|
Аляксандр Антановіч Аркадзевіч
1932 г. н.
Я нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Васількі зараз Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і патомных сялян. Вучыцца я пачаў вельмі рана, яшчэ ў польскай школе. Мая мясцовасць - гэта Заходняя Беларусь - да вайны была пад Польшчай. Правучыўся я год ў гэтай школе, і нас усіх адсадзілі яшчэ на год: мы мелі праблемы з польскай мовай. У час акупацыі у нас таксама быў настаўнік, да якога мы хадзілі займацца на дом. Пасля вызвалення, у верасні 44-га года, я ўжо пайшоў у 4 клас Княгінінскай сямігадовай школы, а ў 47-м яе скончыў.
У тым жа годзе я і мая дваюрадная сястра паехалі вучыцца ў Гродна. Чаму ў Гродна, а не, скажам, у Мінск? У Гродна нам лягчэй было дабірацца: трэба было толькі сесці на цягнік у Княгініна і ехаць без перасадак да самага Гродна. А што не ў меншай ступені было важна - брат мой вучыўся ў Гродне ў будаўнічым тэхнікуме, які знаходзіўся тады на Замкавай вуліцы. Здаў я экзамены і паступіў у Гродзенскае педвучылішча, якое фактычна і скончыў, аднак у 1951 годзе быў арыштаваны.
Як гэта ўсё пачалося? Справа ў тым, што КГБ патрэбныя былі кадры, яны іх сабе і выбіралі. Заходзілі да адміністрацыі навучальных устаноў і выбіралі. Я думаю, што ў асноўным арыентацыя на веды была, глядзелі, як займаўся той ці іншы “кандыдат”. Намеціўшы сабе “кадра”, яны выклікалі яго да сябе і вялі размову, вербавалі сабе будучых курсантаў.
У асноўным хлопцы не згаджаліся, не згадзіўся і я. Але былі і такія, якія вельмі хацелі туды папасці, але іх чамусьці не выклікалі. Можна ўявіць сабе іх стан, калі пайшла ўжо такая пагалоска, размовы, што вось выклікаюць, вярбуюць...
Пару разоў выклікалі мяне на Тэльмана, дзе і цяпер знаходзіцца гэты “камітэт бяспекі”. Размова вялася ў такім плане, што, маўляў, ты будзеш мець шырокія магчымасці, вялікія правы, што захочаш, тое і зможаш здзейсніць, табе адкрываюцца такія шырокія перспектывы, найлепшыя кадры стаяць на ахове сацыялістычнай дзяржавы, ёсць яшчэ многа ворагаў, трэба весці барацьбу і г. д.
Такіх сустрэч, мне здаецца, з тры было, але я ўсё роўна адмаўляўся, адгаворваючыся тым, што маю іншыя планы, што я не тое што не згодзен, а так, мякка кажучы, няма ўва мне дадзеных для гэтай справы і г. д.
Я да іх увогуле негатыўна адносіўся. Справа ў тым, што ў мяне радня была рэпрэсаваная ў свой час - брат бацькі. Ён калісьці перайшоў у Расію шукаць, як кажуць, волі і долі. Быў вайскоўцам, нават маёрам - да вайны гэта быў даволі высокі чын. Быў ён начальнікам ваеннага вучылішча ў Махачкале. 37-ы і 38-ы гады ён перажыў, нават прыязджаў у 40-м годзе на радзіму да бацькі. А потым мы ўжо даведаліся, што і яго падмяла тая мятла, да вайны яшчэ пасадзілі. Мы пасля вайны атрымалі ад яго пісьмо ўжо з лагера. Бацька таксама належным чынам ацэньваў тую сітуацыю, якая была ў Расіі, і мы наогул у сям’і адносіліся негатыўна да ўсяго гэтага...
І вось адмовіўся я ў трэці раз, і нармальная, амаль што цёплая размова перайшла раптам ў допыт, такі, які ўсе гэтыя следчыя прызвычаіліся весці: што, хто, чаго, а хто твае бацькі, чаму?..
- Дык Вы ж, напэўна, усё ведаеце, калі размаўляеце са мной.
- Ведаем.
Карацей кажучы, вось што сказаў мне напрыканцы гэты мой кагэбэшны суразмоўнік (прозвішча яго я не памятаю, гэта прозвішчы пазнейшых следчых я добра запомніў):
- Ты гэта добра запомніш, так табе гэта не пройдзе.
Проста было сказана.
Але разам з тым былі хлопцы, такія як Палітыка Валодзя аднекуль з Віцебскай вобласці ці Гракаў з Магілёўскай, якія хацелі туды пайсці, але іх не выклікалі. Тады яны ўжо самі пайшлі; так і гаварылі аднакурснікі: самі пайшлі туды прасіцца. І я не выключаю, што ім далі адпаведнае заданне разведаць, а што ж гэты Антановіч за чалавек, чаму ён упіраецца.
І тут ужо мне стала ясна. Пачалі яны выклікаць шмат іншых студэнтаў і распытваць іх, як бы незнарок, пра мяне. І мне такі добры хлопец, Яўменаў Эдуард (ён да апошнягя часу працаваў дырэктарам школы ці не ў Свіслацкім раёне) пасля візіту на Тэльмана кажа:
- Саша, ведаеш што: ты глядзі - з’язджай куды-небудзь адсюль.
Гэта значыць, на мяне ўжо збіраўся матэрыял, бо пыталі ў хлопцаў, што я гаварыў, дзе, калі, з кім быў звязаны і г. д. Як не з намі - значыць, патэнцыяльны вораг. Так яно цягнулася...
Добра тое, праўда, што далі мне скончыць вучылішча, здаць экзамены. Трэцяга ліпеня 1951 года ў вучылішчы быў выпускны вечар, на ім павінны былі ўручаць дыпломы. Я прыбраўся і прыйшоў у радасным настроі на вечар. Вечар павінен быў вось-вось распачацца, а мяне раптам паклікалі да дырэктара ў кабінет. Там чакалі два незнаёмыя мужчыны, яны мяне фактычна і арыштавалі. Яны мне проста так сказалі:
- Пойдём с нами.
Я здзівіўся: а чаго, а што? Тады яны сказалі, што яны супрацоўнікі КГБ і маюць сур’ёзную справу да мяне. Тут я адчуў, што я нявольны і мушу ісці.
Вывелі з будынка і павялі проста па вуліцы Леніна. Завялі ў КГБ, зрабілі там вобыск: абшарылі, што я маю ў кішэнях, сказалі, што я арыштаваны. Паказалі і ордэр на арышт. Пасля гэтага пасадзілі з сабой у машыну і павезлі на маю кватэру па вуліцы Рыбацкай. Прывезлі, зрабілі і там вобыск, пазабіралі нейкія кнігі (дэталёва ўжо й не памятаю якія), прыхапілі з сабой фатаграфіі і яшчэ нешта забралі - імкнуліся знайсці які-небудзь кампраметацыйны матэрыял. Пасля вобыску прывезлі назад на Тэльмана і пасадзілі. Там у іх усярэдзіне была і ёсць унутраная турма.
А кампраметацыйнага нічога такога яны не знайшлі, не маглі яны мне нічога такога даказаць. На гэтай кватэры са мною жыў яшчэ адзін студэнт па прозвішчы Захарчук, дык яго таксама потым арыштавалі.
Перш за ўсё пастрыглі мяне нагола. Было мне даволі жудасна, як па плячах - раздзеты я быў - падалі валасы; тут я зразумеў, што ўсё скончана. Затым павырэзвалі ўсе кручкі, усё металічнае з адзення, дзягу забралі, так што хадзіць я мог, толькі трымаючы ў руках штаны. А перад гэтым распранулі дагала і яшчэ раз абшукалі. Прывялі, адчынілі камеру, упіхнулі. Там параўнаўча невялікія камеры ў сутарэннях гэтых. Ад сцяны да сцяны былі нары, на нарах сядзелі людзі: зарослыя, твары змучаныя, нехта ўстаў...
Праз некаторы час выклікаюць мяне з камеры, здымаюць водціскі пальцаў - прымушаюць, як кажуць, на піяніна пайграць. Затым фатаграфуюць у анфас і профіль. На другі ж дзень пачаліся допыты.
Спачатку допыты былі скіраваны на тое, каб даказаць артыкулы, якія прадугледжвалі пакаранне за антысавецкія падпольныя арганізацыі. Яны мяне імкнуліся яксьці звязаць з педінстытутам: там у той час быў утвораны пагром: вялікую групу студэнтаў забралі. Ад мяне ўсё дабіваліся, каб я сказаў, хто мне там знаёмы. У мяне былі там, праўда, некалькі знаёмых хлопцаў, я пару разоў заходзіў туды, але гэта было не настолькі часта, каб я, як кажуць, намазоліў там некаму вочы. Так яны, я думаю, і не змаглі здабыць такіх звестак. Аднак я ўвесь час выразна бачыў, што яны ўсімі сіламі імкнуліся сфабрыкаваць мой удзел у нацыяналістычнай антысавецкай арганізацыі. Уся справа была ў тым.
Арыштавалі яшчэ, як я ўжо казаў, і майго суседа па кватэры Захарчука Івана Андрэевіча - мы разам вучыліся: так яму не пашанцавала, што жыў са мною разам. Аднак двух чалавек ім, напэўна, было мала: было б занадта яскрава відаць, што справа шытая белымі ніткамі, калі б арганізацыя складалася толькі з двух чалавек. Таму яны называлі мне прозвішчы, гразіліся зрабіць вочную стаўку і г. д., ужывалі свае правераныя метады: білі па шыі рукой, рабром далоні, так, што я губляў раўнавагу, нават у вачах усё муцілася. Ставілі, як кажуць, на канвеер, калі ўсе гэтыя душагубы мяняліся па чарзе, а мне не давалі спаць ні ўдзень ні ўночы і прымушалі стаяць у кутку, не давалі сядаць. Так стараліся выбіць, знішчыць маю волю, прымусіць падпісаць, што з’яўляюся членам якойсьці антысавецкай арганізацыі.
Перажыванні гэтых першых дзён былі самымі цяжкімі. У той час яны распраўляліся без цырымоніі: маглі біць-катаваць, маглі й зубы выбіваць. Я раз аднаго следчага - ён быў меншы за мяне, слабейшы - за рукі схапіў, калі ён мяне біў, дык ён тут жа выклікаў канвой і пасадзіў мяне ў карцар.
Карцар - гэта сырая бетонная лёха без акна, з мутна-тусклай невялікай лямпкай пад столлю, якая гарэла ўвесь час. Бетонны мяшок гэты быў абсалютна пусты, стаяла толькі драўляная калодка, зрэзаная наўкос: гэта калі прысядзеш і задрэмлеш - каб абавязкова зваліўся.
Да карцара я ўжо колькі дзён быў без сну, збіты на горкі яблык. Я на хаду спаў, даходзіў да непрытомнасці. І нават думаў і баяўся, што, магчыма, і падпісаў што-небудзь: я ўжо нічога не памятаў, так усё ў галаве пераблыталася. Я знаходзіўся ў такім стане, што, калі мне падсоўвалі - на, чытай! - я пачынаю чытаць і падаю.
