|
Кастусь Чабатар
Мы — эмігранты. Аўстралія351
Прыбыўшы ў Аўстралію, мы трапілі на самую сьпякоту. Вось выйшлі з параплаву, упёрліся нагамі моцна ў цьвёрды грунт, а ўсё яшчэ здавалася, што зямля хістаецца пад нагамі: мы хапаліся адзін за другога, каб супольнымі сіламі ўстаяць галовамі ўгору!
Тут зь нейкага дабрачыннага згуртаваньня, якіх у Аўстраліі процьма, частавалі кожнага з нас, даючы па два яблыкі. А выгрузілі нас са дзьве тысячы асобаў!
Частуючы нас, жанчыны кожнаму нешта важнае гаманілі, а мы ўважліва слухалі й... нічагусенькі не разумелі.
Пасадзілі нас у вагоны, якія — пасьля эўрапейскіх — паказаліся нам вельмі сьмешнымі, як дзяцінныя цацачкі. Так пакалясілі ў лягер недалёка ад гарадку Нортгам.
Лягер быў пасьляваенны: тут у гадах вайны 1941—1945 жаўнеры праходзілі падрыхтоўку. Увесь пляц быў падзелены на 4 часткі — «арэа», а ў кожнай «арэі» было па 100 даўжэзных бляшаных баракаў, што стаялі «на курыных ножках», значыць, на стаўбах мэтар у вышыню. У бараках пастаўлены па 50 ложкаў у радок, на два бакі.
Кожны ложак жалезны, а на ім шарсьцяны матрац накрыты белай посьцілкай з чатырма ваўнянымі пледамі; а зьверху ляжала маленькая падушачка — цьвёрдая як камень — няведама, з чаго зроблена.
На кожным ложку ляжаў кусок кардону, на якім вялікімі знакамі надрукаваны нумар кожнага з нас. А прытым у кожнага вісеў на грудзях, як мэдаль, выпісаны нумар, каб мы не пагубляліся: так нас абазначылі ў порце Нэапаль у Італіі. Праз усю дарогу да порту Фрэмантал у Аўстраліі нас выклікалі не па прозьвішчы, а па нумарах (гонар не вялікі!). Аж нарэшце вярнулі нам уласныя імёны-фаміліі й я дастаў тытул «містэр» Чабатар, фамілію, якую страціў месяц таму назад, а № 613 толькі астаўся ў маёй памяці.
Да ўсяго было дададзена: 2 талеркі, кубак, лыжка, нож, відэлец — усё трэба самому мыць! I яшчэ 2 ручнікі й піжама, мыла й абавязкова пачачка «аспро» — таблеткі ад болю галавы (з гэтым нельга разлучацца!).
За пару дзён нас паклікалі ў лягерны магазын і адзелі па аўстралійскай модзе — мужчын і жанчын: я ж дастаў пры гэтым капялюш (дасюль ніколі гэтакай фацэціі не насіў!), рубашку, марынарку, “гоўзы” — порткі, панчохі й чаравікі. — Дык выйшаў стуль, як кажуць, “франт з паліваным носам”!
Кожны тыдзень даставалі мы па 10 шылінгаў — “кішанковых” — на дробныя выдаткі. I раз на тыдзень мелі бясплатнае кіно, дый глядзелі, як “баран на маляваныя вароты”: нехта там балбоча, але ліха яго ведае што.
***
Як я ўжо казаў, прыбылі мы нашай зімою, у студзені, але тут было самае лета: удзень так жарыць, што ратуначку няма! А да таго яшчэ й мухі. Аж нельга ад іх адчапіцца: як ні адмахвайся, усё роўна ўлезе ў нос, у вочы, у вушы... Хто бы па лягеры ні праходзіў, дык кожны з галузкаю.
А клімат пад тропікамі такі, што ўдзень сьпёка, а ўначы холадна. Хоць накрываліся ўсімі коўдрамі, а ўсё роўна зубы адбівалі “чачотку”. Пачалі распальваць вялікія вогнішчы: дроваў тут колькі хочаш, бо лягер у лесе. Цэлыя пні валяюцца — аж пасівелі ад старасьці! Нашая ўлада нават цешылася, што ачышчаем лес.
