пра гэта можна цікавую кнігу напісаць» (ліст аўтару ад 01.03.98). Як бачым, малады паэт быў надзвычай прынцыповым і рашучым, умеў змагацца да перамогі, калі справа тычылася абрання жыццёвых шляхоў. Гэта павінна было нарадзіць здаровую ўпэўненасць у сваіх магчымасцях, а таксама прывучыць да сур’ёзнай і патрабавальнай працы. Адначасова пашыраліся інтэлектуальна-творчыя магчымасці асобы, духоўна-эстэтычныя ўяўленні, таму зразумела, што на з’ездзе «Белавежы» таленавітага філолага, універсітэцкага выпускніка выбралі своеасаблівым рэдактарам «Літаратурнай старонкі». На такой пасадзе ён праявіў тую ж прынцыповасць, аб’ектыўную крытычнасць. Сакрат Яновіч, які таксама стаяў ля вытокаў «белавежскай» літаратуры і на той час ужо меў некаторы творчы вопыт, узгадвае: «Ян Чыквін запамятаўся мне як чалавек эмацыянальна сухі, строга навуковы, схільны да акадэмізму. Бязлітасны крытык. Ён ніколі не даваў палёгкі ў працэсе кваліфікацыі тэкстаў у друк. Гэта выклікала часта канфлікты з ім з боку славалюбных аўтараў. Калі Валкавыцкі нярэдка падпраўляў сяго-таго бяздарнага аўтара, выпраўляючы букварныя хібы ў ягоным тэксце, дык Чыквін на такое не ішоў. У яго – або добра напісаны тэкст або не зусім, і тады адсылаў аўтару на дапрацоўку. Рацыя ў далейшай перспектыве аказалася на баку Чыквіна» (ліст аўтару ад 25.09.97). Сам жа паэт так тлумачыцць свае тагачасныя пазіцыі ў рэдактарскай працы: «У адборы твору да друку я кіраваўся яго мастацкай завершанасцю, а не іерархіяй тэматыкі, хоць вядома, што летам не друкавалася вершаў пра зіму (і наадварот). Аднак ідэалагічныя ці палітычныя тэмы і праблемы ніколі не ставіліся прыярытэтнымі. Некалі ў «Ніве» я вёў асобную рубрыку, дзе даваў парады пачаткоўцам. Гэта нядоўга пратрывала, таму што мае парады людзьмі не прымаліся» (ліст аўтару ад 9.06.1998).
Учытваючыся ў кнігу «Іду», адчуваеш, як паступова змяняецца паэтыка аўтара. Спачатку паціху, а потым усё мацней гучыць матыў раз’яднанасці, трагічнай «дваістасці» быцця, калі прыгожае ўзрываецца жорсткім і неспакойным. І, безумоўна, самае лепшае засталося дома, у дзяцінстве. «Арганічная паэзія эпохі «вясковай культуры» жывіцца душэўнымі назапашваннямі дзяцінства і юнацтва, прапушчанымі праз духоўны вопыт сталасці», – даводзіць У.Конан [22, с.46]. Думкі даследчыка пацвярджаюцца прыкладамі з вершаў: «Дзяцінства // за мною // няспынна ідзе»(***)[43, с.11], «Калі я ў дзяцінства зайду, // Як у заросшы сад, // Каб ўспомніць усе пачаткі лета («Пакіну на квітненне». Сэксціна)[43, с.16], «Цішэй, цішэй... // Прыпамінаецца былое: («Дзяцінства») [43, с.15]. Гэтыя творы рознапланавыя: тут і спроба пераадолення комплексу віны за спазненне ў мясарубку вайны («О, як дрэнна спазніцца» [43, с.13]), і цікавы сінтэз лірычных і публіцыстычных настрояў у абарону зямлі-саду «са сцягам колеру малін». Сэксціна «Пакіну на квітненне» з’яўляецца, бадай, адным з першых твораў дадзенага жанру ў беларускай літаратуры.
Аднак найбольш узорным у аспекце разумення ідэйнага зместу ранняй лірыкі Я.Чыквіна бачыцца верш «Дзяцінства». Найпершае ўсведамленне трагічнасці рэальнага свету паэтычна асэнсавана менавіта ў гэтым вершы. Лірычны герой успамінае кароткі эпізод, калі аднойчы ён, яшчэ хлапчуком, быў захоплены песняй жаўрука над жнівеньскім полем, чароўным адчуваннем яднання ўсяго прыгожага і светлага. Жаўрук — сімвал хараства – гіне: «замоўк раптоўна, струны абарваўшы, // Аб землю ўдарыўся юнацкім сэрцам» [43, с.15]. Смерць па невядомай прычыне, нічым не апраўданая і не вытлумачальная, застаецца не разгаданай. Верш цікавы і ў жанравых адносінах, бо мае выразныя фармальна–зместавыя прыкметы санета: філасафічнасць думкі, сімвалічная шматзначнасць вобразнасці, колькасць радкоў, рыфмоўка. Але на столькі ж і парушаюцца строгія каноны класічнай формы. Гэта, на нашу думку, смелая спроба ўзгадніць тэндэнцыю да разняволенасці ў форме з адточанасцю класічнай тэхнікі.
