МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Аляксандр Уласаў. Сэрыя "Партрэты Віленчукоў", Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, Вільня 2000

Аўтар: Войцік Галіна, Луцкевіч Лявон
Год: 2000
Cерыя: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Літва
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/
У 1904 г. уступiў у Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду. Тадыж у рады грамадоўцаў улiлiся Антон Трэпка i Бранiслаў Тарашкевiч — абодва пецярбургскiя студэнты, Казiмiра Яноўская, Сьцяпан Багушэўскi (студэнт). Напрыканцы 1905 г. Уласаў браў удзел у партыйным (дэлегацкiм) зьезьдзе БРГ. На зьезьдзе была прынятая назва партыi, быў абраны ейны Цэнтральны камiтэт, у якi ўвайшлi I. i А. Луцкевiчы, А. Уласаў, В. Iваноўскi, А. Бурбiс. Напрацягу 1906 г. менскiя грамадоўцы, Бурбiс, Шабуня, Уласаў, Яноўская, Скандракоў, Каганец, Куколь, Лянкоўскiя ды iнш. (Луцкевiчы, каб пазьбегнуць арышту, пераехалi ў Вiльню), разгарнулi шырокую дзейнасьць сярод рабочых i вялi сталую рэвалюцыйную працу на вёсцы. Уласаў разам з Бурбiсам арганiзавалi забастоўку шаўцоў, музыкантаў, цырульнiкаў. Падчас перадвыбарчай кампанii ў Дзяржаўную Думу Ўласаў агiтаваў за кандыдатаў ад дэмакратычных партыяў, праз што патрапiў у няласку да царскiх уладаў. Вельмi важны пэрыяд у дзейнасьцi А. Уласава гэта ягоная праца ў газэце “Наша Нiва”. Як ведама папярэднiцай “Нашай Нiвы” й першай бел. легальнай газэтай была “Наша доля”, арганiзатарам i спонсарам якой быў I. Луцкевiч. Усяго выйшла 6 нумароў “Нашай долi”, газэта мела радыкальны напрамак, яе часта канфiскоўвалi й нарэшце забаранiлi зусiм, а рэдактара й выдаўца Тукеркiса асудзiлi на год крэпасьцi. У “Нашай долi” сабралiся ў адно аддадзеныя бел. справе энтузiясты: I. i А. Луцкевiчы, А. Пашкевiч (Цётка), Ядвiгiн Ш. ды iнш. Яны й пачалi выдаваць новую газэту,”Нашу Нiву”. Выдаўцам i рэдактарам першых 4ох нумароў газэты быў Зыгмунт Вольскi, ад пятага нумару — Аляксандар Уласаў. На ведамым групавым здымку 1910 г. бачым Iвана й Антона Луцкевiчаў i Аляксандра Ўласава — кiруючую тройку газэты. Як найстарэйшы векам, а таксама як той, хто мог зыходзiць за абшарнiка (бацька, расеец, меў фальварак 60 га пад Радашкавiчамi), Уласаў быў найбольш адпавядны кандыдат на рэдактара й выдаўца. Умеў ён таксама знаходзiць таленавiтых людзей i прыцягваць iх да працы ў “Нашай Нiве”. Напачатку выданьня ён нават часткова фiнансаваў газэту, выпрошваючы грошы ў багацейшых знаёмых, бо ягоныя ўласныя даходы зь Мiгаўкi былi мiзэрныя. Але найбольш справай фiнансаваньня займаўся I. Луцкевiч, каторы скупляў антыкварныя рэчы, рэстаўраваў iх, а пасьля прадаваў тыя зь iх, што не датычылi бел. культуры, ды аддаваў грошы на газэту. Фiнансавала зазэту й Магдалена Радзiвiл.

