МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Лебедзь чорная. Беларускае Выдавецтва "Пагоня", 1947

Аўтар: Крушына Рыгор
Год: 1947
Раздзел: Паэзія
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Змест

ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ
МАIМ БРАТОМ
МАТЧЫНА СЬЛЯЗА
ЛЯТУЦЕНЬНЯМI ЛУНАЮ
КРУШЫНА
ЗАЛОМ
I ЦЯБЕ НЯМА
МРОI
ДЗIЎНАЯ СУСТРЭЧА
ПАД ВОГНЕНЫМ ДАЖДЖОМ
У ГРЫМОТАХ
ГЭТА НЯ ГЭРБАРЫЙ
ТЫ СЬПЯВАЛА МНЕ
КАМАРЫ
* * * Я прахожу вузкай вулiцай
ЦЕНI
МОЖА ПРЫЙДЗЕШ
* * * Як толькi скончыцца вайна
* * * Я вярнуцца не магу
ТАБЕ
ПАЯСОК
ТЫ МЯНЕ КАЛIСЬЦI ПЕСЬЦIЛА
У ЗАЦIШКУ
ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА
У МIЖЗОР'Е
СУНIЦЫ
* * * Ты ня хмур, галубка, бровы
НА УЗГОРКУ
ЛЯ РАКI
ЗЛОЕ ШЧАСЬЦЕ
СЬНЯЖЫНКА
НА ПРАДВЕСЬНI
ПАПАРАЦI
ПЕРАД СЬВЯТАМ
ВАСIЛЁК
ЛIЛЕЯ
ЦЫМБАЛIСТ
ПЭРСЫДЗКАЯ ЛЕГЕНДА

Рыгор Крушына, Лебедзь чорная, Беларускае Выдавецтва "Пагоня", 1947

ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ

Расьцiлалася
Прадвячорная iмгла.
Памiж парасьцяў
Лебедзь чорная плыла,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом...
Засмучоная
Мая дзеўчына суздром,
Каля сажалкi
Поруч стоячы са мной,
Мне заўважыла
Нейк надоечы:
-- Друг мой!
Лебедзь чорная --
Гэта-ж нашае жыцьцё.
Ў ноч бяззорную
Мы -- апаўшае лiсьцё.
Адарваныя
Ад Палесься мы зусiм,
Наш каханы край
Песьцiм песьнямi i сьнiм.
Сны зьнiбелыя...
3 вогкай цемрадзi,
праз муць,
Цi ня белыя
Гусi-лебедзi плывуць?
3 ласкай сонечнай,
3 добрай весткаю, бадай,
На староначку,
На Палескую --
ў наш край.
Слоўца ветлае
Зь белай гусяю
пашлём.
Маем сьветлае:
Беларусяю
жывём.

........................

Ў сiняй далечы
Прадвячорная iмгла...
Памiраючы
Лебедзь чорная лягла
Ў твань зялёную
Пад расквечаньм кустом,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом.

1944



МАIМ БРАТОМ

Як з дрэва цьвет, злавесны лёс
Вас разагнаў вiхром па сьвеце
I кожны ў сьвет свой крыж панёс,
Радзiму маючы наўвеце.

Мае выгнаныя браты
Аж за хрыбтамi Гiмалаю!
Я вам пiшу свае лiсты
Бяз маркi -- марай дасылаю.

Сплялiся нэрвамi радкi,
Пяюць аб страшна перажытым:
Усюды чорныя грудкi --
Агонь прайшоў, як град над жытам.

Вядзе нядоля шлях вiты,
Бяздомных гонiць па чужыне.
I я i ўсе мае браты
Жывём на лепшым успамiне.

Як мы, ступiўшы за парог,
Сямейны гоман чулi ў хаце,
Як на Вялiкаднi пiрог
Мiж нас, дзяцей, дзялiла Мацi.

А сёньня думкi паплылi
З журбой балючай, нявыгойнай.
Мы -- ва вандроўным караблi,
Ня маем прыстанi спакойнай.

Мы ўсе пазналi жах i сум.
Рыпiць жыцьцё ў жабрачым стане.
Сьцiхае ўсё: ў пяскох самум
I буры-штормы ў акiяне,

I ў белых тундрах маразы,
I ў горах громы землятруса.
А шум бярозы i лазы
Ня моўкне ў сэрцы Беларуса.

Штогод расьце, гучыць мацней, --
Шлях да Радзiмы пракладае...
Сьмяяцца й плакаць, як даўней,
Душа трывожная жадае.

1945



МАТЧЫНА СЬЛЯЗА

Бедавала мацi,
Па сваiм дзiцяцi
Плакала яна.

Сына ўзялi з дому,
Пела маладому
Чорная вясна.

Да чужога поля
Выгнала нядоля
I яго няма.

А цi тыя сьлёзы
Зьнiклi на дарозе,
Высахлi дарма?

Як жывое цела
Сонца iх сагрэла,
Падняло зь зямлi.

Лёгкай вейкай пары
Закружылi хмары,
Ў вечнасьць паплылi.

I шукаюць сына
Ўсюды бязупынна,
I жальба лягла

На сьнягi, iльдзiны,
На расу далiны,
Дзе туман-iмгла.

У далёкiм краю
Я ў тузе згараю,
Мрою пра цябе.

Мацi, не расталi
Тваiх сьлёз крышталi!
Блiскавiца б'е...

Пад цяжкiя ўдары
Расьсякае хмары
Вогнены зiгзаг.

Голас твой iмчыцца
Гневам навальнiцы
I твая сьляза

Ў ясным зiхаценьнi,
Як багаславеньне,
Як цудоўны дар,

Кропляй дажджавою
Палкай i сьвятою
Ўпала мне на твар.



ЛЯТУЦЕНЬНЯМI ЛУНАЮ

Лятуценьнямi лунаю
Я над Беларусяй.

3 даўных дзён, мой родны Краю,
Смагнучы iмкнуся
Дакрануцца да крынiцы
Вобразаў i гукаў,
Дый напiцца i пазбыцца
Танталавых мукаў.

Днi, як дэмана пракляцьце,
Сьмерцi марш iгралi.
Зрабавалi ўсё багацьце --
Лiры не забралi.
Я мацней яе трымаю
I нiдзе ня кiну.

Лятуценьнямi лунаю
Праз маю Краiну.