Цэлымі начамі сядзелі пры агні — выгода й невыгода, бо сьпераду грэе, а ззаду мерзьнеш. Затое ўдзень адпачывалі, але ж тут зноў мухі! Ну, пачалі мы хітрыць: набіралі ў вёдры гарачага вугалю й ставілі ў бараках. Так бараніліся ад мушак і самі грэліся: было добра й прыемна — аж пакуль не падпалілі бараку, што ледзь ня ўсе пайшлі б “на лона Абрагама!”.
Тады ўлада забараніла разводзіць агні. Аднак наш чалавек — кемлівы: пачалі майстраваць у бараках «хаткі» — завешвалі коўдрамі сямейныя ложкі й рабілі нібы “сабачыя будкі”. Гэтак навучыліся ратавацца ад начнога холаду, але ад дзённае сьпёкі не было ніякае рады.
***
Ня маючы ніякага дзела, заняўся я паляваньнем на кролікаў. Як іх сюды завезьлі з Эўропы, яны так распладзіліся, што сталі вялікай пошасьцяй: нішчаць тысячы гектараў пшаніцы. Не было ратунку, і атрута памагала недастаткова. Перагарадзілі ўсю краіну — ад мора да мора — густой драцянай сеткаю ў дзьве лініі. Значыць, Аўстралія перагароджана на чатыры вялізарныя агароды. Пастаўлены спэцыяльныя старажы. На дарогах адмысловыя вароты й загад зачыняць іх за сабою: ведама, адзін зачыніць, а другі й не! Хоць і накладаюцца строгія кары за непарадак, хоць і сеткі ўкапаныя на мэтар у глыбіню, але нічога не памагае: кролікі ўмеюць падкапацца й поўна іх абапал сеткі.
Аж нарэшце знайшоўся мудрагель, які парадзіў прывезьці з Эўропы лісіцаў: яны будуць вынішчаць кролікаў... Добра! — Аднак лісіцы зараз зьмеркавалі, што злавіць кроліка ня так лёгка, як выкрасьці ягнятка з авечага стада-атары, і перакінуліся на ягнят! Трэ было паляваць цяпер і на кролікаў, і на лісіцаў, а ўрад плаціць за кожнае лісічына вуха два даляры!
Тут мне прыпомнілася казка аб адным грэцкім вучоным. — У багатага грэка стаяла ў садзе вялізная пасудзіна на дажджавую ваду ў форме збана. Пасьвіўся ў садзе вол: зьнюхаў ваду, усадзіў галаву, піў-піў аж да дна, аж да рагоў, а пасьля ня мог ужо зьняць таго збана з галавы. Гаспадар падбег памагаць валу, але таксама нічога ня выйшла! Зьбегліся людзі, думалі-думалі, што зрабіць — і нічога ня выдумалі. — Аж паклікалі мудраца, а той кажа: “Няма іншае рады — трэ валу адрэзаць галаву!” Адрэзалі, але й так галава ня вылазіць... Тады надумалі разьбіць збан, і галава стала вольнай.
Так у кожнай краіне ёсьць нямала мудрацоў, дык і цяпер радзілі — то прывезьці з Гішпаніі блох і напусьціць на кролікаў, то заразіць кролікаў нейкай паскуднай хваробай... Аднак Англія супрацівілася: якая ёй бяда, што кролікі робяць шкоду? Затое Англія вывозіць ледзь не задарма дзясяткі тонаў кролічага мяса!
***
Але вернемся да паляваньня! За кожную штуку кроліка плацілі скупшчыкі па 2 шылінгі. Далучыўся да мяне случчанін Максім, афіцэр Савецкае арміі. Пытаюся: “Хто ты?” — Адказвае: “Я тоже белорус!”
Максім прылашчыў блуднага сабачку й назваў Бобік. — Вось аднойчы ідзём на паляваньне. Спаткалі фэрмэра, які ехаў конна з стрэльбаю на плячах. Наш Бобік адскочыў крышку ўбок. Бачым — фэрмэр здымае стрэльбу. Максім крычыць: “Бобік, к ноге! Бобік...”. Але Бобік па-расейску не разумее й мяркуе ля пня нешта зрабіць. А мы ня ўмеем крыкнуць на фэрмэра па-ангельску. — Бухнуў стрэл і Бобік зваліўся на пянёк. — Максім зьбялеў, падбег да фэрмэра, крычаў, махаў рукамі. — Але фэрмэр паказаў на сваіх авечак і паехаў далей. Мы вярнуліся ў лягер і на гэтым нашае паляваньне скончылася.
