МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Станiслаў Cтанкевiч. Сэрыя "Партрэты Віленчукоў", Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, Вільня 2001

Аўтар: Войцік Галіна, Луцкевіч Лявон
Год: 2001
Cерыя: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Літва
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Як ведама, у 20-30 гг. ХХ ст. Вільня была галоўным цэнтрам беларускага культурнаграмадзкага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Тут працавала Віленская Беларуская Гімназія, Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча, Беларускае навуковае таварыства, Інстытут гаспадаркі й культуры, Беларускі народны дом, Беларускі пасольскі клюб, Беларускі каапэратыўны банк, беларускія выдавецтвы ды іншыя арганізацыі. Выдаваліся шматлікія беларускія газэты, часопісы, кнігі. Паводле савецкага дасьледчыка Говіна ў тым часе ў Вільні выходзіла каля 2000 назоваў бел. газэтаў і часопісаў, зразумела, не ў вадначасьсе: пасьля канфіскаты газэты й арышту ейнага рэдактара, што ў міжваеннай Польшчы здаралася досыць часта, газэта мяняла свой назоў, шукаўся новы рэдактар (як тады казалі — "зіцрэдактар") і газэта выходзіла далей. Згодна статыстыкі Віленскага Ўнівэрсытэту бел. прэса займала другое мейсца колькасьцю асобнікаў і назоваў пасьля афіцыйнай польскай прэсы.

З усёй Заходняй Беларусі ў Вільню зьяжджаліся юнакі й дзяўчаты, каб атрымаць спачатку сярэднюю адукацыю ў ВБГ, а пасьля, калі пашчасьціць, паступіць у Віленскі Ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя ці ў Карлаў Унівэрсытэт у Праге . Пасьля сканчэньня названых унівэрсытэтаў, а часта й здабыўшы навуковую ступень, шмат якія іхныя выпускнікі заставаліся жыць і працаваць у Вільні, папаўняючы шэрагі беларускай інтэлігенцыі, сярод каторай тады было й чацьвёра беларускіх дзеячоў адраджэнцаў з роду Станкевічаў. Найстарэйшы са Станкевічаў, таксама Станіслаў, празваны ў віленскім беларускім асяродзьдзі "Кнігаром", меў прыватную бел. кнігарню на вул. Вострабрамскай, пісаў вершы, выдаў пры жыцьці два вершаваныя зборнічкі "Сьмех ня грэх" і "З майго ваконца", разам зь пісьменніцай Зоськай Верас выдаваў беларускія адрыўныя календары. Наступны з Станкевічаў, кс. Адам Станкевіч — "ксёндз Адам", як ласкава называлі яго вучні ВБГ — зьяўляўся, напэўна, самым знакамітым з Станкевічаў у міжваеннай Вільні: нязломны змагар за беларускую мову ў сьвятынях, таленавіты публіцыст, выдатны пэдагог, мэцэнат. Загінуў у сталіноўскіх лягерох. Трэці, Янка Станкевіч, "Спадар" — ці ня першы пачаў уводзіць у нашую мову стаўшыя сёньня нармальнымі звароты "спадар" і "спадарыня". Тады ж яны не прыжыліся, але моцна прыліплі да іхнага аўтара. Я. Станкевіч належыў да г. зв. "пражанаў", г. зн., што ён закончыў унівэрсытэт у Празе. У Вільню вярнуўся з ступеняй доктара навукаў і займаўся беларускай філялёгіяй. І, нарэшце, наймаладзейшы з Станкевічаў, Станіслаў (Стась) Станкевіч, быў доктарам філязофіі й славістыкі, ведамым публіцыстам і літаратуразнаўцам.