Аляксандар Уласаў быў здольны журналiст, у маладосьцi яму прарочылi кар’еру лiтаратарагумарыста, аднак пiсаў ён на эканамiчныя, аграрныя ды iншыя гаспадарчыя тэмы. Магчыма, што некаторыя перадавiцы ў “Нашай Нiве” напiсаныя Ўласавым. Пэўны час вёў ён таксама й рэдакцыйную пошту, пра што сьведчыць жартаўлiвы стыль адказаў ад рэдакцыi. Сам Уласаў пiсаў ва ўспамiнах, надрукаваных у 1936 г. у часопiсе

“Калосьсе”: “Пачатак беларускай прэсы быў весь на ахвярах i цяжкой начной працы. Паўтара году мы з Антонам Луцкевiчам (А. Навiна) пiсалi ад вечара да ранiцы. Як мы вытрымалi гэтую работу, я не разумею: моладасьць, нязломная воля, энтузiязм. Трэба было вырабляць лiтаратурную мову. Пазьней зьявiлiся памацнiкi”. У “Нашу Нiву” пiсалi Цётка, Ядвiгiн Ш. З 1908 да 1909 у ёй працаваў Янка Купала. У 1912 прыехаў у Вiльню й працаваў стала ў “Нашай Нiве” Зьмiтрок Бядуля. З 1909 г. сакратаром газэты, а ў 191213 гг. i ейным фактычным рэдактарам быў, паводле I. Дварчанiна, Вацлаў Ластоўскi. Тут працаваў i Якуб Колас. У сваiх успамiнах Уласаў пiша: “Прыйшоў у рэдакцыю да нас урэшце i Якуб Колас. Далi яму адпаведную работу. Прысылалi ў “Нашу Нiву” многа вершаў, расказаў карэспандэнцыяў. Колас меў многа працы. З благiх вершаў рабiў добрыя, i местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваiм знаёмым, дзiвiўся разам з iмi: якiя пекныя вершы!

Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю; чалавек ён быў жыцьцярадасны, у жыцьцё нашае “богемы” ўносiў у вольныя хвiлiны многа вясельля. Помню, раз цэлую ноч працавалi ў рэдакцыi на рагу Завальнай i Троцкай у Вiльнi. Колас а гадзiне трэцяй ночы кажа: “Вот бы выпiў гарэлкi!”. “На грошы i купi!” Колас за паўгадзiны вярнуўся з цёмнай вулiцы i кажа: “Няма, усё зачынена! Тут i гэнэрал не дастане!” Пайшоў я. Пытаюся ў гарадавога: “Калi ласка, гдзе тут можна дастаць гарэлкi?” “Ды вось, у стоража пад N 58”...

“За ўвесь час свайго iснаваньня “Наша Нiва” гуртавала ля сябе ўсю сьвядомую Беларусь, на яе старонках вырасьлi лiтаратарныя iменьнi выдатнейшых беларускiх паэтаў i пiсьменьнiкаў,” — пiсаў М. Гарэцкi. Падобным чынам характэрызуе газэту й I. Дварчанiн у прадмове да сваёй “Хрэстаматыi беларускай лiтаратуры”: “Выдатнейшыя дзеячы, якiя стаялi на чале ўсяе працы каля “Нашае Нiвы”, былi: браты Iван i Антон Луцкевiчы, Аляксандар Уласаў, Антон Лявiцкi, Алаiза Пашкевiч i потым усе пiсьменьнiкi, творы якiх будуць тут пададзены”.

