|
Кастусь Чабатар
Што край — то абычай352
У Беларусі быў абычай прыносіць у царкву ў Вербную нядзельку галузкі вярбы. А як у тым часе яшчэ бывае сьнег, дык перад тым сьвятам ставілі галузкі ў ваду на добрых пару тыдняў раней — аж выпускалі лісткі...
Дзяўчаты яшчэ прыбіралі іх кветкамі-паперкамі. А выйшаўшы з царквы, старэйшыя людзі ў жартаўліва-паважным настроі шлёпалі адзін другога па плячах і прыгаварвалі;
Вярба б’е — ня я б’ю. За тыдзень — Вялікдзень!
Хворы ў лес — на верас. —
Будзь здаровы як вада, а вясёлы як пчала,
А расьці, як вярба!..
Ну, а мы — “падшыванцы” вырэзвалі найдаўжэйшую галіну й хлясталіся да сьлёзаў. Бяда была дзяўчаткам! Ня толькі расьсякалі панчошкі, але й да скуры даходзіла — аж панчошкі ружавелі...
На ўсеначную стралялі ўсю ноч, пускалі ракеты — прыгожыя, каляровыя.
***
У Баварыі (1943—1949) я ня бачыў ні аднае вёсачкі, каб ня было кірхі-касьцёла. — Там назіраў такі абычай:
На Вербную несьлі не галузкі, як у нас, але цэлыя дрэвы! I чым багацейшы бавар-гаспадар, тым большае нёс, а часта нават удвох несьлі на плячах. Прытым дрэва багата прыбіралі каляровымі стужкамі, хоць яны ўжо ў іх былі ў сваіх лістках. I гэта не былі вербы, але, як у нас называюць, верба-лозіны.
Дзеля таго, што ў іх няма збытку лясоў і дрэваў, дык кожны год тую сваю вербалозіну пасьля царквы адсаджваюць у сыры грунт і яна расьце далей, каб на другі год зноў дайсьці да кірхі. Дык ня дзіва, што за колькі год вырастае добрае дрэўца!
Ад самага раньня на Вербную цягнецца здалёку цэлая працэсія з гэтымі дрэвамі, становяцца шпалерам перад кірхай і кожны падтрымлівае рукой сваё дрэўца. Пасьля сьвятой літургіі сьвятар выходзіць з працэсіяй і кропіць сьвятой вадой гэтыя дрэўцы. Тады асобнымі групкамі вяртаюцца назад з прыгожымі царкоўнымі сьпевамі. Калі ж пры гэтым дзяўчаткі — вельмі прыгожа адзетыя й сьпяваюць таксама цудоўна, — дык я падоўгу стаяў, наглядаючы-слухаючы, як аддаляліся грамадкі народу — то зьнікалі ў прагалінах, то паказваліся на ўзгорках, а песьні заціхалі й млелі, а мне ўспаміналася нашая дарагая Беларусь! і нашыя хлапечыя жарты...
Аж бачу, што баварцы маюць свае ўцехі-жарты: ля касьцёла ставіцца адмысловая печ, пылае агонь. А хлопцы-“падшыванцы” трымаюць у руках прыгатаваныя палкі-ражны з добрай булавою на канцы: падбягаюць да печкі, напальваюць кожны сваю булавешку й ідуць у бой, як на шпады. Кожны стараецца выбіць другому: наступаюць, адбіваюць... Як няма ўжо іскраў, тады зноў напальваюць, — і гэта трывае да позняе ночы: ведама, крыку й сьмеху няма канца!
Цікава, што гэтая забава мае ў сабе нешта традыцыйнае й нібыта ўрачыстае, бо пачынаюць яе сам ксёндз з арганістым: папоруцца, пажартуюць, — а пасьля ўжо пачне грамада дзяцей...
***
Тут жа ў Аўстраліі няма ні беларускіх, ні нямецкіх абычаяў: Вербніца й Вялікдзень, як звычайны дзень.
