МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Бабскія гісторыі, Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Кніжка трыццаць сёмая, Беласток 2001

Аўтар: Лукша Міра
Год: 2001
Cерыя: Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток)
Раздзел: Проза
Краiна: Польшча
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Ад Бога



Добрая Маруся

Аўдавеў Андрэй зусім рана, у свае шэсцьдзесят. Ягоная Надзя добрая кабета, працавітая. Узяў яе быў з небагатай сям’і, з невялікім пасагам і невялікай красою, да таго ж старэйшую за сябе на пару гадоў. Людзі дзівіліся, але коратка; потым толькі зайздросцілі. Надзя была гаспадыняй на ўсю грамаду, нарадзіла Андрэю дзяцей пяцёра адно за адным, хлопцаў павывучала, дачок добра замуж пааддавала. Шосты, наймалодшы, у позні век народжаны, Ясь, не вельмі ім удаўся, цяжка яму давалася навука, і астаўся на гаспадарцы. Дзякаваць Богу і за такое, а можа перш за ўсё якраз за тое, што астаўся памочнік дома... Але памёр Ясь. Шкада, непітушчы, спагадлівы, рабацяшчы быў хлопец. Ішоў з вясковага клуба цераз лес і штосьці з сэрцам яму зрабілася. Знайшоў яго раніцай сусед, што вёз у злеўню конаўкі з малаком. Яся на тры тыдні перажыла маці. Так вось Андрэй раптам застаўся адзін, якраз у капанне.

Прыехалі былі дапамагчы сыны з Беластока, дочкі з дзецьмі, хутка справіліся з гаспадаркай. Найлепш, казалі, прадаць гаспадарчыя будынкі, зямлю здаць „пад панства” за пенсію і ехаць ці да Геніка, ці да Ёзіка ў Беласток або і да дачок у Гайнаўку. Месца ўсюды знойдзецца, да кожнае ж хаты бацька далажыў свой грош. Едзь, Андруша, казаў сусед Коля, калі ёсць дзе жыць. Каб такія дзеці, як твае, нам усім трапіліся! Чаго табе тут аднаму чыпець, чакаць, пакуль хто наведае!

Паехаў Андрэй пабыць у Беластоку, але вясною вярнуўся. Дыхаць там цяжка, уздыхаў, а тут у нас пад пушчай ано жыві!

„Здаў” зямлю Андрэй, хоць у тую вясну ўсё яшчэ засеяў. Восенню знайшлася гаспадыня — Маруся з суседняе гміны, пяцідзесяцігадовая ўдава, рэнтыстка. Паглядзелі суседзі, адобрылі: мілавідная, чыстая, людская, набожная. Здаецца, як свая, вядомая з даўніх гадоў. І карову прывяла сваю. Ажыў Андрэй — і хата блішчэла, і сам аж пасвятлеў. На сціплае вяселле прыехалі дзеці, добра ацанілі мачыху: „Добрэ, тато, што мае хто вамі заняцца. І цётцы Марусі весялей будзе. А калі што, то памятайце, яшчэ і мы ў вас ёсць”, — сказалі маладыя і завуркаталі іхнія машыны на ўтравелым абшырным падворку.

Пражылі разам Андрэй і Маруся трынаццаць гадоў. Здаецца, усё у іх было добра. Дв раптам ваколіцу страсянула вестка: пакінула Маруся Андрэя! Прыехала грузавая машына, забрала крыху пажыткаў („я ж тут за той час сваё нажыла!”), прыхапіла Маруся і ашчадную кніжку ды кудысьці паехала.

Шукаў яе і Андрэй, шукалі і ягоныя дзеці (адзін сын жа ж у паліцыі працуе), ды як камень у ваду канула. А праз тыдзень Андрэй апынуўся ў бальніцы. Нагу яму адняло ад таго перажывання, і ў сэрцы калола. Мусіць, уміраць будзе наш Андруша, меркавалі суседзі. Каб хоць жонка прыехала ў бальніцу. Чаго ж гэта на старасць глупствы рабіць?!

Маруся прыехала, але дахаты. Схапілі яе суседзі: „Ты што нарабіла! То ж Андрэй ужо пры канчыне!” — „А ці то з мае прычыны? Нервы мне ад’еў сваёю гнілою хваробай! Разводзіцца думала. Ну, калі так, то ўжо пачакаю, Андрэю ж няшмат асталося”...

Пахавала Маруся Андрэя, прадала пляц з хатаю і садам пану з Беластока, што тут дачу сабе ставіць мае. Сплаціла Андрэевым дзецям іхнюю частку спадчыны і паехала. Кажуць, спачатку ў Бельгіі была, награбла грошай, а нядаўна замуж выйшла за кавалера, і то маладзейшага за яе на пятнаццаць гадоў, бяздзетнага, гаспадара на дваццаці гектарах.

Хваляць яе ў тамашняй ваколіцы за гаспадарлівасць і прылюднасць, а ейны Сяргей кажа, што, няйначай, ад Бога яму дасталася такая жонка.

Не мела баба... дзеда

Пазнаёмілася Нюрка з Філіпам зусім неспадзявана. Каму на старасць шукаць знаёмстваў? Добра, калі ёсць да каго з радні прытуліцца — калі дзеці, унукі ёсць, дарам хлеб не ясі... Яно вядома, за ўсё жыццё ты ўжо досыць нарабіўся, і належыцца табе ўжо пенсія не толькі за верную службу на дзяржаўным ці ў полі, але і ад радзіны. Чалавек усё ж хоча далей быць патрэбным, хоць якую лыжку памыць, які куль звязаць ці ў агародзе летам пагартацца. Бо іначай усё на чалавеку заклякне, калі рук ды ног не ўжываеш, ды і розум не так працуе, калі каменем на канапе сядзіш, не абатрэшся з людзьмі...

Не наракала Нюрка на тое, што свае яе не хочуць, што, можа, непатрэбная, не. Хат сваіх, папраўдзе, мела аж шэсць: пры адным сыне ў вёсцы (вялікая, пакояў шэсць, кухня, і на падстрэшку шыкоўныя два пакоі, усё ў драўніне, акуратна, як у пушачцы, чысценька, лепш, чым у неадной хаце ў горадзе, а ўсё ейны Валюсь сам парабіў, уласнымі рукамі, такі малайчына майстар Нюры ўдаўся!), пры другім — у мястэчку, мураванка аднапавярховая, але з летняй кухняй, уся сям’я ў футрах ходзіць, бо Адась андатры гадуе, а яшчэ і кватэры ў дачок ёсць — у Ганны ў Гайнаўцы, у Маруські ў Беластоку, у Надзі ва Уроцлаве; усе хаты рыхтык маюць, усе павывучваліся, добрых чалавекаў маюць. І дзеткі ім усім добрыя паўдаваліся, са школамі, некаторыя пайшлі ўжо на сваё, адзін унучак у Швецыі. Бабе нічога не шкадуюць, усё запрашаюць, лісты шлюць, падарункі, усяго панавозяць, як едуць у госці. Каб так усім бабкам было добра, як Нюрцы! Цяпер то і мала бывае ў сваёй хатачцы, праўда, старэнькай, але абшытай свежай, жоўтай шалёўкай, на новым падмурку, што пад садком, ужо на сынавай гаспадарцы, стаіць. Бывала, Нюрка возьме пенсію, купіць што трэба да хаты, пасядзіць крыху, і ў дарогу, калі здароўе дазваляе — то ды сына, то да дачкі, то да ўнучкі, што якраз ёй праўнучка нарадзіла... У свае семдзесят два гады Нюрка добра яшчэ трымаецца — не затоўстая, але з поўненькім чыстым тварам, добра падстрыжаная (унучкі забаранілі рабіць бабулі завіўку, бо, казалі, састарае), апранутая з густам, хоць скромна, — бабулька, хоць вясковая, магла „сыйсці” за добра захаваную гараджанку, пенсіянерку-настаўніцу ці біліятэкарку, бо і загаварыць да кожнага ўмее. Так вось пра яе сказаў у санаторыі ў Цехацінку адзін яе аднагодак. Дзядуля запрасіў яе нават пасля ў госці, паказаць дачцэ сваю новую сяброўку. Тады на пытанне тае ж, абсаджанай замызганай грамадкай патомства, калі старэчы возьмуць шлюб і дзе маюць намер жыць, бо ў гэтай хаце ім месца не будзе (кватэра, дарэчы, была ўласнасцю бацькі), тым больш для кацапкі, Нюрка з гонарам паправілася ў крэсле і сказала: „Мілая мая, не на твае маю прыходзіць, і нічога твайго мне не трэба, калі ў цябе ёсць свайго што-кольвек. Замуж у ніякім выпадку не збіраюся, а ў такую сям’ю трапіць — невялікае шчасце, бо, вядома, з кім павядзешся, ад таго і набярэшся”. І пайшла сабе. Караль пабег за ёю, але нават на ліфце не дагнаў.

Нюрка знаёмілася з многімі. Мела талент натуральнага і простага кантакту з людзьмі. Адкрываліся перад ёю незнаёмыя людзі ў цягніку, на прыпынках, якраз у яе пыталі дарогу, парады. І сама заўважала, да каго трэба падысці з дапамогай, з добрым словам. Так было і цяпер. Прыбегла да яе даччына суседка, пані Кася. „Пані Аня, давайце, падыдзем да майго знаёмага. Мне крыху няёмка, але ж трэба чалавеу дапамагчы, хоць суцешыць добрым словам. Філіп у дэпрэсіі, толькі што вярнуўся з бальніцы, а ў хаце забіцца можна, такі непарадак. Няма дома гаспадыні, жонка доўга хварэла, пахаваў яе будзе год таму. Я сама не пайду, бо зараз плёткі будуць, што да яго ліпну, нам жа, удовым, абоім па шэсцьдзесят. Я з нябожчыцай добра жыла, і не хачу, каб перамывалі мае костачкі...” Сапраўды, хата была ў руіне. Філіп не прыбіраў там, бадай, ці не ад жончынай смерці. Праўду кажуць, што самотная старая жанчына лепш дасць сабе неяк рады. Ні Філіпава прыёмная дачка, ні дваццацігадовы ўнук, прапісаны ў гэтай хаце, як апякун (каб у будучыні атрымаць дзедаву кватэру) не заглянулі нават, каб шклянку вады падаць. Стась, дарэчы, не раз баляваў па-суседску. Дачка раз прыйшла, абяцала прыбраць, але „прыбрала” пляшку гарэлкі, матчын пярсцёнак і пяць мільёнаў, а калі бацька быў у бальніцы, вынесла матчына норкавае футра і мэблевую сценку. Суседзі гэта бачылі, ды ніхто слова не сказаў. І гэта найбольш прыбіла Філіпа. Усе яму спачувалі, бо добры быў чалавек, але ніхто не спяшаўся з дапамогай. Паявіліся толькі Кася з Нюркай, аб’ючаныя парашкамі, анучамі, шчоткамі, новымі шпалерамі, фарбай, пэндзлямі. Чысцілі хату тры тыдні — рамантавалі, клеілі, збівалі, мылі. Нюрка заўважыла: Кася, сапраўды, бадай, ці не збіраецца стаць тут за гаспадыню. Хата вялікая, трохпакаёвая, цяпер аж блішчыць, ды і маладыя абое, свабодныя... Кася, відна, аж млее. Але на чацвёртым тыдні бухнуў Філіп на калені перад Нюркай з букетам ружаў, у яе папрасіў руку. Каця выйшла, у нервах ляснуўшы дзвярыма. Нюрка адбівалася: нашто ёй такое! Каб зноў яе „кацапкай” называлі!? Ды і нашто ёй такі малады муж? Так, здаецца, — дванаццаць гадоў! Што людзі скажуць? Ажыўлены Філіп, перапоўнены галантнасцю і новай надзеяй абсыпаў каханую кветкамі, выкватараваў унука, кінуў курыць цыгарэты (а смаліў жа трыццаць пяць гадоў!)... Думала, думала Нюрка, аж пераканалася, што можа і варта пачаць новае жыццё. Запісаліся на чаргу ў загс. Тыдзень да вяселля „маладая” перавезла ўсе свае манаткі да нарачонага. А за тры дні да шлюбу, каля поўначы завіталі да іх зяць з унукам. Нацягнуў Філіп халат на піжаму, выйшаў да гасцей, і тут хіснуўся: схапіў яго зяць за каўнер, кінуў на шафу ў пярэдняй:

— Ты што, стары пень, надумаў?! Чаго прывёў сюды гэту старую кацапскую к...? Пажывеш месяцы тры, і яна тваю хату забярэ! Нашу хату! Якім правам ты вымэльдаваў Стася?!

