|
Ул. Сьцяблевіч
Ад “Ды-Пі” да “новага аўстралійца”347
Ад аўтара. Ніжэй зьмешчаны нарыс «Ад “Ды-Пі” да “новага аўстралійца”» я напісаў на прапанову рэдакцыі “Бацькаўшчыны”, бо для бальшыні нашых суродзічаў, як і для мяне некалі, Аўстралія — гэта толькі вялікі знак запытаньня.
Як нашыя суродзічы ўладзіліся ў Аўстраліі? Якія адносіны насельніцтва й уладаў да новапрыбылых?
Спадзяюся, што гэты нарыс адкажа на гэтыя пытаньні, а мо й паддасьць ахвоты некаму з нашых суродзічаў, што знаходзяцца ў Паўднёвай Амэрыцы, Канадзе, ЗША й іншых краінах вольнага сьвету, апісаць іхнае жыцьцё ў гэтых краінах.
Тут я абмежаваўся да штату Новая Паўднёвая Валія, у якім я й правёў няцэлыя пяць гадоў. У штаце Вікторыя, а дакладней у Мэльбурне, быў толькі на адпачынку, а таму на ім шмат спыняцца ня буду.
1949 год на караблі “Sturgis” у Аўстралію
На караблі знаходзіліся эмігранты ўсіх нацыянальнасьцяў з-за “жалезнае заслоны”. Галоўную частку складалі палякі й украінцы. Беларусаў была групка асобаў з 30, таму мы трымаліся разам.
Пад’яжджаючы ўжо да берагоў новае й няведамае для нас краіны, пачалі хвалявацца — хутчэй даехаць і пабачыць, што сабою становіць Аўстралія. Міжволі насоўвалася маса пытаньняў: што гэта за краіна, як выглядаюць гарады, пабачыць дзікіх людзей і многа-многа іншых. Знайшлося таксама пару асобаў, якія чыталі нешта адносна Аўстраліі; ясна, расказвалі ня без фантазіі. Ведалі, што там ёсьць дзікія. Адны расказвалі, што людзі гэныя нават ветлівыя, другія даводзілі адваротнае — што яны забіваюць белых, смажаць і ядуць… На караблі знайшліся ўжо й “культуртрэгеры”, якія гатовы былі даць сваю згоду на распаўсюджваньне культуры паміж “дзікімі” аўстралійцамі. Само сабою зразумела за добрую аплату. (Гэта былі тыя, што ўжо столькі год набіваюцца сваёй культурай беларусам і ўкраінцам.) Больш-менш агульная думка была, што ў Аўстраліі ёсьць маленькая групка белых каляністых, а рэшта — усе дзікія ці паўдзікія, і тут для белых, як кажуць, поле да дзеяньня.
Нехта пасьпеў расказаць, паводле ліста свайго знаёмага, які быў ужо ў Аўстраліі, што там вельмі мала жанчын. І тут жа, на караблі, пачаліся “ідыліі” больш сямейнага характару. Прыпамінаю, адна жанчына, маючы мужа й двое дзяцей зьвярнулася да капітана, каб той даў ёй развод. Зазначыла, што дзяцей пакідае мужу. Бо ж капітан дае шлюбы, хрысьціць дзяцей, паховіны спраўляе, дык чаму ж ня можа даць разводу? Да таго ж аўстралійскія міліянэры толькі й чакаюць на жанчын, што прыедуць з Эўропы — сваіх бракуе. Аднак капітан у вельмі ветлівай форме адказаў, што шлюбы мае права даваць, але не разводы.
На аўстралійскай зямлі
У сыднэйскі порт наш карабель прыбыў недзе каля дзясятай гадзіны вечара. У горадзе на высокіх будынках моргаюць нэонаўскія рэклямы розных колераў. Над Сыднэем стаіць цэлая зарыва сьвятла. Празь нейкае паўгадзіны пачалі выгружацца. Пры зыходзе з карабля — праверка нумароў, што віселі на адкладах вопраткі кожнага й што замянялі білет. У порце стаяў ужо падрыхтаваны цягнік, якім нас адвезьлі ў пераходны лягер Батгурст, болей за сотню міляў ад Сыднэю.
Лягер — некалькі дзясяткаў бляшаных баракаў — колішніх амэрыканскіх вайсковых кашараў падчас апошняе вайны, у якія ўсельвалі сем’і зь дзецьмі, а рэшта — горад палатак, кожная на 4 асобы. Удзень надакучала гарачыня, а ўночы — холад. На абед і вячэру кожны дзень бараніна. Мяса выстаўлялася ў сталовай: бяры колькі хочаш і якое хочаш. Спачатку людзі бралі многа й тлустае, нарэшце пачалі выбіраць чырвонае мяса. А ўжо праз тыдзень пачаліся нараканьні, што мяса тлустае й цэлы час бараніна. Таксама першыя дні людзі глядзелі на авечы лой, што пакрываў тоўстым слоем, як лёд, раўчукі, якія адыходзілі ад кухні. Глядзелі як на марнаваньне, нерацыянальнае выкарыстоўваньне тлушчоў, але прайшло некалькі дзён, і ніхто болей на гэтыя “драбніцы” не зварочваў увагі.
Праз два тыдні пачалі выклікаць нас у бюро, дзе прапанавалі нейкую працу. Каб атрымаць працу ў сваёй спэцыяльнасьці — гутаркі ніякае быць не магло, бо кожны, хто ехаў у Аўстралію, — падпісваў кантракт з урадам на 24 месяцы, паводле якога забавязваўся прыняць тую працу, што будзе запрапанаваная ўрадам. 3 другога боку, кантракт гэты быў выгадны тым, што ўрад таксама быў забавязаны на працягу першых 24 месяцаў забясьпечыць нас працаю й кватэраю. У выпадку крызісу ніхто ня меў права звальняць з працы людзей, каторыя былі на кантракце, а калі б звольнілі — мусілі б плаціць тую стаўку, што чалавек зарабляў працуючы.
У пераходным лягеры кожны з нас меў права выбару працы. Палягала гэта ў тым, што мы маглі тры разы адмовіцца ад запрапанаванае працы, спадзеючыся атрымаць лепшую, але чацьвертая прапанова — не была прапановаю, бо ніхто ўжо згоды не пытаў — назначалася на нейкую працу, і без дыскусіяў рыхтуйся да ад’езду.
Трэба сказаць, што ў бальшыні людзі не перабіралі працаю, глядзелі толькі, каб яна была добрааплатная й калі ня ў горадзе, дык блізка гораду. Прычынаю гэтага было нецікавае чатырохгадовае жыцьцё ў лягерах Ды-Пі, вечны страх перад рэпатрыяцыяй, розныя камісіі й “скрынінгі”. Да таго даходзіла ўнутраная лягерная грызьня, што звычайна канчалася пашквілямі, а ў немалой ступені й даносамі.
Былі таксама й іншыя — “ахвіцэры” (ёсьць адна нацыянальнасьць, дзе палавіна ахвіцэраў, а палавіна падахвіцэраў — радавых няма). Вось гэтыя “беларучкі” стараліся трапіць на працу ў бюро, нават не ўладаючы ангельскай мовай. Скончылася тым, што ўсе яны, як і мы, пайшлі на працу ў хвабрыкі або й проста з рыдлёўкай.
Я пагадзіўся на першую прапанову, бо праца была ў самым горадзе Сыднэі. Пасьля некалькіх фармальнасьцяў адміністрацыйнага характару, праз два дні, мы выехалі зь лягеру ў кірунку Сыднэю.
Першыя ўражаньні аб Аўстраліі
У Батгурст мы прыбылі ў красавіку. У гэтым месяцы ў Аўстраліі пачатак восені — сэзоны ідуць адваротна ад эўрапейскіх. Здавалася, што павінна было б быць сьцюдзёна, аднак сонца праз цэлы дзень пякло й толькі пасьля заходу пачынаўся холад. Першае, што кінулася ў вочы й рабіла ня надта прыемнае ўражаньне, — гэта адваротны рух сонца. Але калі б папытаць каго-небудзь з новапрыбылых, дзе поўнач, то аўтаматычна й бязь ніякага ваганьня пакажа на поўдзень, паводле руху сонца.
