|
Першакрыніцаю зьвесткаў пра ягоны жыцьцёвы шлях зьяўляецца ягоная аўтабіяграфія, напісаная ў 1977 г. на просьбу нашай старэйшай пісьменьніцывіленчучкі Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай-Войцік), якая першая пачала зьбіраць матар’ялы да “Партрэтаў віленчукоў”. Гэтая аўтабіяграфія й лісты Марыяна Пецюкевіча да Зоські Верас ёсьць яшчэ адно сьведчаньне пра ягоную неперарыўную сувязь зь Вільняй, нават тады, калі лёс надоўга закінуў яго на чужбіну.
Марыян Пецюкевіч нарадзіўся 24 верасьня 1904 г. у вёсцы Цяцеркі на Браслаўшчыне ў сям’і малазямельнага селяніна. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “Жыхары нашай вёскі па свайму нацыянальнаму складу, як і жыхары суседніх вёсак, дзяліліся на “палякаў”, “рускіх” і “маскалёў”. Да “палякаў” залічаліся католікі, да “рускіх” – праваслаўныя, да “маскалёў” – стараабрадцы. Нягледзячы на такую нацыянальную мазаіку, усіх жыхароў нашай вёскі аб’ядноўвала беларуская мова, беларуская народная культура, звычаі, норавы й побыт”. Сям’я Пецюкевічаў была каталіцкая, і цётка Марыяна, як ён піша, “нават умела маліцца па кніжцы на польскай мове, хаця мала што з тых малітваў разумела й да сьмешнасьці перакручвала польскія словы й сказы, зьнявечваючы іх арыгінальны сэнс”.
Сям’я была мнагадзетная, шлях да навукі ў Марыяна быў няпросты. Ягонай першай настаўніцаю была згаданая цётка Паўліна, якая вучыла яго чытаць па польскаму малітоўніку, хаця ні “вучань”, ні “настаўніца” многага не разумелі. Пасьля “цётчынай акадэміі” бацькі аддалі сына ў рускае народнае вучылішча ў вёсцы Шаўляны. Празь зіму ён навучыўся крыху чытаць і пісаць парасейску, пазнаёміўся з пачаткамі арытмэтыкі.
Пачатак Першай сусьветнай вайны палажыў канец навукі ў школе. Ад 1914 да 1921 г. хлопец вучыўся самастойна, чытаў, што трапляла ў рукі, у тым ліку беларускія газэты й кніжкі. Бацькі, хочачы забясьпечыць будучыню сына, аддалі яго ў навуку да дзедакаваля, але Марыян не цікавіўся кавальскаю справаю, а ў перапынках паміж працай у кузьні браўся за кніжку. І дзед парадзіў бацькам вучыць сына на арганіста ці пісара. Марыян вучыўся ў польскіх школках у маёнтку Зайнова й вёсцы Знава, пасьля ў мястэчку Ёды, дзе кіраўнік школы меў падрыхтаваць яго да паступленьня ў гімназію. Экзаменаў у польскую гімназію ў Дзісьне Марыян ня здаў, ён згадвае: “На шчасьце “абрэзалі” мяне на ўступных экзаменах, што й запачаткавала новы, праўдзівы шлях у маім жыцьці – праз гэта я пазьбег апалячваньня”. Ксёндз Віктар Шутовіч, вядомы беларускі каталіцкі дзеяч на Браслаўшчыне, парадзіў хлопцу паступіць у ВБГ. У 1922 г. Марыян паступіў у 4-ую клясу гімназіі, дырэктарам якой тады быў Браніслаў Тарашкевіч, а беларускую літаратуру выкладаў Максім Гарэцкі, а з 1923 г. – Антон Луцкевіч.
У кнізе сваіх успамінаў “У пошуках зачараваных скарбаў” Марыян Пецюкевіч прысьвячае гімназіі нямала цёплых словаў, адзначаючы атмасфэру патрыятызму й талерантнасьці. Ён успамінае сваіх калегаў і настаўнікаў, асабліва вылучаючы сярод іх ксяндза Адама Станкевіча, аднаго з заснавальнікаў гімназіі, выкладчыка рэлігіі й лаціны, а таксама Антона Луцкевіча, які “ўмеў распаліць у маладых сэрцах пажар гарачай любові да роднага краю, да свайго народу, да ягонай культуры”. У ВБГ Пецюкевіч сфармаваўся як беларус-патрыёт, канчаткова ўсьвядоміў сабе, хто ён ёсьць, і абраў свой жыцьцёвы шлях – працу на карысьць Беларусі й ейнай культуры.
