МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Антон Антановіч. Сэрыя "Партрэты Віленчукоў", Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, Вільня 2002

Аўтар: Войцік Галіна, Луцкевіч Лявон
Год: 2002
Cерыя: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Літва
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
Сярод пісьменных помнікаў на старабеларускай мове асаблівае мейсца займаюць Аль-Кітабы – кнігі татараў, пісаныя арабскім шрыфтам па-беларуску. Яны адносяцца да 16-17 ст. На тэрыторыі ВКЛ татары пасяліліся ў канцы 14 - пачатку 17 ст., часткова гэта былі палонныя, захопленыя падчас бітваў, часткова перасяленцы, якія пасяліліся на запрашэньне Вялікага князя Вітаўта. Апынуўшыся ў асяродзьдзі, дзе насельніцтва гаварыла па-беларуску, татары хутка асыміляваліся, страцілі сваю мову, захаваўшы аднак рэлігію – засталіся мусульманамі. Беларускай мовай татары карысталіся ня толькі ў побыце, у сям'і, у кантактах з суседзямі, але й пры складаньні сваіх кнігаў – Аль-Кітабаў. Кітабы – рукапісныя зборнікі пра жыцьцё й дзейнасьць Магамеда й ягоных паплечнікаў, біблейскія легенды, апісаньне мусульманскіх абрадаў, павучальныя гісторыі й нават прыгодніцкія аповесьці й казкі.

Гэтыя своеасаблівыя помнікі старабеларускага пісьменства прыцягвалі ўвагу многіх дасьледчыкаў, беларускіх, польскіх, расейскіх, нямецкіх, такіх як Г. Флейшэр, А. Мухлінскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Я. Карскі, І. Крачкоўскі, В. Вольскі, А. Заянчкоўскі, М. Канапацкі ды інш. Над кітабамі й іншымі татарскімі рукапісамі, помнікамі старабеларускай мовы, працаваў і прафэсар Віленскага Ўнівэрсытэту Антон Антановіч.

Антон Антановіч нарадзіўся 4 чэрвеня 1910 г. у вёсцы Козлы недалёка ад Баранавічаў у беднай сялянскай сям'і. Дзяцінства ў яго было цяжкое, бацькам нялёгка было пракарміць, адзець і абуць дзяцей. А тут яшчэ пачалася Першая сусьветная вайна. Чытаць малы Антось навучыўся ад салдатаў, якія стаялі ў іх на кватэры. Вучыўся па малітоўніку, адзінай кніжцы ў доме, чытаў яго так часта, што ўсе малітвы вывучыў напамяць.

У школу пайшоў ужо 11-гадовым хлопцам. Школа была польская, і ня проста было вясковым дзецям вучыцца на чужой мове, тым больш, што настаўнікамі былі палякі з Цэнтральнай Польшчы, якія ня ведалі й не не хацелі ведаць беларускай мовы. У 1928 г. Антось закончыў польскую сяміклясовую школу (Siedmioklasowa Publiczna Szkola imienia A. Mickiewicza). Хлопец быў здольны, добра авалодаў польскай мовай і школу закончыў з агульнай адзнакай "выдатна".

18-гадовы юнак думаў цяпер аб тым, каб здабыць нейкую прафэсію, і вось ён паступіў у Тэхнічную школу ў Вільні. І гэтак з 1928 г. ён жыве, вучыцца, а пасьля й працуе ў Вільні. Тэхнічную школу Антановіч закончыў па спэцыяльнасьці тэхнікпаравозчык. Але напачатку 30-ых гг. і чалавеку маючаму прафэсію знайсьці работу па спэцыяльнасьці было ня лёгка. Асабліва цяжка было ўладкавацца на працу прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў: беларусам, літоўцам, расейцам. Даводзілася шукаць якойнебудзь работы. Антановіч працаваў рабочым пры ўпарадкаваньні берагоў Вяльлі, пасьля рабочым на інвэнтарызацыі тэлефоннай сеткі ў Вільні. У пошуках працы даводзілася й пакідаць Вільню, працаваць тэхнікамчарцёжні

кам на нейкай фабрыцы ў Варшаве, тэхнікам у Баранавічах, нават дырэктарам тарфянога заводу ў тых самых Баранавічах. У 1933 г. А. Антановіч жаніўся, і ягоная жонка сталася ягонай спадарожніцай, памочніцай, падтрымкаю ў цяжкія часы.

