МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Рабы ў старажытным і сучасным сьвеце. Беласток-Лёндан 2003

Аўтар: Весялкоўскі Юры
Год: 2003
Раздзел: Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Юры Весялкоўскі, Рабы ў старажытным і сучасным сьвеце, Беласток-Лёндан 2003

Рабства ў старажытным сьвеце

У пошуках мінулага чалавек мае два галоўныя заданьні: знайсьці факты і паказаць іх. Зрабіць гэта сёньня ня так проста і лёгка, калі справа датычыць штодзённага жыцьця таго ці іншага старажытнага народу, калі няма на гэта пэўных запісаў. А такімі запісамі зьяўляецца гісторыя або аповед пра людзей, пра тое, што яны рабілі ў свой час, за што змагаліся і ў чым знаходзілі задавальненьне. Таму, як-бы далёка мы не вярталіся ў мінулае людзкасьці, мы ня знойдзем яе пачатку.

Апошнім стагодзьдзем дасьледчыкі мінулага карыстаюцца рознымі тэхнічнымі мэтадамі і прыходзяць да пэўных заключэньняў і высноваў. Асабліва пасьля Другой сусьветнай вайны археалягічная тэхніка пайшла так далёка, што са знойдзеных у зямлі рэштак людзкіх паселішчаў апісваюць іхні спосаб жыцьця да 50 тысяч гадоў да н.э. Захаваліся некаторыя дакумэнты і запісы, але многа чаго цікавага зь мінулага застаецца таямніцай.

Дасьледчыкі мінулага гавораць, што першыя людзі ў сьвеце былі паляўнічымі і зьбіральнікамі правіянту. Іхняе жыцьцё залежала ад натуры і ўласнай здольнасьці забяспечыць сабе харчаваньне, вопратку і дах над галавой.

Першым дасягненьнем людзей аказалася разьвіцьцё гаспадаркі, калі яны пачалі вырошчваць на полі зерне, садзіць гародніну, рабіць гаспадарчыя прылады, займацца жывёлагадоўляй, што дало ім магчымасьць выжыць і пашырыць людзкі род.

Але як гэта сталася, што зь незапамятных часоў сярод прымітыўнага грамадзтва зьявіліся рабы і падданыя? Дзеля таго варта бліжэй запазнаца зь інстытутам рабства ў старажытны і ў наш час. Гартаючы старонкі гісторыі даведваемся, што рабства было старым звычаем у мінулым людзкасьці. Яно было нармальным зьявішчам штодзённага жыцьця. Не было яшчэ эўрапэйскіх дзяржаў, як рабства згадваецца ў Бабілёніі, Эгіпце, Асырыі, Кітаі і другіх старажытных краінах.

Шмат дзе на сьвеце ляжаць у руінах вялікія цывілізацыі, дасягненьні якіх для інжынераў, архітэктараў, архэолягаў, будаўнікоў і майстроў зьяўляюцца загадкай. Яны дзівяцца, як шматлікія рэчы маглі быць зроблены тысячы гадоў таму, калі людзі ня мелі адпаведных прыладаў, такой тэхналёгіі, якая маецца сёньня. Але гэта ўжо сьведчыць, што ў старажытны час былі здольныя інжынеры, імёны якіх не былі запісаны, аднак работа засталася.

У раньняй гісторыі ў большасьці выпадкаў рабамі былі пераважна мясцовыя людзі. Іхнімі рукамі пабудавана старажытная цывілізацыя сьвету.

Доўгія стагодзьдзі ніхто не цікавіўся рабствам у супастаўленьні зь іншымі сацыяльнымі праблемамі. Гэты цяжкі і балючы стан чалавека ігнараваўся кіраўнікамі дзяржавы, якія карысталіся рабамі ў якасьці бясплатнай рабочай сілы як дзеля свае прыватнай карысьці, так і дзяржаўнай гаспадаркі. Рабоў выкарыстоўвалі ўва ўсіх тагачасных работах як у хаце, так і па﷓за хатай і нават у час вайны. Часам давалі ім адказныя работы. Рабства і падданства былі юрыдычна замацаваны як форма прымусовай работы. Розьніца паміж імі была невялікая. Раб ня меў ніякага права, калі падданы ў пэўнай ступені быў залежны ад гаспадара як работнік.

Зацікаўленьне старажытным рабствам пачалося даволі позна, бо ў XIX стагодзьдзі і часткова было яно выклікана макрсісцкай ідэалёгіяй клясавай і эканамічнай сыстэмы. Больш дакладныя інфармацыі аб старажытных рабах паходзяць пераважна з грэцкай і лацінскай літаратур. Зацікаўленьне гісторыяй рабоў ажыло пасьля Другой сусьветнай вайны і на гэтую тэму паўстала даволі багатая літаратура. Аднак у ёй няпоўна адлюстраваны гісторыя паходжаньня рабоў, іхні супраціў, рэвольты, паўстаньні і з часам глябальная забарона гандляваць і карыстацца рабамі.

У старажытнасьці цяжка было пражыць прымітыўнаму чалавеку. Зь цягам часу пашыралася насельніцтва, якое аб’ядноўвалася ў пэўную арганізацыйную форму, каб забясьпечыць свой штодзённы быт. На чале такой арганізацыі стаяў кіраўнік, якога зазвычай называлі каралём. У такой першабытнай сыстэме большасьць людзей працавала рабамі і яны прадукавалі наступных рабоў. Так было і ў іншых старажытных краінах сьвету. Дзе быў свабодны чалавек, там быў і раб. Але як ён стаўся рабом, гэта цікава ведаць.

Рабы ў Мэзапатаміі

Раньнія цывілізацыі нараджаліся і разьвіваліся над рэкамі: сумерыйская, бабілёнская і асырыйская — над Эўфратам і Тыграм; кітайская — уздоўж Жоўтай ракі; індыйская — уздоўж Індуса; эгіпецкая — над Нілам. Да пашырэньня цывілізацыі спрычыніліся яшчэ гандлёвыя зносіны паміж рознымі краінамі.

Старажытная Мэзапатамія атрымала свой назоў ад знаходжаньня „паміж двух рэк” Тыграм і Эўфратам (сёньняшні Ірак). Была гэта ўраджайная даліна, але цячэньне яе рэк не было рэгулярнае і прадбачальнае. Натура прыносіла засухі і зьнішчальныя паводкі. Каб захаваць пэўную бясьпеку і кантроль у гаспадарцы, ужо каля 5000 г. да н.э. людзі капалі каналы і наваднялі палі. Акрамя змаганьня са стыхіямі трэба было абараняцца ад галодных суседзяў з акружаючых пустыняў і гор.

На бабілёнскай зямлі былі пакладзены першыя асновы цывілізацыі: земляробства, штучнае навадненьне палёў, пісьменнасьць, матэматыка, астраномія. Рабіліся таксама даволі дакладныя матэматычныя вылічэньні, якія пачалі запісваць каля 700 г. да н.э.

Аб Мэзапатаміі — Бабілёніі згадвае Біблія (Быціе, 11 1-9), як яе жыхары задумалі пабудаваць горад і Бабілёнскую вежу да нябёсаў і для гэтай работы прыгатавалі цэглу. Калі пачалі яны будаваць вежу дзеля свае славы, тады Гасподзь памяшаў ім мову. Яны не маглі дамовіцца між сабою, пакінулі будову і Гасподзь расьсеяў іх па ўсім сьвеце. Хоць Бабілёнская вежа не была пабудавана, але ў гісторыі згадваецца горад Бабілён.

Жыхароў паўднёвай часткі Мэзапатаміі называлі шумерамі. Былі яны фэрмерамі зь незапамятных часоў. Кіраўніком шумерыйцаў быў Галоўны сьвятар, які глядзеў за ўсімі галінамі штодзённага жыцьця краіны і вёў войска на вайну супраць іншых гарадоў. Каля 3000 г. у Шумер паўстаюць вялікія гарады.

На асаблівую ўвагу ў Мэзапатаміі заслугоўвае Хамурабі (1792-1750 гады да н.э.). Ён быў шостым каралём, які заступіў кралёў Ісына і Ларсана. Хамурабі зрабіў сваёй сталіцай Бабілён і ад яго імпэрыю прынята назвываць Бабілёніяй. Хамурабі сфармуляваў кодэкс, які меў 49 калюмнаў з правамі высечанымі на скале вышынёй 2,25 мэтра. Тэкст кодэкса складаўся з трох частак. Сярэднюю даўжэйшую частку кодэкса пазьнейшыя рэдактары падзялілі на 282 артыкулы, якія рэгулявалі штодзённае жыцьцё грамадзян.

Хамурабі падзяліў народ на тры групы: вольных, падданых і рабоў. Большасьць бабілёнскіх рабоў складалі пераважна свае людзі, якія не маглі заплаціць даўгі, таму прадавалі сваіх дзяцей і самых сябе ў рабства. Такія свае рабы не маглі быць даўжэй у рабстве як тры гады. Але такога права мала хто трымаўся. Былі і дзяржаўныя рабы, пераважна палонныя. Сьпярша палонных аддавалі на мукі і сьмерць, як ахвяру свайму богу за перамогу, а жанчын і дзяцей асымілёўвалі сярод свайго племя. З часам забойствы палонных былі спынены, бо сярод іх былі здольныя майстры рознага фаху. Палонных сталі выкарыстоўваць пераважна ў гаспадарцы.

Бабілёнскае права дазваляла рабом набываць маёмасьць, якая ахоўвалася правам. Паколькі рабы маглі прыдбаць сабе маёмасьць, таму некаторыя зь іх маглі купіць сваю волю. Уцёкаў рабоў у Бабілёніі не здаралася многа, бо злоўленым уцекачам на лбе пісалі „ўцякач”. А таму, хто памог рабу ўцячы, або хаваў яго, пагражала кара сьмерці. Каб можна было пазнаць раба, стрыглі яму нагола галаву і рабілі знакі на целе. Бабілёнскае права забараняла звычайным людзям мець сваю зямлю. Зямля належала некаторым больш знатным асобам або арганізацыям і на ёй працавалі рабы, якіх можна было прадаваць, абменьваць, набываць. У дзяржаве Хамурабі рабы не карысталіся юрыдычнай аховай. Раба можна было забіць і гэта не лічылася крымінальным злачынствам, толькі гаспадару, якому належаў забіты раб, трэба было заплаціць кампэнсацыю. Калі рабыня мела дзіця ад гаспадара і ён яе адаптаваў як жонку, то яна і дзіця былі вольнымі і мелі права на яго спадчыну. А калі гаспадар адмовіў мець рабыню за жонку, то яна зь дзіцём далей заставаліся рабамі.

Быў такі перыяд часу, што рабы мелі свае дамы, гаспадаркі, трымалі статкі і мелі нават сваіх рабоў. Аднак ня мелі яны свабоды, паколькі былі прымацаваны да зямлі або іншай работы і заставаліся залежнымі ад гаспадара. Першыя раньнія дакумэнты гавораць не аб продажы дому, зямлі або іншай рэчы, толькі аб продажы рабоў.