А ўнучак бойка шарпануў Нюрку за плячо:

— Што, стрыжаная кацапская б...?! Мяне выгнала з хаты? Стаяць абое над магілай, і амураў ім захацелася! Што, рамонт зрабіла? Заплачу табе за яго, але да суботы тут мае твайго духу не быць! А то касцей не пазбіраеш! Бач яе, паляцела на маю хату!

Хацела Нюрка неяк супакоіць раз’юшаных сваякоў, прасіла, маліла, каб пусцілі старога...

— Ага, будзеце вы мець шлюб! — учапіўся ў яе валасы Філіпаў зяць. — Не дажывеш, стары пень, таго дня! Марш у сваю вёху!

Суседзі не прыбеглі. Яны заўсёды добра ведаюць: ніколі не суньце носа ў чужыя сямейныя справы.

— Што, думаеш, хтосьці прыбяжыць? Не крычы, не заві, — рагатаў Стась. — І ніхто ведаць не будзе, як мы тут з вамі справу аформім!

— Не, сведак ёсць, — паказала Нюрка на магнітафон, сёння прынесены з рамонту, што поруч стаяў на паліцы. — Тут усё запісана!

Няпрошаныя госці зніклі хутчэй, чым прыйшлі.

На сціплым вясельным прыёме, які ўдалося падрыхтаваць Філіпу і Нюрцы, не было нікога з радні маладога. Так і жывуць паціху цяпер абое ўжо пару месяцаў. А вось тыдзень таму хтосьці іх кватэру на першым паверсе абкідаў каменнем і грудамі гліны. Невядома, хто гэта быў, бо зламысніка не злавілі.

Вазьмі знайдзі ты тое шчасце

Колькі мне будзе год? Васьмідзесяты ўжо пайшоў! Я і не думала, што столькі нажывуся! А тут яшчэ жыць далей трэба. Дзяцей уласных у мяне было толькі трое, двое ў жывых засталося, бо дзяўчынка, што перад Стасікам была, у пяць месяцаў памерла. Маруська ў Беластоку замужам, Стасік во з намі на гаспадарцы. І ягоных, майго чалавека, дяцей было сваіх сямёра, я на іх прыйшла, хоць страшнавата было. Само старшы — Ясько; ён хварэе, і яго жонка нядужая, другі — Жоржык, а Коля ўзяў сабе жонку з Піша, то што яна — глядзіць толькі сама сябе, каб смачна і мякка, пра мужа не дбае... Зінка дачку ў палякі замуж аддала, і сына, ну, якась там жывуць... Зінчына сынавая вось нядаўна да нас прыязджала, кажа: „Бабулю, я на вёскэ в жыцю не пуйдэ, едно ноц пшэноцоваць і то ценшко”... Усе Максімавы дзеці — як мае, усе дзевяцёра ж я выхоўвала. Усе разляцеліся па свеце, апрача Стасіка. Не мае ён добрага лёсу, Бог мусіць не даў. Чаму не, ажаніўся і ён быў. Якраз стан ваенны быў. Толькі з арміі прыйшоў, яны там у войску страшэнна ўсё перажывалі, нервы страцілі. А наша дзеўка, з суседняе вёскі, з Каўпакоў, пяць гадоў за яго старэйшая, за яго ўчапілася. Казала я Стасіку, угаварвала: „Не бяры яе. То ж і старэйшая за цябе, ты ж пры ёй дзяцюк, і без бацькі гадаваная, распушчаная!” Ну, што ж, узяў. Год пабыла ў нас, усё добра. Не пасварыліся мы з ёю ні разу, нічагусенька, усё добра, усё харашэ. А пасля штосьці такое ёй стрэльнула, пацягнулася лепшага шчасця шукаць. Прыйшоў раз увечары Стасік і кажа: „Чаму вы, мамо, самі прыбіраеце, дзе ж Крыська? Пайду на будову, пагляджу”. Пайшоў шукаць жонку, я сама ўсё парабіла, а шмат было працы, як то на гаспадарцы: дзве карові, конь, двое жарабят... Чакаем, чакаем, аж бацька выйшаў за імі. Урэшце, прыплялася Крыська. Дзе ты была? Тая села і давай спяваць. Нічога не гаворыць, сядзіць, глядзіць як той слуп ды пяе. Не слухае, што Стасік кажа: „Так? То ты думаеш мне о так усё рабіць?! Хто так бачыў!” Меў раніцай выязджаць у нядзелю па справах, то не вытрымаў, паехаў у суботу. Казала я ім: „Можа, паладзіцеся, усё будзе добра.” Але не, паехаў, не памірыўся. А Крыська давай цягацца, ано сябры, п’янкі, забавы, Павыцягала ўсё, што я ім дала, да бацькоў у свае Каўпакі. Знайшла сабе новага кавалера, у нас жа жанчын мала, кожна знойдзе сабе аматара, хоць найгоршая, а з ёю асабліва хлопцам лёгка прыходзілася. Стасік не мог на яе глядзець, развёўся.

Зышоўся з іншаю, разведзенаю, дзеўчынку сваю мела маленькую. Сама маладая, выскачыла была ў семнаццаць гадоў замуж, цераз суд. А якая ж недарэка! Стасік прыйдзе з працы, мусіць наварыць, накарміць дзяцей (нарадзіўся ім хлопчык), усё памыць. Казала я яму: „Не бяры бабу з дзіцём! Я сама прыйшла на такую грамадку, у свае 35 гадоў, то ведаю, як цяжка гадаваць чужых дзяцей, дагадзіць кожнаму, быць за матку і сваім, і чужым. І мне самой цяжка будзе, трэба ж будзе вам дапамагаць! А гэта твая мэмла нават пасцелі не памые, пральку не ўмее ўключыць!? І такая дзіўная: прыйдзе, сядзе, адчыніць поўны халадзільнік, паглядзіць. Сядзіць, потым возьме чыкаляду, з’есць яе, пап’е вадою, кажа, ужо пад’ела. А дзіця бегае, просіць: „Мамо, дай, мамо, дай!” А то ж не дасць, сама ўсю плітку ўвапрэ, абліжацца. Я не магу глядзець на гэта, ці то будзе яе Анечка, ці мой унучак: як так можна з дзіцём! Аж слёзы мне з вачэй плывуць, так мне малога шкада. Мы, старыя, нічога ёй не шкадуем, памагаем, даем усё-ўсянюсенька — наце вам дыван, наце вам мэблю, наце вам ласункі, наце вам усё, дзеткі. А яна, разумееш, усё тое, што дамо, вынясе ў рэчку выкіне! І кумпяк, і спадніцу, і дзе што! Ну, як ненармальная нейкая! Прыйшоў раз да мяне Стасік і кажа: „Мамо, мая Лілька хоча сабе добры кажух купіць. Маёй зарплаты не хопіць, пазычце”. Далі. Дастаў Стасік выплату, паехала Лілька з маткай спачатку ў Гайнаўку, але кажухі не спадабаліся. Заехалі і ў Ворлю. І ў Бельску добрага кажуха не знайшлі. А дзе грошы? На што магла іх столькі выдаць? На гэту блузачку? Узяў Стасік не вытрываў, парваў тую шматку: „Калі ты такая, Лілька, то пайшла ты прэч!”

Ды дзіцяці шкада. Што ты зробіш. І так малы ўжо тры гады як не з намі, а ўжо шосты яму пайшоў. Такое малое звітнае, файнае, харошанькае. Памятаю, глядзіць у акно: „Бабуленька, глядзі, наш дзядулек ідзе”... Гэта тады, як Максім яшчэ мог хадзіць, па падворку ўпраўляўся. І ўсё следам малы за дзедам, пасабляе. А такі харошанькі, пацешны, кучаравенькі. Усе мы так яго любілі, ды і яго сястрычку, Лільчыну дачку, ніколі ў нічым не абміналі, дбалі, як пра сваё, давалі абодвум ўсяго пароўну. Але як жа вытрымаць з такою маткай, якая нават за сабою нічога не зробіць! Прыйшла да мяне Лільчына маці, раскрычалася: „Чыя гэта віна, што разводзяцца? Напэўна, яго, яна ж маладая і дурная, то павінен яе жыць навучыць, запанаваць над ёю, а не адразу кідаць!” Ну, вазьмі ты жыві, нават быўшы анёлам, калі на кожным кроку з нерваў цябе выводзяць!

Стаў Стасік з таго ўсяго папіваць, але не можам на яго наракаць. Добры з яго сын. Пра бацьку так дбае, як дачка — а яго ж і памыць трэба, і перавярнуць. Я слабая, не дам рады. Усё ў нас у хаце Стасік прыбірае, гатуе, мые. Дзяўчына так не зробіць, як ён, спячы пірог умее нават. Стараецца. Калі б не ён, даўно мы абое былі б у магіле, а гаспадарка зарасла б крапівою. Толькі толку ў яго жыцці мала, я, старая бачу, як яму горка жыць. Што ж зробіш! Як мы стараліся дапамагаць, дагадзіць, і ўступалі, але гэта нічога не дало яму сямейнага шчасця. Такі лёс мусі ў яго быў, не? Дурны лёс. А які мой лёс быў? Я сюды прыйшла ў сталыя ўжо гады. Не было калі пайсці раней замуж, вайна, потым мама памерлі, трэба было бацьку дапамагаць. Ой, як цяжка было, бедаў столькі. Ды і ўсім не было салодка. Столькі гора я перажыла, што не выкажаш! Лягу цяпер, у першы сон крыху засну, потым прачнуся, і такі мяне жаль возьме, плач над маім жыццём. Нервы аж дрыжаць... Я тутака ўжо амаль 50 гадоў, а мне мой родны хутар сніцца...

