МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Букет Белавежжа, Анталогія краялюбнай паэзіі „белавежцаў”, рэд. Юры Валкавыцкі, Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Кніжка трыццаць шостая, Беласток 2001

Год: 2001
Cерыя: Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток)
Раздзел: Паэзія
Краiна: Польшча
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

БУКЕТ БЕЛАВЕЖЖА
Анталогія краялюбнай паэзіі „белавежцаў”

Анталогія ў перакладзе з грэцкае мовы значыць букет кветак, а дакладней збіранне іх. Старажытныя грэкі так называлі зборнікі выбраных твораў паэзіі. Вось і ў нас наспеў час збору паэтычнага суквецця. Мінае сорак пяць год белавежскага прарастання. Адбывался яно пад уздзеяннем магутнай сілы — любові да роднага: мясцін, дому, слова. Святым пачуццём прасякнуты і дароўны „Букет”. Многіх дарцаў няма ўжо сярод белавежскай сябрыны. Хто адышоў у лепшы свет, хто — у невядомасць. Белавежжа расхінулася ва ўсе бакі. Цяпер наступае згушчэнне. Ці яно прынясе новую якасць і ў адносіны да роднага?

Георгій Валкавыцкі

Агнія

* * *

разгубіліся мы
і ніяк не можам
знайсці сябе
ў натоўпе
дваццатага стагоддзя
жыццё бяжыць так хутка
без перапынку
няма больш павароту
да нас шалёных
да нас закаханых
да нас без розуму
да тых што думалі
і ніяк прыдумаць не маглі 
як жыць
як жыць
а гэта ўсё так проста
быць чалавекам



Марыя Аліфер

Пеўні


Сонца разбудзілі спевам,
Зямлю абагрэлі промні,
Плён выдала зямля,
Людзей накарміў плён...
А чалавек хоча з’есці пеўняў.



Міхась Андрасюк

На дарозе


Я не ведаў іранскага шаха,
незнаёмы мне Сан-Францыска.
Толькі снежань аднойчы плакаў
над ліповай маёй калыскай.

Я не быў ніколі ў Егіпце,
не загараў у Італіі.
Толькі дрэвы ў нялёгкім дзяцінстве
сваім шумам мяне калыхалі.

А цяпер я стаю на дарозе
у Егіпет і Сан-Францыска...
Ці ісці мне далей, ці спыніцца,
ці вярнуцца, пакуль яшчэ блізка?

Галаву я узяў у дарогу,
і узяў я з сабою ногі,
толькі сэрца, сэрца пакінуў
у пачатку вялікай дарогі.



Алена Анішэўская

Пасля дажджу


Прайшоў вясновы дождж —
зямля сапрэла...
А на галінках бэзу
алмазная раса.
Ліловаю алеяю іду я
і дзякую Тварцу
— такая тут краса!
І хочацца спыніць хвілінку
і падзяліцца з кімсьці блізкім
па душы
адною, мокраю, духмянаю галінкай —
побач мяне прайшоў
на жаль — чужы.



Люся Анхім

У вёсцы Райск


Са мною стань,
Прыпомні дзень,
Прыпомні крык,
Прыпомні смерць,
Прыпомні страх,
Прыпомні плач,
Агонь і дым,
Дзяцей, старых.
Шапку знімі,
З раянкай сядзь
І папрасі —
Раскажа хай
Пра чорны жах,
Хай пра вайну
Раскажа нам.



Надзея Артымовіч

* * *


ой ляцелі гусі
грайце
завіруйма ў танцы
ўбачым іх крылы
вялікія
недасяжныя
дайце нам гэтыя крылы
ўзляцім
над шырокім прасторам
будзем смяяцца
які наш свет малы
і калі ўпадзем
на зямлю чорную
ўбачым
свет
вялікі
і мы без крылаў
дзе яны
гусі забралі...
ой ляцелі гусі...


* * *

З неспакойных дарог
вяртаюся ў сваё гняздо
краявід
абмыты градам поту
прывітае цябе цішынёй

У блізкіх крыніцах
пульсуе чыстая вада
а слова
ёсць словам

З родных пяскоў
з матчынай маршчыны
з цяжкай спякоты
лета
будуе
калючы шматвугольнік восені
што заўсёды прыйдзе

да цябе 
да мяне

а памяці ў падарожжа
ўжо трэба наслаіцца
скібамі жывымі і мёртвымі
лугам
не ўквецішся
а жнівень
горкім будзе.

Ледзяны месяц
крэсліць
кругі
усё больш кругоў...


* * *

задуменне
у маёй зямлі
глыбокае
трэба далікатнай рукой
вычасаць з яе ўсе колеры
і кінуць на зялёную ваду

зямля мая
з шырокімі вачыма
ляжыць на берагах
адлеглага маўчання

жменя жыцця
на маёй зямлі
гэта белы-белы пейзаж

закрываўлены брук
змывае п’яны дождж
на апраўданне тут для ўсіх
маўчанне
маўчанне
гэта белы-белы пейзаж

растуць сцены без вокан
растуць рукі жанчын
сцежкі ўсіх
да роднага неба
белы-белы пейзаж


* * *

паверхня маёй надзеі так лёгкая
як першая вясенняя імгла
паверхня маёй надзеі так чорная
як родная зямля
паверхня маёй надзеі так чырвоная
як зраненыя макі
мая надзея пасялілася
у вольнай птушцы



Асунок

* * *


Ой, ляцелі гусі з блакітнага краю,
Селі адпачыці пры зялёным гаю.
Пачакайце, гусі, я вас запытаю,
Як жыве дзяўчына, катору кахаю;
Як шапоча ніва, зялёны лужочак,
Як гудзе азерца, бурліць ручаёчак.
Прашу вас, скажыце мне, белыя гусі,
Што цяпер у далёкай чуваць Беларусі?
Я тут на чужыне сохну і марнею,
Па сваіх мясцінах сумую, сівею.
Дайце вы мне крылы, узнясуць высока,
Мо родныя сцежкі ўбачу здалёк я.
Вярніцеся, гусі, да хаты ў каліне,
Занясіце вестку вы маёй дзяўчыне.
Перадайце мілай, што яе кахаю,
Сню яе ўночы, удзень успамінаю.

Германія, Мульдэн, 1943


Юрый Баена

* * *


Край мой — край дзікай ружы.
Спадчына — боль майго сэрца.
Цёмная рака
з пакалення ў пакаленне плыве.
Выбірае пясок з-пад ног,
падмывае бераг.
Час правальваецца,
закрывае брамы будучыні.
А лес — маладняк
падыходзіць к парогу.
Святое і мудрае — ціхае,
схаванае, прыніжанае.
Адзіноцтва.
Лёс такі?..
Я адкідаю камяні
з мінулых гадоў.
Сярод руін
Шукаю жывых і мёртвых,
збіраю абломкі памяці.
Праз імглу
вобмацкам іду
да роднага дома.
Ружа, ружа,
будзь святлом
у цёмных калідорах дзён.
Край мой — крык дзікай ружы.
Спадчына — боль майго сэрца. 


* * *

Спрадвечным словам
трэба жыць,
міма пагроз,
што будуць растаптаныя,
пазваныя на смерць
праз забыццё
і здраду.

Спрадвечным словам
трэба быць
сярод гнязда
разбуранага ветрам,
і мар зламаных,
і душ патрэсканых
у бітвах.

Спрадвечным словам
трэба быць у нас,
трываць
як святасць
або храм,
што адраджаецца ў малітвах.


* * *

Недапетую песню — даспявай.
Недазбіранае — дазбірай.
Несказанае — да канца — скажы.

Толькі крокаў сваіх — не лічы.
Толькі думак сваіх — не тушы.

Веру — жывым перадай.
Веру жывую — пакінь!