***
Нарэшце мяне паслалі на работу на чыгунку — у самае аўстралійскае пекла! Цэлы дзень неба над намі сіненькае, бяз хмарачкі. Сонейка вісіць над самай макаўкай; а як знайсьці халадок, аб гэтым трэба забыцца. — А ноччу неба чорнае як патэльня: зорачкі як вугольле гараць — аж пераліваюцца!
Мухі тыя самыя, але да іх далучыўся пясок, які шугае па палях, як у нас зімою сьнег. I мурашкі...
Участак нашае працы цягнуўся на 30 міляў. Трэба па чыгунцы зьмяняць папсаваныя шпалы, папраўляць пагнутыя ад сонца рэйкі, затыкаць дзюры ў грунце й душыць там кролікаў, каб не псавалі насыпаў. Бо як пойдуць ліўні, дык размываецца зямля й бываюць выпадкі зь цягнікамі. Ачышчаць дарогу ад сухой травы, каб не дапусьціць пажару ад іскраў.
Тут прыйшлося мне прыглядацца да асаблівасьці ў прыродзе, як у сухім клімаце дае сабе раду асаблівы гатунак травы. Калі дасьпее насеньне ў маленькім каласку, дык зярняткі дробныя, як макава зерне, але даўгаватыя зь вельмі цьвёрдым вострым кончыкам, прымацаваным да коласа. А ўверсе — доўгі вусік, як у нашага ячменю. Калі зачэпіш сьпелы каласок, зярняты распырсківаюцца й адскакваюць даволі далёка.
Трапіўшы на грунт, вусік пачынае скручвацца сьпіральна й гэтак зярнё пачынае пранікаць у зямлю. Які ня быў бы сухі грунт, дык зярнё залезе й схаваецца. Гэта ўсё робіцца ў пару хвілінаў на маіх вачах. Так схаванае зярнё чакае дажджу, каб зара ўзысьці й каб захаваць свой род. Калі ж хачу дастаць зярнё зь зямлі, дык акажацца ў маіх руках толькі той вусік; а само зярнё мае, відаць, зубкі й зачапляецца за грунт. Так, Госпадзе, “усё прамудрасьцю Ты стварыў...”.
Нашая група складалася з чатырох работнікаў: беларус, украінец, паляк і чацьверты “сабе так”, а лічыў сябе палякам, бо быў каталік. Казаў: “Я — Сьцёфан Скаварэда з Глэмбокего”. — Так мы яго й называлі — “Глэмбокего”. А ўсё ж нам згаварыцца з сабою было лягчэй, як з “босам”-аўстралійцам.
Адрэзак нашае працы — 30 міляў — мы праяжджалі “помпай”: гэта плятформа на дзьве восі з коламі, ставілі яе на рэйкі й “пампавалі” — так яна неяк нас везла. Ведама, туды-сюды трэба было добра папацець, ківаючы як пажарную помпу — дый пры такой сьпякоце!
Аднойчы, едучы дамоў, мы супыніліся на перапачынак, паселі на плятформе й гаманілі: я расказваў, а ўсе рагаталі. Бос думаў, што мы яго абмаўляем: падыйшоў і шлёпнуў мяне па шыі, дый нешта такое сказаў. А я скумекаў, што ён мяне абразіў, і бац яму па зубах! — аж пацякла з носу й з зубоў юшка! Пасьля я зьмеркаваў, што ён празваў мяне брахуном, але ў тым абразы ніякае не было. — Ну, мяне перавялі ў другое месца, дзе й цяпер жыву.
А ў Аўстраліі такі закон, што пры працы — барані, Божа! — каго зачапіць, ня толькі боса, але хоць і сябра. — Караюць найвышэйшымі параграфамі. На шчасьце, я тады яшчэ не падпаў пад тыя законы, бо мы былі нічые.
А чаму мяне ня выгналі зусім з работы? Ну, яны гэтага не маглі зрабіць, бо мы былі работнікі кантрактаваныя: яшчэ ў Нямеччыне мы перад дарогай падпісалі кантракт на два гады; аднак заработак наш быў зраўнаваны з усімі тутэйшымі. Праўда, пасылалі нас на самую горшую працу.
