|
Юрка Буйнюк, Субота ў Малінніках, Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Серыя заснавана ў 1990 годзе. Кніжка пяцьдзесят першая, Беласток 2004
Змест
*** ах! якая дзяўчына
*** Бацькоўскімі рукамі
*** Хацела ты
Іх Эдэм
*** я, мужчына
*** мой вецер звар’яцеў
Наканаванне
*** Паглядзі
Парасон маіх мараў
Спадчына
*** Я сам сабе вінаваты
Святыня самоты
*** У каменным крузе самоты
*** Вандроўніку спрагнеламу кахання
*** Вы дазвольце, дарагая
Блудны сын
*** Полымя агню
*** я камень
*** каштоўны напітак падаў вечаровы час
*** Мая маладая жанчына
Стрыптыз думак
*** Шэрыя вочы маёй самоты
*** На каленях перад Магутным
*** вобразы тваіх слоў
*** Збан маёй памяці перапоўнены болем
Вечар за вёскай
За вёскай
*** Хвалюе мяне
*** Дваццатае стагоддзе
*** Белым голубам
*** у лазерную ноч
*** рака часу
*** круціцца колаўротак лёсу
Параграф 148
У акце натхнення з самотай спараджаецца паэтычнае слова.Няма паэзіі без самоты, як слова без думкі.
У сучасным свеце назіраецца недахоп думкі ды слова.Паэзія з’яўляецца злучнікам унутранага свету творцы са знешнім ды яго адносін з ім.Паэзія ёсць імпульсіўнай дзялянкай мастацтва, хвілінай, якую схопліваецца ў некалькіх словах,хвілінай, якая затрымліваецца ў вершы.Паэзія ёсць душэўнай тэрапіяй.Сам паэт павінен быць свабодны
ў сваёй дзейнасці, як салавей на волі – свабодным думкамі, незалежным у творчасці, блізкім ідэі пераказвання сваіх думак.Чужая ідэалогія ды кіраванне пачуццямі робіць творцу інертным.
***
ах! якая дзяўчына
бы ягада спелая
губы рабінавыя каралы
воблакам неба-тварык
вочы цёмнымі зорамі свецяць
у светлых валасах
травеньскі вецер
ах! што за дзяўчына
піў бы вусны твае
чытаў бы думкі твае
гарэў бы агнём з табой
ішоў бы дажджом з табой.
28 травень 2004, пятніца
Сп.праф. Галіне і Яну Ч.
Бацькоўскімі рукамі
Матчынай спагадай
Крылом дрыгавічоўскім
Вы прыгарнулі да сябе
Маладых белых коней
Яны мчаць па беларускім полі
Пагоняй змагання
Да крыніцы роднае мовы.
27 сакавік 2004,. субота, Маліннікі
***
Хацела ты
згасіць ува мне
апошнюю свечку.
Не згасіла – запаліць другая.
Хацела ты
спаліць ува мне
ліст апошняй надзеі.
Не спаліла – напіша другая.
28 сакавіка 2004, нядзеля, Маліннікі
ІХ ЭДЭМ
Цёмнай ноччу
Хваляй кахання адплывалі абое
Цераз мора лёсу плылі пад ветразем кахання
У люстры начнога дажджу
Ненавідзелі свае твары.
Маладыя Ікары ўзляталі высока
Крыламі ночы краналі зорнае неба
Тапіліся ў чорнай тоні лёсу.
Людзі як дрэвы
Горнуцца да сябе галлём
Шапочуць на ветры лісцём Юдзінага дрэва.
6 травеня 2004,. Юр’я, Беласток
***
я, мужчына,
стаю перад люстрам
шукаю высокага ідэалу
ў напружанні ўласнага погляду
я, мужчына, сучаснага свету
не знаходжу сябе
сярод камерцыйных дзён
пагоні за матэрыяй
сярод ікаравых палётаў
мускулярнай хвальбы
сярод дзявочых дотыкаў мужчын
блакітнай зары
гэта не маё
30 траўня 2004
***
мой вецер звар’яцеў
пасцель тваёй нявіннай белі
заслана нашай вясною
вышыта рамонкам сэрца
на ложку ледзяной залы
разгарэлася чырвоным агнём
тваёй крыві
нашай крыві
мы спляліся ў cну дзівосную касу
ты закрыла вочы
каб праглынуць слязу цярпення
твой першы боль
мой першы боль
паміж намі прорва Эдэму
чужыя сабе дарогі
ты
я
3 чэрвеня 2004 г.
