|
Вацлаў Iваноўскi ў Пецярбургу (1899—1913 гг.)
Ю. Туронак
У XIX ст. працэс беларускага нацыянальнага адраджэння цягнуўся марудна i заставаўся з’явiшчам эфемерным i амаль незаўважным. Звычайна гэта тлумачыцца спасылкамi на царскiя рэпрэсii, асаблiва забаронаю выдавецкай дзейнасцi, а таксама адсутнасцю нацыянальнага “П’емонту” за мяжой, якiм для лiтоўцаў была Ўсходняя Прусiя, а для ўкраiнцаў — Галiччына. Напэўна, гэта былi важныя акалiчнасцi, аднак найгалоўнаю перашкодаю на шляху беларускага нацыянальнага руху была парадаксальная iдэалагiчная сiтуацыя: у краiне, дзе пасля лiквiдацыi царкоўнай унii пераважала новаправаслаўнае насельнiцтва, праваднiкамi гэтага руху сталi галоўным чынам прадстаўнiкi каталiцкай шляхты. Яны, хаця i ўсведамлялi сваю этнiчную самастойнасць, усё ж не змаглi ўзняцца па-над рэлiгiйным бар’ерам, рэальна ацанiць iснуючае становiшча i сфармуляваць агульнанацыянальную праграму культурнай i палiтычнай дзейнасцi, прымальную як для адной, так i для другой часткi грамадства, асаблiва для праваслаўнай большасцi.
Беларуская паэзiя XIX ст., апрача абмежаванай папулярызацыi мовы, не адыграла ў гэтым працэсе вялiкай ролi, звычайна не выходзiла па-за рамкi этнаграфiзму i сацыяльна-бытавой праблематыкi, якая асвятлялася з пазiцый класавай згоды памiж памешчыцтвам i сялянствам. Падчас паўстання 1863 г. з’явiлася беларускамоўная агiтацыйная публiцыстыка, накiраваная на тое, каб далучыць сялян да ўзброенай барацьбы з царызмам. Аднак пры ўсiм тым не заўважалася якiх-колечы iстотных з нацыянальнага гледзiшча iдэйных адрозненняў памiж прыхiльнiкамi кансерватыўнага i радыкальнага крыла паўстання на Беларусi i Лiтве. Узаемныя супярэчнасцi ўзнiкалi сярод iх у аграрным пытаннi, што ж датычыць астатняга, дык лiтаратура абедзвух плыняў iдэалiзавала былую Рэч Паспалiтую, была скiравана на абарону каталiцкай царквы i прапагандавала супольнасць палiтычных iнтарэсаў Польшчы i Беларусi ў якасцi польскай правiнцыi. Палымяны заклiк Калiноўскага да беларускага народу змагацца за свае правы — “бо тады толькi жыць будзе шчаслiва, калi маскаля над табой не будзе” — гэта яшчэ не дэкларацыя незалежнасцi, бо абмiнае не менш важнае пытанне польскай гегемонii. Нават крытыка грамадскай несправядлiвасцi ў адозвах радыкалаў (“Мужыцкая праўда” ды iнш.) мае выразны антырасiйскi характар, аднак ашчаджае мясцовых памешчыкаў.
