|
душой умерці...
Гэтыя радкi зь верша “Я не баюся” Зоськi Верас (Людвiкi Сiвiцкай-Войцiк) ёсьць ня проста словы, не дэклярацыя, – гэта крэда ўсяго ейнага жыцьця. Можна было толькi дзiвiцца, адкуль у гэтай невялiчкага росту, хударлявай жанчыне столькi сiлы волi, упэўненасьцi ў тым, што яна робiць патрэбнае людзям, Беларусi. Напрацягу свайго доўгага жыцьця – а пражыла яна бязмала 100 гадоў – Зоська Верас нiколi не здраджвала iдэалам сваёй маладосьцi, ейная душа была заўсёды сьветлая й была сапраўднаю крынiцаю для тых, хто хацеў даведацца нечага пра беларускае адраджэньне пачатку стагодзьдзя.
Людвiка Сiвiцкая нарадзiлася 30 верасьня 1892 г. у мястэчку Меджыбут ва Ўкраiне, дзе служыў ейны бацька, афiцэр царскай армii Антон Сiвiцкi. Ён i мацi Людвiкi Эмiлiя з дому Садоўская абое паходзiлi з Горадзеншчыны, бацька – з самой Гароднi, мацi – з Сакольскага павету (цяпер Польшча).
Сям’я была, як i iншыя шляхецкiя сем’i, спалянiзаваная. Дома гаварылi папольску. Зрэшты, бацька Эмiлii Людвiк Садоўскi, каторы меў невялiкi фальварак Альхоўнiкi, добра ведаў беларускую мову ды карыстаўся ёю ў гутарках зь сялянамi. I Антон Сiвiцкi не ўважаў сябе за паляка й заўсёды папраўляў, калi нехта яго так называў: “Я – лiцьвiн!”, “лiцьвiн” у сэньсе “грамадзянiн Вялiкага Княства Лiтоўскага”. Аднак толькi ягоная дачка Людвiка пасапраўднаму вярнулася да сваiх каранёў, зразумела, што яна ёсьць беларуска.
На фармаваньне сьветапогляду й лiтаратурнага густу дачкi Антон Сiвiцкi меў вялiкi ўплыў. Ён сам шмат чытаў, любiў паэзiю, ягонымi ўлюбёнымi паэтамi былi А. Мiцкевiч i У. Сыракомля. Да сёньня з калiсьцi вялiкай бiблiятэкi бацькі захавалiся два томiкi: “Дзяды” А. Мiцкевiча, выдадзены ў Парыжы ў 1844 г., i томiк твораў У. Сыракомлi.
Антон Сiвiцкi часта браў сваю Людку – так называлi Людвiку дома – на шпацыры, цi то ў Меджыбужы, цi ў Гораднi, цi Кiеве. А пасьля прасiў дзяўчынку апiсаць свае ўражаньнi. Так фармавалася будучая пiсьменьнiца. Людвiка спачатку вучылася ў Кiеве, у прыватнай Гандлёвай школе. У школе былi розныя гурткi: фатаграфii, прыроды, лiтаратуры. Вучанiцы выдавалi свой рукапiсны часопiс “Подснежник”– у iмЛюдвiка памяшчала свае першыя лiтаратурныя практыкаваньнi. Пасьля раптоўнай сьмерцi бацькi мацi й дачка вярнулiся ў Горадню. Людвiка працягвала вучобу ў прыватнай гiмназii. Як сiрата па афiцэру царскай армii й “дваранка” паводле паходжаньня, яна мела права вучыцца бясплатна ў Iнстытуце высакародных паненак, але адмовiлася ад гэтага прывiлею, уважаючы, што там няма свабоды думак i дзеяньняў.
Ужо ў гiмназii далучылася да беларускага руху. Гiмназiсты арганiзавалi Горадзенскi гурток беларускай моладзi, мэтай якога была, перадусiм, самаадукацыя: вывучэньне мовы, гiсторыi, звычаяў свайго краю. Гурткоўцы ладзiлi вечарыны, ставiлi п’есы (напрыклад, “Моднага шляхцюка” К. Каганца), езьдзiлi з п’есамi на вёску.
Сяляне да маладых актораў адносiлiся вельмi прыхiльна, пазычалi iм аўтэнтычныя касьцюмы з бабулiных скрыняў. Гледачы чулi ад гарадзкiх паненак i панiчоў родную мову, на якой гаварылi штодня, вучылiся не цурацца яе. Хутка Людвiка, каторая была бiблiятэкаршаю ГГБМ, навязала лучнасьць з “Нашай Нiвай”, выпiсвала для бiблiятэкi газэту ды кнiжкi, сама пiсала вершы ў газэту (першы зь iх быў надрукаваны ў 1911 г. пад псэўданiмам “Мiрко”). Яна лiставалася з нашанiўцамi I. Луцкевiчам, В. Ластоўскiм, А. Уласавым.
У 1912 г., вяртаючыся дамоў зь Пецярбургу, куды Людвiка езьдзiла на кансультацыю да прафэсаралярынголяга (у яе ўжо тады пачалiся праблемы са слыхам), – яна коратка затрымалася ў Вiльнi i ўпершыню пераступiла парог рэдакцыi “Нашай Нiвы”. А. Уласаў памог ёй зьняць футра, глянуў i сказаў сваiм глыбокiм басам: “Мы думалi, што гэта паважная асоба, а гэта ж – дзiцё!” Але гэтае “дзiцё” добра ведала, чаго хоча, i рабiла сваю справу. Калi пасьля заканчэньня гiмназii Людвiка паехала ў Варшаву на курсы агароднiцтва й садаводзтва, В. Ластоўскi працягваў лiставацца зь ёй, падтрымлiваў iдэю арганiзацыi Варшаўскага беларускага гуртка. (У гэты гурток, мiж iншым, увайшлi Гальяш Леўчык i Рамуальд Зiмнiцкi).
