|
Мікола Баравіцкі сядзеў на цэмэнтавым падмурку магілкі й паліў „норда”. Помніка на асеўшым ужо копчыку Барбушы з Лазовага яшчэ не паставілі, ці то ня было каму заказаць, ці то кошт так павялічыўся на надмагільныя помнікі ў гайнаўскiх майстроў, што дзе-цям Барбушыным, што іх матка павысылала ў людзі, грошай на памятку не хапіла? Узвалілі толькі шэры цэмэнтавы прастакутнік з крыжам у галовах зь некаль-кімі словамі пра старую — на аблупленай блясе — ды паірдзелым партрэтам, што крыва павіс, а ў жоўты неўрадлівы пясочак уваткнулі штук дваццаць кітайскіх дробных гвазьдзікаў. Ад Радаўнiцы стаялі пашарэлыя сьвечкі, тлелі лупіны яйка. Мікола зламаў пару галінак чарнобылю, змахнуў сьмецьце спаміж кветак з-пад крыжа.
***
Барбуша, што ёй цяпер! Ні думаеш, ні плачаш, нічога табе не баліць... Ня раз заходзіў Мікола да старое пры яе жыцьцi, — суседзямi былі цераз плот. Здавалася, і ня было яе, — ціхая цётка, як яе называлі дарослыя й малыя. Барбуша да нікога справы ня мела, за лішнім словам у кішэнь ня лезла, грэбалася ў гарод-чыку, перавязвала на выгане сваю трыбухатую кароў-ку... Кругленькая, калдыбала, прыкульгваючы, у чор-ных спадніцах, заўсёды чыстых, акуратных, адпраса-ваных. Барбуша пасівела даўно, у маладосьці, раптам, у адну ноч; казалі, калі яе хлопца ва Усходняй Прусіі немец забіў. Зьбялела тады яе галава, як сьнег, толькі бровы чорнымі засталіся. Барбуша павязвала хустачку пад бараду, насоўвала яе нізка на лоб, часам пад яе закладала яшчэ беленькую, гафтаваную, і ў яе суро-вым, хаця круглым і румяным твары было штосьці манаскае, строгае. Была Барбуша замужам — пайшла за Міколавага траюраднага брата, Сьцёпу.
* * *
Памятае Мікола іх вясельле. Усе запамяталі! Ужо зьбіраліся ехаць у царкву, як на ўспацелым кані безь сядла ўляцеў у вёску Саўкаў Гарасім. Хто яго ведае, пёр хіба на тым кані з самога Бранска, ці што? Каня з выпучанымі ад стомы вачыма закінула аж пад Насьці-ну ліпу, а Гарасім куляй скаціўся зь яго сьпіны. Хлопец кінуўся Барбушы пад ногі.
— Чым я горшы за яго, Барбуша?! — закрычаў Гарасім немым голасам. — Я-ж цябе ня кінуў?! Казаў, хочаш за мяне пайсьці, то павянчаемся, то чаго-ж ты зьехала, нічагуткі не сказаўшы?
Сьцяпан схапіў яго за кашулю, аж затрашчала. Пацягнулі дружбанты Гарасіма недзе за маліны. Народ адно насы панастаўляў, мужыкі парашшпільваліся, а бабы давай брацца за галовы, рукі ламаць: будзе бяда! Вызваліўся Гарасім, прыбег да Барбушы, што ўжо ўзлазіла на фурманку, цэлы ў сіняках, абшарпаны, да рук яе кінуўся:
— Мілая, яшчэ ёсьць час!.. А?.. ідзем, ну пайшлi... едзем! Ня кідай ты мяне, Барбуша, ня йдзі за гэтага... бо я сабе крыўду зраблю... а ты... на няшчасьце так...
Адвярнулася Барбуша, села выгадней на накрытай сенам і дзяружкай дошцы, пасядалі госьці на вазы ды паехалі ў царкву.
Грэчка ў той час якраз цьвіла. Добры палетак быў, Гапчын, паміж хваінкаю й мазалёўскім полем. У гэтай грэчцы Гарасіма й знайшлі. З дзіркаю ад кулі ў лобе. Пісталет меў з сабою. Можа, спачатку напалохаць хацеў дзяўчыну, а потым і праўда, жыць яму адхаце-лася, меркаваў Мікола. Ды што-ж гэты Гарасім уба-чыў у той Барбушы, якой было ўжо трыццаць два гады, а яму самому-ж толькі дваццаць адзін, — сівавалосай, праўда праўдаю, спраўнай з фігуры, але несьмяшлівай, што й танцаў ня любіла, і на вячоркі хадзіць не прападала?.. Прыехаў тады з Гайнаўкi брат Гарасiмаў на вайсковай машыне, з міліцыянтамі. Распытвалі ўсіх, што-дзе-як. Вядома, як з гэтым бывае. Тут-жа справа простая, ніякай палітыкі. Што брат-бясьпечнік меў зьнюхаць? А яшчэ-ж тады банды хадзілі, то магло пахнуць, ой, ну, вядома, чым. Добра, што сьведкаў знайшлося столькі, каб пацьвердзіць, у чым уся бяда была, як Гарасім нэрвова зьвіхнуўся, бо йначай папа-цягалі-б, ой, папацягалі-б па міліцыях, па судах!
* * *
Чорным шуляком лягла сьмерць Гарасіма на Бар-бушына жыцьцё. Быццам усё добра йшло, спорылася ў гаспадарцы, дзеці гадаваліся здаровымі, харошымі, Сьцяпан-жа ня горшы за іншых мужыкоў... Але, зусім замоўкла Барбуша. Заўсёды ў хустачцы, нізка й ціха сунулася ў доўгай спадніцы па полі, па вуліцы. Вядома — мода, нашы бабы пазавівалі свой волас у андулява-ныя кудзеркі-баранчыкі, фарсілі ў празрыстых ядваб-ных і нэйлёнавых сьветлых хустках, скарачалі спадні-цы да паўлыткі, і спачатку зь нецярплівасьцю пазіралі на Барбушу, папракалі яе ў тым, што ў нястарым узросьце робіць зь сябе занядбаную старэчу. Перажы-лі-ж вайну людзі цэлымі, вярнуліся на бацькоўскае, гаспадараць на сваім, дружына здаровая, чаго-ж тут думаць пра мінулае?! Потым перасталі займацца ёю. Няхай сабе жыве, як хоча...
* * *
Мікола ўстаў з мурка, абтрос нагавіцы. Рушыў уніз, у вёску. Зноў заседзеўся на могільніку. Ягоных сяброў, знаёмых ужо больш пад гэтым пяшчаным пагоркам, чым у вёсачцы, што цямнее там нізка, азываецца вячэрнімі жывымі галасамі жывёлаў, людзей.
Сыдзе Мікола дарожкай, што паміж падрослым сасоньнікам, каля садка Селяшчука, паўз перасохлыя, даўно змэліяраваныя лугі з патрэсканым чорным ро-вам са стужкаю кіслае вады на дне, збоч ясеневых прысадаў каля няпоўных адрынак, пакульгае па-за клунішчы Пятрукоў, за ўдзічэлы сад Касьцюка, па ўдзірванелых выбаістых загонах колішніх агародаў, і каля сажалкi зарослай сітнягом ды асакою, з кустамі дурнап’яну. І вось яшчэ адно памятанае поле.
Тут калісьці расла грэчка, тут застрэліўся Гарасім.
Лес у гэтым мейсцы сёньня расьце, цяпер густы маладняк, пасаджаны роўнымі радамі.
Аранжавы „фіат” хутка сунуўся па бліскучай ад нядаўняга дажджу шашы. За рулём пускаў за шыбу тытунёвы дым немалады ўжо кавалер, сын Паўліны Хведарчай. Сама Хведарча, упертая вострымі каленямі ў пярэдняе сядзеньне, круціла на бакі галавою ў яд-вабнай хустачцы, — успамінала родны краявід, хапала за рукаў суседку, паказваючы пальцам на ўсё новыя, для Карусі аднолькавыя й нецікавыя, карціны. Шаша роўна бегла паміж бярозамі, сьвежыя лісточкі якіх павявалі на доўгіх, далікатных ветках над узбоччам дарогі, там-сям прамільгалі за маладняком хутары ў старых садах. Паднялося роўнай шчоткай жыта, праз шыбу ўціскаўся салодкі пах гною й сьвежае зямлі.
— Бач ты, рана да Юр’я зямля сёлета адчынілася, — заўважыла Хведарча. — Каб толькі надвор’е не папсавалася... Ой, ля, Карусё, футар Павэльскіх, ля! Жыў Павэльскі на пяскеві, але хадзіў у капялюшыку. Аноп, ня ведаеш ты, як там цяпер зь іхнімі? Як ім там жывецца, га? Нашу хату, Карусё, яны калісь купілі, перанесьлі сюды, у Ляхоўшчыну, як мы пабудаваліся ў Новым Мосце... Карусё, а чаму ты такая белая стала, кепска табе ў машыне? Мне спачатку надта-ж блага ў самалёце бывала, першы раз, як ляцела ў Амэрыку, але цяпер хоць бы дзічкі, толькі спачатку ў вушах закладае.
Каруся Маліноўская, Паўлініна сяброўка зь дзяцін-ства, ехала са старою ў сваю вёску. У сяло, якое зьнік-ла з мапаў і з паверхні зямлі. Палову яго ўхапіла сабе новае возера, другая — хутка зарасла дзірваном. Каруся сама ня выбралася-б туды, бо й чаго, але не давала ёй спакою Паўліна, што прыехала ад сына з Чыкага. Добра Хведарчай — мае да каго езьдзіць; пасьля сьмерці Хведара Катовіча аддала зямлю дзяржаве за пэнсію й сядзела ў сваіх дзяцей — то ў нежанатага Анопа, то ў дачкі ў Познані, то зноў у Амэрыцы — у Шурычка ці Валіка... І хацелася ёй цягаць старыя косткі! Здаецца, такой Карусі выбрацца да лекара ці на рынак ужо цяжка, а Паўліна, якой больш, бо ўжо семдзесят шэсьць гадоў, лётае сабе па сьвеце! Ёй-та, можа, і лягчэй — на Хведарчай ні грамулькі тлушчу, адно жылы ды косьці, перабірае сваімі доўгімі нагамі, што малады ледзь зь ёю зьбяжыцца! Ано паморшчылася няпрыгожа, узрост па далонях відаць, твар сухенькі, а ў Карусі гладчэйшы, румяны. Але зубы якія ў яе, Божа мой — такія зубы! Хіба-ж ня штучныя, бо ня вымаюцца, але як сьнег!..
— Што ты, Карусё, так мне ў рот усё ўглядаесься? — Хведарча вышчэрыла свой сьнежна-белы гарнітур. — На зубкі дзівісься? Гэта я ў Амэрыцы такія ўставіла. Думаю яшчэ пасмакаваць жыцьця. Не пашкадаваў Шурычак даляраў, кажа, што хоча мець матку амэры-канскую, як у „Дынастыі”. Вось мне такія й прышру-бавалі. Цах-цах! — глядзі, косьць магу перакусіць! Хоць старая, то з такімі зубкамі кожнаму прыдамся!
— Вы, мамо, глядзеце, бо й сапраўды які наш кава-лер вас у Амэрыку ня пусьціць, калі да яго ўсьміхне-цеся! — адвярнуўся Аноп. — Во тут бабыль недалёка жыве адзін, у Барысках, што нашу хату ад Павэльскага купіў, перанёс. Мамо, хочаце нашу хату пабачыці?
