|
Ксяндзы – сьвядомыя беларусы – дамагаліся права гаварыць казаньні на беларускай мове, спаўняць усе абрады, хрэсьбіны, шлюб, пахаваньне, споведзь ды інш. на роднай мове. Варта згадаць такіх беларускіх каталіцкіх сьвятароў, чые імёны ўпісаныя ў гісторыю беларускага народу, як Кастусь Стэповіч (ён-жа паэт Казімір Сваяк), Язэп Германовіч (ён-жа паэт Вінцук Адважны), Янка Семашкевіч (ён-жа паэт Янка Быліна), Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Глякоўскі, Віктар Шутовіч і Адам Станкевіч, сьвятар, пэдагог, публіцыст, грамадзкапалітычны дзеяч.
Адам Станкевіч паходзіў зь вёскі Арляняты на Смаргоншчыне. З гэтай самай вёскі паходзілі й Станіслаў Станкевіч-Кнігар, уласьнік беларускай кнігарні на вул. Вастрабрамскай; і доктар філялёгіі Янка СтанкевічСпадар (гэтая мянушка прыляпілася да яго праз тое, што ён спрабаваў у міжваенным часе ўвесьці ў беларускую мову словы “спадар” і “спадарыня” замест “пан” і “пані”, якія прыжыліся толькі цяпер); і доктар філялёгіі Стась Станкевіч, каторы пасьля вайны жыў у ЗША, працаваў на радыё “Свабода”, быў шматгадовым рэдактарам газэты амэрыканскіх беларусаў “Беларус”. Варта таксама ўспомніць і Ўладку Станкевічанку, жонку Янкі Купалы. Усе гэтыя Станкевічы былі сваякамі. Але найбольш яскрава з усіх іх вылучалася постаць ксяндза Адама Станкевіча.
Адам Станкевіч нарадзіўся 5 студзеня 1892 г. (24 сьнежня 1891 г. паводле ст. ст.). Дзіцячыя гады правёў у родных Арлянятах. Вучыўся ў Барунскай школе, пасьля ў гарадзкім вучылішчы ў Ашмянах. Пад уплывам свайго настаўніка, сьвятара Адама Лігоўскага, юнак вырашыў пасьвяціць сябе на службу Богу і ў 1910 г. паступіў у Віленскую духоўную сэмінарыю.
Тагачасная Вільня была цэнтрам беларускага адраджэньня. Пад уплывам газэты “Наша Ніва” й знакамітага беларускага адраджэнца Івана Луцкевіча малады клірык сфармаваўся як сьвядомы беларус. Адам Станкевіч пісаў у сваіх успамінах: “Быў я тады вучнем Вiленскай каталiцкай духоўнай сэмiнарыi. Зярнё беларускай нацыянальнай сьведамасьцi, засеянае несьмяротным Багушэвiчам праз яго «Дудку» i «Смык» i пашыранае «Нашай Нiвай» i «Беларусам», пранiкла i да нас у сэмiнарыю. Арганiзаваўся тут у нас беларускi гурток, была беларуская бiблiятэчка, адбывалiся разважаньнi i спрэчкi на беларускiя адраджэнскiя тэмы. Узьнiкалi пытаньнi, адказ на якiя быў нам не пад сiлу. Трэба было шукаць помачы ўвонках нашай вучэльнi. Апорай нашым слабым маладым сiлам была мiж iншым i рэдакцыя «Нашай Нiвы»,а ўёйперадусiм Iван Луцкевiч. Помню, як пры першым маiм з iм знаёмстве, ахвотна i вычэрпаюча даваў ён мне адказы на мае сумнiвы, як свае доказы падкрапляў рэчамi з беларускай мiнуўшчыны, якiя там у яго былi зграмаджаны, а з якiх пазьней вырас сяньняшнi слаўны Беларускi Музэй у Вiльнi iм. Iвана Луцкевiча, помню я ўрэшце, як ён горача заахвочваў нас, маладых, да працы на нiве беларускага адраджэньня, а перадусiм на нiве беларускай культуры.
Адноўленым я варочаўся тады ад Iвана Луцкевiча ў муры сваёй сэмiнарыi, у маёй духовай уяве маляваўся стройны абраз слаўнай беларускай мiнуўшчыны, якая была, цьвiла i заняпала, а якую для дабра забытага беларускага народу трэба нанова абудзiць да жыцьця i паставiць на ногi. Тым усiм, што я пачуў ад Iвана Луцкевiча, дзялiўся я з сваiмi таварышамi, супольна паглыблялi мы i разьвiвалi беларускую нацыянальную iдэю i сьнiлi залатыя сны аб будучыні Беларусi”.