Усведамленне драматычнай кантрастнасці знешняга і ўнутранага светаў усё ж не прывяло да пропаведзі абсурднасці існавання. У любой раз’яднанай і разбураемай супрацьлегласцямі з’яве малады творца імкнуўся намацаць жыццесцвярджальны пачатак, і, наадварот, за абалонкай знешняй гармоніі – бачыць унутраны канфлікт. Такім чынам, творча інтэрпрэтуючы законы дыялектыкі, паэт паступова ствараў фундамент свайго мастацка-філасофскага светапогляду. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца верш «А дом наш недзе...», напісаны ў тым жа, што і верш «Дзяцінства», 1964 годзе. Усё той жа, знаёмы чытачу, ідылічны пейзаж няўхільна працінаецца настроем трывогі, блізкага разбурэння, трагічнай незваротнасці. У першай страфе мы амаль адчуваем чаромхавы водар спакойнага вечара, рэальна бачым бярозу і крыніцу.
І толькі апошнім радком прарываецца трывога, бо водар, «як віно, якога нельга ўжо напіцца»[109, с.19]. Другая страфа, напоўненая шматлікімі мілымі сэрцу згукамі, таксама прыхавала ў апошнім радку стрэмку болю, бо трава па-над абрывам — «іржавая». А гэта слова асацыятыўна вядзе да думкі аб няўмольным разбурэнні. І трэцяя, апошняя страфа, пачынаючыся гімнічнымі нотамі ўслаўлення жыцця, раптам пераводзіць экспрэсію вобраза ў іншыя рэаліі:
У садзе нашым зноў цвітуць кусты язміну,
Макі грэюць рукі, узняўшыся высока.
А дом наш, як далёкія ўспаміны...
Без дзвярэй, без тынку і без вокан.[43, с.19 ]
Ужо адзначалася кампазіцыйная стройнасць зборніка, унутраная сабранасць і выверанасць, таму не здаецца выпадковым той факт, што адразу за вершам «А дом наш недзе...» змешчаны верш «Дом», напісаны праз год. Зразумела, што такая расстаноўка павінна як мага дакладней весці чытача па шляху думак і адчуванняў аўтара. Матыў незваротнага раз’яднання стварае ў «Доме» сапраўды трагічны пафас, але ў межах верша і нават адной страфы смутак ураўнаважваецца мажорнымі нотамі. Гэта, думаецца, якраз тое «з’яднанае (единое) стварэнне з’яднанага духа», якое, па Гегелю, «стварае строга звязанае маналітнае цэлае, выкананае ў адным тоне і разгортваемае пасродкам сябе самога ў суадпаведнасці з тым, як аб’яднаўся ў самім сабе прадмет» [10, с.307]. Цікавай знаходкай паэта з’яўляецца форма верша — гэта як бы споведзь самога дому, напоўненая пропускамі і ўмаўчаннямі:
Я сыплюся. Шкілет. Я—выбух.
Я—сімвал. Я—смяротны успамін.
Я—кроў. Я—ваша глыба.
Я—песня смутку і ваш гімн.[43, с.20]
Дом сімвалізуе вечнасць, хоць і напаўразбураную (усе сімвалы вечнага: Акропаль, піраміды, Каложа і інш. — захаваліся напаўразбуранымі). Дом, такім чынам, усведамляецца як нешта нязменнае («Я тое, што не згіне») у зменлівым свеце і прамінальным чалавечым жыцці («Я кожны захад вашых дзён»). Калі гаварыць пра рэальнае ўсведамленне дома, як жытла, то такім, безумоўна, з’яўляецца вясковая хата, у дадзеным выпадку — бацькоўская. Трывіяльны «blok» (польск. — кватэра ў шматпавярховым доме) не можа прэтэндаваць на сімвал вечнага. Верш паказальны тым, якой цеснай можа быць узаемазалежнасць назвы і самога твора. Слова «дом» прысутнічае толькі ў назве, а ўвесь астатні тэкст — споведзь-маналог на мяжы сінтаксічных магчымасцей мовы. Найменне гэтага маналогу дапамагае адчуць яго шматзначнасць і філасафічнасць. Іначай, магчыма, верш застаўся б усяго толькі мадэрнісцкай спробай выяўлення імгненных эмоцый канкрэтнай асобы:
Навокал роспач мераць людзі,
А я стаю, зусім гаротны,
Як паіржавелыя вароты,
У будучыні скрыпець буду.[43, с.20–21]
«Прадоўжанасць» дома ў вечнае з’яўляецца асновай і гарантам самой будучыні. Культуролаг У.Конан убачыў у гэтых вершах вобраз адраджэнскай ідэі і тым самым уступіў у спрэчку з польскімі даследчыкамі, што праводзяць думку аб заходнееўрапейскім, традыцыйным ужо матыве «страчанага раю». Нам здаецца, што філасофія гэтых твораў (няхай і з мадэрнісцкай падсветкай) дыялектычна ўбірае ў сябе і асабовыя пошукі, і пропаведзь нацыянальных ідэй, і агульначалавечыя праблемы быцця.