Поле, на каторым стаяў лягер, было пакрытае сухою травою рудога колеру, амаль у рост чалавека. Над ім лена час ад часу пралёталі птушкі шэрага колеру, падобныя да нашых чорных драздоў. Гэта слаўныя аўстралійскія “кукабары” з войстрым арліным узрокам і з масіўнай кароткай дзюбай. Потым нам паведамілі, што гэтыя птушкі знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Яны зьнішчаюць усё, што ёсьць шкодным для чалавека: гадзюкаў, павукоў. Гадзюку кукабара не забівае на зямлі, а ловіць яе пасярэдзіне й падымае на некалькі дзясяткаў мэтраў уверх і адтуль пушчае на зямлю. Гэты працэс яна паўтарае некалькі разоў, пакуль сваю здабычу не заб'е. Пераканаўшыся, што гадзюка мёртвая — есьць яе. Заатакаваць ці забіць гадзюку — кукабара не абавязкова мусіць быць галоднай. Яна можа забіць гадзюку, пакінуць яе й шукаць наступнай ахвяры. Ад чалавека не ўцякае, будзе сядзець паўмэтра ад сьцежкі й толькі войстрым позіркам сачыць за кожным рухам асобы, што праходзіць паўзь яе. За зьнішчэньне аднае кукабары караюць на першы раз 15 фунтамі штрафу, а далей турмой да двух тыдняў і вышэй.
У лягеры й па гарах, што віднеліся з паўднёвага боку лягеру, расьлі дрэвы gumtree (гумовае дрэва). Назоў паходзіць, магчыма, ад таго, што гэтае дрэва выдзяляе сок чырвонага ці жоўтага колеру, які застывае на паветры й расьцякаецца, як каўчук.
Празь некалькі дзён мы пайшлі ў горад Батгурст. Цікавіліся, як выглядае горад, ці ёсьць магазыны, а калі ёсьць — што ў іх прадаюць. Што ж, горад малы, але прыгожы й вельмі чысьценькі. На ўскраінах гораду стаяць прыгожыя вільлі. Вось ужо тут расчараваліся новапрыбылыя “культуртрэгеры”.
Была й іншая група людзей, каторыя наіўна верылі, што ў Аўстраліі апрача аўтахтоннага дзікага ці паўдзікага насельніцтва й некалькіх белых — нічога няма; што нават Сыднэй — гэта горад палатак; што ў Аўстраліі немагчыма набыць парцалянавае пасуды, інструмэнтаў, жалезных вырабаў, што няма бульбы й г. д. Ясна, што гэта была прапаганда чырвоных, якія запалохвалі людзей, каб не дапусьціць да эміграцыі за акіян; з другога боку, яны пушчалі чуткі аб быццам вялікіх зьменах, што адбыліся ў Савецкім Саюзе пасьля таго, як... Сталін надзеў пагоны. Чуткі гэтыя асабліва распаўсюджваліся ў пераходным лягеры ў Аугсбургу, дзе праходзілі камісію й розныя фармальнасьці, зьвязаныя з эміграцыяй.
Як людзі рыхтаваліся спаткаць аўстралійскія нястачы жыцьця — мы ўбачылі потым, як прывезьлі ў лягер наш багаж з карабля. Паміж скрыняў была вялікая частка паразьбіваных. Тут мы ўбачылі малюнак, што, гледзячы, выклікаў сьмех ды й сорам перад аўстралійцамі: людзі везьлі з сабою скрыні бульбы на насеньне, зайржавелыя абцугі, шчыпцы, малаткі, а нават скруткі калючага дроту...
У Сыднэі
У Сыднэй наша група — каля двух сотняў маладых людзей — прыбыла ў канцы красавіка. На станцыі чакалі аўтобусы, якія й адвезьлі нас у новапабудаваны хастэль (баракі для работнікаў, пабудаваныя ў два рады; у кожным бараку ў два шэрагі пакоі, паміж баракамі шырокая выцэмантаваная вуліца; усё разам накрытае шкляным дахам). Тут атрымалі на двух асобаў адзін пакой, дзьве прасьціні, дзьве ваўняныя коўдры, падушку й маленькі дыванчык пад ногі перад ложкам. Атрымалі таксама па фунту, як аванс, ад тых фірмаў, у каторых будзем працаваць (адзін аўстралійскі фунт у той час — прыблізна 2,3 амэрыканскага даляру), а таксама некалькі вольных дзён, як адпачынак пасьля дарогі. Выкарыстоўваючы вольныя ад працы дні — суботу й нядэелю (у суботу ў Аўстраліі таксама не працуюць) — мы накіраваліся ў горад. Прахадзіўшы да вечара, на вялікі зьдзіў, чорных аўстралійцаў мы не спаткалі — вакол белыя, рэдка можна было ўбачыць кітайцаў, вельмі шмат грэкаў і італьянцаў.
Сыднэй — стары горад. Як на мільённы горад і на тую колькасьць аўтаў — вуліцы вузкія. Да таго высокія будынкі ствараюць уражаньне яшчэ больш вузкіх вуліцаў, асабліва ў цэнтры гораду. Найпрыгажэйшая вуліца гораду— Мартын плэйс — таксама здавалася вузкаю, пакуль я ня ўбачыў, што аўты тут ідуць у 8—10 радоў.
Будынкі гораду пераважна старых канструкцыяў, шэрыя з калёнамі. Многа ёсьць ужо й “мадэрных” скрыняк, дзе разьмешчаныя дзяржаўныя й прыватныя ўстановы, а таксама, кансуляты замежных дзяржаваў.
Прыгажосьцяй гораду ёсьць будынак гарадзкое ўправы, пабудаваны яшчэ рукамі людзей, якія за розныя праступствы, пачынаючы ад чытаньня Бібліі й канчаючы забойствамі, былі закутыя ў ланцугі й высланыя з Англіі ў новаадкрытую Аўстралію. Архітэктар гэтага будынку, нават і пасьля сканчэньня яго, ня быў звольнены, і так ён памёр нявольнікам, закутым у ланцугі. Яшчэ й да 1950 году, калі напраўлялі клёмбы й перакопвалі траўнікі — знаходзілі ланцугі з брасьлетамі на канцах, якімі былі скутыя рукі й ногі зьняволеных.
На працы
У хастэлі беларусаў была невялікая групка — восем асобаў, і ўсе мы працавалі на розных працах у розных месцах. Спатыкаліся толькі пасьля працы ў хастэлі й дзяліліся ўражаньнямі.
Аўстралійскія работнікі адносіліся да чужынцаў ветліва. Але празь некаторы час пачаліся розныя непаразуменьні: спрэчкі, а нават і бойкі. На гэта было дзьве прычыны. Аўстралійцы працуюць вельмі марудна. Заўсёды паўтаралі нам „Тake a time” (“Памалу”). Нашыя ж імігранты працавалі з эўрапейскім тэмпам, што выклікала злосьць, а нават і нянавісьць з боку аўстралійскіх работнікаў. Аўстралійцы сваю павольнасьць тлумачылі тым, што калі ўсе будуць хутка працаваць, дык хутка скончаць працу й пачнецца крызіс, калі ж павольна — дык працы застанецца й для іхных дзяцей. І другая прычына — камуністычная прапаганда ня спала. Яны пачалі ўбіваць аўстралійцам, што новыя імігранты — гэта эсэсаўцы, гестапаўцы й розныя гітлераўскія супрацоўнікі. Ня едуць на Бацькаўшчыну, бо баяцца пакараньня. Камуністам гэта ўдавалася лёгка, бо аўстралійцы сымпатызавалі тады Савецкаму Саюзу й адносіліся як да сваіх саюзьнікаў. Але гэтыя непаладкі як хутка й штучна яны былі створаныя, так хутка яны й заціраліся.
