МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Лісьце срэбнай таполі. З польскай лірыкі ХХ ст. Выбраў і пераклаў Ян Чыквін. Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Кніжка дваццаць восьмая, Беласток 1999

Аўтар: Чыквін Ян
Год: 1999
Cерыя: Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток)
Раздзел: Пераклады
Краiна: Польшча
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Мая непрамінальная любоў – паэзія, і польская ў прыватнасці… Ад пачатку шасцідзесятых гадоў пакрысе, з перапынкамі, я перакладаў на беларускую мову тое з яе, што мяне асабліва кранала, павышала мой духоўна-эмацыянальны, інтэлектуальны настрой, што адпавядала нейкім маім адчуванням шматфарбнай і зменлівай палітры прыгожага.

Польская паэзія здаўна ўяўляецца мне высокім дрэвам, можа якраз стройнай, серабрыста-дрыжачай таполяй, з бліскуча-звонкім лісцем пад ветрам, у якой, усё ж, кожны лісцік – з сваёй іскрынкай, адмецінай…

Кнігу складаюць вершы паэтаў розных пакаленняў, розных творчых індывідуальнасцей, эстэтычных напрамкаў, школ і паэтык. Аднак усе яны належаць нашаму ХХ стагоддзю, і гэтае польскае стагоддзе люстрыцца ў іх выдатных лірычных творах прыватнымі далікатнымі і складана-супярэчлівымі перажываннямі асобы, шматлікімі грамадска-палітычнымі калізіямі, драматызмам уласнага лёсу і метафізікай гісторыі ды чалавечага універсуму…

Ян Чыквін
/жнівень 1999/
Баляслаў Лесьмян (1877 –1937)

Конь

         Коню пакрыўлены, коню сівы,
         Упрыгожаны лацканам грывы,
Люблю ажур тваіх рамянёў, намыленых потам
І дых парнае юхі з зялёнай вячэры налётам.

         Чэрап кашчавы, але ахвочы,
         З пысай акруглай, як грудзі дзявочыя,
Перавесь праз маё плячо ў беспрацоўным даверы,
Каб тварам пачуць мне спружыністай шыі намеры.

         Коню мой сумны да самай смерці
         З белым шрамам ад лейцаў на шэрсці,
Пасябруй са мною, як сябруеш з каровай,
Увайдзі ў маю хату, пры стале пагаворым.

         Дам вады напіцца з майго графіна,
         Дам табе цукру, дам табе сена,
Дам кусок чыстае солі, мякіш свежага хлеба,
І табе ў вакне адчыніцца неба.

         Не насупывай броваў вачэй чаротам,
         Я ўсё раскажу табе, зараз і потым!
А як ноч надыйдзе святая, зачынім дзверы
І супольна змовім малітвы нашыя вячэрнія.

Леапольд Стаф (1878 – 1957)

Я выйшаў шукаць…

Я выйшаў шукаць Цябе досвіткам і ў трывозе.
Не знаходзячы, думаў, што йшоў я дарогай ізгоя.
І ўбачыў нарэшце, калі адвярнуўся ў дарозе,
Бо Ты праз жыццё ўсё следам крочыў за мною.

А вандраваў я дзень цэлы пад неба цяжарам.
У холадзе поўдзень мінуў свой, каб вось у гадзіне апошняй,
Табою палаць, на змярканні маім, вогненым жарам,
Як рэчка на захадзе сонца крываваю пожняй.




Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска (1891 – 1945)

Апусціце мяне ў Яго

Апусціце мяне ў Яго,
як у збанок ставяць ружу, 
                            па вочы,
                            па лоб,
па сноп на галаве валасоў – 
няхай плыве мяне наўкола,
няхай цячэ праз мяне,
як вада расхваляваная
Найбольшага Мора.
Няхай згіне ноч, надранне,
бляск месяца або сонца,
а Ён няхай мяне пранікае,
як скрыпкі йгранне –
калі ж да сэрца дастане,
       буду тым, што бясконцае, –
                                       Ім.

Казімір Вяжынскі (1894 – 1969)

Жанчыны, якія ткуць

Кампілі намаляваў чатырох жанчын,
Чатырох спакойных, задуманых жанчын,
Якія сядзяць і ткуць,
Ткуць і глядзяць, глядзяць і бачаць
Штось вельмі далёка
За вобразам, за рамаю,
У дванаццатым, трынаццатым стагоддзі,
У забытых старых жывапісцаў,
Якія памерлі даўно і ляжаць
На пакрышаных цвінтарах,
Ляжаць і глядзяць,
Глядзяць і бачаць
Штось вельмі далёка
У роспачным дваццатым стагоддзі,
У Парыжскай працоўні Кампілі,
Дзе чатыры размалёваныя жанчыны
Сядзяць у задуме за рамай,
Сядзяць і ткуць,
Ткуць і глядзяць,
Глядзяць і бачаць
Тое самае.

Мілаванне


Як да таго я прывыкну,
Што лёсам наканавана,
Як цябе агарну й пранікну,
Маё ты каханне.

Якое сарву табе лісце,
Якім асыплю букіннем,
Што на тваё, дарагая, прыйсце
Я адказаць павінен.

Як аддамся табе я цэлы,
Што з сябе ўсяго даверу?
У маім шчасці і страху нясмелым
Даўно да цябе я належу.

І толькі прывыкнуць не ўмею,
Баюся шчэ толькі дазвання – 
Як цябе абыму й зразумею,
Маё ты каханне.




Юліян Тувім (1894 – 1953)

Вясна хамаў

Дзень доўга прыграваў і мудрагеліў,
Узмацняў і бухторыў чортавыя звадкі,
Аж ноччу выпусцілі дрэвы
Раптоўныя і надзвычайныя дадаткі.

І ўспыхнула вясна – ашаламляльна!
Нібы вайна. І ў кватэры – з грукам.
Каб з кватэр – тлумнай, крыклівай арміяй,
Радасць на брук і ў неба брукам.

Так, брукам, бунтам у светлыя высі,
Па даху свету страляе каналія.
І громам гармат вясеннятысячных
Свабода хамская ў нябёсы валіць.





Яраслаў Івашкевіч (1894 – 1980)

Да Расіі

Аб чым я сказаць павінен табе, Расія, ці тое, што Пушкін – паэт узлётаў нябесных?
Ці аб тым, што пагардаю сцёбаў мяне Дастаеўскі?

Ці што аддаленая за сцяной ігра мне напамінае
Купалы святлістай ночы, здароўе стэпу ды Скрабіна дрыжанне?

Ці тое, што па тваім целе калышацца салодкае і цяжкае збожжа?
Ці тое, што аддзяляе нас прорва, якой ўжо нішто не паможа,

Прорва, якая баліць мне і паліць, нібы нажом атрутным нанесеная невылечная рана?
Ці сказаць, што я ненавіжу цябе? Ці прызнацца, што ты мною каханая?



Уладыслаў Бранеўскі (1897 – 1962)

Рабочы з Радома

Не ведаю, чым ёсць паэзія,
не ведаю, што ў ёй бачаць,
ды ведаю, што часам людзі
чытаюць вершы і плачуць,

а потым самі пішуць
з намаганнем, паволі,
каб ад гнятлівай цішы
сэрца плач супакоіць.

Калі вось сыночка страціў
адзін рабочы з Радома,
пра верш падумаў з плачам
і ліст напісаў мне дадому:

“Мой хлопчык быў порсткі,
пястунчык, ружовенькі целам…
Вершык хай будзе кароткі
і свецкі – а не касцельны…”

Не ведаю, чым ёсць паэзія:
ёсць нешта ў ёй з жазла Маісея:
скалы даткне – вада пальецца.
Можа забіць і ўваскрэсіць.





Беата Абертынска (1898 – 1980)

* * *

О, Божая цярплівасць! Пашкадуй нас! Гэту, напраўду, галоту!
Бедны статак людзей! Гэтых сэрцаў бясплодную глебу!
Калі першы голад спатолім акрайцам ячменнага хлеба,
Бяздумна ласак аскепкі топчам хутчэй у балота.

Людзі на свеце

Людзі на свеце! Ах, што за Збожжа!
Аж у аборы светла й прыгожа.

Што за ўмалот? Якія Зярняты?
Як бы хто сонца сыпаў лапатай…

Цуд ў галаве не месціцца гэты?
Бог у жолаб аўсом сыпнуўся свету,

На хлеб-жыццё, спакой і дабро,
Самога Сябе аддаў на Аброк.





Ян Лехань (1899 – 1956)

Князьнін* і жаўнер

У чорнай адзежы, аздобленай дзіўна ў кветы,
Над вадою ў запушчаным парку, ля старой хаты,
Калісьці снаваўся ў Пулавах Князьнін звар’яцелы,
Якога розум не вытрымаў пасля айчыны страты.

Ганяючы матылёў, што мігцелі ў сонечных плямах,
Загледжаны ў простыя зёлкі і слімакоў рожкі,
Ён дажываў рэшту дзён, несвядомы канца той драмы
Ні землякоў цярпення, ні лёсу Касцюшкі.

