|
Анеля й Вэраніка Катковічанкі, як многія другія зь іхняга пакаленьня, не ўвайшлі ў энцыкляпэдыі беларускай гісторыі. У сваім лёсе сьвядома выбралі Беларусь, для якой жылі й працавалі, а пасьля за яе пакутавалі. Пра сваё жыцьцё аставілі ўспаміны. Асаблівасьць іх заключаецца ў тым, што нямногія Беларусы, якія пасьля ІІ сусьветнай вайны й лагераў Савецкага Саюза жылі ў Польшчы ці ў Савецкай Беларусі й наогул у СССР адважыліся сьпісаць сваё перажытае для патомных. Прышываная ім латка „врагов народа”, „беларускіх нацыяналістаў” дыскрымінавала іх у грамадзтве. Усё-ж такі некаторыя зь іх ня здрадзілі сваёй Беларусі. Пачалі даходзіць да голасу й гаварыць праўду асабліва, калі пасьля 1990 г. заіснавала беларуская дзяржава – Рэспубліка Беларусь. У Беластоку ў 1996 г. выйшлі ў кнізе „Лёс аднаго пакалення” ўспаміны Кастуся Сідаровіча, Юстына Пракаповіча, Янкі Жамойціна й Віктара Ярмалковіча. У 1998 г. у Вільні ў выдавецтве „Рунь” выйшлі ўспаміны Марыяна Пецюкевіча „У пошуках зачараваных скарбаў”. Яшчэ тры сшыткі ягоных успамінаў пра сібірскую ссылку „Кара за службу народу” чакаюць свайго добрага часу для выданьня. У 1997 г. у Менску „Наша Ніва” выдала ўспаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў „Гарт”. Непараўнальна больш беларускай мэмуарнай літаратуры выйшла ў эміграцыі, асобнымі кніжкамі ці ў часопісах. Агляд яе прадставіў Лявон Юрэвіч у кнізе „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью – Ёрк 1999, с. 6 – 111)
Лёс Анелі й Вэранікі падобны таму пакаленьню Беларусаў, якое нарадзілася напярэдадні ці ў І сусьветную вайну й жыло пасьля яе ў ІІ Рэчы Паспалітай на г. зв. „усходніх крэсах”. Жыцьцё дзьвюх беларускіх дзяўчын перапляталася з умовамі і ўсімі складанасьцямі рэчаіснасьці, якой прыйшлося ім быць сьведкамі.
Прыйшлі яны на сьвет у мястэчку Будслаў над рэчкай Сэрвач, цяпер у Мядзельскім раёне, 56 км. на ўсход ад Мядзеля. Гэтае гістарычнае месца славіцца па сёньня касьцёлам бэрнардынцаў з 1643 г. і іконай сьвятой Багародзіцы, званай Маткай Боскай Будслаўскай, якую мен-скі ваявода Ян Пац атрымаў у Рыме ад папы Клімэнта VIII і ахвяраваў бэрнардынцам[1]. Менавіта яны мелі найбольшы ўплыў на развіцьцё мястэчка. У канцы ХІХ ст. у Будславе было 686 жыхароў, у 1921 – 626[2] . Ураджэнец мястэчка, ведамы беларускі дзеяч Вінцэнт Жук-Грышкевіч, так успамінаў даваенную рэчаіснасьць: „Жыхары, пераважна католікі, лікам менш чым 1000 у невялікай ступені цікавіліся беларускім нацыянальным рухам. (...) Пра сябе яны ведаюць толькі, што яны простыя мужыкі, не палякі й не расейцы, але якой нацыянальнасьці — ня знаюць, хіба простыя, тутэйшыя. Газэт не чытаюць. Пра жыцьцё на сьвеце ведаюць толькі з прыпадковых чутак ды прагна ловяць весткі ад сваіх, што варочаюцца з гораду ці з салдатаў. Тады гуртам валяць у хату „гарадзкога” хлапца ці дзяўчыны й гадзінамі слухаюць іхнія апавяданьні”[3] . Беларуская нацыянальная сьвядомасьць пачала ў Будслаў даходзіць праз „Нашу Ніву” й беларускія кніжкі. Шмат зрабіў у іх распаўсюджваньні Эдвард Будзька й сям’я Мядзёлкаў.
У І сусьветную вайну ў сакавіку 1916 г. у Будславе разь-мяшчаўся штаб 2 рускай арміі заходнага фронту, у 1918 г. (люты – сьнежань) мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г., гутаркі пра беларускую аўтаномію спрыялі ўзросту нацыянальнай сьвядомасьці сярод будславян. З сакавіка 1917 г. працавала беларуская пачатковая школа пад кіраўніцтвам Івана Васілевіча. На яе базе ў канцы 1917 г. адкрыта была беларуская гімназія. Інжынер Лявон Вітан-Дубейкаўскі запраектаваў яе будынак. Вясной 1918 г. пачалася будова. „Прыйшлі” Палякі й спынілі будову, канфіскуючы будынак і з пачаткам школьнага года 1919-1920 распускаючы бела-рускую гімназію.
Анеля нарадзілася 19 чэрвеня 1914 г., а Вэраніка – 20 чэрвеня 1918 г. Іхнія бацькі: Язэп Катковіч і Мар’я зь Мя-дзёлкаў мелі яшчэ трое дзяцей: Пятра (1912 г.), Галену (1923 г.) і Францішка (1925 г.). Успамінаю ўсіх, бо, як на іронію лёсу, жыцьцё іх не ашчаджала. Спачатку паўміралі бацькі: Язэп у 1929 г., Мар’я – у 1930 г. Круглыя сіроты выжылі дзякуючы сям’і дзядзькоў, цётак і другіх добрых людзей. Аднак найбольшай іхняй трагедыяй былі ссылкі й турмы, якія не абмінулі ні аднаго зь іх. Кожны зь іх дасьведчыў умовы ссыльнага й турэмнага жыцьця, магчыма як ніхто з Будслава.
Пасьля І сусьветнай вайны апынуўшыся з родным мястэчкам у межах ІІ Рэчы Паспалітай, былі вымушаны вучыцца ў польскай школе – беларускай ужо не было. Хаця папольску ў мястэчку гаварылі толькі ўраднікі, паліцыя, настаўнікі й ксёндз. Польская сьвядомасьць прысвойвалася праз школу й касьцёл. У Вілейскім павеце, у якім знаходзіўся й Будслаў, паводле польскага перапісу насельніцтва 1931 г., было 70554 праваслаўных і 53168 католікаў. Як родную мову беларускую падалі 64337 асоб, а польскую – 59477. Францішак Сяліцкі, выхадзец з гэтага рэгіёну й яго знаўца, сьцьвярджаў, што „ostatnia liczba jest zawyżona, że część ludności katolickiej podała język polski jako swój ojczysty „z przechwałki”, bo uważano, że ten jest kulturalniejszy. Chciała też prawdopodobnie zamanifestować swoją polskość, mimo używania na co dzień języka białoruskiego, bo jednak na wsiach mówiono nadal po białorusku, choć młodzież czasem przechodziła na język polski w odpowiednim towarzystwie”[4].
Анеля й Пётр паступілі ў Віленскую Беларускую Гімназію. Пётр, не спраўляючыся з вучобай, кінуў школу й вярнуўся ў Будслаў. Анеля гімназію закончыла пасьпяхова ў 1934 г. і паступіла ў Віленскі Унівэрсытэт. Вільня ў трыццатыя гады была цэнтрам беларускага руху ў Другой Рэчы Паспалітай. ВБГ была сапраўднай кузьняй беларускай інтэлігенцыі. Працавала ў ёй выкладчыкамі тагачасная беларуская эліта. У Віленскім Унівэрсытэце таксама дзейнічаў ад 1921 г. Беларускі Студэнцкі Саюз, які гуртаваў беларускую моладзь. Анеля ўключылася ў дзейнасьць БСС, сьпявала ў хоры Рыгора Шырмы. У 1935-36 гг. рэдагавала дзіцячы часопіс „Пралескі”. У 1939 г. Анеля закончыла гісторыю ва унівэрсытэце. Анелі пашчасьцілася: сьпярша дапамог ёй Эдвард Будзька, забіраючы яе ў Вільню, а пазьней Язэп Гапановіч, даючы ёй 300 злотых на унівэрсытэцкую навуку. Вэраніка закончыла паўшэхную школу ў Будславе (гадавалася ў бацькавай сястры Галены), а пасьля кравецкую школу ў Лунінцы. Забрала яе туды дачка матчынага брата — Яніна Вуйцік.
У 1939 г., калі саветы занялі Заходнюю Беларусь, Анеля пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы ў школе ў Будславе. Пэўны час была яе дырэктаркай. Савецкі рэжым нібыта падтрымліваў беларускі рух. Аднак Анелю хацелі арыштаваць у чэрвені 1941 г. У пэрыяд 1939-41 гг. многія беларускія дзеячы былі арыштаваны. У той час Вэраніка працавала — пасьля курсаў для тэлеграфістак у Вілейцы — на тэлеграфе ў Крывічах. Там пазнала свайго будучага мужа Станіслава Клентака.
22 чэрвеня 1941 г. пачалася вайна зь Немцамі. Усе Катковічы вярнуліся ў Будслаў да Анелі. Аднак не было там бясьпечна. Праца „за саветамі” ў школе й сельсавеце стала прычынай даносаў з боку тутэйшых Палякаў на Анелю як камуністку. У той час бурмістрам Менска быў сябра Анелі з БСС Вітаўт Тумаш. Паехала тады Анеля ў Менск шукаць працу. Працавала перакладчыцай у гарадзкой управе. На яе просьбу ў Менск прыехалі таксама Вэраніка й Францішак. Жылі яны ў памяшканьні Беларускай Народнай Самапомачы. Доктар Іван Ермачэнка дапамог Вэраніцы паступіць у мэдычную школу. Там ад доктар Надзеі Абрамавай атрымала яна прапанову працы ў Саюзе Беларускай Моладзі. Стала яе намесьніцай. 22 чэрвеня 1943 г. падчас сьвяткаваньня ў тэатры Вільгельм Кубэ, генэральны камісар Беларусі, абвясьціў паўстаньне СБМ. Штабам СБМ кіравалі Міхась Ганько (хлопцамі) і доктар Надзея Абрамава (дзяўчатамі). Ім падлягалі акруговыя кіраўнікі, ім-жа — павятовыя. СБМ гуртаваў моладзь ва ўзросьце 10 — 20 гадоў. Беларуская моладзь натоўпам хлынула ў гэту арганізацыю. Беларускі моладзевы рух перажываў свой уздым, якога ні раней, ні пазьней не было. Заснаваньне СБМ лічылася найбольшым дасягненьнем нямецкіх уладаў на Беларусі[5] . Умовы працы пры Немцах не былі лёгкімі. Трэба было ўмець існаваць між нямецкай уладай і савецкай партызанкай. Аднак хутка пазіцыя Нямеччыны пачала хістацца, аж да ўцёкаў Немцаў зь беларускіх земляў у канцы чэрвеня 1944 г. Што было рабіць беларускай інтэлігенцыі, якая працавала ў беларускіх установах, м.інш. культурна-асьветных, у пэрыядзе 1941-44 гадоў? Можна было аставацца ў савецкай рэчаіснасьці або ўцякаць зь Немцамі. Больш бясьпечным здаваўся быць другі выхад. Пра Беларусь пад саветамі можна было толькі марыць. Анеля, Вэраніка й Франак кінуліся ўцякаць разам зь Немцамі. Апынуўшыся на Захадзе, трэба было знайсьці сабе ў меру магчымасьці бясьпечнае месца. Дзяўчыны атрымалі працу ў Польскай Вайсковай Місіі ў Бэрліне: Анеля была перакладчыцай, Вэраніка касіркай. Пазьмянялі даты сваіх народзінаў (адмалодзіліся) і месца нараджэньня з Будслава на Вільню. Усё гэта каб скрыць сваё нядаўняе прошлае. Аднак у 1948 г. сьпярша з працы была звольнена Вэраніка й паслана яе ў Польшчу, дзе ва Ўроцлаве ў жніўні 1949 г. была арыштавана. У той час Анеля службова была выклікана ў Варшаву, дзе яе таксама арыштавалі. Палічылі іх грамадзянкамі СССР, якія па тадышніх законах падлягалі дэпартацыі ў Савецкі Саюз. Папраўдзе мэтай дэпартацыі было выяўленьне іх дзейнасьці ў беларускім руху ў час ІІ сусьветнай вайны. Абедзьве атрымалі па 10 гадоў „исключительных” лагераў.