У зборніку ёсць сапраўдныя ўзоры «чыстай паэзіі», дзе тонка пераплецены прыгажосць роднага пейзажу і неакрэсленая дакладнымі словамі, эмацыянальна шматколерная настраёвасць лірычнага героя. Такімі з’яўляюцца вершы «Эцюд», «На папасе», «Досвіткам», «Дождж» і інш. Аўтар знаходзіць арыгінальныя метафары, шматгранныя сваёй асацыятыўнасцю вобразы:
Шкада ліпнёвага дажджу: прыйшоў і не астаўся –
Пайшоў кульгаючы, такі высокі, мокры.[43, с.24]
Або
Мы паслі ноч –
балела галава ад папярос
і спалася,
як бульбе у загоне;
На выган дзень упаў і рос...[43, с.34]
Часамі ж гэта моцныя ноты неспакою, напятай трывогі ў пейзажы: «Так цяжка было ў прыродзе // Што ўсё на калена аддана // Упала. І плакаць — як штодзень; // Як штодзень тут пахла скандалам» [43, с.32]. Часамі – толькі неакрэслены «ўспамін зімы з матывам смутку» [43, с.45].
У вершы «Пад восень» ствараецца задуменная атмасфера нечага нераспазнанага, што мае свае выявы толькі ў дэталях рэчаіснасці: людскія клопаты, смерць вепрука, шматлікія побытавыя дробязі. Трэба пагадзіцца з беларускай даследчыцай Алай Сямёнавай, якая вельмі лагічна правяла паралель паміж гэтым творам і метафарай лёсу ў апавяданні Міхася Стральцова «Смаленне вепрука» [35, с.71]. Дастаткова прыгадаць толькі некалькі радкоў, каб перадаць плынь агульнай танальнасці гэтых сапраўды блізкіх твораў. У М.Стральцова: «І вечарамі, і ў ранку марозліва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлі дымам. Такою парою ў вёсках свяжуюць вяпрукоў...» [33, с.174]. А ў Яна Чыквіна падворак «дымам засланы і сецямі // Саломы. Яшчэ мужычым і чалавечым» [43, с.30]. Думка-вывад кожнага твора — гэта філасофская заўвага паэта і інтуітыўнае вычуванне празаіка:
І калі з коміна
пакажацца вяпрук у кшталце дыму
І квік смяротны пяройдзе ў вецер,
Асеннія грудзі зямлі падымуць
Трактары
І знішчаць і зелле і квецце.Я.Чыквін [43, с.30]
... а над усім, а ва ўсім павінна была быць каменная, зацятая маўклівасць зямлі, травы і схаладнелага, шурпата-шызага неба. Вось што трэба было загнаць у падтэкст...
М.Стральцоў [33, с.185]
Зразумела, што перагукванне настрояў і матываў абумоўліваецца як варункамі жыцця, так і складам мастацкага светаўспрымання: аб’ектыўная немагчымасць вярнуцца ў адносна натуральны свет вёскі, і суб’ектыўная няздольнасць цалкам прыстасавацца да урбаністычнага ладу існавання, што была так выдатна ўвасоблена Міхасём Стральцовым у вобразе «сена на асфальце»
Распачынаючы гаворку пра цыкл любоўных вершаў «Вобраз твой нясу...», трэба адзначыць, што гэтай плыні чыквінаўскай паэзіі крытыка заўсёды адводзіла неапраўдана мала ўвагі. Найчасцей літаратуразнаўцы звярталіся да разнастайных філасофска-медытатыўных разваг Я.Чыквіна, абыходзячы арыгінальную інтымную лірыку. Характэрна, што вершы цыкла сведчаць і пра сталенне асобы, што абумоўліваецца рысамі біяграфіі, а таксама пра пастаянныя аналітычная, эмацыянальна-псіхалагічныя рэфлексіі паэта. Гэтыя творы, на нашу думку, даюць больш выразнае ўяўленне аб літаратурных пошуках і творчых эксперыментах аўтара. Адной з такіх праяў упартага і з часам прафесійна абгрунтаванага наватарства можа служыць лексіка ранніх вершаў Я.Чыквіна. Малады літаратар настойліва ўводзіць у свой паэтычны слоўнік новыя лексічна-сэнсавыя адзінкі: дыялектызмы, прастамоўныя словы, наватворы. Увогуле ж такая сітуацыя была характэрнай для творчасці многіх паэтаў. Адзін з «белавежцаў», авангардысцкі паэт і ўдумлівы крытык Яша Бурш падкрэсліваў: «Сучасная паэзія стараецца вярнуць слову сэнс утрачанага ў дыялогу між духам і розумам. Роля сучаснай паэзіі і яе характар пакідаюць ёй шорсткасць і незразумеласць...» [8, с.3]. Але, у адрозненне ад «шорсткай» паэтыкі самога Бурша, лірыка Я.Чыквіна ўсё ж больш стрыманая. Хаця ў ёй нярэдка сустракаюцца розныя праявы пошукаў у галіне мовы: збліжэнне высокай і нізкай лексікі, выкарыстанне дыялектных граматычных форм і інш. Розныя праявы фармальных эксперыментаў былі, у многім, знешнім выяўленнем унутраных супярэчнасцей, той вяршыняй айсбергу, што абазначае на паверхні магутныя глыбінныя пласты.