КРУШЫНА

Расла крушына на Палесьсi.
Зьвiнеў i цьвiў хмызьняк густы!
Азёрны шум блакiтнай плесi
Прыносiў вецер праз кусты.
I войстры пах травы i цьвiлi,
I воўчых ягад горкi сок
Паветра вогкае паiлi,
Бы ў навальнiцу дождж пясок.
Прырода шчодрая на ласку
Вiтала птушняй песьняй бор,
Якi складаў лясную казку
I разьвiнаў жыцьця прастор.
Дый раптам сьцiхла ўсё жывое.
Прыйшоў нядобры чалавек,
Ён залатыя спляжыў хвоi,
Дубы карэньнiстыя сьсек.
Ён вырваў дзiкую крушыну
Зь лясной глушы i ў сад прынёс.
Няхай расьце там каля тыну,
Яе iнакшай зробiць лёс.
Ажно дарэмныя надзеi!
На дзiкi куст не пазiрай!
Зямля чужая не сагрэе
Таго, хто любiць родны край.
Крушыне лес далёкi сьнiцца,
Нядоляй нудзiцца сваёй.
I сьпеюць воўчыя чарнiцы
Яшчэ гарчэйшыя на ёй.

4.2.45



ЗАЛОМ

Шчасьлiвыя спатканьнi
З табой пад вязам ветлiвым,
I частыя блуканьнi
На полi жоўтацьветлiвым.

I белыя рамонкi,
I васiлькi блакiтныя,
I нашыя гамонкi --
Дагэтуль незабытныя.

Убачыць давялося
У жыце жмут завязаны
Зялёнага калосься,
У якiм закляцьце сказана.

Я засьцярог:
-- Заломы
Ня руш, мая каханая!
У вузялку саломы --
Бяда зачараваная.

Але-ж прайшла навала,
I сiла чараў згiнула.
Ты каласы сарвала,
Мне ў твар задорна кiнула.

<Ня веру казкам гэтым!> --
Сказала ты з усьмешкаю,
I ў ростанi з паэтам
Пайшла самотнай сьцежкаю.

Было, здаецца, цiха...
А ня мiнула й месяца --
Iдзе з вайною лiха,
Ў крывi падзеi месяцца.

На горад i на вёску
Цяжкое гора падае.
I дзень, як сьвечка з воску,
Гарыць i нас ня радуе.

Спакою мы ня бачым --
Спазналiся з пакутаю.
А ты жыцьцём сабачым
Без ланцуга закутая.

Чужынцы з ласкай лезьлi,
Твой двор стаяў засьмечаны.
Цябе пасьля завезьлi
Ў развалiны Нямеччыны.

Лажыцца зморай праца
На рукi загрубелыя.
Табе рамонкi сьняцца --
Радзiмы краскi белыя.

Калiсьцi пела ў полi,
Вясной закалыханая.
Ня думала нiколi,
Што будзеш ты выгнаная,

Бяз долi i бяз хаты
I пад прынукай ворага.
Цi помнiш колас кляты?
Ты заплацiла дорага!

Хай зло не ад залому,
Хай выпадкова сталася.
Цяпер, калi ня ў дому --
Ўсё роднае згадалася.

Згадалiся ў пашане:
Наш край, вайной абкрадзены,
I шчырае каханьне,
I звычай нашых прадзедаў.

1944



I ЦЯБЕ НЯМА

Я iзноў з табой. Ночкай мляваю
Ты галоўкаю кучараваю
Да грудзей маiх прыхiнаешся,
У халодны змрок усьмiхаешся.

Як на полымi, на падушачцы
Думкi паляцца, ў бездань рушацца.
Не, ня можа быць гэта яваю:
Ня iдзе мая кучаравая...

А знаёмая тая вулiца
Сёньня прывiдам страшным тулiцца.
Камiны наўсьцяж i развалiны.
I цябе няма. Дом твой спалены.

Сад стаiць адно ў белай замяцi.
Ты ня згiнула ў маёй памяцi,
Незабыўная зорка ясная.
Ты -- надзей iскра непагасная.

Сьцежкi нас вялi i гублялiся,
У альтаначцы мы кахалiся.
Мабыць мiлы сад пазаростаны,
Спахмурнеў, як я, у доўгай ростанi.

Але прыйдзе час -- мне ўсё-ж верыцца,
Залатая рыбка будзе ў нераце.
Тая вулiца адбудуецца,
Можа й голас твой там пачуецца.



МРОI

Я хвалююся. Песьняй узьняты.
Дух крылаты у далеч iмкне
На знаёмую сьцежку да хаты,
Дзе галубка ў вясёлым акне.

Дзе пышнелi ў гародчыку астры
I сама ты мiж красак цьвiла.
Добрым часам ня ведала кайстры,
Па руiнах зь бядой ня iшла.

Ты калiсьцi сьпявала вясьнянкi,
I нявiнная радасьць ва ўсiм,
Як вiно зь перапоўненай шклянкi,
Разьлiвалася сьмехам тваiм.

А цяпер ты прыбiта жальбою
I чакаеш на лепшыя днi.
Цi адна? Я таксама з табою.
Я запальваю ў словах агнi.

Толькi ў гэтым уцехi шукаю,
На плытох лятуценьняў плыву.
Неўгамоўная доля такая
Ускружыла маю галаву.

Набягаюць кiпучай валвою
Сны i мроi. I гiне цiша.
I душа не знаходзiць спакою,
Вырываецца зь цела душа.

I ляцiць да цябе, да каханай,
Выпрадаючы кужаль надзей:
Можа песьняй апошняй паўстану
Я з тваiх набалелых грудзей.

1946



ДЗIЎНАЯ СУСТРЭЧА

Дзе ты, любая настаўнiца?
Зьнiкла зь першых дзён вайны.
Парастуць -- мо гэтак станецца --
Успамiнаў дзiрваны.

Мiж людзей зь цяжкою стратаю
Твой шукаю лёгкi сьлед.
Можа ты жыцьцём узьнятая,
Пазнаеш iнакшы сьвет?

I за думкай думка гонiцца.
Дзесьцi сьвецiцца маяк...
Раптам бачу -- ў кiнахронiцы
Ты, каханая мая!

Ў залю цёмную з экрану ты
Пазiраеш на мяне...
Болем радасьцi закрануты,
Насустрэч iду вясьне.

I, праменьнямi аквечаны,
Чую моцны ўзьвей цяпла...
Ты ў далёкi кут Нямеччыны
Дзiўным прывiдам прыйшла.