У 1914 г. Адама Станкевіча, як выдатнага вучня, рэкамэндавалі на вучобу ў Санкт-Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Ён меў рэкамэндацыі ня толькі ад сэмінарыі, але й ад нашаніўцаў. Таму ён лёгка ўліўся ў грамаду пецярбугскай беларускае моладзі, што гуртавалася каля праф. Браніслава Эпімаха Шыпілы, беларускага вучонага, грамадзкага дзеяча, выкладчыка старажытнагрэцкай мовы ў каталіцкай духоўнай акадэміі. У Пецярбургу Адам пазнаёміўся зь Янкам Купалам, Цішкам Гартным, Браніславам Тарашкевічам, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім, Тамашом Грыбам, Лявонам Зайцам, Язэпам Варонкам, з айцамі Фабіянам Абрамовічам, Вінцэнтам Гадлеўскім. У такім бліскучым асяродзьдзі пашчасьціла жыць і вучыцца маладому слухачу духоўнай акадэміі.
У 1918 г. ён здаў экзамены, быў пасьвячоны ў ксяндзы, абараніў тэзісы на кандыдата багаслоўя ды пачаў рыхтаваць магістэрскую працу “Вучэньне Сьв. Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнаньні з сучаснай тэорыяй свабоднага саюзу”. Аднак, заняўшыся праблемамі нацыянальнага беларускага адраджэньня, сваю магістэрскую працу ён не абараніў.
24-25 траўня 1917 г. у Менску праходзіў зьезд беларускіх сьвятароў, на якім была заснаваная Беларуская Хрысьціянская Злучнасьць, сябрам якой становіцца й малады сьвятар Адам Станкевіч, ён-жа быў і адным з заснавальнікаў тыднёвай каталіцкай газэты “Крыніца”, якой аддаў шмат гадоў у якасьці ейнага рэдактара й выдаўцы. Газэта выдавалася спачатку ў Петраградзе, а з 1919 г. – у Вільні, лацінскімі літарамі (“лацінкаю”). Яна была, бадай, адзінай беларускай газэтай, якая выходзіла напрацягу 23 гадоў (1917 – 1940).
Пасьля заканчэньня духоўнай акадэміі кс. Адам пачаў сваю касьцельнапастырскую дзейнасьць, спачатку ў Дзісьненскім касьцёле, а пазьней, з 1919 г., у Віленскім касьцёле Сьв. Мікалая, у гэтым найстарэйшым у Вільні мураваным касьцёле, пабудаваным у стылі готыкі на мейсцы колішняга драўлянага касьцёлу, каторы амаль бяз зьменаў і пераробак захаваўся да нашага часу. У міжваенны пэрыяд касьцёл Сьв. Мікалая дзялілі спаміж сабою беларусы й літоўцы. Беларускія набажэнствы адпраўляў кс. Адам Станкевіч. Сюды з усяе Вільні прыходзілі беларусывіленчукі, вучні Віленскай Беларускай Гімназіі. Апынуўшыся ў Вільні, кс. Адам заняўся й культурна-асьветніцкай працай. Ён быў адным з заснавальнікаў Прытулку для беларускіх дзяцей сіротаў. Яго праз доўгія гады ўспаміналі добрым словам гадунцы прытулку, між іншым Янка Багдановіч.
Кс. Адам уваходзіў разам зь Іванам Луцкевічам, Алёнай Сакаловай-Лекант, Леанілай Чарняўскай (жонка Максіма Гарэцкага), Аляксандрам Міхалевічам і Юліяй Мэнкэ ў ініцыятыўную групу, якая дамагалася стварэньня беларускай гімназіі ў Вільні. І калі 1 лютага 1919 г. пачала працаваць Віленская Беларуская Гімназія, Адам Станкевіч выкладаў у ёй рэлігію (для каталікоў) і лацінскую мову (лаціну). Прапрацаваў ён у ВБГ напрацягу ўсяго ейнага існаваньня, зь невялікімі перапынкамі. Так у 1938 г. яго “саслалі” ў Слонім і рэлігію ў гімназіі выкладаў кс. Станіслаў Глякоўскі. У 193940 нав. годзе (пасьля далучэньня Вільні да Літвы) кс. Адам быў дырэктарам Віленскай Беларускай Прагімназіі, якая была створаная дзякуючы ягоным намаганьням ды добрым кантактам зь літоўцамі. (Большасьць вучняў гімназіі выехала тады разам з дырэктарам Барысам Кітам у Навагрудак і ўдалося скамплектаваць толькі дзьве малодшыя клясы).
У ВБГ былі толькі два выкладчыкі, каторых называлі па ймёнах, не ўжываючы прозьвішчы, гэта – пані (цётка) Алёна (Сокалава Лекант) і ксёндз Адам (Станкевіч). Так вучні дый настаўнікі выказвалі сваю глыбокую пашану й любоў да іх.
Былы вучань гімназіі Марыян Пецюкевіч у кнізе сваіх успамінаў “У пошуках зачараваных скарбаў” (вва “Рунь”, Вільня, 1998 г.) пісаў: “Думаю ня будзе перабольшаньнем, калi скажу, што ў калектыве пэдагогаў Вiленскай Беларускай Гiмназii, праз усе гады ейнага йснаваньня, не было яму роўнага. Ягоныя адносiны да вучняў былi і бацькоўскiя, i сяброўскiя, адносiны і настаўнiка, і вельмi разумнага, дыпляматычнага выхаваўцы.
