|
Бежанства 1915 года. Праграмная рада тыднёвіка Ніва, Беласток 2000, сс.415
УступТэма эвакуацыі амаль паўтарамільённай заходнебеларускай грамадскасці ў глыб Расіі ў жніўні 1915 г. пакуль што не мае свайго даследчыка. Нават спецыялісты па дэмаграфічных пытаннях Беларусі ХХ стагоддзя не заўважаюць гэтага факта, хаця ён рашуча паўплываў на гісторыю беларуска-польскага памежжа[1]. Падзея гэтая мела вялікі ўплыў на лёсы беларускага насельніцтва, на грамадскія, палітычныя і эканамічныя працэсы, якія праходзілі ў дваццатыя і трыццатыя гады на землях, ахопленых перасяленчай акцыяй царскіх улад у 1915 г. Шматгадовая пабыўка ў Расіі сфарміравала асаблівы вобраз рускіх у свядомасці беларускіх сялян. Да сённяшняга дня бежанства ўздзейнічае на ўяўленні праваслаўных жыхароў Беласточчыны.
Змешчаныя ў кнізе ўспаміны паказваюць лёс наймалодшага пакалення бежанцаў. Толькі тыя людзі, якія ў 1915 г. былі яшчэ дзяцьмі, маглі дажыць да нашых дзён і расказаць пра выпрабыванні свае, сваёй сям’і, вясковай супольнасці. Прапанаваная чытачу кніга - асаблівая крыніца ведаў пра гісторыю вялікай часткі нацыі, бачанай вачамі сведкаў эпохі. Лёсы паасобных людзей складаюць лёс народа. Ва ўспамінах жыхароў Беласточчыны сустракаюцца падобныя здарэнні, якія спадарожнічалі ім у час вымушанай шматгадовай вандроўкі па тэрыторыі Расіі. Хаця паасобныя людзі падвяргаліся ўсялякім выпрабаванням, аднак, чытаючы ўспаміны, заўважаецца супольнасць іх трагічнага лёсу. Нічога дзіўнага, што для шматлікіх людзей бежанства засела ў памяці як найважнейшая падзея ў іх жыцці. Нават кашмарная нямецкая акупацыя падчас апошняй вайны не пакінула такога следу. У 1915 г. большасць беларусаў Беласточчыны, Гродзеншчыны, Віленшчыны, Брэстчыны ўпершыню пакінула свае вёскі і падалася ў невядомыя для іх стораны, перажыла голад, холад і пекла расійскай рэвалюцыі, часта патраціла найбліжэйшых сабе людзей. У час апошняй вайны прабывалі яны на сваёй зямлі, у сваіх хатах, у акружэнні, якое добра ведалі. І хаця час быў таксама жахлівы, больш вядома было як пазбягаць усялякіх няшчасцяў.
У выніку наступлення нямецкай арміі ў ліпені 1915 г. расіяне вымушаны былі пакінуць Польшчу і заходнія губерні Імперыі Раманавых. Каб ускладніць немцам магчымасць забеспячэння харчовымі прадуктамі, генеральны штаб рускай арміі вырашыў прымяніць на беларускай тэрыторыі тактыку „выпаленай зямлі”. Прадугледжвала яна перасяленне насельніцтва на ўсход ад былога Каралеўства Польскага (Прывіслінскага краю) і знішчэнне маёмасці, якой магла б пакарыстацца нямецкая армія. Пераселеныя беларусы ў планах царскіх генералаў мелі таксама папаўняць мабілізацыйныя запасы рускай арміі. Расіяне адклікаліся такім чынам да вопыту вайны з французамі з пачатку ХІХ стагоддзя, калі тактыка „выпаленай зямлі” прывяла да знішчэння арміі Напалеона Банапарта. У 1915 г. чыгуначны транспарт дазваляў свабодна вырашаць усе праблемы забеспячэння арміі. Высяленне паўтарамільённай масы людзей і знішчэнне іх маёмасці было тады цалкам бессэнсоўным дзеяннем таксама з вайсковага пункту гледжання. Аперацыя высялення была праведзена надзвычай спраўна, пры выкарыстанні даступнага тады прапагандысцкага апарату. Раней з гэтай тэрыторыі ў царскую армію прызваных было пару дзесяткаў тысяч маладых мужчын.
Каб заахвоціць людзей да эвакуацыі, улады на пачатку жніўня 1915 г. пачалі распаўсюджваць інфармацыі пра зверствы, якія быццам бы ўчыняюць немцы на мірным насельніцтве. На шырокай тэрыторыі прапагандаваўся такі сам, прыдуманы, сцэнарый падзей, якія мелі наступаць разам з уваходам нямецкай арміі. Паводле прапаганды, нямецкія садлаты мелі страшэнна здзекавацца над праваслаўным насельніцтвам: жанчынам абрэзваць грудзі, дзецям - вушы і насы, мужчын - асляпляць, а ўсіх без розніцы масава забіваць[2]. Адзіным спосабам, каб пазбегнуць такіх няшчасцяў - інфармавалі царскія ўлады - былі ўцёкі ў глыб Расіі. Прапаганда вялася вайсковымі коламі і Праваслаўнай царквой. Весткі пра надыход катаклізму распаўсюджваліся ва ўсіх праваслаўных храмах. Святары падчас багаслужбаў заклікалі вернікаў браць рухомую маёмасць і ўцякаць на ўсход. У выніку сотні тысяч людзей апынуліся на дарогах, накіроўваючыся ў прапанаваным расійскімі ўладамі напрамку. Святары далі прыклад, выязджаючы разам з царкоўнай маёмасцю. Аставаліся пазбаўленыя званоў, ікон і іншых каштоўнасцей цэрквы. Большасць вывезенай царкоўнай маёмасці ўжо ніколі не вярнулася на сваё месца[3].
Каталіцкія святары таксама атрымалі ад улад прапанову заклікаць вернікаў да выезду ў Расію, аднак у касцёлах вялася прапаганда, якая стрымлівала насельніцтва ад эвакуацыі. Бежанцы сярод католікаў былі рэдкасцю. Выехалі толькі тыя, што жылі сярод праваслаўных і на якіх паўплываў пануючы ў гэтым асяроддзі псіхоз. Улады не заклікалі да выезду яўрэйскае насельніцтва. Па гэтай прычыне на прасторы ад Беластока да Дзвінска, Баранавіч і Пінска, дзе стабілізаваўся нямецка-расійскі фронт, асталіся амаль выключна католікі і яўрэі.
У некаторых мясцовасцях перад выездам праводзілася інвентарызацыя маёмасці, якая аставалася ў вёсках і мела быць спаленай. На вопісах пячаткі ставілі прадстаўнікі ўлад і вайсковых фарміраванняў. Гэтыя інвентары пасля вайны мелі быць падставай для выплаты урадам Расіі кампенсацый за патрачаную маёмасць. Найчасцей неадкладна пасля выхаду жыхароў з вёсак казакі падпальвалі будынкі.
Праваслаўнае насельніцтва ўцякаючы ад немцаў імкнулася забраць з сабой усё, што ўдавалася пагрузіць на вазы. Некаторым сялянам частку маёмасці ўдалося прадаць яўрэям ці католікам. У шматкіламетровых рухомых саставах бежанцы везлі з сабой харчовыя прадукты, вопратку, палатно, збожжа, неабходныя ў гаспадарцы прылады. Часта за вазамі ішлі адна-дзве каровы. На вазах не было месца для людзей, таму нават дзеці і старэчы вымушаны былі ісці пешшу. У гарачыя жнівеньскія дні асноўнай праблемай бежанцаў стаў недахоп вады. У калодзежах па вёсках, размешчаных ля дарог, па якіх рухаліся калоны бежанцаў, вада найчасцей павысыхала. Людзі вымушаны былі спажываць воду з ручайкоў, сажалак і балот, што было прычынай хвароб стрававальна-кішачнага тракту, і ўрэшце, пры поўнай адсутнасці медыцынскай дапамогі, вялікай смяротнасці. Побач дарог пачалі з’яўляцца магілы бежанцаў, перш за ўсё найслабейшых - дзяцей і старэчаў.
Бежанцы накіроўваліся да ўказаных ім чыгуначных станцый. Некаторыя вымушаны былі ехаць некалькі тыдняў у Баранавічы, Ваўкавыск, Слонім, Бабруйск. Падчас доўгага падарожжа часта здаралася, што рассыпаліся сем’і. Дзеці з бацькамі часам сустракаліся пасля некалькіх гадоў, некаторыя ніколі ўжо больш не спаткалі сваіх блізкіх.
Маёмасць, якую везлі з сабой бежанцы, трэба было пакінуць на чыгуначнай станцыі. Коней, кароў, вазоў немагчыма было ўзяць з сабой. Натоўпы бежанцаў на чыгуначных вакзалах дэзарганізавалі вайсковы транспарт. Расійскае камандаванне вырашыла тады хутка пазбыцца клопату, паставіўшы 12 тысяч вагонаў, на якіх ад 5 да 15 кастрычніка ад’ехала большасць бежанцаў.
З заходняй Беларусі выехала тады 1 мільён 400 тысяч людзей. Апусцела перш за ўсё Гродзенская губерня, а асабліва Беластоцкі, Бельскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Пружанскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі і Навагрудскі паветы. Большасць бежанцаў трапіла ў Тамбоўскую, Самарскую, Разанскую, Харкаўскую, Екацерынаслаўскую, Арэнбургскую, Курскую, Казанскую, Калужскую губерні. Больш за 130 тысяч беларусаў пасялілася ў Маскве, 100 тысяч - у Петраградзе[4].