Столькі тут пакінула, столькі дзяцей выхавала, а амаль адна засталася. Да Максіма ўжо бацюшка прыходзіў, ледзь стары дыхае, ды і што за жыццё... І Стасік чахне мне ў вачах. Што ж я зраблю, скажэце...

Раман і Юля

— Што з табою, Раманчык, што так шапялявіш?

— Зубоў, Юлечка, нямашака, і паставіць няма за што...

— Ой, дурненькі такі... То ж прыязджай, што ж зробіш...

Баба Юлька адкладае тэлефонную трубку на апарат сваёй сухой белай далонню. Папраўляе вузел хустачкі пад барадою, памаленьку падымаецца з рыпучага плеценага крэсла ў пярэдняй і з нахіленым станам, апіраючыся аб сцяну сунецца ў кухню.

Нядужая цяпер баба Юлька, прыхварэла. Паўгода таму ніхто ў такой хустачцы б яе не ўбачыў. На працы ў чэпчыку ходзіць. І валасы фарбавала хною, клала па дзве пачкі на сваю густую капіцу моцных, жорсткіх валасоў, і набіралі яны каштанавага колеру з медным адценнем. І фігура Юльчына толькі нядаўна страціла фасон, і бяссільна выглядае нядаўна горда трыманая галава з буйным вянком касы над лебядзінай гнуткай шыяй і высокімі грудзьмі ў белым халаце. Працуе бабка Юля трыццаць сёмы год медсястрой у бальніцы ў горадзе, які вырас у яе на вачах. Паўгода таму ў Юлі Кавальскай быў інсульт, і цяпер прыходзіцца ёй больш думаць і пра сваё здароўе.

З Раманам Кавальскім пазнаёмілася на забаве. Толькі што пачала працаваць у бальніцы, знаёмых у яе не было шмат. Малады, прыгожы высокі хлапец у вайсковай форме вельмі ж спадабаўся маладзенькай медсястры ў раскляшованай блакітнай сукеначцы. Юлька стаяла ў групцы вясёлых напаказ дзяўчат, зіркаючых на шыкоўных кавалераў, што прыехалі з акалічных вёсак на працу ці ў армію. З паненак было найбольш бойкіх дзяўчат, што працавалі на фабрыцы, яны першыя і кінуліся ў танцы. Юлька пагладжвала складкі сукенкі і сціпла заўсміхалася, паглядаючы на боты, калі да яе падышоў чарнявы юнак з вясёлымі вачыма. З кожным іншым баржджэй пайшла б ёй размова, чым з гэтым, які ўмомант давёў ейнае сэрца да таго, што білася яно ў грудзях як злоўленае ў далонь птушаня. Раман, бо так называўся прыгажун, канчаў ужо служыць у Х., збіраўся спачатку вярнуцца на бацькаўшчыну, у падкялецкую вёску, а пасля зачапіцца недзе ва Усходняй Прусіі ці ў шахтах. У вёсцы, апрача бацькоў і камяністых палосак, чакала яго нейкая Марыля (аб гэтым данёс Юльцы Коля Захарэвіч, што служыў разам з Раманам), адзіная дачка павятовага багацея, і яе лісты ў блакітных канвертах штотыдзень чытаў усяму атраду шчаслівы адрасат. Марыля пісала вельмі ж прыгожа, як з нейкай кніжкі, і ваякі спісвалі ўсе гэтыя прыгоствы ў свае лісты, мяняючы толькі імёны і некаторыя факты. Напэўна, рабіла тая літаратура ўражанне на дзеўках. З несхаванай зайздрасцю распытвала Юлька пра таямнічую Марылю ў хлопцаў. Бачылі яны, казалі, прыязджала яна з сяброўкай, тую другую з асалодай успамінае ўвесь батальён, а Марыля глядзела ў вочы яму аднаму — Раману. А калі кавалер загаварыў да Юлі, быццам нейкі верш пра каханне зачытаў, не сцярпела яна, і хоць сэрца сціснулася, запытала:

— Ты што, Раманчыку, Марыліным вершам мяне спакушаеш? Адной пра каханне гаворыш, і другую зводзіш? Гэта ж нельга так гуляць пачуццямі людзей, якія цябе кахаюць!

— Я ж нічым не гуляю! Я ж цябе па-сапраўднаму кахаю, навекі! Кожная на тваім месцы мне паверыла б ужо даўно! На калені перад табою падаю, глядзі!

— То ажэнішся?..

— Вядома, чаму ж нам не пабрацца! Давай паедзем да тваіх бацькоў, няхай рыхтуюць вяселле, колюць падсвінкаў...

Закалолі, вядома, не аднаго, і два бычкі пайшлі пад нож, і курэй пару тузінаў... Шлюб бралі толькі ў Грамадскай радзе. Белую атласавую сукенку пазычыла Юлька ў сяброўкі, тая яе ў Прусах ад нямкіні купіла. Добра ляжала слізкая тканіна на гарачым целе, не магла дачакацца Юлька першае свае жаночае ночы, як у тумане ўсё кружылася ёй перад вачыма. Тры дні гудзела вяселле, не сціхалі песні. Раман ніяк не мог дайсці сваёй цяжкай ад самагонкі галавой, куды трапіў, адкуль тут, апрача „Шла дзевэчка да лясэчка”, „Сядла пшчулка на яблоні” і „Плынол струмык пшэз зялёны ляс”, якія прагучалі на пачатку балю, пайшлі нейкія „рускія” песні, пачынаючы ад „Бадзягі”, што старыя прывезлі з бежанства. Украінскія, рускія, беларускія, а словы кожнай з іх кожны госць пяяў на свой спосаб, на свой лад, бо назбіралася вясельнікаў з пяці вёсак, а ў кожнай з іх — свая гаворка. І пра няшчаснага Колю-трактарыста са слязамі на вачах спявалі людзі, бо таго Колю ведалі — нядаўна ж усё гэта было, і частушкі рубалі, што „за савета” ўвайшлі ў моду... А ад Рамана не прыехаў ніхто. Можа таму, што вяселле так хутка рашылі згуляць, ці можа лісты не дайшлі?..

Яшчэ гуло ў галовах вясельнікаў, лячылі яны свае балючыя чэрапы і перасохлыя гарлякі апошняй „горкай водкай”, як Раман з Юлькай, з чамаданамі ў руках, пашпарылі на чыгуначную станцыю — паехалі дамоў, у Х., на Юльчыну кватэру.

Жылі там тыдзень. Юльцы спагадлівы доктар выпісаў паперку на тыдзень хваробы. Не вылазіла яна, сапраўды, з пасцелі, нават паесці, бо шкапчык з ежай падсунулі да ложка. Калі трэба было маладой жонцы збірацца на працу, Раман пайшоў у краму купіць хлеб і запалкі.

Не вярнуўся. Праз два месяцы ў Х. прыйшоў ліст з Бяшчадаў. Там „зачапіўся” Раман Кавальскі, лесапільшчыкам. Зарабляе добра, пісаў, але патрэбен яму час усё перадумаць, уладзіць свае справы. Вядома, кахае ён моцна сваю дарагую жоначку, але, на жаль, пакуль не можа да яе вярнуцца ні тым больш забраць Юлю да сябе. Ашчаслівіць яе не ў змозе, а, несумненна, варта яна шчасця. Ну, калі так выходзіць, няхай яна тое шчасце шукае...

Не мела часу Юлька думаць над прачытаным. Цяжарнасць праходзіла ў яе вельмі непрыемна, цяжка, але да апошніх дзён прыйшлося хадзіць ёй на працу. У пятніцу ноччу была на дзяжурстве ў бальніцы, а ў панядзелак раніцай, пасля адзінаццаці гадзін родаў, мела ўжо сына — тоўсценькага і здаровенькага. Назвала яго Волесем.

Тры гады Волесь сядзеў у вёсцы з бабуляй і дзедам. Калі Юлька, прыехаўшы, не пачула ад малога ніводнага слова па-польску, залямантвала: змарнуеце мне дзіця! Рашыла яго ратаваць, аформіла ў садок. Кватэру мела ўжо сваю, службовую. І толькі ў яе свайго было: праца і дом, і маленькі праменьчык — Волесік. І ўсё чакала лістоў ад Рамана. Не мог жа так яе кінуць, так прыгожа гаварыў пра каханне, і пісаў жа ж, што ніколі не забудзе... І сынок жа ў яго ёсць, як жа дзіцяці без бацькі гадавацца! Напісала да Раманавых бацькоў, паведаміла аб дзіцяці, так адрас напісала: паньству Кавальскім, вёска М., Кялецкае ваяводства. А паньства Кавальскія той ліст атрымалі, і нават адказалі: не жонка ты касцельная нашаму сыну, а распусніца і спакусніца, а жонка ў яго з нашага боку, каталічка, Марыля з дому Завадскіх, і дачка ў яго маленькая... І ад Марылі таксама ліст прыйшоў, з размазанымі ад слёз фіялетавымі літарамі, і быццам тыя літары, тыя словы выводзіла не тая рука, быццам гэта не Марыля пісала, тая рамантычная паэтка, якой лістамі захапляліся нядаўна жаўнеры і іхнія дзяўчаты. Проста напісала Марыля Юлі: звычайны хам наш муж Раман, лодыр і прайдзісвет, хлуснік і хуліган. Гадуе ад яго Марыля дачушку, і добра, расце малое, і яшчэ лепш, што татку чэрці ў свет панеслі, хай яму сонца не свеціць, бо лепш такога бацьку дзіцяці не бачыць; дасць Бог, выгадуецца без яго, галоўнае, што не будзе пасмешышчам для іншых, касцельны ж бацька ёсць, законны ў малое Ганусі ён... А яны, мацяркі — маладыя, здаровыя, прыгожыя, сваё шчасце ад іх не ўцячэ...

Юлька не мела ні сілы, ні часу таго шчасця шукаць. За працай і клопатам і не заўважыла, як Волесь кончыў пачатковую школу, пасля ліцэй. Ціхмяны быў хлопец, выдатны вучань, памочнік матулі ды бабе з дзедам у вёсцы. Пайшоў у палітэхнічны, працаваў у студэнцкім кааператыве, крыху гандлем займаўся, грош дахаты прыносіў.

Аднойчы прынёс каляровы пакуначак. Усхвалявана трымаў на руках невялікі вузялок, з якога вызіраў чырвоны тварык з кірпатым носікам. За Волесем стаяла спалоханая дзяўчына, лепш сказаць дзяўчынка, астрыжаная пад хлопца.

— Гэта мой сынок, мама. А гэта яго маці, Ася, мая аднакурсніца. Я яе кахаю, добрая з яе дзяўчына, і ты Асю будзеш любіць, я ведаю. Дапаможаш нам?..

Чатыры гады, пакуль не кончылі вучыцца бацькі, Роберт чакаў іх то ў бабы Юлі, то ў прадзедаў Ганны з Іванам. Гадаваўся. За ейнага сына бралі Юльчынага малога, за позняе дзіцятка. А пасля з’ехалі Волесь з Асяй за мяжу. Калі абжыліся ў Штатах, выпісалі туды і малога. Прыйшлося бабе Юлі адправіць за акіян пятнаццацігадовага ўнука, якому пад носам вус ужо сыпаўся, высокага, дужага — на развітанне на лётнішчы падняў Роберт бабулю высока-высока, пацалаваў яе, а потым паляцеў далёка-далёка... Абяцаў лісты пісаць.