У лютым 1914 г. рэдактарам i выдаўцом “Нашай Нiвы” стаў Янка Купала, якi кiраваў газэтай да канца — да восенi 1915 г. А. Уласаў быў рэдактарам сельскагаспадарчага часопiсу “Саха”, якi выходзiў з красавiка 1912 да кастрычнiка 1913 у Вiльнi, у лiстападзесьнежнi 1913 у Менску, пасьля перапынку, у красавiкутраўнi 1920, у Менску й ад сакавiка 1927 да жнiўня 1931 зноў у Вiльнi. Уласаў быў рэдактарам “Сахi” у 191-13, 1915, 1928-9 гг. Ён прыцягнуў да працы шырокае кола аграномаў, студэнтаў сельскагаспадарчага iнстытуту, гаспадароўземляробаў. Сам таксама пiсаў на аграрныя тэмы. Лiчыўся А. Уласаў i рэдактарамвыдаўцом лiтаратурнага й навуковапапулярнага iлюстраванага часопiсу для моладзi Лучынка”, хаця лiтаратурным дый фактычным рэдактарам “Лучынкi” была Цётка. Уласаў выступаў на старонках часопiсу з артукуламi. Выйшла 6 нумароў. Рэдакцыя спрабавала наладзiць выданьне лiтаратуры для дзяцей, выпусьцiла ў ў 1914 г. зборнiк апавяданьняў — пераклад з польскай мовы.

У 1913 г., пакiнуўшы ў “Нашай Нiве” годнага сябе рэдактара Я. Купалу, Уласаў пераехаў зь Вiльнi ў Менск. Там ён распачаў бурлiвую дзейнасьць, i хаця любiў паўтараць: “Усё будзе добра, толькi нiчога ня трэба рабiць!”, — але сам не прытрымоўваўся гэтага прынцыпу. У Менску была адчыненая “Беларуская хатка”, у якой зьбiралiся беларусы, моладзь. У Менску ў той час працавалi У. Галубок, Ядвiгiн Ш. i ягоная дачка Ванда Лявiцкая, З. Бядуля, Ф. Шантыр, Я. Крыўка, А. Смолiч ды iнш. Калi пачалася I Сусьветная вайна, i фронт хутка пасоўваўся на ўсход, у Менск прыехала Л. Сiвiцкая (Зоська Верас). Горад напоўнiлi ўцекачы, i для iх трэба было стварыць сталоўкi, мейсцы начлегу й работы. Уласаў браў актыўны ўдзел у тагачасным жыцьцi Менску.

У 1918-19 гг., калi вайна закончылася, ён надрукаваў у часопiсе “Экономическая жизнь” манаграфiю з гiсторыi аграрнага пытаньня ў Беларусi й дамработнiцкiх промыслаў, сабраў эканамiстаў i пачаў вялiкую работу. Рыскi трактат засьпеў яго ў Радашкавiчах, дзе ён i застаўся жыць у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусi, не спыняючы барацьбы за беларускае школьнiцтва, прэсу. Уласаў быў цесна зьвязаны зь вiленскiм беларускiм асяродзьдзем, што паспрыяла ягонаму абраньню сэнатарам у польскi сойм у 1922 г. На гэтым становiшчы ён шмат зрабiў для абароны правоў беларускага народу ў Польшчы, для асьветы на роднай мове. Яшчэ ў 1921 г. ён пачаў змаганьне за адкрыцьцё бел. гiмназii ў Радашкавiчах, за што адседзеў нейкi час у канцлягеры ў Стжалкове. Вось што пiсала пра знаходжаньне ў iм Уласава ягоная жонка Аляксандра Ўласава ў 1972 г. у лiсьце да Новiка-Пяюна: “Барак дашчаны ды пахлёбка, народу пяць тысячаў, голых, босых. Дзякуючы дыпляматычнаму розуму, А. М. (Аляксандар Мiкiтавiч — заўв. Г. В.) арганiзаваў увесь лягер народу i паслаў заяву ў Лiгу Нацыяў. Прыехала камiсiя ў Варшаву й паехалi ў лягер пераканацца. Варшава закружылася. Распусьцiлi ўвесь лягер, а Ўласава вызвалiлi першай тэлеграмай з Варшавы”.