1943



ПАД ВОГНЕНЫМ ДАЖДЖОМ

Прысьвячаецца сыну Iгару

Супакойся, мой сыночак,
У вакно не пазiрай!
Там у ботах кот грукоча,
Там вядзьмар чаруе край.

Пад гарою ў царсьцьве сонным
Ян-царэвiч на канi
Б'ецца з волатам-драконам,
Меч гартуецца ў вагнi.

На грудзёх таго дракона
Заламаны чорны крыж.
А пад iм няма закону, --
Палiць, нiшчыць... Ты дрыжыш?

Ты спалохаўся? Ня бойся!
Ён слабы на гэты раз,
Ён загiне! Супакойся...
I мiнецца страшны час...

Суцяшае бацька сына,
Моцна тулiць да сябе.
Ноч за вокнамi няспынна
Ў шале поцемкi скрабе.

Паланiца ў небе зоры
Пагасiла. Полах б'е.
Пад дажджом агню ўвесь горад
Звышлюдзкое гора п'е.

Stuttgart 22. 10. 44.



У ГРЫМОТАХ

Восень з дрэў лiсьцё зрывала,
Ноч абстрэлянай была.
Сьмерцi страшная навала
На руiны запаўзла.

Палымнеў пажар няспынны.
Стогн зямлi... 3 начы такой
Верасклiвы крык жанчыны
Уварваўся ў мой пакой.

Трэскi ўгору паляцелi,
Груд агню шугнуў здалёк.
Захрусьцелi рэбры ў целе
I крывёю нехта сьцёк.

Жах мяне занепакоiў...
Мне было, аднак, няўцям, --
Там суседка за сьцяною
Ў сьвет прыносiла дзiця.

Плач народжанай iстоты
Сьцьвердзiў вечнае жыцьцё...
Навакол -- разбой, грымоты.
Восень рвала з дрэў лiсьцё.

21.10.44



ГЭТА НЯ ГЭРБАРЫЙ

У кнiзе мiж балонак
3 родных нiў расьлiны:
Васiлёк, рамонак
Дый лiсток калiны.

Гэта ня гэрбарый,
Ня пустыя зёлкi,
А надзеi-мары
Завiлiся ў столкi.

Васiлёк, рамонак
I лiсток калiны!
Вы ў сьцяблох зялёных
Прынясьлi ўспамiны.

3 вамi на чужыну
Беларусь зiрнула,
I выгнанцу-сыну
Сэрца закранула.



ТЫ СЬПЯВАЛА МНЕ

Ты сьпявала мне <Перапёлачку>.
На ўспамiн дала кветку-зёлачку.

За гады яна сьцярушылася,
Толькi песенка не забылася.

На чужыне мне, як пачуецца,
Аж да сьлёз магу я рашчулiцца.

Кiнуў родны край i каханую,
Боль заходлiвы рвецца ранаю...

Каб-жа ведала маю долечку,
Цi сьпявала-б ты <Перапёлачку>.

8.6.44



КАМАРЫ

Як узьняты высака муры
Пад адкрытым неба парасонам.
Над каменным пляцам камары
Засьпявалi нудна тонкiм звонам.

Дзе iм пiць, смактаць чыю iм кроў?
Ня гудзе гамонка мужыкова,
I ня гоняць чэраду кароў
Дый падкова цокне выпадкова.

А ў маёй краiне вечары!
I прыгожых песьняў шмат было там!
Камары ў палескiм гушчары
Хмараю вiлiся над балотам.

Там наедна й весела яны
Роямi кружылi мiж тавару.
Дзень згараў, i вечар плыў ляны
У патоках сонечнага вару.

Я цiкаўным хлопцам быў тады.
Слухаў часта дзедавыя казкi
Пра чужыя вёскi й гарады,
Дзе цьвiтуць няведамыя краскi.

Дзед казаў, хоць i малы камар,
А за вёрстаў тысячы лятае.
Зь iм i я ляцеў на крылах мар
Ў даль, дзе доля лепшая вiтае.

А нiдзе я долi не знайшоў
I далёка лёс мяне закiнуў
Ад маiх загубленых сяброў
У нязгаслы прысак успамiнаў.

Там, дзе Беларусь мая жыве,
Зацьвiтаюць красна ў полi краскi.
Цьвiркуны iграюць у траве
На сваiх цымбалах песьню ласкi.

I смуткую я каля муроў.
Шэрыя чужыя камянiцы!
Можа часам з пару камароў
Прыблукалi з роднае зямлiцы.

О, як быў-бы гэтым рады я!
Хай сядзелi-б на маёй далонi.
Бацькаўшчына снiлася-б мая,
I лясы i ветлыя аблонi.



* * *

Я прахожу вузкай вулiцай.
Змрок... Руiны i выбоiны.
Да грудзёвай клеткi тулiцца
Салавей занепакоены.

Гэта сэрца. Чую -- болесна
Б'ецца, мулiцца i молiцца,
Быццам горача i голасна
Клiча дзеўчыну да молайца.

А цi стаў на раздарожжы я
Над шляхамi ўвосень гразкiмi?
Да цябе iду, прыгожая,
Ад Палесься зь песьняй, з краскамi.

Доля ў келiх мне накапала
Зь нейкай любжы сок настоены.
Па дарозе i абапала
Загубiлiся выбоiны.

I няма ўжо вузкай вулiцы.
Нiкне цемрыва разьмякшае.
Толькi крыху мне рашчулiцца,
Бачу ў сьвеце ўсё iнакшае.



ЦЕНI

Сёньня сумна мне чагосьцi.
Запрашаю сонца ў госьцi;
Сьвецiць ветлiва яно,
Пазiраючы ў вакно.

Шэры змрок загнаны з ранку
Пад прымятую фiранку.
Залятае ў мой пакой
Залатых праменьняў рой.

Па сьцяне -- даўгiя ценi
Ў палахлiвым мiгаценьнi.
Я ў тых ценях пазнаю
Зь iншым любую маю.

8.12.43



МОЖА ПРЫЙДЗЕШ?

Занямелi ў садзе апусьцелым
Вогкасьцю набраклыя кусты.
Я чакаю... Я дрыжу ўсiм целам.
-- Можа прыйдзеш ты?

Не. Няма...
Няўжо чужой дзяўчыне
Я зiрнуў усхвалявана ўсьлед?
Мроя тчэцца лёгкiм павучыньнем
I ляцiць у сьвет.

Можа прыйдзеш?
Я цябе чакаю
З роднай а далёкай стараны.
Мо з табой, жаданай,
Зноў спаткаю
Днi былой вясны.