У 1942 г. падчас нямецкай акупацыі А. Антановіч закончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы пры Беларускай Вучыцельскай Сэмінарыі й адзін год працаваў настаўнікам беларускай мовы ў Ашмянах. Ад 1942 да 1944 г. ён супрацоўнік Беларускага Музэю ім. І. Луцкевіч а ў Вільні, дырэктарам якога ў той час быў Янка Шутовіч. Тут, у музэі, ён пазнаёміўся й пасябраваў з мастаком П. Сергіевічам і мастацтвазнаўцам В. Дрэмам. Менавіта ў музэі А. Антановіч даведаўся пра йснаваньне дзівосных кнігаў на беларускай мове, пісаных арабскім шрыфтам. У музэйных сховах быў экзэмпляр Аль-Кітабу (няпоўны), знойдзены археолягам І. Луцкевічам у вёсцы СоракТатары, што недалёка ад Вільні. І. Луцкевічу ўдалося пры дапамозе арабіста расшыфраваць фрагмэнт тэксту. Беларуская мова, на якой ён быў напісаны, была блізкай да сучаснай беларускай гаворкі Віленшчыны. І вось А. Антановіча ахапіла жаданьне заняцца вывучэньнем гэтых рукапісаў. Тэхнічная школа, якую ён закончыў, не давала права паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, і Антановіч падрыхтаваў ся й здаў экстэрнам экзамен на атэстат сьпеласьці.

Цяпер нічога не перашкаджала ажыцьцяўленьню плянаў вучыцца далей.

У 1944 г. ён быў узяты ў Чырвоную армію, у полк, які фармаваўся з жыхароў Літвы ў Ярцаве пад Смаленскам. Аднак вайна падыходзіла да канца й полк ня быў накіраваны на фронт.

Дзеля свайго прыгожага почырку й немаладога ўзросту ён працаваў палкавым пісарам. Дэмабілізаваны ён вярнуўся да сям'і, у Вільню.

У верасьні 1945 г. А. Антановіч паступіў на філялягічны факультэт Віленскага Ўнівэрсытэту, на катэдру славістыкі. Антановіч вылучаўся сярод іншых студэнтаў, яму было ўжо 35 гадоў, фактычна апошняя магчымасьць вучыцца на стацыянары. Рэшта студэнтаў была значна маладзейшая – 1825 гадоў. Сярэдняга росту, худы, запалыя шчокі, востры нос, адзеты ён быў заўсёды вельмі акуратна: добра адпрасаваны касьцюм, кашуля, крават, наглянцаваныя боцікі, насіў капялюш, заўсёды гладка паголены, падстрыжаны. Большасьць студэнтаў прыехала з правінцыі, жыла ў інтэрнаце, дзе не было ўмоваў адпрасаваць нагавіцы ці памыць кашулю. А можа проста яны не прыдавалі значэньня свайму выгляду. Адрозьніваўся Антановіч ад сваіх калегаўстудэнтаў і сваім стаўленьнем да навукі. Моладзь, якая трапіла ў вялікі горадсталіцу з правінцыі, старалася "пазнаць жыцьцё". Хлопцы й дзяўчаты хадзілі ў кіно, на вечарыны, сустрэчы, жылі "ад сэсіі да сэсіі". А Антановіча найчасьцей можна было пасьля лекцыяў пабачыць у бібліятэцы, над кнігамі: у яго была адная мэта – навука. За ягоную працавітасьць, здольнасьць, сур'ёзныя адносіны да навукі яго цанілі выкладчыкі, асабліва праф. Абрамовіч. А. Антановіч меў ужо двое дзяцей. Хадзілі чуткі, што жонка разумее й падтрымлівае мужа ў ягонай вучобе, стварае яму варункі для працы.

У 1950 г. вучобу закончыла немалая група літуаністаў, славі стаў, германістаў, англістаў, раманістаў і спэцыялістаў клясычнай філялёгіі. Некаторыя зь іх сталі вядомымі вучонымі: акад. З. Зінкявічус, акад. Л. Мажуліс, праф. Г. Забуліс ды інш.