Ад свайго намеру адкрыць гiмназiю не адступiў i, ужо будучы сэнатарам, абiваў парогi розных iнстанцыяў i, нарэшце, дамогся свайго: атрымаў канцэсiю на адкрыцьцё гiмназii. Польскiя ўлады доўгi час не хацелi зацьвердзiць дырэктара гiмназii, матывуючы гэта недастатковай квалiфiкацыяй кандыдатаў. Ейным дырэктарам стаў Фэлiкс Стэцкевiч, юрыст паводле адукацыi (закончыў Пецярбургскi ўнiвэрсытэт, выкладаў лацiну). У Радашкоўскай Беларускай Гiмназii працавалi Сымон Кароль, Леанiд Шчансновiч, Кацярына Жэлязоўская, Зiнаiда Кароль ды iнш.

Вучнёўская плата за навуку (дый ня ўсе маглi плацiць) была недастатковая для ўтрыманьня гiмназii. Уласаў дапамагаў гiмназii з звайго сэнатарскага ўзнагароджаньня. Апрача таго ён навязаў кантакт з амэрыканскiмi мэтадыстамi, якiя стварылi ў Радашкавiчах два iнтэрнаты, адзiн для дзяўчатак, другi для хлопцаў. Тут вучнi зь бедных сем’яў мелi дах над галавой i харчаваньне. Мэтадысты аказвалi вучням i матар’яльную дапамогу.

Гiмназiя насiла ймя Скарыны, напачатку ў ёй было шмат жыдоў, як i ў Вiленскай Беларускай Гiмназii, але паступова яна рабiлася ўсё больш беларускай. Iснавала яна 7 гадоў, ад 1922 да 1929. За гэты пэрыяд у ёй вучылася 860 вучняў, большасьць зь сялянскiх сем’яў, 120 з каторых закончыла гiмназiю. Летам 1926 г. Уласаў арганiзаваў пры ёй курсы для настаўнiкаў бел. пачатковых школаў, у 1927 г. — курсы для выкладчыкаў iншых бел. гiмназiяў, заняткi на якiх вялiся настаўнiкамi ВБГ: Сяргеем Паўловiчам, Натальлей Банцлебэн, Пятром Шчасным, Алёнай СокалавайЛекант ды iнш.

Польскiя санацыйныя ўлады ўважалi Радашкоўскую гiмназiю за рассаднiк камунiзму ды ўсялякiмi спосабамi перашкаджалi ў працы. Калi ў 1929 г. гiмназiя была зьлiквiдаваная, засталiся неаплочаныя пазыкi — 850 злотых (вялiкiя як на тыя часы грошы!) i заплацiць iх мусiў сэнатар Уласаў, канцэсiянэр гiмназii. У яго, як амаль заўсёды, грошы не было. Ён узяў бохан хлеба й кавалак сала ды пайшоў у Маладэчна адседжваць пазыкi. Павятовы начальнiк папрасiў сьпiс арыштантаў. Чытае: “Уласаў... Хто такi Ўласаў? Гэта сэнатар? Заразжа звольнiць!” Так Уласаў ачысьцiўся ад пазыкаў.

Закрыцьцё гiмназii, у арганiзацыю якой ён уклаў столькi энэргii й клопату, было для яго цяжкiм ударам. Аднак ён працягваў працаваць у ТБШ, гурток якога стварыў у Радашкавiчах. Яшчэ ў 192728 гг. ён адначасна з сэнатарствам спаўняў абавязкi старшынi Галоўнай Управы ТБШ, аддаючы шмат часу працы ў таварыстве, арганiзоўваючы бел. школкi, розныя курсы й iншую культурнаасьветнiцкую працу ў гуртках гэтае масавае ў тыя гады арганiзацыi. Надзея Шнаркевiч, якая ў той час працавала сакратаром у Галоўнай Управе ТБШ, успамiнае: “Хаця арганiзацыя гурткоў i акружных управаў вымагала менш фармальнасьцяў адносна польскай улады, чым адкрыцьцё беларускай школы, усё ж яна, а асаблiва праца ў iх, патрабавала дапамогi паслоў. Паслы ж былi ўжо арыштаваныя. Тут таксама, як толькi мог, дапамагаў сэнатар Уласаў. Частагуста, прыехаўшы ў суботу ў Вiльню, даведаўшыся, што ў нядзелю трэба ехаць у той цi iншай справе на правiнцыю, — ён ня ехаў да сям’i дамоў, каб адпачыць. А трэба сказаць, што такi адпачынак, хаця б невялiчкi, пры ягоным стане здароўя быў неабходны. Уласаў заставаўся начаваць тут у кабiнэце старшынi за шафай. Там на падлозе ляжаў нейкi спружынавы матрац. Тут наш сэнатар клаўся, вымаў з партфэлю кнiгi, каторыя заўсёды меў пры сабе, прасiў загатаваць яму вялiкi чайнiк варатку (быў у нас пяцiлiтровы чайнiк). У гэты вараток ён сыпаў шмат заваркiгарбаты, пiў чай, чытаў, — i так праводзiў частку ночы, а мо i ўсю ноч, бо чайнiк ранiцою быў амаль парожнi, а Ўласаў скардзiўся, што спаў дрэнна. Ранiцою ехаў па нашых справах, а адтуль адразу зноў у Варшаву.