- Ты что! Так твою перетак! - тут гнуліся мацюкі трохпавярховыя. - Ты что, у тёщи в гостях?
Увесь допыт быў збудаваны на шмат’ярусных мацюках, лаянцы, біцці і г. д. На лаянку я толькі маўчаў.
У карцары я прастудзіўся: фактычна ў мяне было і запаленне лёгкіх. Я і да гэтага часу адчуваю свой правы бок: калі мне халадней, то ён адчувальна пабольвае. Справа ў тым, што я, як і было прадугледжана, споўз з гэтай калодкі на мокрую цэментавую падлогу і не змог ачнуцца. А адзеты я быў тоькі ў адну кашулю і штаны. У той час дзяжурыла адна маладая наглядчыца, і яна, пэўна, пашкадавала мяне. Я яшчэ чуў, як адчыніўся ваўчок у дзвярах, адчуваў, што на мяне глядзелі, але не змог падняцца. Яна не стала мяне падымаць. Праз некаторы час адчынілася ваконца ў дзвярах, праз якое ваду падавалі, і, чую, яна крычыць:
-Уставай, уставай!..
Ім жа там было забаронена спрыяць вязням. Прысесці можна было, а як падаў - уставай і ўсё. Ляжак у карцар толькі нанач прыносілі. Ляжак - гэта голы тапчан без ніякай пасцелі.
Я там без дзённага святла страціў арыентацыю ў часе. Арыентавацца можна было толькі па зменах наглядчыкаў. Праседзеў я ў карцары дні з тры і затым мяне вярнулі ў тую самую камеру.
Катаванне гэтае цягнулася дзён дзесяць. Лавілі мяне настолькі прымітыўна, што нават мне, недасведчанаму ў абыходжанні з катамі, былі бачныя ўсе іхнія хітрыкі.
- Вот того ты ведь знаешь?.. Как не знаешь?.. Ты же с ним встречался! Он же сам про это говорил!
- То хай ён сам мне і скажа, а я такога не знаю.
Потым яны зразумелі, што нічога яны тут не выб’юць, вялікай справы не атрымаецца, і на некаторы час следства было прыпынена.
Але я быў усё-такі запалоханы. Асабліва цяжкі момант - гэта пачатак, а потым чалавек, добра гэта ці дрэнна, прывыкае ў некаторай ступені. Памагала мне і салідарнасць аднакамернікаў. Але разам з тым гучалі і такія словы:
- Што ты сябе мучыш? Цябе ж прыб’юць!
Прыкладна я ведаў і да гэтага няшчасця, як гэта ўсё рабілася. І разам з тым, ведаючы, усё роўна ўлез, папаў чорту ў зубы...
Публіка ў камеры была самая разнастайная. Сядзеў, напрыклад, там ксёндз Арановіч (няма яго ўжо, памёр). Быў яшчэ мужык з-пад Ліды па прозвішчы Вялічка, папаўся задоўга да мяне, старажылам быў. Ён звіў мне з нейкай анучкі, з кусочкаў аборачку, каб я штаны перавязаў. Дык вось гэты Вялічка мне і кажа:
- Ты ж толькі глядзі - не цягні нікога за сабой. Хоць трымайся ўжо, не цягні бязвінных.
Яшчэ сядзеў гаёвы, ляснік польскі. Ён дачакаўся потым волі, выйшаў, я нават хацеў з ім пабачыцца, аднак ён скора пасля вызвалення памёр. Яшчэ адзін вязень абвінавачваўся ў сувязях з Арміяй Краёвай...
Пасля вяртання з карцара ў камеру выклікалі мяне яшчэ некалькі разоў, а потым - гляджу ўжо - стары артыкул побаку, даюць мне другі артыкул - 72, пункт “а”: антысавецкая агітацыя. Гэта была самая простая, самая лёгкая для іх “статья”. Пад гэты артыкул можна было перасаджаць увесь народ. Яго можна было сфабрыкаваць, не абцяжарваючы сябе. А папярэдні артыкул у мяне быў 63: здрада Радзіме і нешта такое яшчэ, зараз дакладна ўжо і не памятаю.
І вось перавялі яны мяне пад гэты артыкул 72 “а” Крымінальнага кодэксу БССР. І тут пайшла ўжо іншая справа, тут ужо яны “абгрунтавалі”, што я займаўся антысавецкай агітацыяй, хоць я і гэта адмаўляў.
- Ну что ты отпираешься? Мы сделаем тебе очную ставку.
І зрабілі. Прывялі гэтага Палітыку, ужо ў форме курсанта вучылішча войск КГБ, хоць фактычна (але хто там на гэта глядзеў?) ён не мог быць сведкам, бо з’яўляўся ўжо супрацоўнікам гэтай установы. Гэта калі разбірацца ў прававых адносінах, але хто там гэтага права трымаўся! Увайшоў гэты Палітыка, сеў так няёмка, апусціўшы вочы, - безумоўна, яму было прыкра - і пачаў гаварыць, што нібыта я нарысаваў жабрака ў позе (у пратаколе было так напісана: “просящего подаяние”) і паказваў групе ў класе. У мяне сапраўды быў нейкі талент да рысавання. І нібыта я яшчэ і гаварыў пры гэтым:
- Вось які сталінскі клопат аб чалавеку!
А яшчэ ў нас пры педвучылішчы быў у свой час гурток, дзе мы займаліся радыёсправай. І мы з Каўшовікам Міхаілам (я яго, канешне, кадэбэшнікам не назваў, яго і не пасадзілі) зрабілі разам у гэтым гуртку двухлямпавы прыёмнік на батарэйках і прынеслі ў вучылішча. Слабы ён быў, аднак “Голас Амерыкі” прымаў, таму што перадатчык магутны быў. Уключыш, і толькі пачынаў “Голас” гучаць, як тут жа - жу-жу-жу - пайшлі гэтыя глушкі працаваць. Тут ужо я і не памятаю, можа гэта і было... Хтосьці нібыта здзівіўся:
- Глядзі, чаго гэта глушаць?
А я нібыта адказаў:
- Бо праўду гавораць.
Гэта, можа, нават і сказаў, але што малюнка не паказваў, то гэта факт. Потым яшчэ і другі сведка з’явіўся, таксама наш студэнт, і пацвердзіў, што нібы я там штосьці дзесьці выказваўся. Карацей кажучы, назбіралі ўжо дастаткова матэрыялу. А што тычыцца таго, што я нібыта гэты партрэт жабрака падымаў перад групай, то я ім сказаў:
- Давайце, выклічце іншых: ці пацвердзяць гэта, бо калі я яму аднаму гаварыў, дык гэта ж не агітацыя яшчэ.
- О, вишь какой грамотный!
- Вучылі.
Я ўжо трохі акрэп, мне стала трохі лягчэй, што артыкул памяняўся.
- Ну, теперь мы не можем собрать, потому что все разъехались, никого нет.
Бачыце, якая непераадольная праблема.
Пасля гэтага ўжо па-новаму пайшло следства. Паколькі ўжо былі “сведкі”, то ў апошні час яны мяне нават біць перасталі, таму што “паказанняў” сведак было ім дастаткова, яны маглі мяне ўжо судзіць.
Праз некаторы час (я там, у гэтых падвалах, адседзеў дзесьці з месяц) перавялі мяне ў турму, у першую камеру, як сёння помню. Туды ў турму нават следчы прыходзіў да мяне, каб я падпісаў, што азнаёмлены з справай, і следства было скончана. Але суду прыйшлося пачакаць яшчэ некаторы час: 3 ліпеня мяне пасадзілі, а ці не 13 кастрычніка суд адбыўся.
Судзіў ваенны трыбунал войск МГБ Гродзенскай вобласці: суддзя - стары, лысы, “вальтэраўская” галава, і двое засядальнікаў: адзін нейкі зусім невыразны і сяржант Калеснічэнка (запомніў я толькі адно прозвішча). Суд адбываўся ці не там унутры гэтага квартала, які займае КГБ і сёння. Самі сфабрыкавалі, самі і асудзілі.
Суд праводзіўся без удзелу як абвінавачання, так і абароны: не было ні пракурора, ні адваката, нікога - толькі звычайная “тройка”. І яшчэ сакратар: нейкая жанчына сядзела і пісала.
Я там, праўда, выступіў, што, маўляў, “вы дзяцей судзіце”. Проста надумаў: што яны мне зробяць - усё роўна не дабавяць больш, чым па артыкуле належыць. Я бачыў, што нават некаторыя з іх прыкра сябе адчувалі - з апушчанай галавой сядзелі. Не відаць было ў іх асаблівага энтузіязму.
Пыталі: што?.. як?.. - такі фармальны быў допыт. Сведак ніякіх не было. Усё было ўжо падрыхтавана. Фактычна гэта быў не суд, а звычайная расправа: ніхто не памкнуўся шукаць ісціны, нешта выясняць, усё для іх было вядома наперад. “Матэрыялу” было дастаткова, каб пасадзіць мяне на ўсю катушку. Далі 10 гадоў лагераў і 5 гадоў паражэння ў правах. Ішоў мне тады 18-ы год...
Не выключана, што мой выпадак упісаўся ў акцыю МГБ па знішчэнні беларускай свядомай моладзі. Тады грамілі ўсе навучальныя ўстановы. У лагерах было даволі многа моладзі і з Заходняй Украіны: навучэнцаў, студэнтаў. Так што гэта, напэўна, не апошняя іх мэта была. Думаю, што яны імкнуліся знішчыць разумнейшую частку, асабліва тых, хто адчувалі сябе беларусамі. Гэта адпавядала пастаўленай ім партыяй задачы - задушыць нацыянальны дух, знішчыць нацыянальную свядомасць людзей. Як мы сёння бачым, гэта ім у некаторай ступені ўдалося...
Пасля гэтага “суду” зноў адвялі мяне ў турму, і ў снежні я ўжо быў у аршанскай перасылцы. Везлі туды ў так званым “сталыпіне” - спецыяльным арыштанцкім вагоне. Яго так называлі, бо, пэўна, канструкцыя такая з’явілася, калі міністрам унутраных спраў пры цары быў Сталыпін. Адзін бок вагона быў падзелены на адсекі, каля вокнаў - праход: прыкладна так, як у купэйным вагоне, толькі дзверы наглуха, на вокнах краты і г. д. Унізе былі суцэльныя нары, і другі ярус быў так, што калі сядзіш, то галавой упіраешся ці ў верхнія нары, ці ў столь. У асноўным толькі ў ляжачым стане можна было там знаходзіцца. Людзей набівалі звычайна пад завязку. Звонку такі вагон выглядаў, як звычайны, і нагадваў паштовы, таму што і ў паштовых на вокнах краты, з той толькі розніцай, што ў сталыпінскіх вагонах вокны былі запэцканы фарбай. Я цяпер, як больш дасведчаны чалавек, пазнаў бы такі вагон адразу. Вагон гэты стаяў тут у Гродне недзе ў тупіку, а потым, ужо пасля запаўнення вязнямі, яго падчаплялі. У саставе было некалькі такіх вагонаў.
