|
Міхась Андрасюк, Мясцовая гравітацыя
Змест
- Шафа
- Клёсы
- У цягніку
- Дзяўчына
- Мастацкі нос
- Гравітацыя
- Верш
- Клаксон
- Сустрэча
- Ветэраны
- Зубр
- Кандыдат
- Вош
- Знічка
- Дом
Шафа
Ранiцай, расплюшчыўшы вочы, бачу знаёмую сцяну, акно ў сцяне, за акном – вяршынi дрэў, аголеныя нахабнымi пальцамi зiмы, i толькi на досвiтку сарамлiвы iней апранае iх у карункавую бялiзну.
Не хочацца ўваходзіць у чарговы дзень. Бо i куды пасунешся, калi ўсё мястэчка, ушыр i ўздоўж, раней паспеў ты затаптаць глыбокiмi слядамi? Ну, няхай там, можна, скажам, пакіраваць на базар. А што на базары? Зараз жа, як i ўчора, прыклеіцца касавокi Жоржык. Што чуваць? – выскаляцца бяззубыя дзясны. Гм, што чуваць?! Тое, што i ўчора чуваць – адкажаш, а касое вока падмiргне над тваiм плячом:
– Значыць, я пяцёрку, ты пяцёрку i пайшлi. Бачыш, вунь там, саветку? Сiвае футра, зараз за брамай. Полька у яе – прыма сорт.
Можна было б схадзiць да пана Агоньчыка, што трымае спажывецкую краму на самай важнай, Трэцямайскай, вулiцы i яшчэ тры ў другiх закавулках мястэчка. Даведацца, якi зараз няпэўны хлеб ад гандлю кiлбасамi, сырамi i пiвам. I наслухацца нараканняў: якi клопат такая крама, на досвiтку падымае чалавека з пасцелi, i ўсе тыя кантролi, i кошты, і клiенты фанабэрыстыя.....
А калi б у мяне была такая крама, я нi словам не заiкнуўся б пра нiякiя складанасцi. Я б аддаў ёй усю сваю душу.
Часам нават раздумваю, якія былі б там паліцы, якія халадзільнікі і маразілкі. І прадукты. Калі б была ў мяне спажывецкая крама, нідзе ў мястэчку, нат у самым вялікім супермаркеце, не купіў бы таго, што ў ёй.
Але крамы ў мяне няма. I таму, забiўшыся пад коўдру, назіраю за варонамі за акном. Чатыры чорныя пункты абсталявалiся з пачаткам снежня ў лiпавым галлi. Днём знiкаюць па сваiх неадкладных справах. З кухоннага акна бачу, як сноўдаюць тратуарам, какетлiва зазiраюць у вочы прахожых, а затым, прыдбаўшы згубленую крошку хлеба, вяртаюцца ў лiпавае прыпынiшча. А ранiцой, пакуль сонца вытыркнецца зза блокаў, засунуўшы дзюбы ў цёплае пер’е, тырчаць на сваiм месцы. I вось пералiчваю iх кожную ранiцу. I калi ў рахунках атрымліваецца недабор, дзiўная турбота выгартае мяне зпад коўдры, запрашае на кухню i загадвае пiльна сачыць за блiжэйшым наваколлем. Калі, аднак, чатыры чорныя пункты, аксiяматычнай канфiгурацыяй стаяць на фоне шэрага неба, тады i выбiвацца зпад коўдры патрэбы няма. З’ехаўшы з акна, я разглядаю сцяну. А там, як i ўчора, шлюбны партрэт дзеда i бабы, побач бацька i мацi, з такой жа нагоды запiсаныя на веквечны аб’ектывам невядомага фатографа, прыхарошаныя фантазiяй рэтушора. Чатыры пары вачэй глядзяць на мяне здзiўленым позіркам, нязменным ад чатырох дзесяткаў гадоў. I адно не магу зразумець, якiм чынам, мёртвае, на паперы адлюстраванае аблiчча бацькi, з дня ў дзень, непрыкметна напаўняецца дзедавай усмешкай, дзедавымi вачыма, дзедавымi вуснамi. I маршчынамi. I мiжвольна насоўваецца думка: калi б на сцяне замацаваць яшчэ адзiн партрэт, тады i мой твар насыцiцца – пачаткова бацькавай, а затым i дзедавай усмешкай.
Часам разважаю яшчэ, чый твар, побач з маім, мог бы запоўніць рамы шлюбнага партрэта.
Шмат якія вочы, і шмат якія імёны прыходзяць на думку.
Пані Валя, што прадае газеты ў кіёску насупраць базара. Яшчэ адна пані, якую сустракаю час ад часу на аўтобусным паўстанку – я не ведаю яе імя, але заўсёды, згодна з нормай, даю ёй “дзень добры”, і яна ветліва ўсміхаецца.
Але больш за ўсіх мне даспадобы чарнявая, невялічкая, далікатная, бы шкляная, фігурка пані Ані, што жыве ў суседнім пад’ездзе. Яе спальня зараз за сцяной маёй спальні і часам, ноччу, калі спыняюцца на вуліцы ўсе аўтамашыны, і калі над мястэчкам разгартаецца абсалютная ціш, прыкладаючы вуха да сцяны, уяўляю яе соннае дыханне.
Часам яшчэ сніцца мне сон. Разгартаю сцяну звычайна, бы шаўковую занавеску, пераступаю, прыпыняюся ў паўзмрочнай спальні і гляджу ў спакойны твар пані Ані.
Але ж – кожны ведае – і адзін сон складана пераліць у рэчаіснасць, а што гаварыць пра два.
Калі б твар пані Ані стаяў побач з маім на шлюбным партрэце...
Уцякаю ад гэтых партрэтаў. А затым вочы бягуць на супрацьлеглую сцяну.
Шафа....
Бывае, раскрыю дзверы, загляну ў драўлянае нутро. З левага боку чатыры палiцы, з правага – парожняе месца для доўгай вопраткi. Ну, шафа як шафа. Нiякiх там асаблiвасцяў. Восьмы месяц мінае, як у маёй кватэры яна. А пачалося ўсё зараз пасля вялiкодных святаў.
Дзень быў гандлёвы, серада. У такiя днi мястэчковы базар запаўняецца як завязаць. Зараз была серада, першая пасля Вялiкадня, людзi, адсвяткаваўшы тры днi, здаецца, iшлi яшчэ па святочнай iнерцыi, а, мабыць, прызапасiўшы раней тоесёе, не было ў iх патрэбы заходзiць у гэтае месца. Словам, пуставаты паказаўся базар у першую, паслясвяточную сераду. Мабыць, таму i адразу я адсачыў чалавека ў доўгiм чорным плашчы. Доўгавалосы, з рукамi, скрыжаванымi на грудзях, прыпынiўся ля ўваходу на базарны пляц. Побач стаяла шафа на двое дзвярэй. Нешматлiкiя клiенты праходзiлi мiма, мiжвольна вачыма абмацаўшы шафу i яе ўласнiка, хаваліся мiж ларкоў. Нармальна, бо каму зараз трэба старая, абшастаная мэбля?
– Купi шафу. Добрая, не пашкадуеш.
– Ды навошта мне шафа? У мяне нат i месца няма паставiць такую мэблю, – само па сабе неяк адказалася .
– Затое ёсць у цябе мроi. А месца няшмат яна патрабуе. Дзе паставіш, там будзе стаяць.
Неяк незвычайна сказаў ён гэтыя словы. Упэўнена. Быццам чытаў мае думкi, слова за словам, як чытаецца добра вядомая кнiжка.
– А пры чым тут мроi?
Чалавек з шафай не адразу адказаў. Глядзеў на мяне, а яго вочы былі як цёплая летняя вада.
– Не бойся, – сказаў цёплы голас. – Мроi не сорам, кожны чалавек мроiць.
– А пры чым тут мроi? – нiякае разумнае слова не прыйшло мне на думку, i я паўтарыў раней сказанае.
– Яна здзяйсняе iх, – чалавек паказаў на шафу.
– Як, здзяйсняе? Шафа мроi здзяйсняе? Значыць, рыбка яна залатая, ці як? – мабыць, адчуўся ў маім голасе які іранічны фон, бо чалавек прыжмурыў вочы, напружыўся, здавалася, яшчэ глыбей нырнуў у мае вантробы.
– Перш за ўсё яна перайначвае людзей.
– Як перайначвае?
– Пераканайся, – адным рашучым жэстам ён раскрыў дзверы.
Нічога асаблівага за гэтымі дзвярыма не было. Паліцы, папярэчка для вешалкі. Ніякіх тунеляў, тайных калідораў, што выводзяць чалавека на новыя прасторы.
“І ўсё? – хацелася спытаць. – Гляну вось на шафу, пераступлю парог і апынуся ў другім свеце? Як зусім другая асоба?”
Але чалавек з шафай хіба здагадаўся аб маім расчараванні, а можа, карыстаючы наднатуральныя свае здольнасці, прачытаў мае думкі. І пакуль я паспеў адазвацца, ён прамовіў першым:
– Дакладна так. Пераступаеш парог гэтай шафы і вяртаешся назад, як зусім новая асоба. Непатрэбныя дзеля таго ніякія калідоры, зубатыя шасцярні, складаныя машыны.
Мне хацелася смяяцца. Ашуканцаў зараз, як ніколі раней. Дзе ні ступіш, дзе ні глянеш, прапануюцца розныя цуды.
– Самае важнае – зрабіць крок. Ступі, пераканаешся. Тут і зараз.
А наўкол гуртаваліся людзі. Бо людзі – зусім бы птушкі. У кожнай свае справы, і свае прасторы, а няхай толькі адна ападзе ў траву, калупнецца тонкімі кіпцюрамі, зараз на крылах цікавасці злятаецца гаманлівая грамада.
– Што тут прадаюць?
– Нічога, – адказаў чалавек. – Вам нічога, – паўтарыў, паставіўшы выразны націск на слова “вам”. І паглядзеў на мяне. “Ідзі!”.
Хацелася ступіць і было страшна. Бо і як? Зойдзеш у шафу, закрыюць дзверы, раскрыюць. Нічога не здарыцца і вернешся назад у прыдуркаватыя воплескі выпадковых людзей, у здзеклівы смех касавокага Жоржыка. А, можа, сапраўды штосьці збудзецца? Пераменіцца ўсё і я вярнуся ў невядомае сабе месца, у чужы свет. За сцяной там невядомае, не пані Ані дыханне, чужыя птушкі за акном, чужыя дрэвы. А, хто ведае, можа сам сабе акажуся чужынцам у гэтым свеце?
– Ну як? – спытаў чалавек. – Ступіш?
