|
Юры Весялкоўскі, Ад Гарбачова да Белавежы (1985-1991), Беласток — Лёндан 2004
Ад аўтара
Пасьля перамогі над гітлераўскай Нямеччынай у 1945 годзе Сталін пашырыў межы СССР і стварыў вялікую камуністычную імпэрыю. Партыйная прапаганда даказвала, што краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы былі вызвалены ад гітлераўскай тыраніі. Фактычна яны не былі вызваленыя, а толькі занятыя Чырвонай Арміяй у якасьці ваенных трафеяў. Масква зрабіла іх сваімі сатэлітамі, якія мелі ахоўваць Савецкі Саюз, і адмежавала іх ад заходніх дэмакратычных дзяржаваў „жалезнай заслонай”.
Дзяржавам-сатэлітам была накінута камуністычная сыстэма. Знаходзіліся яны пад кантролем Масквы на працягу сарака гадоў, да прыходу ў 1985 годзе да ўлады Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова.
Перыяд ад стварэньня Савецкага Саюзу ў выніку ленінскай рэвалюцыі 1917 году аж да ўпадку гэтай вялікай камуністычнай імпэрыі на Ўсходзе ў 1989 годзе быў вялікай драматычнай зьявай XX стагодзьдзя. На зьмену камуністычнай дыктатуры генэральны сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў пачаў уводзіць „сацыялістычны плюралізм”, „новае мысьленьне”, „галоснасьць” і „перабудову”. Гэты працэс працягваўся амаль сем гадоў (1985-1991).
Рэфарматарская дзейнасьць новага генсека ЦК КПСС мела зьмяніць ролю партыі і паставіць яе на новую дарогу дзейнасьці на дэмакратычных прынцыпах, ленінскіх павучэньнях з мэтай падняць з заняпаду эканоміку краіны.
У СССР, паралельна да гарбачоўскіх рэформаў, свае рэформы праводзіў таксама Барыс Мікалаевіч Ельцын.
Каб лепш зразумець прычыны перабудовы Савецкага Саюзу, ініцыяваную Міхаілам Гарбачовым, неабходна згадаць некаторыя важныя моманты зь дзейнасьці камуністычных лідэраў, пачынаючы з Леніна.
Юры Весялкоўскі
Harley D. Balzer, Five Years that Shook the Word. Gorbachev’s Unfinished Revolution, Westivie Press 1991.
Anatoly Chernaev, My Six Years with Gorbachev, The Pannsylvania State University 2000.
Archie Brown, The Gorbachev Factor, Oxford University Press 1999.
Karen Dawisha, Bruce Parrot, Russia and the New States of Eurasia. The Politics of Upheaval, Cambridge University Press 1994.
John B. Dunlop, The Rise of Russia and the Fall of the Soviet Empire, New Jersey 1993.
Ben Fowkes, The Disintegration of the Soviet Union. A Study in the Rise and Triumph of Nationalism, London 1997.
Mikhail Gorbachev, The August Coup. The Truth and the Lessons, London 1991.
Andrei S. Grachev, The Inside Story of the Collapse of the Soviet Union, USA.
Robert G. Kaiser, Why Gorbachev Happened His Triumphs and His Failre, New York 1991.
John Kampfner, Inside Yeltsin’s Russia, London 1994.
David Mandel, Perestroika and the Soviet People, Canada 1991.
David S. Mason, Revolution in East-Central Europe. The Rise and Fall of Communism and the Cold War, Printed in USA 1992.
John Morrison, Boris Yeltsin, London 1991.
Vladimir Pozner, Eye Witness. A Personal Account of the Unreveling of the Soviet Union, London 1992.
Geoffrey Punton, The Soviet era. Soviet Politiks from Lenin to Yeltsin, 1994.
David Price-Jones, The War that Never Was. The Fall of Soviet Empire 1985-1991, London 1995.
Robert Service, A History of Modern Russia from Nicholas II to Putin, London 2003.
Graham Smith, The Nationalities Question in the Post-Soviet States, London 1996.
Vladimir Solovyov & Elena Klepikova, Boris Yeltsin, London 1992.
Jonathan Steele, Eternal Russia, London 1992.
Arkady Vesberg, The Soviet Mafia, London 1991.
Christopher Williams & Thanasis D. Sfikas, CIS and the Baltic States, England 1999.
Янка Запруднік, Беларусь на гістарычных скрыжаваннях, Мінск 1996.
В. Степанков, Е. Лисов, Кремлёвский заговор, 1992.
Александр Яковлев, Сумерки, Москва 2003.
Па наказах Леніна
У лютым 1917 году ў Расеі адбылася рэвалюцыя з прычыны няўдачнай вайны зь немцамі. Цар Мікалай II адмовіўся ад прастолу. Створаны быў новы дэмакратычны ўрад, у які ўвайшлі розныя палітычныя партыі. Але ў кастрычніку гэтага-ж году бальшавікі сілай захапілі ўладу, зрабілі пераварот і назвалі яго Кастрычніцкай рэвалюцыяй. На чале новай улады стаў Уладзімір Ільіч Ленін, які фактычна быў інсьпіратарам перавароту. Ён стварыў першую камуністычную дзяржаву і ўвёў дыктатуру пралетарыяту, значыць, дыктатуру камуністычнай партыі, якая захапіла ўладу і кіравала больш жорстка і дэспатычна, чым урады ў буржуазных краінах. Буржуазныя дзяржавы, казаў Ленін, трэба зьнішчыць шляхам рэвалюцыі і на іх месца стварыць „пралетарскія” краіны. Ленін надаваў вялікае значэньне вайне, як найбольш спрыяльнаму моманту ажыцьцяўленьня камуністычных плянаў захопу ўлады.
Аб Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая спрычынілася да грамадзянскай вайны ў Расеі, Ленін выказаўся наступным чынам: „Грамадзянскую вайну выклікаў разгон Устаноўчага сходу. Каб мы пакінулі Устаноўчы сход як заканадаўчы орган дзяржавы, ніякай вайны не было-б. Але хіба маглі мы, заваяваўшы ўладу, падзяліцца ёю ці аддаць яе іншым палітычным сілам? Не! Такі шанц выпаў, бадай, упершыню ў гісторыі — захапіць уладу ў свае рукі і пачаць будаўніцтва сацыялістычнай рэспублікі. Усім астатнім палітычным партыям мы і сапраўды прапануем адправіцца на сьметнік гісторыі. Народ стаміўся ад доўгіх і пустых абяцаньняў і нерашучасьці ўлады. Ён чакаў практычных спраў. Усім патрэбен мір, сялянам — зямля, рабочым — фабрыкі і заводы. Усё гэта мы абяцалі і даем працоўнаму народу. Мы прыступаем да ажыцьцяўленьня праграмы-максімум. З нашай дыктатурай павінны альбо згадзіцца, альбо — вайна. Хто ня з намі, той супраць нас!” („Беларускі Гістарычны Часопіс” № 5, 2002 г., ст. 93).
Ленін стаў уводзіць бальшавіцкую ўладу ў краіне. Ён прызначыў Фэлікса Дзяржынскага на пасаду старшыні Усерасейскай Надзвычайнай Камісіі, папулярна званай ЧК, якая мела абараняць рэвалюцыю, сказаўшы яму: „Мы можам быць змушаны прыняць строгія меры. У даным выпадку твайму асабістаму таленту прыйдзецца даць шырэйшае поле дзейнасьці (...). Ты ёсьць работнік і адначасна — прабач за слова — забойца. Можаш быць упэўнены, што тут будзе многа работы”, — і падаў яму руку (Ман оф тэррор Дзержынскі, Лёндан 1933, ст. 138).
Ленін казаў: „Як можна правесьці рэвалюцыю без расстрэлаў?” Ён паслаў тэлеграму ў Задонскі савет, у якой загадаў прыняць строгія меры супраць кулакоў і іхніх саюзьнікаў — левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў, выдаць адозву да бедных сялянаў, арганізаваць іх на бязьлітасную барацьбу супраць крывапіўцаў-кулакоў, узбройваць бедных сялянаў і ўводзіць дыктатуру на вёсцы. Быў гэта заклік да „клясавай вайны”.
Адзінаццатага жніўня 1918 году Ленін паслаў канфідэнцыйную тэлеграму бальшавіцкім лідэрам у Пэнзу зь інструкцыяй: „Павесіць ня менш як сотню добра вядомых кулакоў і багатых крывапіўцаў на вачох людзей”. Калі да яго даходзілі нараканьні на злачынствы ЧК, Ленін казаў, што гэта не яго справа і што ў рэвалюцыю такая дзейнасьць непазьбежная. Строгія загады Ленін асабліва часта пачаў выдаваць пасьля замаху на яго жыцьцё 30 жніўня 1918 году. Тады пачаўся „чырвоны тэрор”, стралялі вязьняў у турмах і толькі ў самым Петраградзе застрэлілі 1 300 палонных. Паводле афіцыйных даных 12 733 палонных забіла ЧК на працягу 1918-1920 гадоў. Ленін не саромеўся ніякіх жорсткасьцяў, быў антыгуманістам і антыдэмакратам, чалавекам новай эпохі ня толькі камуністычных, але і фашыстоўскіх пераваротаў.
Дзяржынскі верна выконваў указаньні Леніна і ў яго было многа работы ня толькі ў час рэвалюцыі. Ён казаў: „Мы стаім за арганізаваны тэрор. (...) Наша заданьне — змагацца супраць ворагаў савецкай улады і новага парадку. (...) Для ворагаў мы не акажам літасьці”.
Савецкая ўлада дзейнічала татальнымі мэтадамі. ЧК увяло новыя працэдуры ў адносінах да арыштаваных. Сьледчы не пытаў абвінавачваючых фактаў, каб даказаць, што даная асоба супраціўляецца Саветам збройна і моўна. Першым чынам пытаў арыштаванага, да якой клясы належыць, высьвятляў ягонае паходжаньне, асьвету і прафэсію. Гэтыя пытаньні вырашалі лёс арыштаванага. Часта арыштоўвалі людзей зусім невінаватых, трымалі іх у турмах і расстрэльвалі за віну другіх. Проста, вялося запалохваньне людзей, што мела ісьці на карысьць рэвалюцыі, якая для бальшавікоў была свайго роду рэлігіяй і філязофіяй, зьвязанай з палітычнай і сацыяльнай перабудовай жыцьця.
Блізкім супрацоўнікам Леніна быў Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. Яго паплечнікі казалі, што Сталін зьяўляецца найбольш здольным і верным вучнем Леніна. Але праціўнікі Сталіна адкідалі такія меркаваньні. Ленін бачыў у партыі падзелы і, будучы ўжо хворым, вырашыў пакінуць Сталіна і Троцкага разам пры ўладзе, што аказалася памылкай.