Успаміны сёстраў падрабязна расказваюць пра арышт і перанесеныя пакуты да выхаду на волю.
Пасьля вяртаньня ў родны Будслаў абедзьве вырашылі выехаць у Польшчу: Вэраніка да мужа ва Ўроцлаў, а Анеля ў Варшаву. Анеля, дзякуючы даўнім супрацоўнікам з бэрлінскай місіі, атрымала працу ў Міністэрстве Замежных Спраў Польскай Народнай Рэспублікі. Займалася перакладамі. Хвароба, гіпэртанія, не дазволіла ёй доўга працаваць, перайшла на рэнту. Жыла ў Варшаве па вул. Чэрскай 1, кв. 10. Адшукала ў Варшаве сваю гімназічную сяброўку Людку Жамойціну й унівэрсытэцкага сябра з БСС Бэрнарда Стэповіча. Зьвязалася з варшаўскім аддзелам Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства, якога стала членам. У Варшаве таксама спаткала свайго даўняга дабрачынцу Язэпа Гапановіча.
Анеля пачала пісаць ўспаміны 12 верасьня 1967 г. Пісала іх некалькі гадоў. У рукапісным сшытку знаходзяцца яшчэ даты 3 лютага 1973 г. і 12 сакавіка 1973 г. Прыблізна тады былі закончаны. Успаміны ахвяруюцца дзецям сястры Вэранікі й брата Францішка. Ва ўспаміны не ўвайшлі два эпізоды: з пэрыяду чэрвеня 1941 г., калі хацелі арыштаваць Анелю саветы й калі Палякі хацелі выдаць яе Немцам. Гэтыя эпізоды сьпісаў з аповедаў Анелі Юры Туронак, які ўвесь час мабілізаваў яе да пісаньня ўспамінаў. Незашмат напісана таксама пра пэрыяд працы ў час нямецкай акупацыі. Гледзечы на тое, што Анеля пісала ўспаміны ў 60-ыя — 70-ыя гады, пэўна хацела пазбыцца сваёй „калябаранцкай дзейнасьці”, як тады ацэньвалася беларускую дзейнасьць пад нямецкай акупацыяй. У канцы сямідзесятых гадоў памяняла сваю варшаўскую кватэру на ўроцлаўскую, каб быць бліжэй сястры. Памерла там 8 кастрычніка 1982 года.
Фрагмэнты ўспамінаў Анелі былі апублікаваны ў Варшаве ў 1984 г. у перакладзе на польскую мову ў г. зв. drugim obiegu, у выдавецтве Niezależna Oficyna Wydawnicza, п.з. „Przeżyłam łagry sowieckie (fragmenty wspomnień)”. З беларускай мовы пераклала, уступ і зноскі напісала Русталька Ла-да-Ідэйко (псэўданім сяброўкі Анелі Русталькі Піскурэвіч). Апублікаваныя фрагмэнты галоўным чынам зьвяртаюць увагу на лагерныя пакуты. У арыгінальнай беларускай вэрсіі „Мае ўспаміны” публікаваліся фрагмэнтамі ў эмігранцкім беларускім друку: у часопісе „Беларуская Думка” (1994, нр 38 — пра дзіцячыя й студэнцкія гады) і ў „Полацаку” (1994, нр 2, с. 51-55; нр 3, с. 41-44; нр 4 — пачынаюцца з 1948 г. ад звальненьня з працы Вэранікі).
Вэраніка вярнулася да мужа ва Ўроцлаў. Жылі ў адрамантаваным доме сярод руін па вул. Тшэбніцкай 42. Мелі двое дзяцей Зосю (1957 г.) і Кшыштафа (1961 г.). Вэраніка сьпярша займалася выхаваньнем дзяцей, а пазьней працавала ў кравецкай майстэрні ў спэцыяльнай школе. Ад 1983 г. — на пэнсіі. Жыве да сёньня ва Ўроцлаве. Яе ўспаміны паўсталі на аснове публікаванага ў часопісе „Полацак” інтэрв’ю Янкі Жамойціна п.з. „З перажытага” (1993, н-ры 9, с. 34-35, 10, с. 24-29; 1994, нр 1, с. 56-58) і аповедаў пра сваё жыцьцё, запісаных на магнітафоннай плёнцы ў лютым 1998 г. і сьнежні 1999 г.
Вэраніка (і раней Анеля), прыехаўшы ў Польшчу наладзілі карэспандэнцыю са сваімі знаёмымі ў эміграцыі. Па сёньняшні дзень лісты Вэраніцы пішуць даўнія сябры Мітрафан Смаршчок, Пятро Нядзьведзкі, Люня Бяленіс (Будзька), Яніна Каханоўская. Вэраніка ў 1993 г. удзельнічала ў сьвяткаваньні 50-ых угодкаў СБМ у Менску. Сустрэлася тады са сваімі сяброўкамі нядолі: Верай Касмовіч, Надзяй Дземідовіч, Жэняй Шастак. Нанова ажылі ўспаміны й пачуцьцё патрэбы давесьці іх да ведама шэрэйшага кола людзей. На сьвяткаваньні ў Менску ў 1993 г. быў таксама Янка Жамойцін, праваднік беларускай моладзі ў Навагарадку. Зь сёстрамі Анеляй і Вэранікай Катковіч сустракаўся ў розных умовах. Супольнасьць лёсу вызначанага ўдзелам у беларускім руху, характэрна і ўспамінам Янкі Жамойціна „З перажытага”, апублікаваным у кніжцы ўспамінаў „Лёс аднаго пакалення” (Беласток, 1996, с. 50-170).
Ва ўспамінах, асабліва Анелі Катковіч, паяўляецца шмат прозьвішчаў настаўнікаў, гімназічных і унівэрсытэцкіх сяброў і іншых асоб сустрэтых на жыцьцёвым шляху. Большасьць іх вядомая зь гісторыі беларускага руху. Успаміны дапаўняюць уступ Янкі Жамойціна, зноскі пра важнейшыя асобы, арганізацыі, падзеі, імянны паказальнік, здымкі й дакумэнты, якія становяць ілюстрацыю да ўспамінаў і захоўваюцца ў хатнім архіве Вэранікі Клентак ва Ўроцлаве.
Асабліву падзяку выказваю спадару Юрку Туронку, які спрычыніўся да паўстаньня ўспамінаў Анелі й дапамог папоўніць зьвесткі пра постаці ў іх, Вячаславу Харужаму за навуковае апрацаваньне зноскаў да ўспамінаў, а таксама Раісе Жук-Грышкевіч, Веры Касмовіч, Надзеі Дземідовіч за дапамогу ў апрацаваньні некаторых біяграфічных зьвестак. Міры Лукшы дзякую за моўную кансультацыю ды карэкту тэкстаў.
Галена Глагоўская
Прозьвішча Анелі Катковіч стала мне вядомым ужо ў гады пачатковай школы, ад маёй старэйшай сястры Людмілы Жамойцінай — яе сяброўкі зь Віленскай Беларускай Гімназіі, з 30-тых гадоў. Гімназія гэта — адзіная ў той час кузьня беларускай інтэлігенцыі ў Заходняй Беларусі, пад польскім панаваньнем спаўняла адначасова ролю пашыральніка нацыянальнай сьвядомасьці беларускага насельніцтва. Вучні яе распаўсюджвалі беларускі друк сярод землякоў, а перш за ўсё — сярод сваіх блізкіх. Першыя мае крокі ў гэтым напрамку — гэта было распаўсюджваньне прывожаных сястрою зь Вільні беларускіх календароў і брашур, з апавяданьнямі прызначанымі вясковым дзецям. Распаўсюджваньне гэтай літаратуры было ўдзелам і іншых выхаванцаў гімназіі, пра якіх Людка ахвотна расказвала нам дома. З гэтых аповедаў мне запамяталіся такія прозьвішчы, апрача Анелі Катковіч, як Жэня Шастак, Алена Леўковіч, Шура Бязьмен, Жэня Шляхтун, па мужу цяпер Ярмалковіч. Зь ёю й яе мужам Віктарам лёс мяне сутыкнуў у драма-тычных абставінах зьняволеньня ворганамі КДБ у Польскай Народнай Рэспубліцы на пачатку 1950-га года, аб чым я ўжо шырэй спамянуў ва ўспамінах „З перажытага”, якія апублікаваліся ў кніжцы „Лёс аднаго пакаленьня”.
Слоў пару пра Аўтарку лагерных успамінаў — Анелю Катковіч. Цяга да здабыцьця адукацыі пятнаццацігадовай асірацелай дзяўчынкі, якою стала Анеля пасьля сьмерці бацькоў, пасьпяховасьць у навуцы, папоўненай актыўным удзелам у культурнай дзейнасьці, успамаганьне іншых у здабываньні ведаў, пасьля ў выхаваньні малодшых ад сябе, на прыкладзе сястры Вэранікі, сьведчыць аб яе рашучым характары й здольнасьцях. Такою ж асталася Анеля і ў цэлым жыцьці. Такія ж якасьці прывіла й Вэраніцы — вядомай зь яе ахвярнасьці да дзяцей і моладзі з часу працы ў Саюзе Беларускай Моладзі, на пасадзе намесьніцы галоўнай кіраўнічкі СБМ — доктар Надзеі Абрамавай. Жыцьцёвы шлях сясьцёр Анелі й Вэранікі Катковіч — якая па мужу завецца Клентак, сышоўся з маім ад 1943-га года, на палетку дзейнасьці ў СБМ і вёў кожнага з нас сваімі каляінамі, але супольным камяністым руслом, сама менш да 1956-га году — да вызваленьня з савецкіх „особых” лагераў. Перажываньні кожнага з нас на гэтым шляху зводзяцца безумоўна да агульнага назоўніка й выклікаюць рэфлексіі.
