МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларусізацыя пад №..., Рэдактар Лявон Юрэвіч, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Нью-Ёрк 1998.

Аўтар: Крывічанін Лявон
Год: 1998
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Проза
Краiна: ЗША
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Лявон
Савёнак - Свэн - Крывічанін

Нарадзіўся Лявон Савёнак 26.06.1897г. на Глыбоччыне ў вёсцы Вялец у сям’і Вікенція (1865-1898) й Вольгі (1869-1962) Савёнкаў. Пачатковую асьвету здабыў у Глыбокім, куды пераехаў разам з маці й старэйшымі сёстрамі, Анютай і Ксеняй, пасьля сьмерці бацькі\ вучыўся ў Маладэчненскай настаўніцкай сэмінарыі, якую скончыў у 1917г. Тут разам зь ім студыявалі такія знаныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, як С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, Ф. Валынец, Міхась Чарот. Пасьля сэмінарыі два гады вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу.

На пачатку першай беларусізацыі, у 1922 годзе, Л. Савёнак з групай глыбоцкіх настаўнікаў прыехаў у Менск, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Апалёніяй Радкевіч, якая сталася ягонай жонкай. У 1922 годзе ў іх нарадзіўся сын Лёдзік, а ў 1927 - дачка Зора. Сям’я засталася жыць у Менску.

У хуткім часе У. Ігнатоўскі паклікаў Лявона Савёнка працаваць карэспандэнтам у газэту „Савецкая Беларусь”, што тады друкавалася па-беларуску. Савёнак многа езьдзіў па Беларусі, пісаў рэпартажы й фэльетоны.

У склад рэдакцыі „Савецкай Беларусі” таксама ўваходзілі М. Маразоўскі (Гурын), рэдактар, постаці якога не адну старонку ва „Ўспамінах” прысьвяціць праз гады Васіль Рагуля, Зьмітрок Бядуля, Міхась Чарот, Янка Пашкевіч, Павал Каравайчык. Алесь Дудар у сваіх паказаньнях па сфабрыкаванай справе „Саюзу Вызваленьня Беларусі” расказваў пра атмасфэру ў газэце, што яна „мала падобна была да атмасфэры савецкай газэты. Адчувалася, што большасьць супрацоўнікаў аддае сваю працоўную сілу й гэтым абмяжоўваецца: погляды-ж свае разглядае як нешта асобнае, незалежнае ад той справы і ад тых прынцыпаў, якія праводзіла газэта. Праўда, ніякіх антыпартыйных і антысавецкіх гутарак ня было, але адчувалася й само сабой разумелася, што партыя сама па сабе, а „Савецкая Беларусь” сама па сабе”. І як вынік - 27 чэрвеня 1929 году на паседжаньні бюро ЦК КП(б)Б У. Затонскі, які ўзначальваў камісію па праверцы нацыянальнай работы ў БССР, абвінаваціў газэту ў нацыянал-дэмакратычных скажэньнях: менавіта на старонках гэтай газэты, пазьней названай „утульным прыстанішчам беларускіх нацыяналістаў”, друкаваўся артыкул Паўла Трамповіча „Шляхі беларускай інтэлігенцыі”, былі выдрукаваныя артыкулы Міхася Зарэцкага й Тодара Глыбоцкага, што распачалі „тэатральную дыскусію”, а таксама вядомы „Ліст 3-х” (А. Александровіча, А. Дудара, М. Зарэцкага) супраць антыбеларусізацыі.

Ня дзіва, што Савёнак быў звольнены з працы ў газэце як нацдэм. Зь лютага 1929 г. ён працаваў на будоўлі, на заводзе „Ўдарнік”, зь ліпеня 1932 г. - стыльрэдактарам навукова-тэхнічнага выдавецтва. Але гэта не зьмяніла ані ягоных паглядаў, ані паводзінаў. Нават больш. Як пісаў сакрэтны супрацоўнік ГПУ ў сваім чарговым даносе, „такія заядлыя беларускія культурнікі як Чаржынскі, Бялькевіч, Пашковіч, Савёнак, Каханоўскі й шмат хто іншы, хто раней у штодзённым прыватным і грамадзкім жыцьці гаварыў выключна па-беларуску, пачалі з усьмешачкай утрыравана гаварыць па-расейску, дадаючы: няхай ужо іншыя гавораць на нацыянал-дэмакратычнай мове, а мы будзем гаварыць на інтэрнацыянальнай”.

Зразумела, што новых рэпрэсій доўга чакаць ня трэба было.

Пасьля разгрому Грамады ў 1927-29 г.г. ды барацьбы з нацдэмаўшчынай у 1930-31 г.г. новым этапам вынішчэньня беларускага народу стаўся разгром, што ўвайшоў у гісторыю як „Справа Беларускага Нацыянальнага Цэнтру”.

10 жніўня 1933 г. былі арыштаваны былыя беларускія дэпутаты ў польскі Сойм, а зь 1-га верасьня пачаліся масавыя арышты: толькі за адну ноч схапілі больш за 90 асобаў. Бралі ня толькі ў Менску, але й у Маскве, на Каўказе, на Урале. Да 1-га лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек, у тым ліку й Лявон Савёнак. 15 студзеня 1934 г. Калегія ГПУ вынесла прысуд: зьняволеньне ў лягерох. Падрабязнасьці пра той суд ды наагул ход самой справы добра адлюстраваны ў артыкуле „Крыжоваю дарогаю”, надрукаваным у газэце „Беларус” ад 1 жніўня 1954г. і зьмешчаным у гэтай кнізе. Артыкул падпісаны Лявонам Крывічаніным - псэўданімам Лявона Савёнка.

Калі-б ня гэтым разам, дык іншым Л. Савёнак абавязкова трапіў-бы ў кіпцюры ГПУ, якое даўно мела свае віды на аўтара кніжкі фэльетонаў „Чароўная іголка”. Аўтар прыкрыўся імем Лявона Свэна - яшчэ адным псэўданімам, але гэта падманула хіба толькі бібліятэчных супрацоўнікаў, якія каталягізавалі кніжку як належную замежнаму, швэцкаму пісьменьніку. Дакладней, пачалі каталягізаваць, бо хутка агледзеліся пільныя супрацоўнікі „ворганаў”, кнігу забаранілі й зьнішчылі бадай што ўвесь наклад, а ён быў немалы - тры тысячы асобнікаў.

Пяцігадовую высылку Л. Савёнак адбываў спачатку ў Паўдзённым Сібіры, а потым у Алтайскім Краі. Працаваў на будоўлях, дзе цесна сышоўся з сыяністамі зь Менску, якіх было даволі шмат, моцна згрупаваных, з добрымі кантактамі, як казалі, ажно ў Швайцарыі. Яны добра паставіліся да беларускага нацыяналіста й прапанавалі нават сваю дапамогу, сувязі. Л. Савёнак пачаў аб’ядноўваць вакол сябе беларусаў, але нехта данёс - і сыяністаў раскідалі па розных лягерох, а самога Савёнка перавялі ў штрафныя калёны.

Ужо на эміграцыі, у ЗША, ён будзе сьведчыць перад Камісіяй Керстана аб Савецкіх канцлягерох.

У 1939 годзе, калі тэрмін пакараньня скончыўся, Л. Савёнак вярнуўся на Беларусь і настаўнічаў у вёсцы каля Крычава, а пасьля ў ваколіцах Менску, бо ў самім горадзе жыць яму было забаронена.

Улетку 1941 году, пасьля акупацыі Менску немцамі, Савёнак быў інтэрнаваны, як і ўсё мужчынскае насельніцтва гораду, і некалькі тыдняў праседзеў на Камароўскіх балотах пад Менскам. А калі пачалася „другая беларусізацыя”, працаваў журналістам у „Беларускай газэце”. Антон Шукелойц успамінае:

„Я пазнаёміўся з Лявонам Савёнкам, прыйшоўшы ў Менск і добра адпачыўшы пасьля пабояў у турме. Гэта быў 1941 год, думаю, кастрычнік месяц, хутка пасьля прыходу немцаў.

Я прыйшоў ва Ўправу гораду, каб сустрэцца зь Вітаўтам Тумашам, старшынём Управы. Тумаш - мой калега па ўнівэрсітэту, і я вырашыў у яго знайсьці эвэнтуальна нейкую параду. І вось я зайшоў да Тумаша, пагутарыў зь ім.

Тумаш быў вельмі заняты й адправіў мяне да Антона Адамовіча. Адамовіч кажа:

- Заставайся тут са мною, тут сягоньня будзе першая палітычная нелегальная нарада. Трэба разгледзець сытуацыю, якая да гэтага часу была, і што маем далей рабіць.

І вот я ў яго застаўся, ён канчаў сваю работу. Ягоная канцылярыя была даволі вялікая. Пачалі зьбірацца людзі на нараду. Прыйшоў Усевалад Родзька, які й быў ініцыятарам гэтае нарады, тады падышлі Савёнак, Алесь Матусэвіч, Сінькевіч, Гуцька. Словам, было там чалавек, можа, з дваццаць. Тумаша ня было. Але Тумаш аб гэтай нарадзе ведаў, таму што, калі нарада скончылася, ня помню хто, сказаў:

- Цяпер, хлопцы, ідзём да Тумаша на абед. Вы ўсе запрошаныя.

Ну вось, там я пазнаёміўся з Савёнкам. Як ён выглядаў? Моцна сіваваты, меў доўгія валасы, такія характэрныя, як казалі, даўней эсэры насілі. Такі бадзёры, вельмі бадзёры.

Аб гэтай нарадзе я ўжо многа разоў гаварыў. Нарада была ў справе разгляду сытуацыі. Ужо ішлі нямецкія пагромы. І мы прынялі некалькі пастаноў: беларусізацыю устаноў гораду, школьніцтва, тэатру, адміністрацыі, цэркваў. І галоўнае было пастаноўленьне - арганізаваць Беларускую Незалежніцкую Партыю. Так што гэтая нарада й была пачаткам Беларускай Незалежніцкай Партыі, тыя людзі яшчэ далей праводзілі такія апытаньні, і першы сход яе адбыўся ў канцы 1942 году ў памяшканьні Саковіча. Саковіч быў начальнікам паліцыі, але ў гэтым самым руху Беларускай Незалежніцкай Партыі быў ад самага пачатку й зьяўляўся адным зь ініцыятараў. Таксама, як Вітушка і Касмовіч.

