МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ёсьць. Беласток 1994, Праграмная Рада Тыднёвіка „Ніва”

Аўтар: Лукша Міра
Год: 1994
Раздзел: Паэзія
Краiна: Польшча
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
 
Рэчы непаспалітыя
Чуйныя рэчы з абвостраным слыхам
Моўчкі сукаюць ніць выпадковасьці.
Крэсла здранцьвелую ножку прастуе.
Стол ад абразы сьцяўся сукамі.
Пячорным дыхам склеп адрыгнуўся.
Мяса з зубоў калупае відэлец.
Парог абціраецца з пылу абутку.
Ідзі ад рэчаў, бо выйдуць самі.
Выйдуць зь імёнаў, як з краявіду.



гузік
сьвідравалі вочы
накалолі ў зрэнкі
за іголкай бегла
нітка напрастрэл
заматалі плечы
ушчамілі шыю
цяпер сам
тканіне
волі не дае 



конік
драўляны конік навекі заснуў у павуціньні
шашаль-брат кончыў трызну і сэрца
рассыпаў
і толькі час ад часу усхліпне дрыготка
хтосьці ў пыльным падстрэшку тузане
вуздэчку
і кульгавым капыткам скусаным мышамі
пошчакам барабанным застукае ў памяць



крэсла
заўсёды ззаду цярпліва падстаўляе перад
прымае ў сваё цела чужую фарэмнасьць
і толькі ўпартае крэсла з характарам моцным
злосна выкіне госьця што намуляў мейсца



бутэлька
сьніцца камню агонь пад пахілым сонцам
над пожняй што стыне у асеньнім ветры
расплаўленым кварцам вырасьце ў форму
і згорбіцца ў пастку празрыстай прасторы



сьвет
белы бераг белы дзень
дзень сьсякалі ясень падаў
белы ясень белы сьвет



***
час
згарае
ў вечары жанчыны



***
вечнасьць
пералёт пчалы
з краявіду ў памяць



дзікае мяса
жывёлы
нежывыя
сьняць у лядоўнях вызваленьне
іх душы доўга залягаюць
нашы глыбокія вантробы
доўга й пільна перажоўваем
іх малочнае й травяное маленства
і дым ахвярны йдзе ўверх
адрыжкаю да Пана



***
неба мокра-блакітнае
неба макра-блакітнае
неба



верш
неабходны
як глыток паветра
коранем-лязом
расплавіць мур і сталь



ноч
Ноч зазірае ў дом.
Курчацца ложак і стол.
Колькі вачэй
у начы!



слова
лязо мовы зь любоўю раніць
выразае імя



мяжа
раскрыць сябе больш
ужо немагчыма
адчыні мне брамы ў сьмерць



цацкі
размаўляй
з цацкамі
яны табе вераць



***
наш сьвет
прайгралі
збавіцелі



***
Вымасьціла бура дарогу ў Новай Волі.
На калюгах вясёлка ў саляркавых воках.
Мокры пыл пахне пухам забітае пташкі,
Якой ужо ніколі не паклікаць сонца
Мужным голасам пеўня з-за ўсходняга бору.



***
ноч выцякае зь цябе
рыбкі трапечуцца за частаколам рэбраў
племя з роднага акіяна



***
вырас на маёй далоні
выкліканы словам
крываўнік



***
даўно памерлыя жывёлы
ходзяць за мною безупынна
сочаць за ценем лука і локця
на скамянелых папаратніках
цэляць вокам і дзюбай у цемя



ты
слова сказаў ты
мне
і нашу цяпер
верш напісаны
адарваны
ад твайго сэрца:
праступіў ён
кропляй фарбы
на мёртвай паперы
радзімкай-зярняткам



***
Ён склаў жорны
з нашых сэрцаў
выбраў
найбольш каменныя
з камянёў
выцалаваныя векам
ветрам вадою
чакалі прытуліцца
разам зварушыцца
а з сабой змагаюцца
крышацца
сольлю мелюцца
словам моляцца



Памяць
У тумане сівы конік
Праляцеў над росным лугам.
Малы конік танканогі
У мгле пакінуў цёплы сьлед.
Перабегшы рысьсю памяць,
Ружавее сёньня, позьні
Над халоднымі лугамі
Конік дрогкі, іншы сьвет.