***
Дактары кажуць, што некаторыя хваробы перадаюцца ў спадчыне. Але й навыкі перадаюцца таксама. Дзед мой (па бацьку) быў заўзяты рыбак; але бацька мой не прызнаваў гэтага й казаў: “Як бацька рыбачыў, я хлеба ня бачыў” і “ў рыбака — голыя бака”. Дый сьмяяўся, што хлеб кажа: “Кінь стрэльбу й вуду, дык я ў цябе буду!”.
Аднак я пайшоў па дзеду — не па бацьку, і так мне тады хацелася пабегчы з вудай на Нёман, але бацькава папружка не пускала. Калі ж я стаў самастойным, адразу пачаў рыбачыць! I мае бакі не былі голыя й хлеб вёўся заўсёды. А пасьля вайны ў Нямеччыне я пяць гадоў вудзіў дзень-у-дзень і з гэтага нават хлеб еў, — так, што бацькава навука не была трапная.
А едучы морам, я выпытаў правадніка, ці можна ў Аўстраліі вудзіць рыбу. Мне адказалі, што ў іх можна лавіць-вудзіць дзе хочучы й колькі хочучы, безь ніякага дазволу. Толькі трэба ўважаць, што ёсьць там рыбы атрутныя й небясьпечныя. Мяне гэта нямала зьдзівіла: колькі мы ў Нёмане лавілі рыбы, ніколі ядавітых гатункаў не здаралася.
Належныя прылады-вуды я прывёз з сабою зь Нямеччыны. Трапіўшы ў горад Альбаны на самым беразе мора, я ня мог дачакацца суботы, каб пабегчы з вудаю! Аднак накапаць чарвякоў — тут вялікая загадка, бо ў пяску іх нямашака. Пасьля я пачаў звальваць у горбу сьмецьце й гадаваць чарвякоў.
А жонка перасьцерагала: “Нацешысься яшчэ, а то й нарвесься! гэта табе — ня Нёман, але мора”. Але ў мяне гарэла ўся душа: у пятніцу па вячэры толькі было й гутаркі, як першы раз у жыцьці буду лавіць рыбку ў моры! Накруціў гадзіньнік-бразгатун, каб не праспаць, бо раненька меркаваў пабегчы... Дый непатрэбны быў гадзіньнік, бо я й так ня мог заснуць. Толькі пачало шарэць, я ўжо схапіўся.
***
Хто ня бачыў сьвітаньня на моры, той не адчуе той красы неба й вады. Сьвітанак быў цёплы й ласкавы. На ўсходзе далікатна сінела. Зоркі ня гасьлі адразу, але адыходзілі далей і далей у глыбіню неба, трацілі свой бляск і бляклі. Слабенькі туман курыўся над прасьветленай да дна вадою.
Калі пад’ехаў я самакатам да прычалу, ужо падымалася з вады, як царскі залатнік, чырвонае сонца. Цень ад прычалу клаўся на ваду, і тут вада прыбірала цёмна-сіні колер. А было так ціха, што стук маіх крокаў аб насьціл разыходзіўся па моры далёка й гулка, як у пустым будынку.
Прайшоў я на канец прыстані, якая падавалася ў мора на якіх 100 мэтраў. Сеў і разматаў вуду. Навалок чарвяка на кручок, хоць той доўга не даваўся й выкручваўся, як вужака. Папляваўшы на чарвяка, меркаваў закінуць вуду...
А трэба ж помніць, што талковы рыбак заўсёды паплюе на чарвяка й то абавязкова тры разы: тады ўжо пэўна, што рыба возьме. А бяз гэтага нават і не прабуй!
Закінуў вуду, а рукі дрыжаць ад узрушэньня й нецярплівасьці.
А якраз на беразе тыркала машына. Я аглянуўся. 3 машыны вылезла жанчына: — нічога сабе — і гадоў так за трыццаць; на галаве вялізны, як калясо, капялюш. Адзетая ў белы швэдар і ў сінія суконныя порткі. Праз плячо ў яе перакінута почэпка з торбай з прыладамі да вуджэньня рыбы.
Недалёка ад мяне яна села. Глянуў — чырвоныя губы, а таксама й пазногці на руках і нагах. Закурыла духмяную цыгарку й хацела ўгасьціць мяне, але я адмовіўся. Пачала разматываць сваё прыладзьдзе; а сама паглядае на мяне й усьмяхаецца: відаць, зьмеркавала, што я нетутэйшы, бо сяджу з доўгай тычкаю-вудою. I я аж крыху засаромеўся, што “ня зьведаўшы броду, палез у воду”! I пасьля я таксама хадзіў на мора бяз вудзілішча й паплаўка. Проста, трымаецца леска ў руцэ: як рыба турзае, чуеш пальцамі й шыбка падсякай!
