МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Барыс Кіт. Сэрыя "Партрэты Віленчукоў", Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, Вільня 2001

Аўтар: Войцік Галіна
Год: 2001
Cерыя: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Літва
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Галіна Войцік, Барыс Кіт, Сэрыя "Партрэты Віленчукоў", Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, Вільня 2001

Беларуская Гiмназiя ў Вiльнi, як i iншыя сярэднiя школы ў Заходняй Беларусi памiж I i II Сусьветнымi войнамi, адгуляла вялiкую гiстарычную ролю ня толькi ў разьвiцьцi беларускага школьнiцтва, але, наагул, у разьвiцьцi беларускага нацыянальнага руху. Гэта была школа, якая ня толькi зьяўлялася кузьняй кадраў новай i маладой беларускай iнтэлiгенцыi, узгадаванай у патрыятычным духу, — але таксама была адным з галоўных цэнтраў беларускага адраджэньня пад Польшчай. У гады пасьля Другой сусьветнай вайны гадунцы гiмназii — i тыя, што засталiся на Бацькаўшчыне, i тыя, што разьцярушылiся па ўсiм сьвеце — апрача сваёй працы, заўсёды бралi рашучы ўдзел i кiраваньне ў беларускай нацыянальнай працы, дзе толькi такая магчымасьць iснавала... Я заўсёды ганарыўся й ганаруся, што быў часткай гэтай, паводле акрэсьленьня Васiля Быкава, Калысцы Беларускага Адраджэньня. Барыс Кiт

Aкрэсьленьне “віленчук” — адноснае. Віленчукі — гэта ня толькі тыя, хто нарадзіўся, працаваў у Вільні ды адыйшоў тут на вечны спачын. Віленчукі — гэта й тыя, хто, прыехаўшы ў Вільню ўжо дарослымі людзьмі, знайшоў тут сваё мейсца ў жыцьці, сваю дзялянку працы. Гэта таксама й тыя, хто пражыў у Вільні пэўны пэрыяд свайго жыцьця ды пакінуў па сабе ў Вільні трывалы сьлед. Да апошняй катэгорыі беларусаўвіленчукоў належыць і слынны цяпер у сьвеце вучоны Барыс Кіт (Барыс Кіта).

“Успамiны пра мае дачыненьнi зь Вільняй і Вiленскай Беларускай Гiмназiяй у пэрыяд часу памiж 1928-39 гг. ёсьць найдаражэйшымi майму сэрцу, і наагул я найбольш ганаруся сваiм удзелам i працай у беларускiм школьнiцтве, якiя пачалiся ў 1926 г. й спынiлiся аж у 1944-ым,” — піша акадэмік Барыс Кіт у сваіх успамінах “Вучань, вучыцель, дырэктар”, што ўвайшлі ў падрыхтаваную да друку выдавецтвам “Рунь” кнігу “Віленская Беларуская Гімназія”. Барыс Кіт, матэматык, фізык, хімік, доктар філязофскіх навукаў у галіне матэматыкі й гісторыі навукі, акадэмік Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі, старэйшы сябра Амэрыканскага Астранаўтычнага Таварыства, ганаровы сябра Брытанскага Міжплянэтнага Таварыства, сябра Дырэктарыяту Нямецкага Астранаўтычнага Таварыства, сябра Камітэту Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі (Парыж), заслужаны прафэсар Мэрылендзкага Ўнівэрсытэту (ЗША), залаты мэдаліст Нямецкага Таварыства ймя Гэрмана Обэрта, высока ацэнены ва ўсім сьвеце вучоны, беларус паводле паходжаньня, — ніколі й нідзе не забываўся на сваю беларускасьць і праз усё сваё багатае й насычанае падзеямі жыцьцё пранёс памяць пра Радзіму, пра родную Наваградчыну й дарагую ягонаму сэрцу Вільню. Бацька Барыса Кіта, Уладзімір Кіта, паходзіў зь вёскі Агароднікі Карэліцкай воласьці, Наваградзкага павету. Ён рана пакінуў родныя мясьціны і ў пошуках лепшае долі паехаў у Санкт-Пецярбург. Там ён паступіў на курсы сувязістаў і пасьля іх заканчэньня ўладкаваўся на працу ў Міністэрства пошты й тэлеграфаў. Працу яму далі ў мястэчку Шувалава на мяжы зь Фінляндыяй. У. Кіта ажаніўся з Ксеніяй Зуравай, якая паходзіла зь сялянаў в. Тупікова Цьверскай губерні й таксама прыехала на заробкі ў Пецярбург. 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 г. у іх нарадзіўся сын, якому далі ймя Барыс.

Пецярбург пачатку ХХ ст. быў адным з цэнтраў беларускага адраджэнскага руху. Тут вакол праф. Эпімаха-Шыпілы гуртавалася бел. моладзь, што прыехала працаваць і вучыцца: Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Браніслаў Тарашкевіч, Адам Станкевіч, Станіслаў (“Кнігар”) Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч ды інш. Тут нейкі час на агульнаадукацыйных курсах Чарняева вучыўся Янка Купала. Зразумела, Барыс Кіта быў яшчэ дзіцём і беларускія справы яго не цікавілі. Аднак у ягонай дзіцячай памяці застаўся, безумоўна, вобраз вялікага гораду зь ягонымі ўнікальнымі палацамі, храмамі, мастамі. Сямігадовы хлопчык захаваў хіба й нейкія ўспаміны пра лютаўскую й кастрычніцкую рэвалюцыі, якія закончылі ягонае шчасьлівае дзяцінства: чырвоныя сьцягі й банты, салдаты, казакі, перастрэлкі, неспакой і ўдзень, і ўначы. Бацьку штораз цяжэй было дабірацца да працы — не аднаго разу даводзілася браць лодку й перапраўляцца цераз Няву. З рэвалюцыяй прыйшлі голад і холад.