Пасьля мы пайшлі да Тумаша на абед. Тумаш, ягоны заступнік Вітушка й начальнік тады паліцыі Касмовіч жылі ў адным вельмі цікавым доме быўшага генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён не дагледзеў напад немцаў на Савецкі Саюз. Быў расстраляны ён і ягоныя заступнікі, па-мойму, цэлы штаб.

Жылі яны ў гэтым доме, які вельмі добра ахоўваўся. Гэтая вуліца паралельная да галоўнай, ці цяперашняга прасьпекту Скарыны. Па-мойму, Кірава яна была. Гэты дом яны занялі таму, што ён вельмі добра ахоўваўся. Яны жылі на першым паверсе. Ды й сам дом, здаецца, быў аднапавярховы мураваны з моцнымі сталёвымі акяніцамі, што закрывалі вокны.

Вось пры абедзе я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Стаяў доўгі стол, і там Савёнак дэманстраваў гэтую кнігу, вынесеную з КГБ, тады НКВД, кнігу абвінавачваньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру. Зьвярніце ўвагу, вельмі многа ёсьць памылак, што да гэтай кнігі, яе інакш называюць і розна гавораць, дзе яна падзелася. Артыкул Савёнка - найлепшы артыкул пра Беларускі Нацыянальны Цэнтар. І пра гэтую кнігу ён там успамінае. У кнізе гэтай сьпіс усіх, ці, можа, калі ня ўсіх, то бальшыні пакараных тады ў Менску дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.

У асноўным гэта былі дзеячы Заходняй Беларусі: Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Дварчанін, Кахановіч і іншыя. Пасьля былі далучаныя й усходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых дзеячаў (іх было нямнога, некалькі чалавек, па-мойму, магчыма на пальцах адной рукі палічыць), што ня прызналіся да віны. А там усе прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ня было. Была гэта выдумка Масквы. Чарговая, як і той у часы нацдэмаўшчыны, у 1930 годзе, Саюз Вызваленьня Беларусі.

На абедзе гаворкі былі, у асноўным, пра палітыку. І Савёнак найбольш актыўны тады быў, расказваў пра гэты Беларускі Нацыянальны Цэнтр, пра гэтую кнігу, дэманстраваў яе. Гэта быў такі машынапіс, прыблізна фармату канцылярыйнай паперы й добра зложаны й добра апраўлены. КГБ, ці НКВД, стараліся трымаць архівы ў парадку.

Гаворак пра літаратуру было многа. Савёнак заўсёды вясёла расказваў свае фэльетоны. Ён быў адным з тых вязьняў, што цяжка сядзеў, таму што з гэтых сасланцаў усякія былі людзі, якіх пасьля турмы ссылалі на пасяленьне. Вось так, як Адамовіч, напрыклад. Праўда, ён ня з гэтага працэсу, а з 1930 году - працэсу Саюзу Вызваленьня Беларусі. Але ён быў сасланы й там, недалёка Вяткі, здаецца, у Мардовіі ці Ўдмурдзіі сядзеў сабе - быў настаўнікам. І Кіпелі там недалёка былі, і Ул.Жылка.

А Савёнак - Савёнак быў у лягерох! Спачатку ён, здаецца, быў у Комі на лясных работах, яго перавезьлі, ня знаю куды. У кожным разе, яго перавезьлі ў такое месца, дзе ім было значна лепей. Ён казаў, што там ім давалі зацірку, жытнюю зацірку, і яны ад той заціркі пасьля такога голаду, які раней мелі, паразьядаліся, казаў, о-о-о!

У „Менскай газэце” Савёнак быў адным з супрацоўнікаў. Калі хто хоча ведаць яшчэ аб тых часох, газэце, то там фактычна гэтая група - Адамовіч, Савёнак, у меншай меры Арсеньнева - вызначала палітычны кірунак газэты. Вось калі трэба было пра нешта даведацца, ішлі ў газэту.

Набліжаліся Дзяды. Я за час, што жыў у Менску, аблазіў усе могілкі. Знайшоў і магілу Сьцяпана Булата. Потым гэтыя могілкі разбурылі. А цэркаўка там і цяпер стаіць. Маленькая.

На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. І яшчэ адна магіла была - ці не Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на гэтыя магілы. Але-ж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:

- Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзі\ а па-другое, - беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Так што стаў крыжы.

І я паставіў крыжы.

Там, у Менску, мы некаторы час жылі з Савёнкам у адным раёне. І таму я зь ім часта ішоў дахаты, часта сустракаўся. Гэты раён недалёка ад Акадэміі навук. Там Дом друку. І ад Дому друку, калі ісьці ў маскоўскім кірунку, то былі такія домікі для працаўнікоў друку. У адным з такіх домікаў я жыў з Алесем Матусэвічам, а ў другім такім-жа, толькі на іншай вуліцы, жылі Савёнкі. Так што я вельмі часта з Савёнкам сустракаўся, такія блізкія дачыненьні зь ім былі.

На эміграцыю мы ехалі разам, ці не ў адным вагоне. У Нямеччыну мы таксама паехалі разам, разам трапілі ў Бэрлін, там большая частка беларусаў засталася, а мы з Савёнкам паехалі ў Сілезію. А там уладкоўваліся па-рознаму. Жылі ў лягеры працаўнікоў, якія былі занятыя на розных фабрыках. Там мы зноў разлучыліся. Не знаю, як яны паехалі, а я паехаў праз Бэрлін зь Янкам Ліманоўскім.

Савёнак - вельмі сьціплы чалавек. Гэта адно. Па-другое, чалавек просталінейны. Ня любіў улазіць у такія сытуацыі, дзе мог скампрамэнтаваць сябе. Таму аб ім так мала засталося зьвестак, нягледзячы на тое, што гэта такі моцны духовы чалавек, вельмі моцны. У яго няма такой багатай перапіскі, як, напрыклад, у Віцьбіча. Потым у Нью-Ёрку ён ня так доўга й быў. У хуткім часе яны выехалі зь Нью-Ёрку, купілі такую малую фармачку, курыную, і там ён ужо заставаўся. Аж да сьмерці. Зь людзьмі ён сустракаўся толькі ў сьвяты. Ці калі мы прыяжджалі да яго ў госьці. Раз на год я заўсёды езьдзіў да іх летам.

Як фэльетаніста Савёнка вельмі высока цанілі. Ягоны „Дзёньнік”, што ішоў у падвалах „Беларускай газэты”, цанілі вельмі высока. А на эміграцыі ён напісаў пару фэльетонаў, можа, пару артыкулаў у газэту. Дарэчы, і там, у Менску, ён ня толькі фэльетоны пісаў. І артыкулы таксама. Вельмі добрыя артыкулы ягоныя на эканамічныя тэмы. Ясна, пад рознымі псэўданімамі ўсе. Пра ягоную даваенную кнігу, думаю, ня было шырока ведама. Ён увогуле не належаў ні да „Маладняка”, ні да „Ўзвышша”. Ну а ў пісьменьніцкім гурце ён быў. Гэта група, у якой быў Чарот, ягоны зямляк, дарэчы. Яны разам вучыліся й былі ў вельмі блізкіх дачыненьнях. Савёнак часта расказваў пра Чарота.

На эміграцыі быў ня толькі „сум па радзіме”. Я ня думаю, што так многа месца прысьвячалі суму, як пра эміграцыю пішуць. Была праца, я сказаў-бы, у заступніцтве незалежнай думкі й незалежнай ідэі, праца для незалежнасьці Беларусі. А вось суму там спэцыяльна я не заўважыў.

Мне цяжка сказаць, чаму Савёнак не надрукаваў тут кнігі, хаця так многа напісаў. Думаю, проста праз сваю сьціпласьць. Ён як журналіст вельмі моцны. Вось мне ведамы такі факт цікавы. Кабыш (Кандыбовіч) быў загадчыкам СТО, галоўнай гандлёвай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адзін раз яму трэба быў такі моцны артыкул у газэце. Ён кажа: „Знаеце што, хлопцы, свіньню вам цэлую дам за добры артыкул” (гэта перад Калядамі было ці што?). Тады сабралася рэдакцыя: свіньня - гэта-ж вялікая справа ў час нямецкай акупацыі, і сталі рашаць, хто напіша артыкул. І даручылі Савёнку. У яго ёсьць такія на эканамічныя тэмы артыкулы на першай старонцы газэты. Думаю, што гэта, магчыма, было ў 1942 годзе. Так што Савёнак, як журналіст, у час нямецкай акупацыі ў гэтай беларускай газэце быў самы моцны. Ня толькі фэльетаніст. Фэльетоны - гэта між іншым, але калі гавораць пра Савёнка, то нібы гэта асноўны ягоны жанр. Але ён ня вельмі хацеў пісаць.

Савёнак, дарэчы, выратаваў Адамовіча ў час вайны. Там, у рэдакцыі, быў такі звычай: а 12-й недзе гадзіне ўсе ішлі на абед у сталоўку Самапомачы. Яна была на вуліцы, якая ў савецкія часы называлася Камсамольская (і цяпер, відаць, так), а ў часе вайны яе былі назвалі вуліцай Алеся Гаруна. Абед звычайна быў просты: зацірка, крупнік, яшчэ там нешта.

Я часта заходзіў туды да іх. Вярталіся ў рэдакцыю. Савёнак падышоў да Адамовічавага стала папрасіць пяро. Яму на нешта патрэбна было. Адамовіч адчыніў столік, глядзіць - там ляжыць бомба, міна. І па-расейску напісана: „Не трогать!”. Адамовіч, як пабачыў, крыкнуў на ўсіх: „Уцякайце!”. Мы ўсе павыходзілі, пазванілі ў паліцыю. Прыйшоў паліцыянт з нашай, мясцовай, паліцыі. Ён узяў гэтую міну выносіць, вынес яе з будынку, і перад будынкам яна разарвалася. У руках. І паліцыянта разарвала. Паліцыянт той быў фолькс-дойч, менскі немец. Пасьля гэтага немцы сказалі Адамовічу, каб ён неадкладна выехаў у Бэрлін. І ён пасьля гэтай бомбы на другі ці на трэці дзень выехаў. А Савёнак застаўся. І ўжо пасьля гэтага нейкі спалох наступіў у рэдакцыі. Дарэчы, тады сярод гасьцей быў зь Вільні прыехаўшы наш драматург Аляхновіч. Я там быў, але я раней выйшаў. А хто міну падлажыў? Нічога ня ведама. Ці гэта была бальшавіцкая работа, ці нямецкая... Адамовіч ня быў карысны для немцаў. Таму яны маглі хацець яго пазбыцца”.