Аднойчы, калі ён між дрэў блукаў, гнаны хваробай,
Яго ўбачыў, з свае далёкае дарогі
Вяртаючыся, малады жаўнер, што страціў ногу,
Убачыў і шапнуў: “Гэты ўладкаваўся вельмі добра”.

* Князьнін Францішак Дыянізы (1750-1807). У 1764-1770 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы і Слуцку. З 1775 сакратар князя А.К. Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чарта-рыйскіх у Пулавах (ад перакладчыка).

Сустрэча

Сёння ноччу самотнай, у найшоўшым бяссонні,
З месячных промняў, нейкім дзіўным натхненнем,
Сам не ведаю як, я раптоўна ачнуўся ў Равене
І з даўно нецярпліва чаканай сустрэўся персонай.

Праз вакно нехта ціха іграў, адчыніўшы, на флейце
І вецер злягчэлы водар прыносіў душліва-чароўны.
Я йшоў у яго, ублытаны, як у містычным букеце
Пад купалам неба іскрыстым ночы сузорнай.

“Над тужлівымі Бог улітуецца – тымі, хто просіць!”
Як закляты Усявышнім, я прымружыў павекі –
І толькі рэчкі пачуўся мне дзіўны водгалас нейкі,
А потым, а потым я Данта згледзеў на мосце.

“Ты, гэта ж ты, мой настаўнік! Чаму такі бледны
І чаму неспакой цябе дзіўны агнём пажырае?
Я прыходжу ўпрасіць, каб раскрыў ты сакрэт свайго твару.
Я нічога не знаю. Заблудзіў. Дай сваё настаўленне”.

Ён так мовіў ці, можа, вада, ці мовіла поўня.
Я ўпаў, галаву засланіўшы, каб шыта было і крыта:
“Няма неба й зямлі, няма пекла й прадоння,
Толькі ёсць Беатрычэ. І няма яе менавіта”.





Станіслаў Чэрнік (1899 – 1969)

Парабала

Спынілася скаціна ля касцёла.
Рыканнем просіць пастуха:
Вароты адчыні нам,
Не хочам быць за брамай,
Адгароджаныя цяжкімі дзвярыма
Ад прасвітэрыі і алтара.
Хочам быць са святасцю таксама.
Злучаныя з касцёлам гэтым,
Хрышчоныя, мірапамазаныя,
Кананізаваныя, багаслаўлёныя,
Як егіпецкія быкі святыя,
Як святыя індускія каровы.
Адчыні нам брамы.
Не адступім ад свайго намеру.
Будзем рыкаць гучна й набожна,
Покуль сам дух божы
Насцеж не адчыніць нам дзверы.





Юліян Пшыбась (1901 – 1970)

Авідзій

Над чорным морам
у замёрзлым у асенніх кветках горадзе-курорце
з дзесяці тысяч пустых пакояў
выйшаў адзін я –
сам, як шматтысячная адсутнасць чалавечая.

Чую чыйсьці позірк, аглядаюся, не вярнуся, сыйду
нізка, найніжэй, над ваду празрыстую –
у адплываючай лодцы
ад вострава, які астаўся маленькім,
не большым, як пергамент разгорнутага”Трысцюм”

зрок далёкі і даўні так блізка,
як быццам нехта, хто глядзеў праз вякі, раздвоіў
воды касой на салёнае возера
і неадлітае з вачэй гэтае адно выгнанніцкае
мора аддзяліў з жалю невыразна
ад мора таго часу, мора без хвалі,
балючае, як соль на языку,

што астаўся тут – як сляпы, замкнуты ў дотыку,
і далей накоплівае берагі, краі ды ростані
на бедны гарызонт пешай фантазіі,
якая не вядзе нікуды –

А я дубею – і ў вочы мне падае
снегам белізна твайго ліста.

Не бачу – гасіць беласць сваю ў Балтыцы
снег, які прастор стварае паміж намі.





Мар’ян Пехаль (1905 – 1989)

Айчына

Польшча не мае мінулага часу.
Мае ў надзеі час прышлы. І можа
быць зразуметай адно толькі ладам
умоўным, ніколі праз спражэнне
слова кончанага трывання. Яна яшчэ
не зроблена. А ўсяго толькі
запраектаваная. Куча цаглін,
каб скласці паводле схемы
сну. Куча лому дзеля пераплаўкі
паводле фантазіі, па вобразу
і падабенству не сённяшняй
патрэбы, але фанабэрыстасці.
Вопыт гісторыі даказвае
яе абсурднасці. Падсумаванне
дадзеных наводзіць на песімізм.
Наіўная вера ставіць пад знакам
пытання хвілінныя поспехі.
І выветрыўся ўжо цэмент рэлігіі.
Спачатку Польшча вырастала нам
з коласа, пазней з бульбіны
і гарэлкі. Цяпер з вугля, з лозунгаў
і неабходнасці. А шмат хто
падшывае міфам сваю адвагу
мыслення. Штодень малітваю
прапалосквае радыкальныя думкі
прымусовы рацыяналіст.
Наша гістарычная спадчына: час
ад часу мяняць азначэнне
айчыны, як і ейныя межы.
Унукі спазнелай мудрасці, спісвайце
падзеі ветрам! Чаплівая пякотка
няволі, тая гангрэна паэзіі
нашай, тыя сухоты адчуванняў,
флегмона думкі. Чалавек у мастацтве
скарачаецца да памераў казяўкі.
Затое ў жыцці часта падобны
да расцягнутай праз меру
спружыны. У гэтым стагоддзі,
зачыненым у незгаральнай шафе, што
адчыняецца часам ключом парыву з усходу,
няма месца для айчыны з апілак.
Яна ў паэзіі мае вечнае існаванне,
удзень штодзень з мёртвых уваскрэсне.
Прыцягае распыленых па свеце,
як магніт металічнае смецце.
Імёны найлепшых іскрамі
запісвае на снезе памяці.
Апошні яе подпіс будзе на старонцы
надзеі. Нараджаецца ў нас святлом
у калысцы. І не гасне ў труне,
дзе попел сэрца свеціць з-пад пластоў
зямлі, як дробка радыя свеціць.





Станіслаў Рышард Дабравольскі (1907 – 1985)

На Пэр Ляшэз

Ravensbrück
ICI
REPOSENT
des CENDRES
de FEMMES DEPORTEES
MARTYRES
de la BARBARIE NAZIE

1939 – 1945 
інскрыпцыя на помніку

На могілках Пэр Ляшэз
бледныя рукі з мармуру цягнуцца ў неба
– чаго? 
– літасцівасці просяць?.. помсты хочуць..?
справядлівасці?
жыцця?
Не ведаю.
На Пэр Ляшэз
пад глухім каменным маўчаннем
спяць
побач злучаных з Парыжам касцей камунараў,
побач зветранага плашча паўстанца
Валерыя Врублеўскага,
побач прахаў Генры Барбюса і Ваяна Куцюр’е
святыя астанкі маёй маці,
Уладзіславы з Ясінскіх,
неразвеяныя трывожным ветрам лістапада
1944 года
– кроў з крыві і косць з косці польскіх якабінцаў.
Чаго просяць у неба рукі?
Свабоды? Справядлівасці?
Жыцця?
Не ведаю.
Але ведаю, што заўтра – хутчэй смерць,
чымсьці ганьба другі раз.





Станіслаў Пентак (1909 – 1964)

Польшча

Здавен-даўна, спакон веку
ідзём мы сасмаглыя, неспакойныя.

Чаго нам не хапае?

Зноў акунуць ступні ды рукі
ў паветра зялёных кручаў і дарог.

Чаго ж нам не хапае?

Хочам выспы вісляныя мець пад сваёй галавой,
хочам з берагу на бераг сваімі сіламі 
пераплываць,
ноччу ліпнёвай ляжаць на полі, 
чакаючы выбуху сонца,
крыку абуджаных птахаў і звяроў
каля крыніц вясенніх..?

У сонцы стаіць таполя,
цень уграз у балоце жоўтым – ды вясёлы.
Макі растуць у пшаніцы,
каб з іх шуму нарадзілася хмара
і паплыла над краінай,
ажыўляючы ціш і чалавечыя мары.

Светла-сіня ў Польшчы, нябеснай і польнай –
ды ўсе людзі яе, змалку,
толькі мінулае бачаць у наваколлі,
мрояцца ў снах ім наёмнікаў боты і танкі.

Здавён-даўна ідзём мы неспакойна.

Далей у дарогу

У прыгожасці, што доўжылася, але была неахопнай,
я стаяў. Надоўга засланіўшы вочы далоняй.
Побач іржалі ад стомы мае верныя коні.
Я гаварыў: “Як жа, значыць, ніхто мяне дабром не ўспомніць
на свеце? А я, каб пісаць, абраў убоства
і жыў без сям’і, без дзетак, без жонак!..”

Кроплі дажджу ў пробліску зор чаравалі сваім мноствам.
Я дрыжаў. Адзін з маіх коней стаў на калені, спалоханы.