Усе гэтыя Станкевічы паходзілі зь вёскі Арляняты Ашмянскага павету й былі ў бліжэйшым ці далейшым сваяцтве. Стась Станкевіч нарадзіўся 23 лютага 1907 г. у сялянскай сям'і. Ягоныя бацькі Язэп і Эмілія (з дому Станкевічанка, родная сястра Янкі Станкевіча) мелі сваю гаспадарку. Пасьля заканчэньня ў 1921 г. пачатковай адукацыі Стась паступіў у ВБГ. У тым часе ў гімназіі працавалі такія выдатныя пэдагогі, як Алёна Сакалова Лекант, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч ды інш. Яны здолелі стварыць у гімназіі сапраўдную бел. атмасфэру пры поўнай рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасьці. Гімназія была прыватная, ейнымі канцэсіянэрамі былі: спачатку Беларускае навуковае таварыства, пасьля — Бацькоўскі камітэт. Гэта, з аднаго боку, давала большую незалежнасьць, але, з другога боку, прыватныя гімназіі ў тагачаснай Польшчы ня мелі "права матуры", што не дазваляла ейным абсальвэнтам атрымаць вышэйшую адукацыю. ("Права матуры" ВБГ, застаючыся прыватнай гімназіяй, дамаглася ў 1928 г.). Таму Стась Станкевіч, правучыўшыся ў ВБГ да 1926 г., апошнюю клясу канчаў у Вялейскай дзяржаўнай польскай гімназіі ймя. Г. Сянкевіча, пасьля сканчэньня якой у 1927 г. атрымаў "матуру" — права паступаць у ВНУ Польшчы. Яму ўдалося паступіць на гуманітарны факультэт Віленскага Ўнівэрсытэту. Хаця й ня проста было беларусу (як, зрэшты, і іншым прадстаўнікам няпольскай нацыянальнасьці) паступіць ва ўнівэрсытэт, тым ня менш на Віленскім Унівэрсытэце вучылася 6070 беларускіх юнакоў і дзяўчатаў. Яны вучыліся на розных факультэтах, але былі аб'яднаныя ў Беларускі Студэнцкі Саюз, які выдаваў і свой часопіс "Студэнцкая думка". Ст. Станкевіч быў актывістам БСС, уваходзіў ва ўрад Таварыства беларусаведы, быў ягоным старшынём. Гартаючы пажоўклыя ад часу нумары "Студэнцкай думкі", там часта можна сустрэць артыкулы й допісы Стася Станкевіча, а ў "Хроніцы" часопісу — пералік ягоных лекцыяў і рэфэратаў. Так, у 1929 г. ім быў прачытаны рэфэрат "Мэты беларускага студэнцтва" й другі, прысьвечаны памяці Івана Луцкевіча ў 10-ыя ўгодкі ягонай сьмерці. У 1930 г. на 10-годзьдзе заснаваньня БСС ён выступіў з рэфэратам "Гісторыя беларускага студэнцкага руху". Станіслаў Станкевіч бярэ ўдзел у г. зв. "сьродах літэрацкіх", ладжаных Саюзам польскіх літэратараў, дзе выступае з дакладамі пра беларускую літаратуру Заходняй Беларусі. Ст. Станкевіч вывучае польскую літаратуру зь бел. пункту гледжаньня. Яго цікавяць ня толькі тыя паэты й празаікі, каторыя пісалі як на польскай, так і на беларускай мовах (У. Сыракомля, А. Плуг), але й чыста польскамоўныя пісьменьнікі, што нарадзіліся на беларускіх землях. Ён шукае ў іхных творах уплыву беларускай стыхіі: на тэматыку, стылістыку, мову. У сваёй магістэрскай працы "Жывёл бялорускі в твурчосьці Элізы Ожэшковэй" ("Беларуская стыхія ў творчасьці Элізы Ажэшкі") малады філёляг разглядае творчасьць Э. Ажэшкі. Пасьля абароны Станкевіч і надалей працуе над абранай ім тэмай. Зь некаторымі сваімі досьледамі й высновамі ён знаёміць беларускую грамадзкасьць Заходняе Беларусі, перадусім Вільні. Так, у 1935 г. ён выступае зь лекцыяй "Беларускія фальклёрныя элемэнты ў балядах А. Міцкевіча". А ў 1936 г. выходзіць з друку ягоная кніжка "Первясткі бялоруске в польскей поэзьі романтычнэй" ("Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі"). За гэтую кнігу сэнат Віленскага Ўнівэрсытэту прысудзіў яму (пасьля здачы неабходных экзаменаў) ступень доктара філязофіі ў галіне польскай і славянскай філялёгіі. Станіслаў Станкевіч яшчэ ў студэнцкія гады арганічна ўліўся ў бел. грамадзка-культурны рух. Ён шмат піша, друкуючыся ў "Калосьсях", "Нёмане", "Маладой Беларусі", "Студэнцкай думцы", выступае з рэфэратамі на літаратурных вечарынах, якія час ад часу ладзіліся беларусамівіленчукамі на кватэры інжынера Антона НэкандыТрэпкі. Малады, адукаваны, таленавіты публіцыст вылучаецца глыбінёй аналізу, ягоныя артыкулы напісаныя жывой прыгожай бел. мовай, лёгка чытаюцца.