Асталася Юля адна. Не, не адна. Ёсць у яе хворыя, якімі апякуецца. Іхнія клопаты і болі — Юліныя. І не наракае яна, не плача, не скардзіцца, што ёй свайго гора хопіць, што ёй ад уласнае бяды цяжка, што чужая ноша ёй не па сіле і не вельмі патрэбная.

Аднойчы зазваніў у Юлінай хаце тэлефон. Стомленаю рукою падняла трубку.

— Юлечка, гэта я. Раман Кавальскі. Муж твой. Памятаеш мяне? Як там твае справы? Жывеш шчасліва? У мяне... гэтага... зубоў нямашака...

— ... Прыязджай...

Пад акупацыяй

Калі б не тая вайна, Ганс і Сонька не сустрэліся б. Калі б не вайна, Ганс не дастаў бы кулі ў лоб за каханне з дзяўчынай рабскае расы. Калі б не вайна, іначай выглядаў бы сённяшні свет.

Унучка Ганса і Сонькі разумее слова „мяжа” і „ўзброены канфлікт”, але жыве ўжо ў Еўропе, якая хоча аб’яднацца і, забыўшы ўсе крыўды, глядзець у будучыню, але для яе „вайна”, другая сусветная вайна — амаль пустое, абцёртае з усяго значэння, абрыдлае са школы слова. Але, можа, будзе пра тое ўсё пытаць яе ўнук, народжаны ў Швейцарыі, з бацькі, для якога родныя — тры мовы? Унучку Сонькі-беларускі і Ганса — шлёнскага немца, ад маленства вучылі размаўляць толькі па-польску ў Беластоцкім краі.

Нашы вёскі папалілі немцы ў 1941 годзе, усе тыя, што пад пушчай былі, — расказвае баба Ніна Барысёнак. — Немцы ў нас у зямлі знайшлі руду, рэзалі пушчу, пракладвалі вузкакалейку, чыгунку. Шмат хто з нас, маладых, каго не ўзялі ў Германію, мусіў ездзіць класці пуці, сыпаць насыпы і ўсё іншае, што загадалі. Я была кульгавая, майго брата павезлі ў Прусію, і каб не тое маё калецтва, і мяне, можа, узялі б на паняверку, маці адна асталася б...

І Соньку таксама хацелі забраць, бо брат збег. Замуж Сонька пайшла ў жніўні трыццаць дзевятага, а як пайшоў ейны Міша на фронт, то ні слыху, ні дыху. Ездзіла з намі Сонька на чыгунку, маладзенькая такая, харошая, то зараз немцы пачалі яе зачапаць. Вядома, не агрызнешся, хоць тыя залёты табе пракудныя, яны ж тут — паны. А Сонька заўсёды такая ганарыстая была, і да замужжа недаткнёна, нікуды не хадзіла, па забавах мала гуляла. І раз сядзім мы на прычэпе, вязуць нас на чыгунку, а Сонька белая сядзіць, як папера, вочы падпухлыя, бы ўсю ноч плакала. Чаго, кажу, Сонька, баішся, што цябе хочуць на прыбіральшчыцу ў камендатуру?.. Нічога страшнага, пратрываеш, пакуль рускія не пагоняць іх адсюль... А дзе тут рускія, усё ўцякалі, але што ж, мы ўсе надзею мелі, верылі, што Расея вялікая, магутная, і Сталін — правадыр вучоны, разумны і хітры. А Сонька ў плач, кажа, зганьбуюць, далібог, гэтыя жывадзёры, а пасля што людзі скажуць, хоць ты ідзі ано вешайся... Сонька вельмі харошая была, не то, што я — малая, рабая, да таго і з нагой карацейшай. Высокая, стройная, ано ў кіно яе бяры. А вочы васільковыя, косы да пояса, жоўтыя, як спелы авёс. Ці ж не хацелі б мець такую немцы ў камендатуры, каб ім падлогі мыла ці што там яшчэ? Вядома, страшна Соньцы было.

— Чаго ты баішся? Там работа чыстая. Немцы народ акуратны. Папрыбіраеш...

— Якое там прыбіранне. Найстарэйшы адразу мяне за сцёгны хапаў. І ў рот заглядаў, што я, кабыла якая, ці што?!

— Чаго ты, Сонька, пераймаешся. Пратрымацца неяк трэба. Выжыць. З імі ніхто яшчэ не выйграў. Бачыла, якія ў іх самалёты, танкі, аўтаматы! Нікога яны не баяцца, нават Бога. Але калі рускія рушаць сюды... Бо ж Бог не дасць святую Расею заваяваць такому вар’яту. А ты ў жывых астанешся. І маці ўратуеш.

— Ды агідныя яны мне. Бацьку прыбілі, Міша ў чужой зямлі гніе, а мне лезці пад якога паганца?.. Што народ скажа?

— Махні ты рукою на „народ”. Не адна захацела б ісці да чыстае работы. Маці што-небудзь прынясеш дахаты...

Не думайце пра мяне кепска, што я так яе намаўляла. Тады так было. Страшна. А жыць жа кожнаму хацелася. Выжыць. Асабліва нам, маладым. Што тая вайна, смерць, голад — калі мы проста любіць хацелі, цешыцца, сем’і заводзіць, гаспадарыць... А тыя немцы здаваліся нам усе на адзін капыл, ці стары, ці малады, ці паліцэйскі, ці жаўнер, ано стаяць у вачах іх твары бы ў лялек, і тая іх нянавісць да нас, і тая зброя, і агонь. Усе вёскі папалілі, а калі хто вярнуўся восенню хоць бульбіну ўзяць са свайго поля, то з таго поля і прапаў, як хоць бы Павел Семянюк з Міклашэва... Ненавідныя былі нам тыя нелюдзі.

— Сонька, — кажу, а мне ў сэрцы аж шчыміць, — так трэба. Ідзі.

Яна і пайшла. Не думаю, што хтосьці мог што кепскае сказаць на яе тэму. Здаецца, да пэўнага моманту і не згадвалі пра тое, што Сонька Максімянка працуе ў немцаў. Да тае пары...

Да тае пары, як стала сустракацца з Гансам. Ганс быў просты жаўнер, ранілі яго недзе на ўсходзе, везлі яго дадому, і пакінулі яго тут у нас. Патрэбны быў, пэўна, перакладчык, а Ганс са Шлёнска быў. Насіў свой зялёны мундзір, тым і вылучаўся сярод паліцаяў. Такі трохі дзіўны той Ганс быў, якісь бы не з іхніх. Глядзіш на яго і думаеш: як сюды трапіў такі харошы, ветлівы чалавек, чаго пайшоў на нас з вайною, з гвалтаўнікамі, рабаўнікамі, забойцамі, якія нас так ненавідзяць? Зусім як наш хлопец, русы, трошкі рабы на носе, нават трохі падобны на майго брата Якіма, што забілі яшчэ ў верасні... Усе пачалі ўголас пра іх гаварыць, як у Сонькі жывот быў ужо вялікі. Ад Мішы весткі няма, то адкуль у маладое жонкі такі трыбух? Тым больш, што нідзе не цягаецца... А сама бачыла Соньку з Гансам на ўзлеску, ноччу. За ручкі трымаліся, цалаваліся. Я наляцела на іх, бегла з суседняе вёскі. Сонька абняла мяне з плачам: „Ніначка, не кажы толькі нікому, бо нам смерць будзе. Ён такі добры, ён жа нявінны, што вайна...” — „Ніна, я кохаш Соня”, — прабалбатаў Ганс, схапіў маю руку і прытуліў сабе да сэрца. — „Не вечэч нік, не мувіш нік”. Я і нічога не сказала, вядома, а злякалася тады так, што два дні праляжала ў пасцелі.

Соньцы нічога не зрабілі, але Ганса расстралялі. Не за тое, што з нявольніцай меў справу. А за тое, што ім сказаў праўду, што кахаюць адзін аднаго. Божа, чаго ж трэба ім было яго забіваць! Паслалі б на фронт за такі грэх, ці што... Сонька сказала мне, што ўцякаць сабраліся, але куды ж ім можна было падацца? Кругом вайна, фашысты ва ўсёй Еўропе. Ой, які лёс страшны! Калі б не тая вайна, маглі б жыць тыя людзі як людзі... Калі лёс даў ім сустрэцца! Гэта ж як здзек над чалавечым сэрцам! Ну, але калі б не пайшлі немцы на нас з вайной, то ці спаткаліся б Сонька з Гансам...

Труну з забітым Гансам адправілі матцы ў Нямеччыну. Думаю, што не пісалі ёй, як сын загінуў, што ад, так сказаць, роднае кулі. Я так мяркую. Бо іначай, пэўна, закапалі б яго абы-дзе, як здрадніка.

Сонька нарадзіла дзяўчынку. У 1954 годзе вярнуўся Міша з Сібіры. Не чулі мы, каб сварыўся на Соньку за Анютку. Малая была запісана на яго прозвішча, татам яго называла. Мы таксама ўсе маўчалі. Але толькі глянеш на малечу — чыста той няшчасны шлёнскі Ганс — вочы блакітныя, русы чуб, і той трошкі рабенькі носік. І тая разгубленая ўсмешка.

Соньку прыдушыла сасна на лесапавале. Міша Анютку гадаваў адзін, у школы паслаў. Замуж выдаў за сваяка, даў пасаг. Тады зямля яшчэ вартасць мела, не тое, што цяпер... Нарадзілася яму ўнучка, Гражынка. Вельмі ж тое дзіцянё любіла дзеда. А Міша, як ні стараўся, неяк не мог перамагчыся. Кажу яму: „Міша, прытулі маленькую, ліпне да цябе Гражынка, больш чым да бацькоў”. І сапраўды, больш мела ад яго ласкі, чым ад бацькоў. Анюта з Колем выехалі ў горад, то на канікулы ўсё Гражынку ў вёску высылалі. Калі Гражына была ў ліцэі, то сама ўсё ездзіла да дзеда, амаль штотыдзень. На студыях па свеце вандравала, то ўсё дзеду паштоўкі слала, а то і падарункі. Паказваў мне тыя каляровыя картачкі з замежных гарадоў і здымкі, гаварыў: „Ніна, і што мне рабіць... Які ж мой лёс нялюдскі... І бач, няродная кроў, фашысцкая цячэ ў гэтым дзіцяці. Але адна яна ў мяне, што мне на старасць радасць прыносіць. Хоча нават да нас у вёску прыехаць працаваць...”

Але не перасялілася Гражынка да нас, не. У Швейцарыі пазнаёмілася з нейкім ці то немцам, ці то французам, і там замуж выйшла, хлопчыка нарадзіла, здаецца, Норман называецца, ці Герман, неяк так. Пераназвалася на Грацыелю, бо цяжка было там ім вымаўляць яе імя. Можа, кроў яе да свайго пацягнула. Але мала то нашых па заграніцах шчасця шукае?..

Марысенько, не ўмірай!

... бо ты мне адзіная асталася, — моліць сваю старэнькую сяброўку яшчэ старэйшы дзядуля, Адам Кавальскі з Беластока.