Ягоныя лекцыi, цiто Закона Божага, цiто лацiнскай мовы, былi найбольш карыснымі гадзiнамі ў атмасфэры напружанай, але лёгкай, прыемнай працы. Гэтыя лекцыi абапiралiся не на падручнiкi да прадмету, а былi займальнымi, фiлязофскалюдзкiмi, жыцьцёвымi, «прыземленымi» гутаркамi. Мэта ягоных лекцыяў – пасеяць у душы моладзi любоў да свайго народу, гатоўнасьць аддаць сябе справе ягонага адраджэньня, а таксама пасеяць здаровае зерне глыбокай маралi, этыкi, гуманiзму, якiя вынiкаюць з хрысьцiянскага эвангелiчнага вучэньня”. Вітаўт Тумаш, таксама абсальвэнт ВБГ, у сваіх успамінах падкрэсьлівае прыгожую беларускую мову, на якой гаварыў ксёндз Адам: “Ягоная мова вызначалася асаблівай літаратурнасьць, характэрнай для нашаніўцаў”.
Усе былыя вучні ВБГ узгадваюць атмасфэру рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасьці, якая панавала ў гімназіі. Большасьць выкладчыкаў і вучняў былі праваслаўныя, каталікі стваралі меншасьць, былі яшчэ эвангелікі й мусульмане. Але, дзякуючы перадусім кс. Адаму Станкевічу, паміж імі не было варожасьці, яны ставіліся адзін да аднаго з пашанаю. Ксёндз Адам, які сам быў амаль бяззьменным выкладчыкам Закона Божага ў гімназіі, умеў наладзіць кантакт з праваслаўнымі сьвятарамі-выкладчыкамі, каторыя досыць часта мяняліся: у гімназіі працавалі сьвятары Кульчыцкі, Багдановіч, Дзячкоўскі, Коўш, – і з усімі імі кс. Адам падтрымліваў сяброўскія адносіны. Ён добра разумеў, якую шкоду прыносіць беларускаму народу раздзяленьне на праваслаўных і каталікоў, як яно спрыяе ягонай русыфікацыі й палянізацыі.
У 11-ым нумары “Крыніцы” ад 30 лістапада 1919 г., надрукаваны артыкул “Куток аб Уніі” за подпісам кс. А. С., дзе аўтар піша: “У справе веры ў душы беларуса няма супольнага грунту дзеля паразуменьня. Калі хочам дайсьці да еднасьці ўсіх беларусаў, калі хочам справы сьвятой Уніі ў Беларускім краі, калі гэта справа для нас сьвятая – перадусім мусім старацца адрадзіць беларусаў на груньце народным, мусім пашырыць сьвядомасьць, што як беларусыкаталікі, так і беларусы-праваслаўныя – сыны адной МаціБеларусі, братыбеларусы… Значыць, шырыць народную сьвядомасьць між шырокай сялянскай грамадою, працаваць дзеля беларускага народнага адраджэньня, – тое самае, што працаваць дзеля зьяднанасьці касьцёла й царквы, працаваць дзеля сьвятой справы Уніі”. І так пастырская й асьветніцкая праца стваралі паводле кс. Адама адно цэлае, і трэба было выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб знаходзіць шырокую беларускую аўдыторыю, не абмяжоўваючыся касьцёлам і гімназіяй. Таму Адам Станкевіч быў змушаны займацца палітыкаю, а таксама публіцыстыкаю.
Як лідар Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі (БХД) і ейны ідэйны правадыр, ён змагаўся ня толькі за беларускую мову ў сьвятынях, але й за навуку на роднай мове, за правы беларускіх сялянаў, за беларускае прадстаўніцтва ў ворганах улады, за аўтаномію Заходняй Беларусі.
У 1922 г. былі назначаныя выбары ў Сойм і Сэнат Польскай Рэспублікі. Быў створаны Беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт, скарбнікам якога стаў Адам Станкевіч. БХД ішла на выбары ў саюзе зь Беларускай СацыялДэмакратычнай Партыяй, Партыяй Незалежных Сацыялістаў ды іншымі палітычнымі згуртаваньнямі. На гэтых выбарах у Сойм было выбрана 11 паслоў, сярод якіх быў і Адам Станкевіч, і 5 сэнатараў. Трыбуна Сойму давала магчымасьць ставіць афіцыйна многія пытаньні й зварочвацца ня толькі да жыхароў Заходняй Беларусі, але й да іншых нацыянальных меншасьцяў.