Якраз у гады вучобы Пецюкевіча ў ВБГ у Польшчы праводзілася школьная рэформа й ВБГ ня мела апошняй 8-ай клясы. Таму Марыян паступіў у 8-ую клясу Радашкоўскай Беларускай Гімназіі, якую й закончыў у 1927 г. У ягоным архіве захаваўся цікавы дакумант – атэстат Радашкоўскай Беларускай Гімназіі на трох мовах: польскай, беларускай і лацінскай. Радашкоўская гімназія была прыватная і ейны атэстат не даваў права паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову Польшчы. Аднак такія атэстаты прызнавалі Чэхаславаччына, Бэльгія й СССР. З тае нагоды многія абсальвэнты беларускіх гімназіяў, каб здабыць вышэйшую асьвету, нелегальна перасякалі мяжу. З ВБГ шмат абсальвэнтаў вучылася ў Карлавым Унівэвсытэце ў Празе, некаторыя з “пражанаў” былі пасьля выкладчыкамі гімназіі ці працавалі ў Вільні ў розных галінах гаспадаркі й культуры. Варта згадаць І. Дварчаніна, М. Ільяшэвіча, В. Жук-Грышкевіча, Ф. Грышкевіча, Я. Станкевіч а, А. Клімовіча.
Марыян Пецюкевіч таксама пастанавіў папрабаваць шчасьця ў Празе, аднак яму не пашэньціла, на польскачэхаславацкай мяжы яго затрымалі, пад канвоем адправілі ў Вільню й здалі у 5 полк легіянэраў, які разьмяшчаўся напрыканцы Кальварыйскай вуліцы (цяпер – Паўночны Гарадок). Тут юнак прайшоў 3месячны “рэкруцкі курс”. З тых, хто меў закончаную сярэднюю асьвету, сфармавалі групу й паслалі ў падафіцэрскую школу (падхаружых) у Цешын, мястэчка на польскачэскай мяжы. У гэтую групу патрапіў і Пецюкевіч. Але правучыўся ён там нядоўга: за распаўсюджаньне беларускай літаратуры яго выкінулі з вучылішча й адправілі служыць у Вільню ў той самы 5 полк легіянэраў.
Пасьля заканчэньня службы ў войску Марыян Пецюкевіч застаўся жыць у Вільні, працаваў у беларускай газэце “Беларуская Крыніца” й рыхтаваўся да экзаменаў на атэстат сталасьці перад дзяржаўнай камісіяй. У 1929 г. ён здаў іспыты й паступіў у Віленскі Ўнівэрсытэт, дзе вывучаў спачатку гісторыю, пасьля этнаграфію з этналёгіяй і, як дадатковыя прадметы, археалёгію й славянскую філялёгію. Будучы студэнтам ВУ, Марыян Пецюкевіч стаў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу (БСС), які аб’ядноўваў беларускіх студэнтаў з розных факультэтаў, вёў культурнаасьветніцкую работу. У “Летапісе” Студэнцкага Саюзу за 193035 гг. даецца агляд дзейнасьці БСС: арганізацыя рознага тыпу курсаў, лекцыі, экскурсіі, супрацоўніцтва зь Беларускім Музэем ім. Івана Луцкевіча, дыскусійныя вечары, супольныя вечарыны зь Літоўскім і Ўкраінскім студэнцкімі саюзамі й пад. Нельга сказаць, што М. Пецюкевіч належыў да актывістаў Саюзу. У 1934 г. ён чытаў рэфэрат на вечары прысьвечаным 40-ым угодкам сьмерці Адама Гурыновіча ды падрыхтаваў для Таварыства Беларусаведы пры Віленскім Унівэрсытэце апытальнік дзеля запісваньня пахавальных абрадаў і абрадаў памінальных дзён.