Нягледзячы на стомленасьць, гумар наш сэнатар меў заўсёды добры. Аднойчы, памятаю, гэты ягоны гумар моцна падвёў i яго, i нас. Трэба было арганiзаваць акружную ўправу ў Ваўкавыску. Мы мусiлi сьпiсацца з тамтэйшымi сябрамi адносна памяшканьня з тым, каб, паведамляючы староства пра зьезд, падаць дакладную дату, гадзiну ды адрас памяшканьня. На зьезд староства выслала свайго прадстаўнiка ў постацi палiцыянта або тайнiка. Звычайна такi зьезд адбываўся ў гасьцiнiцы. Вось старшыня Гал. Управы й кажа Ўласаву, што яму давядзецца паехаць на арганiзацыйны зьезд у Ваўкавыск прыблiзна праз два тыднi, у працягу якiх мы пасьпеем сьпiсацца адносна памяшканьня. Сэнатар жа на гэта адказаў, што ня трэба сьпiсвацца, а адразу паведамляць староства й гурткi, што у наступную нядзелю, а 15 гадзiне ў памяшканьнi гасьцiнiцы “Эўропа” адбудзецца зьезд. Мы гэтак i зрабiлi, бо нам фактычна важна было падаць назоў гасьцiнiцы. Праз пяць дзён, у суботу, атрымлiваем ад старосты лiст, у якiм зазначаецца, што ў Ваўкавыску гасьцiнiцы з назовам “Эўропа” няма. Ясна, што зьезд узаўтра адбыцца ня можа i паведамiць сяброў на вёсцы ўжо няма часу. Прыехаў Уласаў. Старшыня паказвае яму лiст ад старосты. Прачытаў, крыху падумаў дый кажа: “Нейкi дзiвосны горад Ваўкавыск. У кожным горадзе ёсьць гасьцiнiца “Эўропа”, а там няма!” Памiнаючы гэты кур’ёзны факт, трэба зазначыць, што акружная ўправа ў Ваўкавыску крыху пазьней была арганiзаваная. Уласаў, дзе толькi была неабходнасьць, стараўся памагчы гурткам у працы”.

