|
Георгій Валкавыцкі, У каменным крузе, Праграмная рада тыднёвіка „Ніва”, Беласток 2000
У каменным крузеГеоргій Валкавыцкі
Абрыс „Круга” накідаў я ў 1946 годзе, як толькі вярнуўся з ваеннай вандроўкі. Меў шпаргалку, не меў працы, дык хутка перанёс перажытае ў тры сшыткі. Той жыццяпіс і лёг у аснову сягонняшняй казкі.
Абсурднай рэчаіснасці без дай прычыны не прыпудрываў, без неабходнасці не падчарняў. Нічога не прыдумваў.
Так было.
4 ліпеня 1943 года. Раніцай, толькі пралупіў вочы — трывожна заныла нутро. Што сталася? Ляжу ў закупоранай дамавіне. Труна з царскімі габарытамі. Вечка высока, дашчэчкі дапасаваныя, пясок не прасочыцца. Гля, нават колер пад мой густ — бэж! Усё зроблена як трэба. Акуратна, чыста, утульна.
— Жыць можна, — супакойваюся.
— У труне? — прыблудны голас.
— А куды ж мне дзецца?
— Ха-ха! — злавесны смех.
— Пэўна ўжо і закапалі! — жахнуўся я. — Жывога! Дыхаю ж...
— Ха-ха! (здзекліва). Перад кастлявай не надыхаешся.
— Вось як! Не падабаешся мне, ірад. Гэта чорт ведае што!
— Хто тут памянуў мяне? Ты? Пара, збірайся на паверку волі!
— Куды?
— У апраметную.
Патыхнула дымам, запахла паленай серай, абдало гарачым газам. Замітусіліся распараныя твары, і сярод іх асатанелая фізіяномія Сідара.
— Хачу наверх!
— Дзівачыш. Чаго там не бачыў?
— Толькі зірну на акаляючае, пад якім ляжаць буду.
— Аб чым ты?
— Дазвольце на хвілінку адлучыцца. Прашу!
— У нас усё ідзе па графіку.
— Прашу!
— Ты што, з глузду з’ехаў?
— Здаецца, я выпаў з часу. Не ведаю, як трапіў у сасновую скрыню.
— Не валяй дурня. Такі лёс пераможаных. Скарыся лёсу. Чым менш будзеш ведаць, тым спакайней ляжацьмеш.
— Ну, гэта не па мне!
Пад днішчам азваўся новы прыблуда:
— Уставай!
Хто там яшчэ? І чаго яму трэба? Уставай... Як у той песні проклятьем заклеймённой. Паспрабуй устань, падыміся... І аж скурчыўся ад здагадкі: клічуць на Страшны суд!.. Хацеў пужнуць назолу моцным слоўцам, але ў магільным гуканні апазнаў драматычны барытон. Успышка памяці высветліла з небыцця старога сябра. Расслабіўся. І ты тут? Бач, прысуседзіўся пада мною.
— Гэй там! Хто ты — Міша? Якім ветрам цябе сюды прыгнала?
Міратворчы смех. Пацяплела на сэрцы.
У Гайнаўцы разам вучыліся слесарскаму рамяству. Толькі ён ішоў курсам вышэй. Міша са Слабодкі, маленькай вёсачкі над ракою Нарвай. Жыў з іншымі вясковымі хлопцамі на кватэры. Я часта наведваў іхні гурт: вазіў перадачы Пецю Валкавыцкаму, які, у адрозненне ад нас, белавежцаў, ездзіўшых у школу поездам, аддаваў перавагу гайнаўскаму кватараванню. Цікава было заглянуць у самастойнасць старшакурснікаў.
Значыць, зноў прыбіліся. Адмотваецца шпуля застыўшай памяці. За немцаў сустрэў Мішу ў Белавежы на камісаравай паверцы. Дамовіліся трымацца разам. Беглі поплеч на голым парадзе, плячо ў плячо рухаліся па пыльнай дарозе на таварную станцыю, не разлучыў нас канвой і ў чырвоным таварняку.
На гарызонце ўспаміну міргнуў Сярожа Валкавыцкі. Перад пасадкай у вагоны падышоў да мяне, абняў і кажа:
— Запомні: не будзь першым, ні апошнім — першых і апошніх б’юць.
Павучаў бывалы салдат. Запомню. А як трапіў у труну?
— Даганяй учарашні дзень! — гукае Сярожа.
Пачало хістаць у бакі. У крацістым акенцы грудкоўскі тартак. На пагрузачнай рампе знаёмыя разявакі. Асавелымі вачыма ўтаропіліся ў наш транспарт і стаяць як слупы. Прасоўваю праз краты руку: бывайце! Ні варухнуліся.
Затым быў Бельск. Перасыльны катух у цэнтры горада, абнесены з панадворку высокім мурам. На двух’ярусных нарах шляхцюкі зпад Бранска. Сядзяць на пацярушанай саломе ў адной бялізне і кормяць блакітнай крывёю паспалітых блох. Раяць зашморгваць кальсоны. Міша і Сідар лезуць на нары. Яны ў кальсонах. А я ў трусах. Іду на двор і ўсаджваюся пад мурам. Ні то сплю, ні то драмлю. Раніцай з дрыготкага трымцення вырывае застаўлянская Стэфка. Брыкае па дварэ, бы жаробка:
— І-га-га! І-га-га!
За адну ноч чокнулася? Не, Стэфка не мімоза. Узнімае дух сярод апанураных „баўэраў”. На снеданне выдалі каўбасу. З’еўшы сваю порцыю, Стэфка і даказвае з якога фаршу прадукт.
Баўэры! У белавежскім амтскамісарыяце, кіруючыся стадным інстынктам, як і ўсе лесуны, падаліся мы ў „баўэры”: прынамсі з голаду не памрэм. А ў Бельску перадумалі:
— Мы не баўэры! — тыцкаем пад нос транспартфюрэру школьныя пасведчанні: — Мы шлёсэры! — выпраўляем „памылку” і далучаемся да спецыялістаў.
Транспарт з бельскага крэйсу ідзе на Беласток. На беластоцкім вакзале доўга стаім на запасных пуцях. З вагонаў не выпускаюць. Праз вентыляцыйныя акенцы амаль не відаць горада. Узбоч вагонаў сноўдаюцца чыгуначнікі і выпытваюць: адкуль ды куды? А мы не ведаем „куды”.
Урэшце рушылі. На поўнач. Нудны краявід: палі і саламяныя стрэхі. Людзей не відаць. Вымерлі?
За Багушамі Усходняя Прусія. Думаю ўчарашнім днём. Дык ад двух год яна значна пашырылася, глытанула Bezirk Bialystok1. Выходзіць, мы — хай і паняволі — даўно прусы.
А падбранскія шляхцюкі спяваюць Nie rzucim ziemi. Ім добра, маючы такую песню. Мы, белавежскія кметы, нават песні сваёй не маем.
За акном зваблівая карціна. Сярод буйнай зелені белыя домікі, крытыя чырвонай чарапіцай. Бы малюнак з турыстычнай рэкламы. Узіраюся ў прускую казку, а яе засланяюць выціснутыя Канапніцкай слёзы.
— Назад! Пад саламяныя стрэхі! — кліча пустэча незваротнай дарогі.
Таварняк грукае наперад.
У Элку „баўэраў” накіравалі на Голдап. У Коршах вагон дзяўчат піхнулі на Мэмэль. Нас, спецыялістаў, вязуць у Кенігсберг. Раніцай уехалі ў горад.
— Schnell! Schnell!2 — фюрэр рэшткавага транспарту выгружае нас на таварным прыстанішчы Галоўнага вакзала. Пералічвае — і трухтам вядзе ў арбайтсамт. Недаспаны, як і мы, спяшаецца дахаты. Яго сцябае адзін клопат: як найхутчэй здаць кантынгент і праваліцца ў сон.
Біржа працы недалёка, на другім беразе Прэголі. У прасторнай чакальні наведвальнікаў не густа. Павадыр знікае за высокімі дзвярыма. Наш лёс у руках распарадчыкаў біржы. Ці будзе ён нам ласкавы? Куды трапім? Нам усё роўна куды — толькі б разам.
Падыходзіць да нас франтаваты незнаёмец:
— Polone?3
— Weissrusse.4
— O, Moskau! Gut!5
Парукаліся, вызначылі сваю арыентацыю. Масквафіл — француз. Маляр. Вывернуў перад намі ўсю сваю душу. Як толькі вернецца дамоў, то перш за ўсё павесіць Лаваля, затым — Пэтэна. Міша па-сяброўску ляпае яго па плячы:
— Gut!
Француз цешыцца, знайшоў аднадумцаў, скандуе:
— Russich — Moskau — Kamerad!6
Маніфестацыю інтэрнацыянальнага сяброўства бесцырымонна спыніў немец у бураватай форме. Выйшаў ён зза распарадчыцкіх дзвярэй і гаркнуў:
— Michael Scharkewitz und Georg Wolkowyki, kom mit!7
— А Сідар?! — крычу ў роспачы.
— Sidar auch!8 — чую.
Разам! Лахі пад пахі — і за „Бурыкам”. На вуліцы дае ён наказ ісці, а сам узлазіць на ровар і круціць за намі.
Ідучы „проста” выйшлі мы на спакойную алейку і трапілі ў іншасвет. Справа, на сонечнай узгорыстасці грувасціўся горад. Насупраць, у даліне — чыгунка, нейкія дзіўныя тэхнічныя канструкцыі, агромністыя пукатыя рэзервуары (газ? нафта?), вычварныя абрысы фабрычных карпусоў, а за імі шырокая рака. Ніжняе наваколле дыхала злавеснасцю. У душы прадчуванне страшнага. Уяўляю паветраны налёт. Жывому з гэтага абсурду не выбрацца. Пастка! Стала не па сабе. Даючы волю ўяве, не заўважыў, як скончылася чарадзейная алейка. І мы на Arndt Strasse.
— Links!9
Скручваем улева, на жалезабетонны віядук, што злучае ўзгорыстасць з ракою. Унізе, з левага боку, жуда фабрычнага канструктывізму, з правага — чыгуначная станцыя. Напруга ўзрастае.
— Halt!10
Спыняемся пасярэдзіне віядука. Уніз вядзе жалезная лесвіца. Над ёю шыльда: Waggonfabrik L. Steinfürt.
Во куды кінуў нас сляпы лёс — у кашмарны эпіцэнтр апакаліпсіса. Спускаемся на дно. „Бурык”, які абярнуўся ў фабрычнага бобіка, здае нас адміністрацыйным казяўкам. Дзейнічаюць спраўна, хоць і не вельмі ведаюць, як ставіцца да нас. Мы тут першыя арбайтары з паўднёвай акругі. Пра зямляцкую лучнасць не намякаюць. Пакуль высветляць становішча, прапануюць нам экскурсію па фабрыцы. Прапанову прымаем з удзячнасцю. Наш экскурсавод — з гакенкройцам на грудзях (член партыі) — добра валодае рускай мовай. Паказвае нам вартыя ўвагі аб’екты, хваліць умовы працы.
— Вам пашанцавала! — пераконвае.
І сапраўды, калі па дарозе ўступілі мы ў фабрычную сталоўку і апаражнілі па ёмістай місцы густога, добра закрашанага гарохавага супу, увайшлі нават у стан эйфарыі.