Марыля Базылюк

* * *


У вертыкалях
маіх зрэнак
сад вішнёвы
працвіў нябачна

у далонях
зелені парасткі
вясна
у блакіце неба

у вертыкалях
майго сэрца
сад вішнёвы



Мікола Базылюк

Тані Лаўрэш

Ужо й Зубкі. Далей лес і поле.
Адно змяняецца другім.
І колькі тут знаёмага раздолля!
О Таня, ссябравалася ты з ім!

На двары восень, і лісці ападаюць
На зелень азіміны, што расце,
Праменні сонца зрэдку заглядаюць,
Зіма ўсё блізіцца, ідзе.

Ажно ўжо — і Свіслачаны.
Ў пачатку іх вялізны крыж стаіць.
Кім і калі ён быў тут збудаваны?
Нат памяць дзедава не дабяжыць.

Цяпер ты, Таня, на радзіме.
Тут гняздо тваё, сярод сваіх расла.
Дзе б нi жыла ты, — з табой быў краявід 
айчынны, які цябе ўскрыляў.

Куды ні глянь, адны дзядзькі ды цёткі,
А моладзь ў гарады сплыла.
Дык дзе ж вы, дзе вы, хлопцы і малодкі,
Чаму ж вы адраклісь ад роднага сяла?..

25.01.1987 г.

Кастусь Бандарук

Пісьмо да...

Таго часу
што не запісаны нідзе
ў пятнаццатую восень
бы перад смерцю праводжаны плачам
не ўпору
з талісманам пацеру маці 
ехаў вучыцца за граніцу
плоту (...)

Пішу табе кавалак поля
слівы што фіялетам моляцца
крылы млына якія знерухомелі 
не пражыўшы ганьбы непатрэбнасці
той млын стаіць
салдат нібыта
памёр а не паваліўся
маўчаў калі агалялі
замоўк і страшыць сумнай нагатою
там сад наш ацалеў яшчэ
дзе ходзіць скуру сваю сушыць маці
косці старэчыя звільгатнелыя раматусам
ледзь ужо даносіць дзе вечнае ўваскрасанне
дзе вітраж пор году неадменны
нічога адмяніць не хоча
ні таго што ніхто не вяртаецца сюды
пішу табе смак першай бульбы
счарнелы стол гарачую зацірку
але быццам з дарогі затрыманай ў месцы
быццам з адзінай здымкі што прапала
і гады ўсё узялі
і толькі асталася памяць (...)

Шлю табе зямное захапленне
зялёнасцю вясновай што як мора
і памяць месцаў што за табой сумуюць
і памяць месяца найкарацейшага ў жыцці
і скупы паклон ад горада
што быццам некахаючая мачыха
умее жыць без нас
і не для нас (...)



Ірэна Баравік

* * *


Блісне каса ў жыце
шчодранька
пот
увойдзе ў зямлю
соллю
узніме снапы
і будзе хлеб
табе і мне



Алесь Барскі

* * *


Халодны вецер бушаваў па лесе,
Нібы шаленец з брытвай у далонях.
Абрэзваў лісцё, таптаў ён песні,
Ганяў сябе на звар’яцелых конях.
Далей, усё далей,
У глыб святыні —
Удар у іканастасы безлітосны.
Ці згіне ўсё?
Ці можа ўсё не згіне?
Ці зерне захаваецца да вёснаў?
О, лесе вечны мой,
Ты — як надзея!
Вясна падорыць дрэвам зноў адзенне.
Перажывеш шаленцаў і зладзеяў
І заквітнееш новым адраджэннем.


* * *

Няхай не гасне полымя надзеі,
Кастры распалім, косці кінем.
Вятры сумненні, як туман, развеюць
Удаль і ўшыр па ўсёй краіне.
Наш лёс ад нашых сэрц залежыць,
Не будзем мы прасіць у можных хлеба;
Глядзі: вось сосны — бронзавыя вежы
Цалуюць шчыра вусны небу.
Не, не пагарда — толькі годнасць
Ў адносінах да прынцыпаў і ісцін.
Малы, пакрыўджаны нам родны — 
Звер, чалавек і сумны лісцік.
Каб толькі разам злучыць рукі
І неба у далонях песціць,
Аддаць яму сардэчны стукат
І ўзяць з яго блакітнасць песні.


* * *

Ад палёў мы сябе не аддзелім,
Не пакінем ніколі дубровы.
Лес начлегі лісцём нам пасцеле,
Закалыша лірычнаю мовай.
І мы станем часткай пейзажу,
Цішынёй вераснёвай, чырвонай;
Стануць дрэвы, як верныя стражы,
Над нашай шчаслівасцю соннай.
І згодна з сардэчнаю воляй
Жыццё каляровае ўладзім,
Не зрачэмся ніколі мы поля
І лесу ніколі не здрадзім.



Янка Брацкі

Вясна


Пастой
паслухай
фестываль вясны
наструніў
золак босы
дыскантам
срэбрыцца
жаўранка радасць
марай
кранае сэрца
іграй
іграй
ручай вясновы
зямлі малінавай
скерца



Яша Бурш

Белавежа


Сып мне снегам у твар
вастры на вейках іней
прыпадобнюся
да пнёў
і да галля
ў сваё зацішша зваблю
сарнаў трух
у іх інстынкты
розумам пранікну
і шпаркасць кулі спыню



Мікола Буцылін

Непагадзь


Аб чым шуміш, лесе зялёны?
Ці вецер моцна дасаліў,
Каб ты перад ягонай моцай
Слухмяна галаву схіліў?
Ці сонца паліць, і шукаеш,
Дзе кучары свае схаваць,
Каб не спаліла гэтым палам —
Іх хочаш свету захаваць?
Дрыяды з сонечнай паляны
Зышліся мо ля пнёў тваіх
І да заступніц ты ўскіпаеш
Пачуццем, чуеш, маладым?
Не! Адгукнуўся лес зялёны,
Сякеру ў пушчы я пачуў!
І гэты гук добра знаёмы
Мне жахам душу агарнуў.
Усе куткі майго абшару
Той гук знішчэння абляцеў.
На барацьбу я клічу німфаў.
На барацьбу!.. І ўраз знямеў.

А там валіліся бярозы,
Болем напоўнены тупым.
За кучары дубоў чапляўся
Касматы светла-шэры дым.



Мікалай Варанецкі

Адлятае лета


Адлятае на поўдзень лета
Разам з бусламі ў сумным палёце,
Я крычу „да пабачэння” лету
На зялёным духмяным пракосе.
Я махаю рукамі птушкам,
Заміраючым на небасхіле...
„Вы ляціце, ляціце, ляціце...
І вяртайцеся да нас, мілыя”.
Мы сустрэнем вас, вы пазнаеце
Свае добрыя гнёзды-хаты.
Зноў адвечны бор заспявае,
Адгукнуцца яму сенажаці.
А цяпер заціхаюць далі,
Залатая восень настала —
Ад зялёнай кароны таполі
Ветрам першы лісток адарвала.
Адарвала і закружыла
Сірацінаю ў чыстым полі;
Не, не вернецца год растрачаны,
Як загінуўшы ліст таполі,
Восень... восень у полі.



Мікалай Гайдук

Весні дождж


Неба хмарай хмурыцца,
Віхры журбой журацца,
Над логамі, пагоркамі
Гром сярдзіта громкае.

Зірнуў бліскавіцаю
На лазінкі ніцыя,
Па небе праехаўся —
Тут яму і ўцеха ўся!

А зямля, як панніца,
Наракае, скардзіцца:
— Ой, ад смагі млею я
Белаю лілеяю...

Неба злітавалася:
— Хоць цябе не мала ўсёй,
Напаю, абмыю я,
Зямля мая мілая!

Скочылі, затупалі,
У акно застукалі,
Пабеглі дарожкамі
Тоненькімі ножкамі,

Закруціліся жывулькамі,
Па лужы забулькалі,
Заліліся песняю
Кроплі дажджу весняга.


Светлякі

Ноч туманам сцелецца;
Сонны плёс ракі,
Толькі за аселіцай —
У лузе светлякі.

