МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Выбраныя творы. Нью Ёрк -- Мюнхэн, 1957

Аўтар: Крушына Рыгор
Год: 1957
Раздзел: Паэзія
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ
ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ

Расьцілалася
Прадвячорная імгла.
Паміж парасьцяў
Лебедзь чорная плыла,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом...
Засмучоная
Мая дзеўчына суздром,
Каля сажалкі
Поруч стоячы са мной,
Мне заўважыла
Нейк надоечы:
-- Друг мой!
Лебедзь чорная --
Гэта-ж нашае жыцьцё.
Ў ноч бяззорную
Мы -- апаўшае лісьцё.
Адарваныя
Ад Палесься мы зусім,
Наш каханы край
Песьцім песьнямі і сьнім.
Сны зьнібелыя...
3 вогкай цемрадзі,
праз муць,
Ці ня белыя
Гусі-лебедзі плывуць?
3 ласкай сонечнай,
3 добрай весткаю, бадай,
На староначку,
На Палескую --
ў наш край.
Слоўца ветлае
Зь белай гусяю
пашлём.
Маем сьветлае:
Беларусяю
жывём. 
......................................
У сіняй далечы
Прадвячорная імгла...
Паміраючы
Лебедзь чорная лягла
Ў твань зялёную
Пад расквечаньм кустом,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом.

1944 



МАЛIТВА ВЫГНАНЦА

Дай мне, Божа, здароўя і сілы,
Дай прыгожай вясны Беларусі.
Хай ня ные душа да магілы
У пакутнай самоце і скрусе.

Дай народу ўмалотнага збожжа,
Захавай яго ў засеках, Божа!

Барані нашых блізкіх і родных,
I наш край у вызвольным змаганьні,
I скараных няволяй, галодных,
I ўсіх тых, хто цярпіць на выгнаньні.

Барані ад напасьці варожай,
Памажы нам зыйсьці з раздарожжа.

Божа, дай сьветлы шлях чалавеку,
Каб ня гінуў слабейшы ў прымусе.
Спраўдзі мары, што носім спрадвеку,
Дай прыгожай вясны Беларусі.

Веру: прыдзе такая часіна --
Маці ўбачыць радзімага сына.

1946 



МАIМ БРАТОМ

Як з дрэва цьвет, злавесны лёс
Вас разагнаў віхром па сьвеце
I кожны ў сьвет свой крыж панёс,
Радзіму маючы наўвеце.

Мае выгнаныя браты
Аж за хрыбтамі Гімалаю!
Я вам пішу свае лісты
Бяз маркі -- марай дасылаю.

Спляліся нэрвамі радкі,
Пяюць аб страшна перажытым:
Усюды чорныя грудкі --
Агонь прайшоў, як град над жытам.

Вядзе нядоля шлях віты,
Бяздомных гоніць па чужыне.
I я і ўсе мае браты
Жывём на лепшым успаміне.

Як мы, ступiўшы за парог,
Сямейны гоман чулі ў хаце,
Як на Вялікадні пірог
Між нас, дзяцей, дзяліла Маці.

А сёньня думкі паплылі
З журбой балючай, нявыгойнай.
Мы -- ва вандроўным караблі,
Ня маем прыстані спакойнай.

Мы ўсе пазналі жах і сум.
Рыпіць жыцьцё ў жабрачым стане.
Сьціхае ўсё: ў пяскох самум
I буры-штормы ў акіяне,

I ў белых тундрах маразы,
I ў горах громы землятруса.
А шум бярозы і лазы
Ня моўкне ў сэрцы Беларуса.

Штогод расьце, гучыць мацней, --
Шлях да Радзімы пракладае...
Сьмяяцца й плакаць, як даўней,
Душа трывожная жадае.

1945 



ДЗІЎНАЯ СУСТРЭЧА?


Дзе ты, любая настаўніца?
Зьнікла зь першых дзён вайны.
Парастуць -- мо гэтак станецца --
Успамінаў дзірваны.

Між людзей зь цяжкою стратаю
Твой шукаю лёгкі сьлед.
Можа ты жыцьцём узьнятая,
Пазнаеш інакшы сьвет?

I за думкай думка гоніцца.
Дзесьці сьвеціцца маяк...
Раптам бачу -- ў кінахроніцы
Ты, каханая мая!

Ў залю цёмную з экрану ты
Пазіраеш на мяне...
Болем радасьці закрануты,
Насустрэч іду вясьне.

I, праменьнямі аквечаны,
Чую моцны ўзьвей цяпла...
Ты ў далёкі кут Нямеччыны
Дзіўным прывідам прыйшла.

1943 



ЗАЛОМ

Шчасьлівыя спатканьні
З табой пад вязам ветлівым,
I частыя блуканьні
На полі жоўтацьветлівым.

I белыя рамонкі,
I васількі блакітныя,
I нашыя гамонкі --
Дагэтуль незабытныя.

Убачыць давялося
У жыце жмут завязаны
Зялёнага калосься,
У якім закляцьце сказана.

Я засьцярог:
-- Заломы
Ня руш, мая каханая!
У вузялку саломы --
Бяда зачараваная.

Але-ж прайшла навала,
I сіла чараў згінула.
Ты каласы сарвала,
Мне ў твар задорна кінула.

«Ня веру казкам гэтым!» --
Сказала ты з усьмешкаю,
I ў ростані з паэтам
Пайшла самотнай сьцежкаю.

Было, здаецца, ціха...
А ня мінула й месяца --
Ідзе з вайною ліха,
Ў крыві падзеі месяцца.

На горад і на вёску
Цяжкое гора падае.
I дзень, як сьвечка з воску,
Гарыць і нас ня радуе.

Спакою мы ня бачым --
Спазналіся з пакутаю.
А ты жыцьцём сабачым
Без ланцуга закутая.

Чужынцы з ласкай лезьлі,
Твой двор стаяў засьмечаны.
Цябе пасьля завезьлі
У разваліны Нямеччыны.

Лажыцца зморай праца
На рукі загрубелыя.
Табе рамонкі сьняцца --
Радзімы краскі белыя.

Калісьці пела ў полі,
Вясной закалыханая.
Ня думала ніколі,
Што будзеш ты выгнаная,

Бяз долі і бяз хаты
I пад прынукай ворага.
Ці помніш колас кляты?
Ты заплаціла дорага!

Хай зло не ад залому,
Хай выпадкова сталася.
Цяпер, калі ня ў дому --
Ўсё роднае згадалася.

Згадаліся ў пашане:
Наш край, вайной абкрадзены,
I шчырае каханьне,
I звычай нашых прадзедаў.

1944 



КРУШЫНА

Расла крушына на Палесьсі.
Зьвінеў і цьвіў хмызьняк густы!
Азёрны шум блакітнай плесі
Прыносіў вецер праз кусты.
I войстры пах травы і цьвілі,
I воўчых ягад горкі сок
Паветра вогкае паілі,
Бы ў навальніцу дождж пясок.
Прырода шчодрая на ласку
Вітала птушняй песьняй бор,
Які складаў лясную казку
I разьвінаў жыцьця прастор.
Дый раптам сьціхла ўсё жывое.
Прыйшоў нядобры чалавек,
Ён залатыя спляжыў хвоі,
Дубы карэньністыя сьсек.
Ён вырваў дзікую крушыну
Зь лясной глушы і ў сад прынёс.
Няхай расьце там каля тыну,
Яе інакшай зробіць лёс.
Ажно дарэмныя надзеі!
На дзікі куст не пазірай!
Зямля чужая не сагрэе
Таго, хто любіць родны край.
Крушыне лес далёкі сьніцца,
Нядоляй нудзіцца сваёй.
I сьпеюць воўчыя чарніцы
Яшчэ гарчэйшыя на ёй.

4.2.45 



ПАГАСЛА, ЯК ЗОРКА

На санках абое, -- далёкі міраж! --
Імчымся насустрач мы ветру дарожнаму.
А сонца мядовае коціцца ўсьцяж...
Сьнег -- цукар...
I соладка сэрцу трывожнаму.

I хустка расхутана, i кажушок,
I сьмехам угрэтыя грудзі гарэзныя.
Раптоўны закрут, на сумёце штуршок,
I потым...
Я сьцiплую памяць вырэзваю:

Было... Маладосьць нам сьпявала тады.
Цьвілі, пацяшаліся нават драбніцаю...
Сівую зіму прыгадалі гады,
I далеч бязрадна глядзіць чужаніцаю.

I сонца муштарднае ў злоснай імгле,
I горкай салетрай
Лёг сьнег затварожаны.
На санях самотны імчуся, але
Ці сёньня сьмяюся я ветру дарожнаму?

Лілейная люба, туляешся дзе?
Якою, скажы мне, ты ходзіш сьцяжынкаю?
Паблізу і поруч ня бачу нідзе.
Пагасла, як зорка,
растала сьняжынкаю.

1955 



ПАД ДАЖДЖОМ АГНЮ

Прысьвячаецца сыну Iгару

Супакойся, мой сыночак,
У вакно не пазірай!
Там у ботах кот грукоча,
Там вядзьмар чаруе край.

Пад гарою ў царсьцьве сонным
Ян-царэвіч на кані
Б'ецца з волатам-драконам,
Меч гартуецца ў вагні.

На грудзёх таго дракона
Заламаны чорны крыж.
А пад ім няма закону, --
Паліць, нішчыць... Ты дрыжыш?

Ты спалохаўся? Ня бойся!
Ён слабы на гэты раз,
Ён загіне! Супакойся...
I мінецца страшны час...

Суцяшае бацька сына,
Моцна туліць да сябе.
Ноч за вокнамі няспынна
Ў шале поцемкі скрабе.

Паланіца ў небе зоры
Пагасіла. Полах б'е.
Пад дажджом агню ўвесь горад
Звышлюдзкое гора п'е.

22.10.44. 



МОЖА ПРЫЙДЗЕШ?

Занямелі ў садзе апусьцелым
Вогкасьцю набраклыя кусты.
Я чакаю... Я дрыжу ўсім целам.
-- Можа прыйдзеш ты?

Не. Няма...
Няўжо чужой дзяўчыне
Я зірнуў усхвалявана ўсьлед?
Мроя тчэцца лёгкім павучыньнем
I ляцiць у сьвет.

Можа прыйдзеш?
Я цябе чакаю
З роднай а далёкай стараны.
Мо з табой, жаданай,
Зноў спаткаю
Дні былой вясны.

10.9.44. 



ЧУЖАЯ ЗIМА

Толькі словы, а песьні няма.
Толькі сьнег, а ці гэта зіма!

Ні марозаў, ні белых завей,
Ні жаданьняў, што меў я даўней.

Тут гнілая, чужая зіма.
Слова мякне, і песьні няма...

1950 



ТЫ СЬПЯВАЛА МНЕ

Ты сьпявала мне «Перапёлачку».
На ўспамін дала кветку-зёлачку.

За гады яна сьцярушылася,
Толькі песенка не забылася.

На чужыне мне, як пачуецца,
Аж да сьлёз магу я рашчуліцца.

Кінуў родны край і каханую,
Боль заходлівы рвецца ранаю...

Каб-жа ведала маю долечку,
Ці сьпявала-б ты «Перапёлачку».

8.6.44 



ЗАЦЬВIТАЮЦЬ ВЯРГІНI

Зацьвітаюць вяргіні
Дый ня цешыцца маці.
Сын на поўначы гіне,
I дачка на чужыне.
Іх няма ў роднай хаце...

Маці ў даль паглядае
На адплыўшае шчасьце.
-- Ты, дачка, маладая,
Ты -- у росквіце мая,
Можаш сілы прыкласьці.

Здабывай сабе долю,
Тчы шырокія кросны.
Хай памру я зь бядою --
На чужыне у мроях
Для цябе уваскросну.

Я радзімай паўстану.
Лепшых летаў, дачушка!
Новы Сьвет акіянам
Аж да дна ўсхваляваным
Тваё сэрца загушкаў.

Хваляваць не пакіне...
А ў гародчыку дома
Зацьвітаюць вяргіні,
Зацьвітаюць вяргіні...
Хто іх рве -- невядома.

1948 



УДОВЫ БУСЕЛ

Хадзіў па атаве бусел --
Цыбаты шаноўны госьць.
Любілі яго ў Беларусі,
Як любяць вясну й маладосьць.

Прасторна было наўкола,
Спагада цьвіла на зямлі.
На дрэва чаплялі кола,
Каб буслы гняздо вілі.

Ды ўрэшце бяда-навала:
Чужынец зьявіўся тут.
I вяза-асілка ня стала,
Распаўся утульны кут.

Разбойнік забіў бусьліху.
Гізуе людзкі злы дух.
Ніколі такога ліха
Ня ведаў цыбаты птух.

Каўтаць сваю крыўду мусіў...
Ці бусла каму шкада?
Вандруе удовы бусел,
Ня мае свайго гнязда.

1951 



ПЕРАД ЛЮСТЭРКАМ

Сьмех вясёлы, і магерка,
I расшпілены каўнер.
Маладосьць мая ў люстэрка
Заглядала, а цяпер...

Нехта іншы ў шкле няветлым,
Шчасьця згінулі сьляды.
Капялюш. Пад фэтрам сьветлым
Цёмны твар немалады.

Гальштук вязаны вясёлкай,
А вясёласьці няма.
Жухнуць вочы ўсьмешкай ёлкай,
Моляць долі, а дарма:

Дайце даўнае люетэрка!
Хай паўторацца цяпер
Маладосьць, мой сьмех, магерка
I расшпілены каўнер.

1954 



СЬНЯЖЫНКА

Адцвіла вяргіня белая...
Мне «бывай» сказала ты.
Зьнікла радасьць недасьпелая
Ў дзень асеньні, залаты.

Я сваю душу трывожную
Суцішаў, як быў з табой.
Ад цябе пайшоў, прыгожая,
Зь незатоенай журбой.

Ідучы ў жыцьцё сьцяжынкаю,
Ні на што не наракаў...
Я над першаю сьняжынкаю,
Што зьляцела на рукаў,

Загарэўся успамінамі:
Саматканы твой вузор
Тонка сплецены ільдзінамі
У карунак дробных зор.

У цябе каўнерык вязаны
Акурат, як сьнегу брыж...
Можа штосьці недасказана,
Дык цяпер дагаварыш.

1943 



МРОІ

Я хвалююся. Песьняй узьняты.
Дух крылаты у далеч імкне
На знаёмую сьцежку да хаты,
Дзе галубка ў вясёлым акне.

Дзе пышнелі ў гародчыку астры
I сама ты між красак цьвіла.
Добрым часам ня ведала кайстры,
Па руінах зь бядой ня ішла.

Ты калісьці сьпявала вясьнянкі,
I нявінная радасьць ва ўсім,
Як віно зь перапоўненай шклянкі,
Разьлівалася сьмехам тваім.

А цяпер ты прыбіта жальбою
I чакаеш на лепшыя дні.
Ці адна? Я таксама з табою.
Я запальваю ў словах агні.

Толькі ў гэтым уцехі шукаю,
На плытох лятуценьняў плыву.
Неўгамоўная доля такая
Ускружыла маю галаву.

Набягаюць кіпучай валвою
Сны і мроі. I гіне ціша.
I душа не знаходзіць спакою,
Вырываецца зь цела душа.

I ляціць да цябе, да каханай,
Выпрадаючы кужаль надзей:
Можа песьняй апошняй паўстану
Я з тваіх набалелых грудзей.

1946 

Лiрыка зь вялiкага места 
ДА ЦЯБЕ, ДАРАГАЯ

Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца.
Родзіць смутак. Сьляза на вакне.
Чую -- маці пяшчотнымі пальцамі
Ціха, прывідна лашчыць мяне.

Сэрцу мірсьціцца даўнае, роднае!
Толькі боль узрастае ўдвая:
За паўсьветам, за далеччу воднаю
Ты гаруеш, матуля мая.

Душыць крыўда... Ніякімі лекамі
Не загоіцца смутак душы.
Засьпявай нашы песьні, як некалі,
I за сына малітву скажы.

Акіянскія горка-салоныя,
Перамерыўшы мілі, вятры
Прынясуць твае словы ў зялёныя
На ўзьбярэжжы сады-гушчары.

I як толькі ізноў распагодзіцца,
Я паеду за горад, і там --
У кляновых прысадах ваколіцы --
Тваё гора сьсяку папалам.

На гадзіну пазбаўлюся негадзі
Адзіноцтва, тугі і турбот...
Паплывуць мае думкі, як лебедзі,
Да цябе, дарагая, на ўсход.

1953 



ЦI ПАЧУЕ...

Ці пачуе плач выгнаньніка
Там у далечы яна?
Можа боль ад вытню праніка,
Ад крутні верацяна
Заглушае тое ўтойнае,
Што ў грудзёх тугой пяе.
Маладосьць высокамройная
Мае клопаты свае...
Я пакінуў хату бедную,
Бы няўцешную ўдаву,
I цяпер я сам ня ведаю,
Як існую, як жыву.
Празь нягоды разгубіліся
Сваякі, сябры, сям'я.
Толькі вершы пульсам біліся,
I ці раз маліўся я:
Дзякуй Богу, што занесены
На шчасьлівую зямлю.
Ды адно -- ўсім сэрцам песенным
Я няшчасную люблю,
Тую -- сёньня зрабаваную, --
На якой радзіўся, рос,
На якой знайшоў каханую
У маім заплёце кроз...
Цьвёрда, крокамі бадзёрымі
Я па вуліцы іду.
Пад мурамі-хмарадзёрамі
Валаку сваю бяду.
Набягае смутак кручаны,
Кураць пылам камяні.
Прыгадаў сады я Случчыны
I лагоду цішыні...
А ізноў над камяніцамі
Неба выдзерты шкумат.
Гэта-ж вочы любай выцьвілі
Ў злую восень акурат.
Так душа мая, прарочыца
Прышлых дзён, снуецца ў сьне.
Незнаёмы горад мрочыцца
I гамоніць галасьней.
Мне здаецца: гмахі хіляцца,
Абдымаюцца яны.
I зыходзяцца, як сківіцы,
Дзьве даўжэзныя сьцяны.
Абцугі каменнай вуліцы
Ціснуць, муляюць мяне.
Сьвет па гэтым не хвалюецца...
I жыцьцё далей імкне.