Але гэтае “ступіш” апроч мяне ніхто не чуў. Прыкідваючыся купцом, я яшчэ раз абмацаў шафу, тамсям абстукаў кулаком – моцным, здаровым рэхам адгукнуліся сценкі. Закрыў дзверы, раскрыў. Працяглым енкам азваліся завесы.
– Дзверы крыху скрыпяць, але дрэва саліднае, яшчэ пастаіць. А, няхай і прамахнуся. Вазьму, – сказаў я ўголас. І падумаў: “Дома – там ніякіх сведкаў, ніякіх позіркаў – праверыцца ўсё дакладна”.
Восьмы месяц яна ў маёй кватэры.
Клёсы
Часам ідзём да Клёса. Гэта наш добры сябра з дзіцячых гадоў. Разам мы гулялі ў мяч, разам хадзілі ў школу. Разам збіраліся ў далёкі свет і нікуды не выехалі.
На прадмесці, між драўлянымі домікамі Клёс трымае маленькую краму. Адвёў для яе месца ў самым утульным куточку панадворку. Раней, калі яшчэ жыла маці, быў тут загончык з картоплямі, а побач з плотам зялёнай сцяной стаялі маліны. Зараз бульбянішча аддалося ў палон высокай траве, прысеў там на кукішках пластмасавы столік, а над столікам, чырвоным мухаморам красуецца вялікі парасон з надпісам дайліды. Маліны крыху адзічэлі, але трымаюцца някепска. Абняўшыся за плечы з прыімшэлымі штыкецінамі, малайцавата заступаюцца за інтымнасць прыватнай уласнасці, аддзяляюць яе ад калектыўнай бязглуздзіцы тратуара. Ціха тут і ўтульна. Хочаш – глядзі на дахі маленькіх домікаў або, павярнуўшыся спіной на захад сонца, назірай, як пушча ўрастае ў вечаровае неба.
Часам можна было б таксама схадзіць у цэнтр мястэчка да Нюёрка. У яго сапраўдны рэстаран, плён дзвюхгадовай пабыўкі за акіянам у самы лепшы час, калі амерыканскі долар з аднаго боку быў іконай, што абнадзейвае на жыццё вечнае і бестурботнае, а другі бок выяўляўся зялёным сатанінскім люстэркам, у якім праглядаецца цэлы свет – распусныя зоркі кіно, бяздушныя банкіры, драпежныя сенатары, апантаныя азартам паклоннікі Лас Вегас.
У Нюёрка столікі абведзены мармурам, а сцены – люстрамі. Адвячоркам, калі змякчаюцца дзень і настрой, прыгасаюць верхнія лямпы, адзінае святло выплывае з адлітых у патынавыя бронзы кінкетаў. Яны хітра прыхоўваюцца між люстрамі і ў срэбным шкле бачыш толькі шэрыя абрысы твараў – свой, Жэніка, Сярожы, Толіка.
Дзіўна глядзець у твар, калі раней скальпель паўсвятла вымыў яго з маршчын і эмоцыяў. Няма ў тваім абліччы гневу, радасці, болю. Можна падумаць – існуеш адно на вырванай з пашпарта фатаграфіі – без адраса, прозвішча, даты нараджэння. І адчуваеш сябе нахабнікам, што, уводзячы ў зман пагранічныя службы чужой краіны, урываецца на забароненую тэрыторыю.
І таму часцей кіруем да Клёса. Ідзем туды, бы ў свой дом. Прысаджваемся пад чырвоны брызент з надпісам дайліды. Выпіваем піва, нагбом, з бутэлькі, заводзім гутарку пра абышто, вось, скажам – аб джынсавай майцы Сярожы Сахарука. У яе доўгая, на чвэрць стагоддзя, гісторыя, а за познім Герэкам каштавала яна маёнтак.
– Зараз не вырабляюць такія майкі, – кажа Сярожа і цаля за цаляй, гаспадарскім вокам абмацвае пакручастыя сцежкі швоў.
Сярожа мае рацыю. Дваццаць пяць гадоў – шмат часу, усё змянілася, праваліліся старыя імперыі, узніклі новыя, а баваўняныя ніткі надалей някепска адстойваюць пазіцыі і толькі ў пунктах неўралгічных – пры кішэнях і на локцях – адступілі.
– Зараз ніхто нічым не займаецца і ўсё як трэба зроблена, – кажа Федзік.
Федзік праўду кажа. Спатрэбіўся б які занятак. Няхай ужо не самы прыбытковы, няхай і не прэстыжны. Але яго няма.
І таму ідзём да Клёса.
Часам размаўляем аб нашых знаёмых – якую важную персону хто ведае. Сама лепш, калі асоба вядомая з тэлевізійнага экрана, або калі яе здымак запаўняе першую старонку газеты.
Але між нашымі знаёмымі дарма шукаць такіх асоб. І тады наогул называем імёны дваюрадных шваграў, стрыечных братоў, сваякоў, ніколі ня бачаных, што пасяліліся ў Беластоку, Варшаве, або, яшчэ за царскім часам, з’ехалі ў КанадыАмерыкі. Не распавядае аб іх ні радыё, ні тэлевізар, ды не мае гэта вялікага значэння – зарабляюць там грошы значнейшыя за нашага бургомістра, а – хто ведае – можа нават і з падляшскім ваяводам выстаялі б фінансавую канфрантацыю?
Вось і клічам нашых кроўных пад чырвоны парасон з надпісам дайліды. А яны прыходзяць і апранаюць нас у шаты вялікага свету. І ўжо не джынсовая майка, а пінжак Джульюс Ланг агортвае плечы Сярожы Сахарука, і пад спартыўным фасонам калекцыі Нью Джоркер схаваўся абшастаны свіцер Толіка, а грудзі Жэніка напінаюцца кашуляй фірмы П’ер Кардэн.
А потым сваякі адыходзяць па сваіх справах, а мы астаемся над парожнімі бутэлькамі зпад піва і пералічваем, хто каго бачыў у апошні час ці ўвогуле, за ўсё жыццё. Такія гутаркі струменяцца самі з сябе, выдаўжаюцца, аплятаюць лабірынты нашых сцежак вінаграднай лазой. Можна там сноўдаць з раніцы да вечара, не ступаючы на ранейшыя сляды. Бо, што ні скажы, чалавека наведваюць, а ён тамсям быў – у арміі, або – за лепшым часам па пуцёўцы.
– А я на базары Цімашэвіча ўчора бачыў, – кажа Сярожа. – Ён купляў бананы, і я падумаў: – А няхай там! Два злоты было не было. Куплю таксама”. І купіў. Уяўляеце? На адным ларку.
З словам “уяўляеце” на Сярожавых вуснах выцвітае кветка – каляровая, экзатычная, разгартае пялёсткі – на шчокі, на вочы. І Сярожа ўсміхаецца. Так усміхаюцца людзі ў водгук аднаразоваму, неспадзяванаму шчасцю – вось, скажам, калі насуперак агульным меркаванням пашанцуе ім набраць поўны кошык грыбоў.
– Ну і дзіва, бачыў, – Федзік бесцырымонна згартае ўсмешку з вуснаў і вачэй Сярожы. – Кожны бачыў. А мне во, ён сам гэту руку пасціскаў. Гэтую, – раскірэчаныя пальцы па чарзе пад’язджаюць пад нашыя насы. – І што? І хрэн. Сціснуў і далей пайшоў. А я дзе стаяў, там і астаўся.
У апошні час Федзік скептычна глядзіць на свет. Развалілася фабрыка, злуе жонка, і яе злосць накапляецца, кандэнсуецца ў чорную хмару. Была б тая хмара сапраўдная, атмасферычная – пайшоў бы дождж, паказаўся б які грыб у лесе...
– А як быў фестываль, я бачыў прэм’ерміністра, – кажа Толік.
Толік не першы раз вышпарваецца наперад абы якім словам. Залішне. Бачылі ўсе. Калі не твар, не постаць, тады, прынамсі, урадавы верталёт бачылі. Разганяючы на ўсе бакі галубоў, кружыў ён над купаламі царквы.
Моўчкі глядзім на Толіка, Жэнік напышліва надзімае губы, перажоўвае нейкія словы. Мабыць, скажа зараз пра свайго сына – студэнт ён, у Варшаве, і нават на адным курсе з дзяўчынай, якую штотыдзень можна глядзець па тэлебачанні ў тэлесерыяле.
Але Жэніку не хочацца зараз пра сына.
– А гэты прэм’ерміністр – такі невялічкі ростам чалавечак. Малы і адначасова вялікі, – здзіўляецца Жэнік.
– Бо чалавека павышае крэсла або добрае аўта, – адзываецца Сцёпка. – Пасадзі мяне на які мерседэс, адразу буду огого. О, сяджу тут пазаўчора, пад’язджае машына. Доўгая, бы аўтобус, а матор працуе ціха, нават не чуеш. Адкрываюцца дзверы і высаджваецца якісьці немяшка. “Бэлавэза. Бэлавэза”, – шваргоча. Хіба ж аб дарозе пытае? Я і кажу – калясі метраў сто наўпрост, павяртай у Варшаўскую, затым у Пілсудскага, а далей людзі скажуць. Язык да Кіева давядзе. Зразумеў, не зразумеў – сам не ведаю. Падумаць, звычайны чалавек, гэты немец – не абрыты, зусім як я. Ды дзе ён звычайны, на такой машыне!
Часам размаўляем, а другім разам сядзіцца моўчкі.
А часам хацелася б пагутарыць, а няма якраз з кім. Можна ў такіх выпадках перакінуцца словам з Брунерам. Брунер – спалучэнне пудзеля з таксай, на ягонай кудлатай, доўгай спіне чатырнаццаць год і неабмежаваная пашана да кліента. Шмат за сваё сабачае жыццё бачыў дык і другіх умее слухаць.
– Апорт, Брунер, – Клёс здымае тапачку, швыргае яе на крокаў дзесяць. Кудлатая служальнасць нырае ў траву, разгартае яе носам, вяртаецца з тапачкай назад.
А мы глядзім і пляскаем у далоні.
Словам “апорт” завяршаюцца ўсе нашы помсты: за разбураную Варшаву, і за той мячык, што Герд Мюлер забіў у нашы вароты ў семдзесят чацвёртым, і за ўсе бліскучыя машыны, што паўзуць у пушчу, разгартаючы нас пад адкос магутнымі буферамі. І яшчэ за зоркі, што ў дзіцячыя гады прыселі на пагонах і ніколі не ўзышлі на небасхіл даросласці.