— От, прыдалося-б. Ты-ж у гэтай хаце нарадзіўся. Колькі-ж ёй будзе? Ставілі мы яе ў пяцьдзесят другім, здаецца... А ты мяне, сыну, замуж не выдавай, сам сабе лепш якую людзкую дзяўчыну знайдзі. Мне ўжо больш няволі ня трэба, адпакутавала я за свайго Хведара! А вось і нашыя Барыскі, надта-ж хутка на машыне, ледзь слова скажаш, і на мейсцы.
Спыніліся перад новымі жоўтымі весьнічкамі ў шчарнелым, пахіленым плоце. Хведарча спусьціла за парог свае доўгія ногі, але хутка падабрала іх назад — паркан пераскочыў вялікі худы сабака й гыркануў перад яе тварам. Ад падворка йшоў босы мужчына, высокі й чорны, у ціковым летніку. Затрымаўся перад брамкай, узяўся за драцяную петлю, заложаную на слупак і паглядаў з разяўленым ротам.
— Гэй, дзядзьку, мы да вас у госьці! — высунула з-за шыбы нос Паўліна. — Патрымай свайго д’ябла, а то шчэ каго пакусае!
Босы чалавек скінуў дрот, адчыніў брамку, схапіў сабаку за карак і шпурнуў убок. Той прысеў, запішчаў пашчанячы.
— Ну, чорт! Пайшоў прэч, бо заб’ю! — затупаў на яго гаспадар.
Сабака прылёг да гаспадаровых ступакоў, заенчыў.
Госьці вылезьлі з машыны. Хведарча падабрала сваю доўгую ваўняную спадніцу, каб не памачыць яе ў высокай траве, направілася цераз падворак да дому, не азіраючыся на гаспадара.
— Мы, пане, ня так да вас, як да свае хаты.
— А хто вы будзеце? — мужчына выцягнуў свой крок, каб пасьпець за Паўлінай.
— Паўліна Катовічыха. А гэта мой сын Ануфрэй, а во гэтая пані — Маліноўская Караліна. З футара Залескага наша хата пайшла на Ляхоўшчыну, да Павэльскіх, а вы яе ад іх купілі. Пабачыць прыехалі, як наша хата маецца. Ня будзеце супраць паказаць нам, як жывяцё?
Ішлі паўз доўгую бела-жоўтую, пакрытую глінкаю сьцяну старэнькае будыніны з аселым у зямлю зрубам накрыж, з малочна зашклёнымі маленькімі акенцамі. Чорна-бурая саламяная страха павісала на ўзроўні чалавечага росту. За гэтым домікам стаяла хата Паўлі-ны.
— А чаму-ж ты не разьбіраеш гэтага страшыдла? — Паўліна прыпынілася перад зарослым дзікай канап-лёю парогам. — Хіба-ж ёй будзе сто гадоў, як ня бо-лей?
— А шкада, ды й ня хочацца яе чапаць. Рушыш пальцам, то падворак заваліць, потым сьмецьце вы-возь. А так сабе няхай стаіць, паціху гніе. Мне там яна ня шкодзіць.
— Ай што вы, яшчэ хто чужы прыедзе, здымкаў наробіць, апіша, як то ў нас людзі жывуць, цыт! — заматала галавою Каруся. — Ну, ведаеце, я даўно такое развалюхі й ня бачыла!
— Не развальваецца-ж, стаіць, то хай стаіць, як яе прадзед паставіў. Сваё перажыла, людзі зь яе ў сьвет павыходзілі. Я забраў зь яе, што трэба, зачыніў. Ніхто нас не чапае, от, жывемо тут так сабе.
— Што, сам жывяце? — пацікавіўся Аноп.
Падышлі ўжо да іхняе хаты, учарнелай, але моцнай, з шэрымі крэйдавымі лічбамі на бэльках; побач слаба зарысоўваліся такія-ж, расплыўшыеся ўжо, зробленыя сінім хімічным алоўкам. Дом стаяў на вялікіх камянях, няроўна склееных цэмэнтам.
— Сам жыву, як бачыце. Не ўдалося мне знайсьці братняе душы. Да сарака меў яшчэ надзею, сватаўся то там, то сям... А вось апошнія гады, як мама памерлі, то ўжо так сам калякаю. Садок во маю, харошы. Вульлёў трыццаць, мёд маю добры, авечак трымаю, курак, кролікаў... І жыву сабе, вось... — мужчына рыпнуў дзьвярыма, прапускаючы гасьцей зь сенцаў на кухню.
— А-а-а, вы так запланавалі, — заглянуў Аноп за заслону, што аддзяляла кухню ад пакоя. — У нас тут сьценка была...
— А во тут ты, сын, нарадзіўся, — паказала на куточак за кафлёвай печкай маці. Агледзелася па хаце, перажагналася да іконы сьвятога Юрыя над акном у белым неадпрасаваным ручнічку.
— Прысесьці можна ў вас, гаспадару?
— Ай-яй, сядайце! — замітусіўся мужчына, выцягнуў з-пад стала доўгі шурпаты столак. — Можа, мёдзікам пачастуецеся панства? Толькі сцукраваўся ў мяне ён штосьці... — захадзіў каля шкапчыка з посу-дам.
— То, пэўна, увесь мёд на зіму пчолкам забралі, а цукар даць для іх — то-ж не тое... Ня любяць яны, пчолкі, калі ім мёд цукрам замяняць, слабеюць, уміра-юць! — са знаўствам распавядала Паўліна, каштуючы з лыжкі цёмны грачаны мёд. — А як цябе, сынок, клікаць? Чый ты будзеш? Ці часам не Дамінісін, такі чарнявы?..
— Не, Дамінісінае сястры сын. Ганулін Ігнась.
— О, бач ты... Шчула — знаёмае. То ж Гануля з маім братам Лёнікам меліся да сябе! Думалі, што будзе што з гэтага... І прапаў наш Лёня ў Прусах... Ай-яй-яй! То ты будзеш Ганулін! І што, ня зладзілася табе, Ігнась, жыцьцё?
— Што зробіш, цётко... Ня сам-жа чалавек свой лёс выбірае. Зь лёсам на сьвет прыходзіш...
— Ой, не-не! Што ты кажаш! Каб так кожны думаў, то сьвет зусім не зьмяняўся-б! А ты... То-ж ці мала дзяўчат у твой час было? Ну, ня трапілася твая. Ну, можа й праўда... Як мяне мой Хведар браў, то я ад шчасьця ўмірала, а потым ледзь ад таго шчасьця выжыла! Але што зробіш — трэба было нашым дзецям на сьвет паявіцца. Каб не яны... Але я ня кінула свайго чалавека, дагадавала да ягонае сьмерці. Быў паганец, такую й сьмерць меў, Бог адплату кожнаму дасьць, Ён ведае...
— Вам то, цётко, добрэ, у вас сваё ёсьць. І я хоць хату маю, зямлі кавалак, то й жыву так. У іншых і гэтага няма. А што кабет тычыцца... Ужо сабе ніякай не знайду, застары, і маладзейшыя хлопцы ў нас іх ня знойдуць. Хоць ты сядзь ды плач!
— Але, — згадзіўся Аноп. — І ў мяне з гэтым загвоздка. Каб так жыць, то яна да цябе пайшла-б, але не на вёску...
— Ты, Анопе, не кажы, бо лаяцца буду! — замах-нулася лыжкай Паўліна. — Ля, жыў з нейкай Жаннаю, то не хацеў пабірацца, жыць пабожаму. То й кінула.
— Ня кінула, а паехала сабе да лепшага. Рускую сабе выпісаў, — растлумачыў Аноп. — Прывёз, хвай-ная баба, усё на мейсцы мела. Падумаў, можна й запі-сацца. А тая зараз за манаткі й ходу. Пабачыла, што за мною не нажывецца.
— Ага, пажыў ты зь ёю паўгода, не кажы. Трэба ёй быў пашпарт, то знайшла такога, хто яе ўзяў. І маеш — ні кала, ні двара. Бо што-ж гэта за дом — каморка ў блёку? Ты, Ігнась, аж дзьве хаты маеш, — засьмяялася старая. — А ў мяне дзетак аж чацьвёра, і ў Амэрыцы, і ў Эўропе, але хаты ўжо ніякае свае. Во што я маю на старасьць. А колькі табе, сынку, год будзе?
— От, ні жарты — пійсят чатыры. Не заўважыў, як гадкі праляцелі... — уздыхнуў Ігнась, заглядзеўся ў вакно.
— А, мамо, зьбірацца будзем, а то цямнець пачы-нае, не пасьпеем да Бандароў дабрацца, а й вярнуцца назад у Гайнаўку трэба... — схамянуўся Аноп.
Сабраліся хутка. Сабака неспакойна выглядаў з-за вугла белае хацінкі. Выскачыў з брэхам на зарослую травой дарогу, калі машына рушыла. Не пабег за ёй, дзёр лапамі мураву, лаяўся. Гаспадар схапіў яго за каўнер, падняў уверх і пацалаваў у зьдзіўленую, спало-ханую засьліненую морду.
— Аноп, дасі нам свайго „фіата” на нядзельку? — хітра запыталася ў Анопа маці. — Правы ў мяне ёсьць, вочы добрыя, не выпіваю, машыны твае не паб’ю, вядома...
Аноп зірнуў у люстэрка. Паўліна з усьмешкай паглядала на мільгаючыя збоч дарогі мілевыя слупкі.
На скрыжаваньні вуліцы Сянкевіча з Рынкам Кась-цюшкі ў Беластоку, недалёка ад новага помніка Язэпу Пілсудзкаму, стаяў стары й плакаў. Акуратны старэча, з густым, добра падстрыжаным белым вожыкам на высокай галаве. У шэрым гарнітуры, траха запыленых чорных пантофлях з добрае сьвіное скуры. У руцэ тры-маў рэклямную цэлафанавую торбу, у якой прабіваўся кшталт пукатае папкі. Стары высмаркаўся ў вялікую клятчатую хустку. Меў яе згомтаную ў далоні, калі наляцеў на яго Валік Харужы, званы Прышчом, за нячыстую скуру твару семнаццацігадовага юнака.
Прышч бег да аўтобуса нумар 2, што прыпыняўся ля сталоўкі „Сонечнае”, — сьпяшаўся на аўтавакзал. На пятнаццатую пляцоўку, зь якое адпраўляўся аўто-бус у Бандары, ледзь пасьпеў — за запыленаю шыбай убачыў прыплюшчаную злосную рудабародую фізія-номію Толюся Міруця; відаць, брала ўжо яго халера, што гэты Прышчык, як заўсёды, спазьняецца, разам з заплечнікам, поўным стравы, вайсковаю палаткай і спальнікамі. Валік закінуў у тыл салона свае транты да дабытку Міруця — жоўтага плястмасавага вядзерка, накрытага пледам, бляшанак і вудаў. Ехалі ў Бандары, на Семяноўскае штучнае возера. Мелі іх там ужо чакаць Генік Бібік з Гайнаўкі й Богусь Карчэўскі, сяб-ра Прышча з тэхнікума, беластачанін.