Беларускае пiсменства XIX ст. развiваецца, галоўным чынам, у рэчышчы польскай палiтычнай думкi i польскай барацьбы за незалежнасць. Пагэтаму ў iм прасочваецца вострая антыправаслаўная тэндэнцыя, якая, зразумела, значна абмяжоўвала ягоны ўплыў на праваслаўную iнтэлiгенцыю i, у вынiку, не мела пашырэння сярод пераважнай часткi беларускага люду. Усё гэта аблегчыла задачы расiйскага супрацьдзеяння i паўплывала на з’яўленне ў другой палове XIX ст. iншага iдэйнага накiрунку пад назваю “западнорусизма”, якi пры падтрымцы ўладаў спрабаваў прадставiць Беларусь як спрадвечна расiйскi край i абгрунтаваць законнасць расiйскага панавання. Гэтая плынь аб’яднала прадстаўнiкоў беларускай праваслаўнай iнтэлiгенцыi, якiя, негледзячы на палiтычную арыентацыю, шмат зрабiлi ў галiне этнаграфii, мовазнаўства, краязнаўства i гiсторыi Беларусi. Усё гэта паўплывала на развiццё палiтычнай думкi i вылiлася ў дзейнасць беларускiх народавольцаў. Так беларуская палiтычная думка з цяжкасцю прабiвала сабе дарогу сярод польска-расiйскай iдэйнай барацьбы i да канца XIX ст. рухалася ў двух паралельных напрамках, не знаходзячы пунктаў сутыкнення. Нават родная мова доўгi час не магла стаць агульнай платформай для супольных дзеянняў. Праўда, прадстаўнiкi каталiцка-шляхецкага кiрунку больш зрабiлi дзеля яе пашырэння, аднак цяжка адназначна акрэслiць, у якой ступенi гэтая iх дзейнасць была толькi спробаю супрацiўлення расiйскай экспансii. Нарэшце, анiводзiн з будзiцеляў XIX ст. не ўзяўся за стварэнне беларускага лемантара (буквара), гэтага найпрасцейшага зыходнага пункту развiцця нацыянальнай культуры. Усё гэта неабходна ўлiчыць ацэньваючы дзейнасць Вацлава Iваноўскага, якi не абмежаваўся фармуляваннем прыгожых iдэй аб стварэннi беларускай нацыi i будаўнiцтве маладой Беларусi, але першы пачаў гэтыя iдэi ператвараць у рэчаiснасць.
Вацлаў Iваноўскi нарадзiўся ў 1880 г. у фальварку Лябёдка, што на Лiдчыне, у дваранскай сям’i. На яго нацыянальнае ўсведамленне ўплывала хатняе выхаванне ў духу традыцыi Вялiкага княства Лiтоўскага, пражыванне ў Лябёдцы, у Красным Варонежскай губернi i ў Варшаве, г. зн. сярод беларускага, рускага i польскага этнасу, i ўрэшце, прыклад развiцця нацыянальнага руху блiжэйшых суседзяў — палякаў i лiтоўцаў.
Пасля заканчэння гiмназii ў Варшаве Iваноўскi ў 1899 г. скiраваўся ў Пецярбург, дзе жыў (па адрасу: 6-я рота, дом 10) разам з бацькам, высокiм ураднiкам сельскагаспадарчага ведамства. У Пецярбургу паступiў на хiмiчны факультэт Тэхналагiчнага iнстытута, якi закончыў у 1904 г., пасля чаго да лета 1913 г. быў навуковым супрацоўнiкам гэтага iнстытута i iншых пецярбургскiх вышэйшых навучальных устаноў. Званне доктара тэхнiчных навук атрымаў у 1909 г. на Палiтэхнiцы ў Мюнхене.
Ужо ў першыя гады вучобы Iваноўскi арганiзаваў у Пецярбургу беларускi гурток, на аснове якога на пачатку 1902 г. была створана нелегальная сацыялiстычная арганiзацыя — Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП), якая распачала выдавецкую дзейнасць. Багатых мецэнатаў не было, таму выдаваць друкаваныя публiкацыi яна не магла. Неставала не толькi дасведчаных публiцыстаў — не было нават элементарных граматычных i правапiсных правiлаў беларускай мовы. Апрача таго, нiводзiн з маладых пачынальнiкаў руху не быў знаёмы з тэхнiкай нелегальнай працы. Але гэтыя цяжкасцi не палохалi маладога Iваноўскага. Ён пачаў з самай неабходнай рэчы — купiў гектограф. На гэта пайшоў увесь ягоны заробак са студэнтскай практыкi.