Давезлі да Оршы цэлы этап. Ад вакзала пешшу не гналі - везлі ў чорным варанку. У перасыльнай турме людзей было вельмі многа, але рэжым быў намнога лягчэйшы. У вялікіх камерах там трымалі крымінальнікаў і палітычных разам: наўмысна змешвалі. Нягледзячы на небяспеку прапагандысцкага ўплыву “каэраў” (“контрыкаў”, “контррэвалюцыянераў”) на крымінальнікаў, адміністрацыя нацкоўвала другіх на першых, заахвочвала крымінальны тэрор у лагерах , шырока выкарыстоўвала крымінальнікаў у якасці падручных, нарадчыкаў, “прыдуркаў”.
На перасылцы мы прабылі параўнаўча нядоўга, дзесьці з тыдзень. Этапы фармаваліся паступова, адпраўляліся ў розных кірунках. Я папаў на Крайнюю Поўнач Заходняй Сібіры.
Везлі нас у цялятніках, але з нарамі. Па дарозе часам можна было глянуць, часам чулі мы аб’явы на станцыях. Некаторыя з нас вярталіся з паўторнага следства, то мы ўжо арыентаваліся і думалі, што пападзем у Варкуту, бо чыгунка так ішла. Але, не даходзячы да Варкуты ці Інты, цягнік наш павярнуў на усход, і праз Палярны Урал нас прывезлі да Лабытнангаў на беразе Абі.
Гэтую дарогу на Варкуту пачалі будаваць дзесьці ў 39-м годзе, і мне казалі, што там амаль пад кожнай шпалай ляжыць паляк. Палегла там польскіх палонных безліч. Каб ведалі пра такі канец, то, напэўна ж, здаваліся б лепш немцам у палон, чым рускім.
На этапе было таксама цяжка. Давалі пару палак дроў. Безумоўна, гэтым не нагрэешся, а была ўжо зіма. У вагоне было вельмі холадна, усе металічныя часткі, галоўкі цвікоў блішчалі, пакрытыя інеем, як гузікі на віцмундзіры. Часта, па некалькі разоў на дзень, нас лічылі. Адбывалася гэта так: адчыняюцца дзверы, убягае наглядчык з драўлянай калатушкай на спіне, пераганяе ўсіх зняволеных у адзін канец вагона. Затым па адным трэба было перабягаць у другі канец (пры гэтым кожны атрымваў гэтай калатушкай па спіне). Лічылі ўдары, г. зн. зняволеных. Абстуквалі гэтым малатком сцены, падлогу: шукалі, ці не адарваў хто дошку, каб уцячы. Адзін пажылы чалавек памёр у час гэтага этапу. Ляжаў побач са мной. Падчас пераліку не далічыліся аднаго, сталі па нарах глядзець, кранулі - а ён ужо нежывы.
Вось такім чынам даставілі нас у Лабытнангі. А там таксама перасыльная турма з лагерам. Турма лагернага тыпу: баракі, абнесеныя дротам. Загналі нас у гэтыя баракі. Яны зусім не ацяпляліся. Калі мы зайшлі, дык адразу ўсе сцены сталі белыя, таму што быў моцны мароз, градусаў 40 было. Пасля павялі ў сталоўку, па дарозе (не ведаю, ці то спецыяльна, ці што там адбылося) пачалася кулямётная страляніна з вышак, і нам паследавала каманда “Лажысь!” Палеглі мы на снег. А былі мы, у чым нас з дому забралі, я дык у касцюмчыку. Бацька, праўда, у турму прыязджаў, целагрэйку перадаў і боты прывёз. Але што ж там боты за палярным кругам! Ногі я там прымарозіў, і не я адзін... Потым зноў каманда: “Быстрэй! Падымайсь!”. Сталі шампаламі біць нас: “Контра паршивая!” П’яныя, відаць, былі. Такія азвярэлыя ўсе наглядчыкі.
Загналі нас нарэшце ізноў у барак, але заснуць было цяжка, бо было вельмі холадна, не палілася нічога. Папрыціскаліся мы адзін да аднаго. Пад самы канец ночы прынеслі дроў, пачалі распальваць. Так што было не да сну.
Там мы прабылі два дні, а потым адтуль этапам рушылі на Салехард. Праз Об узімку клалі рэйкі пасля таго, як рака прамярзала. Шырокая яна там, але трымала. Па вясне рэйкі здымалі. Так па гэтых рэйках мы апынуліся на другім беразе Абі, гэта называлася 501-я будоўля, па-руску ГУЛЖДС - галоўнае ўпраўленне лагераў чыгуначнага будаўніцтва.
Задача была такая: пракласці чыгунку ад Салехарда да Ігаркі на Енісеі. Часткова на той час яна была ўжо пракладзена.
Заходняя Сібір - гэта балота, у асноўным плоская раўніна. Будаваць там было цяжка: там глеістыя глебы, характэрныя для тундры, такога сіняватага колеру, многа плывуноў. З механізмаў там былі кірка, рыдлёўка, лом. Усе земляныя работы праводзіліся ў асноўным зімой, таму што калі рабіць выемку, скажам, па профілі чыгункі летам, то яна адразу заплывае. Таму гэтую выемку рабілі зімой, а навесну рабілі фашыну: забівалі драўляныя калочкі, прыбівалі дзёрн, каб замацаваць адхоны. Пароду для засыпкі вазілі з Палярнага Уралу зімой па зімніку, а летам праз Об хіба на баржах. Далей, дзе ўжо была чыгунка, везлі гэты шчэбень і пясок на платформах. Мы іх разладоўвалі і да месца давозілі на тачках па дошках.
Пазней мне давялося папрацаваць і на Палярным Урале: перавялі ў іншую калону, якая здабывала шчэбень і камень. Ломікам прабівалі шурфы, потым вольныя выбух рабілі, падрывалі, а затым вязні молатам білі гэты камень...
Праца з кіркай і ломам на вятрыску і пры экстрэмальных тэмпературах - безумоўна рабская, катаржная. Пры гэтым пустая баланда, кусок чорнага хлеба далёка не кампенсавалі энергетычныя затраты. Вязні пастаянна былі галодныя, пачалі хварэць на цынгу. Я ўратаваўся нейкім цудам, бо папаў у брыгаду, якую паслалі працаваць на базу ЧТС - часці тэхнічнай службы. Там знаходзіліся рэйкі, трубы, чыгуначныя пераводы, стрэлкі - карацей кажучы, усё неабходнае для чыгункі абсталяванне. А побач, праз плот, была медыцынская база. І аднойчы вольны кладаўшчык з гэтай базы падышоў да нашага брыгадзіра і папрасіў даць пару хлопцаў памагчы, бо прыбыў вагон, які трэба было разладаваць, а там працавалі адныя жанчыны, у асноўным вольныя. Ну што значыць “вольныя”? Тыя ж зэкі, якія адбылі свой тэрмін: некаторыя высылку мелі, паражэнне ў правах, таму выехаць адтуль каторыя не маглі, а іншыя, абачлівыя і дасведчаныя, не ехалі таму, што на радзіме можна было лёгка і скора ізноў папасці пад артыкул і атрымаць другі тэрмін. І такое было.
І вось, помню, немка-перасяленка - Аннай звалі - гаворыць:
- Хлопцы, вы даўно ці нядаўна прыбылі?
Мы расказалі. Са мною, помню, быў Вадзім Ракуцін з Магілёўшчыны, з Заходняй Украіны былі хлопцы.
- Я вам дам ад цынгі вітамінаў, толькі глядзіце, богам прашу, каб мяне зноў не зачынілі ў клетку, не дабавілі тэрміну.
Хавалі мы гэтыя вітаміны, якія прызначаліся, пэўна ж, не для зняволеных. Яна мне нават пару ўколаў зрабіла - уводзіла аскарбінавую кіслату, таму што ў мяне ўжо пачыналася цынга. І цынга гэтая - не тое, што зубы калываюцца, а пачыналася пухліна, як калоду, разносіла нагу, высыпалі нават язвы. А лячэнне якое было: парылі замест кавы (кавай называлі пусты кіпень) хвою і давалі піць. Хто яго ведае, магчыма, і памагала, можа, у настоі тым нешта й было - усё ж такі жывая расліна.
Камароў страшна там. Бывала, і накамарнікі мала памагалі, таму што машкара пад гэты накамарнік абцэсам лезе. Камары і гнюс дакучалі страшна. Памятаю, быў зэк, капітан другога рангу Махортаў, такі бландзіністы, рыжаваты - а ў іх звычайна скура такая белая, светлая... То яму гэты гнюс наядаў шыю так, што пухліна рабіла шыю таўсцейшай за галаву. Тэмпература ўздымалася ад гэтага гнюсу. Бывала, як прыходзім з тундры, то кожны прыносіць з сабою моху, затыкаем усе шчыліны, а днявальны паліць гэты мох, і толькі пасля гэтага кладземся. І дастаткова хоць аднаму камару зазвінець, як адразу ўсё цела пачынае свярбець, пачынаеш чухацца. Проста псіхалагічна гэтая мука ўжо дзейнічала.
Былі ў нас аднойчы ўцёкі - маладыя хлопцы, крымінальнікі, праўда. Паблудзілі па тундры зімой. Дваіх забілі, прывезлі трупы, кінулі на вахце нам дзеля навучкі, каб глядзелі, праходзячы; а потым прыбралі. Цяжка там дзесь збегчы ў гэтай тундры...
А ахоўвалі строга, вадзілі заўсёды пад канвоем з сабакамі: “шаг влево, шаг вправо - стреляю”. З пасылкамі было абмежавана, атрымаў пару. Трохі пабыў я і “прыдуркам”. Перавялі мяне ў 9-ю строгарэжымную калонію на Палярным Урале, і там я папаў у пральню. У мяне было абмаражэнне і стаў павышацца крывяны ціск, на гэтае многія там пакутавалі з прычыны недахопу кіслароду. У калоніі гэтай бухгалтарам працаваў немец Якабс, яшчэ па справе Троцкага папаў, мы з ім добра пазнаёміліся. Сядзеў ён бясконца: калі канчаўся ягоны чарговы тэрмін, яго выклікалі і без аніякага суду дабаўлялі тэрмін з прыпіскай: “до особого распоряжения”. Калі такое распараджэнне надыдзе, было невядома. Ён мяне і адправіў на тую лазню. Вядома, начальнік. Там за яго трымаліся. Дзе там сапраўднага бухгалтара знойдзеш, хто туды паедзе. Нават ВОХРА была таксама з зэкаў. Невялікія тэрміны зэкам скарачалі і вінтоўку ў рукі давалі.