А між намі ёсць і Клёсы, і Штырліцы, і Чапаевы, і адзін з чатырох танкістаў – самы мужны, Густлік. Ёсць адзін Пушкін і адзін безыменны Прафесар. І кожная мянушка прыжылася недарма і невыпадкова. Пушкін складаў у маладосці вершы, Прафесар закончыў вечаровы агульнаадукацыйны ліцэй, а вось, скажам, Федзік – часам па прывычцы клічам яго Гагарыным – у школьныя гады, быццам якая касмічная ракета быў Федзік. Сто метраў, і дзвесце, і чатырыста хучэй за ўсіх бегаў – у мястэчку і ваяводстве. Яшчэ і зараз на самай важнай сцяне Федзікавай кватэры побач з іконамі стаяць зжоўклыя дыпломы і медалі – кружкі тэктуры загорнутыя ў бліскучую, залатую паперу з–пад шакаладу.
– Добры Брунер, разумны. Малайчына, – рука Клёса ласкава паглыбляецца ў пакамечаную шэрсць, пяшчотна торгае вушы, а затым ганарыста, панскім жэстам тыркае ў разяўленую зяпу ладны кавалак кілбасы, што ў залішнім чаканні кліента прыімшэла, адышла ад спажывецкіх стандартаў.
І кудлатая зяпа ўсміхаецца. “Добры пан” – калі б хто ведаў, як чытаць сабачыя вочы, напэўна, такія словы прачытаў бы ў карых зрэнках Брунера.
У цягніку
Колы цягнiка каўзануліся па сталёвай спiне рэек, жалеза, напароўшыся на жалеза, азвалася пранiзлiвым вiскатам, i ўсё замаўчала, спынілася так раптоўна, што Марусь, якi хвiлiнай раней прыняў вертыкальную пазiцыю, шлёпнуўся на драўляную лавачку. А ўзняла Маруся на ногі справа канкрэтная – пузыр. Хвiлiнаў трыццаць, як прыйшоў адтуль першы сiгнал, i тады Марусь падумаў: „Стрываю да чарговага паўстанка, здзейснiцца мара”.
Людзі часам даюць самі сабе заданні, правяраюць сябе, выстаўляюць на ўсялякія спакусы, тады асабліва, калі іх лёс у чужых руках. І ўскладаючы сваю будучыню ў тыя рукі, невядомыя ды непрадбачлівыя, чалавек стараецца, прынамсі, ірацыянальнай, тэлепатычнай сілай накіраваць падзеі ў карысны для сябе бок. А калі збываецца мара, можна з горда ўзнятай галавой, з грудзямі, бы парусы напятымі, зайсці ў чарговы дзень: “Глядзіце во, не дармаед я, не шчасліўчык лёсу, што выпадковым дарункам, на чужой спіне вылузаўся з бездані. Сваімі кіпцюрамі адваяваў усё”.
Шлёпнуўшыся на лавачку, Марусь павесіў позірк на супрацьлеглую сцяну вагона, перакінуў у думках свае мроi. Няшмат было іх там. Хто іншы ў такiм выпадку зараз i разгарнуў бы якiянебудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы мiж воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто іншы – так. А Марусь быў чалавек канкрэтны, сцiплы, тутэйшы. Гэтай сціпласцю і тутэйшасцю размалёўваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмнасіні артальён на спіне, і салідныя, як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна узяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот – апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.
А зараз час прыйшоў няважны – выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.
„Стрываю да чарговага паўстанка – з пачаткам красавiка атрымаецца праца ”.
Бо Марусь быў кравец. Можа гэта і лішняе слова, можа навыраст. І калі цікавіўся хто знаёмы або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесіі, доўга думаючы, даваў такі менавіта адказ: “Кравец я”.
Бо што скажаш? Працую ў кравецкім кааператыве, не тым, што па душы мне, займаюся, але ў будучыні – хачу, буду, зраблю, пакажу ўсім...
Людзі чакаюць адказаў ясных і простых, а ў службовых папераў таксама ёсць свае варункі і абмежаванні. У другіх выпадках, карыстаючыся нагодай, чалавек пачынае ўголас абмяркоўваць свае тайныя планы, апранаецца ў неналежныя ордэны, няўзнак перасякае мяжу між тым, што ў яго ёсць і тым, чаго яму хочацца..
Вось і быў Марусь краўцом ды працаваў у кааператыве.
Шылі там рабочыя рукавіцы – летнія, з мяккага цёмнасіняга ціку, з пяццю пальцамі, і зімовыя – пруткія, круглыя аладкі брызенту, дэфармаваныя ізапяткай для вялікага пальца. Сшываючы брызент у прадбачаны праектантамі кшталт, Марусю заўсёды было шкада гэтага пальца. Уяўляліся зімовая халадэча, скрыпячы мароз і іней, і чатыры браты ў супольнай, утульнай хатцы прыгартаюцца адзін да аднаго, абаграваюць адзін аднаго цёплым дыханнем, перакідваюцца словам. А пяты брат, запёрты ў цёмную келлю, дубянее, калее ў цішыні і самоце.
Але зараз нагоды для такіх шкадаванняў і роздумаў не было. Шмат якія рукі аказаліся лішнімі. Можна іх згарнуць у кулак, засунуць у кішэню, можна таксама, раскірэчыўшы ўсе пяць пальцаў, лавіць за зялёныя косы майскі вецер. І няма пры тым патрэбы адбівацца ад балючых мазалёў ніякімі рукавіцамі.
”Стрываю да чарговага паўстанка – з пачаткам красавiка атрымаецца праца”, – каб не было ніякіх сумневаў, яшчэ раз падумаў Марусь.
Але нават самыя простыя людзі побач з звычайнымі марамі носяць у сабе мроі святочныя. Прыхоўваюць іх у самых недаступных закавулках памяці і адзін раз у год або і адзін раз за жыццё, выносяць іх на белы свет – крадком і пад кантролем, бы вялікодны белы абрус разгортваюць на стале.
Часам такая мроя вырываецца з рук, уцякае, пачынае жыць сваім жыццём, нараджае чарговыя летуценні. А яны, бы фальшывыя сябры, абступаюць чалавека, клічуць, вабяць у чужы і непрыхільны яму свет.
Ніхто дакладна не ведае гэту хвіліну, што прымушае чалавека выгарнуць з сябе самае тайнае. Можа тое здарыцца, калі сядзіш за кавай у рэстаране або за кравецкай машынай “сінгер”, можа адбыцца ў глыбокім сне, а нават у начным цягніку, што, марудна каўкаючы пространь, нямым вужом паўзе з далёкай правінцыі ў сталіцу.
“Стрываю – ўсётакі атрымаецца тое, што хачу. Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца”, – можна падумаць – цягнік ішоў па рэйках, паглыбляўся ў ноч. Але гэта не поўная праўда. Бо перасякаў ён час вядомы і зразумелы, адбіваўся ад яго ды ныраў у гэту своеасаблівую хвіліну, што прымушае чалавека распрануць самога сябе. І Марусь распранаўся. З цёмнасіняй майкі. З фланелевай кашулі. З чаравікаў, што выстаялі не адну спёку і сцюжу. А калі зняў з сябе тысячы, дзесяткі тысяч рабочых рукавіц, што цягам гадоў накапіліся на душы, паказалася самае тайнае. Саноўныя вечаровыя сукні і бестурботныя летнія сукенкі. Халодныя жакеты – візіткі бізнесвумен, і шчабятлівыя блузачкі студэнтак. Шытыя ветрам хустачкі загарэлых турыстак і квяцістыя капелюшы бледных ад палацовага паўсвятла арыстакратак.
Сотнямі мадэляў шоўк пераклікаўся з атласам, лён сплятаўся з воўнай, аксаміт адважна лашчыўся да нясмелых цюляў.
Калі б знайшоўся зараз у купэ які выпадковы спадарожнік, перачытаў бы ўсе думкі Маруся. Але Марусь быў у вагоне сам, адзін. Зусім як зімовымі адвячоркамі на кватэры, калі ўсе тыя шаты, усе мадэлі выліваліся на паперу, разрысоўваліся, набіралі кшталт.
“Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца ў якую сапраўдную працоўню”, – так падумаў Марусь. А колы цягніка ішлі. І шчабяталі, і звінелі, і стукалі спраўным рытмам, як звіняць і шчабечуць іголкі “сінгера”, калі вопытная краўцоўская рука стаўляе іх на доўгія аксамітныя рэйкі. За прымкнёнымі вачыма аксаміт слухмяна падстаўляе хрыбет, увішная нітка загартае яго ў элегантныя швы, адштурхоўвае назад, за спіну.
Але час ад часу іголкі памыляліся, сыходзілі з правільнага шляху, ядавітай фастрыгай угрызаліся ў напружаную скуру жывата, скаўзаліся ніжэй.
Ды нічога ўсё. Зацiскаючы зубы, Марусь трываў. Яшчэ дзве хвіліны, яшчэ хвіліна. Колы трацілі імпэт, гублялі рытм, запавольвалі крок. Цягнiк наблiжаўся да паўстанка, што прадказвалі электрычныя лямпы за акном.
Лакаматыў увайшоў мiж перонаў і спыніўся.
Падчас стаянкі туалетам не карыстаюцца. Скарачаючы апошнюю хвіліну цярпення, Марусь узвёўся на ногі.
“Пойдуць колы, пайду і я”, – падумаў.
Але схадзіць у туалет ён не паспеў. Дзверы раскрыліся, i ў купэ ўвайшла жанчына.
Чалавек, які клянецца, што ў нашым зямным свеце ёсць адно сем цудаў, мабыць, нiколi гэту жанчыну не бачыў. Або здаецца яму, што ўсё важнае на зямлі адбылося раней, да дня нашага нараджэння, ды ўвогуле сусвет на веквечны астаецца такім, якім узвялі яго за першы тыдзень боскія далоні.
Такія меркаванні далёкія ад праўды. Якраз жаночая прыгажосць – як і чалавечая мроя – не ведае мяжы ні часу, ні прасторы. Выяўляецца, дзе толькі захоча і калі захоча. Нават у звычайны будзённы дзень, у начным цягніку.
Ад уражання Марусь шлёпнуўся на драўляную лавачку чарговы раз. А цягнiк пайшоў.
“Яна такая прыгожая, а ў мяне зусім празаічная праблема. Як жа так? Напэўна ж, адразу здагадаецца ў чым справа. І сказаць хай сабе нічога не скажа, а падумаць падумае: “Ён пайшоў у туалет”. І яшчэ падумае: “Слабенькі яго пузыр. Ды ўвогуле – які там ён мужчына?” Ну, быццам нічога, быццам звычайнае, чалавечае. Усе людзі час ад часу прымушаны. А можа і не ўсе? Напэўна, не. Вось, скажам, які Лінда або Пазура, ды і ўсе астатнія, моцныя мужчыны, якіх глядзіш у кіно – здараецца ж схадзіць ім у туалет, калі побач такая прыгажосць?
