|
Змест
***“Не кажы нічога”
“Вішнёвы сад”
“Шэпчуць мне травы песню”
Маё вяселле
“Чаму жывем марамі”
“На тваю шчаку”
Багацце
На парозе
“Чаму не верыш”
Загубленая надзея
“Адклікніся”
“Ростані”
“Сняцца мне”
Белы гарлачык
“Мой дарагі”
“Час плыве ракой”
“Сонца дабратліва”
“Будую дом”
“Малаком абліты сад”
“Маё існаванне”
Ноч
“Каб магла”
“І зноў у красе”
“расступілася б вада”
“Паэтэса”
“На хутар паўзе”
“Час мой – настаўнік”
“Старая груша”
“На кусочкі разбіты ўспаміны”
“Гонкі вецер”
“Навошта зрок”
“Шукаю дня”
“У царкве”
“Свята Святаў”
Казачны свет
“Няма”
“Гуляю ў хованкі”
“Белая пані”
“Старыя забытыя дрэвы”
Кніга жыцця
Не кажы нічога,
пакуль снежная мяцеліца
не замяце нашых слядоў.
Пабач, як нашае каанне
даспявае чырвонай рабінай.
Паслухай, як гарачымі малітвамі
іграе нам нябесная цішыня.
***
Вішнёвы сад –
вяселле па-над цветам.
Пяшчотай сыплюцца пялёсткі,
кладуцца шлюбным дываном.
Пад белым вэлюмам
мінулае і прышласць.
Мы з табой.
І дзверы райскія адчынены
ў надзею, веру і любоў.
***
Шэпчуць мне травы песню
вечаровай парою,
стомленыя ад летняга жару.
Расказваюць свае таямніцы
начныя прывіды,
спавітыя ў сукенцы-імгле.
Расцвітаюць букетамі руж
думкі як каханне
і збліжаюць нашы вусны.
Жаваранка пераліўны спеў
нясе асалоду
нашым запаленым целам.
Маё вяселле
Спачатку прыйшло каханне лірычнае,
дурное,
ціхае.
І павяло мяне з сабой ў краіну нязведаную.
Потым ты на каленях сказаў: кахаю.
Аддаў мне сваё сэрца,
душу
і цела.
Пашылі мне белую сукню.
Ты ўзяў мяне на рукі і занёс у царкву,
Дзе нам далі адну на ўсё жыццё дарогу.
А свечкі дагаралі.
***
Чаму жывеш марамі,
перакрэсліў будучыню
мінулым?
Адчыні дзверы,
глянь у нашую
супольную пасцель!
***
На тваю шчаку
ўпала сняжынка
і скацілася па маёй
слязою.
Дай прагным вуснам
хоць кропельку
вады крынічнай.
Багацце
Непатрэбны мне смарагд,
брыльянты
і золата.
Мне мала трэба.
Адно выбегчы на сустрэчу
новага дня,
памаліцца
за наша жыццё.
А ты ўсё адплываеш,
знікаеш
з шэрых вачэй.
толькі звон у сэрцы
і цела дрыжыць.
На парозе
Стаім побач
і думкі згортваем
у белую паперу.
Маўчым.
І сэрцы крычаць
балючым рытмам.
Кветкі каляровыя
сумна ў неба глядзяць
Ці хопіць надзеі
і сілы,
каб паверыць
у збег дарог.
***
Чаму не верыш
у нашу праўду?
Чаму будучыню
перакрэсліў
дзвюма простымі?
Адчыні дзверы
найшырэй
і глянь адтуль
на нас дваіх!
Загубленая надзея
Не знаю сама –
сон гэта ці ява,
ты быў ці не быў,
зіма сёння ці лета...
Меў жа імя ты!
Ой, не памятаю...
Так даўно было,
так хутка ўсё прамінула.
Скажы, скажы, ці кахаў ты,
ці цалаваў ты мяне.
Гэта можа ты!
Бягу да дзвярэй,
адчыняю іх...
Але то сухавей!
***
Адклікніся
даверам у словах.
Яны кладкай праляглі
да майго сэрца.
Лясным рэхам,
з якім я бегала
навыперадкі.