Толькі ж бачу, што яна начапіла замест чарвяка добры кусок мяса. Ну, думаю: “Мяса магла й так зьесьці!”.
Аж пачуў, што маю вуду тарганула: глядзь! паплаўка няма. Цягну — ня ідзе! I стала вадзіць леску туды-сюды, аж нарэшце выцягнуў доўгую, як вужака, рыбіну, якая шлёпнула на памост. Суседка схапілася й бяжыць да мяне дый крычыць: “Роіsоn, poison!..”.
Аднак было ўжо запозна, бо я схапіў рыбіну за галаву, каб адчапіць ад кручка — аж вось пачуў, як штосьці мяне рэзнула ў далонь, нібы агнём напаленым жалезам.
А суседка жыва стала нагою на рыбу, адрэзала леску з галавою рыбы дый сьпіхнула нагой з памосту ў ваду. Рыба гэтая называецца тут “кобла”, зусім падобная да нашага мянтуза й смакам таксама, дый не пахне ёдам, бо ня жывіцца марскімі водарасьлямі. А марскія водарасьлі маюць у сабе шмат ёду.
Гэтая рыба вельмі смачная й дарагая, толькі ж трэба адразаць у яе схаваныя ў плаўніках і абапал галавы атручаныя шпількі: хто ня ведае й хапаецца за галаву, можна небясьпечна зраніцца.
Я ж апісваю гэта працягла, а ў тым выпадку яно трывала надта коратка. Мая далонь гарыць, уся чырвоная, і ад раны пайшла чырвона-цёмная палоска аж да локця. Якое шчасьце, што надарыў Бог гэтую разумную жанчыну: каб не яна, дык я гэтых радкоў не пісаў бы, а Вы бы не чыталі! — Яна хапіла мяне за здаровую руку й бегам пацягнула да машыны, адчыніла дзьверцы, пхнула мяне ў сярэдзіну — аж я стукнуў галавою, як раптам зрушыла аўто й як віхор панеслася ... куды? Ня ведаю!
Праз пару хвілінаў я быў ужо ў доктара, які гумовым паяском перавязаў мне руку вышэй локця, спусьціў кроў, запусьціў два шпрыцы зь нечым у тую руку.
Так першая рыбіна каштавала мне 4 даляры, а ў краме бяруць за яе 20 цэнтаў за фунт.
Цікава! Колькі разоў пасьля лавіў там рыбу (я ж ня страціў ахвоты й пасьля таго здарэньня!), нідзе не спаткаў той сваёй дабрадзейкі. А прайшло ўжо 18 гадоў. Аднак моцна веру, што яшчэ спаткаемся!
***
Пераехаўшы сюды, прыступіў да справы: купіў добры кусок зямлі-бушу на выплату, — месца, на якое яшчэ не ступала людзкая нага, і адразу ўзяўся карчаваць. А дрэвы тут шмат цьвярдзейшыя ад нашага беларускага дуба. Так, працаваць было над чым — аж вочы лезьлі на лоб! У вольныя дні — суботу й нядзелю, ад цямна да цямна. Адпачываць будзем пазьней! — I вось надарваў сабе жывот — ані дыхнуць, ані павярнуцца!
А й да доктара нельга ісьці, бо захварэў на сваёй рабоце, значыць, трэба самому плаціць, а ў кішэні ні капейкі! I страчаны час ніхто не аплаціць, дык як жыць?
Тут такі закон: калі захварэў пры рабоце, дык гаспадар аплаціць і доктара, і за час хваробы. — Дык вось я неяк зьлез з ложка й папоўз на работу. Прыцягнуўся на месца працы, лёг на панадворку й пачаў стагнаць. Зараз убачыў бос (гаспадар) і пытае, што мне. Я ж паказваю на жывот. Ну, мяне — на машыну й паперлі ў шпіталь? За паўгадзіны ўжо далі мне на сон і рэзалі жывот, сьляпую кішку.
Як прачнуўся, дык пачуў у жываце такі боль — так пякло, нібы налілі туды гарачага волава: нельга ані паварушыцца, нібы хто шылам калоў у балючае месца!