Напрыканцы сакавіка 1944 г. кіраўніком рэпэртуарнай сэкцыі Беларускага Культурнага Згуртаваньня Янкам Ліманоўскім было прынята рашэньне ажыцьцявіць пастаноўку камічнай опэры „Тарас на Парнасе”, і ён запрасіў Л. Савёнка напісаць лібрэта. Той ужо пачаў накідваць тэкст, характарыстыку сцэнічных вобразаў, але не хапіла часу. Апошні запіс у сшытку напрацовак - горкі: „Калі на „Ўзвышша” ўсходзілі 5 месяцаў, дык на Парнас пры такіх тэмпах можна залезьці за тры гады”. Сапраўды, часапіс „Узвышша”, які меліся аднавіць, быў цалкам гатовы да друку, але сьвету не пабачыў, адбіты быў толькі няпоўны сыгнальны экзэмпляр. Ня ўбачыла сьвету і опэра „Тарас на Парнасе”.

Герой самага вялікага твора Савёнка, Іван Іванавіч Чужанінаў, піша дзёньнік на працягу году, а вось сам аўтар, нажаль, ніякіх запісаў ня вёў - так, зрэдзьчасу пакідаў радок-другі ў сшытку, да якога потым ніколі не вяртаўся. І ўсё-ж:

„28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.

29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. „Герой”, які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.

- Навесілі!

- На нас?

- На нас.

30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік)ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) - толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз”.

Разьвітаньне сапраўды было назаўсёды. Пачалася эміграцыя, а зь ёй - чарговы, „новы этап беларусізацыі”, які, што праўда, у нашай гісторыі яшчэ не атрымаў свайго „парадкавага нумару”.

У Нямеччыне Савёнак апынуўся спачатку ў беларускім лягеры ДП Міхельсдорфе, а потым у ДП Остэргофэн, заснаваным зімой 1947 г. Прытулак у ім знайшлі больш за 400 беларусаў. Дзякуючы Станіславу Станкевічу, Антону Адамовічу, Міколу Равенскаму ды Апалёніі й Лявону Савёнкам гэты лягер стаўся адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Тут пачала выдавацца газэта „Бацькаўшчына” (першы нумар выйшаў 31 кастрычніка 1947г.), якая адыграла выключную ролю на эміграцыі\ тут працавала драматычная студыя пад кіраўніцтвам Аўгена Кавалеўскага\ тут выдаваўся часапіс „Рух”, была сядзіба Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ).

У Статуце БНЦ мэты й заданьні былі акрэсьлены наступным чынам: „Беларускі Нацыянальны Цэнтар стаіць на грунце дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і вядзе сваю працу ў мэтах зрэалізаваньня дзяржаўна-незалежніцкіх ідэалаў, выражаных у акце 25 сакавіка 1918 г. У сваёй палітычнай дзейнасьці БНЦ будзе кіравацца прынцыпамі заходняй цывілізацыі й дэмакратызму, выступаючы супраць усялякіх відаў таталітарызму. БНЦ будзе імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва зь іншымі народамі, першым чынам із суседнімі беларускаму, якія знаходзяцца сяньня ў падобным да яго палажэньні й змагацца за тыя самыя мэты. Гэтае супрацоўніцтва павінна апірацца на прызнаньне й пашану поўных сувэрэнных правоў кажнага народу й ні ў чым не павінна парушаць інтарэсаў беларускага народу й ягонай нацыянальнай годнасьці. БНЦ зьяўляецца арганізацыяй міжпартыйнай і згуртоўвае ў сабе на дэмакратычных асновах усе палітычна-грамадзкія кірункі беларускае эміграцыі й каардынуе іх дзейнасьць. БНЦ вядзе працу як палітычную, так і сацыяльна-харытатыўную, культурна-асьветную ды ўсялякую іншую, якая можа быць патрэбнай у абставінах эміграцыі”. Сябрамі БНЦ былі, акрамя Л. Савёнка, такія ведамыя дзеячы, як Ант. Адамовіч, А. Вініцкі, А. Каханоўскі, Б. Рагуля, Ф. Кушаль, В. Тумаш, Ст. Станкевіч, Я. Сурвілла ды іншыя.

У 1947 годзе ў лягеры быў выдадзены першы нумар часапісу „Сакавік”, не ў апошнюю чаргу дзякуючы Л. Савёнку. Менавіта ў яго захоўваўся поўны варыянт (у адрозьненьне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 г. у газэце „Беларусь”) гістарычнай драмы Каруся Каганца „Сын Даніла”. Зараз складана сказаць, якім чынам трапіў да яго гэты твор. Магчыма, ад Янкі Ліманоўскага, у якога на эміграцыі перахоўваліся некаторыя матар’ялы беларускіх пісьменьнікаў (нажаль, сёньня лёс гэтых дакумантаў невядомы). Антон Адамовіч, даведаўшыся, што ў Савёнка ёсьць драма Каруся Каганца, загарэўся жаданьнем яе выдрукаваць. Так паўстала ідэя новага часапісу. У ім, акрамя навэлы В. Бірыча (Ант. Адамовіча) „Афрадыта-Ост”, вершаў Рыгора Крушыны, Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, быў зьмешчаны й пачатак „Дзёньніку Чужанінава”, які атрымаў новы назоў - „Запіскі эмігранта”. Выглядае на тое, што аўтар зьбіраўся ня толькі перадрукаваць „Дзёньнік” зь „Беларускай Газэты”, але й працягнуць жыцьцяпіс героя ў лягерох ДП. На вялікі жаль, публікацыя ня была скончаная, і працяг „Дзёньніка Чужанінава” не ажыцьцявіўся.

У лягеры Остэргофэн Лявон Савёнак працаваў дырэктарам Беларускае Гімназыі, якая адчынілася 24 лютага 1947 г. Разам зь ім, выкладчыкам матэматыкі, настаўнічалі Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Кунцэвіч (лацінская й замежная мовы), Пётра Манькоўскі (ангельская мова), Мікола Равенскі (сьпевы), Апалёнія Савёнак (родная мова й літаратура), Зінаіда Станкевіч (прыродаведа й фізыка) ды іншыя. Лявон Савёнак выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых.

Зь лягеру Остэргофэн Савёнкі пераехалі ў Розэнгайм, куды перавезьлі беларускі лягер, дзе і ён і ягоная жонка Апалёнія прадаўжалі выкладаць у гімназіі. Савёнак часта езьдзіў у Мюнхен, дзе інтэнсыфікавалася палітычнае жыцьцё антыкамуністычнае эміграцыі з СССР. Навязаў Савёнак цеснае супрацоўніцтва з украінскай газэтай „Украіньскі Вісті” й рэдактарам Іванам Баграным.

4-5 чэрвеня 1948 г. у горадзе Канстанцы (Француская зона) адбыўся зьезд праваслаўных беларусаў, да правядзеньня якога прыклаў немалыя намаганьні й Л. Савёнак, і сам быў сярод ягоных удзельнікаў. Гэты зьезд стаўся вырашальным у адраджэньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Тады была прынятая наступная пастанова: „Асноўваючыся на ідэі Грыгора Цамблака, незалежнасьці Беларускай (Вялікага Княства Літоўскага) Царквы ды змаганьні за яе зьдзяйсьненьне пазьнейшых беларускіх праваслаўных іярархаў, духоўнікаў і вернікаў, закончаным мітрапалітам Менскім Мельхісэдэкам у 1922 годзе, устанавіўшага Беларускую Аўтакефальную Царкву, Зьезд сьцвярджае, што тры епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Віленская, Горадзенская й Пінская) атрымалі дазвол на аддзяленьне ў Беларускую Аўтакефальную Царкву, багаслаўленьне й прызнанье ад Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы, Блажэньнейшага Дыянісія - галавы Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дадзеныя ім на рукі Мітрапаліта Аляксандра Пінскага. Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Праваслаўным Саборам існавалі толькі тры епархіі, стварыўшыя наступныя епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Зьезд сьцьвярджае кананічнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы”.

У ЗША Л. Савёнак пераехаў у 1950 г. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якое ён быў ад 1947 году, адбыўся раскол (1952-54 гг.). Прычынай расколу было стаўленьне да палітыкі „Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня ад бальшавізму” (першапачатковая назва - „Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі”). Справа ў тым, што з пачаткам „халоднае вайны” ў Вашынгтоне паўсталі як-бы дзьве плыні - два пагляды на дачыненьні з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэньне СССР маюць ня меншае значэньне. У выніку іхнай актыўнай дзейнасьці паўстаў Інстытут вывучэньня СССР, Радыё „Вызваленьне” (пазьнейшая „Свабода”). Афіцыйна амэрыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы - беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расейскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага „непрадрашэнства”, стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзыдэнтам М. Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёньня неабходна максымальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю „Асьцярожнага Супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам”, у якую ўваходзіў і Л. Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе й на пазыцыях непрадрашэнства Рада БНР з „Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад бальшавізму” супрацоўнічаць ня можа. Быў створаны мэханізм для перавыбараў Прэзыдыюму й прэзыдэнта. Старшынём камісіі па падрыхтоўцы рэфэрэндуму быў абраны Л. Савёнак.

У выніку перамагла група М. Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай „непрадрашэнства”, паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці ў Прэзыдыюме, а А. Каханоўскі нават выйшаў з Рады.

Разам з тым, неабходна зазначыць, што палітыка „непрадрашэнства” засталася такой пераважна на афіцыйных паперах, бо і ў друку, і на радыё нацыянальная прапаганда вялася з адназначна дзяржаўніцкага пункту гледжаньня.

Палітычная й грамадзка-культурніцкая дзейнасьць Лявона Савёнка на эміграцыі - тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэньня Камітэту Незалежнай Беларусі (разам з Л. Галяком, Ю. Сабалеўскім, А. Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага Камітэту Аб’яднаньня Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў (старшыня А. Каханоўскі), рэдагаваў газэту „Беларус”, уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыцьцяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (нажаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derrière le Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).

Адным зь ягоных блізкіх сябраў быў Мікола Равенскі, зь якім лучыла спачатку частая рыбалка на Дунаі, а потым, калі Равенскі пераехаў у Бэльгію, - ліставаньне. У ЗША былі блізкія дачыненьні зь Міколам Паньковым, Аўгенам Каханоўскім, Антонам Шукелойцам, Антонам Адамовічам, Віталем Кажанам, Ізыдарам Плашчынскім, Гіпалітам Паланевічам, сям’ёю Васіля Стомы (Сініцы), земляка з Глыбоччыны. Даўгагадовым і блізкім сябрам быў доктар Станіслаў Грынкевіч, сем’і Аляксея Грушы, Міколы Гарошкі, Івана ды Вольгі Канарчукоў.