На гэтым возеры была іхняя выспа, парослая ста-рым яблыневым садам, крывымі каравымі вішнямі й шыпшынай. Навокал падмурка, на якім калісьці стая-ла хата й шчарбатых руінаў кафлёвых печаў кусьціліся рэвень, цыбуля-зімоўка, выбуялы вечны часнок, якога ня зьнішчаў найбольш люты мароз, кроп, дзікая морква-сьнітка, калючы гурэчнік. Ад берага напаўзалі шырокія кусты лазьняку, гострая асака. Была тут калісьці старая, больш чым дзьвесьцегадовая ліцьвін-ская вёска Буды, заможная, салідная. Выселілі адсюль усіх жыхароў, калі разьлівалі Нарву ў вадасховішча з чыстай вадой для Беластока. Вада пакрыла ўсё. Там-сям засталіся выспы-грудкі. Даплывалі хлопцы на такі „свой” кавалак старой драўлянай лодкай нябожчыка Яська Лукшы. Расстаўлялі шацёр, распальвалі пад паржавелай фаеркай на аскепках пліты альбо раскла-далі вогнішча й сядзелі дзень-два, вудзілі рыбу.
Сухія галіны яблыняў і вішняў на распалку канча-ліся, платы ўжо даўно папалілі (штыкеты былі зусім струхлелыя, агонь па іх толькі поўзаў). Расло тут некалькі паджоўклых ядлоўцаў, падкідалі заўсёды па пару іхніх галінак у агонь, для выдатнага дымку. Выкарысталі амаль усе паваляныя птушыным памётам дошкі куратніка, чорныя неакараваныя палоўкі нужніка, аблупілі на распалку старую вялікую бярозу, што ляжала з падмытым карэньнем зялёным чубам у вадзе (вельмі-ж добра падтрымлівала агонь яе кара, павітая ў кудзеркі). Падмурак быў досыць сьвежы — вялікія чырвоныя камяні, залітыя цэмэнтам, а на іх — вырыты цьвіком год „1968”. Хату купілі людзі, бадай, у Новую Луку, а гаспадар жыў у Бандарах, у новым блёку. Сюды ніколі не заглядаў, бо й чаго; раз толькі зачапіў Прышча: „На маю выспу, бачу, езьдзіце? Рыбку лавеце лепш тут, альбо ў Семяноўцы. На халеру вам такі ладны кавалак веславаць?”
Сёньня гатавалі на прыпечку булён на курыных лапках. Богусь палез у садок, ламаў галінкі, рваў су-хую траву. Учапіўся за вішню, доўга цяпаў яе сякер-кай, але ледзьве адшчапаў пару кавалкаў кары, шурпатай, зь вялікімі куксамі нацёкаў смолкі. Прывалок падсохлы вялікі куст ружы — звочыў яго ўжо раней; цікава было, які дым дае ружавая драўніна. Толюсь Міруць нарыхтаваў вогнішча; прыдаліся апошнія дошкі з куратніка, зь іржавымі крывымі цьвікамі.
Ад семяноўскага моста, ад чыгуначнага насыпу памалу падплывала лодка. На ёй былі дзьве паненкі. Адна, вялікая, у чорным купальніку, веславала. Дру-гая, з бурачковым загарам на далікатнай скуры малоч-нае бляндынкі, паліла цыгарэту. На лаўцы побач зь ёю сядзеў жвавы кудлаты сабачка, відавочна незадаво-лены падарожжам.
Лодка прыстала да берага. Дзяўчына ў чорным ку-пальніку саскочыла ў ваду, закінула шнур на бярозу. Узяла на плячо палатку, схапіла вядро.
— Бажэна, паварушыся хоць крыху! Вазьмі, расстаў намёт, да халеры! І Цюціка пільнуй, а то зноў куды палезе!
Цюцік разьдзяўгаўся, як апантаны, на Прышча, які чысьціў толькі што злоўленыя плотачкі. Бажэна села на пянёк, падцягнула да падбародзьдзя свае чырвоныя вострыя каленкі.
— Будзем заўтра лавіць на жыўца шчупакоў! — паінфармаваў Генік Ірэну.
— Ага. Але, во, ля: што зь небам робіцца! Памажы мне расставіць намёт, бо, не дай Бог, як улялюшчыць дождж, то сплывем з гэтага астраўка...
— Дожджык, дожджык, крапані, бабаў з поля прагані! — разрагатаўся Прышч, задраў бараду ў неба.
Неба, праўда, зьмянялася. Хутка беглі на ўсход цяжкія, поўныя хмары з жоўта-бурымі расплыўчатымі плямамі. Сыпанулі халодныя, цяжкія кроплі. Заціхла.
Сонца села за чорна-сіні мур цісоўскага лесу. Паволі па-над возерам разьляглася высокая імгла. Па тоні несьліся гукі музыкі ад Бандароў — на пляцоўцы ля новага гатэля сёньня йграла „Грамада”. Залязгатаў на насыпе таварны цягнік.
Богусь выцягнуў з трысьнягу бутэльку „пшаніч-нае”. Добра смакавала да булёну. Над вогнішчам павесілі на дроце вянок плотак і кавалак сухое палянд-віцы; Цюцік ледзь не выдзер дзярна на паўмэтра, глы-таючы сьлінку.
Хутка павячэралі. Засквірчэлі на вуглях рыбіны костачкі. Прышч выцер тлустыя пальцы аб шорты.
— Бажэнка, можа, пойдзем, паплаваем?
Дзяўчына нічога не сказала, засяроджана скубла з пляча спаленую загарам скуру. Зьбег па схіле, у мяк-кую, вільготную цемрадзь. Памалу ўступіўся ў чорную ваду. Азірнуўся на бераг. Яны былі высока, нейк да-лей, чым сапраўды, скурчаныя над трапяткім рубіна-вым вокам, быццам вялікай жарынай папяросы, у высокім слупе іскраў; нёсься адтуль пах ядлоўца й вэнджанага мяса. Хтосьці, здаецца, Богусь, рагатнуў ад сэрца, піскнула ў яблынях птушка, нешта залапатала ў кустах, з шумам сіганула цераз лазьняк.
Перад ім уздымалася, дыхала вада водарам сьвежай рыбы й падгнілае травы. Валік глыбока ўдыхнуў паветра, склаў далоні ў стрэлку... Пеканула ў грудзях. Боль адазваўся ззаду, пад лапаткай. Хіснуўся. Як стрэл, боль твару — ляснуўся ў паверхню вады — асьляпляючы, белы.
Толюсь, цяжка ступаючы, сышоў на бераг. Намацаў у доўгай кішэні портак пушачку запалак і папяросы, выпраставаў пакамечаную „папулярную”. З сухім трэскам успыхнуў вогнік. Толюсь закашляў. У Нарве моцна хлюпнула, заламатала пад берагам, мусіць, немалая рыба. Толюсь вялікім пальцам нагі ўціснуў недакурак у пясок і палез назад, сапучы, па зьдзірванелым загоне трускалак, да вогнішча. „Над-вор’е якраз на шчупака” — падумаў. НОЧ У БЕЛЬСКУ
Марысін унук, васемнаццацігадовы Юрась, забіў Ганьдзiна сьвінчо падвесну. Даў абушком у лоб, аша-ламіў, і закалоў умела, піхнуўшы швайку проста ў аорту. Сьвінка крыкнула, паткнулася й бухнула кры-вёю. А потым бегла, бач, аж на другі паверх вілі Гань-дзіных сваякоў, уцякала з адчайным енкам па ўсходах, шаравала мяккім жыватом па мармуровых прыступ-ках, аж уткнулася сухім гарачым лычом у гаспадынін прыпол.
Не змагла ўцячы Ганьдзя ад сьвінячае сьмерці на пакоі.
... Прыехала зь вёскі ў Бельск разам з маленькім дробным парсючком. Паклала яго ў „летнюю кухню” свае сястры. З туга завязанага кужалёвага мяшка заенчыў ён і мяшок пакоўзаўся па сьлізкай, пакрытай пліткай падлозе.
— Ганьдзя, што ты сюды прывалакла? Ня будзе тут табе ніякiх сьвіней! Хочаш, гадуй іх у сваёй Маліноў-цы. Што ты хочаш, каб Мірык адправіў нас абедзьвюх назад? Тут панская хата, а не якісь хляўчук!..
Ганьдзя падняла на калені рухавы мяшок, паправі-лася на зэдліку, рашшпіліла першыя гузікі цьвёрдай ад марозу балёньневай курткі, выцягнула з кішэні пака-мечаную мужчынскую насоўку, з шумам выцерла балючы нос. Крыху аслабіла завязку мяшка, каб пара-сё падыхала, з чуласьцю ўсунула руку ў сярэдзіну.
— Ну, што, як, кажы, — Ганьдзіна старэйшая сяс-тра змахнула з цыраты на стале крышыны, у кубачак насыпала гарбаты, у разэтку ўваткнула малы падарож-ны кіпяцільнік.
Ганьдзя была галодная, пад’ела-б чаго, хоць-бы супу, ня толькі гарбаты. Быў лістападаўскі раньні вечар, а столькі-ж ехала зь вёскі — добры кавалак аўтобусам, потым пару прыпынкаў цягніком. Уцякла з уласнае хаты, ад свайго Паўла. Куды-ж было ёй ехаць, як не да сястры?! Марыся шмат гадоў жыла ў сына ў Бельску, тры гады будзе, як у навюткай вілі. Гаспа-дарку дапамагала весьці, праўнукаў ужо няньчыла. Яшчэ здаровая, хаця старэйшая ад Ганьдзі на пятнац-цаць гадоў. Жыла цяпер, праўда, у летняй кухні, але гэта, казала, з выбару — ня мела ўжо сілы хадзіць па паверхах. Старалася яшчэ й чым-нечым дапамагаць, але практычна жыла за сваё, хапала ёй свае пэнсіі, хоць невялічкай, але магла што й унукам купіць, і праўнучкам. Ня без значэньня было хіба й тое, што й у гэты дом свае грошы ўваліла, і да машыны далажыла-ся... Глядзела цяпер на яе, Ганьдзю, зь ейным парасят-кам на каленях, сваімі выцьвілымі, але жывымі вачы-ма. Ганьдзі, вось, за шэсцьдзесят, але не сказалі-б, што гэта яна, Марыся, яе калісьці няньчыла, што гэта Марыся дала жыцьцё паўтузіну дзяцей, павыхоўвала іх, пагадавала, у сьвет пусьціла, і ўнукаў пагадавала й выправіла ў людзі, і вось прабабкаю ўжо... Акуратна падстрыжаная, у чыстым хвартушку на спраўным стане, у цёплых, абшытых пухам тапцях стаяла яна над сваёй сястрою ў зашмальцаванай балёнцы, з пара-сяткам, бы дзіцём, якога ніколі ў яе ня было, на руках. Ні дзяцей, ні мужа, якога ўрэшце пакінула на пушчан-скім хутары...
— Сядзі, сядзі, зараз тваё парасё пусьцім у шопку, не павінна замерзнуць, ня бойся! Пераначуеш у мяне тут. Ня думаеш хіба на старасьць ісьці ў сьвет? Не ў тваіх гадах, Ганьдзя! А што людзі на тое скажуць, ты падумала?! Гэта-ж грэх! Як-жа дасьць сабе рады твой Павал? Загіне бяз бабы! Ты падумала?
Парсючок заварушыўся, стукнуў балюча капыткамі ў Ганьдзіны грудзі. Кінула яго на падлогу. Заенчыў, пасунуўся ў бок прыпечка, дзе заціх.
— Падумала, Марыся... Ты толькі хоць мяне ня вы-кінь. Ды што там, пайду ў людзі, можа прыме хто. Буду дзяцей няньчыць, мыць, гатаваць... Магу апекавацца якім старэчам...