Больш пра ягоную працу ў БСС нічога няведама. У 1930 г. пачаў выходзіць часопіс “Шлях Моладзі” хрысьціянска дэмакратычнага напрамку. У ягоную рэдакцыйную калегію ўвайшлі Ізабэля Тумаш, Янка Багдановіч, Альфонс Шутовіч, Язэп Найдзюк, Уладыслаў Тарасевіч, а за рэдактара быў выбраны Марыян Пецюкевіч. Рэдактарская праца займала шмат часу. Польскія ўлады, якія адмоўна ставіліся да беларускае прэсы, часта канфіскавалі нумар або зьнішчаліасобныя артыкулы, рэдактар некалькі разоў быў пад судом і толькі дзякуючы добраму адвакату пакараньні былі грашовыя.
У 1930-31 г. у Вільні арганізаваўся Інстытут Досьледаў Усходняй Эўропы і Палітычная Школа. У бібліятэку гэтай установы Пецюкевіч уладкаваўся на працу, дзякуючы пратэкцыі праф. Цэзарыі Бадуэн дэ Куртэнай-Энгеркройц і ейнага мужа, тагачаснага рэктара ўнівэрсытэту праф. Сьцяпана Энгеркройца. Гэтая праца дала студэнту магчымасьць ня толькі пражыць самому, але й крыху дапамагчы бацькам.
Праца ў бібліятэцы, рэдагаваньне часопісу „Шлях Моладзі”, супрацоўніцтва зь іншымі беларускімі арганізацыямі і ўстановамі (Беларускім Навуковым Таварыствам, Беларускім Інстытутам Гаспадаркі й Культуры, рэдакцыяй „Беларускай Крыніцы”) пакідала мала часу на вучобу. М. Пецюкевічу давялося адмовіцца ад становішча рэдактара “Шляху Моладзі”. Праф. Палітычнай Школы Ўладыслаў Вяльгорскі парадзіў яму не афішаваць сваю беларускасьць, бо гэта магло пашкодзіць студэнту-бібліятэкару ў дадатковай працы і ў заканчэньні навукі. Ксёндз Адам Станкевіч і Янка Пазьняк (дзед Зянона Пазьняка) таксама параілі адрачыся афіцыйнага рэдактарства. Рэдактарам часопісу зрабіўся Язэп Найдзюк.
У 1936 г. бібліятэка НавуковаДасьледчага Інстытуту Ўсходняй Эўропы была далучаная да бібліятэкі ймя Ўрублеўскіх. М. Пецюкевіч перайшоў туды працаваць загадчыкам аддзелу савецкіх выдавецтваў. Варта дадаць, што ў 1932-33 гг. ён закончыў двухгадовыя бібліятэкарскія курсы пры Віленскім Уні вэрсытэце. Маючы доступ да літаратуры, выдадзенай у БССР, ён нелегальна даваў савецкія выданьні тым, хто імі цікавіўся: М. Машару, М. Танку, М. Васільку, Е. Путрамэнту. У сваіх успамінах з тых часоў М. Танк некалькі разоў згадвае гэты факт, праўда, ён не называе поўнага прозьвішча Пецюкевіча, а ўжывае толькі крыптонім „П”. Аднак у Бібліятэцы Ўрублеўскіх працаваў тады толькі адзін беларус – Пецюкевіч, і толькі ён мог знаёміць заходнебеларускіх паэтаў левага напрамку з беларускай савецкай літаратурай.
Толькі ў 1938 г. М. Пецюкевіч закончыў Віленскі Ўнівэрсытэт з тытулам магістра філязофіі ў галіне этнаграфіі й этналёгіі. Сваю магістэрскую працу „Прымітыўныя рысы ў матар’яльнай культуры стараабрадцаў Браслаўскага павету” ён пісаў пад кіраўніцтвам выдатнага этнографа, прафэсара, загадчыка катэдры этналёгіі й этнаграфіі ВУ Казімера Машынскага.
У 30-ыя гг. М. Пецюкевіч нямала пісаў і друкаваў артыкулаў і кароткіх зацемак з галіны этнаграфіі. Ён друкаваўся ў газэтах „Сялянская Ніва”, у часопісах „Калосьсе”, „Шлях Моладзі” ды інш, падпісваючы свае творы: М. Пецюкевіч, М. Марвіч, Марвіч, Цяцерскі, М. Цяцерскі, і лацінкаю: M. P., Marvic.