Ленін у тастамэнце, напісаным 4 студзеня 1923 году, адзначыў суровасьць Сталіна, што сярод камуністаў лічылася заганнай рысай. Ён прапанаваў сваім таварышам адхіліць Сталіна ад пасады і на пост генэральнага сакратара назначыць больш памяркоўнага чалавека. Найбольш здольным зь ліку членаў Палітбюра быў Леў Троцкі. Пасьля сьмерці Леніна ў студзені 1924 году паміж Сталіным і Троцкім пачалася барацьба за ўладу, у якой Сталін перамог. Пачаліся прапагандысцкія судовыя працэсы і ліквідацыя трацкістаў, якая працягвалася амаль да пачатку Другой Сусьветнай вайны. Па загаду Сталіна Троцкі быў забіты ў 1940 годзе ў Мэксіцы. Такой менавіта дарогай, якой, дарэчы, карыстаўся Ленін, Сталін пазбаўляўся праціўнікаў.
Ніхто добра ня ведае колькасьці ахвяраў сталінскага тэрору. Як сказаў Мікіта Хрушчоў: „Ніхто іх не лічыў”. Але, паводле дасьледчыкаў, у рэвалюцыі і грамадзянскай вайне загінула дзесяць мільёнаў чалавек. Пяць мільёнаў загінула ў час голаду 1931-1932 гадоў. У час сталінскага тэрору тры мільёны грамадзян расстралялі, тры мільёны памерлі ў лягерох. Блізка адзін зь дзевяці насельнікаў СССР у 1939 годзе знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лягеры. Пасьля сьмерці Сталіна архівы паказалі, што на 1 студзеня 1953 году ў лягерох было 1 727 940 зьняволеных; у калёніях — 740 554 і ў спэцыяльных калёніях — 2 753 356 лягернікаў. Так, што ўсіх лягернікаў у той час было 5 221 880 чалавек, ня лічачы вязьняў у турмах.
Савецкія статыстыкі падаюць 10 мільёнаў забітых жаўнераў у Другой Сусьветнай вайне і столькі-ж мірных жыхароў. У 1990 годзе газэта „Известия” налічыла 50 мільёнаў сталінскіх ахвяраў, а іншыя дасьледчыкі падаюць лічбу 90-100 мільёнаў ахвяраў.
Ад бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году ў Расеі нічога не зьмянілася на лепшае. Толькі маску царскага дэспатызму, абсалютызму пераняў камунізм, які больш удасканаліў тыранію над народамі СССР.
Член брытанскага парляманту, ледзі Нансі Астор, будучы ў Маскве ў сьнежні 1931 году, мела нагоду спаткаць Сталіна. Яна не пабаялася запытаць яго: „Як доўга будзеце забіваць людзей?” Сталін адказаў: „Працэс будзе прадаўжацца датуль, пакуль ня будзе пабудавана камуністычнае грамадзтва”.
Беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў згадвае, што Беларусь — адзіная краіна былога СССР, дзе да гэтага часу не апублікаваныя афіцыйныя даныя аб рэпрэсаваных. Паводле яго ацэнак, у 20-50-я гады мінулага стагодзьдзя ад сталінскага тэрору пацярпела паўтары мільёна беларусаў. Маюцца на ўвазе ня толькі расстраляныя і высланыя ў лягеры, але ўлічваюцца таксама нашы землякі, якіх не прымалі на работу па прычыне сваяцтва з „ворагамі народу”, пазбаўлялі выбарчага права і падвяргалі іншым формам дыскрымінацыі (паводле газэты „Свободные новости” № 8 (23) ад 1.05 — 22.05.2003 г., ст. 1).
Сталін у 1936 годзе сказаў, што першы крок да камунізму дасягнуты ў выніку будовы сацыялізму. У 1953 годзе Сталін памёр і яго заступіў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Ён сказаў, што наступная фаза поўнага камунізму будзе дасягнута ў 1980 годзе.
У параўнаньні да Сталіна Хрушчоў быў чалавекам зусім іншага характару. Сталін быў скрытны, суровы, злачынны, а Хрушчоў — больш адкрыты, сяброўскі, часам дзівакаваты. Хрушчоў, які асудзіў Сталіна за яго злачынствы, разумеў, што ня вырашыўшы маральных праблем у грамадзтве, цяжка спадзявацца на эканамічны прагрэс. Трэба было даць народу свабоду, але не такую, каб яна стала пагражаць уладнай эліце і палітычнай сыстэме. Таму наступіла так званая „адліга”, у час якой рэабілітаваны былі мільёны вязьняў і пакараны некаторыя начальнікі за злоўжываньне службовым становішчам.
Хрушчоў даў калгасьнікам прысядзібныя ўчасткі, агароды, на якіх яны маглі займацца сваёй гаспадаркай. Хрушчоў ня меў адпаведнай асьветы, але меў здаровы сэнс. Ён не хваліўся, што Савецкі Саюз мацнейшы ці багацейшы за Захад, але дэманстратыўна гаварыў, што за 5-10 гадоў Савецкі Саюз дагоніць і перагоніць Злучаныя Штаты Амэрыкі ў гаспадарчым пляне.
У 1956 годзе Хрушчоў пачаў лібэралізацыю, якая асудзіла сталінізм, што выклікала рэвольту ў Познані (Польшча) і рэвалюцыю ў Мадзьяршчыне. Да таго паражэньне ў замежнай палітыцы і эканоміцы ды варожасьць да Кітаю давялі да адхіленьня Хрушчова ад улады. Хрушчоў не дачакаўся камунізму. Яго ў 1964 г. адсунулі ад улады Брэжнеў і Касыгін — свае змоўшчыкі з Палітбюра. Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі (КДБ) пасадзіў Хрушчова пад нагляд і забараніў яму працягваць палітычную дзейнасьць.
Хрушчоў быў першым савецкім палітыкам, які на XX Зьезьдзе КПСС у 1956 годзе меў адвагу сказаць праўду аб дзейнасьці і злачынствах Сталіна, які да гэтага часу лічыўся бацькам працоўнага народу, сонейкам, якое яму сьвяціла. Міф Сталіна ў Савецкім Саюзе пачаў разьвейвацца, хоць зьездаўская навіна першапачаткова трымалася ў сакрэце. Аднак выклікала яна палітычныя зьмены.
Хрушчоў казаў: „Марксісцкая тэорыя памагла нам выйграць уладу, скансалідаваць яе. Зрабіўшы гэта, мы павінны забясьпечыць людзям добра зьесьці, добра апрануцца і добра жыць. Нельга даць тэорыю ў суп, або марксізм у вопратку. Калі пасьля сарака гадоў камунізму чалавек ня мае шклянкі малака, або пары чаравікаў, ён ня будзе верыць, што камунізм — добрая справа, ня важна што ты будзеш яму гаварыць”.
Хрушчоў абяцаў павысіць жыцьцёвы ўзровень насельніцтва, які аказаўся ніжэйшым чым у 1913 годзе. Таму павёў прапагандысцкую акцыю асваеньня цаліны. Мільёны рускіх, украінцаў і беларусаў везьлі ў Казахстан і пасялялі іх там. Такім чынам цаліна дала 225 мільёнаў гектараў зямлі для гаспадараньня, а малыя калгасы былі аб’яднаны ў большыя гаспадаркі. Хрушчоў зьвяртаў увагу на аграрную справу, каб народ не галадаў. Праўда, прадукцыя зерня, мяса і малака за сем гадоў узрасла намнога больш, чым было гэта пры Сталіне.
Хрушчоў, па паходжаньні ўкраінец, быў русафілам. Перыяд ягонай „адлігі” выкарысталі нацыянальныя дзеячы на ніве літаратуры, мастацтва і навукі. Беларускія патрыёты выступалі ў абароне беларускасьці і БССР. З нагоды саракавой гадавіны БССР Кірыла Мазураў — першы сакратар ЦК КПБ зрабіў даклад на беларускай мове. Гэта не спадабалася Хрушчову і ён сказаў: „Чым хутчэй мы будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм”. Такой моўнай палітыкай Хрушчоў паскорыў русыфікацыю народаў Савецкага Саюзу і пачаў прасьлед усіх канфэсіяў, якія да таго часу карысталіся адноснай свабодай дадзенай Сталіным у час вайны.
Аднак за Хрушчова, як у Краіне Саветаў, так і ў іншых камуністычных краінах наглядаліся разыходжаньні ў дзейнасьці і палітыцы, аб чым сказаў Хрушчоў на XX Зьезьдзе КПСС. З выпадку 70-гадовага юбілею Хрушчова віншавалі члены Палітбюра, якія праз пару месяцаў зьнялі яго з пасады. Нечаканай была тэлеграма з Пэкіну, у якой гаварылася: „Хоць паміж намі існуюць цяпер рознагалосьсі па шэрагу пытаньняў марксізму-ленінізму і склалася такая абстаноўка, калі адсутнічае згуртаванасьць, але мы цьвёрда перакананыя, што гэта толькі часовая зьява. У выпадку ўзьнікненьня ў сьвеце сур’ёзных падзеяў, КПК і КПСС, КНР і СССР і народы нашых краінаў будуць стаяць поплеч і разам змагацца супраць агульнага ворага. Няхай імпэрыялісты і рэакцыянеры дрыжаць перад нашай згуртаванасьцю”.
Сталася гэта ў час В’етнамскай і Карэйскай войнаў, калі Кітай і Савецкі Саюз дапамагалі гэтым народам у вайне.
Аднак за Хрушчова пагоршыліся адносіны паміж СССР і ЗША. Зьявілася Бэрлінская Сьцяна, а расстаноўка савецкіх ракет на Кубе бязмалу не прывяла да ядзернай вайны. Кур’ёзным было захаваньне Хрушчова ў ААН, калі ў час прамовы біў чаравікам па стале. Усё гэта прывяло Хрушчова да ўпадку.
Хрушчова ў 1964 годзе заступіў Леанід Брэжнеў. За яго кіраваньня прапаганда вяшчала аб посьпехах камунізму, хаця фактычна пачаўся застойны перыяд. Наступіла абмежаваньне свабоды, а іншадумцам пагражала турма або псыхічны шпіталь. Грошы, кватэры і замежныя паездкі даступны былі толькі дзяржаўным работнікам. Абавязвала дактрына Брэжнева, паводле якой кожная камуністычная краіна была адказная ня толькі за свой народ, але за ўсе сацыялістычныя краіны і камуністычны рух. Такім парадкам Крэмль замацаваў за сабою права на ўмяшанне ва ўнутраныя справы краін савецкага блёку, каб запабегчы контррэвалюцыі і выхаду зпад камуністычнага кантролю. Дактрына абмяжоўвала свабоду дзяржаваў камуністычнага блёку.