Чэслаў Мілаш (нар. 1911)

Заклінанне

Прыгожы наш, чалавечы, розум і непераможны.
Ні краты, ні дрот, ні кіданне кніг у памол,
Ні прысуд выгнання не змогуць нічога супраць яго.
Ён стварае ў мове ўсеагульныя думкі
І вядзе нашу руку, таму мы і пішам з вялікіх літар
Праўда і Справядлівасць, а з малых – хлусня і крыўда.
Ён над тым, што ёсць, узнімае, што быць павінна,
Непрыяцель адчаю, прыяцель надзеі.
Ён не знае граніцы між нявольнікам і панам,
Аддаючы ім панаванне над супольным падворкам свету.
Ён з гнюснага гоману мучаных слоў
Выратоўвае сказы сур’ёзныя, ясныя.
Ён нам гаворыць, што новае ўсё пад сонцам,
З далоні вякоў мінулых адкрывае жывое.
Гожай і маладзенькай ёсць Філа – Сафія
І здружана з ёю паэзія ў службе Дабра.
Прырода ледзьве ўчора святкавала іх дзень нараджэння,
Чутку аб гэтым гарам прынёс аднарог і рэха.
Слаўнай будзе іх дружба – часу непадуладная.
Яе ворагі выдалі сябе на знішчэнне.

Асот, крапіва 

(…) le chardon et la haute
Ortie et l’ennemie d’enfance belladona
O. Milosz 

Асот, крапіва, чартапалох і беладонна
Маюць будучыню. Ім належаць пустэча
І паржавелая чыгунка, неба і ціша.

Кім буду для людзей далёкіх пакаленняў,
Калі пасля гаманы языкоў узнагароду атрымае ціша?

Меў мяне збавіць талент складання слоў,
Аднак мушу быць падрыхтаваны да зямлі без-граматычнай.

З асотам, крапівой, чартапалохам і беладоннай, 
Над якімі ветрык, соннае воблака і ціша.

Павінен, не павінен

Чалавек не павінен улюбёна глядзець на месяц.
Сякера ў ягоных руках не можа траціць цяжару.
Ягоныя сады павінны пахнуць гнілымі яблыкамі
І зарастаць у меру крапівой.
Чалавек, гаворачы, не павінен ужываць слоў для яго найдарагіх,
Ні расколваць зерне, каб даведацца што ў сярэдзіне.
Ні кідаць крошкі хлеба, ні пляваць на агонь
(Так ва ўсякім разе вучылі мяне ў Літве).
Калі ж узыходзіць на мармуровыя сходы
Хам, няхай стараецца ботам пакінуць драпіну
Дзеля напаміну, што сходы гэтыя доўжыцца не будуць.


Ты, хто пакрыўдзіў

Ты, хто пакрыўдзіў проста чалавека,
На смех падняўшы ягоную крыўду,
Маючы блазнаў грамадку пад бокам
Дзеля мяшання дабра і ліхога, 

Хоць табе ўсе прысвяцілі б паклоны,
Цноту і мудрасць табе аддаючы,
Золатам ўсіх медалёў абсыпаючы гонар,
Рады, што йшчэ адзін дзень ім жыцця дараваны,

Чуй небяспеку. Паэт памятае!
Забіць яго можаш – народзіцца новы.
Будуць запісаны ўчынкі ўсе і размовы.

Лепшы табе быў бы золак зімовы,
Сук ды шнурок пад цяжарам напяты.

Не болей

Я павінен калісьці сказаць, як змяніў я
Думку аб паэзіі і як гэта сталася,
Што цяпер лічу сябе адным з шматлікіх
Скупшчыкаў і рамеснікаў Царства Японіі,
Якія складаюць вершы пра цвіценне вішань,
Пра поўню месяца і хрызантэмы.

Калі б я мог венецкіх куртызанак
Апісаць, як на двары яны дражняць паўліна, 
І з жамчужнай павязкі, з ядвабнай тканіны
Вылавіць поўныя грудзі, чырванаватую
Паласу на жываце ад зашпільвання сукенкі, 
Хоць так, як бачыў шкіпер галеонаў,
Што раніцай той прыплыў з залатым ладункам;
І каб жа адначасна мог я бедныя іх косці
На могілках, дзе браму ліжа ўскормленае мора,
Змясціць у слове больш трывалым чымсьці нейкі грэбень,
Што, парахнеючы ў труне, адзін, сам святла чакае.

Не усумніўся б я тады. А з непадатлівай матэрыі
Што нам дасца ўхапіць? Нічога, прыгажосць – не болей.
Таму і задаволіць мусяць нас вішань кветкі
І хрызантэмы і месячная поўня.

Алену Гінсбергу

Алене, добры чалавеча, вялікі паэце забойчага стагоддзя,
ты, які баронячы шаленства, дайшоў да мудрасці.

Табе прызнаюся, маё жыццё не было такое, як бы хацеў.

І цяпер, калі прамінула, ляжыць як непатрэбная шына
на ўзбочыне дарогі.

Было такое як жыццё мільёнаў, супраць якога
ты бунтаваў у імя паэзіі ды ўсюдыіснага Бога.

Падпарадкаванае звычаям, з ведай, што яны абсурдныя,
і неабходнасці, якая зрывае кожнага ранку і прымушае
ехаць на працу.

З няспоўненымі жаданнямі, нават з няспоўненай ахвотай
крычаць і прабіваць ілбом сцяну, паўтараючы сабе самому
забарону “Нельга”.

Нельга сабе паблажаць і дазваляць не-рабіць-анічога,
пра свой боль раздумоўваць, нельга шукаць дапамогі
ў бальніцы і ў псіхіятра.

Нельга таму, што абавязак і таксама таму, што страх перад
сіламі, якім толькі дазволь, і выявіцца нашае блазенства.


І я жыў у Амерыцы Молаха, кароткастрыжаны і пабрыты,
вяжучы гальштукі, п’ючы бурбон штовечар перад сваім кінавізарам.

Чортавыя карлікі пажадлівасцей куляліся ўва мне,
я ўсведамляў іх і паціскаў плячыма: разам з жыццём
прамінуць усе.

Трывога падкрадалася ўсё бліжэй і бліжэй, я мусіў
прыкідвацца, што ніколі яе няма і што з іншымі мяне
злучае блаславёная нармальнасць.

Такая вось можа быць школа, без наркотыкаў і адрэзанага
вуха Ван Гога і братэрства найсвятлейшых розумаў
за кратамі шпіталяў.

Я быў інструментам, я слухаў, вылоўліваючы галасы
з балбатлівага хору, перакладаючы на простыя сказы,
з коскаю і кропкаю.

Я зайздрошчу тваёй смеласці абсалютнага выкліку,
палаючых слоў, бязлітаснага праклёну прарока.

Збянтэжаныя посмехі тваіх іраністаў адаслалі ў музеі,
не вялікае гэта мастацтва, але ж памятка няверы.

У той час, калі твой крык блюзнерчы далей чуецца
ў неонавай пустыні, па якой блукае чалавечае племя,
асуджанае на нерэчаіснасць.

Уолт Уітмен слухае ды кажа: Так, так менавіта трэба,
каб целы мужчын і жанчын завесці туды, дзе ўсё
станецца здзейсненым і дзе жыць згэтуль будуць
у кожнай змененай хвілі.

А твае банальнасці журналіста, твае барада і пацеркі
ды адзежына бунтара тае эпохі прабачаюцца.

Таму што не шукаем таго, што дасканалае, шукаем таго,
што застаецца з безупыннага імкнення.

Памятаючы, колькі значыць шчаслівы выпадак, спалучэнне
слоў і акалічнасцей, раніцы з аблокамі, якія пазней
здадуцца непазбежнымі.

Не дамагаюся ад цябе манументальнага твора, які быў бы
нібы сярэдневяковы касцёл над французскай раўнінай.

Я сам меў такую надзею і працаваў, аднак ужо напалову
ведаючы, што незвычайнае перамяняецца ў звычайнае.

І ў планетарнай мешаніне моў і веравызнанняў памятаюць
нас не даўжэй чымсьці вынаходцаў калаўротка ці транзістара.

Прымі гэту пашану ад мяне, кагосьці, хто быў іншы,
але на той самай неназванай службе.

З недахопу лепшых азначэнняў называючы яе толькі
справаю пісання вершаў.

У Шэтэйнях*

І

Гэта быў мой пачатак і зноў я з Табою,
тут, дзе навучыўся чатыром бакам свету.

Нізка за дрэвамі бок Ракі, за мною й будынкамі
бок Лесу, направа – бок Святога Броду,
налева – Кузні і Парому.

Куды б ні вандраваў я, па ўсіх кантынентах,
заўсёды павернуты тварам я быў да Ракі,

Чуючы смак і духмянасць разгрызенай бела-чырвонай
сакавітасці аеру, 

Заслуханы ў старыя паганскія песні жняцоў,
што вярталіся з поля, калі сонца пагодлівых вечароў
дагарала там, за ўзгоркамі.

У здзічэлай зелені я мог бы знайсці месца,
дзе стаяла калісьці альтанка і дзе Ты мяне
прымушала пісаць першыя крывулі літар.

А я вырываўся і ўцякаў у мае тайныя сховішчы,
Перакананы, што літар пісаць ніколі не навучуся. 

Не спадзяваўся, аднак, спазнаць і такія веды:
што рассыпаюцца косці ў пыл, мінаюць дзесяткі гадоў, 
але трывае ўсё тая самая прысутнасць.