1 верасьня 1939 г. пачалася польска-нямецкая вайна. 17 верасьня Вільню заняла Чырвоная Армія. Пачаліся арышты, былі арыштаваныя А. Луцкевіч, У. Самойла, В. Багдановіч, Ф. Ярэміч, А. Уласаў, Я. Пазьняк ды іншыя выдатныя беларускія дзеячы. У Вільню, як у сталіцу Заходняй Беларусі, прыехалі савецкія чыноўнікі. Камісарам культуры й асьветы быў І. Клімаў, ён і ягоныя памочнікі занялі пад кватэру былую Кураторыю Віленскага Школьнага Вокругу. Зь віленскіх беларусаў з Клімавым у галіне асьветы супрацоўнічалі М. Пецюкевіч, Ф. Грышкевіч і нейкі нікому невядомы Кастальскі. Згодна прапановы супрацоўнікаў Бібліятэкі Ўрублеўскіх Клімаў зацьвердзіў Пецюкевіча дырэктарам бібліятэкі, апрача таго ён вёў беларускія перадачы на Віленскім радыё і быў актывістам прафсаюзу. Калі стала ведама, што Вільню й Віленскі край перадаюць Літве, Клімаў запрапанаваў Пецюкевічу паехаць разам зь ім у Менск, абяцаючы цікавую работу й падтрымку. Аднак Пецюкевіч разумеў, хто такі Клімаў, і добра ўяўляў, што яго можа чакаць у Савецкай Беларусі. Ён адмовіў ся й застаўся ў Вільні.
На некалькі месяцаў Вільня зрабілася сталіцаю Літвы, пачаліся вялікія зьмены й цяжкасьці, новыя ўлады вымагалі паўсюдна карыстацца літоўскай мовай, якую ў Вільні мала хто ведаў. Прозьвішчы ў пашпартох ды іншых дакумантах пісаліся ў літоўскай транскрыпцыі. Бібліятэка ймя Ўрублеўскіх пачала называцца Бібліятэкай Інстытуту Літуаністыкі (Lituanistikos Instituto Biblioteka). М. Пецюкевіч быў зьняты з пасады дырэктара, тымчасовым дырэктарам назначылі літоўскага паэта й перакладчыка Антанаса Ванайціса. Пецюкевіч-жа зноў працаваў бібліятэкарам у “савецкім аддзеле”.
Улетку таго самага 1940 г. Літва ўвайшла ў склад СССР. Зь беларускіх установаў у Вільні засталіся Беларуская прагімназія, арганізаваная з рэшткаў ВБГ (большасьць гімназістаў разам з дырэктарам Барысам Кітам выехала вучыцца ў Наваградак) ды Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча. Аднак пасьля арышту Антона Луцкевіча, дырэктара музэю з 1921 па 1939 г., музэй быў на замку. І толькі 29 кастрычніка 1940 г. новым дырэктарам музэю, які цяпер падпарадкоўваўся Інстытуту Літуаністыкі, быў назначаны Марыян Пецюкевіч. Дырэктар Інстытуту Літуаністыкі Вінцас КрэваМіцкевічус дазволіў прыняць у музэй некалькі працаўнікоў: мастака Пётру Сергіевіч а, Янку Шутовіча, спэцыяліста ў нумізматыцы Янку Бэкіша, літоўскага графіка й мастацтвазнаўцу Ўладаса Дрэму ды яшчэ дзьвюх жанчынаў без кваліфікацыі. Неўзабаве на базе Інстытуту Літуаністыкі арганізавалася Акадэмія Навукаў Літ.ССР і ўсе музэі перайшлі ў ведамства акадэміі – Беларускі Музэй значыўся пад №1. У сваёй аўтабіяграфіі М. Пецюкевіч, пішучы пра музэй, прысьвячае нямала добрых словаў свайму папярэдніку на становішчы дырэктара Антону Луцкевічу: “Знаёмячыся са скарбамі Музэю, дзівудаесься, як адзін чалавек напрацягу 20 гадоў змог працаваць у Музэі, выконваючы ўсе неабходныя абавязкі. Быў гэтым тытанам ахвярнай працы Антон Луцкевіч, які знаходзіў яшчэ час на дыдыктычную працу ў ВБГ й на грамадзкую ў БНТ і ў розных арганізацыях. І як выбітны журналіст, як палітычны й культурны дзеяч Заходняй Беларусі праз друк папулярызаваў беларускую справу на міжнароднай арэне. Нікому іншаму, а А. Луцкевічу належыцца прызнаньне й словы ўдзячнасьці за працу, якую ён прысьвяціў Віленскаму Беларускаму Музэю, кіруючыся высакародным піетызмам да роднай навукі й культуры”.