А прытым не магу разгаварыцца: санітарка не разумее мяне, а я яе. Толькі дзіўлюся вытарашчыў вочы, як гусь на маланку; а яна круціць галавой, штосьці сабе гамонячы пад нос.
***
Аднойчы ў нядзелю, калі сонца пачало жарыць з самага раньня, кажа да мяне жонка: “Досыць ужо пражыцца, як бульба ў прыску! Усю работу ня пераробіш. — Лепш сходзім да Юрдыцкіх!”.
А гэта палякі, зь якімі я неяк пасябраваў: ехалі мы зь імі разам у Аўстралію й тут лёс зноў нас зблізіў.
Добра! Бо й сапраўды ўжо надаела кожную суботу-нядзелю капацца ў зямлі, як сьляпыя краты! Ды й так ня будзеш багаты, але гарбаты... Прыадзеліся, пайшлі. А ў нас да места (бо яны жылі ў месьце) было тры мілі (каля пяці кілямэтраў). А прайсьці гэта ў такую сьпякоту, то дасца добра ў знакі!
Сонца стырчэла амаль над галавою: цень чалавека выглядаў як гарбуз, у які ўткнулі дзьве запалкі. У паветры абсалютная цішыня — аж нам здавалася, што ідзём у даўжэзнай печы, зь якой толькі-толькі вынялі хлеб. Двухгадовага сынка несьлі на руках па чарзе. Адразу мы ўсе пачалі аплываць кісла-салёным потам.
Бачым, птушка сядзіць на тэлефонным слупе й сьмяецца. А рагоча яна так голасна, што чутно за паўмілі, зусім людзкім манерам — на ўсе лады. Яшчэ будучы вучнем, я чытаў у кнізе “Дзеці капітана Гранта” аб гэтай птушцы “рагатуне”, якая сьмяецца перад усходам сонца. У тым часе я й не падумаў, што сам убачу й пачую такую дзівосную птушачку! Толькі ж рагоча яна праз цэлы дзень і называюць яе тут “кукабара”. Кароткая тоўстая белая дзюба прымацавана да вялікай галавы, што сядзіць бяз шыі ў тулаве. Вочы, як дзьве вішні, чырвона-іскрыстыя. Пер’е ў яе сівое й брудна-белае, а мейсцамі такое сіняе, што аж пераліваецца ў вачах! Кароткія ногі й шырокі хвост.
Як толькі пераляціць на новае месца, дык задзірае хвост — аж кладзе яго на сьпіну й пачынае рагатаць. А як зьлятуцца дзьве, дык сядуць адна супраць другой, падымуць галовы проста ў неба й заводзяць свой канцэрт.
Чалавека не баяцца зусім: можна падыйсьці блізка, а яна назірае сваім яркім вокам, скрывіўшы галаву. Пажырае ўсё ядомае: жабаў, яшчарак, мышэй, вужоў. Доўгімі гадзінамі сядзіць на суку, на слупе, вартуе й сочыць то адным, то другім вокам, пакручваючы галаву. А як загледзіць нешта вартае фатыгі, дык спадае як камень уніз, хапае няўважнае жывое, узьлятае на сваё месца й праводзіць апэрацыю: дабівае сваю ахвяру, трапляючы ейнай галавою аб сук ці аб слуп, пакуль гэтае варушыцца, і тады глытае цалкам, дый зараз пачынае рагатаць, відаць, цешыцца, што злавіла няўважнага паўзуна!
Дзеля таго, што гэтыя птушкі вынішчаюць масу шкоднікаў, яны цешацца ў Аўстраліі вялікай павагай: іх памяшчаюць на паштовых марках і накладаюць немалыя кары, калі хто бы забіў рагатуна.
***
Ну, нейк мы дапаўзьлі да Юрдыцкіх — аж язык стаў калом — так высахла ў горле! Жонка, пераваліўшыся праз парог, адразу плюхнула ў крэсла.
— Ох, ах! піць-піць... —
— Можэ млека хлоднэго?
— Ой, не! сёньня ж пост...
— То можа кавы? — Дый не!...
— То можа гарбаты? —
— Не! Вось каб чаю, то й выпіла б...