Ценем,
якога дагэтуль
непаўторна шукаю.
***
Ростані
на маіх дарогах да цябе,
сумота
на выплаканых вейках.
Сэрца тваё
завешана, як вакно.
На супольным парозе
развітальныя ружы.
***
Сняцца мне
твае малінавыя вусны,
зіхатлівыя зоркі
у тваіх вачах,
шкляны палац
нашых мараў.
Не разумею,
чаму развітальныя пісьмы
піша мне
залаты кастрычнік.
Белы гарлачык
На маім малюнку
нябесны блакіт
і хмары поўныя мараў.
Ды мне да цябе
ніяк не дайсці,
хоць слоў трэба нам мала.
Вусны засмяглі,
сум у вачах,
як авадзень.
Выцвіцеш маем,
мой белы гарлачык,
і разам увойдзем
у новы наш дзень.
***
Мой дарагі,
я плачу.
Прабач мне, прабач.
Жыву я сном прыгожым:
Мы сёння зноў
як Ева і Адам!
Хоць рай не нам
і той першы плод
таксама.
***
Час плыве ракой.
Выйду раніцай
збіраць на траве брыльянты,
пакуль іх сонца не падніме.
Дыяментаў поўныя далоні.
Ці змагу задобрыць
прамінанне?
***
Сонца дабратліва
смяецца мне ў твар.
У балдахінах наперставак,
ліловых, жоўтых,
працавіты гул пчаліны.
Зачараваная
свежым пахам сенажаці
плыву на пёрыстых аблоках.
***
Будую дом
з мараў сваіх
з вялікімі
светлымі
вокнамі,
з шырока
адчыненымі
дзвярыма,
з багата
накрытым
сталом,
з цёплай
сямейнай
радасцю
...............
высока будую.
***
Малаком абліты сад,
як лякарства душу лечыць.
Спявае сола салавей
у зеляніне дрэў адвечных.
Дзяцінства белую пасцель
успамінаю снамі.
Нястрымнай песні маладой
вясна прайшла ускраем.
Сады цвітуць штогод, штогод.
Сляза тугі на квецце ападае.
Нішто мяне не цешыць тут,
мой родны краю.
***
Маё існаванне
зернем на роднай зямлі
засеяна.
Узрост далі мне
веснавыя дажджы
з подыхам грому.
Калыханку-песню
нёс сябар-вецер
проста пад падушку.
Сінія валошкі
адцвілі гадамі
у даспелым жыце.
Ноч
Ноч-прыгажуня
атуліла маці-зямлю.
Плыву па зорным небе
загубленым ветразем.
Кругом
плеяды зор, метэоры,
месяц-уладар вызначае мне шлях
надзеі.
А дзе ж тая зорка,
пад якою я нарадзілася?
***
Каб магла
нанізаць на нітку
кожную слязінку...
запісаць на ноты
закаханых салаўёў,
засеяць зернем надзеі
тваё гаротнае сэрца,
што рвалася вольным
птахам у вырай.
..................................
Цяпер маёй хворай душы
не лячыў бы маэстра Моцарт.
***
Ізноў у красе
верасы.
Жураўлі, жураўлі
забіраюць з сабою лета.
Самотна
шукаю вясну,
каб наноў нарадзіцца
на свет,
дзе стаяць у красе
верасы, верасы.
***
............................
............................
расступілася б вада,
адкрылася б бездань,
калі б я стала Пасейдонам.
***
Паэтэса
і жабрачка
у лёсу шчасця крышку хоць
я вызваліць хачу.
Безліч пытанняў
без адказу,
канцом пачатак зноў стаецца
няведама чаму.
Каб жа збудзіліся прадвеснем
мае жабрачыя паўпесні...
***
На хутар паўзе
прыцмень вечаровы,
цёплы яшчэ ад жнівеньскіх дзён.
Збожжа снапкі
буханкамі хлеба
адмерваюць долю маю.
Клапатлівая ноч
зорыстым плашчом
атуляе
маю маленькую айчыну.
***
Час мой – настаўнік!
Трыццаць сёмы год
перакладае стрэлкі гадзінніка.