Законы Хамурабі былі суровымі ў дачыненні да злачынцаў і часта пагражалі сьмяротнымі пакараньнямі. Напрыклад, калі чалавек абвінавачваў другога чалавека ў забойстве і не даказаў яго віну, тады сам падвяргаўся сьмерці. Калі жонка спрычынілася да сьмерці мужа праз другога мужчыну, то яе садзілі на ражон або палілі. Калі сын ударыў бацьку, тады яму адразалі руку.

Бабілёнія, як і іншыя старажытныя цывілізацыі і многа пазьнейшых дзяржаў карысталіся рабамі і ўстанаўлялі свае правы. Аднак правы Бабілёніі былі нецывілізаванымі, больш варварскімі ў параўнаньні да заканадаўства іншых старажытных народаў таго часу.

У 689 г. да н.э. Бабілён быў заняты і страшна зьнішчаны асырыйцамі, але Навухаданосар адбудаваў яго і зрабіў яшчэ больш прыгожым горадам у тагачасным сьвеце. Асырыйская дзяржава паўстала каля 1800 г. да н.э., а яе закладчыкам быў Шамшы-Адад.

У перыядзе ад 550 г. да н.э. і аж да 600 г. н.э. існавала шэсьць вялікіх і вядомых народаў з багатай культурай: эгіпцыяне, кітайцы, індыйцы, пэрсы, грэкі і пасьля рымляне. Землі, якія яны насялялі, цягнуліся ад Кітаю аж да Гішпаніі.

Рабы ў Кітаі

Кітай — адна зь дзяржаў сьвету з найстарэйшай чатырохтысячнагадовай цывілізацыяй. Апошнія археалягічныя адкрыцьці паказалі, што народ Кітаю жыў сваім традыцыйным жыцьцём без замежных уплываў. У раньні перыяд цывілізацыі Мэзапатамія, Эгіпет і Індыя былі ў кантакце, толькі Кітай быў ізаляваны і каля 1000 г. да н.э. уступіў у кантакт зь Індыяй і Іранам. Гісторыю Кітаю можна падзяліць на тры галоўныя перыяды: 1) даімпэрыяльны да 221 г. да н.э.; 2) імпэрыяльны — ад 221 г. да н.э. і да 1912 г. н.э.; 3) постімпэрыяльны перыяд ад 1912 г.

Першай вядомай і важнай дынастыяй Кітаю была дынастыя Шан у даліне ракі Жоўтай (ХVІІІ-ХІІ ст. да н.э.). Наступныя кіраўнікі Кітаю — з дынастый Чжоў і Чжаньго — пашыралі межы дзяржавы і пры Цынь Шыхуандзі, заснавальніку дынастыі Цынь, у III стагодзьдзі да н.э. наступіла аб’яднаньне Кітаю і пачатак будовы першай Вялікай сьцяны ў 214 г. да н.э. (удасканалілі яе ў ХV і ХVІ ст. н.э.). Сьцяна мае каля 9 мэтраў вышыні і абараняла ад варожых нападаў суседзяў. Яе памагалі будаваць палонныя і рабы.

Імпэратарства Цынь Шыхуандзі было зваротным пунктам у гісторыі Кітаю. Яго рэформа 221 г. да н.э. устанавіла бюракратычную цэнтралізаваную форму ўрада, якая сталася асновай імпэрыі на працягу будучых стагодзьдзяў. Першым чынам ён абапёрся на армію. Феадальная сыстэма была зьнесена, сяляне атрымалі большыя правы да зямлі, але павінны былі плаціць падатак, выконваць публічныя работы і несці ваенную службу. Дынастыя Цынь не заўсёды паступала гуманна і справядліва, за што была пазбаўлена ўлады. Як прызнаюць марксісцкія гісторыкі, гэта мела быць вялікая рэвалюцыя бедных сялянаў у гісторыі Кітаю. Але на працягу імпэратарства дынастыі Цынь (221-207 г. да н.э.) у 213 г. было загадана зьнішчыць усе кніжкі, нельга было „карыстацца мінулым, каб не панізіць сучаснае”. Як толькі дынастыю Цынь замяніла дынастыя Хань, а на троне сеў імпэратар Гао Цзу (206-195 г. да н. э.), тады была вернута літаратура. Пачалі сьпісваць старыя тэксты з памяці і аднаўляць пашкоджаныя, якія зь вялікай рызыкай перахоўваліся некаторымі кітайцамі. У час забароны карыстацца кніжкамі ў 212 г. зьнішчаных было пад 460 навучэнцаў, якія не падпарадкаваліся загаду імпэратара Цыня не займацца літаратурай.

Рэвольта сярод усходніх васалаў у 154 г. да н.э. падказала імпэратару Цзін Дзі (156-141) зьмяніць права насьледзтва. Ад гэтага часу ўсе сыны мелі права на зямлю, якую дзялілі пасьля сьмерці бацькі.

За панаваньня дынастыі Чжоў падбітая тэрыторыя раздадзена была вялікай колькасьці мясцовых кіраўнікоў, сваякоў і саюзьнікаў кіруючай дынастыі. А да абавязкаў сялянаў належала даніна і ваенная служба, што не было цяжкім і прыгнятаючым як гэта сталася пазьней.

Дынастыя Хань кіравала ад III ст. да н.э. аж да III ст. н.э. і вылучылася дасягненьнямі. У гэтым часе маюцца ў Кітаі адкрыцьці і згадваецца экспансія. Быў час разьвіцьця і вялікага кантрасту паміж багатымі і беднымі. Калі памёр багаты, цела яго акручвалі дарагім шоўкам і клалі ў дарагую труну. Беднага чалавека хавалі у глінянай труне, а ў дрэнных абставінах хавалі без труны.

У старажытным Кітаі, як і ў другіх краінах таго часу, дзеяліся страшныя злачынствы. Дэспаты кіравалі краінамі. Падобна бабілёнцам, кітайцы забівалі палонных у час сваіх рэлігійных абрадаў. Археалягічныя раскопкі выявілі ў шкілетах парэзаныя людзкія чэрапы, а таксама адсутнасьць рук і ног. Прадстаўнікі дынастыі Хань займаліся злачынствам, выконваючы адміністрацыйныя, рытуальныя, ваенныя заданьні, нападаючы на суседзяў, рабуючы іх і беручы палонных. Адначасна закладалі гарады і пашыралі аграрную гаспадарку.

Супраць злачынстваў у адносінах да палонных і рабоў выступіў кітайскі філёзаф Канфуцый (к. 552-479 г. да н.э.). Ён вучыў гуманных адносін чалавека да чалавека. Хацеў, каб кіраўнікі дзяржавы паступалі сумленна, не прымянялі сілы і жорсткіх пакараньняў да людзей за любую цану, бо дзе многа жаўнераў, там слабы ўрад.

Вучэньне Канфуцыя, запісанае ягонымі вучнямі, сталася рэлігіяй Кітаю, а фактычна — сыстэмай правапарадку. Спыніліся ў Кітаі забойствы, хоць рабства захоўвалася далей. Дазвалялася бацькам прадаваць дзяцей у рабства, калі яны ня мелі магчымасьці ўтрымаць іх з прычыны голаду або іншага няшчасьця. Але, калі мінуў крытычны час, бацькі маглі забраць дзіця назад.

Старажытнасьць паказала, што кітайцы не былі народам, які пасягаў на суседнюю зямлю, або заморскую тэрыторыю, як гэта рабілі пазьней заходнія эўрапэйцы. З вынаходзтвам жалеза ў V стагодзьдзі да н.э. кітайцы рабілі прылады гаспадарчага ўжытку: пікі, плугі, лапаты, сякеры, сярпы, але не зброю.

Таксама рабства ў Кітаі не было важнай і папулярнай рысай кітайскай цывілізацыі пасьля 1000 г. да н.э., як гэта было ў Бабілёніі, Грэцыі ці Рыме. Кітайцы не цікавіліся збройнай інтэрвэнцыяй на чужую тэрыторыю, але ў абароне свае свабоды вялікі пасьлядоўнік Канфуцыя, Мэн Цзы (372-288 г. да н.э.) казаў, што народ мае права ўзяць зброю ў абароне перад тыраніяй. Аб тым, што кітайцы не пасягалі на суседнюю тэрыторыю і заморскія калёніі сьведчыць Кітайская сьцяна, якая была пабудавана як абарона ад нападаў суседзяў на сваю краіну.

Панаваньне ўзурпатара Ван Мана (9-23 н.э.) некаторыя гісторыкі называюць няшчасьцем Кітаю. А гэта магчыма таму, што Ван стараўся ўстанавіць „геніяльны” канфуцыянізм, ажыццявіць стары арыстакратычны парадак. У эдыкце, выдадзеным у 9 г. н.э., Ван Ман „нацыяналізаваў” зямлю, значыць, адмяніў прыватную ўласнасьць. Другія гісторыкі падаюць, што Ван Ман загадаў вялікім земляўласьнікам адступіць частку свае зямлі безьзямельным і памог ім фінансава набыць прылады для апрацоўкі зямлі і набыцьця зерня на пасеў. Забараніў продаж і куплю рабоў і налажыў гадавы падатак на кожнага гаспадара, які трымаў рабоў.

Ня ўсе рэформы Ван Мана аказаліся практычнымі ў гэты час. Асабліва эканамічная рэформа абярнулася трагэдыяй. У выніку паўсталага гаспадарчага крызісу, прычынай якога было пяць засухаў, што ў сваю чаргу выклікала голад і сьмерць сярод кітайцаў, Ван Ман быў забіты.

Цікава, што ў Кітаі не згадваюцца вялікія земляўласьнікі, а калі дзе і былі, дык зямлю аддавалі ў арэнду. У сям’і зямлю дзялілі сярод сыноў. Калі заставаўся малы кавалачак зямлі, на якой нельга было пражыць, гаспадар прадаваў яе суседу, а сам ішоў у горад шукаць работу.

Філёзаф Дун Чжуншу (к. 179-104 г. да н.э.) патрабаваў зьнесьці рабства гаспадарам. І калі імпэратар Ван Ман даведаўся, што адзін зь яго сыноў забіў раба, то загадаў яму пакончыць самагубствам. Маюцца інфармацыі, што ў 44 г. да н.э. у Кітаі большасьць дзяржаўных рабоў працавалі ў дзяржаўным гандлі. Былі і прыватныя рабы, але гаспадар ня мог караць яго сьмерцю.

У той час было ў Кітаі прыблізна 100 тысяч дзяржаўных рабоў, большасьць якіх глядзела за жывёлай, а злачынцы працавалі ў капальнях жалеза і промысьле. Захопленых у палон жаўнераў кітайцы ўчынялі рабамі, але ня тых, што здаліся дабравольна. Быў звычай, што па пэўным часе вызвалялі вязьняў з рабства для ваеннай службы.