Пазнаёміліся яны на могільніку. Марыся пахавала якраз свайго мужа-пакутніка. А пан Адам наведваў сваю Стэфку, якая апдачывала на беластоцкім каталіцкім могільніку ўжо два гады. Адчуваў сябе ўсё блажэй, хоць ячшэ выглядаў добра. Яшчэ крэпкі і дужы, здавалася б, усё горш спраўляўся з усімі справамі. Без догляду жаночай рукі рабіўся ўсё больш недалужны, хаця не хацеў пра гэта думаць.

Спадар Кавальскі калісь быў моцны чалавек. Не хварэў, хоць не шкадаваў здароўя, каб забяспечыць сям’ю. Пагадаваў, павывучваў дзяцей, купіў ім кватэры, збудаваў два дамы, даў на машыны. А апошні дом збудаваў у Беластоку, двухпавярховую вілу — для ўнука якраз яе збіраўся быў апісаць, найменшага, каб пры ім і завяршыць сваё багатае і працавітае жыццё.

Унук той ужо жанаты, жыве ў тым шыкоўным доме. А дзедава логава, калі занядужаў, стаіць там у калідорчыку. Каб медсястры бліжэй было да туалета, калі прыйдзе перавярнуць старога і памяняць брудную пасцель.

— Ніколі не падумаў бы, што буду прывязаны да ложка, і гаршкі будуць з-пад мяне вывальваць! — плача дзядуля. — І ў сваім стуле буду качацца, пакуль хто-небудзь загляне. Чужы, бо родныя зусім пра мяне не дбаюць. І смерць не прыходзіць, бо сэрца ў мяне моцнае ды вантробы.

Бо чаму ж кідаць працу і займацца бацькам дачцэ-юрыстцы? А забраць дадому яго не можа, бо ў яе сапраўды месца няма ў блёку. Другая дачка, вось, сама ўжо пенсіянерка, яна ж не кіне дому ў Варшаве і мужа, не паедзе ў Беласток, каб займацца ляжачым бацькам! Ён жа тут мае вілу, на гэтага ўнука яе апісаў, а не на ейнага сына; то няхай ён ім і займаецца!.. Ну, не будзем пералічваць сваякоў пана Адама, бо задоўга трэба было б цягацца па судах. Хопіць сказаць, што на нікога з родных разлічваць ён не можа.

Спрабаваў быў пан Адам перад гэтай апошняй бядой стаць на роўную, новую дарогу, каб з кімсьці пад руку прайсці свой перадапошні шлях у дружбе. Не ў самоце. Сустрэў быў раз на могільніку пані Марысю. Вядома, што тут гаварыць пра каханне — калі яно ёсць, то іншае, чым магло быць паўвеку раней... Мырыся не магла забыць свайго мужа, усё сніліся ёй страшныя сны, калі ўміраў у пакутах, не мела таксама ніякай патрэбы вязацца з кім-небудзь; сама неяк давала сабе рады, хоць усё больш хвароб пачало да яе чапляцца. Горш было з панам Адамам. Мужчына ў гадах, калі траціць блізкую асобу, якая была яго апорай і шмат у чым выручала ў жыцці, часам у новай сітуацыі ніяк не можа дайсці да сябе. Адчувае сябе і паводзіць так, быццам толькі што нарадзіўся. Простыя штодзённыя справы здаюцца быць яму не пад сілу. Пан Адам пачаў ужо быў апускацца долу, але сустрэча з пані Марысяй паставіла яго на ногі.

Пан Адам мог разлічваць толькі на сяброўства. Так сказалі абое. Але справу мусіла вырашыць радня, як толькі зведала, што ў дзядулі ёсць „сімпатыя”. Ніхто не выказаўся супраць адкрыта, але патрабавалі спачатку аформіць дакументы наконт спадчыны. Так на ўсякі выпадак, бо старыя як дзеці, скажуць, што пабірацца не будуць, а тут раптам патэпаюць у загс... а пасля судзіся з новай дзедавай жонкай ды яе раднёю! А маёмасць праўна належыцца ж роднай сям’і! Адна дачка нават прыехала бліжэй знаёміцца з бацькавай сяброўкай, каб дакладна высветліць адносіны. Яна нават намаўляла іх на шлюб, бо тады ўсе абавязкі апякункі ўзяла б жонка, калі „што не дай Божа, бо нам жа няма як займацца татам”.

І так яны ездзілі адно да аднаго, сазвоньваліся, сустракаліся. Раіліся, як правесці час, шпацыравалі... Аж раптам здаровага, здавалася б, дзядулю, паваліў інсульт.

— Я ўсё чула, як доктарка з „пагатоўя” верашчала і трасла пана Адама, — кажа суседка Марысі пані Марыя Фядорчык. — Хацела яго на ногі ставіць, а гаспадыню лаяла: „Чаго так над ім ім скакаць, пан хутчэй ад яго капыты выцягне!” А праз нейкі час ізноў вызвалі „скорую”, доктар лямантаваў, чаму так позна яго паклікалі, ратунку хіба не будзе, і паперлі рэанімацыйнай карэткай. Думалі ўсе, што пан Адам памрэ, але якасьці выкараскаўся. Адно толькі што паралізаваны. Пані Марысенька сама ледзьве ходзіць. Прыехала да яе Адамава дачка, кажа: бярыце бацьку да сябе. А Марыся: „Ці я яго сям’я?! І сілы не маю, і ў маёй кватэры няма як, а ў яго ж ёсць віла. Але мяне ж туды не пусцяць, каб ім апекавалася, бо і яго ложак паставілі ў сенях!”

Так яно ёсць, уздыхае Марыя Фядорчык, суседка: нарабіўся чалавек за ўсё жыццё, пагадаваў дзяцей, а цяпер плача: „Марысенько, не ўмірай!..”

Надзя з Пядзі

У Надзі Іванюк з хутара „На Пядзі” тэлефон паставілі яшчэ ў сямідзесятых гадах, адразу ж тады, як праз падмоклыя лугі, парослыя алешнікам, пакрочылі тэлефонныя слупы. Цягнулі драты да аднае адлеглае хаты тры кіламетры. Надзя жыла тады ўжо адна, і ўсе бабы ў Н. паўтаралі, што танней будзе пакінуць ёй, нестарой удавіцы, тую Пядзю, распрадаць усё і перасяліцца ў вёску, пайсці нават за кавалера (іх тады ўжо кішэла па вёсках, беспрытульных нежанацікаў) або за нянечку падацца ў Нарву, Гайнаўку, ці нават у сам Беласток, чым абрабляць тыя чатыры гектары, цягнуць „кулковыя” машыны на адлеглыя палеткі і луг. Надзіна поле давала някепскі плён, на былой „тарпе” ляжала, але ж траха макравата на ім нават у сухі год, а пры дажджах прыгожую, булаватую бульбу ледзь выдзярэш з чорна-чырвонай зямлі, перавітай рудым карэннем. Пакуль даедуць машыны, Надзя са сваім конікам тупала па сваім маёнтку ад цямна да цямна. Уся счарнелая ад сонца і ветру, забягала Надзя ў краму, што працавала гадзіну ў дзень (нават у свята, калі трэба, Мікола Бязносік адчыняў кожнаму, бо склеп размяшчаўся ў ягонай хаце), купляла кіло цукру, муку, лаўровы лісток, зрэдку пляшку, каб было чым плаціць за дапамогу ў гаспадарцы.

Цяжка было ўгадаць, колькі Надзі год будзе. Як памёр на сэрца яе Івашка, не было ёй і дваццаці сямі, і ад таго часу амаль не змянілі ні яе стан, што дзяцей ніколі не насіў, ні сухі ды бронзавы твар з дробнай сетачкай светлых маршчынак пад вачыма, ні сіваватыя валасы гладка зачэсаныя, схаваныя пад хустачкай. Трошачкі толькі яна ссутулілася, нахілілася ёй спіна, злёгку направа, быццам усё нешта цяжкае Надзя несла ў руцэ.

Надзя шчыравала ў полі на ўзор старым і малым. А што з таго мела? У царкву прыходзіла ў сваёй сіненькай сукенцы проста пашытай, з белым крухмаленым каўнерыкам, узімку сціпла станавілася пад сцяною, хукала ў чорны каціны каўнер палітэчка, зрэдку пасля багаслужбы заходзіла да жанчын у вёску, з ціхім жалем паглядаючы, як хутка растуць чужыя дзеці. Дома ў Надзі не было нікога з людзей, а чалавечае слова чула з тэлевізара. Дзядзька Костусь Астапчык, „кулковы” трактарыст, якому найчасцей даводзілася ездзіць на Пядзю рабіць, казаў, што Надзя надта ж любіць амерыканскія фільмы пры каханне і багатыроў.

Не мусіла Надзя жыць адна. Паяўляліся час-часом на Пядзі сваты, спачатку з’язджаліся на фурах, са святочнай радзюжкай на гнаянках — чырвоныя ад уцехі дзядзькі з зялёнымі пляшкамі ў кішэнях. Пасля сваты дабіраліся на „Сірэнках”, „Ладах”, „Трабантах”, з няп’ючым гаспадаром-суседам і крыху спалоханым залётнікам пад гальштукам, апырсканым „дзікалонам”. Спачатку аднеквалася Надзя, марыла аб больш рамантычных сустрэчах, але пачала пасля і ў агляды ездзіць, і ўсё больш маркотная хадзіла...

І неяк Надзя прапала з Пядзі і з вёскі Н. Ніхто быццам і не бачыў, як з хутара выязджала. Коніка і кароў збывала паціху, парэзала ды паела курэй, падсвінкаў на базу павазіў ёй Костусь. Бурка, хоць выязджаючы адвязала яго ад будкі, трымаўся гаспадаркі, ноччу бегаў па балоце і лесе, карміўся тым, што ўпаляваў. Пільнаваў хату да замаразкаў, бегаў што і раз на палявую дарогу, па якой гаспадыня раней вярталася з Н., хадзіў два разы ў дзень на аўтобусны прыпынак, чакаў, углядаўся ў вочы прыезджых, ці не ведаюць што пра Надзю... Аж у адну снежаньскую нядзелю, калі змрок хутка апусціўся на астылую зямлю, у сваіх сенцах убачыла яго цётка Гандзя Максімава, вяртаючыся з адведак. Ляжаў Бурка на анучы пад парогам, цяжка соп, уцягваючы паветра гарачым носам і стагнаў.

— Ну, што, захварэў? — запытала яго баба. — А ідзі ты, здыхляціна, з хаты!

Адсунула сабаку нагой пад дзверы, а пасля пашкадавала, вынесла скарынку хлеба і адчыніла яму дзверы на двор.

Бурка павалокся ў шопку, выпусціўшы той пачастунак з балючай пысы. Лёг на пілавінне. Да раніцы акалеў.