НАКАНАВАННЕ
1
За плячыма чую нясмелыя крокі
Восеньскі дождж-спадарожнік самоты
Спакой вечара крадзе
Са страху перад днём
Хаваюся за зорную пярыну ночы вераснёвай
Дакуль сон мой карміць мяне будзе
Чужым хлебам Надзеі
Дакуль буду сам
Ноччу туманнай
Стаяць на скрыжаванні невядомых дарог.
21верасня2003
НАКАНАВАННЕ
2
Перад вачыма праймчала
Чыгунка маёй маладосці
Не паспеў я ў падарожжа здзясненняў
Не засеяў
Не сабраў
Зерне кінутае ветрам
Па камянях блукае
Я за агонь вінаваты
Калі вады іншым трэба?
Пад сонцам
З вачыма дажджу
Бягу супраць ветру
Да паветра
21верасня 2003
НАКАНАВАННЕ
3
Ноччу цёмнай
На шыбе замазанай чорнай сажай
Вісеў срэбрны серп месяца
Твар маёй самоты
Я стаў люстрам натоўпу
Апакаліпсіс думак забіваў дзень
Над манетай месяца
Кружылі фігуры думак цёмных
Як Каін і Абель неразлучныя
***
Паглядзі
З ранняга неба світанку
Зорную пярыну ночы вецер здымае
Толькі не для нас
Не для нас
Паслухай
Голас серабрысты ранняга жаваранка
Кліч самотнага сэрца
Толькі не табе
Не табе
Пачуй
Першы вобдымак ветру веснавога
Бэзавага паху паветра
Не табе
Не мне
Не нам
25.01.2004
ПАРАСОН МАІХ МАРАЎ
Ад кожнага дажджлівага дня
хаваюся за каляровы парасон уласнага свету
Хай мне зайздросцяць тыя,
Хто бяжыць у дождж без парасону
Хай мне зайздросціць і той,
Хто сам купаецца ў дажджы.
А ты ідзеш пад халодным дажджом
Губляючы сонца на кожным прыпынку жыцця
Ведаю добра,што ўцякаеш ад ночы
Шукаеш шчасця ў вясёлцы якой не відаць.
З кожным шэрым днём мару
Што ў свеце дажджу мы створым
Супольны парасон нашых сонечных думак.
28 траўня 2004
СПАДЧЫНА
Вечны час заклінае гісторыю
Дзед пакінуў па сабе кошыкі
Мы носім у іх бульбу
Яны жывуць
Бабуля пакіне па сабе
Хату з сасновага дрэва
Якая ўзгадавала бацьку і нас
Бацька пакіне сад
Што белым квеццем
Травеньскага вяселля ўваскрасае
Летам сілкуецца зеленню
Плодам дзеліцца восенню
Пад пярынай снегу засынае
Зімовым сном захаду сонца
Ён будзе жыць
Маці затрымае пах аернага хлеба
Смак яго ўзгадаваў пакаленні
Будзе карміць
Будзе вечным
А я мабыць пакіну
Гэты верш-эпітафію
Маім суродзічам каханым
Ліпень 2003
***
Я сам сабе вінаваты
Нястрыманых слоў вадапад
Штодзень забівае мяне
І думкі бы караблёў натоўпы
Неспагадлівы гоніць лёс
За шчыра свеціць сонца маё
На квадратным небе самоты
Кастрычнік 2002 — 21.12.2003
СВЯТЫНЯ САМОТЫ
1
Асеннім вечарам
Люблю ісці знаёмай вуліцай
Яе ліхтары асвятляюць дарогу
Да святыні самоты
Адчыняю старыя дзверы
Забытыя з-за натоўпу люстраных твараў
Тут у недаступных мурах сэрца
Не чужы сам сабе
Слова бурліць
Крыніцай думак
П’ю нагбом
Як віном
Поіць мяне самотай
Чым бліжэй заўтра
Тым моц яго большая
2
Муры святыні самоты
Поўняцца немай песняй збалелай душы
Маўклівай каралевы
За яе змагаюцца два мячы
Толькі адзін будзе пераможца
Залаты келіх на каменнай падлозе
Віно маладое разліта
Недапітае пераможцам
Няздзейсненым рыцарам
Які адыйшоў са сноў каралевы
У свой сон
Свет нерухомых фігур
Адплыў заўчасна
На сваёй ладдзі
У Стыкс
Кастрычнік 2002 – 21снежань 2003
***
У каменным крузе самоты
Дыяспара думак ўласных
Губіцца ў натоўпе
Абыякавых шкляных твараў
Люстраных позіркаў
Выразаных часам
Вобразаў дня
Ты тут зусім не існуеш
Як семя кінутае на камень
Словам жывым абыдзенае
Родным і чужым.