Памёр Лявон Савёнак 21 лютага 1974 г. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьуіку.

Творчая спадчына Лявона Савёнка невялікая, але шматгранная: гэта й даваенныя фэльетоны\ фэльетоны, надрукаваныя ў часы Другой сусьветнай вайны, на эміграцыі, шматлікія артыкулы, пераважна на палітычныя і эканамічныя тэмы. І, натуральна, „Дзёньнік Чужанінава”.

Сатырычныя творы Савёнка, прысьвечаныя барацьбе за беларускую дзяржаўную мову, і сёньня, амаль празь 70 гадоў, на вялікі жаль, ня страцілі сваёй актуальнасьці й вастрыні. Назва цыклю сатырычных апавяданьняў „Беларусізацыя пад №...” сталася назвай гэтай кнігі. У ёй, першай пасьля 1929 году кніжцы пісьменьніка, зьмешчана толькі частка ягонай творчай спадчыны.

Новы зборнік твораў Лявона Савёнка знаёміць чытача з найбольш цікавымі ўзорамі розных этапаў творчасьці і дазваляе прыйсьці да наступнай высновы: сатыра Савёнка ад пачатку была ня столькі антысавецкай, антырасейскай, антыкамуністычнай (хоць гэта ўсё, бязумоўна, ёсьць), колькі пра-беларускай. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе твораў эміграцыйнага пэрыяду, калі аб’ектам сатыры становяцца „зарубежнікі” й „крывічы” („Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю”) або захопленасьць месьцічаў лягероў ДП утварэньнем „урадаў” („Што рабіць?”) - адным словам, усё, што замінала, перашкаджала нармальнаму беларускаму жыцьцю.

Зь першага фэльетону, якім пачыналася адзіная кніга Л. Савёнка, з „Чароўнай іголкі” (1929 г.), выразна выяўляецца мастацкі мэтад пісьменьніка - фантастычны рэалізм, калі апісанае ім здарэньне, у найвышэйшай ступені неверагоднае, здараецца ці ня штодзень: улада шукае ў коміне чароўную іголку, што быццам дапамагае выйграваць судовыя працэсы\ судзяць каня за тое, што сьледчы трапіў ня ў тую вёску, напіўся ды й згубіў „вельмі важныя справы” („У абарону Буланага”). І не за такое маглі асудзіць, і ня толькі каня. Сутнасьць мэтаду ў паказе рэальнай жыцьцёвай паўсядзённай зьявы ў нечаканым, фантасмагарычным ракурсе. Прытым, фантастычнасьць літаральна пранізваецца рэальнымі побытавымі дэталямі. Так, праз прызму фантастыкі, ствараецца новы пагляд на добра знаёмую ўсім рэчаіснасьць. Падсавецкае жыцьцё было настолькі абсурднае, настолькі неверагоднае, што мэтад адлюстраваньня яго ў літаратуры мог быць адно фантасмагарычным. А што рэчаіснасьць была сапраўды такая, добра сьведчыцца ўсёй практыкай савецкай дзяржавы - стварэньнем уяўных „шкодніцкіх” арганізацый, шматлікімі іррэальнымі судовымі працэсамі, фантастычнасьцю фармулёвак прысудаў і г. д. І таму ў гэтых фантасмагорыях Лявона Савёнка рэалістычнасьць, факталягічная дакладнасьць большая за тагачасныя (ды й значна пазьнейшыя), так званыя, рэалістычныя творы.

І я шчасьлівы, бо заўсёды
Шчасьлівы той - хто бальшавік.

А. Александровіч. Песьня бальшавіка.

Ну яго к чорту,
Паказваць пачуцьцяў мастацтва,
Лепей вучыцца
Валодаць нажом.

М. Бацюшкаў. На бой! На бой!

Адрынуты ўпадніцтва, хістаньні й узьлёты.
І паўшы шлях усьцелен прастатой.
Мы прагнем чорнаю работай
Нагнаць гісторыі прастой.

Прыбытак Лад. Пралетарскай інтэлігенцыі.

І нездарма адзін з герояў Савёнка, аўтар першай, мабыць, „гастранамічнай гісторыі” Беларусі („Васеньнія настроі”) ня верыць самой савецкай рэчаіснасьці - настолькі яна фантастычная - і штогод паўтарае сам сабе: „Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе”. Такога, сапраўды, яшчэ ніхто ў сьвеце ня бачыў, але такое сталася. І што з гэтага выйшла, спазнала на сабе не адно пакаленьне беларусаў.

У вайну сытуацыя на Беларусі зьмянілася, а зь ёю зьмяніўся ці, хутчэй, набыў новыя адценьні творчы мэтад пісьменьніка, зьмяніліся і акцэнты.

Сёньня, калі „Дзёньнік Чужанінава” ўпяршыню (з 1942 году) перачытваецца, і ўпяршыню - як самастойны твор, а ня нізка асобных фэльетонаў, бачна, наколькі ён „кладзецца” ў нашую літаратуру, ды дзіўна, што да гэтага часу яго быццам-бы ня было ня толькі для шырокага чытача, але й для крытыкаў, гісторыкаў, палітыкаў - для ўсіх нас, настолькі ён арганічны для нашага існаваньня. „Дзёньнік” ствараўся ў 1942 г., але ў тэксьце ня знойдзем ані высьпяткаў уладзе былой, ані лісьлівасьці перад уладай новай. Нават болей, часам міжволі думаецца: а куды глядзелі тагачасныя цэнзары? Выглядае, аўтара цікавяць ня столькі ўмовы, колькі чалавек у гэтых умовах, якія - будзе дарэчы тут зазначыць - з твора паўстаюць адрознымі ад нашых трывалых уяўленьняў і тым самым набываюць ці не гістарычную вартасьць, пра што й піша аўтар ва ўступе „Ад перакладніка”. Сапраўды, так пра жыцьцё ў акупаваным Менску ня пісаў ніхто.

Разам з тым „Дзёньнік Чужанінава” - гэта й нашыя надзённыя „праклятыя пытаньні”. Прыкладам, герой кажа: „У беларусаў нічога ня будзе”, і праз колькі дзён-старонак разважае з суседзямі пра намаганьні гэбраяў адрадзіць уласную дзяржаву\ сьмяецца зь іхнай неваяўнічасьці, хоць „калі й зайца біць, то й ён запалкі будзе паліць”. Але мы, сёньняшнія чытачы, ведаем, хто меў рацыю ў тэй спрэчцы, ведаем, што такая дзяржава існуе.

Іван Іванавіч Чужанінаў пісаў запіскі, як Самсон Самасуй свае скруткі. Але на гэтым іхнае падабенства бадай што заканчваецца - пры ўсёй спакусе паралелі. Калі Мрыеўскі герой - „самавысуванец”, дык Савёнкаўскі - зусім наадварот, ён хутчэй „самазасуванец”. Аднак значна больш істотнае, што твор Мрыя (а яшчэ можам згадаць „Крывічоў” Міхася Зарэцкага ды „Тутэйшых” Янкі Купалы - няхай не бянтэжыць відавочнае непадабенства твораў), гэта пагляд бы знутры, тады як твор Л. Савёнка - гэта пагляд збоку. Вось гэтага пагляду збоку, характэрнага для твораў Савёнка ад пачатку ягонай творчасьці, нам сапраўды не хапала. Пагляду няхай староньняга, але не варожага, мо гіранічнага, але не саркастычнага, пагляду, дзе была-б прынамсі спроба, жаданьне зразумець, а не сьвядома сфальсыфікаваць, як адбылося, прыкладам, у Зьмітрака Бядулі, былога калегі Лявона Савёнка па працы ў „Савецкай Беларусі”, у другой кнізе раману „Язэпа Крушынскага”. Пісьменьнік, блізкі ў свой час да Рады БНР, ад імя аўтара, а не свайго героя шаржыравана малюе Шчылу (М. Шылу), Гамоньку (Мамоньку), Саколіча (Смоліча), Гарунову (П. Бадунову), Кахарку (В. Захарку), „лейб-крытыка” Максіма Гайдача (М. Гарэцкага), „худую, сінявокую, юрлівую” княгіню Радзівіл. Л. Зайца, сябра рады Першага Ўсебеларускага кангрэсу, дзяржаўнага кантралёра ва Ўрадзе БНР, гэбрая па нацыянальнасьці, ахарактарызаваў вуснамі пані Марыі: „А Лявончыка ведаеце? Спрытненькі, чорненькі, у маршчынках”. Аўтар „Язэпа Крушынскага” гэтак стараўся адпавядаць часу ў 30-я гады, што ў 50-я, калі выдаваўся чатырохтамовы збор твораў З. Бядулі, рэдакцыйная калегія нават мусіла зазначыць: „Пісьменьнік імкнуўся як мага дакладней выкрыць злачынствы зусім канкрэтных ворагаў. Адсюль наяўнасьць у кнізе публіцыстычных мясьцін, якія мелі цікавасьць на той момант, калі адбывалася само выкрыцьцё таго ці іншага нацыяналістычнага дзеяча, злоўленага з палічным. Такая публіцыстычнасьць не магла доўга жыць у мастацкім творы... Рэдакцыйная калегія палічыла неабходным апусьціць некаторыя месцы з падобнай публіцыстыкай, са спасылкамі на творы й дакуманты, якія на сёньняшні дзень не прадстаўляюць ніякай цікавасьці чытачам і будуць толькі псаваць уражаньне ад мастацкага твору”.

Творы Савёнка, адмыслова напісаныя не аўтарскаю мовай, а мовай масы - той мовай, што падмацоўвала і ўмацоўвала савецкую культуру наагул, мову „вылучэнцаў” - у прыватнасьці. Мова клішэ, мова штампаў, што гучыць дысанансам з народнай мовай асобных герояў - прыкладам, таго-ж Сымона, аўтарскага варыянта філёзафа Торбы, які кажа пра сябе: „я тутэйшы. Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі”. І галоўны герой, ці дакладней, Антыгерой (кажа пра сябе: „Хто я такі? Дзіўна. Такога пытаньня я сабе яшчэ ніколі ня ставіў”), таксама створаны выключна моўнымі сродкамі: парадыраваньнем афіцыёзнай мовы, камбінацыяй стыляў, сродкамі стылістычнага „зьніжэньня”, карнавалізацыяй падзеяў і герояў. І ўсё гэта руйнуе наш спрадвечны страх перад Сыстэмай.