У канцы 1915 г. ва ўмовах нямецкай акупацыі на пакінутых беларусамі землях узніклі магчымасці развіцця асветы і нацыянальнага жыцця. Зменай палітычнай сітуацыі пакарысталіся палякі і літоўцы. Нешматлікія беларускія школы пачалі ўзнікаць пры канцы 1916 г. у каталіцкіх асяроддзях дзякуючы дзеячам і святарам беларускай нацыянальнай арыентацыі. Слабасць беларускага нацыянальнага жыцця, на што часта звяртаюць увагу польскія гісторыкі, вынікала перш за ўсё з адсутнасці беларусаў на гэтай тэрыторыі да 1918 г., калі людзі пачалі вяртацца з бежанства.
Змешчаныя ў кнізе ўспаміны паказваюць, што Расія зрабіла вялікае ўражанне на беларускіх сялянах. Здзіўляла іх перш за ўсё ветлівасць і шчырасць расіян. Бежанцаў абдароўвалі яны вопраткай, харчамі, прымалі на кватэры. Беларускіх сялян здзіўляла таксама ўраджайнасць тамашніх палёў. Шмат хто рашаўся тады шукаць там пастаяннага месцажыхарства. Большасць бежанцаў знайшла сабе працу, а іх дзеці пачалі вучыцца ў мясцовых школах. Дзесьці далёка ішла вайна, якая прыпамінала аб сабе частымі прызывамі рэкрутаў. Абавязак служыць у царскай арміі мелі таксама бежанцы.
Беларусаў у Расіі інтрыгавалі мясцовыя традыцыі, рэлігійная абраднасць. Сярод расіян, асабліва падчас рэвалюцыі, дзейнічала шмат усялякіх сектаў, якіх правадыры тлумачылі свет у спосаб дазваляючы пратрываць ва ўмовах страху, голаду, шалеючай вакол жахлівасці. Бежанцы апынуліся ў свеце ўсялякіх рэлігійных плыняў, якія ўздзейнічалі таксама на іх свядомасць. На працягу некалькіх гадоў рассыпаўся іх палітычны, эканамічны і рэлігійны парадак свету вядомы ім ад некалькіх пакаленняў, якога асновай была царская ўлада і аўтарытэт Праваслаўнай царквы.
Вобраз Расіі пасля рэвалюцыі бачыўся бежанцамі як процілегласць тае краіны, якую пабачылі ў 1915 годзе. Багатая дзяржава, бацькаўшчына заможных і ветлівых людзей - такі менавіта вобраз дарэвалюцыйнай Расіі запамятаўся большасці бежанцаў - раптам стала месцам шалёнага самазнішчэння. Шмат хто з беларусаў стаў сведкам, а таксама ўдзельнікам падзей, якія адбываліся ў Імперыі. Голад, эпідэміі і шалеючая вайна, фронт якой праходзіў амаль праз кожную вёску і мястэчка, учынялі спусташэнне таксама сярод бежанцаў. Большасць уцекачоў вырашыла тады вяртацца ў свае мясцовасці. Вандроўка на захад, цераз ахопленую пажарам вайны Расію, трывала часам некалькі месяцаў.
Бежанцы вярталіся ў іншую, чым выехалі, краіну. Тут была Польшча. Перад ад’ездам была ў іх гаспадарка, хата, гаспадарчыя будынкі, жывёла, сельскагаспадарчыя прылады. Пасля вяртання з Расіі адзінай маёмасццю была здзірванелая зямля. Выязджаючы ўмелі пісаць і чытаць, у Польшчы нанава сталі непісьменнымі. Дзяржаўныя ўлады не мелі магчымасцей дапамагчы вяртаючымся з Расіі беларусам, дарэчы, ніхто тады нават не думаў пра патрэбу такой дапамогі. Ніхто не бачыў праблем бежанцаў. Пакінутыя на волю лёсу людзі шукалі спосабаў выжывання.
Змешчаныя ў кнізе расказы паказваюць як цяжка было пачынаць бежанцам новае жыццё на сваёй зямлі. Штодзённае змаганне за тое, каб накарміць дзяцей і самому пражыць поўнасцю займала іх увагу ў першых месяцах пасля вяртання. Жыццё бежанцаў напамінала тады бытаванне людзей каменнага веку. Не было коней, каб узараць поле. Пазычалі іх ад яўрэяў, так як і зерне для сяўбы. Большасць вярнуўшыхся пачынала жыць у зямлянках або буданах. Такія хаты служылі бежанцам часам некалькі гадоў, пакуль не пабудавалі сапраўднае жыллё з драўляных брусоў.
Аднаўленне маёмасці, якую бежанцы патрацілі ў 1915 г., трывала амаль цэлае міжваеннае дваццацігоддзе. Бежанства забрала ўсё, што выпрацавала некалькі пакаленняў беларусаў. Адбудове не спрыяла бяздушная фіскальная палітыка польскай дзяржавы. Таму сацыяльныя і эканамічныя праблемы беларусаў ІІ Рэчы Паспалітай рашуча паўплывалі на іх палітычную, а нават рэлігійную арыентацыю. Большасць запамятала прыніжаючую галечу, недахоп харчоў і пастаянныя праблемы з платай падаткаў. Каб зарабіць грошы, людзі шукалі працы ў фальварках, часам адлеглых на некалькі дзесяткаў кіламетраў ад роднай вёскі, пасылалі дзяцей на цэлае лета пасвіць кароў за два цэнтнеры жыта. Католікі, якія жылі побач, не патрабавалі кожную залатоўку прызначаць на аднаўленне гаспадаркі і таму запамяталі яны зусім іншы, чым праваслаўныя, вобраз даваеннай Польшчы. Палякі жылі ў сваёй краіне. У школах, касцёлах, дзяржаўных установах паўтараліся лозунгі, якія польскім грамадствам успрымаліся з адабрэннем. Дзяржаўная прапаганда звяртала ўвагу на перамогу ў вайне з Расіяй. Усход паказваўся як прастора прымітывізму, на якую цывілізацыю заўсёды прыносілі палякі. Сярод беларусаў такая прапаганда замацоўвала толькі апазіцыйнасць да польскай дзяржавы. Бачылі яны багатую царскую Расію, а ў Польшчы жылі на ўзроўні жабрацкага стану. Антыбеларускасць і несумленнасць польскіх чыноўнікаў і паліцыянтаў замацоўвала разыходжанні паміж беларусамі і дзяржавай. Тысячы былых бежанцаў паверылі камуністычным арганізацыям, што ў Савецкім Саюзе пасля заканчэння вайны настаў час вялікага дабрабыту, а ўлада сапраўды апынулася ў руках рабочых і сялян. Ва ўмовах міжваеннай Польшчы людзі хацелі верыць у нейкі цуд, шукалі надзеі на лепшую будучыню. Таму для адных такую надзею давалі камуністы, для другіх - лідэры шматлікіх сектаў.
Кожны дзеяч, які аспрэчваў тагачасную польскую рэчаіснасць, мог разлічваць на прыхільнасць беларусаў. У дваццатыя гады беларускаму эміграцыйнаму ўраду ў Коўне вельмі лёгка ўдалося арганізаваць антыпольскае падполле на тэрыторыі Беласточчыны і Гродзеншчыны. Са шматлікіх дакументаў вынікае, што людзі нават не надта цікавіліся тым, пад якімі лозунгамі прапануюць ім змагацца з польскай дзяржавай, а найважнейшым ім было само змаганне. У палове дваццатых гадоў амаль увесь апазіцыйны рух апынуўся пад кантролем камуністаў, якіх дзейнасць набывала часам характар актыўнасці рэлігійнай секты. Прарасійскасць былых бежанцаў стала пастаянным элементам іх палітычнага мыслення. Хаця разумелі яны розніцу паміж царскай Расіяй і Савецкім Саюзам, аднак адну і другую форму дзяржаўнасці ўспрымалі як альтэрнатыву для неакцэптаванай Польшчы. Ідэя незалежнай Беларусі жыла толькі ў свядомасці дзеячаў некамуністычных арганізацый. Не мелі яны, аднак, вялікага ўплыву на беларускае грамадства.
Апорай для бежанцаў у той час не стала таксама Царква. Былі яны сведкамі праследавання бальшавікамі святароў у Расіі. У Польшчы праваслаўе атаясамлівалася з царскай ўладай. Па гэтай прычыне як дзяржава, так і Каталіцкі касцёл вялі палітыку абмяжоўвання грамадскага значэння Царквы. У канцы дваццатых гадоў улады выкарыстоўвалі праваслаўных епіскапаў і святароў для паланізацыі вернікаў, што вяло да іх кампраметацыі. Яўнае супрацоўніцтва праваслаўнага кліру з уладамі пазбаўляла яго магчымасцей уплываць на вернікаў. У выніку шмат праваслаўных вельмі хутка апынулася ў сектах, якія развіваліся паводле прывезеных з Расіі ўзораў. Лідэры сектаў найчасцей прапанавалі ўцёкі ад рэальнасці і супольнае чаканне канца свету. Некаторыя вызначалі нават дакладную дату апакаліптычнага канца. Сэнс жыцця сектантаў абмяжоўваўся да падрыхтоўкі да „страшнага суда”. Спадарожнічала гэтаму багатая рэлігійная абраднасць і цалкавітая адданасць правадыру руху. Найбольшая рэлігійная супольнасць пад кіраўніцтвам „прарока” Ільі Клімовіча ўзнікла на Сакольшчыне. Налічвала яна некалькі тысяч вернікаў з усяе Беласточчыны.