Праз увесь год нядзелямі забаронены ўсялякія ігрышчы, гульні, танцы й кіно. Нават і спартовыя спаборніцтвы можна пачынаць толькі пасьля першай гадзіны па паўдні. I больш таго: у нядзелю нідзе нічога ня купіш, нават хлеба! Каб хто хацеў прадаць — вялікая кара.
Першы Вялікдзень у Аўстраліі нам прыйшлося адсьвяткаваць у Альбаны. Той год супаў разам па Юльянскім і Грыгарыянскім календары, а жонка кажа: «Сёлета наш Вялікдзень разам з “польскім”!».
Вялікая Субота тут праходзіць звычайна як і звычайная: танцы, кіно. Вячэралі мы як трэба, з постам. А мне пашанцавала: злавіў рыбы цэлы мяшок — ледзь прывалок дамоў! Дзеці пачалі зьбірацца ў кіно, як звычайна мы хадзілі к вечару кожную суботу. Але матка загаласіла: “А ну, па ложках! Ведаеце, які сяньня вечар?”.
Дзеці пачалі мырзьдзіць насамі. Аж як убачылі, што я пачаў адшпільваць дзяжку, дык хуценька шмыгнулі й апынуліся пад пярынамі!
А мы з жонкай дзеля таго, што царквы няма, а да касьцёла неяк нязрукі, заселі пад абразамі й да першае ўначы сьпявалі з малітаўніка “Голас Душы”, які нам надаслаў айцец Татарыновіч, бо то мы калісьці належалі да царкоўнага хору ў Далятычах.
Вялікдзень у Аўстраліі сьвяткуецца 4 дні — ад Вялікай Пятніцы да аўторка.
Ну, мы, ведама, добра заспалі — аж толькі чую — нейкі стукат-грукат. Я ж стукаю жонку пад бок, кажу: “Ты чуеш? Здаецца, сягоньня Сьвята — Вялікдзень?”.
Яна кажа: “Чую! А ты думаў, што?”
Выйшаў я на панадворак: ціха-ціха, што тут вельмі рэдка бывае. Сонечка сьвеціць ясна, мае пчолкі весела зьвіняць і цягнуцца шнуркамі — лятаюць праз маю хацінку. А хатка была тады, як нехта пісаў: “...Хоць старая, хоць крывая, хатачка мая!”. Бо й сапраўды была яна такая, у якой ледзь зьмяшчаліся два ложкі.
Але хто так стукае? — Аж гэта мой сусед: будуе сабе гараж! Падыходжу — кажу: “Што робіце? Такое вялікае Сьвята...”.
А ён мне: “Так, я ведаю, што сяньня Вялікдзень (Easter): таму я маю чатыры вольныя дні й збудую гараж. Бо пасьля зноў пайду на работу й так няма часу”.
— А ты — каталік?
— О, так, каталік!
Я вельмі зьдзівіўся, бо такога каталіка дасюль ня бачыў...
***
У Аўстраліі кожнага 5 лістапада здараецца нейкая памятка, як называецца “Бон-Фаер”, і служыць — на заработак крамнікам, на выдаткі бацькам, на пацеху й калецтва дзецям. Шыкуюцца да яго цэлы месяц і крамы завалены ўсялякімі выбуховымі прыладамі, як называюць, “крэкат” і ракетамі. А кожная сям’я пасьвячае на гэта дзясяткі даляраў!
Дзеці пры гэтай аказіі адрываюць пальцы, выпальваюць вочы, дастаюць рознага тыпу іншыя траўмы. Аднак, не зважаючы на такія вынікі, з году ў год адбываюцца такія гульні — такое “сьвяткаваньне”, што ўкаранілася здаўна й вельмі ўсім падабаецца.
У кожным горадзе ёсьць адмысловы пляц, добра абгароджаны, а за ўваход трэба заплаціць. Горад Альбаны мае такі пляц, адлеглы за 6 міляў. Туды спэцыяльныя аўтобусы давозяць да мейсца шыбка й выгодна, але за праезд бярэцца таксама добрая плата.
Пасярод таго пляцу ладзіцца вялізарнае вогнішча — дровы складаюцца як вялічэзны стог сена: на стог ставяць вялікае чучала чалавека, прыгожа адзетае; але што тое пудзіла азначае, наогул ніхто ня ведае.