1954 



БЕЛАЯ НЯВІННАСЬЦЬ

Была вясна. Былі заручаны.
I каля весьніцаў спатканьні.
I ўсё было вязьмом закручана:
Пагляд, усьмешка і прызнаньні.

Язьмін і дзеўчына. Нявінныя...
Салодка вохныя і ў белым.
Навошта гэтыя ўспаміны я
Сьпяваю часам агрубелым?

Навошта мучыцца пачуцьцямі
Высокіх чыстых парываньняў?
Маю душу закаламуцілі,
Зьвягае старасьць на выгнаньні.

Стаптаць прыгожае і добрае,
Сябе самога зьнеахвоціць.
Паўзе з закуцьця, ўецца кобраю
Нянавісьць, чорнае страхоцьце.

I разяўляе пашчу шырака 
I сык чуцён з багновай тхлані:
-- Нам не патрэбна Ваша лірыка
Пра вёсны, кветкі і каханьне...

Дармо! Сьпяваю і ня слухаю
Пустых гамзатых лемантацый.
Хачу, падбіты завірухаю,
Часінку радасна сьмяяцца.

Пайду ў мой кветнік, абмінаючы
Балота, зарасьлі калючак.
Люблю я сонца, шыр і далечы,
Люблю я слова так балюча.

Яго шліфую, перасоўваю
3 радка ў радок дзеля парадку.
Ізноў гарыць півонь пунсовая,
Цьвітуць настуркі, мак і браткі.

Із гэтых кветак водыр выстаяў,
Гаючы подых Беларусі.
Яна жыве, мая квяцістая,
У жалю матчыным, у скрусе.

Жаданы час надыйдзе. Зьдзейсьніцца.
Хай ня са мной, а з маім сынам.
Стаяцьме зноў ля родных весьніцаў
Былая белая нявіннасьць.

1955 



АКТОРКА

Гэта наша надзея,
3 натхненнай ігрой!
...На грудзёх архідэя,
Уквечаны строй,

Дыямэнтаў зарніца
Сузорыць яе.
Выглядае царыцай,
Вітае, пяе.

Лёгкай гліцаю песьня
Прыносіць з сабой
Смольны водыр Палесься
У затхлы пакой.

Не асфальт за сьцяною,
Ня вуліцы муць,--
Панад хатаю хвоі,
Як струны, гудуць.

У вячорным сутоньні
Ня аўтаў разьбег, --
Хлопцы поплавам коні
Вядуць на начлег.

А як хораша грае
Вясьнянкамі хор --
Беларускага краю
Пялёсткаў віхор!

Цьвет чарэмхі, бярозы
I вохнай альхі...
Я у снох не цьвярозы,
Да слоў ня глухі.

Захавала акторка
Наш родны матыў!
Мне салодка і горка,
Я ў чарах застыў.

I ўзьняты на хвалях,
Гляджу на яе --
Ў дыямэнтах, каралях
Пастушка пяе.

1955 



АПОШНЯЯ РОСТАНЬ

Сумны ўспамінаецца абразок.
Наша ростань. Раніца і вазок.
I суседзі сельскія, і радня,
I мой дзядзька зь лейцамі ля каня.

Сена з канюшынаю у вазку
Пахне зелянінаю хмызьняку.
I дармо пад ботамі сьнег хрумсьціць,
Чорны грак з турботамі ўжо ляціць.

Пачынае пукацца вербалоз.
У далёкім грукаце рух калёс.
Гора палыновае да мяне
Новае, вясновае завіне.

Смагай боль выростае. I ў бядзе
У вапошняй ростані аж гудзе.
На хурманцы досьвітак назнарок,
Каб упіцца ўдосытак, цэдзіць сок.

Перадвесьняй дыхаю, п'ю імжу.
Урачыстасьць ціхая. I -- кажу:
-- Я вярнуся, родная, ў гэты край
У пару пагодную. Ты чакай...

Дзядзька лейцы кратае - рве каня.
Вее перад хатаю цяплыня.
Там ты з хусткай белаю у руцэ,
Ізь сьлязой зьнямелаю на шчацэ.

1954



ПОЗНЫМ ВЕЧАРАМ

Позным вечарам, ведаю, ў сельскай глущы
Разрастаецца вусьціш. На прызьбах нікога.
Не пабачыш ніводнай спагаднай душы,
Не пачуеш ніводнага слова людзкога.

Ты ў маркотнай зьнямозе. У хаце адна.
Запаліла сьвячу, залатую грамніцу.
Пiшаш ліст да мяне. Разумееш, аднак,--
Не патрапіць твой ліст перайсьці заграніцу.

На гарачай маліцьве складаеш радкi,
I ня свету, а мне зразумелыя рэчы --
Боль і скарга на долю, і смутак цяжкі,
I надзея на дзень увянчанай сустрэчы.

-- Дзе ты? Мой...
Гэта шчырае ўсё -- не мана.
Пацалункам пяра моцна ўціснута кропка.
У душу -- у пабітую шыбу вакна --
Урываецца сьцюжа напорна, таропка.

Мо забыцца? Ня мроіць?
I ліст да сьвячы --
На пялёстак агню... А ці страціла веру?
Гэтак, любая, верад жыцьця не лячы,
Спапяліш не пачуццi свае, а паперу.

1955 



ЗГАДКА

Строгі горад, страшны Бабілён
Не згасіў гарачага натхненьня.
Спомніў тую восень... Бабы лён
Білі і трапалі ў загуменьні.

Жвавы рух дзявочых рук, грудзей;
Ляскаталі пранікі і сэрцы.
Час ішоў, як добры чарадзей...
Чар былога замстаю ня сьцерці.

Сёньня гумнаў сеннае цяпло
Захаваў я песьняю сваёю.
Акіянам поле праплыло
I прапахла сьвежаю ральлёю.

Мілы вобраз радасна узьнік,
Бо заўсёды роднае наўвеце:
Хата, пуня, хлеўчык і даржнік,
Барана і збруя пад павецяй.

I твая усьмешка, і твой сьпеў,
Сьвята маладосьці і размовы.
Мне шкада, табе я не пасьпеў
Выказаць затоеныя словы.

1955



У ЗАСМУЧАНЫХ ЭМОЦЫЯХ

Сабе дарогу песьняй сьцелячы,
Шукаю родныя мэлёдыi.
Уражаньне зь нью-ёрскай велічы
Расьце, а лірай не валодае.

Не, не натхніць мяне шум вуліцы,
Сабвэю бразганьне зялезнае!
Мур-камяніца ў неба сунецца,
Як тая вежа вялічэзная.

Ад ста паверхаў вокны волата
Схапілі сонечнае полымя.
А ці ў душы маёй, як золата,
Зайграе іскрамі вясёлымi?

Туга па бацькаўшчыне моцная,
Найбольшая ад гэтай велічы.
Іду ў засмучаных эмоцыях,
Сабе дарогу песьняй сьцелячы.

1953 



ПАСЬЛЯ ПРАЦЫ

Халодным жвірам
Нiкне думак жменя.
Пясок і цэгла.
Шум і мітусьня.
Жыцьцё камечыцца
Паміж таго каменьня,
Хвабрычным дымам
Копціцца штодня.
На голым урбанізьме
Лірыка ня можа
Прыгожа,
Пышна
Краскаю цьвісьці.
Дзе сінь, зяленіва --
Маё там падарожжа.
Я пасьля працы
Ў парк люблю зайсьці.
Раскошны парк --
Мой адпачынак у Нью Ёрку
Ад пекла скрыгату,
Ад пылу і сьмяцьця.
Гарэшкамі
Гарэзную вавёрку
Я пачастую
Ўцешна, як дзіця.
Дзівоснай марай
Яву агарну:
Я ў лесе!
3 куста зьвярок
Даверліва зірне.
Паўстануць дні маленства
3 гоманам Палесься,
Да песьняў абуджаючы мяне.
Пасьля,
Увечары,
Калі ў пакоі ціха,
Як згасьне дзённы грукат
За вакном, --
Ізноў паэзія
Пачне сьпяваць і дыхаць
У снох маіх
Каханьнем,
Прыгаством.

1953 



НА БРАДВЭI

Вячорнае сутоньне расьцьвіло.
У чорнае прадоньне б'е сьвятло:
Чырвонае, зялёнае,
Жоўтае ды белае.
Яно --
Чароўнае, шалёнае,
Жорсткае, трымцелае.
Адно --
Іскрыстая завея ля вітрын.
Маністамі Брадвэю на вятры
Калышуцца, ня ўсьцішацца
Зыркія вячорныя агні.
Цярушацца, мітусяцца
Зоркамi у чорнай глыбіні.

1954



АДВЯЧОРКАМ

Горад смуткам цісьне мае плечы,
Плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Адвячоркам чую голас нейчы
Між руінаў там, дзе папялішча.

Гэта ціхі лямант беднай маці
Па сынох, што гінуць дзесьці ў сьвеце,
Па разбуранай вайною хаце,
Па сьвятыні, кінутай у сьмецьце.

На дзядзінцы - чортава ігрышча.
А з выгнанцам ходзіць цень галечы.
Плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Горад смуткам цісьне мае плечы.

1955



НАД СТАЎКОМ

Над стаўком лятаюць нізка ластаўкі,
Лашчаць дзень пахмуры. Я гляджу --
Гэта-ж бо трывога крыльлем шастае
Ў набліжэньні буры і дажджу.

Прыйдзе ноч, няйначай -- з навальніцамі
I асушыць сьлёзы на зары.
Вунь цьвіце лілея. Дзіўна сьніцца мне:
Ты стаіш у белым каптуры.

Сны і ластаўкі лятаюць нізенька
Над стаўком, над пеністай бруёй.
Жаль на сэрца пацеры нанізвае,
А няма суцешніцы маёй.

1954



ЧАСIНАЙ

Вечар пляце, як павук,
Цемрадзі сетку.
Адвечнае:
Гоман у горадзе, грук,
Небясьпечнае.

Прывіды, прочкі ідзеце!
Як страшна самотным увечары
Паэтам і дзецям.

1955 



ГЭТАК ЧАСТА...

Калі я адзін,
Гэтак часта бывае,
Зь мінулых гадзін
Менск зазвоніць трамваем.
У гэту пару
Так няўтульна ў пакоі.
Сабе і пяру
Не даю супакою.
Крычыць аўтабус
I падземка грукоча.
I грукат угруз
У бяссонныя ночы.
У сэрцы ляжыць
Неўгамоўнае гора.
Ня Менск, а чужы
Хмарачэплівы горад.
Кладзецца на брук
Пыл, як цьвіль на скарынку.
I гусь, i вяпрук
Няжывыя на рынку.
I сьмягне трава
У глухім панадворку.
I нельга трываць,
Як пачуеш гаворку
Сваіх землякоў.
Мроя ўспыхне і сьніцца:
Палеская зноў
Выбягае крыніца.
Кусты і блакіт --
Зеляніна і неба.
Замовы ракіт
Над сугліністай глебай.
Балота. Трысьцё.
I праз поле гасьцінец...
Ну, як пачуцьцё
Заглушыць і адкінуць?
I хочу я, ледзь
Не пазбаўлены веры,
У прышлае мець
Незамкнёныя дзьверы.

1955 



АПОСТАЛ КАХАНЬНЯ

Прырода Палесься
Яго напаіла
Крынічнаю песьняй,
Зарой небасхілу.

I выйшаў ён проста
Зь вясковага раньня,
Як новы апостал
Людзкога каханьня,

Такога зямнога
Жывога каханьня,
Аж болю замнога,
Трывог і згараньня.

Ці ў гэтым загана?
Ці-ж доля схлусіла?
Пад сэрца загнана
Прыгожая сіла.

Палескіх гушчараў
Ён мовы ня кінуў.
Ня страціў тых чараў
На бруку Брукліну.

1957
ПАД СУЗОР'ЕМ СТРАЛЬЦА
ПАД СУЗОР'ЕМ СТРАЛЬЦА

Ляжыць Стральца сузор'е
На недасяжным шчасьці.
Хачу агню раскласьці
Ў халоднае надвор'е.

Няхай у паляваньні
Страла нясецца песьняй.
Штораз яна балесьней
Мяне нізае, раніць.

Я пад Стральцом ахвяра...
Таму і неспакойны
Іду, любоўю ўпойны,
У мройныя абшары.

1944 



ТЫ МЯНЕ КАЛІСЬЦI ПЕСЬЦІЛА

Ты мяне калісьцi песьціла
Ў жарскім полымі жыцьця.
Ты была маёю песьняю,
Дыямэнтам пачуцьця.

Мы ішлі шляхамі рознымі,
Але з мэтаю аднэй,
I завеямі марознымі,
I ў спякотны сухавей.

Шмат мінула дзён, атручаных
Горкім чэмерам ілжы.
Да цябе я зноў залучаны.
-- Ці ты ўсьцешана, скажы?

Хай апошняй кропляй горычы
На душы зыходзіць ноч...
Я нічога не гаворачы
Буду ў неба тваіх воч

Пазіраць, каб ціха цешыцца,
I таіць салодкі стогн.
Не знасіць вады у рэшаце,
А каханьня у лістох.

Я на гэтым пераконаны...
Я прынёс зялёны май.
Ты пастаў букет у конаўку,
Як даўней, мяне прымай.

I усьмешкаю ты весьняю
Надары свайго гасьця.
Станеш зноў маёю песьняю,
Дыямэнтам пачуцьця.

Я, -- нічога не гаворачы,
Бо на словы не ахвоч, --
Пазіраць з мальбою горача
Буду ў неба тваіх воч.

1943 



У ЗАЦІШКУ

3 табой я ў зацішку ізноў.
Прыходзіць раньне. Таюць зоркі.
Для пачуцьця ня трэба слоў,
Ня трэба лішняе гаворкі.

Нам сьцеле ў росах сенажаць
Кілімы з кветкавых карункаў.
А вусны смаглыя дрыжаць
I моляць палкіх пацалункаў.

Шугае слодычы агонь
У зачарованым палоне.
Твая гарачая далонь
Ляжыць даўно ў маёй далоні.

I нам ня трэба лішніх слоў,
Мы больш паглядамі гаворым...
Плыве чароўны сьпеў лугоў,
Рамонкам пахне і чаборам.

1943



МОРСКАЯ СКАЛА

Сьмехам мне сказала:
-- Кінь залёты рупныя!
Я -- з граніту скала
Надта недаступная.

Я -- ты бачыш -- скала
Морская, халодная.
А сама ласкавая...
I папраўдзе -- згодная.

Тонкі стан дзявочы,
Хараство сардэчнае.
Пазірала ў вочы
Ласка супярэчная.

Мне руку сьцiскала:
Бура падымалася...
I на ўзмор'і скала
Хваляй сагравалася.

1952 



ВЯСЕЛЬНЫ САД

Мы ў сад з табою выйшлі
3 будзённасьці пустой.
Зірні на гэту вішню!
Убраная фатой,

Яна, як маладая,
Пад сонечным вянцом
Сягоньня выглядае
Вясёлым дзераўцом.

У радасных настроях,
Як дружкі, чарадой
Ігрушкі ў белых строях
Стаяць ля маладой.

I выслаўляюць сьлівы
Бяз слоў сьвяточны лад.
Сьпявае час шчасьлівы,
Цьвіце вясельны сад!

Ці чуеш, дарагая,
Як пчолкі загулі,
Як вецер нам іграе
Пяшчотна у гальлі?

Выходзь-жа на дарожку,
Вясеньні вальс кружы!
Так мала дзён харошых,
Дый тыя -- міражы.

Па гэтым ня журыся,
Кружыся матыльком,
Я за табой, Марыся,
Вячорным сьветляком

Пад засьцей зазігцею
I яскай паляту.
Мы сьветлую надзею
Ня кінулі ў слату.

Мы павіншуем вішню,
I зложым хваласьпеў.
Ён пажадаць ня лішне,
Каб ураджай сасьпеў,

Каб скрозь плады віселі
Вясёлаю гурбой...
Між цьвету на вясельлі
Закружымся з табой.

1952 



У МIЖЗОР'Е

Адвячоркам я выйду за весьніцы
Насустрэчу табе і вясьне.
Будзе мара блакітная песьціцца
У паглядзе тваім для мяне.
Прытулю цябе, мілая, горача.
I на ставе, пад ніцай вярбой,
Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы,
Я ўсю ноч прасьпяваю з табой.
Мы -- упрочкі ад явы. Ня змрочыцца
I ня згіне імпэт малады.
У міжзор'е далёкае хочацца,
Дзе няма ні вайны, ні бяды.
Мы абое, галубка дрыжоная,
Напляцем лятуценьняў вянкі.
Ночка гэтая прыйдзе бяссонная,
Праглыне і прасьцяг і вякі.
Дробна зоры на небе накрышацца,
Замігцеюць і ў цёмнай вадзе.
Возьмем човен, і ён закалышацца,
Паплыве, у сусьвет павядзе.
Прытулю цябе, мілая, горача,
Станеш ружай пунсовай цьвісьці.
Будзе Муза, са мною гаворачы,
Працінаць маладосьць да касьці.
Твае вусны, як цукар у ягадзе,
Будуць таяць, запальваць мяне...
Адчуваю спатканьне я загадзя
I каханьне між зор на чаўне.

10.4.44



ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА

Тану я ў моры мараў,
На сэрцы хваль прыбой.
Палеская Тамара,
О сьветлы вобраз мой!
Не мімаходзь заскочыў
Я ў госьці да цябе.
Ты васількамі вочаў
Цьвіла ў маёй журбе.
Твой мяккі кужаль косаў
Спавіў маю душу.
Не паглядай-жа скоса, --
Я радасьці прашу.
Ня высахне, ня зьвяне
Пялёсткаў белы цьвет.
Пад сонечнае зьзяньне
Каханьне выйдзе ў сьвет.
Я буду ў гэтым годзе
Гарэць, як у вагні.
Маўчаць пачуцьцям годзе!
Тамара, працягні
Ты мне насустрач рукі...
Я познаю парой
Прыйшоў, каб вызнаць мукі
I поўны супакой.
Аб гэтым часта мару
I любую маю
Палескую Тамару
П я ю.