— Будзем жыць! — прарочыць Міша.
— І сыта! — цешыцца Сідар.
Значканосец пасадзіў нас побач рускамоўнага латыша. Знаёмімся. Токар. Жыве ў горадзе, наймае кватэру. Во як! Але нас перш за ўсё хвалюе зямная цяга — харч.
— І заўсёды так смачна кормяць? — дапытваецца Сідар.
— Гэта ж нямецкая сталоўка! — тлумачыць здзіўлена сусед.
Мы ў захапленні і ад распранальні. Кожнаму асобная шафка, чысценькія ўмывальнікі, элегантная прыбіральня. І цэх, у які нас уключылі, выдаўся ніштаваты. Што я кажу — цудоўны! Не тое, што суседняя кузня — існае пекла: распаленыя да чырвані жалезныя печы, злавесны лязг гільяцінападобных штампавальных станкоў, горы гарачых штамповак, грукат, пыл, жар, смурод. А ліцейная катавальня!
Добры настрой спаў у канцы дня. Дзе будзем жыць? „Бурык” ведае дзе. На лесвіцу! Вядзе ў канец віядука. На беразе Прэголі, пад змрочнымі цаглянымі сценамі шматпавярховага млына, прытуліўся да зямлі смешна малы барак — дамок ліліпутаў ля ступні Гулівера. Гэта хацінка млынароў-палякаў. У ёй „Бурык” і знайшоў для нас свабодны ярусны ложак.
Ускараскаўся я на верхні паверх і праваліўся ў бяздонне.
Апакаліпсіс сноўдае ў скроні. Значыць, ноччу разбамбілі стратэгічны аб’ект. І абрынуўся млын. Засыпала нас! І Міша пада мною, як і кладавіліся спаць. Хто ж тады палажыў у труну?
А голас з долу сваё:
— Уставай!
— А як?
— Не жартуй.
— Мне не да жартаў.
Як чорт з табакеркі выскачыла збоку галава Мішы. Нячысцік! Чуў, у іх няма свайго твару, яны заўсёды пазычаюць іншыя.
— Што табе трэба?
Галава шальмавата ўсміхаецца:
— Спознімся на фрыштык.
Дайшло. Вярнуўся ў рэальнае вымярэнне. Ну і сеанс! Вечка заняло сваё месца — столь. Спаў я пад столлю. Учора, стомлены дарогаю, выпусціў гэтую дэталь зпад увагі. Рэшту падкінула фантазія гранічнага адчаю.
А кажуць, з няволі можна вярнуцца, з труны — ніколі.
5 ліпеня. Як згадвала павестка гайнаўскага арбайтсамта, распачаў я „службу працы”. Выдалі мне стары рабочы камбінезон і новенькія, з брызентавымі халяўкамі дзеравяшкі (Holzschuhe). Наш цэх — Vorrichtungsbau, абслугоўвае кузню, фабрычны малох. Мяне паставілі на матрыцы да вялікіх прэсаў. Нада мною немцы — брыгадзір, гадоў пад сорак, сілач, і ягоны памочнік, стары грыб. Першы шалее (зза ўзаемнай няўцямнасці: я не разумею яго, а ён — мяне). Другі, падобны на пацука, толькі свідруе сваімі слепакамі і дае зразумець — рабі, што і я.
— Du, pan! — кліча. — Komm mit.
Хаджу за ім як целаахоўнік.
Тут поўны мурашнік савецкіх ваеннапалоннікаў. Выглядаюць жаласна. Цягне ад іх тухляцінай. На плечах SU (Савецкі Саюз) — кляймо, намаляванае алейнай фарбай. Многа французаў. Гэта іншая катэгорыя палоннікаў. Арыстакраты. У нашай брыгадзе двое: селянін і месціч. Іх шаленец не чапае. Селянін аднаасобнік: я і немец — нуль увагі. Ні паможа, ні падкажа. Рабі як хочаш, твая справа. Месціч — філосаф: дзяўбе матрыцу, быццам адкрывае ў ёй тайны неарганічнай матэрыі. Па ўсім відаць, шанаваная сярод французаў асоба: увесь час сюсюкаюць з ім аднапляменнікі з іншых цэхаў. Лыпае на мяне ласкавым вокам. У яго позірку бачу цікавасць: ну і чым ты адкажаш на чарговы прыступ шалу брыгадзіра? А я што — волат? Уціскаю голаў у плечы і чакаю ўдару. Не ўхіляюся: бі! Магчыма, гэтым і адхінаю кулак узнесены над галавою.
6 ліпеня. Залаты птах перанёс гарохавы суп у краіну мараў. Фрыштык з’елі яшчэ ў нямецкай сталоўцы, а на абед загадалі ісці пад віядук, да палоннікаў. Далі месцы ў французскім сектары. Тут таксама нам хавацца ў час паветранага налёту. Нічога сабе мішэнь.
Пад віядукам гідкая духата. На доўгіх сталах бляшаныя міскі з жоўтай вадкасцю. У міскі сыплецца са столі ўсялякая ўсячына, у залежнасці колькі тон пранеслася над сталом. Запускаю алюмініеву лыжку ў дзіўны суп, вылаўліваю пакрышаныя кавалкі гнілой бручкі. Ад яе тухнуць рускія! Локцем штурхаю Сідара. Бразгаем лыжкамі аб стол і ўстаем. Тое ж робіць і Міша. Выходзім. Па жэстыкуляцыі, французы не адабраюць нашага ўчынку. Але разумеем толькі:
— Polone, Polone!
Мы маглі дэманстраваць, у куфэрках былі яшчэ хатнія запасы. Вядома, сваім байкотам нікога не ўзрушылі. Праз пару дзён нашы страўнікі без супраціву пераварвалі гідкую нечысць. Пах нямецкай кухні растварыўся ў рэаліях кенігсбергскіх будняў.
У кузню забягаю на коратка. Колькі трэба, каб выраўняць нейкую трэшчыну ў матрыцы прэса. Увесь дзень на сваім седале. Маё месца ля ўваходу. За ім — кузня. За сцяною справа такарны цэх. У куце гэтай і цэнтральнай сцяны, пад столлю камандны пункт: начальнік цэха (Meister), яго намеснік і асістэнтка. Праз шкляныя сценкі, высунутыя на цэх, зіркаюць на нас, мы — на іх. Верх левай сцяны, ад панадворка, таксама са шкла, каб не траціць дарма электрычнай энергіі. У цэнтры гэтай сцяны партрэт Гітлера.
Варштаты ў строгіх радах. На брусчатай падлозе белыя размежавальныя лініі. Праз увесь цэх, ад уваходу да процілеглай сцяны, рэйкі для ваганетак. Пад столлю таксама рэйкі: па іх ходзіць пад’ёмны кран — прылада для маіх матрыц. Пры дапамозе крана і ваганеткі важу вагавіты матэрыял — то на стругальны станок, то на свідравальны, то ў кузню.
За чысцінёй сочыць кучаравы француз. Наш падмятайла па прафесіі тэатральны акцёр. З мятлой спраўляецца адмыслова. На прыстойным узроўні ўносіць у цэх і скрынкі з мінеральнай вадой. Асвяжальны напітак прадае асістэнтка майстра. Не дужа ветлівая, але і не асабліва настабурчаная. Дазваляе і нам пакарыстацца газіраванай пляшкай: фенігі не смярдзяць. Наогул нашы немцы, акрамя майго вар’ята, вядуць сябе прыстойна. Майстар зусім сімпатычны. Праходзячы міма нават прыязна гляне. А гакенкройцаносец! Ягоны намеснік часам бомкне нешта нечленараздзельнае, але ён на „скі”, павінен адхрышчвацца ад продкаў няправеднага ложа. Ну і ліха з ім.
Змагаючыся са шліфавальным аўтаматам, я спацеў. Выключаю спрэсаваную паветраную сілу, адкладаю набок інструмент, скідаю з замглёных вачэй ахоўныя акуляры. Пад будкай майстра стаяць маладыя хлопцы. Відаць, з нашага боку. З твараў — палякі, па вопратцы — месцічы. Падыходжу:
— З прыездам, землякі! Я з Белавежы.
— А мы з Гродна.
Зандзіруюць, як надоечы тармосілі мы латыша. На жаль, не мог я падбадзёрыць іх латышскім аптымізмам. Аднак навічкі павесялелі: чакалі горшага. Гэта былі: Вацэк Дзюрбэйка, Казік Паўлоўскі, Рысек Саганоўскі, Янэк Шуміцкі і Эдэк Грынцэвіч. Сыграныя. Вядома, з аднаго горада. Але дастроімся — аднагодкі. Такой жа думкі і „Бурык”. Калі мы, з першага транспарту, скончыўшы працу, вярталіся да млына, дагнаў нас на віядуку:
— Прыбавілася вас, — сказаў. — Дык бярыце свае манаткі і айда на Appelbaum Strasse.
Без жалю пакідаем прывідны барак, ужо не прысыпле нас млынамонстр. Новае прыстанішча на поўнач ад Прэголі, за Lawsker Allee. Тут абставіны спрыяльныя. Шмат прастору, агароды, нізкая забудова — катэджы. І ў гэтым зацішшы наш лагер. Новенькі барак. Дзве штубы занялі французы, якія змянілі свой статус: перайшлі на цывільнае жытло. Трэцяя штуба для нас. З намі і Луі, шэф французаў. Ён ужо заняў найлепшы кут.
Усе гродзенцы трапілі ў наш цэх, дык мы і пасябравалі з ходу. Толькі на Мішу касавурацца: не распазнаў чужакоў, прыняў за сваіх і прывітаў па-вясковаму:
— Здароў, хлопцы! Адкуль будзеце?
Ганарыстым месцічам пякло такое сваяцтва:
— Знайшоў „хлопцаў”, — кпілі з дзеравеншчыны.
Луі, хоць і адкрыты на Усход, стаяў збоку: старэйшы за нас, ну і чын, як бы ні было — сяржант. Затое французы зза сцяны — на раны прыкладай, а П’ер і Фанфан проста фантастыка. Ужо Міша стаў Мішэлем, а я Жоржам. І вітаемся па-брацку:
— Bonjour!11
— Bonjour!
Затым пераходзім на агульназразумелую:
— Bald Krieg zu Ende12.
— Hitler kaputt!13
Між намі няма моўнага бар’ера, хоць і карыстаемся страшэнным валапюкам. Разумеем адзін аднаго з паўслова, з абрыўкаў слоў. Для нас Krieg і Ende не толькі канец вайны і вяртанне на радзіму, але і нарадзіны прыязнага свету. Верым у новы час. Ён ужо ідзе. І мы яго падмурак.
П’ер і Фанфан вясёлыя балакі, роўныя мужыкі. П’ер, як і мы, любіць песні, Фанфан — жанчын. Усе любім піва. Дык не сумуем. На Старое места! Старамесце нашы кампаньёны вывучылі дасканала. Ледзь не ў кожным падвале піўнушка. Усюды знаёмцы. Падвальны горад у аблозе французаў і бельгійцаў.