А гадзіне 7-й вечара прыяжджае мэр гораду: перш выступае з прамовай, а пасьля ўрачыста падпальвае дровы й выпускае першую ракету. Ад таго й пачынаецца ігрышча, якое трывае да позьняй ночы.
Народу грамадзіцца маса, а зарабляюць пры гэтым хто й як можа!
Найбольш тыя, што арэндуюць ад гораду той пляц, які бяруць загадзя з публічных таргоў. Тут прадаюцца ракеты, тут усялякія гульні, ігры ў шчасьлівыя білеты, гульні выпадку, ці фантазіі, — адным словам, усялякія спосабы весела й цікава даць сябе абдурыць і абцыганіць.
Дый тут неадлучны “хот-дог” (мы называлі “гарачы сабачка”) і “барбэкю” — гэта кусок печанай на ражне пры вогнішчы тлустай бараніны.
***
Аднойчы дзеці так прысталі, што я аніяк ня мог ад іх адчапіцца!
— Паедзем на “Бон-Фаер”!
Ну, і паехалі!.. Накупілі на пару фунтаў розных цацак (на больш я ня мог сабе пазволіць). Аплаціўшы ў брамцы па шылінгу за кожны нос, пасьпяшылі да вогнішча; а там агонь палае як у гуце й ужо падпякае пяты таму “джэнтльмэну” — пудзілу, што стаіць наверсе ў цыліндры пад чырвонай мушкай, у чорным фраку й з цыгарай у зубах.
Ракеты з праразьлівым шыпеньнем узьвіваюцца ўверх, пасьля трэскаюць і рознакаляровымі гірляндамі асыпаюцца ўніз. Па баках чуваць выбухі “крэкатаў”, а ўсюды крыкі, шум-гоман, сьмех і гармідар, як на гарачым кірмашы. Далучаецца й плач дзяцей, гук сырэны з амбуляторнай машыны, бо ўжо кагосьці паперлі ў шпіталь, бо тут так лёгка малому стаць інвалідам на ўсё жыцьцё!
— “Хот-догс!” — “Барбэкю”! — заклікаюць да пачастунку. А далей да шчасьлівых выйгрышаў, дзе магчыма за шылінг здабыць паў-Аўстраліі...
Тут дачка тузае мяне за рукаў: “Тата, дай шылінга! Вунь якая бліскучая лялька... Дзядзька кажа, як ня выйграю, дык верне шылінга”.
“Ну, маеш шылінга! Убачыш ты шылінга ці ляльку, як свае вуха...”
А тут жа знаёмага дачушка просіць бацьку: “Я хачу «гара-а-а-чую саба-а-чку!»”.
А што ж гэта за цацка? — Гэта сьпечаная пшанічная булачка, разьмерам і формай як сярэдні агурок: тады разразаецца ўздоўж і ў нутро ўкладаецца чырвоненькая каўбаска, аблітая таматавым соўсам, — і вось “сабачка” гатовы! А тым часам каўбаскі варацца ў катле, дробны народ націскае ўсё больш — ледзь пасьпяваюць дагадзіць кожнаму кліенту, які падыходзіць у чарзе!
А я кажу таварышу: “Знаеш, Мікола? Мне прыпамінаецца чарга ў Саюзе, як мы калісьці дабіваліся хлеба...”.
Але вось яшчэ “барбэкю”! — Тут вялізны ліст тоўстае бляхі, падпёртай цэгламі, падысподам агонь — напалена да чырвані й кожны кандыдат сам сабе пячэ на ражне кусок бараніны (а можа — авечыны?), што называецца “чопс”. Дый тут жа пры агні й есца, запіваючы півам. А падсаліць і паперчыць можна бясплатна! — Смурод забівае духі; грызуць амаль паўсырое, мяса рвуць зубамі, а пасьля выкалупваць між зубоў — злуюцца й сьмяюцца...