Кожны з нас на працы мусіў належаць да прафэсійнага саюзу (юніёну) работнікаў дадзенае галіны, і таксама як і аўстралійцы, мы мусілі ўносіць сяброўскія складкі й падпарадкавацца рэгуляміну гэтага саюзу. Прыкладам, у дождж пад адкрытым небам работнік ня меў права працаваць — мусіў ад дажджу схавацца й лічылася, што чалавек працуе. Саюз з свайго боку бараніў работніка, зусім не цікавячыся ягонай нацыянальнасьцяй ці тым, колькі гадоў ён працуе й колькі часу належыць да гэтага саюзу.
Таксама ніякае дыскрымінацыі ў плаце ці стаўцы работнікаў не было. Мы мелі ўсё тое, што нам належала, — як і кожны аўстраліец.
Адносіны насельніцтва да імігрантаў
Будучы ў вечным страху перад азіяцкай навалай, аўстралійскі ўрад стараўся як мага болей прывесьці эмігрантаў-эўрапейцаў. Эўрапейцаў, бо белая раса. Для іншых, апрача белых, дзьверы іміграцыі ў Аўстралію зачыненыя. Асабліва стараліся мець ангельцаў — гэта прывілеяваная нацыянальнасьць — і галяндцаў, бо хутка апаноўваюць ангельскую мову. Для нас — славянаў, а таксама й для балтаў ангельская мова давалася даволі цяжка, асабліва вымова. Таму паміж сабою гаварылі кожны ў сваёй мове. Аўстралійцы заўсёды зварочвалі ўвагу, заўсёды зазначалі, што “калі вы ў Аўстраліі — гаварыце па-аўстралійску” (без “калі ласка”). Калі ж нехта пачаў агрызацца — мог і поўху дастаць. Адну мову, якую яны талеруюць і да якое маюць сымпатыю, — гэта француская. Калі нехта гаворыць па-француску — у вачох аўстралійцаў гэта ўжо “джэнтэльмэн”. Пры кожнай гутарцы з імігрантам аўстраліец ніколі не прапусьціць нагоды, каб папытаць: “Як вам падабаецца Аўстралія?” І тут трэба абавязкава пахваліць Аўстралію; тады ён пачынае разводзіцца, як высокая ў іх культура, тэхніка, узровень жыцьця й г. д. У іншым выпадку папытае, чаго вы прыехалі, калі вам Аўстралія не падабаецца...
Пытаньнем гэтым аўстралійцы настолькі надакучалі, што шукалася ўжо нейкіх іншых выхадаў, каб не паўтараць таго самага, як сапсаваная патэфонная кружэлка, і ўнікнуць далейшае гутаркі. Прыкладам, адказвалася: “Мне падабаюцца аўстралійкі”, або “А як падабаецца мая Бацькаўшчына?” На ягоны адказ, што аб такой краіне ня чуў ці ня ведае, дзе яна знаходзіцца, — адказвалася: “Я не вінаваты, што вы геаграфіі ня ведаеце”. На гэтым гутарка канчалася...
Гэтае пытаньне выклікала многа непажаданых інцыдэнтаў — бойкаў, пераважна пры піве, што дало штуршок, асабліва для арганізацыі YМСА / YWСА, да арганізаваньня вечароў, дзе ўступ быў бясплатны. Там можна было пайграць у шахматы й іншыя гульні, патанцаваць, выпіць чаю ці “кока-коля”. А таксама ў газэце, якую выдавала Бюро Іміграцыі, зьявілася калёнка — парады для аўстраліўцаў “Як быць сяброўскім з новымі аўстралійцамі”. Там можна было прачытаць такія парады для аўстралійцаў:
Ня сьмейся зь ягонай няправільнай вымовы.
Ня стаў пытаньня: “Як вам падабаецца Аўстралія?”.
Не забывайся, што Аўстралія ня ёсьць ягонай Бацькаўшчынай.
Не забывайся, што ён мае сваю Бацькаўшчыну, якую ён пакінуў не з свае волі.
І гэтыя “не забывайся”, трэба сказаць, зрабілі сваё. Сьведама ці не, але некаторыя газэты таксама распальвалі антаганізмы паміж аўстралійцамі й імігрантамі. Паміж імігрантаў у Аўстраліі былі таксама, як і ў кожным стадзе, “паршывыя авечкі”. Крымінальных злачынстваў, зробленых імігрантамі, было даволі многа. Тады ў газэтах можна было ўбачыць такія загалоўкі, вялізнымі літарамі на першай бачыне: “Новы аўстраліец застрэліў шофэра таксі”, “Новы аўстраліец парэзаў нажом чалавека” й г. д. Загалоўкі гэтыя, думаю, былі разьлічаныя як рэкляма, каб прадаць болей асобнікаў газэты. Але яны справакавалі вялікую рэакцыю як з боку імігрантаў, так і з боку аўстралійцаў, асабліва інтэлектуальных колаў. Зьявіліся артыкулы ў іншых газэтах, аўтарамі якіх былі людзі, што мелі ўплыў на грамадзкую думку. Яны зьвярнулі ўвагу на тую нізкасьць, на якую ішлі “розныя пісакі”, каб зарабіць грошы.
Калі ж нехта з нас меў якія-колечы цяжкасьці або калі патрабаваў дапамогі ці парады — зварочваўся ў Бюро Іміграцыі. Гэта быў наш “кансулят”, дарадчык і абаронца. Усялякую дапамогу давалі хутка й ахвотна. Амаль у кожным нумары газэты, што выдавала Бюро Іміграцыі, былі папярэджаньні, каб не параіўшыся не куплялі дамоў, пляцоў, каб не падпісвалі ніякіх кантрактаў, не пачыналі будоўляў.
Асабліва былі добрыя адносіны аўстралійцаў-суседзяў. У іх не прынята ад няма чаго рабіць прыйсьці ў хату да суседа пакурыць. Прыйдзе ў агарод і пагаворыць, або й цераз плот. Затое, калі нехта выяжджае недзе цэлаю сям’ёю на пару дзён, — ключ ад дому пакідае суседу — той дагледзіць усё. У хату без патрэбы ня пойдзе, хіба ўбачыць сьвятло, дык пойдзе, каб пераканацца, ці што не гарыць і ці не залезьлі злодзеі. Таксама незнаёмых у двор ня ўпусьціць.
Магчымасьці новапрыбылых
Першыя два гады, г. зн. падчас адбываньня кантракту, ніхто, бадай, з новых імігрантаў не набываў уласнай маёмасьці. Заўсёды пры спатканьні з знаёмымі на пытаньне, ці купіў ужо што-небудзь, — чуўся той самы адказ: “Ды нічога, браток, кантракт адрабляю, а там паглядзім”. Пасьля кантракту кожны пачуў сябе вольным. Трапляла, што нехта, будучы яшчэ на кантракце, наракаў на сваю працу (а здаралася гэта вельмі часта). Чаму? І сам ня ведаў, нешта не падабалася. Заўсёды зазначаў, што пасьля сканчэньня кантракту “абавязкава зьмяню, — пайду на іншую працу”. Як выявілася потым, пасьля сканчэньня кантракту, з рэдкімі выняткамі, амаль усе засталіся на “старых” працах. Зноў жа, чаму? Умовы працы зьмяніліся ці падвысілі плату? Не. Спачатку для кожнага было ўсё сьвежае: мова, навакольле, ды й сам той факт, што без дазволу бюро працы (эмплёймэнт офіс) працы мяняць ня можна было. І ўжо гэтае абмежаваньне кожнага сьціскала — адчувалі сябе, як без паветра. Пасьля двух гадоў людзі прывыклі да навакольля, зжыліся з работнікамі-аўстралійцамі, завязалася сяброўства. Да таго людзі пазналі працу й машыны, калі гэта было на хвабрыцы, за два гады пазнаў мову, уважаўся ўжо старым работнікам: за гэты час падвысілі плату, што асабліва дзейнічае на людзей. Пайсьці ў іншую хвабрыку — трэба зноў пачынаць ад мінімуму з пункту гледжаньня платы, і, як новаму работніку, выконваць самую цяжкую й брудную працу.