Дзіўны сорам загрузіўся на спіну свінцовым цяжарам, прышпіліў да лавачкі. Гэты сорам вядомы кожнаму, чыю абдзёртую куртку ў раздзявальні элегантнага рэстарана вешалі побач з напышлівым каракулевым футрам, і зразумее яго той, хто намацаўшы ў кішэні абшастаную залатоўку, цішком адступае ў найдалейшы закавулак царквы, калі панскім крокам заходзяць на талерку папяровыя дзесяткі і дваццаткі.
Гэты ірацыянальны сорам мацнейшы за божы гнеў і лямант напоўненага пузыра.
Сцiскаючы каленi, Марусь забiўся ў самы адлеглы куточак купэ. Стараўся глядзець за акно. А нябачная сiла тузала ў спіну: “Глянь, якая прыгожая панi. Глядзi, Марусь”.
I Марусь глядзеў. Крадком, бо калi панi, абводзячы позіркам купэ, спынялася на ягонай постацi, вочы Маруся ўцякалі за акно. Сама выгадней было б апусцiць вейкi, прыкiнуцца сонным, змораным. I Марусь апускаў вейкi. А пузыр нахабна расшпільваў iх назад. I Марусь зноў глядзеў на жанчыну.
Ад нiякага іншага цярпення, голаду i холаду, час i дыстанцыя не выдаўжаюцца так значна, як ад запоўненага пузыра. Гумавыя хвiлiны выцягваюцца да воблакаў, у бясконцасць. І такая гума часу можа быць як трамплін, што, напяўшыся да межаў вытрымкі, шпурне чалавека ў лепшы свет. Але можа таксама лопнуць, абарвацца з трэскам і тады стрымгаловіш у чорную прорву небыцця.
Але калі зашмат выдаўжаецца цярпенне, калі пераўтвараецца ў невыносны боль, вызначаюцца і чарговыя мэты – як вакцына, як апраўданне пакуты і адплата за яе. Бо чалавек у сіле перанесці свой, нават добраахвотніцкім жэстам загружаны крыж з аднаго кутка свету ў супрацьлеглы куток, калі аплачваецца такая ахвяра добрай цаною. А цана – у кожнага тут свая мера – абяцанне вечнага жыцця, улада над другім чалавекам, жаночая ўсмешка.
“Няхай яна ўсміхнецца, – падумаў Марусь. – І няхай скажа слова. Стрываю яшчэ паўстанак – яна адазвецца”.
Яму раптоўна захацелася слухаць яе голас. Якi ён? Безумоўна, яе голас – шолах веснавых лiўняў. Песня вадаспадаў, крынiчна халодных нат у летнюю спёку. Подых жнiвеньскiх палёў у лютую завею. Бальзам на балючыя закавулкі душы. Так уявілася Марусю.
– А вы далёка? – жанчына азвалася, пакуль цягнік паспеў дайсці да чарговага паўстанка. І праўда, былі ў яе голасе ўсе тыя ўяўленыя ліўні, бальзамы і вадаспады. I Марусь абліўся потам, і разгубіўся, як заўжды губляе думку і шлях чапавек, калі ягоныя мроі апярэджваюць рэчаіснасць. Страцiўшы кантроль над моцна сцiснутымi каленямi, нат і спалохаўся: цi ўсё нармальна там? Але, пакуль што не адбылося нiчога, чаго варта саромецца. Набраўшы поўныя грудзi паветра, Марусь адказаў:
– Далёка, у Варшаву.
– Вось як добра. I я ў Варшаву. Дамоў вяртаюся. Надыхалася тут пушчанскiмi араматамi. Ох, як тут прыгожа, – ад успомненай раскошы жанчына пацягнулася, хiстануліся пад свiцерам стройныя грудзi. – А вы хіба не дамоў? – спытала, хоць больш у гэтым пытанні было ўпэўненасці. Вядома, не трэба быць прарокам, даволі адзін раз глянуць, каб адсачыць не варшаўскае, не сталічнае паходжанне цёмнасіняй майкі, і даволі адзін раз зірнуць на салідныя чаравікі, каб здагадацца, што не на сталічных тратуарах пакінулі яны сваю прыгажосць і рыпячую саноўнасць свінскай скуры.
– Не, – сумна патакнуў Марусь. – З дому якраз я.
– У Варшаву? – абыякавым голасам спытала яшчэ раз жанчына.
– У Варшаву, – адказаў Марусь. – За працай. Я – кравец. Шыю.
– Кравец? – цяпер яе вочы бліснулі маленькім зацікаўленнем. “Як – кравец? Які кравец?” – Такое пытанне яна ўголас не паставіла, але яно адчувалася – у яе вачах, усмешцы.
І Марусю трэба было нешта сказаць. Вочы крадком аб’ехалі яе постаць – твар, грудзі, спыніліся на руках і спалохаліся. Яе далоні нічым не нагадвалі тыя пляскатыя аладкі, што доўгай шарэнгай выстройваліся зпад іголкі “сінгера”.
– Краўцоўства – гэта мастацтва. Асабліва жаночае краўцоўства. Бог стварыў жанчыну голую, а вось кравец апрануў яе і зрабіў прыгожай.
Адкуль прыйшла Марусю на думку такая думка – ніхто не ведае. Мабыць, калісьці чуў ён гэтыя словы, а можа ўзніклі яны і зараз, самі з сябе? А цягнік, абмінаючы час і прастору, паглыбляўся ў ноч. І ўсё здавалася магчымым, бы ў якім сне. Кожны можа тут думаць, што захоча, можа лётаць, можа нат бяскарна глядзець у вочы прыгожай пані і перакідвацца словам і таксама той, хто раней не меў да такіх панюсяў ніякага дачынення.
І Марусю прыйшла на памяць адна пані, здавалася раней – самая прыгожая ў краўцоўскім кааператыве. Была там брыгадзіркай, час ад часу зазірала ў прадукцыйны зал, абводзіла позіркам усе станкі, а калі прыпынялася за спіной Маруся, ён машынальна апускаў галаву, пільна сачыў за ходам сталёвай іголкі. А напрыканцы мінулага года гэтая пані зайшла якраз у злую хвіліну. Ад няма чаго рабіць, Марусь забаўляўся накідамі сваіх уяўных мадэляў. Пані прыхапіла запоўненую рысункамі картачку, глянула і ўсміхнулася. І не было як, і не было куды ўцякаць вачам. І прышпіліўшы свае вочы да яе вачэй, ён урэзаў іголкай у вялікі палец,
Але прыгажосць сённяшняй спадарожніцы была зусім іншага гатунку – быццам абразок у кніжцы, прывезенай з далёкай краіны.
Усё ў яе было рэальнае, усё на сваім месцы, у прапорцыях як мае быць. І адначасова – усё ўяўнае, несапраўднае, выдуманае. Але калі нат хто прыдумаў гэту паню, то з канкрэтнай мэтай – раскрыць насцеж дзверы краўцоўскай фантазіі, выправіць яе ў неабмежаваныя прасторы і сцежкі.
– Ну, – сказала пані. – Можа як стрэнемся падчас якой прэзентацыі.
– Можа, – адказаў Марусь.
Жанчына прыліпла позіркам да шыбы. У шкле, начнымі фарбамі пераўтвораным у правізарычнае люстэрка, стаялі яе цёплыя карыя вочы, зза недасканаласці люстэрка абведзеныя паўзмрокам таямніцы, і вусны, што сакавітай лініяй складаюцца ў чырвонае сэрца, і шчокі, напятыя пружыністым лязом маладосці. А затым вусны расхіліліся, усміхнуліся і ўсмешка разгарнулася на шчокі, на вочы, як разгартаюцца хвалямі зручна пастаўленыя косткі даміно.
Так усміхаюцца людзі, калі вяртаюцца дамоў – усміхаюцца сустрэчы з добра вядомай цеплынёй, з утульнымі закавулкамі кватэры.
“Якая яе кватэра, – падумаў Марусь. – Напэўна, незвычайная, напэўна, такіх у мястэчку няма. Сцярпець адзін яшчэ паўстанак, і яна мяне запросіць на сваю кватэру”.
Думка вырастала адважная, упэўненая, як ніколі раней.
А прыгожая пані ў тую ж хвіліну сказала:
– А ў Варшаве вам ёсць, дзе спыніцца? Ёсць хто знаёмы?
– Брат ёсць, – сказалася, па інерцыі неяк. І язык, засаромеўшыся, што, мабыць, заўчасна абмінае прыадкрытыя дзверы, пачаў адступаць назад:
– Хіба што ад’ехаў дзе, бо хто яго там ведае, непаседа мой брат, сёння тут, заўтра там.
Цягнік прычаліў якраз да паўстанка і Марусь уздыхнуў з палёгкай: “Выканаў усётакі. Выстаяў. А ты ціха там – запёрся кулаком у спіну пузыра. – Зараз яна запрапануе наведаць сваю кватэру”.
А жанчына быццам на вяроўцы ягоных думак ішла.
– Калі б якая праблема, вось вам, – працягнула візітную картку.
Марусь узяў яе, перакінуў у пальцах. Перачытаць прозвішча і адрас не атрымалася, падчас станкі лямпы ў вагонах прыгасаюць, кладуцца на сцены, на лаўкі, на шчокі пасажыраў чырванявым паўсвятлом. І ён засунуў картку ў кішэню сіняй майкі, на грудзі, туды, дзе сонным рытмам б’ецца сэрца.
А потым усё расплылося. Ноч, думка, цягнік, сусвет. Нават элегантная працоўня, дзе над вялікім аркушам паперы схіліўся Марусь, закружылася лянівым вярчальным танцам. А пасярэдзіне гэтай працоўні стаяла цалкам аголеная прыгожая пані. Але Марусь не паспеў прыгледзецца да яе сакрэтнай прыгажосці. Няспынны танец загартаў паню ў воблачныя карункі, цюлі, аксаміты.
– Пойдзем? – пытае пані і раскошлівым жэстам працягвае руку.
Расчыняюцца дзверы і з працоўні яны выходзяць у вялікі парк. Між кветак, між старых дрэў спакойным блакітам хістаецца вялікае вока басейна.
– Пойдзем? – пані пытае яшчэ раз і заходзіць у блакітную ваду.
Пытае залішне, бо Марусь ужо ідзе яе следам, быццам ступае на непазбежны, запісаны ў кніжках лёсу шлях, ад якога не ўцячы, не адбіцца сталёвымі кулакамі. А пры тым ні ўцякаць, ні адбівацца Марусю не хочацца. Нат калі і пратэстуе пузыр. “На халеру табе той басейн, навошта ён? За працай жа ў Варшаву едзем, – вісклівым голасам высалапляецца ён з падбрушша. Зза няўвагі ўласніка выбраўся якраз на волю і, карыстаючы хвіліну, пачынае павялічвацца, надзімацца, запаўняць купэ сваімі празаічнымі жаданнямі. Здаецца, вось і рассыплецца, разарвецца тысячай асколкаў, трапляючы абы дзе, нат на прыгожую сукенку прыгожай пані.
