|
Крык дзікай ружы, Юрый БАЕНА
Змест
*** Край мой – крык дзікай ружы
*** У двары памяці
*** За другім паваротам
*** Грукоча далёкі свет
*** Тут мы
*** Кожная рана
*** Паэзія – жменька матчыных слоў
*** Адзінокі ў полі
Верш
Палітыкам
*** На ўскрайку паперы
*** Тое, што напісаў паэт
*** Не спіцца мне
*** Поўнач мінула. Не прыходзіць сон
*** Поўнач мінула. Не прыходзіць сон
*** Прымушаны маўчаць
*** Раптам нічога не асталося ў айчыне
Дзіўныя людзі
*** У краіне зацьмення ружы
*** Навала спынена
*** Безіменныя людзі закрытымі вачыма
*** Каса і камень
*** Так абнімаюць нас
*** Як камяні
Апошнія
*** Чалавечым крокам іду
*** З гербарыя сноў
*** На ўзвышшы бліскавіц – дом
*** Справядлівасць спазняецца
*** У біяграфіях тыранаў
*** У тыранаў чужое слова
*** Сцены трашчаць, сыплецца тынк
*** Каб азірнуцца назад
Я
*** Чалавек параніў свет
Ружа – надзея
*** Страх
*** Трэба ўсё пачынаць ад сябе
*** Залатыя вобразы і цені будучыні
Сон
*** Не рабі сабе рахунку
*** Іду да вас
***
Край мой – крык дзікай ружы.
Спадчына – боль майго сэрца.
Цёмная рака
з пакалення ў пакаленне плыве.
Выбірае пясок з-пад ног,
падмывае бераг.
Час правальваецца,
закрывае брамы будучыні.
А лес – маладняк
падыходзіць к парогу.
Святое і мудрае – ціхае,
схаванае, прыніжанае.
Адзіноцтва.
Лёс такі?...
Адкідаю камяні
з мінулых гадоў.
Сярод руін
шукаю жывых і мёртвых,
збіраю абломкі памяці.
Праз імглу
вобмацкам іду
да роднага дому.
Ружа, ружа,
будзь святлом
у цёмных калідорах дзён.
Край мой – крык дзікай ружы.
Спадчына – боль майго сэрца.
***
У двары памяці –
дзяцінства маё.
На беразе ракі –
думкі кросны снуюць,
каўчэг маячыць.
Песня першай вясны,
бель вішнёвых галін –
край рамантычны, матчын.
***
За другім паваротам
тутэйшай гісторыі
высыхаюць крыніцы.
За трэцім паваротам
беларускага лёсу
даспявае мятліца.
Сонныя яблынькі
падымаюць к сонцу
галінкі з кветам.
Рэха закавулкаў
прызывае імёны – мянушкі
сяброў з дзяцінства...
Аднак гусцее імгла.
Каменная сцяна
узвышаецца побач.
За чацвёртым паваротам
дагоніць нас градабой часу.
Патушыць нябёсы,
закрые вочы...
Праз замкнёныя павекі
мільгне легіён пілатаў
на вясёлай вячэры.
***
Грукоча далёкі свет.
На небасхіле дрыжыць зарыва.
У жорнах мелюцца дні.
Іду.
На шорсткім дне маўчання
ніхто са мной не вітаецца.
Рэхам не азываецца.
Ноччу не сплю.
Поцемку шукаю рукапісы,
недакончаныя лісты памяці.
Сэрцам да муроў дакранаюся.
Да руін зямлі каменнай.
Я – сын гэтага краю.
Я – лёсу абраннік.
На мове пакаленняў
да цябе малюся, роднае.
Старонка беларуская,
табе прысягаю на вернасць!
***
Тут мы,
жывыя і мёртвыя,
ахінутыя памяццю
і лісцем бяспамяцця.
На камені кірыліца –
бессмяротная.
Ад старадаўняй цішы
ўнутры самотнасць.
Хоць кожны з нас чуе,
як голасна б’юцца сэрцы.
Айчынны край,
хатняя мова,
верная рака
і неба.
Мы ў сябе.
Усемагутны Бог
над намі.
***
Кожная рана –
мая перамога,
паказальнік дарог,
паратунак ад злога...
Кожны шрам –
радок верша...
Мой твар запісаны кірыліцай.
***
Паэзія – жменька матчыных слоў
у дні пагарды і здрады.
Словы-зерні пахнуць жнівом,
Гамоняць цыкады...
Пець? Пяю.