Пасьля двух гадоў пачаліся куплі дамоў, пляцоў, фэрмаў. Частка плацілася сваймі грашыма, рэшта пазычалася ў банках або ў спэцыяльных задзіночаньнях, што спэцыялізаваліся ў гэтай галіне. Пазычкі атрымоўвалі на 20—25 гадоў і на 2,5—3 %. Гатовыя дамы куплялі пераважна сямейныя, якія сьпяшаліся сьцягнуць сям’ю разам. Дагэтуль жанчыны зь дзецьмі былі ў г. зв. сямейных лягерах, знаходзіліся заўсёды за сотню ці болей кілямэтраў ад Сыднэю. Звычайна куплялі пляц, апрацоўвалі плян дому й гаража (абавязкава) і пакуль будаваць хату — будавалі гараж, але ў такі спосаб, каб можна было ў ім жыць. У гаражы можна было жыць 2—3 гады, пасьля чаго ўмешвалася гарадзкая ўправа — падганяла будаваць хату, пагражаючы, што ў іншым выпадку разбурыць гараж. Тады закладвалі фундамэнт — і зноў 2—3 гады супакою. За гадоў 5—6 можна было сабраць грошай, каб пачаць будову хаты, а нават і давесьці будову да канца. Пачыналі ад гаража таму, што баяліся рабіць запазычанасьць. Для адных гэта быў псыхалягічны момант, а іншыя, якія разьлічвалі, пасьля нейкага перавароту, варочацца на Бацькаўшчыну, проста баяліся. Баяліся гэтых 25 гадоў, на працягу каторых трэба было сплачваць пазыку. Фірмы, у якіх яна бралася, звычайна адмаўляліся, калі нехта, маючы магчымасьць, хацеў заплаціць за адным разам. Калі пагаджаліся, то пры ўмове, што ім заплацяць працэнты за ўсе 25 гадоў, на што не згаджаліся даўжнікі. І людзі, што разьлічвалі варочацца на Бацькаўшчыну — баяліся, што з прычыны гэтае задоўжанасьці ня здолеюць выехаць з Аўстраліі (у чым, нават, не памыляліся).
У Сыднэі атрымаць пакой для аднае асобы ў той час было праблемай, а каб атрымаць апартамэнт на сям’ю — зусім немагчыма. Цана за пакой была ў межах 20—25 шылінгаў (1 фунт мае 20 шылінгаў). Уласьнікі памяшканьняў маглі дазволіць сабе на гэта, бо ведалі, што чалавек нідзе ня дзенецца — згодзіцца, ведаючы, як цяжка атрымаць кватэру.
Гэта й былі тыя фактары, што стымулявалі новых імігрантаў набываць пляцы, дамы, фэрмы… Калі нехта будаваў хату — прыяжджалі на дапамогу знаёмыя й сябры. Будавалі звычайна ў суботу й нядзелю, а таксама камбінавалі выкарыстоўваць гадавы адпачынак. Дапамагалі адзін другому, канчалі аднаму — пераходзілі да наступнага.
Шмат хто пакупляў фэрмы, на якіх апрача памідораў і бульбы нічога болей ня сеялі — таму, што гэтыя дзьве культуры прыносілі найбольшы прыбытак. Людзі на сваіх фэрмах працавалі ад цямна да цямна. Селянін, як заўсёды, з працаю, укладзенай у сваю гаспадарку, ня лічыцца — лічыцца з тым, што яму гэтая гаспадарка дала, і мае задавальненьне гледзячы, як у яго ўсё спорыцца.
Набываньнем нерухомай маёмасьці займаліся, амаль што выключна, сямейныя. Адзінокія, што маюць свае хаты, — гэта лічаныя людзі на ўсю Аўстралію.
У Аўстраліі трэба было мець тры рэчы, каторыя не зьяўляюцца прадметам раскошы, як у Эўропе, а — неабходнасьцяй. Гэта: уласны дом, лядоўка й аўта. Хату, бо як ужо гаварылася, цяжка знайсьці кватэру, асабліва для сямейных. Ня маючы лядоўкі — немагчыма перахаваць на адзін дзень такіх прадуктаў, як мяса й гародніна. Больш таго, галоўныя водаправоды дзясяткі міляў за Сыднэем ляжаць зьверху на зямлі пад адкрытым небам, на якім ня ўбачыце ніводнае хмаркі — суцэльная сінь. Вада ў кранах цёплая альбо зусім гарачая, і, ня маючы лядоўкі, чалавек ня можа заспакоіць смагу, асабліва ў нядзелю, калі ўсе крамы пазачыняныя й немагчыма купіць “кока-коля” ці нешта падобнае — трэба мець лёд, каб магчы напіцца вады.
Аўта непатрэбнае так доўга, пакуль чалавек не выходзіць нікуды з хаты, асабліва ў вольныя дні, калі курсуе меншая колькасьць аўтабусаў, цягнікоў, трамваяў. Якая можа быць розьніца часу ў залежнасьці, якім транспартам вы карыстаецеся, — дам хоць бы такі прыклад: я меў сябра (зь беларускага лягеру ў Остэргофэне), да каторага ў нядзелю каб даехаць, я мусіў браць аўтобус, цягнік, рабіць перасядку на другі цягнік і ад станцыі яшчэ з паўкілямэтра ісці пехатою. Гэта мне забірала паўтары гадзіны, а часам і болей, у залежнасьці ад таго, колькі трэба было чакаць на цягнікі. Потым езьдзіў да яго самакатам, і забірала гэта 20—25 мінут — зусім не сьпяшаючыся.
Трэба сказаць, што магчымасьці для імігрантаў бадай неабмежаваныя. Можна купляць хаты, адкрываць магазыны — тут пастанаўляюць грошы. Выняткам ёсьць гатэль, — каб стацца ўласьнікам, трэба мець аўстралійскае грамадзянства. Здаецца, гэтая самая ўмова адносіцца й да ўладальнікаў хвабрык. Для маладых ёсьць вельмі добрыя магчымасьці ўладкавацца ў хвабрыках на кіраўнічыя становішчы: зразумела, трэба мець аўстралійскае грамадзянства. Імігранты вельмі ахвотна й хутка апаноўваюць працу й добра працуюць.
Адзін работнік у Аўстраліі сваім заробкам можа поўнасьцяй забясьпечыць сям’ю, але ня можа зрабіць ашчаднасьцяў. Дзеля гэтага часта можна было спаткаць людзей, што працавалі адразу на дзьвюх хвабрыках — працавалі дзьве зьмены. На аднэй хвабрыцы гэтая рэч немагчымая, бо работніцкі саюз (юніён) не дазваляе. Да гэтага, паводле права, калі работнік працуе болей за восем гадзінаў — плаціцца ў паўтара разы. Ясна, дырэкцыя хвабрыкі на гэта ня згодзіцца. Цягнулася гэта так доўга, пакуль людзі ня “сталі на ногі”.
1952—1953 гады былі гадамі масавай будовы й куплі дамоў. Для аўстралійцаў было зусім незразумелым, як так можна: прыехаўшы ў Аўстралію ня маючы нават добрае кашулі — імігрант за тры гады купляе хату. Яны тлумачылі гэта па-рознаму. Аднак аўстралійцы, што жылі пасуседзтву, бачылі, як ашчадна й рацыянальна вялі жыцьцё новыя імігранты. Бачылі, як гэтыя людзі выкарыстоўвалі кожны кавалачак зямлі, што знаходзіўся пры хаце, — у той час калі аўстралійцы, як і новапрыбылыя, маючы вялікія агароды пры хатах, не выкарыстоўвалі іх: яны былі зарослыя травою й зельлем у рост чалавека. Яны ведалі, што гародніну можна купіць у краме.