Але Марусь ужо не чуў вісклівага пратэсту пузыра. Сціскаючы далікатную жаночую далонь, ён паглыбляўся ў блакітныя абдымкі басейна. Цёплая, шаўковая вада агарнула сцёгны, калені. Увішнымі струменьчыкамі пабегла яшчэ ніжэй, на лыткі, у чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну летнюю спёку і восеньскую слату.
Дзяўчына
Яны любяць разглядаць дзяўчат, што ў разгары маладосці ідуць на сустрэчу з мястэчкам.
Прысаджваюцца за столік зараз побач з крамай “Атлянта”. Гэта добрае месца, на галоўнай вуліцы. А вуліца – і крыніца, і вусце – разгортваецца ва ўсіх напрамках ды згортвае да сябе ўсё, што мае тут якое колечы значэнне.
І не быць, не пражыцьць у мястэчку даўжэй за два дні, каб не прайсці той вуліцай.
Гэтым шляхам вяртаюцца з мясцовага магістрату турботныя рэферэнты, калі добра не спінаецца ў іх бюджэт, і прыдзіраюцца начальнікі, бо такая праца начальнікаў. І хварэюць шлюбныя жанкі, і сыны падрастаюць неабавязкова на вобраз і падабенства, запісанае ў рамах буйной амбіцыі, і ў шырокім плане года астаецца няшмат месца для празаічнай пляшкі з кумам.
Тут а другой гадзіне пасля поўдня заўчасна прыстарэлыя маткіполькі цішком уцякаюць з ранішняй змены на фабрыцы. І ў думках лаюць гэту фабрыку, што за пяцьсот злотых у месяц бесцырымонна распранае іх з апошніх атрыбутаў прыгажосці. А затым у краме “Атлянта” пераліваюць залатоўкі ў пластмасавыя пакеты з малаком, напаўняюць водарам свежага хлеба, загортваюць у цёплыя апельсінавыя хустачкі. Выходзяць на вуліцу, а сонца ўсміхаецца дзіцячай усмешкай. І ўжо іначай, і ўжо пяшчотным позіркам абводзяць яны фабрычны комін.
Напышліва надзімаючы бруха, час ад часу перакоціцца вуліцай штатны кіраўнік чагосьці там. Жоўты гальштук, бы кітайскі мандарын, распіраецца, напалову лежачы ў жывой рыкшы.
Часам пройдзе тратуарам пачарнелы ад сонца мужык, што з’явіўся ў мястэчку па неадкладных справах. І вызіраючы зпад брыля кепкі на сонна спаволены свет, мабыць, тады і не задумваецца – чаму летні час выяўляецца ў розных варыянтах. Мястэчковымі вуліцамі сноўдае нага за нагу, а пераступіўшы мяжу мястэчка, паглыбіўшыся між жытніх палёў, вокамгненна паскарае крок, набірае хуткасць.
Гэтай вуліцай з ліцэальных абдымкаў Піфагора і Сакрата маладосць рвецца бестурботнай рэчкай у шчаслівае папоўдне, значыць – у нікуды.
Дзяўчыну, што ідзе тратуарам, яны бачаць упершыню. Гэта вельмі прыгожая дзяўчына. Гадоў не больш за дзевятнаццаць, высокага росту, але рост яе перш за ўсё выдаўжаюць ногі – значыць тое, што прыдае прыгажосці дадатковы бляск, як спрытная рука ювеліра апранае ў шляхецтва звычайны камень.
Побач з дзяўчынай крочыць хлопец – таксама дзевятнаццацігадовы. Мабыць, які школьны сябрук. На ўроках прысаджваецца за суседнюю парту, а калі ўсе схіляюцца над кніжкамі і сшыткамі, ён крадком спаглядае на яе плечы і ўздыхае, і мроіць якія паветраныя замкі. Ды ўсё так і астаецца чыстай фантазіяй, бо якое можа мець дачыненне прыгажосць да штодзённай звычайнасці? Бо хлопец бачыцца ім звычайным. Можа, глядзяць на яго з перспектывы маладых, але ўжо сталых мужчын, з таго месца, дзе скульптарчас на адну хвіліну спыняецца, адпачывае, накаплівае сілы для дэструкцыйнай працы? І тады значная частка свету аддаецца чалавеку ва ўласнасць, а ён, зведзены прывідам, напышліва выдзімае губы. А можа, бачаць хлопца праз вобраз гэтай дзяўчыны, праз яе блакітныя вочы, светлы твар, валасы, такія залатыя, што ўсё побач уяўляецца шэрым і звычайным?
Але далоні хлопца сплятаюцца з далонямі дзяўчыны, яго пакуль што не мужчынскія, але ж моцныя пальцы гуляюць яе доўгімі пальцамі. Здаецца, дзяўчыне гэта падабаецца. І яна ўсмешкай адказвае пяшчотнай гульні пальцаў.
“Чаму зараз такія прыгожыя дзяўчаты? І дзе яны былі раней?” – думае Колька. Уяўленне вылузвае з памяці моцную, прысадзістую фігуру шлюбнай жонкі. Разглядае, параўноўвае. Але параўнанне выходзіць не ў яе карысць – кароткія пульхныя ногі ніяк не паспяваюць за крокамі ног доўгіх і далікатных. Блытаюцца, губляюць дыстанцыю, сварацца адна на другую спацелым дыханнем. А доўгія ногі ідуць, ідуць, ідуць. Ёсць у іх каварства і бязгучная элегантнасць павука, што аплятае вочы тонкай сетачкай. І вачам не закрыцца ўжо, не адступіць убок. Левай – правай, левай – правай, левай – спічастыя абцасікі цокаюць аб тратуар цішэй і цішэй, аж канчаткова змаўкаюць і, узнятыя шырока раскрытымі зрэнкамі, узлятаюць у маёвы блакіт, сплятаюцца з сонечнымі промнямі.
І тады агортвае Кольку сорам, пачуццё віны. Як хлапчук, якога злавілі ў чужым садзе, апраўдваецца, клічучы на памяць усе лепшыя дні. Наогул гэта апошнія дні месяца, калі весела падсвістваючы крочыць чалавек дамоў, пяшчотна кранае запханы ў кішэню кашалёк. З парога расплачваецца з жонкай, аддае ў яе руплівыя рукі прыбытак апошняга месяца. Яна ўсміхаецца, а ён сядае на кухні – маленькай, тры метры на два – і, зазіраючы ў акно, што раскрываецца на блізнячую, вытканую з вялікай пліты будыніну, паглыбляецца ў талерку цёплага спакою і маленькай стабільнасці.
А вечарам кладзецца побач з жонкай. У асаблівыя хвіліны, згартаючы вусны ў пульхны абаранак, яна вышэптвае адно слова – “о”. Ціхае, сціплае, заўсёды такое аднолькавае.
Колька глядзіць на дзяўчыну, дзяўчына глядзіць на свайго хлопца. Хлопец схіляецца з шэптам да яе вуха, а яе вусны складаюцца ў маленькае сонейка. “О”, – усміхаецца сонейка. Усміхаецца аўтэнтычным, свежым здзіўленнем, заахвочвае, запрашае, вабіць на сцежкі, ніколі раней не кранутыя чалавечай нагой. І Колікаў сорам зноў адступае – на адзін крок, другі. Адступае перад неназванай крыўдай, прадчуваннем, што побач з добра вядомым, рэальным светам ёсць таксама і другі свет – таксама сапраўдны, таксама рэальны. Але гэты свет – за шыбай, за халодным шклом, і не кранеш яго, працягнуўшы руку.
І Колька пытае:
– Як думаеце, ён яе... Ну, ведаеце...
– Вядома, што трахае. Як піць даць, – не падбіраючы словы, не загортваючы іх у бліскучыя паперкі, адказвае Грыша Грынь. – У іх гэта хутка зараз адбываецца. Бузібузі і пад коўдру.
– Не, – пярэчыць Колька. – Немагчыма. Ён, пэўна, нават не ведае, як тое зрабіць. Глянь жа, смургаль яшчэ....А і яна, далікатная такая, і такая....такая, – шукае ў памяці слова. – Яна такая чыстая.
Так кажа Колька. Але побач з наяўным голасам ёсць і другі голас – глухі і бурклівы. Колька глядзіць на хлопца, на ягонае плячо, што прыгартае дзяўчыну, бачыць, як усміхаюцца яе вочы. І чорны глухі голас вытыркаецца зза сцяны маўчання.
– Яна такая чыстая, – паўтарае Колька. І хочацца, каб Грыша яшчэ раз запярэчыў, няхай скажа якое слова – грубае, непрыемнае, вострае, бы лязо брытвы, што згорне ўсмешку з вуснаў прыгожай дзяўчыны і яе звычайнага хлопца.
І Грыша Грынь кажа:
– Усе яны цяпер чыстыя. Памыўшыся ў ванне. І запіраецца такая, і адбіваецца – падумаў бы хто. І охае, і ахае, і ўсё “не” ды “не” паўтарае. А натура, Колька, інстынкт. Ён у нічым не разбіраецца. Ведаю я іх, жанчын. Ух, як ведаю!
Гэтае “ух”, выказанае кароценька, але эмацыянальна, як рама, што агортвае шмат якія вобразы. Але перш за ўсё ёсць у гэтых рамах адна цыцатая прыгажуня, што прыйшла аднойчы на фабрыку, а калі вахцёры паклікалі Грышу, не гуляючы ў залішнія канспірацыі ці прэлюдыі, яна тузанула яго высока ўзведзеным жыватом. “Пазнаеш?” – спытала. І ён па сённяшні дзень адбіваецца ад гэтай прыгажуні трыма сотнямі злотых у месяц. І шукае нешта знаёмае ў маленькім тварыку, у вачах, у вуснах, ва ўсмешцы. Але адшукаць знаёмае не атрымліваецца. “Як у балота ідуць тры сотні”, – думае Грыша.
Хлопец з дзяўчынай падыходзяць якраз да паўстанка гарадской камунікацыі і прыпыняюцца. Іх пальцы развітваюцца, разбягаюцца. Стоячы побач, плячо ў плячо, разглядаюць расклад.
– Так ці сяк, усе яны б.... Зараз во паедуць на хату. А там старых няма, гуляй душа, – Грыша Грынь разгартае рамы сваёй памяці, як звычайна, знаходзіць там вочы ў вочы вядомую фігуру. Але вобраз дзяўчыны ніякім колерам, ніякай рыскай, наведзенай пэндзлікамі сонца на светлае палатно маладосці, не сыходзіцца з вобразам цыцатай прыгажуні. І дадатковы камень, дадатковая злосць загружаецца на спіну Грышы Грыня.