Напрыканцы 1918 г. малы Барыс з маці паехаў у Беларусь. Падарожжа было нялёгкае — цягнікі набітыя бітком, глядзі што скінуць, не было дзе купіць ежы. Маці пакінула 8-гадовага сына ў цёткі ў Сапажніцы, у 10 км ад Карэлічаў. Неўзабаве Уладзімір і Ксенія назаўсёды пакінулі Пецярбург і разам з сынам пераехалі ў Карэлічы. Спачатку зьнімалі кут у якойсь хаце, пакуль бацька не пабудаваў сваёй на надзеле зямлі — спадчыне дзеда — у Агародніках. Перасяліліся ў новую нявыканчаную хату, але хутка і ў новую хату прыйшло вялікае гора — сьмерць маці. Ксенія Кіта памерла ў 1920 г., маючы ўсяго 30 гадоў. 10-гадовы Барыс астаўся сіратою.

Праз некаторы час бацька, якому цяжка было спраўляцца з гаспадаркай, ажаніўся другі раз. Ягонай жонкай стала Алена Швед зь вёскі Валеўка, добрая, спагадлівая жанчына, якая пастаралася замяніць хлопчыку маці. У Барыса зьявіліся брат Лявон і сястра Ірына. Хаця 1-ая Імпэрыялістычная вайна закончылася яшчэ ў 1918 г., 1919-20 гг. былі на Беларусі вельмі неспакойныя. Ішла вайна паміж бальшавікамі й Польшчай, то палякі займалі Менскую акругу й Менск, то бальшавікі падыходзілі ажно пад Варшаву. Войскі ўзад і ўперад каціліся празь Беларусь, забіваючы, рабуючы, спальваючы вёскі й мястэчкі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж варагуючымі бакамі быў заключаны дагавор, паводле якога Заходнія Беларусь і Ўкраіна адыйшлі да Польшчы. Польскі ўрад разглядаў іх як свае калёніі й неўзабаве прыслаў сюды цэлую плойму асаднікаў, у асноўным былых легіянэраў, надзяліў іх землямі. У польскія школы (беларускіх школаў, што паўсталі за царскай уладай, ужо не было) панаехалі настаўнікіпалянізатары з Цэнтральнай Польшчы, каторыя з пагардай ставіліся да ўсяго беларускага.

У 1924 г. Барыс Кіта паступіў у 4ю клясу мяйсцовай польскай школы ў Карэлічах. Вучыўся выдатна, асабліва цікавіўся матэматыкай, аб’явіўся ў яго й талент да рысаваньня. Ягоныя рысункі й малюнкі выстаўляліся на мастацкай выставе ў Познані.

У 1926 годзе Барыс Кіта паступіў у Наваградзкую Беларускую Гімназію. З усіх тагачасных беларускіх гімназіяў — Радашкоўскай, Клецкай, Нясьвіскай, Наваградзкай і Віленскай — дзьве апошнія прайснавалі найдаўжэй: Наваград зкая з 1920 па 1934 г., а Віленская — з 1919 па 1944 г. Усе беларускія гімназіі ў тыя часы былі прыватныя. Першым дырэктарам Наваградзкай Гімназіі быў Ян Цеханоўскі, другім — Пётра Скрабец. Тыя два гады, што Барыс вучыўся ў Наваградку (1926-28 гг.), характарызаваліся ня толькі яго посьпехамі ў навуцы, але й актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.

Акурат у 1926 г. аформілася Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, якой кіраваў ведамы яшчэ зь Пецярбургу бел. грамадзкі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч. Па ўсёй Заходняй Беларусі пачалі арганізоўвацца гурткі Грамады, а колькасьць ейных сяброў дайшла да 100 тыс. Барыс таксама падлучыўся да арганізацыі такіх гурткоў на вёсцы. У родных Агародніках старшынём гуртка Грамады быў ягоны бацька. Аднак такая масавасьць ды актыўнасьць Грамады была не да спадобы польскім санацыйным уладам. Пачаліся перасьледы, арышты. Былі арыштаваныя Барыс Кіта й настаўнік Міхась Чатырка. Але даказаць іхную сувязь з КПЗБ не ўдалося, і іх звольнілі. У 1927 г. адбыўся суд над Грамадой і ейным лідарам Б. Тарашкевічам, а таксама Рак-Міхайлоўскім, Валошыным, Дварчаніным і інш. Грамада была забароненая.

Пасьля разгрому БСРГ палітычная дзейнасьць у Наваградзкай Гімназіі спынілася. Нельга было, аднак, задушыць патрыятычны настрой сярод вучняў.