Кожны дзёньнікавы запіс, маналёг - гэта маленькае самастойнае апавяданьне, звычайна анэкдатычнае (ды й сама падзея, што ляжыць у ягонай аснове - часам падаецца нам проста нерэальнай, зрэшты, як самое жыцьцё ў Сістэме), якое нязьменна заканчваецца маральлю, павучэньнем Чужанінава, „ня-тутэйшага”, што жыве сярод нас як прымак, наводны, чужы, адным словам. Маналёг (маналёгі) герояў Л. Савёнка, калі карыстацца тэрміналёгіяй М. Бахціна, уяўляюць сабой, па сутнасьці сваёй, спрэчку, бясконцую спрэчку, ад пачатку запраграмаваную на пройгрыш - з Сыстэмай, зь любой таталітарнай сыстэмай, будзе гэта бальшавіцкая ці фашысцкая - вынік той самы.

Вось толькі жанр Савёнка мае адну, але адметную асаблівасьць, дзякуючы якой і здабыў ён нянавісьць самой Сыстэмы: прайграе герой - выйграе чытач. Бо, як завяршае Лявон Савёнак „Дзёньнік Чужанінава”, „трэба глядзець у корань”.

Беларусізацыя працягваецца.

Лявон ЮрэвічЧароўная іголка

Калі паўнапраўны грамадзянін вёскі Гнойнае Адам Бабіч ішоў у сераду раніцой з гумна, дзе складаў акалот, к двору, то быў нямала зьдзіўлены. На страсе яго ўласнае хаты стаяла некалькі вяскоўцаў і моўчкі па цаглінцы разьбіралі яго комін.

І што больш усяго было незразумелым і дзіўным для Бабіча: грамадзяне ня толькі не раскідалі цэглы, а наадварот, нават дробныя кавалачкі гліны й пылу з сажай акуратна зграбалі ў торбачкі, зносілі ўніз і рассыпалі на разасланую на сьнезе посьцілку. Некалькі вясковых панятых, пад непасрэдным наглядам члена сельсавету А. Жураўскага, поўзалі па посьцілцы й чагось пароліся ў шуме.

Тут-жа стаяў і ўважліва сачыў за працай Пятро Жураўскі, найзласьнейшы вораг Адама Бабіча, зь якім ён судзіцца за дарогу вось ужо два гады.

„Што за трасца, - разважаў Бабіч, - шукаюць нечага ў коміне... Звар’яцелі, ці што?”.

І неяк троху баючыся, ён падышоў да хаты..

- Па якому праву? - зьвярнуўся ён да члена сельсавету.

Жураўскі павярнуў да яго запылены сажай твар.

- Па якому такому, пытаюся, праву разьбіваеце мне комін?

- Улада ведае, што робіць.

- Улада? Дурань ты, а ня ўлада. Ці-ж улада коміны разьбівае?

- А вось за гэтыя словы я пратакол састаўлю, за зьнявагу ўрадавай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў. Ёсьць такі пункт.

- Састаўляй, а ўсё роўна жаліцца буду.

- Жаліцца? Вось мы табе пакажам жаліцца, як знойдзем нешта, тады пазнаеш, як супраць улады выступаць, наш пралетарскі суд падводзіць.

Бабіч вылаяўся і адышоў убок. Больш ён у справу не мяшаўся.

А тым часам комін разабралі да страхі й пралезьлі на гару.

Гнайчане, якія к гэтаму часу, бадай, ужо ўсёй вёскай сабраліся ля бабічавай хаты, горача дыскутавалі на тэму аб разбурваньні коміну. Сапраўднай прычыны ніхто ня ведаў, і таму дыскусія мела самы разнастайны характар і часамі прымала даволі фантастычны ўхіл.

- Золата, - казалі адны, - замураваў у коміне, а нехта даказаў, каб узяць у банк.

- Ды ня золата, - папраўлялі другія, а нейкія дужа ўжо дарагія паперы...

Знайшліся й такія, што ўжо нешта „чулі” й нешта „бачылі”. Суседка Агата, якая вось ужо тры гады ня можа забыцца, што Бабічавы дзеці падбілі ёй курчанё, з поваду чаго яна ўсе гэтыя тры гады дзень у дзень калоціцца з Адаміхай, у гуртку баб клялася:

- Далібог-жа, як ня хлушу.. Выйшла я гэта ўначы на двор, за патрэбай, значыцца, аж чую - нейкі грукат над Адамавай хатай. Я ўверх, значыцца, зірк, гляджу, аж нешта чырвонае з коміну як шасьне, ды ўверх, ды ўверх. Я ўскочыла, перажагналася тры разы, а яно й зьнікла. Далібог...

У другім гуртку сівы дзед апавядаў, як у яго, дзеда, таксама нешта ў коміне вурчэла, і як прыяжджаў поп сьвяньціць комін:

- Поп, - кажа, - сьвеньціць, а яно вурчыць, поп сьвеньціць, а яно ўсё вурчыць. Так і ня даў рады. А як разьбілі комін ды злажылі новы, дык і вурчэць перастала.

Гутаркі было шмат, варажылі па-рознаму, але ніхто дакладна ня мог сказаць, што такое „завурчэла” ў коміне Адама, каб аж улада ўзялася за гэтую справу.

Калі ўжо комін быў разбураны амаль увесь, да грамады падышоў самы разумны ў вёсцы чалавек, „вучоны”, як яго звалі вясковыя.

Вядома, тут усе да яго:

- Чаму гэта такое? Ты-ж мусіш ведаць...

- А вы ня ведаеце? - зьдзівіўся вясковы „вучоны”.

- Не, - адказваюць, - людзі рознае варожаць, але...

- Варожаць? - тут не варажба, а факт. Усім гэта будзе.

- Як гэта ўсім? - зьдзівіліся людзі. - Завошта?

- Ды не завошта, а для вашай-жа карысьці, дурні... Печы электрычныя ставіць будуць.

- Электрычныя печы?

- Ну, але... а комін там рэч зусім лішняя, вось і разьбіраюць.

- Ай, божачка, - загаласілі бабы, - што-ж гэта будзе, пагінем... Як-жа паранку будзем варыць?

- Паранку! Эх, някультурнасьць.. Вунь у Амэрыцы на гэткіх печах ня тое, што паранку, кавы розныя вараць, а яны - паранку! Эх!..

„Вучоны” са смакам плюнуў на вясковую някультурнасьць і пайшоў да начальства.

Грамада прыціхла, чакаючы чагось страшнага, невядомага, што можа перакуліць дагары нагамі ўсё іх жыцьцё.

Тым часам комін ужо разабралі, панятыя з членам сельсавету на чале яшчэ раз апоўзалі посьцілку з шумай і, запыленыя, запэцканыя сажай, падняліся на ногі.

- Няма? - зьдзівіўся П. Жураўскі.

- Як бачыш, - адказаў яму А. Жураўскі. І абодва сябры няпрыкметна адышлі ад хаты, загадаўшы панятым разыходзіцца.

Грамада-ж не разыходзілася. Чакалі, за кім зараз будзе чарга на ўстаноўку электрычнай печы, якой нават і коміну ня трэба. Але начальства, нічога не гаворачы, ціха папаўзло дахаты.

Гнайчане так і не даведаліся, ці будуць электрычныя печы ва ўсёй вёсцы, ці толькі ў Адама. Усе разыходзіліся незадаволеныя.

Так цягнулася дзень і два, і тыдзень. Аб электрычных печах ніхто нічога не даведаўся, нават і „вучоны” штось замоўк.

Настрой вёскі быў паганы. Невядома ў што-б ён выліўся, каб на бліжэйшую нядзелю не заклікалі ў раён Адама Бабіча, Пятруся Жураўскага й яшчэ некалькіх грамадзян.

У раёне ўсё й выявілася.

- Чаму гэта вы раскінулі Бабічу комін? - запыталі ў раёне А. Жураўскага.

- Шукалі, - кажа.

- Чаго шукалі?

- Іголкі...

- Іголкі? Якой іголкі?

- Ды так, іголкі, - нехаця адказваў А. Жураўскі. – Ды гэта вось ён ведае.

- Ну, дык якой іголкі вы шукалі, - зьвярнуліся да П. Жураўскага.

- Чароўнай іголкі, - кажа.

- ??

- Ну, дык я ўжо вам усё па парадку. Судзіліся мы, значыць, з Бабічам, як і вам вядома, ужо два гады за дарогу. Ну, у раёне мне адмовілі, у акрузе таксама. Я сабе й думаю: чаму гэта так. Няйначай, тут нешта ё, падроблена, значыць. Ну, я да Лельчыцкай варажбіткі. Так і так, кажу.

Ну, яна й кажа: іголка ў яго ў коміне замуравана, вось чаму табе зь ім судзіцца цяжка\ вынь іголку - і суд будзе на тваім баку. Ну, а як вымеш іголку з чужога коміну? Я да члена сельсавету, каб па закону, значыцца. А член сельсавету й кажа: мы, як улада, возьмем панятых і выймем іголку, а тады ў суд на яго - няхай не падводзіць. Так і зрабілі.

- Так і было? - пытаюцца ў прадстаўніка нізавой улады, члена сельсавету А. Жураўскага.

- Ды яно-ж, мусіць, так.

- Як-жа гэта ты, таварыш, паверыў забабонам? Эх, братка, а яшчэ й кандыдат у партыю... эх-хо-хо!

На гэтым і скончылася. Вёска Гнойнае супакоілася, што болей ня будуць кратаць іх комінаў.

А больш усяго радаваліся кабеты.

- Падумаеш, - казалі яны, - амараканцы знайшліся, электрычныя печы ставіць будуць. А як-жа паранку худобе варыць? Параўняліся зь кім, з амараканцамі. Яны нам не раўня.

Бадай і праўду кажуць гнайчанскія кабеты, што амэрыканцы нам не раўня. Як вы думаеце, таварышы?

Васеньнія настроі
Зь дзёньніка „любителей покушать”

1917 год. На дварэ гразка, сыра, няпрыветна - нудна на дварэ. Нудна й у хаце. І есьці ня хочацца... кусок папярок горла становіцца.

І прырода супраць нас. Восень, а тут раптам - навальніца, гром, маланка, зямлю страсанула, і закруціла завіруха. Куды тут есьці будзеш. Выпіў-бы ды... Эх, лепш пачакаць, бо...

Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе.

1918 год. Восень. Вой, есьці хочацца, а працаваць ня хочацца: у сабатаж запісаўся. Панясу штаны на рынак. Эх, выпіць! „Где ты, времечко?”. Ну, ды нічога, бо...

Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня...

1919 год. Восень. „Ну и времена”. Прадаў пінжак з бліскучымі гузікамі, а купіў тры фунты хлеба ды кусок цукру-рафінаду ў прыдачу. Трэба шукаць працу, пакуль што якое... Бо ўсё роўна...

Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага...

1920 год. Восень. Сыра, гразка. Вязу грамафон у вёску, памяняю на хлеб... Эх, ты, яблычка - ды краснабокае... Цьфу! Ну й што гэта за жыцьцё, ну й што гэта за праца?

Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога...

1921 год. Восень. Холадна ў шынялі, а бацінкі арараўскія, трасца ім у бок, ня любяць нашага клімату. Грэюся ў сталоўцы. Разам з камісарам ем зацірку, гавару аб сусьветнай рэвалюцыі, і ўсё роўна есьці хочацца... Не, так далей нічога ня будзе. Займаю восем пасадаў, трэба яшчэ пару дастаць. Бо ўсё роўна...

Дзе гэта калі хто бачыў?

1922 год. Восень. Сыра, ды ня холадна. Новы вецер павеяў, трошкі мякчэйшы. Я нясу на рынак мяшок грошы, куплю хлеба, а можа й на фунт сала хопіць.

А ўсё-ж ткі цяжка: мяшок карак цісьне, хоць і мяккія грошы.

Дзе гэта калі хто?

1923 год. Восень. Холадна, але ня мне. Я сабе купіў новае паліто. Кажуць, нейкае сьвята йдзе, трэба есьці купіць хоць на чырвончык. Эх, выпіць-бы...

Дзе гэта калі?

1924 год. Восень. Сыра, а мне й мора па калені. І жывот у мяне - во! Дай бог кожнаму..

Чаго-б тут такога зьесьці? Мяса надаела, булка - таксама. Вінца-б выпіць ды ікрой зярністай закусіць, як гэта было калісь...

А цяпер?

Дзе гэта?

1925 год. Восень, ня сыра й ня холадна, і жыць можна.…Купіў к сьвяту новую пару ды жонцы сукенку ядвабную, ды гарэлкі, ды віна. На цэлых 10 „чарвякоў” накупіў к сьвяту і „пития и яства”. А ўвечары ў клюб пайду. Ну й закусім, ну й вып’ем. Эх, таварышы, гэта-ж жыцьцё...

Дзе?

1926 год. Восень. За што бароліся, таварышы? Гэта-ж ніколі падобнага ня было. Зачынілі! За тры дні да сьвята зачынілі, каб табе зачынілі!.. Плаці цяпер за бутэльку 2 р. 50к.

Ну й народ, ну й времена.

Званю на завод „Беларусь”, каб хоць піва вядры са тры прыслалі...

Нудна. Нудна на дварэ, нудна і ў хаце, і есьці ня хочацца, кусок папярок горла становіцца... Восень, а тут раптам зачынілі...

Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе...

У абарону Буланага

Буланы, судзячы па водгуках усіх ведаючых яго, - конь зусім благанадзейны, спакойны й ня брыкаецца.

Ня раз ён вазіў па раёну прадстаўнікоў раённае ўлады, уключаючы й самога старшыню, і ніхто на яго ніколі нават і пальцам не паківаў. У дыскусію ён ня ўступаў і ў тыя цяжкія хвіліны, калі члены зямельнай камісіі адзін перад адным ганялі яго па ўсім раёне. А ў апазыцыі ня быў нават і тады, калі на яго карак накладаў сядло рыкаўскі стрэлачнік.

Праўда, за ім заўважалася некаторая рэзвасьць, калі ён яшчэ быў маладняком. У тую залатую пару ён час-ад-часу падбрыкваў і выкідаў часам ня зусім прыстойнае каленца. Але гаспадарскае сэрца толькі радавалася ад гэтых выбрыкаў, і задаволены гаспадар для „поощрения” падсыпаў яму лішнюю жменьку аўса.

Зараз і гэтыя выбрыкі выветрыліся: Буланы падрос і выкіраваўся на сталага працаўніка...

І вось цяпер, калі, здавалася-б, толькі й працаваць спакойна, яго вінавацяць у разлажэньні, у нявытрыманасьці сваёй лініі. І хто вінаваціць? Сама справядлівасьць - народны сьледчы.

Справа малюецца так. Конь Буланы й народны сьледчы Каваленка ў лета ад рэвалюцыі 9-е, верасьня месяца такога-та дня пайшлі разам у вёску Вішанькі. Каваленку належала зьняць з двох сялян дапрос па вельмі важнай справе, а Буланага Рык паслаў разам з нарсьледчым. Буланы ішоў наперадзе, а Каваленка, як водзіцца, сядзеў ззаду на каламажцы, трымаючыся за портфэль, туга набіты важнымі справамі.

Дарога была вясёлая. Верасеньскае сонца, як-бы сьпяшаючыся выпусьціць хутчэй усе свае зарады, даволі шчодра ліло сьвет на голыя палі, пажоўклае лісьце й зялёна-бурыя сенажаці.

Глыбокае блакітнае неба й нудныя асеньнія краявіды настройвалі нарсьледчага на сумна-лірычны тон. Ён дэклямаваў „Несжатую полоску”, сьпяваў „Вы жертвою пали” й час-ад-часу загаворваў з Буланым аб „бренности жития”.

Буланы, у адзнаку сваёй згоды з нарсьледчым аб „бренности” ківаў галавой, пад дэклямацыю „Несжатой полоски” задаволена фыркаў, а калі сьледчы зацягваў „Çдете, усталые, цепью гремя”, махаў пару разоў хвастом і прыбаўляў шагу.

Так завязалася справа Каваленкі й Буланага. Што было далей - „сие”, як кажуць расейцы, „покрыто мраком неизвестности”. Ясна толькі адно, што Каваленка й Буланы ня вытрымалі лініі.

Па-першае, заехалі ня ў вёску Вішанькі, а за сем вёрст далей, у вёску Жукі.

Па-другое, вярнуліся яны ў раён не а сёмай гадзіне ўвечары, як гэта трэба было нарсьледчаму, а на другі дзень раніцою.

Па-трэцяе, ідучы назад, яны згубілі сьледчага портфэль, туга набіты важнымі справамі, і шапку. Прычына гэтых злоздарэньняў дазнаньнем яшчэ ня ўстаноўлена, хто вінаваты - ня выяўлена, але Каваленка загадзя вінаваціць Буланага.

Я ня юрысты, ня маю ніякага дачыненьня да Фэміды й дзеля гэтага не бяруся сьцьвярджаць, што няма такой стацьці, пад якую можна было-б падвесьці Буланага. Сьледчаму гэта відней. Ён можа й закатае Буланага, куды Макар цялят не ганяў. Але я, падыходзячы да справы не як законьнік, а як грамадзянін, асьмелюся ўголас заявіць: Буланы не вінаваты! І вось чаму.

У тым, што зайшлі ў вёску Жукі, віна цалкам кладзецца на сьледчага. Бо, як вышэй сказана, Буланы меў пуцёўку толькі ў Вішанькі.

Другое, вярнуліся ня вечарам, а на другі дзень раніцою. Хто тут вінаваты?

Сьледчы, т. Каваленка, які застанавіўся на адпачынак у Жуках, піў там і закусваў.

Буланы, як устаноўлена, і ня піў, і не закусваў.

Адзіным спрэчным пунктам можна яшчэ лічыць страту сльедчага шапкі й яго-ж портфэлю, туга набітага важнымі справамі. Але й то тады, калі глядзець на справу павярхоўна. Калі-ж мы прыгледзімся бліжэй да справы, мы ўбачым поўнае апраўданьне Буланаму.

Ставім пытаньне: ці мог Буланы бачыць, што ў Каваленкі зваліўся портфэль і шапка? Зразумела, ня мог, бо ён, як гаварылася, ішоў наперадзе. Нават дапусьцім, што Буланы выпадкова бачыў, як зваліўся портфэль, дык адкуль ён мог ведаць, што там важныя справы, а не падштанікі. На сваім вяку Буланы перавазіў шмат портфэляў, І ён бачыў, што не ва ўсякага начальніка таўшчыня портфэлю адпавядае яго зьместу. Вось што трэба прыняць пад увагу.

Ці можна пасьля гэтага хоць намякаць на віну Буланага?

Мы яшчэ не адзначылі тэй заслугі Буланага, што ён усё-ж ткі сам прыйшоў у Рык. А т. Каваленка? Выбачайце. Тое, што ляжала на каламажцы бяз шапкі, портфэлю й бяз голасу, нельга было назваць народным сьледчым.

Вось чаму я сьмела кажу, што Буланы не вінаваты.

Вось чаму закіды сьледчага Каваленкі супраць Буланага я лічу нічым іншым, як дэмагогіяй. І я пэвен, што калі дзе-небудзь можа й знойдзецца які-небудзь суд, што будзе разьбіраць справу сьледчага з Буланым (у жыцьці ўсякі бывае случай), калі ён прыме пад увагу мае довады, то, клянуся ўсімі артыкуламі Крымінальнага Кодэксу, Буланага гэты суд апраўдае.

Мяняйце рэпэртуар

У жыцьці ўсякае бывае.

Бывае, паасобку людзі працуюць, а зьбяруцца разам - нічога ня выходзіць. І наадварот - бывае, паасобку людзі нічога ня робяць, а зьбяруцца разам... пяюць... Напрыклад, сябры Чыжэвіцкага сельсавету - паасобку кожны зь іх як працаўнік - міт, пустое месца, а як зьбяруцца на пленум, - стройны хор, хоць у Дзяржаўны Тэатар запрашай. Бяда толькі, што рэпэртуар у іх вельмі вузкі: сьпяваюць выключна „Коробушку”.

Селькор Коокі, які паведаміў нам аб гэтым факце, чамусь вельмі незадаволены сельсаветчыкамі й заклікае іх падцягнуцца.

Напрасна, т. Коокі! Па-мойму, дык у тым, што людзі сьпяваюць, нічога дрэннага няма. Чаму не пасьпяваць, калі чалавеку весела! Па-другое, што-ж сябрам сельсавету рабіць на пленуме, раз яны перакулілі па якой-небудзь пляшцы самагону? Біць вокны? Ламаць сталы? Качаць старшыню сельсавету? Дык я лічу, што гэта не да твару сельсаветчыкам, ды к таму-ж і непрадукцыйная трата часу. Качаючы, старшыню можна выкуліць з рук, а ён нос разаб’е або штаны парве - адны няпрыемнасьці. А пяеш - і сабе хораша й сялянам весела.