У 1975 годзе ЗША, Савецкі Саюз і ўсе эўрапэйскія краіны падпісалі г.зв. Хэльсінскую пастанову, якая дакляравала непарушнасьць сучасных граніцаў і пашанаваньне незалежнасьці кожнай нацыі, іхніх людзкіх правоў уключна са свабодай думкі, сумленьня і рэлігіі. Пастанову падпісаў Л. Брэжнеў, але ён не прытрымоўваўся гэтых палажэньняў. Аднак Хэльсінская пастанова мела вялікі ўплыў на народы савецкага блёку, якія змагаліся за свае правы, спасылаючыся на гэты міжнародны акт, ратыфікаваны, між іншым, Савецкім Саюзам.
За Брэжнева ў 1980 годзе ў Савецкім Саюзе пачынаецца эканамічны крызіс. Індустрыя і большасьць калгасаў не выконваюць сваіх забавязаньняў і таму жыцьцёвы ўзровень грамадзтва пачынае падаць. Крызіс і карупцыя точаць кіраўніцтва дзяржавы. Дапускаюцца пэўныя эканамічныя рэформы, калі яны не парушаюць інтарэсаў сярэдняй і вышэйшай партыйнай эліты. Таксама пагаршаюцца адносіны са ЗША і заходнімі дзяржавамі па прычыне парушаньня чалавечых правоў, а інвазія на Афганістан аказалася няшчасьцем. Адносіны з Кітаем былі халодныя. У краіне пашыралася карупцыя і дзейнічала мафія. Апошнія гады Брэжнеў хварэў і ў лістападзе 1982 году памёр.
Пасьля „адлігі” М. Хрушчова, на працягу дваццаці гадоў кіраўніцтва Л. Брэжнева, Ю. Андропава і К. Чарненкі, пачынаецца вяртаньне да праверанай камуністычнай дыктатуры. КДБ пад кантролем Андропава зьнявольваў рознаверцаў, саджаў іх у турмы, псыхічныя шпіталі, дзе іх прыводзілі да сапраўднай хваробы за іхнія выказваньні і дамаганьні, якія супярэчылі савецкай сыстэме. Караліся тыя, што чыталі непадцэнзурную літаратуру.
Андропаў, наносячы візыт у Лёндан, выступіў на тэлебачаньні. Журналістам, якія зь ім гутарылі, было сказана не ставіць вострых, крытычных пытаньняў. Магчыма таму, што Андропаў быў тады моцна хворы. Гэтае выступленьне я глядзеў і, праўда, было яно дыпляматычна лагоднае, быццам спачувальнае. Але ў міжнародных адносінах з Захадам Андропаў ня быў памяркоўны, прытрымоўваўся палітыкі Сталіна.
Даволі пацешным і сьмешным было выступленьне на тэлебачаньні ў Лёндане міністра культуры СССР Жукава. На пытаньне: чаму савецкая прэса не піша пра нешчасьлівыя выпадкі, авіякатастрофы, дарожныя і транспартныя здарэнні зь цягнікамі або самаходамі, міністр адказаў: „Каб я прачытаў у газэце пра трагічны выпадак, у якім загінулі людзі, я ня мог бы заснуць уначы”. На пытаньне: чаму ў Савецкім Саюзе не чутно пра страйкі рабочых, пачуўся наступны адказ: „Рабочы ў Савецкім Саюзе зарабляе столькі грошай, што яму поўнасьцю хапае на пражыцьцё”.
Праявы дэмакратыі і мафія
Адважным барацьбітом за дэмакратычныя правы і крытыкам савецкіх парадкаў у краіне выступіў акадэмік Андрэй Сахараў. Ён спрычыніўся да стварэньня вадароднай бомбы. Крытыка савецкага ўраду непакоіла Брэжнева. Ён не дазволіў Сахараву з жонкай Яленай Бонэр пакінуць СССР, а толькі паслаў іх на выгнаньне ў горад Горкі, дзе абое знаходзіліся пад пастаянным наглядам КДБ.
Ужо раней, бо ў 1953 годзе, ва Ўсходнім Бэрліне паўсталі рабочыя. У 1956 годзе ўспыхнула паўстаньне ў Мадзьяршчыне. У 1968 годзе пачалася лібэралізацыя ў Чэхаславакіі. Усе гэтыя дэмакратычныя працэсы здушылі савецкія танкі. Таксама ў Польшчы пачаліся драматычныя падзеі, у выніку якіх паўстала арганізацыя „Салідарнасьць”, патрабуючая дэмакратычных рэформаў. Нельга сказаць, каб і ў Савецкім Саюзе панаваў спакой, бо і ў ім здараліся неспадзеўкі.
Леаніда Брэжнева, які памёр у 1982 годзе, заступіў шэф КДБ Юрый Андропаў. Ён увёў некаторыя рэформы, асабліва ўзяўся за барацьбу з карупцыяй і мафіяй на вярхох улады. Звольнена было 20 працэнтаў міністраў і партыйных работнікаў абвінавачаных у карупцыйнай дзейнасьці.
Напрыклад, адным з супрацоўнікаў мафіі аказаўся намесьнік міністра прадукцыі мясных і малочных тавараў Анатоль Тарада, які падрабляў дакумэнты. Тараду арыштавалі і як толькі ён пабачыў, што ў сьледзтве ніхто з мафіі не заступаецца за яго, ратуючы сябе, ён назваў прозьвішчы шматлікіх супрацоўнікаў мафіі і выявіў месца схаваньня грошай, золата і дыямэнтаў. Але гэта не было ўсё багацьце мафіі. Тарада прасіў даць яму час, каб зрабіць больш сэнсацыйнае адкрыцьцё ў справе мафіі. Час быў яму дадзены, але ноччу Тарада нечакана памёр. Прычына сьмерці ніколі не была пададзена. Гэты факт сьведчыць, што ў КДБ былі людзі мафіі.
Сьледзтва даказала, што дачка Л. Брэжнева, Галіна, і яе муж генерал Чурбанаў, віцэ-міністр унутраных спраў, бралі хабары. Чурбанаў страціў міністэрскую пасаду ў 1984 годзе і быў пакараны высылкай у Мурманск. Але дырэктара гастранома, які меў кантакты з Галінай Брэжневай, расстралялі ў ліпені 1984 году. І хаця вінаваты былі не адны яны, многія высокія партыйныя чыноўнікі пазьбеглі кары.
Супраць злачыннай дзейнасьці наменклятуры выступіў Анатоль Чурганаў, работнік Міністэрства Унутраных Спраў, які расказваў сваім сябрам і прыяцелям аб карупцыі і нават адважыўся расказаць аб гэтым амэрыканскаму карэспандэнту. Размову з А. Чурганавым зьмясьціла газэта „Нью Ёрк Таймс” ад 5 жніўня 1980 году.
Для савецкай дзяржавы выказваньні Чурганава аказаліся больш небясьпечнымі за ўнутраную дзейнасьць мафіі ў краіне і КДБ яго арыштаваў. Суд абвінаваціў яго ў антыдзяржаўнай прапагандзе і пасадзіў у турму. Чурганаў быў рэабілітаваны ў час гарбачоўскай перабудовы і пачаў адкрыта выступаць супраць высокапастаўленых членаў мафіі, якія яшчэ дзейнічалі або хаваліся ў падпольлі. Чурганаў выступаў на мітынгах у падтрымку дэмакратычных рэформ Барыса Ельцына.
Змаганьне Андропава супраць карупцыі, асабліва супраць мафіі, не было лёгкай справай, паколькі ў КДБ сядзелі інфарматары мафіі. Мафія як была, так і засталася дзейнічаць у Савецкім Саюзе. Савецкая дзяржава афіцыйна выступала супраць капіталістаў і эксплёататараў, хаця сярод яе адказных дзяржаўных функцыянераў былі эксплёататары, якія рабілі капітал коштам працоўнага народу. Ды нават сама дзяржава эксплёатавала працоўных на фабрыках і заводах, а найбольш у ГУЛагах.
Акрамя карупцыі, мафіі і іншых злачынстваў КДБ у Маскве займаўся таксама ананімкамі. Газэта „Наша Ніва” (№ 45 ад 5 сьнежня 2003 г., с. 4) пісала, што „ў часы, калі КДБ СССР узначальваў Андропаў, на яго імя зь Менску прыйшла ананімка на... старшыню КДБ БССР. Справай гэтай ананімкі заняліся найлепшыя спэцыялісты дзяржаўнай бясьпекі. І аўтар быў знойдзены. Аказаўся ім... намесьнік старшыні беларускага КДБ. Выпадак быў выключны, таму на „разбор налётаў” у Менск прыехаў сам Андропаў. Кагосьці звольніў, з кагосьці скінуў пагоны. А вышэйшыя афіцэры КДБ БССР запомнілі словы Андропава, сказаныя ім з горыччу: „Па колькасьці ананімак і пасквіляў, якія паступаюць у Маскву, Беларусь апярэджвае нават Каўказ і Сярэднюю Азію”.
Андропава, які памёр у лютым 1984 году, заступіў хворы Канстанцін Чарненка, партыйны апаратчык пры Брэжневе. Неўзабаве, у сакавіку 1985 году, памёр Чарненка і ў яго шуфлядзе пад замком знайшлі схаваныя грошы. Было іх даволі многа, а прысутныя дзівіліся адкуль ён мог іх узяць.
Пра згаданых старых і хворых кіраўнікоў дзяржавы, якія памерлі, будучы прэм’ер-міністар Мікалай Рыжкоў сказаў: „Мы ведаем, што калі выбярэм зноў старога, то паўторым трэці раз — працягваючы руку замежным лідэрам на паховінах”. Таму на кіраўніка выбралі адносна маладога Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова (1931 года нараджэння, наймалодшага члена Палітбюра). Выхоўваўся ён у духу стойкага камунізму, веры ў навуку Леніна, бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году і сьвятасьці Рускай Імпэрыі. Гарбачоў мог быць генэральным сакратаром два гады раней. Ю. Андропаў, будучы хворым, напісаў са шпітальнага ложка „запавет”, у якім членам Цэнтральнага Камітэту партыі прапанаваў пасьля яго сьмерці выбраць генсекам М. Гарбачова. Андропаў уважаў пасаду генсека вельмі важнай у палітычным жыцьці краіны. Але сярод членаў ЦК былі людзі са „старой гвардыі” Брэжнева, якія ці то схавалі, ці то зьнішчылі рукапіс палітычнага тастаманту Андропава.