Пасольскі мандат даваў магчымасьць больш шырокай дзейнасьці: была заснаваная друкарня ймя Ф. Скарыны й Беларускае каталіцкае выдавецтва, а таксама Інстытут Гаспадаркі й Культуры, які прайснаваў да 1936 г. Апрача газэты “Крыніца” пачалі выходзіць і іншыя часопісы, ініцыятарам і фундатарам якіх быў Адам Станкевіч, а гэта: “Хрысьціянская Думка”, “Шлях Моладзі”, “Самапомач” і літаратурна-мастацкі часопіс “Калосьсе”. Як у “Шляху Моладзі”, так і ў “Калосьсі” друкавалі свае творы пісьменьнікі розных палітычных напрамкаў: сацыялдэмакрат Антон Навіна (Антон Луцкевіч), камуністы Максім Танк і Міхась Васілёк, беспартыйныя Натальля Арсеньева й Зоська Верас, хадэкі Янка Шутовіч і Марыян Пецюкевіч ды інш. Пачаў пісаць і сам Адам Станкевіч.
У 30-ыя гг., калі пачалася фашызацыя Польшчы, становішча нацыянальных меншасьцяў у краіне рабілася штораз цяжэйшае. Дзейнасьць БХД й самога Адама Станкевіча сустракаў супраціў з боку польскіх уладаў, як сьвецкіх, так і касьцельных. Шавіністычна настаўлены арцыбіскуп Яблжыкоўскі назваў БХД “агентурай бальшавізму” й забараніў каталікам, асабліва ксяндзам, уступаць у гэтую партыю й чытаць газэту “Крыніца”.
Віленскі ваявода Бацянскі рабіў усё магчымае, каб зьнішчыць пляцоўкі асьветы на беларускай мове. Адна за адной зачыняліся беларускія гімназіі, нарэшце засталася адзіная Віленская Беларуская Гімназія, і тая, калі ў 1933 г. зрабілася дзяржаўнай, страціла сваю самастойнасьць і была толькі філіяй польскай гімназіі ймя Ю. Славацкага.
У 1938 г. польскія ўлады выслалі Адама Станкевіча ў Слонім, дзе ён і пражыў да разгрому Польскай Рэспублікі. Калі 17 верасьня 1939 г. Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь і ўвайшла ў Вільню, кс. Адам перайшоў літоўскую мяжу й знайшоў прытулак у Коўне. Ён нават угаворваў Антона Луцкевіч а пакінуць Вільню ды ехаць зь ім, але апошні адмовіўся, магчыма, што яму з двума сынамі, Юрыем і Лявонам, цяжэй было рашыцца пакінуць сваё гняздо. Пасьля перадачы Вільні й Віленскага краю Літве, Адам Станкевіч вярнуўся ў Вільню, дзе быў назначаны дырэктарам Беларускай Прагімназіі. У 1940 г., калі Літва “дабраахвотна” ўвайшла ў склад СССР, Адама Станкевіча звольнілі з працы, дый рэлігія не ўваходзіла ў праграму навучаньня новых школьных савецкіх уладаў. У гэты час кс. Адам займаецца пастырскаю дзейнасьцю.
Пражываў кс. Адам у раёне Зарэчча на вуліцы Полацкай 9/4, уваход з брамы. У ягонай кватэры пабывала не адно пакаленьне гімназістаў, якім ён ня раз памагаў матар’яльна. Частымі госьцямі тут былі сябры па БХД, заходзілі й беларусы, што трымаліся іншых палітычных поглядаў. Для ўсіх заўсёды знаходзілася шклянка гарбаты й цікавая, шчырая гутарка, часам добрая парада. Кс. Адам меў вялікую бібліятэку, зь якой карыстаўся ня толькі ён сам, але й многія, хто цікавіўся беларускай справай. На сьцяне аднаго з пакояў вісеў вялікі партрэт беларускага сьпевака Міхася ЗабэйдыСуміцкага работы мастака Пётры Сергіевіча. З Забэйдам кс. Адам быў добра знаёмы, сустракаўся зь ім кожнага разу, калі сьпявак прыяжджаў з канцэртамі ў Вільню. Быў тут і партрэт самога кс. Адама, таксама работы Сергіевіча.
22 траўня 1941 г. на кватэры быў зроблены вобыск. Захаваўся пратакол вобыску: былі ўзятыя пашпарт, асабістая перапіска, кнігі.
Падчас нямецкай акупацыі 194144 гг. кс. Адам зноў выкладаў рэлігію ў ВБГ і зьяўляўся пробашчам касьцёла Сьв. Міхала, дзе й адбываліся набажэнствы для беларусаў. Фундатарам гэтага прыгожага касьцёла ў стылі барока быў Вялікі Канцлер Літоўскі Леў Сапега, у касьцёле захавалася надмагільле Льва Сапегі й ягоных двух жонак. Месьціцца касьцёл насупраць гатыцкага ансамблю касьцёла Бэрнардынаў і Сьв. Ганны. У сутарэньнях касьцёла Сьв Міхала са згоды кс. Адама супрацоўнікі Беларускага Музэю ім. Івана Луцкевіча схавалі перад адыходам немцаў найбольш каштоўныя музэйныя экспанаты, каб зьберагчы іх ад разрабаваньня. Экспанаты захаваліся ў цэласнасьці, але неўзабаве пасьля прыходу ў Вільню ў ліпені 1944 г. Чырвонай Арміі былі ліквідаваныя апошнія ў горадзе беларускія ўстановы, Беларускі Музэй і Віленская Беларуская Гімназія. Экспанаты музэю былі разьдзеленыя паміж Літ. СССР і БССР.