Быццам з неба зорнага
Хтось рукой знарок
Сярод луга чорнага
Страхнуў зоры ў змрок.


Заўсёды мая

Загоны чорнымі разорамі
Жалобу сцелюць на палях,
І кліча ў вырай,
кліча зорамі,
Гусям міргае Млечны Шлях.

Задуменныя, стаяць без шолаху
У сіняй імгле лясы,
Гараць на гонях,
гараць ад золаку
Усмаглай рэчкі паясы.

А восень рана, з росамі,
Уе павуціння ніць,
І снуе над пожнямі,
снуе босая
Да самых позніх вечарніц.

І блізкая ты мне, і родная,
Беластоцкая зямля,
Ці ў весну салаўіную,
ці ў восень зорную —
Заўсёды ты мая, мая!



Уладзімір Гайдук

У Белавежскай пушчы

1
Сыпала сонца цёплае праменне,
Стаяў прыгожы ціхі дзень асенні.
Гарэла пушча залатым пажарам,
Палонячы душу сваёй красою.
Ахоплены красы нязмерным чарам,
Плылі мы вузкаю, крутой ракою.
Лодка хісталася на шэрых хвалях
І нас адносіла ўсё далей, далей
У нетры краіны тайнай, запаветнай,
У тыя, колераў казачных, спектры,
Дзе свет нязведаны адвечный пушчы
Дорыць душы свой супакой гаючы.

2
Жывыя сцены утварылі дрэвы,
Ўгары спляліся кроны поруч,
Ля берагоў чаротавых і асаковых
Шапочуць дзіўным меладычным спевам.
Быццам святыня вечнасці жывая
Нас прыняла і вочы разгубіла.
Вёслы кладзем і ў неба пазіраем,
Шукаем сонца, каб не заблудзілі.
Глядзі, вось там, між залатой ліствою,
Ляціць дух пушчы шэраю стралою.

3
Над грывай пушчы ў ледзь прабачнай высі
Кружыць арол — то ўгору, то зноў знізіць.
Махнуў крыламі, знік, а мы глядзелі
Услед за ім з тугой і захапленнем.
Глядзім уніз — каля ракі паляна,
Вузкая сцежка свежа пратаптана:
Сюдой ласі спяшаюць к вадапою.
Цяпер няма іх — толькі мы з табою.
А рэчка крута ўправа павярнула
І разлілася, творачы азёрца.
Ад нечаканасці мы вочы жмурым:
Вітае шчодрай цеплынёю сонца.
Тут дзікіх качак незлічоны стады
Зрываюцца, пачуўшы вёслаў шорах,
Кружляюць нізка па-над асакою
І зноў бяспечна на ваду сядаюць.

4
А мы плылі, і пушча плыла з намі
Жывою казкай і жывым сезамам.
Насустрач — карагоды дрэў і ценяў.
Ты ўсё глядзела ў шчырым захапленні
На дзіўную красу жывой прыроды,
Дзе столькі пекнаты і асалоды.
Іскрыліся твае валошкавыя вочы,
І я маўчаў, і я адкінуў вёслы...
Я чуў душою, што ў гэтай краіне
Будзем з табою параю шчаслівай.
А дрэвы рэчку лісцем усцілалі.
Лісцё, як матылькі асеннія, ляцела.
Пушча здалася першабытным раем,
А ў ёй былі мы — як Адам і Ева.



Юрка Геніюш

Крупнік


Варыла маці крупнік, ціха чаравала.
Мёд спадзёвы, цёмны капаў, бы з грамніцы.
З вядра, як з вока, поўнага да краю
Лінула, да меры, празрыстай слязою.
Сыпала карэнняў, мяшэчкаў не злічыш,
Цудатворных зёлкаў – сваёй таямніцы.
Дроў кідала ў печку заўжды скупавата,
Каб душу сагрэці, не згарэла б хата.
Усю чужую накіп, што наверх усплывала
Сярэбранай лыжкай з пенаю збірала,
Быццам далікатна, а ўсё ж сурова,
Гонар гаспадыні вымагаў такога.
Чысты янтар шкліўся, вабіў глыбінёю,
Пах духмяны п’яніў, змушаў быць сабою.
Пасля ўжо рашуча, цвёрдаю рукою
Далівала моцы, сілы ды настрою.
Такой медавухі кубак ламатнуўшы,
Мёртвыя ўскрасалі, будзілі заснуўшых.
Чым мне напаіці, дружа, нас з табою?
Таямніца зелля ж адышла ўраз з ёю.
Ды не ўдаецца жорсткай пяцярнёю
Змяшаць моц, у меру, з крынічнай вадою.
Няхай тады будзе, быццам на кургане —
Таго памінацьмуць, хто ўжо не ўстане.
Належную зброю побач з ім злажылі.
Скрутачак паперы, два гусіных крылы.
Ёсць і верацёнца, жмут белай кудзелі.
Хай снуецца нітка бясконцай надзеяй.
Памянем, як мужна, без шчыта, суліцы,
Горда ўздымаў голаў супроць навальніцаў.
Мячом ваяваўшых кідаў на калені,
Палоніў на векі з кветкамі ў жмені.
Паклонімся нізка Светламу Ярыле,
Каб з промнямі сонца нам саслаў той сілы.
Воям не навіна ўсякія нягоды.
Пярун размахнецца молатам па небе.
Стрыбог дзьмухне гарам паленых сялібаў,
Гэй вы, варажыхі, не шкадуйце чараў,
Вуглі шчэ ірдзяцца ў свежым папялішчы.
Свой агонь сагрэе, толькі чужы нішчыць.

Няхай пырскае, няхай булькае,
Кацёл яду на іскрах дня.

Размясеце ж варыва, ведзьмы!
Няхай пеніцца, хваляй плешчацца.
У клубах пары, як у цалуне.
Праз усе шчыліны і душы сочыцца,
Каб, хто вып’е — спіны не сагне.
Першы кубак у зямлю ды на ветры чатыры
Пырснем шчодра ў ахвяру багом...
Пасля вып’ем самі ды другі раз паўторым,
Бо хоць шмат курганоў — мы далей жывём.



Тодар Грушка

Родны край


Родную старонку
Шчыра я кахаю,
Яе нізавошта
Я не памяняю.

Бары і лясочкі,
Як іх не кахаці —
Шумяць і пяюць нам,
Як малюткам маці.

Красуецца збожжа
На нашых палетках,
Сенажаць убрана
Мільёнамі кветак.

Чароўнае рэха
Носіцца па гаю —
Гэта маладосці
Успамін гукае.

Гэта пяюць жнейкі,
Ідучы са жніва;
Душу разварушаць,
Аж ў грудзях заные.

Сягаюць да неба
На шляху бярозы.
Няма ў свеце краю,
Каб быў так прыгожы.

Ну, ці ж гэта мала,
Чаго больш хацеці —
Кахайма край родны,
Бо мы яго дзеці.



Юрка Зубрыцкі

Пад лесам


Сцелісты лесе, добрага рання!
Прымі з дарогі ў прытулак скрытны.
Маўчыш. І толькі на кліч вяртання
Азвецца пойма драчовым скрыпам.

У поўдзень зашухкае клін асаковы,
Косы ўваб’ем над паніклай травою,
Ты нас асвежыш парэчкавым сокам,
Густою засенню — лісцяў страхою.

З’явіцца ноч, над табою застыне,
Чэмерам стомным водар пранікне —
Сальюцца ў мроях блуднага сына
Сцены Каносы з пошчакам Нікі.



Лаўрэн Казюк

* * *


Я прыйшоў з вясковай цішы,
Дзе вясну адгукалі дзяўчаты,
Дзе ў гарачай юнацкай душы
Многа песень было пачатых.

Прад вачыма стаялі ў журбе
Строй бярозак, кусты на палянцы.
Ды раптоўна сустрэў я цябе
У віхуры студэнцкага танца.