* * *

Як толькi скончыцца вайна
Я да цябе iзноў вярнуся.
Цi ў гэтым ёсьць мая вiна,
Што я цяпер не ў Беларусi?

Цябе няма... I мне шкада --
Ня бачу радаснай усьмешкi.
Прыйшла раптоўная бяда
I жвiрам жорсткiм сыпле сьцежкi.

Няхай сутоньне ў вочы б'е,
Аб сьветлым марыць не пакiну.
Кахаю шчыра я цябе,
Як нашу родную краiну.

Здаецца часам, уначы
Мяне знаёмы голас клiча,
Каб смутак свой перамагчы,
Шукаю блiзкага аблiчча.

Я пазнаю тваю сястру
Сярод людзей чужога краю,
I ў сэрцы боль журбой гастру --
Цябе й Радзiму ўспамiнаю.

30.11.44



* * *

Я вярнуцца не магу,
Душу труцiць чамярыца.
Як жабрак той на рагу,
Мушу зь лёсам прымiрыцца.

Хай гараць надзей агнi,
Загаiцца рана з болем.
У крывавай калатнi
Перажыта значна болей.

Ня сумуй, чакай мяне!
У растаньнi лучыць згода.
Навальнiца прамiне,
Улагодзiцца пагода.

I тады з табой iзноў
На прасторы я зайграю,
Каб нязгасная любоў
Галасьней сьпявала Краю.

Шчэ ня скончана вайна
Пачуцьця, iдэй i думак...
I таму -- ты там адна,
А са мной дарожны клумак.

20.10.46



ТАБЕ

Словы зьнiзаны каралямi,
Чуеш гул маёй крывi.
Хай каралi нятрывалыя,
Я-ж душою ня крывiў.
Ня крывiў душой, каханая,
Чорным часам пець ня мог.
I туга закалыханая
Залягла ў маiх вачох.
А цяпер iнакш адчулася,
Стаў ачуньваць пакрысе.
Маладосьць мая прачнулася,
Песьню звонкую нясе.
Сёньня позiрк горда блiскае,
Пачуцьцё маё кране
Слова, сэрцу надта блiзкае.
Ад чужых ня трэба мне
Нi сугуччаў i нi колеру, --
Я пiшу на свой манер.
Не прашу чужых нiколi рук,
Iхны ведаю намер.
Я iду сваёй дарогаю
Па старонцы дарагой.
Раскажу табе так многа я
Зь цiхiм сьмехам i тугой.
Думкi, быццам iскры прысаку
Узьлятаюць да нябёс.
Памiж зор лунаюць высака,
Iхны жар табе прынёс.



ПАЯСОК

Мне случанка падарыла
Найпрыгожы паясок.
Пачуцьцёвай процьму сiлы
Выбраў вытканы кусок.

Зацьвiлi на кожнай нiтцы
Мары ткальлi маладой.
Ёй вузор пазорны сьнiцца,
Шоўк iльсьнiцца пад рукой.

I мiтусяцца ўразбродку
Зоркi ў зыркiм паяску,
I праменьнi пасяродку
Прабягаюць па шаўку.

Краскi, крыжыкi, шмат рысак
Чырванеюць на бакох.
Палымнеець ясны прысак --
Беларускi даўнi бог.

Сыплець iскрамi Ярыла.
Зь нiцяў золата пясок.
Гэты слаўны паясок
Мне случанка падарыла.



ТЫ МЯНЕ КАЛIСЬЦI ПЕСЬЦIЛА

Ты мяне калiсьцi песьцiла
Ў жарскiм полымi жыцьця.
Ты была маёю песьняю,
Дыямэнтам пачуцьця.

Мы iшлi шляхамi рознымi,
Але з мэтаю аднэй,
I завеямi марознымi,
I ў спякотны сухавей.

Шмат мiнула дзён, атручаных
Горкiм чэмерам iлжы.
Да цябе я зноў залучаны.
-- Цi ты ўсьцешана, скажы?

Хай апошняй кропляй горычы
На душы зыходзiць ноч...
Я нiчога не гаворачы
Буду ў неба тваiх воч

Пазiраць, каб цiха цешыцца,
I таiць салодкi стогн.
Не знасiць вады у рэшаце,
А каханьня у лiстох.

Я на гэтым пераконаны...
Я прынёс зялёны май.
Ты пастаў букет у конаўку,
Як даўней, мяне прымай.

I усьмешкаю ты весьняю
Надары свайго гасьця.
Станеш зноў маёю песьняю,
Дыямэнтам пачуцьця.

Я, -- нiчога не гаворачы,
Бо на словы не ахвоч, --
Пазiраць з мальбою горача
Буду ў неба тваiх воч.



У ЗАЦIШКУ

3 табой я ў зацiшку iзноў.
Прыходзiць раньне. Таюць зоркi.
Для пачуцьця ня трэба слоў,
Ня трэба лiшняе гаворкi.

Нам сьцеле ў росах сенажаць
Кiлiмы з кветкавых карункаў.
А вусны смаглыя дрыжаць
I моляць палкiх пацалункаў.

Шугае слодычы агонь
У зачарованым палоне.
Твая гарачая далонь
Ляжыць даўно ў маёй далонi.

I нам ня трэба лiшнiх слоў,
Мы больш паглядамi гаворым...
Плыве чароўны сьпеў лугоў,
Рамонкам пахне i чаборам.



ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА

Тану я ў моры мараў,
На сэрцы хваль прыбой.
Палеская Тамара,
О сьветлы вобраз мой!
Не мiмаходзь заскочыў
Я ў госьцi да цябе.
Ты васiлькамi вочаў
Цьвiла ў маёй журбе.
Твой мяккi кужаль косаў
Спавiў маю душу.
Не паглядай-жа скоса, --
Я радасьцi прашу.
Ня высахне, ня зьвяне
Пялёсткаў белы цьвет.
Пад сонечнае зьзяньне
Каханьне выйдзе ў сьвет.
Я буду ў гэтым годзе
Гарэць, як у вагнi.
Маўчаць пачуцьцям годзе!
Тамара, працягнi
Ты мне насустрач рукi...
Я познаю парой
Прыйшоў, каб вызнаць мукi
I поўны супакой.
Аб гэтым часта мару
I любую маю
Палескую Тамару
П я ю.