Курсы Людвiка Сiвiцкая закончыла перад самым пачаткам I Сусьветнай вайны. Яна мелася ехаць на практыку ў маёнтак Лябёдка, што належыў да Л. Iваноўскага, бацькi беларускага грамадзкапалiтычнага дзеяча Вацлава Iваноўскага, лiтоўскага вучонагазаоляга Тадаса Iванаўскаса ды дзеяча польскай сацыялiстычнай партыi Ежага Iваноўскага. Вайна аднак перакрэсьлiла ўсе пляны выпускнiцы курсаў: фронт падыйшоў пад самыя Альхоўнiкi, i Людвiка з мацi, уцякаючы ад вайны, апынулiся ў Менску.
Менск тады быў прыфрантавым горадам, ягонае насельнiцтва значна павялiчылася за кошт уцекачоў. Унезабаўе А. Уласаў, спаткаўшы яе, сказаў: “О, панна Людвiка, як добра, то Вы тут. Ёсьць столькi работы!” Так Людвiка апынулася ў самай гушчы беларускага жыцьця. Яна працавала ў Камiтэце Таварыства помачы ахвярам вайны. Менскi аддзел Таварыства быў створаны ў лiпенi 1915 г. Аддзел адкрыў дзiцячы прытулак у раёне Камароўкi й Залатой горкi, начлежныя прытулкi для ўцекачоў, дзьве бясплатныя й адну платную сталоўку пад назваю “Беларуская хатка” – адначасна клюб беларускай iнтэлiгенцыi. Людвiка загадвала сталоўкай, дзiцячым прытулкам, арганiзавала курсы для ўцекачоў, стварала для iх працоўныя мейсцы (ткацкiя майстроўнi, пража iльну). Тады ў Менску Людвiка пазнаёмiлася з многiмi беларускімі дзеячамi: паэтам З. Бядулем i ягонымi сёстрамi, з празаiкам Ядвiгiным Ш. (Лявiцкiм) i ягонай дачкой Вандай, з У. Галубком, А. Смолiчам, У. Фальскiм i М. Багдановiчам. Калi Аркадзь Смолiч пакiнуў Менск, памiж Людвiкай i iм распачалася шчырая сяброўская перапiска. Дзiўна, але ў сваiх разважаньнях Смолiчу ўдалося крыху зазiрнуць у будучыню. Ён пiсаў: “Нiхай Вам Найвышнi дадае сiлаў! Тое, што робiце i зрабiлi Вы ў гэты глухi час, доўга памятаць будуць беларусы.
Для будучынi гэта будзе абразом – сколькi можа зрабiць адзiн чалавек”. Пра Максiма Багдановiча Зоська Верас напiсала цiкавыя, насычаныя бiяграфiчнымi дэталямi ўспамiны. Напрыклад, яна ўзгадвае, што Багдановiч вельмi любiў дзяцей i шкадаваў, што дзеля сваёй хваробы ён ня можа iх мець. (Гэтыя ўспамiны пад назовам “М. Багдановiч. 5 месяцаў у Менску” друкавалiся ў “Маладосьцi”). Зь менскiх часоў у архiве Л. Сiвiцкай асталiся рысункi Галубка ды маленькi цэтлiк, на якiм рукой Багдановiча напiсана: “а жывем мы тут як чужыя i нiчога нельга зрабiць”. Калi сьвяткавалi 90-годзьдзе слыннага Максiма, дык зьнялi фiльм, у якiм ужо далёка не маладая Людвiка (мала падобная да той прыгожай 24гадовай дзяўчыны зь менскiх часоў) расказвала пра Багдановiча, i расказвала так, быццам iхняя супольная праца ў Камiтэце, сустрэчы, гутаркi былi зусiмзусiм нядаўна, – Зоська Верас адрозьнiвалася надзвычай учэпiстаю памяцьцю.
У Менску Л. Сiвiцкая пiсала вершы, iмпрэсii й тадыж пачала карыстацца псэўданiмам “Зоська Верас”. Неяк, наведаўшы яе, пiсьменьнiк Яраслаў Пархута запытаўся пра гiсторыю псэўданiму. “Зайшла я раз у рэдакцыю “Вольнай Беларусi”, – распавяла Зоська Верас. – Там сядзеў Зьмiтрок Бядуля, быў i Язэп Лёсiк, рэдактар. Пагаварыўшы аб сiм, аб тым, я спыталася ў Бядулi, чым ён цяпер займаецца, што пiша? “Усё шлiфую “Плач у гарах”. Я зьдзiвiлася: “Яшчэ? Я не раўняю сябе нi з Вамi, нi наогул зь пiсьменьнiкамi, але яб так не патрапiла. У мяне так: напiшацца адразу – добра. Не –у кошык”. “Ну, – кажа Бядуля, – як гэта можна адразу штонебудзь напiсаць без паправак?” Лёсiк слухаў, слухаў ды кажа: “А вы заместа гаварыць, бярыце паперу ды садзiцеся пiсаць. Няхай кожны сваю рацыю дакажа!” Я думала нядоўга. Можа гэта туга па сваёй Горадзеншчыне, па школьных гадах над Нёманам навеяла мне тэму, але я хуценька, не адрываючыся ад паперы, напiсала “Нёман” i стала складаць верш: “Праз акопы i рады штыхоў...” Лёсiк стаяў за мной i чытаў. Калi я скончыла, кажа: “Падпiшыце”. “Навошта?” Пойдзе ў “Вольную Беларусь”. Я падпiсала “Зоська Верас”. Першы раз ужыла гэты псэўданiм. Зоська – маё другое ймя, верас – расьлiна, якую я вельмi люблю. Якраз нядоўга перад гэтым Лёня Лявiцкi, сын Ядвiгiна Ш., прывёз мне з Карнiлаўкi рана зацьвiўшы верас.