1942 



РУСАЛКА

Бачу ў люстры жывую русалку,
Чэша косы кужэльнага лёну.
Пацьвяляецца горача-палка
Цела белае ў дымцы вялёну.

Паланее зарою аблічча.
Зноў ахвяры асьмягнена прагне.
Надзіць, кліча мяне і казыча
Ды, чаруючы, ў возера цягне.

3.4.56



У ГУМНЕ

Там чароўнай любжы зельле
3 расьцярушаным насеньнем.
I ніводзін нат асьцюк
Ня трывожыў целаў грэшных.
У гумне мурог сухі
Шчасьце ведае чыё
Так салодка енчыць.

Як гулялі, як дурэлі,
Як куляліся на сене,
Толькі бачылі -- павук
Із-пад крокваў на падстрэшшы
Ды праз шчыліну страхі
Залатое зайчанё --
Сонечны праменьчык.

4.4.56 



* * *

У пустой капліцы сэрца
Сьвечку-памяць запалі:
Мелі шчасьце на талерцы,
Пелі родныя палі.

Там - прыветныя рамонкі
I драсён, і каласы,
I дзявочы голас звонкі
Ад суседняй паласы.

А няхай-жа адгукнецца
Сьпеў рамонкавы цяпер.
У пустой капліцы сэрца
Ты мой прывід ашчапер.

16.4.56



* * *

Як матуля, пяшчотай мяне атулі
I сагрэй прамяністым паглядам.
Мне ўжо мроіцца:
роем лятуць матылі, --
А ня сьнег -- над аквечаным садам.

Гэта-ж тая вясна, у якой дзяцюком
Я сьпяваў залатую заранку.
Ах, завея мяце
белы цьвет за вакном.
Апусьці, дарагая, фіранку.

Гэтак лепш.
Гэтак будзе куды спакайней...
Маладосьць зацяпліцца... паўстане.
Я пачую ў запеве зімовых завей
Нашу чыстую споведзь каханьня.

1949 



* * *

Ня трывожце маю маладую спакусамі,
Не чапайце рукамі, паглядам, замоваю.
Гэта я маю права гарачымі вуснамі
Пражыць ейнае цела пругкое, вясновае.

I гарэць у натхненьні ад палкага дотыку,
Аднаўляць маладосьцi забытую драму...
Я іду, перахмелены мёдам эротыкі,
Праз дзявочае сэрца -- праз Войструю Браму.

15.4.56



* * *

Гляджу на косы сьветларусыя
I гладжу кужаль гэты.
Ізноў я мару Беларусяю,
Тваім цяплом сагрэты.

Ты моцна тулішся. Ты згодная.
Я цісну кволы локаць.
3 табой прыемна ў хату родную
Ўвайсьці і сесьці ў покуць.

16.4.56 



ЛЯ РАКІ

Я з табою сядзеў ля ракі,
Між чароту плылі шчупакі...
Над вадою трымцеў плавучок.
-- Можа плотку падчэпе кручок?

А што думала ты -- ня ўгадаць.
Твой пагляд лашчыў водную гладзь.
I сьпявала ты ціхенька мне:
-- Ці кахаеш, мой любы, ці не?

Раптам голас узрушаны сьціх,
Ты танула ў абдымках маіх.
I ў той момант, нібы назнарок,
Патануў на вадзе плавучок.

1938



КАШТАНЫ

Сьпелы плод кастрычнік з дрэва рве.
Лопаецца мяккая шкарлупка.
I, падскочваючы, карыя каштаны
У густой хаваюцца траве.
Прыгадаў цябе, мая галубка!..
Можа там, у змроку распластаным
Сохнеш, як лілея на жарсьцьве.

Прыгадаў, і ціха затужыў.
Слаўная, на Случчыне калісьцi
Я ў цябе і ў восень закаханы
На прысадах з крозамі кружыў,
I танула песьня ў жоўталісьці.
Там таксама падалі каштаны,
Падаў ліст і сітны дождж імжыў.

Мне даруй за смутак і нуду.
Маё-ж сэрца сьціснута ў калодкі,
I баліць, і марыць Беларусяй.
Дарагая, ў добры час прыйду!
На вясьне ў дні шумнае паводкі
Я, нязломны ў бурах, прабяруся
Да цябе, як промень праз ваду.

17.10.1946 



* * *

Праймаюць дрыжыкі мяне.
Ты ўся мая -- ад скронь да пятаў.
Струной напятай ператне
Мне грудзі тое сьвята сьвятаў,

Калі пачую плач і сьмех,
Мой голас вершаў з тваіх вуснаў,
I ў сьвеце дробязных уцех
Уцеху прыязьні хаўруснай.

Тады і я ў пачуцьцях сам
Дайду да сьмелых кульмінацый.
Сваю душу табе аддам,
Каб шчыра, горача прызнацца.

Сьпявае ў казачнай мане
Твой лірык першы і апошні.
Успомняць праўнукі мяне,
Як гаспадыня збан на пожні.

I пацячэ мой хмельны мёд,
I скажуць людзі тыя словы,
Якія браў я ў пераплёт
Са стогнам любай і дубровы.

1950



ЛАСТАЎКА

Убраная ў белым, прыгожа і сьвежа,
Пад чорным карункавым шалікам...
Прызнацца адкрыта: да ціхіх належу,
А стаў цішыні парушальнікам.

Вясёла сьмяюся, сьпяваю з табою.
Ты ўпотайку дзьверы на засаўку.
I я расьцьвітаю трыццатай вясною,
Я лашчу цябе, маю ластаўку.

Зрываю твой строй і тваю сарамяжасьць,
I водарыць цела магноляю...
Ніколі ні песьні, ні казкі ня скажуць,
Якой мы гарэлі сваволяю.

Каханьне закрэсьліла пункты і нормы,
I пэўныя правілы этыкі.
Як заклік задорны -- няўкрытыя формы
I позірк, прываблівы гэтакі.

Я ў позірку любай -- шчасьлівы тапелец.
Нязьменная сэрцу выбраньніца,
Гарачая блізкасьць нам дзіваў насьпеліць
I соладзь няземнаю станецца.

1937 



ДВА ЛІСТЫ

Лiст першы


Мой дарагі, каханы дружа!
Ты зразумей маю душу,
Што напакутвалася дужа,
I супакой яе, прашу.
Прыйдзі, мой любы, мой жаданы,
У позны вечар ці ўначы,
I на грудзёх свае Зузанны
Ад злога сьвету адпачні.
Прыйдзі, прашу цябе, ў ваўторак.
I гэтак станецца ізноў, --
Я пацалую разоў сорак,
А можа й тысячу разоў.
Я зацалую тваё цела
Так моцна ўзацмак, каб яно
Агнём гарэла і трымцела,
I бушавала заадно.
У жарсьці, вытачанай д'яблам,
Дам да эротыкі ключы.
Маіх грудзей сасьпелы яблык
Кранеш далоняй, дрыжучы.
Пачуеш сэрца майго клёкат,
Як радасьць бусла на вясьне...
Неспадзявана і здалёку
Зьявіўся любы да мяне.
Прыйшоў з прастораў Беларусі,
3-пад саламяных чорных стрэх.
Мяне чароўным словам змусіў
Прыняць зямны, прыемны грэх.
Цяпер, ня маючы спакою,
Я асьмягаю безь цябе,
Хачу заўсёды быць з табою
I ў весялосьці, і ў журбе.
Твае імкненьні і настроі
Хачу да тонкасьці ўспрыймаць.
Хачу з табой ускрыліць мроі
I разам высака лунаць.
Каханьня вузел завязаны...
Каб быў мацнейшым на вязі --
Прыйдзі ў ваўторак да Зузанны,
Прашу, прыйдзі! Твая Зузі.

14.4.51

Лiст другі

Мая Зузанна! 3 праўды горкімі
Зыходзяць словы на лісты.
Жывём гарачымі аўторкамі,
А я хацеў-бы серады.
Ня трэба мне мадэрнай мудрасьці
Тых да эротыкі ключоў.
Ня трэба тэй блазноты ў юрасьці,
Ды не на сэрца -- на плячо
Я пакладу руку спакойную,
Ў вазёрцы воч Тваіх зірну.
Яшчэ калісьці перад войнаю
Так заглядаўся на адну.
Такія-ж кудры сьветларусыя
I той-жа позірк і пастаць.
Мо' за Цябе таму бяруся я,
Каб так, як тую, пакахаць.
Ды гэта зьява немагчымая!
Не ад красы Твае самлеў...
Ня хлеба лустачка нішчымная
Захрасла ў горле, а сумлеў.
Няўжо настроямі, імкненьнямі
Маімі можаш даражыць?
Твая душа ляжыць пад фэнігам,
I ў лятуценьнях ёй ня жыць!
Навошта пацалункаў тысячы
Ты абяцаеш надарыць?
3 крамня Ты можаш іскры высячы,
Ды гэтым сэрца не гарыць.
Ня трэба! Чарамі спакуснымі
Мяне назойна ня трывож!
Калісьці быў сагрэты вуснамі,
Ішоў да шчасьця басанож,
I ахінаўся цёплай гліцаю --
Дзявочым сьціплым пачуцьцём.
Маю сябрыньку зваў сястрыцаю,
Прыходзіў ветлівьм гасьцём.
Цяпер спаткаў Цябе. Падобная!
Балюча ятрыцца ўспамін,
I гэтак блізкае і роднае
Ўвайшло упарта, быццам клін.
Прыйду ў ваўторак! Вып'ем вечарам
3 Табою каву, жарсьць і сны.
А не ставацьме ў ласках нечага...
Мо' даўнай бэзавай вясны?
Я прытулюся, і засмучаны
Ў вазёрцы воч Тваіх зірну.
Згадаю любую з-пад Случчыны
I родны дом, і даўніну.
Ператваруся ў мрою зорную
Зямным пакутам насупор.
I ўжо тады Цябе, паўторную,
Я супакою. Твой Рыгор.

18.7.51
ПАПАРАЦІ
ПАПАРАЦІ

Прабягае дзе-ні-дзе
Злосны вецер за аселіцаю.
I зімы апошні дзень
Апяваецца мяцеліцаю.

I сівы мароз-мастак
Парасклаў на шыбах папараці.
Кветкі сьнежныя, аднак,
Заўтра кроплямі закапаеце.

Лёгка дыхае вясна
Над сьнягамi расьцярушанымі.
Я самотна ля вакна
Сьмягну думкамі узрушанымі.

Незабыўныя гады,
Пылам замсты незамеценыя.
Хлопца вабілі тады
Косы русыя, заплеценыя.

3 тэй дзяўчынай часта я
Пеў вясьнянкі пад алешынаю.
Мне здавалася, мая
Доля зь нейкім зельлем зьмешаная.

Дзіўны шэпат у лісьці,
А я з мараю нязьдзейсьненаю:
Як у шчасьцi узрасьці
I цьвісьці вясною песеннаю?

Як ад гора уцячы?
Капцюрамі ліха драпаецца.
На Купальлі уначы
Мы шукалі кветку папараці.

Аджа кветкі не знайшлі,
Толькі морак плыў над парасьцямі.
Маладосьць мы перайшлі,
Бачым поступ блізкай старасьці мы.

Розных думак рой імкне.
Вунь жаданая, расквечаная
Серабрыцца на вакне,
Ды цяплом амаль зьнявечаная.

Клаў мароз на шыбы вас
У спляценьні хітрым, папараці!
Вам трываць нядоўгі час --
Заўтра
кроплямі
закапаеце.

1942



ВЕРА Ў СЛОВА

Так, даўней па вёсках гора пекалі
I жылі на горкай лебядзе.
Ведзьмакамі сьвет муціўся некалі,
Іх клялі ў накліканай бядзе.

I падзіў, і ўрок, і сны трывожныя...
На жніве змагаліся з тым злом:
Абжыналі жыта прыдарожнае
Ды вязалі жычкаю залом.

Чараўнік імчаўся зданяй шпаркаю,
А за ім грымелі пяруны.
Ён насланьне гнаў над гаспадаркаю,
Падымаў нябожчыка з труны.

Расьсяваў наўкол насеньне кепскае,
Каб яно бур'янам парасло;
Каб стагнала цяжка глуш палеская,
Дзе стаіць самотнае сяло.

Зло ішло... Карова забадалася
I давала мала малака:
У бядзе ізноў віна складалася
На таго старога ведзьмака.

Замаўлялі штосьці над карэньнямі,
I цадзілку мялі ў саганох,
Кіпяцілі зь зельлем белапенную,
Каб нячысьцік скурчыўся і ссох.

На яго ступалі зь песьнятворамі,
3 конаўкай нашэптанай вады,
Уначы мярцьвілі загаворамі --
Ў сілу слова верылі дзяды.

1945



НЕМЫ ЛІРЫК

Мабыць шчасьце зраклося яго,
Перасьледуюць крыўда, няўдачы.
А ня ведаюць людзі таго,
Што ён лірык із сэрцам гарачым.

Ён маўчыць.
Ён ня можа сьпяваць.
Трапяткое хаваецца слова.
Засьвістаць на зацьвілую гладзь --
Шчэ ня довад, што песьня гатова.

Шмат на сьвеце было песьняроў,
Іх забылі, як леташніх пеўняў,
Бо ніводзін пяшчотаю слоў
Не запоўніў радкі,
Не запэўніў,
Што мастацтва -- душы запавет,
Будзе жыць аж да сьветнага скону...

Немы лірык,
3 пачуцьцямі -- ў сьвет!
Свой сьвяты абавязак выконвай.

1954



ВОСЕНСКАЯ ЭЛЕГIЯ

Шолахнага золата у садзе
Мы цяпер ня можам зразумець.
Восенскі імглісты лес ня надзіць
Да сябе пад хвойную павець.

Выпятрылі добрае, што мелі
I згубілі кволасьці свае.
Мягне шчасьце дзесьці на адмелі,
Сёньня нас сьцюдзёны смутак б'е,

Раніць арабінавае раньне
Шэлестам апошняга лісьця...
Дружа мой! У гэтым дагараньне
Нашага пустога пачуцьця.

Не знайшлі мы ў сто каратаў слова,
А ў душы ста градусаў цяпла,
Каб любоў шырока і вяснова
Ў сталасьці і ў старасьці жыла.

Каб маглі мы чыста захапляцца
Краскамі, каралямі расы,
I ў праменьні Божага багацьця
3 чуласьцяй узьняцца да красы.

Ці паўстане зноў настрой здаровы,
Жарты, гульні, што назвод пайшлі?..
Не знайшлі мы ў сто каратаў слова,
А яно існуе на зямлі.

1955



ВЕСЬНІЯ НАДЗЕІ

Зацьвілі надзеі
Ў ясны дзень вясновы:
Людзі-дабрадзеі
Дом збудуюць новы.

Будуць маладыя
Ладзіць навасельле.
I пайду тады я
Да іх на вясельле.

А сягоньня сініць
Смутак мае вочы.
Сьніцца мне гасьцінец
I сяло на ўзбоччы.

Маё сэрца бачыць
Абразы старога.
Мірсьціцца, маячыць
Простая дарога.

Чараты над рэчкай
I з каткамі лозы...
I мая засечка
На кары бярозы:

Памятка спадзеву,
Што калі вярнуся,
Соку з таго дрэва,
Смагнучы, нап'юся.

Я нап'юся соку,
Я памаладзею.
Так... нясу высока
Веру і надзею.

1951



ПАЯСОК

Мне случанка падарыла
Найпрыгожы паясок.
Пачуцьцёвай процьму сілы
Выбраў вытканы кусок.

Зацьвілі на кожнай нітцы
Мары ткальлі маладой.
Ёй вузор пазорны сьніцца,
Шоўк ільсьніцца пад рукой.

I мітусяцца ўразбродку
Зоркі ў зыркім паяску,
I праменьні пасяродку
Прабягаюць па шаўку.

Краскі, крыжыкі, шмат рысак
Чырванеюць па бакох.
Палымнеець ясны прысак --
Беларускі даўні бог.

Сыплець іскрамі Ярыла
Зь ніцяў золата пясок.
Гэты слаўны паясок
Мне случанка падарыла.

1942



ПЕРАД СЬВЯТАМ

А чаму, зь якой прычыны,
Пад брывамі у дзяўчыны
У блакітнай глыбіні
Загараюцца агні?

Ці таму, што блізка сьвяты,
Што прыходзяць часта сваты,
Мёд нясуць, гарэлку п'юць
I, частуючы, пяюць.

Пазіраюць ёй у вочы,
А ў адказ ім -- сьмех дзявочы.
-- Ня гуляйце да цямна!
Мае любага яна.

3 Васілём, хлапцом вясковым,
Ёсьць інтэрас, адным словам.
I вясельле пойдзе ў лад,
Мае быць пасьля Каляд.

А таму, з тае прычыны,
Пад брывамі у дзяўчыны
У блакітнай глыбіні
Загараюцца агні.

1942



НА ПРАДВЕСЬНІ

На прадвесьні па жарсьцьве дарог
Я пайду за горад пець прастору,
Мне ўжо сьніцца сонечны мурог,
Мне прыносіць гліца пах чабору.

А яшчэ ня выбегла нідзе
3-пад зямліцы траўка маладая --
Сымбаль сыці і людзкіх надзей.
А яшчэ пахмура паглядае

Ў талым сьнезе прэлая зямля,
Як іржа рудая на зялезе.
Аж ня ўрымсьцiцца жальба мая,
Асьцюком у верш яна залезе.

Будзе песьні мутарна маёй.
А пасьля, калі ўсьміхнуцца руні,
Праліецца сум, і супакой
Ляжа ў сэрцы на жывыя струны.

Акрыліцца слова. Пойдзе ў друк.
Хай чаруе, песьцiць на прадвесьні.
Дзесьці тоне ў просіні жаўрук,
Ён пяе напэўна мае песьні.