Жыў А. Уласаў у сваiм фальварку Мiгаўка. Ён сам гаспадаркай не займаўся, меў арэндатара, каторы яго ашукваў, як мог, i Мiгаўка амаль не давала прыбытку. Сам гаспадар шмат чытаў, вывучаў аграрную праблему ў Беларусi, пiсаў на гэтую тэму артыкулы. Тут, у Мiгаўцы, часта зьбiралiся госьцi: сваякi, знаёмыя, вучнi з бацькамi. Ладзiлiся тэатралiзаваныя прадстаўленьнi, гульнi. Гаспадар быў заўжды рады гасьцям, умеў iх заняць, рассьмяшыць. Вельмi цiкава й вобразна апiсвае Мiгаўку Вера Нiжанкоўская: “Праводзячы шмат часу ў гiмназii, сам дзядзька жыў у Мiгаўцы, куды прыяжджалi да яго беларусы з усiх канцоў Заходняй Беларусi. У Мiгаўцы я пазнаёмiлася й з Бранiславам Адамавiчам Тарашкевiчам. Дзядзька лiчыўся вялiкiм арыгiналам. У ягоным зашклёным ганачку стаяў стол, наўкол лавы, на маленькiм столiку незгасаючы прымус з чайнiнiкам. На стале без абруса — шклянка, цукар, бохан хлеба, кавалак вэнджанай шынкi. Дзядзька, босы, у саматканым касьцюме, аблажыўшыся кнiгамi, чытае й п’е гарбату. Калi прыяжджалi госьцi, Саша аглушальным басам зваў сваю гаспадыню: “Анатоля, гоп, гоп!” Калi госьцi былi Анатолi да спадобы, яна прыносiла яечню, масла, сыр, кiўбасы; калi не — казала, што нiчога няма, i нiякiя ўгаворы дзядзькi не памагалi. У садзе былi спартовыя прылады, i ўся моладзь мусiла практыкавацца. А вечарам у старым доме дзядзька запальваў у камiне, перад iм клалi посьцiкi, мы сядалi на падлогу, пiлi каву й слухалi найчасьцей дзядзку. А старэйшыя сядалi на надзвычай вялiкую канапу, каторая мела каля 5 мэтраў даўжынi.

Калi было горача, дзядзька хадзiў у адных шортах (тады гэта была рэдкасьць), а такi волат, як ён, выглядаў досыць арыгiнальна. Нават здаралiся зь iм анэкдоты. Прыехаў нейкi беларус з ваколiцаў Вiльнi й пайшоў зь дзядзькам у сад. Тымчасам прыйшоў нейкi селянiн па раду. Яго паслалi ў сад, але ён хутка вярнуўся перапалоханы ды кажа: “Там нейкi голы вар’ят ходзе, а каля яго, мусi, фэльчар круцiцца, i ўсё яго ўгаворвае!” Аднаго разу прыйшла нейкая дзяўчына, i яе паслалi ў сад. Яна пайшла й паклiкала: “Пан сэнатар!”. I раптам пачула аднекуль з гары: “Гоп, гоп!” Узьняла галаву, а на дрэве нейкае вялiзнае, праве, голае цела. Ад нечаканасьцi амаль не самлела. Калi дзядзька зьбiраў гасьцей, дык за вячэрай хадзiў каля стала й казаў: “А Божа ж мой, ня ежце гэтак шмат, гэтак вы мяне зруйнуеце!” Госьцi рагаталi, i нiдзе, здаецца, як у яго так смачна ня елi й не пiлi. А сам дзядзька Саша мог зьесьцi яечню зь 10 яек на сале, а ў пост —на алею. Моладзь яго надта любiла за ягоныя жарты, за любоў да спорту, за кнiгi, каторыя ён пазычаў са сваёй багатай бiблiятэкi, за добрыя парады. Увечары прыходзiлi суседзi зь Мiгаўкi, Шалухiчаў, Пяцюлей. Дзядзька чытаў iм газэты й распавядаў, што дзеецца ў сьвеце. Будучы сэнатарам, ён баранiў пакрыўджаных. Каб вучням было лягчэй вучыцца, ён прыняў прапанову мэтадастаў з Варшавы, якiя арганiзавалi ў Радашковiчах iнтэрнат для хлапцоў i дзяўчатаў: такiм чынам яны мелi бязплатную кватэру, сьвятло й апал... На жаль, на новых выбарах ён ужо ў Сэнат не патрапiў”. Надыйшоў 1939 г. Уласаў не заплацiў 100 злотых на ваенную пазыку, за што патрапiў на “чорную дошку”. Далi 4 днi, каб даставiў 60 пудоў жыта. За сабатаж гразiла зьняволеньне ў КуртузБярозе. Але 17 верасьня Заходнюю Беларусь акупавалi савецкiя войскi. Уласаў узяў кошык яблыкаў i, у акружэньнi дзяцей, пайшоў сустракаць Чырвоную Армiю.