Вачыма роднае бачу.
З вераю праз жыццё іду.
Калі падаю, не крычу і не плачу.
Здавацца? Не такая пара,
бо зямля, айчына, калыска...
Мне тут мілыя быллё і трава,
дарагое шамаценне лісця.
***
Адзінокі ў полі,
забыты ўсімі,
непарушны
валун гранітны –
памятае!
Верш
Гэты верш,
кірыліцай пісаны
чорным па белым,
Цвёрды, як камень.
Лёгкі і вольны
над нівамі ён,
як жаваранак звоніць.
Аднак калі нехта
верш кіне ў агонь,
попелам станецца.
Напрадвесні адродзіцца.
Над гарызонтам узнімецца птах –
Фенікс.
Палітыкам
Не карайце паэтаў выгнаннем.
Лёсам іх не іграйце.
Не хлусіце.
Зла і нянавісці – не карміце.
Народа свайго на шанец
не пасылайце...
Ад Слова жывога
праўда ўваскрэсне.
Ціха рассыплецца камень.
***
На ўскрайку паперы,
тут, дзе прападаюць мары,
дзе азываюцца травы –
верш мой;
прыадчыненыя дзверы
адной
непагаслай
веры!
***
Тое, што напісаў паэт,
ненапісанае.
Неабсяжны прастор
маўчыць, пяе
або між радкамі звоніць.
Пад каменем усё;
падземныя пераходы,
як артэрыі, вядуць
да высокіх сэрцаў.
Жывыя сэрцы
разумеюць адсутнасць слоў,
чысціню святла,
праўду праўдзівую.
Як белы конь,
як сейбіт,
ліст паперы кідае
іскры, зерні...
***
Не спіцца мне.
Адгароджаны частаколам забыцця,
стаю пры вогнішчы.
Імем святла
называю астаткі роднага.
Імем будучыні
клічу песні жывыя.
Паміж зямлёй і небам –
ціш.
Сэрца гарыць самотнае...
У камені
нацыянальнай памяці
яшчэ шукаю палеглых
за край у нябыце.
***
Поўнач мінула. Не прыходзіць сон.
Сёння дзень перамогі.
Фэст сярод руін.
Усю плошчу, як вартавыя,
акружаць сцягі.
На непрысутных прамоўцы
кінуць гнеўнае слоўца.
Святымі абраныя будуць,
здаецца, не тыя...
З паміраючых гадоў,
з апаганеных сноў,
з крыку без слоў –
прарастуць у неба
нябачныя рукі.
***
Поўнач мінула. Не прыходзіць сон.
Поцемку шукаю сваіх берагоў.
Думкі на фронце.
Словы, як кроў.
Лёс Айчыны – падскурная памяць.
Хаджу ад стала да акна,
ад акна да стала.
Ные душа.
Неспакой, пытанні... –
Дом мой стаіць на грані!
***
Прымушаны маўчаць,
пяю ў душы.
Нясу ў вачах
прыпёртыя да муру краявіды.
Засланяю безабароннае,
прыніжанае.
Як крошкі хлеба,
збіраю роднае.
Іду.
Мінаю зло,
перасякаю межы...
Ды гэта што?
Крык чую
з Белай вежы!...
***
Раптам нічога не асталося ў айчыне:
няма брам наўсцяж адчыненых,
няма вокнаў, на свет адкрытых,
няма маста, берагі злучаючага,
няма ракі, што плыла наперад,
няма вежы – яна ўвысь падымала...
Людзі сцяной непрыступнай сталі.
Астаткі роднага кінулі ў прорву.
Асыпаліся схілы памяці.
Малады лес, як нож,
нечакана падышоў
пад горла!...
Дзіўныя людзі
Звычайна забылі...
Забылі свае імёны.
Роднае пакінулі.
Не думалі, не марылі.
Нічога не патрабавалі.
Нікому не верылі.
Не скардзіліся на лёс,
на боль.
У каруселі – танцы
цалавалі медны грош.
Зараз сон
змарыў іх хітра.
Гара маўчання
зачыніла дзверы.
Снегапад ціха
закрыў вокны.
Асыпаўся пясок дзён.
Сёння сцены
былога лабірынта
звіняць крыкам...
***
У краіне зацьмення ружы
вецер забыцця
збудаваў свой гмах
з фата-марганай слоў,
з трыумфальнай аркай.
Каменным крокам
бег па дахах дождж.
Холад, быццам рака,
плыў праз край
да небакраю.