Пад кіраўніцтвам М. Пецюкевіча працаўнікі музэю парадкуюць ягоныя фонды, архіў з рукапісамі й старадрукамі. Музэй наведавалі беларускія й літоўскія вучоныя, якія цікавіліся перадусім архіўнымі матар’яламі. Звычайных наведнікаўэкскурсантаў аднак амаль не было, і справа тут ня ў цесным памяшканьні, як піша дырэктар, а ў тым, што не было сувязі з Заходняй Беларусьсю, яны абарваліся яшчэ ў 1939 г., калі Вільня зрабілася сталіцай Літвы.
22 чэрвеня 1941 г. гітлераўская Нямеччына пачала вайну з СССР. На горад упалі першыя бомбы. М. Пецюкевіч, баючыся, што яго могуць шукаць за дзейнасьць у Прафсаюзе работнікаў культуры і ў беларускіх арганізацыях літоўскія фашысты, выехаў зь сям’ёй на вёску. Дырэктарам ВБМ быў назначаны Янка Шутовіч. У 1945 г. музэй, перажыўшы нямецкую навалу, быў зьліквідаваны савецкімі ўладамі Літвы й Беларусі.
Усю акупацыю М. Пецюкевіч пражыў у цесьця на вёсцы. Ён займаўся сельскай гаспадаркай, але рабіў і нямала для беларускае справы. Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК), які арганізаваўся ў Вільні ад самага пачатку нямецкай акупацыі, паклікаў М. Пецюкевіча для арганізацыі Беларускіх настаўніцкіх курсаў, меўшых наўмэце задачу падрыхтаваць настаўнікаў у беларускія школкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасьля Камітэт накіраваў яго ў Ашмяну на пасаду школьнага інспэктара. Сытуацыя тут была няпростая, усе пасады ў мястэчку й на вёсках займалі польскія нацыяналісты, беларускія настаўнікі былі звольненыя, навучаньне вялося на польскай мове. Перад М. Пецюкевічам стаяла нялёгкая задача: вярнуць у школы звольненых настаўнікаў-беларусаў, а таксама дэмакратычна настроеных палякаў, браніраваць іх ад вывазкі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Працаваць аднак давялося нядоўга. Ашмяншчына была далучаная да Літвы. У цэлым павеце ўсе пасады, у тым ліку і ў школьнай адміністрацыі, занялі літоўцы, уводзячы паўсюль літоўскую мову, хаця ніхто з жыхароў Ашмяншчыны яе ня ведаў. М. Пецюкевіч у запрапанавалі становішча намесьніка школьнага інспэктара або працу настаўніка ў кожнай школе на Ашмяншчыне, аднак ён адмовіўся й вярнуўся на вёску да свайго цесьця Баляслава Лабаноўскага, дзе жыла ягоная сям’я, жонка й дзьве дачушкі.