Магчымасьці грамадзкай дзейнасьці
Як ужо гаварылася вышэй, аўстралійскі ўрад зацікаўлены мець аўстралійцаў, а не палітычную іміграцыю, для якое Аўстралія зьяўляецца толькі часовым прыпынкам. Дзеля гэтага ўся афіцыйная дзейнасьць зводзіцца да асыміляцыі новапрыбылых. Да гэтага часу ў Аўстраліі ёсьць вельмі многа імігранцкіх арганізацыяў. Кожная нацыянальнасьць мае па некалькі, але ўсе гэтыя арганізацыі, паводле іхных статутаў, ёсьць чыста культурнымі, а не палітычнымі. У першым параграфе статуту, у пункце “мэты арганізацыі” павінна быць: дапамагаць аўстралійскаму ўраду зрабіць, прыкладам, зь беларусаў добрых аўстралійскіх грамадзянаў. У іншым выпадку арганізацыя ня будзе зацьверджаная. Выняткам зьяўляюцца толькі рэлігійныя арганізацыі й арганізацыі, створаныя пры царкоўных прыходах.
Першыя два гады людзі, што прыяжджалі ў Аўстралію, жылі яшчэ лягернай дысцыплінай, хоць ужо былі, праўда, рэдкія выняткі, што людзі раптам зьнікалі з гарызонту. Гэта былі пераважна лягерныя “дзеячы” — розныя лягерныя крыкуны, што раней вечна сварыліся за “іраўскія” лахі. Да іх даходзілі таксама й г. зв. “тоже белорусы”. Зь іхным адыходам беларуская грамадзкасьць у Аўстраліі абсалютна нічога ня страціла, наадварот — гэта нашмат палегчыла працу. Пераважна людзі, каторыя маглі нешта рабіць на грамадзкім полі, — уліваліся ў свае арганізацыі.
Першыя тры гады зьезды, што адбываліся раз на год, былі сапраўды многалюднымі й шумнымі. Кожны ўважаў абавязкам ня толькі належаць да арганізацыі, але ўсьведаміць і прыцягнуць і іншых беларусаў, якія з тых ці іншых прычынаў апынуліся ў чужым асяродзьдзі. Наглядаючы ўжо за колькасьцю сяброў на зьездах, можна было ўбачыць, што рады з кожным годам радзеюць. Спачатку паведамлялі пісьмова, што зь нейкае прычыны ня здолеюць прыбыць на зьезд, а потым і гэтага не было. Людзі зьнікалі адзін за адным. І гэта ня толькі ў нас беларусаў, у кожнай нацыянальнасьці наглядалася тое самае, а нават і ў большым маштабе.
“Дэзэртырства” пачалося пасьля таго, як людзі пакуплялі ўласныя хаты. Раней, ня маючы нічога свайго, людзі мелі ненармальныя ўмовы жыцьця й таму стараліся трымацца разам. Гэтак было весялей і да таго, амаль кожны меў нейкую нагрузку й не было часу на непатрэбныя думкі, якія вельмі часта прыводзілі ў дамы для псыхічна хворых. Пасьля набыцьця дому зьбіраецца сям’я разам і пачынаюцца іншыя клопаты: дзеці ідуць у школу — трэба школьныя ўніформы купіць, трэба агарод упарадкаваць, каб менш хадзіць у краму па капусту ці бульбу. У хаце ж ня будзе як у стадоле — трэба ўпарадкаваць хоць больш-менш кухню, сталовую й спальню. На ўсё гэта патрэбны час, а асабліва грошы, якіх чалавек ня мае, бо выдаў усе свае ашчаднасьці на куплю хаты й да таго застаўся ў даўгах.
Другая прычына — псыхалягічнага характару. Будучы яшчэ ў лягерах Ды-Пі ў Нямеччыне — надакучылі ня толькі розныя скрынінгі й рэпатрыяцыйныя місіі, але таксама й вечныя пераезды з аднаго лягеру ў другі, і ў самым лягеры — з аднаго бараку ў другі ці з аднаго пакою ў іншы. Іначай кажучы, людзі сядзелі на сваіх клунках. Калі ж чалавек купіў сабе хату — наступіла “распакоўваньне”, тое “распакоўваньне”, што нядаўна яшчэ дыскутавалася на бачынках “Бацькаўшчыны”348. Прыгадваю спатканьне ў Сыднэі з адным беларусам, які раней меў “шчасьце” жыць у савецкім “раі”. На маё пытаньне, як чуецца ў сваёй хаце, ён мне адказаў: “Ведаеш, браток, я ўжо гаварыў гэта й маёй жонцы. Як мы былі ў Савецкім Саюзе — што было за жыцьцё? Ляжаш спаць і сьпіш як кот, усё чакаеш, што вось прыйдуць з малінавымі аколышкамі й павядуць няведама за што й куды. Прыслухоўваесься да кожнага стуку. А цяпер маю сваю ўласную хату, зарабляю добра, дзеці, жонка й сам — усе здаровыя. Што ж мне болей трэба? Словам, жыву, як ангельскі кароль”. Гэта быў адказ нашага простага беларускага дзядзькі. Магчыма нехта знойдзе “гарэзію” ў гэтым адказе, а для мяне ён зусім лягічны, — магчыма таму, што сам перажыў гэтае “распакоўваньне”. Таму людзі ня надта ахвотна адлучаліся, каб паехаць на нейкую зборку ці зьезд, выслухоўваць прамовы й дыскусіі, якія яны мала разумелі. Але адначасна ніхто з гэтых людзей ня выракся свае беларускасьці, нават і тыя, што прынялі аўстралійскае грамадзянства — яны засталіся Беларусамі, якімі й былі. Абсалютна ніякіх зьменаў у іхных поглядах не адбылося.
У 1952—1953 гадах мы стараліся дагаварыцца з групаю БЦРаўцаў у Сыднэі, каб стварыць нейкую арганізацыю, якая займалася б вылучна беларускай справай бязь ніякіх партыйных ці груповых дамешак. Аднак гэтая спроба нам не ўдалася. Пазьней, як паказала практыка, калі б была створаная такая адна арганізацыя — да гэтага часу яна не праіснавала б. Кожны заняўся б уладжваньнем свайго прыватнага жыцьця, і на гэтым паставілі б кропку. Ня ведаю, як у іншых краінах — у Аўстраліі, як паказала практыка, апазыцыя патрэбная як у вадзе шчупак, каб рыба не заснула.
У Сыднэі мы ня здолелі як сьлед датарнавацца да новых умоваў і ісьці з духам часу. Складаць на некага віну немагчыма. Мала было інтэлігенцыі, а да таго беларусы там страшэнна расьцярушаныя. У Мэльбурне затое, асабліва пасьля прыезду з Англіі праф. Н.349, беларускае арганізаванае жыцьцё атрымала большы размах.
Там Беларусы не прапушчаюць ніводнае нагоды ці магчымасьці, каб спаткацца разам. Каляды, Новы Год, Вялікдзень, 25 Сакавіка, угодкі Слуцкага паўстаньня, хрэсьбіны й г.д. — усё адзначаецца разам. Калі нехта зь беларусаў знаходзіцца ў цяжкіх матэрыяльных магчымасьцях, а калі трэба — усе йдуць ва ўмоўлены дзень дапамагчы пабудаваць хату. Складкі гэтыя часам даходзілі да 15 фунтаў, — гэта значыць болей, як тыднёвы заработак — але нараканьняў ніякіх не было. Наадварот, калі я быў у Мэльбурне, знаёмыя й сябры яшчэ зь лягеру Ды-Пі ў Міхельсдорфе расказвалі, як яны памаглі ўладзіцца спадару Х — сабралі грошы й дапамаглі пабудаваць хату. Расказвалі пра гэта з гонарам і пачуцьцём добра выкананага грамадзкага абавязку.