Сістэма ў нас была і без таго патагонная, але былі яшчэ і так званыя “зачёты”. Калі выканана 115% нормы, то лічылі дзень за дзень, калі 121%, то дзень ішоў за два, а калі 151%, то дзень залічваўся за тры. Вось на гэтых самых земляных работах. Некаторыя імкнуліся, яшчэ маладыя, здаровыя... Старэйшыя раілі: не ганіся, не дацягнеш. І праўда, самі сябе такія гарачыя гробілі, пераходзілі скора ў дахадзяг і ў рэшце рэшт “загібаліся”. Вось такія былі хітрыкі.
Дарэчы кажучы, гэтая 501-я будоўля... Была такая кніга “Далеко от Москвы” Ажаева, у свой час папулярная. Мне прыходзілася бачыць гэтыя самыя планы-праекты за подпісам героя кнігі ці то Чхеідзэ, ці то Берыдзэ - у кніжцы гэтае імя трохі перайначанае. Фактычна гэтая 501-я будоўля была спачатку на Далёкім Усходзе, а потым яе на Паўночны Урал перакінулі. Дык вось адкуль з’явілася гэтае прозвішча, зразумеў я. І ў кніжцы было напісана: “501-я стройка ГУЛДЖС”. Гэта ўсё было гаспадаркай цікавага прайдзісвета Фрэнкеля.
Асоба ён незвычайная. У свой час, яшчэ да рэвалюцыі, гэты даволі заможны ці то турэцкі, ці то румынскі яўрэй быў гандляром лесам. Пасля рэвалюцыі быў збег, здаецца, у Румынію, потым вярнуўся, калі пачаўся НЭП, каб адкрыць уласны інтэрас. Але пры ліквідацыі НЭПу ў 20-х гадах пасадзілі бедалагу, і папаў ён на Салаўкі. Там ён і надумаўся вылезці з таго пекла за кошт такіх жа, як ён сам, зняволеных. Пераканаўшыся, што бальшавікі спачатку не ўмелі выкарыстоўваць такі гіганцкі рэзервуар рабочай сілы, якім з’яўляліся зняволеныя ў канцэнтрацыйных лагерах, Фрэнкель звярнуўся да Сталіна з сваімі прапановамі выкарыстання гэтай рабсілы. Выклікалі яго ў Маскву, сустрэўся ён з Берыем, які тады ўжо ўвайшоў у крамлёўскую наменклатуру, а можа, нават і з Сталіным. Ідэі Фрэнкеля былі паспяхова выпрабаваны на будаўніцтве Беламорканала, за што ён атрымаў нават ордэн “Леніна” і яго, кажуць, вызвалілі. Потым зноў былі пасадзілі, а затым ізноў вызвалілі. Так ён трапіў у сістэму МГБ і стаў там сваім чалавекам. Меў нават спецыяльны цягнік, на якім раз’язджаў па “стройкам социализма”. Фрэнкель памёр у Маскве ў званні генерал-лейтэнанта і Героя Савецкага Саюза ўжо пасля смерці Сталіна.
Начальнікам нашага будаўніцтва быў нейкі Самадураў (такое вось характэрнае прозвішча) і гэты Фрэнкель.
Не ведаю, пабудавалі б гэтую чыгунку ці не. Правялі трохі, потым (я ведаю - чытаў) ужо і рэйкі пачалі здымаць. Надзея ў іх ужо тады паменшылася. Дарога асядаць стала. Возім-возім, я помню, навозім, прыходзім назаўтра - а яно ўсё асела. Спрабавалі фашыны на ніз кідаць, аднак усё гэта часова, ізноў дарога садзілася. І так бясконца. Але людской сілы, рабоў гэтых, хапала, то й будавалі.
Потым, ужо па смерці Сталіна, на гэтае будаўніцтва сталі глядзець зусім безнадзейна. Гэта адчувалася нават сярод нашых начальнікаў. А смерць Сталіна ўспрынятая была ў нас не так, як тут на волі, дзе чакалі, што і сонца не ўзыдзе, і неба на зямлю ўпадзе, канец свету будзе. У нас усе паціху перамаўляліся, не хаваючы сваю радасць і надзею. Там трэ’ было быць асцярожным, таму што лагерныя “срокі” атрымвалі толькі так, у лагеры шчодра павялічвалі вязням тэрміны, прывезеныя з волі. Але ўсе былі ўскрыялі, надзея з’явілася.
У той пральні давялося мне пабыць зусім трохі, перакінулі мяне на будаўніцтва станцый і дамоў для абслугі. Рэжым ужо прыкметна паслабеў, ужо зачасцілі камісіі то з Лагупраўлення, то з Салехарда, то нават з Масквы. Нас сабралі і паведамілі, што мы, большасць з нас - часова затрыманыя, што ўсе справы будуць пераглядацца... Адседзеў я на той час ужо чатыры гады. Каб не памёр гэты “бацька”, то невядома, чым бы скончылася мая эпапея, мог бы і не выйсці адтуль.
А потым перавялі нас у еўрапейскую частку, у Котлас Архангельскай вобласці, на домабудаўнічы камбінат. З будоўляй чыгункі было ўжо пакончана. На камбінаце была піларама, сталярныя цэхі. Было ўжо прасцей, у цяпле былі, у памяшканні. Праўда, я там амаль не загінуў.
Было гэта ў траўні 1954 года. Паслалі нас разладоўваць лес. Там піхта была: у яе сучкі, як у елкі, тырчаць, як цвікі. Лес прыходзіў звычайна на платформах, а тут прывезлі ў каробках-вуглярках. Паспілоўвалі мы стойкі, бо лес быў вышэй бартоў наладаваны, паклалі лагі і давай скочваць. А ў мяне рукавіца была палатняная: ухапіўся я скаціць бервяно, а яна зачапілася за сучок - я ў поспеху і не заўважыў. Стойка спілаваная, затрымацца няма за што, я і паляцеў з гэтым бервяном на насып, пакрыты бітаю цэглай. Паляцеў уніз, абапёрся на рукі, добра, што зверху не прыстукнула. А то пры мне аднойчы адзін зэк гэтак жа ўпаў, разладоўваючы шпалы, дык у яго мазгі выскачылі, як зверху шпала па галаве ўдарыла. Я малады быў усё-такі - схапіўся на ногі, але ў галаве закружыла, і я зноў упаў. Не адразу я ашаломаўся, але неяк абышлося.
У 55-м годзе, дзесьці ў канцы студзеня, паслалі нас на так званую падкамандзіроўку. Там мяне ўжо расканваявалі. Не мяне асабіста за нейкія заслугі, а ўвесь мой артыкул і не толькі мой. Меў я ўжо нейкі адпаведны вопыт у будаўніцтве, трохі ж адукаваны быў. Далі мне брыгаду і паслалі ў пасёлак Чараўкова на будаўніцтва цеплаэлектрастанцыі. Мы павінны былі падвесці вузкакалейную чыгуначную лінію, а потым зрабіць водазаборнікі на Паўночнай Дзвіне.
І вось ідзе машына, вязе абсталяванне, а за ёю два бервяны, збітыя дошкамі; на гэтых “санях” сядзяць зэкі. Так мы перамяшчаліся па заснежанай Паўночнай Расіі. Застала нас пурга ў дарозе, і прыйшлося заначаваць у нейкай вёсачцы па хатах. Назаўтра гэтай жа дарогай ішоў трактар і вёз на такіх жа санях зняволеных жанчын на нейкую ферму. Падчапілі нашыя сані да тых, на якіх жанчыны сядзелі, і паехалі мы гэтым цягніком да нашага пасёлка.
Туды, у гэты пасёлак, да нас якраз на міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка прыехалі з упраўлення, выклікалі мяне і абвясцілі, што “срок” мне зніжаны напалову. А там і амністыя была, пад якую траплялі тэрміны да пяці гадоў. Такім чынам я быў вызвалены. Мяне, праўда, яшчэ выклікаў у раённы цэнтр старшыня райвыканкама і ўпрошваў застацца, скончыць фронт работ з маімі людзьмі, абяцаў вялікія грошы. Я горда адмовіўся ад гэтых грошай, сказаў, што адзінае, чаго я хачу, - гэта як мага хутчэй папасці дадому на Беларусь.
І вось мы ўдваіх з такім жа вызваленым сібіраком рушылі ісці пешшу ў пургу. Мароз быў градусаў 30, а йсці трэба было 150 кіламетраў. Падумаўшы цяпер, дык два маладыя дурні. Але ж мы так ірваліся дадому! І за першы дзень мы далі кіламетраў 60. Акрамя таго, я скажу, што пры вызваленні нас здымалі з забеспячэння - ужо будзь здароў! - ты не наш. На рукі мне выдалі на праезд 125 рублёў.
Прыйшлося ў адной вёсцы пераначаваць, але й цікава было! Адчуваю: не магу ісці. І напарнік быў ужо выбіўся з сіл. Я прапанаваў прасіцца па адным, так лягчэй пусцяць. Таму што шляецца там усякіх крымінальнікаў, людзі насцярожаныя. Вёска ад вёскі там вельмі далёка. Помню, мне страшна хацелася піць, хоць і холадна было. Падышлі мы да абледзянелай студні, а там замест вядра да палкі прыбітая нібы сявенька, сплеценая з лыка. Яна абмерзла лёдам і трымала ваду. А летам я ўжо і не ўяўляю сабе, як яны там ваду бралі.
Напіўся я і пайшоў прасіцца, ледзь ногі перастаўляючы. Праўда, незадоўга да вызвалення я атрымаў з дому пасылку - заставалася ў мяне шчэ сала трохі. Я там пакінуў хлопцам і з сабой прыхапіў. Прыслалі мне з дому і безрукаўку, з кажушка пашытую - я яе аднаму зняволенаму пакінуў і наказаў, каб ён, у сваю чаргу, выходзячы на волю, пакінуў яе іншаму вязню. Той мне ўзамен нейкі швэдар даў. У руках у мяне торба, у ёй , акрамя хлеба і кавалка сала, - два слоўнікі: рускай мовы Ожагава - падарунак аднаго літоўскага сябра па няшчасці і англа-рускі, які мне цётка з Мінска прыслала. Інтэлектуальны багаж аказаўся значна цяжэйшым за харчы, аднак, нягледзячы ні на што, я ўсё-такі дапёр яго дадому. Хацеў я свайму напарніку на вячэру сала адрэзаць, але ён адмовіўся, нешта сваё меў.
Папрасіўся. Дазволілі. Маладая жанчына, дзіця гадоў трох, жанчына пажылая (відаць маці), мужчыны няма. Папіў вады, трохі пасядзеў, дастаў сала: таўставатае сала было, сялянскае. Адрэзаў лустачку - і гэтаму дзіцяці, яно ўзяло. А бабуля:
- Да сало какое-то очень толстое.
Прыйшла мне да галавы нейкая бязглуздзіца, што старая хіба падумала, быццам я сала склеіў. Засмяяўся я. Пасядзеў трохі, перакусіў, а ўстаць не магу: ногі ад той хадні адмовіліся слухацца, столькі ж па снезе пратопалі.