У 1934-37 гг. Ст. Станкевіч працуе настаўнікам польскай мовы й літаратуры ў розных школах Заходняй Беларусі. Іроніяй лёсу (штопраўды, дзеля кавалка хлеба) ён, шчыры беларус, змушаны быў выкладаць бел. дзецям мову акупанта! Але сувязь зь Вільняй не парываецца. Ён мае ў Вільні шматлікіх сяброў, сярод іх і пачынаючага, але ўжо дастаткова ведамага паэта Максіма Танка. У 1937 г. М. Танк падараваў яму сваю фатаграфію з дэдыкацыяй "Стасю — як успамін супольнай працы й змаганьня за свабоду, за правы творчага жыцьця роднай паэзіі — Максім. Вільня 1937г. 20 III". Здаецца, паміж імі, не зважаючы на рознасьць у поглядах ды палітычнай арыентацыі, было шчырае сяброўства. Тым больш зьдзіўляе той факт, што ў сваім дзёньніку "Лісткі календара" за 1935-39 гг. Танк нідзе не ўзгадвае ймя Ст. Станкевіча. Успамінае Адама й Янку Станкевічаў (праўда, апошняга даволі зьдзекліва), Янку Шутовіча, Сяргея Паўловіча, Марыяна Пецюкевіча, ужываючы крыптонім П., бо толькі Пецюкевіч, каторы працаваў тады ў Бібліятэцы Ўрублеўскіх, мог даваць Танку чытаць літаратуру, выдадзеную ў БССР. (Зрэшты, сам Пецюкевіч піша пра гэта ў сваіх успамінах у кнізе "У пошуках зачараваных скарбаў" (выдавецтва "Рунь", Вільня, 1998)). Тлумачэньне тут толькі адно: "Лісткі календара" былі здадзеныя ў друк у 1969 г., і цэнзар, а можа, і сам аўтар, выкрэсьлілі ўсё, што было зьвязанае з Стасем Станкевічам, эмігрантам, які тады сваім пяром і далей змагаўся за незалежнасьць Беларусі. Беларускі дасьледчык др. філ. Арсень Ліс, які апрацаваў каментары да "Лісткоў календара", меў нагоду бачыць і іхны рукапіс. Ён падцьвярджае, што ў рукапісу ёсьць цэлыя абзацы, прысьвечаныя Ст. Станкевічу. Ст. Станкевічу й М. Танку давялося спаткацца яшчэ раз, у Манрэалі. Пра гэта ўспамінае Вінцэнт Жук-Грышкевіч: "У 1967 г. у часе Беларускага тыдня на ЭКСПО я запытаўся ў Танка: "Як Вы маглі напісаць, што "Маладая Беларусь" выдавалася за польскія грошы? Выж ведаеце, што гэта было ня так!" — "А хто Вам сказаў, — гаворыць Танк, — што гэта напісаў я?" М. Танка хуценька ад нас забралі. Ст. Ст. пасьпеў толькі сказаць, пасьміхіваючыся да Танка: "Ну, браток…" Яны былі сябры ў Вільні". У 1937 г. Ст. Станкевіч атрымаў стыпэндыю дзеля вывучэньня паўднёваславянскіх моваў і літаратураў. У 193738 гг. ён плённа працуе ў Югаславіі й Балгарыі. Вярнуўшыся на радзіму, зноў працуе настаўнікам Дзісьненскай польскай гімназіі.

Польска-нямецкая вайна зьмяніла палітычную мапу Эўропы. Заходняя Беларусь была далучаная да БССР, Вільню й Віленскі край Сталін "падараваў" Літве. У 1939 г. Станкевіч працуе выкладчыкам Беларускага настаўніцкага інстытуту ў Наваградку. У тым самым годзе ён ажаніўся, жонкай ягонай стала Зінаіда Сініцына, якая закончыла матэматычна прыродазнаўчы факультэт Віленскага Ўнівэрсытэту з тытулам магістра батанікі. Нейкі час яна працавала асыстэнтам катэдры батанікі ва ўнівэрсытэце, а пасьля настаўніцай у польскіх гімназіях у Нясьвіжы, Шчучыне й Наваградку.