Усё адмянілася з прыходам у 1939 г. Чырвонай Арміі. Ідэалізаваная савецкая Расія аказалася не той, якой чакалі. Пасля ІІ сусветнай вайны, у 1944-1946 гадах, беларусам Беласточчыны прапанавалася новае бежанства „ў Расію”. Гэтым разам выехалі толькі тыя, якія не мелі іншага выхаду.
Яўген МІРАНОВІЧ
Ад выдаўца
1 П. Эбэрхардт, Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989, Менск 1997.
2 I. Matus, Wieś Strzelce-Dawidowicze w tradycji historycznej, Białystok 1994, s. 68.
3 Д. Фіёнік, Эвакуацыя царкоўнай маёмасці ў 1915 г. і спробы яе вяртання пасля 1921 года на прыкладзе Беласточчыны, „Białoruskie Zeszyty Historyczne", 1996, nr 2 (6), s. 93-98.
4 O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917-1923, Białystok 1995, s. 35.
Прапанаваны том змяшчае ўспаміны жыхароў сённяшняй Беласточчыны, якія ў 1915 годзе пакінулі месца свайго жыхарства і падаліся ў бежанства ў глыб Расіі.
У асноўную частку кнігі ўвайшлі тэксты друкаваныя на старонках тыднёвіка „Ніва” ў 1958-2000 гадах і непублікаваныя матэрыялы, сабраныя журналістамі, карэспандэнтамі і чытачамі. Пад гэтымі тэкстамі падаецца аўтар і год запісу. У кнізе друкуюцца таксама матэрыялы, сабраныя ў час маладзёжных летнікаў „Войшкі ‘97” і „Грыневічы ‘98”, арганізаваных Беларускім гістарычным таварыствам і апублікаваныя ў краязнаўча-культурным часопісе „Бельскі Гостінэць”, што ў выданні пазначана адпаведнай паметкай.
У раздзеле „Дадаткі” даюцца дакументы таго часу: вопісы маёмасці, даведкі, карэспандэнцыя. Спачатку прыводзіцца змест архіўнага матэрыялу, затым у якасці ілюстрацыі змяшчаецца копія дакумента або яго фрагмент. У канцы кнігі змешчаны паказальнік мясцовасцей Беласточчыны, з якіх выводзяцца героі ўспамінаў. Паколькі тэксты ў кнізе размешчаны ў алфавітным парадку паводле прозвішчаў і імён герояў расказаў, імянны паказальнік адсутнічае.
Выказваем сардэчную падзяку ўсім асобам, якія ўключыліся ў працу па зборы бежанскіх успамінаў, фатаграфій і дакументаў гэтага перыяду.
Антон АКАЧУК, народжаны ў 1904 годзе ў Рагачах.
- Па дакументах, - кажа Антон Акачук, - дык я на год старэйшы, чым у сапраўднасці. Бацька мой, Мірон, хаця сам быў непісьменны, хацеў, каб я крыху падвучыўся грамаце. Была тут у нас у Рагачах царкоўна-прыхадская школа, якая памяшчалася ў Мошкавай хаце. Дык татка пайшоў да настаўніка і сказаў, што я з 1904 года нараджэння, каб мяне ў школу прыняў, бо тады навука пачыналася ад восьмага года. Вучыцца доўга мне не давялося, - працягваў свой расказ дзед Антон, - бо хутка пачалася вайна. Цар Мікалай з кайзерам Вільгельмам за ілбы ўзяліся, і неўзабаве давялося нам уцякаць ад немцаў. Казакі ездзілі па вёсках і палохалі людзей, што немцы жанчын крыўдзяць без ніякага разбору, грудзі ім шаблямі абрубваюць, а мужчын дык усіх вешаюць і страляюць. Было якраз гарачае лета, здаецца 1915 года, памятаю, што мы тады звезлі жыта ў клуню і за авёс браліся... А тут цэлая паніка пайшла па вёсках. Цяжка было пакідаць уласны кут і зямельку родную. Праўда, наш бацька мала яе меў. Жылі мы на адной васьмушцы. Столькі дасталася бацьку ад сямейных падзелаў дзедаўскага ўчастка...
Васьмушка або васьмак, шастуха, чацвяртушка, дзесяціна, участак... Адышлі ў нябыт гэтыя велічыні зямельнай меры разам са змрочным сялянскім мінулым, проста цяжка цяпер разабрацца, як яны вызначалі лёс сялянскі, як ставілі чалавека на грамадскай драбіне бяды і заможнасці. Толькі з энцыклапедыі даведаўся я, што руская дзесяціна крыху перавышала цяперашні гектар, а дзед Антон казаў мне, што ў Рагачах на адзін участак складалася нейкіх 20 дзесяцін. Значыць, сям’я Акачукоў, у якой было трое дзяцей і бацькі, сядзела на гаспадарцы ў два з палавінай гектара. Вось што абазначала колішняя рагачоўская васьмушка. І было гэта ўсё, на што яны маглі разлічваць. Ніхто не маніў іх дадатковымі заробкамі ані ў горадзе, ані ў вёсцы. Дык сядзелі Акачукі, як і іншыя іх суседзі, на сваім васьмаку, бульбу з квасам елі, валамі і сахою аралі, лапцямі зямлю тапталі, уручную з саламянай каробкі зерне рассейвалі, драўлянымі баронамі поле валачылі, сярпом збожжа жалі, цэпам малацілі, у жорнах малолі і ад вясны да жніва лебядою карміліся. Так жылі ды гаравалі. Калі аднак у 1915 годзе давялося ім пакінуць родны кут, крыўдна і балюча было расставацца з гэтай іх бядою ды з уласнай, палітай потам зямлёю...
- Завезлі нас, - расказвае дзед Антон, - аж у Казанскую губерню, у горад Чыстопаль, што на рацэ Каме. Хату нейкую нам адвялі і давялося жыць нам па-суседску з татарынам. Чалавек быў гэта вельмі добры і спагадлівы, дзяліўся з намі ўсім, што сам меў...
Так, ведаю, нямала давялося нашым дзядам і прадзедам павандраваць і па ваенных сцежках першай сусветнай вайны. Лёс сям’і Мірона Акачука з Рагачоў тут не выключэнне. Ён проста тыповы для многіх тысяч нашых суайчыннікаў. Ад нямецкіх акупантаў уцякалі гуртам усе жыхары тутэйшых вёсак. Беглі ў невядомае, каб ратавацца перад чужынцамі. Таму іх і назвалі бежанцамі, я б сказаў - уцекачамі...
Я заслухаўся ў расказ дзеда Антона. На адзіночны лёс яго сям’і накладаліся многія іншыя расказы аб жыцці нашых бежанцаў на шырокіх прасторах Расіі ў час першай сусветнай вайны, у час пралетарскай рэвалюцыі, ды ў час крывавых змаганняў за ўладу саветаў.
Без вялікага, павучальнага вопыту тых гадоў, праведзеных у бежанстве, не было б у нашай гісторыі ані грамадаўскага ўздыму, ані рэвалюцыйнага змагання пад сцягамі КПЗБ, ані пазнейшага партызанскага руху і пасляваеннай стойкасці ў абароне народнай улады. Адным словам, не хапіла б нашым бацькам пралетарскага гарту.
Прайшло крыху часу, пакуль полымя пралетарскай рэвалюцыі са сталічнага Піцера дакацілася ў Казанскую губерню, дзе ў горадзе Чыстопаль ад 1915 года жыла ў бежанцах сям’я Мірона Акачука з вёскі Рагачы. Было іх пяцёра: маці з бацькам, два сыны і дачка.
- Жылі мы на самым беразе ракі Камы, - успамінае Антон Акачук. - Вуліца так і называлася Набярэжная. Мне тады было 11 год. Памятаю, завёў я сяброўства з дзецюкамі нашага суседа, татарына. Мы разам бегалі на вялізную гару, якая ўзвышалася над ракою Камай і з якой распасціраўся найцудоўнейшы краявід на гэтую раку ды на цэлае наваколле. А па Каме кожны дзень плылі параходы. Цікава было нам, дзецюкам, праводзіць іх вачыма. Тады я ўспамінаў свае родныя старонкі, якія пакінулі мы ўлетку 1915 года, уцякаючы ад кайзераўскіх, нямецкіх захопнікаў. Мінаючы гэтую прыкамскую гару, - адзначае Антон Акачук, - параходы абавязкова неяк трывожна сігналілі...
І так праходзіла іх незавіднае жыццё сярод чужых, але спагадлівых людзей. Бацька неяк здабываў сродкі для ўтрымання жонкі і дзяцей. Антон хадзіў у школу, папаўняў сваю скромную грамату, здабытую ў царкоўна-прыхадскім вучылішчы ў Рагачах. Вялікія рэвалюцыйныя ідэі праходзілі неяк побач іх, хаця яны тут разліваліся шырокай плынню, як рака Кама ў час веснавога паўнаводдзя.
Паводле захаваных дакументаў савецкая ўлада ў Казані была ўстаноўлена 8 лістапада 1917 года. Гэты самы тэрмін (з невялікімі ваганнямі) можна аднесці таксама і да Чыстопаля, дзе ў час рэвалюцыі жыла сям’я рагачоўскіх Акачукоў.