У іхны лік уваходзіць і праф. А. Антановіч. Першым мейсцам працы А. Антановіча быў Рукапісны аддзел Бібліятэкі Віленскага Ўнівэрсытэту. Такая праца была яму даспадобы, сярод кнігаў ён адчуваў сябе найлепш. Адначасна ён займаўся й выкладчыцкай працай, выкладаў польскую, расейскую, стараславянскую мовы, чытаў лекцыі па палеаграфіі.

Аднак унівэрсытэцкі дыплём быў толькі першым крокам у ягонай навуковай кар'еры. Працуючы ў бібліятэцы, ён пачаў думаць пра дысэртацыю. Ягонай даўняй марай яшчэ з часоў працы ў Беларускім Музэі ім. І. Луцкевіча было заняцца кітабамі й іншымі рукапіснымі тэкстамі на беларускай мове, пісанымі арабскім шрыфтам. Але час для такой працы быў неспрыяльны: кітабамі займаліся многія вучоныя й пра гэта трэба было гаварыць ва ўступнай частцы працы, тады як імёны многіх дасьледчыкаў кітабаў нельга было нават згадваць. Сярод іх і ймя др. Янкі Станкевіча, каторы ў 1926 г. абараніў у Карлавым Унівэрсытэце ў Празе дысэртацыю "Расшыфраваньне й трансьлі тэрацыя Аль-Кітабаў". Праца гэтая карысталася вялікай пашанай сярод мовазнаўцаў, але артыкулы Я. Станкевіча, надрукаваныя ў Менску ў Беларускай Акадэміі Навукаў паслужылі прычынай звальненьня яго з працы віцэстаршыні й сакратара Акадэміі за праяву нацыяналізму. Пасьля вайны, калі др. Янка Станкевіч жыў на эміграцыі, ягонае ймя называць было забаронена.

Былі й іншыя адыёзныя ймёны. Аднак А. Антановіч ня мог пісаць пра кітабы, не назваўшы ўсіх, хто імі займаўся. Гэтага не дазваляла яму этыка вучонага.

І вось ён пачаў шукаць новай тэмы, таксама зьвязанай са старабеларускай мовай, якая была дзяржаўнай у ВКЛ. Такую тэму ён знайшоў. Ягоная кандыдацкая дысэртацыя была прысьвечаная аналізу мовы судовай (актавай) кнігі ковенскага зямельнага суда 1566-1567 гг. Цяпер Рукапісны аддзел Бібліятэкі Віленскага Ўнівэрсытэту быў ня толькі мейсцам працы, але й рабочым габінэтам А. Антановіча. Жывучы ў двухпакаёвай кватэры на вул. Савіч, 4 зь сям'ёй, жонкай і дзецьмі, ён дома паўнавартасна проста ня мог працаваць. У рабочы час ён заставаўся ў бібліятэцы, дзе й працаваў да позьняга вечара. "Асноўная задача досьледу, – пісаў Антановіч у аўтарэфэраце сваёй кандыдацкай дысэртацыі, – дасьледаваць мову судовых кніг, як помніка старабеларускай канцалярскай пісьменнасьці, які паўстаў на літоўскай моўнай тэрыторыі, асабліва зьвяртаючы ўвагу на адбіцьцё ў іх элемэнтаў літоўскай мовы. У гэтай сувязі робіцца спроба акрэсьліць народнасьць пісараў ці іх паходжаньне з адной або другой моўнай сфэры".

У 1961 г. адбылася абарона дысэртацыі, якая прайшла пасьпяхова. Антановіч праявіў сябе як здольны дасьледчык, дакладны, нават пэдантычны ў аналізе матар'ялу. Ягоныя высновы й абагульненьні былі аргумэнтаваныя, пераконваючыя. З абаронай дысэртацыі зьмяніўся статус А. Антановіча, як выкладчыка, палепшылася ягонае матар'яльнае становішча. Ён займаецца выкладчыцкай працай. Ягоныя калегі на катэдры ацанілі пэдагагічныя здольнасьці Антановіча. Ён умеў знаходзіць кантакт з кожным чалавекам, незалежна ад ягонай адукацыі й сацыяльнага статусу, ставіўся да ўсіх проста й пасяброўску, меў пачуцьцё гумару, які цаніў і ў іншых людзях.