У МIЖЗОР'Е

Адвячоркам я выйду за весьнiцы
Насустрэчу табе i вясьне.
Будзе мара блакiтная песьцiцца
У паглядзе тваiм для мяне.
Прытулю цябе, мiлая, горача.
I на ставе, пад нiцай вярбой,
Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы,
Я ўсю ноч прасьпяваю з табой.
Мы -- упрочкi ад явы. Ня змрочыцца
I ня згiне iмпэт малады.
У мiжзор'е далёкае хочацца,
Дзе няма нi вайны, нi бяды.
Мы абое, галубка дрыжоная,
Напляцем лятуценьняў вянкi.
Ночка гэтая прыйдзе бяссонная,
Праглыне i прасьцяг i вякi.
Дробна зоры на небе накрышацца,
Замiгцеюць i ў цёмнай вадзе.
Возьмем човен, i ён закалышацца,
Паплыве, у сусьвет павядзе.
Прытулю цябе, мiлая, горача,
Станеш ружай пунсовай цьвiсьцi.
Будзе Муза, са мною гаворачы,
Працiнаць маладосьць да касьцi.
Твае вусны, як цукар у ягадзе,
Будуць таяць, запальваць мяне...
Адчуваю спатканьне я загадзя
I каханьне мiж зор на чаўне.

10.4.44



СУНIЦЫ

Я салодкiя сунiцы
У гайку з табой зьбiраў.
Там трапёткiя сiнiцы
Шчабяталi ў пасмах траў.

Там пазнаў я сьвет прыгодаў
3 пачуцьцямi ў барацьбе,
I на песьнях сэрца гойдаў,
Думаў толькi пра цябе.

Ты сьмяялася задорна,
Пацiскала мне руку.
3 песьняй нам было прасторна,
Як у полi жаўруку.

I цяпер, калi сiнiца
Б'ецца крыльлем за акном, --
Мне твая усьмешка сьнiцца,
Пах сунiцаў льлецца ў дом.



* * *

Ты ня хмур, галубка, бровы,
3 крыўды вуснаў ня грызi.
Шлях твой, ведаю, суровы
Але чысты, ня ў гразi.

Толькi згiнуў сьмех дзявочы,
Зьнiкла юная пара.
Я чытаю твае вочы.
Будзе лёгка з-пад пяра

Лiцца ласка, дарагая,
Хваляй весьняе ракi.
Маладосьць твая другая
Завiне ў мае радкi.

Не скажу табе грубога,
Нават смутак прыдушу.
Хай мой верш, як вера ў Бога,
Супакойвае душу.

Хай гучыць ён калыханкай.
Ты вячорнаю парой
Да мяне прыйдзi каханкай,
Ранiцой iдзi сястрой.



НА УЗГОРКУ

Я хачу табе ўсе краскi
У вянок завiць,
I ў пяшчоце жарскай ласкi
Кубак мёду пiць.

Я хачу, каб залатая
Нам цьвiла вясна,
Што у мроях залятае
Да мяне здаўна.

На узвышшы, на узгорку
Ў песеннай сяўбе,
Я сваю вiтаю зорку,
Клiчу да сябе

Даражэнькая галубка,
Ясачка мая!
Юр сядзiць на ўскраi кубка
I з табою я

П'ю салодкае з дамешкай
Хмельнай гаркаты...
Зьзяеш сонечнай усьмешкай
На узгорку ты.



ЛЯ РАКI

Я з табою сядзеў ля ракi,
Мiж чароту плылi шчупакi...
Над вадою трымцеў плавучок.
-- Можа плотку падчэпе кручок?

А што думала ты -- ня ўгадаць.
Твой пагляд лашчыў водную гладзь.
I сьпявала ты цiхенька мне:
-- Цi кахаеш, мой любы, цi не?

Раптам голас узрушаны сьцiх,
Ты танула ў абдымках маiх.
I ў той момант, нiбы назнарок,
Патануў на вадзе плавучок.



ЗЛОЕ ШЧАСЬЦЕ

Я маю злое шчасьце:
Любiць i боль цярпець,
Падняцца, нiзка ўпасьцi,
Зноў узьляцець i пець.

I песьнямi сваiмi
Спакой душы знайсьцi,
Бяз крыку, з простым iмем
Да хараства iсьцi.

Гарэць... ахвяры класьцi,
I ўсёй iстотай пець.
Такое злое шчасьце
Паэт павiнен мець.



СЬНЯЖЫНКА

Адцвiла вяргiня белая...
Мне <бывай> сказала ты.
Зьнiкла радасьць недасьпелая
Ў дзень асеньнi, залаты.

Я сваю душу трывожную
Суцiшаў, як быў з табой.
Ад цябе пайшоў, прыгожая,
Зь незатоенай журбой.

Iдучы ў жыцьцё сьцяжынкаю,
Нi на што не наракаў...
Я над першаю сьняжынкаю,
Што зьляцела на рукаў,

Загарэўся успамiнамi:
Саматканы твой вузор
Тонка сплецены iльдзiнамi
У карунак дробных зор.

У цябе каўнерык вязаны
Акурат, як сьнегу брыж...
Можа штосьцi недасказана,
Дык цяпер дагаварыш.



НА ПРАДВЕСЬНI

На прадвесьнi па жарсьцьве дарог
Я пайду за горад пець прастору,
Мне ўжо сьнiцца сонечны мурог,
Мне прыносiць глiца пах чабору.

А яшчэ ня выбегла нiдзе
3-пад зямлiцы траўка маладая --
Сымбаль сыцi i людзкiх надзей.
А яшчэ пахмура паглядае

Ў талым сьнезе прэлая зямля,
Як iржа рудая на зялезе.
Аж ня ўрымсьцiцца жальба мая,
Асьцюком у верш яна залезе.

Будзе песьнi мутарна маёй.
А пасьля, калi ўсьмiхнуцца рунi,
Пралiецца сум, i супакой
Ляжа ў сэрцы на жывыя струны.

Акрылiцца слова. Пойдзе ў друк.
Хай чаруе, песьцiць на прадвесьнi.
Дзесьцi тоне ў просiнi жаўрук,
Ён пяе напэўна мае песьнi.



ПАПАРАЦI

Прабягае дзе-нi-дзе
Злосны вецер за аселiцаю.
I зiмы апошнi дзень
Апяваецца мяцелiцаю.

I сiвы мароз-мастак
Парасклаў на шыбах папарацi.
Кветкi сьнежныя, аднак,
Заўтра кроплямi закапаеце.

Лёгка дыхае вясна
Над сьнягамi расьцярушанымi.
Я самотна ля вакна
Сьмягну думкамi узрушанымi.