Хоць рабы і палонныя не прадстаўлялі вялікай ролі ў гісторыі Кітаю, як гэта было ў іншых краінах сьвету, аднак выкарыстоўваліся яны, як падае гісторыя, дзеля пашырэньня каналу паміж рэкамі Янцзы (Блакітная) і Хуанхэ (Жоўтая). Працавала там у VІІ ст. н.э. 5,5 мільёна рабочых, за якімі наглядала 50 тысяч паліцыянтаў. Але ня ўсе рабочыя былі рабамі. У Кітаі, як падае Артур Катэрэл, дзякуючы навадненьню палёў аграрная прадукцыя была настолькі багатая, што не патрабавала многа рабоў. Малая колькасьць рабоў была за дынастыі Хань (206 г. да н.э. — 220 г. н.э.). Былі гэта чужынцы, ахвяраваныя ўраду. Але ўжо тады пачалі накапляцца праблемы. Насельніцтва было многа і з кожным годам прыбывала людзей. Трэба было іх накарміць, што выклікала неспакой у сувязі з эксплуатацыяй сялянаў на гаспадарках.

Пасьля стагодзьдзяў разьбіцьця Кітай быў аб’яднаны ў 589 г. пры дынастыі Суй (581-617). Але ў 870 г. адбылося вялікае сялянскае выступленьне, якое аслабіла цэнтральны ўрад і ўзмоцніла правінцыяльныя рэгіёны. Прыйшлося чакаць даволі доўга, калі ў 979 г. яны зноў былі аб’яднаныя ў адну дзяржаву.

Неспадзявана ў XIII ст. н.э. культурны і цывілізаваны Кітай быў падбіты прымітыўнымі манголамі і іхнімі саюзьнікамі татарамі. Але ў 1307 г. становішча пачало мяняцца, мангольскія стэпы былі далучаны да Кітаю, а ад 1328 г. пачаўся працэс канфуцыяваньня акупацыйнага ўраду і пашырэньня кітайскай культуры. У 1368 г. манголы пакінулі Кітай.

На пачатку ХVІ стагодзьдзя Кітайская імпэрыя прадстаўляла сабою сілу як у багацьці, так і ў велічыні насельніцтва, якое перавышала больш за 100 млн. чалавек (больш як уся Эўропа). Але ў нутры краіны, як і раней, не было спакою.

Тайпінскае паўстанне сялянаў 1850-1864 гадоў устанавіла сэпарастычны ўрад у Нанкіне, які зьнёс стары кітайскі сацыяльны і палітычны звычай. Хоць ён доўга ня быў пры ўладзе, але забараніў рабства і даў жанчынам права на працу ва ўрадавых установах.

Аднак рабства ў Кітаі захоўвалася, пераважна ў сувязі з цяжкімі варункамі жыцьця, калі людзі змушаны былі прадаваць сябе і сваіх дзяцей у рабства. Так было да 1908 г., нягледзячы на тое, што пры канцы дынастыі Мін і за тайпінаў рабства і продаж дзяцей былі забаронены. Аднак старая традыцыя рабства і продаж дзяцей працягваліся, хоць ня так адкрыта і шырока.

Асабліва на поўдні Кітаю амаль кожная сялянская хата мела пасрэднае або непасрэднае дачыненьне да гандлю жывым таварам. І такі немаральны парадак быў легальны і захоўваўся на працягу тысячы гадоў аж да ўстанаўленьня Кітайскай Народнай Рэспублікі ў 1949 г. Але нават апошнім часам прэса згадвае, што кітайцы крадуць хлапцоў і прадаюць іх.

У часе дынастыі Мін у 1557 г. партугальцы ўсадавіліся ў Макао. Усё, што яны маглі ахвяраваць кітайцам, гэта сваіх місіянераў, якія аказаліся вельмі ўплывовымі на Мінскім двары. Ад езуітаў кітайцы навучыліся рабіць гарматы і іншыя прылады. Хоць кітайцы першыя за эўрапэйцаў вынайшлі порах, аднак ня ведалі як яго выкарыстаць у гарматах. Кітайская адміністрацыя аказалася занепакоенай прысутнасьцю і дзейнасьцю партугальскіх хрысьціянскіх місіянераў і загадала ім вярнуцца назад у Макао. Адгэтуль партугальцы вялі гандаль з Кітаем і Японіяй; гандаль быў важнай справай для Кітаю, але не аказаў вялікага ўплыву на краіну.

Акрамя партугальцаў Кітай наведвалі іншыя эўрапэйскія гандляры з мэтай завесьці там каляніяльны парадак. Але ў ХVІІ ст. Кітай быў даволі вялікай, моцнай і добра сарганізаванай краінай. Кітайцы не дазволілі чужынцам распараджацца ў сваім краі і яны не адважыліся на збройны канфлікт. Прыйшлося чакаць больш за сто гадоў, калі чужынцы сталі прыязджаць у Кітай.

Кітай, як і частка Індыі, мелі за сабою тысячагадовы вопыт у аграрнай гаспадарцы і пачынаючы ад 500 да 1000 г. стаялі тэхналягічна вышэй за Эўропу. Але пачынаючы з канца ХV ст. на захадзе Эўропы разьвіваюцца навука і тэхналёгія. Эўрапэйцы адкрылі заакіянскі Новы Сьвет і вялі зь ім гандаль. А гэта магчыма таму, што эўрапэйцы ня мелі так многа добрай ураджайнай зямлі, ды ня ўсюды быў адпаведны клімат для гаспадаркі, а таксама кожная дзяржава баялася канкурэнцыі свайго суседа і таму прымала меры па забесьпячэньні сваёй будучыні.

Аб стане тагачаснай навукі на захадзе Эўропы так пісаў Гарганцюа да свайго сына ў 1532 г.: „Увесь сьвет ёсьць поўны вучоных людзей, вучоных настаўнікаў, вялікіх бібліятэк і таму я веру, што ані за Плятона, ані за Цыцэрона не было так многа магчымасьцяў да студыяў як цяпер”. Нечага падобнага не наглядалася ў той час у Кітаі і Індыі, іхнія суседзі жылі на ніжэйшым узроўні цывілізацыі і таму не было саперніцтва паміж гэтымі народамі, як гэта было ў Заходняй Эўропе.

У ХV ст. пры дынстыі Мін Кітай прадстаўляў сабою магутную сілу на моры. Яго трэці імпэратар Чжу Дзі, які кіраваў Кітаем у 1402-1424 гг., даручыў „адміралу” Чжэн Хэ (1371-1433) рабіць марскія экспэдыцыі. Сваёй базай Чжэн Хэ зрабіў Малаку. Ад 1405 да 1433 г. было зроблена сем марскіх экспэдыцыяў. У яго першым падарожжы (1405-1407) прымала ўдзел 317 караблёў з 28 тысячамі жаўнераў. Некаторыя караблі былі 124 мэтры доўгія і 51 мэтр шырокія, мелі дзевяць мачтаў, чатыры паверхі і маглі памясьціць 500 і больш чалавек. У першых трох выправах (1405-1407, 1407-1409 і 1409-1411) Чжэн Хэ завітаў у Азію, Індыю і Цэйлон. Чацьвёртая экспэдыцыя (1413-1415) накіравана была ў Пэрсідзкі заліў і Арабію, а пасьля да Усходняга берагу Афрыкі. Чжэн Хэ прыпыніў актыўнасьць марскіх піратаў, якія дзейнічалі ўздоўж паўднёвага берагу Азіі. Вярнуўшыся са свайго чацьвёртага падарожжа Чжэн Хэ прывёз пасланцаў з трыццаці мясьцін, якія выказалі сваю ўдзячнасьць імпэратарскаму Мінскаму двару.

Кітайцы працягвалі марскія экспэдыцыі, але чарговыя выправы не былі такія вялікія, а іхняй мэтай не было закладаць свае калёніі і панявольваць у іх людзей, як гэта пачалі рабіць партугальцы і гішпанцы. Чжэн Хэ ў сваіх падарожжах трымаўся больш паўднёвай Азіі, а найдалей ад Азіі заплыў у порт Малінлі ва Усходняй Афрыцы.

Каб у той час Чжэн Хэ завітаў у Амэрыку, як падавала ня так даўно некаторая ангельская прэса, аб гэтым напэўна запісалі-б кітайцы. І каб кітайцы завалодалі Амэрыкай і яе астравамі, то невядома ці прывезлі-б яны туды столькі хваробаў, забойстваў і зьнішчэньняў, як гэта зрабілі гішпанцы і партугальцы.

Кітайцы — народ аграрны і пралетарскі з глыбокай фамілійнай салідарнасьцю нават да далёкіх сваякоў і сяброў дзяцінства. Але гэта не было асновай і палітыкай дзяржаўнай эканоміі. Хоць Кітай ня быў акупаваны як Індыя, або падпарадкаваны як калёнія, аднак яго тэрыторыю наязджалі, руйнавалі, эксплуатавалі другія дзяржавы аж да 1949 г.

Падобна другім народам сьвету ў Кітаі рабіліся спробы ўвесьці розныя, існуючыя ў той час рэлігіі, але ўсе гэтыя вераваньні не знайшлі шырокага распаўсюджаньня ў народзе. Спакон вякоў кітайцы мелі сваю традыцыйную веру, якая заключалася ў духоўнай справядлівасьці галоўнага Нябеснага Бога, які клапоціцца пра дабро, ураджай, перамогі ў бітвах, карысьцях для патомкаў. Уся зямная ўлада паходзіць ад аднаго чалавека — караля, які ёсьць Сынам Неба. Толькі ён мае права прасіць блаславенства для грамадзянаў. Рэлігія кітайцаў была заблытаная ў духовай сфэры, мела сваю дагістарычную абраднасьць, якая перадавалася ў народзе з пакаленьня ў пакаленьне.

Кітайцам належыць шмат у чым заслуга. Яны былі першымі ў мэталюргіі. Філёзаф Ван Чун, які жыў у І ст. н.э. казаў, што рухі зьвёздаў, Месяца і зацьменьні можна прадбачыць і яны ня маюць уплыву на жыцьцё людзей. Кітайцы вынайшлі сэйсмограф адзначаць землятрус, змадыфікавалі вадзяны гадзіньнік, вызначылі фазы Месяца і даўжыню сонечнага года, паперу, компас і порах. Папера аказалася прыгодным для пісаньня і друку матэрыялам і да таго трывалым; компас памог капітанам караблёў арыентавацца на акіянах; порах, якога эўрапэйцы ўжывалі ў агнястрэльняй зброі, дазволіў ім стаць гаспадарамі Новага Сьвету.

Рабы ў Iндыі

Старажытная цывілізацыя Індыі розьніцца ад стану матэрыяльнай культуры Мэзапатаміі, Эгіпту, Грэцыі і іншых старажытных дзяржаў. Доказам таму зьяўляецца тое, што Індыя захавала старадаўнюю традыцыю да нашага часу. Падобна Індыі толькі Кітай прадаўжае сваю традыцыю.