***
У Аўстраліі я ўжо нямала чаго выпрабаваў — і кролікаў, і папугаяў, і кенгуру, і яшчаркаў... А ёсьць тут яшчаркі ў мэтар даўжынёю, таўшчынёю, як кот, называюць іх “хорс” — конь, бо яны й скачуць у два мэтры.
А птушка эму, з пароды страўсаў: лятаць ня можа, а бегае так, што й канём не здагоніш! Вагой да 50 кіляграмаў, ногі — на мэтар, як у дзікай казы, і таксама на нагах нейкія капыткі, пакрыта ці то пер’ем, ці то шэрсьцю, затое й называюць эму “казуарам”. — Тымчасам яна яшчэ ня мае аховы ўраду, бо вельмі шкодная й на рунь і на калосьсе — і топча, і ламае! На ніякую агарожу не зважае. — Я сам бачыў, як убрыкнула па драціне, дык тая трэснула, як струна ў скрыпцы!
Яйкі нясуць, як добры гарбузік: з аднаго яйка — сьнеданьне для шасьці чалавек! Свае яйкі кладзе ў пясок і пасьля ня дбае аб іх. У кніжках пішацца, што выседжвае іх самец. Як вылупяцца, дык самка вяртаецца да гнязда й забірае дзятву дый водзіць да поўнага ўзросту. Мяса маладых даволі смачнае.
I яшчэ бяруся напісаць аб кенгуру, хоць пры гэтым адыду ад пачатай тэмы, але й гэты зьвер для эўрапейцаў вельмі цікавы.
Чаму так называецца, што яно азначае й чыё гэта слова?
Гэты зьвер — з пароды мяшочнікаў, траваядны, але ня жвачны. Жывуць вылучна ў Аўстраліі, іх тут тры сарты: 1) малы — ня больш за сабаку, 2) сярэдні — як добрая авечка і 3) як пярэзімак-цялё.
Першы й трэці — папялістыя, а другі — шакаладны. Меншыя маюць на канцы хваста мяцёлку й называюцца “браш-кенгуру”. Іх зусім асталося мала й забаронена забіваць пад вялікай караю. Скура малавартасная, дык страляюць іх толькі дзеля мяса, якое таксама няважнае — толькі для катоў і сабак. Але нярэдка стральцы палююць на кенгуру толькі дзеля пустой забаўкі ці ў абароне сваіх пасеваў. — I мяса бярэцца зь іх толькі з задніх частак, бо зьверху — самыя скура й косьці.
Кенгуру крыху напамінае казу, нават і бэкае, як каза, або чмыхае носам. Хоць з натуры гэта зьвярок не драпежны, аднак у небясьпецы жыцьця ўмее так бараніцца, што можа чалавека сьмяротна скалечыць: становіцца сьпінай да дрэва, а пярэднімі лапкамі раптоўна стараецца разарваць ворагу жывот. На гэтых ножках тры вострыя пазуры.
Аднойчы на паляваньні мы падстрэлілі сярэдняга кенгуру, а наш сабака пабег раненага даганяць: пакуль мы дабеглі да стаянкі, дык было ўжо позна й пачулі лямант сабакі — бачым — сабака паўзе ў крыві, а кенгуру стаіць, трымаючы сабачыя кішкі ў сваіх лапах....
Уся фігура кенгуру вельмі дзівосная: увесь цяжар цела асаджаны на задніх — тоўстых, вялізных — лапах і на такім самым хвасьце, а ўверх цела звужываецца й мае пярэднія лапкі малыя й галоўку авечую, бяз рогаў, з заячымі вушамі.
Сядзіць на хвасьце й пільна водзіць наўкол вачамі. А пасецца так: заднія ногі — пад сябе, жыватом кладзецца на іх і апіраецца ў зямлю. Тады пярэднімі лапкамі рве траву або адгрызае зубамі й бярэ ў лапкі, як нашая вавёрка, і так есьць: дзіўна й сьмешна!