Як мы былі ўжо расканваяваныя, то і рэжым быў ужо не той. Пасылкі трохі дазволілі... Вось і адважыліся йсці. Маладым, ведаеце, мора па калена. А мароз у 30 градусаў, ён быў прывычны. Было там па 40 і па 50 градусаў. 52-градусны дзень ужо лічыўся акціраваным, нерабочым. Але хто там глядзеў на гэта. Калі прыбываў вугаль для Салехарда, вагоны не павінны былі мець прастояў. Таму нават пры 52 градусах марозу падымалі нас на разгрузку. Надзявалі мы на твар маскі (як казалі, наморднікі), з якіх было мала толку. Пар з рота йдзе - помню, бараду прымарозіў. У такі мароз я выцягнуў маладога хлопца, маладзейшага за мяне, з-пад вагона, ён ужо там даходзіў. Хлопец гэты адсюль, з Гожскага сельсавета, узяты за сувязь з бандамі. Потым я яго не бачыў, кажуць, што на волі распіўся...
Карацей кажучы, гэтыя жанчыны пабойваліся мяне, а дакументаў ніякіх не было. Я падаю старой даведку, а яна - маўляў, што мне твая даведка, заб’еш і пойдзеш. Пагаварыў з маладой, тая дазволіла застацца начаваць. Указалі мне, дзе спаць:
- Полезай-ка ты, парень, на полати!
Гэта такі памост паміж печкай і сцяной. Схадзіўся неяк, залез на тыя палаці. Але так-та мне косці балелі ад гэтай хады, што доўга заснуць не мог, усё круціўся. Нарэшце заснуў. Сярод ночы прачынаюся: што такое? Аказваецца, на гэтых палацях, можа, калі хто і спаў, а клапы - стварэнні жывучыя, яны могуць дзясяткі гадоў засушанымі заставацца, каб потым у спрыяльных умовах ажыць. Так гэта адбылося і з маімі клапамі. Як далі яны мне дыхту, дык я з тых нараў і палез. Старая пільная ці такая чуйная была, адразу да мяне: чаго ты, маўляў, лезеш? Я ёй ды кажу, што там клапы, не магу вытрываць.
- Давно, однако, там уж никто не спал. Ну, может, маненько и есть.
Нічога сабе, думаю, “маненька”. А ў мяне ад іх ускокваюць пухіры на целе, свярбяць. Такія, як пяць капеек, і будзе паўдня сядзець на лбе. Злез на падлогу. Папярэдзіла мяне старая, што там у іх парася ходзіць. Яны яго нанач да сябе бралі. Дамы ў іх цікавыя, двухпавярховыя. Высокае падполле - там парасяты, скаціна. У хаце даволі чыста, падлога немаляваная, але выскрабеная. Я на гэтай падлозе лёг. Мне парася не страшнае, клапы страшней. Твар зэдлікам прыкрыў, каб яно мяне лычом не цалавала ці, не дай бог, носа не адкусіла, калі галоднае...
На другі дзень мы прайшлі амаль столькі ж, як і ў першы. Папаліся нам па дарозе сані, везлі малако ў канах. Сказалі нам возчыкі, што далі б папіць, але замерзла яно ў гэтых флягах. Пад’ехалі мы з імі пару кіламетраў. Дабраліся да Соль-Вычагодска на трэція суткі. Там праблем не было. Паказалі даведкі, узялі білеты, грошай на дарогу хапіла. Селі на цягнік у той жа дзень.
Прыехалі ў Маскву. Захацелася мне праехаць у метро. Паехалі мы з адным літоўцам (у цягніку сустрэліся) у целагрэйках гэтых. Прапанаваў я яму паглядзець Чырвоную плошчу. На плошчы ён выказаў жаданне зайсці і ў маўзалей, я дапоўніў яго прапанову: і плюнуць там па разу. Пасмяяліся мы сабе, але чамусьці туды не пускалі, не папалі мы. Гэта быў ужо 55-ы год - два гады яшчэ нас пасля тыранавай смерці трымалі. Народу ж маса: пакуль дайшло, пакуль пераглядалі... Ніхто асабліва не спяшаўся.
Праехаліся мы на метро, паглядзелі плошчу і назад - білеты кампасціраваць. А там куча народу, не дабіцца да касаў. А мы такія фарсістыя, у ватоўках ходзім, ужо і міліцыя да нас прыглядаецца. Зэкі ж былі розныя. Крымінальнікі дык і ў Маскве былі не супраць пашнырыць, па кішэнях палазіць. Некаторыя не паспявалі дахаты дабрацца, як ізноў пападаліся і назад з новым тэрмінам вярталіся. Я такіх сустракаў яшчэ ў лагеры: спачатку амністыя была для іх, а толькі потым для нас.
Міліцыянеры ўзіраюцца на нас: што гэта за тыпы тут лазяць? Падыходзіць адзін: так і так. Мы даведкі паказваем: вось, не можам закампасціраваць. Ён забраў у нас гэтыя даведкі, білеты нашыя, пайшоў аформіў:
- Нате, чтобы я вас тут не видел.
Прыехаў я ў Мінск. Там у Мінску жыў брат. Думаю: не, нікуды я не пайду ў гэтай целагрэйцы, у валенках. Скарэй дабрацца дахаты. Сеў на цягнік, дабраўся да Княгініна, адтуль да дому ўсяго кіламетр. Бацька-матка былі яшчэ здаровыя, але ў хаце нікога не было. Прыйшла па ваду да нас, бо ў нас студня была, суседская дзяўчынка. Я хаджу, гаспадарку даследую. Кошка пазнала мяне, яшчэ тая, што й была, трэцца каля ног. Карова стаіць, жуйку жуе. Думаю сабе: дзе ж яны маглі падзецца? Прыбягае суседка і - а-а-а! - як з таго свету вярнуўся. Аказваецца, бацькі паехалі да цёткі, бацькавай сястры, з якойсьці нагоды ў госці - запрашалі іх. Ключ быў у суседкі, яна дакляравала бацькам тым часам жывёле есці падаваць. Прыносіць мне ключ, уручае як гаспадару. Зайшоў у хату, запаліў святло. Даведаўся пра маё вяртанне другі сусед, між іншым, удзельнік Грамады, яшчэ Шырму добра знаў. Ён і за польскім часам сядзеў, і пры саветах сядзеў - вопытны сядзелец. Прыпірае адразу гэты дзядзька Клімовіч да мяне, запрашае да сябе пасядзець трохі да 11 гадзін, калі вернуцца цягніком мае бацькі. Пайшоў я да яго, пачаставаў ён мяне трохі, а тут ужо й бацькі прыехалі... Плачу там было, галашэння, чаго хочаш...
У сям’і нас двое дзяцей было: я і старэйшы брат. У брата склалася ўсё добра. Ён, прыйшоўшы з войска, скончыў пасля тэхнікума політэхнічны інстытут, працаваў прарабам на будаўніцтве, зрабіў добрую кар’еру: быў міністрам мантажных работ і спецыяльнага будаўніцтва Беларусі.
Але тут мяне чакала іншая небяспека: мяне хацелі забраць у войска, гады ж яшчэ былі не выйшлі. Вядома, адбыўшы адзін тэрмін, на другі папасці не вельмі хацелася. У ваенкамаце паглядзелі, што ростам высокі, і пытаюцца, на які флот я хацеў бы - на надводны ці падводны. Нехта мне падказаў, каб я з ваенкомам пагаварыў, маўляў, чалавек ён някепскі. Зайшоў я да яго, прашу, каб накіраваў, дзе менш служыць. Ён паглядзеў на мяне, спытаў, дзе я быў. Я расказаў яму, што “срок” адбываў. На гэта ваенкам мне і кажа:
- Калі хочаш, то нідзе не будзеш служыць. Хопіць, ты ўжо з лішкам адслужыў. У мяне самога бацька - дзесяць гадоў далі - памёр у лагерах. Пабудзь пакуль дома, нікуды не едзь, а потым прыедзеш да мяне.
Праз некаторы час заходжу да яго, кажу, што хачу ў Гродна ехаць - дыплом забраць, трэба ж і на працу ўладкоўвацца. І як тут быць з ваенкаматам?
- А ты скажаш, дзе ты быў. Яны прышлюць запатрабаванне, а я сам буду ведаць, як мне разбірацца.
Карацей кажучы, ён правалакіціў адпаведны час - усё неяк не паступалі гэтыя дакументы сюды ў Гродна, і мяне ўжо і не прызывалі. Потым зборамі хацелі з мяне афіцэра зрабіць, але так і застаўся: “Годзен, не абучаны”.
А дыплом мне аддалі. Эмгэбоўцы яго не забралі, застаўся ён у вучылішчы, у сейфе ляжаў. На той час педвучылішча стала музычным, дырэктарам быў Радзевіч. Прыехаў я, заходжу да яго, пытаюся, ці забралі мой дыплом. Ён адказвае, што не. Сакратарка пазнала мяне, хуценька знайшла той дыплом, казала, што дырэктар ёй на захаванне перадаў - ведаў, што я забіраць прыйду.
Спачатку мяне ўладкавалі у пачатковую школу ў Гродзенскім раёне, потым паглядзелі і назначылі дырэктарам сямігадовай школы, хоць я і не прасіўся. Потым працаваў у Сапоцкінскай зоне дырэктарам тады ўжо васьмігадовай школы ў Сонічах.
І адтуль мяне выклікае загадчык райана - мы з ім нават вучыліся разам - і кажа са смуткам, што яму прыйдзецца мяне звальняць з дырэктарства, бо ёсць такое ўказанне ЦК кампартыі Беларусі, што ўсе, хто быў рэпрэсаваны, не павінны займаць ніякіх кіраўнічых пасадаў. Гэта быў ужо хіба што 65-ы год.
Якім чынам, як гэта атрымалася? Аказваецца, сталі заяўляць у калгасах, што, маўляў, сядзеў, прыйшоў, стаў брыгадзірам, а я вот партызан быў, я - удзельнік вайны - мушу яго слухацца. Карацей, яны, гэтыя забулдыгі, паспіваліся і зайздросцяць: як гэта, мы вот ваявалі, а ён, сволач, брыгадзірам, а сядзеў? ЦК і адрэагавала на гэта такой вось пастановай. Захочаш сабаку ўдарыць - палку знойдзеш. А прычына была ў тым, што ўжо пачаўся брэжнеўскі час, адкат ад хрушчоўскай адлігі.
Што тут рабіць: дабуду, думаю, тут да вясны, ды трэ’ будзе дзесьці нешта шукаць. Я ўжо на той час жанаты быў і сына аднаго меў, яшчэ і вучыўся тады завочна ў інстытуце замежных моваў.
У нас у вучылішчы англійская мова выкладалася факультатыўна. А пайшоў я ў інстытут замежных моваў пад уплывам аднаго вельмі цікавага чалавека, з якім пазнаёміўся ў лагеры, калі ў пральні працаваў. Вадаправоду там не было (вядома ж - вечная мерзлата), таму ваду вазілі бочкамі. Заязджаць канём можна было паміж плотам і будынкам: там было вузка, нельга было развярнуцца. Прыехаў, ваду выліў і паехаў далей. Калі пад’язджала бочка, мы выстаўлялі латок, і возчык з двара наліваў - жух! - вядро вады, ізноў - жух! Са мною там працаваў украінец, старэйшы за мяне, ён адзін раз і кажа:
- Сашко, піди ти подивісь, шо там носить у час по чайной лижці воду?