Мае рэдкія кантакты з Катковічанкамі з часу дзейнасьці ў СБМ на бацькаўшчыне сталі бліжэйшымі ў даволі драматычных умовах лагеру чужаземных работнікаў — пры фабрыцы Юнкерса ў Дэсаў дзе апынулася вялікая група беларускіх дзяцей і падлёткаў, з агульнай колькасьці каля паўтары тысячы дзяўчынак і хлопцаў, забраных ад сем’яў і вывезеных у лагеры пры розных прадпрыемствах у Саксоніі. Сустрэліся мы ў тым лагеры ў лютым 1945 году, дзе маткавала беларускім дзеткам сястра Анелі — Вэраніка. Безупынныя налёты альянцкіх самалётаў на горад, праца ў майстэрнях фабрыкі, заняткі ў школе, пэрманэнтнае недаяданьне — хлопцы пераносілі лягчэй, сярод тысяч жахароў лагера. Больш складаная сытуацыя была зь дзяў-чынкамі, якія, перанятыя страхам і настальгіяй, перажывалі сваю драму з плачам, на мяжы істэрыкі. Тут лічылася толькі безупынная сардэчная турбота апякунак, якія ўкладвалі ў сваю працу ўсе сілы й сэрца. Напрамак і тон гэтай працы зь дзяўчынкамі надавалі сёстры Катковічанкі. Жандарамі выгнаныя з лагера і з горада ў красавіку 1945 г. перад набліжаючымся ваенным фронтам, у напрамку горада Цэрбст, пакінутыя аховай у лесе бязь цёплай вопраткі й прадуктаў харчаваньня, астрэльваныя пэрыядычна савецкай артылерыяй і самалётамі, апынуліся мы зь дзяцьмі ў даволі складанай сытуацыі. Некалькі першых адносна цёплых дзён, вольных ад працы й лагернага рэжыму спрыялі добраму, бадзёраму настрою выгнанцаў. Хлопцы дружна зь дзяў-чаткамі капалі закопы дзеля бяспекі й сховішча ад начных халадоў. Бегалі шукаць бульбы ў адкрытых пасьля зімы капцах за лесам, „пад’ядалі” франтавікоў з суседніх кустоў. Ідылія аднак хутка кончылася. З кожным днём сталі дапякаць холад і голад. У абліччы зьнемажэньня й хваробы дзяцей, апекуны хлопцаў вырашылі выслаць прадстаўніка ў горад і дамагацца згоды на вяртаньне дзяцей у лагер. У выніку жарабёўкі заданьне мусіў выканаць я. Адолеўшы пасьпяхова перашкоды міжфрантавога падарожжа, удалося мне перайсьці мост праз раку Эльбу, які тут-жа быў зьнішчаны амэрыканскай артылерыяй. Маё вяртаньне да групы стала немагчымым.
Шляхі нашы зь сёстрамі Катковіч сышліся зноў у 1949 годзе, у падвалах польскага міністэрства бясьпекі, з некалькі-тыднёвым разыходжаньнем у часе. Пасьля — у 1950 годзе драматычная сустрэча на паседжаньні ваеннага трыбуналу ў маёй справе і ў канцы шчасьлівае спатканьне ў Варшаве ў 1958 годзе й пазьнейшыя сустрэчы. Вэраніка ачуняла ад перажытай гібелі свайго сыночка ў савецкім лагеры, я пага-дзіўся зь сірочым лёсам майго сына пасьля гібелі яго маці. Анеля з аслабленымі слыхам і зрокам у наступстве нялечанай ў лагеры гіпэртаніі, не напамінала той вясёлай, растан-цаванай і расьсьпяванай дзяўчыны, але асталася зычлівай, сяброўскай, кампанейскай, чульлівай да чужых турбот і крыўды, апякунчай. Хутка стала актыўнай і папулярнай у беларускім асяродзьдзі ў Варшаве, памочнай асабліва сту-дэнтам у апрацаваньні й пісаньні іх працаў. Цесна падружыла са сваёю гімназічнаю сяброўкай — маёй сястрою Людмілай Жамойцінай — па мужу Янкоўскай. Абедзьве яны, верныя да канца жыцьця прывітым ім у віленскай гімназіі ідэям, часта сустракаліся зь іншымі сябрамі й аднадумцамі ў Варшаве.
Анеля памерла пасьля цяжкай хваробы, пад апекай сястры Вэранікі, 8-га кастрычніка 1982 года ва Ўроцлаве, пахаваная там на каталіцкіх могілках. Канчына Людмілы наступіла пасьля ракавай хваробы лёгкіх 3-га студзеня 1986 года. Пахавалі яе на праваслаўных могілках у Варшаве.
Ва ўспамінах Анелі Катковіч няцяжка дагледзецца адбіцьця яе характару: схільнасьці да аб’ектывізму, скромнасьці. Зьмест іх утрыманы ў канвэнцыі аповеду бязь лішніх прыметнікаў, бяз клічнікаў — бяз скаргі й нара-каньняў. Прытрымліваецца яна канкрэтнага сьцьвярджаньня фактаў, якія складаюцца ў суме на вобраз вэгетацыі ў савецкай няволі й прынцыпаў на якіх дзейнічала тая лагерная сыстэма.
Гады 1949—1950 характэрны масавым зьняволеньнем ненадзейных рэжыму актуальных у тым часе грамадзян заходніх рэспублік СССР і былых жыхароў тых рэгіёнаў дзе-б яны не знаходзіліся, чыімі не былі-б падданымі. Важна, што былі ў засягу МГБ. На затрыманых накладаўся фармальна арышт пракурорам нярэдка пасьля некалькі-месячнага зьняволеньня. Строгі рэжым у турмах, цякучыя пасудзіны з людзкімі экскрэмэнтамі, лазьні з халоднаю вадою, псыхічнае марэньне людзей сыстэматычнай бяссоньніцай, сухі паёк з хлеба й салёнай рыбы ў транспартах вязьняў таварнымі вагонамі, пазбаўленымі вады й хаця-б найпрымітыўнейшых санітарных умоваў. Пародыя судоў без адвакатаў ці завочных прысудаў, лагерны рэжым і гала-даньне, цяжкая дзесяцігадзінная праца — усё гэта было ўдзелам кожнага, каго дасягнула доўгая рука МГБ. Успаміны кожнага былога зьняволенага з часу сталінізму ў гэтых адносінах сходныя, сьведчаць аб сыстэме паніжэньня чалавечай годнасьці людзей нявыгадных рэжыму, мараль-нага, а то й фізычнага вынішчэньня. Сыстэма тая ня брала пад увагу правоў чалавека, ня мела шмат супольнага з права-судзьдзем. Прысуды былі найчасьцей выпадковай ламаньня псыхікі вязьня, выдумак і намаганьня сьледчага ці палітыч-ных тэндэнцыяў, а не фактычнага правіненьня падсуднага, а затым і прысуджаныя меры пакараньня ня мелі наогул практычна-праўнага значэньня.
Янка Жамойцін
Анеля Катковіч. Мае ўспаміны[1] Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі, Т. 2, Мінск 1994, с. 115-116; Будслаўскі Касьцёл сьвятыня Беларусі, Мінск 1993; Franciszek Sielicki, Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Kronika historyczna, Wrocław 1989.
[2] F. Sielicki, op. cit., c. 75, 135.
[3] Раіса Жук-Грышкевіч, Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Торонто 1993, с. 313.
[4] F. Sielicki, op. cit., с. 149; Працы гэтага аўтара грунтоўна паказваюць рэгіён у міжваенны пэрыяд і ў час ІІ сусьветнай вайны, таму могуць дапамагчы чытачу ў разуменьні складаных падзеяў; Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1992; Podania, legendy, anegdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1993; Wierzenia i obyczaje na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym, Wrocław 1993; Losy mieszkańców Wilejszczyzny w latach 1939-1946. Okupacja sowiecka i niemiecka, wywózki, partyzantka, repatriacja, Wrocław 1994; Wspomnienia z zesłania byłych mieszkańców Wilejszczyzny, Wrocław 1995.
[5] Jerzy Turonek, Białoruś pod okupacją niemiecką, Warszawa 1993, c. 164; Янка Жамойцін, Саюз Беларускай Моладзі, „Czasopis”, 1993, н-ры 7-8, с. 2-3; нр. 9, с. 17-18; нр. 10, с. 10; нр. 11, с. 7; Я. Жамойцін, Саюз Бела-рускай Моладзі — міфы й факты (рукапіс); А. Літвін, А калі пастараемся зразумець?, „Голас Радзімы”, нр. 26, 1.07.1993 г.; С. Чыгрын, Саюз Беларускай Моладзі, „Ніва”, 9.07.1995 г., с. 4; К. Харашэвіч, На дзейнасьць СБМ настаў час паглядзець без бальшавіцкай заторанасьці, „Беларускі Дайджэст”, 1994, нр. 3 (5), с. 4; К. Рамановіч, Што такое СБМ?, „Пінскі вестнік”, 4.05.1994 г.
Вельмі захацелася мне апісаць сваё жыцьцё, можа таму, што было яно так багатае ў розныя добрыя й цяжкія перажываньні, а можа таму, што адчуваю свой блізкі канец. Можа хтось з маіх родных, а думаю пра Зосю, Кшыся, Толіка ці Анічку — Вэрыных і Франкавых дзяцей пачытаюць калі-небудзь мае ўспаміны й выцягнуць для сябе навуку, як трэба жыць на сьвеце, як паступаць, каб быць шчасьлівым і мець шчасьлівую душу. Хай пабачаць, як многа слабы чалавек можа перанесьці, як асьцярожна трэба йсьці жыцьцёвым шляхам, як многа трэба працаваць і вучыцца, каб нешта ў жыцьці асягнуць.
Дзяцінства
Прыйшла я на сьвет у 1914 г. у малым мястэчку Будславе, паложаным у даліне, акружанай лесам, палямі й балотам. Знаходзілася яно паміж старой Вілейкай а Глыбокім, на Віленшчыне. Пасярэдзіне Буды, так называлі нашае мястэчка старыя людзі, быў вялікі квадратны рынак, з вуглоў каторага ўва ўсе бакі разыходзіліся вуліцы. Па заходнім баку рынку ўзносіўся аграмадны касьцёл, у барокавым стылі, з цудоўным абразом Маці Божай. Раз у год, 2 ліпеня, адбываўся тут фэст і тады зьяжджалася шмат людзей у Буду. Адны ехалі, каб прадаць свае тавары, а іншыя сьпяшылі памаліцца ў касьцёле. Перад касьцёлам заводзілі на ўсе галасы розныя калекі. Праз цэлы тыдзень зьяжджаліся людзі на кірмаш гэты. Касьцёл быў перапоўнены. Многія ад парога да алтара паўзьлі на каленях. Расказвалі людзі пра розныя цуды, якіх дазнавалі пасьля гарачай, шчырай малітвы.
Дом наш знаходзіўся на Зосінскай вуліцы — так тады яна называлася — недалёка ад рынку. Перад домам стаялі векавыя бярозы й дуб. На падворку была студня, а за ёй садзік, у якім расло некалькі груш, яблынь і вішань. За домам былі пуня, хлявы, падпаветка й сьвіран. Дом быў невялікі з ганкам. Уваходзілася ў яго ад панадворка – адразу ў сені. Направа была кухня, а па левым баку пакой і спальня. У се-нях стаяла драбіна па якой уваходзілася на гару. Напроціў ганку знаходзілася сьпіжарня з пограбам на бульбу.