Гэтая падзея была хiба адзiнай мiлай хвiлiнай перажытай мною перад ад’ездам”. У Менску Людвiка Сiвiцкая напiсала шмат якiя свае iмпрэсii: “Толькi сум”, “Думкi” ды iнш., – яны часткова зьмешчаныя ў “Хрэстаматыi” I. Дварчанiна. М. Багдановiч тым часам выехаў у Ялту. Разьвiтвалiся зь iм у “Беларускай хатцы”.
Ён казаў, што на вакзале, пры чужых людзях, яму будзе трудна разьвiтвацца зь сябрамi. I тады Эмiлiя Сiвiцкая абняла Максiма, пацалаваўшы яго ў галаву, а ён сказаў: “Я хацеўбы паньне Людвiцы шмат што сказаць, але я не магу голасна гаварыць, а яна дрэнна чуе. Я ёй напiшу...” Але так i не напiсаў, альбо чужыя людзi проста ня выслалi ёй ягоны лiст.
У 1917 г. Людвiка Сiвiцкая прыймала ўдзел ва Ўсебеларускiм зьезьдзе рабочых, сялянскiх i салдацкiх дэлегатаў, была ягоным сакратаром. Была пасьля й сыгнатарам абвешчаньня незалежнай Беларусi. У другой палавiне 1918 г. яна з мацi вярнулася ў родную Сакольшчыну. У Менску застаўся вельмi дарагi ёй чалавек Фабiян Шантыр, юрыст, публiцыст, камiсар па справах нацыянальнасьцi ў першым беларускiм урадзе Жылуновiча. Яна яго больш не пабачыла: Ф. Шантыра ў 1920 г. расстралялi бальшавiкi.
А ў 1919 г. у Людвiкi й Фабiяна нарадзiўся сын Антон, каторы так i ня ведаў свайго бацькi. Людвiка Сiвiцкая з сынам жыла ў фальварку свайго дзеда Людвiка Садоўскага, памагала яму ў гаспадарцы. Пiсала вершы, прысьвечаныя найчасьцей малому сыночку. У 1922 г. Людвiкiн дзед памёр. Альхоўнiкi давялося прадаць, а Людвiка з мацi й сынам пераехала ў Вiльню. Аднак Альхоўнiкi яна ўспамiнала праз усё сваё жыцьцё: дом i сад, лiпавыя прысады, сажалку, у якой перад прыходам немцаў (падчас Першай сусьветнай) утапiлi ўвесь медны посуд, каб зьберагчы яго. У Вiльнi Людвiка пачала працаваць адмiнiстратаркай у рэдакцыi грамадаўскiх газэтаў.
Рэдакцыя месьцiлася тады на Вiленскай, 12. Тут яна зноў спаткалася з А. Луцкевiчам, пазнаёмiлася з Б. Тарашкевiчам ды iнш. беларускімі дзеячамi. Працуючы ў рэдакцыi, Людвiка Сiвiцкая апекавалася таксама палiтычнымi вязьнямi, насiла iм харчовыя перадачы, дамагалася ў пракуратуры дазволу на перадачу кнiжак, паштовай паперы. У вастрозе на Лукiшках тады сядзела нямала беларусаў, сярод iх Мiхась Машара, Антон Войцiк ды iнш. Вязьнi пiсалi Людвiцы з вастрогу, а яна пiсала iхным родным на вёску. М. Машара прысылаў ёй свае вершы, яшчэ слабенькiя, прымiтыўныя. З гэтых вершаў Л. Сiвiцкая адабрала лепшыя й выдала сваiм коштам маленькую кнiжыцу “Малюнкi”. Каштавала гэтае выданьне нядорага, бо наборшчыкi й сам уласьнiк друкарнi Левiн грошы за друк не ўзялi – каштавала толькi папера. Калi Машара выйшаў на свабоду, дык меў некалькi злотых на пачатак свайго жыцьця.
У 1926 г. Людвiка пабралася шлюбам з Антонам Войцiкам, каторы працаваў “зiцрэдактарам” у беларускіх газэтах, за што не аднаго разу апынаўся на Лукiшках. За грошы атрыманыя ад продажу Альхоўнiкаў купiлi дамок i дзялянку зямлi ў Чыгуначнай Калёнii (цяпер Павiльнюс). Працуючы ў грамадаўскіх газэтах, Зоська Верас друкавала свае раней напісаныя творы ў беларускіх часопісах: у студэнцкім часопісе “Наш шлях” і “Студэнцкая думка”, у часопісе “Родныя гоні”. Гэта былі імпрэсііабразкі “Сум”, “Ночы”, “Вецер выў”, “Мысьлі”, “Шкада”, “Рыбкі”, “Прыйдзі Хрыстос” ды інш. У зборніку выбранага Зоські Верас “Каласкі” (1985 г.) у звароце да чытача Ніл Гілевіч пісаў: “Лірычныя абразкі аўтаркі – гэта своеасаблівыя вершы ў прозе, у якіх тонка перададзены не толькі настроі, але й роздумы, якія вымагаюць чытання ўважлівага, засяроджанага, – тады ў іх адкрыецца глыбіня ўзаемадачыненняў са светам чалавека духоўна багатага, інтэлігентнага...” Усе гэтыя разважаньні над людзкімі пачуцьцямі, лёсам вельмі эмацыянальныя, вобразныя.