Як ужо згадвалася, Віленская й Наваградзкая гімназіі былі прыватныя й ня мелі г. зв. “права матуры” — права даваць выпускнікам такі атэстат сьпеласьці, каторы дазваляўбы ім паступаць у польскія ВНУ. Некаторыя вучні з пасьведчаньнем аб сканчэньні беларускіх гімназіяў ехалі ў Прагу — Чэхаславацкая Рэспубліка, якая прызнала БНР, прыймала беларускіх студэнтаў у Карлаў Унівэрсытэт, плаціла ім стыпэндыі. Аднак Барысу Кіту ды яшчэ пяцём вучням Наваградзкай Гімназіі пашэньціла паехаць у Вільню, каб у ВБГ здаваць перад адумыслова створанай камісіяй іспыты на атэстат сьпеласьці. Вось як пра гэта ўспамінае сам Барыс Уладзіміравіч: “Тут трэба абавязкова ўзгадаць, што ў атрыманьнi дзяржаўных правоў для беларускiх гiмназiяў асаблiва шчыраваў наваградзкi ваявода Зыгмунт Бэчковiч, адзiн з найбольш лiбэральных тагачасных польскiх адмiнiстратараў. Ён неяк зацiкавiўся працай нашай Наваградзкай Гiмназii, пачаў iнспэктаваць яе, прыходзячы на лекцыi, а пазьней прызначыў стыпэндыi найбольш здольным вучням. (Падчас адной вiзыты сп. Бэчковiча аўтар гэтых успамiнаў быў выклiканы да дошкi, у клясе матэматыкi, каб зрабiць добрае ўражаньне аб адукацыйным узроўнi гiмназii. Як выдатнага вучня выклiкалi мяне й тады, калi гiмназiю вiзытаваў Вацлаў Енджэевiч, мiнiстар асьветы, якога я спаткаў пасьля вайны на эмiграцыi ў Нью Ёрку).”

Каб правесьцi першыя, спробныя матуральныя iспыты, было пастаноўлена, што вучнiкандыдаты з Наваградку разам з вучнямiкандыдатамi зь Вiльнi будуць здаваць iспыты ў Базыльянскiх мурох, дзе месьцiлася тады нашая слынная ўстанова. Iспыты здавалiся экстэрнам з усiх прадметаў, якiя выкладалiся ў нашых 8клясных гiмназiях, i экзаменатары былi не свае настаўнiкi, а паклiканыя з польскiх гiмназiяў. Толькi некалькi зь iх, Антон Трэпка (фiзыка), кс. Адам Станкевiч (Закон Божы для каталiкоў) ды а. Дзякоўскi (Закон Божы для праваслаўных), былi ўзятыя зь Вiленскай Гiмназii. Старшынём экзаменацыйнай камiсii быў славуты прафэсар Вiленскага Ўнiвэрсытэту М.Масонiюс. Каб мець найлепшыя вынiкi й паказаць, што нашыя гiмназii стаяць на гэткiм самым узроўнi, як i польскiя, i заслугоўваюць на дзяржаўныя правы, — дырэктар Наваградзкай Гiмназii Ян Цеханоўскi выбраў з 30-цi вучняў 8-ай клясы толькi шасьцёх самых выдатных: Ю. Дзяковiча, В. Чатырку, Я. Гоцку, А. Вярбiцкага, М. Даманскага ды мяне, аўтара гэтых успамiнаў. Тое самае было зробленае i ў ВБГ. Адтуль прыйшлi: П. Шчасны, I. Будзька, I. Хвораст (пазьней кiраўнiк танцаў у хоры Р. Шырмы) ды яшчэ трох, прозьвiшчы якiх ня памятаю”.

Вынікі іспытаў паказалі, што ўзровень ведаў у беларускіх гімназіях ня горшы, чым у польскіх, і Наваградзкай і Віленскай гімназіям былі дадзеныя правы дзяржаўных. Аднак ВБГ заставалася паранейшаму прыватнай, ейным канцэсіянэрам быў Бацькоўскі камітэт ажно да 1933 г., калі яна сталася Беларускай філіяй Польскай гімназіі ім. Ю. Славацкага. Пра гэта сьведчаць вучнёўскія пасьведчаньні за 1930/31 i 1931/32 нав. гг., дзе напісана: “Беларуская каэдукацыйная гімназія Бацькоўскага камітэту на правох дзяржаўнай гімназіі”. Барыс Кіта атрымаў атэстат сьпеласьці й паступіў у Віленскі Ўнівэрсытэт ім. Стэфана Баторага на прыродазнаўча матэматычны факультэт, аддзел матэматыкі. Сярод студэнтаў унівэрсытэту большасьць складалі палякі, але былі й прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. Беларускі Студэнцкі Саюз, які аб’ядноўваў бел. студэнтаў з розных факультэтаў, налічваў 60-80 асобаў. БСС вёў грамадзка-культурную работу (лекцыі, вечарыны), выдаваў часопіс “Студэнцкая думка”, цесна супрацоўнічаў з аналягічнымі літоўскім і ўкраінскім саюзамі. Барыс Кіта таксама ўваходзіў у БСС, але кіруючых пасадаў не займаў, бо, будучы студэнтам III курса, быў пакліканы на адказнае становішча выкладчыка матэматыкі ў ВБГ, дзе аказалася ваканьсія. Вучоба ва ўнівэрсытэце й пэдагагічная праца ў гімназіі вымагалі шмат часу й грунтоўнай падрыхтоўкі.