Там, далёка, дзе вёска мая,
Адзвінела вясна ручаямі
І курлыканнем ціхім плыла
Жураўлінай дарогай над намі.

Там з праменняў жаўрук вясну віў
І шумелі ў лугах хвалі рэчак...
А я новы ўжо шум палюбіў,
Праз які ты ішла на сустрэчу.

Я спаткаўся з табой незнарок,
Ад пялёсткаў бялела дарога.
Хто ж штурхнуў на рашаючы крок
Ад майго да твайго парога?



Язэп Карпюк

Паляшша


Мой краявід Падляшша,
Другога не знайсці.
Мой краявід Падляшша —
Радасць маёй душы.

У краявідзе ночы
Зорачкі гараць.
У краявідзе ночы
Прасторы ціха спяць.

У краявідзе часу
Рэчанькі плывуць.
У краявідзе часу
Наш векавечны пуць.

У краявідзе нашым
Шчасце і бяда.
У краявідзе нашым
Мёд і лебяда.



Іван Кірызюк

* * *


Бачыць
Трэба далёка.
Думаць —
Шчыра, глыбока.
Сэрцам галубіць,
Што блізка
Душы.
Ісці да лепшага
Ўпарта —
Варта!



Мікола Красоўскі

Зоркі


Стаю адзін ля мутнага аконца
Ў зімовы вечар, ў шыбе зрок застыў.
Гляджу, як зоркі ў цемені бясконцай
Зарабацелі роем залатым.

Можа на нейкай зорцы сярод яркіх
Або між цёмных, ведаць не магу,
Стаяць таксама скрыўленыя хаткі,
Працуюць людзі, сеюць і аруць...

А можа ўвечар нехта з іх таксама
Стаіць, як цень, ля мутнага акна
І бачыць у небе вогненныя плямы,
Сярод якіх калышацца Зямля.



Вераніка Леанюк

* * *


І кожны раз
прыстаўшы ля варот
апаленай ветрам хаты
камень ад сэрца
слязою адхіліўшы
вітаю вокны-вочы
бацькоў
іх сівізну
і словы ласкі і спагады
не знойдзеныя ў кніжках
сялянскія ды мілыя
да болю зразумелыя
— Дзіцятка дарагое



Міра Лукша

Краявід


Дом стаіць, вусцішна горбіцца пад снегам,
Працягнуўшы нітку дыму з коміна да неба.
Гудзе агонь пра вышніх і зямных яднанне.
На парозе бляск ад печкі і свечак дрыжанне.
Дом песню сабе шэпча, учэплены парога,
Іначай паляцеў бы з Анёлам да Бога.
Анёл той часам носіць воблік дзеда
Ці дзіцяткі, што ўмерла, не зведаўшы хлеба.
Парог працірае сляды тых, што ступалі
І сучкі прыступак лічыць, бы каралі,
Бы чоткі, перабірае, ніжа пакаленні,
Губляеца ў ліках, ды часу не зменіць.
Забытыя жывымі, як дым той вечны ўюцца,
З кораня ў прастору мяняюцца, ткуцца,
З думкі на паперу дым стагоддзяў ліецца,
З літары бяскроўнай у гарачае сэрца.


Дарога

За чорнай шыбай вечнасць мільгае.
У россыпе іскраў імгненне канае.
У Гайнаўку цягнік мчыцца з Беластока
Тунелем у паветры, нябачным для вока,
А гэта ўспамінаў і лёсаў дарога,
Пуці да роднай хаты і роднага Бога.
Нежывыя рэйкі ўслухоўваюцца ў памяць
І звонкія рысы засыпае замець.
Зарастае ў цемры палыновым сумам
Абочына часу. Сівер золкіх думак.

Жэня Мартынюк

* * *

Будую дом
з мараў
       з вялікімі
              светлымі
                       вокнамі
з шырокімі
       адчыненымі
              дзвярыма
з багата
       накрытым сталом
з цёплай сямейнай радасцю
будую высока
       пад мірным небам



Барыс Руско

Толькі не ты


Як загадаюць верыць у свае ісціны,
Не ўваходзь у іхнія храмы.
Жрацом можаш быць толькі ўласнага
ўяўлення.
Як загадаюць высмейваць іншых,
прачытай высмейваных кнігу.
Табе дадзены розум — судзі разважна.
Як загадаюць аплёўваць святасць
бацькоў тваіх,
грудзьмі заслані дарагія магілы.
Бы дрэвы
ўрос ты ў іх свядомасць.
Як загадаюць уміраць
за ўзвышанасць,
жыві,
сто разоў жыві.
Хай уміраюць іншыя,
і толькі іншыя,
але не ты.



Уладзімір Саўчук

* * *


Бывала так

прысела сонца
на прызбу
і ты
ўбірала вечар
у белую пасцель
лямпа
усмешкай адсутнай
лізала партрэт
радзінны
маці на ім
бяду хавае

а печка тэпала
дыхам цёплым
і выганяла холад
за парог



Зося Сачко

Псалом бацьку


убегла я ў бацьку
цераз райскія вароты
саламянай страхі
проста на ток гуменны

дрыжачае пасма
сіваватага сонца
прысела на кукішкі
на запэцканым
мухамі вобразе

калісьці бацька
карміў яго
лепшым сенам

убачыўшы мяне ў сабе
палажыў мне
на шчокі
залаты сон яблыка
і ў калясцы з ракіты
зашчабяталі птушкі
а потым авёс
расшаптаўся
і было залаціста


а над галавой
кучаравыя баранчыкі
неслі ў мызках
крылы анёлаў



Ірына Свентахоўская

* * *


Увайшла я ў збожжа
па самую шыю
і плыву па цячэнню
ў абдымках ракі

Прытуліла да твару
адзін каласок 
каб пачуць
яго вусатае цяпло



Алесь Свісёк

Маладой настаўніцы


Вокны адчынены,
і шум вясёлы
разносіцца далёка
па палях.
А ты
замерла на парозе школы —
рука ў паветры,
уся душа ў вачах.
Каханая!
Хвалюешся глыбока,
табе і радасна,
крыху і страх.
І ў даль шырокую
імкнецца вока,
каб угадаць
жыццёвы новы шлях.

Не раз,
я знаю,
цяжка табе будзе:
Няўдачы і журба
перад табой,
за сэрца
сэрцам не заўсёды плацяць людзі,
зашкліцца вока горкаю слязой.
Але тады
дзіцячыя засвецяць вочы
даверліва і шчыра
табе ў твар,
растопяць крыўду
і ты зноў захочаш
для іх аддаць жыццё,
увесь сэрца жар.
Бо няма скарбу большага,
як дзеці,
а ты
каваль іх душ,
дык куй смялей!
Бо няма
гонару вышэйшага
на свеце —
сапраўдных
свету выкаваць людзей.



Багдан Смыла

Дом


Далёкі дом,
далёкі і ўбогі
з’явіўся сном,
як госць сярод дарогі.

Бадзяжны час
і мысль на бездарожжы,
як у картах „пас”,
што пройгрышам трывожыць.

І хтось ніхто
шчасця згубіў гадзіны,
бо дрэва без кораня — 
адно драўніна.

Далёкі сон
у слязу упаў
і абудзіўся
ў новым сне.



Андрэй Сошка

Зімою


Скрыпяць санкі-саматужкі,
Снег пад полазам рыпіць,
А званок свае частушкі
Зімовыя дзі-лінь-дзіць.

Ужо вёска хутка будзе,
Бяжыць конік наўскакі.
А званочак ўсё марудзіць —
Дзі-лінь-дзіць ва ўсе бакі.

І прыехалі дахаты,
Паскідалі кажухі,
Ды паселі да гарбаты
Разагрэцца дзецюкі.



Зося Стаськевіч

Які мой дзед


Раз у цёплы вечар на панадворку
Зышліся дзеці на гаворку.
Узнікла шмат цікавых спрэчак:
Не пра сабак, не пра авечак...
А проста — гэта не сакрэт, —
Які ў каго разумны дзед.