Пэсымістычны настрой большасьці зь іх навеяны Першай сусьветнай вайной ды рэвалюцыяй 17га году. Але ў некаторых (“Нёману”) прабіваецца надзея на лепшае. У гэтым часе З. Верас выступала са сваімі творамі на літаратурных вечарах, якія ладзіліся ў Вільні ціто ТБШ, ціто Студэнцкім Саюзам. Адзін такі вечар адбыўся 12 траўня 1927 г. і пра яго ёсьць зацемка ў Хроніцы часопісу “Родныя гоні”: “21 мая у Вільні у Народным Доме ТБШ быў вечар аўтараў. На вечары выступілі: Натальля Арсеньева, Зоська Верас, Міхась Васілёк, А. Бартуль, Салагуб і іншыя. Вечар зрабіў вельмі добрае ўражаньне. Публікі было мноства”. Пасьля разгрому Грамады, калi ўсе грамадаўскiя газэты былi закрытыя, Людвiка Войцiк пачала выдаваць часопiс для дзяцей “Заранка”. Выдавала яго напрацягу 3 гадоў, дастаючы спачатку ад Пасольскага клюбу дапамогу 30 злотых. Потым i ў гэтых грошах было адмоўлена. У “Заранцы” без ганарару супрацоўнiчалi М. Машара, М. Васiлёк, С. Новiк-Пяюн (псэўданiм “малады дзядок”), Л. Бярозка (А. Смаршчок), Хв. Iльяшэвiч ды iнш. Але найбольш пiсалi для “Заранкi” сама Зоська Верас ды ейны муж А. Войцiк. Апавяданьні, якія З. Верас пісала для “Заранкі” й “Пралесак”, прысьвечаныя выхаваўчай мэце, яны вучаць любіць і шанаваць прыроду, даюць у цікавай, даступнай для дзяцей форме шмат інфармацыі, заахвочваюць апекавацца зьвярамі й птушкамі, берагчы расьліны, захоўваць традыцыі. Дастаткова назваць такія апавяданьні, як “Птушыная ёлка”, “Боцікі з крапівы й шапка з васількоў”, “Чырвоныя яечкі” ды інш. Яшчэ для “Заранкі”, а пасьля й для “Пралесак”, пісьменьніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды. У гэтых часопісах друкаваліся й ейныя вершы для дзяцей – радасныя, поўныя глыбокага пачуцьця да дзяцей і прыроды, а таксама пераклады польскіх паэтаў М. Канапніцкай і А. Асныка. Заранка карысталася посьпехам сярод вясковых дзяцей, каторыя прысылалi свае апавяданьнi, лiсты. Аднак грошай не хапала, i “Заранка” перастала выходзiць. Дзякуючы кс. Гадлеўскаму, пачалi былi тады выдаваць часопiс для дзяцей “Пралескi” – i ён выдаваўся нядоўга.
У тым часе Л. СiвiцкаяВойцiк арганiзавала ў Вiльнi пчалярскае таварыства “Пчала” й пачала выдаваць часопiс “Беларуская борць”, у каторым збольшага друкавалiся розныя артыкулы пчалярам, агароднiкам, парады для жанчынаў. “Пчала” навязала кантакты з украiнскiмi ды польскiмi пчалярамi, абмен матар’яламi, пчалярскiм досьведам, ладзiла продаж мёду. У “Борці”, а раней у сельскагаспадарчым часопісе “Саха”, рэдактарка “Борці” друкавала свае артыкулы з галіны пчалярства й агародніцтва, вяла пошту чытачоў, адказвала на іхныя пытаньні. У гэтых часопісах яна не карысталася псэўданімам “З. Верас”, а падпісвалася “Л. Войцікава” або “Л. В.” Яшчэ ў 1924 г. Л. Сiвiцкая выдала невялiкi “Беларуска-польска расейскалацiнскi батанiчны слоўнiк”. Гэта быў першы такога напрамку беларускі слоўнiчак. Тагачасная польская крытыка прыхiльна паставiлася да ягонага выданьня, зьвярнуўшы ўвагу на тое, якiя прыгожыя ды вобразныя беларускія назовы расьлiнаў. Цяпер слоўнiчак Зоськi Верас – бiблiяграфiчная рэдкасьць, адзiн асобнiк, мiж iншым, знаходзiцца ў Нью Ёрскай нацыянальнай бiблiятэцы. Вартасьць працы Зоськi Верас падкрэсьлiвае й тое, што, калi выдаваўся батанiчны слоўнiк Кiсялёва, слоўнiчак З. Верас цалкам у яго ўвайшоў.
У 1925 г. “Студэнцкая думка” зьмясьціла зацемку пад назвай “Патрэбная кніжка”, у якой чытаем: “Аўтарка батанічнага слоўніка Зоська Верас апрацавала кніжку пад назовам “Мядовыя расьлінкі”. У кніжцы вялікшай за батанічны слоўнік ёсьць белпольскаукраінскамаскоўска лацінскі слоўнік вылучна мядовых расьлін. Далей ідуць дэталічныя апісаньні кожнае расьліны: выгляд яе, дзе расьце, як множыцца і г. д. У канцы ёсьць аддзелы расьлінаў: прамысловамядовыя, садовамядовыя і г. д. Аўтарка, якая зь вялікай любасьцяй пасьвячаецца сваёй працы, зьяўляецца ў нас рэдкім чалавекам, які зь беларусканавуковымі мэтамі займаецца батанікай. Пажадайма, каб барджэй знайшліся выдаўцы на гэтую важную кніжку”.
На жаль, выдаўцы не знайшліся. Кніжка ня выйшла з друку й нават рукапіс ейны недзе загінуў. Беларускія дзеячы розных палітычных кірункаў не лічылі патрэбным ні выданьне беларускага часопісу для дзяцей, ні спэцыяльнай літаратуры. Такія выданьні трымаліся на голым энтузіязьме выдаўцоў і аўтараў.