Сапраўднае наша прозьвішча — Кот-Катковіч. Так падпісваўся бацька й так было ў яго дакумэнтах. У дакумэнтах дзяцей, ня ведаю чаму, адпаў прыдомак „Кот”. Мамы прозьвішча Мядзёлка. Продкі мамы мелі ў Мядзеле маёнтак, які змушаны былі прадаць і перасяліцца ў Будслаў.
Калі я нарадзілася, сям’я нашая складалася з бацькоў — маткі й бацькі, дзядоў і брата Пётруся – два гады ад мяне старэйшага. Паявілася я на сьвет сусьветнай вайною. Праз наша мястэчка праходзіў фронт і мама мусела з малымі дзяцьмі хавацца ў лесе або пад касьцёлам. Тату на вайну забралі. Пакажацца, бывала, дома на тыдзень ці два й зноў ад’яжджае.
Ведама, як бывае вайной. Часта не хапала нават хлеба, а цукру людзі й ня бачылі. Жыцьцё праходзіла ў нэрвах і страху. Тымчасам сям’я нашая павялічылася. Паявілася сястра Вэра, а пасьля Ліначка. Апошняя была вельмі прыгожая, мудрая й пацешная. Таму можа й не жыла доўга. Хутка памерла. Адышлі ад нас назаўсёды бабуля й дзядуля. Зараз пасьля вайны нарадзілася Гэльця. Яна была таксама вельмі прыгожая, але нейкая іншая, як усе астатнія дзеці. Была вельмі музыкальная й ад малых гадоў засьпявала адразу кожную пачутую мэлёдыю. Мела прыгожы голас і калі падрасла, нідзе не вучачыся музыкі патрапіла зайграць на кожным інструмэнце, які трапіў у яе рукі. Жыцьцё яе было сумнае й цяжкае. Прайшла сібірскі лагер, страціла здароў’е і ў канцы за-хварэла на псыхічную хваробу. Лячылася ў розных шпіталях і хутка памерла. Пахаваная ў Кашаліне. (Як я даведалася пасьля яе сьмерці, прычынай яе псыхічнай хваробы былі за-гранічныя лекі ад сэрца, якія яна ўсьцяж прымала).
У 1925 годзе прыйшоў на сьвет Франак — любімец бацькоў і нас усіх. Аб лёсе Франка напішу ніжэй. І так сямейка нашая складалася цяпер з бацькоў і пяцёра дзяцей. Мелі мы невялікі кавалак зямлі, малую гаспадарку: дзьве каровы, пару сьвіней, курэй. Спачатку й конь быў, але пасьля яго ня стала. Тата працаваў у каапэратыве – пазьней зарабляў муляркай, а мама гаспадарыла дома. Сама яна абшывала сябе й нас усіх. Любіла, каб дзеці апранутыя былі добра й прыгожа. Прала кудзелю й ткала на кроснах. Як-жа моцна любіла я сваю Маму! Хадзіла за ёй усьлед і на крок не адставала. Была яна жанчынай прыгожай, высокай і добрай, як анёл. Умела многа баек і расказвала нам іх прадучы кудзелю. Як прыемна было яе слухаць! Умела таксама многа песень і часта сьпявала. Тата таксама сьпяваў прыгожа, нават сола ў касьцёле. Жылі бацькі з сабою добра. Тата памагаў маме ў рабоце. Ён заўсёды сам хлеб мясіў, дзёр на тарцы бульбу на бліны і г.д. Бліны бульбяныя пяклі мы амаль кожны дзень на сьнеданьне. Летам тата хадзіў брадзіць рыбу й прыносіў многа прыгожых шчупакоў, карпаў і плотак. Мы, дзеці, таксама памагалі бацькам у працы, асабліва летам. Хадзілі далёка ад мястэчка па траву для сьвіней. Секлі прынесеную ў мяшках траву ў карыце, я даіла карову й памагала жаць. Усё лета хадзілі мы ў лес па ягады й грыбы. Часамі спраўляліся схадзіць два разы ў дзень. А было нам тады па 6-8 гадоў. У лесе было шмат гадзінаў і ня раз прыйшлося наступіць на гадзюку босай нагой. Помню, як аднойчы пайшла я з Вэрай па ягады й настала бура. А мы завандравалі ў глыб лесу за два ці тры кілямэтры ад хаты, дзесь за брады. Зрабілася цёмна й пачалі біць перуны, папярэджаныя маланкамі. Да гэтага пачаў ліць праліўны дождж. Дрыжучы ад страху, прамокшы да апошняй ніткі мы вярнуліся дахаты. А што перажыла бедная мама, чакаючы нас перад домам!
Восеньню памагалі мы выбіраць бульбу на полі і ў агародзе, выкопваючы яе зь зямлі рукамі. Зразумела, зьдзіралі пры такой рабоце на пальцах маладую скуру. Нягледзячы на гэта любілі хадзіць на поле, бо тады там раскладалі агонь і пяклі бульбу.
Хаця мы многа працавалі, знаходзілі час і на розныя гульні. Сябровак у мяне было многа. Пераважна дзяўчаты сабіраліся перад нашай хатай. Бегалі, гулялі ў хованкі, сьпявалі песьні. На мае імяніны сабіралася дзяўчат поўная хата, а мама накрывала стол і частавала сябровак рознымі смачнымі рэчамі. Летам любілі мы хадзіць на рэчку і ў ёй плюскацца. Вельмі рана навучылася я плаваць. Колькі на гэтай рэчцы было гоману, крыку й піску! Старэйшыя жанчыны прыносілі сюды бялізну паласкаць і білі па ёй пранікамі. Мужчыны вудзілі рыбу. Як жа на нашай канаве было весела! Мне хацелася тады, каб наша хата стаяла над самай рэчкай.
Зь вялікай прыемнасьцю ўспамінаю зіму й калядныя сьвяты, а таксама запусты. Нейкі месяц да Каляд цэлымі вечарамі клеілі мы розныя цацкі на ёлку. У краме куплялі ўсялякія галоўкі анёлаў, Дзедаў Марозаў, залатыя й сярэбраныя зоркі, каляровую паперу й пачыналі рабіць ланцугі, розныя цацкі, сьпяваючы пры гэтым калядкі. Успамінаючы родны дом адразу перад вачыма бачу Каляды, асабліва куцьцю, калі ўбіралі мы ёлку й прыгатаўлялі ўрачыстую вячэру. На стол клалі сена й накрывалі белым абрусом. Калі на небе паказалася першая зорка, садзіліся мы за стол, ламаліся аплаткам і пачыналі вячэраць. Мусела быць дванаццаць страў. Найперш ішлі селядцы й рыба, далей боршч з вушкамі, потым куцьця (каша з панцаку), сьліжыкі, кісель белы, аўсяны й журавінавы, кампот і г.д. Пасьля вячэры запальвалі на ёлцы сьвечкі й пачыналі сьпяваць калядкі. Апоўначы ішлі ў касьцёл на пастэрку. Тут наш тата сьпяваў некаторыя калядкі сола, напрыклад „Bracia patrzcie jeno”. На першы дзень сьвятаў, пасьля сьнеданьня, пачыналі йграць у арэхі. Трэба было адгадаць, ці хто мае ў руцэ цотку ці лішку. Пасьля Каляд чакалі мы запустаў, бо тады ў нашай хаце вешалі калыску й мы калыхаліся сьпяваючы заспусныя песьні.
Урачыста таксама сьвяткавалі мы Вялікдзень. Прыгатаўляліся да яго цэлы тыдзень. Найперш бялілі хату, мылі падлогі, чысьцілі гаршкі й розныя рэчы. У Вялікі чацьвер мыліся самі, пяклі булкі, мазуркі, бабкі, якія прыбіралі рознакаляровымі гарошынамі й макам. У пятніцу й суботу гатавалі цэлую шынку, пяклі парасё й цяляціну, а найпазьней гатавалі ў цыбуліным лупіньні капу яек. Зразумела, хадзілі гэтымі днямі і ў касьцёл, дзе адбываліся вельмі ўрачыстыя набажэнствы. Прыгатоўленыя прысмакі ставілі на стол, накрыты белым абрусом і прыбраны зелянінаю, а ў суботу несьлі поўны кошык яды сьвяньціць у касьцёл. На першы дзень Вялікадня раненька ішлі на рэзурэкцыю.
Маючы паўтара года прайшла я моцнае запаленьне лёгкіх, такое цяжкае, што лекары ня мелі надзеі на маё выздараўленьне. Таму я была заўсёды худзенькая й слабая. Мамачка хутчэй мне, як каму іншаму давала лішняе яйка ці кубак малака. У школу пайшла я таму маючы восем гадоў. Дома гутарылі мы па-беларуску, а ў школе вучыліся па-польску, але на перапынках размаўлялі мы з сабою на роднай мове. Вучылася я добра. Пераходзіла з адной клясы ў другую. Калі была ў першай клясе, тады за найменшае правіненьне білі па „лапе” лінейкай і стаўлялі ў куток на калені, часта на гарох. Таксама зачынялі ў цёмнай каморы („kozie”). У школе адрозьнівалася я сярод вучняў вельмі прыгожым голасам. Сьпяваць я любіла й часта сьпявала на просьбу настаўніцы ці вучняў у час якіх-небудзь ручных работ. Сьпявала я і ў касьцельным хоры, разам з дарослымі й сваім бацькам. Брала самыя высокія ноты, арганіст ня мог надзівіцца. Спаткаўшы бацькоў казаў: „Ну й пявуньня з вашай дачкі, што зь яе вырасьце!” Нічога ня вырасла, бо аднаго дня сарвала я свой голас. Усё-ж, будучы гімназісткай і студэнткай, сьпявала я яшчэ дзесяць гадоў у хоры Рыгора Шырмы . Але пра гэта пазьней будзе.
Калі я дайшла да шостай клясы пачатковай школы, на нашу сям’ю пасыпаліся розныя няшчасьці. Захварэў наш тата. Аднойчы адабрала яму мову. Вярнуўся з работы ня могучы прагаварыць ні слова. Пасьля прыйшоў да сябе. Зараз хутка прастудзіўся памагаючы гасіць пажар у мястэчку й захварэў на запаленьне лёгкіх. Як лёг у пасьцель, так больш і не падняўся. Хварэў больш года. Бяда запанавала ў нашай хаце. Палову дому ад вуліцы занялі кватаранты, а мы ўсёй сям’ёй —разам сем асоб —памясьціліся ў кухні. У ёй стаяла вялікая печ, вёдры з вадой, цэбар з пойлам для кароў, стол, шафа, лава й ложак. Была ў нас тады толькі адна карова. Мы, дзеці, спалі на печы, мама на палку за печай, а тата на ложку. Мушу тут напісаць крыху больш пра нашага тату, які ў жыцьці бачыў многа гора. Будучы маладым хлопцам быў узяты ў салдаты й пасланы на фронт ваяваць зь Японцамі. Трапіў да іх у палон і сем гадоў прабыў у няволі на Сахаліне. Вярнуўшыся дамоў, ажаніўся. Нядоўга пажыў спакойна. Выбухла І сусьветная вайна й зноў пайшоў ваяваць. Калі супакоілася й мог жыць шчасьліва, прывязалася хвароба. Зразумела, што палон і вайна здароў’я не дадалі. Меў бацька слабыя ныркі й сэрца. І так залёгшы пасьля пажару, хварэў год цэлы, а мы муселі глядзець на ягоныя мукі. Вельмі кепска было з татам апошні месяц перад сьмерцяй. Апухлі ногі й жывот — пухліна йшла штораз далей і далей. На ратунак не было надзеі, а на лячэньне не было грошай. Ляжаў тата й мучыўся. Помню, як пазваў да сябе тата малога Франка й запытаўся, ці будзе яго помніць і заліўся горкімі сьлязамі. На першы дзень Вялікадня 31 сакавіка 1929 года, калі званілі касьцельныя званы на рэзурэкцыю, памёр наш тата. Мама, якая цэлую ноч пры ім сядзела, адышла была на хвіліну, каб прылегчы, і не была пры кананьні. У гэтай хвіліне былі пры тату цётка Гэлька — татава сястра, цётка Юстына і дзядзя Адольф — татаў брат. Мама падняла галаву, глянула вачыма непрытомнымі ад стомы й далей працягвала спаць, не ўяўляючы сабе, што ў хаце робіцца. Мы, дзеці, таксама спалі на печы й нічога ня чулі.