— Bitte Bier!14
— Klar? Dunkel?15
Адно і другое. За дружбу! Знішчым нямецкія запасы! Балазе, піва без картак. А Фанфану бескарыснай (мужчынскай) дружбы мала, яе моц хоча праверыць на польскіх дзяўчатах. Бяда, цёмны ў польскай мове.
— Памажы, — просіць Сідара. — Дам табе ключ да сэрца францужанак.
— Давай! — ахвоча адгукаецца Сідар.
Ключ здзіўляюча просты. Дастаткова сказаць:
— Мадмуазэль, хачу цябе мець.
І ты ў дамках.
— Цяпер рэванш, — кажа Фанфан.
А Сідар бачыць спусташэнне, якое ўчыніць галійскі певень у катуху арліц і спрабуе адвесці юрліўца ад уздыму:
— З полькамі не так проста, — камечыцца.
— Ерунду пляцеш, — не згаджаецца той. — Усе бабы з аднаго рабра, — пераконвае. — Перакладай!
І Сідар перакладае:
— Dziewczyno, chcę cię mieć!
Фанфану вочы на лоб палезлі, ніяк не можа вымавіць універсальнай замовы. Як ні стараецца, выходзіць нешта накшталт:
— Чэчыно, чэ-чэ-мэ!
Думаю, з такімі ведамі Фанфан не здабыў ніводнай полькі.
— Ты не так як трэба пераклаў, — аднойчы прызнаўся Сідару.
Макацёр не выпрабаваў спосабу з іншай прычыны: у Кенігсбергу не аказалася прадстаўнічых францужанак. Выявіў толькі адну, у сваім лагеры. Яна нават сама правакавала Сідара на амурны пачын, ды паскудны лёс пазбавіў небарачку вабных сокаў і Сідар праявіў беларускую стрыманасць — ганарова не пайшоў на французскую правакацыю.
Фанфан быў дасціпным гідам. Аднаго разу кажа:
— Сёння пакажу вам кенігсбергскую славутасць... Самую, самую...
Завёў нас на Rosen Strasse. Шыкоўная, спакойная вуліца. Густоўны будынак, насупраць якога спыніліся. Нічым не адрозны ад суседзяў. Вечар. В окнах яркий свет горит и гостей к себе манит. Ашклёныя дзверы таксама спрыяльна ўздзейнічаюць. Стаім у засені, на другім баку вуліцы і разгадваем загадку: чым праславіўся гэты дом? Кант? Не, назвалі б тады вуліцу імем мысляра. Кох? З гаўляйтэрам той жа вынік. Іншых саноўнікаў горада не ведаем. Rosen, Rosen... Прадавалі тут ружы? Дык якая ж гэта славутасць. А Фанфан ні гу-гу. Толькі страляе пажадлівым зрокам на ашклёныя дзверы. І ў асветленым калідоры з’яўляецца дама ў белым. Поруч афіцэр жандармерыі. Арыштаваў белую даму? Але яна адвяла афіцэра да дзвярэй і павярнула назад. Афіцэр ужо ў гадах, тыповы прускі кныр, выйшаў на тратуар, засцягнуў спражку на спасеным пузе, абцягнуў полы кіцеля і пакіраваў у бок Drumm Strasse.
Толькі цяпер Фанфан выявіў тайну: стаім перад бардэлем. І ўся вуліца бардэльная. Шакіраваў. Наяўная рэзідэнцыя найстарэйшай гільдыі свету не адпавядала вобразу, які я вынес з літаратуры.
Старое места хавала многа таямніц. Замак, універсітэт, храмы, музеі, тэатр і гэдэ маглі мы даследаваць толькі звонку. Каб не французы, не паспыталі б і падвальнага жыцця. Праўда, выкрылі мы беларускі клуб, але зза недаразвітага патрыятызму і магільнай нуды, якая ў ім панавала, пасля двух наведанняў больш туды не заглядалі.
Цікавыя аб’екты знаходзіліся і на перыферыі горада. Самым прыцягальным была неафіцыйная харчэўня. Месцілася паблізу нашай фабрыкі ў старой каморцы. Тут мы падкормліваліся гарохавым супам. Але кармушку ўнюхала лагерная братва, усчаўся нязвыклы нямецкаму вуху гармідар, суседзі данеслі ў паліцыю — і тая адсекла нас ад таннага катла.
Калі ўжо выклікаў д’ябла, хай і ён скажа сваё слова. Як толькі прыехалі гродзенцы, усю нашу групу паклікалі ў камісарыят. І добра падношаны паліцмайстар прачытаў нам на прускай пальшчызне лекцыю недапушчальных паводзін. Пачаў з асноўнай запаведзі:
— Nemecka panenka ne perdolic!
Настаўленне ахоўніка расавай маралі гучала як недарэчны жарт. Тая казка, якую ён баяў, нам нават у грахоўных снах не з’яўлялася. А тут, аказваецца, ёсць такая спакуса. Сваё выказванне дасціпны служака падмацаваў лоўкім узмахам правай рукі ўкруг шыі, быццам накідваў і зашморгваў пятлю.
— Verstehen?16
Хто б не разумеў!
— І са сваімі на вачах немцаў не гуляць! — дадаў.
Прышаломленыя, апусціўшы насы, стаім і маўчым. І не чуем працягу лекцыі. Веды спасцігнем саматугам. Толькі Сідара вярэдзіла колкая думка.
— За падобныя ўчынкі нямецкіх ваякаў чамусьці не вешаюць, — разважаў ён употай. Успомніўся яму фаршут, які адвячоркам, наўпрост ягонага акна, шмуляў на ганку суседку.
— Адгульваў яе на маіх вачах! — скрыгаў зубамі Сідар.
Прыгадаў ён і забаўны вершык на нямецка-белавежскай гаворцы. Ананімны аўтар высмейваў гэты валапюк, ну і, вядома, нямецкіх пацяшыцелек:
Ich ja цябе ждала,
Warum du не прышоў?
Ich пашла nach Hause,
Бо з неба Wasser йшоў.17
— Wasser — не дождж, які згадвае гераіня вершыка, а вада. Дождж — Regen, — дзяліўся моўнымі ведамі Сідар, калі мы выйшлі з паліцыйнага ўчастка. Перад паліцэйскім, як і мы, маўчаў.
Як я ўжо сведчыў, па волі французаў стаў я Жоржам. Шык-мадэрн! Сёй-той клікаў мяне Жоржам і ў Белавежы — у злосці, або калі хацеў давесці, што я ўжо вырас з Жоржыка. Хай будзе Жорж! Імя спадабалася і славянам — насіў яго да канца. Немцы нас не перахрышчвалі, усіх аўсляндэраў18 аблашчвалі адным найменнем: Du!19
„Тыканне” гуляла выхаваўчую ролю, нагадвала: ты — ніхто, нуль, не чалавек, нават імя няма ў цябе. Калола, але прывучыліся. Цяжэй цярпелі грэблівасць немак. Гэтую загану адчуў я ўжо на другі дзень знаёмства з Кенігсбергам.
Была нядзеля. І мы з Мішам, зарадзіўшы страўнікі гарохавым аптымізмам, падаліся ў горад шукаць Schubert Strasse 1. Жыла і слугавала там Лёля, мая дваюрадная сястра. Нягледзячы на ўзнёслы настрой, спынялі толькі значаных літарай Р. Відаць, трапляліся прыезджыя, ніхто не ведаў, дзе гэта вуліца, дзе гэты дом. Абнюхаўшы паўгорада, нейкім сабачым чуццём урэшце дабрылі да мэты. Усцешаныя, узабраліся на гранітныя ўсходы асабняка і груканулі ў дзверы:
— Лёля, адчыняй!
Замест у Лёліны абдымкі, напароліся на раз’юшаную гаспадыню:
— Raus!20
І слова не дала вымавіць. Трэба яшчэ дзякаваць, абышлася з намі ласкава, не завяла ў паліцайпрэзідыум. А суседнічала з гэтай установай. Відаць, Лёліна фрау мела добрае сэрца.
Больш ніколі ў нямецкія дзверы мы не стукалі. У вачах кожнай немкі бачыў я зларадныя сполахі. Нават у зроку бландзіністай малодкі, што трымала працоўную вахту наўпрост маіх матрыц. Тут мог памыляцца. У той час падабаліся мне танклява-нізкарослыя брунеткі, і на арыйскую валькірыю з адпаведнымі пародзе габарытамі мог глядзець прадузята. Каб словам прамовіцца — і ў думку не прыходзіла. Дык валькірый і ў думках чапаць забаранялася. Ідэя звышчалавека адбіла ім глузды. Аднак, хацеў я гэтага ці не, сядзелі візаві, дык і вывучалі адно другога. У яе зрэнках, сярод належных мне халодных маланак, выяўляў я і звычайную жаночую цікавасць. У такія хвіліны здавалася мне, што яна адна з нас, такая ж як і мы, прымацаваная да варштата гайка.
Насцярожана-вывучаючы позірк меў і яе сусед, малады Рудзі. Аднойчы ён нават гасцяваў у нашай штубе. Жыў на суседняй вуліцы, каля паліцыйнага ўчастка, у якім служыў ягоны бацька і дзе атрымалі мы лекцыю добрых паводзін. Хто ведае, мо Рудзі быў сынам нашага настаўніка? Хлопец не скончыў васемнаццаці год, таму яшчэ не ваяваў — адзіны маладзён сярод фабрычных немцаў. Нічога тады дзіўнага, што цягнула яго да маладых. Але сяброўства не атрымалася. Пасля візіту ў лагеры Рудзі яшчэ больш насцярожыўся.
І бландзіністая валькірыя, хоць бесцырымонна бавіла са мною час, не падарыла нават прыязнай усмешкі. А ўсё-такі я вывучаў яе з цікавасцю. Ведаў, скрытна гуляе з бельгійцам. Я то я, лепш за мяне спасціг тайну наглядчык палонніка, носьбіт нагруднага гакенкройца. Зрэшты, ён і злучыў няпоўнавартаснага самца з пародзістай самкай. І немка не апаганіла расы, і бельгіец застаўся жывы. Фокус!
Фокуснічаў і Мішэль. Толькі ў іншым плане. Не паспелі мы разабрацца толкам у фабрычным жыцці, яшчэ да прыезду палякаў, як запрасілі нас на нейкае нямецка-патрыятычнае прадстаўленне. Ці часам не з нагоды бітвы пад Курскам?
Сядзім у вялікай фабрычнай актавай зале як на турэцкім казанні. Пра што далдоняць прамоўцы, нічога не разумеем. Больш чым на іх, узіраемся на чырвоны штандар, які парадным крокам пранесла праз усю залу ганаровая варта. Цяпер ён разам з вартаўнікамі тарчыць за трыбунай.
Асацыяцыі, асацыяцыі...
Ажно скончылася моўная траскатня. Са скрытых недзе рэпрадуктараў грымнуў рытуальны роў:
— Deutschland! Deutschland!..21
Немцы схапіліся на ногі, выцягнуліся, ускінулі ўверх рукі і замерлі ў гітлераўскай позе. Ад нечаканага зруху жывых статуяў з адрэпетыраваным узмахам соцень рук, я разгубіўся. Не ведаю, што рабіць. Глянуў на Мішэля і жахнуўся: звар’яцеў сябар! Выпруціўся з выцягнутай уверх лапай. Зірк у другі бок: бельгійцы (Сідар з імі) сядзяць і не думаюць узнімацца, дэманструюць статус палоннікаў: плюем на ваш гімн. Французы ўстаюць, але не блазнуючы, з апушчанымі верхнімі канечнасцямі. Устаю і я, даючы Мішэлю кухталя ўбок: не блазнуй! Яшчэ мацней выструніўся. Артыст!