1938



ЗЛОЕ ШЧАСЬЦЕ

Я маю злое шчасьце:
Любіць і боль цярпець,
Падняцца, нізка ўпасьці,
Зноў узьляцець і пець.

I песьнямі сваімі
Спакой душы знайсьцi,
Бяз крыку, з простьм імем
Да хараства ісьці.

Гарэць... ахвяры класьці,
I ўсёй істотай пець.
Такое злое шчасьце
Паэт павінен мець.

1938



МНЕ ШКАДА

Зажурыўся сад улетку --
Салаўя загналі ў клетку,
Мне шкада...

У садку сарвалі кветку,
Начапілі на жакетку.
Мне шкада ...

Салавей прыціх у клетцы,
Кветка вяне на жакетцы --
Мне шкада...

Радасьць чыстая, сьвятая
Хараством жалобным грае --
Мне шкада.

1927



ВЯЧОРНЫ СЬПЕЎ

Захад мягне ў журавіне,
Хмары звоняць у званы.
Вечар сіні па даліне
Расьцілае туманы.

На аблоні вечар млявы
Лёг і слухае цішком,
Як гамоняць краскі-травы
3 кучаравым хмызьняком.

Кадзіць ладанам ракіта...
I крычыць мая душа --
Дзесьці ў кляштары забытым
Незабытая імша.

Бомы льлюцца, будзяць далі.
Глуха стогне медзь званоў.
Бомы штосьцш мне згадалі
I сагрэлі наквець сноў.

1928



ПАДАРУНАК

Там, дзе дубчыкамі простымі
Вербалоз расьце з арэшынаю,
Сплёў я кошык ёй, і ў ростані
Застанецца люба ўсьцешаная.

Пахне сьвежаю ракітаю
Кошык з выгнутымі рэбрынамі.
Вочкі ніцямі абвітыя
Залатымі і сярэбранымі.

Дужка беленькая, гладкая
Стужкай-стружкай упрыгожаная.
Падарунак будзе згадкаю
Ўсхваляванаю, ўстрывожанаю.

Бо як пойдзе люба з кошыкам
Ў лес па ягады засмучаная --
Адгукнецца песьня пошчакам,
Што дзяўчына ўжо заручаная.

1935



АСТРАЛЁГ

Выходзіць апаўночы,
Варожыць, зоры ліча.
Устромленыя вочы
Ў нябёснае аблічча.

А ў гараскопе -- сьмецьце,
Ўсё зьмеценае ветрам.
Як цяжка жыць на сьвеце
Бяз сьвежага паветра!

Імглою засьцілае
Густая тхлань прасторы.
Гуляе доля злая
I на зямлі і ў моры.

Ідзе бяда вайною
I топча ўсе народы.
Няма нідзе спакою,
Няма праўдзівай згоды.

3 далёкіх сонных зорак
Зыходзіць прашчур ценем,
I штосьці кажа ў морак
Загадкавым мігценьнем.

Апакаліпсы неба
Мне астралёг чытае.
-- Ня трэба больш...
Ня трэба...
Маўчы! Ужо сьвітае.

25.4.48



СЫН ЖЫВЕ

Я ня атамы шляху малочнага,
А наземныя зьявы пяю...
Маці моліцца, сына малодшага
Заклікае сьлязьмі у сям'ю.

А малітва гарачая, простая.
Слоў няма, дый навошта яны!
Сына постаць у мроях выростае,
Апавітая жахам вайны.

Вісьне ў хаце сутоньне сухотнае,
I пытаньні стаяць на чарзе:
-- Дзе сынок? Можа доля гаротная
Сакаліныя крылы грызе?

Хоць суседкамі шмат наварожана
На вугольчыках ці на вадзе.
Навярэджаны боль, натрывожаны
Не знаходзіць спакою нідзе.

Палахлівыя думкі над картамі,
Нібы стогны напятай струны,
Паплылі хваравіта-упартымі:
-- Можа мёртвым ляжыць бяз труны?

Можа ён у шпіталі зьнявечаны,
А мо здаўся няшчасны ў палон,
I цяпер ён радзіме зь Нямеччыны
Пасылае апошні паклон.

Гэтак ночка сплывае лятункамі
I віецца суровая ніць.
Думкі маці плятуцца карункамі,
Гэтак маці старэнькая сьніць.

I нямала ўжо сноў растлумачана,
А ці сына разгаданы лёс?
Ой, дранцьвее ўначы сэрца матчына,
Сохне ў кроплях затоеных сьлёз.

Узьлятае надзея і падае...
Вытры, маці, сьлязінаў расу.
Я цябе песьняй вешчай узрадую, --
Ліст Чырвонага крыжу нясу.

Вір падзеяў страшэнна закручаны,
Сыну ўсё-ж наканована жыць!
Зь лепшай доляй сьвяткуе заручыны,
Шлях ягоны на Захад ляжыць.

1942



ЦЫМБАЛІСТ

Ён пазнае душой людзкую кволасьць
I творыць казку чараўнічых сноў.
Таму ў яго пад колер струнаў волас
I вусны выцьвілі ад сьпекі сьпеўных слоў.

Зрывае дзед з цымбалаў гукі-звоны,
Яны лятуць, як лісьце па вятры.
На Беларусі зь песьняй плытагонаў
Усе дарогі выхадзіў стары.

Ён перажыў усіх цароў на сьвеце,
Страхоцьце войнаў на сваёй зямлі,
I павыросталі на славу дзеці,
Дый за чужую славу паляглі.

Але былі таксама -- іх ня мала, --
Што пралівалі за Радзіму кроў.
Прызыўны голас дзедавых цымбалаў
Зьвінеў магутна ў сэрцах змагароў.

Іграў музыка ладна ў непагоды,
Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць.
I абуджаў лагоднае заўсёды,
А да чужынцаў накіпала злосьць.

Ня меў свабоды ён ад іх ніколі.
Шукаў, пытаў -- нічога не знайшоў.
Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем
I піў ваду зь гліняных гладышоў.

Суцішыў смагу з рэк Дняпра і Сожа,
Дзьвіны і Нёмну, безьлічы крыніц.
А ці душу пакрыўджаную зможа
Ён перазвонам струнаў напаіць?

Навакол людзі быццам скамянелі.
Ці-ж будуць слухаць сьціплую ігру?
А тут яшчэ і старасьць стогне ў целе,
Ламае косьці ў золкую пару.

Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях,
I ты адзін адкінуты людзьмі,
Навошта думкі горкія снуюцца?
Зайграй ты перамогу, загрымі!

Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукі,
Ты іх з цымбальнай радасьцю зрадні!
I за табою пойдуць твае ўнукі,
I загарацца восенскія дні.

Няхай зямля абсыпаная лістам,
I голы сад у холадзе заснуў.
Ідзі ў жыцьцё вясёлым цымбалістам,
Іграй пра ветласьць, вусны і вясну.

1927
Вершы з Капры
НА ТЭРАСЕ

На шырокай тэрасе --
Радасьць звонкай гітары.
Нехта сэрцам стараўся
Дагадзіць маёй мары,
Дагадзіць маёй песьні
На сулад, адмыслова.
I спляталіся цесна
Гукі струнаў у слова.
I я слухаў той голас --
Сілу тонкай прынады.
На жыцьця майго полюс
Паплылі сэрэнады,
Паплылі нада мною,
Над маёю самотай
Хараством, цяплынёю
I салодкай пяшчотай.
Я ў пакуце пакора,
Засмучоны салоўка.
Непазбытае гора,
Як на горле вяроўка.
Боль праходзіць праз прызму,
У пачуцьцях -- замова.
I на Капры капрызна
Ў песьню просіцца слова.



АГАВА

Выразаеш сэрца на агаве
I гаворыш любай пра пачуцьці...
Ты разьбою памятку паставіў,
Як разбой эротыка ў закуцьці.

Ты красу зялёную параніў
Беднай жыцьцярадаснай расьліне.
I стаіць яна ў набожным стане,
Чуе ў садзе музыку Расьсіні.

I свае мясістыя далоні
Разьвінае, молячыся сонцу.
Вось любоў у залатым палоне,
А твая палошчацца ў палонцы!

Лёгкадумнасьць. У руцэ сьцізорык.
Сок густы і сьмяга маладая...
Колькі розных літараў і зорак
3-пад ляза на зеліва спадае!

Калі маеш сэрца, дык навошта
Выразаеш сэрца на агаве?
Усёроўна гэтым дзікім коштам
Не заслужыш прыязьні і славы.



НА ПЛЯЖЫ

Мы з табою ляжам
Блізу хвалі.
Над бязьлюдным пляжам
Сінь, каралі...

Гэта твае вочы,
Твае вусны,
I твой сьмех дзявочы
Так спакусны.

Ці ня раз плячыма
Паціскала:
Тут усё магчыма
Ў гордых скалах.

Тонкі шоўк бікіні
Скраў твой сорам...
Мора пену ўськіне, --
Мы паўторым,

Лясьнем даланямі
Па тэй хвалі,
У якой мы днямі
Пал хавалі.



* * *

Даўно завялі анэмоны...
Чужая прыйдзе -- ў сьвет пакліча.
У Рафаэлявай Мадоны
Зазьзяюць вочы таямніча.

А я зірну і усьміхнуся,
I позірк мой спляту зь дзявочым,
I мы ў сьпякоце і спакусе
Напэўна шмат чаго захочам...

I разам радасьць, боль і мукі,
I ўсё, што ёсьць на белым сьвеце,
Адзіным рухам схопяць рукі
Ў гарачым поціску, прывеце.



* * *

Цыкады ў перазвоне.
I яшчаркі на скале.
Ля выспы Фаралёні
Пяюць, сьмяюцца хвалі.

Круты ўзьбярэжжа выступ
У мокрай парусіне...
Навокал урачыстасьць
Зямлі і чыстай сіні.

I небасхіл і мора
Зьвязала сонца гужам.
Дармо ад сьпекі змора --
Я выглядаю дужым.

Басонаж на каменьні,
На войстрым і шчарбатым,
Стаю, і ў захапленьні
Пяю з блакітным сьвятам.



НА ЛЁГКІМ ЧОЎНЕ


Я раніцою ў белай вілі
Адчуў усё: і кветак пах,
I рыбы смак, што налавілі,
I сілу сьвежасьці ў руках,

I кіпень песьні ў кіпарысе,
I ў сонным моры сонца ўсход...
Душа, жаданьням пакарыся,
Вядзі мяне ў блакітны грот.

На лёгкім чоўне зь сіньёрынай
Мы паплывем паўз берагі,
Зь імкненьнем, з мэтаю адзінай
Убачыць сёньня сьвет другі,

Прыгожы сьвет, гульню прыроды,
Пячору з казачным сьвятлом,
Дзе па вадзе, здаецца, бродам
Пайшоў-бы зь любай за чаўном.

Там дно глыбокае паднялі
Праменьні дзіўнай сінявы.
Там цішыня празрыстай хвалі,
Там шлях губляецца крывы.



СІНЬЁРЫНА

Даўней харошая мая
Цьвіла ў маёй краіне.
А сёньня рыхтык, бачу я, --
Сястрыца ў сіньёрыне.

I саламяны капялюш,
I ў гэткі-ж колер кудры;
I у вачох -- лясная глуш,
Пагляд спакойна-мудры.

Я перайшоў вялікі мост
Адлегласьці і часу.
I падымала песьня тост
За дзень вясельля шчасных.

Так зразумелай мовай мне
Сьпявала сіньёрына.
Ласкавы голас зазьвінеў
Далёкім успамінам.

I маладосьць ізноў са мной,
I сонца ў кіпарысе...
I ў сьне стаяла пад сасной
Вясёлая Марыся.



АЗАЛІЯ

Вясна ў цябе, Італія!
А Капры -- сьветлы кут.
Цьвіце, гарыць азалія --
Пунсовы гэты цуд.
Вунь краскамі вясёлымі
Штурмуецца гара.
Пялёсткаў іхных полымя,
Як раньняя зара.
I сонца над азаліяй,
I морскі вецер дзьме:
-- Азалія, -- сказалі ёй, --
Ты ў залатым вязьме.
Цьвет ружаў, радасьць гэтая
Прынесена вясной.
Цьвіці, цьвіці, сагрэтая
Паўдзённай цяплынёй.
Пясьняр з ваколіц Случчыны
Нязнаным тут хадзіў, --
Вясёлы, і засмучаны,
I ўзрушаны наўзьдзіў...
Я ўсё тут бачу іншае --
Садоў інакшы строй,
Над Капры неба сіньшае...
I песьні нада мной
Пяшчотнымі ды звонкімі
Зьліваюцца ў салют.

...А ўсё-ж лугі з рамонкамі
Я не забуду й тут.

Жнiвень, 1956
Паэмы
ПЭРСЫДЗКАЯ ЛЕГЕНДА

Даўным-даўна і далёка,
За высокімі гарамі
Дый за морам, за Касьпійскім
Жыў пэрсыдзкі цар Хазрой.
Прагавіты, ганарысты,
Ён шукаў сусьветнай славы.
Дні ягонага ўладарства
Змрочнай сталіся парой.

Паднявольныя народы
Ён зганяў на фэстывалі,
Прымушаў іх пад прыгонам
Песьні весела сьпяваць,
I тырана-пераможцу,
Заглушаючы сумленьне,
Сьветлым, мудрым і вялікім
Перад сьветам выслаўляць.

Ад галодных, ад галоты
Адгароджаны сьцяною,
Ён праводзіў дні ў забавах,
Ад кальянаў віўся дым.
Калыхаліся штандары,
Краскі кідалі Хазрою,
Залатыя кубкі зь мёдам
Выстаўлялі перад ім.

А ці сэнс жыцьця ў раскошы?
У разгуле ненасытным,
Як здараецца заўсёды,
Шчасьце рвецца на шматкі.
I тады гняце раздума:
Ёсьць на сьвеце безьліч скарбаў,
Іх няўзнак мінаюць людзі,
Толькі бачаць мастакі.

Мастаком усюды гонар,
Скрозь адчыненыя дзьверы:
I ў хаціны і ў палацы,
Нават там, дзе цар жыве.
I ў багатыя гарэмы,
I ў сукрытыя купальні,
Дзе на мармуры басэйну
Хараство у харасьцьве.

Пра красу складаюць вершы,
I малююць на палотнах,
I разцом на цьвёрды камень
Накладаюць лёгкі штрых.
А ў цара жанок нямала --
Зіхацяць, як дыямэнты...
Хай-жа ў будучыні нашчадзь
Палюбуецца на іх.

На ўспамін хай будзе ўнукам
Постаць гордае красуні:
Цар Хазрой зазваў Фэрхата --
Маладога разьбяра.
I яго павёў гасьцінна
Ў патаемныя пакоі,
Паказаў сваіх там жонак --
Пыху царскага двара.

Ні ў ваднэй няма заганы,
Зьзяюць роўна ўсе, як зоркі.
Выбірай, якую хочаш.
Сузіраючы -- твары!
Маладзіцы ў белых строях,
У маністах жамчуговых,
Як на радаснае сьвята,
Хараства нясьлі дары.

Лебядзінай чарадою
Праплылі у карагодзе,
I адна зь іх асталася,
Прыпыніла лёгкі крок.
Быццам крыламі, рукамі
Плаўна ўзьвеяла ў паветры.
3 плеч хіснуўся доўгі вэлюм,
Можа нават назнарок.

Раптам спрытна падхапіла,
Ахінулася пасьпешна,
I празрыстым матылёчкам
Замільгала ля жанчын.
I Фэрхат ужо убачыў:
За яе няма найлепшай.
Далікатны цьвет магнолі --
Лёгкавейная Шырын.

Пад празрыстым тонкім шоўкам
Цела белае лілеі
Дый узьнятая прыветна
Неакрытая рука,
Хараством клясычных формаў
I гульнёй прынадных рухаў
Захапляла, хвалявала
Маладога мастака.

Ён абраў яе. Ён верыў,
Што няма дачкі Ірану
Прыгажэйшай, а напэўна
I на сьвеце ўсім няма.
Толькі зь ёй вядзе дарога
Да вялікага мастацтва.
Створыць помнік для нашчадкаў,
Слава зьявіцца сама.

I пачаў Фэрхат з запалам...
Пад разцом пакорным вырас
Вобраз казачнай красуні
Ў цьвеце сонечнай вясны.
У затоеным жаданьні
Сэрца млела, ападала,
Заіскрыліся пачуцьці
I паўсталі мроі-сны.

Адтвараць красу на яве,
Адчуваць у творы радасьць, --
Шчасьця гэткага ня зналі
Падышахі і цары.
Перад ім Шырын стаяла,
Як антычная багіня.
Твар зь інтымнай цяплынёю
Усьміхаўся без чадры.

I распушчаныя косы
Да каленаў ападалі,
Косы пышныя, густыя,
3 бляскам, чорныя, як смоль.
Паланеў Фэрхат спакусай
Прытуліцца блізка-блізка.
У яго украдкам сэрца
Засмактаў нязнаны боль.

Нейкі гостры, а салодкі,
I гарачы, а прыемны.
Гэты боль таму вядомы,
Хто ў жыцьці кахаць умеў.
Нават ночы ў неспакоі,
Сьвет зьмяняецца дзівосна.
Толькі любай бачыш вочы,
Толькі любай чуеш сьпеў...

Але шчасьця час нядоўгі.
Скончыў твор. Няма сустрэчаў...
Дні пайшлі памалу, нудна,
Як арба, як рып калёс.
Ня стрываў Фэрхат нарэшце.
Каб хутчэй пазбыцца мукаў,
Да цара прыйшоў з прызнаньнем
Даручыць яму свой лёс.

I з паніклай галавою
Да Хазроя ён прамовіў:
«О, магутны цар Ірану!
Слова выказаць дазволь.
Б'е паклон табе ў пашане
Твой Фэрхат, і царскай ласкі
Просіць сёньня, каб суцішыць
У грудзёх пякучы боль.

Ён стаіць перад тваімі
Ясназорнымі вачыма
I жыцьцё сваё і талент
Каля ног тваіх кладзе.
3 тэй пары, як я наведаў
Твой гарэм з твайго дазволу,
Для душы мае спакою
Не магу знайсьці нідзе.