Але што найдзіўнейшае — гэта на жываце торба — у самкі. Малое родзіцца толькі адно й перад часам — неданошанае, нават належна несфармаванае: матка яго ўцягвае ў сваю торбу й кладзе ў рот сваю соску. Гэтая соска ў роце так разбухае, што малое ня можа адарвацца. I ў торбе ўнізе ёсьць адпаведная дзюрка, каб выцякалі натуральныя адпады. Так малое данашвае матка й яно фармуецца дый пакрысе мацнее. А пасьля ўжо становіцца свабодным і можа выскакваць з торбы, аднак у небясьпецы зара хаваецца назад і выстаўляе галоўку, каб абсэрваваць сьвет.
Малыя даюцца лёгка прыручыць і ходзяць за людзьмі, як сабакі. Зрэшты, яны ня ходзяць, а скачуць на задніх нагах, падпіраючыся магутным хвастом і даюць скачок да 15 мэтраў у даўжыню!
Гінула іх да мільёну у год ад нахабнага паляваньня — аж урад узяў пад апеку, асабліва рэдкія гатункі.
Нарэшце трэба сказаць аб самой назве “кенгуру”, што яно значыць.
Калі капітан Кук прыбыў першы раз у Аўстралію з сваімі матросамі ў 1768 годзе й калі яны першы раз убачылі дзіўнага зьвярка, дык сталі пытацца мясцовых нэграў, як гэтая “фацэція” называецца? Але ніяк з нэграмі не маглі згаварыцца! Тады адзін матрос стаў на карачкі й пачаў скакаць... Але нэгры пачалі страшэнна сьмяяцца й крычыць: “кенгуру-кенгуру!”, што значыла па іхняму “звар’яцеў!”. Дык вось з гэтага выпадку эўрапейцы падхапілі гэта слова й назвалі так гэтага скакуна.
Але вернемся да гульняў у “Бон-Фаер”! — Пасьля сьнеданьня кракадзіл разяўляе зяпу-пашчу, а суседнія птушачкі яму чысьцяць зубы. Таксама назаўтра й я ляжаў — пасьля гэтае вясёлае ночы — разявіў сваю пашчу, а мая свойская птушачка-жонка чысьціла мне зубы пінцэтам.
Нарэшце астаецца пытаньне: У знак чаго ладзяць “Бон-Фаер”?
Найперш пабачыў я знаёмую настаўніцу ц пытаюся, на якую памятку адбываецца гэтае сьвята?
Яна шчыра адказала: “Дон’т ноу!” (“Ня ведаю!”).
I яшчэ спытаўся чатырох паліцэйскіх і аднаго сяржанта: яны адказалі тое-самое.
Аж якраз дачка вярнулася з школы й кажа, што настаўніца пыталася, якой я нацыянальнас:ьці й адкуль мы паходзім і скуль прыехалі?
— Я, — кажа — адказала ёй: — Я ёсьць беларуска, паходжу зь Беларусі, а прыехалі мы зь Нямеччыны.
Тады настаўніца спытала: — А хто першы адкрыў Беларусь? —
— А ты што ёй адказала? —
— Я нічога ня ведала, што ёй адказаць!
— А шкода! А трэба было сказаць, што Беларусь адкрыў капітан Кук...
Так людзі й сьвяткуюць і твораць вялікія гармідары, ня ведаючы, што й да чаго!?
Аднак я не дараваў усяе справы й шукаў далей выяўленьня аб “Бон-Фаер”. I вось знайшоў у аднэй старой кніжцы:
Традыцыя “Бон-Фаер” паходзіць з Англіі й зьвязана з тым, што 5 лістапада 1605 году нейкі Гай Фокс хацеў узарваць ангельскі парлямэнт, але яго выкрылі й спалілі на кастры. Таму цяпер кожны год прыбіраюць чучала й урачыста паляць на вогнішчы. А ўсе іншыя дадаткі й гульні — “хот-догс”, “барбэкю”... — прычыняюцца да шумнай вясёласьці дзяцей, моладзі й усяго прастанародзьдзя, а й даюць добры заработак усялякім спрытнюгам.
Спасылкі:
352 Друкавалася ў часопісе “Божым Шляхам” (№ 5 (110); 1968) і падаецца тут з пераважным захаваньнем стылёвых асаблівасьцяў арыгіналу.