Пачынаючы з 1926 г., З. Верас з “Кнiгаром” Станiславам Станкевiчам выдавалi штогод беларускі адрыўны каляндар, дзе сяляне маглi прачытаць гаспадарчыя парады, беларускія вершы, цiкавыя весткi з розных галiнаў жыцьця, жарты. Дзякуючы тым каляндарам, роднае слова трапляла ў кожную сялянскую хату. Апошнiя перад II Сусьветнай вайной гады былi вельмi цяжкiя для беларускага руху. Амаль усе арганiзацыi былi зьлiквiдаваныя. Вiленская Беларуская Гiмназiя сталася фiлiяй гiмназii польскай, страцiла сваю самастойнасьць. Работы не было. Л. i А. Войцiкi прадалi сваю хату ў Чыгуначнай калёнii ды купiлi гэктар зямлi ў Нiжнiх Панарах – дзялянка была ў лесе. Тут Антон Войцiк зь некалькiмi рабочымi пабудаваў глiнабiтную хату, пасадзiў сад.
17 верасьня 1939 г. у Вiльню ўвайшла Чырвоная Армiя, пачалiся арышты. Сярод беларускіх дзеячоў былi арыштаваныя А. Луцкевiч, У. Самойла, В. Багдановiч, Ф. Ярэмiч ды iнш. Беларускае грамадзкае жыцьцё замерла. Пасьля перадачы Вiльнi й Вiленскага краю буржуазнай Лiтве працавала толькi беларуская прагiмназiя, дырэктарам якой быў кс. Адам Станкевiч, а затым, ужо ў савецкай Лiтве, М. Анцукевiч. Падчас нямецкай акупацыi беларускае жыцьцё крыху ажывiлася: працавала поўная ВБГ, Беларускi нацыянальны камiтэт, выдавалася газэта. Аднак Людвiка й Антон Войцiкi праз увесь гэты пакручасты час аставалiся неяк у баку ад грамадзкай працы. У 1945 г. беларускае жыцьцё ў Вiльнi нанова замёрла. Л. Войцiк займалася садам, агародам, гадавала лекарскiя расьлiны. Яшчэ ў даваенны час яна разам зь Вiтаўтам Тумашам, тады студэнтам мэдыцыны, апрацавала й выдала цыкль лекцыяў аб зборы й карыстаньнi зёлкамi.
У 1948 г. раптоўна памёр А. Войцiк. Пачалiся найгоршыя гады ў жыцьцi Л. Сiвiцкай-Войцiк – гады самоты, iзаляванасьцi ад людзей, тугi па сыне, якi бяссьледна згiнуў у 1945 г. У 1956 г. Антон Шантыр нечакана вярнуўся дамоў з сталiноўскiх лягероў: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права лiставацца з мацi. У 1961 г. пачаўся новы пэрыяд у жыцьці Зоські Верас. Яе “адкрыў” малады асьпірант зь Менску Арсень Ліс, які ў віленскіх архівах зьбіраў матар’ялы да сваёй дысэртацыі. 40 гадоў пазьней, у 2001 г., А. Ліс расказаў, а пасьля й напісаў, што яго падштурхнула на пошукі Зоські Верас. У №12 часопісу “Кантакты і дыалогі” за 2001 г. была надрукаваная ягоная нататка “Колькі згадак пра віленчукоў”, дзе А. Ліс піша: “Пасьля работы ў аддзеле рукапісаў і бібліятэцы АН Літвы, вечарам, я нярэдка падаваўся па знаёмых адрасах. Можа найболей учашчаў у лясьнічоўку на Панарах, дзе жыла Зоська Верас, паплечніца М. Багдановіча, А. Смоліча, У. Галубка, А. Уласава, З. Бядулі. У свядомасьці жыла асабістая ўдзячнасць даўгалетняй працаўніцы на беларускай культурнаграмадскай ніве. Маё дзяцінства, скупое на кніжку, у свой час акрасіў выдаваны ёю ў канцы 20-х, пачатку 30-х гадоў у Вільні часопіс для дзяцей “Заранка”. Быў гэта родны, арганічны свет, створаны пісьменьніцай і журналісткай Зоськай Верас і супрацоўнікамі яе выданьня”.