Паднявольны сіле змусты,
Я закон дзядоў парушыў.
Я -- мастак, і ў творчай працы
Сузіраў красу жанчын.
I мяне багі за гэта
Пакаралі злою жарсьцяй.
У начы бяссоннай бачу
Ў сьветлым вобразе Шырын.

Мне даруй! Яе кахаю.
Нашу слаўную царыцу
Я люблю, люблю ўсім сэрцам,
Як жыцьцё, як родны край.
Патрабуй усё, што хочаш!
Я гатовы да ахвяры.
А Шырын, прашу з пакорай,
Падаруй мне, цар, аддай!..»

I Фэрхат, упаўшы ніцма,
Распасьцёр наперад рукі.
«Мне аддай!» -- маліў Хазроя,
Распластаны скамянеў.
Аж зьбялелі ў страху пэрсы
На вузорыстых каберцах,
I чакалі -- зараз громам
Прагрукоча цараў гнеў.

Як паважыўся падданы
Праказаць такія словы?
Зь ім тут разам і бязьвінны
Грознай кары ня міне.
Але дзіва: хмары зьніклі...
Цар цыбук паклаў спакойна.
Скрыва неяк усьміхнуўся
I сказаў: «Ня веру. Не!

Я ня веру гэтым словам.
Мастакі ілгуць заўсёды.
Давядзі, Фэрхат, адвагай,
Што кахаеш ты яе.
Бачыш горы Бісутуну?
Ты павінен іх прымусіць
Гаварыць. Няхай мне славу
Кожны камень там пяе.

I тады табе паверу,
I Шырын за жонку возьмеш,
А тваё каханьне зь ёю
Ўсе вякі перажыве».
Цар лянотна нахінуўся,
I яму цыбук паднесьлі.
Думкі чорныя снавалі
У ягонай галаве.

«А няхай спрабуе шчасьця!
На яго там сьмерць чакае.
Зь Бісутунскіх гор ніколі
Ня прыходзілі назад.
Ён зырвецца з тых сустромаў
I Шырын яму ня ўбачыць...
Цар злаўмільна усьміхнуўся
I сказаў: «Ідзі, Фэрхат!»

I Фэрхат пайшоў шчасьлівы
На захмарныя вяршыні
Легендарнага узвышша
Напярэчкі долі злой.
Дзе арлы адны ўзьлятаюць,
Дзе гуляе толькі вецер,
Чалавек тварыў самотна
Над сустромнаю скалой.

Ён ня бачыў небясьпекі.
У яго адно імкненьне:
Дасягнуць жаданай мэты,
Ідучы ўсім насупор.
Хай навокала сустромы,
Хай прадоньне пад нагамі,
Ён штодня няўтомна-ўпарта
Адмяняў аблічча гор.

Сіла й розум чалавека
I ягоны буйны талент
Падуладныя пачуцьцям,
Іхны слухаюць загад.
Так прымусіла Фэрхата
Ўсемагутнае каханьне
Рэзьбіць горы, і навекі
Так здабыў імя Фэрхат.

Горы горда ўзгаварылі,
Ўзгаварылі, як жывыя.
3 тонкавысечаных скалаў
Пазіралі абразы,
Абразы жыцьця Хазроя:
Фэстывалі, ловы, бітвы, --
Фрэскі, зьвітыя пладамі
Вінаграднае лазы.

Вырысоўваліся зырка
Часу слаўныя падзеі
I знаёмыя абліччы
Тагачаснае пары.
Там была адна асобна
Аблюбованая постаць:
Вусны клічуць і сьмяюцца
3-пад адкінутай чадры.

I працягнутыя рукі
Ў тонкіх рысках на далонях.
Далікатнай ножкі вырыс
3 расхінутага крыса,
I ў каралях і карунках
Грудзі -- дзьве жывыя хвалі.
Быццам гэта з морскай пены
Нарадзілася краса.

Няпрыступную цьвярдыню,
Гэту казачную веліч,
Не пахібяць у стагодзьдзях
Ні віхуры, нi дажджы.
У застыглым лёгкім руху
Зачарованае цела,
Як жывое і, здаецца,
Сэрца ў ім жыве-дрыжыць.

Часта надзіць падарожных
Да сябе магутны помнік,
Паглядзець, за што Фэрхата
На узвышша кінуў лёс:
Ён, Фэрхат, тварыў і мроіў,
I Шырын стаяла блізка.
Празь яе пайшоў на мукі,
Маладосьць сваю панёс.

Як чароўна, калі ўраньні
Сонца косы рассыпала
I на ўзвышшы Бісутунскім
Ажывалі валаты.
Праразаліся з туману
Павырэзьбленыя скалы,
Зіхацелі ў векапомным
Аўрэолі залатым.

I Шырын цішком з гарэму
Пазірала ў даль на горы,
Дзе, ня ведаючы ўтомы,
Ажыўляў граніт разьбяр.
I сама сабе казала:
«Мой Фэрхат -- арол бясстрашны.
На вяршынях гор ён горды
I магутны сам, як цар.

Хутка вернецца із славай.
Веру цьвёрда -- не загіне.
Прыйдзе ён сюды героем,
Прыйдзе любую забраць.
Разам зь ім жыве каханьне,
Сіла боская, зь якою
На няпройдзенай дарозе
Не павінен паміраць».

Сапраўды, Фэрхат ня згінуў,
А вярнуўся з гучнай славай,
I адразу да Хазроя
Ў зьліты золатам палац.
Сьвяткаваў ён перамогу
Абавязку над правамі,
Не прасіць цара з паклонам,
А прыйшоў патрабаваць.

На Хазроевы пахвалы
Ды на золата-чырвонцы
Не гарэлі іскры шчасьця
У Фэрхата уваччу.
«Мне ня трэба жадных скарбаў, --
Адказаў мастак з пагардай, 
-- Абяцанага жадаю,
Больш нічога не хачу».

Цар здрыгнуўся. Сэрца млосна
Зашчымела ў прадчуваньні
Незаступнай цяжкай страты...
Дык няўжо? Аддаць? Згубіць?
Дарагой цаны заплата!
Аддасі -- і застанецца
Нявыгойлівая рана.
Ці ня лепш адно -- зманіць.

Цар ачулеў. I пахмура
Праказаў: «Шырын памерла»...
Ня стрываў Фэрхат удару.
Ён у роспачы нямой
Сьмерць прадчасную прымае,
Моўкне сэрца пад кінджалам,
Амываецца крывёю...
Ты дасяг свайго, Хазрой!..

I прайшла ў народзе чутка,
Што Фэрхата ашукалі,
Што дарэмна ён праходзіў
Шлях цярністы, шлях віты.
Ён, няшчасны, паў ахвярай
Самаўладнага Хазроя.
За яго памсьцяцца горы,
Бісутунскія хрыбты.

Дагарэла зорка ўраньні,
Бура дрэва пашчапала...
Песьняры па ўсёй краіне
Выслаўлялі разьбяра.
Тыя песьні быццам проймай
Да Шырын праз мур шугалі.
-- Згінуў любы самагубам,
Сьцяты зрадаю цара.

Як дачулася аб гэтым,
Горка плакала царыца
I задумнымі вачыма
Слала жаль у даль да скал.
Там каменныя магуты
Ў строгай велічы стаялі.
Несьмяротны дух Фэрхата
У імгле сівой блукаў.

I мастацкаю разьбою
Шчараванага граніту
Заклікаў Шырын прынадна
Адвячорнаю парой.
Горы мсьціліся Хазрою,
Маладзіцу паланілі.
Зьвяла, высахла магноля,
Неагрэтая вясной.

Як заклятыя багамі,
Горы клікалі-гукалі,
I Шырын на гэты заклік --
Нацянькі ў халодны змрок.
Ад людзей яна з палацу
Ўпотай выбегла на ўзвышша,
На пагрозьлівыя скалы,
Каб зрабіць апошні крок.

Там расплёў ёй вецер косы
I сарваў малітву з вуснаў.
-- Я твая, Фэрхат! -- і з крыкам
Паляцела цела ўніз.
Так Шырын пайшла бяз страху
За Фэрхатам, за каханым.
А стары Хазрой бязрадна
Свой цыбук у злосьці грыз.

* * *

Перажытыя стагодзьдзі
Не пакрылі шэрым пылам
Гэта слаўнае паданьне,
Няўміручы гэты сказ.

Не, ня ты парэзаў горы,
А тваё, Фэрхат, каханьне.
3 гэтай сілай перамог ты
I жывым прыйшоў да нас.

1946



ПЕСЬНЯ ПЕСЬНЯЎ САЛЯМОНА

Разьдзел I.

Ён мяне цалуе палка
пацалункам сваіх вуснаў!
Твае ласкі ап'яняюць,
за віно мацней і лепей.

Ад тваіх памастаў пахкіх
тхне імя тваё алеем;
і цябе дзяўчаты любяць.
Ты цягні мяне, прынаджвай,
пабягом мы за табою; --
цар павёў мяне ў харомы,
будзем шчасна захапляцца,
будзем цешыцца табою,
больш за віны дарагія;
шчыра й годна цябе любяць!
О, дачкі Ерузалему!
хай я чорная, як ночка,
а прыгожая, як зорка,
як вузор шатроў Кідарскіх,
як завесы Салямона.
На мяне вы не глядзеце,
што я смуглая такая;
апаліла мяне сонца.
А сыны мае матулі
на мяне крычэлі гнеўна,
вінаграднікі чужыя
пілнаваць мне наказалі, --
я свайго не пілнавала.
Адкажы мне, ты, якога
сьніць душа мая ў каханьні:
дзе пасеш ты? Дзе заўсёды
апаўдня адпачываеш?
мне навошта быць бадзяжкай
каля стада тваіх сябраў?
Як ня ведаеш аб гэтым,
найпрыгожая з жанчынаў,
дык ідзі сабе па полі,
па сьлядох авец атарных
і пасі тваіх казьлятак
водля шатаў пастуховых.
Прыпадобіў кабыліцы
ў калясьніцы фараона
я цябе, мая каханка.
Як прыгожа твае скроні
выглядаюць з-пад падвескаў,
твая шыя у маністах;
мы падвескі залатыя
зробім зь блішчыкамі срэбра,
і табе іх падаруем.
Дакуль цар сядзеў за столам,
нард мой веяў сваю вохнасьць.
Пучок міры -- мой каханы
ля грудзей маіх красуе.
Нібы кіперава гронка,
мой каханы у нявесты
ў вінаградніках Энгедзкіх.
О, ты любая красуня,
ты прыгожая, бы мара!
твае вочы галубовы.
О, ты любы мой, прыгожы,
і прыветны! наша ложа --
зеляніна ў буйным цьвеце.
Стрэхі хатаў нашы кедры,
столі нашы -- кіпарысы.

Разьдзел II.

Я жывы нарцыз Саронскі,
залатых далін лілея!
Як між цёрнамі лілея,
так і ты, мая каханка,
між дзяўчатамі красуеш.
Як між дрэвамі ляснымі
яблынь, так і мой каханы
між хлапцамі маладымі.
У цяньку пад ейным вецьцем
я люблю сядзець і мроіць,
а плады ў яе салодкі,
лашчаць сьвежа маё горла.
Ён павёў мяне ў дом балю,
нада мною сьцяг ягоны --
незгасальнае каханьне.
Падмацуйце мяне сокам,
хмельным сокам вінаграду,
супакойце маю смагу
сьпелым яблыкам, бо сёньня
зьнемагаюся ў каханьні.
Пясьць рукі ягонай левай
у мяне пад галавою,
а мяне самую правай
моцна-палка абыймае.
Вас, дачкі Ерузалему,
заклінаю ланяй, сарнай:
ня будзеце, ня трывожце
ціхі сон мае каханай.
Голас любага я чую!
Ён ідзе, бяжыць па горах,
скача-ймчыцца па узгорках.
Сябра мой на сарну схожы,
на аленя маладога.
Вось стаіць ён за сьцяною,
зазірае нам у вокны,
і мільгае ён праз краты.
Мой каханы мне гавора:
ўстань, мая каханка-любка,
ты, мая красуня, выйдзі!
Вось, зіма ўжо прамінула;
дождж таксама сьціх, ня кропіць;
на зямлі пышнеюць краскі,
надыйшоў і час сьпяваньня,
голас горліцы вясновай
чуем мы ў краіне нашай;
распусьцілі смоквы наквець
і на сонцы водыр цьвету
вінагрозьдзяў павявае.
Ўстань, мая каханка-любка,
да мяне, красуня, выйдзі!
Пад шатром маім галубка
у рашчэпе горнай скалы!
пакажы мне, любка, твар свой,
дай адчуць твой звонкі голас,
бо твой голас мне салодкі
і ў красе твой твар прыемны.
Нам злавеце шкодных лісаў
і маленькіх лісянятаў, --
вінаграднікі псуюць нам,
а яны у нас у цьвеце.
Мне належыць мой каханы,
а яму і я таксама;
ён пасе сярод лілеяў.
Пакуль вее прахалода,
і зьбягаюць долу сьцені,
да мяне баржджэй вярніся,
будзь падобны ты да сарны
ці аленя маладога
на распадзінах узгор'я.

Разьдзел III.

Я шукала ў маім ложы
уначы таго, якога
сьніць душа мая ў каханьні;
я здарма яго шукала,
не знайшла яго ў пасьцелі.
Ўстану-ж я, пайду на горад,
там па вуліцах і плошчах,
па бязьлюдных, цёмных буду
я шукаць таго, якога
сьніць душа мая ў каханьні;
я здарма яго шукала,
не знайшла яго ў завулках.
I той час мяне сустрэлі
гарадзкія вартавыя:
ці ня бачылі мілога,
што душа мая кахае?
Але толькі адыйшлася
я ад іх, маўклівых, строгіх,
як знайшла таго, якога
сьніць душа мая ў каханьні;
ухапілася за рукі
і яго не адпусьціла,
прывяла яго суцешна
ў дом мае радзімай маці,
у матульчьны сьвятліцы.
Вас, дачкі Ерузалему,
заклінаю ланяй, сарнай:
ня будзеце, ня трывожце
ціхі сон мае каханай.
Хто-ж то ўсходзіць ад пустыні,
як слупы густога дыму,
ўся акураная мірай,
і цім'янам, вохным зельлем.
Вось адро тут -- Салямона:
шэсьдзесят наўкола мужных
ад Ізраелевых з дужых
Усе яны мячы трымаюць,
у баёх выпрабаваны,
кожны мае меч пры боку
дзеля страху проці ночы.
Ты зрабіў, цар Салямоне,
для сябе адро-насілы
з найцьвярдзейшых дрэў лібанскіх;
на адры стаўпцы із срэбра,
падлакотні залатыя,
а ягонае сядала
з пурпуровае тканіны;
і нутро у ім прыбрана,
выйшла ў любасьці аздоба
з рук дачок Ерузалему.
Вы пайдзеце, паглядзеце
на яго, дачкі Сыёну,
на цара на Салямона
у вянцы, што ў той дзень шлюбу,
ў дзень, найрадасны для сэрца,
маці сына увянчала.

Разьдзел IV.


О ты, любая красуня,
ты прыгожая, бы мроя!
і з-пад кудраў твае вочы
галубовыя сьмяюцца;
валасы твае, як быццам
стада дзікіх коз зыходзіць
з гор, зь вяршыні Галяадзкай;
твае зубы, як атара
гладка стрыжаных авечак,
што выходзяць із купальнi,
дзе па два ягняці ў кожнай,
і няма між іх бясплоднай;
як пунсовая істужка
твае вусны, з вуснаў -- ветласьць,
а пад кудзеркамі шчокі --
сьпеласьць яблык гранатовых;
твая шыя -- стоўп Давідаў,
што пастаўлены для зброі
і абвешаны шчытамі,
а шчыты ўсе з царства дужых;
два сыскі твае, як двойні
маладой трапёткай сарны,
што ў папасцы між лілеяў.
Пакуль вее прахалода,
і зьбягаюць долу сьцені,
я пайду на ўзвышша міры
і на ўзгорак ціміяну.
Ты прыгожая бясспрэчна,
мая любая княгіня,
на табе -- ніводнай плямы.
Дык за мной зь Лібану, любка!
ты за мной ідзі зь Лібану!
пасьпяшай зь вяршынь Аманы,
з гор Сэніру і Эрмону,
ад лаговішчаў ільвіных
і ад барсавых узгор'яў.
Паланіла маё сэрца,
о, сястра, мая княгіня!
паланіла маё сэрца
адным позіркам прыветным
і адным тваім маністам
на тваёй пяшчотнай шыі.
О, сястра, мая княгіня!
як прыемна з тваіх ласак!
за віно яны найлепей.
Дзіўны пах тваіх памастаў
над усе найлешпы водыр.
Сыта мёду з тваіх вуснаў
густа капае, княгіня;
малако і мёд размовы
і той пах твае адзежы
роўны з водырам Лібану.
Ты, сястра, мая княгіня,
сад зачынены, замкнёны,
загароджаная студня,
мураваная крыніца;
гадунцы твае сягоньня --
сад гранатаў, сьпелых яблык,
ён прынаджвае пладамі,
дзе і кіперы, і нарды,
цынамон, шафран і аер,
тонкі пах алою, міры
і найлешыы водыр дрэваў;
ты садовая крыніца --
студня водаў жыватворных,
і патокі хваль зь Лібану.
Узьвей, вецер, ад паўночы,
прынясі свой подых з поўдня,
тхні-павей на сад мой сьпелы,
і пальлецца пах ягоны!
Хай каханы паспытае
ў гэтым садзе плод салодкі.

Разьдзел V.