У 1941 г. пачалася савецканямецкая вайна. Сьвядомыя беларусы імкнуліся выкарыстаць некаторыя магчымасьці, каб стварыць ва ўмовах нямецкай акупацыі бел. школьніцтва, замацавацца ў адміністрацыі, адрадзіць рэлігійнае й культурнае жыцьцё, а перадусім — выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб бараніць беларусаў арыштаваных немцамі, часта паводле фальшывых даносаў. Многія зь бел. дзеячоў міжваеннага часу ўсклалі на свае плечы гэтую нялёгкую працу. Др. Станіслаў Станкевіч пакідае навуковую й пэдагагічную працу й пераходзіць у адміністрацыю. Спачатку ён займае становішча старшыні Барысаўскай акругі, а пасьля стварэньня Беларускай Цэнтральнай Рады — намесьніка прэзыдэнта БЦР на Баранавіцкую акругу. На гэтых становішчах Ст. Станкевіч паказаў сябе ня толькі добрым арганізатарам, але й мужным чалавекам, каторы ў жахлівых варунках нямецкай акупацыі здабыў пашану мяйсцовага насельніцтва. У архіве Ст. Станкевіча захавалася кніжка ўспамінаў бел. жыдоў, што зьнішчаліся гітлероўцамі пагалоўна на ўсіх акупаваных абшарах. У кніжцы згадваецца й др. Станкевіч, які рабіў захады перад нямецкім генэралам, дамагаючыся адкласьці ліквідацыю жыдоўскага гета, аргумэнтуючы гэта лаяльнасьцю жыдоўскага насельніцтва да ўладаў.

Калі ягоныя захады не далі вынікаў, чаго й трэба было спадзявацца, ён папярэдзіў жыдоўскі актыў пра ліквідацыю гета, а сам выехаў з Барысава. Ст. Станкевіч падчас ваеннага ліхалецьця дапамог шмат каму, хто патрапіў у бяду. Так ён дамогся вызваленьня бел. пісьменьніка Міхася Клімковіча, старшыні Саюза пісьменьнікаў БССР, якога немцы ўзялі ў палон разам з савецкімі партызанамі на Барысаўшчыне. За такія дзеяньні можна было заплаціць жыцьцём або трапіць у канцлягер.

У 1944 г. ВБГ сьвяткавала сваё 25-годзьдзе. Нягледзячы на неспрыяльны час — фронт імкліва каціўся на Захад — у Вільні сабралася шмат абсальвэнтаў гімназіі з розных куткоў Беларусі. Прыехалі Н. Арсеньева, Б. Кіта, Я. Станкевіч, Я. Калубовіч, Ю. і Л. Луцкевічы, А. Шантыр, Л. Шырма ды шмат хто яшчэ. Прыехаў і др. Ст. Станкевіч. Гэта было ягонае апошняе спатканьне зь Вільняй… Усе, хто працаваў на бел. культуру ці займаў якія становішчы ў адміністрацыі, ставілі тады пытаньне "Што рабіць?" Застацца ў Беларусі азначала арышт, сьмяротны прыгавор або лягер. Заставалася эміграцыя. Гэты шлях абраў і Станіслаў Станкевіч з жонкай.