Што можам, вось так, як я з Табою, быць у краіне
адвечных люстраў, вандруючы па няскошаных травах
у тым самым часе.

ІІ

Ты лейцы трымала і нас двое ехала аднаконнаю брычкай
пагасцяваць у вялікай вёсцы пад лесам.

Голле яблынь і груш угіналася ад ураджайнасці плода,
аквечаныя ганкі дамоў сцераглі гародчыкі мальваў і руты.

Гаспадары частавалі нас размоваю пра свае сельскія справы,
кабеты пры ткацкіх варштатах доўга важылі слова пра колер асновы.

На стале – вяндліны, соты мёду ў глінянай місцы,
і я піў хлебны квас з бляшанай кварты.

Я папрасіў старшыню, каб паказаў мне гэту калгасную вёску, 
ён вывез мяне ў поле, адкрытае аж да лесу, 
там затрымаў легкавушку перад агромністым каменем.

“Тут была вёска Пейксва”, – сказаў не без трыумфу ў голасе,
як гэта ў тых, што заўжды ідуць у нагу з пераможцамі.

Я прыкмеціў, што валун быў часткова расколаты,
камень разбіць молатам хтось спрабаваў, 
каб прапаў нават гэтакі след.

ІІІ

Я выбег раннім світанкам да гаманлівых птахаў
і вярнуўся, але між хвіляй і хвіляй твор напісаў я.

Хоць так цяжка было цягнуць палачку п, каб злучылася
з палачкай у, або мост перакінуць паміж r i z.

Я трымаў тонкую ручку нібы трысцё і макаў пяро
у чарніла – пісарчык вандроўны з чарніліцай вечнай.

Цяпер думаю, што твор даецца замест шчасця
і што на ім ляжыць пячаць літасці і жаху.

Аднак таго месца дух павінен быць у ім,
як таксама ёсць у Табе, каго ён вёў ад нараджэння.

Гірлянды з лісця дуба і званочак у разгаліне пахучай ліпы,
што запрашаў на набажэнства майскае, 
хацелася добрым быць і не хадзіць між грэшнікаў.

Але калі цяпер стараюся ўспомніць, што было, – 
толькі студня і там адлюдна-цёмна,
аж нічога нельга зразумець.

Адно вядома: ёсць грэх і спагнанне ёсць,
што б ні гаварылі філосафы.

Ты адна, разумная і справядлівая, умела б мяне супакоіць,
сказаўшы, што я зрабіў столькі, колькі мог зрабіць,

Што зачыняюцца веснічкі Чорнага гарода, спакой, цішыня,
што скончана, тое і закончана.

* Шэтэйня (Літва) – месца нараджэння Чэслава Мілаша (ад перакладчыка).

Горад маладосці

Прыстойна было б не жыць. А жыць ніяк непрыстойна,
Гаворыць той, хто вярнуўся пасля доўгіх гадоў
У горад сваёй маладосці. І не было нікога
З тых, што калісь хадзілі па тых вуліцах,
І цяпер не мелі нічога апроч ягоных вачэй.
Спатыкаючыся, ішоў і глядзеў замест іх
На святло, якое любілі, на бэз, які зноў жыва цвіў.
Ногі ягоныя, як бы там ні было, былі дасканальшымі,
Чым ногі без існавання. І лёгкія ўдыхалі паветра,
Як то звычайна жывых, трапяталася сэрца,
Здзіўленае тым, што яшчэ б’ецца. У целе цяпер кружыла
Іх кроў, яго артэрыі жывілі іх кіслародам.
У сабе адчуваў іх вантробы, страўнікі, кішкі,
Мужчынскасць й жаноцкасць, даўнія, ў ім сустрэліся,
І кожная збянтэжанасць, каханне і смутак.
Раз нам даступнае такое разуменне,
Думаў, што ў адной спачувальнай хвіліне,
Калі што мяне ад іх аддзяляла, гіне,
І дождж кропель з гронкі бэзу сыплецца на твар
Яго, яе і мой у тым самым часе.

Хто?

За чырвоным святлом вуліцы маладое лісце каштанаў.
Кім ёсць той, хто бачыць?
Адкуль прыходзіць і куды знікне, хто
Ёсць той, які тут замест яго
Бачыць будзе тое самае, але ж не тое сама,
Бо з іншаю пульсацыяй крыві?
І галіны дрэў магутных над стромаю дарогай ўгору,
Пахіленыя к сабе, і ў той алеі,
За каланадай пнёў, адкрыўшаеся ззянне.
Для каго яно? І як змяняецца
За кожным новым паваротам бачання?
Будзьце сабою, прадметы гэтай зямлі, будзьце сабою.
Не давярайце нам і нашаму дыханню,
Ні фантазіям здрадліва-хцівага вока.
Сумуем за вамі. За вашай істотай,
Каб такімі трывалі ў сабе, якімі вы ёсць,
Чыстыя і нікім не агляданыя.

Эгей!

То праўда, што нашае племя пчолам падобнае.
Збірае мёд мудрасці, нясе і хавае ў соты.
Не адну гадзіну патраплю блудзіць лабірынтам
З паверха на паверх Цэнтральнай бібліятэкі.
Але ўчора, шукаючы слова настаўнікаў і прарокаў,
Я зайшоў у высокія рэгіёны,
Не наведваныя амаль нікім ніколі.
Я браў фаліянты і нічога з іх не мог вычытаць,
Бо літары выцвілі і зніклі са старонак.
– Эгей! – ускрыкнуў я, дык вось што стаецца з вамі!
Вам, о паважаныя, вашым бародам і парыкам!
Значыць, назаўжды замоўкла збавеннае пасланне?

Таго дня ў хаце варылі сочыва
І ваш сабака, што спаў ля каміна, пазяхаючы
Абуджаўся і глядзеў на вас, нібыта ўсё разумеючы.

Пасля пакутаў

Гіпотэза ўвасрэсення,
Якую нейкі вучоны выснаваў з квантавай механікі,
Прадбачыць вяртанне да родных месц і людзей
Праз мільярд альбо два мільярды зямных гадоў
(Што па-за часам роўнае адной хвіліне).
Я рад, што прычакаў здзяйсненне прадказання
Аб магчымым альянсе рэлігіі і навукі,
Які падрыхтавалі Энштэйн, Планк і Бор.
Сур’ёзна не ўспрымаю навуковыя фантазіі,
Хоць шаную іхнія формулы і чарцяжы.
Тое самае сфармуляваў, карацей, Пётра апостал,
Кажучы: Апокатастасіс пантон,
Аднаўленне ўсяіснага.
Аднак жа гэта памагае: магчы сабе ўявіць,
Што кожная асобіна мае код замест жыцця
У вечнай камеры хавання, суперкамп’ютары сусвету.
Ператвараемся ў гніль, прах, мікраўгнаенне.
Але застаецца той шыфр, значыць сутнасць,
І чакае, і нарэшце пакрываецца целам.
(…                     …                     …)
Не што іншае вернікі ў вясковай царкоўцы
Хорам паўтараюць, просячы жывата вечнага.
І я з імі. Не разумеючы.
Кім буду, калі прачнуся пасля неймаверных пакутаў.





Ян Твардоўскі (нар. 1916)

Ліст да Маці Божай

Напачатку хачу сказаць што жывем па-старому
жоўтая сітаўка цешыцца сваёй чорнаю дзюбай 
ласось вяртаецца ў раку дзе нарадзіўся
мурашкі ліжуць ножкі хіба ўжо па звычцы
сарна лечыцца мальваю і ўжо кашляе меней
а лес такі зноў прыгожы што стаіць нібы прывід
пчолы не знаюць Шапэна але самі ствараюць канцэрты
смерць як заўсёды нізка кладзе на зямельцы
святым стацца тут можна ўжо на падворку
сыплючы курам зярняты па-старасвецку
найхарашэйшы над рэчкай зноў ліпень у Польшчы
і прыгажосць тады блізка калі час наш мінае
ніводная рыба не траціць бліскучае лускі
сарока з хвосцікам вузкім досціп адзін паўтарае
рэчы трымаюць у памяці цені памерлых
маці маю памятае імбрычак разбіты
для салаўя ў чэрвені кожная ноч замалая
таму што з веры ў каханне цела свайго не шкадуе
спявае што сэрца жывое непадуладнае смерці
бусел стаіць на адной назе як раней і чакае

пішу гэты ліст бо ўбачыць Цябе не маю надзеі
аднак мне здаецца што часам чую Тваю прысутнасць
бо адкуль раптам явіцца шэпт калі засынаю

Між голубам і арніталогіяй

Колькі ж яшчэ святой свабоднай прасторы
неспадзевак з настаўленым вухам
колькі яшчэ таго найпрасцейшага і непалічанага
хоць бы ружовай мальвы звычайнай быліцы белага крываўніка
                                арэшкаў граба і жалудоў для дзікоў
колікі яшчэ месца на малітву
колькі месца на пакуту –
колькі аказіі для святой споведзі са сціснутым у горле маўчаннем
колькі даслоўнасці сэрца
колькі каморак для найму –
між голубам у сонцы – і артанілогіяй
між колерам чырвоным і цагляным
між канём светлагнядым і яблыкападобным
між рэзедой дзіваннай на жоўтай ножцы – і батанікай
між святымі запаведзямі – і жывым сумленнем
між вялікімі навукамі пра Бога – і Богам





Тадэвуш Ружэвіч (нар. 1921)

Мае вусны

Кончыцца і гэты дзень
Кончыцца вячэра
чысткай зубоў
пацалункам
падпарадкаваннем прадметаў

Дык гэта быў адзін дзень
з тых дзён найдаражэйшых
што ніколі не паўтараюцца

Што са мною здарылася
Прайшоў мінуў
ад раніцы да змроку
як учарашні

Дзень мой
адзіны 
што я натварыў
што я нарабіў

А можа так трэба
выходзіць рана
апоўдні вяртацца
паўтараць некалькі рухаў
парадкаваць многа пажыткаў

Дзень мой
брыльянт найпрыгажэйшы на свеце
дом залаты
блакітная рыбіна
сляза вачэй маіх

Не, не занадта ясныя мыслі
калі стаю з рукамі ў кішэнях
і гляджу праз шэрыя пруты дажджу
за якімі клён жаўцее

Мае вусны
што гаварылі
праўду ілгалі
паўтаралі сцвярджалі
адмаўлялі жабравалі
крычалі шапталі
плакалі смяяліся

Мае вусны
клаліся 
навокал выказаных
незлічоных слоў.