— Ты, Ганьдзя, сама паглядзі, што й табе незадоўга вады падаць трэба будзе! А твой чалавек? Ці Павал такі зноў кепскі? Усе-ж п’юць па вёсках, што ты зро-біш! Можа, гэта ў яго ўсё ад таго пайшло, што дзетак сваіх у вас няма? Няма гаспадарку каму пакінуць...
— Нікому няма, калі нават у каго дзеці й ёсьць. Мы там усе пагінем, Марыся.
Марыся заліла гарбату кіпетнем, з шафкі дастала купны пірог.
— На, Ганьдзя, пакуль што гэтага паеш. Мірыка-вых ніколі дома няма, а сёньня вось паехалі на вясель-ле. То я й не гатавала сабе нічога. А парасё давай вынясем, не замерзьне, а то зараз можа яму на двор захочацца...
— Не, лепш яму тут будзе. Вось вашыя сабакі такія злосныя, яшчэ што яму зробяць, возьмуць пакусаюць... Або шчэ хто яго ўкрадзе...
Пераначавалі на ляжанцы за печкай. Ноччу Мары-ся выходзіла, падкідала вугаль у печку цэнтральнага ацяпленьня. Тут, у летняй кухні сьцяноўка доўга тры-мала цяпло, Ганьдзя добра пагрэла сьпіну. Парасятка стагнала ў сенцах, бразгала вёдрамі, стукала ў сьценку. Тры сабакі, якіх спусьціла з ланцугоў Марыся, праносіліся па панадворку й агародзе, бязупынна брахалі, дзерлі пад дзьвярыма, — пэўна, шчулі жывёлу. Дыхалі цяжка пад парогам, скрабліся, а тады сьвінка квікала зь перапуду й бегла ў другі кут, перакідаючы цэбрыкі.
Марыся паправілася на ляжанцы. Ня спала.
— Ведаеш, цесна ўжо маім у вілі, — сказала з нату-гаю. — Вось унукі іхнія павырасталі, кожнаму трэба свой пакой. Юрась ужо будуецца... Ды мне тут лепш, прывыкла я да жыцьця ўнізе... Маюць, ведаеш, сваю служанку, то прыбірае, гатуе. Ня трэба мне ўжо лазіць па паверхах... Вось а тут і гарод прыгожы, і сабакі доб-рыя, хоць злосныя, мяне любяць, то й бясьпечна жы-вецца. Я-ж іх таксама ад шчанючкоў пагадавала...
— Марыся, колькі ты ўжо ў Бельску будзеш?
— А, будзе дваццаць, як няма майго Мікіты, а, здаецца, быццам усё ўчора было... Ганьдзя, не пакідай ты Паўла. Так цяжка быць аднаму...
— Не-не. Я тут застануся, калі ты ня супраць.
— І калі нічога ня скажуць мае.
Марысіны ня мелі нічога супраць. Прынамсі, нічога не сказалі. У Ганьдзі быў свой грош. На падворку не замінала, на пакоі не прасілася.
Праз два гады, калі Марысю правялі на гарадзкія могілкі ў сасновай труне (грош на яе ў чорным вузельчыку трымала за іконкай, разам з шэрай грамнічкаю яшчэ са свайго вянца), Ганьдзя засталася адна жыць у хатцы. Парсючок рос харошы, гладкі. Выпускала яго Ганьдзя пабегаць з сабакамі па агародзе вечарамі й калі гаспадароў ня было дома. І супраць сьвінча нічога Марысiны ня мелі.
Забіў Ганьдзіну сьвінку перад Вялікаднем Марысін наймалодшы ўнук. Не хацела Ганьдзя таго мяса есьці, хаця каўбасы давялося ёй рабіць. Круціла ноччу ручкай мясарэз-кі, плакала, а пад дзьвярыма нецярпліва саплі Рэкс, Азор і Тарзан.
Ён увайшоў у карчму адразу з гулкае вуліцы, з дробнай, прыемна колкай імжаўкі. У карчме „Пад ру-жовым пеўнікам”, як заўсёды, можна было павесіць сякеру — даўкі дым танных папяросаў і сінія далі-катныя смужкі цыгарэтак, разам з пахам добрае кавы, зьлёгку прыгарэлага тлушчу, заскваранай бульбы з цыбулькай, квашаных гуркоў і пірожнага зь яблыкамі сёньня непрыемна казытнулі нос Бабульца. Хлопец скінуў свой вільготны плашч на сьпінку крэсла, што стаяла адразу каля выхаду з кухні. Невядома, чаму дагэтуль ніхто гэтае крэсла не пераставіў — кэльнаркі, якія бегалі па карчме са сподамі, усё зачапляліся за яго, з шоргатам адпіхвалі нагою пад сьцяну то ўлева, то ўправа, але ніводная не пасьмела тое крэсла вынесьці хаця-б у склад, калі ўжо не на сьметнік. Быццам гэтая драўляная, з выгінастай парэпанай сьпінкай мэбля засталася вечным пастаяльцам і часткай гаспадаровае волі старога Фядзюкевіча, што яшчэ нядаўна тут уладарыў у хвартусе з вышытым ружовым пеўнем. Памерлася Фядзюкевічу пару месяцаў таму, сябру й брату Бабульцаваму. Гэта ён, Фядзюкевіч, пасадзіў Адама Бабульца за сталом, пад шэраю ад старасьці пальмаю, наліў кілішак чыстае гарэлкі, ня пытаючыся, адкуль узяўся тут, у Зялёнай, ён — худы, высачэзны як вежавы кран, выстрыжаны аж да сінечы бугрыстага чэрапа, з глыбокімі запалымі злоснымі вачыма. У цес-наватым паліто ў шэра-чорную елачку. Бязь ніякага багажу, толькі зь нейкім шэрым скруткам пад пахаю. Бабулец паклаў тады свой пакунак на суседняе крэсла, паказаў на хвілю ў нейкай бездапаможнай усьмешцы белыя моцныя зубы. Гаспадар карчмы наліў яму гарэлкі бязь сьпеху, сеў насупраць, паклаў свае худыя валасатыя кісьці на хвартух зь пеўнікам. Фядзюкевіч быў пан гэтае местачковае гасподы, дзе пад’есьці мож-на было смачна, тлуста, і папіць няблага, хаця стары не дазваляў занадта буяніць разахвочанай кампаніі. Паненкі ў карчме працавалі пажондныя, кухар галоў-ны Ян Лапінскі, непітушчы, выдатны майстар, а буль-ба, гародніна, мяса — усё з акалічных гаспадарак; Фядзюкевіч сам езьдзіў па вёсках „тарпанам”, — купляў, не таргаваўся, на корані ўсё „прымасорт”. У карчме хапіла, каб у выпадку падазронага шуму, выйшаў з кухні, падняў сваю жылістую, валасатую, з пакручанымі раматусам пальцамі лапу, і найбольш разьюшаныя бяседнікі ўмомант супакойваліся, махалі да гаспадара з-за сталоў, маўляў, — добра, старэча, хадзі, вып’ем на згоду. Фядзюкевіч сам ня піў, ягоную пячонку рак разьядаў, казалі, а й еў толькі нейкія мляўкія кашкі ды зацірачкі, смак, аднак, меў выдатны. У кухарскіх школах нявучаны, але веды добра гата-ваць набыў недзе на поўдні Польшчы, дзесь аж пад Славакіяй. Што там рабіў? Хтось казаў, у карным батальёне быў, за нейкія вайсковыя нячыстыя справы, іншыя гаварылі — што ў войску там служыў. З-пад кашулі й хвартуха прабіваліся сінізною татуажы, і ніхто іх у цэласьці не пабачыў; Фядзюкевіч ня любіў распавядаць пра сваё мінулае. Людзі рознае гаварылі, то праўда. Вядома адно было — з Мацеем Фядзюке-вічам лепш не пачынаць звады.
Сядзеў тады Бабулец, маўчаў. Гаспадар разглядаў крышынкі хлеба на жаўтлявым абрусе, час ад часу кідаў вокам на госьця.
— Агата, прынясі новую настольніцу! Госьця-ж ма-ем! — Фядзюкевіч ляпнуў у сьцягняк кэльнарку, што прабягала міма з пустым посудам.
Дзяўчына справілася хутка. Бабулец прытрымаў кілішак у руцэ, пакуль Агата мяняла абрус, потым ізноў паставіў яго на стол.
— Гарэлачка выпаруе, — усьміхнуўся запалым ротам карчмар.
— Ня п’ю, прабачце, нельга мне. Вельмі дзякую за гасьціннасьць, — прамармытаў Бабулец так ціха, што Фядзюкевіч, каб яго ляпей пачуць, нахіліўся над ста-лом. — Ды й каса ў мяне пустая. Разбойнікі, разуме-еце, пераступілі мне шлях на конях...
— Ну, добра. То, можа, есьці хочаш? Ага, мяне завуць Мацей, я тут гаспадар. Хочаш есьці?
— ...
— Агата, прынясі паесьці майму сябру. Ты, хлопец, ня крыўдуй, ня думай, што я так табе з ласкі, падачку, ялмужну даю, як якому жабраку. Ну, чаго ты мор-шчысься?.. Разам пад’ямо. Нам яшчэ, можа быць, не адзін пуд солі давядзецца зьесьці!
— Вы што так мяне... веш... Мацей... Я... Разуме-еш... — Бабулец сьціснуў вусны.
Хлопец моўчкі глядзеў на свае далоні, на пальцы з пазарастанымі пазногцямі, што бязуладна ляжалі на каленях. Агата паставіла на стол глыбокую талерку з гурковым супам. Бабулец узяўся за лыжку.
— Я — Адам.
— Ты што — адразу „аддаваць”? А пераначаваць маеш дзе? Зайдзі да мяне гадзіны празь дзьве, як упраўлюся, падумаем...
Фядзюкевіч пасяліў тады Адама ў свае далёкае, адзінае сваячкі, хітранькае з вачэй, жвавае старушэнцыі з адным зубам у мэталёвай каронцы, бабкі Марыські. Бабуля, асаблівае весялосьці чалавек, ад раньня залівалася дробным сьмехам, ці то карміла свайго хударлявага падсьвінка, ці то палола агарод, ці тапта-лася ля прыпечка. Адам амаль ня лопаў са сьмеху, слу-хаючы Марысьчыных страшных і вясёлых аповядаў, поўных чорнага гумару. Асабліва пра бандытаў і роз-ныя сібірскія жахі, якіх набачылася, дзіцём быўшы ў бежанстве. Ніякая бяда, ніякія жыцьцёвыя прыкрасьці не зламалі старую Марыську, у якое лёс забраў усё. Засталася дажываць свой век у Зялёнай, у хатцы на канцы вуліцы Ліповай, аброслай крывымі чарэшнямі й агромнымі грушамі-дзічкамі, што засыпалі салодкімі ападкамі-гнілкамі ўвесь падворак і сьцяжынку, вытаптаную між лапухамі, глухою крапівой і рапейні-кам. Памагаў Бабулец Марысьцы ў агародзе, насіў вёдры вады на градкі, сек дровы... Вядома, калі часу яму хапала. Знайшоў Мацей Адаму працу ў „кулку ральнічым”. Хлопец быў добры шофер, але не маглі даць яму, былому турэмшчыку, вадзіць машыну. Работы хапала пры развальваючымся „спшэньце”; Адам вяртаўся дадому бліскучы ад шмараў і поту й доўга шараваўся ў балеі (бабуля ўжо чакала з нагрэтай у бульбяным запарніку вадою).