Новы генэральны сакратар ЦК КПСС
Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова генэральным сакратаром Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу прызначылі 10 сакавіка 1985 году з падтрымкай КДБ. Аднак да яго кандыдатуры былі невялікія засьцярогі як да адносна маладога (яму тады было 54 гады) і мала дасьведчанага чалавека. Але ў параўнаньні да папярэдніх сакратароў КПСС, Гарбачоў меў большую асьвету і яго кандыдатуру падтрымаў Андрэй Грамыка, беларус, найстарэйшы член Палітбюра і найбольш аўтарытэтная фігура ў партыі. Ён сказаў, што Гарбачоў добра арыентуецца ў замежных справах: „Гэты чалавек мае прыемную ўсьмешку, а таксама жалезныя зубы”. Грамыка 28 гадоў быў міністрам замежных спраў СССР і на Захадзе зза ягоных адмоваў на прапановы Захаду вядомы быў як „Містэр Нет”. 2 ліпеня 1985 году Вярхоўны Савет СССР выбраў А. А. Грамыку старшынёю Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР. Раней Грамыка і Усьцінаў былі супраць кандыдатуры Гарбачова. Але ў прыватнай гутарцы Гарбачоў пераканаў Грамыку ў новым падыходзе ўраду да сучаснай крытычнай абстаноўкі ў краіне. Грамыка загаварыў аб вартасьцях і здольнасьцях Гарбачова.
Кандыдатам на генсека быў і сямідзесяцігадовы Віктар Грышын, кансэрватыст. Яго паплечнік Рыгор Раманаў хацеў, каб краіна была кіраваная так як раней, жалезнай сталінскай рукой.
Аднак кандыдатуру Гарбачова падтрымалі ўсе члены Цэнтральнага Камітэту КПСС працяглымі воплескамі. А кіраўнік КДБ Віктар Чэбрыкаў сказаў: „Чэкісты сказалі мне падтрымаць кандыдатуру таварыша Гарбачова (...) голас чэкістаў ёсьць голасам народу”.
Гарбачоў прадбачваў, што яго выбяруць генэральным сакратаром і дзень да выбараў сказаў сваёй жонцы Раісе Максімаўне: „Так далей нельга жыць”. Ён хацеў паправіць жыцьцё народу, але ў межах існуючага сацыялістычнага парадку. Гарбачоў бачыў вялікую розьніцу паміж партыйнай прапагандай і сапраўдным жыцьцём людзей у краіне і за мяжой. Але ён, як партыйны дзеяч, павінен быў трымацца партыйнай лініі. Стаўшы генэральным сакратаром партыі Гарбачоў 11 сакавіка 1985 году так інфармаваў Палітбюро: „Мы не павінны зьмяняць нашу палітыку. Яна — слушная, праўдзівая, аўтэнтычна ленінская. Нам трэба прысьпяшыць яе ход наперад, быць шчырымі, перамагчы памылкі, каб бачыць сьветлую будучыню”.
Аднак сьветлай будучыні не было відаць. Гарбачова выбралі кіраўніком дзяржавы ў той час, калі яна хілілася да ўпадку. Раней аб гэтым нельга было гаварыць. А таго, хто сказаў-бы такое, палічылі-б ворагам, правакатарам, здраднікам. Так было да Гарбачова, які не хаваў крытычнае становішча дзяржавы, а толькі гаварыў праўду аб чакаючым краіну гаспадарчым крызісе. Каб ратаваць сытуацыю, трэба было правесьці фундамэнтальныя зьмены.
Пасьля паховінаў К. Чарненкі, 13 сакавіка 1985 году, Анатоль Чарняеў, дарадчык Гарбачова па палітычных справах, запісаў у сваім дзённіку: „Новая эра пачалася. Што ж наперадзе? Ці Міхаіл Сяргеевіч разумее гэта?”
Гарбачоў паказаў сябе энэргічным, упэўненым і кампэтэнтным кіраўніком. Ён паставіў сабе заданьне падраўняць Савецкі Саюз да Захаду ня толькі ў мілітарным, але таксама ў гаспадарчым і цывілізацыйным пляне.
Да гэтага імкнуўся не адзін лідар Расеі і Савецкага Саюзу, стараючыся рэфармаваць і мадэрнізаваць краіну на заходні лад, каб падняць матэрыяльны ўзровень народу. Але Расея як раней, так і за Гарбачова, адставала ад Захаду.
Неўзабаве прыйшла гадавіна перамогі ў Вялікай Айчынай вайне. На Крэмль запрошаных было пяць тысяч гасьцей. Прамова Гарбачова была традыцыйным паўтарэньнем старых фармулёвак. Але заканчэньне ягонага выступленьня выклікала зьдзіўленьне і незадавальненьне некаторых прысутных. Уразілі іх наступныя словы: „Вялікая работа на фронце і ў тыле была кіраваная партыяй, яе Цэнтральным Камітэтам і Камітэтам Дзяржаўнай Абароны на чале з генэральным сакратаром Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу Іосіфам Вісарыёнавічам Сталіным”.
Рэформы Гарбачова былі адобраны пленумам ЦК КПСС у 1985 годзе, а пасьля ХХVІІ зьездам Камуністычнай партыі ў лютым-сакавіку 1986 году. Тэарэтычна ўсё выглядала прыгожа. Ніхто з партыйных кіраўнікоў ня мог у той час прадбачыць пасьлядоўнасьцяў аб’яўленай галоснасьці і перабудовы. Усе яны прытрымоўваліся павучэньняў Леніна.
Гарбачоў, член Палітбюра ад 1978 году, бачыў і ведаў што дзеялася ў патрабуючай рэформаў краіне. Асабліва рапарты КДБ змяшчалі праўду пра сапраўдны стан эканомікі і таму нельга было сядзець бязьдзейна і маўчаць. Вытворчасьць падала з кожным годам, а карупцыя пашыралася. Падаў таксама нацыянальны валавы даход дзяржавы: у 1966-1970 гадох складаў 8,9 працэнта, а ў 1981-1983 гадох — 4,0 працэнты. Савецкай палітычнай мэтай была інтэграцыя нацыянальных рэспублік СССР у адну звышдзяржаву з цэнтралізаванай эканомікай і натуральнымі, матэрыяльнымі ды людзкімі рэсурсамі. Аднак савецкая адміністрацыя аказалася няздольнай забясьпечыць жыцьцёвыя патрэбы сваіх грамадзянаў, што давяло да эканамічнага крызісу, а ў выніку — да перабудовы.
Пры спатканьні з савецкімі пісьменьнікамі ў чэрвені 1986 году Гарбачоў сказаў: „Калі мы пачнем разглядаць мінулае, мы страцім сваю энэргію. Гэта будзе так, быццам біць людзей па галаве. (...) Мы ўпарадкуем мінулае і ўсё паставім на сваё месца. А цяпер трэба скіраваць нашую энэргію неперад”.
Гарбачоў вырас сярод бюракратычнай партыі і добра ведаў яе навыкі, бо і сам быў заангажаваны ў партыйную работу. Таму ён, як і партыя, не хацелі, а фактычна баяліся, выносіць жахі свае крымінальнай гісторыі і схаваць яе не было магчымасьці, бо, як сказана ў Евангельлі, „няма нічога тайнага, каб ня сталася яўным”. На ХХVІІ зьезьдзе КПСС у лютым 1986 году Гарбачоў сказаў, што ён будзе старацца зрабіць усё, каб зьмяніць міжнародную сытуацыю. А ў студзені 1987 году заявіў Цэнтральнаму Камітэту КПСС, што ён прыгатаваны правесьці радыкальныя рэформы палітычнай і эканамічнай сыстэмы. І месяц пазьней, пры спатканьні журналістаў і пісьменьнікаў на Крамлі, Гарбачоў сказаў, што „белыя плямы” ў гісторыі павінны быць запоўнены. Нельга забыць імёны рэпрэсаваных людзей і прайсьці каля іх спакойна, бо гэта немаральна. Гісторыю трэба бачыць такой, якой яна была.
Доўга не прыйшлося чакаць, як летам 1987 году ў Маскве адбылася першая дэманстрацыя. Некалькі соцень крымскіх татараў сабралася ў адным канцы Чырвонай Плошчы. Яны, седзячы, пратэставалі супраць вывязеньня Сталіным крымскіх татараў і прасілі вярнуць іх на радзіму. Адначасна патрабавалі спатканьня з партыйным кіраўніцтвам. Неспадзявана прыняў іх старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Андрэй Грамыка. Татарам было дазволена вярнуцца на Крым. Таксама прыволжскім немцам каля Саратава была вызначана тэрыторыя для пасяленьня, што выклікала незадавальненьне ў мясцовых людзей.
З прыходам Гарбачова да ўлады спынена было заглушваньне радыёвых перадачаў Бі-Бі-Сі і другіх замежных радыёстанцыяў. На Беларусі было пяць заглушальных станцыяў і ўсіх іх зачынілі. Перадачы заходніх станцыяў адыгрывалі вялікую ролю ў інфармаваньні савецкага грамадзтва аб падзеях у сьвеце і ў Савецкім Саюзе.
Раней выдаваліся нелегальныя самвыдаты. У 1986-1988 гадох паявіліся друкаваныя на машынцы бюлетэні шматлікіх суполак і груповак — ад манархістаў і анархістаў да нацыяналістаў. На пачатку 1988 году нефармальных арганізацыяў налічвалася каля 30 тысяч, год пазьней — 60 тысяч.
Журналісты ўрадавых выданьняў, як і нефармалы карысталіся свабодай і часта крытыкавалі камуністычную сыстэму. Так было ў Расеі, але не на Беларусі. Толькі ў 1990-х гадох беларускі друк пачаў згадваць цэлы рад падзеяў з гісторыі Беларусі, якія былі пад забаронай камуністычнай цэнзуры.
Шукаючы гістарычную праўду, Гарбачоў назваў Сталіна „крымінальнікам”, аднак камуністычныя гадавіны сьвяткаваліся надалей. У гадавіну перамогі ў Вялікай Айчынай вайне Гарбачоў нават пахваліў Сталіна.
Чарнобыльская аварыя
Аварыю, якая здарылася 26 красавіка 1986 году на атамнай злектрастанцыі ў Чарнобылі на Ўкраіне, Палітбюро хацела схаваць ад грамадзтва. Кіраўніцтва партыі спаткалася ў справе аварыі толькі 28 красавіка. Тры дні Масква маўчала, а прэсе пісаць пра Чарнобыль было забаронена. І гэтым разам выявілася старая палітыка Масквы, якая заключалася ў тым, каб усе айчынныя няшчасьці і беды хаваць ад сваіх і чужых. І хаця пачалася гарбачоўская галоснасьць, нічога людзям не было сказана пра небясьпеку радыяцыі. Быццам Аляксандар Якаўлеў і Ягор Лігачоў хацелі даць знаць сьвету пра здарэньне ў Чарнобылі. Таксама Андрэй Грамыка прапанаваў паведаміць Лёндан і Вашынгтон, але нічога ў гэтым пляне не было зроблена. У першых днях аварыі радыяцыйны попел праз Беларусь, Літву, Швэцыю, Шатляндыю асядаў аж у Валіі. Першымі вялікую радыяцыю заўважылі швэды. І толькі тры дні пасьля аварыі Гарбачоў выступіў па тэлебачаньні і сказаў: „Як толькі атрымаем сапраўдныя інфармацыі, тады дамо знаць савецкім грамадзянам і за мяжу — дыпляматычнай дарогай”. Была гэта хлусьня, бо на Крамлі добра ведалі, што здарылася з рэактарам у Чарнобылі і якія могуць быць пасьлядоўнасьці радыяцыі для насельніцтва. Аднак улады хавалі праўду ад людзей, паколькі баяліся, каб ня ўспыхнула паніка. Неўзабаве стала вядома, што рэактар прадукаваў плютоній для арміі.