Студэнты, каторым ён чытаў лекцыі ці з каторымі вёў практычныя заняткі, таксама падкрэсьлівалі гэтыя рысы ягонага характару. Пляменьніца А. Антановіча, якая была й ягонай студэнткай, успамінае: "Гэта такі быў добры й мудры выкладчык, што мы, студэнты, ніколі не адчувалі паміж ім і намі розьніцы ні ва ўзросьце, ні ў ведах". Апрача выкладчыцкай А. Антановіч вёў і навуковую працу, удзельнічаў у канфэрэнцыях, пісаў артыкулы.

Пачатак 60-ых гг. быў часам пэўнай палітычнай адлігі. Цяпер можна было ўжо называць раней адыёзныя ймёны. І вось Антановіч бярэцца за ажыцьцяўленьне сваёй мары – дасьледаваньне кітабаў. Гэта была надзвычай цяжкая, вымагаючая вялікай акуратнай работы, задача. А. Жураўскі пісаў у Артыкуле "Беларуская мова ў мусульманскай літаратуры": "А. Антановіч у беларускім мовазнаўстве наогул вядомы як спэцыяліст па старажытнай актавай пісьменнасьці, якая ў часы ВКЛ стваралася на беларускай мове на этнічнай літоўскай тэрыторыі.

Заняўшыся пазьней вывучэньнем тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, дасьледчык прысьвяціў гэтай праблеме многа гадоў стараннай творчай працы. Ён увесь час падтрымоў ваў цесную сувязь зь беларускімі філёлягамі, не аднаго разу выступаў перад імі з паведамленьнямі аб выніках свайго дасьледаваньня, і ягоныя работы па вывучэньню гэтых тэкстаў увесь час былі навідавоку беларускіх мовазнаўцаў. Не шкадуючы ні часу, ні ўласных сродкаў, дасьледчык напрацягу многіх гадоў старанна вывучаў важнейшыя кнігасховішчы Савецкага Саюзу, выявіў прыватных асобаў, у якіх яшчэ захоўваюцца такія кнігі, наладзіў кантакты з замежнымі дасьледчыкамі і ўстановамі. У выніку працяглых і карпатлівых пошукаў А. Антановіч у ўдалося скамплектаваць цэлую бібліятэку рукапісаў, напісаных у розныя часы на беларускай і польскай мовах. Сабраныя ім 24 кнігі ў выглядзе фатакопіяў, электраграфічных копіяў і мікрафільмаў у сучасны момант зьяўляюцца адзінай у сьвеце калекцыяй гэтага роду помнікаў".

Аднак зьбіраньне матар'ялу гэта быў першы й, бадай, найлягчэйшы этап працы над арабскімі тэкстамі розных жанраў, алькітабамі, тэфсірамітэкстамі карана на арабскай мове з падрадковым перакладам на беларускую або польскую мовы, тэджвідаў-зборнікаў – правілаў чытаньня арабскага тэксту карана. Перад Антановічам стаяла нялёгкая задача перадаць спосаб адлюстраваньня арабскіх знакаў для беларускіх гукаў так, каб яны дакладна перадавалі арыгінал. Для гэтага трэба было транскрыбаваць і трансьлітэраваць тэкст, прыдумваючы розныя дадатковыя значкі, г. зн. прыдумаць сваю ўласную сыстэму трансьлітэрацыі. Трэба было ня толькі добра вывучыць арабскае пісьмо, але й акрэсьліць ролю тых значкоў у рукапісах, якія ўжывалі татарскія пісары, каб, напрыклад, перадаць беларускія галосныя (у арабскім пісьме галосных няма).