Але працаваць на гаспадарцы давялося нядоўга. БНК прапанаваў яму працу ў Мэдычным Інстытуце ў НоваВілейцы (цяпер мікрараён Вільні), эвакуяваным з Магілева. На працу ў Нова-Вілейку Пецюкевіч прыяжджаў два разы на тыдзень, меў 6 гадзінаў заняткаў, выкладаў беларускую мову. У ліпені 1944 г. Магілеўскі Мэдычны Інстытут разам з выкладчыкамі й студэнтамі быў эвакуяваны далей на Захад. Пецюкевіч зноў асеў на вёсцы й зрабіўся, як ён сам піша, “ у поўным значэньні гэтага слова селянінамземляробам”. На вёсцы было лягчэй пражыць ды пракарміць сям’ю, а знайсьці працу ў паваеннай Вільні інтэлігентубеларусу было амаль немагчыма дый небясьпечна. Апошнія беларускія ўстановы, гімназія й музэй, былі зьліквідаваныя, большасьць беларускай інтэлігенцыі, што засталася ў горадзе, арыштаваная. Пецюкевіч, працуючы на вёсцы, карыстаўся аўтарытэтам сярод мяйсцовага насельні цтва, быў нават выбраны старшынём сельсавету Ажулаўскай апінінкі.
Спакойнае жыцьцё на вёсцы працягвалася нядоўга. 27 сакавіка 1947 г. сям’я Пецюкевічаў, як “сацыяльна небясьпечны элемэнт”, была вывезеная ў Краснаярскі край. Пецюкевіч разам зь сям’ёй патрапіў у калгас імя Жданава. Дзякуючы таму, што ён нядрэнна знаўся на пчалярстве, ён атрымаў у калгасе працу пчаляра на пасецы, што знаходзілася ў стэпе недалёка ад тайгі. Сям’я жыла ў малой цеснай паўзямлянцы.
На пасецы Пецюкевіч працаваў з красавіка 1949 г. да канца ліпеня 1952 г. 31 ліпеня 1952 г. ён быў арыштаваны й адпраўлены канвоем у Вільню, дзе адбыўся суд, які асудзіў яго за “нацыяналізм” на 25 гадоў зьняволеньня. Напрыканцы сакавіка 1953 г. Марыян Пецюкевіч быў адпраўлены ў лягер катаржанаў у Варкуту.
Жыцьцё ў лягеры, голад, холад, перапоўнены барак, цяжкая фізычная праца падрывала сілы, але не зламала духу. Працаваў М. Пецюкевіч на розных работах, паводле ягоных словаў, “пачынаючы ад грабара, які вывозіў сваіх памёршых сяброў у тундру й прыкрываў мохамдзягелем і сьнегам, і скончваючы (ужо як інвалід) настаўнікам у лягернай школе для дарослых катаржанаў”. Сярод вязьняў Пецюкевіч прыдбаў нямала сяброў. Сваіх, беларусаў, ён знаёміў з гісторыяй беларускага народу, ягонай культурай, літаратурай, хаця такая “прапаганда нацыяналізму” была небясьпечная й магла дрэнна скончыцца.
У 1956 г. Камісія Вярхоўнага Савету СССР, якая прыбыла з Масквы й разглядала справы вязьняў, вынесла пастанову: зьняць з асуджанага Марыяна Пецюкевіча віну, паражэньне ў правох, судзімасьць і вызваліць зь лягеру. З Варкуты М. Пецюкевіч паехаў у Вільню, але заставацца тут, у сталіцы Літоўскай ССР, дзе ўсё беларускае было ўшчэнт зьнішчанае й беларускаму інтэлігенту (тым больш вярнуўшыся зь лягеру) немагчыма было знайсьці ніякае працы, – ня мела сэнсу. Тым больш, што ягоная сям’я, жонка Альдона й дочкі Міраслава й Марыля, на падставе польскасавецкага пагадненьня , як грамадзяне Польшчы, скарысталі з права рэпатрыяцыі й выехалі ў польскі горад Шчэцін. І сам Пецюкевіч, хаця й беларус, таксама займеў права злучыцца зь сям’ёй і выехаў за мяжу. У Польшчы, дзякуючы колішніму кіраўніку ягонай магістэрскай працы праф. Казімеру Машынскаму й праф. Марыі Знамяроўскай Пруферовай, ён атрымаў працу ў Аддзеле этнаграфіі ІІ Акруговага музэю ў горадзе Торуні. У 1959 г. у Торуні быў аргані заваны самастойны Музэй Этнаграфіі. Марыян Пецюкевіч быў адным зь ініцыятараў стварэньня гэтага музэю, а пасьля працаваў у ім у адпаведнасьці з сваёй спэцыяльнасьцю як этнограф да 1970 г.