У сьнежні 1944 г. кс. Адам быў арыштаваны, магчыма, што гэты арышт быў зьвязанае з мэмарандумам Савецкаму ўраду, у якім Адам Станкевіч падаў распрацаваны ім плян арганізацыі каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Празь нейкі час яго выпусьці лі з вастрогу. У Вільні не было ўжо ніякага беларускага грамадзка-культурніцкага жыцьця, цалкам зьніклі беларускія ўстановы й пэрыёдыка дый рады беларускае інтэлігенцыі парадзелі, а хто ўратаваўся ад зьняволеньня ў 1939 г., жыў цяпер пад пагрозаю арышту.
Кс. Адам заняўся выключна пастырскай дзейнасьцю, адпраў ляў набажэнствы, спавядаў, заўсёды гатовы быў паехаць, нават у аддаленыя вёскі, каб ахрысьціць дзіцё, зьвязаць шлюбам маладую пару ці правесьці ў апошні шлях памерлага, памаліцца над ягонаю магілаю. Аднак над ім увесь час вісеў Дамоклаў меч – магчымасьць новага арышту. І быццам у прадчуваньні непазьбежнага, ён напісаў ліст, які называў “Мая апошняя воля”: “На выпадак прымусовага майго выезду зь Вільні, або на выпадак сьмерці маёй, усю рухомую маёмасьць (бібліятэку, адзе-жу, хусьце, пішучую машынку і ўсё іншае) перадаю Мар’яне й Ганьне Шутавічанкам (Вільня, Полацкая вул. 9/4) на іх поў ную ўласнасьць. Гэта мая ім скромная падзяка (асабліва Мар’яньке Ш.) за іх даўгалетнюю працу й апеку. Адносіны нашы заўсёды былі самыя чыстыя й шчыра прыязныя. У маёй даўгалетняй працы на ніве Божай і беларускай народнай мае сьлёзы й мая радасьць былі таксама іх слязамі й іх радасьцю. Сэрца маё да іх поўнае ўдзячнасьці й прыязьні. Паручаю іх Боскай апецы й сам паручаюся іх малітвам і іх мілай памяці. Паручаю таксама іх памяці сваю дарагую старушкуматку й дачушку маёй нябожчыцысястры Ганны – маленькую Вальцю. Сьвятар Адам Станкевіч уласнаручна”.
У красавіку 1949 г. кс. Адам Станкевіч быў зноў арыштаваны. Па Вільні хадзілі чуткі (і гэтае пасьля было паўторанае ў кнігах некаторых беларускіх дасьледчыкаў) што Адам Станкевіч быў абвінавачаны не ў нацыяналізьме ці рэлігійнай прапаганьдзе, а ў шпіянажы на карысьць… Японіі. Аднак ня так даўно, у 1999 г., віленскі гісторык Сяржук Вітушка перагледзеў справу Адама Станкевіча, якая перахоўваецца ў архіве Музэя КДБ ў Вільні. Ён піша: “Справа N 15895 абвiнавачаньня Станкевiча Адама Вiкенцьевiча ў злачынстве прадугледжаным арт. 584 i 5810 II УК РСФСР складаецца з аднаго тому, у каторы апрача самой сьледчай справы падшытая яшчэ адна справа N 2661 за 1944 г. на таго самага Станкевiча, а таксама дадаткi: маёмасная справа й дзьве назiральныя. З гэтых дакумантаў вынiкае, што наш шаноўны ксёндз А. Станкевiч тры разы «гасьцяваў» у будынку КДБ. Першы раз у 1941, другi – у 1944, трэцi – у 1949 годзе. Апошнi раз стаўся ракавым…
Арыштаваны ксёндз А. Станкевiч быў 13.04.49. Падчас арышту ў ягонай кватэры быў праведзены ператрус, на маёмасьць быў накладзены арышт. З сабой сьледчыя забралi 38 лiстоў асабiстай перапiскi, 60 фатаздымкаў, рукапiсы, нататнiкi, сшыткi. Прыхапiлi таксама 15рублёвую залатую царскую манэту й пярсьцёнак. Пазьней, у часе сьледзтва, на кватэры Станкевiча, на вул. Полацкай 9/4, быў яшчэ адзiн ператрус. Зноў забралi кнiжкi, аўтарам якiх быў сам ксёндз Адам, розныя iншыя кнiгi, часопiсы й газэты. Ксёндз Станкевiч быў вядомай асобай. Менавiта як «славуты кiраўнiк беларускага буржуазнадэмакратычнага руху» ён i быў арыштаваны. Пастанову на арышт падпiсаў опэрўпаўнаважаны аддзелу «О» МДБ ЛССР лейтэнант Бушуеў i iншыя вышэйшыя начальнiкi.