У памяці Антона Акачука гэты перыяд яго юнацтва адлюстраваўся больш-менш так:
- Насталі цяжкія дні. Не хапала яды. Бацька аднекуль раздабыў крыху збожжа. Трэба было яго добра высушыць, каб пазней змалоць у жорнах на муку. Хаты ў гэтым горадзе, асабліва на вуліцы Набярэжнай, былі крыты пераважна драніцамі і заднімі сценамі прытуляліся да высокай набярэжнай. Такім чынам лёгка было на іх узабрацца. І вось бацька расклаў плахту на даху сваёй хаты і рассыпаў на ёй гэтае збожжа, так цяжка здабытае, каб яно на сонцы добра высахла. А мне ён загадаў сцерагчы гэты каштоўны скарб. Дык ляжу я каля збожжа, з прыемнасцю жую зерне падсушанай пшаніцы і мару аб смачных блінах, якія нарыхтуе нам мама з пшанічнай мукі. І тады за нашай горкай загудзеў нейкі параход, але гэты гудок быў для мяне зусім чужы, невядомы, іншы ад тых, да якіх я прывык, болей пранізлівы. Татарынавы хлапчукі кінуліся бягом на горку, каб прывітаць гасцей, а я з жалем паглядзеў на бацькаву пшаніцу і астаўся на месцы. Неўзабаве ад рэчкі раздаўся пранізлівы свіст і... далей я ўжо нічога не памятаў... Штосьці мяне здзьмухнула з даху нашай хаты, разам з бацькавай пшаніцай. Толькі пазней я даведаўся, што наш горад Чыстопаль абстралялі з рэчкі нейкія кананеркі і мяне яны, мабыць, узялі за назіральніка белых, бо аж два снарады пусцілі ў бок нашай хаты. Адзін разарваўся ля самай хаты суседа-татарына, а другі крыху далей...
Гэтыя снарады апавясцілі Чыстопалю прыход савецкай улады, быццам рэхам адгукнуўся тут стрэл „Аўроры” ў Пецярбургу. Таксама параходамі ў гэты ж дзень наплылі ў Чыстопаль чырвонагвардзейскія рэвалюцыйныя атрады. Толькі ўладзе саветаў не хапіла тады яшчэ сіл, каб замацавацца ў гэтым горадзе на Каме. У мяне, на жаль, няма болей дакладных звестак аб падзеях таго часу ў Чыстопалі. Ведаю затое, што ў жніўні 1919 года губернскую Казань зноў заняла белагвардзейская армія і некалькі месяцаў трымала яе ў сваіх руках. Белагвардзейскія афіцэры помсцілі ўсім, каго западозрылі ў сімпатыі бальшавікам.
- Цяжка было ў чым-колечы разабрацца, - кажа дзед Антон. - Адзін дзень - вітаюць хлебам і соллю нейкіх белых афіцэраў і чыноўнікаў, а неўзабаве прыходзяць чырвоныя атрады, якіх таксама вітаюць хлебам і соллю. А за кожным разам узнімаецца страшэнная страляніна, гараць дамы і гінуць людзі. О, каб вы ведалі, колькі я розных прамоў тады наслухаўся! На цэлае жыццё мне хапіла гэтай навукі. Гэта ж быў ужо 1918, а можа і 1919 год. Я, чатырнаццацігадовы падлетак, пачынаў ужо шмат што разумець і ўсё болей хіліўся да чырвоных. Яны станавіліся ў абарону бедных людзей. А мы ж, беззямельныя бежанцы, сапраўды жылі вельмі бедна ды яшчэ і штодзень галадалі. А тут пайшла па людзях эпідэмія тыфу. Народ гінуў, як мухі. Захварэлі і мае бацькі. Татка неяк перамучыўся, але мама - памерла. Думаў я, што і нам будзе канец. То ж асталіся мы без кавалка хлеба і без бацькоў. Брат, Сашка, быў сярод нас найстарэйшы. Бяда, аднак, усяму навучыць. Памятаю, што мянялі мы соль у татараў па вёсках на малако і праснакі. Малако насіў я бацьку ў бальніцу, бо ён быў вельмі ж аслаблены, а карміць хворых не мелі чым...
Савецкая ўлада, якая тады ўжо паўторна замацавалася ў Чыстопалі, найперш заснавала ў горадзе народную школу і загадала, каб у гэтай школе вучыліся ўсе непісьменныя грамадзяне без розніцы на ўзрост. Пайшлі ў школу таксама і ўсе члены сям’і Акачукоў. Антон успамінае:
- Хто ўжо ўмеў чытаць і пісаць, таму загадалі ладкавацца ў першых лаўках. А хто ў грамаце нічога не разбіраўся, дык сядзеў ззаду. І здарылася так, што я сядзеў першы, а мой бацька - за мною. Гэтага ён ніяк не мог сцярпець. Так і астаўся неадукаваным...
Вайна за ўладу саветаў яшчэ не закончылася. Гэта ж тут, на поўдні Расіі, царскі генерал Дзянікін рыхтаваў сваю белую армію да паходу на чырвоную Маскву. Сярод народу пачалі гаварыць, што прадбачваецца прымусовы набор у гэтую армію. Мірон Акачук рашыў уладкавацца на працу на нейкім параходзе, адкуль не бралі ў салдаты. І гэта яму ўдалося. Параход па Каме і Волзе хадзіў аж у Астрахань. З дому даводзілася адлучацца на доўгі час і Акачук выпрасіў у свайго начальства дазвол, каб разам з ім на параходзе размясціліся і яго дзеці. З гэтага перыяду жыцця іх сям’і прыгадаю я - услед за Антонам Акачуком - толькі адзін эпізод.
- Стаялі мы ў Астрахані. Рухавік нашага парахода патрабаваў грунтоўнага рамонту. І якраз на горад наляцелі белыя. Завязаўся крывавы бой. Паўдня, а мо і болей не змаўкала страляніна. Урэшце чырвоныя перамаглі. Памятаю, наладзілі яны ўрачыстае пахаванне сваіх паўшых таварышаў. Народу сабралася цэлая процьма. Галоўная вуліца горада запоўнілася народам, што канца і краю не было відаць. Аркестр бадзёра рэжа рэвалюцыйныя песні і маршы, як бы гэта быў парад перамогі, а не пахаванне чырвонаармейцаў. Увесь натоўп кіруецца на галоўную плошчу Астрахані, дзе рашылі пахаваць паўшых герояў. Нарыхтавалі ўжо брацкую магілу і, пасля выступленняў шматлікіх аратараў, пачалі апускаць у яе труны з целамі загінуўшых. Адначасова раздаўся ганаровы салют. Людзі, якія знаходзіліся крыху далей ад месца пахавання чырвонаармейцаў і не бачылі ўрачыстай цырымоніі, падумалі, што гэта вярнуліся белыя, дзянікінскія атрады. Узнялася паніка. Людзі пачалі ўцякаць. І не дай Бог, каб хтосьці спатыкнуўся - затапталі б жывым! Чырвоныя коннікі тут жа раз’ехаліся па горадзе. Крычаць, каб ніхто нічога не баяўся, што гэта толькі салдацкі ганаровы салют! Але дзе там, ніхто іх ужо не слухаў, кожны ратаваўся як мог...
І Антошка вярнуўся таксама да бацькі на параход. Неўзабаве і гэты параход спыніў сваю службу на Каме і Волзе, бо не хапіла паліва. І не было працы Мірону Акачуку, бацьку Антона. А голад усё болей злавесна шчырыў свае зубы.
- Ад голаду, - успамінае дзед Антон, - ратаваліся мы такім чынам, што бацька за соль і нафту здабываў у татарскіх вёсках малако, прыносіў яго ў Чыстопаль, а я браў конаўку малака на плечы ды ішоў на прыстань, дзе заўжды знаходзілася поўна народу, і за татарскае малако ўдавалася мне раздабыць там або крыху грошай або што іншае. Найбольш ахвотна браў я нейкія харчы...
Ішоў ужо дваццаты або і дваццаць першы год. Даўнейшыя бежанцы аднекуль даведаліся, што дазволілі ім вяртацца на сваю радзіму. Мірон Акачук засумаваў па бацькоўскай васьмушцы зямлі. Здалася яна яму адзіным ратункам ад галоднай смерці.
Пад восень 1921 года вярнуліся яны на бацькаўшчыну, у свае родныя Рагачы, якія зараз знаходзяцца ў Мілейчыцкай гміне. Старэнькая хатка ды іншыя гаспадарчыя будынкі, якія Мірон Акачук пакінуў тут летам 1915 года, уцякаючы ад немцаў, на шчасце, захаваліся. Хата стаяла ля вуліцы, між хлявом і клуняй, усё пад адным дахам. Хапіла крыху адрамантаваць гэты дах і зашкліць вокны, каб можна было неяк схавацца ад холаду, ветру і дажджу.
Мірон вярнуўся без жонкі і дачкі. Яны асталіся ў зямлі над ракою Камай, асталіся там назаўсёды, скошаныя хваробай і голадам. На радзіму вярнуўся бацька з сынамі: Антонам, якому ў 1921 годзе пайшоў шаснаццаты год, і яшчэ малодшым Несцерам. Прыехалі, практычна, без нічога, з голымі рукамі і тугою па сваёй зямельцы, што зарастала ўжо хмызняком. Не давала яна надзеі на добры ўраджай.