На Пядзю нікому не было па дарозе. Ды і чаго там было шукаць! Заглянулі туды былі Яська Буй з Жэнікам Дралем, думалі, можа якое дабро пакінула Іванючка. Адкруцілі кручок, на які зачынены былі дзверы, паварочалі ўсё ў хаце, але не было чаго браць. Не варта было чапаць нават старой „Тэслі”, што пылілася пад макаткай, з вялікімі рэгулятарамі і малюсенькім шэрым экранам. У хаце было ўсё так, як пакінула гэта Надзя — забрала з сабою што лепшае з вопраткі ды пасцель. Хлопцы селі, закурылі, затапталі недакуркі ў чыстую падлогу, засыпаную мышынымі бобешкамі, пажавалі паморшчаных слівак, што віселі ў мяшочку ля пліты. Яська прыхапіў з сабою дзве торбачкі сушаных шапачак баравікоў ды вырваў тэлефоны апарат, каб не здавалася, што дарам хадзілі на Пядзю.

Толькі раз прыехала Надзя наведаць аколіцу. У чырвоным вялікім „Фіаце”, з тоўстым дзедам у малінавым касцюме ў два гузікі, з высокай дзеўкай у джынсах і скураным заплечнікам ды лысаватым дзядзькам з чорнай дапламаткай. У краме купілі бутэльку гарэлкі, каўбасу, чорны хлеб ды памідоры. Мусібыць, той тоўсты дзед узяў Надзю за жонку, надта ж добра да яе адносіўся, проста ў рот ёй глядзеў, казаў пасля крамар. Надзя ў вішнёвым ваўняным касцюме, у такога ж колеру пантофлях на корачку, з сівенькім, нізка зачэсаным гуглікам пад капелюшом, з торбачкай малюсенькай на далонь, — Мікола казаў, што выглядала як з нейкай амерыканскай „Дынастыі”. А дзеўка, клікалі яе Аська, студэнтка, Надзю называла „мэмі” ці як там. Сапраўды, хацеў той малы пузач купіць зямлю, тую з Пядзі, каб яе падзяліць на ўчасткі, распрадаць пасля ці то гарадскому люду, каб сабе той дачы ставіў, ці немцам якімсьці.

— Decyduj sam, Antoni, o tym kawałku. On mi wyżarł zdrowie, nie mogę już na niego patrzeć! — зморшчыла Надзя свой худы тварык, пацягнула са шклянкі аранжавай „Фанты”.

Мікола каторы ўжо раз праціраў анучкай прылавак, паглядаў на згаданага Антона — той быў у выдатным настроі, з размахам ляпнуў пакупніку ў далонь.

— Zrobione! Давай, дзядзька, другую пляшку, будзем піць барыш! — і ўсміхнуўся роўнымі снежна-белымі зубамі да прадаўца.

Надзя толькі памачыла губы ў кілішку, выцерла хустачкай рот і выйшла на падворак. А ў краме, за сталом накрытым цыратай у васількі, запівалі яе зямлю.

Настуля

Настуля прыехала ў Каўпакі даўно. Калі? Паамятаюць ейныя аднагодкі, якім цяпер за восемдзесят, што гадоў з дзесяць пасля вайны прыехала. З двумя падгадаванымі дзяўчынкамі. Муж яе кінуў, казалі, за бабамі чужымі пабег. Ну, бо і колькі тае Настулі! У нашай вёсцы бабы, як печы, а тая бы палена, толькі носік тырчыць, здаецца, усю ў жмені змясціў бы, такая драбнеча. А ўчэпістая да працы, о-ё-ёй! Яшчэ цяпер як рушыць на загоны, то маладзіца з ёю не ўправіцца.

Прыехала тады ў пяцідзесятых. Даў ёй каморку стары Лапуцкі. Сапраўды, Максім ужо тады моцна старэнькі быў. Настулі за сорак, а той — адною нагою на тым свеце. Прыняў Настулю за няньку і гаспадыню. Самотны (хоць дзяцей чацвёра адправіў у горад), хворы. Вядома, Настуля агірачыла гаспадарку. Ёй ці на сваім, ці на чужым — адна слава. Зямля гарэла ёй у далонях. З жывёлай спорылася, асабліва добра цяляты пайшлі. Дочкі памагалі. Стары і духам, і целам акрыяў, з любасцю паглядаў, як гаспадарка падымаецца з руіны. Дзе там было яму да бабы, дый такое маладзіцы, але ўсё ж пачалі ў сяле бомкаць, што, пэўна, Настулю за каханку мае, і ці не было б ім лепш жыць па-божаму? Зычлівая суседка памчалася ў Беласток, да ягоных распанелых дачок, маўляў, чужая бацькоўскае ім крадзе. І пачалася валакіта. Зачасцілі штонядзельку „таксоўкі”, выязджалі з пляскатымі шынамі, столькі дабра валаклі дахаты, бо цяпер ужо было з чаго браць. І аднойчы старэйшая дачка запытала ўпрост: ці не запісаўся ўжо стары, бо як што, то ў выпадку ягонай смерці не дадуць ані кропелькі гэтай прыблудзе, гэтая сухой б.., што тут рашыла ўкараніцца разам са сваімі бахурамі. Настуля засмяялася: маўляў, патрэбны мне мужык! Сябрам мне толькі ваш бацька, добрым чалавекам, які не адмовіў дапамогі, даў кавалак хлеба, вяду яго гаспадарку, толькі і ўсяго. Бразнуў кілішкам малады Лапуцкі: не будзе тут табе, прыблуда, месца! Няхай усё пагніе, але чужым не аддамо ні каменьчыка з нашага поля! Сядзела Настуля спакойна, склаўшы сціснутыя далоні на падол, слухала лаянку раптам ахопленых сыноўскімі пачуццямі дзяцей Лапуцкага. Потым устала, пайшла пакаваць свой парэпаны кардонавы чамаданчык: укінула святочную выпалавелую сукенку, сандалікі дзяўчынак... Дочкі Лапуцкага паставалі ззаду, сцяўшы зубы. Стары прытэпаў, аслаблы апёрся аб вушак дзвярэй і старэчым дыскантам прапішчаў:

— Вон з мае хаты, д’яблава насенне! Трапіўся мне добры чалавек, што з сэрца мяне да магілы датрымаць хоча, а вы як сцярвятнікі прыляцелі тут усё расцягнуць?! Прэч!

Захадзілі дочкі, забегаў сын па пакоі. Узняўся такі вэрхал, што ўжо не чутно было галасоў з вуліцы — паўвёскі стаяла пад ліпай і абмяркоўвала, хто каго паб’е і чым уся справа закончыцца. Цёткі ўжо збіраліся высылаць хлопца на ровары ў мястэчка, каб званіў па скорую і міліцыю, бо, пэўна, кроў паліецца. Але як стукнуў малады Лапуцкі Настулю ў вуха, як тая завішчала, усе кінуліся разбараняць. Не спадзяваліся гэтага маладыя — першы раз такое здарылася ў вёсцы, каб суседзі захацелі мець дачыненне да чужое справы. Праўда, Юля Васілішына цягнула свайго чалавека назад, шарпалася:

— Чаго ты туды прэшся, гэту сухую к... ратаваць бяжыш?! А хай сабе пазабіваюцца, дый годзе! Якая там табе справа!

— Настуля ніякая не такая, каб які гаўнюк меў права яе біць! Гэтыя сцярвятнікі жыць бацьку не дадуць, цяпер то яго ўспомнілі, а так то хоць бы жывым у зямлю пайшоў! — адмахнуўся Юлін Лукаш і пабег за іншымі.

З’ехалі тады хутка патомкі Лапуцкага, паламаўшы спачатку новы плот ды пабіўшы новы посуд у хаце, што яго Настуля за сваё купіла. Зноў запрапанаваў Максім Настулі, каб запісацца, бо, хоць між імі няма ніякага дачынення як мужа ды жонкі, то хто ж мець будзе права да дабра, якое тут пры ім нажыла? Вядома, згодна з правам Настуля як удава будзе мець нейкія правы на зямлю і хату. Усё махаў галавою над сваім жыццём Максім, смерці выглядаў хоч бы і заўтра, але Настуля нават пра гэта і не думала. Не хацела рабіць цырку з замуства, бо якія ж яны муж і жонка, калі яму не на ложак глядзеці, а на дамавінку, і няньчыць яго трэба, а не абдымаць ды цалаваць! Але ўпёрся стары, нэндзіў, маліў, аж упрасіў Настулю запісацца. Два месяцы да свае смерці. Пятнаццаць год, бачыце, пражыў пад Настулінай добрай рукою, і пахавала яго як чалавека, і помнік заказала. Праўда, аж два помнікі дасталіся Лапуцкаму: ад „pogrążonych w smutku synów i córek”, з дарагога чорнага каменя, з залатымі літарамі, і цэментавы, просценькі, ад жонкі; потым яго скінулі з копчыка, каб на яго меца паставіць той багаты, на ўвесь могільнік. Што той помнік! У параўнанні з коштамі судоў з Настуляй гэта было нішто! Спачатку дзеці хацелі даказаць несапраўднасць тастамента, маўляў, стары ўжо не пры памяці быў, хітрасцю абматала старэчу хцівая кабета. Другое — гаспадарку да руіны давяла (знайшліся сведкі ў вёсцы, што бачылі, як спекулянтам выводзіла тузін бычкоў на прыцемках, каб ніхто не звочыў). І што не пятнаццаць год гаспадарыла, а пару месяцаў да пахавання. Бо, ведаеце, без прапіскі ў вёсцы сядзела, хто ж там у той час так на паперы глядзеў, як сёння! Нічога, аднак, нашчадкі Лапуцкага не даказалі ў судзе. Сплаціла іхнія часткі Настуля, засталася амаль голая, з пустымі хатай, хлявамі, аборай. Толькі пару курак бегала па падворку. Добра, што поле было абсеяна-абсаджана. Яшчэ і з сёлетняга плёну прыйшлося шмат аддаць за паслугі „кулку”. Зараз і дочкі свае замуж пааддавала Настуля. Адну мазур узяў — ой, як плакала маці, не хацела аддаваць яе чужому, не рускаму чалавеку. І мела рацыю — не ўшанаваў Аліны. Праўда, жывуць дагэтуль разам, але што гэта за жыццё, калі штодзень чуе яна „кацапка” ды „кацапка”, і ад яго, і ад свякрухі, і ад родных сыноў! Малодшая, Крыська, за нашага пайшла, але не ўжыліся, хоць характарамі падобныя. На старасць уздумалі развесціся. Крысіны дзеці цяпер штотыдзень да бабы прыязджаюць, усё раяцца, пытаюцца не ў маткі ці бацькі, а бабу слухаюць. Баба, хоць ёй ужо 84 гады, гаспадарку дзяржаве не аддае, можа, унучак наймалодшы адумаецца, возьме маёнтак у свае рукі? Добры хлопец, кемлівы, разбіраецца ў гаспадарцы, хоць сам працуе на фабрыцы. Тут жа на сваім быў бы. Гаспадарка дагледжана, выраблена кожная грудка зямлі. Амаль усе гаспадары ў вёсцы, нават на гадоў дваццаць маладзейшыя ад Настулі, пааддавалі сваю зямлю „панству”, на пенсіях калякаюць, але як жа можна зямлю аддаваць, калі яе ніхто рабіць потым не хоча?! Ляжаць палоскі аблогамі! Як чалавек можа на гэта глядзець! Ці ж ім сэрцы не баляць! Бо з чаго ж, як не з любові да зямлі яна, Настуля, тут учапілася, у гэтыя пясчаныя пагоркі! Даказала сваю ўласнасць не толькі да Максімавага поля, але і да гэтае калісь чужое ёй вёскі, дзе знайшла прытулак. Праўда, ейная гаворка і сёння адрозніваецца ад суседскай, але яна іхняя цяпер, з Каўпакоў.