Выходжу, гляджу: мужчына хударлявы, дахадзяжны, барадаты. Аказваецца, ён праехаў трохі, а здаць назад не ведаў як. А манголы тыя, конікі нізкарослыя, поўсць доўгая, надта трывалыя, але злыя, кусаюцца, з імі трэба ўмець абыходзіцца. Узяў я каня за морду, здаў назад. Па акцэнце чую, што гэты мужчына нейкі іншаземец. Так я пазнаёміўся з цікавым чалавекам Жазэ Альбертавічам Вільфам. Ён прыехаў у Савецкі Саюз аж з Лацінскай Амерыкі, калі бальшавікі, знішчыўшы старую прафесуру, заклікалі спецыялістаў з-за мяжы. Гэта як пракацілася хваля знішчэнняў канца 30-х гадоў, тады і сталі іх запрашаць. Жазэ Альбертавіч Вільф быў прафесарам і выкладчыкам замежных моваў у адной з ваенных акадэмій, ён валодаў іспанскай, французскай і нават арабскай мовамі. На волі я яго сустрэў пры паступленні ў Мінскі інстытут замежных моваў: ён тады прыехаў туды хіба што лекцыі чытаць. Апошняя наша сустрэча з ім была зусім выпадковай. Ён ехаў тут па Азёрскім шасэ на аўтамашыне, і яны нечага спыніліся. І трэ’ было мне апынуцца якраз у той момант і на тым якраз месцы! І ён мяне пазнаў, і я яго. Ён ехаў у Вільню - працаваў там ва ўніверсітэце. Мы перапісваліся з ім, пакуль ён не памёр.
Пасля размовы з загадчыкам райана надумаўся я пісаць усё-такі. І паколькі я дакладна ведаў, што гэта была пастанова ЦК, то я напрасткі, мінуючы ўсе гэтыя абкамы, напісаў адразу ў ЦК КПБ.
Ідуць экзамены. Гляджу праз акно: падкатвае чорны ЗІЛ. Выходзіць з машыны загадчыца аддзелу ідэалогіі нейкая Зыранава. Яна са мною пагутарыла, супакоіла, параіла, куды пісаць.
Напісаў я ў Вярхоўны Суд БССР, і праз нейкі час прыйшла гэтая рэабілітацыя. У 69-м годзе зімой. Тут ужо стала лягчэй.
У 70-м годзе мяне перавялі дырэктарам сярэдняй школы ў Гожу, тут ужо і пенсія мяне застала. Я і цяпер тут працую, вяду толькі 10 гадзін - мне ўжо 65 гадоў. Сям’я, два ўдалыя хлопцы ў мяне. Адзін скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, другі тут у Гродна; абодва працуюць на заводзе аўтаагрэгатаў. З Ленінграда я сына перацягнуў сюды, калі пачаўся развал сістэмы. Ён трохі ўпіраўся, бо, маўляў, меў там працу цікавую. А пасля ўсё стала развальвацца, дык прыйшлося ўсё ж такі пераехаць. Нежанаты быў, тут ажаніўся. Вось такія справы.
Крыху павысілі пенсію, дадалі каля 70 тысяч за тое, што адседзеў. Тыя ж касталомы ў павазе і зараз. Былых работнічкаў МГБ прыраўнялі нават да ўдзельнікаў вайны, даюць ім высокія пенсіі - не бядуюць яны, у вялікай павазе зараз... А мой следчы Кукін перадае мне прывітанні...
Бабіцкая Феліцыя Іосіфаўна
1915 г. н.
Ужо ў раннім дзяцінстве я засталася адна: маці памерла ў 22-м годзе, бацька ў 25-м. Выгадавалася я ў дзіцячым доме, атрымала адукацыю і стала настаўніцай. Да 39-га года я працавала настаўніцай у вёсцы Бушнева, гэта не даязджаючы 5 кіламетраў да Азёраў. Працавала і ў Табольскай Будцы, Камяніцы. Яшчэ цяпер я памятаю прозвішчы некаторых маіх вучняў: Солтан, Жылінскі, Кісялеўская...
У 39-м годзе выбухнула вайна. Прыйшлі сюды рускія, і польскіх школ не стала. Я па-руску ні пісаць, ні чытаць не ўмела, таму засталася без працы. А жыць жа трэба... Уладкавалася я ў дом афіцэраў гардэробшчыцай. І тут жа правінілася - спазнілася адзін раз на працу, і сталі з маёй мізэрнай зарплаты вылічваць 25 %. Затым ізноў няшчасце: пабілася ў мяне дома шкло ад керасінавай лямпы, дык я, не здагадваючыся пра наступствы, узяла на час шкло ад адной з трох гардэробных лямпаў (мы імі часта карысталіся, бо былі рэгулярныя перабоі з падачай электрычнасці). Шкло я ўзяла часова, бо ў Гродне ў продажы іх не было, а мне абяцалі ў хуткім часе прывезці такое ж з Рыгі. Выкрыўся гэты “крадзеж”, і мне ў лютым 41-га года далі год лагеру за гэта. Так пачаліся мае лагерныя эпапеі.
Вывезлі мяне ў Рось. Там мы будавалі аэрадром. Мой розум і цяпер не можа змясціць, чаму мы былі пастаўленыя ў такія нялюдскія ўмовы. Тады ж не было вайны. А кармілі нас: вада, крупа крупу ганяе, не дагоніць. Стаханаўцам, г. зн. тым, хто перавыконваў норму, трохі лепей было, але я, такая маленькая, шчуплая, не магла нават норму выканаць, не тое што перавыканаць. Мы перабіралі каменне, звезенае з палёў і крушняў, і насілкамі насілі іх на ўзлётна-пасадачную паласу, а пасля залівалі бетонам. Вельмі цяжка было цягаць гэтае каменне. Вады не было, дык ва ўсіх навакольных вёсках калодзежы павычэрпвалі...
Затым адвезлі нас з Росі ў Ліду, як “спецыялістаў”, таксама на будоўлю аэрадрома. Умовы там не змяніліся. Голад страшны. Сталы стаялі пад голым небам, падчас прыёму ежы навокал стаялі салдаты, ахоўвалі, бо мужчыны кідаліся і вырывалі з рук хлеб, міскі... Усяго там было такіх, як я, каля тысячы чалавек.
Настала 22 чэрвеня 1941 года. У нас, як сёння памятаю, меўся быць выхадны дзень. Нас паднялі раненька, загадалі выходзіць з рэчамі і пастроіцца на паласе, якую мы бетанавалі. Там нам абвясцілі, што на нас напаў вораг, зараз прыедуць машыны, прыляцяць з Масквы самалёты для абароны. З пляцу нас не адпусцілі, вартавыя працягвалі вартаваць нас. Толькі дазволілі сесці на зямлю. Мы паселі кучкамі: палякі трымаліся асобна, мы, мясцовыя, асобна. Раптам чуем - гудзіць. Як сёння памятаю: ляцелі яны ключом, як гусі ў вырай. На падлёце да нас рэзка знізіліся, расцягнуліся веерам і пачалі біць па нас з кулямётаў. Ляцелі так нізка, што я выразна бачыла твар пілота, які высунуўся з кабіны. І чорныя крыжы.
Там недалёка быў лясок, дык людзі - і ахова і зняволеныя - кінуліся да яго. А я ляжала і чакала, куды мне куля пападзе. Самалёты пранесліся над намі ў бок ангараў і разбамбілі іх. Ніводзін савецкі самалёт не падняўся.
Нарэшце ўсё скончылася, настала цішыня. Я падняла галаву, затым устала на ногі: вакол ні жывой душы, цэлае поле мёртвых целаў. Можа, і раненыя былі, але я ў жаху, скачучы праз нерухомыя целы, кінулася ў той гаёк. Дабегла, прытаілася ў кустах. Там ужо сядзелі два ўцекачы - маладыя хлопцы, адзін з Гродна, другі з Селіванаўцаў, прозвішчаў не ведаю. Мы ў кустах так і сядзелі, не ведаючы, што рабіць. Тым часам немцы вярнуліся зноў і пачалі на гэты раз абстрэльваць наш гаёк - толькі кулі свісталі па лісці. Дацярпелі мы там, аднак, да вечара. Вечарам рушылі дадому.
Паблізу была рачулка Лідзейка, але на мост мы не пайшлі, бо баяліся, што там будзе варта. Знайшлі мы нейкую лодку, пераехалі рэчку, ідзем.
А калі разбілі наш лагер, то ўсё хуліганнё кінулася рабаваць бліжэйшую вёску. Таму ў навакольных вёсках старшыня калгаса арганізаваў ахову, і на адзін такі патруль мы якраз і нарваліся: “Дакументы!” А мы ж нічога не мелі! Там усіх гэтых збеглых пры аказіі вязняў, якія ізноў папаліся, вялі ў Ліду і грузілі ў вагон... Пра гэта я ўжо потым даведалася. Але тады я пачала плакаць па-польску, і сяляне нас адпусцілі. Так мы блукалі ў ваколіцах Ліды хіба што дні тры. Начавалі мы ў сялян, як правіла, на вышках на сене над свіннямі, каровамі. Кармілі нас людзі. Але баяліся яны: кругом яшчэ рускія хадзілі. Раненька, на золку будзілі яны нас: “Ідзіце ў лес”. Хлопцы намерыліся абмінуць Ліду, а мне было ўсё роўна, абы карацей ісці, і таму мы рассталіся. І я пайшла адна куды вочы глядзяць. Не ведаю нават, ці ў правільным кірунку. Іду, дзе сабакі брэшуць, бо там павінны быць і людзі. Галодная-галодная. Падыходжу: хутар, прыгожы дом, жанчына з маленькім дзіцём поле агарод. Я так есці хачу, але саромеюся папрасіць. Спытала толькі дарогу на Ліду. Яна мне паказала, і я пайшла.
Дайшла я да Ліды. У гэты дзень страшна Ліду бамбілі. І вось стаю я на вуліцы адна-адзінюткая, нікога, жывой душы нідзе не бачу. Прыхілілася я да плоту і стаю. Страляніна, выбухі бомбаў. З брамкі выскоквае хлопчык і пытаецца, што я тут раблю. Адказваю, што не маю куды ісці. Запрасіў ён да іх зайсці і завёў мяне ў іхні схрон. Гэта была ямка, накрытая дыктай. Залезла і я туды. Засталася ў тым схроне і нанач. Пераначавала, высунула галаву, гляджу - саветы ідуць. Я, ды і мае гаспадары, кожнага салдата, усіх, хто быў у савецкім мундуры, баяліся. А пятай гадзіне вечара наступнага дня немцы занялі Ліду. Бягуць людзі з кветкамі іх сустракаць, пабегла і я паглядзець. А там толькі пару жандараў з бляхамі на грудзях ехала. Пераначавала я там яшчэ адну ноч і пайшла пешшу ў Гродна. Па дарозе часта сустракала жандармерыю, але яны тых, хто ішоў на захад, не чапалі, забіралі толькі тых, хто на ўсход прабіраўся. Да Гродна я крочыла чатыры ці пяць дзён. Заходзіла ў вёскі, прасіла паесці, пераначаваць - так і дайшла да горада. Дайшла да Друцка і ўбачыла панараму горада. Села на пагорак і расплакалася: колькі народу, якіх чакалі родныя, блізкія, каханыя, загінула, а мяне, жывую, ніхто не чакае... Прыйшла да сваёй далёкай цёткі, прыняла яна мяне жыць. У горадзе ўжо нямецкая ўлада.