У Аўстраліі нядзеля — гэта мёртвы дзень. Усё зачыненае. Адно, што можна паглядзець, гэта конскія ці сабачыя гонкі — якраз тое, што нас найменей цікавіць. Таму людзі зь вялікай ахвотай зьбіраліся ў некага ў памяшканьні, каб правесьці разам вольны час. Там слухаюць беларускія песьні з кружэлак, часам Алесь Салавей чытае свае новыя вершы. Сьмехі, жарты… Усё гэта запраўды стварае прыемнае ўражаньне, і міжволі прыпамінаюцца вечары, ладжаныя моладзьдзю на Бацькаўшчыне, дзе бралі ўдзел ня толькі моладзь, але й старэйшыя, што прыходзілі, каб паглядзець, як забаўляюцца ці гуляюць іхныя дзеці ці ўнукі, і адначасна пасядзець, пакурыць і аб сім-тым пагаварыць з знаёмымі.
Склад жыхарства
Жыхарства Аўстраліі, таксама як і іншых краінаў, складаецца з розных расаў, зь перавагаю белае. Тады як у ЗША нацыянальнасьці разьмешчаныя ў гарадах кварталамі, у Аўстраліі гэтага няма. У Сыднэі, прыкладам, можна ўбачыць кітайцаў у адным квартале больш, як у другім, але нідзе яны ня маюць перавагі над белымі. Чуў ад аўстралійцаў, што кітайцы, жывучы ў Аўстраліі ад дзеда-прадзеда, — ня маюць аўстралійскага грамадзянства. Тое самае было й зь японцамі, якія падчас апошняе вайны былі інтэрнаваныя таксама як і немцы, а адразу ж пасьля вайны выкінутыя з Аўстраліі. Такім чынам, японцаў цяпер у Аўстраліі няма, апрача некалькіх жанчын, што аўстралійскія жаўнеры зь вялікімі цяжкасьцямі прывезьлі з сабою, ажаніўшыся, будучы на акупацыі Японіі. Аб паходжаньні белых цяжка гаварыць, бо розьніцу паміж ангельцам, галяндцам ці французам немагчыма ўсталіць — усе гавораць па-ангельску. Але можна дапушчаць, што ёсьць перавага ангельскага паходжаньня. Характэрна, што дзеці ангельцаў, якія прыехалі перад вайною, ненавідзяць ангельцаў. Яны сябе ўважаюць аўстралійцамі й ангельца іначай не называюць, як “помі” (ня “томі”, як гавораць у Англіі). Прычым слова “помі” ня выгаварыць, не прыставіўшы “эпітэту”, якімі часта карыстаюцца як ангельцы, гэтак і амэрыканцы.
Вельмі многа грэкаў, якія трымаюць харчовыя крамы, а таксама крамы з гароднінаю. Прычым, калі на той самай вуліцы ёсьць другая падобная крама, гэта будзе абавязкава грэк, калі не — дык нехта праваслаўны. Грэкаў, таксама як і жыдоў, лучыць рэлігія. Іншы ніхто ня вытрымае канкурэнцыі, а для праваслаўнага грэк ніколі канкурэнцыі ня зробіць. Пасьля грэкаў ідуць італьянцы, што як і грэкі, маюць крамы спажывецкія й гародніны, але ўжо болей на прадмесьцях, каб быць далей ад грэкаў. Жыдоў шмат, але пазнаць іх на вуліцы немагчыма. Затое польскіх жыдоў на вуліцы пазнаеце зь першых рухаў ці жэсту. У цэнтры гораду стаяць вялізарныя будынкі, там месьцяцца іхныя магазыны, — пераважна касьцюмаў, матэрыялаў і наогул вопраткі.
У Аўстраліі таксама вельмі шмат немцаў. Яны маюць свае селішчы зь нямецкімі назовамі, у якіх захавалі поўнасьцю сваю мову й культуру. Аднак мне нідзе не даводзілася зь імі спатыкацца, і ня ведаю, чым яны займаюцца. Падчас апошняе вайны немцы, таксама як і японцы, былі інтэрнаваныя ў адмысловыя лягеры, дзе ім было забаронена чытаць газэты, слухаць радыё й хадзіць у кіно. Аднак пасьля сканчэньня вайны іх з Аўстраліі ня выкінулі. Магчыма таму, што маюць аўстралійскае грамадзянства ці што белая раса.
За чатыры з палавінай гады, якія я прабыў у Аўстраліі, я спаткаў таксама й аднаго аўстралійца беларускага паходжаньня. Ягоны бацька прыехаў у Аўстралію з Полацку яшчэ перад Першай Сусьветнай вайной. Меў прозьвішча Заяц, але таму, што быў каталіком — аўтаматычна ўважаў сябе за паляка. Ён заўважыў “недарэчнасьць”, што ў польскай мове слова “заяц” не існуе, а ёсьць zaj№c. Ён і перарабіў сваё прозьвішча на Zaj№c. Каб затрымаць хоць прыблізна правільную вымову свайго „акультуранага” прозьвішча, ён пісаўся Zions. І так на вітрыне склепу ягонага сына вялізнымі літарамі стаяла прозьвішча ZIONS. Пасьля гэтае гісторыі, якую мне расказаў ягоны сын (бацька памёр ужо), я жартаўліва зазначыў: “Ваш бацька зьнявечыў сваё прозьвішча, як Бог чарапаху. Чаму ж ён не назваўся якім Рэбіт’ам (rabbit — па-ангельску заяц), ён рассьмяяўся й адказаў, што напэўна ён ня ведаў яшчэ ангельскае мовы, а так мог бы быць Рэбіт.
Аўтахтонныя аўстралійцы
Першы раз я спаткаўся з чорным аўстралійцам у 1949 годзе. Гэта была пятніца, і ён ведаў, што работнікі атрымоўваюць выплату кожную пятніцу (пераважна, бо бывае й у сераду). Ён стаяў каля дарогі, і калі я падышоў, то ветліва прывітаўся й павольна, выгаварваючы выразна кожнае слова, зьвярнуўся да мяне: “Джэнтэльмэн, калі ласка, дайце мне два шылінгі на ліманаду для мяне й мае жонкі”. Мне тады не было зразумелым, чаму ён просіць на ліманаду, але даў два шылінгі, і пасьля кожную пятніцу ён чакаў мяне на тым самым месцы. Гэта цягнулася так доўга, пакуль я жыў у хастэлі.
Чорныя аўстралійцы, ці як іх называюць там “аббо” (скарот ад “абборыджынэр” — аўтахтон), фактычна, ня чорныя, а хутчэй як індусы. Вочы роўныя, таксама як і ў белых, кароткі шырокі нос і даволі даўгія пакручастыя валасы. Бальшыня іх жыве на адмыслова адпушчаных для іх прасторах падтрапічных лясоў, куды ўступ белым магчымы толькі з адмысловым дазволам ураду, а практычна атрымаць такі дазвол немагчыма. У гэтых рэзэрватах ці запаведніках яны жывуць сваім жыцьцём, якім жылі тысячы год таму. Усе — жанчыны, мужчыны й дзеці — ходзяць зусім голыя. Ловяць вужоў, чарапахаў, кенгуру і, наогул, усё, што жыве на сушы й у вадзе, і гэтым жывяцца. Яны — вельмі добрыя спэцыялісты лавіць марскіх ракаў і крабаў. За кожным нырком у ваду — заўсёды нешта зловяць. Жывуць у будках, зробленых з прутоў і травы, перад якімі трымаюць вечны агонь. Іхная зброя — пікі й бумэрангі, якімі вельмі добра апэруюць. Скуль узяўся бумэранг — яны маюць наступную легенду. Калі Бог стварыў сьвет — неба ляжала на зямлі. Шэф іхны, які быў асілкам, падняў гэтае неба й падпёр яго калом, каб зрабіць болей месца для сваіх людзей. Пад цяжарам неба кол сагнуўся. Калі неба ўстоялася, ён выняў гэты кол і хацеў закінуць, але за кожным разам кол варочаўся назад. Тады ён сказаў, што гэта будзе добрая зброя для ягоных людзей. Так яны й пачалі карыстацца бумэрангам як зброяй…
Жыцьцё тубыльцаў
Пасьля Другое Сусьветнае вайны Аўстралійская Асацыяцыя Змаганьня з Тубэркулёзам выслала сваіх людзей з апаратамі для прасьвятленьняў, устаноўленымі ў адмысловыя аўтобусы, каб выкрываць сухоты ў тубыльцаў, што жывуць у запаведніках. Пасьля кароткага часу яны пераканаліся, што кожны з тубыльцаў хворы на сухоты. Прасьвятленьні былі спыненыя. Гэтая хвароба ў іх перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне — найлепшы довад, што яны асуджаныя на выміраньне.