У 1933 г. Б. Кіта закончыў навуку й атрымаў ступень магістра філязофіі ў галіне матэматыкі. А пасьля здачы дзяржаўнага экзамену атрымаў дыплём настаўніка сярэдняй школы.

У 1934 г. польскія ўлады зачынілі Наваградзкую Гімназію, а ейных вучняў мелі перавесьці ў Польскую гімназію ймя А. Міцкевіча. Дырэктар ВБГ Радаслаў Астроўскі вырашыў дзейнічаць і адправіў Барыса Кіта ў Наваградак, каб ратаваць вучняў ад палянізацыі. Вось як апісвае гэта Барыс Уладзіміравіч: “Было прыгожае сонечнае надвор'е канца жнiўня, калi я, у дзень рэгiстрацыi вучняў у польскую гiмназiю, стаў каля гiмназiяльных варотаў, затрымлiваў вучняў, намаўляючы iх ехаць вучыцца да нас, у Вiльню. I гэтак нешта каля 90% усiх вучняў Наваградзкай Гiмназii далi згоду на пераезд у Вiльню. Я спачатку адправiў туды два паўнюткiя аўтобусы, а сам, з рэштай, паехаў вузкакалейкаю да Наваельнi, а там пераселi мы ў цягнiк на Вiльню. Дырэктар Астроўскi ўладзiў усё, каб вучнi былi добра спатканыя й разьмешчаныя ў iнтэрнаце. Агульная радасьць трохi зацьмiла сум, прычынены зачыненьнем роднай Наваградзкай Гiмназii. Па дарозе ў Вiльню вучнi ехалi, гучна сьпяваючы патрыятычныя беларускiя песьнi. Сам я быў вельмi задаволены, што зрабiў нешта канкрэтнае для сваёй Бацькаўшчыны — Наваградчыны. З усiх прывезеных мною вучняў амаль што ўсе здолелi закончыць гiмназiю, шмат хто зь iх пазьней адгуляў вялiкую ролю ў беларускiм адраджэньнi.

Аднак неўзабаве маё задавальненьне зьмянiлася вялiкiм клопатам. Гаворка йдзе пра тое, што ўжо назаўтра пасьля нашае "наваградзкае адысеi" дырэктар Польскай гiмназii ймя Мiцкевiча даслаў у Вiленскую Школьную Кураторыю (яна абдымала й Наваградчыну) вялiкi данос, абвiнавачваючы мяне ў тым, што я, маўляў, "падрываю польскую дзяржаўнасьць" i г. д. Адначасна копiя гэтага даносу лягла на стол п. Жэрабяцкаму, дырактару Польскай гiмназii ймя Славацкага...

Цёмныя хмары згусьцiлiся нада мной. Насамперш, дык сам вiленскi школьны куратар п. Шэлянгоўскi выклiкаў нашага кiраўнiка Астроўскага, каб той патлумачыў сутнасьць справы. Зразумела, Астроўскi баранiў мяне, як толькi мог. На шчасьце, ён меў прыяцельскiя адносiны з Шэлянгоўскiм, якi належыў яшчэ да старой клясы польскiх лiбэралаў i сымпатызаваў беларусам. (Пазьней, у часе разгулу польскага нацыяналiзму, на ягонае месца прыехаў польскi шавiнiст Гадэцкi). Выслухаўшы тлумачэньнi справы ад Астроўскага, Шэлянгоўскi парваў данос, кiнуў яго ў сьметнiк i сказаў: "На мейсцу пана Кiта я зробiлбым то само. Пан Кiта заховал сэн так, як належало правдзiвэму бялорускему патрыёце!" Гэтым, аднак, справа мая ня скончылася. Дырэктар гiмназii Жэрэбяцкi, каб адпомсьцiць мне, пачаў вiзытаваць усе мае лекцыi й знаходзiць, што я раблю ўсе вельмi дрэнна й што, наагул, павiнен быць звольнены з працы настаўнiка. У тым часе на мейсца Астроўскага быў ужо назначаны Мiкола Анцукевiч, якi атрымаў ад Жэрабяцкага загад шукаць новага настаўнiка матэматыкi. I толькi шчасьлiвае здарэньне ўратавала мяне ад звальненьня: у Вiленскую Школьную Кураторыю прыехаў новы вiзытатар Юлiюш Балiцкi, каторы нiчога ня ведаў, якая палiтыка вялася ў адносiнах да ВБГ i, у прыватнасьцi, да мяне. У першы шэраг iнспэктаваньня вiленскiх гiмназiяў патрапiла й нашая ўстанова. Два тыднi вiзытаваў ён нас i на заканчэньне, як тое было прынятае, склiкаў настаўнiцкi сход (Пэдагагiчную раду), каб абвесьцiць вынiкi сваёй iнспэкцыi.

Спамiж усiмi iншымi пэдагогамi ён назваў найлепшым вучыцелем... Барыса Кiта! Пасьля такой справаздачы Балiцкага працэс майго звальненьня запаволiўся, да тагож якраз тады я за сваю добрую працу атрымаў г. зв. "дэкрэт усталеня". (Што датычыць майго недабразычлiўцы Жэрабецкага, дык пасьля прыходу Чырвонай Армii ў Вiльню, 17 верасьня 1939 году, ён быў адразу арыштаваны й згiнуў недзе ў савецкiх турмах)”.