Допыты праводзiў старэйшы сьледчы 1-га аддзелу сьледчай часткi МДБ Літ. ССР капiтан Трубачыстаў. Допыты часта пачыналiся аб 9ай, 10ай вечара й заканчвалiся аб 4-ай, 5-ай ранiцы.
Падчас сьледзтва гэбiсты «вывучалi» гiсторыю Беларусi. Ксёндз Адам распавядаў сваю багатую бiяграфiю. Дзяржаўны архiў Літ. ССР падрыхтаваў гiстарычныя даведкi пра дзейнасьць Беларускага нацыянальнага камiтэту ў Вiльнi. Як i трэба было чакаць, «гiсторыкi» зь дзяржбясьпекi прызналi дзейнасьць ксяндза Станкевiча злачыннай. Ён абвiнавачваўся ў наступных «грахах»:
1. Быў сябрам, а з 1922 па 1928 – кiраўнiком Беларускай хрысьцiянска-дэмакратычнай партыi.
2 i 3. 3 1919 па 1941 быў сябрам БНК, уваходзiў у прэзыдыюм, быў скарбнiкам гэтае арганiзацыi.
4. Сам асабiста напiсаў цэлы шэраг «антысавецкiх» кнiжак: «Да гiсторыi беларускага палiтычнага вызваленьня», «Хрысьцiянства й беларускi народ» ды iншыя.
5 i 6. Быў рэдактарам газэты «Крынiца», «Хрысьцiянская думка», друкаваўся ў «Калосьсях».
7. Быў дэпутатам польскага сойму.
8. Выступаў у касьцёлах з казаньнямi антысавецкага зьместу”.
31 жніўня 1949 г. Асобая Нарада пры Міністэрстве дзяржаўнай бясьпекі СССР прысудзіла А. Станкевічу 25 гадоў лягероў. Ён быў адпраўлены ў “Азерлаг” у Тайшэцкім раёне Іркуцкай вобласьці. 4 сьнежня 1949 г ., праз тры месяцы пасьля прысуду, кс. Адам памёр, маючы ўсяго 57 гадоў.
У 1990 г. супрацоўніца Беларускага музэю гісторыі рэлігіі ў Горадні Н. Ляшчонак атрымала з МУС СССР паведамленьне: “Сообщаю, что по учётам ИЦ УВД имеется Станкевич Адам Викентьевич, 1891 г. рождения, осуждён Особым Совещанием МГБ СССР 31.VIII.1949 г. по ст. 58 УК РСФСР на 25 лет лишения свободы. Умер XII.1949 г. от ожирения сердца (?). Похоронен на кладбище Озерлага вблизи деревни Шевченко Тайшетского р-на, Иркутской области. Могила № 343. Начальник отдела В. В. Пятница”. Вось такая афіцыйная даведка. Але захаваліся ўспаміны сьведкі сьмерці й паховінаў ксяндза Адама, таксама вязьня Азерлагу, Віктара Сікоры, каторы трапіў туды зь Якуцкіх залатых капальняў. Сікора ўспамінае: “Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэту – гэта пахаваньне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы й кажуць: “Ксёндз у нас памірае, як-бы вады знайсьці?”А ў нас там вады не было. Рабілі сьвідравіны, але да 84-мэтровай глыбіні яе не знайшлі дый не маглі прабіцца глыбей – далей была скала. А рэчка знаходзілася аж у 7-мі кілямэтрах ад лягеру. Зьбіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам зьбіраць сьнег і тапіць яго. Ужо пазьней далі нам машыну, і мы вазілі лёд зь невялікай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, прысыпалі пілаваньнем.
Дык вось, просяць літоўцы вады. “А адкуль ён? – пытаюся. “Зь Вільні!” – адказваюць. Я прынёс сьнегу, растапіў яго й яны панесьлі ваду. Пасьля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: “А вы скажыце, прозьвішча ксяндза не Станкевіч?” “Станкевічус Адомас”, – адказваюць яны. Распытаў, у якім бараку ён ляжыць пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы. Яго цяжка было пазнаць”. Як у нямецкіх, так і ў савецкіх лягерох праводзілася практыка: нябошчыкам разьбівалі галаву й прабівалі грудзі, каб часам хто не зьбіраўся ўцячы пад выглядам памерлага. Віктар Сікора бачыў на свае вочы, як гэта зрабілі з ксяндзом Адамам. Ён хацеў пахаваць яго, правесьці ў апошнюю дарогу… Гэтага зьдзеку над нябошчыкам ён не забыў праз усё сваё жыцьцё. Там, у Азерлагу, напэўна, і сьледу няма ад той магілы, на якой стаяў слупок з нумарам № 343. Вязьні ў лягеры насілі нумары, імя й прозьвішча не ўжывалася, так і хавалі з нумарам. На радзіме Адама Станкевіча ў Арлянятах ёсьць помнік, ён пастаўлены на магіле маці, але прысьвечаны й сыну. На помніку надпіс: “Кс. Адам Станкевіч. 1891 – 1949. Выдатны грамадзка-культурны дзеяч, палымяны патрыёт Беларусі. Памёр у Іркуцкай вобласьці. Вечная яму чэсьць і слава! Высока ў буру і ў нягоду Ты родны сьцяг і крыж трымаў, Між беларускага народу Сьвятую праўду засяваў”. А на цокалі помніка напісана: “Антаніна Станкевіч. 1856 – 1944. Маці кс. Адама. Душам іхнім неба!”.