Ад нейкага часу

Ад некалькіх гадоў
працэс абмірання паэзіі
стаўся паскораным

я заўважыў
што новыя вершы
публікаваныя ў тыднёвіках
пачынаюць распадацца
на працягу двух, трох гадзін

памёрлыя паэты
адыходзяць шпарчэй
жывыя
выкідаюць з сябе
у спеху
новыя кніжкі
як бы хацелі заткнуць папераю
дзірку

Міран Белашэўскі (1922 – 1983)

З 14 на 15 снежня 1963

Я адгунуўся сабе задаволенаму,
каб пачуў. Пасля трох дзён
абсалютнага спакою. Цяпло. Позна.
Гэта значыць, ніхто не пагражае. Ёсць што
чытаць, курыць. Хочацца запісваць.
Добра ляжаць, не хочацца ўставаць,
але ўстаецца на хвіліну і
не адразу хочацца легчы, ажно
калі кладзешся, то яшчэ
лепш. Можа гэта тое, чаго
я не прызнаваў, не разумеў:
любоў да сябе самога? Гэтак званая.
Бо і тое яшчэ, што
аформілася штосьці камусьці
і можна быць сабою?
З такою думкай.

Ды яшчэ гэткі люксус, што можна
ужо перастаць пісаць. Пачаць чытаць,
перастаць чытаць, хацець пісаць,
а не запісваць, пачаць чытаць і чы-
таць да разаспанасці, пужацца
разбуджэннем, лавіць тэкст, дазволіць 
сабе згасіць асвятленне. І напаследак
цешыцца з усёй бессаромнасці
прызнання гэтага самому сабе з надзеяй,
што іншыя даведаюцца і тое раскажуць.

Ляжанні

1
насупраць начных шчылін
цёмна – я
кватэрна – я
ляжальна—я

2
ляжанне
ў падаўжанне
без ніводнай планкі злосці што скарачае
робіцца адно даўжынёю робіцца быццам
запускаецца ў добрую сабе рэчаіснасць
не канчаецца

3
калі ляжу непрыдатны ўставанню
ляжанне выпускае карэнне
не веру ў рухомасамасць
заўжды сарвацца гатовы зялёны

4
такое ляжанне-думанне якое люблю
дрэннае з сваёй натуры
бо няхай у натуры я
так сабе ляжу-дыдумкаю
зараз мяне нападзе нешта і зглумкае

5
лёгма ў ложку хачу быць добры
праз сон расце дабрыні кустоўе
ляжанне дабрыню ў цяпле разгойдвае
аднак устанне яе звівае раптоўна





Віслава Шымборска (нар. 1923)

Усялякі выпадак

Здарыцца магло.
Здарыцца павінна было.
Здарылася раней. Пазней. Бліжэй. Далей.
Здарылася не табе.

Ты ацалеў, бо быў першы.
Ты ацалеў, бо быў апошні.
Бо сам. Бо людзі. Бо ўлева. Бо ўправа.
Бо дождж ішоў. Бо падаў цень.
Бо стаяла сонечнае надвор’е.

На шчасце быў там лес.
На шчасце дрэў не было.
На шчасце рэйка, крук, бэлька, тормаз,
паварот, вугал, міліметр, секунда.
На шчасце брытва плыла па вадзе.

З прычыны, таму што, аднак, насупраць.
А што было б, калі б рука, нага
на крок, на волас
ад збегу акалічнасцей.

Значыць жывеш? Проста з яшчэ прыадкрытай хвіліны?
Сець была аднавокая і ты – праз тое вока?
Надзівіцца не ўмею, не магу намаўчацца.
Паслухай,
як хутка б’ецца тваё жывое сэрца.

Аўтатамія

Памяці Галіны Пасьвятоўскай

У небяспецы галатурыя дзеліцца надвое:
адну сябе аддае на зжыранне свету,
другой сабою ж уцякае.

Раптоўна дзеліцца на страту і ратунак,
на пакаранне й ўзнагароду, на што было і што будзе.

У палове цела галатурыі ствараецца прорва
з двума імгненна чужымі берагамі.

На адным беразе смерць, на другім жыццё.
Бераг роспачы, бераг надзеі.

Калі б была вага, шалі не хістнуліся б.
Калі справядлівасць ёсць, дык вось яна. 

І памірае толькі мус, не перабраўшы меры,
І адрастае колькі трэба з ацалелай рэшты

Ах, патрапім раздзяляцца, праўда, мы таксама.
Але ж на цела выключна і абарваны пошапт.
На цела і паэзію.

На адным беразе – горла, на другім – усмешка,
Лёгкая, хуткапрамінальная.

Тут – цяжкае сэрца, там – non omnis moriar,
Толькі тры слоўцы, як тры невагомыя пёркі.

Ды не разрывае нас прорва.
Прорва нас акружае.

Бачанае зверху

На сцежцы польнай – мёртвы жук.
Тры пары ножак склаў на жываце старанна.
Замест бязладдзя смерці – прастата й парадак.
Жудасць гэтае падзеі памяркоўная,
строга лакальны радыус – ад пырніка да мяты.
Не ўздымаецца смутак.
Сінее неба.

Для нашага спакою, смерцю хоць бы плыткай
не памірае, толькі здыхае жывёліна,
трацячы – хочам ў гэта верыць – менш чуцця і свету,
сыходзячы – як нам здаецца – з менш трагічнай сцэны.
Іх пакорлівыя душачкі не страшаць нас ноччу,
шануюць адлегласць,
знаюць, што такое пакора.

І гэты на сцяжыне мёртвы жук
у стане неаплаканым пабліскваў у кроплях сонца.
Даволі пра яго падумаць столькі, колькі ўбачыць:
выглядам гаворыць, што не сталася нічога важнага.
Важнае стаецца – бачыце – выключна з намі.
Толькі ў нашым жыцці, толькі ў нашай смерці,
смерці, што карыстаецца вымушаным першынствам.

Моўкнасць раслін

Аднабаковае знаёмства між мною і вамі
развіваецца не найгорай.
Ведаю вас, лісток, пялёстак, колас, шышка, сцябліна
і што дзеецца з вамі ў красавіку, а што ў снежні.

Хоць мая цікаўнасць не мае ўзаемнасці,
над некаторымі нахіляюся спецыяльна,
а да некаторых з вас задзіраю галаву.

Маеце ўва мне імёны:
клён, лапух, пралеска,
верас, ядловец,
незабудка, амяла,
а я ў вас аніякага.

Кіруемся ў адным напрамку.
А ў час супольных падарожжаў, аднак, размаўляюць,
абменьваюцца хоць бы заўвагай аб надвор’і
альбо аб прыпынках, што мільгаюць у разбегу.

Хапіла б іншых тэмаў, бо нас шмат што яднае.
І трымае нас зорка адна ў сваім абсягу.
Цені адкідаем па адных законах.
І спрабуем ведаць нешта, кожны на свой спосаб,
а тое, чаго й не знаем, таксама нас злучае.

Растлумачу як патраплю, толькі запытайце:
што значыць глядзець вачыма,
чаму б’ецца маё сэрца.
і маё цела чаму неўкаранёна.

Ды як адказаць на непрамаўляльныя пытанні,
калі ў дадатак з’яўляешся кімсьці,
так зусім для вас нікім.

Зараснікі, пералескі, лугі й чараты –
усё, што вам гавару, адно маналог,
і не вы яго слухаеце.

Размова з вамі неабходная і – немагчымая.
Неадкладальная ў паспешлівым жыцці
і адкладзеная на ніколі.

Некаторыя любяць паэзію

Некаторыя –
значыць, не ўсе.
Нават не большасць з усіх, але меншасць.
Не лічачы школ, дзе мус,
і саміх паэтаў,
будзе тых асобаў дзве на тысячу.

Любяць –
але любяць таксама расол з макаронамі.
Любяць кампліменты і блакітны колер,
любяць стары шалік,
любяць настаяць на сваім,
любяць гладзіць сабаку.