Я нічога супраць сьпеваў.

Мяне тут якраз другое цікавіць: мне незразумела, чаму іменна „Коробушку” сьпяваюць. Няўжо ў нас песень прыгажэйшых няма. Узяць, напрыклад, „Чыжык, чыжык, дзе ты быў”, - чым не заліхвацкая песьня, ежалі яе ды пад гармонь пусьціць. Любата!

Або „Ухар купец” - чаму яна для пленуму не падыходзіць? І скочная, і вясёлая. Можна сьпяваць і тахты нагамі адбіваць.

Ды хоць-бы сабе ўзяць і „Ваши пальцы пахнут ладаном”. І то ўжо лепш, чымсь „Коробушка”. Калі гэты раманс пападзе пад настрой, ды яго шчыра ўсім пленумам выканаць пад акампанімэнт сакратара сельсавету на раялі, дык прыямнейшую асалоду на пленуме і ўявіць сабе трудна.

А ўзяць нарэшце „Бубенцы”. Гэта-ж калі ёсьць добры салісты, ды пад гітару зацягнуць:

Что было - никогда не вернётся!
Так зачем же, зачем вспоминать?

А потым хорам падхапіць:

Слышишь звон бубенцов издалека...

Цудоўна!..

А „Забыты нежныя лобзанья”, а „Яблочко”? Оспадзі, ды ці мала ёсьць прыгожых сьпеваў, апрача „Коробушки”! Ня трэба быць такімі кансэрватарамі. Бо пры ўмелым выкарыстаньні гэткага, па праўдзе сказаць, даволі рэдкага „ўклону” сельсавету, як музычны, якіх дзялоў можна наварочаць. Гэта-ж пры ўдалым рэпэртуары з посьпехам можна на пленумах канцэрты задаваць.

А сяляне як паваляць на пленум пры такой яго арганізацыі! Бяда! А то яны ў апошні час нешта адбіліся ад сельсавету й ходзяць чуткі, што віной усяму „Коробушка”.

- Што-ж, кажуць, гэта за сельсаветчыкі? Ім толькі „Коробушка” ў галаве, а больш нічога й ведаць ня хочуць.

І, як прыклад, прыводзяць шчырае жаданьне вёскі Півашы скінуць лішнюю гразь зь цела - жаданьне, якое ў самым сваім зародку было перасечана сельсаветчыкам...

Вёска хацела лазьню пабудаваць з быўшага магазыну, дык сябра с-савету П. Якубовіч не дапусьціў.

- Сьвіньня, - казаў ён, - ніколі ня мыецца, а хто скажа, што яна брудная. Вось і я ніколі ня мыюся, а я-ж нават начальства.

Ясна, вёска абурылася, але ня супраць Якубовіча, а іменна супраць „Коробушки”.

- Знаем мы вашу чыстату, - гудзяць сяляне, - на „Каробачцы” хочуць перапяяць магазын, п’яніцы.

Вось, братцы, як справы павярнуцца могуць.

Біце адбой, пакуль ня позна. Мяняйце рэпэртуар.

На першы стрэл, пакуль яшчэ хваляваньне масаў не разьвінулася, я вам магу параіць сьпяваць „Чаму-ж нам ня пець”.

Гэта песьня хоць і ня будзе адпавядаць запраўднасьці наконт таго, што „ў нашай хатачцы парадак ідзець”, але яна мае перавагу ў тым, што блізкая сяляням. Пачуе вёска сваё роднае наконт „парадачку” й крыху супакоіцца. А тым часам вы пяройдзеце на „Звон бубенчиков” або на „Яблочко”.

Толькі такім манэўрам можа й адратуеце лёс „Коробушки”, а разам зь ёй можа й свае сельсавецкія крэслы. Кажу, можа, бо хто яго ведае.

У жыцьці ўсякае бывае...Беларусізацыя пад №...

Рэжым у беларусізацыі

Увогуле, беларусізацыя ідзе некаторым крокам. Але ў некаторых установах яна ідзе яўна не па НОТУ. Адзін з кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў казаў мне на пытаньне беларусізацыі:

„Мова—не волк, в лес не убежит\ с ней и подождать можно”.

Ну і „ждут”. Некаторыя з гэтых некаторых устаноў прапускалі па тры тэрміны так званага „канчатковага пераходу”.

„Ждут...”.

А тут пішуць:

Грошы дарма трацяцца: курсы адчыняюць, а іх не наведваюць! Не гавораць на мове абслугоўваемага грамадзянства! Больш увагі! І наогул, пішуць: трэба падцягнуцца.

З тэй прычыны, што цяпер, можна сказаць, зарэжымілі кругом, ня лішняе будзе, па-нашаму, увесьці рэжым эканоміі і ў справах беларусізацыі. Навошта сродкі марна гінуць?

Калі згадзіцца з гэтым, дык тут у першую чаргу патрэбен плян. Плян - і больш нічога.

Падагульніўшы працу па правядзеньні беларусізацыі за ранейшыя часы, я на грунце практыкі мінулага і апрацаваў прыблізна схэматычны плян найскарэйшага й найтанейшага правядзеньня беларусізацыі. Гэты плян павінен быць на бліжэйшыя гады настольнай кнігай для кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў, якія кульгаюць у беларусізацыі...

Па майму пляну ўмацаваньне беларусізацыі пачынаецца так. Бярэцца чысты ліст паперы, і на ім кіраўнік установы піша цыркуляр або загад, у якім паведамляе сваіх падначаленых аб беларусізацыі.

Цыркуляр можна пісаць так:

„Для скорейшего проведения белоруссизации в Н учреждении довожу до сведения и неуклонного исполнения всех служа щих, что с сей минуты предлагается в обязательном порядке п о с т е п е н н о переходить в канцеляриях на белорусский язык с тем, чтобы к осени т е к у щ е г о г о д а окончательно перейти на бел. язык”.

Калі цыркуляр пішацца ўвосень, дык тады трэба пісаць „с весны будущего года”, калі зімой, дык „с лета будущего года” і г. д. Канчаць цыркуляр можна так: „мелкая переписка, написанная на русском языке, ни мной, ни моим помошником подписываться не будет”.

Але гэта як хто хоча.

У в а г а: У гэтым пункце кіраўнік установы можа спаткаць значныя перашкоды. Можа стацца, што машыністка не захоча беларусізавацца й справа праваліцца ў самым сваім зародку. У такіх выпадках, як верны сродак, раіцца індывідуальны падыход да машыністкі.

Далей. Напісаны такім манерам цыркуляр можна вывесіць на сьцяну ў калідоры ўстановы, а то можна адразу аддаць у папку, якая спэцыяльна адводзіцца пад справу „Беларусізацыя” за № такім-та.

Гэтымі двума мерапрыемствамі фактычна й закладваецца фундамэнт беларусізацыі. Цяпер застаецца толькі, як кажуць, „вглубь” і „вширь”. Для гэтага падшукваецца які-небудзь чалавек, ведаючы беларускую мову, які й залічваецца ва ўстанову на пасаду беларуса. Гэты чалавек і будзе паглыбляць беларусізацыю, вядучы „мелкую переписку с тем, чтобы с осени окончательно перейти...” і гэтак далей.

У в а г а: Кіраўнікі устаноў і наогул асобы, якія стаяць на 17-разраднай тарыфнай драбіне вышэй 14-ай ступені, на курсы хадзіць не павінны ні ў якім разе. Гэта для аўтарытэтнасьці, бо несьвядомыя падначаленыя могуць кпіць: „Тоже начальники и тоже неграмотные”.

Той, хто хоча праявіць найбольшы імпэт у справе беларусізацыі, можа пару вывесак зрабіць на беларускай мове. Вывескі трэба пісаць як мага больш няграматна, каб незразумела было. Гэта ізноў-жа для аўтарытэтнасьці ўстановы. Раз незразумела, то няйначай - нешта важнае.

Цяпер застаецца, можна сказаць, дробязь: гэта - падзяліцца з шырокімі коламі сваёй радасьцю, сваімі дасягненьнямі. Тут ізноў трэба падшукаць чалавека, паінфармаваць яго аб сваіх дасягненьнях і асьцярожна намякнуць яму, што вось ня шкодзіла-б і ў газэту прапусьціць аб гэтым.

Інфармацыю трэба прапусьціць пад якім-небудзь хлёсткім загалоўкам, накшталт такога: „Мы доўга цярпелі”... або „Перашагнулі даваенную норму!”. Пасьля загалоўка трэба зрабіць кароткі агляд ходу працы па беларусізацыі ў сваёй установе й тады пісаць:

„Беларусізацыя ідзе ў нас шпаркім крокам і ня сёньня, дык заўтра перашагне 100 проц. Дасягненьні аграмадныя. Сялянства на ўсе 100 проц. гаворыць на беларускай мове. Яшчэ напор і... хто наступны?”.

Пасьля ўсяго гэтага кіраўнік установы спакойна ідзе піць каву й чакаць праверкі ведаў па беларускай мове. Калі праверачная камісія знойдзе чаму-небудзь што-небудзь ня так, дык тады плян пачынаецца нанава з самага пачатку.

Галоўнае - у роспач не ўпадаць, не аддавацца „грусти и печали”. Бадзёрасьць патрэбна й выдзержка. Я ведаў аднаго дзядзьку, які ўсё лета ваду ў ступе тоўк, лёд, бачыце, хацеў зрабіць. Праўда, ён, бядак, так і памёр, не дачакаўшыся лёду (а вада ўсё-ткі сама замерзла, як прыйшла зіма), але да канца дзён сваіх быў вытрыманым і бадзёрым.

Вось такімі і павінны быць кіраўнікі гэтых некаторых устаноў, кульгаючых у беларусізацыі.

Аптымізм і бадзёрасьць, тады мой плян будзе яўна карысным.

П. С. Па апошніх вестках, мой плян распрацоўваецца і, па чутках, будзе прыняты.

 

Рассуждения о белоруссизации
(З запісной кніжкі „спэца”)

„Я спэц невялічкі, усяго на 175 руб., але, з боскай дапамогай, другія й гэтага ня маюць. Вось чаму я ня скарджуся на свой лёс. Жыву сабе й жыву.

Я, можа, быў-бы й зусім задаволены, каб не адна буйная няпрыемнасьць.