На трэці дзень Вялікадня тату пахавалі, а мы асталіся адны з неапісаным болем у сэрцы. Мне вельмі хацелася тады ўбачыць хаця-б у сьне свайго тату. Вось аднаго вечара я ўкленчыла й пачала горача маліцца, каб паказаўся мне тата ў сьне. Бог выслухаў маю малітву. Гэтай ночы прыйшоў да мяне тата й сказаў: „Ты хацела мяне ўбачыць, дык я й прыйшоў да цябе...” Бачыла тады тату так выразна, і калі абудзілася, здавалася, што яшчэ яго бачу.
Асталася бязрадная мама й пяцёра малых дзяцей. Было тады маме 37 гадоў. Ня мела наша мама салодкага жыцьця ад сваіх дзіцячых гадоў. Калі мая мама мела паўтара года, памерла яе матка, наша бабуля Паўліна з дому Лаеўская. Ва ўзросьце 12 гадоў рассталася навекі са сваім бацькам Зыгмунтам Мядзёлкам. Заапекаваўся тады ёю старэйшы брат Вінцэнты, які быў жанаты й меў дачку Паўліну. З Паўлінкай жыла мая мама, як зь сястрой роднай і пазьней нам заўсёды пра яе расказвала. Паўліна Мядзёлка была вельмі здольная й разумная. Маміны расказы пра яе рабілі на нас уражаньне. Пачала я марыць, каб быць такой, як Паўлінка, каб так як і яна далей вучыцца... Ад брата Вінцэнтага забрала маму цётка Кулакоўская, якая жыла ў Рагачэве. Мама туды пераехала й прабывала там аж да сьмерці цёткі, а памерла яна ад рака. Мама ёю апекавалася й мусела глядзець яе цярпеньні. У 1910 г. прыехала мама ў Будслаў і тут выйшла замуж.
Тры месяцы пасьля сьмерці таты захварэла наша мама. Было гэта цёплым летам. Аднэй ночы будзіць мяне мама й просіць, каб яе прыкрыць цяплей, бо вельмі ж ёй холадна. Трэслася ўся страшэнна, прыкрыла я яе, а мама далей трасецца й жаліцца, што вельмі нага баліць. Гляджу я на маму, а яна як агонь гарачая. Як толькі разьвіднелася, пабегла я да цёткі Гэлькі й расказала пра ўсё. Прыйшла цёця, прыбегла суседка Бэрчыха, у якой памёр сын ад запаленьня крыві, пазвалі доктара й рашылі завезьці маму ў шпіталь у Вялейку — аддаленую 70 км. ад нашага мястэчка.
Павезьлі нашу каханую мамачку й мы асталіся зусім адныя. Як старэйшая пачала я гаспадарыць — есьці варыла, карову даіла, карміла жывёлу й малышоў абмывала.
Тымчасам прыходзілі зь Вялейкі сумныя весткі. Зрабілі маме апэрацыю, вынялі косьць з калена, ды нічога не памагала. Пастанавілі ампутаваць нагу, на што мама згадзілася, бо вельмі жыць хацела, каб выхаваць сваіх дзетак. Нагі не ампутавалі, бо мама была на гэта заслабая. Адведала я маму ў Вялейцы толькі адзін раз. Ляжала яна на ложку да сябе непадобная. Валасы былі астрыжаныя, нагу трымала паміж двума мяшкамі зь пяском, каб яна не рухалася. На сьпіне мела раны-адлежыны, бо мусела ляжаць увесь час на сьпіне самай найвялікшай гарачынёй лета. Як цяжка было глядзець на цярпеньні мамы, і зь якім болем на сэрцы вярнулася я дахаты! Пасьля маму адведала Вэра. Часам езьдзіла да яе цёця Юзя.
Аднаго дня, калі я сабіралася варыць вячэру, прыйшоў да нас з пастарунку паліцыянт і сказаў, што быў тэлефон з Вялейкі, што з мамай нядобра. Прасілі, каб хто-небудзь прыехаў. Пачуўшы гэта, сарвалася я й заліваючыся сьлязамі пабегла на Зялёную вуліцу да дзядзькі Томы. Прыбегшы да іх не магла сказаць аднаго слова, неяк ледзь выгаварыла „паліцыянт”. Дзядзька дагадаўся й пабег хутка на пастарунак даведацца ў чым справа. У гэты вечар паехаў у Вялейку Пётрусь і цётка Гэлька, а я ўсю ноч ня спала, прадчувала нешта злое. Выбегла раніцай на вуліцу, калі прыходзіў аўтобус са станцыі, каб спаткаць Пётруся й цётку. Яны высеўшы на рынку махнулі да мяне рукой і пайшлі ў Даўгінаўскую вуліцу да цёткі. Здалося мне, што Пётрусь вясёлы, і я падумала: маме лепш стала. Вярнулася дахаты й пачала гатаваць снеданьне. І тут на парозе паказалася цёця Гэлька. Спыталася яна мяне, ці не бачыла я Пётруся. Так, бачыла — адказала я — маме нашай лепей ? „Не – адказала цёця — матка ваша памерла...”
Выбегла я з хаты ў агарод, пачуўшы гэтую страшную вестку й павалілася ў баразну ў бульбе, у якой цэлы дзень праляжала, заліваючыся сьлязамі.
А тымчасам дзядзькі Стась і Адольф заказалі труну й паехалі ў Вялейку, каб прывезьці маму дамоў. Прыехалі з мамай у панядзелак, на трэці дзень пасьля яе сьмерці. На пахаваньне прыехалі дзядзя Вінцусь з Шаркаўшчыны, цёця Анеля з Глыбокага й іншыя крэўныя. Выйшлі мы на спатканьне нябожчкі мамы. У канцы Даўгінаўскай вуліцы воз затрымаўся. Як расказваюць, я скочыла на труну й пакацілася прыгаварваючы: „А мая мамачка, а мая мамачка!” Павезьлі маму адразу ў касьцёл. На похаранах было людзей вельмі многа. Калі маміну труну спускалі ў яму, усе плакалі. Вэра крычала так голасна, што аж ахрыпла й тыдзень пасьля гаварыць не магла. А я стаяла над магілай, як чужая. Глядзела перад сябе не здаючы сабе справы што кругом робіцца. Ня плакала, бо сьлёз ужо не хапала, выліла іх у бульбе й за ўсё дні мамінай хваробы.
Помню, год перад сьмерцяй бацькоў паслалі мяне ў час летніх канікул у Шаркаўшчыну, да дзядзькі Вінцуся, каб крыху паправілася на здароў’і. У нас была бяда, а дзядзька тады жыў добра. Прыехаўшы да дзядзькі, я не хацела нічога есьці, хадзіла сумная й струтая — так сумавала за домам. Замест таго, каб паправіцца, пачала яшчэ больш худзець. Бачачы гэта, дзядзькі пастанавілі пасьля тыдня адправіць мяне назад у Будслаў. Знайшлі кагось, хто ў тым напрамку ехаў, той абяцаў мной заапекавацца ў дарозе. Помню той дзень, калі я вярнулася ў роднае мястэчка. Была прыгожая сонечная нядзеля. Са станцыі прывёз мяне на сваёй брычцы сусед Хаім. Увайшоўшы ў сені, глянула я праз шчыліну адкрытых дзьвярэй у кухню. Уся наша сям’я сядзела за сталом і абедала. Бачачы іх, сьціснуў мяне такі жаль за сэрца, што я голасна заплакала. Ускочылі ўсе ад стала й выбеглі паглядзець, хто так плача. Пытаюцца мяне, што сталася, чаму я так хутка вярнулася, а я не магу прамовіць аднаго слова. І гэта было апошняе лета жыцьця нашага разам з бацькамі. Год пазьней, гэтай парой, наша сям’я рассыпалася. Відаць, прадчувала я гэта, і таму не магла выседзець у дзядзькоў.
У Вільні
Пасьля сьмерці мамы, у гэтым-жа месяцы выехала я ў Ві-льню. Забраў мяне туды Эдвард Будзька , які ў тым часе знаходзіўся разам зь сям’ёй на вакацыях у Будславе. І так першы раз у сваім жыцьці знайшлася я ў вялікім горадзе. Аддалі мяне на вучобу ў Віленскую Беларускую Гімназію , якая знаходзілася на вуліцы Вострабрамскай 9 у базыліянскіх мурах.
Здала я экзамен у чацьвёртую клясу. У гэту-ж клясу паступіў і брат мой Пётрусь. Жыў ён у інтэрнаце пры гімназіі, а я спачатку ў Будзькаў, а пазьней у інтэрнаце на Завальнай, які ўтрымоўвалі мэтадысты. У ім жылі выключна вучні нашай гімназіі. Ня мела я цяжкасьцяў у вучобе — адно гора было з матэматыкай, а думаю таму, што выкладаў яе вучыцель Ральцэвіч на рускай мове, якой я ня знала, а асабліва ніколі ня чула матэматычных тэрмінаў. Дагэтуль вучылася матэматыкі па-польску. Сядзела я тады на матэматыцы, як на турэцкім казаньні. Найлягчэй даваліся мне нямецкая й лацінская мовы, а таксама польская. За першую дыктоўку зь беларускай мовы я атрымала кол, але ў канцы года ўжо мела добра. Нямецкай мовы вучыла нас фраў Бэнцлебен , лацінскай — Міхалевіч , беларускай — пані Алёна Леканд-Сакалова . Геа-графіі вучыла Полька Адольфова і польскай мовы Кшэменёва . Дырэктарам гімназіі быў Радаслаў Астроўскі.
У гімназіі пазнала я многа мілых дзяўчат — большасьць зь іх былі праваслаўныя. Сядзела я ў адной лаўцы за ўсю гімназію з Галяй Швэдавай і зь ёй найбольш прыязьнілася. Дружыла таксама з Галяй Міхалевіч , дачкой лацініста, Раяй Падабед , Нінай Прахаровіч , Кірай Гаўрыловіч , Ганнай Карпюк і Шурай Жыткевіч . З хлопцаў асталіся найбольш у памяці Сьвецік Коўш , Вася Грузд , Кастусь Касяк , Валодзя Шавель (апошнія тры не жывуць ужо. Грузд кінуў быў гімназію й пайшоў у Савецкі Саюз, дзе прапаў бязь весткі, Кастуся Касяка, як кажуць, пасьля вайны павесілі ў Вялейцы, а Шавель у часе вайны загінуў). Касяк гэта быў найлепшы й найздальнейшы вучань у нашай клясе. Шавель — адзін з найінтэлігентнейшых хлопцаў.