Няшмат ужо засталося людзей, якія асабіста ведалі кс, Адама. Яны захавалі памяць пра яго – добрага, спагадлівага чалавека, пэдагога, грамадзкага дзеяча, выдатнага прамоўцы. Але найлепш адлюстроўваюць погляды й патрыятызм Адама Станкевіча ягоныя незьлічоныя артыкулы й кніжкі. Нягледзячы на занятасьць – апрача душапастырскай і пэдагагічнай працы кс. Адам вёў шырокую грамадзкую й палітычную дзейнасьць: з 1922 па 1928 г. быў паслом Рэчы Паспалітай Польскай; быў адным з кіраўнікоў Беларускага пасольскага клюбу (1922 – 1930), Беларускага Нацыянальнага Камітэту (1921 – 1938), Таварыства Беларускай Мовы (1921 – 1938), Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры (1926 – 1936), лідарам Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратычнай Партыі – Адам Станкевіч знаходзіў час і для публіцыстычнай дзейнасьці. Ягоныя артыкулы друкаваліся ў “Крыніцы”, часопісах “Хрысьціянская Думка” й “Калосьсе”, а напачатку свае дзейнасьці ён друкаваўся ў газэце “Наша Ніва”, “Сьветачы”, “Дзяньніцы”, “Гомане”. Беларускі дасьледчык Уладзімір Конан налічыў каля тысячы артыкулаў Адама Станкевіча, але й многія перадавіцы ў “Крыніцы”, “Хрысьціянскай Думцы” ды інш. беларускіх пэрыёдыках, якія, як вядома, не падпісваліся, маглі выйсьці зпад пяра кс. Адама.
Апрача артыкулаў Адам Станкевіч напісаў і выдаў 19 кніжакі брашураў. Тэматыка іх разнародная, ёсьць працы на багаслоўскія тэмы, літаратурнакрытычныя ды філялягічныя працы.
Сярод іх важнае мейсца займаюць працы ў пытаньнях рэлігіі, прычым рэлігія заўсёды зьвязваецца ў іх з нацыянальным пытаньнем і пытаньнем карыстаньня беларускай мовай у касьцёле. Сюды адносяцца: манаграфія “Родная мова ў сьвятынях” (Вільня, 1929), каторая спачатку друкавалася ў “Хрысьціянскай Думцы”, “Беларускі хрысьціянскі рух” (Вільня, 1939), “Хрысьціянства й беларускі народ” (Вільня, 1940), зборнік “Божае слова. Лекцыі, эвангеліі й прамовы на нядзелі й сьвяты” (Львоў, Вільня, 1938) і ўнікальная кніжачка “Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу. На беларускую мову пераклаў Ад. Ст.” (Вільня, 1943).
Адам Станкевіч быў аўтарытэтны ў Вільні й Заходняй Беларусі літаратуразнаўца й крытык. Калі ў 1925 г. сьвяткавалася 400-годзьдзе беларускага друку (хаця няясна чаму менавіта ў 1925 г., бо першая кніжка Скарыны “Малая падарожная кніжыца” выйшла з друку ў Вільні ў 1522 г.), зьявілася брашура кс. Адама Станкевіча “Доктар Скарына – першы друкар беларускі”. У 1930 г. асобнай кнігай выйшла ягоная праца “Фр. Багушэвіч. Яго жыцьцё й творчасьць”, у 1937 г. – “Магнушэўскі, Паўлюк Багрым, Баброўскі”, у 1937 г. – “Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэалёгіі” й “З жыцьця й дзейнасьці Казімера Сваяка”. Калі ў 1937 г. выйшла з друку паэма Максіма Танка “Нарач” (чацьвертая кніга паэта пасьля зборнікаў “На этапах”, “Журавінавы цьвет”, “Пад мачтай” – усе выдадзеныя Рыгорам Шырмам у Вільні), Адам Станкевіч апублікаваў у “Калосьсі” (з гэтым часопісам супрацоўнічаў і М. Танк) рэцэньзію на паэму пад назвай “У асьпекце сацыяльнай справядлівасьці”. Гэта была ці ня першая спроба аналізу раньняй творчасьці таленавітага беларускага паэта.