А тут ішла ўжо зіма. Нарыхтаваў Мірон Акачук сабе замашысты цэп, з моцным дубовым біяком, ды пайшоў па вёсках прасіцца ў батракі. У памочнікі ўзяў сабе сына Антона, гэтага старэйшага, шаснаццацігадовага. Несцерка астаўся сам у Рагачах, каб даглядаць хатні дабытак. Ды атрымаў яшчэ загад, каб дроў на зіму нанасіць з недалёкага лесу, найлепш смалістых, сухіх сасновых галінак. Каня не было. Давялося яму гэтыя дровы цягаць на плячах. А бацька з сынам Антонам павандравалі аж за Мілейчычы, дзе між рэчкамі Нурэц і Нурчык знаходзяцца пераважна каталіцкія вёскі даўнейшай засцянковай шляхты, якая цэлую нямецкую акупацыю пражыла на месцы. І толькі ў гэтых вёсках - у Паканеве, Сабятыне, Сасінах, Валках, Вандаліне ці ў Выганове - можна было спадзявацца на нейкі заробак, цёплую страву і дах над галавой. Плацілі пуд жыта за цэлы дзень малацьбы цэпам. Дзень пачынаўся на досвітку, а канчаўся далёка пасля захаду сонца. І яны цешыліся, бо заробленае збожжа давала надзею, што з горам-бядою неяк дацягнуць да вясны, а вясною - абсеюць уласную васьмуху аўсом ды грэчкай, а можа яшчэ і крыху ячменю ды проса развядуць... І так дачакаюцца ўласнага кавалка хлеба. Дамоў вярталіся толькі на святы і дзеля таго, каб наведаць адзінокага Несцера ды прынесці на ўласных плячах запрацаванае дабро. Найчасцей было гэта жыта, авёс ці ячмень, залежна ад таго, што даводзілася ім малаціць. Здараліся аднак болей спагадлівыя гаспадары, якія да асноўнай зарплаты ад шчырага сэрца дакладалі яшчэ і кусок сала, некалькі яек, ці звычайна пляшку малака, калі яны адпраўляліся дамоў...
Запісаў я сабе на магнітафонную плёнку ўспаміны Антона Акачука пра долю-нядолю ягонай сям’і і ўжо каторы раз слухаю гэты няспешны расказ пастарэлага і змучанага жыццём васьмідзесяцігадовага селяніна. Няма ў гэтым расказе нічога надзвычайнага. Не здзейсніў ён аніякіх геройскіх подзвігаў. Ці варта тады займацца яго лёсам?
Я думаю, што варта. Гэта ж лёс усіх нашых бацькоў і дзядуляў, лёс пакалення, якое, зморанае жыццём, амаль поўнасцю ўжо звялося, адышоўшы ў нябыт, гэта ж на яго долю выпалі дзве сусветныя вайны і адна вялікая рэвалюцыя, гэта ж яно вымушана было блукаць па шырокіх прасторах ваеннай і галоднай Расіі, а пасля вяртання на бацькаўшчыну, таксама як і Антону Акачуку і яго бацьку Мірону, давялося гэтаму пакаленню скупы кусочак хлеба дабываць натужлівай працай. Гэта батрацкі лёс маёй пакойнай мамы і майго старэнькага, хваравітага бацькі. Карані нашай грамадскай актыўнасці сягаюць глыбока ў гісторыю. І таму, мяркую, трэба нам да іх звяртацца, калі ёсць яшчэ людзі - жывыя сведкі, якія захавалі ў сваёй змучанай памяці хаця б нейкія адгалоскі тых вялікіх гістарычных падзей. Няшмат пройдзе часу, і яны пакінуць нас ужо назаўсёды. І таму я запісваю з вялікай прыемнасцю ўспаміны гэтых людзей.
- Ой, уелася мне ў косці гэтая першая зіма пасля нашага вяртання з Расіі! - прастуючы ля печкі свой збалелы хрыбет, заяўляе дзед Антон.
Мне спадарожнічаў у гэтай паездцы мой старэнькі бацька, Максім Рудчык, які заўсёды з вялікім зацікаўленнем слухае ўсё аб Кастрычніцкай рэвалюцыі, аб бежанстве, голадзе і Грамадзянскай вайне, ды аб класавых змаганнях. З нашай роднай вёскі ў Рагачы ўсяго нейкіх пяць кіламетраў. Максім і Антон па ўзросту амаль аднагодкі; Максім на тры гады старэйшы. Да гэтай сустрэчы яны яшчэ не былі знаёмы. Але сустрэўшыся, адразу адчулі сябе задушэўнымі сябрамі. Карысталіся адной і той жа зацвярдзелай паўднёвай палескай беларускай гаворкай, прайшлі падобны жыццёвы шлях. Максім, магчыма, болей складаны, чым Антон, аднак вызначалі яго тыя ж самыя вехі гістарычных падзей. Прысутнасць майго бацькі яшчэ болей заахвоціла дзеда Антона да далейшых успамінаў.
- Плацілі нам ад капы, - гаварыў ён. - Не памятаю ўжо колькі, пуд збожжа, мо больш ці менш, але ведаю, што бралі мы плату ад абмалочаных снапоў. Гаспадар акуратна выкідаў на ток капу жыта, значыць 60 снапоў, і калі ласка, хоч да абеду, а хоч і дзень цэлы, малаці сабе як хочаш! Бацька падганяў мяне. А калі малаціць у два цапы, то тут пагультайнічаць няма магчымасці, трэба абавязкова паспяваць за партнёрам, бо інакш сваім біяком і па ўласным ілбе атрымаць можна. Праўда, цэп у мяне быў шмат лягчэйшы, чым у бацькі, але мне было тады ўсяго 16-17 гадоў. У люты мароз даводзілася мне распранацца да кашулі.
І так яны неяк прамучыліся да вясны.
- Вясною, - кажа дзед Антон, - паявіліся ў Рагачах нейкія паны - набіралі маладых, здаровых хлапчукоў у парабкі. І мы пайшлі. Я - у батракі, а брат, Несцерка, які яшчэ да цяжкай работы не надаваўся, пайшоў пастушком. Завезлі нас на нейкі хутар аж за Кнышын. Гэта вельмі далёка ад нашай роднай вёскі. Па-польску гаварыць мы не ўмелі ані слова. Дома найчасцей карысталіся сваёй мясцовай гаворкай. А тут, у гэтага пана за Кнышынам, усе выключна па-польску. Так і завялося, што нас кацапёнкамі празвалі ды яшчэ іншыя крыўдныя мянушкі прыдумалі. Даводзілася цярпець усе гэтыя здзекі, бо толькі на канец гадавой службы брат, як пастух, меў атрымаць цяля, а я, як батрак, - абяцаную ялошку. Да таго яшчэ пан гаварыў, што дакіне некалькі пудоў збожжа і вопратку ды абутак.
За батрацкую службу сваіх сыноў Мірон Акачук пасля першага года купіў у Кнышыне пастарэлага, заморанага каня. І вельмі гэтым цешыўся, бо яму ўжо надаела запрагаць кароў у ярмо сахі. Сынам, аднак, загадаў аставацца яшчэ на другі год у гэтага пана. А калі прайшоў і гэты другі год іх службы, калі бацька прыехаў за імі, тады ўрачыста ім заявіў, што ўжо болей у чужых людзей яны служыць не будуць.
- Мы цяпер самі завядзем уласную гападарку! - суцяшаў іх бацька. - Я заараў і абсеяў усё сваё поле! - з радасцю інфармаваў ён сыноў.
І, сапраўды, першы раз пасля вяртання з бежанства клуня ў Мірона Акачука запоўнілася збожжам.
- Сорак коп аднаго толькі жыта мы нажалі! - хваліцца дзед Антон. - А бацька ўжо другога каня купіў і жалезны воз раздабыў і плуг жалезны! Адным словам, сталі мы сапраўднымі гаспадарамі. Толькі ў гэтай гаспадарцы не хапала нам жаночых рук, каб страву нарыхтаваць і пра парадак паклапаціцца, ды лёну і воўны на вопратку напрасці...
І рашыў дзядзька Мірон ажаніцца... Мірону Акачуку нараілі нябрыдкую ўдаву з вёскі Чаромха. Жанчына вярнулася з бежанства без мужа, бо яго, казалі, затаўклі цыганы. Вярнулася яна з сынам, які быў яшчэ замалы, каб заняцца гаспадаркай.
Мірон прыгледзеўся дакладна да ўсяго, што яго чакала з новай жонкай. І прапанова яму спадабалася. Сам лічыў ён сябе яшчэ паўнавартасным мужчынам. Маніла яго зямля, якая аставалася за ўдавою Кавальчуковай. Мірон меркаваў так: у яе адзін сын, значыць, пасагу яму рыхтаваць не прыйдзецца. Наадварот, можа яшчэ прыдбаць сабе ў жонкі нейкую пасажную дзеўку, дык іх гаспадарка яшчэ болей разрасцецца...
Аб усіх гэтых падзеях і перажываннях расказаў мне Міронаў сын, Антон, які і сам ужо размяняў дзевяты дзесятак свайго жыцця. Я слухаў і думаў: „Як далёка адышлі мы зараз ад усяго гэтага, што было найважнейшае ў жыцці Мірона Акачука, яго сыноў - Антона і Несцера ды ўсіх яго сучаснікаў! Адышлі мы далёка ад гэтых спраў не толькі ў часе, не толькі гадамі, але перш за ўсё жыццёвымі пераменамі і разуменнем асноўных вартасцей, якія вызначаюць сэнс чалавечага быту. Для Мірона Акачука 50 гадоў таму назад усё зводзілася да зямлі. Яна давала незалежнасць і пачуццё асабістай годнасці.
- Ну і бацька наш ажаніўся, - гаворыць Антон Акачук. - Ажаніўся і пераехаў жыць да жонкі ў Чаромху. Пайшоў у прымакі, каб я з братам Несцерам асталіся на ўласнай зямлі ў Рагачах. Ой, як цяжка тады нам жылося! - уздыхае дзядуля Антон. - Бацька пакінуў нам адну авечку і палавіну воза - задок, бо перадок забраў з сабою. І каровы забраў, і абодва кані... Асталіся мы круглымі сіротамі ў пустой хаце. Без маці і без бацькі. Я - амаль 19-гадовы юнак, а Несцерка - яшчэ пару годзікаў малодшы...