У гісторыі Індыі можна вылучыць тры цывілізацыі: інда-арыйскую або вэдычную (Вэды — літаральна „веда”, помнікі старажытнаіндыйскай літаратуры) — ад 1400 г. да н.э. і да VII ст. н.э.; ісламска-індускую — накінутую заваёўнікамі мусульманамі — ад XIII да ХVІІІ стагодзьдзя; і каляніяльна-брытанскую — ад ХVІІІ ст.

Старажытная індыйская цывілізацыя пачалася вельмі рана, каля 2500 г. да н.э. Археалягічныя раскопкі паказалі, што насельніцтва Індыі земляробствам займалася вельмі рана — ужо каля 6000 г. да н.э. — і галоўнымі пасевамі ў даліне ракі Інд былі пшаніца і ячмень.

Гісторыя мала згадвае аб рабах у Індыі. Аднак вядома, што ў 2000 г. да н.э. існавалі там цікавыя адрозьненьні сярод насельніцтва. Зьявіліся дзіўныя грамадскія групоўкі — касты, члены якіх ня елі разам і не ўступалі ў сужэнства з прадстаўнікамі іншых кастаў. Кожная каста мела сваю лякальную арганізацыю, якая захоўвала дысцыпліну, глядзела за беднымі і абараняла інтарэсы сваіх грамадзян.

Вядома, што з часам грамадзтва Індыі падзялілася на чатыры галоўныя групы. Больш прэстыжнай зь іх была каста брахманаў (літаральна „Сьвяшчэнны сьвет”). Была гэта рэлігійная група, якая выконвала ахвярапрынашэньні, была знаўцамі і тлумачальнікамі Вэдаў. Другой групай былі кшатрыі — арыстакратычная эліта, а за ёю ішлі вайшыі — гандляры і рамесьнікі, якія паходзілі зь сялянаў. Апошнюю чацьвёртую групу складалі шудры — падданыя, якія займаліся пераважна аграрнай работай. З часам найбольш прэстыжныя групы і эліты пачалі на поўначы Індыі ствараць самастойныя каралеўствы, зь якіх найбольш вядомае было Магадха, якое спрычынілася да ўстанаўленьня агульнай дзяржаўнай арганізацыі Індыі. Яго сталіца Паталіпутра сталася вялікім культурным і палітычным цэнтрам.

Грэцкі гісторык і географ Індыі Мэгасфен казаў, што індыйцы надзвычай паслушныя праву і таму злачынствы ў іх здараюцца рэдка. Гэта заўважылі арабскія падарожнікі. За забойства чалавека першай касты пагражала кара 1 000 кароў, за чалавека другой касты — 100 кароў, а за апошніх, у тым ліку жанчын — 10 кароў. Штрафныя каровы перадаваліся каралю, а той у сваю чаргу перадаваў іх сваякам забітага і ад сябе даваў быка.

У 1498 г. партугалец Васка да Гама аплыў бераг Паўднёвай Афрыкі, абагнуў мыс Добрай Надзеі і затрымаўся ў афрыканскім порце Маліндзі. Тут ён спаткаў арабскага капітана Ахмэда ібн Маджыда, які згадзіўся паказаць яму дарогу ў Калікут, у які ён прыбыў 20 траўня гэтага-ж года. Ня трацячы часу, у 1501-1505 гг. партугальцы зрабілі шэсьць экспэдыцыяў у Індыю. Адна зь іх мела 13 караблёў і 1 200 чалавек, а другая — 20 караблёў і 2 500 чалавек.

Партугальцы грабілі Індыю і таму індыйцы хацелі іх выгнаць з краю. У змаганьні, якое завязалася з захопнікамі, індыйцы былі пераможаны. Такім парадкам у 1509 г. партугальцы замацавалі сваю прысутнасьць у Індыі і заснавалі базу на востраве Гоа, якая заставалася партугальскай да 1962 г. Моц партугальцаў на Індыйскім акіяне ў ХVІ ст. заключалася на артылерыі. Захоп Гоа і праліву Армуз у 1515 г. дазволіў партугальцам кантраляваць Індыйскі акіян. У той час вялікі мусульманскі флёт ня мог на Індыйскім акіяне раўняцца партугальскаму. У 1515 г. партугальскія караблі завіталі ў Інданэзію — на Яву і Малюкскія астравы. У 1524 г. Васка да Гама быў пасланы ў Індыю як намесьнік партугальскага караля і там памёр у гэтым жа годзе.

Большасьць насельніцтва калёніі Гоа партугальцы ўчынілі рабамі. Працавалі яны на розных работах, а свабодныя індыйцы займаліся пераважна гандлем і другімі работамі па свайму фаху. Мэтай партугальцаў было яшчэ пашырэньне каталіцкай веры і забесьпячэньне сабе заморскага гандлю.

У Індыі партугальцы заўважылі, што мясцовы народ падзелены на многа кастаў, у якіх перахоўваецца тысячагадовы прымітыўны сацыяльны і гаспадарчы парадак жыцьця.

Згаданы Мэгасфен, які некаторы час жыў на двары караля Індыі Чандрагупты (заснавальніку Маур’янскай імпэрыі ў 322 г. да н.э.), казаў, што Хандрагупта дэклараваў, што ў старажытнай Індыі рабоў не было і няма. Усе індыйцы ёсьць вольныя — арыйцаў не рабілі рабамі. Былі хатнія слугі і іх трактавалі як членаў сям’і.

Аднак рабамі ў Індыі пераважна былі ваенныя палонныя. Камандзір Магабрагат лічыў, што правам вайны захопленыя ў палон жаўнеры павінны быць рабамі пераможцаў і служыць ім датуль, пакуль ня будуць выкуплены. Былі і свае рабы. Чалавек мог прадаць сябе і сваю сям’ю ў рабства ў крытычнай сытуацыі, або стаць рабом за злачынства або доўг. Працаваў ён рабом так доўга, пакуль не адрабіў свой доўг, аднак мог быць трыманы рабом часова.

Сярод рабоў былі розныя людзі. Больш разумныя працавалі ў дзяржаўнай адміністрацыі, але найбольш працавала іх у якасьці хатніх слуг. Гаспадар ня мог караць раба сьмерцю, але прымяняліся абмежаваныя пакараньні. Гаспадар павінен быў глядзець за сваім рабом да сьмерці і пахаваць яго згодна мясцоваму абраду.

Раб мог мець набытую маёмасьць і ў вольны час зарабляць грошы. Індыя ніколі не была рабскай краінай і эканамічна не была залежнай ад рабоў. На фэрмах і фабрыках працавалі вольныя людзі. Але ў першых стагодзьдзях нашай эры згадваецца гандаль маладымі рабынямі паміж Індыяй і Рымскай імпэрыяй. За дзяўчат-рабынь адказны быў гаспадар. Калі рабыня была згвалтавана, ёй плацілі кампэнсацыю і адпускалі на волю. У гісторыі Індыі згадваецца дынастыя Рабоў, якая была заснавана Кутб-ад-дын Айбакам у 1206 г. і праіснавала да 1290 г. Некаторыя гісторыкі адзначаюць, што султаны гэтай дынастыі нічога асаблівага не дасягнулі за выняткам некаторых архітэктурных пабудоваў і творчасьці некаторых пісьменьнікаў.

Гандаль рабамі ў Азію быў уведзены ў сярэднявякоўі арабамі-мусульманамі, партугальцамі і французамі. Ёсьць згадка, што арабскія гандляры ў 1789 г. прывезьлі ў Бамбэй 431 негра з Усходняй Афрыкі.

Так пачаўся гандаль рабамі ў два бакі і нават у Амэрыку, куды сілай завезеных было каля васьмі ці дзесяці мільёнаў рабоў. З гэтага ліку каля мільёна людзей памерла ў час падарожжа. Таксама і брытанцы, па ўзору партугальцаў, жадалі мець рабоў. Прывозілі яны індыйцаў у свае афрыканскія калёніі дзеля дапамогі ў адміністрацыі.

Каб пазьбегчы злоўжываньняў у гандлі рабамі, трэба было мець адпаведныя дакумэнты на раба, бо выкрадалі нават дзяцей ад бацькоў і прадавалі іх у рабства. Таму адміністрацыя пачала зьвяртаць увагу ня толькі на гандаль рабамі, але і на адпаведнае іх трактаваньне. Ня ўсе рабы Індыі займаліся земляробствам, працавалі ў капальнях або ў багатых людзей. Выбіралі маладых здольных рабоў на розныя прафэсійныя работы, напрыклад, на дактароў, музыкантаў, танцораў, кухароў і т. п.

Усё-такі ў Індыі рабы былі, але аб іх мала гаварылі дасьледчыкі рабства, бо не было злоўжываньняў над рабамі, іх трактавалі згодна людзкой годнасьці.

Некаторыя кампаніі, якія займаліся гандлем рабамі, стараліся высылаць пэўную колькасьць жанчын як рабынь, бо інакш мужчыны не былі-б задаволены ня маючы жонак. Былі розныя запатрабаваньні на рабоў. Ангельскі карол Карл заказаў невялікага росту чорнага хлапца 17 гадоў і дзьве дзяўчынкі па 14 гадоў. Пры гэтым было сказана, каб для іх было адпаведнае месца на караблі, асабліва для дзяўчынак і каб яны не былі абражаны матросамі ў час падарожжа.

Інфільтрацыя эўрапэйцаў на азіяцкі кантынэнт пачалася збройным шляхам. Першымі былі партугальцы, стагодзьдзе пазьней у Індыю прыплылі брытанскія, францускія і дацкія гандлёвыя місіі і залажылі ня толькі свае цэнтры, але і фабрыкі. Вельмі важную базу для свае дзейнасьці ў Бамбэі англічане ў 1668 г. узялі ў арэнду за 10 фунтаў у год.

У выніку вайны, якая завязалася паміж Брытаніяй і Францыяй, апошняя пацярпела ў 1763 г. паражэньне і брытанцы засталіся ў Індыі гаспадарыць. Карыстаючыся ўнутранымі непаразуменьнямі сярод індыйцаў, брытанцы знайшлі сярод іх саюзьнікаў і ў 1877 г. каралеву Вікторыю аб’явілі імпэратаркай Індыі. У гэтым ужо часе, а фактычна ў 1832 г., рабства ў Індыі было забаронена, але яно яшчэ працягвалася, толькі што рабамі не гандлявалі. Пры рэжыме Чандры Шамшэра (1901-1928) было загадана, каб усе дзяржаўныя рабы былі вызвалены. У 1841 г. у Індыі налічвалася восем або дзевяць мільёнаў рабоў. Аб іх у 1840 г. В. Адам пісаў: „Яны ня ёсьць чужынцы ад нараджэньня. Яны ня гутараць на іншай мове і не вызнаюць іншай рэлігіі і абраднасьці ад рэшты насельніцтва”. Значыць, рабамі ў Індыі былі мясцовыя людзі.

Пад брытанцамі Індыя была ня толькі аграрнай калёніяй. Індыйскія шоўкавыя, ваўняныя і жалезныя вырабы карысталіся попытам на эўрапэйскім рынку. Таксама разьвітае было суднабудаўніцтва ў Калькуце, Дамане, Сураце, Бамбэі і Пэгу. У 1802 г. індыйцы будавалі для брытанцаў ваенныя караблі.