Да прыходу белых у Аўстралію тубыльцы займалі ўсю цяперашнюю тэрыторыю, апрача цэнтральнае часткі з прычыны адсутнасьці вады. Характэрна, што яны мелі дзьве розныя мовы. Аўстралію перарэзвае рака Дарлінг, якую яны не маглі пераплысьці: відаць, чаўноў ня ведалі й таму ня мелі лучнасьці. Ці й да гэтага часу яны карыстаюцца дзьвюма мовамі — ня ведаю, бо што праўда, ніколі гэтым не цікавіўся.
Аднак ня ўсе тубыльцы жывуць у запаведніках. Вялікая колькасьць іх качуе, як цыганы (толькі ня так часта), з аднаго месца ў другое. Яны пераважна затрымоўваюцца там, дзе ёсьць лясы або фэрмы. Прычым фэрма, больш у сярэдзіне Аўстраліі, гэта хата, дзе жывуць пастухі, а навокал лясы, стэп і дзясяткі тысячаў авечак ці кароваў, а таксама коні, на якіх “пасуць” жывёлу. Фэрмэр прыяжджае раз на тыдзень самалётам, прывозіць пошту, хлеб, сьвежую гародніну, курыва, піва, патроны й розныя кухонныя прыправы.
Імігрантаў, што добраахвотна ехалі на фэрмы працаваць пастухамі (добраахвотна, бо, наколькі ведаю, кантракт не забавязваў на падобную працу), фэрмэр папярэджваў, каб тубыльцам не забаранялі “красьці” авечак, бо хоць пастухі ўзброеныя, аднак бумэранг дастае ў яме й за дрэвам. Фактычна, авечак яны ня кралі, а проста бралі тады, як хацелі есьці. Запасаў ня робяць. Прыходзілі ўдзень, забівалі авечку й забіралі з сабою. Да таго авечку лягчэй злавіць, як кенгуру ці вужа, бо гэтых трэба шукаць. Канчалася тым, што пастухі рэзалі авечак, забіралі сабе лепшае мяса, рэшту аддавалі чорным. Чорныя ж за гэта пасьвілі авечак і выконвалі ўсё, што ім казалі белыя. Пастухі загаралі на сонцы або ў карты гулялі. Такім чынам абодва бакі былі задаволеныя.
Каля Сыднэю тубыльцы жывуць пераважна на беразе акіяну. Там яны маюць свае будкі, што маюць выгляд часам малога гаража, а хутчэй курніка, пабудаваныя з досак і бляхі, знойдзеных на сьметніку. У сярэдзіне ляжыць пара матрацаў, бывае шафа — усё ўзятае ізь сьметнікаў, таксама й вопратка.
На пабудову такое будкі й набыцьцё пляцу для іх ніякіх фармальнасьцяў ня трэба, ён ставіць сваю будку там, дзе яму падабаецца, і аўстралійскі ўрад гэта талеруе, бо ўважаецца, што зямля іхная. Было некалькі выпадкаў, што новапрыбылыя імігранты, ня ведаючы гэтых умоваў, куплялі ў іх будкі за бясцэнак, каб такім чынам мець пляц. Хітры народ! Пасьля мелі непрыемнасьці з гарадзкой управай.
Перад будкаю трымаюць агонь. Харчовых запасаў ня маюць, бо страшэнная гарачыня, а лядовак няма. Калі падыходзіць абед — дае нырца ў акіян і выплывае з крабам ці марскім ракам, зварыць ці сьпячэ на агні й далей ляжыць — выграваецца на сонцы. Тубыльцы нідзе не працуюць — кажуць “няхай белыя працуюць — яны любяць працаваць”.
Уступ тубыльцам у бары забаронены. Забаронена таксама прадаваць ім алькагольныя напіткі, бо ў іх пад уплывам алькаголю адраджаецца дзікасьць і могуць усё зрабіць, уключна з забойствам. Калі хто зь белых купляе для іх ці дае ім алькаголь — караюць судом. Чорны ж за тое, што белы яму купіць бутэльку моцнага чырвонага віна, што каштавала два шылінгі, — дае нават і два фунты. Ахвотнікі на гэткі заработак звычайна знаходзяцца, аб чым найлепей можна пераканацца, сочачы за газэтамі й пабачыўшы, за што людзей судзяць. Апрача забароны алькаголю — ніякае дыскрымінацыі няма. Калі б нехта з тубыльцаў хацеў, як кажуць, выбіцца ў людзі — мае тыя самыя правы, што й белыя. У школах, дзе вучацца й дзеці тубыльцаў, амаль не было такога выпадку, каб нехта зь белых быў больш здольным вучнем ад чорнага.
Звычай “пасаваньня ў мужчыны”
Першае, што кінулася мне ў вочы, убачыўшы тубыльцаў, гэта тое, што ў кожнага дарослага мужчыны бракуе левага пярэдняга зуба. Як даведаўся потым, яны яго выбіваюць.
Хлапчук, які мае 15 гадоў, уважаецца дарослым мужчынам. “Пасаваньне ў мужчыны” адбываецца з удзелам цэлае вёскі. Вечарам пры распаленым вогнішчы ўсе зьбіраюцца, прыходзіць іхны вядзьмар, апрануты як страшыдла, з страшнаю маскаю на твары. Саджаюць хлапчука ў сярэдзіне круга, і пачынаецца цырымонія. Пад дзікія сьпевы й крыкі вядзьмар выконвае абрадавы танец, падчас якога падкрадаецца некалькі разоў да хлапчука, трымаючы ў ваднэй руцэ завойстраную косьць, а ў другой камень ці нешта падобнае на малаток. Замахваецца, каб выбіць зуба. Гэтую апэрацыю вядзьмар паўтарае некалькі разоў, каб хлапчук ня ведаў, у каторы момант гэта станецца. Сьпевы й крыкі ўзмацняюцца, каб заглушыць крык новасьпечанага мужчыны. Пасьля выбіцьця зуба хлапчук перастае быць дзіцём, уважаецца ўжо мужчынам і можа хадзіць разам з старэйшымі на паляваньне й наогул — весьці самастойнае жыцьцё.
Крыху агульна аб Аўстраліі
Аўстралія — фэдэральная дзяржава. Яна падзеленая на шэсьць штатаў, кожны штат мае свой урад і парлямэнт, кожны штат вызначае свой бюджэт. Найбольшым і найбагацейшым штатам ёсьць Новая Паўднёвая Валія з цэнтрам у Сыднэі. Там сканцэнтраваная ўся аўстралійская індустрыя, капальні вугалю, золата, а галоўнае срэбра.