Мала – многа,
многа – мала,
каб пазнаць сэнс
няведамай будучыні.
Ці хопіць сілы быць,
пакуль гадзіннік не спыніцца.
***
Старая груша,
што ў полі стаіць,
лісцем варушыць
свае карані.
Дазволь жа прыйсці мне,
каб ў ценю тваім
чарпнуць ахалоды
ў гарачыя дні.
Лёгка і добра
мне тут з табой.
Адкуль жа
мае самота
і гэты боль?
***
На кусочкі разбітыя ўспаміны –
яшчэ нядаўна цвілі язміны...
Час канём бяжыць белагрывым,
ляціць ключ гусей крыклівых.
Мне запляла ўжо валасы восень.
Позіркам шукаю маўклівым
раннюю залацістую просінь.
А сэрца тужыць балюча
за тым, што неўміруча.
***
Гонкі вецер
адчыняе аканіцы,
разгортвае старонкі майго альбома.
З пажоўклых здымкаў
рвецца да палёту маладосць.
З мамінай рукою на плячы
у святлістым ранку,
з марамі пра князя.
.....................................
Календарным лістком
асыпаецца дзень за днём
***
Навошта зрок,
калі чалавек слепне,
кахаючы?..
Навошта агонь душы,
калі ростані
халодныя, як лёд?..
Навошта сэрцу рытм,
калі памірае
прырода!
Навошта веды,
калі пустка
расце і ўладарыць!
***
Шукаю дня,
якога няма
ў календары,
– ветру,
які шуміць
надзеяй,
– зоркі,
пад якой
ты нарадзіўся.
***
У царкве
на іконах святыя
навучаюць, але маўчаць
Святое Распяцце
атуляе нас
і свечны наш час.
Імкнуся, Хрысце,
слязьмі абмыць твае раны,
каб душа ачуняла –
ды задалёка мне
да суцяшэння Чары.
***
Свята Святаў –
цішыня нябёс,
Хрыстос уваскрос!
Няхай святлейшым
стане шэры лёс –
Хрыстос уваскрос!
Пасха на стале,
не паўстрымаць слёз –
Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!
Казачны свет
Мой казачны свет –
краіна мроі!
Я каралева,
я чарадзейка.
У маім уладанні
ні кропелькі зла.
Дабратою
можна захліснуцца.
Многія лета
пяюць падданыя.
Зашумеў вецер
і мой сон парваў,
як павуцінне.
***
Няма
студні без дна,
лесу без рэха,
кветак без колеру.
Ды калі адкрыем сэрцы,
знаходзім
крыніцу без ведаў,
дом без слоў,
зямлю без ураджаю.
У чым мы віноўныя,
што
перахітрылі сябе!?
***
Гуляю ў хованкі
сама з сабою.
Дзе праўда, дзе мана?
Перакуліўся свет
уверх нагамі.
Абяцанак спакуслівых
адной не ўзняць
............................
............................
Праўда, як мазоль,
з доўгім каранішчам.
***
Св. памяці
Мікалая Семянюка
Белая пані
без імені-звання
у мірг спакмеціла
таго, хто руль машыны
тузануў няўдала...
..............................
Стомленая памяць
трымалася надзеі,
што здарыцца
цуд ацалення.
***
Старыя забытыя дрэвы,
як людзі, кінутыя людзьмі,
апусцілі галіны-рукі,
нізка кланяюцца зямлі,
адзінока дастойваюць
свае захады сонца.
Кніга жыцця
Раздзел дзяцінства
закрываем
на васемнаццатым годзе.
Маладосці –
на саракавым.
І ўваходзім
у восень жыцця.
Марым, каб яна была
толькі залатая.
Жэня Мартынюк, Белы гарлачык, Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Серыя заснавана ў 1990 годзе. Кніжка сорак сёмая, Беласток 2004
Publikacja ukazuje sie dzieki pomocy finansowej: Zakladu Energetycznego S.A. w Bialymstoku, APTEKA Aleksego Syczewskiego, Bielsk Podlaski, Przedsiebiorstwa Drogowo-Mostowego MAKSBUD, Spolka z OO, Bielsk Podlaski
© Copyright by Eugenia Martyniuk, 2004