***
Працуючы ў бойні, адзін раз мы рэзалі больш як сто індыкоў (іх чамусьці называюць “туркі”). А я прымаў аскубаных і патрашыў. Якраз у чатырох індычак мы знайшлі яйкі, ужо цьвёрдыя: я ж забраў іх дамоў. Думаю сабе: “А ну ж вылупяцца?” Балазе й квактуха хадзіла па надворку й бедавала: “Клопат-клопат!”
Ну, дык кажу ёй: “Калі табе клопат, хай жа будзе яшчэ больш!”. Падсыпалі ёй у скрынку ад яблыкаў і схавалі пад ложак, бо тады яшчэ жылі мы ў хлявушку. Часта чулася ўначы, як яна там варочала яйкі на ўсе бакі, каб нармальна адаграваліся. — Ну, і на бяду выйшлі чатыры жывенькія сіва-рабыя камячкі. Жонка даглядала іх, як малых дзетак. Але, як падрасьлі, дык аказаліся ўсе чатыры “дзяўчынкі”. Трэба было шукаць “маладога”. Але я ўжо не працаваў у бойні, дык іду да знаёмага й прашу яго: “Прынясі мне індыка-самца!” Але я сказаў па-ангельску так, што ён прынёс мне смажанага індыка, закручанага ў паперыну! (“Rooster” — певень, а “Roast” — смажыць). Што ж зрабіць? Мусіў прыняць смажанага й зьесьці.
***
Аднойчы ў суботу зьбіраюся ў горад, а жонка кажа: “Гаманіла мне Параска, што ў крамах ёсьць вельмі добрая каўбаса-крывянка з грэчнявай крупой”.
Загадала мне купіць. Расказала, дзе купіць і ўсё іншае. I ўсю дарогу — тры мілі — я паўтараў, каб не забыцца! Але чаго найбольш баісься, тое якраз здарыцца ...
У горадзе спаткаў прыяцеля, які пасьля стаў непрыяцелем. Слова за слова й зайшлі на шклянку піва, дый пра каўбасу зусім забыўся: успомніў толькі пасьля сёмай шклянкі.
— А, братачка ты мой! як жа дамоў вярнуцца?
— А што? А чаму?
— Бо наказала мне жонка купіць каўбасы, а я й забыўся, як гэта называецца.
Ну, але нічога! Увайшоў я ў мясную й пачаў дапытвацца на ўсялякіх мовах. Ніяк мяне не хацелі зразумець, хоць і знакамі паказваў — аж мясьнік праз тэлефон выклікаў паліцыю й мяне пацягнулі... Аказалася, што я пры жанчынах сказаў нейкае брыдкое слова, перакруціўшы літары. Мяне, праўда, пусьцілі, узяўшы адрас.
Толькі адчыніў дзьверы, жонка й пытае:
— Дзе каўбаса?
— Там, дзе й была!
— Чаму не прынёс?
— Прывязуць...
За пару дзён прынесьлі павестку — заплаціць 10 даляраў за брыдкія словы ў публічным месцы.
***
Заняўся пчалярствам: спатрэбілася мне серка. Ведае кожны пчалавод, каб ня ела матыліца вашчыны, яе трэба абкурваць жоўтай серкай, спальваючы яе на гарачых вугольлях. Як серка называецца па-ангельску, то ліха яе ведае. Але думаю, што й у аптэцы дурні не сядзяць: неяк скажу, а рэшту дагадаюцца. Аднак колькі ім не тлумачыў, нічога ня выйшла. I то добра, што хоць не сказаў зноў якога благога слова.
Пры канцы мушу даць маленькую агаворку: Аўстралію нельга раўнаваць, напрыклад, зь Нямеччынай. Немцы вельмі кемны народ: ім толькі крыху намякнуць, зараз і дагадаюцца. Я сам аб гэтым пераканаўся: усюды мог паразумецца, хоць і ня ведаў нямецкае мовы. Тут жа, пакуль ня скажаш дакладна, і мала таго, пакуль не перакажаш па літарах (спэлінг), дык аніяк не дагаворысься! Ня толькі ў крамах, а нават у банку. А майго прозьвішча ніколі правідлова не напішуць, хоць яно цалкам лёгкае — і вось яно!
“Чабатар”
Спасылкі:
351 Друкавалася ў часопісе Божым Шляхам (№ 3 (108), 4 (109); 1968) і падаецца тут з пераважным захаваньнем стылёвых асаблівасьцяў арыгіналу.