— Глянь ты, — кажа баба Настуля, — дае Бог людзям роднае месца, куды, як птушкі ці звяры вяртацца, ляцець павінны. А, бачыш, толькі на мой панадворак мае птушаняты заглядаюць. А не зязюлі ж нашы бацькі, ніхто ім не можа закінуць, што яйкі камусьці падкідалі! Нагадавалі сабе памочнікаў, але куды тыя падзеліся...

На сваім

Ну, то я вам раскажу, як нам тут у глушы жывецца... Я сама старая, то мне ўжо не да жыцця, не то, што раней, як жылі мой чалавек і сын. А тут я во так адна калякаю, Узіраюся, як іншыя жывуць. Каму ў чым-лень дапамагаю, другія мне штось дадуць... Кругом лес, панімаеш, лес мае палоскі зарос, ладны ўжо маладняк, у чалавекі два ростам будзе. Усё вышэйшаю сцяной хутар мой ад вёскі гэтым лесам аддзелены, бачыш. Найбліжэйшая мне — Марылька. Як прывёз яе Федзя за жонку, адразу мне яна спадабалася. Рабацяшчая такая. Не ўсядзіць ні хвіліны. Добрая маладзіца, ветлівая, спакойная. Казалі, бацька-анкаголік моцна яе біў, матка паралізаваная гадоў дваццаць ляжала, то ўся гаспадарка была на Марыльцы, найстарэйшая ж была, і выхаванне сясцёр і братоў, а тых малечаў было, як гарбузянят! Федзік, можа, і таму яе браў, што спраўная ў гаспадарцы і недурная паненка, бо гадоў пад трыццаць... Ды і ж яму каля сарака, бо дзяўчыну на жонку ў наш час як во цяжка знайсці. Голую браў, як той казаў, у адной сукенчыне, бо ў страшнай галечы Ракіцкія жылі — што бацька прапіў, што сыны з хаты на гарэлку павыцягалі (во, бачыш, які прыклад стары сынам даў!). Апошнюю людскую сукенку матцы Марылька ў труну аддала. Крыху цётка з Беластока анучак прывезла, сваёй дачцэ падабрала, трохі новага братанцы купіла з пенсіі. Ну, так Марылька прыйшла ў нашу вёску, на суседні з маім хутар.

Ой, добра я ведала, у якую хату яна трапіла! Бытта людзі някепскія, як усе, цягавітыя да працы, хоць, праўда, не ўсё ім спорылася, ды якіясь яны... як ваўкі. Дзівакі. Прыйдзе старая Маланка да мяне дахаты, дзень добры скажа або і не, але перагляне табе ўсё па закутках. Або зойдзе на панадворак, лазіць, ходзіць, заглядае, а наш сабака аж на будку ўзлезе, заходзіцца. Тупне на яго Маланка, кіне каменем, як на свайго. Думаю, спушчу яго на гадаўку, хай пакажа, хто тут гаспадар, але ж не, усё ж такі — суседка, прыйдзецца з такою жыць да самае смерці.

Як Марылька хадзіла першым дзіцём, то Маланчына дачка прывезла нейкія таблеткі ад знаёмага доктара з Бельска, ну, і ўкінула ёй тую атруту ў суп, каб дзіця выкінула. І страціла дзіцятка Марылька, і сама ледзь не памерла ў шпіталі ў Беластоку, куды яе скорая на сігнале павезла. Ледзь яе адратавалі, бо плод ужо гніць пачаў. Ой, рады былі, пэўна, Маланка з дачкою! Маланка хадзіла, хадзіла па полі і лесе, як нявестка ў бальніцы была, я сама чула, як прыгаварвала: «Ой, не думай ты, што будуць у цябе дзеці, што ты тут на маім укаранішся! Дам я табе такое, што ніводнага не народзіш!»

І не было б зусім Марыльцы жыцця ў хаце, але муж рашыў аддзяліцца ад бацькоў. Зрабілі старым у каморы пакой немалы, адрамантавалі, вокны вялікія, светлыя ўставілі, а самі — у другім пакоі з кухняй. Марылька нарадзіла Бажэнку. Як ні старалася Маланка, каб не дапусціліся больш дзяцей! Казала: «Ты, Марылька, хударлявая такая, яшчэ нам памрэш пры родах, ці што, а хто тваіх байструкоў гадаваць будзе!?» Але Марылька паздаравела. Федзя з ёю добра абходзіўся, шкадаваў, у гаспадарцы ўсё лепш ішло, расло ўсё, гадавалася... На здзіў! І нарадзіла Марылька яшчэ дзве дзяўчынкі і чатырох сыноў!

Як ні стараліся старыя нарабіць бяды нявестцы! Цяжарную схопяць, бывала, стары трымае за рукі, а Маланка дзвярыма стараецца яе сціснуць! Хіба хацелі так дзіцятка з жывата ёй выдушыць?! Хоць старэчы нядужыя, а так ушчаперацца, моцы такое ад нянавісці набяруцца, што не, не паверыш, маладзіца ім не дасць рады! Потым Марылька тыдзень не магла нічога зрабіць у хаце, падаіць кароў. Памёр Федзеў бацька, бо старэнькі, нямоглы быў у свае восемдзесят чатыры гады. Маланка на ўсю вёску загаласіла, што атруціла яго нявестка. Не хацела потым ад яе узяць ні кавалачка хлеба, ні кроплі малака.

Маланцы ішло ўжо на 88 год, але жвавая, усё за грыбамі па лесе хадзіла, прадавала. Прыйду я, бывала, да Марылькі, каб з ёю ў лес пайсці, бо з Марылькай і паразмаўляеш ад сэрца, такая людская, спагадлівая, разумная кабета, што і часу не страціш, калі нават ні грыбочка не знойдзеш, і лягчэй якасьці не сэрцы робіцца. І не наракала Марылька, пра сваю бяду ніколі слова не сказала. А Маланка за намі прэцца, крычыць: «Ты, старая акулярніца, што ты тут шукаеш, шпігуеш? Сядзі за сваёю хваінаю, хто цябе сюды прасіў?! Збяруцца дзве чараўніцы і ўсё думаюць, як мяне звесці з белага свету!» Праўду кажучы, то страшна было пакідаць дзяцей адных у хаце, бо бабе бралася на дурныя жарты: а то серпікам па ножцы малому паласне, а то макавіннем з цукрам пачастуе ці воўчай ягадай... Казала я Федзю, каб завезлі матку да псіхічнага доктара, бо ці ж яна нармальная? Але хто хоча, каб яго маці ў псіхбальніцу паклалі! Ёй хіба хто і сказаў пра маю параду, бо Маланка так мяне зненавідзела, што пачала камянямі лупіць, як толькі пакажуся на сцежцы.

Марылька не толькі гаспадаркай займаецца ды дзецьмі. Не могуць нахваліцца людзі ва ўсёй гміне — дзе не ўдасца нікому, Марыльку паслаць можна; яна і з ураднікам паразмаўляе як роўны з роўным, а калі трэба, дойдзе і да ваяводства ці нават абаронцы грамадскіх правоў Зялінскага, ніхто яе не запалохае. Не баіцца, умее справу лагічна вылушчыць, разбіраецца ў палітыцы, гаспарадцы, вясковых бедах. Дзякуючы Марыльцы хоць бы дарогу ў нашу вёску зрабілі, і да грамадскага пачыну не раз нас заахвоціла, нават такіх старэчаў, як я. Хацелі мы яе выбраць у самаўрад, але ж часу ў яе няма — гаспадарка такая вялізная, дзяцей, як гароху! Дзеткі дагледжаны, добра вучацца, толькі якіясьці баязлівыя.

У апошнюю зімы выбралася была Маланка пагасцяваць да другое дачкі, у Бельск-Падляшскі. Памятаеш, такія маразы моцныя ўзяліся ў лютым? Во-во, само тады. Федзевы думалі, што маці пераначуе ў Бельску, але не. Аўтобус давёз яе да нашае дарогі. Холадна, ёй, пэўна, было, адкаркавала бутэльку, што дачка ёй дала. Надпіла крыху, пагрэлася. Памаленьку апаражніла паўпляшкі.

Знайшоў Маланку Антось Піліпаў, што раніцай збіраў ад гаспадароў конаўкі ў малачарню. Конь захроп, запырхаў ды стаў, як укапаны. Антось злез з шытак. Старая сядзела ў сумёце, абняўшы калені, з бутэлькай у заснежанай далоні, бы спала. Ля яе выструніўся іхні Бобік. Калі ўбачыў суседа, вяла махнуў хвастом і пабег у лес па сваіх справах.

Маланка памерла сто метраў ад свае сялібы, якое так не хацела аддаць „чужой”.

Аўдосіна неба

— Намалюй мне, Федзя, на полапе сонца ды хмаркі, калі ўжо фарбаваць будзеш, — сказала баба Аўдоська. Калісь бяліла бэлькі глінкай-сінькай перад кожным святам, пэндзлем з мяккае рачное травы. Але пакойны Сідар роўна абіў іх плітай, памаляваў васільковай алейнай фарбай, і цяпер ужо клопату няма. Але ж выцвіла ўсё. Маляваць нанава трэба. Грошы Аўдося мела з рэнты, невялікія, але на такі рамонт хопіць. Ну, які ёй вялікі трэба, бо ўсё паскрэбла, памыла, але ж столі сама не памалюе, на драбіну ж не палезе! Ну, а каб цікавей было — давай, Федзя, тыя сонца ды воблачкі. Нескладаная ж справа.

— Я маляр пакаёвы, не мастак, — закіпеў гонарам Федзя Барбушын. — Вам яшчэ сонца ды хмары! Яшчэ можа і месяц! Хто то бачыў такое, палацы!

— А што, не зможаш? — здзівілася бабуся. — То ж і дзіця, і тое сонца першае малюе, бо бачыць. Ну, пляшку дам.

— І за пляшку, і за грошы — на такую дурноту на драбіну не палезу, дзякуй! Смешная вы кабета, баба Аўдося.

— То ж не з цябе смяяцца будуць. Намалюеш добра, то і пахваляць яшчэ.

— Як хочаце, то за пляшку вам зробяць гэта студэнты, яны ў Карпа пасяліліся. Такія то жарты любяць. Да таго — замежныя, хоць па-нашаму гавораць.

Патэпала з калочкам бабуля да маладых, а маляваць яны сапраўды ўмелі — у акадэміі ў Мінску маляваць навучаныя. І вывелі яны на бабулінай столі і сонца, як жывое, паўднёвае, гарачае, і воблачкі белыя, пёрыстыя, і бурыя хмары, і ружовыя як пад захад, а сярод іх нават самалёцік цягне белую смужку, а над печкай — срэбны маладзік сярод зорак.

Цешыліся, смяяліся. І Аўдося, лежма ўжо, у нядузе, успамінае тую радасць, той смех, гледзячы на сваё неба.