Няпрыемнасьць гэта, інакш кажучы, штодзённая прыкрасьць, якая пільнуе кожны твой крок і атручвае кароткія хвіліны адпачынку, ёсьць так званая беларусізацыя, „т.е. изучение белорусского языка”.

Я - абураны. Я - злы. Я гатоў крычаць. Але я толькі шапчу, шапчу й то ў сваёй кампаніі, на вуха „свайму” шапчу: „китайский язык... белоруссизация... ги... ги... и зачем она?”. Шапчу, а ўголас не магу сказаць. О, мерзасьць! О, жалкая трусасьць...

...Сёньня ў нас аднаму зрабілі выгавар, а другога звольнілі за нежаданьне вучыць мову...

Вучыць... Што гэта за вучэньне?

Помню, я малы вучыўся. Ня ведаеш, бывала, лекцыі - табе вушы надзяруць або на калені на гарох паставяць, а то й зусім без абеда пакінуць. Во, гэта лінія, хоць і жорсткая крыху, але вучыліся. А цяпер што? Ні без абеду нікога не пакідаюць і пэнсію ўсім спраўна даюць. На мой погляд, гэта гвалт. Навошта таміць чалавека? Навошта мэнчыць яго вучобай пяць гадоў? Ежалі трэба вучыцца, то трэба гэту вучобу праводзіць з рэвалюцыйнай цьвёрдасьцю, без паблажак, тым пача ў адносінах да „великовозрастных”.

...Безабразія. Зьдзек. Паход супроць спэцаў. Так, паход. Інакш я не магу назваць таго, аб чым расказаў мне калега, прыехаўшы з правінцыі. Вось што ён апавядаў.

„Быў у нас экзамен па беларускай мове (гэта ў Чавусах). Прыехаў прадстаўнік акруговай нацыянальнай камісіі, паглядзеў, пакруціў носам, панюхаў і знайшоў, што ў нас „Русью пахнет”: установы прапускалі свае „канчатковыя тэрміны” і не беларусізаваліся.

Потым нас сабралі на экзамен. Першага, канешна, старшыню выклікалі.

- Ну, як Вы наконт мовы? - пытаюць.

А старшыня ў нас хлапец сьмелы, адчаяны.

- Ніяк, кажа, нуль стаўце.

Праўда, нуля яму не паставілі, сорамна было, едзініцу ўпісалі.

За старшынёй пайшоў яго намесьнік. Той пачаў нешта пыкаць наконт таго, што часу няма, што перагружаны й г. д. Яму таксама едзініцу ўпісалі. Тое самае было зь лясьнічым, страхагентам і зь іншымі адказнымі. Усё гэта, разумеецца, нармальна. Але вось слухай, што далей было. Слухай і абурайся. Пасьля праверкі адбылося пасяджэньне прэзыдыюму РВК. І што-ж ты думаеш? На прэзыдыюме пастанавілі: „страхагента зьняць з пасады за няведаньне белмовы, а лясьнічаму за гэта самае зрабілі выгавар”.

- А старшыні што? - пытаюся я.

- А старшыні - нічога.

- Як так нічога? Чаму яго з пасады не зьнялі?

- Чудак, - кажа мой калега, - ён-жа начальнік, сам зьнімае.

- Ну?

- Ды як-жа ён сам сябе зьніме?

- А другія вышэйшыя?

- А тыя таксама ня ведаюць.

- А яшчэ вышэйшыя?

- Таксама.

Я змоўк. Змоўк і мой правінцыяльны калега. Мы апусьцілі галовы й думалі: „чаму так пабудаваны сьвет, што начальству можна, а спэцу нельга, і чаму начальства змушае спэцаў рабіць тое, чаго само ня хоча”...

.................................................................................

...Малайцы наркамземаўскія спэцы. Героі! Сёньня ў „Вэнгржэцкага” выпівалі. Колькі сьмеху было, калі пасьля другой чаркі перайшлі да абгаварэньня пытаньня дню: гэтай самай беларусізацыі. Сьмяяліся, аж жываты балелі. Адзін расказаў, як ён ужыў у нейкай адносіне адно беларускае слова й так лоўка, што ніхто ня мог разабраць адносіны. Другі хваліўся, што ён разлажыў на лапаткі аднаго беларускага шавіністага. З аднаго лёзунгу ўзяў такое беларускае слова, што той ніяк ня мог растлумачыць.

- Вось вам, кажа, беларуская мова, самі не разумееце.

А трэці, што быў у зялёнай шапцы са значком у ваколышку (відаць, лесавод), дык проста - Аляксандар Македонскі. Той сьмела, перад усёй кампаніяй заявіў: „А я так совсем отказался изучать эту мову”.

Мы вушам сваім ня верылі. У лесавода й такая сьмеласьць. Мы з радасьцю прынялі гэту заяву й з энтузіязмам канстатавалі, што „не перавяліся яшчэ багатыры на сьвятой Русі”...

...Цыркулююць чуткі, што летам канчаюцца ўсе тэрміны беларусізацыі. Гэта, канешне, усё адны пустыя гутаркі. Але чорт яго ведае - часам гавораць, гавораць і нагавораць. Пагэтаму я сёньня ўзяўся за „Савецкую Беларусь” і чытаў яе ў парадку беларусізацыі цэлую гадзіну. Думаў, што галава разбаліцца, аж нічога. Наадварот, нават настрой узьняўся. Справа ў тым, што я вычытаў прыемныя навіны аб выніках экзамену па беларусізацыі Менскіх акруговых аддзелаў.

Красата, а ня вынікі. І ўсё нашы спэцы. Ніводзін ня хоча беларусізавацца. Усе працуюць на „об]епонятном”. Стойкія рабяты, люблю за гэта. А што наконт канчатковай беларусізацыі летам, дык зноў-жа абсурд. У Менскіх акруговых установах добра ведаюць беларускую мову толькі 4 проц. усіх работнікаў.

Гэта - за пяць гадоў беларусізацыі. Калі ў такой прагрэсіі будзе ісьці далей, дык усе 100 проц. будуць ведаць беларускую мову праз 125 гадоў. Во! А кажуць - летам канчаткова. Запужваюць, а нам ня страшна, патаму мы лічбамі апэрыруем...

.................................................................................

...Сёньня гаварыў я з адным беларускім шавіністым. Стаіць бядак на рагу Ленінскай і Савецкай і плюецца.

- З выпадку чаго плюяцеся? - пытаюся па-беларуску.

- Чытайце, - кажа, - лёзунг.

Чытаю: „Больш актыўнасьці ў абгаварэньні працы свай час савету”.

- Хэ, хэ, - кажу, - па-беларуску-ж...

- Па-беларуску... (Тут шавіністы моцна вылаяўся). За гэткае „па-беларуску” вешаць трэба.

Шавіністы патрос кулаком некуды ў паветра й пайшоў сьпяваючы: „сьмяюцца над намі”...

А я стаяў і сьмяяўся... Весела й сьмешна, калі беларускі шавіністы злуецца...

Таварыш Мытніца

Такога „таварыша” шукала слуцкая пошта. Атрымала яна аднойчы пакет. Пакет як пакет. Самы звычайны. А на ім адрас: „Слуцак, Мытніца”.

Доўга сапелі над пакетам паштавікі.

- Што за трасца такая, Мытніца? Хто ведае Мытніцу?

Ведаючых на пошце не знайшлося.

- Куды-ж паслаць, урэшце, пакет?

Рашылі перадаць пакет паштальёну:

- Ён „соприкасается с массами”, далжон ведаць.

„Соприкасающийся с массами” таксама доўгі час круціў пакет у руках, узіраўся на яго, як на новыя вароты, і нарэшце сьцяміў:

- Мытніца? - няйначай нехта прыежджы, бо дасюль такога ня чуваць было ў Слуцку.

І пайшоў па гораду шукаць прыежджага тав. Мытніцу. Абегаў горад, апытаў усіх слуцкіх старажылаў пра таварыша Мытніцу, - няма такога, дый годзе. Як у ваду кануў чалавек.

- А мусіць быць, трасца на яго, - навошта-ж тады-б пісалі: „Слуцак, Мытніца”?

У першы дзень не знайшоў. На другі дзень ужо сёмы пот мяняў паштальён, шукаючы тав. Мытніцу, калі, на шчасьце, адзін добры чалавек параіў:

- Наежджы, кажаш? Дык пры, брат, па ўстановах. Наежджыя - яны больш па ўстановах.

Пайшоў і па ўстановах. У адну сунуўся - няма Мытніцы, у другую - і ня было ніколі такога. І толькі ў трэцяй дабіўся толку.

- Мытніца? Гэта-ж тое самае, што таможня, — растлумачылі. - Нясі ў таможню...

Разінуў рот паштавік ад зьдзіўленьня: шукаў чалавека, а знайшоў установу. Сплюнуў і вылаяўся:

- Нясі, каб цябе зямля не насіла. Другі дзень ужо нясу й ніяк не данясу.

Хто вінаваты ў гэтым? Ня мытніца, разумеецца. Вінавата тут тое, што слуцкія паштавікі лічылі сябе загранічнымі.

Калі адчынілі на пошце курсы беларусазнаўства, то некаторыя ўзьнялі бузу:

- Нашто нам беларуская мова, якая карысьць, - галаву забіваць толькі.

Больш салідныя экзэмпляры, зубры, так сказаць, канцылярскія, прабавалі й канкрэтна паставіць пытаньне адносна карысьці:

- Раней нам давалі прыбавачку за вывучэньне якой-небудзь чужаземнай мовы. А цяпер дадуць ці не?

Напісалі яны аб гэтай прыбавачцы й заяву ў адпаведнае месца. І калі давалі на подпіс служачым, дык толькі стораж адмовіўся:

- Я, кажа, і так граматны. А прыбаўкі вам усё роўна не дадуць.

- Чаму не дадуць?

- Ды не дадуць, - кажа. - Лепш і не таргуйцеся, бо ні капейкі не дадуць.

- А раней давалі.

- Ну, раней можа й давалі, а цяпер у Беларусі, кажуць, беларуская мова ўжо не чужаземная, і курс у гэтым пытаньні цьвёрды: „за чыім сталом сядзіш, таму й песьні пей”.

А калі вам гэта не па носе, дык у вас ёсьць два выхады: ці вы асіліце беларускую мову, ці яна вас асіліць.

Не паслухаліся паштавікі стоража й заяву падалі.

Кажуць, што ім чамусь адмовілі ў прыбавачцы за вывучэньне беларускай мовы. Рэзалюцыя на заяве ясна гаварыла: „Отказать”.

А шкада. Няхай-бы трохі люд