Завёў раз Мацей Адама ў пажарніцкае дэпо пака-заць новую машыну. Купілі яе якраз за гмінныя грошы, бо старая зусім ужо заржавела. Пажары ў ваколіцы трапляліся нячаста, але добраахвотнай камандзе, сябрам якой быў і Фядзюкевіч, даводзілася ў выпадку бяды дапамагаць пажарнікам з суседніх мясцовасьцяў; пакуль удавалася завесьці іхняга „чырвонага цмока”, бывала, ужо перлі на ратунак з трывожным енкам машыны зь Беластока ці Саколкі. Хлопцы мелі ў „рамізе” ўсё пажарніцкае абсталяваньне, як належыцца, пачышчанае, праверанае; на другім паверсе будынка, у вялікай зале, праводзіліся кожную суботу й нядзелю дыскатэкі, час ад часу траплялася вясельле нават на дзьвесьце-трыста асобаў... Ну, вось, купілі новую машыну...
— Адась, давай, запішыся да нас, пажарнікаў, — з усьмешкаю запрапанаваў Мацей, калі стаялі перад чырвоным, гарачым ад сьпёкі самаходам. — Глядзі, яка-а-а-ая штука! Ну, не адзін пажар пагасім разам, га?
Пажарнікі амаль кожны месяц ладзілі практыка-ваньні. Бабулец прыходзіў зь Фядзюкевічам, стаяў по-бач, прыглядаўся, потым далучыўся да заняткаў.
Першы выезд быў у жніўні. Загарэліся сьцірты новасабранага збожжа „спулдзельні” ў Зубатках, пад самымі хлявамі сьвінафэрмы. Высокае полымя й жоў-ты дым былі відны аж у Зялёнай. Ляцелі штосілы, а разам зь імі з усіх бакоў па палявых дарогах і па брукаванцы зь Беластока несьліся пажарныя машыны. Праўда, збожжа згарэла ўсё дарэшты, але агонь не дайшоў да гаспадарчых будынкаў.
Калі выйшлі з машыны перад сваёй рамізай, засма-леныя й мокрыя, Адам паклаў руку на плячо Мацея:
— Фядзюкевіч, веш, а мяне пасадзілі за пажар. Пад-паліў стадолу. За грошы. Згарэла тады шмат душ.
— Душ?
— Жывёліных. Гэта так, каб ты ведаў, я табе кажу, веш.
Пайшоў памалу, шоргаючы па пяску цяжкімі бота-мі, дадому, да сваёй бабулі.
Марыська сядзела на зэдліку, апертая сьпінай аб выпалавелыя шпалеры, у хустцы, ссунутай на тыл галавы, з усьмешкай на запалым роце. У кулаку на падоле сьціскала сьцягнутую ільняную сурвэту ў чыр-воныя крыжыкі. Ня дыхала.
Тыдняў празь пяць памёр і Фядзюкевіч. Высах зу-сім, быццам у труну наклалі стружынак, такая лёгкая была.
Адам Бабулец потым доўга не паказваўся ў мястэч-ку, сядзеў у Марысьчынай хаце, хіба што выходзіў у агародчык, нарваць чаго пад’есьці.
Ужо бралася ў сілу позьняя восень. Выйшаў Бабу-лец увечары з хаты. Увайшоў у карчму адразу з гулкае вуліцы.
Выкапалі з Буяўкі чорны мораны дуб. Гэта тады было, як яе засыпалі, яе, калісьці небясьпечны ў час веснавых разводзьдзяў прыток Нарвы. І падрэчкі Чар-нушка й Пчолка зьніклі ўжо пад роўнядзьдзю возера. З Буяўкі мясцамі дзе толькі роў застаўся, з жабурыньнем і раскай на ўстаялай пеністай вадзе, а дзе зарослы сітнягом сухі паплавок. Хто яшчэ ведае, дзе была Буяўка, дзе ў гэтых месцах страшыла да вайны й посьлей, дзе стаяў жыдаў шынок, што потым спаліўся, а хто ня ведае — то й нашто такому пра гэта даве-двацца, пытацца?.. Мораны дуб, якога не ўзяла ні сякера, ні піла, падцягнулі пад Марушку, дзе ўжо ляжалі тыркачы вывернутых соснаў з задзертым карэньнем з кавалкамі зямлі, жоўтыя звалы адсунутага з раўнянай дарогі пяску, суглінкаў, што парасталі ўжо зельлем — лесам горкага драсёну й лебяды, жалязякі й шчарнелыя рэшткі будынін з паламанымі ваконнымі рамамі, пакінутыя будаўнічымі вала й станцыі помпаў на дамбе.
Паўз гэтай дарогі ўрочышча Марушка беляхцела анэмонамі, з кожнай вясною драбнейшымі. Люцынка доўга шукала вядомых ёй сонечных палянак, дзе зь іржавае травы першымі вылузваліся валахатыя сончы-кі. Дзяўчынка заўважыла, што з кожным годам, адкуль сама ўжо прыяжджае да дзеда Ляксандра й пачалі раптам цямнець яе белыя дагэтуль валасы, аколіца стала зусім іншая, ня тая, што раней, зь вяковымі дарогамі, якія пільнавалі мяжы Княства, з кшталтам рэчкі, што пасьля разводзьдзя вярталася ў свой бераг, дрэвамі, якія самотна вызначалі межы палеткаў... Цяпер, нават калі Люцынцы споўнілася дзесяць гадоў, дзед неахвотна дазваляў ёй адной выбірацца на вал над штучным возерам, якое ўпадабалі ўжо дзікія птушкі — рух на дарогах пабольшаў, хаця перасталі паяўляцца вялізныя грузавыя машыны з прычэпамі з гурбамі пяску й экскаватары. Люцынка цяпер не заўсёды казала дзеду, што возьме ровар і паедзе кудысьці; ня меў замнога дзед Ляксандар ужо для яе часу, адкуль у ягоным доме паявілася новая бабка, такая маладая, як Люцынчын татка. Пані Ганначка павыкідала за куратнік старыя бабуліны крэслы зь мяккімі падушачкамі, дыван у макі — што вісеў у спальні — закінула на бэльку на падстрэшку... Прывезла з сабою прыгожы абедзенны набор (схавала ў шафу шлюбны бабчын посуд, маляваны ў лясныя званочкі, зь якога шмат філіжанак пабілася), прыгожыя сукенкі й многа кніжак. Дзед Ляксандар, прыгожы, сівавалосы, значна памаладзеў пры пані Ганначцы. Новая бабка ўсё нешта пісала, стукала начамі на машынцы ў сваім пакоі на паверсе дома, але Люцынка не змагла даведацца, над чым яна так працуе. Калі запыталася, ці будзе гэта кніга з казкамі, пані Ганначка толькі ўсьміхнулася й сказала:
— Гэта не твая справа. І, будзь мілая, ніколі больш не заходзь у мой пакой.
„Яе пакой” быў калісьці бабчыным, улюбёным Люцынкай, з камінам, шырокай канапай, з дываном на ўсю падлогу, дзе дзяўчынка любіла вылежвацца ў зімовыя вечары са старым выжлам Бобам, а бабка чытала ёй кнігі пра падарожжы. Для гэтых вечароў Люцынка любіла прыяжджаць да бабы Зіны й дзеда. Цяпер, калі ня мела сюды доступу, адчувала сябе чужой у доме, пакрыўджанай дзедкам, але найбольш балела тое, што баба Зіна ўзяла ды памерла, зьнікла з жыцця, а разам зь ёю рэчы, пахучыя чабаром і кацялапкамі. Люцынка калісьці забірала ў горад бабуліны шпількі да валасоў — доўгая бабіна каса мацавалася на галаве дзесяткамі шпілечак — каб мець з сабою нешта, што было-б згадкай жаноцкасьці й матчынага цяпла. Люцынчына мама была далёка, прысылала толькі прыгожыя й дарагія цацкі й грошы тату. Бацька адкладаў грошы на Люцынчыну кніжку. Чула, як казаў дзеду, што ня хоча ні граша ад Аліны й хай яна з той Амэрыкі не вяртаецца, калі выбрала такое жыцьцё. Люцынка ведала, што мама абавязкова прыедзе да яе, разам паедуць у вёску, усе будуць цешыцца й назаўсёды застануцца разам... Матчыны лісты прывозіла перачытваць бабулі; ня было іх шмат, як хацелася-б, але чулыя словы, якія паўтарала за лістом баба Зіна, гучалі так, быццам сапраўды казала іх уголас мама.
Люцынка не змагла прыехаць на пахаваньне — у студзені ляжала ў бальніцы. Магла-б адляжаць сваю воспу й дома, але бацьку трэба было неадкладна на два тыдні ехаць у камандзіроўку, на нейкія курсы.
У красавіку ў дзедавым доме паявілася пані Ганначка. Люцынка памятае: яна ўвайшла ў кухню (дзе малая, ражжаленая здрадаю бабкі Зіны, хліпала над кубкам гарачага малака, што наліў ёй дзед Ляксандар, выцірала вочы быццам ад пары), пахучая чымсьці салодкім і мяккім, стала над сталом, спахмурнела й сказала памалу, выціскаючы словы з чырвоных вус-наў:
— А хто гэта такі прыехаў у мой дом?
— Гэта ня твой дом! — дзяўчынка адпіхнула кубак. — Гэта дом маіх дзеда з бабай, і мой!
— Ой, прыйдзецца нам удакладняць адносіны, бачу. Алесь, хіба ты забыў прадставіць мне гэтую маладую даму? — пані Ганначка ўсьміхнулася да дзеда й ускудлачыла яго белы чуб. — Я-ж табе казала — ніякіх дзяцей!
— Гэта мая ўнучка, Люцына.
— Такая вялікая? Распусьціў ты яе, бачу, мой мілы! Ці прыйдзецца мне выхоўваць чужых дзяцей? Не ду-мала пра такое, кідаючы для цябе працу ў сталіцы!
— Бачыш, жонка пакінула сына, ён... у яго новая сям’я... а з гэтаю штосьці рабіць-жа трэба... — залапатаў Ляксандар, уцякаючы зрокам ад унучкі. — Прыяжджае сюды, на выхадныя, прынамсі да...
Люцынка кінула кубачак. Не памятала, як выбегла з дому. Ляцела па новай жоўтай дарозе, паабапал якое ў цёмным лесе нізам бялелі анэмоны. Веснавы малады вечар насунуўся хутка, пацягнула сырым холадам. Дзяўчынка агледзелася ўжо амаль над возерам. Вецер пранізваў да касьцей. Баялася йсьці лесам, але там было цяплей. Прытаілася паміж будкамі, за растапы-ранымі каранямі сасны зь вялікім навісам зямлі, каля чорнага дуба, якога бязуладнае цела выставала з-пад руінаў. Пра гэты дуб столькі расказваў дзед Ляксан-дар! Як ён рос, магутны, вялікі кароль дрэваў Белавес-кае пушчы, як прыходзіў пад яго адпачываць пан Белы Воўк, стражнік старое сьцежкі, што абяртаўся ў лясуна й кахала яго жанчына, што прыручала дзікіх зьвяроў... І як потым дуб рашыў памерці, бо бачыў сьмерць лесу, а перажыў ужо ўсіх, але сьмерць не хацела прыходзіць, бо не на яе моц была сіла дуба... І ня мог дуб сам учыніць сабе сьмерці. І рашыў тады Пярун даць яму падмогу, і зваліўся дуб. І заліла яго вада, што падышла на Сухі груд, і на доўгія стагодзьдзі зьнямеў дуб, пачарнеў, скамянеў. І дасталі яго зь ягонае магілы брудныя рабочыя, што капалі тут возера-магілу рэчкі, і зламаўся тлусты ад алею зуб пілы, і гартаваная агнём і вадою няшчадная сякера. І натужыліся, і пакацілі дуб рабочыя на сьметнік, бо да нічога ён ня быў ім прыдатны, і засыпалі ягонае ложа зямлёю. Дзед Ляксандар ведаў усё. І казаў дзед унучцы, што ня трэба дубу спачуваць, бо й ён не шкадуе нас, што жывем так мала, што не пабачым таго, што пабачыў ён, і не адпакутуем столькі, каб нам адхацелася жыць.