Незвычайна працаёмкая работа заняла шмат часу. Да тагож трэба было перарабіць адпаведна пішучую машынку й самому друкаваць тэкст, бо ніхто іншы зрабіць гэтага ня мог. Ніводная друкарня не магла ў той час набраць тэкст дысэртацыі. Дзякуючы незвычайнай працавітасьці й працаздольнасьці, дысэртацыя А. Антановіча выйшла ў 1968 г. у выглядзе кнігі, спосабам ратапрынту, накладам 560 асобнікаў. Абарона гэтай дысэртацыі, якая называлася "Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графикоорфографическая система", была надзвычайным здарэньнем. А. Жураўскі пісаў: "Дасьледаваньне А. Антановіча заслугоўвае самай высокай ацэнкі й зьяўляецца значным укладам у беларускае мовазнаўства. Яно паказвае, што помнікі, напісаныя арабскім пісьмом, утвараюць вельмі каштоўны дадатак да беларускай кірылічнай пісьменнасьці таго часу. Параўнальнае іх вывучэньне адкрывае магчымасьць пастаноўкі й вырашэньня многіх пытаньняў гісторыі беларускай мовы, у першую чаргу такіх, як праблема адносінаў старой беларускай літаратурнай мовы да народна-гутаркавай, грамадзкакультурнай функцыі беларускай мовы ў старажытнасьці, некаторыя аспэкты беларуска-польскіх моўных адносінаў і інш. Каштоўнымі зьяўляюцца разгледжаныя рукапісы й для вывучэньня многіх пытаньняў гістарычнай дыялекталёгіі беларускай мовы. Вывучэньне іхнай лексыкі дасьць цікавы матар'ял для слоўніка беларускай мовы". А. Антановіч быў у той час адзіным дасьледчыкам, які мог трансьлітэраваць адзначаныя тэксты ў кірылічнае пісьмо. Дысэртацыя была зь вялікім посьпехам абароненая, а ейнаму аўтару прысуджаная ступень доктара філялягічных навукаў.

Вышэйшая навуковая ступень, пасьля тытул прафэсара яшчэ больш узмацавалі статус А. Антановіча на катэдры славістыкі й, наогул, у навуковых колах. Аднак сам А. Антановіч, хіба, ня могбы дамагчыся такіх посьпехаў у навуцы, нягледзячы на сваю працавітасьць і здольнасьць, каб не падтрымка сям'і, а перадусім жонкі, адданай яму, упэўненай, што работа, якою ён займаецца, вельмі важная. Яна ўзяла на сябе, як успамінае дачка Ганна, ня толькі ўсе сямейныя клопаты, але й памагала яму непасрэдна ў ягонай працы, робячы фатакопіі ці іншыя ўспамагальныя работы. Так што тыя чуткі, якія хадзілі пра сям'ю Антановіча яшчэ ў ягоныя студэнцкія гады, мелі сваю рэальную падставу. Антановічы пражылі разам 47 гадоў, яна была для Антона Лёляй, "матушкай", лепшым сябрам і памочнікам.

Кніжка А. Антановіча (доктарская дысэртацыя) была ў бібліятэках СССР у г. зв. абменных фондах, г. зн. за яе ў абмен можна было дастаць кожную патрэбную, нават самую рэдкую, кнігу. Патрапіла яна і ў многія замежныя бібліятэкі, і да прыватных асобаў. Сягоньня – гэта ўжо бібліяграфічная рэдкасьць.

Напісаная доктарская дысэртацыя. Зроблены яшчэ адзін крок угару па прыступках навукі. Але А. Антановіч быў не такі чалавек, каб затрымоўвацца на дасягнутым, ён меў шмат плянаў, праектаў. 27 сьнежня 1970 г. ён піша ў лісьце да дачкі Ганны (Ганна, па мужу Кэнэ, жыве цяпер у Бэрліне, захавала шмат цікавых зьвестак і матар'ялаў пра бацьку): "Заплянаваная падрыхтоўка да друку тэкстаў татарскамусульманскай пісьменнасьці на беларускай (і польскай) мове. Гэтая праца вельмі цяжкая фізычна – вельмі шмат трэба транскрыбаваць тэкстаў і ў працэсе падрыхтоўкі тэкстаў трэба шукаць адказаў на шматлікія пытаньні, якія ўзьніклі ўжо ў працэсе першапачатковай працы над тэкстамі, хоць вядома, што не на ўсе пастаўленыя пытаньні магчыма будзе зрабіць адказ. Праца можа патрабаваць гадоў пяць". У красавіку таго самага году ён пісаў: "На будучыню я абдумваю пляны падрыхтоўкі хрэстаматыі кітабных тэкстаў. Гэта работа на некалькі гадоў". У сваёй далейшай працы А. Антановіч хацеў дапоўніць тое, чаго не ставала ў дысэртацыі й што ягоныя апанэнты лічылі недахопам: падрыхтоў ка самых тэкстаў, хрэстаматыі. Праф. А. Антановіч чытаў лекцыі ў Віленскім Унівэрсытэце, браў удзел у канфэрэнцыях, пісаў артыкулы. Аднак не было дня, каб ён пасьля лекцыі на ўнівэрсытэце не сядаў пры сваім пісьмовым стале й не праводзіў да позьняй ночы за кітабамі. Ён склаў слоўнік тэкстаў, які павінны быў дапоўніць дысэртацыю.