Працуючы ў Торуньскім музэі, Пецюкевіч найбольш цікавіў ся беларускай культурай Беласточчыны, дзе беларусы жывуць і працуюць ад вякоў. Ён актыўна ўключыўся ў дзейнасьць Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ), наладзіў сувязь зь беластоцкай “Ніва”. У “Ніве” ён друкаваў свае артыкулы ў галіне этнаграфіі, успаміны, нарысы пра выдатных дзеячоў культуры, зь якімі яму давялося сутыкнуцца: пра праф. К. Машынскага, праф. Я. Гурыловіча, Б. Тарашкевіча ды інш. Прабаваў свае сілы ў мастацкай літаратуры. Пад псэўдоні мам “дзед Марцін” друкаваў жартоўныя апавяданьні.
Першыя этнаграфічныя досьледы на Беласточчыне М. Пецюкевіч распачаў неўзабаве пасьля пераезду ў Польшчу. Вынікам гэтых досьледаў была праца “Матэрыяльная культура Сакольскага павету”, надрукаваная ў “Навуковым зборніку” (Беласток, 1964). У далейшых сваіх дасьледаваньнях ён асабліва цікавіўся народным мастацтвам і рамёствамі. Артыкулы на гэтыя тэмы друкаваў у польскіх этнаграфічных зборніках і часопісах, а таксама ў беластоцкай “Ніве”. Пазьней М. Пецюкевіч засяродзіўся на народным промысьле апрацоўкіільну й прыладах, якія пры гэтым выкарыстоўваліся. Выдаў на гэтую тэму багата ілюстраваную брашуру на польскай мове. Адначасна ён дасьледаваў пахавальныя звычаі й абрады беларусаў.
М. Пецюкевіч быў адным зь першых, хто зразумеў патрэбу стварэньня беларускага этнаграфічнага музэю на Беласточчыне, дапамагаў сваімі ведамі й практычным досьведам пры стварэньні Беларускага музэю ў Белавежы. Падчас сваіх экспэдыцыяў па Беласточчыне ён сабраў нямала каштоўных экспанатаў, якія й дагэтуль дэманструюць у Торуньскім этнаграфічным музэі беларускую народную культуру.
У 1970 г. М. Пецюкевіч выйшаў на пэнсію, аднак сувязяў з Этнаграфічным музэем у Торуні не перарываў, працаваў там нейкі час бібліятэкарам, працягваў працу над вывучэньнем беларускай народнай культуры, нямала пісаў, у тым ліку ўспаміны пра сваё жыцьцё, зьбіраў матар’ялы да манаграфіі пра родную вёску Цяцеркі, якая , на жаль, так і засталася незакончаная.
Жывучы й працуючы ў Торуні, М. Пецюкевіч не забываўся на Вільню. Большасьці людзей, якіх ведаў і цаніў Пецюкевіч, у Вільні ўжо не было. Не вярнуліся зь лягероў А. Луцкевіч, кс. Адам Станкевіч, У. Самойла, Я. Пазьняк, далёка за акіянам апынуліся ягоныя сябры Стась Станкевіч, Чэсь Найдзюк, Вітаўт Тумаш. Але зь Вільняй яго зьвязвала нітка любові да старажытнага й маляўнічага гораду, успаміны й сябры, якія ацалелі тут пасьля ўсіх пераменаў: мастак Пётра Сергіевіч, колішні рэдактар “Калосься” Янка Шутовіч, грамадзкі дзеяч Адольф Клімовіч, пісьменьніца Зоська Верас. З апошняй ён ліставаў ся, дзяліўся сваімі дасягненьнямі, думкамі й плянамі, дасылаў на прачытаньне свае працы, а ад яе даведваўся пра тых беларусаў Вільні, каторыя як маглі й надалей працавалі, зьбіралі матар’ялы пра беларускія арганізацыі Вільні ў міжваенным часе, пра незаслужана забытых беларусаўвіленчукоў. Гэта на просьбу Зоські Верас Марыян Пецюкевіч прыслаў сваю падрабязную аўтабіяграфію – першы каменьчык для будучых “Партрэтаў віленчукоў”.