Паводле Нарысаў гісторыі Беларусі (частка 2, Мінск 1995, ст. 436), „органы савецкага кіраўніцтва, міністэрствы і ведамствы, адказныя за бясьпеку атамнай энэргетыкі, не праявілі своечасова належных мер для наладжаньня хуткай дапамогі насельніцтву ў зоне аварыі, але праявілі безадказнасьць, робячы спробы дэзінфармацыі і засакрэчаньня вынікаў катастрофы, яе адмоўнага ўплыву на здароўе людзей. Тон у гэтай ганебнай дзейнасьці задавала апэратыўная група Палітбюра ЦК КПСС, працу якой накіроўваў фактычна генэральны сакратар М. С. Гарбачоў”.
Цікавыя інфармацыі пра радыяцыю на Беларусі падала Екацярына Ткачэнка ў газэце „БДГ для служебного пользования” ад 16 красавіка 2002 года (№ 3, Белорусов не спасали). Піша яна, што прафэсар ядзернай энэргетыкі Васіль Несьцярэнка, які загадваў акадэмічным навукова-тэхнічным комплексам у Соснах, быў у Маскве і на другі дзень даведаўся пра аварыю ў Чарнобылі. Ён неадкладна вярнуўся ў Менск і самаходам адправіўся ў забруджаныя радыяцыяй раёны, дзе правёў досьледы прадуктаў харчаваньня, якія аказаліся непрыгоднымі для спажываньня з прычыны павышанай радыяцыі. Прафэсар Несьцярэнка дамагаўся выселіць людзей з зоны радыюсам у 100 кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС і не карыстацца прадуктамі з забруджаных мясьцінаў. Параіў дабаўляць у малако і ваду ёдны раствор. Але кіраўніцтва Беларусі быццам баялася панікі і ніводнае з патрабаваньняў прафэсара не было выканана. Беларускае кіраўніцтва рабіла выгляд, што ў краіне няма праблемы. У суседняй Украіне эвакуавалі насельніцтва ў першых днях аварыі, а беларускае кіраўніцтва не адважылася гэтага зрабіць.
Аляксандар Ляшко, старшыня Савета Міністраў Украіны, прасіў помачы для сваёй рэспублікі на паседжаньні Палітбюра ЦК у Маскве ў траўні 1986 году і там на яго глядзелі як на прадажніка ці дзівака. А старшыня Савета Міністраў БССР Мікалай Кавалёў з гонарам заявіў: „Мы нормы поставок продуктов питания во всесоюзный бюджет сокращать не будем”.
Калі праф. Несьцярэнка даведаўся аб гэтым з вуснаў першага сакратара ЦК КПБ, быў моцна абураны і сказаў: „Няўжо мы можам рызыкаваць жыцьцём сотняў людзей толькі дзеля таго, каб нас пахвалілі?” На гэта Мікалай Сьлюнькоў адказаў коратка: „Ты не разумееш палітычнага моманту”.
Летам 1986 году ЦК КПСС прыняў рашэньне стварыць Усесаюзны цэнтр радыяцый, які павінен быў адыграць значную ролю ў пераадоленьні наступстваў трагедыі. Тады спэцыяльная камісія, у якую ўвайшло многа аўтарытэтных вучоных Савецкага Саюзу, прызнала, што Беларусь зьяўляецца найбольш пацярпеўшай рэспублікай і выказалася за адкрыцьцё такога цэнтра ў Менску. Паколькі прапанова не знайшла падтрымкі ў ЦК КПБ, камісія пераехала з беларускай сталіцы ў Кіеў, дзе знайшла поўнае зразуменьне. На Ўкраіну прыехалі лепшыя спэцыялісты ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны з усяго сьвету, а з усесаюзнага бюджэту паступалі вялікія фінансавыя сродкі на закупку сучаснага абсталяваньня, у тым ліку і для масавага кантролю прадуктаў.
ЦК КПБ прыняў рашэньне стварыць у Менску Інстытут Радыяцыйнай Мэдыцыны толькі два гады пасьля аварыі. Меў весьціся кантроль над прадуктамі харчаваньня, але на гэта беларускія ўлады не зьвярталі вялікай увагі. У выніку чыстае мяса мяшалі з забруджаным радыенуклідамі і пастаўлялі ў магазыны і сталовыя. У пачатку 1990-х гадоў забруджаную сьвініну Беларусь выслала ў Грузію, але неўзабаве атрымала яе назад.
Радыяцыя пакрыла Гомельшчыну, Магілёўшчыну, некаторыя мясцовасьці Берасьцейшчыны, Меншчыны, Гарадзеншчыны — усяго 54 раёны рэспублікі. Камуністычныя ўлады ў Маскве і Менску доўгі час замоўчвалі памеры радыяцыйнага забруджаньня, у якім апынуліся два мільёны жыхароў гэтых мясьцінаў.
Беларускі пісьменьнік і дэпутат Алесь Адамовіч сустрэўся з Гарбачовым з мэтай зрабіць пэўныя захады дзеля папярэджаньня насельніцтва аб небясьпецы, бо мясцовая ўлада ігнаравала справу. Аб адносінах Масквы да Беларусі ў справе Чарнобыля А. Адамовіч сказаў: „Чарнобыль яшчэ раз пацьвердзіў ісьціну: звыш 70 гадоў намі кіравала партыя, якую ўзначальвалі палітычныя злачынцы. Калі казаць аб’ектыўна, сярод іх былі і сьветлыя асобы, але заканамернасьць менавіта была злачынная. Мы заўсёды мелі справу з палітычнымі гвалтаўнікамі. Яны зноў выявілі сябе ў часе Чарнобыльскае катастрофы і ліквідацыі яе наступстваў. Народ мае маральнае права патрабаваць іхняе адстаўкі, яны не павінны займаць кіруючыя пасады пасьля таго, як усе краіны, увесь народ даведзены да такога становішча. Чарнобыль назаўсёды замацаваў у сьвядомасьці людзей разуменьне таго, хто намі кіраваў столькі год. Намі кіравалі злачынцы” („Навіны”, нр 2, 1991 г., 25 красавіка, ст. 2).
Улады не зрабілі ня толькі адпаведных захадаў, каб засьцерагчы людзей ад радыяцыі, але казалі ім: „Ня бойцеся, гуляйце”. Першага мая арганізаваліся шэсьці і фэсты, быццам нічога ня здарылася. Гаварылася, што пасьлядоўнасьці чарнобыльскай аварыі неўзабаве зьнікнуць і можна будзе сьмела хадзіць і гуляць.
Аднак акружаючы сьвет разумеў небясьпеку радыяцыі больш, чым беларускі камуністычны ўрад. На Беларусь прыходзілі сотні тон мэдыкамэнтаў, мэдыцынскай апаратуры, прадуктаў, вопраткі. Паводле газэты „Беларус” (травень 2004 г.), якая спаслалася на кіраўніка беларускай місіі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў д-ра Алега Іванова, вялікую дапамогу Беларусі ў змаганьні з наступствамі чарнобыльскай катастрофы аказвае Ірляндыя — большую, чым дапамога ўсяе рэшты эўрапэйскіх краінаў разам узятых.
Акрамя эўрапэйскіх краінаў дапамогу Беларусі аказалі краіны Амэрыкі, Японія. З Англіі ад беларускай праваслаўнай царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай і Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) была аказана грашовая і матэрыяльная дапамога.
Алена Спасюк у „Голасе Радзімы” напісала: „З дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС мінула 18 гадоў. Вырасла пакаленьне тых, хто нарадзіўся пасьля яе. І ўсё часьцей людзі ўспрымаюць чарнобыльскую аварыю як нешта, што адышло ў далёкае мінулае. Але ніхто сёньня ня можа быць упэўнены, што самыя цяжкія наступствы для здароўя людзей і навакольнага асяродзьдзя мінулі. Пакуль можна казаць упэўнена, што Беларусь атрымала страшэнны экалягічны і матэрыяльны ўрон. Апошні ацэньваецца ў 235 мільярдаў даляраў”.
Эўрасаюз ужо выдзеліў на разввіцьцё Слаўгародзкага раёна 1,5 мільёна эўра. У бліжэйшчы час плянуецца накіраваць туды 2 мільёны эўра.
У згаданай газэце чытаем: „Даведка. Швейцарская Канфэдэрацыя выдзеліць у 2004 годзе 2,8 мільёна швейцарскіх франкаў (2,3 мільёна даляраў ЗША) на разьвіцьцё супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь у сфэры ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы” („Голас Радзімы”, № 14-17, 22 красавіка 2004 г., ст. 8).
Аказваеца, чужынцы больш клапоцяцца аб здароўі ахвяр Чарнобыля, чым беларуская ўлада. 70 працэнтаў радыяцыі ўпала на Беларусь. Амаль чвэрць зямлі была забруджана.
70 гадоў Кастрычніка і яго наступствы
На 70-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, 2 лістапада 1987 году, Гарбачоў выступіў з дакладам „Кастрычнік і перабудова: рэвалюцыя працягваецца” да камуністычных кіраўнікоў на Крамлі, сярод якіх былі Эрых Гонэкэр з Усходняй Нямеччыны, Войцех Ярузэльскі з Польшчы, Фідэль Кастра з Кубы, Даніэл Артэга з Нікарагуі, Мілаш Якэш з Чэхаславакіі, Ніколяэ Чаусэску з Румыніі і члены Цэнтральнага Камітэту КПСС.
„Дарагія таварышы, шаноўныя госьці! — гаварыў Гарбачоў. — Сем дэкадаў аддзяляюць нас ад незабыўных дзён Кастрычніка 1917 году, ад тых легендарных дзён, якія сталіся выхадным пунктам новай эпохі людзкога прагрэсу. (...) Год 1917 даў нам выбар паміж сацыялізмам і капіталізмам, як галоўную сацыяльную альтэрнатыву нашага стагодзьдзя (...) ісьці наперад да сацыялізму (...). Зусім зразумела, што нястача адпаведнай дэмакратызацыі савецкага грамадзтва сталася прычынай культу асобы свабодна злоўжываць правам і праводзіць рэпрэсіі ў трыццатых гадох. (...) Многа тысяч членаў партыі і непартыйных апынуніліся пад рэпрэсіямі. Ёсьць, таварышы, горкая праўда. Вялікая шкода была зроблена сацыялізму і аўтарытэту партыі і мы павінны гаварыць аб гэтым з непрыемнасьцю. (...) Віна Сталіна і блізкіх да яго супрацоўнікаў ёсьць вялікая і непрабачальная. (...) Мы ідзём у новы сьвет, у сьвет камунізму. Мы ніколі ня зыдзем з гэтай дарогі” (доўгія воплескі). Гарбачоў не сказаў усёй праўды аб злачынствах Сталіна, толькі згадаў „многа тысяч членаў партыі і непартыйных, якія апынуліся пад рэпрэсіямі”, а ў сапраўднасьці іх былі дзесяткі мільёнаў. Але тое, што сказаў Гарбачоў, сведчыла аб адыходзе ад старой палітыкі.