24 кастрычніка 2001
***
Вандроўніку спрагнеламу кахання
Перамучанаму пасля цяжкага падарожжа
Па запыленых дарогах шчасця
У спякоце няздзейсненых мараў
Даеш кубак свайго кахання:
“Пі да канца сок майго сэрца
Яшчэ ніхто не дакрануў яго сваімі вуснамі”
Але я бачу на ім
Дотык чужых вуснаў
Не хачу смакаваць
Замутнелага твайго кахання.
25 ліпеня 2004, нядзеля
***
Вы дазвольце, дарагая,
быць мне вашым ветрам вясновым
які плечы вашы ахіне
думкамі траўня запляце вашы косы.
Вы дазвольце, прыгожая,
быць каралямі на шыі вашай
бурштынавым сонцам грэць дзявочы вочы.
Вы дазвольце, адзіная
быць дажджом вам у спякоту
шумам сваім буду адганяць вам самоту.
Вы дазвольце, маладая,
быць надзеяй дня майго
светлым промнем
гэтай ранняю вясною.
3 красавіка 2004,. субота, Маліннікі
БЛУДНЫ СЫН
калі ўдасца табе
пераступіць парог паміж смерцю і жыццём
чуеш моц бясцэннага дару
дзякуеш, не чакаючы заўтрашяй просьбы,
за яго кожны бляск,
які атрымаў ты
ад Усявышняга
але ці гэта апошні раз?
2004-06-09
***
Полымя агню
Глыток вады
Крыху суму восеньскага вечара
Акраец травеньскага неба світанку
Гэта я
Бягу у дождж на сустрэчу той адзінай мроі
Гэта я
Уцякаю ветраззю з вясновым ветрам
Гэта я
Уцякаю ад цёмных пейзажаў самоты
Гэта я
Не хто іншы
Пакуль сам не ведаю што ўва мне гарыць
27 чэрвеня 2004
***
я камень –
чакаю як
выкрасаеш ува мне
іскру кахання
я вада –
чакаю
як падагрэеш мяне
промнем любві.
3 чэрвеня 2004
***
каштоўны напітак падаў вечаровы час
смакую размову з дзяўчынай
адчуваю слодыч кроплі кожнага слова
пробую далікатна пачуць ягоную моц
піць буду доўга пакуль пачую смак
не праглыну бо можа стацца салодкай атрутай
не ў ёй смак а цярпенне блізкае
2004-09-15
***
Мая маладая жанчына
дай мне
разблытаць цябе
з кайданоў страху
каб скінуць мне з сэрца
цяжкі камень
маёй прагнасці.
Мая маладая жанчына
ў адну ноч павер
ты расцвіцеш мне
кветкай папараці
будзеш купацца
ў чырвоным ўсходзе сонца
зацвіцеш спелым рамонкам
на зялёным лузе
сваёй ранняй вясны
у адзін вечар
магу скрасці табе сон з вачэй
ахінуць крыламі ночы
20 траўня 2004
сарамлівым ды маладым
паэтэсам прысвячаю
Не! Не! Не!