Калі ўнікліва разабрацца, то з пэўнай доляй умоўнасці можна гаварыць, што цыкл «Вобраз твой нясу...» з’яўляецца адным творам са сваімі героямі, сюжэтнымі лініямі і кампазіцыяй. Сюжэт, безумоўна, перадае рух пачуццяў, змены настрояў, героі дастаткова індывідуалізаваны і нават пададзены ў развіцці характараў. Напачатку гэта маладыя людзі са сваімі рамантычнымі марамі і сентыментальнымі памкненнямі. Так, верш «Не прыйшоў» — пранікнёнае назіранне за дзяўчынай, што зачакалася каханага на спатканне. Дваццацігадовы паэт бачыць у неадбыўшайся сустрэчы амаль крушэнне цэлага жыцця: «значыць жыццё пераспела // значыць прайшло побач шчасця // значыць жылі мы няўмела...» [43, с.54]. Але каханне паступова і заканамерна запаўняе акрамя эмацыянальнай і пачуццёва-фізічную сферу жыцця. Гэта дае новы штуршок творчасці. Тут хочацца адзначыць яшчэ адну, на наш погляд, немалаважную асаблівасць ранняй паэзіі беларускага аўтара. Узгадаем геаграфічныя і сацыяльна-палітычныя варункі тагачаснага жыцця паэта: вясковае выхаванне ў сацыялістычнай і рэлігіёзнай Польшчы, юнацтва пад час разняволення чалавечай і грамадскай думкі, студэнцкія гады ў рамантычнай Варшаве. Як вядома, рэлігійнасць заўсёды афіцыйна падтрымлівалася ў Польшчы. І ў такіх абставінах некаторыя тагачасныя вершы Я.Чыквіна знаходзіліся практычна на мяжы эпатажу. Не баючыся дагматаў, паэт, напрыклад, мог супаставіць ірэальна-ўзнёслую царкву і спакуслівую прывабнасць дзяўчыны:
Мне, грэшнаму, нельга там паявіцца—
Святыя ўбачаць голае цела
дзяўчыны ў вачах маіх,
у вачах звар’яцелых,
у вачах—бліскавіцы.
З іконай сваёю ў царкву не прыходзяць.[43, c.56]
Услаўленне прыгажосці рэальнага чалавека і асалоды жыцця ідзе яшчэ ад тытанаў Адраджэння, а яшчэ раней — ад антычнасці. Герой Я.Чыквіна, гэты «зачараваны вандроўнік», ні ў якой ступені не прыніжае значэнне веры для чалавека. У чыквінаўскай паэзіі заўсёды захоўваюцца і выразна гучаць арыенціры на найвышэйшыя ідэалы, традыцыйна вырашаныя ў хрысціянскай веры.
Развіваючы прынятую намі ідэю агульнай кампазіцыі і скразных сюжэтных ліній, лагічна доўжым «біяграфію» герояў. Вынік гэтага працягу — сям’я. Будзённасць і святочнасць сямейнага суіснавання высвечваецца пасталелым і відазмененым пачуццём. Таму з’яўляецца і прысвячэнне дачцэ («Прыгожая»), напоўненае шчырым бацькоўскім замілаваннем. Бывае, што ў вершах чуецца рэха сямейных крыўд і канфліктаў («Годзе, каханая...»). Мы далёкія ад думкі праводзіць тут нейкія прамыя паралелі з жыццём самога паэта. Дадзеныя ацэнкі толькі яшчэ раз пацвярджаюць непарыўную ўзаемасувязь біяграфічнага шляху любога творцы з вобразамі і матывамі, увасобленымі ў яго мастацтве. З другога боку, нельга, гаворачы пра лірыку, адмежавацца ад канкрэтнага жыццёвага і духоўнага вопыту мастака. Яшчэ Г.Гейнэ заўважыў: «Гісторыю жыцця паэтаў трэба шукаць у іх творах, і толькі ў іх можна знайсці самыя шчырыя прызнанні» [1, с.192].
Ужо цытаваны вышэй польскі крытык В.Смашч дадзены цыкл, называючы яго «эротыкі» [32, с.9], упісваў у рэчышча рускай любоўнай паэзіі, і нават праводзіў аналогіі з «Яўгенам Анегіным» А.С.Пушкіна. Сапраўды, у вершах беларускага паэта адчуваюцца пэўныя рэмінісцэнцыі і алюзіі: і імя гераіні – Таня і радок «Анегін я у гэтым годзе» [43, с.58]. На нашу думку, падобнае параўнанне выклікана моцным і арганічным творчым заглыбленнем у рускую класіку (напомнім, што Ян Чыквін вывучаў русістыку ў Варшаўскім універсітэце), але не трэба перабольшваць дадзены момант. У вершах цыкла назіраецца шырокае выкарыстанне самых разнастайных матываў і вобразаў сусветнай літаратуры і культуры: «Рабро Адама», «Сізіф» і інш.
