|
БЕЛАРУС АЛЯКСАНДР РУЖАНЦОЎ (1893–1966) ЯК ВЯДОМЫ ДЗЕЯЧ КУЛЬТУРЫ Ў ЛІТВЕ, БІБЛІЯТЭКАР І БІБЛІЁГРАФ*
Сцяпан ДУШЭЎСКІ-ДУЖ
(Вільнюс)
Шырокай беларускай грамадскасці дзеячы Літвы даваеннага перыяду, за выключэннем аднаго-другога, застаюцца невядомымі. У даваеннай Літве быў добра вядомы літоўска-беларускі бібліёграф Аляксандр Ружанцоў.
Аляксандр Ружанцоў-Ружанец (нарадзіўся 12 жніўня 1893 года ў Вязьме, Расія, памёр 23 ліпеня 1966 года ў Дэнвілі, Ілінойс, ЗША) беларус, палкоўнік-лейтэнант (падпалкоўнік) запасу Літоўскага войска, вядомы літоўскі і беларускі бібліёграф. Навучанне ў гімназіі скончыў у Вязьме. З 1911 года сваю адукацыю працягваў на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага універсітэта, дзе вывучаў гісторыю Расіі. З прафесараў, якіх яму прыйшлося слухаць, асабліва выдзяляецца М.Любаўскі, які яго вельмі зацікавіў гісторыяй Вялікага княства Літоўскага. Ва універсітэце А.Ружанцоў пачаў цікавіцца пытаннямі бібліяграфіі. Калі пачалася першая сусветная вайна, ён трапіў у Маскоўскую школу прапаршчыкаў. Пасля заканчэння вайсковых навук быў накіраваны на нямецкі фронт. Служыў у IV пяхотным палку. Быў ранены каля Бярэзнікаў (паблізу Сейнаў). З 1919 года ўзначальваў беларускую часць Літоўскага войска і прымаў удзел у сутыкненнях з бальшавікамі і палякамі, узнагароджаны ордэнам “Крыж Пагоні”, пасля служыў у Літоўскім войску да самай акупацыі Літвы бальшавікамі ў 1940 годзе. Варта адзначыць, што, як успамінаў сам А.Ружанцоў, першыя даведкі аб Беларусі ён атрымаў у Вяземскай гімназіі з геаграфічнага падручніка Мяча. Ён уцягнуўся ў культурнае жыццё беларусаў, пазнаёміўся з В.Ластоўскім, які ў той час пісаў “Гісторыю беларускай кнігі”, завязаў карэспандэнцкія сувязі з гісторыкамі беларускага друку ў Вільні і Мінску, аднак яго перапіска з супрацоўнікам Інстытута культуры Беларусі М.Шчакаціхіным і іншымі па зразумелых прычынах перарвалася. У Літоўскім войску быў пажарным інспектарам, арганізаваў 32 вайскова-пажарныя брыгады, падрыхтаваў службовыя інструкцыі.
У гісторыю бібліятэк Літвы ён увайшоў як першы літоўскі спецыяліст па арганізацыі спецыяльных бібліятэк. У 1921 годзе, калі вайсковы штаб зразумеў, што без спецыяльнай бібліятэкі ніякая інтэнсіўнасць штабной працы немагчыма, пачалі шукаць кіраўніка для ствараемай бібліятэкі. Выбар паў на А.Ружанцова, які адзіны меў дастатковую бібліятэказнаўчую эрудыцыю і спецыяльныя веды і інтарэсы.
Бібліятэку прыйшлося ствараць зусім на “пустым месцы”. Пачатковы фонд яе склалі розныя падручнікі аддзелаў штаба, зборнічкі літаратуры, а таксама літаратура, якую адабраў сам А.Ружанцоў у розных бібліятэках, якія засталіся ад вайсковых нямецкіх і расейскіх штабоў, камендатур і іншых падобных установаў. Не задаволены гэтай састарэлай і гетэрагенічнай літаратурай, ён паклапаціўся, каб у бюджэце вайсковага штаба была прадугледжана цвёрдая сума на закуп новай літаратуры. Акрамя таго ён завязаў міжбібліятэчны абмен з замежнымі бібліятэкамі падобнага профілю, ад якіх атрымліваў мноства неперыядычных і каля 100 перыядычных выданняў. У канцы 30-х гг. у бібліятэцы ўжо налічвалася каля 40 тысяч тамоў спецыяльнай вайсковай літаратуры на розных мовах. Паралельна ён стварыў 105 вайсковых бібліятэчак, навучыў шмат вайсковых бібліятэкараў.
Бібліятэка як цэнтральная ўстанова павінна была служыць мэтам навукі і вучобы. Найперш – вайсковым задачам, далей – навуковай рабоце і штудыям. Галоўная задача бібліятэкі – каб літаратура, якая была ў наяўнасці, як мага шырэй была б даступная кожнаму спажыўцу. Бібліятэкай мелі права карыстацца афіцэры дзейнай службы і запасу, а таксама цывільныя вайсковыя служачыя. Іншыя асобы дапускаліся ў выпадку выключэння, з уплатай залогу 25 літаў. Асаблівую ўвагу А.Ружанцоў звяртаў на стварэнне інфармацыйнага апарату. Разам з супрацоўнікам бібліятэкі П.Пятраўскасам ён падрыхтаваў і выдаў “Каталог цэнтральнай вайсковай бібліятэкі 1922–1932 гадоў”, які па сваёй структуры, сістэме класіфікацыі і дакладнасці апісання стаў у тыя часы эталонам друкаванага бібліятэчнага каталога. У далейшым з’явіліся яго працягі. Усебакова ён прапагандаваў бібліятэчную справу, публікуючы шмат артыкулаў у перыядычным друку Літвы.