– усклікнула ты, –
– не дам табе ключа
да дзвярэй агароду
думак тваіх
– не пушчу цябе ў агарод маіх змоцый
бо разгарыцца агнём галавенька шчырасці
лепш хай запылае вогнішчам тваёй адкрытасці
добра? – ціха запытала ты
– добра – нярадасна кіўнуў я галавою.
З напружанасці настрояў
скінуў я з сябе
плашч тугі
кашулю суму
сарочку моцы
штаны слабасці
маё-тваё
сум-радасць
моц-слабасць
вера-паганства
шчасце-наканаванне
нянавісць-каханне
нахабнасць-стрыманасць.
Напаіўшы ёю цікавасць
Тайнай крыніцы сваіхдумак
Пытаю:
– Задаволеная?
27 траўня 2004
***
Шэрыя вочы маёй самоты
маюць бляск месяца ў бяссонныя ночы.
Самотны шпацыр па лабірынце чакання
па ўскрайку ўспамінаў
баліць іскрамі няздзейсненых агнёў.
У самоты свабода слова
патрэба паперы
пошукаў шчасця.
Як бязмежна свабодны
турэмшчык ў цесных кайданах нясмеласці.
Самота мая мінорная
надарма пальцы блукаюць
шукаючы на грыфе тужлівай гітары
супольнага рытму
сугучнага сэрцу –
не знойдуць.
Трэба часу.
28 траўня 2004, пятніца
***
На каленях перад Магутным
чалавек здаецца малым зернем лёcу.
Вымольваючы прабачення
блудны сын вяртаецца дадому
дзе заўжды чакае Бацька
каб даць спрагнеламу дзіцяці
глыток жыватворнай Веры.
7 красавіка 2004
Вялікая Серада, Маліннікі
***
вобразы тваіх слоў
усё плывуць ракой маёй памяці
яна прыцягвае кожнае тваё слоўка
як магніт супраціўнага полюса.
Сэрца патрабуе паперы
каб выліць думкі з начыння памяці
якая не ведае чакання светлага дня.
4 красавіка 2004, нядзеля, Маліннікі
***
Збан маёй памяці перапоўнены болем
хапае яго кожнаму хто атрымлівае келіх майго даверу
усё яго прыбывае.
Вобраз тваіх слоў бруіцца вечнай крыніцай
Хацела ты каб я саступіў
каб ізноў схаваўся ў цвёрды панцыр самоты
закрыў за сабою апошнія дзверы.
Аднак я наперад іду.
Ліхі час ёсць верным сабакам
які не спіць нават ўночы.
27 сакавіка 2004 г.субота
ВЕЧАР ЗА ВЁСКАЙ
За вёскай неба разгарэлася
гарачай галавенькай
аранжавы апельсін сонца
хіліўся на захад
чэрвеньскага вечаровага дня
неба дагарала прызмай колераў
плылі аблокі з царкоўных ікон
і яны хіліліся ў казачнай пярыне
да пахучых лугоў
да старых лясоў
бы бабулькі старыя
ў паклоне зямельцы перад сном
казку чароўную шаптала
на лузе трава ў пакосах засынаючаная
рытмічна іграў жабін аркестр
рэха яго ішло пад лес
у вадзе мачыў ногі бусел
птах беларусаў
заслуханы задумлены
ў нябесную казку
поўную колераў святых
і малітвы
лістапад1997 — кастрычнік1999
ЗА ВЁСКАЙ
Пры бараноўскім лесе
Загарэлася жоўтая чара неба
Палаючая грамнічнай свячой
Заходзячага сонца
Ў рытме серабрыстага снегу
Нездаровая маладосць колераў казыталася
Чырвонай гарачынёй захаду сонца
Спакойны краявід чакаў
Як тут чара неба сінню прыкрыецца
-то іскрыстыя сані бацькі-ветру
неспадзявана пад’язджалі з лесу
з зімою і марозам
адвечным каханкамі лёду
шалёна ў сябе ўлюбёнымі
а тут вецер як не дуне- гукне
на трох сваіх сыноў- асілкаў
адзін малойчык на гармоніку ўрэзаў
аж востры гук у сухім паветры задрыжэў
а другі – на дудзе загудзеў