Вучні высока цанілі й любілі свайго маладога вучыцеля. Вось якім Барыс Кіта запомніўся былому вучню ВБГ Анатолю Бразоўскаму, каторы цяпер жыве ў Аўстраліі: “Мы шмат падарожнiчалi, па дарозе спынялiся пераважна ў бацькоў нашых гiмназiстаў i студэнтаў. Добра памятаецца вандроўка з настаўнiкам Барысам Кiтам. Езьдiлi мы, памятаю, на слаўную Нарач. Спачатку цягнiком, а далей на каяках. Я кiраваў выправай, сядзеў у адным каяку з Барысам Кiтам.

Неяк выплывалi ды заўважылi вецярок. Але я скамандаваў "Паедзем!" А тут вецер як падняўся, хвалi ўсхадзiлiся. Дык наш настаўнiк добра вылаяў мяне. Але, нiчога, выплылi. Спадара Кiта, трэба сказаць, мы вельмi любiлi. Ён быў тады мала чаго за нас старэйшы, але яго паважалi, зьвярталiся "пан прафэсар". На "ты" мы зь iм перайшлi, калi я стаўся студэнтам. Многiм настаўнiкам мы давалi мянушкi. Дык Кiта мы празвалi "Вуж", бо ён быў такi тонкi й круцiўся так, як вуж, пры чорнай дошцы. Нарысуе там штось, а тады, як тлумачыць, выгiнаецца й паказвае. Апрача таго ён вельмi добра мог абыходзiць усе перашкоды”.

У 1939 г. польскія шавіністычныя ўлады здэцыдавалі зьліквідаваць і апошнюю беларускую гімназію – Віленскую. Праўдамі й няпраўдамі, пагрозамі й абяцанкамі былі сабраныя подпісы бацькоў пад заявай аб пераводзе гімназіі на польскую мову навучаньня. Такі загад прыйшоў у Вільню 12 верасьня. Гэта быў ужо 12-ты дзень Другой сусьветнай вайны… 17 верасьня Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь і Ўкраіну. Тады ніхто ня ведаў пра “Пакт Молатава – Рыбентропа”, які фактычна быў 4-ым падзелам Рэчы Паспалітай. Для палякаў напад Савецкага Саюзу быў як нож у сьпіну, хто мог, уцякаў у Літву. Неўзабаве пачаліся арышты, арыштавалі А. Луцкевіча, сэнатара В. Багдановіча, пасла Ф. Ярэміча, У. Самойлу й шмат іншых. А Вільня тымчасам рыхтавалася да рэфэрэндуму, каму дастанецца горад, БССР ці Літве.

У Віленскай Беларускай Гімназіі таксама адбыўся безпрэцэдэнтны выбар дырэктара: на агульным сходзе гiмназii быў скiнуты са свайго становiшча, пастаўлены польскімі ўладамі й прапольскай арыентацыі, дырэктар Васiль Кавалевiч, а замест выбраны настаўнік матэматыкі Барыс Кіта. Выбар новага дырэктара быў афiцыйна зацьверджаны ўладамi Вiленскай кураторыi, дзе сярэднія школы курыраваў палымяны беларускі патрыёт др. Франьцішак Грышкевіч. У гімназіі зьявілася шмат новых вучняў, давялося працаваць у дзьве зьмены, былі створаныя новыя інтэрнаты.

І вось нечаканая навіна — Сталін пастанавіў перадаць Вільню літоўцам. Літоўцы, ясна, усьцешыліся — збылася мара зрабіць Вільню сталіцай Літвы. Але тыя, хто ўмеў думаць і разумеў сытуацыю, зналі: “Вільнюс мусу, а мяс русу!” (“Вільню нам, а нас рускім!”). У горад увайшла літоўская армія. Мяйсцовыя літоўцы сустракалі яе з энтузіязмам, але бальшыня жыхароў Вільні, асабліва палякі — са зьдзекам. Праўда, і літоўскае войска было марнае — пару танкетак езьдзіла ўкруг, каб стварыць уражаньне, што іх ёсьць шмат. Было некалькі гарматаў. Адзінае, што выглядала салідна, быў абоз — адкормленыя бліскучыя коні цягнулі вялікія цяжкія вазы. Хутка ў горадзе зьявілася шмат літоўскай паліцыі, а паліцыянты былі ўсе высокага росту, ня менш 190 см, шыракаплечыя, у сініх муньдзірах з залатымі гузікамі й чырвонымі кантамі, парадныя шапкі былі аздобленыя конскімі хвастамі. Выглядала гэта неяк апэрэтачна. Пачаліся праблемы з мовай, мала хто разумеў, што яны гавораць. Штопраўды, у горадзе зьявіліся прадукты, якіх апошнім часам не ставала: мяса, кілбасы, малако, сыр.

У ВБГ зноў адбыліся вялікія зьмены. Калі стала ведама, што Вільню перадаюць Літве, дырэктар Барыс Кіта з большасьцю вучняў выехаў у Навагрудак. У Вільні засталося так мала вучняў, што ўдалося скамплектаваць толькі дзьве малодшыя клясы — гэта была ўжо не гімназія, а прагімназія, і ейным дырэктарам зрабіўся Адам Станкевіч.