Хоць і беззаганна згуляў ён ролю пруса, яго, як і ўсіх нас, чужакоў, больш на свае спектаклі немцы не запрашалі. Затое далі яму, і нявед чаму мне, магчымасць праявіць сябе на іншай арэне. Загадалі нам пераапрануцца і ехаць у Tiergarten22, у найбольшую ў Кенігсбергу глядзельную залу. Паехалі з ахвотай. Накарпеліся над матрыцамі, адвядзем дух на нейкім відовішчы.
Мы ў заапарку. Велізарны будынак. Народ як у царкве, сціснуты, локаць у локаць. Стаем у апошні рад і штурхаем суседзяў.
— Хто вы?
— Беларусы.
— Усе?
— Усе.
— Навошта нас склікалі сюды?
Няўцямны поціск плячыма. Як нас тут многа! Стаім і чакаем Гадо. А на сцэну выходзяць двое. Адзін у вайсковым, другі ў цывільным. Вайсковец высоўваецца наперад, раскірачвае тэатральна ногі, бы выскачыў з нерэалізаванай яшчэ кінастужкі, і нешта шпрэхае да нас па-нямецку. Хваліць нас ці ганіць? З абрывістых гукаў ловім толькі: вайна — бальшавікі — беларусы. Гэта мы і без цябе ведаем. Затым выступае тып у цывільным. Захліпаецца па-беларуску. Куды мы трапілі! Нас клічуць на вайну з бальшавікамі! Бараніць Беларусь.
— Заслонім нашу Бацькаўшчыну сваімі маладымі грудзьмі! — прачульвае злыдзень.
А ў самога грудзі сухотніка. І пхнецца ў трыумфатары:
— У гэтай барацьбе, як сказаў фюрэр, пераможа праўда. А яна будзе пры нас...
Лухта сабачая. Як у вайсрутэнных далдонаўках тыпу „раніц” і „новых дарог”. Сам не верыш у сваю ману. І мы не героі з „Раніцы”, што з энтузіязмам выконваюць катаржную ролю. Хай яны і „сціскаюць працавітай рукой” нямецкую зброю. З імі аднаўляй „даўнія ваенныя традыцыі змагання з усходняй дзічынёй”. Нас не прачуліш. Курская дуга стукнула па вашых азадках. Адступаеце. Таму і ўхапіліся за вайсрутэнны чад.
Канцовы акт можна прадбачыць. Драпаем з падмінаванага фарысействам спектакля. Дальневосточная, смелее в бой!
Лагер разрастаўся, перасяліліся на Appelbaum Strasse ўсе французы, прыйшло папаўненне і з міжбуганёманскага абшару. Узніклі „беларуская” і „гродзенская” штубы. Гродзенскія месцічы зліліся з мазавецкай шляхтай і стварылі польскую штубу. Паколькі былі першымі, штубу назвалі „гродзенскай”.
Беларуская штуба больш каларытная. Хоць наша тройка заснавала яе, то па аўсляндэрскаму стажу, як і па ўзросце, старэйшымі за нас былі Вася Бобрыкаў і Кіпель, салдаты вераснёўскай кампаніі. Спярша яны адведалі шталаг, затым працавалі ў баўэраў, зараз сталі фабрычнымі рабочымі. Вася зпад Глыбокага, са старавераў. Па натуры і мове, з усіх нас — самы выяўлены беларус: спакой, развага, аўтарытэт. Кіпель з таго ж кірунку, таксама і па характары, толькі больш сціснуты ў сабе. Абодва — суддзі штубных спрэчак.
Цеснае звяно — хлопцы зпад Скідаля. А кожны з іх розны. Звеннявым Мікалай Байда. Як і ўсё звяно — упарты. Толькі ён мае рацыю. Непаседа, заўсёды ў гонках, усё нешта ўладжвае ў горадзе. Любіць песні. Буцвілоўскі запальчывы. Не церпіць пярэчанняў. Усіх толькі біў бы. Любімыя словы: „Як дам!” (Але нікому не „дае”). Звяно называе яго міліцыянерам. Магчыма, быў ім. Ходзіць па штубе, бы дубінку глытнуўшы, асабліва ў нядзелю, калі шыю спінае штыўным каўнерыкам. Тады „дае” абарочваючыся да суб’екта на вертыкальнай восі, цэлым целам. Булай таксама гарачка і хуткі да сваркі. Але ён часам здасць поле бою праціўніку, каб потым яго мацней прыціснуць. Тактык. Манкевіч ужо жанаты, хоць наш равеснік. У спрэчкі не ўступае, нікуды не ходзіць, нічым не цікавіцца, вольны час бавіць у ложку. Сакалоўскі ціхі і спакойны. Кулішоў весялун, любіць пасмяяцца з іншых, асабліва з Чарэпкі. Красачна расказвае пра свае кавалерскія подзвігі. Чарэпка — растрэсены заморак з неразлучным ангоравым шалікам на шыі. Да ўсіх уважлівы. Трымаецца прынцыпу „абы ціха”. Аб’ект кепікаў усёй штубы. Івец — чужак сярод сваіх. Бы прыблуда ў звяне. І наогул штуба для яго не існуе. Жыве сваім жыццём. Вельмі цяжка вывесці яго з раўнавагі.
Адметная і пружанская чацвёрка. Тут няма згоды. Вечна паміж сабою сварацца. Але ўступчывыя. І больш абцёртыя. Казёл — вялікі аматар паразважаць аб высокіх матэрыях. На ўсё мае сваю думку. Кемеж строіцца пад інтэлігента. Госцем у штубе. Лятун не меншы за Байду. Вяртаецца позна, калі ўжо спімо. Уключае святло, чым выклікае на сябе нашу злосць, і, не адбіваючыся ад мацюкоў, сядае за стол і піша пісьмы. Аж даведзены да адчаю Мішэль абразуміў „пісьменніка” бурсацкім спосабам: падвесіў да дзвярэй вядро з вадою. Бязлітасна дзейнічаў Мішэль. Наш паўночнік насіў паліто з футравым каўнерам. З якога палескага звярка паходзіла футра, Кемеж не хваліўся, але такога каўняра ніхто ў Кенігсбергу не меў. Халодны душ не толькі страсянуў Кемежам, але і апаганіў яго гонар — каўнер. Не скажу, каб Мішэль чэрпаў ваду з крана. Метад вытрымаў пробу, працэдуру паўтараць не было неабходнасці. Слімчук падстройваецца пад Кемежа. Як сам кажа, у лепшым таварыстве падбірае „культурныя” словы. Да палешукоў нейк не пасуе камлюкаваты Валасэвіч. Вечна наракае на свой лёс і, як скідальскі жанацік, не вылазіць з барака, зусім не ведае горада.
Засталіся падлеткі з Украіны: белабрысы Гена Удавэнка і карлікаваты Казік. Далучылі іх да нас у канцы засялення лагера. Проста быў парожні ложак. Як яны трапілі ў Кенігсберг не памятаю. Забыў нават прозвішча Казіка. Было на „скі”, і быў ён украінскім палякам. Абодва сталі „сынамі” штубы. Казік — весялун. Аднойчы давёў да рогату калону рускіх палоннікаў.
Скончылася дзённая змена і мы, ужо пераапранутыя, ішлі да выхаду. На дварэ вахманы строілі рускіх. Панылыя чакаюць каманды „Уперад!”. Праходзілі міма. Раптам Казік шмыг наперад, і камандуе:
Шанкер, триппер и бомбоны,
Становитесь в эшелоны!
Мандавошки взад немножко...
А ты, триппер, куда выпер?
Смирно, боевая рота —
Генерал Сифилис идёт!
Выструніўся карапуз, тулава адхіліў назад, мізэрны жывоцік выпучыў наперад, правую руку пад казырок — і, салютуючы строй, парадным крокам прачаканіў уздоўж калоны.
Узарвалася вясёлая гамана. Аказваецца, нават рускім палоннікам не чужы смех. Магчыма, смяяліся яны апошні раз. Фронт каціўся на Захад. Недалёкі той дзень, калі немцы пагрузяць нашых бедалаг на караблі і адправяць у мора, на ўцеху савецкіх субмарынаў. Калі хто і перажыў марское вадохрышча, не абмінуў Калымы. Савецкі воін не меў права здавацца ў палон. За такі ўчынак Сталін не пашкадаваў нават роднага сына. Гуманны Захад таксама закрыў вочы на рускіх палоннікаў. Ніадкуль не чакалі дапамогі.
І мы, хоць прысягі ніякай не давалі, занесены былі ў чорны спісак. Хутка пачуем:
— Трэба было ісці ў партызаны. А то паехалі ў Германію.
— Прымусілі, — скажа Сідар.
— А ў цябе што, ног няма?
— У нагах няма праўды.
— Бачылі яго, які філосаф!
— Дык я і ад вас мог уцячы.
Сідар трапіў на разумнага фільтратара. Перамагла логіка. Цікава, які лёс рускага інжынера з канструктарскага бюро? Жыў у горадзе, пад віядук не заглядаў, харчаваўся разам з немцамі. Добра апрануты, гладкі, з высакамерна ўзнятым падбародкам. Ідзе фабрычным дваром як лунацік. Не бачыць ні нас, ні французаў, ні — дзіва дзіўнае! — рускіх. Усе мы для яго смецце. Шцірліц? І колкае высакамер’е, што вярэдзіць тваё нутро — мяккая адплата мерзким здраднікам? Пэўна, так і паводзілі сябе ў варожым тыле асы славутай разведкі. А мо сярод няроўных былі раўнейшыя. Як той латыш з такарнага цэха. Сёрбае з немцамі гарохавы суп і ўжо глядзіць на цябе, падвіядукавага, з належнай вышыні. Не зайздрошчу вам, сляпыя акцёры, гістарычнай трагікамедыі.
Наш спектакль акрылены агнявымі памкненнямі. Французы зацягнулі натхнёную песню. Ідуць по долинам и по взгорьям. Відаць, менавіта так і гучыць знаёмая песня на французскай мове, бо спяваюць з уздымам. У паход уключаемся і мы. І наша знамя наливается кумачем последних ран. Песня ператварае сон у яву. Марыс ужо на варштаце пад партрэтам Гітлера. Пора ў вусы фюрэра дзеркачом.
— Raus! Raus!
Цэх у нашых руках. Наглядчыкі, якія ў чарговае палітпастраенне мелі панаваць над намі, павесілі насы, шмуляюць напільнікамі па сваіх матрыцах і нічога не чуюць, нічога не бачаць.
У фабрычнага бобіка якасны слых. Чэша з „Бэрты” ў нашым кірунку. А ў Марыса арліны зрок. Канцэрт закончаны. Усе на сваіх пастах. Высвятляй, бобік, слых у сваіх камэрадаў. Але ён спыняецца ў дзвярах. Навастрыў вушы.