Неяк у гутарцы з А. Лісам Зоська Верас сказала, што ён абудзіў яе зь летаргічнага сну. І, сапраўды, гарод, гаспадарка, унук, – усе гэтыя заняткі не маглі задаволіць чалавека, які шмат ведаў, захоўваў у памяці весткі пра выдатных беларускіх дзеячоў і прывык доўгія гады займацца інтэлектуальнай працай. Са зьяўленьнем А. Ліса, а пасьля й іншых беларускіх літаратуразнаўцаў, пісьменьнікаў і, асабліва, моладзі, якая ахвотна наведавала “Лясную хатку” (так празвалі наведнікі дамок Зоські Верас у Ніжніх Панарах), – жыцьцё Зоські Верас перамянілася. У “Лясную хатку” шнуром пацягнулiся госьцi: школьнiкi, студэнты, пiсьменьнiкi, вучоныя, мастакi, – усе, каму была дарагая беларуская мова, лiтаратура, гiсторыя. “А ў дзьверы – госьцi, госьцi, госьцi – Навiны, клопаты, лiсты. Са сталасьцi i маладосьцi, Зь вiроў, дзе згiнулi плыты”, – пiсаў у вершы, прысьвечаным пiсьменьнiцы, Р. Барадулiн. Зоська Верас дрэнна чула, i таму госьцi на паперы пiсалi ёй свае пытаньнi, праблемы. Сшыткi з такiмi пытаньнямi сьведчаць, з аднаго боку, пра зацiкаўленьне беларушчынаю гасьцей, з другога – пра незвычайную дасьведчанасьць i фэнамэнальную памяць Зоськi Верас, каторая захавала шмат iмёнаў, фактаў, рысаў людзей, падзеяў, датаў з бурлiвага беларускага жыцьця першай паловы ХХ ст. Расказвала Зоська Верас свабодна, вобразна, з шматлiкiмi дэталямi. Тадыж i пачалi пiсаць пра яе, шукаць парады. Напрыклад, У. Караткевiч цiкавiўся “Батанiчным слоўнiкам” – назовы расьлiнаў былi яму патрэбныя да ягоных твораў. Гiсторык Г. Каханоўскi зацiкавiўся постацьцю прадзеда Людвiкi Сiвiцкай Iгната Кулакоўскага, каторы яшчэ ў 1834 г. у пiсьме на ймя расейскага мiнiстра асьветы пiсаў пра неабходнасьць даць беларускаму народу адукацыю “с учётом национальной самобытности здешних людей”. Праўнучка захавала дыплём аб выбраньнi дасьледчыка беларускіх старажытнасьцяў i пэдагога I. Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Данii. Ён меў гонар таксама быць сябрам Навуковых таварыстваў у Вiльнi, Варшаве, Пецярбурзе. Вучнi з Гудзевiчаў прасiлi памагчы стварыць у школьным музэi куток лекарскiх зёлак. Аднак найчасьцей у сшытках з пытаньнямi паўтараюцца просьбы расказаць пра М. Багдановiча. Зоська Верас заставалася ўжо адзiным чалавекам, каторы асабiста ведаў паэта. Пыталiся пра З. Бядулю, Ядвiгiна Ш., Г. Леўчыка, – пытаньняў было безьлiч. I Зоська Верас падрабязна адказвала, паказваючы архiўныя матар’ялы, арыгiналы лiстоў I. Луцкевiча, А. Уласава, В. Ластоўскага, Ф. Шантыра, пажоўклыя, яшчэ дарэвалюцыйныя выданьнi кнiжак, кнiжкi мiжваеннага часу, часопiсы, фатаграфii. Дзеля пашырэньня ведаў пра беларускі адраджэнскi рух, дзеля абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьцi яна не шкадавала нi сiлаў, нi часу.
Людзi, як пiлiгрымы да сьвятога мейсца, iшлi ў ейную “Лясную хатку”. Кастусь Цьвiрка запiсаў у сшытку: “Убачыў, падыйшоўшы, Ваш дамок i дымок з комiна, зьняў шапку й пакланiўся, як некалi беларусы здымалi шапкi, калi праходзiлi паўз Божага дому”. У “Лясной хатцы” бывалi пiсьменьнiкi У. Караткевiч, Я. Пархута, Р. Барадулiн, Л. Генiюш, Д. Бiчэль-Загнетава, А. Бачыла, мастакi А. Марачкiн, В. Маркавец, Я. Кулiк, М. Купава, В. Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-лiтаратуразнаўцы А. Мальдзiс, Я. Саламевiч, Г. Кiсялёў, В. Скалабан ды iнш. Зоська Верас атрымоўвала шмат лiстоў, за год зьбiралася iх 600-700, амаль два лiсты на дзень. I на ўсе лiсты яна адказвала вельмi акуратна. Калi прыпамiнала яшчэ нешта, што ненапiсана, пiсала лiст наўздагон.
Сваiх наведнiкаў яна сустракала ветлiва. Улетку гутарку вяла каля стала пад сасной, увосенi i ўзiмку ў сваiм пакойчыку, дзе й перахоўвала свае каштоўныя архiвы. Гасьцей уражвалi ейныя маладыя вочы (дый чытала яна без акуляраў), цёмныя валасы без адзiнага сiвога валаска, ейнае ўменьне гаварыць i, асаблiва, фэнамэнальная памяць.
Зоська Верас цiкавiлася сучаснай беларускай лiтаратурай, ейная бiблiятэка ўсё папаўнялася новымi кнiжкамi з дэдыкацыяй ад аўтараў. Яна адразу рэагавала на ўсякую фальш, няпраўду. Калi, напрыклад, нехта напiсаў, як яна патаемна выносiла з Лукiшскага вастрогу вершы М. Машары, дык неадкладна напiсала артыкул “Як выдавалiся “Малюнкi” М. Машары”, дзе распавяла праўдзiвую гiсторыю выданьня гэтай кнiжачкi. У 70-80 гг. Зоська Верас, нягледзячы на свой век ды ўсялякiя балячкi, шмат пiсала. Апрача лiстоў, каторыя займалi нямала часу, пiсала ўспамiны, фрагмэнты якiх друкавалiся ў розных часопiсах i газэтах Беларусi. Сярод iх “Гродзенскi гурток беларускай моладзi” (“Маладосьць”), “У гасьцях у Леўчыка i Г. Леўчык” (“Нiва”), “Старая Гродна” (зборнiк “Край мой Нёман”).
Пачалi прыходзiць лiсты й ад старых сяброў i знаёмых яшчэ з горадзенскiх i менскiх часоў: ад Ванды Лявiцкай-Лёсiк, ад Паўлiны Мядзёлкi, ад Баляслава Грабiнскага з далёкай Амэрыкi, колiшняга сябра ГГБМ, ад Вiтаўта Тумаша. Пiсалi й зусiм незнаёмыя людзi. Першым памочнiкам (фактычна, сакратаром) Зоськi Верас быў ейны зяць Лявон Луцкевiч. Ён перадрукоўваў для яе рукапiсы, перафатаграфоўваў старыя здымкi, прыводзiў i адводзiў гасьцей (знайсьцi дарогу ў “Лясную хатку” было ня так проста), памагаў у падборцы матар’ялаў.