— Мой дзед, — азваўся першы Юрка, —
Мне шмат расказваў аб турках,
Аб тым, як шведы і татары
Ішлі на нас калісь, як хмары.
Яму вядомы ўсе падзеі,
Бо ён гісторык у музеі.

— А мой, — ажывіўся Пархом, —
Працуе ў пушчы лесніком.
Такі разумны і цікавы,
І знае ўсе лясныя справы.
Водзіць мяне ў лясную гушчу,
Каб паказаць дзівосы пушчы.

— Цікава гэта вы сказалі, —
Пачуўся збоку голас Галі.
А мой дзядуля, ўжо як голуб,
Не мог калісь хадзіць у школу,
Але на скрыпцы як зайграе,
То аж дух ў грудзях займае.

— У мяне дзядок! — ўключыўся Косця, —
Працуе солтысам на вёсцы.
Дваццаць пяць год на той пасадзе.
Умее слухаць і параіць.
За працу ён дастаў адзнаку
І ўрад прыслаў яму падзяку.

— Мой дзед, — гаворыць ўсім Сакрат, —
Насіў калісьці аўтамат —
Быў партызанам і салдатам.
І зараз ён з нагоды свята
Носіць усе свае медалі,
Што за баі яму давалі.

Хлопцы гаварылі нямала,
Ды толькі Толя ўсё маўчала.
Не ведалі таго сябры,
Што дзед у яе ўжо нежывы.
Але з цікавасцю свой зрок
Накіравалі ў Толі бок.

— Мой дзед, — сказала Толя, —
Араў і не вярнуўся з поля.
Ён партызанам памагаў,
Адзежу й харч ім даваў...
Не ўспеў ён заслужыць медалі,
Яго бандыты расстралялі.

І стала ціха — змоўклі дзеці,
Нават прыціх у дрэвах вецер.
Звяры прыціхлі, птушак гоман,
Як бы памерла ўсё на момант,
Каб праявіць таму пашану,
Хто адыйшоў з жыцця так рана.

Назаўтра рана пайшлі дзеці
Магілу дзедаву уквеціць.



Віктар Стахвюк

* * *


прабоінай промністай у небасклоне
звякнула сонца
аб шыбіны вокан
вусны дрэў зварухнуліся
ў пацалунку першай цеплыні
ў яе вачах
дзень зацвіў
крыштальнымі пузыркамі мрояў
што
выпырснулі ў прастору неба
каб
растрэскаўшыся
аб яго
купал
арасіць
зямлю
святымі
іскрамі
дзявочай чысціні
нараджаўся першы дзень вясны
і гэты міг
я прагна піў
з вуснаў
што побач



Пранук Субач

Знаёмства


Хлопцы і дзяўчаты,
Каб бліжэй пазнацца,
Рупяцца на рынку
У свята спаткацца.
З самюткага рання
Чубы настаўляюць,
Выйшаўшы ў мястэчка,
Як птушкі лятаюць.
Каб убачыць Янку
Ці якога Грыньку,
Трэба разоў дзесяць
Абляцець па ранку.
Зыдуцца чубамі,
Гутарка такая:
— Шчэ не выйшла замуж?
— А ты ўсё гуляеш?
З табою лапоча,
А вачыма водзіць —
Мо шчэ нехта будзе
Па рынку праходзіць.

А мае вы панны,
Не „страляйце” дужа:
Пастарэецеся —
Не знойдзеце мужа.



Леапольд Танкевіч

Звычайны дом


Тут кожны камень дарагі і блізкі,
І кожны след, дзе ні ступі нагой.
Звычайны дом, дзе радасці калыскай,
Быў свежы хлеб і цёплы сырадой.

Драўляны мост напоперак дарогі,
І стук капыт і перастук калёс.
Знаёмы клён, што кідаў цень пад ногі,
Даўно старую клуню перарос.

І скрып варот на досвітку гарачым,
Калі трава купалася ў расе,
Дзе шчыры смех, гарэзлівы, юначы,
Яшчэ дасюль аглохнуць не паспеў.

Звычайны дом, дзе сэрца на далоні
Не раз туліла радасці цяплом.
Звычайны дом, я шлю табе паклоны,
Мой дарагі, бацькоўскі родны дом.



Юрка Трачук

Брат


Разгуляўся вецер
У сонным маім полі,
Уздыхнуў над рэчкай,
Застагнаў на волі.
Што яму прыснілась?
Мо душа крылата?
Ці ўбачыў з’яву
Ля старэнькай хаты?
Усё шуміць ды вее
Па усёй прасторы.
Ашалеў ён хіба,
Будзь пракляты ўчора!
Вецер павярнуўся,
Глянуў у мае вочы,
Зарыдаў сабачкай,
У кусты ускочыў.
Жаль мне стала ветру —
Маладога брата,
Шчодрых думак сэрца
І душы крылатай.



Юрка Харкевіч

* * *


Не дачакаўшы канца
Дзень
Абарваўся
на захадзе
Праменнем апошнім
Асвяціў
радасць свайго існавання
Заззяў чырванню колкай
І адкаціўся
у краіну чараў
Захоплены вечнасцю доўгачаканай



Ліля Хілецкая

* * *


Абудзіла мяне сонца
Ласкай-світаннем.
Прамені — матчыны рукі
Ляглі на шчокі.
Углядаюся ў новы дзень,
Як у люстэрка.
За лазняком
У траве
Бліснулі расінкі —
Добрая надзея.



Фёдар Хлябіч

Ранціст


Уначы яму не спіцца,
Ходзіць з сумам па дварэ,
А засне — луг, поле сніцца:
То ён косіць, то арэ.

Часам начаўпецца зноўку,
Як задрэмле сярод дня,
Што пасе сваю кароўку
Ці аблезлага каня...

Гэта, браткі, хіба ява —
Гаспадаром начнік стаў!
Але, што ж, певень гулявы
Крылом хлопнуў, заспяваў.

Ранціст ёкнуў, усхапіўся
І на пеўня крыкнуў: „Кыш!”
Тут жа ён і спахапіўся:
„Тлуміш галаву, ранціст.”

Стала сонца прыграваці
І сышоў з лугоў туман.
Прэ ранціст на сенажаці,
Да касцоў, у новы зман.



Ягор Хлябіч

Кудзеля


Барадатую кудзелю
Бабулечка прала,
А кудзеля барадою
Сівай патрасала.

Ўдзячна прасніца скрыпела,
Быццам прыпявала:
— На кушулю хопіць, хопіць,
На пасцілку — мала.



Янка Целушэцкі

Імгненне


Была такая
хвіліна радасці,
як подых ветру,
імглы дотык.
Было ціха, ціха.
Толькі постаць твая
маланкай на дарозе.
Усяго ўспамін,
маленькі,
белавалосы.
Успамін
салаўінай майскай вуліцы.



Ян Чыквін

Даспелае сонца


Я іду апусцелай вуліцай.
Да плячэй паўднёвае сонца
ад цёплых бяроз лёгка туліцца.
Я іду апусцелай вуліцай.

Пад нагамі лісцё шапочацца,
жоўтае, жоўтае бясконца,
цалаваць былое так хочацца,
на плячах паўднёвае сонца.

Сонца да плячэй маіх туліцца,
жоўтае лісцё шапочацца,
цалаваць былое так хочацца —
я іду апусцелай вуліцай.


* * *

За вёскай з сена ўставала надранне,
З-за лесу сонца цякла пазалота,
Як быццам нехта кранаў фартэпіяна
На выраслых у гародах нотах.

Усё было справядліва ў прыродзе —
Далёка дзесьці была недарэчнасць
Адвечнай смерці, што прыйдзе і пройдзе,
А ўсё-такі нешта пакіне на вечнасць.