— Не хачу быць вялікай. Ня буду! Я памру! — заплакала Люцынка ў дзедавых абдымках.
Шукаў яе на ровары, задыханы; здалёк бачыла хісткае сьвятло ліхтара, што сунулася ад хутароў. Ведала — ён прыедзе. Хацела памерці да таго моман-ту, пакуль ровар не набліжыцца да мейсца, дзе схава-лася, і дзед з плачам кінецца яе ратаваць, шкадаваць, і будзе туліць яе халоднае цела да сваіх шырокіх цьвёрдых грудзей, гладзіць па пацямнелых валасах, і дзедавы сьлёзы будуць капаць на яе мёртвы нярухомы твар...
— Дзедку, тут так халодна... Дзедку, я яшчэ не нарадзілася, мяне яшчэ няма, — прашаптала Люцынка ў глыбокай цемры, з далонькаю ў дзедавай руцэ.
Яны йшлі па старой сьцежцы. Далёка азываліся сабакі. Лес маўчаў, ня дыхаў, слухаў іхніх крокаў і шоргату колаў. На красавіцкім небе не сьвяцілася аніводная зорачка.
За імі застаўся ён, дуб, — пільнаваць сваё мейсца. Перажыў, павалены, яшчэ адно жыцьцё. КОЦЯ-КОЦЯ
Нінка Арліха, тоўстая цётка з Варашкоў, схапіла Лянковага Косьціка, званага зь дзяцінства ў ваколіцы Коцем-Коцем, у свае цёплыя абдымкі. На яе радасны вуркат зьбегліся ўсе жанчыны з хору „Васілёчак”, разлажыстыя й вялікія ў сваіх патройных спадніцах, у вышываных хвартухах на жыватах, грудастыя, раш-чырванелыя ад эмоцыяў перад выступленьнем на раён-ным аглядзе беларускай песьні. Коця быў сваяком цёт-кі Нінкі, настолькі, аднак, далёкім, што быў такі час, калі Коцева матуля зь цёткай Нінкай плянавалі бліжай парадніцца — Нінчына Крыся вырасла на выдатную гаспадыньку, школы таксама пакончыла — „зава-доўку” й кухарскі тэхнікум, а Коця доўга ўжо хадзіў самапасам, хоць нядрэнны быў хлопец, разумны, аду-каваны, і „блёк” дастаў у Гайнаўцы... Толькі на сваю дзяўчыну трапіць ня мог, мяняў іх як пальчаткі, жа-ніцца ня зьбіраўся, хоць стукнула яму трыццаць чаты-ры. Мамка моцна захвалявалася, калі Коця пакінуў абстаўленую яшчэ з добрых часоў сваю „кавалерку” ды бадзяўся па чужых беластоцкіх кватэрах, але разумела, што для ейнага сына больш шанцаў у ваяводзтве, асабліва калі пасьля працы ў Гмінным доме культуры й студыях на аддзяленьні культурна-асьветнай педагогікі ўзялі яго на працу ў Ваяводзкі асяродак анімацыі культуры. „Ваяводзкі асяродак” — гучыць някепска, хай там будзе нават нейкая „анімацыя”, хутчэй „рэанімацыя” тае культуры... Дзе-ж цяпер Коціку да Крысі, кухаркі ў дзіцячым доме? Матка ведала, што дзеці час ад часу сустракаюцца, хаця ў Крысі быў цяпер нейкі кавалер-мазур, багаты з маткі, што засела ў Амэрыцы, так што й той быў, так сказаць, адною нагою за акіянам... Крыся сёньня таксама прыехала выступіць з „Васілёчкам”, падмацаваць рады сьпява-чак, зможаных прастудай.
На дварэ шалела завіруха, аўтобусы не хадзілі, і „Васілёчак” дабіраўся на конкурс на трактарах, запрэ-жаных у вазы-балёны. Прыехалі з калектывам салідар-ныя мужыкі варашкоўскіх цётак і маладзіц, звыкла падсьмейваючыеся зь іхніх сьпеваў, сёньня поўныя, як і яны, надзеі на перамогу ў элімінацыях і паездку на цэнтральны агляд у Беласток, у філярмонію. Дзядзькі тапталіся на першым паверсе, курылі „папулярныя”, разглядалі пажаўцелыя фільмавыя плякаты (гміннае кіно не працавала ўжо трэйці год). Чакалі, калі адкры-юць астылую вялізную глядзельную залю й зойдзе ту-ды народ, а бабы папруцца на сцэну; яны самыя скок-нуць тады пагрэцца ў „Альшынку”... Муж Арліхі, ху-дзенькі, празрысты дзядок (Нінка была яго другою кабетай) зь сінім носікам над жаўтлявымі ад махоркі вусамі, азірнуўся на жончын высокі радасны піск і ру-шыў подбегам да Коці.
— Ой, каго я бачу — зяцёк! Ты што, сёньня інспэк-тар? З ваяводзтва цябе прыслалі? А ці ты часам ня ў журы? Добра было-б, каб там быў, — даў-бы нашым кветачкам першае мейсца, ой, рады былі-б яны, рады! — захіхікаў стары, паляпаў Коцю па плячуку сваёй жылаватай, вялікай, бы не з таго цела, далоньню.
— Можна назваць то інспэкц’ё, — паправіў пінжак Коця.
Ён меў страшную ахвоту надзець паліто — цягнула холадам ад высокіх шэрых сьценаў гэтага агромністага местачковага дома культуры. Моцна дзьмухала ад вялікіх, на ўвесь франтон, шкляна-жалезных дзьвераў, сьнег з-за якіх касяком навейваўся на закляктаную шэрую грысікавую падлогу. Уваходзілі ўсё новыя ўдзельнікі агляду, абівалі сьнег з ботаў, бабы скідалі з андуляваных галоваў шаліноўкі. Ішлі ў канфэрэнцый-ную залю, што сёньня служыла гардэробам, пакідалі там верхняе адзеньне, а паказваліся адтуль у панто-фельках, парадных народных касьцюмах (Коця заўва-жыў і курпёўскія блюзкі, і лавіцкія пасястыя спадніцы й стужкі), калаціліся ад холаду, расьціралі пасінелыя насы й пальцы. Толькі цётак з Варашкоў мароз ня браў — рагаталі, прытанцоўвалі — ад таўшчэзнае Арліхі да бабы Зосі, худзенькай, паморшчанай бы фіга, у брунатных старэчых плямах на целе, жвавай і прыткай.
— Што-ж ты так калоцісься, сыночак? — узяла за Коцеў локаць бабулька. — Ты патупай, паварушы пальчыкамі ў тухлях. Што-ж ты так пасінеўшы, га? Здаецца, мы — бабы як агонь, на тваім мейсцы пры такіх не ўстаяў-бы!
Сьпявачкі схапілі Коцю пад пахі, заграблі ў сваё кола. Толькі Крыся стаяла збоку з сарамлівай усьмеш-кай. „Што яна нейкая як нежывая?” — падумаў Коця, вылузваючыся з пахучых нафталінам абдымкаў цёткі Настулі, мажнай, з мужчынскім вусатым тварам і ма-ленькімі парасячымі вочкамі.
— Ну, брат, сёньня мы цябе запрашаем на пачас-тунак! — забубніла ў Коцева вуха Настуля. — Даўно ты ў нас ня быў, забыўся, а, можа, падумаў, што мы ўжо паўміралі ў сваёй глушы? А мы не, мы — хітрыя, мы — жывемо! Максім, хадзі сюды, — кіўнула мужу. — Давай торбу, пакуль выступім, трэба будзе дзюбнуць для адвагі!
— Цо вы, цо вы?! — адмахнуўся хлопец.
— Ну, што ты, Косьцічак? Ты-ж не ў журы, каб хто падумаў, што мы табе які хабар сунем, ці як! Ты-ж зусім сьсінееш, ня дай Бог, захварэеш, адмерзьне табе што, і адкуль у нас будуць беларускія дзеткі, калі так моладзь пра сябе ня дбае?! — на Настулі ўсё аж хадзіла ад рогату.— Ну, бабы, рабеце круг, нашто народ мае нам зайздросьціць?
Конкурс праходзіў як мае быць. Праўда, публікай былі самі выканаўцы й школьная шумлівая дзятва з гміннай зборнай школы, але ў залі пацяплела. Высокае журы, з пасінелымі насамі, выпісвала свае ацэнкі ў рукавіцах.
— Ой, — дыхнула вялікім клубам пары, пахучай часнаком і сьпіртам цётка Нінка. — Мы хоць падры-гаем, падзыгаем на сцэне, з нэрваў на нас усё ходзіць, то й холаду так ня чуем. А тыя во бедненькія... А ты, зяцёк?..
Коця-Коця сядзеў здранцьвелы, накінуўшы сваё чорнае паліто на сьпіну, потым, аднак, уціснуўся ў ру-кавы.
— Дайце, цёця, яшчэ крыху, бо зусім акалею.
— Ой, бачу, што табе ўжо лепш па-нашаму йдзе! — Настуля падала яму чырвоны плястмасавы кубачак. — Тут гарачая гарбата з кілішачкам, ня грэх. Ну, як?..
На сцэну заходзілі, як у сапраўдным доме культуры ці нават у тэатры — плюшавая пурпуровая заслона да столі, цяжкая ад пылу, прапускала шчылінай артыстаў. Каляровыя постаці групаваліся перад павіскваючымі мікрафонамі. Коця злавіў на сабе Крысін позірк. Заўважыла яго зрок, усьміхнулася. Усе варашкоўскія артысткі на сцэне разявілі памаляваныя вусны, дыхнулі парай і зладжана прапяялі: А ў верасьні раніцай Выпала пароша. Дзед бабу палюбіў, Бо баба хароша!..
Заля пляскала ў далоні ня толькі, каб іх пагрэць, — усім спадабаліся варашкоўскія кабеты.
Крэсла ляпнула за Коцем. Пасунуўся за кулісы. Крысін нос быў халодны як лёд, вусны клеіліся ад памады, але Коцю пацалунак смакаваў як мала які. „Які цёплы ў яе язычок!” — сьцвердзіў Коця і зарага-таў.
— Коця-Коця, чаму ты сьмяяўся? — пасьля хвіліны маўчаньня запыталася дзяўчына, калі забеглі ў пакой, дзе заўсёды праводзіліся рэпетыцыі лялечнага тэатра. Коця ня мог перастаць, заходзіўся са сьмеху, зрываю-чы зь дзяўчыны хвартушок, з нашытымі маністамі кракаўскі сардак.