Паэзію –
толькі што такое паэзія?
Не адзін зменлівы адказ
быў дадзены на гэтае пытанне.
А я ведаць не ведаю і трымаюся гэтага,
як збаўляльнай парэнчы.



Павел Гайнтш (нар. 1924)

Шукаю цябе, Божа

Шукаю цябе з болем, Божа,
на сцежках жыцця, малых і вялікіх,
клічу маўчаннем, клічу трывогай
маёй, і жалем, і крыкам.

Бягу за Табою, калі Ты ідзеш
пад цяжкаю ношаю крыжа
нястомнымі крокамі вышай, 
сваю перамогшы на векі смерць.

Дазволь прыбегчы й прыхіліцца
чалом да дрэва Тваёй пакуты,
і маім дазволь жа гора-мукам
у кроў, агонь перамяніцца.

Ды вось іду такі збалелы
і згублены ў вірах варожых.
Не дазваляй мне мукі адрачыся,
не дазваляй мне, Божа.

Прысутны

Прысутны ў гэтым слове,
Хоць Цябе я не клікаў.
Гарыць мне Табою
Часцінка кожная мовы.
Цела Тваё – слова
І слова Тваё – цела,
Ценем змяркання,
Пахам сасновым.

Люблю, дык ёсць я,
Хоць мне штораз
Цямней…

Гэта Тваё святло
Гарыць ува мне.

прысвячэнне ў старым стылі

знаць ніколі не зыйсціся
нашым лёсам
побач лёсу іншы лёс патупае
сваёй дарогай
а як зблізіцца каторы
нешта спудзіць
хоць успыхне
нехта здзьмухне полымя жывое

дык злавіць паштовага голуба я мушу
і яму на кольцы
запіс часу перадам
адляціць і наша з ім імгненне
схопленае даллю
каб маглі калісь успомніць
у лепшым іншым свеце
нашы чалавечыя два твары



Збігнеў Гэрберт (1924 – 1998)

Настаўнік прыроды

Не магу я ўспомніць сабе
яго твару

уставаў высока нада мною
на доўгіх расстаўленых нагах
я бачыў
залаты ланцужок
папялісты сурдут
і худую шыю
да якой быў прышпілены
нежывы гальштук

ён першы паказаў нам 
нагу нежывой жабы
якая іголкай датыканая
раптоўна курчылася

ён увёў нас
праз залаты бінакуляр
у інтымнае жыццё
нашай прамацеры
туфелькі

ён прынёс
цёмнае зерне
і сказаў: спарыння
з яго намовы
на дзесятым годзе жыцця
я стаў бацькам
калі пасля напружанага чакання
з каштана апушчанага ў ваду
паявіўся жоўты парастак
і ўсё загаманіла
навокал


на другім годзе вайны
забілі настаўніка прыроды
нягоднікі ад гісторыі

калі пайшоў на неба –

можа ходзіць зараз
на доўгіх промнях
апрануты ў шэрыя панчохі
з агромністай сеткай
і зялёнаю скрынкай
што радасна дындае за яго плячыма

але калі не пайшоў уверх –

калі на лясной сцяжыне
сустракаю жука што карабкаецца
на пясчаную горку
я падыхожу
шоргаю нагамі
і гавару:
– добры дзень, пане настаўнік,
дазвольце вам памагчы –
далікатна яго пераношу
і доўга за ім назіраю
пакуль не знікне
у сцямнелым настаўніцкім пакоі
на канцы калідору лісцяў



Эдвард Голда (нар. 1924)

Усе жанчыны

Усе жанчыны,
якія плакалі ад радасці
ў дзень нашага нараджэння,
усе жанчыны,
якія калыхалі нас
ласкаю вачэй
і дотыкам пальцаў
адкрывалі
нашы сэрцы,
усе жанчыны,
якія паглыналі нас
сваім дыханнем
у соль і кісласць поту, 
усе жанчыны,
якія ратавалі нас
у чуллівых тонях сваіх,
усе жанчыны,
з грудзей якіх пілі мы малако
і вечную ненасытнасць,
усе жанчыны,
да крыві якіх прагнем
вяртацца безупынна,
усе жанчыны,
з якіх мы нараджаемся
і штодня нараджаемся нанава,
якія запаўняюць нам
пустату света
і аддаюць сябе
у натоўпе неабдымным
сваіх цел і позіркаў
на зблытаных сцежках сну,
бярэзіны, лугоў, жыта, кветак,
імглы тканін, пасцелі
і люстэрка,
усе жанчыны
ў табе адной
і адзінай
а ты ад мяне ўхіляешся
усмешкай лёгкаю
і хоць ты мая,
але не мая
ніколі.



Уцёкі

Адкуль гэтыя абарваныя сказы,
няпоўныя ўсмешкі,
хадзьба па калідорах у напрамку,
які вядзе найчасцей навокал?

Гэта не людзі, а толькі шумячыя
вушы і раты, якія злучаюцца
у пастаянна зменлівыя сістэмы, залежна ад патрэб,
вызначаных невядомымі сувязямі
невядома каго з невядома кім,
што могуць спаўняцца невядома калі
і чаму.

Штосьці нас акружае, штосьці нас вяжа,
быццам жывем мы ўнутры палімераў,
з месц сваіх зрываемся
і лётаем, уцякаем
праз хвалюючую блытаніну,
як праз сон марудны,
каб прачнуцца там,
адкуль мы ўцяклі.



Тадэвуш Слівяк (нар. 1928)

Тэст

Я папрасіў шасцігадовага мальца
нарысуй дом
– нарысаваў бетонны мурашнік
Папрасіў нарысуй птушку
– нарысваў самалёт
Парасіў нарысуй нядзелю
– нарысаваў вялікі стадыён
запоўнены колькі мажліва
А дзе ж ты – запытаў у яго
– тут – адказаў ён паставіўшы
яшчэ адну малапрыкметную кропку



Януш Ст. Пасерб (1929 – 1993)

Ангел уваскрэсення

Дануце Шумскай

ангел Вялікай Нядзелі бледны і сном недаспаны
яшчэ да ютрані ўстаў вельмі рана

і ляцець мусіў хутка з агромна чыстых даляў
і напружваць сілы пакуль камень вялікі не зваліць

не было б гэта зацяжка і для самога Ісуса
але сказалі яму дык адваліў і сеў на камені ў скрусе

бляск фантанам шугнуў і неба ўшыр залунала
і ў святле нібы кроў чырвоным Галгофа стаяла

засланіў вочы далоняй ды зыркнуў цішком на хвіліну
за ўсіх нас тое зрабіў быў жа сведкам адзіным

потым прыбраў у сярэдзіне і паскладаў дбайна хусты
слухаў вартаўнікоў як клянуць што ў магіле той пуста

пабеглі нарэшце ў горад напрасткі праз Кальварыю
ён не мог адыйсці шчэ бо мелі прыйсці тры Марыі

і было не да радасці яму на галаве спраў безліч новых
баяўся што спужаюцца яны яго і што тады ім мовіць

і пачалі лямантаваць і па чарзе пытацца абамлела
параіў ім спаткацца перш з Пятром а потым йсці ў Галілею

яшчэ б трохі мо з імі пабыў але ж не мог тут сядзець бясконца
другі раз гэтага ранку велізарнае ўзыходзіла сонца

Сінагога Успення

Тут трывае прысутнасць
тут Невыражальны дваіста
па-яўрэйску і па-арабску
Ёсць
бо Нішто яго не выяўляе

маўчаць аб ім у пустцы
гэбрэйскія літары
шэраружовыя каменныя карункі

калі ты ўжо з усяго ачышчаны 
можна й табе прылучыцца

Псалом

Як мяне запаліш калі табе я згасну

акіян жуе ракавіны і каменне
шорсткім языком злізвае пясок
не знаю ці тады больш трывае ці мінае
заўзяты ў сваім глухім тварэнні

а мяне тут няма
я – па-за тым
на другім баку сонца ляжаць мае косці
і вецер іх меле крышачы сузор’і

як мяне запаліш калі табе я згасну



Тадэвуш Новак (нар. 1930)

Псалом пра нож у спіне

Сяджу перад сабою ноччу
Я ў цыліндры я босы
а там з вёскі з вяселля
мяне з нажом у спіне выносяць

Ноччу бягу праз горад
я ў цыліндры я босы
каб сном напаіць бярозы
мне блізкага нябёсам

Нож у плячах зарубцаваўся
сон працёк у разрэз бярозы
Нацырканае ў сад з світання
нам вязу малако ад козаў

Дагары ўва сне ляжым абое
я ў цыліндры я босы
і толькі чуем як ноччу
у спіну глыбей нож уваходзіць
і тры шыбіны ў акенцы
усё гучней лапочуць



Малгажата Гіляр (нар. 1930)

Чэрава

Хопіць
крупінкі іскрынкі хвалявання
каб успыхнула полымя
у вялікай рэторце
жывата

паскручванымі каналамі
коцяцца
плывуць
гучаць
разрэджаныя адчуванні
нават калі яны цвёрдыя нібы крышталь

Падымаюцца
ручаіны 
рэкі
разгарачанай слізі
што знаходзіць вусце
у моры слёз
у моры слоў
у моры маўчання

Гарыць агонь вантробы

Адзіны агонь
што палыхае без вадароду
як хімічна чыстая
матэрыя пажару
Не пагасіць яго
лёд раўнадушнай думкі

Магутная хімія трыбуха
вырабляе 
найвышэйшую тэмпературу
страсці

Залозы выдзяляюць сакрэты
нянавісці 
страху
пажадлівасці

Б’е гейзер істэрыі
расплаўлены бурштын
жоўці

Бурліць адрэналін
дзевятая хваля гневу

Распухае
агромністая ружа печані

А сэрца
як абыякавая воданапорная вежа
нагнятае кроў
на ўсе паверхі
дрыжачага будынку
каб утрымаць у ім нягледзячы ні на што
тэмпературу 36° 6′ па Цэльсію



Багдан Драздоўскі (нар. 1931)

Не можаш спаць

Не можаш спаць. Мароз сцяў рэкі.
Не можаш спаць. Скразняк мычаў.
Не можаш спаць. І цяжкія павекі
Не падняць ўжо змучаным вачам.