Незабыўныя гады,
Пылам замсты незамеценыя.
Хлопца вабiлi тады
Косы русыя, заплеценыя.

3 тэй дзяўчынай часта я
Пеў вясьнянкi пад алешынаю.
Мне здавалася, мая
Доля зь нейкiм зельлем зьмешаная.

Дзiўны шэпат у лiсьцi,
А я з мараю нязьдзейсьненаю:
Як у шчасьцi узрасьцi
I цьвiсьцi вясною песеннаю?

Як ад гора уцячы?
Капцюрамi лiха драпаецца.
На Купальлi уначы
Мы шукалi кветку папарацi.

Аджа кветкi не знайшлi,
Толькi морак плыў над парасьцямi.
Маладосьць мы перайшлi,
Бачым поступ блiзкай старасьцi мы.

Розных думак рой iмкне.
Вунь жаданая, расквечаная
Серабрыцца на вакне,
Ды цяплом амаль зьнявечаная.

Клаў мароз на шыбы вас
У спляценьнi хiтрым, папарацi!
Вам трываць нядоўгi час --
Заўтра
кроплямi
закапаеце.



ПЕРАД СЬВЯТАМ

А чаму, зь якой прычыны,
Пад брывамi у дзяўчыны
У блакiтнай глыбiнi
Загараюцца агнi?

Цi таму, што блiзка сьвяты,
Што прыходзяць часта сваты,
Мёд нясуць, гарэлку п'юць
I, частуючы, пяюць.

Пазiраюць ёй у вочы,
А ў адказ iм -- сьмех дзявочы.
-- Ня гуляйце да цямна!
Мае любага яна.

3 Васiлём, хлапцом вясковым,
Ёсьць iнтэрас, адным словам.
I вясельле пойдзе ў лад,
Мае быць пасьля Каляд.

А таму, з тае прычыны,
Пад брывамi у дзяўчыны
У блакiтнай глыбiнi
Загараюцца агнi.



ВАСIЛЁК

Сьцежка ў полi вядзе нацянькi.
Наабапал цьвiтуць васiлькi.

Я з табою стаю на мяжы...
Маё сэрца вузлом не вяжы.

Ты ласкаеш цяпер Васiля,
I цяпер i, напэўна, пасьля.

Я гарачую радасьць тваю
Адчуваю. 3 табой запяю.

I жытнёвую краску сарву.
Упрыгожу тваю галаву.

Хай-жа ў косах сiнее здалёк
Стаў над лёсам тваiм Васiлёк.



ЛIЛЕЯ

Нашумелi хвалi
Ў шале буравею.
3 возера сарвалi
Белую лiлею.

3 бурай уцякае
Пад кусты, пад лозы.
Чыстая такая,
На пялёстках сьлёзы.

На вадзе лiлея
Больш не забялее,
А мая надзея
Сёньня жарам тлее.



ЦЫМБАЛIСТ

Ён пазнае душой людзкую кволасьць
I творыць казку чараўнiчых сноў.
Таму ў яго пад колер струнаў волас
I вусны выцьвiлi ад сьпекi сьпеўных слоў.

Зрывае дзед з цымбалаў гукi-звоны,
Яны лятуць, як лiсьце па вятры.
На Беларусi зь песьняй плытагонаў
Усе дарогi выхадзiў стары.

Ён перажыў усiх цароў на сьвеце,
Страхоцьце войнаў на сваёй зямлi,
I павыросталi на славу дзецi,
Дый за чужую славу паляглi.

Але былi таксама -- iх ня мала, --
Што пралiвалi за Радзiму кроў.
Прызыўны голас дзедавых цымбалаў
Зьвiнеў магутна ў сэрцах змагароў.

Iграў музыка ладна ў непагоды,
Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць.
I абуджаў лагоднае заўсёды,
А да чужынцаў накiпала злосьць.

Ня меў свабоды ён ад iх нiколi.
Шукаў, пытаў -- нiчога не знайшоў.
Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем
I пiў ваду зь глiняных гладышоў.

Суцiшыў смагу з рэк Дняпра i Сожа,
Дзьвiны i Нёмну, безьлiчы крынiц.
А цi душу пакрыўджаную зможа
Ён перазвонам струнаў напаiць?

Навокал людзi быццам скамянелi.
Цi-ж будуць слухаць сьцiплую iгру?
А тут яшчэ i старасьць стогне ў целе,
Ламае косьцi ў золкую пару.

Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях,
I ты адзiн адкiнуты людзьмi,
Навошта думкi горкiя снуюцца?
Зайграй ты перамогу, загрымi!

Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукi,
Ты iх з цымбальнай радасьцю зраднi!
I за табою пойдуць твае ўнукi,
I загарацца восенскiя днi.

Няхай зямля абсыпаная лiстам,
I голы сад у холадзе заснуў.
Iдзi ў жыцьцё вясёлым цымбалiстам,
Iграй пра ветласьць, вусны i вясну.



ПЭРСЫДЗКАЯ ЛЕГЕНДА

Даўным-даўна i далёка,
За высокiмi гарамi
Дый за морам, за Касьпiйскiм
Жыў пэрсыдзкi цар Хазрой.
Прагавiты, ганарысты,
Ён шукаў сусьветнай славы.
Днi ягонага ўладарства
Змрочнай сталiся парой.

Паднявольныя народы
Ён зганяў на фэстывалi,
Прымушаў iх пад прыгонам
Песьнi весела сьпяваць,
I тырана-пераможцу,
Заглушаючы сумленьне,
Сьветлым, мудрым i вялiкiм
Перад сьветам выслаўляць.

Ад галодных, ад галоты
Адгароджаны сьцяною,
Ён праводзiў днi ў забавах,
Ад кальянаў вiўся дым.
Калыхалiся штандары,
Краскi кiдалi Хазрою,
Залатыя кубкi зь мёдам
Выстаўлялi перад iм.

А цi сэнс жыцьця ў раскошы?
У разгуле ненасытным,
Як здараецца заўсёды,
Шчасьце рвецца на шматкi.
I тады гняце раздума:
Ёсьць на сьвеце безьлiч скарбаў,
Iх няўзнак мiнаюць людзi,
Толькi бачаць мастакi.

Мастаком усюды гонар,
Скрозь адчыненыя дзьверы:
I ў хацiны i ў палацы,
Нават там, дзе цар жыве.
I ў багатыя гарэмы,
I ў сукрытыя купальнi,
Дзе на мармуры басэйну
Хараство у харасьцьве.