35 гадоў, палавіну свайго жыцьця, Антон Антановіч зьвязаў зь Віленскім Унівэрсытэтам. Ён прайшоў усе прыступкі, падымаючыся ўгару: студэнт, філёлягславіст – супрацоўнік унівэрсытэцкай бібліятэкі, выкладчык, кандыдат філялягічных навукаў, дацэнт, доктар філялягічных навукаў, прафэсар. За гэтыя 35 гадоў ён мала й зьмяніўся, заўсёды заставаўся такі самы: худы, можа на твары паболела зморшчынаў, заўсёды падцягнуты, акуратна адзеты. Ён заўсёды быў сьціплы, у ім было нешта такое, што змушала людзей адносіцца да яго з асабліваю пашанаю. Заўсёды ветлівы, ён умеў і ў вострай палеміцы знаходзіць словы, якія не абражалі суразмоўніка, уважаў, што кожны павінны трымаць сябе ў рамках людзкой прызваітасьці.

Нягледзячы на сваю занятасьць, выкладчыцкую працу ён пасьпяхова спалучаў з навуковай дзейнасьцю, ён знаходзіў час і для сям'і, і для гобі – каляровай фатаграфіі, занятку яшчэ рэдкага ў той час, і для сяброў. Сярод віленскіх беларусаў ён меў нямала прыяцеляў: сярод іх быў мастак Пётра Сергіевіч, які зрабіў партрэт прафэсара Антановіча. Гэты партрэт быў выстаў лены на выставе П. Сергіевіча з нагоды 80гадовага юбілею мастака. На жаль, далейшы лёс партрэту невядомы. Сергіевіч быў хросным бацькам сына А. Антановіча Яраслава (ён ужо не жыве), і з нагоды розных сьвятаў дарыў дзецям сябра свае невялічкія пэйзажыкі. Сябраваў Антановіч і з Станіславам Станкевічам – кнігаром. Гэтае сяброўства, можна сказаць, перайшло й на наступнае пакаленьне – Міраслава Станкевіч (Русак) сябруе й цяпер з Ганнай Антановіч (Кэнэ), яны лістуюцца, Ганна наведвае Вільню.

З Мар'янам Пецюкевічам – этнографам, грамадзкім дзеячом – Антановіч сябраваў аж да канца свайго жыцьця. Пасьля павароту зь лягеру й перад выездам да сям'і ў Польшчу Пецюкевіч на некалькі дзён затрымаўся ў Вільні й жыў якраз у свайго

сябра Антона. Дочкі М. Пецюкевіча, старэйшая Міраслава Штольбэрг-Быблюк і малодшая Марыля Пецюкевіч, добра помняць гэтае сяброўства. Сярод сяброўвіленчукоў быў і Владас Дрэма, колішні супрацоўнік Беларускага Музэю ім. І. Луцкевіча, пасьля ведамы літоўскі мастацтвазнаўца й графік, аўтар унікальнай кніжкі пра Вільню "Загінуўшая Вільня" (Dinges Vilnius), і доктар-стаматоляг Баляслаў Грабінскі, які пасьля вайны жыў у Каліфорніі. У П. Сергіевіча А. Антановіч напэўна сустракаўся зь Янкам Шутовічам, апошнім дырэктарам Беларускага Музэю. Пасьля вайны ў А. Антановіча зьявіліся новыя знаёмствы: з паэтам П. Глебкам, філёлягам, супрацоўнікам Беларусай АН Аркадзем Жураўскім, з жывучым у Маскве гісторыкам Мікалаем Улашчыкам ды інш. З 1956 г. сям'я Антановічаў жыла ва ўласным доме на вул. Мілдос, 21. Там іх наведавалі сябры й знаёмыя. Цяпер у гэтым доме жыве наймалодшы сын Антановічаў Юры з жонкай і дачкою.