Завяршаецца зборнік паэмай «Беларуская дзяўчына», датаванай 1963 годам. Паэма не мае выразнай родава-жанравай прыналежнасці. Эпічны пачатак у ёй адносна слабы, эскізны. Фабульныя падзеі хутчэй угадваюцца, чым усведамляюцца чытачом, бо ідэйна-сэнсавая нагрузка кладзецца на іншыя кампаненты паэмы. Куды мацнейшай з’яўляецца лірычная плынь. Калі ж улічыць, што ўчынкі і лёсы герояў раскрываюцца праз іх размовы, то з пэўнай падставай можна гаварыць пра жанр ліра-драматычнай паэмы. Драматычнае выяўлена ў канфлікце, які сам аўтар акрэсліў, як сустрэча «на дрэнна нажытага з прыгожым». Такі сінтэз родавых і відавых прыналежнасцей ілюструе агульныя пошукі тагачаснай літаратуры ў галіне паэмнага жанру. У. Гніламёдаў, ведучы гаворку пра падобную сітуацыю, пісаў: «Справа, відаць, не ў падзейнай паўнаце, а ў рэальнасці канфлікту, напружанасці духоўных пошукаў, вастрыні думкі, якія патрабуюць для свайго ўвасаблення адпаведных паэмных структур» [12, с.62].
Першая паэма, на наш погляд, атрымалася шмат у чым павярхоўнай. Героі яе амаль схематычныя, пазбаўленыя індывідуальных рыс. Тыповасць вобразаў нярэдка замяняецца стандартнасцю. Гэта ўжо не «знаёмыя незнаёмцы» (В.Бялінскі), а, хутчэй, надакучлівыя прыяцелі, якіх мы занадта добра ведаем, каб імі цікавіцца. Ён (Пётр) — мастак, які з’ехаў у горад і цяпер пакутуе ад гэтага. Яна (Ніна) — вясковая настаўніца і, безумоўна, ідэальная дзяўчына. Абое, вядома, беларусы. Уся паэма — гэта трохі наіўны камплімент ідэі беларускасці і вясковасці як нацыянальнай прыкметы. У цягніку Пётр пазнаёміўся і вельмі хутка пачаў спавядацца прывабнай спадарожніцы. Своеасаблівую споведзь героя склалі пытанні і шмат якія матывы, што ўжо падымаліся ў лірычных вершах Я.Чыквіна. Гэта і ідылічнасць вясковага дзяцінства, і пакуты мастацкай творчасці, і закаханасць у жаночы ідэал. Духоўным хістанням і няпэўнасці маладога творцы супрацьстаўляецца здаровая і натуральная самадастатковасць гераіні Ніны. Яна задаволена жыццём, але і разумее хлопца, нават больш — гатова яму дапамагчы. Гэтая ўнутраная сіла паэтам вытлумачваецца абставінамі жыцця гераіні. Яна адтуль, з «зямнога раю», дзе
Усё роднае, цёплае, даношана,
Спакой ікон і прастата, як хараство.
І вырастаюць людзі з дна сяла
З душой шырокаю, як стол,
З душою моцнаю, як дуба ствол.[43, с.79]
Аўтар у пэўным сэнсе абрывае паэму ў момант поўнага душэўнага самараскрыцця герояў. За чытачом застаецца права дадумаць будзённа-жыццёвы сюжэт, бо для самога паэта гэта не мае значэння. Фінальны аптымістычны настрой апраўданы дзвюма прычынамі: ідэальнасцю ўяўленняў пра беларускую дзяўчыну і сонечнай сілай мастацтва:
Беларуская дзяўчына
чалавеку павіла надзею,
а мастацтва
сонцам надзяліла.[43, с.84]
Такім чынам, можна сцвярджаць, што ідэйны змест гэтай паэмы цалкам супадае з агульнымі накірункамі тагачаснай паэзіі Я.Чыквіна.
У падагульненне адзначым, што зборнік «Іду», прэзентуючы арыгінальную індывідуальнасць аўтара, адначасова ілюстраваў адзін з накірункаў паэзіі, т.зв. «інтэлектуальную лірыку». Вершы першага зборніка Я.Чыквіна пазначаны згушчанасцю кантрастных пачуццяў, шчыльнай метафарычнасцю, складаным узаемадзеяннем структурна-стылявых кампанентаў і ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасці. Разам з тым творчасць беларускага паэта адпачатку змацоўвалася сталёвым каркасам аналітычнай думкі. Праўда, у першай кнізе, гэтая роздумнасць не заўсёды вызначаецца глыбінёй і абагульненасцю, але ўстаноўка на філасафічнасць, зварот да складаных сфер духоўнага жыцця чалавека павінны былі даць свае станоўчыя вынікі. ***
Другі зборнік Я.Чыквіна «Святая студня» пабачыў свет праз год (1970 г.). Гэта кніга змяшчала творы таго ж перыяду, што і яе папярэдніца. Характэрна, што «Святую студню» склалі вершы прынцыпова іншай тэматыкі, гранічна блізкія, аднак, па настраёвасці і стылявому вырашэнню да зборніка „Іду”. У.Гніламёдаў, ацэньваючы кнігу, зазначаў: «Другі зборнік ... пацвердзіў арганічнасць таленту, натуральнасць светаадчування аўтара» [11, с.195].