Маўчалі яшчэ каляіны дарожныя,
Дзе-не-дзе хаты курылі цыгары,
У невядомае людзі ішлі асцярожна,
Баючыся смеху на выспаным твары.

І час стаяў, як ракіты на лузе,
Гнуткі, жывы, працякаючы ў хаты.
Над вёскай міску неба трымаў бусел,
Каб заўжды тут было толькі свята.


А дом наш недзе

Вечарам духмяныя ўстаюць агароды,
Бярозы рукі апускаюць у крыніцы,
Чаромхі ўецца неслухмяны водар,
Як віно, якога нельга ўжо напіцца.

І галасы сяброў, і клёкат бусла з клуні,
І лугі, дзе конскія пасуцца грывы,
І сон глыбокі ветру у палудзень,
І трава іржавая па-над абрывам.

У садзе зноў цвітуць кусты язміну,
Макі грэюць рукі, узняўшыся высока.
А дом наш, як далёкія ўспаміны...
Без дзвярэй, без тынку і без вокан.


Іду

Не спіцца, мама,
сон павек не морыць,
недзе у куточку
муха тараторыць.

За акном пустэча,
смутак у пакоі...
Чым сэрца лячыць мне
у такім спакоі?

Б’юцца хвалі думак
аб бязлюдну прыстань — 
да цябе іду я
крокамі вячыстымі.



Дзмітрый Шатыловіч

* * *


І зноў я ў роднай вёсцы
З сям’ёю, між знаёмых.
Штодзень бываю госцем
На радасных прыёмах.

Усюды запрашаюць
Мяне з адкрытым сэрцам,
І часам адчуваю
Сябе, як на канцэрце.

Далёкія ўспаміны
Спатканні папаўняюць
Пра нашы каляіны
Да пекла і да раю.

Пра дзіўныя забавы,
Пра даўнія хваробы,
Пра подзвігі без славы,
Пра акіяны злобы.

І кожны раз трымаю
Экзамен з роднай мовы,
Які мяне трывожыць
Ва ўсіх маіх размовах.

На мове той у вёсцы
Гаворыцца заўсёды,
Яе не зменіць мода,
Яе не зменяць годы.

І ёй не здрадзяць людзі
У гэтым асяроддзі,
Я веру, што жыць будзе
Праз доўгія стагоддзі!



Міхась Шаховіч

Крокі


1
Спатыкнуўся
Мой конь,
Рассыпалісь дні
Заблыталіся сцежкі
У пустыні душы.
Тры езадкі
Прамчаліся побач,
Тры ездакі.
— Падайце вады!
Хаця кроплю
Жывой мне вады —
Благальна я ім.
Той першы,
Чырвоны
Ад ліпкай крыві,
Развёўшы рукамі,
Крутнуў галавой:
— Глухі —
Моў —
Не чую,
Як пень я глухі!
Другі
Адазвацца б гатоў,
Але голас 
У горле увяз нематой...
А трэці, у чэрні,
Каня прыпыніў:
— Не гараць мае вочы,
Падняволены ім.
Мы цэласць адна,
А ты
Дробішся ўсім, —
Сказаў
І каню папусціў.
Тры ездакі
Праскакалі адзін за другім.
Пасля іх
Толькі попел і дым.
Толькі
Попел і дым.
Ноч цвёрда расселася
У крэсле зямлі.
— Мне б
У калыску дзяцінства! —
Крычу яшчэ ім.
Цёмна-сіняй ракою
Плыве небасхіл.
— Мне б на родны парог! —
Крычу ім.
— Ці ж можна ў гасцях
Быць вечна сваім?
У адказ толькі рогат,
Як горкі палын.
— Да Лысай Гары,
Ідзі да Лысай Гары.
Спагады шукай
На Лысай Гары.

2
Туман
Усё гусцее,
Мітусяцца цені.
Яшчэ мары крычаць,
Яшчэ б’ецца надзея.
Яшчэ не ўсё
Разбурана
Пустаслоўем ліслівым.
Не ўсё яшчэ утоплена
У патрыятызме крыклівым.
Думка
Спрутам уецца
У красамоўнасці муле,
Шчырасці падманнай.
Цені усё наступаюць,
Ужо да горла сягнулі,
І падлізна смяюцца.
Бог чамусьці нячулы.

3
Чатыры ветры,
Чатыры сілы,
Жменя зямлі
З сямі магілаў
Ведзьмакоў
І чарадзеяў,
Попел
Спаленай надзеі,
Вока злога,
Хвост ліхога...
Дзе дарога
Да парога?
Раскалі, Пяруне, 
Дзверы
Ашуканьчай
Сляпой веры!
Аддаю
Душу з крывёю.
Дай паверыць
У самастойнасць.

4
Свішчуць ветры,
Енчаць злыя.
Маці кленчыць 
Над магілай,
Пяском голаў пасыпае,
Крыжу
Кланяецца нізка.
— Спіш, сынок,
У зямной калысцы,
Сніш
Аб востраве зялёным —
Вечным шчасці
Ў мройным моры.
Спі, сынок,
Сні аб надзеі.
Быў тут бой
А зараз цені
Блудзяць слепа
Па дарогах.
Скавытанне,
Чэрнь і слёзы
Ў папялішча
Горкім дыме.

5
Ціха-ціхаманкам
Цень
Прабег па сценах.
На якое ліха
Душы вечны змены?
Бель
Заўсёды беллю.
Чэрнь
Заўсёды чэрню.
Над пустой пасцеляй
Павук-крыжаносец
Смуткам тчэ надзею.
У кутку
З іконы
Мікола галосіць,
Страціў цудатворнасць
І сам
Ласкі просіць.
На покуці вера
Ў пятлі эгаізму.
А вакол пустэча,
Як пасля пажару —
Згарэла сумленне,
Замест
Быць падпалам.

6
За гарамі,
За лясамі
За трыдзевяццю лугамі
Мар квяцістых,
Летуценняў
Ад глыбокіх пакаленняў,
Дом стаяў 
На раздарожжы.
У хаце святасць,
Смеху многа —
Цуд-крыніца жыватворна
Хаце кланялісь
Пакорна
Ўсе свае
І ўсе чужыя.
Гасцявалі,
Прапівалі дух і веру
Падчас
Уцёкаў ад благога.
Сёння толькі цені.
Хата ёсць —
Няма парога.



Віктар Швед

У пушчы


На гарызонце лесу готык.
А я іду ў лясную гушчу,
Пад лесу царскія вароты,
Да хараства спрадвечнай пушчы.

І прычашчаюся ў крыніцы,
У крышталічным ізумрудзе.
Кадзільны пах і дух жывіцы
Струменіцца бясконца ў грудзі.

Не моўкне гоман шматгалосы,
Спеў жыхароў лясных аблогаў,
Што падымаюць пад нябёсы
На крылах радасць і трывогу.

Пазнаць бы дрэва мне заўчасна,
Што дасць мне дошкі ў хвілі скону.
Я перад ім упаў бы шчасна
І цалаваў бы, як ікону.

Мо лепш на вечны адпачынак
З карэннем дрэваў мне зрадніцца.
Магутнай прарасці ялінай
І ачышчаць людзей жывіцай.


Пад кронамі гісторыі

Раскажы нам, лес дрымучы,
Аб мінуўшычыне сівой.
Пазнаваць нас мала вучаць
Шлях гісторыі сваёй.
Мы пра тое знаем мала,
Як пад кронамі дубоў
Вояў некалі Ягайла
На Крыжакаў грозных вёў.
Лес дрымучы, раскажы нам
(Ці ж было ў нас мала спраў!),
Як першадрукар Скарына
З Вільні ў Кракаў вандраваў.
Раскажы нам, лес зялёны
Як калісьці тут Кастусь,
Грозны „камісар чырвоны”,
Ваяваў за Беларусь.
Раскажы нам, лес бывалы,
Як падчас ваенных год
З фашыстоўскаю навалай
Тут змагаўся наш народ.
Слаўны лесе, раскажы нам
Аб мінулым дарагім.
Мы з гісторыяй Радзімы
Незнаёмыя зусім.