У 1982 г., за 4 месяцы да свайго 90-годзьдзя, Зоська Верас была прыйнятая ў Саюз Пiсьменьнiкаў СССР. У прывiтальным адрасе СП адзначалiся ейная незвычайная грамадзкая актыўнасьць напрацягу ўсяго жыцьця й вялiкая заслуга для беларускага адраджэнскага руху. Паэт Сяргей Панiзьнiк, каторы прысутнiчаў на юбiлеi i якому было даручана перадаць старэйшай беларускай пiсьменьнiцы прывiтальны адрас СП, пазьней пiсаў: “...у апошнiя гады пра пiсьменьнiцу Зоську Верас... мы даведваемся ўсё больш i больш”. I далей ён адзначае “яе нястомную i бескарысную дапамогу ўсiм тым, хто вывучае нашу лiтаратуру, культуру”, “унiкальны архiў” i “выключную памяць”. Можа здацца дзiўным, што СП “адкрыў” для сябе Зоську Верас толькi ў год ейнага 90-годзьдзя. Так i хочацца запытацца словамi Я. Купалы: “А штож дагэтуль вы рабiлi? А дзе-ж дагэтуль вы былi?” Адказам на гэтае пытаньне зьяўляецца ў нейкай меры пералiк у прывiтальным адрасе тых нашых лiтаратараў, паэтаў i грамадзкiх дзеячоў, зь якiмi на нiве адраджэньня поплеч працавала З. Верас: многiя зь iх былi ў забыцьцi й адносна нядаўна зноў сталiся вядомымi, аднак толькi з умоваю, каб быў забыты спатканы iмi лёс i “былое iх забыцьцё”. Пра больш як палавiну зь iх нiхто не адважыўся-б успомнiць. А колькi такiх яшчэ ў забыцьцi?
Многа інiцыятывы, настойлiвасьцi й клопату ў справе наданьня З. Верас афiцыйнага пiсьменьнiцкага статусу праявiлi некаторыя сябры па пяру. Зь вялiкай ахвотай далi ёй рэкамэндацыю дзеля ўступленьня ў СП У. Караткевiч, А. Мальдзiс, А. Лiс. Многа парупiўся, каб выпаўнiць усе фармальнасьцi й пераадолець усе бюракратычныя бар’еры, Г. Каханоўскi, шчыра падтрымлiваў гэтую справу й Н. Гiлевiч.
У 1985 г. выдавецтва “Юнацтва” выпусьцiла маленькi зборнiчак Зоськi Верас “Каласкi”. У iм сабраныя творы розных жанраў: вершы, апавяданьнi, лiрыкафiлязофскiя абразкi (iмпрэсii). Уступ да зборнiчка напiсаў Н. Гiлевiч, а кароткi бiяграфiчны нарыс пад назвай “Адданасьць” – Я. Саламевiч. Бальшыняж твораў Зоськi Верас i дагэтуль параскiданая па розных, пачынаючы ад “Нашай Нiвы”, беларускіх выданьнях, а “Ўспамiны” так усё й чакаюць свайго выдаўцы. У “Лясной хатцы” бывала і шумна, і тлумна, аднак бывалі й гадзіны, калі ейная гаспадыня заставалася адна. Вось у такую гадзіну самоты яна склала чатыры радкі верша ў двух варыянтах на беларускай і польскай мове ды занатавала іх у стары нататнік, запісы ў якім пачаліся яшчэ ў 1915 г. – гэта нешта накшталт дзёньніка, а таксама вершы, пераклады вершаў з польскай мовы, імпрэсі (частка іх нідзе не друкавалася).
Гэтыя чатыры радкі вельмі добра перадаюць настроі гаспадыні “Лясной хаткі”: Ціхне шэлест лісьця, ноч ідзе, Не варушыцца птушка нідзе... Выступае раса – зямлі пот... А пры мне толькі кот, чорны кот. А пад чатырохрадкоўем прыпіска: “Чыпу (кату) 11 год. 7 V 1985 г.”
З. Верас сябравала з Надзяй Шнаркевiч, часта наведавала яе. I вось гэтыя дзьве старыя жанчыны – адна зь iх прыкаваная хваробай да ложка – узялiся за справу, якой не пацiкавiўся нiхто з маладзейшых. Яны пачалi зьбiраць матар’ялы аб Вiленскай Беларускай Гiмназii. Iм прыслалi свае ўспамiны былыя абсальвэнты гiмназii М. СкуркаМаслоўская, М. Пецюкевiч, Я. Шутовiч, Я. Багдановiч, С. Паўловiч, прыслалi фатаграфii, пасьведчаньнi аб “матуры” цi заканчэньнi клясы. З гэтых матар’ялаў паўстаў альбом ВБГ – першая спроба захаваць гiсторыю нашай славутай навучальнай установы. З. Верас наведавалi многiя вiленчукiбеларусы: М. Маслоў ская, Ж. Казлоўская, З. Каўшанка, Я. Шутовiч, Я. Багдановiч, А. Клiмовiч, П. Сергiевiч, а пасьля й маладзейшыя: Х. Балаховiч, А. Аблажэй, В. Стэх, М. Санько, Я. Мятлеўскi ды iнш. Тут, у “Лясной хатцы”, ўзьнiкла iдэя стварыць першую ў Лiтве беларускую арганiзацыю, і назоў ёй быў прыдуманы “Сябрына”. Клюб аматараў народнай творчасьцi пад гэтай назвай быў зарэгiстраваны ў 1988 г., на ягоных першых запрашэньнях быў надрукаваны верш З. Верас “Я не баюся жыцьцёвай буры”. У тым самым 1988 г. Зосьцы Верас споўнiлася 96 гадоў. Але яна паранейшаму была актыўная, адданая сваёй працы.
