МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Салавей Алесь. [ВЕРШЫ] // Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі

Аўтар: Салавей Алесь
Кнiга: Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
Год: 2004
Раздзел: Паэзія
Краiна: Аўстралія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

“У той зямлі, якой плыве Мурэй” (Аўстралія ў беларускіх вершах)

Алесь Салавей

Палядын

Зь дзядоў і прадзедаў — гады ў вякі наніжам —

спыніліся шляхі аж пад Паўдзённым Крыжам.

Зь ім верных пяць сяброў. А ты — зусім адзін.

Куды ж цяпер ідзеш, нясхільны Палядын:

Спакой вакол цябе. Ня хочаш ты спакою.

Хто вольны — дужы той. Сьцяжынаю цяжкою

Ты прагнеш праставаць імкненьню наўздагон —

туды, дзе йшчэ жыве драпежны мастадонт.

Пад стромаю ў руках ня схіліш галябарду.

Ты зь ёй нясеш любоў, нянавісьць і пагарду.

Нянавісьць — жорсткі скон ап’яненым крывёй,

любоў — для спрагненых бальзам вады жывой.

1950

Надзямным

Ніяк няўсьцешаны нязвыклым новым сьветам,

яшчэ ты не чаўрэў у сутарэньні гэтым,

дзе за халоднаю цаглянаю сьцяной

папугу і кату, чымся табе зы мной,

больш выгады й цяпла. Нямудрыя стварэньні

крычаць, пішчаць, няма спакою ў сутарэньні.

Газэты і лісты адхінены. Ты сьпіш.

І гасьне каганец. Міргкі Паўдзённы Крыж

празь цёмнае вакно, закутае у краты,

твой запалоніць сон. Ня зьведаеш ты страты:

тугі адлыне боль у забыцьці адным —

яе Паўдзённы Крыж атуліць надзямным.

1951

Сум

Агні ўзьбярэжныя пагасьлі за вадою.

На моры вусьцішна. З маркотай і бядою

ты лепш мяне, зямля, навекі пахавай.

Маё апошняе, распачнае: бывай,

бывай, нязжытае буйное ўцехі ніва!

І ў струнах горычы збуджаецца шчасьліва

Яшчэ нястрачаны дзівосных зыкаў час.

Ты бачыш: твой маяк у цемры не пагас.

Як соладка ўва ўсім, чаго няма, знаходзіць

здавольле, хоць яно ўсуполь з нудой ня ходзіць.

На моры — хваль віры. Між іх знайшоў спакой

нязнаны спыну сум — адзіны сябра мой.

1951

Мала

Спытаюцца ў цябе трыбуны масаў:

чаму маўчыш так шмат і творыш мала?..

У сьвеце хварбаў радасных і красаў

кальчэе з холаду зямная гала.

Ствары мэлёдыю вясны, музыка,

яшчэ й зыграй, каб маса не праспала

сьвітаньня прыйсьцьнага. Ды пальцы — смыка

і струн іскрыпкі не краналі здаўна.

Ня вобразы ў суладнасьці вялікай,

а зьлітыя ў вадно — і флёра й фаўна

твой зрок заслоньвалі. Цягнуў ты лямку

кавалка хлеба дзённага бясслаўна,

і біўся ў пазачыненую клямку

кавадла й молата, рыдлёўкі й кіркі.

Ты меў адну прызначаную рамку —

ублізь і ўдалеч, удаўжкі і ўшыркі —

мятлу, мяшкі з пшаніцаю ці соляй.

Згінаўся горб — і неба водбліск зыркі

ня мог, пануры, ты разгледзець болей.

...Прыгноблены і стомай, і зьмярканьнем,

ня цешаны дабром, хвалёнай воляй,

сядаў тварыць, іграць. Ды парываньнем

цябе натхняла Муза неахвотна.

О, лепш было маўчаць з убогім граньнем,

бязь сябры доўга плачучы маркотна,

бяз Бацькаўшчыны плачучы заўсёды...

Душа няўстрым пакутвала гаротна,

сузорны шлях да вышняй насалоды

шукаючы ў празьмерлівым гарэньні.

Натуга сіл падужвала нягоды —

і захлыналася чуцьцё ў натхненьні.

Ты йзноў сядаў. Сугучны хор бязьлікі

гучэў у дыямэнтавым тварэньні.

Тады ў вакрыленых руках музыкі

Іскрыпка валадарна, думна грала.

Луналі з крышталёвых тонаў зыкі —

скупыя зыкі — іх было так мала...

1952

Камэне

Як згасьне дзень, не адыйду навекі,

не абміну надойсьцьнае пары.

Прыйду назад, дзе ўсьцяж гамоняць рэкі,

дзе ўтораць ім і нівы, і бары.

Наўскрай зямлі — я жыў і дыхаў імі,

чуў іхны грай над хваляй морскіх вод.

Сваймі былі яны паміж чужымі,

як для вясны — праменны сонца ўсход.

Над імі ў зьле, няволі вісьлі хмары —

я прадчуваў надойсьця вольны рэй,

Аб іх сьпяваў ля спадаў Ніягары

і ў тэй зямлі, якой плыве Мурэй.

Знаёміў іх з пахмурным Альбіёнам,

ад іх вітаў цьвяцістую Шампань,

І дыхаў дол глыбінным гучным звонам,

зь вячорных сноў абуджваючы рань.

У гушчарох зьняверлівае стомы

імкнуўся я парывы духу даць,

каб ён шугаў да зораў панад стромы

і ня схіляў у злыбедах пастаць.

О ты, мая адзіная Камэна,

на ўсіх шляхох нязгінам дзён сьвяці!

Не адыйду... Наперайм крочыць зьмена:

я зь ёй і ў ёй — і ў песьнях, і ў жыцьці.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by