– Можа не, – уключаецца ў размову Эдзік. – Можа, не ўсе. Ніхто не ведае жанчын.
– Ведаю я іх, добра ведаю. Раз гляну на жанчыну і ўсё ведаю, – запіраецца Грыша, але Эдзік жмурыць вочы, паблажліва ўсміхаецца.
– Памыляешся. Ніхто не ведае жанчыну. Можа і глядзіш ты на яе, а папраўдзе, што бачыш? Сукенку, ногі, прычоску. А яна цябе – вось і разглядае. Зазірае ў вочы, а гартае сэрца, калупаецца ў душы. А часам і мускулы абмацвае, таксама ж, чаму не. Здагадаешся, што там бачыць, што чакае, на што спадзяецца – і яна твая. Спадзяецца на дзікую бестыю – будзь бестыяй. Самай дзікай і самай прымітыўнай. Кусай яе зубамі, рві кіпцюрамі. Але калі ёй хочацца ўвайсці у цёплую ваду, будзь як цёплая бяспечная прыстань.
– А як князя захоча, кажы, што ты сапраўдны князь, а часова злая ведзьма зачаравала цябе ў штатнага працаўніка дзяржаўнай чыгункі, – спрачаецца Грыша.
– Так і скажы, – згаджаецца Эдзік. – Толькі – не словам. Скажы тое жэстам, позіркам, дотыкам. І ніколі не старайся яе канчаткова пераканаць. Няхай прадчувае, няхай здагадваецца. Няхай разгортвае цябе старонка за старонкай, паглыбляецца, нырае глыбей. Аж агарнеш яе плячом, закрыеш у далонях, як безабаронную птушку. А ўвогуле – мужчына павінен маўчаць і слухаць. Тады як губка ён убірае ў сябе і яе, і яе словы.
Змаўкаюць. Хацелася б яшчэ паспрачацца, але вядома, што Эдзік мае рацыю. Бачылі ж не раз, як прызямляюцца ў ягоных далонях тыя птушкі. І зайздросцяць Эдзіку за словы, што ў ягоных вуснах сплятаюцца ў зручныя букеты, а калі трэба, знікаюць, скаўзаюцца ў маўчанне, утульваюцца ў ціш.
– Хто кахае ўсіх жанчын, астаецца вольным, – кажа часам Эдзік. – Толькі адна паасобная жанчына мае сілу апрануць чалавека ў кайданы. Усе разам – ніколі.
І тады яшчэ зайздросцяць Эдзіку за волю.
На паўстанак пад’язджае аўтобус і хлопец з дзяўчынай знікаюць за чырвонай шырмай.
“Паедзе? Не паедзе?” – Колька ўважліва ўзіраецца ў паўстанак. Незразумелая, ірацыянальная сіла прымушае яго хвалявацца. З ад’ездам дзяўчыны нешта – невядома што – астанецца незавершаным, незакончаным і іржавым цвіком будзе муляць вантробы і скарачаць сціплую прастору мястэчка, памяншаць яе да светлага аблічча гэтай дзяўчыны. “Няхай яна не ад’язджае”, – думае Колька.
Аўтобус адыходзіць. Дзяўчына астаецца на паўстанку адна.
– А гэтай во, што якраз трэба? – Грыша хінае галавой на паўстанак.
– Не ведаю. Можна было б пераканацца.
– Праўда была б. Ты ж яе бацька, – прыдзіраецца Грыша.
– Або дзядзька, – падкідае слова Колька.
Наўмысна так кажуць. Дзяўчына апусціла вейкі, падставіла твар сонцу. Залатыя кудзерыкі рассыпаліся ветрам. Няўрымслівая маладосць стаіць люстэркам на фоне вуліцы. А вуліца ўваходзіць ў гэтае люстэрка і цішком, сарамліва вяртаецца назад – хітрымі вачыма цыцатай прыгажуні, пульхнымі вуснамі, складзенымі ў сціплы абаранак і яшчэ сотняй звычайных спраў. І хочацца – няхай які кулак, якая сіла тузане светлае шкло, а яно рассыплецца дробным макам, і ўсё будзе звычайна, як раней.
– А можа якраз і сірата яна, і трэба ёй бацька? – Эдзік уздымаецца на ногі, пацягваецца.
Моўчкі глядзяць, як ён перасякае вуліцу, пружыністым, хлапечым крокам накіроўваецца на паўстанак.
Аб чым будзе размова – з гэтага месца не ўчуеш. Эдзік нешта скажа, дзяўчына адкажа, адступіць крок, а ён ступіць следам. І яшчэ раз, і яшчэ крок. А затым яна, мабыць, спыніцца, а ён, схіліўшыся да белых кудзерыкаў, нешта прашэпча ў заружавелае вуха. І кудзерыкі страсануцца жэстам пярэчання, адмовы. А калі не будзе ў гэтай адмове злосці, яго вусны яшчэ раз наблізяцца да ружовага вуха. І зараз кудзерыкі страсануцца іначай. Здзіўленнем? Недаверам? Можа жартам, а можа ад звычайнай цікавасці, смешна перакульваючы галоўку, зазірне ў ягоныя вочы. А вочы цёплай усмешкай спытаюць: “Ну і як?”
Калі так усё атрымаецца, Колька спытае хрыплым голасам:
– Вып’еш піва?
Ад пільнага ўзірання ў паўстанак мястэчковай камунікацыі ў горле засохне, здранцвее, прыліпне да зубоў язык.
– Давай, – такім жа хрыпеннем адкажа Грыша Грынь.
А можа будзе зусім іначай? Можа, у адказ на першае слова кудзерыкі страсануцца злоснай адмовай ? І матылём, зняважаным памылковым парывам ветру, разгарне крылы, адляціць у свой свет. Эдзік прыпыніцца на хвіліну на паўстанку, правядзе вачыма лёт матыля, пацісне плячыма і, засунуўшы рукі ў кішэні, вернецца на ранейшае месца.
І пойдуць утраіх у краму “Атлянта”.
Ніхто таго не ведае, бо вуліца прыпынілася на адну кароткую хвіліну і зноў манатонным майскім крокам ідзе па сваіх справах.
Мастацкі нос
1.
У квiтнеючы летні час пан Антон Лебяда зaдумaў прыдбаць новы нос. Пазбыцца – сінечырвонага, пляскатага, размешчанага наперакор правілам сіметрыі з заўважальным ухілам на левую шчаку. Быццам пасадзілі яго там рукі далёка нецвярозага скульптара.
Мроiўся пану Антону просты, фiгуральна дасканалы нос Роберта Рэдфарда, якi апранае мужчыну ў нябачны пiнжак мiнiстэрскай саноўнасцi, або курносiк Майкела Джэксана, той на веквечны замацоўвае свайго носьбiта ў бестурботным хлапечым свеце або, у рэшце рэшт, хай сабе будзе любы. Абы не той, цяперашні.
– Бо i як жа так жыць? – спытaў aднойчы пaн Антон, вывучaючы ў люстэрку дублiкaт свaёй фiзiяномii. – Дзе нi глянь – нос. Вось табе i ўся фiзiяномiя. Не, няма будучынi з такiм картоплем мiж вачэй, – сaм сaбе aдкaзaў, бо нос, якрaз пaдведзены дa прaцэсу рaнiшнягa брыцця, не прaявiў нiякaгa зaцiкaўлення да эстэтычных рaзлaдaў. Больш цiкавай здавалася яму мануальная эквiлiбрыстыка рукi, закончанай брытвай. Назiраючы за блiскучым лязом, адчуваючы, мабыць, сталёвае дыханне, стандартна чырвоны, зараз дадаткова яшчэ прыхарашыўся крывавымi фарбамi.
“Калi б нос Клеапатры быў крышку даўжэйшы, хто ведае, у якiм напрамку пайшала б гiсторыя чалавецтва?” Хто такое сказаў, цяпер пан Антон не памятаў. Зрэшты, якая рознiца – хто ён, той фiлосаф, калi сказана як адрэзана, падумаў пан Антон, выходзячы на вулiцу.
А гiсторыя мястэчка ў той дзень кiравалася якраз у мясцовы парк.
Дзянёк быў нядзельны, у пaрку нaйгрaвaлa музыкa, у тым жa нaпрaмку сaчыўся борзды струменьчык лaкaльнaй грaмaдскaсцi. Згоднa з рухaм струменьчыкa перaмяшчaўся i пaн Антон. А ўсё рaзaм злiвaлaся ў вялiкую яму, невядомa чaму звaную aмфiтэaтрaм.
– Водaчкa! Сiгaрэты! – жaнчынa, замацаваная нa сутыкненнi дзвюх aлеяў, быццaм бы пaвесiлa вочы нa мяжы вaкууму, a зараз яны i з рэaльнaгa свету выгарталі ўсё, што ў гaндлёвых рaзлiкaх квaлiфiкуеццa як пaтэнцыяльны клiент.
Аднaк мясцовaе грaмaдствa толькi пaaсобнымi прaдстaўнiкaмi aдкaзвaлa згоднa волі жaнчыны. Бо, як можнa здaгaдaццa, жaнчынa былa не з тутэйшых. Не разумела, што нaрод сёння якраз гуртуеццa ў парку дзеля ежы выключнa душэўнaй. Мо з цягaм чaсу, пaсля гaдзiны–дзвюх, у выніку iнтэлектуaльнaй рaскошы, i яе прaпaновa знойдзе пaжaдaны водгук. Ведаючы мясцовыя звычai, з поўнaй aдкaзнaсцю зa словa можнa скaзaць: тaк яно i будзе. Aле пазней.
„Вось табе! – падумаў пан Антон. – Бачаць чырвоны нос, зараз жа i прапануюць. А я не такi, як ім здаецца. У мяне на базары ларок з апельсiнамi i яблыкамi. І планы, і перспектывы. Яшчэ годдва і адкрыецца сапраўдная крама, вялiкаявялікая”.
Так думаў пан Антон, але ў апошняе i ён сам мала верыў. Гадоў пяць як займаецца бiзнесам, а не надта ж разгарнуўся. А прычына, вядома, мiж вачэй яна. Клiенты – не скажаш – і падыходзяць, і рукі запускаюць між яблыкаў і апельсінаў. Тойсёй і пра цану пытаецца. А напароўшыся на нос уласнiка, адступае ціха назад. „Такi чырванявы ворган, – думаюць клiенты, – вядома, пра якiя сведчыць ён схiльнасцi. А дзе схiльнасцi, там i ашуканства”.
I не разгарнуцца пану Антону, не падскочыць вышэй за свой нос.
Хвастануты нaхaбным успамiнам, ён выдaўжыў крок i неўзабаве аблакацiўся на aмфiтэaтр.