Першай публiкацыяй БРП стала адозва “Да iнтэлiгенцыi”, якая заклiкала выхаваную ў польскай культуры маладую iнтэлiгенцыю Беларусi да ўдзелу ў адраджэнскай працы i пастулявала арганiзацыю гурткоў дзеля вывучэння роднай мовы, краязнаўства, гiсторыi, аказанне матэрыяльнай падтрымкi для лiтаратараў, прадугледжвала збор сродкаў на выдавецкую дзейнасць i стварэнне сеткi кальпартажу.
Наступнай iнiцыятывай Iваноўскага была спроба нелегальна выдаць часопiс “Свабода”, якi быў задуманы як орган БРП. Ажыццяўленню гэтай задумы спрыяла павелiчэнне кола беларускай моладзi ў Пецярбургу. У 1902 г. сюды прыбылi браты Ян i Антон Луцкевiчы, Алаiза Пашкевiчанка. Адным з самых блiзкiх супрацоўнiкаў Iваноўскага быў таксама пецярбургскi гiмназiст Вiнцэнт Валейка родам з фальварку Галавiчполь, што знаходзiўся побач з Лябёдкаю. У снежнi 1902 г. “Свабода” была адбiта на гектографе (200 асобнiкаў), але канец задумы быў няўдалы: яна не дайшла да чытача. Так што гэты часопiс мае пэўнае значэнне толькi для вывучэння поглядаў яго стваральнiкаў. Аб iх можам мяркаваць на падставе адзiнага захаванага фрагменту “Свабоды”— верша Сыракомлi “Добрыя весьцi”, якi пасля пераробкi выдаўцамi, атрымаў цалкам новы сэнс, прыстасаваны да новых варункаў рэвалюцыйнай барацьбы. Па-першае, антырасiйскiя акцэнты арыгiнальнага тэксту Сыракомлi замянiлi на антыцарскiя. Радкi арыгiналу “лягчэй будзе сэрцу, як згiне маскаль” або “не прыйдзе вораг з маскоўскага краю” у “Свабодзе” атрымалi новае гучанне: “лягчэй будзе сэрцу, як згiне наш цар” i “не прыйдзе вораг з чужога краю”. Па-другое: iдэя класавай згоды памiж сялянствам i шляхтай, якую прапагандаваў Сыракомля, саступiла месца рабоча-сялянскай салiдарнасцi.
Характэрная перапрацоўка верша “Добрыя весьцi” дае падставу мяркаваць, што дзеячы БРП, у прыватнасцi яе стваральнiк Iваноўскi, не падтрымлiвалi сепаратыстычных тэндэнцый Польскай партыi сацыялiстычнай (ППС). Больш блiзкiя i зразумелыя былi для iх пастулаты расiйскiх рэвалюцыйных колаў, якiя падтрымлiвалi iдэi не толькi разбурэння царызму, але i грунтоўнай перабудовы ўсяго грамадскага ладу. Гэта магло значыць, што БРП бачыла магчымасць ажыццяўлення сваiх планаў не ў адрыве ад Расii, але ў працэсе рэвалюцыi i дэмакратызацыi грамадскага жыцця гэтай дзяржавы.
Такая пазiцыя БРП выклiкала вострую рэакцыю ППС i яе публiчную крытыку культурна-асветнiцкай арыентацыi беларускай партыi. У вынiку ў некаторых яе дзеячаў абуджалiся крытычныя настроi да арыентацыi БРП, што на пачатку 1903 г. давяло да яе расколу. У пэўнай меры паўплывалi на тое таксама асабiстыя амбiцыi пецярбургскiх дзеячаў. Вясною 1903 г. Ян Луцкевiч распачаў стварэнне нiбыта больш радыкальнай Беларускай рэвалюцыйнай грамады, якая аформiлася ў канцы 1903 г.
Пасля сутыкнення з Луцкевiчам Iваноўскi распачаў ажыццяўленне сваёй праграмы пад новай фiрмай Круга беларускай народнай асветы. Круг выдаў дзве нелегальныя публiкацыi — “Калядную пiсанку” i “Вялiкодную пiсанку”. Першая з iх выйшла перад святам Божага Нараджэння 1903 г., другая — перад Вялiкаднем 1904 г. Распаўсюджваць iх мелiся студэнты, якiя раз’яжджалiся на вакацыi да сябе на радзiму.