Першым этапам у ягоным жыцьці на эміграцыі была Нямеччына. Спачатку ён спыняецца ў Бэрліне, дзе ад палавіны 1944 г. да пачатку 1945 г. рэдагуе бел. газэту "Раніца". Пасьля пераяжджае ў Баварыю, якая неўзабаве апынулася ў амэрыканскай акупацыйнай зоне. Тут сабралася шмат беларусаў і Ст. Станкевіч адразу ўключыўся ў працу бел. арганізацыяў. У 194547 гг. ён выкладае бел. літаратуру ў Беларускай Гімназіі ймя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. Ягоная жонка выкладала прыродазнаўства. Гімназія адыйграла вялікую ролю ў фармаваньні сьвядомай бел. інтэлігенцыі на эміграцыі. Станкевіч добра разумеў, што бязь веданьня ангельскае мовы абыйсьціся нельга. Ён вучыцца на настаўніцкіх курсах ангельскае мовы пры Саюзе Цэркваў у Вульме, а пасьля выкладае пачаткі анг. мовы для беларусаў перасяленчага лягеру ў Розэнгайме. Горад Розэнгайм ляжыць у прыальпійскай даліне над рэчкаю Ін на паўднёвы ўсход ад Мюнхену. Сюды былі пераселеныя беларусы зь лягероў Відышбергердорф, Остэргофэн, Альтэнтац і Шляйсгайм. Апрача беларусаў былі тут і іншыя нацыянальныя групы. Іх адносіны да беларусаў былі розныя. Цёплыя склаліся толькі з сэрбамі, пасьля таго, як др. Ст. Станкевіч прачыдаў для сэрбскай часткі працоўнага лягеру лекцыю з гісторыі сэрбскае літаратуры на сэрбскай мове, якую ён ведаў з часоў, калі год стажыраваўся на навуковай стыпэндыі ў Югаславіі.

Пакінуўшы пэдагагічную працу, др. Станкевіч бярэ актыўны ўдзел у працы Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў амэрыканскай акупацыйнай зоне, супрацоўнічае з прэзыдэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам. Ён рэдагуе часопіс "Рух", а ад 1948га ажно да 1962 г. — часопіс "Бацькаўшчына". У сваіх успамінах В. Жук-Грышкевіч піша: "Пакуль "Беларускі эмігрант" не выходзіць, "Бацькаўшчына" можа быць выкарыстаная для ўсіх вашых абвестак і справаздачаў. Стась (др. Станкевіч) і ўсе тут гэтаж вашыя сапраўдныя аднадумцы". Як і ў віленскі пэрыяд свайго жыцьця Ст. Станкевіч выступае зь лекцыямі, рэфэратамі. Жук-Грышкевіч занатоўвае ў сваіх успамінах: "У 1956 г. было сьвяткаваньне 25 Сакавіка, даклад меў Ст. Станкевіч. У прыгожай вялікай залі было шмат людзей, між імі й старэнькі ўжо праф. Кошмідэр зь Віленскага Ўнівэрсытэту, некалі апякун Беларускага Саюзу Студэнтаў у Вільні".

Ст. Станкевіч праяўляе сябе як вельмі добры арганізатар. Зь ягонай ініцыятывы была створаная філія Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне (БІНІМ) , ён рэдагаваў і тыя нумары "Запісаў", што выходзілі ў Нямеччыне. У заснаваным у 1954 г. у Мюнхене Інстытуце вывучэньня СССР ён выконваў функцыі навуковага сакратара (1954-56 гг.), віцэстаршыні (1956-58 гг.), старшыні (1958-61гг.) Навуковай Рады, навуковага сакратара й дырэктара інстытуту (1961-62 гг.). Рэдагаваў "Беларускі зборнік" і манаграфіі Інстытуту ў галіне беларусазнаўства. Але ні адміністрацыйная, ні рэдактарская праца не замінае яму займацца літаратурнымі досьледамі, літаратурнай крытыкай і публіцыстыкай. Ягоная працаздольнасьць і энэргія невычарпальныя.

Нямеччына была пераходным, хаця й доўгім этапам у жыцьці й творчасьці Ст. Станкевіча. Беларусы старэйшага й маладзейшага пакаленьняў, тыя што здабылі сярэднюю адукацыю ў Гімназіі ймя Янкі Купалы, а вышэйшую ва ўнівэрсытэтах Бэльгіі й Англіі, — эмігравалі ў ЗША. У 1962 г. Ст. Станкевіч таксама пераехаў у Амэрыку, дзе ўжо жыла ягоная сям'я, жонка й дачка. Станкевiчы жылі стала ў Нью Ёрку, дзе была немалая грамада беларусаў. Ст. Станкевіч адразу ўключыўся ў працу. Улетку 1963 г. ён быў абраны старшынём БеларускаАмэрыканскага Зьедзіночаньня (БАЗА). Гэтае становішча ён займаў да 1965 г. У канцы 1963 г. бярэ на сябе абавязкі рэдактара газэты "Беларус". Гэтая газэта была заснаваная ў 1950 г. і зь цягам часу стала газэтай усіх беларусаў заходняга сьвету. Газэта была ворганам БАЗА, паводле свайго характару яна была дэмакратычнай, паказвала ня толькі жыцьцё беларускай дыяспары Амэрыкі, але й беларусаў у БССР, Заходняй Эўропе, Аўстраліі, Паўдзённай Амэрыцы й Канадзе. Газэта ня толькі выкрывала злачынны характар савецкага рэжыму й апісвала штодзённае жыцьцё беларусаў за межамі БССР, але была й адзінаю крыніцаю поўнай і праўдзівай інфармацыі пра бел. нацыянальнае адраджэньне й незалежніцкі рух на Бацькаўшчыне. Няма такое бел. тэмы або праблемы, якія не знайшліб свайго адлюстраваньня на старонках "Беларуса".