Прафэсар Антановіч працаваў над тэкстамі для будучай хрэстаматыі (16-17 ст.), але здароўе не дазваляла інтэнсыўна займацца гэтай працай. За год да свае сьмерці ён неяк сказаў у вузкім коле сяброў, што не баіцца сьмерці, бо зрабіў галоўнае ў сваім жыцьці – дасьледаваў помнікі старабеларускай мовы. Памёр Антон Антановіч 17 сьнежня 1980 г. , пахаваны на Еўфрасіньнеўскіх могілках на Ліпоўцы (Liepkalnis).

Антон Антановіч пакінуў пасьля сябе багатую спадчыну: апрача шматлікіх артыкулаў і дзьвюх дысэртацыяў, ім падрыхтаваныя, пісаныя арабскім пісьмом на старабеларускай мове тэксты для будучай хрэстаматыі, калекцыя рукапісных тэкстаў 16-17 ст. у фатакопіях, мікрафільмах, электраграфічных копіях, матар'ялы для слоўніка да тэкстаў кітабаў. Сабраныя ім рукапісныя тэксты, алькітабы, тэфсіры, тэджвіды зь пераказам на беларускую або польскую мову ды іншыя матар'ялы знаходзяцца сёньня ў Рукапісным аддзеле Бібліятэкі Віленскага Ўнівэрсытэту, там, дзе пачынаў сваю навуковую працу праф. Антановіч. На жаль, ніхто зь ягоных дзяцей не пайшоў сьлядамі бацькі, не працягваў ягонай працы. Дачка Ганна ўспамінае, што яна зьбіралася працаваць у гэтай галіне, вывучыла ўжо арабскі альфабэт і магла чытаць тэксты, пісаныя гэтым шрыфтам. У 1964 г. яна мела намер пачаць працу над дысэртацыяй паводле тэмы алькітабаў, але ў зьвязку зь сямейнымі абставінамі пераехала ў Бэрлін і Міністэрства вышэйшай асьветы Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі на ейнную заяву аб зацьверджаньні тэмы адказала, што НДР не зацікаўленая ў такой тэме. На гэтым усё й закончылася. Аднак у Віленскім Унівэрсытэце знайшліся людзі, якія працягваюць працу праф. Антановіча. У 2001 г. супрацоўніца катэдры славістыкі ВУ Галіна Мішкінене выдала кніжку "Найстарэйшыя рукапісы літоўскіх татараў. Графіка, трансьлітэрацыя, пераказ, структура й зьмены тэкстаў". Гэтая кніжка зьяўляецца дапаможнікам для студэнтаўславістаў. У ёй, апрача характарыстыкі тэкстаў, ёсьць і самыя тэксты, пададзеныя ў транслітэрацыі, так што студэнты могуць аналізаваць іхную старабеларускую мову. Др. Г. Мішкінене кіруе працай дзьвюх магістрантак, якія таксама займаюцца татарскімі тэкстамі, напісанымі па-беларуску.

Цяпер на катэдры славістыкі Віленскага Ўнівэрсытэту ёсьць толькі адзін чалавек, які асабіста знаў, і тое адзін толькі год, праф. Антона Антановіча. Гэта праф. Валеры Чэкман. Ён успамінае свайго старэйшага калегу зь вялікай пашанай як навукоўца й пэдагога.

Людзі адыходзяць у нябыт, але застаюцца іхныя духовыя здабыткі, іхныя працы. Уклад праф. Антона Антановіча ў беларусістыку сапраўды вялікі, ягоныя дзьве дысэртацыі, шматлікі я артыкулы дый незакончаныя працы (хрэстаматыя, слоўнік) гэта багаты матар'ял для далейшага дасьледаваньня старабеларускай мовы. А сам праф. Антановіч, хаця й ня быў ведамы шырокай беларускай грамадзкасьці, дзеля спэцыфікі сваіх досьледаў, – заслугоўвае, каб пра яго ведалі, помнілі й цанілі. Ён быў чалавекам, якому ўдалося зьдзейсьніць мару свайго жыцьця!


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by