Пра красу складаюць вершы,
I малююць на палотнах,
I разцом на цьвёрды камень
Накладаюць лёгкi штрых.
А ў цара жанок нямала --
Зiхацяць, як дыямэнты...
Хай-жа ў будучынi нашчадзь
Палюбуецца на iх.

На ўспамiн хай будзе ўнукам
Постаць гордае красунi:
Цар Хазрой зазваў Фэрхата --
Маладога разьбяра.
I яго павёў гасьцiнна
Ў патаемныя пакоi,
Паказаў сваiх там жонак --
Пыху царскага двара.

Нi ў ваднэй няма заганы,
Зьзяюць роўна ўсе, як зоркi.
Выбiрай, якую хочаш.
Сузiраючы -- твары!
Маладзiцы ў белых строях,
У манiстах жамчуговых,
Як на радаснае сьвята,
Хараства нясьлi дары.

Лебядзiнай чарадою
Праплылi у карагодзе,
I адна зь iх асталася,
Прыпынiла лёгкi крок.
Быццам крыламi, рукамi
Плаўна ўзьвеяла ў паветры.
3 плеч хiснуўся доўгi вэлюм,
Можа нават назнарок.

Раптам спрытна падхапiла,
Ахiнулася пасьпешна,
I празрыстым матылёчкам
Замiльгала ля жанчын.
I Фэрхат ужо убачыў:
За яе няма найлепшай.
Далiкатны цьвет магнолi --
Лёгкавейная Шырын.

Пад празрыстым тонкiм шоўкам
Цела белае лiлеi
Дый узьнятая прыветна
Неакрытая рука,
Хараством клясычных формаў
I гульнёй прынадных рухаў
Захапляла, хвалявала
Маладога мастака.

Ён абраў яе. Ён верыў,
Што няма дачкi Iрану
Прыгажэйшай, а напэўна
I на сьвеце ўсiм няма.
Толькi зь ёй вядзе дарога
Да вялiкага мастацтва.
Створыць помнiк для нашчадкаў,
Слава зьявiцца сама.

I пачаў Фэрхат з запалам...
Пад разцом пакорным вырас
Вобраз казачнай красунi
Ў цьвеце сонечнай вясны.
У затоеным жаданьнi
Сэрца млела, ападала,
Заiскрылiся пачуцьцi
I паўсталi мроi-сны.

Адтвараць красу на яве,
Адчуваць у творы радасьць, --
Шчасьця гэткага ня зналi
Падышахi i цары.
Перад iм Шырын стаяла,
Як антычная багiня.
Твар зь iнтымнай цяплынёю
Усьмiхаўся без чадры.

I распушчаныя косы
Да каленаў ападалi,
Косы пышныя, густыя,
3 бляскам, чорныя, як смоль.
Паланеў Фэрхат спакусай
Прытулiцца блiзка-блiзка.
У яго украдкам сэрца
Засмактаў нязнаны боль.

Нейкi гостры, а салодкi,
I гарачы, а прыемны.
Гэты боль таму вядомы,
Хто ў жыцьцi кахаць умеў.
Нават ночы ў неспакоi,
Сьвет зьмяняецца дзiвосна.
Толькi любай бачыш вочы,
Толькi любай чуеш сьпеў...

Але шчасьця час нядоўгi.
Скончыў твор. Няма сустрэчаў...
Днi пайшлi памалу, нудна,
Як арба, як рып калёс.
Ня стрываў Фэрхат нарэшце.
Каб хутчэй пазбыцца мукаў,
Да цара прыйшоў з прызнаньнем
Даручыць яму свой лёс.

I з панiклай галавою
Да Хазроя ён прамовiў:
<О, магутны цар Iрану!
Слова выказаць дазволь.
Б'е паклон табе ў пашане
Твой Фэрхат, i царскай ласкi
Просiць сёньня, каб суцiшыць
У грудзёх пякучы боль.

Ён стаiць перад тваiмi
Ясназорнымi вачыма
I жыцьцё сваё i талент
Каля ног тваiх кладзе.
3 тэй пары, як я наведаў
Твой гарэм з твайго дазволу,
Для душы мае спакою
Не магу знайсьцi нiдзе.

Паднявольны сiле змусты,
Я закон дзядоў парушыў.
Я -- мастак, i ў творчай працы
Сузiраў красу жанчын.
I мяне багi за гэта
Пакаралi злою жарсьцяй.
У начы бяссоннай бачу
Ў сьветлым вобразе Шырын.

Мне даруй! Яе кахаю.
Нашу слаўную царыцу
Я люблю, люблю ўсiм сэрцам,
Як жыцьцё, як родны край.
Патрабуй усё, што хочаш!
Я гатовы да ахвяры.
А Шырын, прашу з пакорай,
Падаруй мне, цар, аддай!..>

I Фэрхат, упаўшы нiцма,
Распасьцёр наперад рукi.
<Мне аддай!> -- малiў Хазроя,
Распластаны скамянеў.
Аж зьбялелi ў страху пэрсы
На вузорыстых каберцах,
I чакалi -- зараз громам
Прагрукоча цараў гнеў.

Як паважыўся падданы
Праказаць такiя словы?
Зь iм тут разам i бязьвiнны
Грознай кары ня мiне.
Але дзiва: хмары зьнiклi...
Цар цыбук паклаў спакойна.
Скрыва неяк усьмiхнуўся
I сказаў: <Ня веру. Не!

Я ня веру гэтым словам.
Мастакi iлгуць заўсёды.
Давядзi, Фэрхат, адвагай,
Што кахаеш ты яе.
Бачыш горы Бiсутуну?
Ты павiнен iх прымусiць
Гаварыць. Няхай мне славу
Кожны камень там пяе.

I тады табе паверу,
I Шырын за жонку возьмеш,
А тваё каханьне зь ёю
Ўсе вякi перажыве>.
Цар лянотна нахiнуўся,
I яму цыбук паднесьлi.
Думкi чорныя снавалi
У ягонай галаве.

<А няхай спрабуе шчасьця!
На яго там сьмерць чакае.
Зь Бiсутунскiх гор нiколi
Ня прыходзiлi назад.
Ён зырвецца з тых сустромаў
I Шырын яму ня ўбачыць...
Цар злаўмiльна усьмiхнуўся
I сказаў:

I Фэрхат пайшоў шчасьлiвы
На захмарныя вяршынi
Легендарнага узвышша
Напярэчкi долi злой.
Дзе арлы адны ўзьлятаюць,
Дзе гуляе толькi вецер,
Чалавек тварыў самотна
Над сустромнаю скалой.