Шлях ад Кастрычніка 1917 году, на працягу сямі дэкадаў, пазначаны быў культам марксізму-ленінізму, грамадзянскай вайною, пяцігадовымі плянамі, тэрорам, судовымі працэсамі, расстрэламі і высыланьнем на катаргу. Асабліва перамога над Нямеччынай у 1945 годзе шырока асвятлялася як „айчынная вайна”, выйграная дзякуючы геніяльным здольнасьцям Сталіна. Рабілася гэта з мэтай паказаць магутнасьць Чырвонай Арміі і выказаць ёй давер, пашану і папулярнасьць.
Але ўжо ў першых гадох гарбачоўскай галоснасьці пачалі пісаць пра дэструкцыю Сталіным корпусу вышэйшых штабовых афіцэраў Чырвонай Арміі, што адкрыла дарогу нямецкай арміі да напасьці на Савецкі Саюз. За такую „геніяльную” палітыку Сталіна народам Савецкага Саюза прыйшлося заплаціць дзесяткамі мільёнаў ахвяраў. Раней Гарбачоў ня бачыў Захаду, але знаў яго з камуністычнай прапаганды. Калі паехаў ён у Жэнэву ў лістападзе 1985 году, дзе спаткаўся з прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам, то, як расказвалі дарадчыкі амэрыканскага лідэра, атакаваў капіталістаў і капіталізм так, як рабіў гэта Сталін. Аднак спатканьні абодвух кіраўнікоў у 1985-1987 гадох прывялі да скарачэньня тэрмаядзернай зброі толькі да чатырох працэнтаў, але гэта азначала канец гонкі ўзбраеньняў. Але ўжо 15 студзеня 1986 году Гарбачоў заявіў аб праграме поўнай ліквідацыі ядзернага ружжа ва ўсім сьвеце. ХХVІІ Зьезд КПСС, які праходзіў у днях 26 лютага — 6 сакавіка 1986 году, прыняў новую рэдакцыю Праграмы КПСС, а 16 чэрвеня 1986 году пленум ЦК КПСС зацьвердзіў „Асноўныя палажэньні карэннай перабудовы кіраваньня эканомікай”. У 1988 годзе Гарбачоў аб’явіў рэдукцыю савецкіх узброеных сілаў. Было гэта адступленьне ад брэжнеўскай дактрыны.
Нягледзячы на камуністычныя перакананьні ў замежнай палітыцы, Гарбачоў, аднак, ішоў на вялікія ўступствы з Захадам дзеля захаваньня міру, што значна паправіла двухбаковыя адносіны. Гарбачоў і ягоная жонка Раіса, якая добра разьбіралася ў палітыцы і дараджала мужу, былі нечым зусім іншым у параўнаньні да папярэдніх лідэраў Савецкага Саюзу. Камуніста Гарбачова пайсьці на такі крок пагадненьняў з капіталістычным Захадам змусілі эканамічныя абставіны. Асабліва вялікая армія, яе ўтрыманьне і гонка ўзбраеньняў дорага каштавалі бюджэту, што балюча адчувалася ў час эканамічнага крызісу. Каб зь яго выйсьці, трэба было рэдукаваць армію, спыніць збраеньне і пачаць праводзіць эканамічныя рэформы ў краіне.
Звычайныя савецкія грамадзяне ад даўжэйшага часу адчувалі шматлікія недахопы ў штодзённым жыцьці з віны бюракратыі. Партыйцы мелі вялікія прывілеі — дачы, самаходы і доступ да розных тавараў, чаго ня мелі звычайныя людзі. Гарбачоў знаў такі парадак прывілеяў, але ня мог іх лёгка адабраць, таму хацеў правесьці мадэрнізацыю існуючай сыстэмы. У ліпені 1986 году Гарбачоў сказаў выдаўцам прэсы, што ён ёсьць зьдзіўлены, што партыйныя кіраўнікі краіны ня хочуць галоснасьці.
На пленуме Цэнтральнага Камітэту 21 кастрычніка 1987 году Ельцын сказаў, што рабочыя трацяць гадзіны часу стоячы ў чарзе за харчамі, калі сталы эліты застаўлены ікрой і іншымі ласункамі.
У 1987 годзе Ельцын, якога 24 сьнежня 1985 году пленум Маскоўскага Гарадзкога Камітэту КПСС выбраў сваім першым сакратаром на месца Грышына, быў запрошаны Каліфарнійскім Інстытутам наведаць ЗША. Выступіў ён з дакладамі ў адзінацці гарадох. Калі зайшоў ён у амэрыканскі супэрмаркет у Гюстане і пабачыў на паліцах тысячы прадуктаў рознага гатунку, то пасьля напісаў, што яму стала нядобра за свой савецкі народ, які гадзінамі стаіць у чарзе за пакупкамі.
Ельцын прыехаў у Маскву са Сьвярдлоўска і яго сьпярша мала хто ведаў. I, як ён казаў, калі заходзіў у магазын і прадаўцы яго пазнавалі, то хутка вымалі зпад стала тавары і клалі іх на прылавак. Асабліва з надыходам зімы 1989-1990 гадоў паліцы магазынаў апусьцелі. Пераважна ня ставала малочных прадуктаў.
14 лютага 1991 году адзін студэнт пісаў: „Апошні тыдзень я стаяў у чарзе за мясам. Ці вы ведаеце, як доўга я стаяў? Я баюся сказаць вам. Я стаяў у чарзе пяць з паловай гадзіны”. І гэтак было ня толькі з мясам, але і зь іншымі прадуктамі: рысам, малаком, хлебам, абуткам і т.п.
Нястача артыкулаў штодзённай патрэбнасьці змушалі людзей да крадзяжоў. Як казаў адзін рабочы, „большасьць людзей крадзе; мы называем гэта сацыялістычнай хваробай”. Калі чалавек пакідае фабрыку і нічога ня возьме з сабою, то пасьля думае, што дзень быў страчаны, пайшоў на нішто. Таму чалавек павінен узяць нешта, каб ведаць, што ён не працаваў цэлы дзень на фабрыцы дарма”. Міністэрства Унутраных Спраў падало тады ўпершыню, што злачынствы ў краіне ўзрасьлі да 16,9 працэнта ў 1988 годзе, а злачынствы на вуліцы — да 40 працэнтаў. На гэта Ягор Якаўлеў, рэдактар „Московских Новостей”, пісаў, што на гэта маецца многа прычынаў. Многа гаварылася пра перабудову, а мала што рабілася. У такой няпэўнай сытуацыі і пры розных нястачах людзі змушаны былі ўчыняць злачынствы.
Гарбачоў адкрыта зьвяртаўся з просьбай да „Дарагіх Прыяцеляў” за харчовай дапамогай. І калі пачала яна ў вялікай колькасьці паступаць зза мяжы, ды яшчэ ад былых сваіх ворагаў, рускім было сорамна яе атрымліваць.
Калі ў 1939 годзе Чырвоная Армія „вызваліла” Заходнюю Беларусь, то з таварамі стала праблема. Напрыклад, магазыны ў маім родным мястэчку Новы Сьвержань былі пераважна ў жыдоўскіх руках і самі па сабе зьліквідаваліся, бо прыватны гандаль не дазваляўся. Быў так званы „ларок”, куды прывозілі некаторыя неабходныя рэчы, а найбольш гарэлкі з Міра. Калі людзі даведаліся, што нешта прывезьлі ў ларок і заўтра будуць прадаваць, то вечарам станавіліся ў чаргу перад вакном ларка і стаялі цэлую ноч, некаторых уначы падмяняў нехта з радні.
Каб паправіць эканоміку, у 1989 годзе многа рускіх паехала ў Кітай, каб павучыцца ў кітайцаў эканамічных рэформаў. Вярнуўшыся дамоў, яны многа пісалі і гаварылі што там бачылі і падавалі прапановы. Але з гэтага нічога ня выйшла, таму што ў Савецкім Саюзе было многа бюракратаў, дармаедаў, больш чым у Кітаі. Мікалай Шмялёў, эканаміст, сказаў: „Кітайцы многа працуюць. Рускія многа гавораць”.
У траўні 1989 году Гарбачоў наведаў Кітай пасьля трыццаці гадоў ад пабыўкі апошняга савецкага кіраўніка. Гарбачоў прыехаў у Пэкін, каб скончыць кітайска-савецкую „халодную вайну”. Палітыкі палітыкавалі, а кітайскія студэнты дэманстравалі ў падтрымку рэформаў савецкага лідэра і супраць палітыкі свайго ўраду, які ня хоча праводзіць рэформы.
У сувязі з эканамічным крызісам у СССР яе рэспублікі пабачылі, што цэнтральны ўрад у Маскве ня ёсьць у сілах справіцца са сваім заданьнем. Таму яны пачалі дамагацца весьці сваю гаспадарку незалежна, каб стварыць эканамічную стабільнасьць.
Два месяцы пасьля свайго назначэньня на кіраўніка дзяржавы, у траўні 1985 году, Гарбачоў паехаў у Ленінград. На Неўскім праспэкце людзі акружылі яго, як свайго новага лідэра, і завязалася гутарка аб сучаснай крытычнай гаспадарчай сытуацыі ў краіне. Тады Гарбачоў запытаў прысутных: „Што мне рабіць?” На гэта адна жанчына адказала яму: „Будзьце бліжэй да людзей”. Наведаньне Міхаілам і Раісай Гарбачовымі Ленінгаду, свабоднае шпацыраваньне па горадзе і размовы з жыхарамі наступнага дня паказала тэлебачаньне.
Неўзабаве Гарбачоў паехаў у Віцебск. Старшыня горада заявіў тады: „Мы ня маем паважных праблемаў. Мы робім эканамічны прагрэс”. У сваёй прамове Гарбачоў сказаў даволі крытычна, што манна ня падае з неба. Сказанае Гарбачовым не супадала з выказваньнямі старшыні Віцебска адносна яго „эканамічнага прагрэсу”, які, паводле Гарбачова, выглядаў „как с гуся вода”.