у бубен ударыў
а вецер- музыкант здатны ,як і сыны
аж усё сціхла
на паляне са звонам-радасцю
тройка коней срэбных паявілася
маладыя-толькі мільганулі
ў мільёнах праменьчыкаў інею
срэбных зорак неба
І тут Бараноўшчына
-бабуля жывая
з дзецьмі і ўнукамі сваімі
Бараноўшчына да танца падарвалася
ў рытм мелодыі сыноў ветру
завіравалі маладыя елкі-дзяўчаты
затанцавалі маладыя бярозкі
ўсё ў танцы завіравала
ні вецер ні бараноўская моладзь лясная
ніякага гора не прадчувалі
над вёскай
іграла радасць
усе за маладых шчасце танцавалі
і не запамяталі
грамнічнага вяселля
пакутнай будучыні
маладога новага года
зусім забытага
Травень2001 – кастрычнік2001
***
Хвалюе мяне
болбат слоў
адлётных з ветрам
пустыя дыялогі
без спеласці одуму
хвалюе мяне
закрытасць людзей
хвалюе мяне
драўляная ўсмешка
выразаная на тварах
за нішто незайздрасных людзей
выцягванне з кагосьці
радасці і суму
дурнота манатоніі
крыху одуму
дарагія людзі
заблытаныя ў лабірынце
штодзённых праблем
крыху шчырасці
сакавік 1999 – 24снежня 2003
***
Дваццатае стагоддзе
бязмежна атуманіла чалавека гонкай за матэрыяй
загубіла ў гайках сэнсу існавання чалавецтва
вырас эгаіст плачучы над сваімі марамі
незразумелыя натоўпам
паміраюць ад кахання
здзяйсненні кожнай думкі
паміраюць у штодзённасці
мо і я эгаіст
Сакавік1999 – 24 снежня 2003
маёй каханай Дар'і прысвячаю
Белым голубам
прыляцела ты на панадворак майго жыцця.
Да гэтай пары бачыў я шэрых галубоў.
Ты – добрае віно,
якое першы раз смакую,
выпіваючы свежы вадапад вуснаў тваіх.
Ты – першая ластаўка ранняй вясны,
якая кругам кахання ахіляе.
Ты расцвітаеш цветам чарэшні,
свежы і сонны пах ў яе.
У вачах тваіх
вінаградны агарод мараў маіх.
Сама ты – неацэнная ,
як спрагнеламу вада,
як нованароджанаму паветра,
як галоднаму хлеб.
Корміш сэрца маё
трыма колерамі цяпла:
блакітам неба – Верай,
зеленню саду – Надзеяй,
чэрвенню ўсходу сонца –Любоў'ю.
25.03.2005
***
у лазерную ноч
пад нагамі мора маладых гарыць паркет
разнаколерным агнём
бліскае хаос думак
расцвітаюць тысячы кветак папараці
каб звянуць у святле дня
пад хаос рытму прымушаным імпульсам
шуміць мора маладых цел.
28.04.2003
***
рака часу
плыўны ручнік дум
памутнелая вада ўспамінаў
вір туманных дзён
плыткая ладдзя
адзінокі рыбак
цяжка вісячая
дзіравая сетка неба
паміраючы спакой
стрэлы дажду
плач хмараў
крык ветру
3 сакавіка 2005
***
круціцца колаўротак лёсу
бяссільны чалавек каб ведаць
як доўгая нітка жыцця
якое будзе палатно шчасця
калі кросны жыцця закончаць работу
ці матэрыял ператрывае час
29.09.2004
Прысвячаю памяці
трагічна загінуўшай
2 ліпеня 2004г. Ані Дыбоўскай
Чыгункай жыцця імчала жыццё маладое
Кожны дзень хацелася трымаць у далонях
Дзявочая свабода валасоў раскідана
У цёмным тунэлі неспадзяванай смерці
Сэрца закончыла вымяраць спадзяванні
Блакітным матылём б’ецца справядлівасць
Аб акно рэчаіснасці яснай будучыні вясны
Паміраючы са страхам у вачах
Немым крыкам сэрца аб помсту да неба
Заносіць бяссільнае лёсу жыццё