Капальні вугалю знаходзяцца зьверху пад адкрытым небам, вугаль капаюць машыны й насыпаюць у ваганэткі. Усё, што маюць рабіць людзі, — гэта сачыць за машынамі. Сярэдні заробак звычайнага работніка-шахцёра складаў 32 фунты на тыдзень, а працавалі 30 гадзінаў на тыдзень. І гэта ў той час, калі я працаваў у хвабрыцы як мэханік лядовак і зарабляў 12—15 фунтаў, а гэта быў ужо добры заробак. Трапіць на працу ў капальню як аўстралійцу, так і імігранту было вельмі цяжка, для імігрантаў амаль што немагчыма. Чуў, што з чужынцаў у капальні працаваў толькі адзін паляк, які пад Монтэ-Касына быў паранены — страціў вялікі працэнт здароўя й у хвабрыцы працаваць быў няздольны. Да таго быў адзначаны ангельцамі Георгіеўскім крыжам першае ступені.
Аўстралія, магчыма, адзіная краіна ў сьвеце, дзе чыгунка ў кожным штаце рознае шырыні. Такім чынам, каб ехаць з Сыднэю ў Мэльбурн, на граніцы гэтых двух штатаў трэба перасядаць у цягнік штату Вікторыя, бо ранейшы цягнік далей ісьці ня можа. Пачалося ад таго, што ў Аўстраліі чыгунка была прыватнай уласнасьцю. Каб унікнуць канкурэнцыі другога ўласьніка — пракладалася чыгунка, палатно якое было вузейшае ці шырэйшае. Такім чынам кожны мог зарабіць. Пасьля нацыяналізацыі чыгункі — пакінулі па-старому, бо каштавала шмат грошай, каб перарабіць, а Аўстралія на гэты люксус не магла сабе дазволіць, маючы замалую колькасьць насельніцтва на такую прастору. Да таго, амаль да Другое Сусьветнае вайны, ніхто на стала ня ехаў у Аўстралію. Прыяжджалі, каб зарабіць грошай і назад уцякалі ў Эўропу.
Калі пасьля Другое Сусьветнае вайны (здаецца, у 1952 годзе) паўстала пытаньне ў фэдэральным парлямэнце Аўстраліі, каб перарабіць чыгунку — завесьці адну шырыню на цэлую Аўстралію, бо задорага каштуе для дзяржавы пакрыцьцё дэфіцытаў — кампаніі аўтамабільнага транспарту склалі пратэст і на гэтым парлямэнт паставіў кропку350.
Праз вокны вагону
Летам, едучы цягніком з Сыднэю ў Мэльбурн (штат Вікторыя) праз вокны вагону відаць лясы зь белымі пнямі. Дрэвы на лета скідаюць кару. Прычым дрэвы растуць даволі рэдка, ня відаць такіх густых лясоў, як у нас у Беларусі. Рэшта — стэп. Апрача лесу — усё рудога колеру, сухая трава. Зелені ніякае не відаць, няма й кветак, як у нашых лясах. Гэта таму, што ў Новай Паўднёвай Валіі мала вады. Карычневая вульканічная парода даходзіць да васьмі мэтраў, а падсподам суцэльная скала. Зь дзікіх жывёлаў — кролікі й кенгуру.
Пераехаўшы ў штат Вікторыя, перад вачыма адкрываецца іншы краявід — навокал зелень, зялёная трава й мноства красак, што робіць уражаньне беларускіх сенажацяў. Відаць паасобныя фэрмы-хутары абсаджаныя фруктовымі й дэкаратыўнымі дрэвамі. Каля хат ручныя помпы, а таксама й ветракі, што пампуюць ваду для жывёлы. І гэта ўсё толькі таму, што ёсьць вада.
Вынікі непаінфармаванасьці
Аб Аўстраліі мы спачатку ведалі вельмі мала, што прыводзіла да сьмешных эпізодаў. Тыя, што трапілі ў штат Новая Паўднёвая Валія, былі перакананыя, што ў Аўстраліі наогул няма вады ў зямлі, а тыя, што апынуліся ў штаце Вікторыя, думалі адваротнае. І калі група імігрантаў з штату Вікторыя ехала ў штат Квінслэнд на працу ў лес — яны прызапасіліся скрынямі піва, аб вадзе ніхто не падумаў. Скончылася тым, што яны бульбу варылі ў піве, пакуль не прывезьлі ім вады. Таксама не ўлічылі, што ў лесе кіно няма й трэба было ўзяць з сабою нешта для праводжаньня вольнага часу — шахматы, карты, даміно. Суботу й нядзелю не працавалі, а занятку не было ніякага. Тады аддзіралі з дрэва кару й на гладкі бок саджалі сьлімакоў, на сьпінках у якіх былі наклееныя паперкі з нумарамі. Пачыналіся сьлімачыя гонкі. Каб “падахвоціць” сьлімака рушыць зь месца наперад — падпякалі крыху прыпаленай цыгаркай, а далей ён ішоў сам. Кожны ставіў пару шылінгаў на нейкага сьлімака й нэрваваўся некалькі гадзінаў, чый сьлімак дойдзе першым да мэты.
Некаторыя практыкавалі іншы від спорту. Бралі нітку, на канец якое прымацоўвалі грудачку воску, апушчалі ў нару й дражнілі скарпіёна, пакуль той у злосьці не ўчапіўся за воск лапамі. Тады яго саджалі на ліст шкла — звычайна гэта была шыба з вакна. Злавіўшы такім жа чынам другога й пасадзіўшы на шкло, накіроўвалі іх палкаю, каб спаткаліся. Пры першым спатканьні пачыналася змаганьне, у якім адзін зь іх мусіў згінуць. На месца мёртвага саджалі сьвежага. Папярэдні ўжо змучаны й звычайна бою не выйграваў, але таксама не даваўся, каб сільнейшы скарпіён яго забіў. Адчуваючы сябе зусім слабым, скарпіён накіроўваў хвост-джала сабе ў шыю й канчаў жыцьцё ганаровай сьмерцяй.
На скарпіёнаў грошай ня ставілі. Глядзелі зь цікавасьцяй, як яны змагаюцца й як канчаюць жыцьцё самагубствам. Гэты “спорт” таксама цягнуўся гадзінамі.
Магчымасьці эміграцыі з Аўстраліі
Пасьля адбыцьця кантракту мы мелі ўсе магчымасьці далейшае эміграцыі, — прыкладам, у ЗША ці Канаду. Фармальнасьці й чаканьне на выезд цягнуліся да трох гадоў.
Каб эміграваць у нейкую краіну, трэба было мець запэўненьне прыватнай асобы ці нейкае арганізацыі, што там будзе кватэра й праца. У іншым выпадку выезд быў немагчымы. Для тых, што выяжджалі ў Канаду, залічваліся таксама гады прабытыя ў Аўстраліі, каб атрымаць канадыйскае грамадзянства, бо адна й другая краіна належаць да Брытанскае Супольнасьці народаў.
Хоць і былі выпадкі, што людзі эмігравалі з Аўстраліі, але гэта быў параўнальна вельмі малы працэнт. Пераважна эмігравалі ў ЗША, і там наступала расчараваньне… Тут ня маю на ўвазе людзей з вышэйшай асьветай, для якіх, здаецца, у ЗША ёсьць большыя шанцы працаваць у сваёй прафэсіі, у той час як у Аўстраліі ніякіх эўрапейскіх дыплёмаў не прызнаюць. Для работнікаў у Аўстраліі вельмі лёгка атрымаць працу.
Вось уражаньні былога “Ды-Пі”, які амаль ня стаўся “новым аўстралійцам”…
Спасылкі:
347 Нарыс друкаваўся ў газэце “Бацькаўшчына” (№1—2, 4, 5; 1959) і падаецца тут з пераважным захаваньнем стылёвых асаблівасьцяў арыгіналу.
348 Пры канцы 50-х гадоў на старонках газэты “Бацькаўшчына” зьявіліся матэрыялы, якія ўмоўна магчыма аб’яднаць агульнай тэмай адцёку ўдзельнікаў зь беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у розных краінах.
349 Маецца на ўвазе прафэсар Мікола Нікан.
350 Уніфікацыя шырыні чыгункі ў Аўстраліі адбылася пазьней, калі Ўладзімер Бакуновіч ужо жыў у ЗША, таму інфармацыя пра гэта адсутнічае ў нарысе.