Так закончыўся віленскі пэрыяд вучобы й пэдагагічнай працы Барыса Кіта. У адноўленай Наваградзкай Гімназіі ён, як дырэктар, зьбірае моцны пэдагагічны калектыў, забясьпечвае нармальную працу. Дзякуючы сваім арганізацыйным здольнасьцям, займае неўзабаве пасаду інспэктара школаў усяе Баранавіцкае акругі (Баранавіцкі, Наваградзкі, Слонімскі, Валожынскі, Ваўкавыскі паветы). За два гады (193941) Барыс Кіта разгарнуў шырокую дзейнасьць у справе арганізацыі беларускага школьніцтва. Адначасова працуе выкладчыкам матэматыкі ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, дзе й пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нінай Корсак. У 1941 г. у іх нарадзіўся першы сын Уладзімір.

22 чэрвеня распачалася нямецкасавецкая вайна. На акупаванай немцамі Беларусі склаліся вельмі цяжкія ўмовы для колечыякой педагагічнай працы. Небясьпека пагражала найперш з боку самых акупантаў, каторыя хоць і далі дазвол на адкрыцьцё пачатковых, васьмігадовых і спэцыяльных сярэдніх школаў, — маглі заўсёды знайсьці прычыну зачыніць школу ды арыштаваць настаўнікаў. Небясьпека пагражала й з боку савецкіх партызанаў, што ўважалі тых, хто працаваў у галіне беларускага школьніцтва, за калябарантаўздраднікаў. І польская Армія Краёва (АК) таксама найбольш змагалася не зь нямецкімі акупантамі, а з сьвядомымі беларусамі, баючыся іхнага ўплыву на “Крэсах усходніх” — багата беларускіх інтэлігентаў і простых беларускіх сялянаў загінула ад рук байцоў АК. Нягледзячы на такія неспрыяльныя варункі, Барыс Уладзіміравіч Кіт працягвае сваю дзейнасьць на ніве беларускага школьніцтва. Параіўшыся з школьным інспэктарам Маладэчанскага раёну Яворскім, ён адчыняе ў Маладэчне Настаўніцкую сэмінарыю. Але сэмінарыя, хаця й мела вялікі посьпех (300 заяваў), прайснавала нядоўга. Паколькі сэмінарыя працавала без дазволу мяйсцовых нямецкіх уладаў, яна была зачыненая. Быў аддадзены загад арыштаваць ейнага дырэктара й заснавальніка. Дзякуючы заступніцтву ўплывовых беларускіх дзеячоў, арышту Барысу Кіту ўдалося пазьбегнуць. Ён нават атрымаў у Менску прызначэньне на становішча дырэктара сэмінарыі ў Паставах Глыбоцкай акругі.

У Паставах жылося далёка ня проста. Давялося быць сьведкам перасьледу й зьнішчэньня жыдоў, баёў паміж савецкімі партызанамі й АК ды шмат чаго іншага. Барыс Уладзіміравіч дастае дазвол на адкрыцьцё гандлёвай школы ў Маладэчне. Застаючыся на працы ў Паставах, ён часта наяжджае ў Маладэчна. Падчас аднаго такога падарожжа яго арыштавалі. Абвінавачаньняў было шмат: праца ў савецкім школьніцтве, гуманнае стаўленьне да жыдоў, непавага да нямецкіх уладаў, залішняя самастойнасьць. 30 дзён доўжыліся допыты й зьдзекі. Уратавалі свайго былога настаўніка ягоныя вучні, Адам Дасюкевіч і Кастусь Касяк (абодва загінулі). Барыс Кіт нават змог надалей працаваць у гандлёвай школе ў Маладэчне.

У 1943 г. Барыс Кіт пры помачы сваіх аднадумцаў ператварые гандлёвую школу ў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут з гуманітарным ухілам. Першы год былі арганіза ваныя 2 курсы. Навука была разьлічаная на 4 гады. Удалося сабраць добры калектыў выкладчыкаў. Былыя навучэнцы гэтага інстытуту, якіх лёс параскідаў па ўсім сьвеце, зь цеплынёю і ўдзячнасьцю ўспаміналі свайго дырэктара й настаўніка.

У канцы сакавіка 1944 г. ВБГ сьвяткавала сваё 25-годзьдзе. Не зважаючы на неспрыяльныя ўмовы, фронт каціўся на Захад, у Вільні сабралася шмат абсальвэнтаў, настаўнікаў, былых дырэктароў гімназіі. Прыехаў і Барыс Кіта. Былі сустрэчы, успаміны, урачыстыя акадэміі, вялікі канцэрт у тэатры на Вялікай Пагулянцы з удзелам Міхася Забэйды Суміцкага. Да радасьці сустрэчы прымешваўся й сум — думкі пра будучыню.

Не чакаючы “вызваленьня”, Барыс Кіт зь сям’ёй выехаў у Нямеччыну. Напачатку патрапіў у горад ОфенбахЛіндаў (Баварыя), пазьней — у Мюнхен. У ваколіцах Мюнхена месьціўся лягер для перамешчаных асобаў, у асноўным украінцаў. Там ва ўкраінскай гімназіі Б. Кіт выкладаў напрацягу 3 гадоў матэматыку. Адначасова вучыўся на факультэце мэдыцыны ў Мюнхенскім унівэрсытэце (1945-48).