— Вой, Коця, халодна-ж! — Крыся захіліла далонь-мі свае малыя, як дзьве грушкі, настабурчаныя ад хо-ладу грудзі.
Павалілася шырма ў кітайскія драконы. Глуха бахнуў на падлогу слуп кардонаў зь лялькамі, выкаці-ліся лялечныя галоўкі. Коця ўзяў адну за канапляныя доўгія косы, цмокнуў у палатняную шчаку з чырвонай плямкай румянца.
— Гэта, пэўна, Папялушка. А тут маем даўганосага Пінокія. Найлепшыя знаёмыя з маленства.
— Ды й ня толькі твайго! — дзяўчына папаўзла, сьмеючыся, па гурбе аднолькавых паяцыкаў, папута-ных шнуркамі, выцягнула сіняносую Бабу-Ягу з тва-рам з пап’е-машэ, з доўгімі, як каўбаскі, нагамі.
— Ня кідай на мяне гэтую пачвару, пудзіла ўсіх амэрыканскіх і эўрапейскіх дзетак! — Коця-Коця злавіў ляльку за нос і шпурнуў у кардон. — Хадзі сюды, не ўцякай. Ну?! Калі была ня супраць сюды прыйсьці, то не рабі цяпер зь сябе цнатліўкі!
Дзяўчына скочыла пад вакно, пацягнула за засло-ну. Бразнулі зашчэпкі на карнізе, запыленая тканіна спаўзла на падваконьне. Крыся захуталася ў яе, скур-чылася на крэсле, памалела.
— Косця, ня руш мяне. Ты-ж мяне ведаеш зь дзя-цінства... Ну, ня руш. Так тут халодна... Ды й не ў та-кіх умовах можна, як ты думаеш?.. Разумееш? Во, цямнее, паглядзі...
— А я сьвятло запалю.
— А што будзе, як мяне так знойдуць? Што тады падумаюць...
— Табе што — васемнаццаць? А нічога не падума-юць. Гэта ня іхняя справа. Але-ж ты сьвіньня, Крысь-ка! Сьвіньня, якіх я ў жыцьці ня бачыў! Завяла мяне сюды, цяпер во, кепска табе?
— Ды як так можна! Хіба-ж так адразу?.. І ня з кожным-жа...
— А чаго мне не хапае, што? Я-ж хлопец, як трэба! Меў кожную, якую хацеў. Падумаеце — цаца! Такога тавару, як ты, удосталь! Бяры — не перабярэсься!
— Во й маем „анімацыю культуры”! — скаланулася Крыся, застукала зубамі. На вуліцы ўжо сьцямнела, бацькі павінны яе шукаць... — Зараз сюды прыйдуць, шукаюць нас, пэўна...
— Але, шукаюць! А хто мяне зяцем зваў? То-ж да-думаліся, пэўна, чаго мы сышлі, што — мы малыя, ці як... — Коця злосна зашпільваўся, прычэсваў чуб. Абтрос, закінуў на плячо паліто. — Ну, то я пайшоў. А ты шкадаваць будзеш, на мяне яшчэ ніводная не наракала.
Скрыгітнуў ключ у дзьвярох. Хтосьці зьбег на паверх ніжэй. Бразнулі ўваходныя дзьверы. Запырка-талі трактары, з шумам рушылі легкавыя. Хтосьці ўнізе шчыра засьмяяўся, заклекатаў, мужчынскі голас прабубніў сакавітай лаянкай.
Крыся выглянула ў вакно. Пад будынкам, прабіва-ючы буйны сьнегапад, віднела пляма сьвятла.
— Як мы адсюль выбярэмся? — расплакалася дзяўчына. — Замерзьнем тут на косьць! Заўтра ўве-чары толькі сюды прыйдуць!
— У іх свая кацельня? Каб толькі нам тут не замерзнуць! Халера, а ці ў цябе хоць цыгаркі ёсьць?
— Мая торба ў мамы засталася... Косьця, пашукай уключальнік.
— Нічога ня будзе, адключылі цэнтральную таблі-цу, пакінулі сьвятло толькі над уваходам.
— Чакай, тут нейдзе пахне воскам... Можа, якую сьвечку знойдзем?
Знайшоўся цэлы карабок агаркаў. Кволы вогнік слаба грэў далоні. Не ацяплялі таксама й заслоны, у якія захуталіся; калярыфэры з кожнай хвілінай трацілі цяпло.
— Слухай, мне здаецца, што павінны быць яшчэ адны дзьверы. Тут калісьці кавярня была... Можа, шафай іх заставілі? Коця-Коця, пашукай тых дзьвя-рэй... Мне кепска...
Шафаў стаяла некалькі, але Коця, скінуўшы свой дарагі пінжак, узяўся за найбольшую, трохдзьвярную, глуха зачыненую. Ледзь удалося яе пасунуць, каб на-мацаць касяк за задняй сьценкай. Разам зь дзяўчынай натужыліся, перасунулі завалідарогу. Дзьверы скрып-нулі, дыхнула з-за іх сырасьцю й цьвільлю.
Гэты пакой быў даволі прасторны, наколькі маглі заўважыць у сьвятле, застаўлены драўлянымі скрынка-мі, кавалкамі кардонавых плітаў з фрагмэнтамі надпі-саў, рамамі, абломкамі цьмяных шыбаў, стосамі зялёнага сукна. Адразу ля ўваходу стаяла высокая бел-чырвоная скрыня з адтулінай зьверху. Перакулілі яе, накрылі сукном, селі.
— Коця, ці там ня лямпа стаіць? Можа, у ёй нафта ёсьць?
— Можа й ёсьць. Памятаеш пастаноўку „Нашай долі”? Мелі там такі рэквізыт. П’еса была, здаецца, пра цяжкі даваенны лёс беларусаў.
Крыся дрыготкімі рукамі выцерла шкло рэзервуара. Кнот, сапраўды, мок у нафце.
— Ёсьць! Праўда, няшмат яе, але давай запальніч-ку.
Стала бачна ляпей. Пераглянуліся.
— Божа — каго я бачу! Беларусачка ў складзе мінуўшчыны! — Коця дакрануўся да запыленага твару дзяўчыны. Крыся адхілілася.
— Глянь, во: хто гэта з намі тут будзе?
Насупраць стаяў шырокі на мэтар шпалер зашклё-ных партрэтаў. Дзяўчына выцерла першы. На іх спа-глядаў з ухмылкай нейкі лысун.
— Ты гэтага ведаеш?
— Адкуль-жа... Ня з нашага часу фізыяномія. За-раз, зараз! Гэта ж Юзаф Цыранкевіч. Здаецца, яшчэ ён нават не памёр. А кім-жа ён быў? Прэм’ерам? Першым сакратаром?.. Ды адна халера!
— Ня ведаю. Ага, ён-жа муж аднае вялікае акторкі. Зараз... Ніны Андрыч!
— Андрыч то ўмее дамаў іграць! Адно няшчасныя каралевы, гераіні... А вось сюды глянь, што тут напіса-на: „Młodzież przyszłością narodu!”
— Мова газэтаў, аб’яваў, канфэрэнцыяў, падручні-каў і інструкцыяў.
— Зь якога гэта часу? Шасьцідзесятыя? Герак?
— Ты што, Крыся, ня бачыла лёзунгаў найбольш актуальных? Яны-ж пра нас заўсёды дбаюць! І зь ле-вага, і з правага боку. Але, гэта-ж праўда, бо хто-ж іншы — будучыня народу, як ня мы? Дарэчы, ці не пара нам падумаць, Крысьціна, пра будучыню народу беларускага?..
— А табе што? „Нівы” начытаўся? Ды каму ты гэта кажаш, я з гэтым згодна, што мы не павінны забываць роднага, а дбаць пра культуру...
— Ну, гэта ты начыталася! Я тут табе больш кан-крэтна. Дарэчы, замерзьнеш, калі будзеш так ад мяне адсоўвацца. Ну!
— Ніколі з табою! Кожную паненку валачэш ты, Коця-Коця, у ложак, усе ведаюць. Кінуўся на мяне так, напалохаў...
— Крыся, прабач! Ды тут ва ўсім доме культуры аніякага ложка няма, не кажу ўжо пра гэты музэй...
— Нельга кранаць экспанаты!!!
— Бярыся за сукно. Павытрасаем усё гэта, павыбі-ваем. Прыйдзецца нам дачакаць лепшага часу на цёплым казённым сукне. Хоць раз зь яго карысьць будзе. Ну, да заўтра, мая мілая...
Адэля набрала вады з калодзежа. Ланцуг пругка бразгатаў аб абымшэлы зруб, рыпела ручка кола. Вада брызнула на гладкі камень пад студняй, на прытапта-ныя „папэгі” гаспадыні, густы дыванік дробнай крапі-вы-пякучкi.
Адэля памалу несла вядро дадому, калыхалася на бакі, брала шырокі размах левай хворай рукою. Каля крывое яблынькі прыпынілася, нарвала крыху лісткоў мяты й мелісы, што расьлі тут буйныя, рахманыя. Хлюпнула ім пад корань крыху вады, бо зямля дужа перасохла. Таму й буялі ў яе расьліны, што не шкада-вала ім свайго клопату.
Бася села за сталом, глядзела, як Адэля дастае з посуднае шафкі вялікія кубкі ў букетах ружаў і васіль-коў, павязаных залатой стужкаю, уручную маляваных. Гудзелі мухі, таўкліся пад белай стольлю, лезьлі ў во-чы, ліплі да пахучай мёдам стужкі-мухалапкі. Адэля зьняла зь цьвіка гумовую мухалапку на драўляным тронку, замахнулася. Ляп — муха плямкай расплылася на кафлі печкі.
— Кажэш, зьбіраеш імёны? — пацікавілася жанчы-на. — Нашто табе ваны? А, для навукі... Таак... Трэбо запісаці, што дзе е, каб посьлей ні сказалі, што тут нас заўсім ні было. А хутко так, пеўно, і будзе... — Адэля паправіла хустку пад барадою.
— Гэта для працы ў вучэльні. Школы закончваю, дыплём. Імёны тутэйшыя, прозьвішчы зьбіраю, выясь-няю, адкуль што.
— Ат, пайшла-б ты, дзетка, у гміну, у іх-жа ж папэ-ры е, сьпісала-б, і ўсё. Нашто табе хадзіці па вёсках? Ешчэ каб у цябэ хоць свая машына была, то лякчэй. Ну, зарэз я табе гарбату зраблю, зь мяткаю. А ведаеш, чаму вана — „гарбата”? Гарбаты ее сеёў, гарбаты зьбіраў, і гарбаты зварыў... Гарбаты вып’е, бо каждого свой горб да землі прыгінае...
На падлозе кухні, на чыстым ручніку, раскладзе-ным на сене, ляжаў вялікі жоўты сабака. Яшчэ калі ўваходзілі, слаба падняў галаву, варухнуў вухам і засоп.
— Арэшка мая... — нахілілася Адэля над скруча-ным целам сабакі. — Ой, цяжко табе, я-ж ведаю. Коль-кі-ж табе сьмэрці чакаці?.. Дажыла свой век, дабраха-ла. А ўмэрці ні можэш. Кідае яе, бач, мыкае, а сьмэр-тачка ні прыходзіт.
Арэшка заскуголіла, хацела лізнуць руку гаспадыні, але яе галава з гнойнымі чырвонымі вачыма матану-лася толькі й апала на лапы. Ад сабакі йшоў прыкры, гнілы пах.
