|
Сымон Шаўцоў
Я хацеў бы...
Даўным-даўно ўжо прамінула лета,
але Аўстралія па-летняму адзета,
ў прыродзе зьмены так малыя —
квітнеюць цэлы год тут краскі палявыя,
у квецені хмызы і эўкаліпты
зь зялёна-шэраю лістотай:
лісьцінкі падаюць употай.
Зялёныя лугі і мурагі,
краплёныя бліскучай пазалотай.
Купальшчыкі ў Ціхім акіяне.
І басанож тут ходзяць хлапчукі...
Вясёлая Аўстралія сьпявае —
ні холаду, ні голаду ня знае.
І птушкі, вечныя прасторай жыхары,
у вырай не лятуць да лепшае пары.
Аўстралія, квітнеючы ты сад!
Тут радасьцю ўсё дыхае, і тыя,
хто выехаў у годы маладыя,
ня думаюць варочацца назад...
А час ляціць-бяжыць...
Вось, каб (я мрою часам)
Мне Беларусь сюды забраць і жыць
у шчасьці зь ёю разам!
Бярозка-імігрантка
Бярозка кволая, мая знаёмка,
Як ты дайшла сюды, у край далёкі?
Табе тут горача між шэрых эўкаліптаў.
Расьцеш самотна, адзінока.
Цябе паміж маўклівых эўкаліптаў
пазнаў па тваім белым кажушку —
убраньні нашай любай Беларусі.
Цяпер там лета,
ну, а тут — зіма...
Ды толькі сьнегу белага няма!
зімой тут горача,
ня трэба апранахі,
ні футры, ні валёнак, ні папахі,
і ў лесе эўкаліптавым тут цэлы дзень
сабе шукаеш ад сьпякоты цень...
Бярозка родная, і ты, і я —
чужынцы, эмігранты па няволі,
Жывем мы тут, дзе суш, гарачыня,
бо на радзіме няма волі!
Аўстралійскія зязюлі
Жывуць у Аўстраліі зязюлі,
але яны тут не кукуюць,
не жадаюць варажыць:
ня кажуць, колькі на чужыне жыць.
Кажуць толькі: “Пытай у кукабары,
можа яна паваражыць захоча...”
А кукабара
варажыць няздара —
толькі рагоча...