Камiтэт беднаты даў яму, як народнаму iнтэлiгенту, 5 га зямлi. Часовая ўправа ў Радашкавiчах зацьвердзiла гэтае пастанаўленьне. Аднак неўзабаве сытуацыя зьмянiлася. Уласаву сказалi, што ён ёсьць “помещик” (60 га), i загадалi пакiнуць Мiгаўку. Яму ў той час было ўжо 65 гадоў, зь iм была жонка ды два сыны. Ён хацеў яшчэ працаваць дзеля дабра Беларусi, цешыў сябе iлюзiямi, што пры новай уладзе зможа пiсаць успамiны, каб паказаць моладзi, як змагалiся за Беларусь пры розных рэжымах. I вось неяк ён паехаў у Маладэчна, зайшоў у аддзел асьветы. Адтуль яго накiравалi ў НКУС. А тамака яму ветлiва сказалi: “Сядьте и опишите подробно свою деятельность”. Ён сеў i напiсаў, амаль 17 старонак. У яго ўзялi напiсанае, перагледзелi й задаволена сказалi: “На обвинительный акт достаточно!” Дамоў ён ужо не вярнуўся.

Жонка шукала яго, стоячы пад вокнамi турмы, дамагалася спатканьня, але дарма. Калi яна прыносiла перадачы й пыталася ў вартавога пра мужа, той казаў: “Ааа, гэты, зь вялiкiмi вусамi... Дык ад яго расказаў рагоча ўся камэра!” Уласава судзiла асобая нарада. Далi яму 5 гадоў лягеру, i 28 лiстапада 1940 г. накiравалi ў Марыiнскi лягер у Навасыбiрскую вобласьць. Дзякуючы моцнаму здароўю, ён дацягнуў да Навасыбiрску. Памёр Аляксандар Уласаў 11 сакавiка 1941 г. Прычына сьмерцi, як запiсана ў пасьведчаньнi, паралюш сэрца. Жонцы й сынам пакiнулi спачатку 5 га й карову, але пасьля арышту й асуджэньня Ўласава, iх вывезьлi ў Паўладарскую вобласьць. Толькi ў 1965 г. Аляксандра Паўлаўна Ўласава вярнулася ў Гомель, дамаглася рэабiлiтацыi мужа й пэрсанальнай пэнсii для сябе. Праз доўгiя гады ймя Аляксандра Ўласава было пад забаронаю. Ягоныя артыкулы й фрагмэнты ўспамiнаў расьцярушаныя па розных газэтах i часопiсах. У энцыкляпэдычным даведнiку “Лiтаратура i мастацтва”, а таксама ў даведнiку “Беларусь” яму прысьвечаныя кароткiя, сухiя, са шматлiкiмi недакладнасьцямi артыкулы. Аляксандар Уласаў нiколi ня гнаўся за славай. У лiсьце да кс. Адама Станкевiча з нагоды юбiлею апошняга ў 1939 г., ён пiсаў: “Я належу ўжо да старэйшага пакаленьня й барабаню пра беларусаў гадоў 50. Усе нашы правадыры на беларускай справе кар’еры не зрабiлi. Жыцьцё iх горкае, мучанiцкае i iдуць яны не па кветках, а па калючках...” Ясна, што, пiшучы гэтыя словы, Аляксандар Уласаў меў на ўвазе й свой уласны лёс, усё сваё жыцьцё, поўнае шчырых парываньняў, радасьцi ад асобных посьпехаў ды горычы ад шматлiкiх расчараваньняў. А было гэта напiсанае напярэдаднi вялiкага пералому, каторы, як не парадаксальна, прынёс яму асабiста яшчэ адно цяжкое i ўжо апошняе расчараваньне...


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by