У сьнежні 1948 г. пачаўся амэрыканскі пэрыяд жыцьця й дзейнасьці Барыса Ўладзіміравіча Кіта. Спачатку ён прыехаў у Нью Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок СаўтРывер, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэў тычную фірму. Аднак яго не пакідала думка аб суродзічах, што засталіся ў Нямеччыне ў лягерох для перамешчаных асобаў. Варункі іміграцыі ў ЗША былі простыя: трэба было, каб нехта, хто жыве ў Амэрыцы, падпісаў пасьведчаньне, што бярэ на сябе клопаты, зьвязаныя з перасяленьнем. У гэтай справе Барысу Ўладзіміравічу дапамагалі два маладыя беларусы Шароўскі й Філіповіч. “Так, дзякуючы Б. Кіту, у Сант Рыверы паўстала найвялікшая сёньня беларуская калёнія ў ЗША”, — адзначае У. Брылеўскі ў сваім артыкуле “На 70-годзьдзе Б. Кіта”. Быў створаны й Беларускаамэрыканскі дапамогавы камітэт, мэтай якога была дапамагчы суайчыньнікам усталявацца ў ЗША, а таксама весьці сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу.

Барыс Кіт быў старшынём камітэту з 1949 па 1950 г., а з 1976 па 1988 г. — ягоны былы вучань Сьвятаслаў Коўш, сын ведамага ў Вільні сьвятара Аляксандра Каўша, змагара за беларускую царкву.

У 1950 г. Барыс Кіт пераяжджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня з ВБГ і калегу па БСС Чэслава Найдзюка. Тут, у Лос Анджэласе, пачынаецца касьмічная эра Барыса Кіта.

Ён працуе ў вядомай амэрыканскай фірме North American Aviation, дзе ажыцьцяўляліся амэрыканскія касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай навуковай працай Барыса Кіта было пасьпяховае дасьледа ваньне якасьцяў вадкага вадароду як будучага касьмічнага паліва. Дзякуючы гэтаму ды іншым дасьледаваньням амэрыканскіх навукоўцаў вадкі вадарод стала ўжываецца сёньня ў вялікіх ракетных сыстэмах Apollo й Shuttle.

У 1958 г. Барыса Кіта запрасілі ў Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сілаў ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Малады энэргічны вучоны ў вадначасьсе выконваў і абавязкі экспэрта ў разьвіцьці міжнароднай касманаўтыкі, перадусім савецкай. Добрае веданьне расейскай мовы памагло яму стаць каардынатарам групы 50 савецкіх вучоных, якія прыехалі ў ЗША на кангрэс па астранаўтыцы. На кангрэсе Барыс Кіт пазнаёміўся з выдатнымі савецкімі й амэрыканскімі вучонымі ў галіне ядзернай фізыкі й космасу.

У 1960 г. з выхадам навуковапапулярнай кнігі “Дапаможнік па ракетных палівах” пачынаецца літаратурная дзейнасьць Барыса Кіта. У 1964 г. ён напісаў сваю другую кнігу “Гісторыя й сучасны стан савецкай касманаўтыкі”. З 1963 г. Барыс Кіт працуе ў аддзеле касманаўтыкі Міжнароднай карпарацыі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі , дзе дасьледвалі й будавалі спутнікі сувязі, што зьяўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амэрыканцаў на Месяц. Яму была даручаная матэматычная распрацоўка сродкаў сувязі ў праектах кіруемых касьмічных караблёў. Адначасна Барыс Уладзіміравіч выступае з рэфэратамі, піша й публікуе артыкулы, чытае даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Напрыканцы 60-ых гадоў ён аб’езьдзіў зь лекцыямі паўсьвету: Японія, Індыя, Мексіка, Гішпанія, Канада, Англія, Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Нямеччына ды інш. А, наогул, Барыса Ўладзіміравіча, хоць быў ён грамадзянін ЗША і пражыў у Амэрыцы цэлых 25 гадоў, цягнула ў Эўропу, бліжэй да Радзімы. У 1972 г. ён пераяжджае ў Нямеччыну й мейсцам свайго сталага жыхарства выбірае старажытны горад Франкфурт на Майне. Але й тут не зьбіраецца “спачываць на лаўрах”, зноў варочаецца да пэдагагічнае працы. Яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Марылендзкім унівэрсытэце на вячэрнім факультэце. Гэты унівэрсытэт мае філіі па ўсім сьвеце, у асноўным там, дзе ёсьць амэрыканскія войскі, кампактна пражываюць амэрыканскія грамадзяне. І вось у Франкфурце на Майне Барыс Кіт стаў прафэсарам Эўрапэйскага аддзелу Марылендзкага ўнівэрсытэту. У 1987 г. яму ўручылі дыплём заслужанага прафэсара, а ў 1990 г. — дыплём ганаровага прафэсара.

Апрача пэдагагічнай дзейнасьці Барыс Уладзіміравіч бярэцца й за працу над дысэртацыяй. Тэмай доктарскай дысэртацыі ён выбраў жыцьцё й навуковую дзейнасьць польскага матэматыка Антона Зыгмунда, свайго колішняга прафэсара на Віленскім унівэрсытэце. Дысэртацыю “Antoni Zygmund, his life and his contribution to the mathematics of 20th century” Барыс Кіт пасьпяхова абараніў у 1982 г. на вучонай радзе Рэгенсбургскага ўнівэрсытэту й атрымаў за гэтую працу навуковае званьне доктара філязофіі ў галіне матэматыкі й гісторыі навукі.