Над зялёнай дубровай
чорны птах
распластаў крылы –
птушкі знямелі,
прапаў іх вырай.
Над палёў калыскай
з неба падаў ліст
за лістом...
Лажыўся змрок,
гусцела ноч мяцеліц.
***
Навала спынена.
Падымаюся з зямлі,
з травы,
з кропелькі расы,
з ценю агню.
Выходжу на ўзлесак.
Морам памяці плыву –
вяртаюся дадому.
Да яблынькі, што ля акна,
да веснавога квецця...
Над дарогаю зара.
Іду. Бягу.
Так хочацца ў жыцці
сваё запоўніць месца!
***
Безіменныя людзі закрытымі вачыма
пазіраюць на будучыню.
Замкнёнымі вуснамі гавораць.
Нехта піша ліст да сваіх, да жывых.
Хтосьці яшчэ ўзнімае крык
апусцелай мовы...
Гудзіць далёкі свет за мяжой.
Дзверы наўсцяж адчыненыя на поўнач.
У многалюдным доме ярчэе святло.
Дзеці ў акне
высочваюць першую зорку...
***
Каса і камень,
ганьба і этас,
чырвоныя і белыя
ў адной карзіне.
Пустое адкрытае акно,
выламаныя дзверы,
лесвіца ўніз,
няпэўны выхад.
Нямы зрок тубыльца,
маскарад у газетах –
Цывілізацыя пераможцаў
лунае над светам.
***
Так абнімаюць нас,
так кахаюць,
да сэрца прытуляюць,
цалуюць,
у дубовай калысцы
люляюць—
словы
ўсеагульнай мовы.
***
Як камяні,
ляжым сляпыя,
глухія, нямыя.
Маладосці песні –
недаспяваныя.
Старыя вогнішчы –
пакінутыя.
Над абрывам дом.
Адзінокае святло
ў ноч зімовую.
.......................
Бяссонніцы сляза,
як раса,
як шэпт вернай ракі,
як імя маці,
якой няма ў жывых.
Апошнія
Доўга ішлі мы пустымі,
бязлюднымі вуліцамі.
Чорнымі вачыма вокнаў
паглядалі хаты.
Шэлестам груш
адзічэлы сад клікаў.
Орды хмар полем
гналі смутак.
Ззаду ішоў снегапад.
Акружылі нас высокія
сцены холаду.
Дрэвы дрыжэлі, а боль
выкручваў галлё,
як рукі.
У цёмных завулках, як нянавісць,
шалеў вецер.
Ценем праміналі сны.
Ля разыходных дарог
стаялі крыжы памяці.
Сэрцы плакалі.
У самотнасці прападалі
гукі хору...
Уцалеў толькі шэпт, малітва.
Слова вечнае, дай нам паратунак!
***
Чалавечым крокам іду
ў акамянелым лесе.
Ноччу ў дзверы стукаю
словамі памяці.
У пустым полі маўчу.
Каля руін
на дапамогу клічу сясцёр –
бярозы, сосны...
***
З гербарыя сноў
прачнуўся звон.
Грымнуў гром
над светам.
Устала трава.
Сады ўзнялі
харугвы
пакінутай Айчыны...
***
На ўзвышшы бліскавіц – дом.
У лесе памерлых мар – загубленыя
лісты памяці.
Белы прастор, снег...
Падаюць рукі
ў развітальным жэсце.
Ззаду на каленях ідзе
вечнасць.
***
Справядлівасць спазняецца.
На ўсіх мовах свету
вучыцеся маўчанню.
Свежым бунтам
бінтуйце думкі.
Насупраць ветру ідучым,
сэрцам засланяйце
першыя словы.
Матчыны словы...
зялёныя галінкі...
чалавечы крык...
***
У біяграфіях тыранаў
шмат надзвычай прыгожага:
напрыклад, новаадкрыты мост,
юбілейна-святочны парад,
медаль спартсмену,
дапамога старэнькай
або ўвага да дзяцей.
Воплескі, усмешкі, кветкі,
усе занятыя месцы.
Зробіш крок назад –
менш аднае буханкі хлеба.
***
У тыранаў чужое слова
не значыць нічога.
Яно – пусты звон,
яно – паветра...
Аргумент толькі адзін:
высокі мур крыві!
***
Сцены трашчаць, сыплецца тынк.
Вецер увысь падымае пыл.
Векавы мур валіцца...
Ах!
Тут якраз шанц, хвіліна адна
для каменя, што марыў,
каб узляцець да хмар,
як птах...