Акадэмік Інстытута Эканоміі АН Беларусі доктар эканамічных навук Генадзь Лыч піша: „У адрозьненьне ад 1960-х, у 1980-я гады ўжо амаль у нікога не засталося сумненьня, што адміністрацыйна-камандная эканоміка ня здольная вытрымаць канкурэнцыю з рынкавай, што калі наша краіна будзе і далей імкнуцца захаваць яе ў тым нязьменным выглядзе, у якім яна існавала ўжо не адно дзесяцігодзьдзе, то адставаньне ў эканоміцы і сацыяльнай сфэры ад перадывых краін Захаду будзе толькі павялічвацца. У выніку мы апынемся на задворках сусьветнага навукова-эканамічнага і сацыяльна-эканамічнага прагрэсу” („Полымя” № 3, 1994 г., ст. 151).
Значыць, у даным выпадку трэба было перайсьці да рынкавай сыстэмы, але гэта не адпавядала сацялістычным уяўленням Гарбачова.
Пасьля шасьці гадоў выгнаньня А. Сахарава з жонкай з Масквы ў Горкі 15 сьнежня 1986 году ў іх пакой паставілі тэлефон і кадэбіст сказаў Сахараву, што на другі дзень яму пазвоняць. Так і было. Калі Сахараў падняў трубку, пачуў жаночы голас: „Да вас будзе гаварыць Міхаіл Сяргеевіч”. Гарбачоў сказаў Сахараву і Ялене Бонэр, што яны могуць вярнуцца ў Маскву дзеля свае патрыятычнай работы. На працягу доўгіх гадоў Сахарава лічылі „здарднікам”, а цяпер адпускаюць на волю дзеля „патрыятычнай работы”. Пастанова Вярхоўнага Савету будзе адменена, сказаў Сахараву Гарбачоў, а ягоны ліст адносна вызваленьня палітычных вязьняў ужо дыскутаваўся. Зрабіў гэта Гарбачоў пад націскам Захаду. Сахараў падзякаваў Гарбачову ды вярнуўся з жонкай у Маскву. Стаў ён дэпутатам Вярхоўнага Савету.
Але ўжо на першай сэсіі паміж Гарбачовым і Сахаравым паўстаў канфлікт, калі апошні дамагаўся абмежаваць правы камуністычнай партыі, якая кіравала краінай. Гарбачоў запытаў Сахарава, ці ён паважае Вярхоўны Савет. Сахараў адказаў: „Так, але я паважаю краіну і людзей больш. Мой мандат сягае далей за межы гэтага Савету”. Калі Сахараў пачаў гаварыць пра нацыянальны прасьлед у рэспубліках, Гарбачоў выключыў яму мікрафон і гэтым спыніў яго выступленьне.
У гэтым часе ў савецкім парляманце стварылася даволі моцная апазыцыя на чале з Барысам Ельцыным, гісторыкам Ю. Афанасьевым, А. Сахаравым і іншымі. Гэтая група дамагалася радыкальных зьменаў у арганізацыйнай структуры Савецкага Саюзу. Як сказаў акадэмік Сахараў, існуючая імпэрыя павінна быць заменена канфэдэрацыяй у сёньняшніх граніцах, якія могуць быць зьмененыя пазьней. Сахараў дамагаўся дэмакратызацыі Савецкага Саюзу на ідэях Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году, вызваленьня палітычных вязьняў, зьнясеньня кары сьмерці, цэнзуры прэсы і т.п. Такія дамаганьні, зробленыя ў 1987 годзе, выглядалі для ўраду правакацыйнымі і адміністрацыя мала зьвяртала на іх увагу. Але работа дэмакратаў у гэтым напрамку працягвалася. На нешта падобнае Гарбачоў не пагаджаўся, ён хацеў захаваць „каляніяльную імпэрыю СССР”. Як падае газэта „Сандэй Таймс” ад 2 ліпеня 1989 г., прэзыдэнт Гарбачоў прапанаваў чатыры варункі:
1. Кожнаму грамадзяніну павінна быць гарантаванае права згодна Савецкай Канстытуцыі.
2. Этнічным групам павінна быць дазволена разьвіцьцё свае мовы і культуры.
3. Неабходна ўвесьці радыкальныя формы ў палітычную і эканамічную сыстэму рэспублік.
4. Члены камуністычнай партыі і інтэлігенцыя павінны прылажыць стараньні, каб паўплываць на стабілізацыю настрояў у грамадзтве.
Але намеры некаторых рэспублікаў выступіць з Саюза, — сказаў прэзыдэнт, — справа непрыемлівая.
Вядома, што артыкул 72 Савецкай Канстытуцыі дазваляў рэспублікам выступіць з Саюзу. Канстытуцыя гаворыць аб савецкіх рэспубліках як аб незалежных дзяржавах, але на практыцы яны ня мелі ніякага права ў самакіраваньні. Дырэктывы прыходзілі з Масквы. А што да 2-га пункту варункаў, то Гарбачоў як быў, так і застаўся ворагам разьвіцьця, асабліва, беларускай і ўкраінскай моваў і культур. Ён публічна выступаў за іхнюю русыфікацыю.
Галоснасьць і перабудова
Задуманая Гарбачовым галоснасьць і перабудова зьяўляюцца ня чым іншым як рэформамі. На працягу гісторыі праводзілася нямала рэформаў. У старажытнай Грэцыі Салона назначылі пасрэднікам паміж беднымі і багатымі і ён у 594 годзе да нашай эры правёў рэформу, якая палажыла канец злоўжываньням чалавека над чалавекам.
Чалавек увесь час імкнецца дасканаліць сьвет вакол сябе, аблегчыць долю, забясьпечыць будучыню сабе і сваім дзецям. І як доўга людзі будуць адчуваць нястачы, прыгнёт, несправядлівасьць, яны будуць бунтавацца і патрабаваць рэформаў дзеля паправы жыцьця.
Аднак ня ўсе рэформы даюцца лёгка правесьці ў жыцьцё. Аднойчы генэральны сакратар ААН Кофі Анан сказаў: „Думаю, што найцяжэй усьвядоміць што ня так і што трэба прадпрыняць, аднак пры ўсім сваім жаданьні, нічога ня можам зьмяніць”. Аднак зьмены на сьвеце адбываюцца.
У рэфарматараў маецца мала шанцаў знайсьці папулярнасьць сярод людзей, калі яны імкнуцца ажыцьцявіць свае пляны. Тады яны часта ствараюць для агулу нявыгады і прымяняюць злоўжываньне. У такіх выпадках рэформы могуць справакаваць акцыі пратэстаў.
Адной зь першых задач гарбачоўскае рэформы было спыненьне п’янства. Супраць п’янства выступаў і Ю. Андропаў, але дазволіў прадукаваць танную гарэлку, якую называлі „Андропаўкай”.
Кампанія супраць алкаголю пры Гарбачове пачалася ў траўні 1985 году. Зачынены былі некаторыя магазыны з гарэлкай, абмежаваны гадзіны продажу, павышаны цэны і зьменшана прадукцыя да 50 працэнтаў. Тады людзі пачалі гнаць самагонку з цукру, якога стала не хапаць у крамах. Каб задаволіць пакупнікоў, трэба было імпартаваць цукар з Кубы і плаціць за яго зброяй і іншымі таварамі. Абмежаваньне вытворчасьці і спажываньня алкаголю каштавала дзяржаве більёны рублёў даходу і выклікала незадаваленьне стоячых у чарзе за гарэлкай пакупнікоў. Таму такую палітыку пакінулі ў 1988 годзе.
Як паказалі статыстыкі, у 1987 годзе ад алкаголю памерла 10 000 людзей, у 1988 годзе — 11 000 і з кожным годам лік сьмяротнасьці ўзрастаў. Была гэта каштоўная антыалкагольная кампанія, якая не дасягнула жаданага посьпеху і дорага каштавала дзяржаве — 200 більёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Гэтую заканамернасьць многа раней заўважыў імпэратар Аляксандар І (1801-1825), які сказаў, што алкаголь дае найбольшы даход дзяржаве.
Як пілі ў той час савецкія людзі падае прэса. Тады скарацілася спажываньне мяса, рыбы — удвая, затое алкаголю павысілася ажно да 12 літраў на душу ў год (ад немаўляці да старога). А ў 1985 годзе, калі была аб’яўлена вайна супраць алкаголю, яго спажывалі толькі 5,6 літра.
Ад спажываньня алкаголю дзяржава мела яшчэ і другі даход. Як расказваў адзін студэнт, у канцы месяца ён баяўся ісьці познім вечарам дамоў таму, што яго магла-б затрымаць міліцыя як п’янага. Міліцыі было загадана, па пляну, колькі п’яных яна мае затрымаць за месяц часу і пакараць іх штрафам. Таму міліцыя пільнавала людзей, калі яны выходзілі з рэстаранаў, вясельляў, паховінаў і пры зручнай нагодзе затрымоўвала іх і штафавала.
Але людзей кілішак гарэлкі задавальняў і памагаў ім забыцца пра іхняе гора, бяду, смутак і нястачы. Аднак ужо на самым пачатку перабудовы намеры Гарбачова пакончыць з п’янствам закончыліся поўнай паразай.
Адзін чалавек, які меў дачыненьне з алкаголем казаў, што 85 працэнтаў рабочых звычайных фабрыкаў п’юць гарэлку не таму, што яны алкаголікі, але хочуць быць п’янымі, як частка іхняга жыцьця.
Адна старэйшая пара, якая праходзіла праз адну вёску за Масквой летам каля пятай гадзіны пасля абеду, згадвае: „Кожны адзін быў п’яны, мужчыны, жанчыны, маладыя людзі, некаторыя ляжалі на зямлі сьмярдзюхамі. Згодна баданьня хворых, 90 працэнтаў зь іх пачалі піць гарэлку маючы 15 гадоў; адна трэцяя зь іх пачала піць ня маючы 10 гадоў.
Галоснасьць і перабудова закранулі шматлікія праблемы штодзённага жыцьця. I. М. Марчанка піша: „Абвешчаная ў 1985 г. палітыка перабудовы прадугледжвала прыярытэтнае разьвіцьцё сацыяльнай сфэры, больш поўнае задаваленьне савецкіх людзей. Для гэтага неабходна было ў першую чаргу ліквідаваць недаацэнку насьпеўшых праблем у сацыяльна-культурнай сфэры, пераадолець астаткавы прынцып выдзяленьня рэсурсаў і сродкаў на яе разьвіцьцё, пакласьці канец усякім парушэньням сацыяльнай справядлівасьці” (Нарысы гісторыі Беларусі, частка 2, Мінск 1995, ст. 446).