А, дужа прыемна! Маё амплуа. У маіх руках пякельная машына: націсну на спуск — урэжа па тоўстай блясе, такога лязгу на ніводнай перадавой не пачуеш. Бобік уражлівы быў на гэту музыку, куляй выскачыў з дзвярэй.
Яшчэ не раз хадзіць будзем па далінах і па ўзгор’ях. І нашы немцы звыкнуцца з песняй, і нікога не выдадуць. Там, на іхніх спектаклях дагнівала матэрыя, на нашых — узнімаўся дух, узрастала надзея на аднаўленне свету.
Bonjour, Марысы, П’еры, Фанфаны! Бачу вас у кенігсбергскіх снах. Як маецеся? Усё „траваі, траваі!”? Непадуладныя зямным прыцягненням. Якая таемная сіла прыкавала вас да варштатаў Штэйнфурта? Не чую песні. Панылы наш цэх. І вы ў ім панылыя. Ужо Krieg zu Ende. Стаім на зломе вякоў, раструшчаны ідэалы, пераніцаваны свет, сарваўшыся з арбіты здаровага сэнсу, нясецца немаведама куды. Хто мы? Адкуль мы? Дзеля чаго жывем? Параноідныя мастадонты расшчапілі атам, наладзілі Хірасіму, Чарнобыль, страшаць зорнымі войнамі. Я стаў двойчы дзедам, а вы — вечна маладыя, у рабочых камбінезонах — трываеце на вызначаных лёсам пастах. Не апазнаеце барадатага „ненаша”. Героі! Не пакінулі гістарчыную сцэну... Salut!23
Было і так. Ноч. Вяртаемся з Мішэлем з горада. Мінулі парк Rathshof. Увайшлі на Appelbaum Strasse. І чуем выразна: нашы грудзі распірае славянская адвага — пачалі дзейнічаць градусы, якімі зарадзілі нас землякі з Ostlandwerke. Паставім усю вуліцу на ногі! Пакажам жабаедам якія мы героі!
І зацягнулі на поўны голас По долинам и по взгорьям. На вуліцы містыка пустэчы, а мы дасягаем вяршыняў песеннага майстэрства. Над сонным Кенігсбергам нясецца рокат штурмавых начэй Спаска. Каб надаць сабе большага форсу, забягаем наперад песні, асучасніваючы апошняе чатырохрадкоўе:
Разгромили, подавили,
В гроб загнали черный сброд
И на Балтике янтарной
Свой закончили поход!
Ідзем і галосім задзірліва, сяродкам вуліцы, быццам ачолілі наступ лихих эскадронаў далёкаўсходняй дывізіі. А па абодвух баках, замест мірных аконных адтулін, пагрозна касавурацца амбразуры варожага логава. Гэта не толькі ўява — наўпрост нашага лагера месціцца ваенная часць.
Пранесла. Хоць бы нехта матам пакрыў. Нікога мы не зварухнулі. А ў бараку Вася Бобрыкаў яшчэ і дакарае:
— Што вы, хлопцы, здурэлі?
Вось і будзь героем.
Пасля Новага года скончылася новая Еўропа. Усіх славян перанеслі ў новаўзведзены лагер на Rathslinden, кіламетр на поўнач, за Hammerweg. Крыўдна. Ураслі ў Appelbaum Strasse. Акцэптавалі яе, яна — нас. Тут і кухня, і лагерфюрэр людскі.
Пачалася кульмінацыя казкі.
Новы лагер стаіць фронтам да парку. У нядзелю парк поўніцца аўсляндэрскай гаманой. У ім і спаткаў я Крысю, аднакласніцу, дачку маёй любімай настаўніцы пані Русіняковай. Жыве ў цэнтры, на Steindamm. Дала адрас, але папярэдзіла: найперш трэба пастукаць да суседа, сувальскага краўца — ён скажа, ці можна ўвайсці да яе. Паверхам вышэй жыве наглядчык, немец — баіцца яго.
У наступную нядзелю гасцюю ў Крысі. Разам з сяброўкай з Бельска гнездзіцца ў старой і вільготнай каменнай нары. Частуе гарбатай і штохвіліны — пальцы да вуснаў:
— Ціх...
І зрок у столь: немец не спіць. А я па натуры галасісты, не прывык гаварыць паўшэптам. Холадна. Няма чым паліць у печцы. На другі раз прывёз дзяўчатам прэзент: пакунак брыкету, расфасаваны ў лагерным складзе.
Шкада, што спрасаваныя цаглінкі торфу нічога не вартыя ў абменным гандлі. Квітнее ён у лагерах.Тады і верцімся наўкруг лагераў, хоць у гэтай сферы ў слесараў мала шанцаў. Што магу прапанаваць у абмен? Толькі грошы. Часам спасцігае ўдача. Як цешыўся я, калі здабыў слоік лою!
Гандлёвую славу займеў лагер на „Смеццях”, бадай найстарэйшы ў Кенігсбергу, пабудаваны на былым гарадскім сметнішчы. Гусціўся тут разнародны кантынгент, клеймаваны і без клеймаў, і галінова стракаты. Гандлёвымі патэнтатамі былі разнікі, пекары, дастаўшчыкі. „Смецці” сталі таксама вядомым цэнтрам таварыскіх сустрэч. Былі яны і першым прыпынкам міжбуганёманскіх кенігсбергцаў.
Неўзабаве і Rathslinden уступіць у спаборніцтва за вядучую ролю. З трох бакоў абраслі мы новымі баракамі. Злева пасяліліся ўкраінцы (уцекачы), справа — французы, на тыльным баку — італьянцы. Аблогавы чатырохкутнік састыкаваў артылерыйскі склад.
Лагерны рэжым? Выспавы. На кожнай выспе свой. На адну выспу заходзь, калі хочаш, на другую ўпускаюць толькі ў вызначаныя гадзіны, на трэцюю ўводзяць пад канвоем. „Трэція” пакуль што абмінаю. Варункі ўсюды падобныя. Раніцай, як заведзеныя, бегаюць ад барака да барака падручныя лагерфюрэра:
— Пад’ём!
Дасыпаючы ноч, спаўзаем з ложкаў, нацягваем нагавіцы...
— Хутчэй! — таропяць назолы. — Раз-два!
Ускакваем у дзеравяшкі. Клып-клып да крана. Халоднай вадой праціраем вочы, глытаем кубак чорнай кавы, апранаемся — і подбегам, каб не спазніцца, на фабрыку. Ад 6-й да 18-й ішачым. З той жа, што і раніцай, прыткасцю „дамоў” — спознішся, можаш застацца без вячэры. Баланда баландою, а гнала ў баракі.
Рэжым на нашай выспе параўнаўча цярпімы. Лагер адчынены круглыя суткі. Каб не клятыя „каны”, можна было б лічыць ніштаватым. У новым лагеры няма кухні. Абедаем пад віядукам, а вячэрнюю бручку і ранішнюю каву цягаем у металічных каністрах („канах”) з Appelbaum Strasse. Dolmetscher24 Казік Сэнктас гоніць чаргу шпарка, вядзе ўлік без льготаў.
Бязглуздае вынаходства страўнік.
У нядзелю штуба дае форсу. З усяго горада з’язджаюць да Байды маладыя скідалянкі. Вее ад іх непагаснай вясковасцю, харошым сваяцтвам. Байда квітнее, кожную зямлячку аблашчвае цёплым словам і ўсаджвае ў рад на сваім і суседскіх ложках, быццам выстаўляе напаказ: глядзіце і зайздросце.
І штуба пераўтвараецца ў глядзельную залу. Нават зачынены на ўсе спусты Манкевіч адпускае шлюбныя папругі і зычліва зіркае на Байдаў спектакль. Відовішча спантаннае. Руплівы пастаноўшчык займае ў міжложкавай прасторы цэнтральнае месца і ўвасабляецца ў ролю галоўнага героя. Пахмурнее, надае сабе паставу асуджанага і, апусціўшы долу вочы, пачынае паказ шчымлівай песняй. Як правіла, пранікліва саліруе:
Ой, помру я, помру я,
Похоронят меня,
И родные не узнают,
Где могила моя.
Быццам спявае паніхіду сабе. А хлопец здаровы, румяны, малайцаваты. І спявае пра смерць. І песня балюча штурхаецца ў нашых грудзях. Усе мы прыгавораны на такі канец.
Аднойчы брыгадзіру намякнуў я пра адплату. З немца вылілася ўся зараза:
— Пакуль вы нас, мы расправімся з вамі...
Сказаў коратка і ясна. Пераможа мацнейшы. Ныць было ад чаго, але тым не менш цеплілася перакананне, што мы акажамся наверсе. А пакуль цяпельца не гасне, трэба верыць у жыццё.
Гэтая цяга, як і ўсё ўздымнае, нарадзілася нечакана, па штуршку сэрца, як бунт супраць тупіковага побыту.
— А чаму б нам не стварыць сапраўдны тэатр? — кажу Мішэлю. — І не жальбы і бяссілля, а такі, які б узнімаў настрой, бадзёрыў. Ты ж акцёр, бяры справу ў свае рукі.
Пасля заканчэння вучобы ў Гайнаўцы Мішэль атрымаў працу на Палессі. Там і праявіў свой прыродны талент, іграў у тэатры. Дык у сябравых вачах зацяпліліся далёкія іскры.
— Думка добрая, — кажа. — Але адкуль узяць п’есу?
— Напішы.
— Які ты вынаходлівы! — іранічная ўсмешка. — А ці ты ведаеш, што гэта такое — напісаць п’есу?
— Дасі рады. Толькі пішы вясёлае. Байда знудзіўся.
— Вось-вось... Вясёлае!..
— Выручу! — ускочыў я ў азарэнне: у мяне ж дома ляжыць стары гадавік Dookoła świata, а ў ім „Сватанне”, камедыя Міхаіла Зошчанкі, бы напісана для нас.
— Дастану п’есу!
Напісаў брату — і на другі тыдзень уручыў Мішэлю пажоўклы гадавік. Мішэль не меў выбару, узяўся за спектакль. Скалаціў трупу, распісаў ролі, пачаліся рэпетыцыі. А героі капрызныя. Першая замінка — і задні ход:
— Выбачай, Мішэль, але без мяне...
Мішэль лютуе:
— Ёлупень! Працуй над ім, рабі яму ласку, а ён „без мяне”... „выбачай!”
І бярэ на варштат новага камедыянта. А мяне абмінае. І мне ад гэтага прыкра. Няўжо я такі нікудышні? Да таго, відаць, і ёлуп з ёлупаў. Ды прыходзіць одум: а каго мог бы я сыграць? П’еса невялікая, дзве жаночыя ролі і тры мужчынскія: бацька, сват і нарачоны. У бацьку ўвасобіўся сам рэжысёр і дырэктар тэатра, з роляй свата добра спраўляецца Янэк Шуміцкі. Клопат з нарачоным. Куды мне да гэтай ролі. Мішэль мае рацыю, буду выкідайлам. А мастацкую мрою выб’ю з галавы мячом.
Лагер наш дагэтуль слыў танцамі. Гулялі за нашай сцяной, у гродзенскай штубе. У кожную нядзелю, як толькі нашы страўнікі, напоўненыя спрыяльнай бручкай, ператвораць арганічнае змесціва ў актыўную энергію, з’язджаюць гарадскія дзяўчаты, прыходзіць Андрэ, прыязны француз, спускае з пляча акардэон, кладзе пальцы на белыя клавішы, расцягвае залатыя планкі і ўводзіць нас у кругаварот танца. І пад Rosamunde віруе барак да знямогі.