Нямецкую акупацыю я перажыла спакойна, працавала буфетчыцай у кафэ “Адрыя” Тэадора Грамша. Яно размяшчалася на Савецкай плошчы ў будынку, дзе была бібліятэка Карскага. Двойчы рабілі ў мяне вобыск гестапаўцы, але абышлося...
У сорак другім годзе я выйшла замуж за Назарка Станіслава Філіпавіча, выпускніка юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Але матка яго мяне вельмі не ўзлюбіла, так што ў нас не ладзілася нічога. І калі я зацяжарала, ён мне паставіў ультыматум: ідуць бальшавікі, трэба будзе ўцякаць, дзіця, маўляў, не трэба... А мне ўжо было 28 гадоў. Я яму сказала, што ўжо не васямнаццаці- і не дваццацігадовая, таму дзіця нараджу. І мы рассталіся. Да таго ж вельмі піў ён тады. Дачка мая нарадзілася 14 кастрычніка 44-га года, а праз некалькі месяцаў, у студзені 1945 года, мой муж з сваімі маці, братам і сястрой ад’ехалі ў Польшчу. Я засталася з двухмесячнай дачушкай Міраславай. У той 40-градусны мароз у цялячым вагоне - як цяпер памятаю (ён меў чацвёрты нумар) - я бы загубіла дзіця. Да таго ж на той час я сустрэла чалавека, рускага. Нарадзіўся ён у Польшчы, у Пултуску, Крапівін Пётр Фёдаравіч. Выкладаў у нашым Гродзенскім педінстытуце, быў дацэнтам. Ён мяне ўгаворваў, што ў Польшчу не трэба ехаць, там, маўляў, разбіта-разбурана ўсё, бандытызм, тое, сёе. Карацей, пераканаў мяне. Жыццё ў яго таксама не склалася. Ён дэмабілізаваўся, паехаў па сям’ю, а там ужо і дзіця не ягонае, і іншы чалавек...
Распісаліся мы, як потым аказалася, на маю бяду. Пачалося з таго, што ён заявіў, што не будзе працаваць на неягонае дзіця. І гэта пры тым, што з намі жыў і ягоны сын Сяргей, якога ён забраў да сябе. А аліментаў я не атрымвала. Затым знайшоў ён сабе жанчыну, якая, відаць, падыходзіла яму. І я яго выгнала вон, бо жыў ён у мяне. Развяліся мы ў 48-м годзе праз абласны суд.
А між тым да таго часу я ўжо навучылася чытаць і пісаць па-руску. Дзеля гэтага я перапісала 20 рускіх газетаў ад перадавіцы і да аб’яваў на апошняй старонцы. Маючы дыплом аб спецыяльнай адукацыі, я ўладкавалася выкладаць у гандлёвай школе. Зарабляла я на той час вельмі добра - паўтары тысячы рублёў.
А тым часам Елізавету Дзмітрыеўну, тую кабету Крапівіна (яна выкладала рускую мову ў польскай школе), выгналі вон з работы, хацелі нават судзіць, бо яна там нейкія дакументы падрабіла... Забаранілі настаўнічаць. Тады Крапівін ізноў да мяне: стаў прасіцца назад. Нагнаў мяне, як я ішла дадому з працы. Я жыла тады на Ажэшкі, 49 у кватэры 2 - гэта апошні дом перад вакзалам па правым баку. Я яму сказала, што мы разведзеныя, цяпер чужыя людзі. Хай ідзе сабе і жыве як знае. Прайшлі мы маю кватэру, ідзем па Ціміразева ў бок заапарку. Як сёння памятаю яго словы:
- Это твои последние слова?
- Так, апошнія. Лепш застанемся сябрамі, а жыць з табой не хачу.
- Хорошо, будешь меня помнить всю жизнь. И будешь жалеть.
І тут пачалося. Стаў ён на мяне пісаць ва ўсе інстанцыі і спасылаўся ў сваіх паклёпах на нашых агульных знаёмых. Але ягоныя калегі яго не падтрымвалі: і Якаў Мараш, і Марашава жонка Эва, і Марціросаў Гурген мяне абаранялі. Нічога ў яго не выходзіла.
Але вось 17 верасня мяне арыштоўваюць: усё ж такі дабіўся. Маральна я была ўжо падрыхтаваная да такога, здагадвалася, што мусіць гэтым скончыцца.
Быў у яго адзін студэнт-завочнік, старшы лейтэнант МГБ Цюлін, такі відны, сімпатычны малады мужчына. Я аднойчы вечарам выпадкова апынулася каля кінатэатра “Красная звезда” і ўбачыла, як яны ўдвух пілі піва ў піўнушцы насупраць: на вуліцы было цёмна, а там гарэла святло. Зайшлося маё сэрца - спынілася, не магу ісці далей. А ў галаве думка: “Ну, прапіваеш, сволач, маю душачку! Гэта ж ты мяне прапіваеш!” Дапілі яны піва, выйшлі з піўнушкі і пайшлі на Тэльмана. Потым гэты Цюлін мяне і арыштоўваў.
Абвінавацілі мяне, што я на калхозы нагаворвала. А я ж ніводнай нагой ні ў якім калхозе да сённяшняга дня не была, нічога пра іх не ведала і не ведаю: увесь час я жыву ў горадзе. Абвінавацілі таксама, што я і на Сталіна, і на СССР гаварыла... А я ніколі так добра і не жыла, як працуючы ў гандлёвай школе, бо тыя паўтары тысячы, што я атрымвала, на той час былі вельмі добрыя грошы. Я была апранутая, мела кватэру, мэблю, мне нічога не трэба было. То што я магла пра Сталіна і СССР сказаць? Па-першае, я не ўнікала ў палітыку, не цікавілася тым, што сабой уяўляе СССР; па-другое, мне было ўсё роўна, хто там у Крамлі на прастоле сядзіць: Ленін, Сталін, Іваноў, Пятроў... Я ж на той прастол не сяду!
Адарвалі мяне ад дзіцяці - тры гадочкі дачцэ было, - кватэру апячаталі, а мяне - на Тэльмана. Допыты вялі толькі ноччу: трымаў следчы ўсю ноч, а ўдзень спаць не даюць. Біць не білі. Следчым быў старшы лейтэнант Кукін, які жартаваў: “Мы тебя загоним туда, где 99 плачет, а один смеётся”. Ён цяпер на вуліцы Дамброўскага жыве. Лаяўся ён самымі паскуднымі расійскімі матамі на мяне. Аднойчы я не вытрымала і яго ягонымі ж матамі і пакрыла. Ён вытарашчыў вочы на мяне: “Откуда Вы так умеете ругаться?” - “Ад Вас навучылася”. Кідаў ён мяне і ў карцар. Але была ў яго адна праблема: абвінавачанне ёсць, а сведкаў няма. А каб пасадзіць, патрэбныя мінімум два сведкі. І вось як яны здабылі сведкаў.
Пасадзілі мяне ў камеру. Там сярод жанчын была адна, надта прыліпчывая такая. Яна адразу да мяне: назвалася, сказала, што яна ўрач, што нібыта з бандытамі па лясах хадзіла... А я маю нейкае шостае пачуццё - інтуіцыю. Яна мне адразу здалася агіднай, настолькі агіднай, што я не магла з ёю размаўляць і толькі адмоўчвалася. Нічога яна ў мяне не выцягнула, нічога не даведалася. Аднак на судзе выступіла як сведка, сцвярджала, што я белапалячка, буржуйка, што нават у камеры сярод арыштаваных дапускала антысавецкія выказванні. А пра што можна ў камеры выказвацца? Хіба ўжо зусім дурным быць... У камеры я кнігі чытала. Кнігі дазваляліся.
У падвалах на Тэльмана я сядзела з 17 верасня да сярэдзіны снежня. Перад самым судом мяне перавялі ў цэнтральную турму на Кірава - Савецкай. Суд адбыўся 19 снежня. Далі мне 10 гадоў лагераў згодна з артыкулам 58, пункт “а” - антысавецкая агітацыя.
ПРИГОВОР ИМЕНЕМ БЕЛОРУССКОЙ СОВЕТСКОЙ
СОЦИАЛИСТИЧЕСКОЙ РЕСПУБЛИКИ
19 декабря 1949 года судебная коллегия по уголовным делам Гродненского Областного суда в составе: Председательствующего Буянова, народных заседателей Пикашкова и Алехина и защиты в лице адвоката Злотник рассмотрев в закрытом судебном заседании в г. Гродно уголовное дело по обвинению:
БАБИЦКОЙ Феликсы Иосифовны 1915 года рождения, польки, гражданки СССР, грамотной, беспартийной, незамужней, уроженки города Харькова, жительницы г. Гродно, Гродненской области, в преступлении предусмотренном ст. 72 п. а УК БССР
Материалами предварительного и судебного следствия Судебная коллегия установила:
Бабицкая, будучи враждебно настроена к Советскому Строю, систематически среди окружающего населения проводила антисоветскую агитацию;
В октябре месяце 1948 года клеветала на колхозы и колхозное строительство в СССР.
В декабре месяце 1948 года клеветала на одного из руководителей Коммунистической партии и Советского Союза и Советского правительства.
В сентябре месяце 1949 года, будучи арестованной, в камере среди арестованных высказывала клеветнические измышления на советскую действительность.
Виновность Бабицкой подтверждена показаниями свидетелей Гончаровой, Шманцырь, Скоробогатовой.
Руководствуясь ст. 319, 320 УК БССР
ПРИГОВОРИЛА
Бабицкую Феликсу Иосифовну на основании ст.72 п. “а” УК БССР подвергнуть лишению свободы с отбыванием меры наказания в Исправительно-трудовых лагерях сроком на ДЕСЯТЬ лет с поражением в избирательных правах на ТРИ года после отбытия меры наказания.
Исчислить срок отбывания меры наказания по данному приговору с 17 сентября 1949 года.
Взыскать с осуждённой в пользу Гродненской Юрконсультации за выступление адвоката ЗЛОТНИК 350 рублей.
Приговор может быть обжалован в Верховный Суд БССР в течении 72-х часов с момента вручения копии приговора осуждённой.