Брат мой толькі адзін год вучыўся. Яму не вязло ў вучобе, астаўся на другі год у гэтай самай клясе. Таму гімназію пакінуў. Таксама толькі адзін год у ёй вучыліся мае стрыечныя браты Чэсь Мядзёлка й Герэк , а таксама Чэсь Васілевіч з нашага Будслава. (Чэсь Васілевіч таксама не жыве ўжо. У 1939 годзе, як толькі прыйшлі ў Будслаў савецкія жаўнеры, яго забралі й сьлед па ім загінуў. Ніхто аб ім больш не пачуў. А быў ён вялікім начальнікам пры панскай Польшчы, бо начальнікам пажарнай стражы).
Утрыманьне мела я ў інтэрнаце, а вопратку давалі мне Будзькі па сваіх дочках Люні і Ірцы , якія таксама вучыліся ў нашай гімназіі, толькі ў старэйшых клясах. Я іх вельмі любіла й люблю да сёньняшняга дня. У іх быў брат Чэсік , таксама вучань нашай гімназіі.
Мела я добрыя сяброўкі і ў малодшых клясах. Прыязьнілася зь Людкай Жамойцінай зпад Ліды. Зь ёй пасьля доўгіх гадоў нябачаньня спаткалася ў Варшаве й цяпер бачуся вельмі часта. Амаль кожны дзень да сябе звонім і дзелімся з сабою кожнай добрай ці кепскай весткай, кожным перажываньнем. Няма ў нас ніякіх таямніц.
Гімназія наша мела свой духавы аркестр. Часта восеньню й вясною хадзілі мы ўсёй школай за горад на прагулку. Маршыравалі тады пад гукі аркестра, а я гэта так любіла. Часта былі ў гімназіі вечарыны й часта ладзілі пастаноўкі або канцэрты. Тады яшчэ не найгоршы быў мой голас і я магла сьпяваць у хоры Рыгора Шырмы. Любіла я сьпяваць і часта выступала на сцэне.
Калі я была ў шостай клясе, ачараваў мяне новы вучань з Клецкай гімназіі Слава Арэнь . Быў ён сынам настаўніка сваёй гімназіі й прыбыў у нашу пасьля яе ліквідацыі. Высокі, сінявокі хлопец ад першага пагляду заўладаў маім сэрцам. Помню добра той дзень, калі яго першы раз спаткала. Шпацыравала я ў часе паўзы са сваёй Галяй па доўгім калідоры, а ён зь нейкім хлопцам таксама па ім праходжваўся. Мінаючы сябе, глянуўшы на яго здавалася мне, што я дзесь яго бачыла, і я аглянулася. Аглянуўся і ён таксама. І так пачалі мы на кожнай паўзе за сабой аглядацца. Быў ён тады ў сёмай клясе. З нецярплівасьцю пачала я чакаць суботы, спадзеючыся пазнаёміцца зь ім на вечарыне. І так сталася. Увесь вечар толькі зь ім танцавала й многа чаго пра яго даведалася. Пасьля разам сьпявалі ў хоры. Пачалі мы спатыкацца. Помню маю радасьць, якую прынёс яго першы ліст Калядамі. Вясною не маглі ўжо аднаго дня жыць ня бачыўшы сябе. Калі ў траўні меў выехаць ён на тры дні дахаты, мы кожны дзень спатыкаліся й паўтаралі: „тры дні, як можна жыць тры дні не бачучыся? Ці вытрымаем мы?..” Сьлёзы ў абоіх былі ў вачах, калі на гэтыя тры дні расставаліся. На жаль, не было гэта расстаньне на тры дні толькі, а на цэлае жыцьцё нашае. Паехаў Слава й больш не вярнуўся. Яго дома арыштавалі й вывезьлі ў Баранавіцкую турму.
Што я перажыла вясной, апісаць немагчыма! Плакала, плакала й сьвету Божага ня бачыла. Праз Славу й мяне хацелі з гімназіі выгнаць. Дайшло-б да гэтага, каб не выступіў у маёй абароне ксёндз Адам Станкевіч . Ён мяне абараніў. Усё-такі я зь Вільні выехаць мусела, не дачакаўшы канца школьнага года.
Будучы ў Валожыне атрымала я з турмы ліст ад Славы. Магла й сама да яго напісаць. Восеньню пасьля паўгадовага заключэньня Славу выпусьцілі. Якая была для мяне радасьць! Ня мог аднак ён прыехаць у Вільню, трэба было яму кожны дзень у паліцыі мальдавацца. Пачалі мы з сабою часта перапісвацца. Тады я прыдумала, што ён знаходзячыся на волі мае другую дзяўчыну й пачала іграць яму на нэрвах. Удавала, што мне безь яго весела й зусім аб ім ня думаю. Калядамі атрымала ад яго ліст разьвітальны. Пісаў: „Ад мяне доўга ня будзеш мець весткі, нічога кепскага ня думай, я пра цябе помніць буду й паміраць буду толькі з думкай аб табе...”
Больш ніякай весткі ад яго не атрымала. Напісаў толькі да мяне яго бацька просячы паведаміць яго, калі-б атрымала я вестку ад Славы.
Аказалася, ён перайшоў савецкую граніцу, а там саслалі яго ў Сібір, дзе памёр.
Большасьць вучняў нашай гімназіі паходзіла зь вёскі й была бедная. Некаторыя вучні былі кепска апранутыя, а тыя якім не хапіла месца ў інтэрнаце жылі дзесь далёка ад горада, наймаючы куток у якогась гаспадара, вучыліся пры газавай лямпе, галадалі.
Успомніць хачу тут пра сьвяткаваньне 25 Сакавіка — гадавіны абвяшчэньня назалежнасьці Беларусі. Дзень гэты быў для нас вялікім сьвятам. Перад абедам ішлі на малебен у касьцёл і царкву, а пасьля ў гімназію, дзе частавалі вучняў какавай і пончыкамі. Кожны з нас меў прышпіленую бел-чырвона-белую лентачку. Вечарам адбывалася ўрачыстая акадэмія, на якой прамаўляла многа асоб і былі чытаны тэле-грамы ад арганізацыяў розных народаў. У другой частцы акадэміі быў канцэрт. Трудна апісаць настрой, які перапаўняў тады сэрцы кожнага шчырага Беларуса.
Заўсёды было мне вельмі цяжка, калі прыбліжалася якое-небудзь гадавое сьвята й вучні маглі ехаць на тыдзень ці два дахаты. Усе тады вельмі цешыліся, бо ехалі да бацькоў, у сваю родную хату, а я адна хадзіла сумная. Мне не было да каго ехаць. Фактычна заўсёды я выяжджала да дзядзькоў, але ведала, што мяне там не чакаюць, што буду для іх лішняй. Езьдзіла я так і ў Будслаў да цёткі Гэлькі, дзе спатыкалася з брацікам Франкам, і ў Глыбокае да цёткі Анелі, і ў Шаркаўшчыну да дзядзькі Вінцуся, у якога пасьля сьмерці бацькоў была Гэльця, і ў Лунінец, да дзядзькі Томы, дзе знаходзілася сястра Вэра. Вельмі цяжка было мне расставацца са сваімі сёстрамі й братамі. Франак жыў у Будславе, у дзядзькі Адольфа. Яго я вельмі любіла, хіба так, як кахае матка роднага сына. Прыяжджаючы ў Буду ўвесь дзень была разам зь ім — ён прыходзіў да цёткі Гэлькі. Калі вечарам пайшоў дахаты, празь некалькі мінут бегла я за ім і знайшоўшы яго сьпячага ў ложку садзілася каля яго й доўга яшчэ на яго глядзела.
Цёця Гэлька мела трох сыноў старэйшых ад мяне й даволі вялікую хату. Вось у гэтай хаце, калі я прыяжджала, сабіралася моладзь мястэчка. Прыходзіла двух Чантарыцкіх Мецька й Гэнюсь, Чэсь Васілевіч, Чэсь Грышкевіч, Ян і Казік Краўчонкі, Чэсь Ханяўка, Тома Грышкевіч, Казік Чантарыцкі, Болюсь Пляшкун і іншыя. Зь дзяўчат прыходзіла Валя Катковіч — мая сястра стрыечная, Анелька Сьмігельская, Янка Хацяновіч, Зося Сьмігельская й Зося Грузд, Франя Грышкевіч, Маня Лупіновіч і іншыя. Сабраўшыся сьпявалі мы беларускія песьні — рукавадзіў намі Мецька Чантарыцкі, гулялі ў розныя гульні, як тэлефон, калі зьбіралі фанты, танцавалі. Перад Новым Годам усёй грамадой ішлі заваліваць. Так завалілі бярвеньнямі й чым папала чыесь дзьверы, што рана не маглі выйсьці з хаты. Такі быў у нашым мястэчку звычай. Таксама замянялі шыльды пры розных крамах і ўстановах. Дзе была пякарня, там павесілі шыльд мясной крамы, на пошту павесілі шыльд рэстарана і г.д. Бываў разам з намі і вучыцель нашай гімназіі прафэсар Вінцэнты Грышкевіч . Калі я ад’яжджала ў Вільню, усё гэта таварыства праводзіла мяне на станцыю.
У 1934 годзе я здала матуру. Паўстала пытаньне, што рабіць далей. Пра якую-небудзь працу ня можна было й марыць з матурай беларускай гімназіі. Пастанавіла паступіць ва унівэрсытэт, дзе маючы добрыя вынікі ў вучобе можна было атрымаць стыпэндыю, танныя абеды й зарабляць на жыцьцё карэпэтыцыямі.
Хачу яшчэ сказаць, што апрача вышэйпамянутых вучыцеляў у нашай гімназіі выкладалі: Луцкевіч , браты Ільляшэвічы , Вінцэнты Грышкевіч, Шчасны , Барысаглебскі , Барыс Кіта , Александровічова , Косіньская і маладыя Немкі, якіх прозьвішча я забыла. Ах, яшчэ і Паляк Глухоўскі , Заморын , Шнаркевіч , Анцукевіч .
Я вельмі любіла сваю родную мову. Было мне цяжка, калі чула, што называюць яе простай ці мужыцкай. Перажывала, калі бачыла, што некаторыя сяброўкі з клясы ў публічных месцах паніжаюць голас або пачынаюць гутарыць папольску, стыдаючыся беларускай мовы. Я наадварот: знайшоўшыся сярод таўпы людзей, павышала голас, каб усе чулі маю беларускую мову. Мне здавалася, што прыгажэйшай і мілейшай няма на цэлым сьвеце!