У голасе дзеда Антона, калі гаворыць ён аб гэтых сваіх перажываннях, яшчэ і цяпер чуўся закіпелы жаль да свайго бацькі, а можа толькі да свайго лёсу, што так бязлітасна з ім абышоўся. Давялося пачынаць усё ад пустога кораня, як тады, калі вярнуліся з бежанства, з Расіі.
Не ведаў ён, што рабіць - ці брацца за гаспадарку, ці зноў ісці ў батракі і памалу нажываць усё неабходнае для самастойнага гаспадарання... Цяпер бы гэтакай праблемы не было.
Тады, аднак, Антон Акачук не меў выбару. Яму таксама здавалася, што зямля - найбольшы скарб. Хто мае ўласную зямлю, той, хаця галодны, босы і абдзёрты, мог лічыць сябе важным і вартасным чалавекам.
Ды рашыў Антон Акачук, асірацелы хлапчук, разам з братам Несцеркам, трымацца гэтай бацькаўскай васьмушкі.
Неўзабаве падабраў сабе ў жонкі чарнавокую Марысю, у якой было двух моцных і здаровых братоў, ды разам варочалі гэту бацькаўскую зямлю.
Ажаніўся і брат Несцерка. Пасля яго жаніцьбы жылі яны там жа. Адзін ложак стаяў у адным кутку, а другі, з маладажонамі - за печкай... Доўга так яны не вытрымалі. Давялося невялічкую хатку дзяліць на дзве часткі.
- Я па старшынству, - успамінае дзед Антон, - дык узяў гэтую частку, што з акном ад поўдня. А Несцеру засталася паўночная частка. І зямлю бацькаўскую, гэты васьмак, мы таксама падзялілі. Толькі аралі адной кабылкаю, бо другога каня не было за што купляць...
Запісаў Віктар РУДЧЫК (1986 г.)
Мяфодзій АМІЛЬЯНОВІЧ, народжаны ў 1898 годзе ў Орлі.
Мяфодзій Амільяновіч, родам ад роду з Орлі - чалавек невысокага росту, дробнае косці, тонкі, але вясёлага твару, сяброўскага адкрытага характару, ахвотны расказаць вам бурную гісторыю свайго жыцця.
Прысядзьце вось з ім на дылях, веснавое сонца ляжа цёплым промнем вам на твар, і паслухайце гісторыю беларускага чалавека. І з гэтакай гісторыі вы - нашчадкі герояў, вазьміце па горсці прамудрасці, хто вы і куды імкнецца сэрца ваша.
У першую сусветную вайну сям’я Мяфодзія Амільяновіча выехала ў бежанства ў Яраслаўскую губерню, Данілаўскі ўезд.
- Завезлі нас на вёску - сяло Вахціна. Там быў лесапільны завод. 16 год мне было і паступіў я на лесапільны завод і там пускаў кацёл!
Калі пачалася рэвалюцыя, сям’я пераехала ў Чэлябінск.
- Гэта вузлавая станцыя каля Сібіры, - паясняе дзядок.
Там Калчак забраў хлопца ў сваю армію. Але ж амаль адразу той хлопец шукаў спосабу перабегчы „на сторану красных”. Малады бежанец з далёкага краю нявыказанымі думкамі ведаў, што не ў Калчака яго месца і не ў тых радах яму трэба змагацца за той новы свет, аб якім гаворыць вось ужо вялікая Расія.
Калчакоўскі ўзвод раскватараваўся за Уралам. Мяфодзій жыў на кватэры ў аднаго рабочага сталеліцейнага завода. Прыглянуўся наш хлопец: рабочы, значыць можна адкрыць душу. „Памажыце ўбяжаць да красных”. Тры разы паўтараў сваю просьбу Мяфодзій. „Перш рабочы адзываўся да мяне «зямляк» і памоўчваў, не давяраў, а ў трэці раз чую - называе «таварыш» і кажа: «Кінь ружжо за чулан і ідзі за мной!»”
На агародзе стаяла баня, як то ў рускіх, ведаеце, па-нашаму лазня. І туды ён выслаў мяне. Было восенню. Ён сказаў: „Ідзі росплугай, не спяшайся, яны і так адступяць”. Адступілі калчакоўцы. Не мелі часу шукаць мяне. А рабочы зайшоў у баню і папрасіў мяне: „Дарагі таварыш, ізвіні, што я толькі на трэці раз табе паверыў”.
І тут нахлынулі на майго размоўцу ўспаміны, залілі чулае сэрца, захрабаталі ў грудзях, вочы заплылі слязьмі, прысланіў рукой... Вось момант чалавечага жыцця, які пасля столькіх гадоў парушыў струны сэрца. Рабочы аказаўся сябрам, таварышам, братам, нарадзілася дружба. Гэты эпізод палыхае ў сэрцы Мяфодзія сардэчным хваляваннем. Беларуская душа, якая ж ты моцная і мяккая разам! І слава табе за гэта!
- Ваенным камісарам у красных быў яўрэй, - прадаўжае расказ дзядок Мяфодзій. - Я прыслухаўся, а потым і пытаю, ці не з Гродзенскай губерні? Ён: з Гродзенскай. Так на сібірскіх прасторах паявіўся чалавек ад родных ніў. Змабілізаваўшы нас на дапаўненне да красных, на трэці дзень пагналі ў Сарапул, а там татараў многа. Пагрузілі ў эшалон і павезлі ў Сімбірск. Там мы абучыліся і пайшлі на фронт. Усё было разбурана калчакоўцамі. Праз уральскія горы прайшлі, а там казакі ўральскія нас сустрэлі. Бароды па пояс і ўзброеныя з ног да галавы. Начальнік наш сказаў: „Не рабейце, таварышы”. А ў нас было два кулямёты „Максім” і „Кольт”. Яны нас выратавалі ад казакоў.
Мы ўсё перамаглі і ішлі. Прывал, бывала, вызначыць камандзір на 20 мінут, і далей! Так гналі мы Калчака. Тады ўжо Красная Армія паявілася, усе рабочыя ўвасталі.
Дайшлі да Акцюбінска, там пагрузіліся і - у Ташкент! Цёплая краіна. Я бачу ў Ташкенце - чучала ідзе. А то ў іх так Магамет прымушаў адзявацца.
У Ташкенце яшчэ войска бухарскае было. Хан іх уцёк у Персію, а меў ён 25 жонак. З Ташкента перайшлі ў старую Бухару, а адтуль адправіліся ў Мерв, а потым у крэпасць Кушка на граніцы з Афганістанам. Там мяне назначылі над батальёнам пісьмавадзіцелем, бо тады бракавала вучоных, а я ўмеў пісаць. А цяпер гляньце, колькі там вучоных!
Потым была дэмабілізацыя і я прыехаў да бацькоў у Чэлябінск. Ехаў праз Самарканд, а там арлянскіх многа было. У Чэлябінску явіўся ў камісарыят, а яны мне кажуць: „Куды ты паедзеш на тую родзіну, там усё разбурана, адна крапіва расце”. Я ўпёрся - і выдалі дакументы.
Пераехаў польскую граніцу, а меў у кішэні дакумент. Мяне абыскалі і палічылі польскім палонным. А я і гаварыць па-польску не ўмеў. А калі ў Орлю прыехаў, дык камендант крычаў: „Пся крэў, большавіцка морда, чэго прыехаў, - і тыцае мне пад бараду пісталет, - зашчэле!” Сядзеў і ў лагеры ў Стшалкове каля Познані.
А ўсё ж Мяфодзій, прайшоўшы і перажыўшы ўсе жахі вайны і здзекі паліцыі на роднай зямлі, сеў урэшце на бацькоўскім куску зямлі і ў бацькоўскай хаце.
30 гадоў працаваў пры царкве ў Орлі. За гэта адно і мае невялікую рэнту. Калі я дапытвалася, на якой, так сказаць, пасадзе працаваў пры царкве, адказаў: „Рабочы чалавек быў”. Коратка і ясна. Ён ад наймалодшых год і да глыбокай старасці - рабочы чалавек.
Запісала Вера ЛЕЎЧУК (1983 г.)
З насення лебяды хлеб пяклі
Рыгор АНДРАЮК, жыхар Гусакоў, народжаны ў 1912 годзе.
У бежанства забрала мяне мама, бо тата быў на фронце: служыў матросам у Фінляндыі; пасля бацька знайшоў нас. Жылі мы ў гаспадара ў вёсцы Шавялёва Пермскай губерні; было гэта вялікае сяло. Мама працавала ў гаспадароў, а мы, дзеці, бегалі па агародах. Калі бацька вярнуўся, то дапамагаў ён удавіцам малаціць і платы гарадзіць.
Каля вёскі працякала рэчка, шырокая, але неглыбокая і мы ў ёй купаліся. Лес быў далёка ад вёскі, і сенакос быў далёка. На сенакос людзі на тыдзень выязджалі; хаты на сенакосе мелі і там жылі. І праталі на сенакосе, а вазілі сена восенню і зімою. Людзі там гадавалі коней, кароў, свіней, авечак, гусей, качак. Пад восень на мяса рэзалі гусей, пасля авечак, а зімою ялаўнік. Павесяць у шпіхлеры цэлую карову, а пасля, як варыць трэба, ходзяць і адрубваюць. У шпіхлеры трымалі таксама зерне.