Паэты С. Панiзьнiк, Р. Барадулiн, Л. Генiюш, Д. Бiчэль-Загнетава. У. Скарынкiн i iнш. прысьвячалi ёй вершы, мастакi малявалi ейныя партрэты, тэлебачаньне здымала фiльмы. Так, напрыканцы жыцьця Зоська Верас дачакалася нарэшце заслужанага прызнаньня, хаця, праўду кажучы, нiколi не шукала нi славы, нi ўдзячнасьцi... Апошнія два гады жыцьця Зоські Верас былі цяжкімі, яна ўжо даўна дрэнна чула й да яе зварочваліся з пытаньнямі на пісьме. А цяпер, на 97ым годзе свайго жыцьця, яна пачала сьлепнуць і паступова страціла ўсякі кантакт зь людзьмі й навакольным асяродзьдзем. Увосені 1989 г. дачка зь зяцем забралі яе ў сваю гарадзкую кватэру, дзе былі ўсе выгоды й прасьцей было выклікаць доктара. 13 траўня 1990 г. згарэла “Лясная хатка”. Ці гэта быў выпадак, ці нехта падпаліў яе, так ніхто й ня высьветліў. Зосьцы Верас пра пажар не сказалі.
Памерла Зоська Верас 8 кастрычніка 1991 г. Вільня бачыла некалькі ўрачыстых паховінаў беларускіх дзеячоў: Казіміра Сваяка, Ядвігіна Ш., Франьцішака Аляхновіча. Але паховіны Зоські Верас сталі сапраўднай маніфестацыяй беларушчынаы ў Вільні. Сабраўся тлум людзей: сваякі, знаёмыя, прадстаўнікі паўсталых тады ў Вільні беларускіх суполак “Сябрына” й ТБК, Асацыяцыі беларусістаў Літвы. Зь Менску прыехалі пісьменьнікі, навукоўцы, мастакі. Было шмат моладзі з Горадні, Маладэчна, Берасьця, Менску. Калі выносілі труну з Палацу рытуальных паслугаў на вул. Оланду, моладзь стаяла абапал ходніка зь белчырвонабелымі сьцягамі – сьцягамі БНР, гістарычны акт якой нябошчыца падпісвала ў 1918 г.
Хавалі Зоську Верас на могілках у Панарах побач з магіламі маці, мужа й сына. Над сьвежай магілай, пакрытай гарой кветак і вянкоў, маліўся кс. Чарняўскі. Цяпер на гэтых могілках стаіць сьціплы помнік з чорнага граніту, а на ім выбітыя прозьвішчы й даты ўсіх там пахаваных. Магілу наведаваюць сваякі й вучні Віленскай сярэдняй школы ймя. Ф. Скарыны. З нагоды сьмерці Зоські Верас у літоўскай і беларускай прэсе зьявіліся сьціплыя нэкралёгі. “Звязда” зьмясьціла 12 кастрычніка хвалюючыя радкі: “Вільня пабяднела для беларусаў. У ёй не стала Зоські Верас... А нам усім здавалася, што мудры лёс падараваў ёй вечнасць. Спецыяльна пакінуў беларусам гэтага памятлівага экскурсавода ў эпоху нашага мінулага рамантычнага адраджэння. У часы, калі нацыянальная свядомасць была страшэнным крыміналам, яе маленькая “лясная хатка” ў Вільні прыцягвала як неафіцыйны музей беларушчыны. І сцежка ў яго не зарастала”.
Лiсты да З. Верас перахоўваюцца ў Менску, у Лiтаратурным музэiархiве. У сямейным жа архiве асталiся арыгiналы лiстоў I. Луцкевiча, А. Уласава, В. Ластоўскага, Ф. Шантыра, А. Войцiка, рысункi У. Галубка. У 1992 г., на 100-годзьдзе Зоські Верас, катэдра беларусiстыкi Вiленскага пэдагагiчнага ўнiвэрсытэту разам з Асацыяцыяй беларусiстаў Лiтвы арганiзавала канфэрэнцыю, прысьвечаную пiсьменьнiцы, выставу ейных твораў, рукапiсаў, фатаграфiяў. Была прыйнятая пастанова што тры гады арганiзоўваць “Чытаньнi Зоськi Верас”, аднак нiчога не было зроблена. Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэньня Зоські Верас, беларускай пісьменьніцы, грамадзкай дзеячкі, чалавека, які заўсёды быў гатовы падзяліцца сваімі ведамі, архівамі, успамінамі з тымі, хто цікавіўся беларускай літаратурай, гісторыяй. Яе не забылі. Беларускі мастак Вячка Целеш з Рыгі зрабіў для Гудзевіцкага музэю, якому ў свойчас памагала сваімі парадамі пісьменьніца, партрэт Зоські Верас. 7 нумар выдаванага ў Маладэчне часопісу “Куфэрак Віленшчыны”, галоўны рэдактар якога Міхась Казлоў скі не аднаго разу бываў у “Лясной хатцы”, прысьвечаны жыцьцю й творчасьці Зоські Верас. Асацыяцыя беларусістаў Літвы арганізуе сёлета ў кастрычніку канфэрэнцыю ў гонар беларускіх літаратараўюбіляраў 2002 г., тых, чыя дзейнасьць зьвязаная з нашым горадам: Купалу – 120, Коласу – 120, З. Верас – 110, М. Танку – 90.
Зоська Верас жыве ў памяці тых, хто наведаваў яе ці ліставаўся зь ёю. Такой яна нам запомнiлася.