Я прыйшоў у малады мой
сад, сястра, мая княгіня;
і набраў я міры вохнай,
і паеў я соты зь мёдам,
і напіўся я віна там,
з малаком віна хмяльнога.
Ежце вы, сябры, і пеце,
ежце, любыя, удосыць!
Я вось сплю, а маё сэрца
нат ня дрэмле, моцна б'ецца;
чую голас, то -- мой любы
гулка стукаецца ў дзьверы:
адчыні мне, мая любка,
адчыні, мая сястрыца,
мая чыстая галубка!
бо прадрогла маё цела,
галава мая ускрыта
ўся сьцюдзёнаю расою,
вогкасьць ночная -- на кудрах.
Я ўжо скінула хітон мой;
як-жа зноў мне надзявацца?
я памыла мае ногі;
як-жа мне іх зноў забрудзіць?
Мой каханы праз шчылінку
працягнуў руку сваю мне,
і нутро маё раптоўна
ўсхвалявалася, ўзыйграла.
Я ўсхапілася з пасьцелі
адамкнуць майму мілому,
з рук маіх сьцякала міра,
з пальцаў капала на клямку,
на замок і на завалу.
Адамкнула я мілому,
а мой мілы павярнуўся
і пайшоў назад у цемрадзь.
Ува мне душы ня стала,
калі гутарыў са мною;
я цяпер яго шукала,
не знаходзіла яго я;
з жалем клікала-гукала,
і ён мне не адгукаўся.
I той час мяне сустрэлі
гарадзкія вартавыя,
мяне зьбілі, мне нанесьлі
акрываўленыя раны;
зь мяне зьнялі пакрывала
людзі, што пілнуюць сьцены.
Вас, дачкі Ерузалему,
заклінаю! пры спатканьні
з маім любым -- не маўчэце,
вы скажэце, што я сёньня
зьнемагаюся ў каханьні.
Чьм, скажы, твой любы лепшы
за другіх, за іншых любых,
найпрыгожая з жанчынаў?
Чым, скажы, твой любы лепшы,
што нас гэтак заклінаеш?
Любы мой такі прыгожы,
з твару белы і румяны,
лепш за дзесяць тысяч іншых.
Галаву ён мае -- зьлітак
самародку залатога;
хваляй падаюць на плечы
кудры чорныя, як воран.
Вочы -- быццам галубочкі
ля патоку вод малочных,
дзе купаюцца штодзённа,
і сядзяць у здаваленьні;
шчокі -- кветнік пышных ружаў,
грады водырных расьлінаў;
вусны -- ў чырвані лілеі,
зь іх цячэ крыніцай міра;
рукі -- шулы залатыя,
скрозь тапазамі укрыты;
і жывот -- прыгожай формы,
як разьба з касьці сланёвай;
ногі -- з мармуру калюмны
ў залатых ступнёх-падножжах;
выгляд велічны, як кедры
і падобны да Лібану;
Вусны -- соладзь, і суздром ён --
ветласьць. Вось хто мой каханы,
вось хто сябра мой, кажу я
вам, дачкі Ерузалему!

Разьдзел VI.

А куды пайшоў твой любы,
найпрыгожая з жанчынаў?
павярнуў куды твой любы?
пашукаем мы з табою.
Любы мой пайшоў у сад свой,
каб у пахкіх красках пасьціць
і зьбіраць сабе лілеі.
Я каханаму належу,
а каханы мне таксама;
ён пасе сярод лілеяў.
Дарагая мая любка,
ты прыгожая, бы Фірца,
твая ветлая усьмешка,
як краса Ерузалему,
а ты грозная з пагляду,
як палкі на полі бітвы.
Ухілі, прашу ласкава,
ад мяне свае ты вочы,
бо яны мяне хвалююць.
Валасы твае, як стада
коз бягучых з Галяаду;
твае зубы, як атара
гладка стрыжаных авечак,
што выходзяць із купальні,
дзе па два ягняці ў кожнай,
і няма між іх бясплоднай;
а пад кудзеркамі шчокі --
сьпеласьць яблык гранатовых.
Шэсьцьдзесят царыц я маю
і васьмідзесят наложніц,
і пры тым дзяўчат бязь ліку,
ды адзіная між імі,
мая чыстая галубка;
вызначаецца адзінай
і ў свае радзімай маці.
Як пабачылі дзяўчаты, --
узьнясьлі яе высока,
і уславілі царыцы,
і наложніцы ўсхвалілі.
Хто такая, бы зарніца,
і прыгожая, бы месяц,
яснасьветлая, бы сонца,
але грозная з пагляду,
як палкі на полі бітвы?
Я пайшла у сад-арэшнік
паглядзець на цьвет даліны,
паглядзець, ці зелянеюць
вінаградавыя лозы,
ці ў прысадах расьцьвітае
гранатовых яблын вецьце?
Я ня ведаю, ня знаю,
як душа мая згарала,
мяне магнула, цягнула
да славутай калясьніцы
ўладароў майго народу.

Разьдзел VII.


Азірніся, Суляміта,
азірніся, азірніся, --
на тваё аблічча глянем.
Вам нашто на Суляміту
пазіраць, як на прыгоствы
карагодаў Манаімскіх?
О, як хораша ступаюць
твае ногі у сандалях,
імянітая дачухна!
Акругленьне тваіх кульшаў --
як цудоўнае маніста,
справа рук тварца мастацтва;
тваё чэрава, бы кубак,
у якім віно заўсёды;
тваё чэрава -- акраса,
стог пшаніцы між лілеяў;
два сыскі твае, як быццам
два казьляткі, двойні сарны;
твая шыя у маністах,
як той стоўп з касьці сланёвай;
пад брывамі твае вочы --
эсэвонскія азерцы
каля брамаў Батрабіму;
нос твой -- вежа на Лібане,
павярнутая к Дамаску;
галава твая, красуня,
як Карміл, і кудры ўюцца,
валасы твае, як пурпур,
цар захоплены тваімі
завіткамі мяккіх кудраў.
А прыгожая якая,
мілым позіркам прывабна!
Гэты стан твой схожы з пальмай,
твае грудзі -- вінагрозьдзі.
I падумаў я: узьлез-бы
я на пальму, ухапіўся-б
за раскошныя галіны;
твае грудзі мне былі-бы
заміж грозьдзяў вінаграду,
і ад ноздраў тваіх водыр,
як ад яблыкаў дасьпелых:
твае вусны сакаўныя,
як віно з гатункаў лепшых,
што цячэ да майго сябры,
вусны стомленых салодзіць.
Я належу майму сябру
і ягонае жаданьне
да мяне пакіравана.
Ты прыйдзі, прыйдзі, мой любы,
выйдзем мы з табой у поле,
і пабудзем сёньня ў сёлах;
раніцой з табою, дружа,
ў вінаграднікі мы пойдзем,
паглядзём, ці зелянеюць
вінаградавыя лозы,
ці раскрыліся пупышкі,
ці ў прысадах расьцьвітае
гранатовых яблын вецьце;
там я выкажу чульліва
да цябе замілаваньне.
Мандрагоры зацьвілі ўжо
і пусьцілі пах свой вохны,
ля дзьвярэй у нас усякіх
ёсьць пладоў, старых і новых;
заашчадзіла я гэта
для цябе, мой улюбёны.

Разьдзел VIII.

О, каб ты быў родным братам,
ссаўшы грудзі мае маці!
дык на вуліцы цябе я
пры спатканьні цалавала-б,
і мяне не пасуджалі-б.
Павяла-б цябе ў пакоі,
ў дом мае радзімай маці.
Ты мяне ўсяго вучыў-бы,
я віном цябе паіла-б,
сокам яблык гранатовых.
Пясьць рукі ягонай левай
у мяне пад галавою,
а мяне самую правай
моцна-палка абыймае.
Я з мальбою заклінаю
вас, дачкі Ерузалему, --
ня будзеце, ня трывожце
ціхі сон мае каханай.
Хто-ж усходзіць ад пустыні,
абапёршыся ласкава
на свайго каханка-сябру?
Я пад яблынай цяністай
цябе, любы, пабудзіла:
там цябе пад яснай зоркай
нарадзіла твая маці.
Палажы мяне ў каханьні,
як пячаць на тваё сэрца,
на руку тваю пярсьцёнак,
бо дужэй за сьмерць каханьне;
і страшней за пекла зайздрасьць;
стрэлы іхныя з жарніцы --
стрэлы палка-агнявыя;
і само яно, каханьне,
зыркім полымем палае.
Не згасіць вялікім водам
паланелы жар каханьня,
не заліць яго і рэкам.
А хто даў-бы ўсё багацьце
свайго дому за каханьне,
той з багацьцем быў-бы разам
прэч адрынуты з пагардай.
Ёсьць у нас сястра малая,
шчэ яна сыскоў ня мае.
Што рабіць зь сястрою нашай,
як да нас у госьці прыйдуць,
будуць сватацца за ёю?
Каб яна была сьцяною,
дык на ёй мы збудавалі-б
з срэбра пышныя палацы,
каб яна была дзьвярыма,
дык яе мы тонкай ліштвай
дошак кедравых аклалі-б.
Я сьцяна перад каханым,
і сыскі мае, як вежы;
і таму ў вачох ягоных
дасягла я паўналецьця.
Вінаграднік Салямона
быў красой Баал-Гамону;
ён аддаў той вінаграднік
вартавым, і мусіў кожны
за плады яму аплачваць
срэбра тысячу кавалкаў.
А мой сьпелы вінаграднік
у мяне. Хай, Салямоне,
табе тысяча, а дзьвесьце --
тым, хто ў ім плады пілнуе.
Засьпявай, садоў жыхарка!
Голас твой сябры пачуюць,
дай і мне яго паслухаць.
Да мяне бяжы, мой любы!
будзь падобны ты да сарны,
ці аленя маладога
на узгор'ях бальзамічных.

1947



ЭРОТАВА ІСКРЫПКА

I

Гамоніць песенная ніва,
I я на ўзьмежнай баразьне.
Калі мой лёс сьмяецца кпліва,
Тугою цісьне грудзі мне --

Ў цудоўную нырцую казку,
I ты, каханая, са мной...
Я адчуваю тваю ласку,
Тваё дыханьне за сьпіной.

Мне жарскім шэптам гаварыла:
-- Ляці, сакол, мой белазор!
Ты разгарні шырока крылы,
Шукай, зьбірай з далёкіх зор,

Ты закружыся ў мройнай высі,
Хай радасьць творчая пяе.
Імкліва долу апусьціся
На грудзі белыя мае.

I мы, няўсьцерпныя, абое
Ў чароўным полымі згарым...
Я за сталом сяджу і мрою,
Ўспамінам цешуся старым.

Я п'ю душой тваю усьмешку,
Гаворку ціхую тваю.
3 табой на бацькавым узьмежку
На сьцежцы выбітай стаю.

Дарожак стоптана нямала
Узьлескам, полем, паплавом.
Нас маладосьць зь зямлі ўзьнімала
Ад захапленьня хараством.

Ня ўсё дарэшты перажыта,
Мы не прачулі ўсёй красы!
Як нізка кланяецца жыта,
Вітаюць ветліва аўсы.

На гэта сьветлае багацьце,
Мая дрыжоная, зірні...
Здаецца, таюць твае пальцы
Ў маёй руцэ ад цяплыні.

Імглою засьцяць твае вочы.
Жар таямнічы ў тэй імгле!
I ты цяпер, твой сьпеў дзявочы --
Раскрытай кнігай на стале.

Я хочу першым кнігу гэту
У рукі ўзяць і прачытаць.
Даруй няўдаласьці паэту --
Інакш ня мог я параўнаць.

Ты -- маё слова зь лепшай песьні,
Жывы прамень з маіх грудзей.
Цябе ў салодкіх мроях песьціў,
Цябе знайшоў паміж людзей.

II

Мая сястрыца дарагая!
3 табой паўз жыта і авёс
Ішлі паслухаць гоман гаю
Ў зялёным кіпені бяроз.

I мы, шчасьлівыя на сьвеце,
Стаём вячорнаю парой
У трыюмфальных брамах вецьця,
Як гераіня і герой.

Нам спагадаючы, напэўна,
Пяе заўзята салавей.
Зь пяшчотай тонкай і налеўнай
Цябе гарну, тулю мацней.

Кроў закіпае. Я хмялею...
Я ў палынеючым агні,
Агонь сьвятарнага алею
Душу працяў да глыбіні...

I моцна струны ўжо напяты
На ціхай ліры на маёй.
Шуміць наш гай зялёным сьвятам,
Вянчае цьветлівай гульнёй.

Я не магу з тае прычыны
Быць пустацьветам і нямым.
-- Ты чуеш, любая дзяўчына,
Ігру у гомане лясным.

Вянком віюцца нашы крозы,
Карункі вяжуцца ў душы!
Згінае вецер стан бврозы...
Адно прыслухайся: ў цішы

Гальлё рыпіць, як почап зыбкі,
I плача ціха, як дзіця.
Перабірае струны йскрыпкі
Скрыпач людзкога пачуцьця.

Зайграй, Эрот! Чаго марудзіць!
Глядзі, каханьня жар бяруць,
Даўно тугой чаўрэюць грудзі,
I ў целе слодычная труць

Нам ятрыць раны, родзіць мукі
I безвач рушыцца любоў.
Наўкол растуць і таюць гукі,
Пасьля выростаюць ізноў,

Плывуць струменямі крыніцы
I пояць грэшную зямлю.
3 прадоньня іхнай таямніцы
Я зьнічкі радасьці лаўлю.

Дзяўчына туліцца ў трымценьні,
Мне шэпча, ціснучы руку:
--Ці-ж гэта йскрыпка? Лятуценьні...
Пяе салоўка у гайку...

Сьпеў дагарае, дарагая,
I прыскам тлее у крыві.
Эрота зь міту ў шуме гаю
Урой мілосна, уяві.

Ён усьміхнецца, кіне кветку
Зачараваную табе.
Пераістоцішся ў паэтку
I ўсё пазнаецца глыбей.

III

Мой матылёчак залацісты,
Краса рамонкавых лугоў!
Табе нясу я слоў маністы,
Даўгую занізь жамчугоў.

I пад Эротаву іскрыпку
Імравізую песьнятвор.
Вулькан свой жар хаваў углыбкі,
А потым зрынуў на прастор.

Я твой Вэзуві, ты -- Пампэя,
Імпэтнай лявай абыйму,
У позных прыцемках сагрэю
I на вяршыні узьніму.

Табе збудую я палацы
3 крыштальна-чыстых, весьніх мрой,
Каб кожны мог налюбавацца
Тваім абліччам і табой.

Жаўром ляту ў пачуцьцяў вырай,
Я ўцешны тым, што Беларус
Багацьце слоў для ласкі шчырай
Бярэ ня скупа, не ўнатрус.

Таму і мроі -- сьветлым роем,
I я натхненна ўзгаварыў.
Ты -- маладая ў белым строі,
Шаўковы шалік плечы ўкрыў.

Табою хочу я дзівіцца,
Палёў гарэзнае дзіця,
Зігціш, бы ўлетку бліскавіца,
У хмарах дзён майго жыцьця.

На шчоках радасную чырвань
Разьліў чарэшні сьпелы сок.
Мяне крануў, ізь сьцюжы вырваў
Твой пасмаў лёгкі завіток.

У косах -- сьціплая стакратка,
Ў вачох -- крынічная бруя.
Маё лясное любянятка,
Ты-ж бо русалачка мая.

Маю душу заказытала,
Я ўрэшце страціў супакой.
Пачаў сьпяваць. 
I дум нямала
Згадана ночнаю парой.

IV

Ня моўкне музыка Эрота
I ў часе жудасных падзей,
Калі няшчасьці і гарота
Куюць кайданы для людзей.

Я бачыў бедных у палоне
Ягонай зладжанай ігры.
А небясьпека біла ў скроні,
А голад строміў капцюры,

I пад абстрэламі гарматаў
Ён не загінуў. Жыў Эрот!
Сярод людзей цяжарам зьмятых,
Кружыў пачуцьцяў карагод.

Я сам у гэтым карагодзе
Сьпяваў -- бяспраўны і чужы.
Шляхі выгнаньніка праходзіў,
Як той аснач, цягнуў гужы.

Чарнеў і сох з прыгоннай працы,
Ня мог ад зморы уцячы.
Каб да сьвятла валей дабрацца,
Сядзеў над кнігай уначы.

Там на разгорнутых балонах
Мае укоіліся сны.
У песьні песьняў Салямона,
У лепшых творах з даўніны

Знайшоў я ўсё, чаго шукала
Мая пакутная душа.
Мой боль даўгі, як плач шакала,
Яго я словам суцішаў.

Любоўнай лірыкай сагрэты,
Прывычку дзіўную займеў:
Паэму лепшага паэты
Чытаў уголас, нарасьпеў.

Нібы красалам біў аб камень
I ў сэрца іскры, як на трут.
Я жыў бліскучымі радкамі,
Сабе выносячы прысуд:

Ісьці ў жыцьцё самому зь лірай,
I ўдвох з Эротам прасьпяваць,
Што набалела -- ўціхамірыць,
Што не прачута -- прачуваць.

V

Я ў лятуценьнях... Сьвет фантазій
Мяне агортвае і я
Ў чульлівам, радасным экстазе
Гукаю: Ластаўка мая!

Вяшчуньня сонечнага лета,
Хутчэй ляці ты да мяне,
Каб я гарэў пунсовым цьветам
I палкім вершам празьвінеў!

Гадзіньнік б'е часіну шчасьця,
Мая княгіня ўжо ідзе,
Ідзе ў мае абдымкі ўпасьці,
Трымцець, як човен на вадзе.

I патануць у часе буры,
Спакой знаходзячы на дне.
Прыходзь! Бадзягу-сум пратурым,
Сьпяшайся, люба, да мяне.

Я маладосьці шчэ ня страціў,
Таму, хоць познаю вясной,
Набыў адзінае багацьце --
Каханьне, ўсьпешчанае мной.

Я разумею, што бяз слова
Яно, як чарка бязь віна.
Пытаю госьцю, ці здарова,
Ці ня журылася яна,

I запрашаю ветла сесьці,
А слова шчырае імкне.
-- Дык будзь, -- кажу сваёй нявесьце,
За гаспадыню у мяне...

Мая сьвятліца весяліцца.
Усё нязвыкла, як у сьне.
Гарою кнігі на паліцах,
Партрэты любых на сьцяне.