Але прыйшла вясна. Разам з Байдавымі спектаклямі абрыдла і Rosamunde. А за брамай футбольнае поле, пустыя вароты, без „часавых”. Ствараем каманду! Апытаў штубу. Вясковыя хлопцы толькі хмыкаюць:
— Футбол? А што гэта такое? З чым яго есці?
Ніхто з іх ніколі ў футбол не гуляў, ніхто нават не бачыў, як у яго гуляюць.
— Во, лапта — гэта гульня! — пераконваюць.
Дык такія ж адносіны „нашых” былі і да тэатральнай задумы. Сярод вясковых палякаў падобная пастава. Каманду склаў з гродзенцаў і прыгодных знаёмцаў. У гэтай справе я перагуляў Мішэля. Ён футболам не цікавіўся.
На першы бой выклікалі мы сваіх французаў. Змагаліся як „за вашу і нашу свабоду”. Рылі мураву камашамі і насамі — перамаглі. Акрыленыя ўдачай, не ўступалі і ў наступных баталіях. З забітымі мячамі, здабывалі і балельшчыкаў. Палякі сустракалі нас як герояў нацыі. Аднойчы, на прагулцы ўздоўж Hammer Teich, што за стадыёнам, пачуў я захоплены голас, скіраваны ў мой бок:
— O, patrz, patrz — nasz obrońca! Prawy bek!
Упершыню спазнаў смак славы.
Рэха перамог прыцягнула з горада новых футбалістаў. Ужо мы паказвалі салідную гульню. Клеілася гарадская зборная. Расля прага подзвігу.
Ад галавакружэння выбавіла паліцыя. Прагнала нас з нямецкага поля. Не выбіла толькі з галавы ідэі. Наўзбоч Steffeck Strasse, за яўрэйскімі могілкамі знайшлі мы дзікі лужок — і там, назіраючы за дарожным рухам, рыхтаваліся да вышынных узлётаў.
А тым часам Мішэль поўным ходам вёў тэатральныя рэпетыцыі. Атрымаў ужо і дазвол на пастаноўку, распрадаў білеты. А перад генеральнай рэпетыцыяй „нарачоны” заяўляе:
— Выбачай, Мішэль... і гэдэ.
Здавалася, героі змовіліся знішчыць тэатр. Але хоць і загналі дырэктара ў тупік, волі ягонай не зламалі. Непераборлівы ў сродках, не аблашчваў ганарліўцаў, выставіў на пробу наша сяброўства. Што было рабіць, падаў я сябру руку дапамогі, згадзіўся на ролю нарачонага. Ратаваў не так сябра, як ідэю — супольную. А роля як роля. Не надта каб складаная. Ды як яе адолець у маланкавым тэмпе? Рэжысёр дае палёгку, магу імправізаваць. Маім заданнем, перш за ўсё, паглынуць вачыма нарачоную, час ад часу кідаць рэплікі, і ў фінале хапіць абранніцу ў гарачыя абдымкі.
Экзамен залічыў я на тройку. З першым настаўленнем не было клопату. Мая партнёрка — чароўная дзяўчына, паглынаў яе з апетытам. І рэплікі былі што трэба. Апраставалосіўся ў канцы. Справа ў тым, што да чараўніцы заляцаўся сам рэжысёр. А тут — які шэльма! — крычыць на мяне:
— Цалуй яе! Ну, цалуй!
Аказваецца, я толькі падаваў від, што цалую. А трэба аўтэнтычна — уводзіў у сістэму Станіслаўскага. Глядач не любіць прыкідвання. А ў мяне, цельпука, маральныя цуглі, не хапае адвагі пацалаваць гераіню — баюся: пасля гэткага ўчынку яна адвернецца ад Мішэля. Ну і атрымаў па заслугах: нарачоная зірнула на мяне з дакорам. Абяцаю выправіць памылку пры адкрытай заслоне.
І вось той дзень. Сцэна на Appelbaum Strasse размаляваная казачнымі ўзорамі. Набітая зала. Прыйшлі не толькі нашы і французы, але і з горада. У першым радзе лагерны істэблішмент: абодва лагерфюрэры, іхнія падручныя, прыкарытная чэлядзь. Дрыжу ад хвалявання. Зыркаю на Мішэля — рассеўся ў фатэлі, пыхкае люлькаю, кіўкамі галавы адабрае маналог свата, быццам сядзіць у ціхім пакоі, а не ў люднай зале. Геній! Маці (Ганорка) ходзіць каля стала, рыхтуе пачастунак і ласкава лыпае на будучага зяця. А я з нарачонай (Ясяй) твар у твар. І бачу толькі яе вочы. Паглынаю іх (па сцэнарыю) і адкрываю (не па сцэнарыю), што яны зялёныя-зялёныя. Такіх вачэй не бачыў з роду. Смарагд самай высокай пробы.
— Што так глядзіш на мяне? — паўшэптам цікавіцца Яся.
— У цябе цудоўныя вочы.
— Падабаюцца?
— Вельмі.
— Ой, не глядзі так.
— Калі інакш не магу.
— Мішэль наказаў?
— Не, па сваёй волі.
— Ой...
Добра, што не паспеў вывучыць ролі. Смарагдавы цуд падказваў мне словы, міміку і дзеянне. І калі пачуў бацькоўскае „дабро” і прыціснуў да сябе партнёрку, здалося мне, што здаў жыццёвы экзамен. І быў шчаслівы. Бурныя воплескі, вядома, запісаў на свой рахунак. А ці пацалаваў Ясю? Наўрад.
Акрамя камедыі, былі скетчы, песні і танец. Тут вылучылася Лёля і рускі інжынер (не з фабрыкі). Яна — акрабатычным шпагатам, ён — эксцэнтрычнай чачоткай. Абое мастакоўскім чуццём выведалі наша мерапрыемства, з’явіліся ў разгар падзеі, і мы выпусцілі іх на сцэну без рэпетыцыі. І не памыліліся.
Падахвочаны поспехам, Мішэль пачаў пісаць п’есу з лагернага жыцця. А я наклікаў на сябе бяду. Плаваў у аблоках, уявіў сябе адораным артыстам, і калі з Панямоння прывезлі новы кантынгент, вырашыў выпрабаваць на ім свой талент. І страціў пачуццё рэальнасці. Выстраіўся пад лагерфюрэра. Меў хромавыя боты, галіфэ, чорную куртку, лыжную казырчастую шапку. Чаго яшчэ трэба? Чырвоны шматок на рукаў. Гакенкройц нарысаваў вуглём. Пераапрануўся:
— Ну, як?
— Першы сорт! — кажа „Сват”, які згадзіўся згуляць ролю перакладчыка.
— Дзейнічаем зыходзячы з сітуацыі.
Дарэчы, наш лагерфюрэр ніколі ў падобным адзенні не хадзіў. Але адкуль новым ведаць, як апранаецца наш лагерфюрэр. Яны яго, пэўна, вось такім і ўяўляюць. Пайшлі ў крайнюю штубу, да дзяўчат. А там поўна кавалераў.
— Was ist los!? — стаўлю з парога законнае пытанне. — Warum hier ist viel Mann?
— Пан лагерфюрэр пытае, што тут дзеецца? — перакладае Янэк Шуміцкі. — Чаму тут толькі мужчын?
Хлопцы скусціліся пасярод штубы, дзяўчаты сарамліва стаяць між ложкамі. Усе з пытальным позіркам у пашыраных вачах.
— Verboten! — я.
— Забаронена! — Янэк. — Нельга! Няможна!
Усчаўся гармідар:
— А што нам можна?
— Усё, што не забаронена.
— Мы цёмныя людзі.
— Асвецім дубінкамі.
Махаюць рукамі на вокны:
— Паненка далёка! — пераконваюць. Сюды зайшлі на хвілінку. Каб залагодзіць небяспечнага прышэльца, працягваюць шклянку мутнай мармытухі.
Сідар, як зпад зямлі: „Толькі не выбухні рогатам, сківіцы вывіхнуць гэтыя асілкі!”
А яны здзіўлены: лагерфюрэр — і не пітушчы. Выкручваюцца, бы ўюны, просяць памілавання, каюцца:
— Больш ніколі, ніколі...
Дапусціць да цалавання рук?
— Gut! — вялікадушна дарую правіну. Нават хлопцаў не выганяю з дзявочай штубы. Пан лагерфюрэр добры.
— Gute Nacht!25
Імправізацыя спадабалася мне. Ад дурное радасці панёс яе ў суседнюю штубу, затым у другі барак, трэці.
І тут гарэў.
Адток казкі. На пачатку засялення новага лагера прыбіўся да нас адрозны ад шэрага і зрэбнага кантынгента донжуаністы брунет: з выпешчанымі вусікамі, у модным капелюшы, у дыхтоўным плашчы і ў польскіх афіцэрках на нагах. Прыхадзень з іншага свету.
— Толькі што з Варшавы, — прадставіўся. — Зусім незнаёмы з тутэйшым парадкам. Увядзіце мяне ў новыя абставіны, — папрасіў.
І мы х Мішэлем пасвяцілі яго ў нескладанае лагернае таінства. Выдаўся мне сімпатычным і я намякнуў, што з выгляду нагадвае цыганскага барона з даваеннага кінафільма.
— Я расавы мутант, — усміхнуўся просьбіт. — Маці полька, а бацька венгр.
На гэтым скончылася наша знаёмства. У фабрыцы яго не сустракаў, у лагеры таксама. І вось ён сядзіць за сталом сярод навічкоў. Нешта крэмзае на паперы. Ускінуў галаву — сумеўся. Чорныя бровы настабурчыліся. Абмацвае мяне пранізлівым позіркам, бы гайнаўскі чэкіст у „Белай вязі”.
Расхацелася мне гуляць у тэатр. І я, нягледзячы на ваяўнічую атрыбутыку, якую начапіў на сябе, бясслаўна рэціраваўся — у пачатку дзеі, так і не вымавіўшы ніводнага слоўца.
Артыст згарэлага тэатра!
На другі дзень папаўзла чутка:
— Аб’явіўся самазваны лагерфюрэр! Шукаюць самазванца...
Во які тэатр!
Я, дзеля маскіроўкі, перабраўся да суседзяў, у гродзенскую штубу. Але колькі можна хавацца? На трэці дзень пайшоў з павіннай.
Убачыўшы свайго дублёра, лагерфюрэр прыжмурыў іранічна вочы, а паколькі я застыў ля парога, падсцябнуў едкім загадам:
— Ну, чаго маўчыш? Гавары, што хацеў здзейсніць? Ідэя? Мэта?
Выклаў я, як на споведзі, не толькі ідэю і мэту, але і вытокі. Аднак маё шчыраванне не зрабіла на немцу спадзяванага ўражання. Ён быццам і не чуў таго, аб чым я яму дакладваў. Асёк мяне нечаканай контрай:
— Ведаеш, хто ты? — садануў пад дыхі. — Ты дыверсант!
Я стаяў, як громам аглушаны: такая высокая ацэнка майму спектаклю!?