А нa сцэне праходзiў якраз народны фэст. Значыць, aдбывaлiся спрaвы дынaмiчныя. Спявалі хоры, тaнчылi, aпускaлiся сa сцэны акцёры i вяртaлiся нaзaд. То злiвaлiся ў мaгутныя, рaсспявaныя кaмбiнaты, то зноў дзялiлiся i метaдaм пaчкaвaння дарылi жыццё новым дуэтaм, трыо, квaртэтaм. А слухачам – радасць, бо ў выніку анёльскай музыкi людзi забываліся на штодзённыя клопаты i свае фiзiчныя недасканаласцi.
Чарговая група ўладкавалася на сцэне. Гэта быў жаночы хор з дваццаці асоб і кожная такая асоба, упрыгожаная музыкай і каляровым касцюмчыкам, магла б без залішніх клопатаў скалыхнуць з фундаментаў, расслабіць, пераўтварыць у кіпячы вулкан самае халоднае мужчынскае сэрца. Але вочы пана Антона засяродзіліся на салістцы, што, вышпарыўшыся на два крокі наперад, прыхапіла мікрафон і моцным альтам паехала ў натоўп.
Ніхто не ведае, чаму якраз салісты карыстаюцца найзначнейшай ласкай слухачоў і чаму зза іх падчас рокканцэртаў згуртаваныя пад сцэнай паненкі трацяць прытомнасць. А часам і сталыя мужчыны, бы той старажытны Улiс, ашарашаныя спевам сiрэнаў, забываюцца пра родную Iтаку.
Пан Антон, паглыбiўшыся ў цёплы альт салісткі, забыўся пра свой родны, няшчасны нос.
А калі хор сышоў са сцэны, расплыўся ў натоўпе, пан Антон невыпадкова апынуўся побач з гэтай салісткай. Прыгарнуўшы пад бокi дзвюх каляжанак, яна ўсё яшчэ падспеўвала, калыхалася за музыкай. I ўсмiхалася ўсяму свету. А пану Антону паказалася – яму ўсмiхаецца.
I пан Антон шчыра адгукнуўся гармонiку, a нaвaт – цi не першы раз у жыццi – зрабіў шaленчыя вaкaльныя спробы. Ён нaпiраў нa высокaе до з зaўзятaсцю касмiчнай энергii, што, узбуджаная першабытнай сiлаю, вылузвае з мiкраскапiчнага атама яркiя зоры, блакiтныя планеты, цьмяныя галактыкi. Выкiдаючы з вантробаў спантанiчныя музычныя каскады, ён усё бліжэй і бліжэй падплываў да каляровага касцюмчыка салісткі. І, зазіраючы ў яе вочы, сэрцам, душою, какетліватанцавальнай мовай цела, здавалася, пытаў: “Чуеш ты, прыгожая мая? Табе спяваю”.
Дакладна так паводзяць сябе самчыкі салаўёў маёвымі ночамі, калі над мястэчковым паркам стаіць шоўкавая цеплыня. І калі з каханай жанчынай паглыбляецеся ў гэтую летнюю ціш, часам шанцуе вам паслухаць какетлівыя напевы. Прыгартаючы плячом каханую, зазіраючы ў яе раззораныя вочы, кажаце ў такіх выпадках: “Ты чуеш, мілая? Ён жа ў твой гонар так”.
Але вашыя словы не грунтуюцца на праўдзе. Каханне – самы эгаістычны стан жывой душы. Кожны тут напявае сваім голасам, і свайму адрасату, і ў сваю карысць.
Пан Антон дарыў сваю песню невядомай харыстцы. Харыстка паказалася яму прыгажэйшай за ўсё, што паклiкала на свет гэта майская вясна.
Пан Лебяда быў шчаслiвы. Ён адчуваў сябе неадступнай часцiнай вялiкага народа. Як чалавек, якому давялося паблудзiць у цёмным лесе, прасноўдаць там увесь дзень, а ў рэшце рэшт выбрацца на, хай сабе i незнаёмую, а ўсётакi чалавекам назначаную сцежку.
– Ну i крычыць той насаты, – моцны альт вярнуў пана Антона ў зусiм немузычную прастору. Голас належыў асобе, якую ў думках паспеў ён назваць вяршыняй прыгажосці ў нашым сусвеце.
– Ага, – падтрымала яе другая харыстка. – Голас нават і нічога ды зусім непастаўлены. І ўражлівасць на мастацтва, на прыгажосць і эстэтыку – не адчуваецца.
– Уражлівасць – прыродная справа. Яна ёсць або яе няма. Але ж, як відаць, не ўсе такое разумеюць.
– Далёка не ўсе, – вочы салісткі згубілі ранейшую ўсмешку. Узіраліся ў пана Антона лютым холадам, як суддзі і пракуроры ўзіраюцца ў разбуральнікаў распрацаванага кодэксамі парадку.
Ад шчасця ў няшчасце, ад перамогi ў паражэнне, ад славы ў няславу – нат не крок i не мiг.
„Чалавечае жыццё – бы кола аўтамашыны. I зверху ты, i адначасова знiзу, i не паспееш прывыкнуць – iржавы цвiк спускае дух, пераўтварае цябе ў лiшнi кусок скамечанай матэрыi”.
Такая фiласофская думка нарадзiлася ў галаве пана Антона, калi на крокаў дваццаць адышоў ён ад цэнтра здарэння. Прыдбаць другiх разумных думак ён не паспеў.
– Водачка, сiгарэты, – пачуўся знаёмы голас.
– Дайце пляшку, – азваўся пан Антон. А затым, мiж блокаў, адбiўшы капслю, заправiў вантробы доўгiм глытком гаркоты.
Мястэчка тым часам заходзiлася ад музыкi i ад шчасця.
2.
Гордзіевы вузлы рэжуцца мячом, а недасканалыя насы – лязом хірургічнага скальпеля. І яшчэ, вядома, далонямі рашучасці і адвагі, без якіх гісторыя астаецца мёртвай думкай, на веквечны раскірэчанай між мінулай і будучай хвілінамі, а кожны няўдалы нос дажывае сумную старасць, звесіўшы ноздры між правым і левым вокам няшчаснага ўласніка.
У нашым выпадку спрацавалі ўсе неабходныя варункі.
Нос атрымаўся – цуда. Пан Антон глядзеў у люстэрка, кранаў пальцамi бадзёра насцярожаныя ноздры, абмацваў iх, а затым, паставiўшы паказальны палец мiж броваў, на хрыбет носа, з’язджаў унiз iдэальна прамой лiнiяй. А пальцамi правай рукi шчыпаў сябе ў заднiцу, мацней i мацней, каб адагнаць найпрыгажэйшы сон. Твар у люстэрку, здавалася, зараз разыдзецца, рассыплецца дробным макам i пачнецца няўхiльнае вяртанне да прытомнасцi, i з срэбнай роўнядзi шкла, здзеклiва ўсмiхаючыся, вытыркнецца на свет добра вядомая бульбіна.
Твар у люстэрку стаяў непарушна. Можа, калi ад дупы, нахабна практыкаванай рэчаiснасцю, сетачкай нервовых калiдораў прыбягалi балючыя сігналы, тады i крывiлiся, тады i пратэставалі вусны. А нос якраз трымаў iдэальную лiнiю.
Ад радасці пану Антону хацелася разарваць грудзi, дастаць адтуль сэрца i шпурнуць яго мiж усiх людзей – знаёмых i абсалютных чужынцаў. І перш за ўсё ўкласці гэтае сэрца ў далоні прыгожай паніхарысткі, якую першы раз пабачыў у мястэчковым амфiтэатры, у гонар якое вылузваў з вантробаў верхняе до, і якая бесцырымонна ашарашыла яго адным словам – насаты.
Але за жорсткае слова пан Антон не крыўдаваў. Ён усведамляў, што гэтая пані прыналежыць зусім іншаму свету, і што ў тым яе свеце зусім іншыя вартасці. Вышэйшыя канстытуцыі грунтуюцца там на пашане прыгажосці, а штодзённыя законы пішуцца тонкім пяром эстэтыкі і фантазіі. Разумеў пан Антон і тое, што ягоны ранейшы нос у тым свеце можа ўспрымацца адно як антаганізм дэталёва абдуманай гармоніі.
Напрыканцы лета пан Антон пачаў зазіраць у той свет. Адвячоркамі прысаджваўся да акна і глядзеў удалеч.
Калі глядзіш у акно звычайна, вачыма, бачыш там шэрыя, шматпавярховыя дамы, вуліцу, дрэвы, запэцканы варонамі тратуар. І чуеш, як грубым голасам гудзяць машыны, і, абмяркоўваючы празаічныя справы, прахожыя перакідваюцца словамі.
Але пан Антон глядзеў у шыбу сэрцам. І ў ягоных думках адлюстроўваўся зусім другі краявід. У бясконцай прасторы ён бачыў бясконцыя шарэнгі пальмаў і кіпарысаў, і яблыняў, што згінаюцца да зямлі цяжарам спелых пладоў. Але яблыкі там не такія, як на базары. Усе яны ідэальныя кшталтам і ўсе спелыя ў чырвань і золата, быццам разбіў хто летняе сонца, рассыпаў у зялёным галлі. А панад дрэвамі стаялі хмары расспяваных салаўёў, і людзі – усе ў доўгіх белых сукенках – шпацыравалі ў блакітным паўсвятле, хто пры тым гартаў кніжку, хто зручным пэндзлікам замацоўваў на ільняным палатне ўяўныя колеры і кшталты, а яшчэ іншы хто, прымкнуўшы вейкі, выяўляў сябе ў анёльскай песні.
А часам усе тыя пальмыкіпрысыяблыні складаліся ў аграмадную арфу. З усіх бакоў зляталіся салаў’і, прысаджваліся на струнах. Прыгожая пані харыстка брала ў рукі райскі інструмент, кранала яго тонкімі пальцамі і стрэсвала тых салаўёў са струн, як летні вецер страсае расу з жытніх каласоў.
Тады асабліва хацелася пану Антону скласці ў далоні прыгожай пані свой новы нос. І ў доказ шчырага кахання з галавы да ног абсыпаць яе яблыкамі і апельсінамі. Вярнуўшыся з уяўнага свету на мястэчковы базар, ён доўга капаўся ў скрынках і мяшках. Падбіраў, вышукоўваў самыя прыгожыя яблыкі і апельсіны, насычаныя сонцам так глыбока, што і Усявышняму не было б прычыны саромецца за іхнюю якасць.
Але пані не прыходзіла. Мястэчка сцякалася зараз на базар шматлікімі ручайкамі, а ручайкі зліваліся ў гаманлівыя рэчкі, а рэчкі спалучаліся ў адну магутную плынь, і спынялася тая плынь перад ларком пана Антона, бы на якой аграмаднай плаціне. І напаткаўшы найпрыгажэйшы ў мястэчку нос, ранейшая жвавасць і гаманлівасць, пераўтваралася ў шолах, што пераліваецца з вуха ў вуха спакойнымі, паасобнымі кроплямі.