I ты на ўзорыстым каберцы
Цьвіцеш пралескай веснавой.
Ты заўладала маім сэрцам,
А я табой, тваёй душой.

Зачаравана маім вершам,
Спагадна слухаеш мяне.
Я да цябе прыходжу першым.
Не адштурхнула, бачу, не!

I я ў тваю адданасьць веру,
Ў тваё сяброўства,гонар твой.
На ключ зачыненыя дзьверы
Вартуюць ціхі наш спакой.

VI

Чытаю з памяці я вершы
Усхвалявана, нарасьпеў.
Твая усьмешка -- дар найлепшы --
Расьцерла, змыла мой сумлеў.

Паўзе ў пакойчык згусткам чорным
Вячорны морак праз вакно.
Нам добра ў мораку вячорным
Зьлівацца сэрцамі ў адно.

У цёмных зрэнках ласка тоне.
Здаецца, там зара лягла,
I разгараецца сутоньне
Без электрычнага сьвятла.

I ўроіў я: напагатове
Эрот зь іскрыпкаю сваёй,
У паэтычным кволым слове
Цішком стаіць перада мной.

Ён пачынае увэртуру,
Пяюньня-скрыпка аж дрыжыць,
А смык узьняты. Гукаў бура
Во-во па струнах прабяжыць.

Ужо чутно: пяюць анёлы
I вечар восенскі зачах.
Цьвітуць у цемры мацыёлы
I разьліваюць тонкі пах.

А можа тут не мацыёлы,
А ты павеяла вясной...
У тон пачуцьцяў нашых кволых
Зайграў санату за сьцяной

Сусед-музыка, мой знаёмы.
Ён часта цешыцца ігрой.
Сядзіць штодня самотна ўдому
I льле на струны свой настрой.

А можа гэта ночны сполах
Мне выяўляе здань чуцьця.
Ці можа той Эрот вясёлы
Майго гаротнага жыцьця

Зайграў на скрыпцы ў маіх крозах
Шасьценьнем жыта, шумам траў.
Вось гэтак некалі ў бярозах
Упяршыню ён нам іграў.

VII

Эрот гатовы да фіналу.
Ізноў узьняўся смык старчма,
Даткнуўся йскрыпкі, і памалу
Вакол рассоўваецца цьма.

I ты, як сонца ў зіхаценьні,
А я -- твой палкі мэтэор --
Ляту. Палае жар хаценьняў.
Згараю, зрынуты ў прастор.

Як рысь у пушчы Белавежы,
Блукаю ў пешчах я тваіх.
Блішчыць сьляза расою сьвежай,
Трапёткай лані ўжо дасьціг.

Над намі йскрыпка ціха плача,
Ўзьлятае кагаркаю смык,
Над хваляй гукаў лёгка скача,
I ўсьлед імкне з надорвай крык.

Мая палоненая ланя!
O, дар палескіх гушчароў!
Эрот узрушаны дазваньня.
Ірдзее кропелькамі кроў:

Ад струн параненыя пальцы
На грыф, як лебедзі, ляглі.
Дык годзе іскрам рассыпацца,
Калі згараюць вугалі.

Адразу змоўклі струны-чары,
Схіліўся стомлены Эрот.
Ён з разгарачанага твару
Зганяе хусткай буйны пот.

Ён мне прыветна усьміхнуўся
Ў маім чароўным міражы.
Зноў у музычнай завірусе
Душу паэты закружыў.

Я не знаходжу ў жарсьці слова,
Адно шапчу: -- Я твой, ня плач!
Ты чуеш? Грае адмыслова
3 мае рапсодыі скрыпач.

Ты чуеш? Чыстая крыніца
Зьвініць у ночнай цішыні...
Нам краска папараці сьніцца,
Мігцяць купальскія вагні.

VIII

Эрот са мною. Прызнаюся,
Ён неразлучны сябра мой.
Мы разам зь ім у Беларусі
Дуэт наладжвалі ігрой.

Я пад ягоную іскрыпку
Ў кунежнай восенскай журбе
А урачыста, а бяз крыку
На ліры выславіў цябе.

Я і цяпер цябе ня кінуў,
Цябе, мой Край і мой народ.
На карузэлі успамінаў
Са мною кружыцца Эрот.

Мільгаюць блізкія абліччы
Ў натоўпе шумным і чужым.
Сваіх братоў і сёстраў лічым,
А крывадушных мы бяжым.

Любоў на йскрыпцы мне іграе,
Пяе мне ў кожную пару.
Я разумею, дарагая,
Бяз слоў Эротаву ігру.

Няхай каторыя сьмяюцца!
-- Адно на гэтакіх зірні:
Ў куртатых, збруджаных пачуцьцях
Няма ніякай цяплыні.

Як пуста, чорна і няветла!
Злы дух гняце такіх людзей.
Яны адвыклі мроіць сьветла,
Хаваюць камень ля грудзей,

Каб кінуць лаянкай у брата,
Каб маці родную забіць,
3 душою дзікага пірата
Яны ня могуць сьвет любіць.

Яны клянуць жыцьцё людзкое,
I выюць глуха, як ваўкі,
Зьвярыным лютым непакоем
На ўсё ашчэрваюць клыкі.

Нi чалавека, ні расьліны
Яны ня ўмеюць шкадаваць.
Краіны цягнуць на руіны,
Злачыннай думкай гацяць гаць.

Крыві замала! Больш ахвяраў
Няхай напражацца ў вагні.
Ня сьціхне мроіць недавярак
Пра дні пажараў, сьмерці дні.

Эрота слухаць не жадаюць,
I паўзь яго глухімі йдуць!
Няхай! Няхай сабе мінаюць,
3 крыніцы выплешчацца муць.

IX

Сплывае ноч. Ужо сьвітае.
А я пішу. Мы удваёх.
I вера цепліцца сьвятая
Ў маіх намроеных радкох.

Як на Вялікдзень прыбяруся
Ў дзень волі, ў Дзень Сакавіка.
3 табой ізноў у Беларусі
Пайду ў гушчар маладняка.

Пайду з табою, дарагая,
Туды, дзе песьняй я гарэў,
Паслухаць вольны гоман гаю,
Дыхнуць паветрам хвойных дрэў.

Ізноў мы пойдзем па тых сьцежках
Узьлескам, полем, паплавом,
Каб свае сэрцы родным цешыць,
Каб захапляцца хараством.

Ізноў пачуем сьпеў прастораў,
I самі ў шчасьці запяем.
Вядуць надзеі нас, як зоры,
У сьветлы, родны Віфлеем.

Я веру ў добрую часіну,
Калі пазбавіцца народ
I перасьледаў нясупынных,
I ў вольнай працы перашкод.

-----------------------------

Зусім сьвітае... Мроі -- годзе!
На вокны золак вогкі лёг.
3 радкоў нярадасным выходзіць
У гэтым творы эпілёг.

I мне маркотна у самоце.
Ідзе паэма ад мяне.
Я бачу вобраз твой наўспроці,
Твой чысты вобраз бачу ў сне.

Няўжо, скажы, няма ўжо выйсьця
I сьвет зачынены стаіць.
Няўжо туга ня кіне грызьці
Майго жыцьця слабую ніць?

Красуню лашчыць Квазымода
На паняволенай зямлі.
Нас разлучыла непагода,
Завеі сьцежкі замялі.

X

Аж заскаміла маё сэрца,
Заныла чэмерна яно,
Радзімай краскі на каберцы
Ужо ня бачу я даўно.

Мая палеская пралеска,
Ці-ж ты пакінула мяне?
Ці можа мне жалобнай весткай
Адкажа вецер па вясьне,

Што ты асьмягла і завяла
I патанула ў нябыцьцё.
Як сон, як папараць Купалы
Ты увайшла ў маё жыцьцё.

Няхай лягла імгла густая
Наўкруг мяне. Праб'юся я!
Мой сад шуміць і расьцьвітае,
А ў ім ты, красачка мая.

Не надламіла злая сіла
Твайго зялёнага сьцябла,
I ты пялёсткі арасіла
Ў вапошнім вытаку цяпла.

Пяшчотай кволай акрываю
Цябе, мой прывід сьветлых мрой.
Як на дзялежы караваю --
Даю найбольш я маладой.

Табе, дзяўчына майго Краю,
Табе, княгіня, аддаю
Увесь мой скарб, усё, што маю,
Паэму лепшую маю.

Напэўна дзесьці ты на яве
Чытаеш ліст мае душы.
Дык зразумей і неўзабаве
Імя сваё мне напішы.

Тваё імя, як сьветач ясны,
На сэрцы чулым запалю.
Я з гатым полымем нязгасным
Прайду пакутную зямлю.

Мая вясёлка, мая рыбка!
Зьявіся! Сьвет мне адчыні.
Я чую --
ў страшнай цішынi
Дрыжыць Эротава іскрыпка.

Студзень, 1948



КАНТАТА САМОТНЫХ

I

Твой вобраз мілы, твой партрэт,
Як рыцар казкі амулет,
Па сьвеце ў сэрцы пранясу.
Ён часта гоіць мае раны,
Тваёй красой мой Край Забраны
Сваю выказвае красу.

Усьмешкай ветлай сьвеціць твар --
Палёў няскошаны абшар.
Кладуцца жытам пасмы кос,
3-пад іх палеская крыніца
Ў вачох пяшчотнасьцю бруіцца,
I бровы - ніцы вербалоз.

I вейкі зьлёгку жмурыш ты --
Вось так ля багнаў чараты
Ў сьпякоце ўсьцішаныя сном.
А вусны -- сьпелыя суніцы,
А грудзі -- нетраў таямніцы
Пад саматканым палатном.

Мой няўміручы Край жыве
Ў тваім цнатлівым харасьцьве.
I я ў ім радасьці таю.
За маладосьць тваю малюся
I зычу шчасьця Беларусі,
Свае кантаты ёй пяю.

Мая старонка, дзе здаўна
Ваўчыцай носіцца вайна,
Ляжыць пабітая. Ўсплылі
Людзкія сьлёзы й кроў ракою.
Ні вольнай працы, нi спакою
Няма на дзедавай зямлі.

I не здарма чакалі мы
Жабрачай кайстры і турмы,
Гнязьдзіўся страх і рос адчай.
А слова -- гнеўны рокат хвалі.
Яго ад цэнзараў хавалі,
I толькі водгук чуў наш Край.

Там, дзе хмызьняк і дзікі мох,
Наш Беларус спакойна мог
Уголас родны гімн сьпяваць.
Пасьля і ў лесе стала цесна,
Чужыя людзі ловяць песьню,
Каб у вастрог яе загнаць.

I шпегі сочаць, як сычы.
Пясьняр нядолі, замаўчы!
За слова ласкі і тугі
Нямала гіне між высланых
Ў галодных стэпах Казахстану,
Ў халодным сіверы тайгі.

Чаму? За што? Што за чума?
Нікога блізкага няма --
Цьвінтар рухомых мерцьвякоў.
I ў гэтьм часе паваротным
Я стаў з пагардаю самотным
Паміж самотных землякоў.

Я замыкаўся ў кляштар мой
Таемна зь лірыкай нямой.
На прышласьць меў пагляд такі,
Што загаворыць, засьпявае
Мая паэзія нямая,
Мае маўклівыя радкі.

Яшчэ няпэўная пара
Жывіцца праўдаю пяра.
I думкі -- смутнаю гурбой:
Народ цярпіць і марна гіне.
Мне горка, што ў маёй Краіне
Крукі кружацца над табой,

Што ты, каханая мая,
Цярпіш пакуту удвая.
Пасаг і гонар задарма
Бяруць чужынцы пад прымусам.
Стол не пакрыты тым абрусам,
Які саткала ты сама.

На ім укладзены вузор
На любату і на спазор.
Па ўскраю -- россып васількоў,
А па кутох тканіны коні
I воі ў велічы Пагоні
Паміж разьвеяных сьцягоў.

Настольнік гэты захавай.
Нам будзе памяткай няхай,
Што нашы прашчуры былі
Гаспадарамі Беларусі.
А мы... пустой кішэняй трусім,
Надзелі з гора хатылі.

Калі чужынцы бралі хлеб,
Паролі скрозь, шукалі дзе-б
Знайсьці хоць зерне і забраць,
Ці льга было сядзець спакойна
На тым відовішчы разбойным
I ў войстрым болю не згараць?

Ці льга сьцярпець, калі мой брат
Глядзеў замучаны з-за крат,
Пытаў, за што ён вязьнем стаў?
Калі чужынцы ў нашай хаце
Перабіралі ўсё багацьце
I крыжавалі зноў Хрыста,

Калі сялібы-хутары
Ўздымалі з дымам дагары,
I трэсьлі кожную сям'ю.
Ці льга сьцярпець? Ці не нарокам
Маўчаў я, хутаючы змрокам
Душу бунтоўную маю.

Калі чужынцы секлі лес, --
Сьмяротны жаль у сэрца лез,
Гадзюкай джгаліў жаль цяжкі.
Дык як памсьціць за зьдзек над Маці,
Якую каты ў казамаце
Мардуюць, рэжуць на кускі?

Ці з болю змушаны маўчаць?
Зламаць жалобную пячаць,
Што на грудзёх маіх лягла!
Глядзеце -- страшна навакола.
Сьцюдзённа! цёмна, мёртва, гола.
А ліпкі жах, нібы смала.

Я слова вымавіць ня мог,
Чуў звон кайданаў з маіх ног,
I звон зялеза з маіх рук.
Яны нябачныя віселі,
Яны нячутныя зьвінелі,
Як адгалосак маіх мук.

Ці я пазбаўлены правоў
Сыноўю выказаць любоў?
Вядома, нават Эскімос
На тундры, на пустэчу краю
Замілавана пазірае,
Бо нарадзіўся там і ўзрос.

А мы ўзрасьлі сярод палёў,
Сярод нязьлічаных лясоў,
Азёраў, рэчак і ставоў,
Дзе адвячоркам сіня-цьмяным
П'яным чаборам і цім'янам
Брынее водыр паплавоў.

Дзе пахне рутай сенажаць,
Дзе скарбы вартасьцяў ляжаць
I на ральлі і ў папарох,
Дзе краскі радасныя ў полі.
Бярозы, стромкія таполі,
Наўсьцяж абапала дарог.

I горды бусел на гнязьдзе
Клякоча, гутарку вядзе.
I сьпеў задорнага шпака,
I звонкі пошчак салаўіны
Ў кустох парэчак і маліны,
Ў зялёных кучмах вішняка.

Каля старых прысадаў ліп
Жалейкі сьціплай сумны ўсхліп
Ды лёскат пугі пастуха.
I ўсё так міла, так прыгожа,
Як за лазовай агарожай
Твой сад і чорная страха.

I ты адтуль, мая вясна,
Глядзела сонейкам з вакна
I думку песьціла маю.
Нідзе няма такога краю,
Як Беларусь. Яе кахаю,
Ёй кроў і сэрца аддаю.

II

Ніяк ня думаў ані сьніў,
Што я пайду ад родных ніў,
Дый раптам стражнік -- люты лёс
Мяне пагнаў з тугой самоты
На ўзвышша голае Гальготы
I чарку воцату паднёс.

Гады ахвяр, гады трывог
Я толькі песьняй перамог.
Сырэны жудасна гулі,
I сьмерць глядзела з-пад руінаў.
Я і тады сьпяваць ня кінуў
Каханьню й радасьцi зямлі.

Я аддаваў паклон вясне,
Што ў снох мярэсьцілася мне.
На крушнях друзаў і сьмяцьця
Я узьнімаўся з кволым словам.
Душа пад громам пяруновым
Расьціла сілу пачуцьця.

Я моцным «віват» ня крычаў,
Ня славіў з бойні крумкача,
А пеў выгнаную любоў.
I мне палітыкі-пііты
Сычэлі: «Сьціхні, замаўчы ты!
Наш век із скрыгатам зубоў.

I чалавек памізарнеў,
У ім бушуе толькі гнеў,
Скавыча ненавісьць, як зьвер.
Навошта нейкія пачуцьці,
Яны ў народзе не прачнуцца,
Навек загінулі, павер...»

Ня слухаў сьмешкі і парад.
Ня страціў сэрца ў плойме страт.
Хай лёс мне прыкрасьці рабіў --
Я не глядзеў на сьвет варожа
I не пайшоў у бездарожжа,
I веры ў праўду ня згубіў.

Лагоднай песьняй лашчыў слых
Усіх пакрыўджаных, нат злых
(А можа цешыў сам сябе?)
Мой голас гвалтам быў закуты,
Зрываўся, церпячы пакуты,
I захлынаўся на журбе.

Няўжо бяз Бацькаўшчыны мне
Ў далёкай гінуць старане?
Няўжо каханую маю
Я не пабачу, не пачую,
Ў заезьдзе дзесьці заначую
I верад-жаль не загаю?

Жыцьцё нізрынута далоў.
Няма для скаргі нават слоў,
А каб-жа меліся, каму
Патрэбны гэты згустак болю?
Маім братом няма патолі,
Прайшлі другую Калыму.

Вайна пад крыгі-туруны
Людзей хавала бяз труны.
Ламала, трушчыла скляпы.
Загуба ўсюды цікавала.
Цяпла для сэрца не ставала,
Жыў над усім інстынкт сьляпы.

Як той палярнік між ільдзін
Стаяў самотны ці адзін?
Міналі гадкія гады
Цяжкой хадой і зь небясьпекай,
А я паліў любоўнай сьпекай
Тугу бяздольнай грамады.

Ніякай радасьці нідзе.
У зморы, клопатах, нудзе
Галодны еў гнілы бурак.
I, абясьсілены, пакорны,
Ён кляў у немарасьці чорнай
За дротам лягерны барак.

Мяне таксама путаў дрот,
Ды вызваляў зь яго Эрот,
Выводзіў зь цемрадзі-глушы.
Я быў захоплены, узьняты.
I нараджаліся кантаты
Мае самотнае душы.

Так часта, часта уначы
Душыў я распач, камячыў.
I пеў, як той Тарэадор,
У небясьпечныя хвіліны
Каханьне... Мілыя ўспаміны
Мне ткалі матчыны вузор.