Адэля з-пад прыпечка пліты дастала лучыну, пару трэсак і паленаў, запаліла пад плітою. Начэрпала вады зь вядра ў гаршкі й у чайнік, з палка дастала мыла. З кубка палілі на рукі, выцерлі ў чысты льняны ручнік. Старая не азывалася, старалася не глядзець на Арэш-ку, што ўздыхала ў кутку.
— Бася, ты як думаеш, чы сабачуй душы ні належыццэ адхадная малітва? Ваны-ж, жывёлы, нівін-ные, не? Ой, мая ты пакутніцо... Толькі, бач, пражылі мы разом...
За акном чырванелі ў заходнім сонцы яблыні. Хіст-кія цені забегалі па шыбах.
Адэля ўкінула костку ў кіпецень, дала Басі сьцізо-рык, чысьціць бульбу. Дзяўчына ледзь пасьпела аскрэбці тры бульбіны, а зь вялікіх, вузлаватых, пры-плюснутых у пазногцях Адэліных пальцаў вылузаліся ўсе белыя бульбіны й хлюпнулі ў цэбрык. Гаспадыня маўчала, час ад часу папраўляла хустку, шморгала носам.
— Добра бульва сёлета парасьце. Во маладая якая, а што будзе ў капаньне! Земля родзіт народу, каб толь-кі было каму за ее браццэ...
У пліце гудзеў, страляў агонь, чырвоныя водблескі бегалі па паленах, па падлозе. Адэля выцерла рукі ў хвартух.
— А цыгаркі ў цябэ е? — запыталася, заліваючы кіпетнем гарбату ў кубках.
— Вы курыце?
— От, запаліла-б. Дзесь у мане е старые „спорты” нібожчыка Адама, але ўжэ выветрылісэ, а тут якось так галава ные, чы то можэ зуб. Пушчу траха дыму ў рот, паройдзе ўмомэнт.
Бася з заплечніка дастала дыктафон, пачак „мар-саў” і запальнічку.
— Ты во на гэтым запісваеш? Такое малюсеньке, бы пушачка запалок! І што ты там ужэ маеш, пакажы.
Бася шчоўкнула ўключальнікам.
— А, пазнаю, гэто-ж гаворыт Кастэнты з Лазоваго! Добрэ, што ты зь ім паразмаўляла. Стары е, то ведае, што-дзе-як. А ешчэ крыху, то ўсе мы тут паўміраем, і ніхто нічого ведаці ні будзе. Хвойкі тут усё пазарас-тают, і ўсё, капцы. Добрэ, дзіцятко, што вам маладым тут ешчэ хочэццэ хадзіці, зьбіраеце такое. Хоць якісь сьлед застанеццэ. Але, для каго гэто будзе цікавэ? Пеўно, у музэй, можэ, гэто прыдасцэ, і то ўсё. А мы — як усё на сьвеці — гноем будземо. Але пакуль нас чэрвяк зьест, мы жжэрэм усё жывое...
Узяліся за бульбу з кропам, запівалі кіслым мала-ком з гурэчнікам. Для сучкі гаспадыня наліла сьмятаны, але Арэшка толькі нюхнула й схавала галаву ў лапы.
— Трэбо будзе да вецінара пазваніці, хай прыедзе, даст ёй укол на лёгкую сьмэрць. Заўтрэ ранком пазво-ніш, колькі-ж пакутаваць жывіні! Ты адразу зранку, што, пойдзеш запісваці? Прыходзь посьлей, накармлю, параначуеш...
Раптам нешта кальнула ў Адэліну хворую руку. Расьцірала яе, прыкусіўшы ніжнюю губу.
— Дайце, я вам дапамагу! — Бася ўзяла ў далоні пакручаныя пальцы гаспадыні.
— Не, не, ні трэбо, табе, пеўно, пракудно браці за такую качаргу! А была ў мане рука — просто золато! Што зробіш, чы то д’ябэл, чы то Бог наслаў баду, кару?.. Усё на сьвеці е як павінно. Адплата за мінулэ, кара навет за дзядоў... Ідзі ты спаці, дзецятко, мы тут ешчэ пастогнем з Арэшкаю. Звару ёй лекарство ад болю, вочы ёй прамыю...
Назаўтра, адразу пасьля сьняданку, Бася пабегла ў вёску. Яшчэ сонца ня было высока, як вярнулася.
— Я патэлефанавала ад солтыса, але ветэрынар прыехаць ня хоча! Кажа, да сабакі не паедзе, ёсьць у яго важнейшыя справы.
— Як гэто так — ні паедзе?! Бажы ешчэ раз, звані! Як гэто так? Як гэто так можно?! — усхваляваная старая забегала па панадворку. — Бары хутко ровер, едзь, звані!
Бася выцягнула з шопкi стары, з давайны яшчэ ровар з кіраўніцаю быццам баранія рогi, выкручанай наперад і, паскрыпваючы нешмараваным ланцугом, памчалася, не сядаючы, па зарослай мураўкай каляіне. Назад ішла, вяла ровар з адваленым ланцугом, бруд-ная, запыленая, ледзь стрымліваючы сьлёзы.
— Ня хоча. Кажа, да сабакі не паедзе. Там каровы ў Кузьніцкіх пахварэлі, пападалі, у цэлай вёсцы, кажа, ня будзе езьдзіць за драбязою. Кажа, хочаце, то пры-возьце, то, можа, хвілiнку знойдзе. Але ўвечары госьці ў яго будуць...
— А як-жа мы яе павазем, чым? Хіба-ж ні даст сваго "фіата" Мікола? Ні даст...
Адэля захадзіла па хаце, замахала здароваю рукою. Села, пачала церабіць хвартух. Зьвінелi мухi. Бася ўзяла мухалапку, ударыла пару разоў па сьцяне.
— Ні стукай, ні стукай! Тут памірают, а чаго ты стукаеш?! Запалі лепш у пліце, навару лекарства маёй Арэшцы.
Гаспадыня палезла на гарышча. Праз колькі хвілі-наў вярнулася з папяровымі торбачкамі, поўнымі сухіх травак. Доўга іх перабірала, ссыпала ў ступку, таўкла, расьцірала, пакуль не закіпела вада. Зь меднай каст-рулькі даходзіў горкi пах. Адэля моўчкі мяшала вары-ва драўлянай лыжкай, штосьці мармытала пад носам, выцірала рукавом чырвоныя павекi.
— Ад болю ёй вару, ад страху, Бася, ад пакут зель-ле.
— На сьмерць?
— Не, ні ўмею я на сьмэрць варыць. Німа ў мане такое травы, каб хутко адправіццэ на той сьвет. Але болю ёй ні будзе й памаці...
Доўга студзіла працэджаны напой, дзьмухала. Арэшка прагна піла, падняўшыся апошні раз на лапах і плакала. Бася выйшла ў разгароджаны садок, што перарастаў ужо сасоньнікам. Вярнулася, калі Арэшка спала.
— Вазьмі плахту, пераложымо яе й вынесем, — прашаптала Адэля, — у садок, там дыхаць лягчэй.
Сучка была цяжэйшая, чым Бася думала. Узяўшыся за рагі дзяружкі, пайшлі паміж яблынямі ў чырвоным бляску нізкага сонца. Паклалі свой цяжар пад бяроз-кай. Арэшка дыхала ледзь заўважна, лёгка толькі падымаўся жывот.
— Адыдзі, дзіця, буду яе вешаці. Ідзі, ні глядзі. Вана ўжэ нічого ні чуе, ні будзе ведаці, адыдзі! Ідзі рыдлёўку прынесі, пахаваем Арэшку во там.
На магілцы вырас копчык. Адэля з-пад бярозкі прыкаціла камень. Доўга ўладкоўвала яго, папраўляла.
— Вось і ўсё. На табе маеш і жыце. А калі прыйдзе мая сьмэртачка, нівэдомо, чы будзе хтось, хто хоць каменьчыка на магілу паложыт...
Моўчкі вярнуліся ў хату. Гаспадыня вынесла Арэш-чыну пасьцель. Наліла вады ў мядніцу. Доўга мылі рукі, палівалі з кубачка чыстаю вадою. Адэля дастала з шафкі новы белы ручнік.
— Вось так. Ні жыве ўжо наша Арэшка...
Хтосьці застукаў у шыбу.
— Адэлё, хадзеце ў каравайніцы да Хрысьці, толькі вы так умееце гібаць каравай.
— Ні магу, Марысё. Я сягоні нечыста. Мае рукі сягоні сьмэрць бралі. Хай мне Хрысьця прабачыт, але мне ні можно.
— Адэлё, ля, там хібо да вас Васілько на роверы прэ?
— А чаго вон едзе, папытайсэ.
— Кажэ, што ад вецінара шпрыцу вазе з лекарс-твом.
— От, бачыш, Басё, пахавалі мы ўжэ нібожчыцу, то хай вазе тую штуку назад. Альбо не, Марысё, пакліч Васільку... Скажы, суседзе, дзякуй Панькоўскаму, што ні забыўсэ пра драбазу.
У гэтую ноч Бася спала моцна, толькі ў грудзях нешта пякло. Лекары казалі, сэрца, хоць маладое, у яе слабое.
Раніцай разьвіталіся.
— Прыеду да вас перад абаронай дыплёма, раска-жу, што сабрала па вёсках.
— Ага, будзе мне цікаво пачуці. Заходзь, дзіця, калі табе будзе па дарозе.
***
Сьвяціла нізкае сонца, адбівалася ад зьнікаючага ў вачах сьнегу. Пад яблынькай, з галінак якое зьлезла шэрань і паблісквалі вільготна, цямнела пляма мокрай зямлі й рудое травы.
Весьнічкі віселі на дроце. З рашчыненай да паловы брамы на падворак коса спаўзаў сумёт, пакрыты густа сьлядамі птушак.
Дыму ня было над комінам, хаця над хатамі вёскi пад лесам цягнуліся шэра-блакітныя слупкі — людзі гатавалі абед.
У дубальтовых вокнах Адэлінай хаты шарэла вата, цьмяна паблісквалі ёлачныя шарыкі. За адслоненай фіранкай тырчаў засохлы альяс.
Бася ўзялася за клямку-ільвіную лапу. Дзьверы адчыніліся.
У сенцах стаяў запылены кошык са шчарнелымі, пакручанымі бульбянымі лупінамі. На бочачцы з ка-пустай, зь якое даходзіў здаровы, гаркавы пах, ляжаў чорны ад вільгаці мяшок. На цьвіку вісеў халат з абля-панымі поламі.
Бася пастукала. Цішыня.
Дзьверы суха рыпнулі. Дзяўчына пераступіла па-рог. На падлозе кухні ляжала рассыпанае зерне пшані-цы. Насупраць уваходу ўбачыла люстэрка, заслоненае вышываным ручніком.
Ля пліты вісеў хвартух. Яго фалды ўлажыліся й застылі пуката, быццам хацелі захаваць упэўнены кшталт гаспадынінага цела. Пад ім стаялі гумовыя чобаты з грудкамі бруду з-пад хлява, зь якіх адышоў ужо пах сьнегу, растопленага на кволым перадвесна-вым сонейку, перамешанага з конскім навозам і сеннай трухою.
Сьлёзы мелі смак вады зь ледзяшоў з-пад страхі, калі Бася, асьлепленая амаль веснавым сонцам ішла ў бок цёмнага лесу, на чыгуначную станцыю.
Дыплёмная праца была ўжо завершана, чакаў яе яшчэ адзін іспыт і дарога ў сьвет.