У нашым мястэчку шмат было сьведамых і шчырых Беларусаў. І ня толькі тыя, якія вучыліся ў беларускай гімназіі, але таксама й вучні школ польскіх, як Чантарыцкія, Краўчонкі; Ханяўка, Тамаш Грышкевіч, Будзькі, Мядзёлкі былі вучнямі гімназіі беларускай. Мы любілі беларускія песьні й толькі такія сьпявалі. Вечарыны зачыналі ад лявоніхі. Сьпявалі на чатыры галасы. Летам выходзілі ў жыта й там заводзілі. А трэба сказаць, што ў Будславе было многа польскага войска й кругом было чуваць і польскую мову. Шмат дзяўчат выйшла за вайсковых замуж. Усё ж-такі не забывалі й сваёй мовы.
Наш Будслаў называлі сталіцай Беларусі. Можа й слушна. Тут была арганізавана пасьля І сусьветнай вайны беларуская гімназія. З Будслава паходзілі шчырыя патрыёты Беларусі — Эдвард Будзька, Язэп Гапановіч , Вінцэнты Грышкевіч і іншыя. Перад домам Гапановіча яшчэ да вайны іграў аркестр на загад цара, а на чэсьць знанага Юзэфа, за ягоныя подзьвігі ў час вайны. З Будслава паходзіць пляменьнік Будзькі, вядомы цяпер пісьменнік Эўгеніюш Паўкшта . З Будслава была таксама й мая стрыечная сястра Паўліна Мядзёлка. Часта можна было ўбачыць у Будславе беларускую п’есу на сцэне, іграную артыстамі-аматарамі. Будслаў называлі малым Парыжам, бо мода прыходзіла з захаду раней у наша мястэчка, як у вялікі горад. У Будславе былі два духавыя аркестры — вайсковы й пажарны. Будслаўскія людзі праславіліся і ў Амэрыцы. Іх спаткаць можна ва ўсім сьвеце.
Ва унівэрсытэце
Прыехала я ў Вільню з Будслава ў вадной выцертай сукенцы, стаптаных пантофлях і з 2 залатоўкамі ў руках. Затрымалася ў стрыечнага брата Вітаўта Галавача , які жыў разам з Чэсем Ханяўкам . Займалі яны два пакоі. Пасьля некалькіх дзён перайшла я да Уладзі Катковіча — стрыечнага брата таты. Абедала я пераважна ў сваіх сябровак, якія знаючы маё цяжкае матэрыяльнае палажэньне, запрашалі да сябе. Найбольш у тым часе памагла мне абедамі Рая Падабед.
Запісалася ва унівэрсытэт на клясычную філялёгію, бо вельмі любіла лацінскую мову. Пытаньне: скуль узяць грошы, каб заплаціць за вучобу? У дэканаце вывесілі лісту студэнтаў, якіх мелі выкрасьліць празь некалькі дзён, калі не ўнясуць аплаты. А я скуль вазьму грошы? Іду вуліцай і думаю, што зрабіць з сабою. Ці пайсьці на Зялёны мост і кінуцца ў рэчку, ці лепш загінуць пад поездам?.. Асталася я жывая, бо калі так думала й праходзіла Вострабрамскай вуліцай, даведалася ад Вітольда, што шукаў мяне паштальён, які меў для мяне вялікую суму грошай. Аказалася, прыслаў іх мне спадар Юзэф Гапановіч, мой зямляк з Будслава. Трыста злотых, якія ён мне прыслаў, хапіла мне на заплату за цэлы год вучобы. Пазьней атрымала ільготныя абеды ў акадэміцкай сталоўцы й лекцыі. Магла наняць сабе кватэру. Толькі цяжка мне было даць раду ў вучобе. Аказалася, мае веды з лацінскае мовы былі вельмі слабыя, хаця ў гімназіі я лічылася з гэтага прадмету адной з лепшых вучаніц. Да гэтага я зусім ня знала грэцкай мовы й не па сіле мне было дагнаць студэнтаў, якія гэтай мовы вучыліся ў клясычных гімназіях. Таму пастанавіла я перакінуцца на гісторыю.
Запісалася я ў Беларускі Студэнцкі Саюз і пачала кожны вечар бегаць на Завальную, дзе ён знаходзіўся. Пазнала там многа мілых студэнтаў. Зь дзяўчат прыходзілі туды Люня зь Іркай, зь якімі я ў той час вельмі зьбліжылася, Жукоўскія Валя й Рая , Таня Трафімучанка , Ганка Сухая , Лена Аніська і іншыя. Зь сяброў: Вітаўт Тумаш , Бэрнард Стэповіч , Віктар Войтанка , Мітрафан Смаршчок , Антон Шукелойць , Адам Дасюкевіч , Чэсь Найдзюк , Шавель і наймі-лейшы майму сэрцу Мікалай Шчорс . Было шмат іншых сяброў і сябровак. Пералічыла я тых, зь якімі жыла найбліжэй.
І тут пачала я пець у хоры Р. Шырмы й танцаваць у студэнцкім ансамблі, якім рукаводзіў Янка Хвораст . Быў ён маім партнёрам і танцавала я зь ім выступаючы на сцэне ў першай пары, часамі выконвалі мы сольныя нумары.
У БСС была я вельмі папулярнай. Многа было прысьвечаных мне вершаў, запісаных у кнізе прысутнасьці.
Абедала за ўсе гады ў акадэміцкай сталоўцы пры адным стале са Шчорсам, Тумашам, Войтанкам, Стэповічам. Абед наш працягваўся гадзінамі. Са Шчорсам спатыкалася я часта ва унівэрсытэцкай сталоўцы.
Будучы на першым годзе унівэрсытэта пачала я даваць лекцыі Нюсі Тамашэвіч — вучаніцы 6 клясы гімназіі Чантарыцкага, дачцэ польскага ахвіцэра-капітана. Ад першай лекцыі Нюся мяне палюбіла й бегала да мяне кожны дзень, мела лекцыі ці не. Расказвала мне пра свае справы, што здарылася ў школе, што ў сьне бачыла, каго спаткала... Мела яна цудоўную матку, якая радзілася й выхавалася ў Пецярбурзе. Матка яе была французкай, а бацька англічанінам. Айчым — рускім міністрам пры цару. Нюсіна матка адносілася да мяне зь вялікай сымпатыяй.
І так адзін год вучобы ва унівэрсытэце прайшоў. На канікулы выехала я ў Глыбокае да дзядзі Вінцуся, які ў той час сам у бядзе знаходзіўся, бо быў звольнены з працы як арганіст у Шаркоўшчыне. Апрача мяне ў іх была мая сястра Гэльця. Жылі яны недалёка ад цёці Анелі, і я магла заўсёды пажывіцца ў цёці. Вакацыі гэтыя былі для мяне вельмі сумныя. Не давала спакою пытаньне, адкуль узяць грошы на аплату вучобы. Калі я так беспакоілася, прыйшоў аднаго дня ліст ад Нюсі, у якім яна пісала, што перайшлі яны на новую кватэру, маюць у ёй для мяне пакой і прасіла, каб я як найхутчэй да іх прыяжджала. За лекцыі абяцалі яе бацькі даць мне памешканьне і ўтрыманьне. Якая я была шчасьлівая, атрымаўшы такую прапанову! У Вільню ляцела як на крылах. У гэтым-жа годзе атрымала я палову стыпэндыі ва унівэрсытэце й магла працягваць сваю навуку.
Далей належыла да БСС і бегала на Завальную кожны вечар. Далей сьпявала ў хоры, танцавала на сцэне падчас канцэртаў... і аглядалася на Шчорса. На Завальнай прыемна было спаткацца са сваімі сяброўкамі й сябрамі. Часта можна было паслухаць цікавы рэфэрат з гісторыі, геаграфіі ці літаратуры Беларусі. Прыходзіў туды Максім Танк і чытаў свае вершы. Рэй вадзіў у Саюзе Шчорс. Яго некалькі гадоў падрад выбіралі старшынёю. Быў ён студэнтам мэдыцыны. Многія зь сябровак уздыхалі да яго патаемна, бо ён мог падабацца. Быў стройны, мудры, але й ганарлівы.
Падзяліліся мы ўсе на два абозы — правіцу й лявіцу. У час выбараў чуць да бойкі няраз даходзіла. Адны хацелі перавесьці сваіх кандыдатаў ва ўрад Саюза, а другія — сваіх.
Слаўныя былі нашы канцэрты ў перапоўненай унівэрсытэцкай залі. Часта на гэтых канцэртах выступаў і Забейда-Суміцкі , які прыяжджаў аж з Прагі. Ладзілі таксама экскурсіі. Памятнай асталася ў Трокі разам з украінцамі. Прыемныя былі балі трох студэнцкіх саюзаў — беларускага, украінскага й літоўскага. Заўсёды вельмі ўрачыста сьвяткавалі 25 Сакавіка — дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. Летам ладзілі зьлёты. Я была на зьлёце ў Наваградчыне й над Нарачай. Быў яшчэ зьлёт студэнтаў у Белавежы, але безь мяне.
Большасьць нашых студэнтаў не курыла й не піла гарэлкі. На вечарынах сьпявалі й танцавалі побач модных танцаў народныя, абавязкова лявоніху.
Сёньня многіх зь сяброў няма між жывымі. У час вайны Немцы застрэлілі Адася Дасюкевіча, папулярнага сярод нас студэнта. Загінуў Валодзя Шавель. Памерлі на чужыне ў Амэрыцы Стась Грынкевіч і Віктар Войтанка. Многія страцілі жыцьцё й здароўе ў турме савецкай і на Сібіры. Рассыпалася наша сямейка па ўсім сьвеце. Найбольшая частка апынулася ў Амэрыцы, часьць знаходзіцца ў Аўстраліі, некаторыя прабываюць у Англіі й Францыі.
У 1939 годзе мела я зданыя ўсе экзамены й пачала сабіраць матэрыял да магістэрскай працы. У гэты час закруціла сабе галаву „Бярозкай” . Вайна нас разлучыла. Лета 1939 года правяла я ў маёнтку на Віленшчыне, у якім вучыла дзяцей багатых людзей з Гдыні. Прабыўшы ў гэтым маёнтку больш месяца паехала са сваімі вучаніцамі ў Варшаву. Першы раз тады ў жыцьці сваім пабачыла сталіцу Польшчы. Зрабіла на мяне вельмі вялікае ўражаньне. Можа таму, што затрымаліся мы ў багатай сям’і — прафэсара Палітэхнікі. З Варшавы паехалі мы ў Гдыню. Мела я там быць два тыдні, а была толькі адзін дзень. Ноччу разбудзіў нас бацька вучаніц абвяшчаючы, што пачалася вайна. Пачалі мы пасьпешна ўставаць і пакаваць рэчы. Паехалі назад у Варшаву. Інакш выглядаў цяпер горад. Панавала паніка. Перад крамамі стаялі людзі ў чэргах — рабілі запасы харчоў. Бацька маіх вучаніц прапанаваў мне ехаць зь імі на Вэнгрыю, але я не згадзілася й направілася ў Вільню, а адтуль у родны Будслаў. Пры мне прыйшла сюды Чырвоная Армія і ўстанавілася савецкая ўлада.
Праца ў школе
Пачала я працаваць у будслаўскай школе. Са мной разам былі настаўніцамі Люня і Ірка Будзькі, а таксама настаўнічаў Ірын муж. Вучыць пачалі пабеларуску. Выкладала я беларускую й нямецкую мовы. Наканец вярнулася ў сваю родную хатку й сабрала сваю сям’ю ў вадно месца. Прыехаў Пётрусь з Латвіі, вярнулася з Лунінца Вэра, прыбылі Гэльця й Франак.