Жывучы ў Нямеччыне, др. Барыс Кіт працягвае актыўна ўдзельнічаць у міжнародных астранаўтычных кангрэсах, публікуе шматлікія артыкулы ў амэрыканскіх і нямецкіх часопісах. У 1991 г. яму быў уручаны дыплём акадэміка Міжнароднай Акадэміі Астранаўтыкі.

На чужыне Барыс Уладзіміравіч ня раз успамінаў радзіму, марыў наведаць яе. Калі Беларусь абвесьціла незалежнасьць, ён гаварыў: “Для мяне гэта галоўная падзея ХХ стагодзьдзя!”

У 1992 годзе Барыс Уладзіміравіч нарэшце прыехаў на Бацькаўшчыну, адведаў Карэлічы, Наваградак, сустрэўся з былымі вучнямі, сваякамі, старымі знаёмымі. Наведаў ён і Акадэмію Навукаў Беларусі, яго прыняў міністар замежных справаў П. Краўчанка, сустракаўся зь вядомымі беларускімі навукоўцамі й грамадзкімі дзеячамі Р. Гарэцкім, А. Мальдзісам, М. Ткачовым ды інш. Увосені 1992 г. ў Наваградзкім краязнаўчым быў адкрыты Мэмарыяльны пакой Барыса Кіта.

У 1995 г. на сваё 85-годзьдзе Барыс Кіт адведвае Вільню, горад сваёй маладосьці. Ён сустракаецца зь беларусамі ў дамкох Таварыства беларускай культуры на вул. Жыгіманту, 12.

Яго сустракаюць, дзеляцца ўспамінамі ягоныя былыя вучні з ВБГ Лявон Луцкевіч, Лявон Кароль, Вера Шостак, Жэня Навумчык, ведамы яму яшчэ з часоў вучобы ў Наваградзкай Гімназіі Аляксей Анішчык. Барыс Уладзіміравіч ходзіць па любых ягонаму сэрцу старажытных вулачках Вільні.

Гэта тая самая і ўжо іншая Вільня: чужая мова, чужы дух, чужая даўно сталіца. Яго суправаджае карэнны віленчук Лявон Луцкевіч, найлепшы знаўца беларускай Вільні.

Вось Вострая Брама з выявай Пагоні. Вось Вастрабрамская вуліца, Духаў манастыр, славутыя Базыльянскія муры. Тут быццамбы нічога не зьмянілася, занядбаная царква, старыя дрэвы на панадворку, абшарпаныя кляшторныя муры… Няма толькі Віленскай Беларускай Гімназіі й Беларускага Музэю ім. Лявона Луцкевіча. Тырчыць адно ў муры адзінокі, іржавы цьвік, на якім колісь вісела шыльда музэю… Цяжка варочацца ў сваю маладосьць і не знаходзіць таго, што там было. І была яшчэ адна сустрэча на кватэры Лявона Луцкевіча.

Настаўнік і вучань успаміналі гімназію, ейнага заснавальніка Івана Луцкевіча, многіх вучацялёў і дырэктароў. Але найбольш уразіў Барыса Ўладзіміравіча самаробны альбом, прысьвечаны гісторыі ВБГ, матар’ялы да каторага пачалі зьбіраць яшчэ пісьменьніца Зоська Верас і вядомая бел. дзеячка ў галіне школьніцтва Надзея Шнаркевіч, а закончыў збор і афармленьне Лявон Луцкевіч. У альбоме Барыс Уладзіміравіч пабачыў успаміны сваіх былых вучняў, Марыі Скуркі, Янкі Шутовіча, Янкі Багдановіча ды інш., фатаграфіі дырэктароў і выкладчыкаў, групавыя фатаздымкі, пасьведчаньні вучняў ды шмат чаго іншага, зьвязанага з гісторыяй дарагой яму навучальнай установы.

Пры сустрэчы з Барысам Уладзіміравічам уразіла ягоная рухавасьць, жывасьць, сьветлы розум і ясная памяць, а перадусім — ягоная чысьцюткая беларуская мова, безьколечыякога чужаземнага акцэнту, каторы часьцяком зьяўляецца ў тых, хто доўга жыве на чужыне й наштодзень, як у гутарцы, так і на пісьме, карыстаецца чужой мовай.

З нагоды 85-гадовага юбілею нашага знакамітага суайчыньніка горадзенская газэта “Пагоня” пісала: “Цяжка ўявіць сабе, што гэтаму энэргічнаму, поўнаму плянаў і праектаў, няўрымсьліваму рупліўцу беларускага дзяржаўнага іміджу й нацыянальнай годнасьці ўжо 85 гадоў. Масьціты вучоны атрымаў у 1991 г. сусьветна вядомы тытул акадэміка Міжнароднай Акадэміі Навукаў Эўраазіі, дзейнасьць якой адпавядае галоўнай ідэі жыцьця юбіляра — Беларусь павінная заняць пачэснае мейсца ў Эўропе, якое ёй належыць паправу”.

З таго часу прайшло 6 гадоў. У Беларусі шмат што зьмянілася, на жаль, на горшае. І гэта балюча адчуваюць усе беларускія патрыёты, дзеб яны не жылі. Барыс Кіт застаецца й сягоньня бадзёры й актыўны, гэтаксама молада гучыць (па тэлефоне) ягоны голас. Ён прайшоў доўгі й нялёгкі шлях, шлях per aspera ad astra — цераз церні да зорак.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by