Збожжа малацілі цапоўкамі - машынамі крыху меншымі ад шырокамалоткі; такія машыны былі ў амаль усіх гаспадароў. Чорную зямлю праграбуць, ачысцяць, паставяць машыну і малоцяць. Нават я ўжо дапамагаў малаціць - ганяў коней у манежы. Людзі там штодня пяклі пшанічны хлеб, а тое, што аставалася, аддавалі каровам і свінням. А пасля рэвалюцыі то і хлеба не стала. Збіралі насенне лебяды, малолі, і з таго хлеб пяклі. Чырвоныя забіралі ад гаспадароў збожжа, каб белым не дасталася, а белыя - каб чырвоным.
У бежанстве наша сям’я пражыла сем гадоў. Там, у 1915 годзе нарадзіўся мой брат, а ў 1919 годзе - сястра. На чыгуначную станцыю адвозілі нас падводамі тыя, каму бацька дапамагаў.
Вярнуліся і першыя два тыдні жылі ў Райску ў мамінай сястры. А пасля ў Гусакі перабраліся, дзе таксама ў людзей жылі. Выкапалі зямлянку, два акны ўставілі, вышэй паставілі балясы, глінаю іх абляпілі і так жылі. Печ з гліны паставілі, а полап з жэрдак і саломаю накрылі.
Хадзілі жабраваць, на шляхту хадзілі малаціць. Я пастухом дзесяць гадоў быў, з таго пяць гадоў свіней пас, а год - авечак. Пасвіў у Стацэвічах, Варпэхах, Пульшах, Вароні, Райску, Гусаках. Начаваў па клунях, холадна было і ногі пахварэлі. І не лячыўся, бо і дактароў не было, і грошай на лячэнне не было.
Тыя, што наша поле абраблялі, далі нам крыху збожжа, а пасля мне збожжам за тое, што пасвіў, плацілі. І карову да трэцяга цяляці трымалі, парасят купілі. Калі мне споўнілася дваццаць пяць гадоў, пайшоў я ў прымы да суседкі. Пасля старую хату ў Пульшах купілі і сабе паставілі.
Запісаў Аляксандр ВЯРБІЦКІ (2000 г.)
Жывога духа не засталося
Трафім АНДРАЮК з Плёсак, 1904 года нараджэння.
Усе людзі з Плёсак выязджалі фурманкамі. Жывога духа ў сяле не засталося. Калі людзі выехалі, салдаты падпалілі вёску і амаль палавіна згарэла. А наша радня выязджала з Кляшчэль, там да вайны бацька быў паліцыянтам. Ехалі мы поездам. У Смаленску была перасадка. Даехалі да Разанскай губерні. Мой бацька стаў працаваць кандуктарам. Потым забралі яго ў армію, але на фронт ён не пайшоў. Служыў у ахове цара ў Магілёве (там знаходзіўся галоўны штаб расійскай арміі, якой начальнікам быў сам цар - рэд.).
Помню рэвалюцыю і словы цара, калі адракаўся ад улады... А сын цара, Аляксей, быў з таго ж года, што і я. Бяда была ў рэвалюцыю. Як белыя прыйдуць, то хлеб ёсць, а як чырвоныя, то нічога няма. Не трэба, ведаеце, рэвалюцыі, няхай яе халера возьме.
З бежанства пачалі вяртацца ў 1918 годзе. У Плёскі тады адна сям’я вярнулася. Большасць вярталася ў 1919 годзе. Мы сталі ехаць дадому пад канец 1919 года. У Смаленску, дзе стаяў наш поезд, было пад 40 эшалонаў. Там мая мама памерла ад сухотаў. Цяжка было ехаць, бо якраз ішла польска-бальшавіцкая вайна. Наш поезд пайшоў на Віцебск, Вільню і Гродна. Адтуль даехалі ў Бельск. Бацька вярнуўся толькі ў 1921 годзе. Але некаторыя вярталіся ў Плёскі яшчэ ў 1922 годзе.
Запісана 30 ліпеня 1997 г. на гістарычным летніку ў Войшках.
Бельскі Гостінэць № 1, 1998 г.
Еўдакія АНІШЧУК, жыхарка Гусакоў, народжаная ў 1915 годзе ў бежанстве.
Нарадзілася я ў Спасаўку ў лесе. А як заехалі ў бежанства, то людзі там мяне ад мамы забралі, памылі і апранулі. Вельмі прыемныя там людзі былі: міскамі і вэрцехамі нам есці прыносілі, а як мы ад’язджалі, то плакалі.
Тата яшчэ ў Расіі ад тыфу памёр. Як уміраў, гаварыў маме пра мяне:
- Глядзі, маці, доньку, каб не прапала. Яна найменшая, яе крыўдзіць будуць.
Вярнуліся мы, мама і чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі, у Дэніскі. Клуні і хлява не было, толькі хата саломаю крытая стаяла, а ў ёй немцы коней трымалі і там самі жылі. Адзін, бывала, на губным гармоніку іграў, а дваіх танцавалі. Былі нары і тыя немцы на нарах спалі. А мы спалі на печы. Як немцы пасылку атрымлівалі, то дзяліліся з намі: кусок саланіны разрэжуць і найбольшаму з нас найбольшы кусочак дадуць, а мне, найменшай - найменшы кусочак. Была пасярод сяла кухня. Немец узяў маму за руку і вядро паказвае браць, каб набраць дзецям есці. Мама мяне за руку павяла, а немец цэлае тое вядро супу наліў, яшчэ кусок мяса ўкінуў і кажа маме: „Ідзі і нясі дзецям”.
Пасля на раенскім полі, дзе немец бручку пасадзіў, мама тую бручку капала і варыла. І бульбу перакопвала, дзе людзі выкапалі і перааралі, бо на яшчэ неперавораным не дазвалялі збіраць. Мама з сабою два мяшкі пшаніцы прывезла, то змеле тую пшаніцу і нам такую кашу з тае мукі варыла. І пабірацца (жабраваць) хадзіла ў Данілова, Петкі і Сураж; далей хадзіла, куды нашых за міласцінай менш прыходзіла - там спадзявалася больш атрымаць, бо бліжэй многа такіх, як і яна, хадзіла. Польскія людзі добра прымалі. Бульбы па дзве-тры давалі, але ўсім! Шкадавалі бедных сірот і старых; цяпер то мо так і не было б.
Мама пад поўнач вярталася, гаварыла:
- Дзеці, настаўляйце ручкі!
І хлеб з торбачкі нам давала, а як мала хлеба мела, то крошачкі давала. А як якая крошачка ўпадзе, то паднімем і пацалуем тую крошку. І пытала мама:
- Ці не біліся вы, дзеткі, ці не пакалечылі адно аднаго?
І навучала мама нас, каб нічога нікому не забіраць. І як развідняе, то зноў ішла пабірацца; і так два гады. Пасля мелі мы ўжо малако, бо кароўку да трэцяга цяляці трымалі. Мела мама аўстрыйскія чаравікі і як намерзнуцца яны, то намуляе ногі і кроў у тых чаравіках была. А мы да дзесяці гадоў басанож па снезе бегалі, бо не было за што купіць нам абутку.
У Расталты аднойчы мама пайшла і там у аднаго гаспадара свае жорны пазнала, новыя, на бардова маляваныя былі. Спытала гаспадара, адкуль іх узяў, а ён адказаў, што купіў. Але мама яшчэ і суседак пра тыя жорны спытала, а яны адказалі, што прывёз аднекуль. І тады мама з жандарам і солтысам да яго, і аддаў тыя жорны.
І я пазней „за свіньмі” хадзіла. І як таўканіцы мне дадуць, ой, якая добрая была!
Запісаў Аляксандр ВЯРБІЦКІ (2000 г.)
Сямён АНІШЧУК, жыхар Гусакоў, народжаны ў 1907 годзе.
У бежанства выехалі мы ў 1915 годзе. Спярша папы страшылі, што немцы людзям вочы выколваюць, а бабам цыцкі адрэзваюць. А пасля казакі верхам ездзілі і выганялі нас, а вёску падпалілі. У нас хата была гожая, вялікая, новую падлогу ў ёй палажылі. І клуня вялікая была, і хлявы, і шпіхер - усё казакі спалілі. Свінні асталіся, а кароў гналі з сабою і пасля каля Мінска рускія салдаты купілі іх у нас на мяса. Везлі з сабою адзенне і ежу на фурманцы прыкрытай плахтамі. Начавалі на фурманках і елі тое, што з дому ўзялі. Патыкі збіралі, раскладвалі агонь і варылі. Ехалі дзед з бабай, мама з татам, сястра, брат і я. А адзін брат у войску быў. Заехалі мы ў Рагачоў і там перагрузіліся на поезд, а коней і вазы прадалі. Поездам заехалі ў Самару, а адтуль параходам у Стаўропаль на Волзе (сёння Тальяці). Дзед на станцыі ў Самары пайшоў качку купіць і прапаў - адлучыўся ад нас і ў Сібір паехаў.
У Стаўропалі я ў школу хадзіў, два аддзяленні скончыў. Нам, бежанцам, добра было: давалі сшыткі і кніжкі дармовыя.
Бедным крыўдна было, што за паўдарам на памешчыкаў і папоў рабілі. Як настала рэвалюцыя, то адны адных білі; расстрэльвалі і ў Волгу кідалі. І як белых пагналі, то красныя папоў арыштоўвалі, вялі на лёд на Волзе, высякалі прорубку і іх у той прорубцы тапілі.