Знаходжаньне Індыі пад брытанскім кіраўніцтвам нельга назваць мірным часам. Ня тут, то там, па ўсёй краіне праходзілі спантанныя рэвольты, якія прывялі да вялікай рэвалюцыі ў 1857-1858 гадах. Індыйскія гісторыкі называюць яе першай індыйскай вайной.

Баючыся другой, яшчэ большай вайны, брытанцы, каб ня быць выгнанымі зь Індыі, пайшлі індыйцам на ўступствы і ўтварылі Кангрэс, які павінен быў быць ляяльным і трывалым саюзьнікам Брытанскай Імпэрыі. У 1887 г. створана была Спэцыяльная Сэкцыя, якая сачыла за палітычнымі, сацыяльнымі і рэлігійнымі рухамі ў Індыі. Уведзены былі рэформы, якія давалі індыйцам большыя правы ў кіраваньні краінай. Аднак нельга было ўтрымаць вялікую краіну зь вялікім насельніцтвам, якое імкнулася да дзяржаўнай незалежнасьці.

У 1947 г. паміж індуістамі і мусульманамі пачаліся разыходжаньні і збройныя канфлікты, якія каштавалі 500 тысяч людзкіх ахвяр у выніку боек на вуліцах, што прывяло ў гэтым жа годзе да аддзяленьня мусульманаў ад Індыі і ўтварэньня для іх асобнай дзяржавы — Пакістана. Індыя таксама атрымала дзяржаўную незалежнасьць. Спрэчка за Кашмір паміж Індыяй і Пакістанам цягнецца дагэтуль.

Рабы ў Эгіпце

Старажытны Эгіпет — краіна фараонаў. Яго ўздым і заняпад прыцягвае ўвагу дасьледчыкаў. Таямнічыя 3000 гадоў пануючых дынастыяў, піраміды фараонаў, грабніцы, папірусы, іерогліфы і другія помнікі цывілізацыі падштурхнулі іх да вывучэння побыту тых, што жылі і паміралі ўздоўж ракі Ніл 5000 гадоў таму, а нават яшчэ раней. Вучоныя выявілі, што 15 тысяч гадоў таму, да паяўленьня фараонаў, сельскія гаспадаркі былі ўжо ўздоўж даліны Ніла. Рака Ніл і яе даліна служылі „калідорам”, празь які людзі і ідэі праходзілі з аднаго сьвету ў другі. Толькі ў 1882 г. француз Жан Франсуа Шампальён расшыфраваў эгіпецкія іерогліфы.

Калі глянуць на карту Паўночнай Афрыкі, якая зьяўляецца часткай Міжземнага мора, відаць, што яе народы кантактаваліся з больш разьвітымі краінамі Эўропы і Азіі. Адной з гэтых старажытных краін зьяўляецца Эгіпет, які займае другое месца пасьля Бабілёніі па цывілізацыі. Мяркуецца, што каля 3200 г. да н.э. сэміцкія плямёны Мэзапатаміі пазнаёмілі эгіпцыянаў з бронзай, ганчарствам і пісьмом. Аднак гісторыю Эгіпту цяжка прадставіць пасьлядоўна, таму што не захавалася ўся яго старажытная пісьменнасьць. А тыя астаткі папірусаў, якія дайшлі да нас, ня могуць даць задавальняючага гістарычнага матэрыялу. Аднак нешта захавалася. З хронікі вядома, што ў 3200 г. да н.э. фараон Менес заваяваў частку Эгіпту і стварыў адну дзяржаву. Старажытны Эгіпет меў 30 дынастыяў. Краінай з даручэньня фараона кіравалі адміністратары. Эгіпецкія грамадзяне карысталіся аднолькавымі правамі. Дарослыя мужчыны і жанчыны належалі да абшчынаў, на чале якіх стаялі сьвятары. Яны загадвалі сьвятынямі, адміністрацыяй, палявой гаспадаркай і правіянтам. Багі і багіні ў сьвятынях сымбалізавалі салідарнасьць абшчыны і аўтарытэт узложаны на сьвятара і арганізатараў вытворчасьці.

Рэлігія эгіпцыянаў — даволі складаная справа. Кожная правінцыя мела свой культ. Эгіпцыяне не любілі жыць у вялікіх гарадах і аддавалі перавагу правінцыі. Жыцьцё сваё стараліся правесьці ў задавальненьні і хацелі, каб такое-ж яно было пазагробнае, таму рыхтаваліся да яго загадзя. У Эгіпце людзі маглі быць уласнасьцю другіх людзей, больш заможных, якія маглі купляць, прадаваць, абменьваць, або пакінуць іх так, як былі. У большасьці гаспадарамі зямлі былі фараон, высокія чыноўнікі і сьвятары. Рабом забаранялася мець прыватную маёмасьць. Рабамі маглі стаць і самі эгіпцыяне з прычыны ўчыненага злачынства, або калі ня мелі з чаго жыць, тады аддавалі сябе ў рабства. Большасьць рабоў Эгіпту трактаваліся добра. Жанчыны мелі аднолькавыя правы з мужчынамі. Эгіпецкае права не забараняла мяшаныя сужэнствы нават вольным з рабамі. Аднак была даволі вялікая розьніца паміж адукаванымі і звычайнымі людзьмі.

На асаблівую ўвагу і пашану ў эгіпцыянаў заслугоўваў фараон. Тэарэтычна ён быў уласьнікам зямлі і меў права да часткі ўсяго, што прадукавала краіна. З гэтага даходу ён утрымоўваў армію і спэцыялістаў. Людзі слухалі фараона і выконвалі яго загады, бо ўважалі яго за бога. Ягонае панаваньне лічылася сьвяшчэнным. А і самі фараоны атаясамліваліся з багамі і каб не мяшаць крыві з абы-кім і захаваць яе боскасьць, бралі сабе за жонак сваіх дочак, а брат сястру, што з маральнага і гэнэтычнага пункту гледжаньня было шкодным.

Памерлых фараонаў эгіпцыяне бальзамавалі, а бедных хавалі ў пяску пустыні, дзе не было дажджоў і цела магло перахоўвацца вельмі доўга. У труну фараона клалі ежу, піцьцё, зброю і залатыя рэчы, патрэбныя ў пазамагільным жыцьці. Цікава, што пры сёньняшняй тэхналёгіі хімікі ня могуць добра разгадаць таямніцаў, якімі чатыры тысячы гадоў да н.э. карысталіся старажытныя эгіпцыяне, кансэрвуючы людзкое цела.

Кіраваць дзяржавай памагалі фараону сыны багатых бацькоў, якія маглі даць ім навуку. Штукай было навучыцца пісаць і чытаць іерогліфы. Пасьля 2000 гадоў спрашчэньня эгіпецкага пісьма мела яно яшчэ ад 600 да 1000 розных знакаў — іерогліфаў не зусім зразумелых. І той, хто меў добрую памяць і мог чытаць і пісаць гэтымі знакамі, лёгка мог знайсьці работу.

У старажытным Эгіпце ствараліся групы людзей для будаўніцтва палацаў, сьвятыняў, пірамідаў і магільных склепаў. Была гэта працоўная павіннасьць, якую трэба было адбываць простаму эгіпцыяніну. Пачынаючы з чацьвёртай дынастыі фараонаў Эгіпет становіцца вядомым пірамідамі, якіх будова патрабавала матэматычнай веды і тэхнічнай спэцыялізаванасьці.

Калі фараонам Эгіпту стаў Хэопс (2590-2568 г. да н.э.), загадаў будаваць піраміды. Будова піраміды Хэопса, якую эгіпцыяне называюць пірамідай Хуфу, заняла 20 гадоў. Мае яна 137 мэтраў вышыні і будавалася каля 2575 г. да н.э.

З часам паміж людзьмі, што працавалі для фараона і яго адміністрацыі і сялянамі зьявіліся розьніцы. Апошніх уважалі за ніжэйшую клясу і іх трактавалі горш. На працягу доўгіх тысячагодзьдзяў эгіпцыяне пераходзілі розныя этапы свайго старажытнага жыцьця, якое часта мянялася з добрага на дрэннае. Каля 1500 і 1200 гадоў да н.э. Эгіпет вядомы быў сваім багацьцем. У гэтым часе і пазьней згадваюцца ў Эгіпце рабы, але іх не было надта многа. Былі гэта пераважна палонныя, якія працавалі па сваіх спэцыяльнасьцях або слугавалі на двары фараона ці ў багатых людзей. Жыцьцё іх было шэрае і сумнае. Толькі каля 1000-300 г. да н.э. згадваюцца рабы на высокіх пасадах. Палонных егіпцыяне прызывалі ў армію, таксама вербавалі наёмнікаў.

Ад 1550 да 1295 г. да н.э. Эгіптам кіравала найбольш здольная эгіпецкая дынастыя. Яе фараон Яхмос кіраваў Эгіптам 25 гадоў і аб’яднаў краіну ды выгнаў сваіх праціўнікаў на ўсход у Палестыну.

Адзін з жаўнераў, які ваяваў пры баку фараона Яхмоса, таксама называўся Яхмос. Ён так успамінае барацьбу за аб’яднаньне Эгіпту: „У часе аблогі Аварыс, кароль заўважыў як я адважна змагаўся. Мы здабылі Аварыс. Я ўзяў чатырох палонных, тры жанчыны і аднаго мужчыну. Пасьля трох гадоў мы здабылі Шарген і абрабавалі яго і я ўзяў частку грабяжу і дзьве жанчыны. За сваю баявую дзейнасьць я быў адзначаны залатой узнагародай і атрымаў дазвол трымаць гэтых палонных як рабоў”. Пазьней жаўнер Яхмос быў другі раз узнагароджаны залатой адзнакай і атрымаў дзьве рабыні.

Злачынствы, напрыклад зладзейства, караліся ў Эгіпце сурова. Напрыклад, рабочы Небнуф падаў скаргу ў суд, што ў яго прапала з дому прылада для капаньня і ён даў знаць вёсцы аб гэтым, спадзяючыся, што яе верне яму той, хто яе ўзяў. Пасьля пару дзён прыйшла да яго грамадзянка Нубеменеген і сказала: „Нябесная сіла забавязала мяне (сказаць). Я бачыла як Берыя брала тваю прыладу”. Справай заняўся суд. Судзьдзя запытаў Берыю: „Ці гэта ты ўкрала ў Небнуфа прыладу? Праўда ці фальш!” Берыя адказала: „Фальш! Гэта ня я ўкрала гэтую рэч”. Тады суд сказаў, каб Берыя прысягнула, што яна ня ўкрала гэтую рэч і яна прысягнула. Тады пайшлі людзі ў дом Берыі і знайшлі ўкрадзеную рэч і прынесьлі ў суд. На гэта судзьдзя сказаў: „Празьмерна вінаватая грамадзянка Берыя і варта сьмерці...” Было гэта пры фараоне Сэці II каля 1204 г. да н.э.