На нашу думку, можна гаварыць пра гэтыя зборнікі, як пра дзве часткі адной кнігі. Для гэтага ёсць пэўныя падставы. Па-першае, аднолькавы (хоць і даволі працяглы) час напісання вершаў – абсалютная большасць іх была створана на працягу канца 50–60-ых гадоў. Па-другое, прасочваецца агульнасць у структурнай сістэме і мастацка-вобразнай канцэпцыі абодвух зборнікаў. Па-трэцяе, выразна бачыцца тэндэнцыя да тэматычнай вызначанасці асобных цыклаў, з якіх складаюцца томікі вершаў. І, па-чацвёртае, толькі ў сваім двуадзінстве гэтыя кнігі здольныя даць арганічна цэласнае і аб’ектыўна-абагульненае ўяўленне пра тагачасныя асаблівасці паэзіі Яна Чыквіна і тэндэнцыі развіцця яго творчай індывідуальнасці. Менавіта гэта з’яўляецца важным у аспекце даследавання працэсу станаўлення творчай асобы.
Першы раздзел другога зборніка мае характарыстычную назву «Паверыўшы ў паэзіі крыло...». Гэта ў цэлым споведзь-роздум над адвечнай праблемай узаемаадносін мастака і сусвету. Калі лірычны герой першай кнігі – асоба духоўна багатая і аналітычна заглыбленая, то ў «Святой студні» дадзены вобраз усё больш узбагачаецца. Асноўная яго рыса зараз – імкненне да мастацка-творчай дзейнасці. Шлях да самаўсведамлення сябе як творцы вельмі складаны, і за ўсю гісторыю літаратуры нікім, мабыць, не быў пройдзены лёгка. Той свет, які рэчыўна атуляе любога чалавека, аказваецца неймаверна жорсткім да ўзнёслай душы мастака. Тэма пачынае разгортвацца ўжо ў першым вершы «На ўсе лады...», дзе герой з фатальным сумам заўважае:
Ніхто
На свеце ўжо
Не слухае паэтаў.[51, с.7]
Але творчасць па сваёй ідэйна-маральнай скіраванасці пэўным чынам і супрацьстаіць рэчаіснасці. Менавіта яна дае любому паэту магчымасць па-сапраўднаму адчуць шматзначную быційнасць жыцця. Таму лірычнага героя ні ў якім разе нельга аднесці да ліку расчараваных песімістаў ці пасіўных сузіральнікаў. Герой Чыквіна – заўсёды самотнік, але прынцыповы і ўпэўнены ў сваіх ідэях. Асноўная з іх – каштоўнасць творчасці для асобы і свету. Менавіта гэта дае сілы смела сказаць: «Агню я аддаю свой груз, // Паверыўшы ў паэзіі крыло»[51, с.8]. Дыстанцыя і мяжа паміж рэальным бытаваннем чалавека і творчым гарэннем вельмі ўмоўныя і рухомыя. Таму і змяняецца настрой ад шчырага рамантычна-ўзнёслага («Паэзія») да роспачна-фатальнага («Майстэрня паэта»). Дарэчы, памянёны верш цікавы арыгінальнай авангардысцкай падсветкай у агульным мастацка-вобразным малюнку:
На сцяне маўклівы Ван-Гог,
са шклянкі лезуць фіялкі,
вярнуўшыся з дарогі, палка
змучана глядзела на парог[51, с.21]
У поле суцэльнай разгорнутай метафары сцягваюцца своеасаблівай цэнтраімклівай сілай сегменты разнастайных тропаў: адухаўлення, метаніміі, персаніфікацыі. Так вёўся пошук, намацвалася трывалая глеба паэтычнага майстэрства. Аднак вызначэнне лірычнага героя зборніка як творцы будзе фармальным абмежаваннем сапраўдных яго духоўных магчымасцей. Герой маладога паэта – гэта хутчэй творца ўнутраны, прыродны, чым прафесійна-заангажаваны. Яго здольнасці не абавязкова праяўляюцца ў адным выбраным мастацтве, а — ў крэатыўнай дзейнасці і надзвычайнай чуласці да ўсялякіх праяў рэчаіснасці. Таму навакольны свет для яго поўніцца загадкавай гармоніяй і адначасова рэзкімі супярэчнасцямі. Паказальным з’яўляецца верш «Восень–я–вясна». Законы прыродных з’яў праходзяць праз духоўную прастору героя, і яго індывідуальнасць робіцца як бы кандэнсатарам сіл прыроды. Супрацьлегласці рэальнага свету няўлоўна трансфармуюцца ў тонкую тканіну паэзіі. Вобраз восені, «што з ахвотай згноіць // прыгажосць і спеласць» [51, с.11], набывае ў межах чыквінаўскай паэтыкі моцнае сімвалічнае значэнне. Але дзіўным чынам у паэта восень сумяшчае ў сабе ўсе вектары жыццяруху: і вяршыню развіцця, і смерць, бо яна «потым уваскрэсне недзе ў канцы мая // цёплай зелянінай – душэўным змаганнем» [51, с.11]. Паралелі паміж унутраным змаганнем і прыроднымі калізіямі відавочныя. Гэтая тэма будзе яшчэ шматразова інтэрпрэтавацца і відазмяняцца, суладна з намаганнямі паэта паўней і дакладней перадаваць эмацыянальны стан імгненняў вечнасці. Напрыклад, верш «Вясна» адметны звыклымі для ранняга Чыквіна моцнай экспрэсіўнай танальнасцю і гіпербалізаваным збліжэннем з’яў розных эстэтычных узроўняў: «Вясна – гэта радасці бомба...», «як злосць распутаная», «сварлівай лужынай сонца сцякае», «руіны адцвіўшага бэзу» [51, с.19]. М.Сяднёў у свой час заўважыць: «...зматэрыялізаванасць, «вульгарызацыя» вобраза прадметнасцю – толькі яшчэ больш падкрэслівае, гіпербалізуе вобраз, робіць яго больш наглядным, больш даступным» [34, с.72].