У 1931 годзе А.Ружанцоў разам з В.Біржышкам заснавалі Таварыства бібліятэкараў Літвы, і ўвесь час ён з’яўляўся членам цэнтральнай управы, як правіла, віце-старшынёй (старшынёй быў В.Біржышка). Быў загадчыкам спраў Інстытута бібліяграфіі Літвы, з 1928 года рэдагаваў для друку матэрыялы “Ведамасцей бібліяграфіі”. У 1940 годзе пачаў працаваць загадчыкам Кабінета бібліяграфіі ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. У пачатку другой сусветнай вайны звязаўся з беларускім генералам К.Езавітавым і па яго рэкамендацыі быў прыняты ў штаб беларускіх войск, дзе яму была даручана супрацьпажарная ахова. Калі прыблізіўся фронт, А.Ружанцоў адышоў на захад і апынуўся ў Мемінгене (Баварыя) у лагеры для перамешчаных асоб.
У 1945 годзе ў Германіі арганізаваў Літоўскую службу бібліяграфіі і пачаў працу па збіранні літоўскіх выданняў. Літоўскія выданні, сабраныя А.Ружанцовым, да 1950 года знаходзіліся пад апекай у Архіве Літвы ў Швейцарыі, пасля 1950 года – у Архіве літоўцаў свету ў Чыкага. У 1945 годзе рэдагуе і фактычна выдае “Кніжную паліцу”. Усяго апісаў 16 тысяч літоўскіх выданняў. У 1949 годзе прыбыў у ЗША, працягваў тут працу бібліёграфа. Працаваў таксама і для беларускай бібліяграфічнай службы: падрыхтаваў некалькі выданняў у дадзенай галіне на беларускай мове.
У даваеннай Літве супрацоўнічаў у “Каро Архівас” (“Вайсковы архіў”), “Мусу Жынінас” (“Наш даведнік”), “Кардас” (“Меч”), “Карыс” (“Воін”), “Савівавальдзібе” (“Самаўправа”), “Скаўту айдас” (“Скаўцкае рэха”), “Трымітас” (“Труба”), “Угнягясіс” (“Пажарнік”), “Летува” (“Літва”), “Летувас жынёс” (“Ведамасці Літвы”), у летапісе аматараў кнігі і г.д. Падпісваўся прозвішчам або псеўданімам А.Смалянец. У Германіі і ЗША супрацоўнічаў у літоўскім і беларускім друку, супрацоўнік Літоўскай энцыклапедыі. У Літве ім укладзены і выйшлі: “Змест “Летувос гайсрынінкас” (“Пажарнік Літвы”) (1933), “Перыёдыка Літвы 1929–1930 гадоў” (1930), “Алфавітны паказальнік “Ведамасцей бібліяграфіі” (1931), “Сістэматычны каталог “Савівавальдзібе” (1931), “Швецімо дарбас” (“Асветніцкая работа”) 1919–1930 гадоў” (1932), “Мусу жынінас” 1921–1925 гадоў” (1926), “Каро Архівас” 1931–1930 гадоў”, “Гісторыя нашых войнаў і войска ў “Карыс” 1919–1934 гадоў” (1934); разам з В.Рузгасам падрыхтаваў каталог кніг Фонду друку (1930), таксама ўклаў спецыяльныя паказальнікі часопісаў “Летувас Укіс” (“Гаспадарка Літвы”), “Тэсос Кяляс” (“Шлях праўды”), у эміграцыі – спіс гістарычных артыкулаў часопіса “Айдас” (“Рэха”) і інш. Надрукаваў бібліяграфію літоўскай вайны 1917–1922 гадоў (1923), “Часці Літоўскага войска ў XVIII стагоддзі (Вайсковы Архіў)” (1926), “Са спраў 1812–1913 гадоў Архіва гарадской управы Каўнаса” (1929), “Пажары ў Каўнасе ў 1812 годзе” (1930), “Са спраў паўстання 1831 года” (1931), “Кніжкі агню” (1932), “Разнавіднасці газет, тыражы і літоўская перыёдыка” (з В.Кямежусам) (1933), “Каталог Цэнтральнай вайсковай бібліятэкі” (1934), “Каталог вайсковай бібліятэкі (сістэматычная частка) 1933–1936 гадоў”, “Польскія палкі на нашым фронце” (1935), “З паўстання ў Каўнасе 1831 года” (1936), “Каўнас у паўстаннях 1831 і 1863–1964 гадоў” (1937), “Каталог вайсковай бібліятэкі (працяг)” (1938). Да смерці рэдагаваў “Кніжную паліцу”, на рататары выдаў шэраг бібліяграфічных выданняў, шчыра дапамагаў працы над Літоўскай энцыклапедыяй (Чыкага).
На жаль, у Літоўскай энцыклапедыі не пададзены беларускія працы А.Ружанцова. У апошні час група беларусаў Каўнаса пачала збіраць матэрыялы для больш шырокага нарыса пра А.Ружанцова. Звярталіся да А.Шукялойця і В.Кіпеля з просьбай знайсці ў Злучаных Штатах беларускія творы А.Ружанцова, але ў адказ нічога не атрымалі.
Пераклаў з літоўскай мовы
© Мікола САВІЧ, 2001
Публікацыя Ларысы ДОЎНАР
* У аснову артыкула пакладзены даклад на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 3 кастрычніка 1996 г.) у апошні прыезд Сцяпана Дуж-Душэўскага ў Мінск (заўвага рэдактара).
Літаратура
Letuviu enciklopedija. Boston (USA). Т. XXXVIІ.
Vladimirowas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra. Vilnius, 1980. № 8 (15).