Старажытныя эгіпцыяне трымалі парадак і дысцыпліну ў сваім краі і за злачынствы строга каралі віноўнікаў. Эгіпецкае права карала і тых, хто адмаўляў ісьці на работу або ўцякаў з работы. Калі хто ўцёк з работы за дрэннае яго трактаваньне, такую справу бралі на разгляд. А калі хто дэзэртэраваў без прычыны, схаваўся і не вярнуўся да работы па вызначаным часе, тады бралі ў залог некага зь яго сям’і. У эгіпецкім папірусным дакумэнце ад 146 г. да н.э. гаворыцца аб узнагародзе таму, хто паможа знайсьці 15-гадовага ўцекача — раба Германа з Александрыі. Узнагарода залежала ад інфармацыі.

У V стагодзьдзі да н.э. Эгіпет наведаў бацька гісторыі Герадот. Ён зацікавіўся будовай пірамідаў і ад мясцовага сьвятара даведаўся, што яны былі пабудаваны праз тыранаў-каралёў, якія сотні тысяч сваіх грамадзянаў зрабілі рабамі. Ад Герадота сьвет даведаўся, што піраміды будавалі рабы. Эгіпцыяне нічога не запісалі пра спосаб будову пірамідаў.

Эгіпецкія піраміды — доказ таму, што магла дасягнуць у той час краіна, карыстаючыся рабамі. Герадот адзначыў, што эгіпцыяне гандлявалі неграмі як рабамі па рацэ Ніл з часоў фараонаў. Таксама эгіпцыяне лавілі рабоў у Нубіі, каб мець неграў жаўнерамі супраць сырыйскай экспансіі. Нубія была пад кантролем Эгіпту, а яе насельніцтва эгіпцыяне прымушалі здабываць золата, медзь і амэтыст.

Эгіпецкі манарх Сэці І (1306-1290 г. да н.э.) зьнявольваў жыдоў дзеля разбудовы гарадоў. Біблія згадвае як Майсей вёў жыдоў з эгіпецкай няволі ў Абяцаную Зямлю ў ХVІ ст. да н.э. Пасьля выхаду жыдоў з Эгіпту голад зноў загнаў жыдоў у Эгіпет, але значна пазьней, у палове VІ стагодзьдзя да н.э.

У Эгіпце не магло быць многа вялікіх земляўласьнікаў. Ніжняя ўраджайная даліна ракі Ніл не надта шырокая, а побач яе раскінуліся пяскі пустыні. Дзякуючы Нілу Эгіпет існуе гаспадарча і камунікацыйна. Герадот пісаў, што эгіпцыяне атрымоўваюць плады палёў ня маючы многа клопату, як гэта маюць іншыя людзі на сьвеце. Яны не патрабуюць капаць або араць зямлю, як гэта робяць другія гаспадары, бо рака сама навадняе палі. Тады кожны гаспадар засявае поле і пушчае сьвіней, якія ўтоптваюць зерне. Пасьля такой сяўбы застаецца чакаць жніва.

Кожная палявая работа вымагае людзкога высілку і коштаў. Толькі ў эгіпцыянаў гэтая работа абходзіцца даволі танна і ашчадна на час і грошы. Герадот сказаў: „Эгіпет — падарак Нілу”. Без гэтай ракі цяжка ўявіць існаваньне тамтэйшых людзей.

Гісторыя згадвае, што ў Александрыі бацька з трыма сынамі мелі каля сотні рабоў, якія працавалі на гаспадарцы. Разам з рабамі працавалі і вольныя людзі, ня робячы вялікай розьніцы, толькі што раб меў даць свайму гаспадару частку заробленых грошай. А маладых дзяцей, ад дзевяці да дванаццаці гадоў, пасылалі на пару гадоў вучыцца пісаць, чытаць і другіх фахаў.

Герадот згадвае, што эгіпцыяне маюць адваротныя манеры і звычаі як іншыя народы. Напрыклад, жанчыны ідуць на рынак, займаюцца гандлем, а мужчыны застаюцца дома і глядзяць за хатняй работай. Сыны не памагаюць сваім бацькам, калі ня хочуць, але дочкі мусяць памагаць безумоўна.

Эгіпецкая рэлігія мела многа бостваў. Адны былі боствамі натуры, другія — прадстаўлялі людзкую форму. І такая рэлігія забараняла забойства дзяцей нават тых, якія былі пакінуты памерці. Права дазваляла людзям адаптаваць пакінутае дзіця і трымаць яго як будучага раба. Захавалася пісьмо мужа Гіларыёна да жонкі, які паехаў за справай у Александрыю і пісаў ёй 17 чэрвеня 1г. да н.э.: „Я прашу цябе, акажы добрую апеку нашаму дзіцяці сыну... (пакуль я вярнуся дамоў), калі гэта будзе хлопец, трымай яго, а калі будзе дзяўчына, то пазбаўся яе”.

Гісторыя нічога не згадвае, каб эгіпцыяне былі ваяўнічым народам, але згадвае як другія народы валодалі Эгіптам. У 671 г. да н.э. Эгіпет наехалі асырыйцы, яны мелі жалезную зброю. За Дарыя І (Вялікага), ад 521 г. да н.э. пэрсы кіравалі прасторай ад Ніла да Індуса. У 332 г. да н.э. Эгіпет заняў Аляксандар Македонскі, які заснаваў горад Александрыю. Пасьля яго сьмерці Эгіптам кіравалі грэкі. За Пталямэяў быў спакой і дабрабыт, але за рымлянаў у ІІ стагодзьдзі нашай эры пачаліся вялікія рэвольты. У 115-117 гг. у Александрыі збунтаваліся жыды, якіх вялікая колькасьць была зьнішчана рымлянамі. У 152 і 172-173 гг. адбыліся вялікія выступленьні эгіпцыянаў. Па некаторым часе прыйшлося імпэратару Дыяклетыяну правесьці рэформу з мэтай захаваньня ў краі спакою.

Цікава, што рымляне, якія не маглі абысьціся без рабоў у сваёй гаспадарцы, у Эгіпце рабства не папулярызавалі. Большасьць зямлі рознай катэгорыі належала імпэрыяльным установам і сьвятыням. Зямля выпазычалася фермерам і суполкам для гаспадараньня або наймаліся рабочыя рукі. Існавалі малыя гаспадаркі, якія былі шчасьцем для гаспадароў мець свой кавалачак зямлі і яны трымалі рабоў. Але ў Эгіпце рабоў было менш чым у Італіі або Грэцыі. Згадваюцца тры і чатыры генерацыі рабоў, якія служылі на адным месцы ў адной і той самай фаміліі і добра трактаваліся. За верную службу гаспадар пры сваім жыцьці або ў тэстамэнце даваў рабом свабоду. Маецца запіс, што ў 156 г. нашай эры гаспадар даў свабоду чатыром рабом.

Ад 640 г. Эгіпет апынуўся пад уладай арабаў-магамэтанаў, а пасьля туркаў, французаў і на канец — брытанцаў, ад якіх у 1922 г. Эгіпет атрымаў дзяржаўную незалежнасьць. За гэты час стары фараонскі Эгіпет прапаў з вачэй, засталіся толькі піраміды, грабніцы і рэшткі папірусаў, а эгіпецкая мова захавалася толькі сярод малой колькасьці карэннага жыхарства. Прыйшлося адраджаць старую славу краіны пасьля тысячы гадоў. А ў свой час эгіпцыяне мелі сваіх адукаваных людзей, вышэйшыя навуковыя ўстановы і багатую бібліятэку ў Александрыі.

Рабства і прасьлед ізраіляў

Агульна прынята лічыць, што жыды зьяўляюцца сэмітамі, так як і арабы. Але дасьледчык Лёнданскага ўнівэрсытэту Джон Сасунс кажа, што жыды ня ёсьць ніякія сэміты, а продкі шумераў, якія мелі сваю цывілізацыю ў Мэзапатаміі. Традыцыйна Абрагам, які нарадзіўся ў Шумеры каля 2000-1800 г. да н.э., лічыцца продкам жыдоўскага народу. У Бібліі пішацца, што Абрагам быў першым веруючым у Бога чалавекам і па Яго ўказаньнях пакінуў горад Ур, сталіцу Шумера, і са сваімі людзьмі пайшоў у Абяцаную Зямлю — Ханаан. Але там жылі другія плямёны, зь якімі людзі Абрагама мелі непаразуменьні як зь няпрошанымі гасьцямі. Пасьля некаторага часу голад загнаў частку „габрэяў” (што значыць: падарожнікаў) у Эгіпет, дзе першы раз прыйшлося ім працаваць рабамі. Фараон Сэці І выкарыстаў габрэяў для ажыцьцяўленьня сваёй задумы пабудаваць большыя і лепшыя гарады.

Згодна Бібліі, Майсей вывеў жыдоў зь эгіпецкай няволі ў Абяцаную Зямлю (Ханаан), пазьнейшую Палестыну, а сёньня — Ізраіль. Было гэта праўдападобна пасьля Рамсэса II, за фараона Мэрнэптаха (к. 1224-1211 г. да н.э.), калі жыды пакінулі Эгіпет.

40 гадоў блудзілі яны па пустыні пакуль прыйшлі ў Абяцаную Зямлю. Але тут жылі, як і раней, мясцовыя сэміцкія плямёны і жыдом прыйшлося ваяваць за Абяцаную Зямлю. Змаганьне было доўгае, але пасьпяховае, калі Біблія ўспамінае першага ізраільскага караля Саўла ў XI стагодзьдзі да н.э.

Саўла заступіў здольны і папулярны сярод жыдоў кароль Давід (к. 1000-962), які аб’яднаў Ізраіль і Юдэю. Але ня менш вядомым, здольным і папулярным жыдоўскім каралём аказаўся сын Давіда — Салямон (970-930 г. да н.э.). Ён ажыцьцяўляў свае рэформы, карыстаючыся хананітамі, маабітамі, эдамітамі і аманітамі як рабамі ў разбудове свае дзяржавы і палацаў. Аблажыў ён грамадзянаў вялікімі падаткамі, увёу прымусовую работу, ад якой заўчасна паміралі многія рабы, што было прычынай рэвольтаў у паўночнай частцы дзяржавы. Бацька Салямона, Давід, і яго сучасьнік кароль Саўл таксама карысталіся рабамі.

Джэрэмы Ландэй піша: „Пры Салямоне ізраільская культура за тры дзесяцігодзьдзі разьвілася больш, як за папярэднія дзьвесьце гадоў”. Таму нічога дзіўнага, што сьмяротнасьць сярод рабоў у дзяржаве Салямона была вялікая, бо-ж ён пабудаваў ня толькі многа палацаў для сваіх жонак, але збудаваў слаўную сьвятыню, якую назвалі Салямонавай. Была яна вялікая і ўпрыгожаная золатам.