Пісаў Адам Станкевіч і на гістарычныя тэмы. Варта ўспомніць ягоную працу “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня” (1939), “Вітаўт Вялікі і беларусы” (1930), “Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст. ст.” (1928). Пісаў ён і пра вядомых беларускіх дзеячоў, якіх ведаў асабіста, як, напрыклад, “Прафэсар Браніслаў ЭпімахШыпіла. Зь яго жыцьця й працы” (1928), “Міхал ЗабэйдаСуміцкі й беларуская народная песьня” (1938).
Адам Станкевіч надрукаваў шмат сацыяльнафілязофскіх і лінгвістычных нарысаў у часопісе “Калосьсе”. Пералічыць усе цяжка, хочацца назваць толькі некаторыя: “Асабовыя назвы па бацьку ў беларусаў” (№ 2, 1935), “Беларускія філамацкія вершы Яна Чачота” (№ 3, 1935), “Цені й блескі. Да лёзунгу: культура нацыянальная формай і камуністычная зьместам” (№ 3, 1938), “З літуанізмаў у беларускай мове” (№ 13, 1939).
Сёньня, як часопісы, што выдаваліся ў 1920-39 гг., так і асобныя кніжкі Адама Станкевіча зьяўляюцца бібліяграфічнай рэдкасьцю. Іх можна знайсьці ў бібліятэках Літвы: у Акадэмічнай бібліятэцы і Ўнівэрсытэцкай бібліятэцы, крыху – у старых віленчукоў.
У Нацыянальным архівемузэі літаратуры й мастацтва Беларусі захоўваецца частка (невялічкая) архіваў і фондаў слыннага Беларускага Музэю ім. Івана Луцкевіча. Сярод іх ёсьць і рэфэрат Адама Станкевіча на нямецкай мове “Беларуская нацыянальная меншасьць у Польшчы”, у якім аўтар паказвае трагічную гісторыю беларускага народу, каторы аказаўся меншасьцю на сваёй уласнай зямлі. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навукаў Беларусі захоўваюцца кнігі й рукапісы, купленые ў гаспадыні кс. Адама Станкевіча М. Шутовіч яшчэ ў той час, калі ймя самога ксяндза Адама было пад забаронай. Дэрэкцыя бібліятэкі паслухала свайго дарадцы Адама Мальдзіса ды набыла гэты бясцэнны матар’ял.
У. Конан у сваім артыкуле “Лідар беларускага каталіцкага адраджэньня” (“Голас Радзімы” № 42, 1998) знаёміць чытача з рукапіснаю спадчынаю Адама Станкевіча. У архіве ёсьць рукапіс рэфэрату “Этычныя асновы народных і культурных правоў нацыянальных меншасьцяў”. З гэтым рэфэратам аўтар меў выступаць на ХІІІ кангрэсе нацыянальных меншасьцяў у Лёндане. Але, як піша “Шлях Моладзі” (ліпень 1937 г.), на кангрэс Адам Станкевіч паехаць ня змог “з незалежных ад яго прычын”, а рэфэрат пераслаў сакратару кангрэсу поштай і яго прачытаў Юры Попаў, баўгар. Сярод рукапісаў ёсьць яшчэ тры, у якіх абгрунтоўваецца патрэба беларусізацыі спалянізаванага каталіцкага касьцёлу на Беларусі: “Праблемы Каталіцкага Касьцёлу ў БССР” (Вільня, 1944), “Католическая проблема в БССР. (К сведению правительства СССР)” (Вільня, 1945) і “Католический вопрос в БССР и проблема его разрешения” (Вільня, 1947). Апошнія два рукапісы, напісаныя на расейскай мове, былі накіраваныя да савецкіх уладаў. У. Конан уважае, што гэтыя тры дакуманты зьяўляюцца грунтоўнай манаграфіяй пра каталіцтва ў Беларусі. Дасьледчык піша: “Першая частка – уступ у форме тэзісаў; другая частка – гісторыкатэарэтычная і тэалагічная распрацоўка тэмы; трэцяя частка – навукова-практычная, абгрунтаваны праект стварэння аўтаномнага, незалежнага ад польскага епіскапства, адаптаванага да беларускага культурнанацыянальнага кантэкста Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”. Адам Станкевіч быў праціўнікам гвалту і рэкамэндаваў правесьці рэформу “паступова, але, тым ня менш, упэўнена й рашуча”.
Усё жыцьцё ксёндза Адама Станкевіча гэта прыклад адданасьці сваёй Радзіме й выбранаму ім шляху – служэньня Богу. Ягонае жыцьцё не патрабуе ўзьнёслых словаў і пахвалы, яно гаворыць само за сябе. Ягоныя публіцыстычныя, літаратурнакрытычныя, багаслоўскія й іншыя творы сьведчаць пра эрудыцыю, незвычайную працавітасьць аўтара, валоданьне пяром. Безумоўна, трэба былоб сабраць усё ім напісанае (і тое што друкавалася, і тое, што ацалела ў рукапісах) і выдаць дыхтоўную кнігу. Гэта быўбы найлепшы помнік гэтаму палымянаму беларускаму патрыёту, гуманісту, таленавітаму чалавеку.