І едзеш у падсон, з паўсна ў дрымоту,
Да зданяў, зману і да монстраў,
І дзе рука шукае ўпотай
Чагосьці на пустынях простынь.

Вазьму цябе на сонную планету.
Узыду ў тваё бяссілле, гаркаватасць –
Ці не забыла ты бярложыну з паэтам
І салому, у якую ты смяялася?
*
Маўчыш? Дык новы верш пішу, каб спала.
“Не можаш спаць” – пачну – “мароз мацнее”…
Або, забыўшыся пра Бога неяк,
Замкну у дужках рук сваю я мару.



Анджэй Бурса (1932 – 1957)

Паэт

Паэт мучыцца за мільёны
ад 10 да 13 20
А гадз. 11 10 распірае пухір
выходзіць
расшпіляе шырынку
зашпіляе шырынку
Вяртаецца хэкае
і opiat´
пакутуе за мільёны
З поўнай свядомасцю сваёй бязмэтнасці
але, ах, колькі ж гэта дае задавальнення

Богаўдзячная малітва з засцярогай

Не зрабіў мяне сляпым
Дзякуй табе за гэта Госпадзі

Не зрабіў мяне гарбатым
Дзякуй табе за гэта Госпадзі

Не даў мне бацькоў п’яніц
Дзякуй табе за гэта Госпадзі

Не надзяліў мяне вадзянкаю
Дзякуй табе за гэта Госпадзі

Не зрабіў мяне заікай, кульгавым, карлікам, эпілептыкам,
Гермафрадытам, канём, імхом і нічым іншым з флоры і фаўны
Дзякуй табе за гэта Госпадзі

Аднак чаму зрабіў мяне палякам?

Трынаццацігадовая

Падворак як осліка скура
На бубне напята сухое
У вокнах пасцель віхурыць
Нячыстая ў духаце маёвай

Галаском дзяўчо-падлетак
І ручкаю белай што вата
Калыша спраўным навыкам
Парумесячнага брата

Дзіця пад сонцам атрутным
У чужых муках мусіць кідацца
Без грудак худая як струнка
Перавівае пялёнкі браціка

Пятнаццацігадовы цікаўна
З вакна за ёй наглядае
Так набліжаецца пекла крывавае
Новых родаў і выкіданняў



Ежы Гарасымовіч (1933 – 1999)

Лэмкаўская элегія

Пуста ў царкве тут толькі сонца і месяц
Ляжаць на падлозе крыжам
Дарогай замест багамолаў сёння мурашкі йдуць да святыні
І ў руках святых вырастаюць кветкі жывыя
Восенню дах царквы на буйным ветры
Пазмагаўся і як каршун падняўся
Цяпер струмені слёз льюцца са святых абліччаў
Калі пасвеціць бліскавіца

Альбо снег іх накрые
Белым гарнастаем
Альбо чаромхі квецце
Іх прыцярушыць ў маі

І дрэмле лэмкаў святы як пугач белы
У залатым дупле іконы

Адзінокі як палец ягоны
Угору прыўзняты смела

Песня ХХV

Ветрам разбураная
Рухнула ноччу царква
На брудную падводу дня
Святых паклалі ля святых

Прыкрыў іх плашч стары травы
Прыкрыла лясоў бурая пена
Калі святых целы везлі праз свет
Упала гара на калені

Толькі неба было
У праўдзівай з зор кароне
І на дне сэрца майго
Заплаканы твар іконы

Унізе шуміць па-старому Аслава
Шукаю падмурку Божага храма
І пішучы стаўлю купалы залатыя
У трэмбіту роду, у спеў перавалаў

Ноччу калі на валунах растуць травы
І месяц зарастае дробналістым букам
Скальнай цяснінай верхняя Аслава
Царкоўныя званы каціць з гукам



Станіслаў Грахоўяк (1934 – 1976)

Антыфон

Белавежа Блакітная
Трава Лугоў Пустынных
Стрэльбішча Мудрасці
У адпаведную мішэнь
Уратуй лёс чалавечы

Не выганяй нас са звяроў
Кінь нам жменю глогу
На бель

Не асуджай лгуноў
Выпрамляй іх на ляшчыне
Лясной вадою абмый нам
Дужа паспешныя паклёпы
Белавежа Васільковая
Рыжых дубоў рудымент
Нават упартым сляпым
Пакажы

Ялініца на троне
Пад вадой паляна
Дзе чэша валоссе буйная зелень
Дзе над гушчэчай кружыць жоўтаротая лотаць

Ды свеціць тонкае сонца зацьмення
І пра нас не забудзь

Удавец

Я ўзяў твой шлюбны вэлюм,
У змятую загарнуў газету –
І гэта было бессардэчна,
І жорстка, як боль.

А потым чуллівыя туфлі,
Мілыя лодачкі найдаражэйшыя;
Завушнічкі ж, дзве кроплі расы
Укінуў ў бляшанку з-пад магі.

Ноччу бляшанкай пабразгваю,
Плачу над вэлюмам-клункам,
Штурхаю крэсла ў адчаю
Пустое,
Халоднае,
Нядобрае.

Па табе засталося шчэ мыла,
Якім ты мыліла грудзі –
Валасы гарачыя мыліла
І нос, і нос мыліла.

Цалую той слізкі каменьчык,
Глытаю той слізкі каменьчык –
Назаўтра яго ўжо не будзе,
Мой Божа, і голад пачнецца.

* * *

У закаханых тое ж памкненне – што ў памерлых,
Трэба ўсяго толькі шэсць дошак,
Такая ж колькасць святла прыцямнелага.

У закаханых тыя ж заслугі – што ў памерлых,
Страхам закрыты пакойчык з каханнем,
Дзецям нельга туды ўваходзіць.

У закаханых – пахмурна-вясёлых – тое ж адзенне,
Не паспеюць дзверы зачыніцца,
Не паспее іх зямля засыпаць,
Ападзе дадолу з целаў найцяжэйшая парча.



Галіна Пасьвятоўска (1935 – 1967)

* * *

Галіна Пасьвятоўска гэта быццам бы яшчэ чалавек
і як многія да яе людзі быццам памерці мае
Галіна Пасьвятоўска вось якраз цяпер займаецца
сваім уласным паміраннем

яна яшчэ не верыць хоць ужо вядома
і калі ў сон левую далонь апусціць то правай
моцна сціскае зорку – шматок неба жывога
і святлом праз цемру крывавіць

потым гасне цягнучы за сабою хвост ружовы
што цямнее на ветры ноччу грознаю й халоднай
Галіна Пасьвятоўска – то крыху гардэроба
і тыя рукі – ды вусны што ўжо не галодныя



Кшыштаф Гансяроўскі (нар. 1935)

Чатыры тысячы гадоў
Эратычных сненняў

Нібыта склеп. Ці пячора. Альбо сон.
У любым выпадку пэўна, што ўнутранасць. Не ведаю,
дзе я і ў якім часе.

Бо гэтыя алейныя лампадкі можна было сюды аднекуль
прынесці;

не разбіраюся таксама ў пахах, не вывучаў
гісторыю жаночага водару – не ведаю,
у якіх духмянасцях знаходзілі прыемнасць
колішнія красуні…

Але паўзучы агеньчык выкрывае –
гнуткую, цёмнаскурую жанчыну з раскінутымі
нагамі,

а яе вільготную вульву напалову засланяе
старанна звінутая ў косачку з ўплеценымі
пацеркамі

далікатная прычоска сарамлівай старажытнай
егіпцянкі.

Гараць мае вусны, набрыньваюць крывёю
укусы на шыі і грудзях. Баюся
заплюшчыць вочы

і праваліцца ў жарало ўсёахопнае.