— Не заслужыў на такую ацэнку, — кажу са скрухай.
— Не заслужыў? — вываліў здзіўленыя вочы лагерфюрэр. — А хто асмейваў наш парадак (ordnung)? Хто прафанаваў нашу сімволіку? Хто аплёўваў немцаў? Ведаеш, што заслужыў? Штутгоф! Мадзьяр мае рацыю, твой учынак павінна рашаць гестапа.
Які фінал! Палітычнае афармленне мастацкага парыву, зробленае паўваршавякам (выявілася, агентам гестапа), выварочвала мае летуценні, ставіла крыж на ілюзіі, паказвала шыпы мастацкай дзейнасці. Замест прызнання ўдзячнай публікі, пуцёўка ў Штутгоф. Канец камедыі. Пачынаецца драма.
Ну і ліха з вамі! Якая розніца, Кенігсберг — Штутгоф? Аб розніцы даведаюся пасля вайны.
Лагерфюрэр не дае часу на панылыя роздумы, гоіць мае душэўныя траўмы мёдам:
— Але ты нікуды не пойдзеш. Ты свабодны. Бачыш, Вольковыкі, які я добры чалавек...
Пусціць у яго каменем? Выцек увесь накіп. Як ні дзіўна, лагерфюрэр усапраўды быў чалавечы. Ніколі нікога не ўдарыў, на нікога нават голасу не павысіў. Дбаў пра баланду і чорную каву, а яшчэ і пра брыкет у чыгунныя печкі. А што ён мог больш зрабіць для нас? Мы ўсе з супярэчнасцей і нечаканасцей, з аднаго рэактара.
Аб прычыне высакароднага ўчынку лагерфюрэра даведаўся я ў штубе. Трымаў ён злосць на мадзьяра. Надоечы яны пасварыліся (вядома, не зза мяне) і мадзьяр наламаў лагерфюрэру бокі. Дык цяпер лагерфюрэр, памілаваўшы мяне, паказваў яму дулю. Мог гэта рабіць, бо шпік ужо выяўляў дыверсантаў у іншым лагеры: знік на другі дзень пасля майго жалю вартага прадстаўлення. Гнаны дзеравяшкамі з беларускай штубы, дзе шукаў дыверсанта, адбіваўся рэвальверам: гэтым і выдаў сябе.
Значыць, гарэўшы, я спаліў гестапаўца. Ці ж я не дыверсант? Ліквідаваў, хай і несвядома, варожага агента.
Рана, чытач, цешыцца. Лагерфюрэр, нягледзячы на сваю дабрату, усё-такі адправіць мяне (праўда, праз некалькі месяцаў) за калючы дрот. Праўда, не ў Штутгоф (ужо адпала такая магчымасць), а ў лагер працы строгага рэжыму. Інакш гаворачы, у Штутгоф, толькі без газавых камер. І я хапіў сваю порцыю заслужана. Не нашу да нікога жалю.
Мая тэатральная кар’ера скончылася з пшыкам. Такі лёс чакаў і футбольную мрою. Матч зборных Польшчы і Францыі развеяла нечаканая падзея. Ядро каманды складалі штэйнфуртцы. У пачатку жніўня ўся наша група трапіла на акопы, папоўніла ліміт раёна Rathshof.
Едзем на паўночны ўсход. Разам з немцамі. Неверагодна — няма вагонаў з таблічкамі Nur für Deutsche26. Сузіраем краявід і расавых спадарожнікаў. За акном не бачна слядоў вайны. І звышчалавекі не капрызяць. Успомніўся Рудзі, апошні малады немец з фабрыкі. Служыць у Польшчы. Надоечы зазірнуў у цэх. У вайсковым. У Кенігсбергу залізваў раны. Вяртаецца ў часць. Смальнуў пякучым позіркам. А з якой рацыі? Ці ж я вінаваты, што цябе падстрэлілі польскія партызаны? Чаго лез?
Тыльзіт. Іншая карціна. Патрушчаная чыгунка. Уздыбленыя каркасы абгарэлых вагонаў, разбітыя танкі, перакуленыя гарматы, дымяць пажарышчы. Паветра насычанае фронтам.
А пад Таўроген глеба пясчаная, праца лёгкая, кухня нямецкая. Сонца многа. І немцы — людзі. Рай!
У раі як у раі — прапіска кароткая. На хутары, дзе начуем, чулі ад гаспадара — ліцвіна:
— Тут былі ўжо рускія танкі.
Назад! У Тыльзіце вялікі бардак. Быў новы налёт. Эвакуіруюць раненых. Кенігсбергскія немцы грузяцца на самаходы і ад’язджаюць у невядомым напрамку. А мы цэлую ноч і палову наступнага дня чакаем з мора пагоды. Пад поўдзень з’яўляюцца функцыянеры арбайтсфронту і ўпакоўваюць нас у апусцелы лагер на Flott Strasse. Не паспелі мы разгледзець барачных клапоў, як падставілі грузавікі і завезлі нас на станцыю Palleiten. Нанач у лагер. Клапы не даюць заснуць. Перабіраемся на поле. Дасыпаем ноч пад адкрытым небам.
Так качавалі цэлы тыдзень: Flott Strasse — Palleiten — Flott Strasse. Урэшце прыходзіць пасланец ад нашых немцаў. Яны на правым беразе Нёмана, наццаць кіламетраў ад Тыльзіта. Як сцемніцца, уцякаем. Ідзем левым берагам ракі да пераправы. Дайшлі — парома няма, ужо замацаваны на другім беразе. Улазім у кусты і дрэмлем да раніцы, пакуль прычаліць паром. Немцы яшчэ спалі, калі мы дабрылі да размяшчэння групы. Даюць нам дзень адпачынку. І да лапаты! Укопваем бетонныя гнёзды ўздоўж берага ракі. Затым суднам уніз, да Russ. Тут рыем траншэі. Мясцовасць нізінная, мокра. Глыбока не ўкопваемся, вышыню акопа павялічваем дзярном. Не ператамляемся, даследуем аколіцу, і цікуем за супам. Немцы злуюць:
— Да работы дык вас няма, а да супу першыя!
Данеслі кіраўніцтву. Цяпер чакаем, пакуль адыдзе ад катла апошні немец. Зноў старыя пердуны пачуліся прусамі.
Пад канец месяца кенігсбергцы збіраюцца ў дарогу. Аўсляндэры застаюцца. Ведаем, чым гэта пахне. Наша пяцёрка рашае: ідзем за імі. Так і робім. Не спускаем „нашых” немцаў са зроку. Ідзем на Heydekrug. У гэтым кірунку рухаюцца і чужыя немцы. Ноч. Перамешваемся. Ніхто нас не апазнае.
У Heydekrug ужо падстаўлены вагоны. Аднак пасадкі няма. Не было каманды. І немцы чакаюць. Спрыяльны момант. У вагонах дзверы з абодвух бакоў. З заслоненага тылу займаем непраходнае купэ, дротам завязваем дзверы і чакаем штурму. Доўга не чакалі. Пайшла пруская раць у свой апошні наступ. Дрот моцны, стрымлівае атаку. Мы толькі праз дрыготкія дзверы ўразумляем адубелых тупіцаў:
— Voll!27
Без асаблівых стрэсаў даехалі да Кенігсберга. На Nord Bahnhof28 здзіўлены gruppenfürer:
— Прыехалі цягніком, у якім не хапіла месца немцам? Я вас не ведаю!
30 жніўня. Вярнуліся ў іншы Кенігсберг. Дзве ночы пасля масіраванага налёту альянтаў. Бомбы скінулі і на Waggonfabrik. Пашкоджаны два вялікія цэхі: „Бэрта” і „Фрыц”. Vorrichtungsbau уцалеў.
Ноччу паветраная трывога. Нам трэба бегчы на яўрэйскія могілкі. Там, пад драўляным насцілам, прыкрытым тонкім слоем гравію, наша бамбасховішча. Адзін дах на слупах. А мы стаміліся, бегаць не хочацца. Абдумваем мову сігнальных гудкоў. Мо трывога заўчасная? Мо зараз яе адменяць? Але гудкі выюць, аж захліпаюцца. Выходзім з барака. Хіба рускія? Яны вялікага вэрхалу не чыняць. Але з прарэзлівым енкам гудкоў злілося панылае ду-ду-ду паветранай армады. Альянты! Плывуць ад мора. У небе гірлянды іскраў. Неба гарыць і падае на горад. А над бяздымным полымем цёмныя абрысы бамбавозаў. Пасоўваюцца роўнымі радамі. Вогненнае неба ніжэе і ніжэе. З усіх ног у сховішча! Але не на могілкі. Займаем нямецкі бункер, бетонны. Стаіць ля вугла Rathslinden i Hammerweg. Сядзім, як у каменнай труне. Ніякіх гукаў звонку. Усё гарыць?
Урэшце вылазім на паверхню. Дзіўны спакой. Неба нармальнае. Баракі цэлыя. І Казік Сэнктас на сваім пасту. Зноў актыўны:
— Усе на фабрыку, гасіць пажар!
А мы пад ложкі. Хай яна згарыць, твая фабрыка! Не будзем ратаваць. У штубу ўлятае Буцвілоўскі:
— Хлопцы, паліцыя!
Выскокваю цераз акно. Праціскаюся пад драцянай загараддзю на бульбяное поле. Падаю ў бульбоўнік... і засынаю.
Кенігсберг рассыпаўся. Старое места раструшчана ўшчэнт. Спынілася дарожная камунікацыя. Дзесяць тысяч забітых. Жалоба ва ўсёй Германіі. Пошукавыя каманды вылузваюць з руінаў новыя ахвяры, з засыпаных „келляў” вызваляюць жывых. Хлеб скочыў з 4-5 да 20-30 марак за кілаграм.
Каму жалоба, а ў нашым бараку пaнуе несмяротная Rosamunde. Андрэ не патрабуе платы, як і раней іграе дзеля ідэі. Bald Krieg zu Ende!
Віруем укруг чыгуннай печкі. Нам добра. Жывем!
Штуба ўпакавана бяздомнымі. Валетуюць ледзь не на кожным ложку. Тут і знаёмы разнік. За семдзесят марак можа даставіць кілаграм лою. Ператапляем тлушч у місках: дасканалая прыправа да супу. На вялікую раскошу не дазваляюць заробкі: 90-100 марак у месяц. Дык ноччу патрошым нямецкія агароды. Бульбяное поле за плотам не кранаем, каб не пала на нас падазрэнне.
Выграбаючы з друзу мерцаў, шукаем і падземных скарбаў. Часам выграбаем пачак тытуню, кавалак сыру, пушку мармеладу.
Шныраючы па Steindamm успамінаю Крысю. Што з ёй? Была ў эпіцэнтры пекла.
Vorrichtungsbau — о дзіва! — зноў уцалеў. Далей дзяўбу матрыцы. Не толькі рамантуем старыя, але і робім новыя. А Чырвоная Армія над Віслай. Гавару брыгадзіру:
— Які сэнс катаваць неарганічную матэрыю, калі яна ўжо не даедзе да Берліна?
А ён, падумаўшы:
— Даедзе ці не даедзе, не наша справа. Гэта клопат іншых. Мы павінны выканаць сваё ў вызначаны тэрмін.