Трэба прызнаць, што Салямон — разумны кароль. Да яго ішлі другія каралі за парадамі. Яму прыпісваецца аўтарства шэрагу кніг Бібліі — Песьні, Псальмы, Прыповесьці, што сьведчаць аб здольнасьцях гэтага чалавека.

Пасьля сьмерці Салямона ягоная дзяржава распалася, а разам зь ёю ўпала слава габрэяў. Усё гэта мела стацца, быццам, за грахі Салямона, які фізычна зьнішчаў сваіх праціўнікаў, завёў шматлікія сужэнствы з суседнімі паганскімі прынцэсамі і гэтым зьняважыў рэлігійную традыцыю сваіх продкаў.

300 гадоў пазьней Ізраіль занялі асырыйцы (850-722), а пасьля бабілёнцы (587-586). Жыды паднялі паўстаньне супраць варожай акупацыі і ў 607 г. да н.э. непакорны горад Ерусалім быў разбураны, а жыды пайшлі ў бабілёнскую няволю і прабылі там каля 70 гадоў. Няволя жыдоў згадваецца ў 137 псальме: „На рэках бабілёнскіх...”. Жыды плакалі па Ерусаліме і не маглі яго забыцца. Бабілёнцы ўчынілі юдэяў рабамі. Яны цяжка працавалі, капаючы канавы для навадненьня палёў, абраблялі зямлю, будавалі крэпасьці і выконвалі іншыя цяжкія работы. У бабілёнскай няволі жыды напісалі частку Бібліі і ўстанавілі сынагогу.

Бабілёнская няволя, або выгнаньне з краю, было пачаткам жыдоўскай дыяспары. Многія жыды, калі было ім дазволена, не вярнуліся на радзіму, паколькі ў Бабілёніі атрымалі яны свабоду і заняліся гандлем.

У раньняй гісторыі жыдоў згадваецца падзел на сэкты, сярод якіх былі рабы. Сярод рукапісаў, знойдзеных у Кумране, маецца г.зв. Дамаскі дакумэнт, у якім сказана: „Хай ніхто не прымушае раба свайго і рабыню сваю і наёмніка свайго рабіць у суботу”. Сярод жыдоў было і такое права, якое забавязвала гаспадара даць свабоду свайму рабу, калі той нанёс яму цялесныя пашкоджаньні.

Аб трактаваньні рабоў-слугаў згадвае Біблія. Напрыклад, калі хто купіў габрэя-слугу, ён павінен служыць шэсьць гадоў, а на сёмым годзе ён павінен быць звольнены. Калі хто прыйшоў сам служыць, ён можа пакінуць гаспадара свабодна; калі ён жаніўся, яго жонка магла ісьці разам зь ім; калі гаспадар даў свайму падданаму жонку і яна прывяла сыноў і дачок, то яны належалі да гаспадара, а ён сам мог пакінуць гаспадара.

Гісторыя жыдоўскага народу гэта безупыннае змаганьне за свае правы, веру і дзяржаўную незалежнасьць. З паганствам, якое ўводзілі сырыйцы на жыдоўскай тэрыторыі, ня мог зьмірыцца жыдоўскі сьвятар Матафія. Таму ён пайшоў у горы са сваімі пяцьцю сынамі: Сымонам, Іаанам, Юдаю, Элеазарам і Іанатанам і там пачалі зьбіраць сілы для барацьбы з ворагам. Да іх далучыліся жыды, а на чале войска Матафія паставіў Юду і ў 163 г. да н.э. пачалася барацьба. Юда быў добрым жаўнерам і ў 161 г. да н.э. гераічна загінуў у няроўным баі з сырыйцамі.

Змаганьне пачатае Юдам прадаўжалі яго браты, зь якіх тры таксама загінулі ў барацьбе. Застаўся толькі Сымон, які выкарыстаў нязгоду сырыйцаў у Антыёхіі. Тады сырыйскі цар прызнаў Сымону Сімскую крэпасьць. Быў гэта 143 г. да н.э., калі Юдэя сталася самастойнай і незалежнай дзяржавай. Тут можна згадаць, што жыды ваявалі ня толькі супраць сырыйцаў, але і супраць грэцкай гэленізацыі, якой жыды падвяргаліся ад часу Аляксандра Македонскага. Таму прававерныя жыды, пачынаючы сьпярша ад Юды, пасьля Іанатана і Сымона, вялі барацьбу пакуль не перамаглі.

Сын Сымона Макавея, Іаан Гіркан І (135-104 г. да н.э.) аб’яднаў пад сваю ўладу Юдэю, Галілею, Самарыю і Пэрэю. Але па сьмерці Iаана Гіркана І пачаўся падзел і нязгода паміж яго пяцьцю сынамі, што аслабіла дзяржаву. Гэта выкарыстаў рымскі палкаводзец Пампэй і ў 64 г. да н.э. увёў сваё войска ў Ерусалім. Не абышлося і без канфлікту, у якім загінула многа жыдоў, а астатнія былі абкладзены вялікай данінай. Такім чынам жыды апынуліся пад рымскай акупацыяй.

Рымляне далі жыдам у Палестыне аўтаномію і свабоду рэлігіі, зрабіўшы ў 37 г. да н.э. злачыннага Ірада каралём Юдэі, аднак жыды імкнуліся да поўнае дзяржаўнае незалежнасьці і ў 68 г. нашай эры паднялі вялікае паўстаньне. У выніку ў 70 г. зьнішчаны быў Ерусалім, разбурана вялікая сьвятыня Ірада. Засталася толькі Сьцяна плачу. Жыды пайшлі ў палон да рымлянаў, якія зрабілі іх рабамі і такімі прадавалі.

За імпэратара Адрыяна (117-138) Ерусалім быў адбудаваны і названы Аэлія Капітоліна. Жыды не маглі пагадзіцца з такой заменай іхняга горада і ў 131 г. паднялі новае паўстаньне ў Юдэі. Яны захапілі Ерусалім і аб’явілі сваю незалежнасьць ад Рыму. Паўстаньне не магло мець посьпеху, бо ня ўсе жыды яго падтрымалі. У 135 г. паўстаньне было задушана рымскімі легіёнамі, а яго лідэры Бар-Кохба і Рабі Акіба забіты. Удзельнікаў паўстаньня рымляне выгналі зь Ерусаліма і Юдэі. За кару жыдам было забаронена набліжацца да Ерусаліма і абмежаваны былі другія правы. Толькі на пачатку ІV ст. імпэратар Канстанцін Вялікі дазволіў жыдам раз у год, у гадавіну зьнішчэньня Ерусаліма, наведваць горад, дзе яны плакалі пад яго сьценамі. І толькі ў час арабскай інвазіі на Палестыну (VІІ ст.), жыды атрымалі магчымасьць вярнуцца ў Ерусалім.

Паражэньні жыдоў у паўстаньнях супраць рымлянаў палажылі канец іхняй палітычнай і баявой дзейнасьці на доўгія стагодзьдзі. Жыды разышліся ў дыяспару, аднак дзякуючы свайму нацыяналізму і рэлігійнай традыцыі ў іх перахоўвалася вера і надзея ў адраджэньне сваёй утрачанай сувэрэннасьці. Але дзе-б жыды не зайшлі і аселі, супраць іх праяўлялася варожасьць мясцовага насельніцтва і адміністрацыі, якія абвінавачвалі іх у забойстве Хрыста.

Ангельскі кароль Эдуард І (1272-1307) загадаў у 1290 г. выгнаць жыдоў з Англіі. Многа іхняй маёмасьці было канфіскавана на карысьць ангельскай Кароны.

У 1306 г. францускі кароль Філіп ІV загадаў выгнаць жыдоў з Францыі. Ім у месячны тэрмін трэба было пакінуць краіну. Дазвалялася ім узяць з сабою рабочую вопратку і малую суму грошай на набыцьцё неабходных рэчаў.

Прыкрыя справы дзеяліся ў Гішпаніі. У ХІV стагодзьдзі пачаліся пагромы і прымусовае наварачваньне жыдоў у хрысьціянства. Тых жыдоў, што прынялі хрысьціянства пад прымусам, называлі „канвэрсас”, у адрозьненьне ад тых, што былі хрысьціянамі здаўна. Багатыя жыды-„канвэрсасы” мелі маёнткі і іншае багацьце. Але Сьвятая Інквізыцыя магла забраць усю маёмасць, а гаспадара паслаць на сьмерць, калі абвінаваціла яго ў гэрэзіі.

Кароль Фэрдынанд бачыў, што прасьлед багатых жыдоў, якія займаліся гандлем, садзейнічае крызісу ў дзяржаве, падрывае даходы ў казну, але ня мог супрацівіцца дзейнасьці Каталіцкай царквы. Ён у 1484 г. пісаў, што найважнейшая справа — служыць Богу, а другія справы павінны быць пакінуты на баку. Значыць, Сьвятая Інквізыцыя можа рабіць усё, што ёй падабаецца.

І так яно было. Толькі ў адным горадзе Севільлі, паміж 1480 і 1488 гадамі было спалена больш за 700 „канвэрсасаў,” а іншыя атрымалі пакараньні. Паміж 1483 і 1496 гадамі ў Гішпаніі было спалена прыблізна 2 тысячы гэрэтыкаў. Гішпанская інквізыцыя — як каралеўская ўстанова — карысталася папскім блаславенствам.

Пры панаваньні каралеўскай пары Ісабэльлі і Фэрдынанда аб жыдах у Гішпаніі бытавала такое меркаваньне: „Яны ніколі не хацелі рабіць фізычнай работы, араць, капаць або хадзіць у полі за быдлам (...) адзінай іхняй работай былі гарады, дзе яны сядзелі і рабілі грошы не працуючы многа”. Таму ў 1492 г. каралеўская пара спрычынілася да выгнаньня 120 тысяч жыдоў з Гішпаніі. Ганеньне жыдоў адбылося і ў суседняй Партугаліі.

Гішпанскія „канвэрсас” атрымалі ад папы Аляксандра VІ булу, у якой ён прабачаў жыдам за зробленыя імі памылкі. Гэтыя „канвэрсас” пазычылі партугальскаму каралю, які быў у даўгу, 500 тысяч дукатаў.

Папская пратэкцыя ў адносінах да жыдоў выклікала вялікае абурэньне сярод дамініканцаў. Каталіцкія манахі павялі новы прасьлед, у час якога была забіта пэўная колькасьць жыдоў. За гэта кароль Партугаліі Мануэль пакараў злачынцаў. Спакой захаваўся да 1531 г., калі папа Клімент VІІ упаўнаважыў Інквізыцыю да дзейнасьці ў Партугаліі. Пачалося паляваньне на жыдоў і маўраў, што задаволіла Гішпанію. Нават маўры, былыя мусульмане, якія прынялі хрысьціянства за абяцаную талерантнасьць, былі змушаны пакінуць свае дамы.