Большае значэнне для папулярызацыi беларускай лiтаратуры мела выданне ў Пецярбургу дзвюх кнiжак: зборнiка вершаў Янкi Лучыны “Вязанка” i народных “Казак”, тыражом па 5000 асобнiкаў кожная. Абедзве кнiгi выйшлi легальна, хаця не абыйшлося без маны: “Вязанку” прадставiлi ў цэнзуру як кнiгу на балгарскай мове, а з “Казкамi”, як выданнем фальклорным, клопату не было.
Летам 1903 г. Iваноўскi схiлiў Мар’яна Фальскага, студэнта варшаўскай Палiтэхнiкi, i Сцяпана Багушэўскага, студэнта Ягелонскага унiверсiтэта, да новай выдавецкай задумы: выпуску беларускай лiтаратуры ў Кракаве, па-за мяжой Расii. Iх намаганнямi былi апрацаваны i вясной 1904 г. надрукаваны чатыры публiкацыi: “Янка-музыкант” Сенкевiча, “Ведзьма” невядомага аўтара, аб’ёмiстая адозва “Царская гаспадарка” i зборнiк вершаў Багушэвiча, Пашкевiчанкi i Казiмiра Кастравiцкага пад загалоўкам “Песьнi”. Патаёмнымi сцёжкамi iх перавозiлi ў Расiю.
Такiм чынам, з iнiцыятывы Iваноўскага, у 1903—1904 гг. у Пецярбургу i Кракаве выйшла ў свет восем кнiжак. Гэта, натуральна, было мала, але не менш, чым было выдадзена ў Расii за ўсю эпоху пасля паўстання 1863 г., i ў такой перспектыве выглядала як сур’ёзнае дасягненне. Разам з тым выявiлiся цяжкасцi з увагi на адсутнасць адзiных лексiчных i правапiсных нормаў. I сапраўды, кожны аўтар або перакладчык кiраваўся ў гэтай галiне ўласнай думкай. Прывесцi iх у аднастайную сiстэму стала надзвычай важнай i пiльнай справай. Невыпадкова сярод пастулатаў адозвы “Да iнтэлiгенцыi” на першым месцы стаяла распрацоўка мовазнаўчых пытанняў i выданне граматыкi беларускай мовы, для стварэння якой мяркавалася прыцягнуць спецыялiстаў. Мы не ведаем, цi звяртаўся да каго Iваноўскi ў гэтай справе, аднак фактам застаецца, што за гэта не ўзяўся анiводзiн спецыялiст, у тым лiку Яўхiм Карскi, якога сёння прызнаюць за стваральнiка беларускага мовазнаўства.
З гэтай прычыны, а таксама дзеля патрэб асветы, Iваноўскi вырашыў заняцца распрацоўкай беларускага лемантара, якi ў нейкай ступенi мог бы прылагодзiць адсутнасць граматыкi i стаць своеасаблiвым лiнгвiстычным даведнiкам для аўтараў i выдаўцоў. Гэтую задуму планаваў ён даўно, але ажыццяўляць яе пачаў толькi ў другой палове 1904 г., пад час паслядыпломнай практыкi на цукразаводзе ў Баравiчках пад Плоцкам. Аб гэтым наступную цiкавую iнфармацыю пакiнула Марыя Альтберг-Арнольдава, сястра калегi Iваноўскага, Люцыяна Альтберга: “Люцыян часта бываў у Iваноўскага ў Баравiчках i бачыў, як ён карпеў над складаннем беларускага лемантара. Брат казаў пра гэта з пэўнай iронiяй, маўляў, гэта дзiцячая гульня, фантазiя: “Такi сур’ёзны чалавек займаецца беларускiм лемантаром! Ды гэта ж дыялект, не мова!..” Ах, калi б брат быў разумнейшы, ён бы ведаў, што нават адзiн чалавек у гэтай справе мог зрабiць пераварот. На гэтым лемантары вырасла цяпер цэлая беларуская лiтаратура”.