***
Каб азірнуцца назад,
трэба мужнасці –
А мінулае, здаецца, тут
жыве – непарыўна – побач.
Высакароднасць?...
Яна заложніца ў тых,
што вядуць рэй над светам.
Мігціць полымя свечкі ў руках.
Няма ў каго папытацца...
Няма каго спытаць:
брат, ці помніш?
Я
Паміж мінулым і будучым
павінна быць “я” –
рэальнае, пэўнае.
“Я” чалавечае
і “я” кірылічнае, роднае.
“Я” першае
і “я” апошняе.
Аднак
тут, на памежжы,
прападае нашае “я” –
апошняе і першае.
Застаемся мы
(я, ты...)
пры абарончым куфры.
***
Чалавек параніў свет.
Зямля – людская рана.
Мова – атручаная трава,
любоў – каменная сцяна,
надзея – дзе ты?
Апошняя сляза
не ўпадзе на гэты ліст паперы,
сэрцаў не запалоніць.
Толькі кліч далёкі
у вокны ціхенька зазвоніць...
З мінулых гадоў,
з гушчару спраў
вываражыць хачу яшчэ раз
зялёны светлы май.
Плыві, плыві мой шэпт,
звонкі спеў світання
насустрач нежаданаму –
маўчанню...
Ружа – надзея
Можа загаворыць ружа
ў халодным парку восені.
Каменная раўніна
панцыр скіне,
каб быць агародам.
З пятай стараны свету
прыедзе коннік.
Страх адыме
брат брату...
***
Страх!
Страх – гэта спадчына.
Гэта рана ў сэрцах.
Боль памяці.
Паламаныя крылы.
Ачужэлая зямля,
дрэвы, сонца, хмары.
З ветрам прамінулі сны.
Схілілася будучыня.
Бур’янам зарастаюць дні.
Халодны прастор – там снегапад.
Палявой ружы крык.
Канец і пачатак
дарогі ў нябыт.
Аднак,
у новым стагоддзі
на найвышэйшай пад небам мачце
давайце яшчэ раз
разгорнем наш сцяг –
б е л а р у с к і я п е с н і .
***
Трэба ўсё пачынаць ад сябе:
ад праўды цвёрдай, як камень,
ад агню і вады,
ад ран, якія гояць раны,
ад слоў пакаяння і прабачэння,
ад заўтра – яно сёння...
Каб абяссіліць зло,
трэба шмат дабраты.
Любоў, як святло, увойдзе сама,
калі дзверы пакінем адчыненыя
на справы жывыя,
чалавечыя,
бессмяротныя, святыя.
***
Залатыя вобразы і цені будучыні.
Маленства сцежкі, побач восень.
Жывыя людзі – як нежывыя.
Адышоўшае ў нябыт – мігціць...
Словы малітвы – зялёны востраў.
Блакітны вырай, ружы крык...
Сон
З бездарожжа дзён,
з гушчару складаных спраў
у белай кашулі – квецені вішняў
уваходжу ў сон.
Сніцца мне,
быццам цэлы
бязвольна асыпаюся,
ныраю ў бездань
або хаваюся ў яр –
бяссільны.
Над ярам – мост.
У далях будучыня маячыць.
Пакорліва,
з радасцю ці смуткам,
сустракаю ўсё,
што надыходзіць.
Кола дзён, аднак,
увесь час мне ў вочы
мяце пясок.
Зялёны скрай дарогі
пыліцца...
..............................
Бывай зямля, бывай,
на лебядзіных крылах
мне вельмі хочацца,
хоць раз,
вырвацца ў вырай.
***
Не рабі сабе рахунку:
не стаў мінусаў,
ні плюсаў.
Не дзялі жыцця
на здзейсненыя
і няздзейсненыя мары.
Бяры ўсё,
што яно прыносіць.
З пакорнасцю, чулліва
сустракай тое,
што надыходзіць.
Радуйся днём.
Святкуй сваё жыццё.
Яно, як сон,
праходзіць.
***
Іду да вас,
чуеце!
Іду ад сонца
светлымі праменнямі,
іду да вас
з веснавым подыхам,
са спевам птушак.
Адчыняйце дзверы,
адкрывайце вокны.
Святло няхай
увойдзе ў цемру,
дабрыня ў сэрцы.
Неба няхай
раскалыша звон
надзеі.
Юрый Баена, Крык дзікай ружы, Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, Серыя заснавана ў 1990, Кніга сорак чaцвертая, Беласток 2003