Председательствующий БУЯНОВ
Нарзаседатели: ПИКАШКОВ, АЛЕХИНА
Што мне запомнілася з той следчай турмы, з лёхаў на Тэльмана? Там лесвіцы закрытыя металічнаю сеткаю: гэта каб вязень не мог выкінуцца і забіць сябе. Калідоры былі высланыя мяккімі ходнікамі: гэта каб дазорцы нячутна маглі падысці да дзвярэй камер і непрыкметна заглянуць у вочка. І ўразіла мяне на ўсё жыццё, што нават там, у сапраўдным пекле, сустракаліся добрыя людзі.
Пасадзілі, памятаю, мяне ў камеру з малодзенькай-малодзенькай дзяўчынкай. Я чытаю без перапынку кнігу і раптам чую, што яна плача. Пытаюся, чаму плача, а яна кажа, што ёй вельмі сумна, бо я з ёю не размаўляю. Адклала я кнігу ўбок. Пачала яе распытваць. Аказалася, што ўся яе сям’я арыштаваная. Бо далі паесці тым, што прыйшлі на хутар з лесу, - накармілі, значыць. Але ж і час быў: замнога гаварыў - садзілі, ведаў, а не сказаў - таксама садзілі. І вось выводзяць нас у туалет, дык ахоўнік нагнуўся праз сетку і кажа: “Вунь там твой бацька, пагавары з ім”. І яна адчыніла тую “кармушку” і з бацькам пагаварыла. Радасць такая...
Другім разам вяртаемся мы з той дзяўчынкай з прагулкі, а ў мяне пад падушкай два яблычкі і ў яе пад падушкай два яблычкі. Гэта ўжо наглядчык палажыў. Я ніколі гэтага не забуду. Не ведаю іх прозвішчаў, але я іх заўсёды памятаю. Прабачце, што плачу... Малю Бога за іх, за тыя два яблычкі...
Не дабіўшыся нічога, загнаў мяне гэты Кукін у карцар. Гэта такая халодная сырая лёха, у якой можна толькі стаяць. Стаю - і час згубіла. Адчуваю, што зараз абеспрытомнею. Раптам адчыняюцца дзверы, і наглядчык пытаецца, ці я стамілася. “Вельмі”, - адказваю. “Ідзіце за мной”. Заводзіць ён мяне ў маленькі пакой, там нічога не было, апроч лавы: “Ляжце тут, паляжыце”. Я прылегла, але там было жудасна холадна, я не магла сагрэцца. Неўзабаве адчыняе ён дзверы і накрывае мяне сваім шынялём. На раніцу будзіць ён мяне і вядзе назад у маю лёху, па дарозе вінавата апраўдваецца: “Ведаеце, зараз яны папрыходзяць на працу, то Вы павінны быць на сваім месцы”. Гэта значыць, што і там сустракаліся ўсё ж добрыя людзі.
Або вось аднойчы вядзе мяне канваір, узброены наганам, на допыт і па дарозе спагадна так паціхеньку пытае, за што мяне ўзялі.
Я ўжо расказвала, што следчы не даваў мне спаць. Усю ноч трымае мяне ў сваім кабінеце і трэпле чорт ведае што. Сядзіць, гаворыць, чай папівае і ерунду нейкую пляце. Вяртаюся ў камеру ў 5 ці 6 раніцы. Тут і пад’ём. Пасля пад’ёму спаць нельга. Да такога нервовага знясілення даводзілі, што фізічна слабела, а пачуцці дзіўна абвастраліся: размаўляюць шэптам у дальнім ад мяне кутку камеры, а я ўсё чую! Памятаю, раз - была субота - адчыняецца гэта “кармушка”, маладзенькі салдацік усунуў галаву і кажа: “Дзяўчаты, вы спаць хочаце?” А ў камеры нас было сем чалавек: Марыя Кахно з-пад Ліды, Сабіна Строк, Ганна Плуто з Воўпы, Яніна і Стэфанія Валюсь і іхняя матка. “Лажыцеся, - сказаў салдацік, - толькі як я забранчу ключамі, то вы ўставайце”. Дзякуй богу, абышлося, бо хто той бразгат пачуў бы пасля столькіх бяссонных начэй.
Павезлі мяне на адбыццё кары з Гродзенскай турмы спачатку ў перасыльную турму ў Оршы. З Оршы вывезлі нас, гродзенскіх, у Кемераўскую вобласць, лагер Абагур пад Сталінскам. Гэта быў вялікі лагер на 10 тысячаў зняволеных. Начальнікам там быў нейкі Стэцко. Туды прыходзілі этапы, а пазней іх адпраўлялі ў тайгу. Лагер быў падзелены на дзве зоны, мужчынскую і жаночую. Прабылі мы там нядоўга.
Я дык увогуле добра ўладкавалася: мяне прыставілі да ўрача ў якасці нянечкі. Толькі таму, што польская мова карыстаецца лацініцай і я магла не толькі прачытаць, але і напісаць лацінскія назвы лекаў; напрыклад, Adonis varnadis, Convalium maialis - валяр’янка і ландышавыя каплі.
Лекаў давалі раз на квартал, і іх катастрафічна не хапала. Калі канчаюцца лекі (а хворыя ж прыходзяць), пасылае мяне ўрач з чайнікам на кухню, каб я там кавы чорнай зварыла. Цукру туды трошкі, солі. Наліваеш хвораму незалежна ад яго скаргаў трохі ў мензурку, загадваеш, каб выпіў і вадой запіў. Трэба ж нешта чалавеку даць, нельга адбіраць апошнюю надзею.
Начальнікам санітарнай службы ў Абагуры быў маёр Мортан, начальнікам санчасці - старшы лейтэнант Равіковіч, урачом быў вязень Іван Брага, сядзеў ужо дзясяты год. Сівы. Не меў ужо аніводнага зуба: хварэў на цынгу. Пазней яго таксама адправілі ў тайгу. Яшчэ быў урач Нарзулаеў, таксама вязень з дзесяцігадовым тэрмінам.
Людзі былі да такой ступені змучаныя цяжкай працай і побытавымі варункамі, што рабілі сабе так званыя “мастыркі”: адрубвалі сабе пальцы, закапвалі ў вочы раствор марганцоўкі альбо мачылі нітку ў газе і працягвалі праз мускулы лыткі, а праз два дні выцягвалі яе. Нага страшна апухала, часта пачыналася гангрэна, і яе ампутавалі, а бедачына атрымваў інваліднасць і ... мог адседжвацца ў зоне.
Урачы-энкавэдзістыя праводзілі таксама “камісоўку”, на якой вязням прызначалі катэгорыю працы. Падчас камісоўкі перад групай энкавэдзістаў трэба было агаліць і паказаць ніжнюю частку цела. Калі не было скулаў і ягадзіцы былі хоць трохі абазначаныя, то давалі першую катэгорыю, або вырубку лесу. Яшчэ худзейшым і дахадзягам давалі другую і трэцюю катэгорыю, г. зн. накіроўвалі адпаведна на рубку сукоў і галінаў і на збіранне і паленне іх ці ачыстку ад карчоў паса ў два метры шырынёй, па якім малыя кудлатыя конікі цягнулі бярвенне на ланцугах да руму на беразе ракі. Чацвёртую катэгорыю атрымвалі інваліды. За зону іх не выганялі: яны працавалі ў зоне на лягчэйшых працах. За тыя пару месяцаў, што я папрацавала медсястрой, я дакладна спазнала тыя справы.
Памятаю, як сястра-гаспадыня Лапінская, не хочучы трапіць у тайгу, зрабіла сабе мастырку, але няўдала, і памерла, пакінуўшы на волі дваіх дзяцей.
У Абагуры я прабыла з красавіка 1950 года да зімы. Зімою ўсіх кабетаў вывезлі ў тайгу. Везлі нас на грузавых машынах, закрытых пландэкамі, мароз быў 45 градусаў. Прывезлі, высадзілі на беразе горнай рачулкі Мраз. Затым нам трэба было ісці яшчэ 10 кіламетраў пешшу ўглыб тайгі. Там размяшчаўся лагер, які, як і рэчка, называўся Мраз. Гэта была Горная Шорыя, якая ляжыць звыш двух кіламетраў над узроўнем мора. Там была глухая тайга, па якой былі раскіданыя шматлікія канцлагеры з дзясяткамі тысяч зняволеных у іх, памятаю некаторыя назвы: Кейзас, Кумзас, Ерымар, Мыскі. Гэта шорскія назвы. Насельнікі Горнай Шорыі - шорцы, падобныя да манголаў, твары маюць пляскатыя, скуру жоўтую, вочы раскосыя.
У лагерах панаваў разбой і бандытызм. Жыццё людское нічога не значыла. Калі зняволены меў нейкую прыстойную адзежыну, скажам, такі, як на Вас цяпер, світэр, а на яе палажыў вока які-небудзь блатны, то трэба было без спрэчак зняць і аддаць, бо іначай заб’юць і здымуць. Начальства не магло справіцца з гэтым.
Многа страшных выпадкаў, сведкай якіх я была, можна было б апісаць, але абмяжуюся толькі двума характэрнымі, бо пра сталінскія лагеры напісана ўжо вельмі многа, і я не хачу паўтарацца...
Бачыла я і не магла нічога зрабіць, як Марыю Марцэлаўну, майстра нашага, вешалі ў тайзе гэтыя блатныя. Прозвішча яе я не магу ўспомніць, але была яна з Марыупаля. Вельмі добрая жанчына. Дзякуй богу, надарыўся нарадчык наш, асецін па нацыянальнасці, падышоў якраз у той момант. Ён яе і ўратаваў. Ці яшчэ вось адзін падобны выпадак.
Дзве зняволеныя вырашылі засячы сякерай Тамару Маёраву, медыцынскую сястру (урача ў нас не было) за тое, што тая не звольніла іх ад працы. Адна зняволеная мела прозвішча Школьнікава, прозвішча другой не памятаю. Гэта былі маладыя дзяўчаты па 18-19 гадоў, ад галавы да пятаў пакрытыя татуіроўкамі. Чаго толькі не было там нарысавана... Бандыткі напалі на медсястру на разводзе ў прысутнасці начальніка лагера, начальніка аховы, нарадчыкаў, брыгадзіраў, шматлікай аховы. Проста падскочылі да яе і пачалі рубаць навостранай за ноч сякерай (спецыяльныя людзі тачылі ноччу сякеры і пілы для наступнага рабочага дня). Тамара Маёрава ўпала на зямлю. Іх тут жа схапілі, запхнулі ў карцар, а Тамару на коўдру - і панеслі ўніз па сцежцы ўздоўж ракі ў базавы лагер. Дарог там не было, толькі сцежкі. Тамара засталася жыць, толькі твар застаўся на ўсё жыццё скалечаны.
Па сцежках дастаўлялі ў лагер і прадукты - два мяшкі, перакінутыя каню праз спіну. Пакуль зімой прынясуць, то ўсё ўжо ў камень змярзаецца. І ўсё было гнілое: і капуста, і селядцы. Я і сёння сабе думаю: як жа гэта мы выжылі? Цяпер я нічога не баюся, хоць жыццё ў нас цяпер неймаверна цяжкае. Мне абы бульба была. Як я па бульбе нудз