Вялікім ударам для нас у гады савецкай улады быў вываз дзядзькі Адольфа, брата таты, зь сям’ёй у Казахстан. Многа людзей нявінных тады вывозілі ў Казахстан ці далёкую Сібір. А вывазы гэтыя былі страшней похаранаў. Адрывалі людзей ад родных хат, ад роднага мястэчка й блізкіх сэрцу. Плакалі тыя каго вывозілі й плакалі тыя, якія аставаліся. Людзі страцілі спакой. Ніхто ня быў пэўны заўтрашняга дня. Найменшы шэлест за акном ці дзьвярыма выводзіў з раўнавагі. Забралі Лёньку — сына цёткі Гэлькі. Што некалькі дзён кагось забіралі. Ніхто ня ведаў за што. Людзі пачалі чакаць зьмены.
У школе працавала я шчыра. Усе свае маладыя сілы па- сьвячала вучням. Спачатку жыла пры школе. Назначылі мяне дырэктарам школы й завучам. Выбралі дэпутатам у сельсавет. Мусела хадзіць па вёсках і аб’ясьняць канстытуцыю СССР, намаўляць людзей да працы пры будове аэрадрома, прымаць удзел у розных сабраньнях. Ніхто ня ведае, што тады адчувала й зь якой ахвотай усё гэта рабіла! Трэба было. Не было іншага выхаду. Знайшла я час зарганізаваць танцавальны гурток пры школе. Мае вучні здабывалі першыя ўзнагароды на абласных алімпіядах. Танцавалі лявоніху, юрачку, кадрыль, гапака. Прыязьнілася з Люняй. Зь ёй праводзіла кожную вольную хвіліну й тады пазнала, якая гэта вартасная й мудрая жанчына. Чуліся мы з сабою добра й гутаркам не было канца.
Прыйшоў 1941 год. Як гром з яснага неба пачулі мы вестку пра новую вайну.
Напярэдадні адступленьня саветаў выклікалі мяне ў сельсавет. Цётка дала мне хустку й параіла ўцякаць у лес. Цэлы дзень там прасядзела, а на ноч вярнулася. На другі дзень зноў выклікалі, цётка параіла прыкінуцца хворай і легчы ў пасьцель. Так і зрабіла. У гэты-ж дзень прыйшлі Немцы. А тых, якія пайшлі ў сельсавет, расстралялі.
Праца ў Менску
Прыйшлі Немцы. Сям’я нашая зноў рассыпалася. Усе мы страцілі працу, знайшліся бяз сродкаў да жыцьця.
На пачатку верасьня 1941 г. вельмі актывізаваліся мясцовыя Палякі, якія імкнуліся арганізаваць польскую школу. Я была настаўніцай беларускай школы й таму на мяне кіраваліся даносы да Немцаў, што бальшавічка. Мясцовыя ўлады параілі мне выехаць з Будслава, бо атрымлівалі шмат даносаў. У гэтых умовах, у кастрычніку 1941 г. я выехала ў Менск. Спаткала там многа старых знаёмых зь Вільні. Да-брацца да Менска памог мне адзін чыгуначнік-Немец. Прыехалі мы ноччу. Прывёз ён мяне ў Гарадзкую ўправу й аддаў пад апеку стражы. Была я вельмі змучаная падарожжам. Стражнік завёў мяне ў пакой-бюро й яшчэ не пасьпеў выйсьці, а я легчы на састаўленых крэслах — як падкінуў мяне ўверх выбух бомбы. Упала яна на двор будынка, у якім знаходзілася. Прыехалі цывільныя ўлады й мяне адтуль забралі. Завезьлі ў Самапомач . Там я й затрымалася. Там-жа пазнаёмілася з прафэсарам Вацлавам Іваноўскім . Ён мяне ўстроіў на работу перакладчыцай у Немцаў.
Працуючы сьцягнула я ў Менск Вэру, а пазьней і Франка. Многа памагаў нам доктар І. Ермачэнка . Ён устроіў Вэру ў медыцынскай школе й даў нам кватэру пры Самапомачы.
У Менск прыехала многа Беларусаў зь Вільні, Варшавы, а нават з Чэхаславаччыны. Былі тут і мае гімназічныя й унівэрсытэцкія сябры. Спатыкалася ў Менску з Шавелем, Тумашам, Шукелойцем, Казлоўскім , кс. Гадлеўскім , пазнаёмілася з Юльянам Саковічам , з Кушалем і ягонай жонкай паэткай Арсеньневай . Прыяжджаў часта Езавітаў , сустрэла Чабатарэвіча , Янку Касяка , Ганько і іншых. Многа па-знала сымпатычных савецкіх Беларусаў, як Антона Адамовіча , Калубовіча , Федаровіча , Віцьбіча і іншых.
Разам са мною працавалі Люба Дарошык з Гародні й Галіна — жонка акцёра Уладзімірскага. Абедзьве, як я пазьней пачула, мелі лучнасьць з савецкімі партызанамі.
У пэрыяд майго прабываньня ў Менску вялікую ролю ў маім жыцьці адыграў доктар Альберт Рыхэль — Немец, сын прафэсара унівэрсытэта ў Франкфурце на Майне. Пад канец вайны ён загінуў у баях пад Бэрлінам. Калі я яго ведала, ён працаваў у Менску як навуковы працаўнік. Валодаў дзесяцьцю мовамі. Пад канец вайны яго мабілізавалі й паслалі на фронт.
У Менску быў Ян Краўчонак з Будслава. Бедны Янак, дастаў маніі прасьледаваньня й трапіў у шпіталь для псыхічна хворых. А быў такі мудры й здольны чалавек! Кончыў у Вільні юрыстыку. Працаваў дырэктарам тэатра. Многа хацела-б напісаць пра жыцьцё ў Менску, але пакуль што паўстрымаюся.
Майму жыцьцю ўвесь час пагражала небясьпека. Кожны дзень прыносіў вестку аб чыёй-небудзь сьмерці. Гінулі людзі ад бомбаў і з рук савецкіх партызанаў. І так згінулі з рук савецкіх партызанаў прафэсар Іваноўскі, рэдактар „Беларускай Газэты" Уладыслаў Казлоўскі, Акінчыц , малады Кушаль , Саковіч, Маракоў , кс. Гадлеўскі, кс. Глякоўскі (калі ходзіць пра ксяндзоў, то добра ня ведаю праз каго яны загінулі, магчыма, што расстралялі іх Немцы); загінуў і Валодзя Шавель. Адны гінулі з рук нямецкіх, другія — савецкіх партызанаў. Было й так, што пад тэатар падлажылі партызаны бомбу, якая выбухла ў часе прадстаўленьня. Многа людзей тады загінула, а між іншымі й сын Арсеньневай.
Часта былі налёты савецкіх самалётаў і тады ніхто з нас ня ведаў, ці жывым астанецца.
Нягледзячы на ўсё гэта разьвівалася й квітнела культурнае жыцьцё. Паявіліся новыя опэры, як „Лясное возера”, „Князь Усяслаў” з лібрэтам Арсеньневай, з музыкай Шчаглова . Скампанавана маса новых песень. Маршыравалі вуліцамі беларуская моладзь і беларускае войска.
Прыйшоў год 1944, у якім Немцы штораз шыбцей пачалі адступаць на захад. У Менску ў тым часе існавала Беларуская Цэнтральная Рада на чале з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім і было беларускае войска рукавадзімае Кушалем. У канцы чэрвеня адбыўся вялікі зьезд Беларусаў „Кангрэс” . Не пасьпелі тыя, што зьехаліся, вярнуцца да сваіх хат, як трэба было Менск пакідаць, бо прыбліжалася да яго савецкая армія.
Аднаго дня, калі я зьявілася раніцаю на працу, сказаў мой шэф, каб ішла дахаты зьбірацца на выезд. Бюро нашае мелі перанесьці ў Вільню. Спакаваўшы частку сваіх рэчаў, прыбылі мы з Вэрай на станцыю й занялі месца ў перапоўненым доўгім цягніку. Ехалі працаўнікі Цэнтральнай Рады, Самапомачы, Кіраўніцтва Беларускай Моладзі й беларускае войска. Ад’яжджаў і мой брат Франак, але ў іншым чым мы цягніку.
Не крануліся мы яшчэ зь месца, як пасыпаліся на нас савецкія бомбы. Нікому аднак шкоды не ўчынілі. Рушылі мы ў дарогу пад раніцу. Ехалі памалу, часта затрымліваліся. Наканец затрымаўся цягнік на даўжэйшы час. Аказалася, перад намі партызаны ўзарвалі чыгуначны мост. Трэба было хутка паладзіць. Палажылі пуці й асцярожна пераехалі раку й мінулі небясьпеку. Пераяжджаючы праз Баранавічы бачылі мы, як гарэў увесь горад. Дзесьці за Лідай наехаў наш цягнік на міну. Дзесяць пярэдніх вагонаў перавярнуліся. Было многа забітых і раненых. Від страшны. Да Ліды мы з Вэрай, доктар Надзеяй Абрамавай , Зосяй Аляхновіч і іншымі сяброўкамі беларускай моладзі ехалі ў трэцім вагоне ад лякаматыва. Пасьля Ліды лякаматыў былі пераставілі й мы такім чынам апынуліся ззаду, таму мы й ацалелі. Падабраўшы раненых паехалі далей. На аднэй станцыі, калі цягнік затрымаўся й раптам ізноў крануўся, пачаў даганяць яго наш малады юнак, які выйшаў быў на хвіліну зь цягніка. Няўдала ўскочыў і папаў пад колы. Адрэзала яму абедзьве нагі.
Ня помню, на якой станцыі нас разьдзялілі, адна часьць паехала на Кёнігсбэрг (Калінінград), а другая апынулася на італьянскай мяжы ў Альпах.
І так Вэра й я, разам з доктар Абрамавай, Ганьком і іншымі кіраўнікамі беларускай моладзі трапілі ў Альпы над рэчку Мальту. Такія высокія горы бачыла я першы раз у сваім жыцьці. Здавалася, што знайшліся мы ў нейкай глыбокай яме, зь якой няма выхаду. Дзе ні кінь вокам, перад намі стаяць аграмадныя каменныя сьцены. Крыху лепш разгледзеўшыся, відавочна была краса краявіду. Ня цешыла нас нічога, бо ня ведалі, які нас лёс чакае на чужыне. Пераяжджаючы празь Вену спаткала я двух жаўнераў зь беларускага войска. Ад іх даведалася, што Франак паехаў у Італію. Далі мне ягоны адрас. Брат быў у горадзе Удзінэ.
У Нямеччыне
У Альпах прабылі мы два тыдні. Адтуль разьехаліся ўсе ў розныя бакі Нямеччыны й Чэхаславаччыны. Рассталася я з Вэрай. Яе направілі ў лагер, дзе знаходзіліся вывезеныя зь Беларусі на работу дзеці ўзросту 10-14 гадоў. Затрымалася пры Штабе Беларускай Моладзі ў Тропаў (Чэхаславаччына). Там адведаў мяне некалькі разоў доктар Рыхэль, якога ўлады знаходзіліся ў Раці