Пачуцьцяў хваля ў даль нясла
Мой чуткі човен безь вясла.
Ён у затоне песьняў плыў
Да мірсьцяў прыстані знаёмай,
Каб выйсьці проста ў сьпелы гоман
Усхваляваных родных ніў.

Дзяньнік я з памяці лістаў.
На ўзьлеску хутар. Ціхі стаў.
I ты. Са мною ў мроях ты --
На паплавох, на сенажаці --
Сястра, каханка, мая маці,
Мой вобраз сьветлы і сьвяты.

Заходзіў я ў зялёны храм,
А там маліліся вятрам
Бярозы й сосны. I вясьне
Малітву дзіўную шапталі,
I сьлёзы шчасьця -- рос крышталі
На вейках елак і ў мяне.

Адно я ў лесе спачываў.
Там кожны куст мне спачуваў,
I частаваў маю душу
Лясным ласункам - песьняй чыстай,
Прыгожай, весьняй, урачыстай.
Аб гэтым зь любасьцяй пішу.

III

Шумі, сасоньнік малады!
Жалейкай грай на ўсе лады.
Я чую пах смалістых хвой.
Ізноў мне Бацькаўшчына сьніцца.
Ці не стаптаная суніца
Сьцякае сокам над травой?

Цябе забыць я не магу...
I на выгнаньні п'ю тугу,
Цярплю нязвыклую жуду.
Самотай сэрца халадзее.
А ўсё-ж ня згублена надзея:
Вярнуся, любая, прыйду!

Хачу баржджэй самоту прэч
Пагнаць, як негадзь-немарэч.
Расьце, мой Божа, боль які!
Паміж чужых я адзінокі.
Перада мною шлях далёкі,
Гараць за морам маякі.

I ты, гаротная, гарыш.
I пахіліўся дзедаў крыж.
I быльнягом парос курган.
I я, разлучаны з табою,
Жыву астатняй барацьбою,
Узьняў пачуцьцяў гураган.

Табе ў самоце аддаю
Сябе самога і пяю,
Хіба ў міноры, дык прабач.
Нас безьліч вырасла самотных,
Увосень птушак пералётных
Мы разумеем сумны плач.

Прырода крылы ім дала,
Шукаюць вечнага цяпла.
Аж пазайздросьціць можна ім,
Калі яны лятуць у вырай
Сямейкай дружнай, згоднай, шчырай
Насустрач далям залатым.

Пад крык гусей і журавоў
Мой родны Край згадаю зноў.
Я крылы мрояў распрастаў --
Чакаю сонечнай пагоды,
Паміж братоў шукаю згоды,
Паважных чынаў, лепшых спраў.

Мне сьняцца нашыя лугі,
Азёраў сініх берагі,
Акрытых соннаю смугой,
Лясоў раскінутыя шаты...
Душа даўно пяе кантаты
Маёй Краіне дарагой.

1951



ПАЭМА ПРА ВУСНЫ

(Фрагмэнты)

На вялікім гэтым сьвеце
Безьліч вуснаў -- зімных, весьніх:
Мазаічнае суквецьце
Ў залатых адлітых песьнях.

Ружаў сьвежыя бутоны,
Пышны бэз лілёва-сіні.
I пялёсткі ад чырвоных
Маку, астры і вяргіні.

I пунсовыя півоні,
I гвазьдзікі палявыя,
Нібы зьнічкі у прадоньні,
Трапяткія ды жывыя.

Чырвань рознага адценьня --
Ад іржы да жару. Брызкі
Смагі, моцнага хаценьня
Ўсіх -- высокіх, звыклых, нізкіх.

................................

Сьціплы зацішак улетку
I прыгожыя мясьціны
Нам прыносяць неўзаметку
Свой утулак -- дар гасьцінны.

Адвячоркам любавацца,
Захапляцца ў парку будзем.
Хочам выйсьці мы на шпацыр
Добрай цемрай і бязьлюдзьдзем.

А куды ні ткніся -- пары,
Як сіямскія блізьняты.
Урасьліся разам твары --
Пацалунак п'юць зацяты.

Ой, да ранку шчэ далёка.
Сонца грэе, ў клёне грае,
I цярусіць жарсьці блёкат
Ды на вуснах дагарае.

Тыя -- чэпістыя п'яўкі,
Гэных -- выпятрылі сьцюжы.
Колькі іх парыўных, мляўкіх,
Смаглых, моцных і нядужых.

Маладзенькіх і старэчых,
Хітрых, зрадных, зь неспадзевам.
Дражняць, годзяцца, пярэчаць,
Плешчуць рогатам і гневам.

Не дасі ніякай рады.
Вунь, напрыклад, тое ліха
Б'е ад першага пагляду
Вас пагардаю і пыхай.

Бровы-ніткі ўгору ўзьняты,
У вачох агню нямала.
Як гарэшак нос кірпаты,
Змаляваныя няўдала

Дзьве расьціснутыя вішні,
I пагардная усьмешка:
-- Адыйдзеце! Вы тут лішні.
Я... я дама, а вы пешка.

Вішні брудзяць цыгарэту,
I ляціць пярсьцёнак дыму.
Лепш пакінем даму гэту --
Сумны згустак пудры й грыму.

Адступаючы, ня цяжка
Прыгадаць: -- Мадам, бывае
У гульні часамі ў шашках
Пешка дамку выбівае.

Гэты жарт сьцінаюць зубы,
Быццам блазан тупнуў ботам.
На багне апошняй згубы
Зацьвіла мая журбота.

Бросьне ў думках густа-часта:
-- Ці жыве мая Палешка,
Што бяз хвальшу, без памасты,
Без акторства, а з усьмешкай.

I пяюць мае ўспаміны
Аб красе былой, вясковай.
Вёсны вуснамі дзяўчыны
Выклікаюць краску слова.

Кармазынавыя стужкі
Ды завязаныя жычкі...
Вось такія у пастушкі,
У князёўны, у мужычкі.

Ціхі шэпат вуснаў пульхных,
Супраціву, просьбы жменькі:
-- Кінь, ня трэба! Не, ня слухай.
Ах, яшчэ... яшчэ... дурненькі.

I з-пад ценю так нясьмела
К сонцу цягнецца суніца.
Вуснаў ягада сасьпела,
Хоча ў мёдзе утапіцца.

Дзьве істоты. I каханьне
Ўжо расьце, вяршыняў прагне.
А далей -- як на экране
У фільмовай дыяфрагме.

Тут усё: і спрыт, і сіла
Пазнаецца жарскім чынам.
-- Ха-ха-ха, -- сьмяецца міла
Ўсхваляваная дзяўчына.

Паразьбегліся суніцы.
Горсьць рамонкавых пялёсткаў
На дзьве занізі, як быццам,
Вецер сьмехам парасплёскаў.

Юр жыве, бяжыць гульлівы
Па кустох, і кліча-надзе.
У мурынаў, як алівы
Твары ў нейкім марынадзе.

I яны ў лісьцьвянай браме,
Прытуліўшыся употай,
Зьліплі бурымі грыбамі,
Родзяць Афрыку сьпякотай.

Так сваё знаходзяць шчасьце
У жыцьці цяжкім, зьнібелым.
Паміжсобку -- сэрцы насьцеж,
I сулад на зайздрасьць белым.

.............................

Сілы роду у бясстрашшы.
Скрозь -- чаруюць і варожаць.
А страшныя мукі нашы,
А страшная наша пожадзь!

Губы ў сьвятасьці і ў брудзе,
Маюць шчырых і няшчырых.
Круташалам нэрвы прудзяць,
Іх нічым не ўціхамірыць.

Толькі ў прыязьні -- прыгожа,
А у злосьці -- гідзь-пачвара.
Дзе нянавісьць, дух варожы,
Там бязьвінная ахвяра.

Дзе каханьне, там і згода
Без маны і крывадушша.
Абмінаць закон прыроды
Ёсьць злачыннае -- нарушыць.

Нават посьніку-аскету
I самотніку манаху
Не забыць любошчаў сьвету
I... дрыжаць у Божым страху.

Словы пацерамі ніжуць,
Прыкладаючы да вуснаў
Цела срэбранае крыжу:
-- Не вядзі нас да спакусаў.

А і ў часе урачыстым
Іх любоў не пакідае --
У адзеньні белым, чыстым,
Як на шлюбе маладая.

За людзей -- братоў і сёстраў,
За ратунак душ маліцца!
Вобраз вытачаны гостра,
Лёг на кніжную паліцу.

.............................

Вусны -- зыркая паэма
Ў пачуцьцёвай завірусе.
(Мабыць злосьнік вые нема,
Што і я судзіць бяруся).

Вусны -- сонечны акраец
На ружовым небасхіле.
Нам арганы гімны граюць
I жывое слова ў сіле.

У паэты вусны ў сэрцы.
Да народу песьняй гожай
Тое сэрца, каб ня ўмерці,
Ў вусны пойдзе -- пераможа.

Спаміж кніг, як у сыгнэце
Самацьвет, так пад рукамі
Заіскрыцца, засьмяецца
Друкаванымі радкамі.

Вусны цешацца і грэшаць,
Замаўляюць ліхалецьце.
Нібы ластаўкі з падстрэшша
Разьлятаюцца па сьвеце.

Шумны порт, о людны бераг!
Не змаўкае рык суровы.
3 гулам вуліцаў на сквэры
Паміраюць, таюць словы.

Навакол, як вока схопе:
Вусны, вусны -- ружы ў цьвеце.
У жывым калейдаскопе
Мазаічнае суквецьце.

1955



НА РУIНАХ ПАЧУЦЬЦЯЎ

На прасторах краіны
Бушавала вайна.
I пачуцьцяў руіны --
Зьмізарнела яна...
I краса на пакосе,
Маладосьць не пяе.
Сьветларусыя косы
Парудзелі ў яе.
I зацьмелі, завялі
У вачох васількі.
А такіх на Купальле
Не ўпляталі ў вянкі.
Як зьмяніўся той вобраз!
Твой нахмураны твар
Ухмыльнуўся нядобра.
3 вуснаў -- горычы вар:
-- Выбачай, я ня тая,
Як калісьці была.
Не кажы: «залатая»,
Ня гукай да стала.
Не сядзець мне з табою,
Не глядзець на бяду,
На галечу з журбою.
Ад цябе я пайду.

Так сказала і зьнікла.
Зноў адзін я, адзін...
Чую сэрцам нязвыкла
Жалю дзень нарадзін.
Гэты жаль, гэты смутак
Смыліць грудзі мае.
Ходзіць сябра з пакутай,
Сябра твой не пяе.
Хіба-ж тайка і мілка
Можа прочкі пайсьці?
Ці ня злая памылка
Мулка села ў жыцьці?
Я інакшую марыў!
У вясьнянках сьпяваў
Аб Палескай Тамары --
Чысьціні хараства.
Я блукаў у блакітах
Па Эдэмскіх садох,
I стаяў ля адкрытых,
Сонцам зьлітых дарог.
Як з чароўнага зельля
Упіваўся ад слоў.
Захапленьне па целе
Асалоду нясло...
Дзе Тамара з Палесься,
Дзе ты, мара мая?
Мабыць горка сьмяешся,
Што цябе апяяў?

* * *

Што любілі -- згубілі,
Чэмер чортавы жнём.

.......................

Горад білі, бамбілі,
Разрывалі агнём.
Сотні жыцьцяў палегла
Ў сутарэньнях, мурох.
Курганы бітай цэглы,
Безьліч мёртвых дарог.
Д'ябал злосна-ўзьвярэла
Ўбіў асінавы кол:
Палымнела, гарэла
I трашчэла вакол.
Самалёты кружылі
Угары груганьнём.
Менск дзяўблі.
Менск бамбілі,
Білі, зь лютасьцяй білі
I смалілі агнём...

Дарагая сталіца,
Што зрабілі з табой?
Дзе цішы прытуліцца?
Дзе душы супакой?
Мо далёка ў прадмесьце
Або ў лес уцячы?
У ляшчыну залезьці
Ды сядзець і ўначы?
А і там небясьпека!
На шляху агнявым
Ад таго чалавека
Толькі попел і дым.
Бомбы падалі густа
Ў панадворкі, сады,
Ў Сьвіслач, вуліцы, пусташ,
На руінаў сьляды,
На прысады і плошчы,
На пляцоўні, пляжы,
I ў той кут, дзе нябожчык
Пахаваны ляжыць.
Ашалелыя бомбы
Разбуралі цьвінтар...
Можа там -- катакомбы,
Дзе маліўся сьвятар?
Можа хто і ў капліцу
Ратавацца прыбег?
Можа сьвечка цяпліцца
I на споведзі грэх?
Бомбы бухалі ўсюды;
Там, дзе вечны спакой --
Растрывожана блудам:
Мёртвы ўзмахваў рукой.
Выляталі з магілы,
3 парахнелай труны
Косьцi, чэрап пагнілы
I шматкі-лахманы.
Прывід выйшаў із склепу!
Чорных дзей абразкі:
I граніту ашчэпы,
I зялеза брускі,
I шыпшыньнік калючы,
I камлыгі зямлі,
Як заклятыя кучы
Каля ямаў ляглі.
На магільныя пліты
Ўпаў падсечаны дуб.
А пад ім лёг пабіты
I крывёю абліты
Адубелы ўжо труп...

.....................

Лепш мы вочы заплюшчым,
Каб ня бачыць бяды --
Наварожанай гушчы
Глуму, дзікай жуды.

* * *

Я на вуліцу выйшаў,
Калі сьціх гураган.
Нялюдзкое зацішша...
Менск -- трупярня, курган.
Навакола руіны.
Галавешкі і дым.
Вугаль. Бляха. Цагліны.
Друзы ў пыле рудым.
У шалёнай трывозе
Тлеўся золак надзей.
Толькі стогн па дарозе
Вырываўся з грудзей.
I заплакалі вочы
Не сьлязьмі, а тугой.
Аглядаўся і крочыў...
Роспач -- ценем за мной.
Пад нагамі хрумцела
Дробна бітае шкло.
Яно рэзала цела,
Болем сэрца пякло.
I хацелася з болю
Закрычаць на ўвесь сьвет.
Захрыпела у горле,
Гора ўбіла штылет.
Я ня мог ані слова,
Ані гуку падаць.
Сам ня свой, напалову
Няжывая пастаць.
Я ішоў праз руіны,
Праз гарачы разлом.
Я прыгадваў мясьціны...
Дзе знаёмы той дом?
Дзе той дом? Гаспадыня?
Дзе тэй песьні вясна?
I, на добрым спаміне,
Той кілішак віна?
Розрух вуліцу зьнішчыў,
Як і радасьць маю.
На пустым папялішчы
Я із жалем стаю.

...Тут гулялі, сядзелі
Аж да познай пары.
Залатыя нядзелі
Сьвяткавалі сябры.
Гаспадар быў вядомы
Весялун-жартаўнік.
Узялі яго з дому
Сьпешна ў войска,
I -- зьнік.
Зьнік, як водгалас звонкі...
Можа вернецца зноў.
А ня ўбачыць ні жонкі,
Ні даўнейшых сяброў.
Гаспадыня красуня,
Ен шукацьме цябе!
Цяжка бровы насуне
У маўклівай жальбе.
Ён цябе ня сустрэне...
Болем высеча крыж.
Ты ў глухім сутарэньні
Пад каменьнем ляжыш.
Ані ўсьмешкі тэй мілай,
Ані цёплай рукі...
Перад страшнай магілай
Я складаю радкі.
Тыя вершы -- ня песьня,
А малітва душы,
Паніхіда ў злавеснай
Неспакойнай цішы.
Зьняў я шапку і нізка
Пахіліў галаву,
Над загінутай блізкай
Чыстай мрояй плыву.
Можа сэрца уцяміць
Гэты шлях перамог?
Ціха «вечная памяць»
Ледзьве вымавіць мог.
Вее гарай, трухлінай
3-пад каменьня, зямлі,
Каміны на руінах
Чорны смутак зьвілі.
I ў вачох ажно цёмна,
I пануры мой крок.
Сонца паліць нястомна,
Курыць пыл назнарок.
Па дарозе руіны, --
I на сэрцы яны.
Праплылі успаміны
Ля знаёмай сьцяны.
Пад сьпякотаю мляўкай
Грала скрыпка бяз нот:
Каля коміну вяўкаў
Абяздолены кот.
Ён на вогнішча выйшаў
Уцалелы дарма --
Аніводнае мышы,
Анічога няма.
Нават вільгаці кропляй
Не асмагнецца кот.
Сьмерць. I цэгла на попле.
I паблытаны дрот.

............................

Невясёлае лета,
Цяжкі гораду кон.
Мне здаецца, што гэта
Ўжо ня ява, а сон.
Гэта-ж сон летаргічны,
Сон страхоцьцяў, жуды.
Ён гадзіны адлічыць --
Пройдуць дні і гады.
I хваробы, і страты,
Страх і гора ў тым сьне.
Я, каханьнем узьняты,
Прасьпяваю Вясьне.
Прагну ў шчасьці прачнуцца,
Выйсьці ў краскі праз гаць,
На руінах пачуцьцяў
Свой палац будаваць.
Хай-жа куст церамшыны
У мяне зацьвіце,
Птушкі роднай краіны
Хай зьвіняць у кусьце.
I няхай ня сцiхае
Гуркатня галубоў:
Я і ты, залатая, --
Агнявая любоў.
I разыйдуцца хмары...
Сонца ўзбудзіць мяне.
Зноў Палескай Тамары
Сьветлы вобраз мільгне.
I сьпявацьме ўсё тое,
Што на сэрцы ляжыць --
Веснавое, сьвятое
I спадзеўнае --
жыць.

Люты, 1957

Змест

Лебедзь чорная
Лiрыка зь вялiкага места
Пад сузор'ем Стральца
Папарацi
Вершы з Капры
Паэмы

Рыгор Крушына, Выбраныя творы, Нью Ёрк -- Мюнхэн, 1957
Падрабязныя зьвесткі пра аўтара знойдзеце ў Вiртуальны Музэі Рыгора Крушыны.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by