слова
і ўпала насеньне
з коласа сьпелага
поўнага
і пад камень
і паміж асоты
і ў чорную глебу
і на ўзбочыны
тысячы сьцежак
і заквітнела расьліна
і кветку сваю аддала
вандроўнікам



польскі краявід
старых вербаў рады
у дупле кожнае
матачнік іншага д’ябла



***
напішы сьмерць
на сьцежцы
пераcтупіш



***
на вясновых лугах пасецца агонь
паліць глебу лакомым каханьнем
кучаравіцца ягнём барвовым лістком
не запыніш яго не загоніш



Дарога
Сыпле каліна
Каліновыя кроплі
У каляіны,
Тлустыя ад алею.
Конь памалу йдзе,
Глядзіць уніз
З натугай;
Сьлядоў шукае?
(Даўно тут коні
Ня хадзілі!)
А, можа,
Калінавыя сьлёзы
Лічыць?
Воз за сьпіной
Яму
Падскоквае
Няроўна,
У гнаянках
Асака,
Каса
Ды Іван, дзед.



Мы
Алесю Пушкіну
У белую нядзелю
паедзем у сьвет
на срэбнай кабылцы
у вуздэчцы з зорак.
Захмеленым ранкам
у вечнай дуброве
нап’емся вадзіцы
з крыніцы празрыстай
з жывою вадою.
Абмыем далоні
і чорныя вочы,
дамо піць кабылцы,
і ў пырсках халодных
адыдзем у сьвята,
сьвятыя, як дзень.



***
усё мястэчка праводзіла яго ў армію
мы прыйшлі зайграць яму блюз
наш саксафон яму засьпяваў
рэхам мэталёвай труны



сустрэча
лісток ад роднага дрэва самоты
прыліп да мокрай шчакі
сьцяна тлуму разьдзяліла нас
у скразьняку дарог



ростань
гэта я цябе знайшла
гэта я цябе пакіну
асьлеплая ад болю
вядуньня 



стыгматы
я падала табе руку
ты даў мне купленую ружу
мая далонь краваточыць з тае пары
стыгматамі расьпятае любові веры
маю надзею:
не прыйдзецца мне падаць
руку чалавеку
на прывітаньне 



айчына
не прызямліцца бязногаму птаху
на жывой незагойнай вечнай ране
і толькі піць крычыць
салёнае вады піць просіць



Полацак
Сашу Канавалаву
залатыя каласы ў блакіце
пажынаюць косым лязом косы
падаюць анёльскія галоўкі ў атаву
пер’е долу ссыпае Божая рука
цішыня ў месьце замяла стагодзьдзі
змагаецца зь небам шпіль царквы-музэя
і моўкне арган — займае дух грудзі
гук коціцца колам па пыльным асфальце
у белай галерэі на нявінных сьценах
колер надсьвядомы ў плод набрыняе
прабіваюць бруд фрэскі коранем дасьпелым
п’юць ваду камень птушка чалавек і дрэва



***
Сяргею Кірушчанку
там куды мы ідзем сіні агонь
цярпліва грэе аграмаднае цела паветра
чакае нас успыхвае потым зьнікне і зноў
зь ціхім сыкам бы хто яму даў алкаголю
сваю галаву падымае выглядае нас на
дарогах
а мы вокны рашчынім у сусьветнае дно
ці то проста прастора над намі
і адтуль зазірне нам у вочы агонь
ртутнай лінзай іголкай са сталі



***
рэч жыве
ў сваёй вечнасьці
а не ў тваім слове

Змест

Рэчы непаспалітыя
гузік
конік
крэсла
бутэлька
сьвет
“час...”
“вечнасьць...”
дзікае мяса
“неба мокра-блакітнае...”
верш
ноч
слова (“лязо мовы...”)
мяжа
цацкі
“наш сьвет...”
“Вымасьціла бура дарогу...”
“ноч выцякае зь цябе...”
“вырас на маёй далоні...”
“даўно памерлыя жывёлы...”
ты
“Ён склаў жорны...”
Памяць
слова (“і ўпала насеньне...”)
польскі краявід
“напішы сьмерць...”
“на вясновых лугах...”
Дарога
Мы
“усё мястэчка праводзіла...”
сустрэча
ростань
стыгматы
айчына
Полацак
“там куды мы ідзем...”
“рэч жыве...”

Міра Лукша, Ёсьць, Беласток 1994, Праграмная Рада Тыднёвіка „Ніва”
Copyright © 1994 by Miroslawa Luksza


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by