Брыгадзір уціхамірыўся. Пудовы кулак, які як дамоклаў меч вісеў над маім кумпалам, так і не апусціўся. Немец прыкмеціў, што я, хоць і някемная дубіна, але ўмею чытаць тэхнічныя рысункі. Дык замест лаянкі клаў на маю матрыцу патрэбны чарцёж — і мы ўвайшлі ў стан узаемаразумення. Горш складваліся адносіны з гомасапістым пацуком. Варты большай увагі. Як еў свой Frühstück29, дык не спускаў з мяне злога пацучынага позірку. Давіўся намасленым бротам30, але ніколі скібачкі не даў. Я і не чакаў ад яго гасціны, толькі ўцяміць не мог, чаму ён у час яды асабліва цікуе за мною. Бачыў у маіх вачах воўчую аскому? Баяўся за свой харч?
Рудзі паслядоўна разбураў ува мне чалавечую годнасць. Патрэбны яму свердзел — komm mit!31 —цягне з сабою праз усю фабрыку ў інструментальную кладоўку — ён наперадзе, я за ім. Вяртаемся ў тым жа пастраенні, толькі ён крочыць з заложанымі за спіну рукамі, як пан, а я іду з апушчанымі вачыма, як прысаромлены паяц, у руцэ маёй „кляймо” — інструмент: можна б улажыць у нагрудную кішэнь, дык не, нясі ў руцэ, каб усе бачылі тваю ролю. Падкрэслена грукаю катаржнымі Holzschuhe. А грукай уволю. Таксама мне пратэст...
Вялікую насалоду атрымліваў Пацук з майго ўпадку. Ад ягонага здзеку і я абяртаўся ў нелюдзя — вынашваў дзікую расправу, вызначыў тэрмін і месца пакарання, і чакаў, чакаў, чакаў...
Падзеі разгортваліся ў належным накірунку, перш за ўсё на Усходзе. Чырвонасцяжная наганяла непрыстойны страх на звышчалавекаў. Клічнае Heil Hitler!32 злілося ў нечленараздзельнае „Гайлітля” і, замест узнімаць нямецкі дух, азадачвала. Мы, аўсляндэры, з непрыхаванай радасцю сачылі за метамарфозай і, з адчуваннем сваёй перавагі, мацней націскалі на наш пароль: Hitler kaputt!
Цівуны прыкінуліся глухімі і быццам падабрэлі. Адзін Пацук касавурыўся і трымаўся ранейшага курсу. І я не вытрываў. Паўздзейнічаю на твае, спыненыя ў развіцці, мазгавыя звіліны. І загнаў Пацука ў кут, а дакладней — прывёў (komm mit!) да пад’ёмнага крана, з дапамогай якога абрабляў я кавальскія матрыцы, і выявіў свой сакрэт:
— Слухай, Рудзі, хутка сюды прыйдуць рускія. Калі не станеш чалавекам, надзену цябе на гэты кран — круком пад бараду — і сканаеш уверсе пад рогат аўсляндэраў.
Ганебную смерць прыдумаў свайму ганіцелю. Пацук аж рохкнуў (чамусьці па-свінячы). Ад празмернай дозы допінгу? Зразумеўшы, што я не звар’яцеў, Рудзі абмяк. Упёршыся ў мяне жывёльнымі вачыма, кажа:
— Я не баюся рускіх...
Ах вось як! Дык ты можа і чакаеш іх?
— Warte mal!33 — не даю яму аддыхацца — А сын твой дзе? На ўсходнім фронце. І што ён там робіць, як думаеш?
Павесіў Пацук мызу і маўчыць. Урэшце адзываецца, зусім як чалавек:
— Ну, добра, ідзі — гуляй...
Такім чынам, хаваючыся ад шуцпаліцаяў , а перш за ўсё, уцякаючы ад іх пякучых дубінак, я і прагуляў ладны адрэзак прымусу. У склаўшыхся абставінах мой метад уздзеяння на пацучыную наравістасць наглядчыка здаваў экзамен, але папахваў дыскрэдытацыяй (хаця і несвядомай) савецкай законнасці, таму карыстаўся ім з аглядкай (кланяўся гайнаўскі чэкіст), і толькі ў крайнім выпадку, калі Пацукова памяць пачынала даваць збой. Я вяртаў яе лагодным канфідэнцыяльным шэптам:
— Bald Krieg zu Ende.
Пацук, калі выходзіў з ролі цівуна і ўглыбляўся ў сваю працу, быў нармальнай чалавекападобнай асобінай; весялеў, і авалодвала ім цяга да песні. Звычайна, спяваў пад нос папулярны куплет:
Geht alles vorüber,
Geht alles vorbei...34
Практычна гэтымі двума радкамі і вычэрпвалася ягонае песеннае майстэрства, бо канчаў песню неўразумелым:
Na na-na na na-na
Na na-na na-na...
І так гнаў час, круг за кругам, аж да знямогі. Сярод немцаў Рудзі слыў нават веселуном. Прыходзіў на працу напаўсонны, у апошнюю хвіліну. Матляў камэрадам рытуальнае, на паўзмах рукі, „Гайлітля” і, набраўшы ў ноздры цэхавага паветра, пачынаў круціць сваю катрынку.
Толькі аднойчы спазніўся. Увайшоў у цэх непераапрануты, увесь у чорным, з выцягнутым ад болю тварам. Перагаварыў з майстрам і пайшоў у раздзявалку.
— Што здарылася? — пытаю ў набліжанага да майстра падмятайлы-француза.
— Sohn kaputt!35 — адказвае.
Загінуў недзе пад Курскам. Вярнуўся Рудзі, ужо ў рабочай вопратцы, разлажыў інструмент, узяўся за працу. Настаўляю вушы. І што чую?
Geht alles vorüber...
І абрываецца песня. Вярнулася памяць.
Больш я не страшыў Пацука адплатай. Балазе, у ягоных чалавечых пачатках адкрыў абнадзейлівую слабінку. Рудзі — заядлы курэц, а картак на тытунь не хапае. А ў мяне бацькаў самасад чакае карыснага рэйтынгу. Што, калі падсілкую ім Пацука? І я, у чарговы прыступ Пацуковай амнезіі, сыпнуў яму пад вочы дробку прагнага ласунку. Пацук набіў самасадам трубку і, зацягнуўшыся белавежскім дымком, ухваліў:
— Gut Tabak!36
А я ўспрымаю:
— Scheisse Arbeit! Гуляй!
У час „шайсавых” прагулак — і пераліў я сваю нянавісць з Пацука на карычневых тхароў. Буравата-жоўтую форму насіла фабрычная стража. На гэту погань не было сродка. Найлепшы — зашыцца ў непралазную нару. І мы з Міхасём Харкевічам знайшлі, як нам здавалася, такое месца — на даху фабрыкі. Прабіраліся ў схованку праз цёмную вертыкальную бездань, па нейкіх дзівосных выступах, уладкоўваліся пад комінам і давалі храпака. Ды карычневыя тхары і там нас вынюхалі. Шчасце, наша чуццё падказвала трымацца коміна: калі па сонных целах загулялі паліцэйскія палкі, мы не паспадалі з даху і праз апраметную вертыкаль цэлымі эвакуіраваліся ўніз.
Прыдатным сховішчам з’яўлялася аўсляндэрская прыбіральня, ды ў ёй занадта „пахла” — тут вытрымлівалі самыя вынослівыя. Іншая справа — нямецкі Klosett37: беленькія адзіночкі з унутранымі зашчапкамі, чысціня, камфорт! Аднойчы Міхась, куды спрытнейшы за мяне, апанаваў мару, пранік у запаветную кабіну, зашчапіўся, асядлаў ракавіну... і заснуў. Прачнуўся сярод ночы і не адважыўся выйсці. Так і кляваў у пастцы да дзённай змены.
Вясной сорак чацвёртага спынілася ўсялякая сувязь з домам, набліжаўся фронт. Пацук, не атрымаўшы належнай нікацінавай дозы, пачаў раздражняцца. Урэшце сталі мы аднадумцамі.
Склаўшаеся становішча ацэньваў ён з пазіцыі наплявізму:
— Alles Scheisse!38
Пад занавес нашу брыгаду ўзмоцніў яшчэ адзін немец, Фішэр, былы тэльманавец. Але ён, адбыўшы належнае (10 год), замкнуўся ў самотніцкай крэпасці: ніякіх меркаванняў ад яго не чакай.
Капітуляцыя Італіі выкінула на балтыйскае ўзбярэжжа хвалю макароннікаў. Новае! У працягу адной ночы таварышы па зброі пераўвасобіліся ў ваеннапалонных. Мога іх у нас. У дзіўных капелюшах, насцярожаныя, звышруплівыя. Асаджваем іх:
— Piano, piano, Italiano!39
Наступная хваля хлынула з другога боку: фабрыку запрудзілі рыжскія яўрэі. Жудасная карціна. У паласатым адзенні, адны косці і скура, нечалавекападобныя. Пад стражай вермахта, але б’юць свае, паласатыя — драўлянымі паліцамі, б’юць па чым папала, асабліва, як прывязуць каністры з баландою.
А ў задымленай і смуроднай аўсляндэрскай прыбіральні эстрадны канцэрт. Выступае жывы шкілет, іграе на губным гармоніку „Мястэчка Бэлз”. Гэту песню пра любоў да роднай хаты не раз чуў я перад вайною па радыё ў выкананні варшаўскіх віртуозаў. Але ніхто яе не выконваў у такім натхненні. Відаць, і наш музыка быў выдатным майстрам. Уклаў у песню ўвесь свой талент, усю сваю душу. Развітваўся з роднымі мясцінамі назаўсёды, і перадаваў нам свой боль і жаль.
Сёння ўва мне кранальнае „Мястэчка Бэлз” невядомага рыжскага яўрэя злілося з незабыўнай Робсанавай „Місісіпі”.
26 студзеня 1945. Эвакуіравалі савецкіх ваеннапалонных. Апусцела фабрыка. Ніхто не працуе. Немцы, як аглушаныя, сноўдаюцца з кутка ў куток. У кожную хвіліну ў горад могуць увайсці рускія.
27 студзеня. Майстар прыйшоў у цэх з ранцам, да якога падвесіў запасныя чаравікі. Немцы ў чаканні. Як толькі завыюць сірэны, пакінуць горад. А ты, Жорж, чаго тырчыш тут? Вышмыгнуў на вуліцу. На Lawsker Allee танкі, самаходы, фуры, гарматы, зняможаныя ваякі — пагубілі аўтаматы, шынялі, шапкі. Забінтаваны прадукт чалавечага шаленства плыве на Пілау.
28 студзеня. Нядзеля. Загад лагерфюрэра: падрыхтавацца да экавуацыі. Гэтага нам толькі не хапала. Але дзень мінуў без неспадзянак. А пад вечар з горада прыйшлі дзяўчаты. І Андрэ тут як тут. І Rosamunde.
Ад сумнавядомай „дыверсіі” жыву ў гродзенцаў. Залез на свой верхні ложак і ўмольна ўзіраюся ў насценны алтар: над ложкам прышпіліў паштоўкі з белавежскімі краявідамі. Выключыўся з рэальнага вымярэння, углядаюся ў далёкі свет, душою лунаю над недасяжным.