Ст. Станкевіч быў рэдактарам "Беларуса" ад канца 1963 г. да апошніх дзён жыцьця. Як рэдактар газэты й аўтар шматлікіх артыкулаў і выступленьняў на ейных старонках Ст. Станкевіч быў у бээсэсэраўскім друку аб'ектам перасьледу й цкаваньня. Асабліва шчыравалі Мікола Сташкевіч і Алесь Бажко. Апошні ў сваім пасквілі "Татальнае Банкруцтва" (інакш ягоны "твор" не назавеш) не шкадуе эпітэтаў, каб ачарніць дзейнасьць і асобу Ст. Станкевіча ад часоў ягонай навукі на Віленскім Унівэрсытэце й да ягонай працы ў якасьці рэдактара "Беларуса".

У 1968 г. Станкевіч апублікаваў у "Беларусе" (№ 137) свой адказ ЦК КПБ, у каторым ясна выказвае сваю пазыцыю: "Як і велізарная колькасьць маіх суродзічаў на Бацькаўшчыне, я ня больш і ня менш, як глыбока перакананы беларускі патрыёт, і, як гэткі, сьмяротны вораг штучна створанага гэтак званага савецкага патрыятызму, што на самай рэчы не становіць сабою нічога іншага, як выяў традыцыйнага расейскага нацыяналізму й каляніялізму, адно захварбаванага ў абставінах Беларусі некаторымі лякальнымі беларускімі рысамі".

Працуючы рэдактарам "Беларуса", Ст. Станкевіч спатыкаўся з рознымі ацэнамі свае дзейнасьці. Некаторыя лічылі, што ён "Беларуса" вядзе па дыктатарску. В. Жук-Грышкевіч адзначыў у сваіх успамінах: "Міцкевіч цьвердзіў, што "Беларуса" ён (Ст. Ст.) вядзе падыктатарску, але пакуль вядзе, трэба гэтую газэту падтрымліваць". У іншым мейсцы ён занатоўвае: ""Беларус" — гэта Станкевіч", падкрэсьліваючы гэтым ролю Станкевіча як рэдактара й аўтара шматлікіх артыкулаў.

Ад часу пераезда ў Амэрыку й амаль да самай сьмерці Ст. Станкевіч быў сталым супрацоўнікам Беларускай службы радыё "Свабода". Ён рабіў перадачы на тэмы беларускай культуры й літаратуры, у выніку чаго ў беларускім савецкім друку яго называлі "здраднікам", "ворагам народу" й пад. Калі ў ЗША пачалі прыяжджаць беларускія пісьменьнікі й партыйныя дзеячы, здараліся кур'ёзныя сытуацыі. У кнізе "Беларуская Амэрыка" Леаніда Пранчака (Менск, 1994) зьмешчанае інтэрвію аўтара зь Сяргеем Карніловічам, які згадвае, пару гэткіх сытуацыяў. Падчас згаданай ужо выставы ЭКСПО 1969 г. у складзе бел. дэлегацыі быў Лявон Яўменаў, які арганізаваў кніжную выставу. Аднаго дня на выставу прыйшоў Ст. Станкевіч. Назваўшыся не сваім прозьвішчам, а нейкім Сеўруком ці Сідаруком, пачаў гаварыць і вельмі ўразіў Яўменава сваёй дась ведчанасьцю ў галіне бел. савецкай літаратуры. Апошні, ня ведаючы, хто перад ім, захацеў пазнаёміць яго з Танкам. Падвёў Танка да Станкевіча й кажа: "Будзьце знаёмыя". Яны глянулі адзін на аднаго. Танк кажа: "Здароў, Стась". А Станкевіч у адказ: "Здароў, Яўген". І разыйшліся. А Яўменаў ажно рот разявіў: "Гэтаж той самы Станкевіч, якога саветы патрабуюць у Амэрыкі як ворага народу!" І яшчэ. "Станкевіч быў цікавым чалавекам. Нейкім чынам трапіў ён на белпрыняцьце. Быў там і Ціхан Кісялёў, тагачасны Старшыня Рады Міністраў БССР. Ці ведаў ён што пра Станкевіча, ці не — невядома. Але здарылася так, што Стась на гэтым прыёме падняў тост за вольную Беларусь. І Кісялёў таксама піў за яго тост".