Працуючы над лемантаром, Iваноўскi мусiў заняцца распрацоўкай беларускай мовазнаўчай тэрмiналогii ў неабходным для лемантара аб’ёме. З цягам часу гэтыя базавыя тэрмiны ўдасканальвалiся, але большасць засталася трывалым здабыткам беларускага мовазнаўства i была прынята або ў тым самым гучаннi, або з невялiкiмi фанетычнымi i марфалагiчнымi зменамi. Замест ранейшых cz, sz, ż у лацiнскiм варыянце лемантара ўводзiлiся новыя знакi č, š, ž, напэўна дзеля таго, каб адрознiць беларускую лацiнку ад польскага алфавiту. Гэтую працу Iваноўскi завяршыў у 1905 г. i перадаў яе Кастравiцкаму, каб той падрыхтаваў варыянт гражданкай. Цiкава заўважыць, што выданне “Беларускага лемантара” таксама планавалася нелегальна, хутчэй за ўсё па-за межамi Расii.
Аднак, неўзабаве такой неабходнасцi ўжо не было: у снежнi 1904 г. цар Мiкалай II падпiсаў указ, згодна з якiм здымалiся ранейшыя абмежаваннi на выкарыстанне беларускай мовы, што дазволiла распачаць легальную выдавецкую дзейнасць. Гэтую магчымасць Iваноўскi выкарастаў хутка i паспяхова, на што ў вялiкай меры паўплываў вопыт яго выдавецкай дзейнасцi ў нелегальных умовах. Яго заслугай было стварэнне ў Пецярбургу выдавецкай суполкi “Загляне сонца i ў наша ваконца”, якой ён кiраваў да лiпеня 1913 г., да выязду ў Вiльню, дзе ён яшчэ з большай iнтэнсiўнасцю працягваў выдавецкую дзейнасць.
Была гэта цэлая эпоха ў развiццi беларускага адраджэнскага руху, паралельная дзейнасцi “Нашай нiвы”. Вацлаў Iваноўскi як пiянер гэтага руху адыграў выдатную ролю. Ён вярнуў з забыцця лепшыя творы беларускай лiтаратуры XIX ст., даў беларускаму чытачу шэраг перакладаў з польскай, расiйскай i ўкраiнскай лiтаратуры, узвёў на радзiмы Парнас прарока нацыянальнага адраджэння Янку Купалу, Цётку, падтрымлiваў творчасць маладых паэтаў i празаiкаў i такiм чынам садзейнiчаў нараджэнню i развiццю новай беларускай лiтаратуры. Выдадзеныя iм падручнiкi на цэлае дзесяцiгоддзе апярэдзiлi з’яўленне публiчных беларускiх школ, а серыя выдадзеных драматычных твораў дапамагла стаўленню аматарскiх тэатральных труп. Дзякуючы ягоным старанням беларускi земляроб упершыню атрымаў сельскагаспадарчую лiтаратуру на роднай мове.
Гэты рух уплываў на пашырэнне нацыянальнай свядомасцi. У 1910 г. вiленскiй публiцыст Часлаў Янкоўскi, лiчыў, што, негледзячы на русiфiкацыю i апалячванне, самы вялiкi шанц на здабыццё сiмпатыяў народных мас — за беларускай нацыянальнай справай. “Шмат людзей уплыве з яе рук на ўсход i захад, — пiсаў ён, — але i тое, што застанецца, можа з цягам часу скласцi цалкам значны народ”. З’яўленне такiх ацэнак напярэдаднi першай сусветнай вайны адлюстроўвала iмклiвы поступ нацыянальнай свядомасцi сярод беларусаў, да чаго ў вялiкай меры прычынiўся Вацлаў Iваноўскi сваёй выдавецкай i выхаваўчай працай.