У Італіі жыдам таксама не было спакою. У жніўні 1540 г. жыхары Нэапалю пратэставалі супраць расьцярушанасьці жыдоў у горадзе, патрабуючы, каб яны „жылі разам і насілі на сабе знакі адрозьненьня”, што было супраць іхняй прывілеі. Жыды Міляну павінны былі насіць жоўтыя шапкі. Жыды Вэроны павінны былі жыць у адным месцы і там, дзе яны жылі, вуліцу іх назвалі „вія дэльлі Гэбрэі”. У жніўні 1602 г. выказана было незадавальненьне ў Мантуі: чаму жыды ходзяць па вуліцы ў чорных шапках, як кожны адзін?

Справа жыдоў у Нямеччыне ў той час выглядала таксама няпэўнай. Жыды былі добра зарганізаваны і свае правы абаранялі пры кожнай нагодзе. Іх лідэр Ёсэф бэн Гэршом Лоанс, агульнавядомы як Ёсэльман Рошэйн (1480-1554), ад 1510 г. выступаў перад нямецкім імпэратарам Максімільянам І з просьбай спыніць прасьлед і выгнаньне жыдоў з краю. Яму ўдалося дамагчыся ад імпэратара Максімільяна ў 1515 г. „правоў і прывілеяў” для жыдоў у Нямеччыне.

Прычынай жорсткага прасьледу жыдоў на Захадзе Эўропы паслужылі Трэці і Чацьвёрты Лятэранскія Саборы 1179 і 1215 гадоў, якія абмежавалі свабоду жыдоў. Такім парадкам пры актыўным удзеле Каталіцкай царквы жыдоў у Заходняй Эўропе многа не засталося. Толькі ў некаторых гарадах Нямеччыны, Паўночнай Італіі і Атаманскай імпэрыі засталіся групы жыдоў.

Ад прасьледу Каталіцкай царквы і заходніх каралёў жыды ўцякалі на Усход — у Польшчу, Беларусь, Украіну і тут яны мелі даволі добрыя ўмовы. Але ў час паўстаньня Багдана Хмяльніцкага ў 1648 г. супраць палякаў, казакі рабілі пагромы і забойствы жыдоў, якія ўцякалі на Балканы, у Нямеччыну і Галандыю. Аднак у Расеі жыдоў прынялі неахвотна. Кацярына І хацела выгнаць іх у 1727 г. За Мікалая І у 1827 г. выгналі жыдоў з Кіева, а ў 1835 г. не дазволена было ім жыць менш як 50 вёрст ад заходняй граніцы.

Калі Кацярына II у канцы ХVІІІ ст. заняла землі Рэчы Паспалітай, дзе жыло многа жыдоў, то з кожным годам праяўлялася да іх варожасьць. У 1881 г. больш як палова жыдоў сьвету жыла пад расейскай уладай і супраць іх праводзіліся пагромы ў 1881-1884, 1903-1906, 1918-1920 гадах.

Аляксандар III (1881-1894), яўны вораг жыдоў, выдаў указы, якія забаранялі жыдам карыстацца палітычнымі і сацыяльнымі правамі. Пачаліся пагромы і забойствы, а царская паліцыя сьвядома падбухторвала людзей супраць жыдоў. Гаварылася: „Бей жыдов, спасай Россию!” Для жыдоў нічога не заставалася як толькі пакінуць Расею з прычыны прасьледу. І ехалі яны пераважна ў Палестыну або ў ЗША.

У Нямеччыне, калі да ўлады прыйшоў Гітлер і пачаў Другую сусьветную вайну, пачаўся генацыд жыдоў. Зьнішчана было шэсьць мільёнаў жыдоў. А пасьля вайны жыды вялі ў Палестыне вайну з арабамі. І хоць адваявалі яны сваю дзяржаўную незалежнасьць, паміж жыдамі і арабамі не захаваўся мір да гэтага часу.

Рабы ў Грэцыі

Першабытныя грэкі засялялі ня толькі мацярык Грэцыі, але некаторыя берагі Міжземнага і Чорнага мораў, а таксама шматлікія астравы на Міжземным і Эгэйскім морах. Была гэта не ваенная калянізацыя, якая пачалася ў 750 г. да н.э., але грамадзянская — людзі ішлі і плылі на караблях у пошуках новых зямель, бо Грэцыя не магла ўтрымаць узрастаючую колькасьць насельніцтва, не хапала ворнай зямлі. Таму ў 750 г. да н.э. высылалася каляністаў шукаць новыя землі і закладаць на іх свае калёніі. Грэцкая калянізацыя зьмяніла аблічча берагоў Міжземнага мора, паколькі ў яе выніку пашыралася і грэцкая цывілізаця.

Нягледзячы на высокую грэцкую культуру і навуку, грэкі не стварылі свае імпэрыі, хоць Афінамі кіравалі тыраны. Але ў 510 г. да н.э. палітык Клісфэн выгнаў іх і ўстанавіў першы ў сьвеце дэмакратычны ўрад. Назоў паходзіць з грэцкіх слоў „дэмос” (звычайныя людзі) і „кратос” (улада). Не была гэта поўнасьцю дэмакратыя ў сучасным сэнсе, бо толькі меншасьці насельніцтва дазволена было галасаваць. Жанчыны, чужынцы і рабы не лічыліся грамадзянамі і ня мелі права голасу.

Заснаваньне афінскай дэмакратыі належыць таксама Салону, якога ў 594 г. да н.э. назначылі пасрэднікам паміж багатымі і беднымі. Салон замарозіў даўгі, куплю грамадзянамі рабоў і забараніў далейшыя пазыкі на гарантыю чалавека. Такім парадкам былі вызваленыя за даўгі людзі, якіх зрабілі рабамі.

У V ст. да н.э. пэрсы занялі Грэцыю і ў 540 г. далучылі яе да свае імпэрыі. У 499 г. грэкі паднялі рэвольту, якая была задушана пэрсамі і толькі ў вялікім баі пад Марафонам у 490 г. да н.э. грэкі аднесьлі перамогу над пэрсамі. Але ў 480 г. сын пэрсідскага караля Дарыя, Ксэркс, наехаў Грэцыю. 300 спартанцаў затрымалі двухсоттысячную армію пэрсаў на працягу некалькіх дзён у праходзе Фэрмапілаў, але ўсе яны загінулі гераічна. Такі баявы ўчынак спартанцаў падняў грэкаў да змаганьня. Вайна прадаўжалася да 449 г. і закончылася перамогай грэкаў. Надзея пэрсаў падпарадкаваць Грэцыю ня споўнілася.

У сярэдзіне V ст. да н.э. лідэр афінцаў Пэрыкл няменш як 15 разоў быў перавыбіраны лідэрам, дзякуючы сваім аратарскім здольнасьцям. Пэрыкл пераняў уладу пасьля Пэрсідскай вайны і аб’яднаў прыязныя на Эгэйскім моры гарады ў Афінскую імпэрыю вядомую як Дэласкую Лігу. Назоў прынята ад вострава Дэлас, дзе знаходзілася сьвяцілішча Апалёна. Усе гарады і астравы ахвяроўвалі караблі і грошы на агульную абарону. Былі адбудаваны сьвятыні, зьнішчаныя ў 480 г. пэрсамі, а сярод іх Акропаль. Выдатны новы Пантэон і другія будынкі прыдавалі славы і гонару гораду ня толькі сярод грэкаў. Помнікамі Афінскай імпэрыі сьвет захапляецца да гэтага часу.

Так было да Аляксандра Македонскага (336-323), калі Грэцыя была далучана да Македонскай імпэрыі. Тады палітычнае, сацыяльнае і эканамічнае жыцьцё старога сьвету прыняло новы выгляд. Грэкі лічылі македонцаў варварамі. З гэтым меркаваньнем не пагаджаўся Аляксандар, паколькі ў сапраўднасьці ён ня быў варварам, не прасьледаваў народаў свае абшырнай імпэрыі, а нават карыстаўся здабыткамі грэцкай культуры і дэмакратыі. Дзе не ішоў Аляксандар Македонскі, за ім ішла і пашыралася грэцкая навука, мастацтва, літаратура. Імпэрыя Аляксандра расьцягвалася ад Ніла да Індыі. Таксама пасьля сьмерці Аляксандра Македонскага — за яго наступнікаў Пталямэяў —грэцкая культура дамінавала вакол Міжземнага мора.

Аб рабах у старажытнай Грэцыі маем даволі дакладныя інфармацыі, бо захаваліся запісы тагачасных сьведкаў. Грэкі мелі ў старажытнасьці сваё пісьмо, непадобнае да бабілёнскіх ці егіпецкіх іерогліфаў, мелі сваіх філёзафаў, адукаваных людзей, якія пакінулі па сабе шмат чаго цікавага і карыснага ня толькі для свайго народу, але для ўсяго сьвету. Грэцкая цывілізацыя ўзрастала на працягу доўгіх стагодзьдзяў і яна ў многім розьнілася ад старой цывілізацыі Бабілёніі, Егіпту або Кітаю.

Адносіны паміж багатымі і беднымі ў старажытнай Грэцыі ў часе паэта Гамэра, які жыў у VІІІ ст. да н.э. так апісвае „Беларускі Гістарычны Часопіс” (№ 3/11 ад 1995 г., с. 127-128):

„Дастаткова выразна можна прасачыць у гамэраўскім грамадзтве працэс маёмаснай і сацыяльнай няроўнасьці. У абшчыне сталі зьяўляцца безьзямельныя мужчыны (феты, або батракі), якія ішлі батрачыць да заможных грамадзян. Былі і рабы. Паводле Гамэра, яны выконвалі найбольш працаёмную работу, апрацоўвалі зямлю, пасьвілі статкі, прыслугоўвалі дома гаспадарам. У гэты перыяд назіраецца пэўнае супадзеньне паняцьцяў „багаты” і „бедны”.

Побыт знаці мала чым адрозьніваўся ад жыцьця простых абшчыньнікаў. Гамэраўскія героі (цары і арыстакраты) жывуць у драўляных дамах з дваром, акружаным частаколам. Тыя дамы ня мелі комінаў. Царыца Пэнэлёпа разам з рабамі займаецца хатняй работай. Цары не цураюцца грубой фізычнай працы. Адысей ганарыцца сваім уменьнем араць і касіць”.

У клясічным грэцкім полісе не было афіцыйнага супрацьстаяньня гарадзкога насельніцтва сельскаму. У грэчаскім горадзе ўжо ў архаічны перыяд сфарміравалася і саслоўе гараджан, якое складалася з рамесьнікаў, купцоў, рабочых, матросаў. Многія зь іх займаліся даходнымі справамі, хутка багацелі, але, як усе „новыя” людзі, заставаліся беспрацоўнымі. Уся ўлада належала прадстаўнікам старажытнай (радавой) знаці, якія займалі пасады ў саветах і судах. Аднак у архаічны перыяд у грэкаў зьявіліся грошы, якія паскорылі працэс маёмаснай дыфэрэнцыяцыі і прывялі да зьмяненьняў у структуры грэчаскага грамадзтва. Нагадаем словы спартанца Арыстыда: „Грошы робяць чалавека”.

У часе старажытных войнаў грэкі выкарыстоў