Памёр Марыян Пецюкевіч 13 чэрвеня 1983 г. Пахаваны ў Торуні. Увесь свой архіў ён, паводле тэстамэнту, перадаў у Торуньскі этнаграфічны музэй. “Ягоная біяграфія не патрабуе ўпрыгожваньня, яна ўяўляе сабой сухія, але як-жа красамоўныя факты, якія сьведчаць пра цьвёрды характар, вернасьць сваім пераконаньням і зацікаўленьням. У памяці супрацоўнікаў, сябровак і сяброў з Аддзелу Польскага народазнаўчага таварыства ў Торуні, а таксама Торуньскага этнаграфічнага музэю, застаецца ён чалавекам таварыскім, надзвычай сьціплым, працавітым, даходлівым і скрупулёзным у сваіх навуковых пачынах. Застаецца ў нашай памяці сябрам зь вялікім прафэсыйным вопытам, які дапамог многім з нас, служыў парадамі ў жыцьці й штодзённай працы. Ён вучыў нас належных адносінаў да народнай культуры, да каштоўнасьцяў жыцьця, у тым ліку й да працы. І, урэшце, як чалавек, які ўмеў на ўласны, цяжкі, часам трагічны шлях жыцьця зірнуць з пэрспэктывы часу й гаварыць пра гэта паўжартампаўсур’ёз, а гэта нават праз гады не прыходзіць лёгка”, – гэтыя словы сказаў на вечары, прысьвечаным памяці Марыяна Пецюкевіча 3 лютага 1984 г. дырэктар Торуньскага этнагарафічнага музэю магістар Раман Тубая.
Шматлікія артыкулы ў галіне этнаграфіі, нарысы, успаміны пра сяброў, літаратурныя спробы Марыяна Пецюкевіча засталіся параскіданыя па розных беларускіх і польскіх часопісах міжваеннага часу і ў польскіх этнаграфічных часопісах 60-80 гг., а таксама ў беластоцкай газэце “Ніва”. Некаторыя ягоныя працы былі выдадзеныя асобнымі брашурамі. Усё гэта дае багаты матар’ял.
У 1998 г. у Выдавецтве беларусаў Літвы “Рунь” у Вільні выйшла з друку кніжка ўспамінаў М. Пецюкевіча “Ў пошуках зачараваных скарбаў”. Гэта была першая кніга, выдадзеная ў Вільні пасьля амаль 50 гадоў замоўчваньня тут прысутнасьці беларусаў. Рукапіс кнігі перадалі выдавецтву дочкі Марыяна Пецюкевіча. Аўтар жыва й эмацыянальна апісвае свой шлях да “зачараваных скарбаў” навукі й веды ў міжваеннай Польшчы, цяжкасьці, а часам і зьдзек з боку польскіх уладаў, якія сустракаліся на гэтым нялёгкім шляху. Перад чытачом паўстаюць вобразы жыцьця Марыяна Пецюкевіча: вучоба ў Віленскай Беларускай Гімназіі, служба ў польскім войску, навука ў Віленскім Унівэрсытэце, высылка ў Сыбір, лягеры Варкуты й праца, праца… Чытач, які пазнаёміцца з кніжкай, аўтабіяграфіяй, успамінамі пра бацьку дачкі Марылі стварае вобраз чалавека здольнага, працавітага, які нязломна йдзе раз абраным шляхам, умее знаходзіць сяброў нават у самых экстрэмальных варунках. Ён застаўся ў памяці дачок, старэйшай, Міраславы, якая жыве Торуні, і малодшай Марылі, якую лёс закінуў у Рым, – чалавекам годным памяці й глыбокай пашаны. Ён, як успамінае Марыля, “… для кожнага чалавека меў шмат сардэчнасьці, дабрыні, нёс у сабе спакой, без развагаў працягваў руку помачы. Любіў жывёлы, дрэвы й кветкі, а асабліва свае пчолкі”. Сам Марыян Пецюкевіч закончыў сваю аўтабіяграфію словамі: “Мала я ў жыцьці сваім бачыў сонца, затое шмат было на маім шляху церняў і шчэбеня. За працу на карысьць роднага беларускага народу многа адпакутаваў і фізычна, і маральна. У маёй асабістай ацэнцы праца мая для Радзімы была карысная”.