Вярталіся мы ў 1919 годзе. Калі пакідалі Гусакі, было нас восем чалавек, а вярнулася толькі трое. Мама яшчэ ў 1915 годзе памерла, дзед прапаў, баба памерла. Бацька быў паехаў у Сібір дзеда шукаць, там прастудзіўся, захварэў рэўматызмам і той рэўматызм яго даканаў. А старэйшы брат памёр ад тыфу.
Вярнуліся ў Гусакі, а тут ні калочка! Было некалькі хат, то ў іх па дзве-тры дружыны жылі. Пасля брат шпіхер у Гацьках купіў, то ў ім, апрача нас, яшчэ дзве чужыя дружыны жылі, што не мелі дзе падзецца. І есці не было чаго. Каб не польскія людзі, то не выжылі б. Бабы прасці да іх хадзілі, то і есці давалі.
Пасля брат ажаніўся, а сястра выйшла замуж і я ў дванаццаць гадоў сам адзін астаўся. То я аж да 1935 г. пастухом быў, бо не было чаго есці.
Запісаў Аляксандр ВЯРБІЦКІ (2000 г.)
Звянчаў семдзесят пар Іван АСТАПЧУК, народжаны ў 1885 годзе ў Бялках.
Іван Астапчук у Бялках пражыў усе свае сто гадоў. Нават у бежанства не паспеў выехаць, хоць усе іншыя паехалі. Бялкі былі спалены, і Іван жыў у адной з трох уцалелых хатаў у Трасцянцы. І там пазнаёміўся са сваёй жонкай Марыяй родам з Амельянюкоў. Жонка дзедава памерла, маючы 85 гадоў. А яго бацька памёр на 98 годзе жыцця.
Цікавая была жаніцьба Івана Астапчука з Марыяй. Людзей „за першага немца” засталося ў вёсцы мала і ўвогуле не было нідзе ў ваколіцы бацюшкі. Таму фактычна жыццё як бы замерла. Людзі чакалі... І вось пачулі ў Трасцянцы, што ў Белавеж з бежанства вярнуўся бацюшка. Даведаўшыся пра гэта, Іван Астапчук хутчэй запрог каня, пасадзіў сваю нарачоную на фурманку і гайда ў Белавеж, каб звянчацца. Інакш жыцця людзі сабе тады і не ўяўлялі. У сераду пасля Сёмухі белавежскі бацюшка звянчаў 30 пар, сярод якіх былі маладажоны - Іван і Марыя Астапчукі. Але дзедка помніць, што тры дні раней, на Сёмуху, той жа белавежскі бацюшка звянчаў 70 пар! Ехалі людзі адусюль у Белавеж ды вянчаліся ў тамтэйшага бацюшкі. Так пачынала радзіцца маладое жыццё. Так то яно калісьці было. А было гэта ў 1918 годзе.
Запісала Вера ЛЕЎЧУК (1985 г.)
Іван АСТРОЎСКІ, народжаны ў 1898 годзе.
Першая сусветная вайна закінула Івана Астроўскага разам з сям’ёй аж у далёкую Казань.
Вялікую кастрычніцкую рэвалюцыю Астроўскі сустрэў як рабочы вайсковага сухарнага завода. Калі чорныя хмары контррэвалюцыі плоймай надыходзілі на чырвоную Казань, у абарону горада быў арганізаваны Першы казанскі савецкі рабочы полк. 20-гадовы Іван Астроўскі ахвотнікам уступае ў рады чырвонагвардзейцаў.
Узвод Астроўскага выкрывае і арыштоўвае ў Казані контррэвалюцыянераў, канфіскуе маёмасць контррэвалюцыйнай буржуазіі.
У 1920 годзе Астроўскага накіравалі на працу ў Народны камісарыят па ўнутраных справах Татарыі.
Неўзабаве сям’я Астроўскага пераехала на далёкую радзіму ў Польшчу. Цяжка было расставацца маладому Астроўскаму з бацькамі. Ён таксама сумаваў за роднай беларускай вёскай на Бельшчыне, за далёкім, а як жа блізкім сэрцу, родным, раўнінна-лясным краявідам.
У 1922 годзе Астроўскі вяртаецца ў Польшчу. Цяжкі гэта быў год. Бежанцы вярталіся на разграбленыя гаспадаркі, не было за што зачапіць рукі.
Людзі галадалі, масава хварэлі і ўміралі. Вярнуўшыеся сяляне нідзе не маглі знайсці працы, не было для іх ніякай апекі ні дапамогі. Астроўскі разам з бацькамі, так як і іншыя сяляне, прыміраў голадам.
Цяжка было аднаўляць зусім знішчаную гаспадарку. Ды і не было чым аднаўляць яе.
Буржуазны ўрад не чакаў. Яшчэ зямля не была як след загаспадаранай, а ўжо ў вёску пасыпаліся падаткавыя наказы. Услед за імі ішлі секвестратары, забіралі селяніну апошнюю кароўку, з плячэй здзіралі апошні кажух.
Запісаў Васіль БАРШЧЭЎСКІ (1958 г.)
Вярталіся з сумам у сэрцы
Раман БАГРОЎСКІ, жыхар Сухавольцаў, народжаны ў 1906 годзе.
Як пачалася вайна ў 1914 годзе, мне было восем гадоў. Жыў я пры бацьку Васілю Багроўскім з дзвюма старэйшымі за мяне сёстрамі, Анастасіяй і Марыяй, ды самым малодшым брацікам Васем. Маці памерла ў 1913 годзе на запаленне лёгкіх.
У Сухавольцах бацька меў шыкарны дом і палову ўчастка поля (каля дваццаці гектараў). Калі ён займаўся гаспадаркай (пасля смерці матулі), намі, малодшымі, апекавалася 16-гадовая Настуся.
Фронт штораз набліжаўся. У наваколлі загаварылі пра немцаў, што, быццам, жанчын гвалтуюць, а мужчын і дзяцей забіваюць. Усе зварухнуліся ў бежанства. Рашыў і бацька паехаць. Прыспасобіў фурманку для дарогі. Над калёсамі з драбінамі буду паставіў ды палатном прыкрыў, каб ад дажджу і сонца схавацца. Паклаў на фурманку неабходны багаж, прадукты харчавання, дзетак пасадзіў на клунках ды сам побач прысеўся і рушыў за калонай аднавяскоўцаў у напрамку Белавежы.
Жывёлу і хату для войска здаў, на што далі яму спраўку (заехаўшы ў Расію атрымаў у губерні грашовую кампенсацыю).
Сухавольцы мы пакідалі дзесьці ў палове жніўня. Збожжа крыху было звезена ў стадолы. Ярына ды бульба на полі засталіся. Вёска апусцела. Ніхто не застаўся.
На дарозе, за Белавежай, бачылася шмат войска і цывільных. Ішлі пешшу. Ехалі на фургонах і аўтамабілях. Натоўп падаваўся на Баранавічы. Спыняўся на адпачынак, затым далей рухаўся. Паветра, насычанае смуродам конскага поту, перамешвалася з пылам і выхлапнымі газамі аўтамабіляў. Затыкала нос і горла. Людзі хварэлі, а смерць збірала жніво. Трупы валяліся побач дарогі. Ніхто не прыбіраў, не звяртаў на памерлых увагі. У час гэтага падарожжа памерла і частка нашых сухавальчан. Нам пашанцавала.
У Баранавічах адчувалася набліжэнне вайны. На вуліцах рух. Кожны недзе спяшаўся. На тварах прахожых рысавалася задуменнасць і трывога.
Праязджаючы побач велізарнага будынка, мы ўбачылі вартаўніка з вінтоўкай. Стаяў моўчкі, быццам яго не тычылася тое, што тварылася ўнутры памяшкання. А там людзі спешна закідалі мяшкі на плечы і выходзілі...
Была гэта крама ці нейкі склад, адкуль гараджане выносілі цукар, муку, нафту і ўсё, што папала ў рукі. Вартаўнік не перашкаджаў у грабежы. Відаць і ён пачуў падыход немцаў.
На фурманцы прыехалі мы пад Мінск. Там пагрузіліся на поезд. Не памятаю, што з фурманкай зрабілі. Прадалі ці недзе пакінулі...
На чыгуначным транспарце дабіраліся да мэты падарожжа: Разанскай губерні, вёскі Бальшое Пірогава.
Там нам прызначылі кватэры. Пасля шматтыднёвага бадзяння ў смуродзе і ў туманах пылу ложак з чыстай пасцеллю і спакой хатняга ачага здаваліся нам быць раем. Мы заснулі... Калі прабудзіліся, на стале ўбачылі хлеб, пірог ды малако. Мясцовыя прынеслі. Так было штодзень да рэвалюцыі.
Вёска Бальшое Пірогава цягнулася ўздоўж ракі Проні, якая ўпадала ў Аку. Цудоўна было паглядзець з берага на акружаючы краявід, за рэчкаю бачылася бяскрайняе мора сенажацей, а далей - маляўнічыя вёскі з залатымі купаламі цэркваў і рознакаляровымі дахамі дамоў: блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі...
Непадалёк вёскі знаходзіўся маёнтак пана Варанцова. Называўся „Отрада”. Тут працавалі палонныя немцы, туркі, аўстрыйцы. Як прыехалі бежанцы ў вёску, пан загадаў сваім кухарам для іх абеды варыць ды хлеб выдаваць. І мы ў маёнтак на абеды хадзілі. Смачныя былі, з трох страў складаліся. У пана Варанцова былі дзве дачкі. Прыгожыя ды інтэлігентныя. У наваколлі хворых лечылі...
- Чатыры гады хадзіў я ў школу ў Бальшым Пірогаве. Заняткі вяліся там на рускай мове. Вучылі рахунк