Ноч у Бельску

Марысін унук, васемнаццацігадовы Юрась, забіў Гандзіна свінчо падвесну. Даў абушком у лоб, ашаламіў, і закалоў умела, піхнуўшы швайку проста ў аорту. Свінка крыкнула, паткнулася і бухнула крывёю. А потым бегла, бач, аж на другі паверх вілы Гандзіных сваякоў, уцякала з адчайным енкам па сходах, шаравала мяккім жыватом па мармуровых прыступках, аж уткнулася сухім гарачым лычом у гаспадынін прыпол.

Не змагла ўцячы Гандзя ад свінячае смерці на пакоі.

... Прыехала з вёскі у Бельск разам з маленькім дробным парсючком. Паклала яго ў „летнюю кухню” свае сястры. З туга завязанага кужалёвага мяшка заенчыў ён, і мяшок пакоўзаўся па слізкай, пакрытай пліткай падлозе.

— Гандзя, што ты сюды прывалакла? Не будзе тут табе ніякіх свіней! Хоч, гадуй іх у сваёй Маліноўцы. Што ты хочаш, каб Мірык адправіў нас абедзвюх назад? Тут панская хата, а не якісь хляўчук!..

Гандзя падняла на калені рухавы мяшок, паправілася на зэдліку, расшпіліла першыя гузікі цвёрдай ад марозу балонневай курткі, выцягнула з кішэні пакамечаную мужчынскую насоўку, з шумам выцерла балючы нос. Крыху аслабіла завязку мяшка, каб парасё падыхала, з чуласцю ўсунула руку ў сярэдзіну.

— Ну, што, як, кажы, — Гандзіна старэйшая сястра змахнула з цыраты на стале крышаны, у кубачак насыпала гарбаты, у разетку ўваткнула малы падарожны кіпяцільнік.

Гандзя была галодная, пад’ела б чаго, хоць бы супу, не толькі гарбаты напілася. Быў лістападаўскі ранні вечар, а столькі ж ехала з вёскі — добры кавалак аўтобусам, потым пару прыпынкаў цягніком. Уцякла з уласнае хаты, ад свайго Паўла. Куды ж было ёй ехаць, як не да сястры?! Марыся шмат гадоў жыла ў сына ў Бельску, тры гады будзе, як у навюткай вілі. Гаспадарку дапамагала весці, праўнукаў ужо няньчыла. Яшчэ здаровая, хаця старэйшая ад Гандзі на пятнаццаць гадоў. Жыла цяпер, праўда, у летняй кухні, але гэта, казала, з выбару — не мела ўжо сілы хадзіць па паверхах. Старалася яшчэ і чым-нечым дапамагаць, але практычна жыла за сваё, хапала ёй свае пенсіі, хоць невялічкай, але магла што і унукам купіць, і праўнучкам. не без значэння было хіба і тое, што і ў гэты дом свае грошы ўваліла, і да машыны далажылася... Глядзела цяпер на яе, Гандзю, з ейным парасяткам на каленях, сваімі выцвілымі, але жывымі вачыма. Гандзі, вось, за шэсцьдзесят, але не сказалі б, што гэта яна, Марыся, яе калісьці няньчыла, што гэта Марыся дала жыццё паўтузіну дзяцей, павыхоўвала іх, пагадавала, у свет пусціла, і ўнукаў пагадавала і выправіла ў людзі, і вось прабабкаю ўжо... Акуратна падстрыжаная, у чыстым хвартушку на спраўным стане, у цёплых, абшытых пухам тапцях стаяла яна над сваёй сястрою ў зашмальцаванай балонцы, з парасяткам, бы дзіцём, якога ніколі ў яе не было, на руках. Ні дзяцей, ні мужа, якога ўрэшце пакінула на пушчанскім хутары...

— Сядзі, сядзі, зараз тваё парасё пусцім у шопку, не павінна замерзнуць, не бойся! Пераначуеш у мяне тут. Не думаеш зіба на старасць ісці ў свет? Не ў тваіх гадах, Гандзя! А што людзі на тое скажуць, ты падумала?! Гэта ж грэх! Як жа дасць сабе рады твой Павал? Загіне без бабы! Ты падумала?

Парсючок заварушыўся, стукнуў балюча капыткамі ў Гандзіны грудзі. Кінула яго на падлогу. Заенчыў, пасунуўся ў бок прыпечка, дзе заціх.

— Падумала, Марыся... Ты толькі хоць мяне не выкінь. Ды што там, пайду ў людзі, можа, прыме хто. Буду дзяцей няньчыць, мыць, гатаваць... Магу апекавацца якім старэчам...

— Ты, Гандзя, сама паглядзі, што і табе незадоўга вады падаць трэба будзе! А твой чалавек? Ці Павал такі зноў кепскі? Усе ж п’юць па вёсках, што ты зробіш! Можа, гэта ў яго ўсё ад таго пайшло, што дзетак сваіх у вас няма? Няма гаспадарку каму пакінуць...

— Нікому няма, калі нават у каго дзеці і ёсць. Мы там усе пагінем, Марыся.

Марыся заліла гарбату кіпнем, з шафкі дастала купны пірог.

— На, Гандзя, пакуль што гэтага паеш. Мірыкавых ніколі дома няма, а сёння вось паехалі на вяселле. То я і не гатавала сабе нічога. А парасё давай вынесем, не замерзне, а то зараз, можа, яму на двор захочацца...

— Не, лепш яму тут будзе. Вось вашыя сабакі такія злосныя, яшчэ што яму зробяць, возьмуць пакусаюць... Або шчэ хто яго ўкрадзе...

Пераначавалі на ляжанцы за печкай. Ноччу Марыся выходзіла, падкідала вугаль у печку цэнтральнага ацяплення. Тут, у летняй кухні сцяноўка доўга трымала цяпло, Гандзя добра пагрэла спіну. Парасятка стагнала ў сенцах, бразгала вёдрамі, стукала ў сцяну. Тры сабакі, якіх спусціла з ланцугоў Марыся, насіліся па панадворку і агародзе, безупынна брахалі, дзерлі пад дзвярыма, — пэўна, пачулі жывёлу. Дыхалі цяжка пад парогам, скрабліся, а тады свінка квікала з перапуду і бегла ў другі кут, перакідаючы цэбрыкі.

Марыся паправілася на ляжанцы. не спала.

— Ведаеш, цесна ўжо маім у вілі, — сказала з натугаю. — Вось унукі іхнія павырасталі, кожнаму трэба свой пакой. Юрась ужо будуецца... Ды мне тут лепш, прывыкла я да жыцця ўнізе... Маюць, ведаеш, сваю служанку, то прыбірае, гатуе. Не трэба мне ўжо лазіць па паверхах... Вось, а тут і гарод прыгожы, і сабакі добрыя, хоць злосныя, мяне любяць, то і бяспечна жывецца. Я ж іх таксама ад шчанючкоў пагадавала...

— Марыся, колькі ты ўжо ў Бельску будзеш?

— А, будзе дваццаць, як няма майго Мікіты, а, здаецца, быццам усё ўчора было... Гандзя, не пакідай ты Паўла. Так цяжка быць аднаму...

— Не-не. Я тут застануся, калі ты не супраць.

— І калі нічога не скажуць мае.

Марысіны не мелі нічога супраць. Прынамсі, нічога не сказалі. У Гандзі быў свой грош. На падворку не замінала, на пакоі не прасілася.

Праз два гады, калі Марысю правялі на гарадскія могілкі ў сасновай труне (грош на яе ў чорным вузельчыку трымала за іконкай, разам з шэрай грамнічкаю яшчэ са свайго вянца), Гандзя засталася адна жыць у хатцы. Парсючок рос харошы, гладкі. Выпускала яго Гандзя пабегаць з сабакамі па агародзе вечарамі і калі гаспадароў не было дома. І супраць свінча нічога Марысіны не мелі.

Забіў Гандзіну свінку перад Вялікаднем Марысін наймалодшы ўнук. Не хацела Гандзя таго мяса есці, хаця каўбасы давялося ёй рабіць. Круціла ноччу ручкай мясарэзкі, плакала, а пад дзвярыма нецярпліва саплі Рэкс, Азор і Тарзан.

Дом Паўліны

Аранжавы „Фіат” хутка сунуўся па бліскучай ад нядаўняга дажджу шашы. За рулём пускаў за шыбу тытунёвы дым немалады ўжо кавалер, сын Паўліны Хведарчай. Сама Хведарча, упертая вострымі каленямі ў пярэдняе сядзенне, круціла на бакі галавою ў ядвабнай хустачцы, — успамінала родны краявід, хапала за руку суседку, паказваючы пальцам на ўсё новыя, для Карусі аднолькавыя і нецікавыя, карціны. Шаша роўна бегла паміж бярозамі, свежыя лісточкі якіх павявалі на доўгіх, далікатных галінках над узбоччам дарогі, там-сям прамільгалі за маладняком хутары ў старых садах. Паднялося роўнай шчоткай жыта, праз шыбу ўціскаўся салодкі пах гною i свежае зямлі.

— Бач ты, рана да Юр’я зямля сёлета адчынілася, — заўважыла Хведарча. — Каб толькі надвор’е не папсавалася... Ой, ля, Карусё, хутар Павэльскіх, ля! Жыў Павэльскі на пяскеві, але хадзіў у капялюшыку. Аноп, ня ведаеш ты, як там цяпер з іхнімі? Як ім там жывецца, га? Нашу хату, Карусё, яны калісь купілі, перанеслі сюды, у Ляхоўшчыну, як мы пабудаваліся ў Новым Мосце... Карусё, а чаму ты такая белая стала, кепска табе ў машыне? Мне спачатку надта ж блага ў самалёце бывала, першы раз, як ляцела ў Амерыку, але цяпер хоць бы дзічкі, толькі спачатку ў вушах закладае.

Каруся Маліноўская, Паўлініна сяброўка з дзяцінства, ехала са старою ў сваю вёску. У сяло, якое знікла з мапаў і з паверхні зямлі. Палову яго ўхапіла сабе новае возера, другая — хутка зарасла дзірваном. Каруся сама не выбралася б туды, бо і чаго, але не давала ёй спакою Паўліна, што прыехала ад сына з Чыкага. Добра Хведарчай — мае да каго ездзіць; пасля смерці Хведара Катовіча аддала зямлю дзяржаве за пенсію і сядзела ў сваіх дзяцей — то ў нежанатага Анопа, то ў дачкі ў Познані, то зноў у Амерыцы — у Шурычка ці Валіка... І хацелася ёй цягаць старыя косткі! Здаецца, такой Карусі выбрацца да лекара ці на кірмаш ужо цяжка, а Паўліна, якой больш, бо ўжо семдзесят гадоў, лётае сабе па свеце! Ёй-та, можа, і лягчэй — на Хведарчай ні грамулькі тлушчу, адно жылы ды косткі, перабірае сваімі доўгімі нагамі, што малады ледзь з ёю збяжыцца! Ано паморшчылася непрыгожа, узрост па далонях відаць, твар сухенькі, а ў Карусі гладчэйшы, румяны. Але зубы якія ў яе, Божа мой — такія зубы! Хіба ж не штучныя, бо не вымаюцца, але як снег!..

— Што ты, Карусё, так мне ў рот усё ў