Дрэва краіны

Расце няспынна
Дрэва краіны.
Адна галіна —
Biaіorusini.

Дрэва краіны
Без перабою
Квітнець павінна
З кожнай вясною,

Каб зноў увосень
Усім у хаты
Магло прыносіць
Свой плён багаты.

Калі ж галіна
На ім завяне —
Дрэва краіны
У хворым стане.

Таму, краіна,
І ў дні нягоды
Усе галіны
Шануй заўсёды.


Не забывай

Калі за школьнай партай, сыну,
Сядзеш, каб веды здабываць,
Вучыся, што ў жыцці павінен
Шчыра любіць, не забываць.

Не забывай ты бацькі, маткі,
У сэрцы май заўжды іх лёс.
Не забывай пад вязам хаткі,
Дзе нарадзіўся і дзе рос.

Не забывай свае мясціны,
Дзе твой бацькоўскі родны кут,
Дзе ад вякоў жыве гасцінны
Твой беларускі кроўны люд.

Не забывай ты роднай мовы,
Напеву песні дарагой,
Жывой абраднасці вясковай
І шуму пушчы векавой.

Аб родным, дарагім, мой сыну,
Ў жыцці заўсёды памятай.
Народу, мовы і айчыны
Не забывай, не забывай!



Уладзімір Шклярук

Ода саломе


З саломы жытняе майстры вясковыя
Слаўныя ў краі кашы плятуць.
Блішчыш ты золатам, ракітай звязана,
Калі шашою, асфальтам змазанай,
Вазы з каробкамі у свет плывуць.

Ты пад зярнятамі ў полі гнулася,
Чакала спёкаю пакуль сажнуць,
Цяпер з красы тваёй на кроснах узорныя
Ткачыхі рупныя каўры падляшскія і маты ткуць.

Адкуль прывабнасці такой набралася,
Хто табе краскі золата даў?
Ты хіба сонейку так спадабалася,
Што яно ў пасмы твае ўваткалася
І творца міг той зачараваў.



Яніна Шостак

* * *


ля ракі вякоў
сяджу
на ўзгорку мар згубленых
вочы пранікліва разгрызаюць
хвалі існасці

часу ўжо сёння не было 
ўчора выразнага
не было кветак у руцэ
малітвы на вуснах 



Анна Шымчук

Бацька


Ён быў, як вада ў студні,
Як сонца на небе,
Як зорка ў змярканні.
Ён быў мне — і хата.
Ён быў мне — і лета.
Ён быў...
Ён быў...



Сакрат Яновіч

Малітва да беларускага слова


Беларускае слова, ты мая айчына! Мой сон ля вакна цветаліпнёвага, у раніцу пчаліную. І пошум пушчы стрункахвойнай, і весялосць густазялёная. Ты, як дзяцінства, ідзеш за мною.
Слова матчынае, ты мая сляза! Мая трывога ў вечары кахання чыстаквяцістага, у садзе юнацтва. І чарнабрывы позірк дзяўчыны сарамлівай, і бяссонне зорнае. Ты, як лёс, паўстаеш у даляглядзе нязбытным.
Слова роднае, суме мудры! Мая радасць неўгамонная, што часамі лунае вясёлкаю на небе краіны майго прызначэння. І няспешна павучаеш мяне жыць сваім розумам, і гасцінцам ісці шырокім праз гады раз дадзеныя. Ты, як сябар шчыры, не пакінеш у няшчасці.
Табе я, слова беларускае, кланяюся і веру.
Бог ты мой!
Ты мая рэлігія!

Расадная россып

 

Агнія засакрэцілася. Дэбютавала ў „Ніве” 3.10.1976 г. Твор з „Беларускага календара” 1978.

Марыя Аліфер нарадзілася 13.07.1974 г. у вёсцы Старое Ляўкова. Пасля ніўскага дэбюту (3.05.1992 г.) знікла за гарызонтам.

Міхась Андрасюк нарадзіўся 2.12.1959 г. у вёсцы Войнаўка. Дэбютаваў у „Ніве” (4.11.1979 г.). Рамеснік. Твор з 1993 г.

Алена Анішэўская нарадзілася 4.05.1927 г. у Белавежы. Грамадская дзяячка. Твор са зборніка „Смак жыцця” (1998).

Люся Анхім нарадзілася 10.04.1966 г. у вёсцы Калясное. Дэбютавала ў „Ніве” (3.03.1985). Хутка знікла з гарызонту. Твор з 1.09.1985 г.

Надзея Артымовіч нарадзілася 18.02.1946 г. у вёсцы Аўгустова. Дэбютавала ў „Ніве” (5.04.1970). Філолаг. Творы са зборніка „Адплывае спакойнае неба” (1999).

Асунок (Ізыдар Янка Шусціцкі) нарадзіўся 8.04.1913 г. у вёсцы Расла Вілейскага павета. Пад псеўданімам Асунок друкаваўся ў віленскім „Шлаху моладзі”. Селянін. Пасля вайны на захадзе Польшчы. У „Ніве” апублікаваў тры вершы (7.05.1972). Твор з „Нівы”.

Юрый Баена нарадзіўся 24.03.1957. г. у вёсцы Мокрае. Дэбютаваў у „Ніве” (1.04.1973). Настаўнік геаграфіі. Творы са зборніка „Вечар над светам” (1998).

Марыля Базылюк нарадзілася 2.04.1959 г. у вёсцы Кленікі. Дэбютавала ў „Ніве” (1.07.1979). Філолаг. Памерла 26.01.1996 г. Твор з альманаха „Мае песні табе дару” (1993).

Мікола Базылюк (Мікола Дварэцкі) нарадзіўся 6.09.1903 г. у Іказні на Браслаўшчыне. Друкаваўся ў віленскім „Шляху моладзі”. Пасля вайны пад Штутавам на Паморы. У „Ніве” з 1956 г. Рыбак і пчаляр. Памёр 15.08.1988 г.

Кастусь Бандарук нарадзіўся 11.09.1953 г. у вёсцы Астравок на Сакольшчыне. Дэбютаваў у
„Ніве” (6.09.1970). Святар. За гарызонтам. Твор з
„Беларускага календара” 1978.

Ірэна Баравік нарадзілася 11.09.1956 г. у вёсцы Мора. Дэбютавала ў „Ніве” (2.07.1972 г.) Выступала і пад псеўданімам „Грыбок”. Пайшла ў навуку і знікла з беларускага гарызонту. Твор са зборніка „Супраць ветру”.

Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі) нарадзіўся 2.11.1930 г. у вёсцы Бандары. Дэбютаваў у
„Ніве” (5.04.1959). Філолаг, прафесар Варшаўскага універсітэта. Пясняр роднага. Урыўкі з лірычнай паэмы „Блізкасць далёкага” (1983).

Янка Брацкі (Анатоль Верамяюк) нарадзіўся ў 1958 г. у вёсцы Аўгустова. Пасля дэбюту (4.04.1976) знікнуў з гарызонту.

Яша Бурш (Янка Анісэровіч) нарадзіўся 12.09.1929 г. у Баранавічах. З 1950 г. у Варшаве. Дэбютаваў у „Ніве” пад псеўданімам Ян Станіслаў (1957). Мастак. Зацярушыўся ў сталічным мроіве. Твор з 1969 г.

Мікола Буцылін нарадзіўся ў 1899 г. на Віленшчыне. Пад псеўданімам Бяздольны друкаваўся ў ковенскай
„Сялянскай долі”. Пасля вайны жыў пад Варшавай. Твор з „Нівы” (17.11.1957).

Мікалай Варанецкі нарадзіўся 3.01.1946 г. у вёсцы Альхоўка. Дэбютаваў у „Ніве” (5.05.1974). Настаўнік. Твор з альманаха „Белавежа” (1988).