Трэба дадаць, што кніга «Святая студня» і цыкл «Паверыўшы ў паэзіі крыло...» больш выразна паказваюць інтэлектуальныя перыпетыі лірычнага героя. У зборніку адчуваецца моцны патэнцыял да ідэйна-зместавых і форматворчых пошукаў з прыкметамі авангарднай паэтыкі. У гэтым сэнсе паказальнымі з’яўляюцца вершы «Вяртанне», «Сны», «***Зноў адзінокі...», «Трывожная раніца», «Бяздомнасць». Менавіта ў вышэйназваных творах герой паўстае як асоба складанага і супярэчлівага ўнутранага свету. Нярэдкі матыў сумяшчэння рэчаіснасцей сну і явы. Сапраўды, стан пад час сну да гэтай пары застаецца загадкай чалавечай псіхалогіі. Шматлікія рацыянальныя і ірацыянальныя спробы тлумачэння гэтага становішча свядомасці не з’яўляюцца дастаткова дакладнымі. І, мабыць, таму чалавецтва заўсёды звярталася да мастацкага вырашэння дадзенай праблемы. Калі гаварыць канкрэтна пра творчасць Яна Чыквіна, то ў яго ранняй лірыцы выразна адчуваецца двухаспектнае ўзаемадзеянне сна-явы і паэзіі. З аднаго боку, сон – гэта такая ж сапраўдная рэчаіснасць са сваімі законамі, якую можна шмат у чым асэнсаваць і перадаць толькі праз магчымасці мастацкага пранікнення ў сутнасць. З другога боку, сон – бяздонная метафізічная крыніца паэтычнага натхнення, вобразнай яркасці і арыгінальнай метафарычнасці. Часам гэтая з’ява набывае выгляд зменлівых форм сюррэалістычнай кантрастнасці. Бывае ж, герой нясмела дзеліцца з чытачом: «ці паверыце маёй дурной маладосці: я жыву ў снах» [51, с.15]. Гэтая мройнасць шмат у чым эмацыянальна раскрывае няўзгодненасць творцы са знешнім светам. Тэма сну ці трызнення не раз узнікне ў творчасці Я.Чыквіна, сапраўды дазваляючы пашырыць межы мастацкай рэальнасці.
Часам рэальнасць запаланяе, накрывае з галавой, і тады герой у песімістычным парыве можа сказаць: «Няма ахвоты верыць // у чыстае, вялікае...»[51, с.22]. Але чытач усё ж павінен пераканацца, што рэфлексіі і разнастайныя эмацыянальныя зрухі – адзнака вострай пачуццёвасці, душэўнай успрымальнасці. Гэта не проста рыса сталага характару, а экспрэсіўная хваля, якая хутка павінна супакоіцца, але ў свой час ізноў уздымецца.
Ірэальнасць і незвычайнасць, характэрныя для мадэрністаў, прымаюць у паэзіі Я.Чыквіна розныя формы. Напрыклад, у вершы «Вяртанне» ствараецца дзіўны аптычны эфект, калі ні лірычны герой, ні чытач ужо да канца не ўпэўнены, дзе сапраўдны свет, заканамерны час і фізічнае існаванне:
Вада
з крыніц
мацней
ўсялякіх він.
У люстэрка
нахіляюся
напіцца
сілы –
і лезе
цалавацца,
пропадам ты згінь,
чужы мне чалавек,
стаўшы над магілай[51, с.13]
Тут дзіўным чынам спалучаюцца розныя фрагменты паэтычнага свету, сінтэзуюцца разнастайныя матывы: дваістасці творчай асобы, захаплення натуральнасцю, шматузроўневасцю рэчаіснасці. У межах аднаго невялікага тэксту сутыкаюцца зусім супрацьлеглыя настроі: ад жыццесцвярджальнага да фаталістычнага.
Зусім інакшую паэтычную канцэпцыю ўтрымліваюць вершы «Партытура», «Шчасце», «Даспелае сонца». Гэта прыклады яскравай імпрэсіўнасці, фармальнай дасканаласці. Менавіта ў творах дадзенай плыні адчуваеш неверагодную знітаванасць творчасці з рэальнасцю і, адначасова, непарыўную сувязь розных відаў мастацтва:
З грацыі кветак музыкай б’е.
Восень на нотах развешана,
блішчыць высока лета бабіна –
шчасце ўстрывожана ўсмешкаю.
...