Апрача працы рэдактарам "Беларуса" й на радыё "Свабода" Ст. Станкевіч выступае, як колісь у Вільні, а пасьля ў Нямеччыне, з дакладамі й лекцыямі. Апрача таго працуе над дзьвюма кнігамі з галіны бел. літаратуразнаўства. Адна зь іх, "Беларуская падсавецкая літэратура першае палавіны 60-ых гадоў" выйшла ў 1967 г., другая, "Янка Купала. На сотыя ўгодкі ад дня нараджэньня" — ў 1981 г.

Памёр Станіслаў Станкевіч 6 лістапада 1980 году. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст Брансьвіку. У №№ 238, 239 "Беларуса" за лістападсьнежань 1980 г. амаль тры старонкі прысьвечаныя памяці Ст. Станкевіча. "Нам, ягоным супрацоўнікам праз доўгія гады, — пі ша Кастусь Акула, — а таксама ўсім руплівым у справе беларускага адраджэньня суродзічам па эміграцыі і ў паняволенай Бацькаўшчыне мала сказаць, што мы схіляем галаву ў пашане перад памяцьцю гэтага выдатнага чалавека. Сваім аграмадным укладам у вольную беларускую навуку ды ў справу вызваленьня Беларусі ён, безумоўна, прыблізіў сам момант, калі беларускі народ нарэшце ўстане ў поўны рост як гаспадар у сваім вольным і незалежным доме", а др. Янка Запруднік у нэкралёгу "Сьпі, Працаўнік і Змагар" напісаў: "Яшчэ ў нядзелю ён дзяліўся са старшынём Галоўнае Ўправы БАЗА сп. Шукелойцем, частым наведывальнікам яго апошнім часам, сваімі меркаваньнямі пра чародны, калядны нумар "Беларуса", чытаў неперабіты яшчэ на машынцы рукапіс — канчатак кнігі пра Янку Купалу. А раніцай у чацьвер 6га, змучаны недамаганьнямі апошніх дзён, прылёг адпачыць на гадзінудругую, зазначыўшы перад тым у гутарцы з жонкай, што, устаўшы, будзе мець яшчэ спакойны дзень працы. Задаволена заснуў. Але гадзінадругая сну сталася вечным супачынам"…

Жыцьцёвы шлях Стася Станкевіча пачаўся ў Арлянятах на Ашмян шчыне й закончыўся далёка за акіянам у Нью Ёрку. На ягоным жыцьцёвым шляху былі этапы: Вільня. Навагрудак, Барысаў, Нямеччына й апошні — Злучаныя Штаты Амэрыкі. Віленскі этап ахапіў навуку ў ВБГ і ў Віленскім Унівэрсытэце. Нібыта й невялікі адрэзак часу, але менавіта ў Вільні Ст. Станкевіч сфармаваўся, як сьведамы беларус, як публіцыст і літаратуразнаўца. Тут ён выбраў свой шлях да волі, шлях служэньня Бацькаўшчыне словам і пяром, — і ня збочыў з гэтага шляху праз усё сваё жыцьцё. А што да ягонага ўкладу ў беларускае літаратуразнаўства, дык каліб сабраць усё напісанае Ст. Станкевічам, пачынаючы ад ягоных першых артыкулаў у "Студэнцкай думцы", "Калосьсі", "Нёмане", "Маладой Беларусі", "Бацькаўшчыне", "Беларусе", сабраць ягоныя працы, надрукаваныя ў іншых выданьнях і ў асобных кнігах, — дык атрымалася б некалькі дыхтоўных, надзвычай карысных для беларускага чытача тамоў. А яшчэ шматлікія лекцыі, даклады, рэфэраты…


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by