Але часам з шэпту вылузвалася на свет і мацнейшае слова, вострае, бы лязо хірургічнага скальпеля.
– Во, прыдурак які. Во, дзіва. Ніхто, ніколі ў мястэчку такога і не падумаў, а ён...
Гэтыя словы выпраўляла ў натоўп звычайная чалавечая зайздрасць. Яна заўжды пустазеллем выяўляецца там, дзе адвечная аблога расцвітае самотнай і нікому незразумелай кветкай.
Бывае, для адводу вачэй гэтая зайздрасць прыкідваецца светлай патрыятычнай хустачкай, апраўдваецца сама за сваю малечу, і ў такіх выпадках папракаюць вас у куды значнейшай віне: “Ну як жа так? – кажуць. – Без прычыны, дзеля прыватнай карысці адмовіцца, адрачыся, пусціць у заняпад, у забыццё бацькоўскі, класічна беларускі нос?”
Але пан Антон не звяртаў увагі на такія закіды. Ён чакаў блізкае сабе сэрца, брацкую душу, што зразумее кожны позірк, кожны жэст, кожнае маўчанне.
Але пані не прыходзіла. І пан Антон, хочаш не хочаш, часцей зазіраў у яе свет. Не толькі адвячоркамі, але і досвіткамі прысаджваўся да акна, а затым, разгартаючы халоднае шкло, ступаў між пальм і кіпрысаў, і перакідваўся словам з людзьмі ў белых сукенках, і як раней, як у гэтым мястэчковым амфітэатры, быў шчаслівы.
А ў ларку накапліваліся найпрыгажэйшыя яблыкі і апельсіны.
У мястэчку сталявалася восень, з пушчанскіх сцяжын уваходзіла на галоўную вуліцу, з галоўнай вуліцы сачылася між шматпавярховых дамоў, між драўляных домікаў, у чырвань і золата размалёўвала найтайнейшыя закавулкі. І тады ў рэшце рэшт здарылася доўгачаканае.
Прыгожая пані харыстка прыйшла на базар. Прагулялася між ларкамі, тамсям кранула тонкімі пальцамі якую сукенку, у люстрах, для выгоды кліентаў расстаўленых між вопраткай, паправіла прычоску.
Следам за харысткай крочыў мужчына – моцны, булаваты, быццам у выніку якога землятрусу вырваўся з каменнай скалы.
Яны спыніліся ля ларка пана Антона.
“Які прыгожы нос, – падумала пані харыстка. – Гэта ж ці не той, пра які зараз гамоняць у мястэчку?”
Тым часам пан Антон падбіраў для яе апельсіны і яблыкі. Перакідваў у далонях, разглядаў у залатых промнях восеньскага сонца, пальцамі спраўна абмяркоўваў іх пружыністасць і сакавітасць.
– І вазьмі яшчэ кілаграм чырвоных буракоў і дзве цыбулькі. Я люблю бурачаны бульён. Сёння зварыш мне, – моцны мужчынскі голас ні то пытаў, ні то загадваў.
А жанчына адказала:
– Так, любіш, мілы мой. Я звару табе сёння бурачаны бульён.
Адвярнулася, яе тонкія пальцы, тыя, што ўчора стрэсвалі салаўіны спеў са струн арфы, цяпер пяшчотным жэстам гладзілі твар мужчыны, яго шчокі напятыя ў два тоўстыя бліскучыя ўзгоркі, і нос, што вытыркаўся з гэтых узгоркаў доўгай, спічастай вежай.
Мужчына ўсміхнуўся, прыхапіў пакеты, загружаныя апельсінамі, яблыкамі, буракамі і цыбуляй. І накіраваўся ў натоўп. Упэўнена, вялікім носам, шырокімі грудзьмі і моцным плячом разгартаў натоўп, як сталёвы карабль разгартае збунтаваныя хвалі.
Пані яшчэ раз крадком зірнула на твар пана Антона.
“Які прыгожы нос. Шкада, што не сапраўдны ён”, – падумала яна і, нібыта бяспечным калідорам, пайшла ўслед за сваім мужчынам.
Гравітацыя
Чалавек, такі яго склад, заўжды хоча быць у жыццi кiмсьці другiм, чым ёсць. Фабрыкант адвакатам, адвакат афiцэрам, афiцэр няшчасна закаханым паэтам. А няшчасна закаханы паэт, калi ўжо дашчэнту размажа па паперы свой плач i роспач, хацеў бы стаць самым буйным фабрыкантам у краiне. Ды гэтай панi, што адмовiлася ад ягоных пачуццяў, даказаць, які катастрафальны зрабiла яна промах. Вось, скажам, пасылаючы ў вакацыi на яе хатнi адрас фотаздымак з самай экзатычнай краіны свету.
І з фатаграфіі ягоныя вочы няхай глядзяць у вочы гэтай пані. Дакладна так, як у далеч акіяна ўзіраюцца рассыпаныя па берагах Вялікоднай выспы каменныя валуны – позіркам надчасавым і абыякавым, характэрным чалавеку, у якога заўсёды ў задняй кішэні нагавіц валяецца лішні мільён долараў. І яшчэ няхай гэты позірк уваходзіць у яе сэрца калючымі іголкамі, і ад бясконцых параўнанняў і перападлікаў няхай кожную яе ноч пераўтварае ў нямы, бясконцы папрок. У адрас, здавалася, блізкай, а папраўдзе абсалютна чужой спіны, што разлажылася побач ды храпе стомай штодзённага змагання за хлеб і кусок сала да хлеба.
Мне хочацца на Вялікодныя выспы. Глянуць адтуль, з самай далёкай перспектывы на маленькія домікі, на кумпясты купал сабора, на стральчатую вежу касцёла, што дзесяцігоддзямі калупаюцца ў адных і тых жа воблаках. І на смешныя постаці маіх суседзяў, якія ў мурашэчай руплівасці збіваюць абцасы аб учарашнія сляды.
Штодзённа заходжу на вакзал, прысаджваюся на лавачку. Маўклівая грамада высыпаецца на тратуар, разбіваецца на паасобныя сцежкі. Па звычцы пералічваю добра вядомыя фігуры.
А часам гуляю сам з сабою і называю колькасць пасажыраў раней, пакуль раскрыюцца дзверы аўтобуса. Наогул не памыляюся.
Аўтобусы адпачываюць пяць, дзесяць хвілін. Насунуўшы брыль кепкі на вочы, кіроўцы адыходзяць у кароценькую, даступную толькі катам, бяспечную адсутнасць у натоўпе. А потым рэзка азываецца матор, выбягаюць на беласінюю спіну механічныя дрыжыкі, саслізгваюць на колы і нахабнымі кулакамі выштурхоўваюць іх у чарговы шлях. Праводжу позіркам сіні хрыбет. Бачу яшчэ, як аўтобус, дасягнуўшы краю вулачкі, прыпыняецца, паварочвае направа, хістаючыся перасякае чыгуначныя рэйкі, крыліць рондам побач з касцёлам і знікае за зялёнай шырмай між дрэў. Тады хочацца кінуцца наўздагон, на ляту раскрыць дзверы, нырнуць у цёплае нутро, заваліцца ў самы задні фатэль. І маленькім домікам, і вуліцы, заклятай у ліпавыя шарэнгі, і ўсяму мястэчку памахаць рукой на развітанне.
Гэтая думка – імгненне. Нараджаецца і знікае, не паспеўшы набраць рэальных кшталтаў. Я дасканала ведаю, што беласіні аўтобус адыходзіць не да экзатычных берагоў. Заканчвае маршрут далёка раней, у вёсках, у мястэчках кропля ў кроплю, як нашае. А пры тым, як і ягоныя пасажыры, бясконца паўтарае свой шлях, круціцца ў зачараваным коле на сярмяжных вяроўках мясцовай гравітацыі.
А мяне гэтая гравітацыя штодзённа прыцягвае на вакзал. І сам сябе пераконваю, што мне вельмі падабаецца гэты вакзал, і ні ён, і ні я ў нічым мы не змяніліся за апошнія трыццаць год, з дня, калі зайшоў я сюды першы раз. А затым зза аднае сяброўкі пачаў наведваць гэтае месца ў кожнае нядзельнае папоўдне.
Яе iмя было Зося, найпрыгажэйшая дзяўчына ў суседнiм лiцэi.
Скажаце: А як вызначыць, якая дзяўчына самая прыгожая?
А я адкажу: Дзяўчына, у якую ты якраз цяпер закаханы, прыгажэйшая за ўсiх.
Зося высаджвалася з аўтобуса, i мы ўшывалiся ў маленькi сквер. З левага боку белай вежай уздымаўся ў неба касцёл, за спiною гаманiў бар „Крынiчка”, а тратуарам ішлі ўсялякiя дзядзькi i цёткi – каму трымцела пагутарыць з Усявышнiм, а каму – блiжэй у „Крынiчку”, дзе векавечна смутныя афiцыянткi разлiваюць жоўтае, мутнае пiва. Звычайны ў нядзелю абразок.
Чарговыя аўтобусы выплёўвалi на тратуар групкi хлопцаў i дзяўчат, што таксама з’язджаюцца з навакольных вёсак, рассыпаюцца па знятых кватэрах, а з панядзелку ранiцай, заходзячы ў школу, даганяюць новы свет. I ўжо бачаць сябе – у кожнага тут свая мера – краўчыхамi, слесарамi, лекарамi.
Час ад часу i мне ўяўлялася такое, асаблiва ўвечары. Цэнтральнай вулiцай iшлi мы з Зосяй, а шарэнгi блокаў глядзелi на нас цёплымi вокнамi. I я ў думках кляўся першаму каханню – будуць i ў нас свае вокны, самыя цёплыя i самыя светлыя ў мястэчку. I стане ў гасцiнным пакоi вялiкi стол, а зiмовым адвячоркам, калi сонца, ледзь крануўшы гарызонт, рассыплецца нiткамi паўсвятла, засеўшы за той стол, будзем з сонечных ашчэпкаў снаваць заўтрашнi дзень.
Адкуль паявіліся на вакзале Болiк i Папусь, не ведаю. У Папуся тырчала зза пляча неадлучная гiтара, ён усмiхаўся на ўсе зубы, як усмiхаецца чалавек, які хоча сказаць: „Глядзiце, якi прыгожы свет. А я гэтага свету – уласнiк”.
Болік таiўся крокам ззаду, па звычцы моўчкi лускаў семачкi ды пляваў пад ногi чорнабелымi лупiнамi.
Я ніколі не мог зразумець, якая сіла спалучае гэтыя дзве, крайне розныя асобы – упэўненага ў сваёй выключнасц