Пад грушамі зноў грушапад,
як быццам заплакалі грушы,
што нельга ім у полі пагушкаць –
на ключ журавоў закрыты сад.[51, с.17]
Верш уяўляе сабой сапраўдную партытуру, дзе кожнай ноце (тропу) ёсць сваё дакладнае месца, каб утварылася сімфанічная гармонія. Адкрыццём высокага густу ўяўляецца вобраз саду, замкнёнага «на ключ журавоў». Т.Занеўская сцвярджае: «Разнародны, багаты свет прыроды не мае ў паэтычных візіях аўтара...толькі дэкаратыўнага характару. Амаль кожны...відарыс з’яўляецца тут як неадназначны і метафарычны. Усё ў лірычным пейзажы Я.Чыквіна становіцца знакам рэчаіснасці духоўнай» [17, с.63]. У гэтым сцвярджэнні шмат праўды.
Як паэт дапытлівы і сур’ёзны, Ян Чыквін спрабаваў асвойваць разнастайныя класічныя жанры лірыкі. Строгая выверанасць формы патрабуе ўнутранай дысцыпліны, дакладна акрэсленай думкі. Так апрабоўваюцца дасканаласць і самабытнасць індывідуальнага стылю. У «Святой студні» знойдзем прыклад аўтарскага пошуку, паступовай крышталізацыі творчай асабовасці.
Назву ўсяму зборніку даў вянок санетаў, які змешчаны ў другой палове кнігі. Сам факт таго, што малады творца ўзяўся за такую складаную паэтычную форму, сведчыць пра многае. Акрамя смеласці і запалу, тут адчуваюцца творчая энергія і дапытлівасць прафесіянала. У тыя часы (60—пач.70-х) гэтая форма — вянок санетаў – была прадстаўлена ў нацыянальнай паэзіі цікавымі прыкладамі з творчасці пісьменнікаў розных генерацый. Распрацоўваць гэтую дзялянку — значыць адточваць майстэрства, ісці ўслед за класічнымі ўзорамі. «Вянок санетаў – складаная вершаваная форма, якая патрабуе глыбокай, своеасабліва выяўленай вобразнай думкі, дасканалага паэтычнага майстэрства. Слабыя ж, анемічныя радкі вянка санетаў у выніку іх шматразовага паўтарэння назойліва кідаюцца ў вочы, зніжаючы вартасць усяго твора» [28, c.28], — слушна сцвярджае В.Рагойша. Вянок санетаў Яна Чыквіна мае метафарычную назву. Звыклая студня набывае сімвалічнае значэнне таго месца, дзе тояцца запаветныя мары, парыванні кожнага чалавека. Гэта месца — родная зямля. Але, менавіта, родная, абжытая канкрэтным чалавекам, так званая — малая радзіма. З ёю амаль атаясамліваюцца ўжо знаёмыя нам матывы і вобразы дома, маці, дзяцінства. Над усім уладарыць тут матыў самотнага ўспаміну. Таму студня — святая. Яна захоўвае найдаражэйшае.
У вянку Я.Чыквіна дзейнічаюць, калі схематызаваць фабулу, дзве пары галоўных вобразаў. З аднаго боку — гэта лірычны герой-сучаснік і Адам Міцкевіч, з другога — айчына і экзатычны Крым. У прааснове нараджэння гэтага твора палягае падарожжа маладога аўтара па тых мясцінах Крыма, дзе бываў геніяльны польскі рамантык. Такім чынам, адбыліся пэўныя ўмоўныя напластаванні, што часамі прэтэндуюць амаль на ідэнтыфікацыю. Толькі дзякуючы паэтычнаму ўяўленню можна сумясціць вымушанае падарожжа класіка і экскурсійную вандроўку нашага сучасніка; невымерную тугу выгнанніка і трохі экзальтаваную самоту турыста. Жыццёвы і творчы лёс А.Міцкевіча апошнім часам становіцца хрэстаматыйна вядомым, а пачуцці публікі, якая ўспрымае такую біяграфію — амаль схематычнымі. І, мабыць, толькі ў дачыненні да пэўнай асобы, канкрэтнага індывіда, гэтыя перажыванні могуць набыць сапраўднасць і пранізлівасць. Так адбылося з многімі самотнымі пілігрымамі: Дж.Байранам, Ч.Мілашам, М.Сяднёвым і інш.
Характэрна, што факты біяграфіі А.Міцкевіча таго перыяду ў “Святой студні” канкрэтна амаль не пазначаны, але ў тым і справа, што Я.Чыквін, як думаецца, спрабаваў, і ў некаторых выпадках вельмі ўдала, перадаць эмацыянальны, душэўны стан свайго героя, якога ў прынцыпе і нельга напрамую атаясамліваць з гістарычнай постаццю. Гэта хутчэй псіхалагічны злепак, эксперымент-спроба ўсведамлення адчуванняў не проста геніяльнага класіка, а чалавека з няўдзячным лёсам. Хоць, пэўна, без такога лёсу не адбываюцца сапраўдныя мастакі. Найбольш удалымі, на нашу думку, з’яўляюцца першы і апошні санеты. Менавіта ў першым паэт здолеў перадаць тонкі і выразны настрой засмучэння, які ства