Мікола Гайдук нарадзіўся 29.05.1933 г. у вёсцы Кабылянка. Дэбютаваў у „Ніве” пад псеўданімам Міка (18.08.1957). Універсал. Памёр 2.09.1998 г. Творы са зборніка „Cisz” (1986).

Уладзімір Гайдук нарадзіўся 7.09.1941 г. у вёсцы Тарнопаль. Дэбютаваў у „Ніве” (21.10.1956). Селянін. Твор са зборніка „Пах аернага хлеба” (1997).

Юрка Геніюш нарадзіўся 21.10.1935 г. у мястэчку Зэльва Ваўкавыскага павета. Дэбютаваў у „Ніве” (20.10.1963). Лекар. Памёр у 1985 г. Твор са зборніка „Маці і сын” (1992).

Тодар Грушка нарадзіўся ў 1891 г. на Навагрудчыне. Пасля вайны на захадзе Польшчы. Твор надрукаваў у
„Ніве” (22.02.1959).

Юрка Зубрыцкі (Георгій Валкавыцкі) нарадзіўся 13.03.1923 г. у Белавежы. Беластоцкі журналіст. Выступае і пад псеўданімам Сідар Макацёр. Твор са зборніка „Рознагоддзе” (1989).

Лаўрэн Казюк засакрэціўся ў Кальбушове. Успыхнуў у
„Ніве” (6.03.1988) і згас.

Язэп Карпюк нарадзіўся 22.12.1933 г. у вёсцы Машчона Панская Сямятыцкай гміны. Сямятыцкі рамеснік. Дэбютаваў у „Ніве” (6.12.1987).

Іван Кірызюк нарадзіўся 10.10.1949 г. у Крывяцічах. Дэбютаваў у „Ніве” (5.12.1971). Грамадскі дзеяч. Твор з „Нівы” (6.02.1983).

Мікола Красоўскі нарадзіўся ў 1938 г. у вёсцы Кнаразы. Дэбютаваў у „Ніве” (3.06.1956). Настаўнік фізікі і матэматыкі. Твор з альманаха „Рунь” (1959).

Вераніка Леанюк нарадзілася 14.09.1950 г. у вёсцы Плёскі. Дэбютавала ў „Ніве” (2.11.1969).

Міра Лукша нарадзілася 9.11.1958 г. у Гайнаўцы. Дэбютавала ў „Ніве” (7.10.1973). Філолаг. Любіць пераўвасабляцца ў арлянскага вандала. Творы са зборніка „Замова” (1993).

Жэня Мартынюк нарадзілася 18.09.1956 г. у вёсцы Зубава. Дэбютавала ў „Ніве”. Канцылярыстка. Твор з 5.03.1989 г.

Барыс Руско нарадзіўся 13.09.1929 г. у Белавежы. Дэбютаваў у „Ніве” (6.12.1992). Інжынер. Фізік з душою лірыка. Твор з 1992 г.

Уладзімір Саўчук нарадзіўся 23.03.1956 г. у вёсцы Кузава. Дэбютаваў у „Ніве”. Электрык. Твор са зборніка „Што ў сэрцы” (1998).

Зося (Зоя) Сачко нарадзілася 18.07.1955 г. у вёсцы Волька каля Орлі. Дэбютавала ў „Ніве” (1.03.1970). Настаўніца. Твор са зборніка „Пошукі” (1982).

Ірына Свентахоўская нарадзілася 29.01.1956 г. у вёсцы Макаўка. Дэбютавала ў „Ніве”. Філолаг. Твор з альманаха „Мае песні табе дару” (1993).

Алесь Свісёк (Аляксандр Батура) нарадзіўся 6.08.1920 г. у вёсцы Крывічы Навагрудскага павета. У ліпені 1945 г. прыехаў у Польшчу. З 1951 г. у Рагозне. Настаўнік. Дэбютаваў у навагрудскай „Звяздзе” (1940). Друкаваўся ў „Ніве”. Твор з альманаха „Белавежа-2” (1971).

Багдан Смыла нарадзіўся 21.03.1922 г. у вёсцы Любачын пад Пінскам. Пасля вайны ў Глівіцах. Канструктар. Дэбютаваў у „Ніве” (2.05.1976).

Андрэй Сошка (Вацік Асіповіч) нарадзіўся 11.07.1927 г. у Тапалянах. Дэбютаваў у „Ніве” (1956). Іншыя псеўданімы: Янка Мірны, Сяргей Кручок, Вінцук Грабовіч, Корань. Аўтар „Агафона Аброткі” і „Думак Яські Апалоніка”. Твор з альманаха „Рунь” (1959).

Зося Стаськевіч (Бусловіч) нарадзілася ў 1938 г. у Бельску. Дэбютавала ў „Ніве” (2.09.1956). Твор з альманаха „Белавежа-2” (1971).

Віктар Стахвюк нарадзіўся 1.06.1948 г. у вёсцы Трасцянка. Дэбютаваў у „Ніве” (7.07.1963). Па адукацыі філолаг, па страсці палітык. Твор з
5.07.1992 г.

Пранук Субач засакрэціўся ў Біштынку. Твор з 15.09.1957 г.

Леапольд Танкевіч нарадзіўся 7.04.1939 г. у вёсцы Савейкі. З 1958 у Польшчы — на захадзе. Настаўнік. Друкаваўся ў „Ніве”. Твор з „Беларускага календара” 1982 г.

Юрка Трачук нарадзіўся ў 1957 г. у Боцьках. Дэбютаваў у „Ніве” (15.01.1978). Філолаг.

Юрка Харкевіч нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Ляшукі. Дэбютаваў у „Ніве” (3.06.1973). Настаўнічаў, цяпер у паліцыі.

Ліля Хілецкая нарадзілася 3.01.1963 г. у Белавежы. Друкавалася ў „Ніве”. Твор з 3.05.1981 г.

Фёдар Хлябіч нарадзіўся ў 1911 г. у Рыбаках пад Бандарамі. Селянін. Друкаваўся ў „Ніве”. Твор з 7.08.1982 г.

Ягор Хлябіч нарадзіўся 14.05.1938 г. у вёсцы Валілы. Гісторык. Друкаваўся ў „Ніве”. Твор з альманаха
„Літаратурная Беласточчына” (1973).

Янка Целушэцкі нарадзіўся ў 1944 г. у вёсцы Новае Ляўкова. Беластоцкі журналіст. Друкуецца ў „Ніве”. Твор са зборніка „Імгненні” (1991).

Ян Чыквін нарадзіўся 18.05.1940 г. у вёсцы Дубічы-Царкоўныя. Дэбютаваў у „Ніве” (30.06.1957). Філолаг, прафесар. Прыродны лірык нават у вершах сатырычных, якія падпісвае псеўданімам Дратва. Творы са зборнікаў „Святая студня”, „Неспакой”,
„Іду”.

Дзмітрый Шатыловіч нарадзіўся 8.09.1926 г. у вёсцы Чаромха. Дэбютаваў у „Ніве” (30.03.1958). Энергетык. Твор з альманаха „Белавежа” (1988).

Міхась Шаховіч нарадзіўся 20.11.1953 г. у вёсцы Сакі каля Бельска. Дэбютаваў у „Ніве” (6.01.1974). Беластоцкі журналіст. Твор з альманаха
„Белавежа” (1988).
Памёр 5.06.2000 г.

Віктар Швед нарадзіўся 23.03.1925 г. у вёсцы Мора. Дэбютаваў у „Ніве” (24.03.1957). Літаратурны работнік. Прыхільнік камічнага: Андрэй Самасей. Многа піша для дзяцей. Творы са зборнікаў
„Дзяцінства прыстань” і „Мая зялёная
Зубровія”.

Уладзімір Шклярук нарадзіўся 21.09.1915 г. у Маскве. Настаўнічаў у Шчытах. Друкаваўся ў „Ніве”. Твор з 7.05.1972 г.

Яніна Шостак