У адпаведнасьці з пастановай чэрвеньскага пленуму ЦК КПСС ад 1987 года ў 1988 годзе пачалася эканамічная рэформа. У 1989 годзе на першым Зьезьдзе Народных Дэпутатаў СССР былі прадстаўлены пляны радыкальнай эканамічнай рэформы. Быў прыняты цэлы рад прапановаў партыі і ўраду „Аб карэннай перабудове кіраваньня эканомікай”, „Аб карэннай перабудове плянаваньня і павышэньня ролі Дзяржпляна СССР у новых умовах гаспадараньня”, „Аб перабудове матэрыяльна-тэхнічнага абсталяваньня і дзейнасьці Дзяржзабесьпячэньня СССР у новых умовах”. Такіх праектаў было дванаццаць. І ўсе гэтыя „радыкальныя рэформы” не былі выкананы, паколькі рабіліся непрадумана. Рэформы ня мелі дакладнага пляну і мэтадаў дзеяньня. Як відаць, кіраўнікі перабудовы ня зналі што рабіць, з чаго пачынаць.
На ХХVІІ Зьезьдзе Партыі (26 лютага — 6 сакавіка 1986 г.) Гарбачоў ва ўступнай прамове, пахваліўшы ранейшыя савецкія дасягненьні, сказаў, што кіраўніцтва ўважае за свой абавязак сказаць людзям шчыра і адкрыта аб паражэньнях у эканамічнай, сацыяльнай і матэрыяльнай сфэры.
У 1985 годзе Гарбачоў пачаў гаварыць аб спыненьні тэрмаядзерных экспэрымэнтаў, зьнішчэньні некаторай зброі, абяцаў вывесьці савецкае войска з Афганістану. Але заходнія дзяржавы слухалі гэта зь недаверам. Палітычны саветнік Гарбачова, Анатоль Чарняеў, сказаў: „Мы маем добрую ідэю, але ніхто ў сьвеце ня хоча нам верыць, бо Брэжнеў такія прыгожыя словы ўжываў”. І так было ў сапраўднасьці. Толькі Маргарэт Тэтчэр сказала, што з Гарбачовым можна рабіць інтарэсы.
Тое, што рабіў Гарбачоў у час перабудовы, ня цалкам падабалася Барысу Мікалаевічу Ельцыну. Ён 12 верасьня 1987 году напісаў Гарбачову ліст з просьбай вызваліць яго ад абавязкаў першага сакратара Маскоўскага Гарадзкога Камітэту КПСС і кандыдата ў члены Палітбюро ЦК КПСС. Даная справа зацягнулася, а ўзаемныя адносіны паміж Гарбачовым і Ельцыным пагоршыліся.
З нагоды сямідзесятай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, ігнаруючы Палітбюро, Ельцын выступіў з Маўзалея Леніна з крытычнай прамовай і ў выніку быў адхілены ад сваіх абавязкаў. Калі быў ён хворы і ляжаў у шпіталі, Гарбачоў выклікаў яго на паседжаньне разам з доктарам, які глядзеў за ім. Было гэта злачынства з боку Гарбачова.
У падтрымку Ельцына пачаліся мітынгі, якія разганяла КДБ; былі выступленьні на Маскоўскім юрыдычным унівэрсытэце; хваляваньні адбыліся ў Сьвярдлоўску, паявіліся праельцынскія плякаты. Толькі пасьля хваробы, зімою, Ельцын вярнуўся на палітычную сцэну.
Галоснасьць тармозіць перабудову
У „Советской России” ад 13 сакавіка 1988 году зьявіўся палемічны артыкул Ніны Андрэевай, настаўніцы фізыкі, пад загалоўкам „Я не магу здрадзіць сваім прынцыпам”, у якім абараняла дасягненьні Сталіна, які паставіў краіну сярод вялікіх дзяржаваў, а ў паражэньнях пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі абвінаваціла жыдоў. На пісьмо Ніны Андрэевай адазваліся прагрэсыўныя газэты. Яны зьмясьцілі здымкі масавых магіл, падалі колькасьць забітых, „ліквідаваных” у час сталінскага тэрору і пасля рэабілітаваных ахвяраў.
Артыкул Н. Андрэевай накіраваны быў супраць перабудовы і Гарбачова, хоць яго імя і прозьвішча не згадваліся. Мяркуецца, што арыкул Ніны Андрэевай быў напісаны некім блізкім да Крамля. Зьмест яго разглядаўся і дыскутаваўся на паседжаньні Палітбюра, што паказала прыхільнікаў і праціўнікаў перабудовы і выявіла падзел поглядаў на вярхох улады. Ліст Ніны Андрэевай Ягор Лігачоў паставіў у прыклад іншым рэдактарам.
Зусім другой думкі быў Аляксандар Якаўлеў, які публікаваў матэрыялы, паказваючыя злачынствы Сталіна і Брэжнева. У такі спосаб пачала весьціся палеміка паміж кансэрватарамі і дэмакратамі.
Каб паправіць сытуацыю ў краіне, летам 1988 году была склікана XIX Усесаюзная Канфэрэнцыя Камуністычнай Партыі Савецкага Саюзу. Галоўным пытаньнем была справа перабудовы. Генсек даваў прапановы, якія не выходзілі за рамкі аднапартыйнай ленінскай палітычнай сыстэмы. Гарбачоў казаў: „Цяпер трэба па-новаму паставіць пытаньне аб адказнасьці кожнага камуніста за становішча спраў там, дзе ён працуе”.
„Па-новаму паставіць пытаньне” было вяртаньнем да старых парадкаў. Гарбачоў хацеў правесьці свае рэформы праз партыйны апарат, які зрабіў яго генэральным сакратаром партыі, але партапарат сам рэфармаваўся вельмі павольна. Гарбачоў стараўся захаваць ленінскія прынцыпы і аднавіць дзейнасьць камуністычнай партыі ў новай форме. Аднак гэтага не ўдалося яму зрабіць.
Адначасна Гарбачоў казаў, што сыстэма, уведзеная ў 1917 годзе, не паддаецца рэфармаваньню, бо была аснавана на сіле і ня вытрымала пробы гісторыі. Але ён ішоў гэтай самай дарогай толькі з пэўнымі дэмакратычнымі падыходамі і такім парадкам хацеў рабіць добрую справу.
Палітычную сытуацыю ў краіне, каб яна не выходзіла за рамкі аднапартыйнай ленінскай сыстэмы, зьмяніць у гэты час было даволі цяжка і пэўна немагчыма ды небясьпечна. Працэсы галоснасьці і перабудовы ахапілі грамадзтва і вялі яго да дэмакратызацыі і фармаваньня новых поглядаў і новага аблічча сацыялізму. Але як далёка такія працэсы могуць пайсьці і што выклікаць — Гарбачоў не прадбачваў.
У краіне пачалася новая дэмакратычная плынь, супраць якой цяжка было супрацьстаяць Гарбачову. Яго галоснасьць і перабудова найбольш падарвалі тэорыю „слияния” — зьліцьця нацыяў у адзін савецкі рускі народ. Перабудова аказалася зялёным сьвятлом прыгнечаным народам, дазваляючым ім ісьці наперад да свае свабоды. Ажылі нацыянальныя рухі, людзі пачалі дамагацца сваіх правоў, якія яны мелі раней, а апошнімі дэкадамі адчулі прыгнёт свайго нацыянальнага гонару.
Неўзабаве аказалася, што галоснасьць і перабудова, якія пачаткова былі аб’яўлены зьверху, пачалі дзейнічаць зьнізу. Пасьля 70-ці гадоў камуністычнай дыктатуры ў Савецкім Саюзе працэсы дэмакратызацыі трапілі на ўраджайную глебу, а перабудову станоўча асвятлялі „Московские Новости”, „Огонёк” і астатняя лібэральная прэса. Асабліва тыднёвік „Московские Новости” заняў у гэтым пляне вядучую ролю. На яго старонках прыпаміналіся злачынствы мінулага, палітычная жорсткасьць, жыцьцё вязьняў у ГУЛагах у час камуністычнага панаваньня.
Галоснасьць і перабудова знайшлі добры грунт у камуністычных краінах Цэнтральнай Эўропы, што ў выніку прывяло да дэкампазыцыі старога парадку. Працэс пачаўся ў Польшчы. Польскі народ ахвотней ішоў за сваімі ксяндзамі як за палітычнымі лідэрамі. Аднойчы Сталін слушна заўважыў, што „камунізм пасуе Польшчы так, як сядло карове”. І ня толькі Польшчы не пасаваў камунізм, але і іншым камуністычным краінам Варшаўскага Дагавору ды народам Савецкага Саюзу.
Галоснасьць паспрыяла выказваньню незадаваленьня зь існуючага стану сярод балтыйскіх народаў, якія імкнуліся да дзяржаўнай самастойнасьці і незалежнасьці ад Масквы. У рускіх правінцыях і рэспубліках людзі гаварылі аб пустых паліцах у магазынах, аб гаспадарчым крызісе і аб свабодзе. Пачаліся страйкі і маніфэстацыі.
Каб утрымаць рабочых пад кантролем, Ленін у свой час стварыў рабочыя саюзы на заходнюю мадэль, але яго кіраўнікі былі стаўленьнікамі ўраду і выконвалі яго ўказаньні. Аднак у час перабудовы гарнякі ўпершыю выбралі свой незалежны ад ураду страйкавы камітэт. Насьледуючы гарнякоў Расеі, рабочыя другіх краінаў пачалі засноўваць свае „рабочыя клюбы” ў балтыйскіх краінах, Беларусі, Украіне і большых прамысловых цэнтрах Расеі.
Наступіў час, калі просты рабочы народ, праз сваіх свабодна выбраных прадстаўнікоў, пачаў выказваць сваё незадаваленьне ад існуючай савецкай сыстэмы, дамагаючыся лепшых варункаў працы.
Аб незалежных ад дзяржавы прафсаюзах у Беларусі так расказваюць В. Івашкевіч і М. Аліева: „Яны ўзьніклі ў выніку спантанных масавых страйкаў працоўных (у мітынгах тады ўдзельнічала да 100 тыс. чалавек), якія адбыліся ў Менску на пачатку 1991 г. Яны сапраўды былі спантаннымі, выкліканымі рэзкім павелічэньнем цэн у крамах. На многіх прадпрыемствах утварыліся страйкавыя камітэты, якія сталі папярэднікамі цяперашніх свабодных прафсаюзаў.
Месяцам раней пачалі забастоўку гарнякі ў Салігорску, якія падтрымлівалі страйкі расейскіх гарнякоў. У Салігорску ўзьніклі асобныя структуры Незалежнага Прафсаюзу Гарнякоў.
У першы момант ніхто з працоўных ня думаў пра сьцягі ці палітычныя патрабаваньні. Аднак аснову бальшыні страйкамаў складалі сябры Беларускага Народнага Фронту і суполак Рабочага Саюзу, які быў блізкі да БНФ. У выніку страйкамы занялі крытычную пазыцыю да ўладаў, якія адначасова зьяўляліся ўласьнікамі прадпрыемстваў, і прафсаюзаў падкантрольных гэтым жа ўладам” („Камунікат”, Лёндан, студзень 2000 г.). Раніцай 4 красавіка на плошчы Леніна ў Менску страйкуючыя р