Яраслаў Марак Рымкевіч (нар. 1935)

Да майго цела калі памірае

Ужо хоча мяне парахно грыбніца ўжо мяне хоча
Ужо сніцца сухое лісцё ў далонях
Цвіль чакае мяне цвіль мяне помніць
Чаму ж я да цвілі такі ўсё старонні

Цвіль хоча дыхаць парахно бачыць хоча
Грыбніца спяваць хоць не ведае ніякай песні
І калі разяўляе залатую гартань ува сне
Пытае чаму мяне няма сярод плесні

Што не мае вачэй бярэ з маіх вачэй
Маю разяўляе гартань што не мае гартані
І парахно знае чым ёсць з думак майго цячэння

Чым ёсць белая цвіль на вуснах маіх брыняе
І мова мая гэта цвіль і хутка ўвесь я буду плесняй
Той хто уславіў цвілі кожны лісточак песняй



Аліцыя Патэй-Грабоўска (нар. 1936)

Ад злога

Святы пакутнік
адвярні ад злога
Пакутніца святая
адвярні ад злога

Пад аховай сціплых веяў
пад скляпеннем рук застылых

Адвярні ад злога
дабрыні анёл
адвярні ад злога
атулі крылом
усе святыя ад злога
ад злога невядомага 
                  засланіце

Мая віна Магдаліна
ніцма на падлозе

Мая віна Бессаромніца
у гоман птушак цягне рукі

Мая віна нібыта выклік
апала долу ружа вуснаў

Ад злога адвярні ад злога
гарыць цела як грамніца
гараць вочы непрыкрыта
гараць ногі жарсным бляскам
трымклівыя гараць далоні

Святы пакутнік адвярні ад злога
Адвярні ад злога пакутніца святая
пад апекай захавайце



Эдвард Стахура (1937 – 1979)

Confiteor

Босыя на вуліцах свету
Голыя на вуліцах свету
Галодныя на вуліцах свету
                                     мая віна
                                     мая віна
                                     мая вялікая віна
Жудасць і канца няма жаху
Злачын і канца няма злачынству
Вайна і канца няма войнам
                                     мая віна
                                     мая віна
                                     мая вялікая віна
Загубленыя ў нетрах места – мая віна
Страшнае раўнадушша абдымкаў – мая віна
Не каханыя, без пяшчоты – мая віна
Несумленна, злосна, дрэнна – мая віна
Беспардон у жалезабетонах – мая віна
На камені расце камень – мая віна
Манна, манна наркаманам – мая віна
Брыдуць няведама куды сляпыя – мая віна
І канца няма рыданням – мая віна
Адны ціха прападаюць – мая віна
Другія рукі паціраюць – мая віна
Больш штораз людзей навокал – мая віна
Ды ўсё меней чалавека – мая віна
                                                                          – мая віна
                                                                          мая вялікая віна.



Марак Ваўжкевіч (нар. 1937)

Боль

Я не знаю таго болю. Не разумею.
Я помню яго як даўно прачытаную кнігу,
Як карцінную галярэю, якую аглядаў даўно-даўным.

Але ведаю, што ён жыве і зноў мяне наведае.
Нібыта той, хто не ўмее зрабіць іншы выбар.
Як бы не ў сілах яго пайсці за другім прахожым.

Дагоніць мяне, завалодае. У вясенняй палове дня,
У снежаньскі вечар, між паверхамі ў ліфце,
Між двума глыткамі вады, ў самоце або мітусні.

Ён тут, ён мой – я ягоны адданы слуга.
Як найсардэчная, інтымная ўласнасць,
Неад’емная ад розуму ды існавання.

Пусцеюць вуліцы. Лясныя сцежкі гінуць змеем
У чорных зарасніках. І цягнікі неспрыяльныя.

Прыходзіць боль. Мой скарб,
Мой пашпарт, знак апазнавальны.
Пракляцце і надзея.



Ежы Адам Сакалоўскі (нар. 1937)

* * *

Баюся слоў, раптоўна сказаных.
Бо: здрадніцтва – хвароба – смерць
Куды больш значаць, чым называюць.
А словы: каханне – радасць – шчасце
Значаць намнога менш, чым абяцаюць.

Паміж такім добрым і кепскім словам
Бачу рэчаіснасць, на нас падобную,
Ад якой – нельга ўжо нічога адняць,
Да якой і дадаць – нічога ўжо нельга.

Падазроная сіметрыя

У маім доме
Ёсць два сталы
На адным ляжаць хлеб і сыр
На другім стаіць труна.

І два крэслы
На адным я сяджу
Другое крэсла адпачывае.

Ды дзве шафы
Адна насупраць люстра
Другая ўглядаецца ў вакно
Здаўна яны наракаюць на болі ў нагах.

У маім доме
Ёсць двое дзвярэй
Праз адны я ўвайшоў
А другія баюся адчыніць.



Анджэй Тхужэўскі

Друшляк

Друшляк – гэта прадмет паўсюднай прагі
Цэдзіш хутчэй чым словы Адліеш застанецца
Думаю Калі прыйдзе мода на друшлякі
Калі песні будзем спяваць аб іх
аб пераможаных апалонніках
перахрышчаных па-свойску

Калі зразумеем што не ўсё мусіць быць акіянам

Ад дзяцінства любіў я друшляк
Калісьці нават быў я гаспадыняй
каб мець бліжэйшы кантакт
Той-сёй мяне падвёў
а друшляк не падвёў

Збігнеў Яжына (нар. 1938)

* * *

Народ наш вельмі любіць каменем аддзячыць –

Каму жывей агеньчык у вачах засвеціць.
Хто мысліць смела, абганяе слова.
Хто ўмелаю рукой перамагае рэчы.
Хто за чужой спіною не шукае схову.

Народ наш вельмі любіць каменем аддзячыць –

Пятлю на шыю – хто на сцежцы стромкай.
Пляўкі таму, хто цягнецца да зорак.
І з кнігі вырве лепшую старонку.
Напэўна з даху саштурхне лунаціка.

Калі ужо нябожчык перад намі стане…
Тады фанфары, барабаны – прывітанне!

Блажэнны

Царква гэта – нябёсаў сляза і праз купалы
як праз вочы яе прыгажосць прасвечвае –
Той, хто аддаў сваё жыццё – значыць той,
хто стварыў – няхай ідзе ў забыццё,
хай аддаляецца –
Прыгажосць, паўтораная, прыносіць невымоўны боль
сваім пустым падабенствам.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - 
Знаходжуся тут – у келлі – і цяпер разумею,
што справядліва, калі ўзнік гэты цудоўны твор,
дакладная рука лёсу як промні сонца будаўнічым
вочы выпаліла –
(Аднак няхай уладу факт той не падмане!)
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - 
Святло такое можна ўбачыць толькі раз – і толькі
ў такую форму яго ўнаявіць.

А потым ужо навокал цемра
                                          і зямлі мілаванне.


Стэфан Полам (нар. 1938)

Жніво

А чый гэта сон? У кім ён выспеў і цяпер
Ужо нават не ўспамінам ён, а буйным
Жытнім дыханнем восьмага месяца гэтага
Года. Ішлі раўнамерна, пракос за пракосам,
У белых кашулях спацелых, рукі
Мараплаўцаў на ўсхваляваных калоссях.
Сонца над імі.
Матылі мігцелі ў спёцы, птушкі ў арэшніку
Поўзалі непадалёкай ручаінай.
Яна цякла па іржавых каменнях,
Абымшэлых карэннях. Цурчанне жывой вады
Поўдня.
У рытм пракосу ступаў хлапец са жбанам
Кавы халоднай. Ступаў асцярожна,
Бо штораз шырэйшым кругам ішло іржышча.
А лёгкі подых ветру авяваў яго мізэрную
Постаць.
Так я гляджу на сябе.
Даўно гэта было, так даўно, што зноў
Там я.
І ноччу, разам са зморанымі касцамі,
Я, сын восьмага месяца гэтага года,
Сплю на велічэзным іржэўніку забыцця.

Прыгожы міг

Дрэў цеплыня. Жывічны пах лесу,
Нерухома папараць, габелены
Палымянага чэрвеня. На сонечнай паляне
Заварожаная летам выпадкова ўмела
Ты свет стварыла ў сваім непаўторным
Кшталце, якога ўжо няма нідзе.
Нямее прыгажосць без твайго
Існавання. Шчаслівыя хвіліны, неба,
Парыў у бакіт і словы,словы, што
Звінелі над імхамі славаю лясною.



Юзэф Яцэк Роек (нар 1939)

* * *

Нязменна ўецца дарога,
З якой развейваюцца святло і цярпенне –
Шпалеры дрэў
І пясок.

Ідучы,
Спатыкаюся
Аб усё глыбейшую памяць –
Непрымірымец.

*
Няспынна
Іду я
З посудам да вады
Па ўскраю вогнішча.



Аляксандр Наўроцкі (нар. 1941)

Адыходзячаму бацьку

Як цяжка паверыць, што ўжо нідзе цябе няма:
подых ветру, рана, што балець перастала,
вясна, якой ніколі не квітнець.
Імем тваім іншага клічуць, твой пашпарт
чыноўнік парваў ды кінуў у кошык,
вопратка схавалася далёка, у глыбіню сваю, за сёмыя шафы,
памёрлі словы твае, тваё паднябессе, тваё каханне жанчын,
твае адвечныя пытанні пра годнасць, свет нявінны – дзе ж яны,
ці ты сатана-Масынісса, ці Ірыдыён – вольны сын неба,
толькі магіла магла б адкрыць таямніцу, але яна маўчыць,