Ён ня бачыў небясьпекi.
У яго адно iмкненьне:
Дасягнуць жаданай мэты,
Iдучы ўсiм насупор.
Хай навокала сустромы,
Хай прадоньне пад нагамi,
Ён штодня няўтомна-ўпарта
Адмяняў аблiчча гор.

Сiла й розум чалавека
I ягоны буйны талент
Падуладныя пачуцьцям,
Iхны слухаюць загад.
Так прымусiла Фэрхата
Ўсемагутнае каханьне
Рэзьбiць горы, i навекi
Так здабыў iмя Фэрхат.

Горы горда ўзгаварылi,
Ўзгаварылi, як жывыя.
3 тонкавысечаных скалаў
Пазiралi абразы,
Абразы жыцьця Хазроя:
Фэстывалi, ловы, бiтвы, --
Фрэскi, зьвiтыя пладамi
Вiнаграднае лазы.

Вырысоўвалiся зырка
Часу слаўныя падзеi
I знаёмыя аблiччы
Тагачаснае пары.
Там была адна асобна
Аблюбованая постаць:
Вусны клiчуць i сьмяюцца
3-пад адкiнутай чадры.

I працягнутыя рукi
Ў тонкiх рысках на далонях.
Далiкатнай ножкi вырыс
3 расхiнутага крыса,
I ў каралях i карунках
Грудзi -- дзьве жывыя хвалi.
Быццам гэта з морскай пены
Нарадзiлася краса.

Няпрыступную цьвярдыню,
Гэту казачную велiч,
Не пахiбяць у стагодзьдзях
Нi вiхуры, нi дажджы.
У застыглым лёгкiм руху
Зачарованае цела,
Як жывое i, здаецца,
Сэрца ў iм жыве-дрыжыць.

Часта надзiць падарожных
Да сябе магутны помнiк,
Паглядзець, за што Фэрхата
На узвышша кiнуў лёс:
Ён, Фэрхат, тварыў i мроiў,
I Шырын стаяла блiзка.
Празь яе пайшоў на мукi,
Маладосьць сваю панёс.

Як чароўна, калi ўраньнi
Сонца косы рассыпала
I на ўзвышшы Бiсутунскiм
Ажывалi валаты.
Праразалiся з туману
Павырэзьбленыя скалы,
Зiхацелi ў векапомным
Аўрэолi залатым.

I Шырын цiшком з гарэму
Пазiрала ў даль на горы,
Дзе, ня ведаючы ўтомы,
Ажыўляў гранiт разьбяр.
I сама сабе казала:
<Мой Фэрхат -- арол бясстрашны.
На вяршынях гор ён горды
I магутны сам, як цар.

Хутка вернецца iз славай.
Веру цьвёрда -- не загiне.
Прыйдзе ён сюды героем,
Прыйдзе любую забраць.
Разам зь iм жыве каханьне,
Сiла боская, зь якою
На няпройдзенай дарозе
Не павiнен памiраць>.

Сапраўды, Фэрхат ня згiнуў,
А вярнуўся з гучнай славай,
I адразу да Хазроя
Ў зьлiты золатам палац.
Сьвяткаваў ён перамогу
Абавязку над правамi,
Не прасiць цара з паклонам,
А прыйшоў патрабаваць.

На Хазроевы пахвалы
Ды на золата-чырвонцы
Не гарэлi iскры шчасьця
У Фэрхата уваччу.
<Мне ня трэба жадных скарбаў, --
Адказаў мастак з пагардай, 
-- Абяцанага жадаю,
Больш нiчога не хачу>.

Цар здрыгнуўся. Сэрца млосна
Зашчымела ў прадчуваньнi
Незаступнай цяжкай страты...
Дык няўжо? Аддаць? Згубiць?
Дарагой цаны заплата!
Аддасi -- i застанецца
Нявыгойлiвая рана.
Цi ня лепш адно -- зманiць.

Цар ачулеў. I пахмура
Праказаў: <Шырын памерла>...
Ня стрываў Фэрхат удару.
Ён у роспачы нямой
Сьмерць прадчасную прымае,
Моўкне сэрца пад кiнджалам,
Амываецца крывёю...
Ты дасяг свайго, Хазрой!..

I прайшла ў народзе чутка,
Што Фэрхата ашукалi,
Што дарэмна ён праходзiў
Шлях цярнiсты, шлях вiты.
Ён, няшчасны, паў ахвярай
Самаўладнага Хазроя.
За яго памсьцяцца горы,
Бiсутунскiя хрыбты.

Дагарэла зорка ўраньнi,
Бура дрэва пашчапала...
Песьняры па ўсёй краiне
Выслаўлялi разьбяра.
Тыя песьнi быццам проймай
Да Шырын праз мур шугалi.
-- Згiнуў любы самагубам,
Сьцяты зрадаю цара.

Як дачулася аб гэтым,
Горка плакала царыца
I задумнымi вачыма
Слала жаль у даль да скал.
Там каменныя магуты
Ў строгай велiчы стаялi.
Несьмяротны дух Фэрхата
У iмгле сiвой блукаў.

I мастацкаю разьбою
Шчараванага гранiту
Заклiкаў Шырын прынадна
Адвячорнаю парой.
Горы мсьцiлiся Хазрою,
Маладзiцу паланiлi.
Зьвяла, высахла магноля,
Неагрэтая вясной.

Як заклятыя багамi,
Горы клiкалi-гукалi,
I Шырын на гэты заклiк --
Нацянькi ў халодны змрок.
Ад людзей яна з палацу
Ўпотай выбегла на ўзвышша,
На пагрозьлiвыя скалы,
Каб зрабiць апошнi крок.

Там расплёў ёй вецер косы
I сарваў малiтву з вуснаў.
-- Я твая, Фэрхат! -- i з крыкам
Паляцела цела ўнiз.
Так Шырын пайшла бяз страху
За Фэрхатам, за каханым.
А стары Хазрой бязрадна
Свой цыбук у злосьцi грыз.

------------------------------

Перажытыя стагодзьдзi
Не пакрылi шэрым пылам
Гэта слаўнае паданьне,
Няўмiручы гэты сказ.

Не, ня ты парэзаў горы,
А тваё, Фэрхат, каханьне.
3 гэтай сiлай перамог ты
I жывым прыйшоў да нас.

1946


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by